Троцкі замак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старасельскі магільнік Троцкі замак
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (7), студзень-сакавік 1924 г., б. 6-8
Брацкія кнігі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Троцкі замак.

Стуга блакітнавокага возера; горка; ізноў возера; ізноў горка. І так ўвесь час чарадуецца зелень з блакітам. А, вось, сярод блакіту, круглы зялёны шмарагд—востраў. Там другі, трэйці,—меншыя. На галоўным востраве разваліны замку. Крушні каменьня, цэглы, кавалак сьцяны; і зноў крушні каменьня. Увесь востраў засыпалі разваліны і выгналі на заўсёды згэтуль жывое жыцьцё. Востраў дрэмле панураны ў сваю мінуўшчыну ды пасьміхаецца ў неба пакрышанымі старчымі зубамі сваіх развалін. Нешта, таёмнае прытаілася, прымоўкла, можа ізноў стрэпянецца, захвалюецца, загучыць, затопае, загалёкае, ажыве. Па крушнях, з пасьмешкі пакрышаных зубоў стырчачых ў неба, відаць што касьцістая рука сьмерці не змарозіла, а толькі прымарыла тут мінуўшчыну.

Ударыў віхор, і, са сьцен, з шэлестам, пакаціліся акрышкі цэглы… Старыя, друзлыя сьцены трасуцца ад ветру, хібаюцца, і, час ад часу, кархаюць абломкамі, мацуюцца з навалай. Многа гэтых навал, з усіх старон, год за годам і сталецьце за сталецьцем, пробуюць сьцены а яны усё яшчэ перамагаюць буры і навальніцы. Ў старых мурох мацуецца геній старадаўнасьці з маладымі павевамі. З абодвых старон ёсьць страты…

Вуглавая круглая башта, а ў ей круглыя вокны-стральніцы. Вецер дзьме ў круглае вакно як у флейту, а башта—гугнівым старэчым голасам—на старасьвецкую вайсковую нотку—бубніць вызаў камусьці ў прасторы:

Дай ў двубой, мы с табой
Сілай зьмерымся…

Пугач высунуў вушатую галаву з рашчэліны муру, павёў кругом чырвоным вокам і заліўся пакоцістым сьмехам:—Гу-гу-гу—га-а!

Нехта са старога замку на беразе клікнуў яму ў адповедзь:—Га-а—а!

Насупілася неба і секануў, бытцам тысячамі доўгіх, бліскучых дубцоў, крывы дождж.

Я схаваўся пад засьцень старых мураў і пачаў азірацца. На змочаным дажджом, шэрым ад часу, тынку ўнутраннай сьцяны готыцкага стылю замку, праступілі стараветныя сьценныя малятуры. Абрысаваліся контуры кастырных візантыцкіх сьвятых і іх срогія, глыбокія ў містычнай задуме вочы, ўпіліся ў мяне. Я стаяў абварожаны дзіўным зьявішчам, загадкаю мінуўшчыны, разгадку якой прашчуры назаўсёды забралі з сабой у магілу. Готыцкі дух захаду крыў ў сваіх нетрах генія ўсходу…

І блізкімі, і роднымі здаліся мне, насяляўшыя калісьці гэты замак пакаленьні.

Яны, як і мы жылі і мучыліся на ўзьмежжы двох светаў, двох культур, двох процілеглых сабе сьветаглядаў, ўяўленьняў. Яны не маглі прыклеіцца да ўсходу, ані прымірыцца з заходам. І ў сьвядомасьці прамігнула моднае ад нейкага часу слова „Еўразія“.

Мысьль стропнулася як спалошаны птах і стала біцца аб страніцы пажоўклых, забытых, нікому непатрэбных ў клуме рэальнасьці, краёвых летапісаў, шукаючы разгадкі.

І перад вачыма душы маей доўгім сьцягам паплылі волаты мінуўшчыны. Вялічэзныя абразы распачнага змаганьня з хіжацкім духам заходу, які прыходзіў сюды прыкрыты белым бурносам аздобленым эмблемай крыжа, сеяць морд і зьнішчэньне. Адкінутыя дзікім усходам пляцоўкі крыўскага і украіннага славянства туліліся да гэтых муроў нясучы свае сьцягі з шасьціканечнымі крыжамі, а разам з імі—магутнасьць.

— Гата-га—гу-у! загагатаў пугач з круглае нарожнае вежы.

Гу-га-га—га-а! азваўся яму ўадповедзь другі ў мяне над галавою.

Яшчэй ударыў віхор і друзлы старац сапнуў і крэкнуў. Ту-ж, каля ног маіх, зваліліся два някшталтных абломкі старой будоўлі, а за імі скаціўся знекуль камень і прыціснуў іх да зямлі.

Га-га-га—га-а! заліваўся пугач у башце.

А перадамной праплыў на хмары св. Мэркуры на белым кані з паднятым мячом. І па сьцяне прасунуліся цені…

Гедымін… Гедыманік… Дачка бортніка… Легенды, казкі, апавітыя хомарам вякоў. Пры іх летапісец Міхалён, патрыот, патрыот-романтык, які блудзіў ў лабірынтах басень.

Віхор закружыўся, засклочыўся ў закамарках руінаў, і, як вядром, пялёхнуў на другую сьцяну з якой, амыты вадой, вынырнуў чорны чатырохканечны крыж намаляваны паверх св. Мікалая, біскупа Мірлікійскага.

І агністымі знакамі запырхалі перада мной супярэчлівыя ацэны летапісца.

„… Жыгімонт-же Кестутевіч уподоблен бысть Антіоху сірійскому і Іроду Ерусалімскому“… граміць караючы голас летапісца.

„… А Жыгмонта першого, солодкая памяць его“… пярэчыць другі, паясьняючы: „бо ён Ляхоў як собак не любіў, Літву-ж і Русь нашу любіцельна мілаваў“…

А першы, паясьняючы сваё упадобленьне Жыгімонта да Антіоха і Ірада, дадае: „бо ён хацеў вынішчыці роджай шляхэцкі, а паднясьці рожай хлопскі, псю кроў“.

За гэты імкненьні: падняць рожай хлопскі, тут, ў гэтым замку, атрымаў Зыгмунт Кестутевіч, разплату з рук шляхты.

І з праразьлівай выразітасьцю уявілася народная показка аб утопленым князю ў гэтым возеры, які, пасьля сваей сьмерці ў падводных скляпох сабраў дружыну, павесіў звон і што год на Вербніцу, ў гадаўшчыну сваей сьмерці, ўдарае адзін раз у звон, даючы знаць, што ён не закінуў сваіх думак. Ведныя людзі чуюць гэты звон. Трыкротны удар у звон, і ігра ў вайсковую трубу, апавесьцяць яго выхад на сьвет. Гэты выхад паложыць канец самаволі, голаду і холаду ў хацінках з лапінкай няўжытку, з якога гаротнаму селяніну трэба ўтрымаць, накарміць, абуць і адзець ўвесь чужацкі дзяржаўны будынак, дом няволі.

Знача памяць народная не пазабыла свайго абаронцу.

Зыгмунт Кестутавіч—сялянскі герой на княжым пасадзе. Задушаны быў у Вербную нядзелю 1440 году, тут, у гэтым замку.

Пазёмы вецер кінуў на бераг водны вал і шорхнуўшыся аб каменьні ён пакаціўся ў іх пенячыся і шэмручы.

Дождж падаў… Валы вады качаліся са стогнам па беразе. І ў гэтым глухім стогне здавалася чуваць быў надлом, прабалеўшай да нетраў, душы. Так плакаў стары Адам, калі ў яго за падаткі забралі апошню каравёшку. І як вывялі яе за вароты Адам паў ня зямлю стогнучы і называў яе, карову, маткаю. Гэта зразумее толькі той, у каго раз у тыдзень бывае на стале хлеб, а штодзень ў запечку блішчаць чатыры пары галодных дзіцячых вочак…

На пахілай вербе, над возерам, сеў крумкач і крыкнуў на ўвесь голас: „грай! грай! грай!…

Гу-гу-гу-гаа! захахатаў пугач.