Тоўстае палена (1913)
| Тоўстае палена Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1913 год |
| Іншыя публікацыі гэтага твора: Тоўстае палена. |
Тарас Гушча.
Тоўстае палена.
Пецярбург.
1913.
Друкарня А. Э. Коллінс (быўш. Ю. Н. Эрліх), М. Дваранск., 19.

Тоўстае палена.
I.
— Не! я яго такі жыцьця рашу. Ў катаргу пайду, а галаву яму скручу!
Злосна прайшоўся Паўлюк па хаці і с сілаю шпурнуў на лаву рукавіцы.
Жонка, стоючы з вілкамі каля печы, так і застыла. Ў чыгунчыку пабегла зацірка, а яна ўсё стаіць, слухае, чаго крычыць Паўлюк і хто яго так угнявіў.
Паўлюк Трывай толькі што прыехаў з лесу. І трэба-ж было чэрцям нагнаць на гэты час аб’ешчыка на камору! Знайшоў адно паленцэ, таўсьцейшае проці меры, і ён з-за таго паленца абярнуў увесь воз дроў.
— А каб на цябе ліха обярнулася, трасца тваей матары, гад ты печэны! Каб табе даў Бог мазгі зьвярнуліся! Ніяк ня мог успакоіцца Паўлюк.
— Гэта ўсё Сучынскі? — пытае жонка.
— А ня ўжож хто. Ён!
— От гад! праўдзівая сука. Вельмі верны служака. Ўсё роўна пойдзеш к чортавай матары, басяк! Думаеш міласьць заслужыш у князя? А як жэ! расчыняй губу!
Паўлюк тым часам сьціх.
Сядзіць над міскай з гарачым квасам і думае, відаць, важную думку, бо ўжо заметна было, як хадзілі яго ськівіцы: не так проста, як звычайна, а нейк трохі наўскруч, як жорна.
І праўда — Паўлюк думаў. Думаў, як злавіць Сучынскаго і паказаць яму гэта палена на яго ўласнай скурэ.
II.
Прайшло ўжо с тыдзень часу, а злосьць Паўлюка на аб’ешчыка Сучынскага ўсё не астывае. Дый як ёй астыць, скажыце? Пойдзе Паўлюк ранкам даваць каню сена, пападзецца пад ногі палена і лішні раз напомніць Паўлюку тое тоўстае палена, з-за каторага яму Сучынскі зьвярнуў на каморы дровы. І дзе ён ні паверніцца, то ўсюды так ці начэй натыкаецца на праклятае палена. Пойдзе к суседу, там як раз на дрывотні пілуюць палена. Зайдзе ў хату, — ў хаці суседзкая жонка, як сумыслу, гаворыць:
— Ото-ж якое тоўстае палена! і ў печ не ўправіш!
Выйдзе Паўлюк на вуліцу, там які-нібудзь сабакар ганяецца с паленам за сабакамі.
Палена, палена і палена! Бадай вы пагарэлі! Як бы на сьвеці больш і німа нічога, апроч гэтых пален. А ляжэ Паўлюк спаць, прэд вачыма так і стаяць палены.
— Ну-ж, гад! Не дажджэ тваё ліха! — Скрозь зубы цэдзіць Паўлюк і варочаецца на другі бок.
— Мамка! — крычыць гдзесь у кутку малы хлопчык, сын Паўлюка: — я скачываюся; ці німа чаго палажыць збоку?
— Зьлезь, сынок, пашукай каля печы палена і падлажы пад сеньнічок, — адзываецца с-пад барахла маці.
Паўлюк сярдзіта варушыцца на пасьцелі і стогне, як зьвязаны стары маркач, каторага стрыгуць. А хлопчык ужо шворыцца каля печы.
— Чорт іх ведае, якіе тут палены! — бунтуецца хлопец: — усё нейкіе так плашкі; каб дзе знайсьці крыху таўшчэйшае.
— Пашоў спаць! сну на цябе німа! — не вытрымовывае Паўлюк і падымае галаву, а сын, узяўшы палена, шыбуе ў запек і грукае паленам на ўсю хату.
Паўлюк успамінае Сучынскага і ад злосьці скрыгічэ зубамі.
— Што ты, Паўлюк, скрыгічэш? — пытае, лежучы збоку, жонка.
— Нешта, падла, зуб заныў, — лжэ Паўлюк, каб атчапіцца, і варочаецца ад жонкі у другі бок.
— А ты вазьмі сьцюдзёнай вады; там каля парога стаіць на палені, — радзіць Паўлюку жонка.
— Сьпі лепей! — сьцяўшы зубы, гаворыць Паўлюк.
Патрошкі ў хаці ўсё заціхае, і салодкі сон усім замыкае вочы. Адны толькі насы зайгралі цяпер на ўсе галасы. Адзін нос тоненька высьвістываў:
— Э-ге! Э-ге!
Другі жаласна ныў, як малады каршунец у гнязьдзе.
— Фю! Фю!
Нос самога Паўлюка граў тоўста, з лёкатам і перабоямі, як бусел над маладымі бусьлянятамі, Так і відаць было, што гэдак можэ граць толькі гаспадарскі нос.
Паўлюк спаў, але і сплючы ня мог ён збавіцца ад праклятага палена. Прысьніўся яму сон. Здаецца, едзе ён з лесу, вязе дровы. Спатыкаецца Сучынскі, і Паўлюк, многа не гаворучы, падыходзіць да аб’ешчыка і — трах яго па мордзі! Завязалася бойка. Пакаціліся яны абадва на землю, а аб’ешчык, кідаючыся, наваліўся Паўлюку на ногі. Паўлюк хочэ іх выслабаніць і ня можэ: замест Сучынскага зрабіўся тоўсты кругляк. Паўлюк мардуецца, вырабляецца; спацеў увесь, робіць апошняе натужэньне, моцна варушыць нагамі.
Тут — грук яму жонка у плечы!
— Га? што! — усхапіўся Паўлюк.
— Чаго ты трапечэшся? без мала галёнкі мне не перабіў!
— Добрая галёнка — чуць ног не павыкручываў.
III.
Было яшчэ рана, — чэрці на кулачкі не выхадзілі як прачнуўся Паўлюк і аслабаніўся ад «тоўстага кругляка». Сон яго ўжо разагнаўся, і як Паўлюк ні плюшчыў вочы, заснуць ужо ня мог.
— Што-ж? трэба ўставаць, — рашыў Паўлюк і падняўся.
Абуўшыся і апрануўшыся, пашоў ён у гумно. Праз поўгадзіны с току данасіўся мерны стук адзінокага цэпа. На таку лежаў пасад жыта ў восім снапоў, паложэных па пары, каласы с каласамі. Паўлюк пачародна абіваў цэпам, то адзін, то другі снапок і паволі, ды заложно, наступаў ён на снапы, зрэдка чуць падаючыся назад, каб спрытней было выбіць зерняткі, аль у агуле, ён усё шоў упярод, аж покі не дахадзіў да апошняга снапка. Тагды ўжо ён, злегка стукаючы цэпам, адхадзіў назад, прыбіваў каласкі. Абабіўшы азін бок снапкоў, ставіў цэп, варочаў іх на другі бок ды зноў такім-жэ парадкам калаціў іх. Акалаціўшы, разьвязываў, зьнімаў перэвяслы, разсьцілаў снапкі у пласты, зноў біў, зноў варочаў, вытрасаў кулі, мяў салому і так да канца, покі не аканчываў усяго пасада.
Малоціць Паўлюк, а думкі так і варушуцца ў яго галаве. Думалося пра сон, — ніяк ён не выхадзіў з галавы пра аб’ешчыка Сучынскаго, аб тым, як і дзе яго злавіць і хоць бы ў смак панабіваць гада. Забудзецца Паўлюк, думаючы аб Сучынскім і так пачынае жарыць цэпам, што сноп падскаківае ў гору. Паўлюк у гэты мамэнт думае аб тым, як ён біў бы Сучынскаго. Зьвязывае куль і яму здаецца, што ён паваліў аб’ешчыка і душыць яго. Паўлюк забываецца да таго, што перэвяло трашчыць у яго руках і рвецца. Потым Паўлюка зачынае займаць думка, як залучыць аб’ешчыка у свае лапы.
Папільнаваць яго ў лесі? Дык чорт жэ: яго ведае, калі ён будзе ехаць або ісьці, ды у лесі яшчэ хто наткнецца, а пры людзях такіе справы ня робюцца.
Падгаварыць хіба навабранцаў, каб аб’юшылі яго, як будуць ісьці на прызыў. Але для гэтага трэба ня менш гарца гарэлкі ды і трудна зрабіць так, каб людзі не зналі яго намовы. Не! калі рабіць, дык трэба зрабіць гладка, так, каб і камар носа не падтачыў.
А як зрабіць?
І зноў завярцеліся Паўлюковы мазгі, пашлі выдумлёвываць хітрые сеці, у каторых павінен быў заблутацца Сучынскі.
А каб проста падпаліць гада?
Што-ж? падпаліць ня штука, але ці хваціць розуму і хітрасьці схаваць канцы ў воду. Ды што ў яго ёсьць? Згарыць будынак, — дык будынак скарбовы, на руку будзе скарбу — страхоўку возьмуць і яшчэ падзякуюць, а самога зловюць — і прашчай крама с таварам! Паўлюку аж страшна стала, як успомніў, як білі і засудзілі за падпал Трахіма Скарача. Не! і гэта не гадзіцца. І яшчэ многа спосабаў перадумаў Паўлюк, ды ні водзін не здаваляў яго.
IV.
Нічога не прыдумаў Паўлюк за ўсю раніцу. І злосьць яго брала, што нічым не дапячэш Сучынскага. Але яму тут памог сусед Сьцёпка Навой; памог знячэўку, і ў мысьлях не маючы таго.
Гэта было ў панядзелак.
Прыходзіць да Паўлюка Сьцёпка пазычыць поўвасьміны. Затрымаўся трохі, разгаварыліся. А Сьцёпка як раз быў у нядзельку на рынку, хадзіў з жонкай купляць лён.
От і расказывае Сьцёпка, як у хаці крамніка Хацкеля мужыкі пабілі паліцэйскага стражніка. Пятрусь Камар з Ябланоўкі і Мікіта Трацяк з Малой Слабодкі зайшлі да Хацкеля выпіць па чарцы… Ну, ці мала які можэ быць у людзей інтэрэс. Сядзяць сабе яны, выпіваюць. Уходзіць стражнік, садзіцца каля стала, за каторым сядзелі Пятрусь з Мікітай, — прыляпіўся, як той клешч да сабачага вуха. Не гнаць жэ чэлавека вон ад стала. Наліваюць і яму чарку, бо ўсякая, лічы, вантроба прагне гарэлкі. І у стражніка была гэта вантроба, і ён так сама быў ня промах на шчот гарэлкі, асобліва, калі гарэлка гэта нічога не каштуе.
Выпілі адну поўпляшку, выпілі другую, разьвязяліся языкі, зьявілася і рызыка.
— Ну, што-ж? — гаворыць Мікіта стражніку: — ты з намі піў, стаў цяпер і ты.
— А ты знаеш, с кім ты гаворыш? — пытае стражнік.
— Даволі зірнуць на тваю мардасіну, каб ведаць якая ты штука, — адказывае Мікіта, падпёршы рукою левы бок.
Слова за слова, завязалася сварка, а потым і бойка. Стражнік хацеў хапіць шаблю, але Пятрусь, як клешчамі, сьціснуў яго за плечы.
— Нічога не паможэ табе гэта трапло, — гаворыць Пятрусь, ды разам з Мікітай павалілі яго на зямлю і давай мясіць. Зьбілі на горкаго яблыка. А Мікіта яшчэ адрэзаў рамень ад шаблі, сказаўшы:
— Добра будзе вушкі паўстаўляць у лапці. —
Паўлюк слухаў, не прапусьціўшы ні воднага слова.
— І суда ня будзе?! — спытаўся ён.
— Які суд? Чэлавек ты! Пабіліся п’яные, от і ўсё — гаворыць сусед.
Выслухаўшы расказ суседа, Паўлюк павесялеў: яму прышла ў галаву мысль, каторую ён так доўга шукаў і ня мог знайсьці.
V.
Спосаб быў знайдзен.
Цяпер астаецца залучыць на кірмашы аб’ешчыка, завясьці яго куды-небудзь да Хацкеля ці Каца, напаіць, і тагды можна будзе парахавацца.
У першую нядзельку адлажыў Паўлюк паўрубель грошей на гарэлку, каторую ён вып’е з Сучынскім, запрог коніка і ўжо сабраўся ехаць. Неспакойна трохі было на сэрцы у Паўлюка, ды і злосьць яго стала прахадзіць, і ён гатоў ужо быў плюнуць і на той воз дроў, што на каморы абярнуў яму аб’ешчык, і на самога аб’ешчыка. Але, як ён выежджаў са двара, жонка, выткнуўшыся з сяней, гаворыць да яго:
— Зайдзі, Паўлюк, у лесніства і вазьмі асыгнату, бо скора ня будзе, чым выпаліць у печы: скінулі-ж табе на каморы дровы.
Як шылам парнулі Паўлюка гэтые дровы.
— Але! гэта-ж я і забыўся, што дроў німа ні палена, — сказаў Паўлюк і узяўся за кішэню; абмацаў паўрубель, завязаны у анучэну, той паўрубель, каторы назначэн быў споўніць такое важнае назначэньне. У другім вузялочку лежалі два злоты на крупы, саракоўка на тараны і селядцы; залатоўка на соль і газу; дзьве десяткі і чатыры грошы на вобметку япручку і яшчэ неколькі медзякоў на тутунь і запалкі.
А за што ўзяць асыгнату на дровы? Хіба за гэты паўрубель? Паўлюк на момэнт задумаўся, а потым сьцебануў пугаю каня і паехаў, сярдзіты і недавольны. Зноў не было спакою на душэ у Паўлюка, зноў прэд вачыма стала тоўстае палена, воз дроў, аб’ешчык, камора.
— Хіба ты скрось зямлю правалішся! Будзеш ты ў мяне помніць гэта палена: бакамі яно табе вылезе, — гаварыў сам сабе Паўлюк, згортываючы руку ў кулак.
Невясёлые думкі насіліся ў Паўлюковай галаве. І вакруг было так нерадасна, і непрыветна, як у Паўлюка на сэрцы. Дзьмуў халодны вецер, зьметаў с узгоркаў сьнег і агаляў пешчаные іх скаты. Дзе-нядзе ў полі па межах стаялі адзінокіе грушы і сіротліва махалі сваімі голымі галінамі, пацепваючыся, як пажылые кабеты с холаду. Там і сям параскідаліся па полю каменьня, як свіньні, і маўчаліва лежалі і мёрзьлі на марозі.
Ім усе роўна, цяпло ці холад. Скаці іх на загон, — будуць лежаць на загоні, нікому не пажалюцца на сваю долю, — думаў Паўлюк, пазіраючы на гэтые каменьня. Малады хвойнік рэзка выдзеляўся сваімі зялёнымі верхамі на сьнежным полі і гультаежліва падымалі і апускалі свае непаваротлівые лапы, ўсё роўна як за каўнерам іх што кусала. Дарога, ідучы ў лес, станавілася гладкай і роўнай. Конік вясёла пырхаў і рэзва перабіраў сваімі тоўстымі нагамі. Аднатонны шум леса закалыхіваў памаленьку Паўлюковы думкі і спакоіў яго душу. Паўлюк дастаў кісэт, падарунак жонкі, як яна яшчэ была дзяўчынай, люльку, выкрэсіў агню і закурыў. Сіневаты дымок уздымаўся клубочкамі па сьвежым паветры і борзда прападаў, а разам з ім прападалі і трывожные думкі Паўлюка. Цяпер Паўлюк быў спакоен, як чэлавек, каторы цьвёрда, раз на заўсягды, пастанавіў сабе вядомую мэту.
— А правучыць, гада, не мешае? — закончыў Паўлюк сваю раздуму аб Сучынскім і грозна пагнаў свайго коніка.
VI.
Яшчэ за поўвярсты ад мястэчка Паўлюка сустрэла жыдоўка с трэмя пеўнямі пад пахай і запытала:
— Цалавек! мозэ маес сто на прадаз?
Паўлюк толькі зірнуў, але нічога не сказаў. З усіх старон у мястэчка паўзьлі як мурашкі, хурманкі і вязьлі розные тавары. Усё мейсто было ўжо устаўлена вазамі. Меж гэтых вазоў прабіраўся Паўлюк да свайго кагалу. Там было ўжо многа мужчын і жонак з іх села. Залажыўшы у кішэні рукі, з люлькаю у зубах, стаяў каля сваіх саней Антось Дубок, голасна гаварыў, рагатаў раскацістым сьмехам і ўсякому хто з ім не згаджаўся, сьмела кідаў:
— А ну, давай заложэмся!
Але ахвотнікаў ісьці з ім у заклад не было, а некаторые проста раілі Антосю Дубку залажыць за губу рэч не надта самавітую.
— Во! — весела крычаў Антось: — збаяўся! — і выставіўшы жывот-ночвы, закідаў у гару галаву і зноў рагатаў. Паўлюк спыніўся, выпраг каня, павесіў яму торбу з сечкай і азірнуўся. Народу было поўнае мейсто, але настаяшчы торг яшчэ не начынаўся. Увесь рынак можна было падзяліць на неколькі малых рынкаў. Кожная вёска занімала асобнае мейсцэ, куды і прывозіла сваі тавары. У адным мейсцы стаялі вазы с цэбрамі, ражкамі, повасьмінамі; у другім — з дрывамі, дошкамі; у трэцьцім — з льном, у чацьвёртым са збожжэм. Сярод рынку стаялі гаршчкі, міскі, збаны, лыжкі; тут жэ дзе-нібудзь раскладываў свой тавар рускі, каторы таргаваў абразкамі і кнігамі.
Людзкі гоман, піск свіней, парасят і усякай жывёлы зьліваўся у адзін нястройны гул. Там і сям віднеліся сініе шапкі і чырвоные шнуры.
Торг памалу начынаў ажываць. Меж вазоў шворыліся розные купцы і перакупшчыкі. То там, то сям стаялі кучкі жыдоў і мужыкоў. Адзін сівабароды жыд так заядла таргаваўся, так выкрыківаў і біў сябе кулаком у грудзі, як бы яму зробілі кроўную крыўду. Каля крам хадзілі неколькі жонак, шукаючы сваіх мужыкоў. То адна, то другая пыталіся сваіх знаёмых:
— Ці не бачылі майго Грыгора?
А Грыгор у гэты час сядзеў ужо каля бутэлькі і варочаў п’янымі вачыма.
У адным мейсцы адно праразлівае п’янае горла крычала:
— Ты мой наймілейшы прыяцель!
Другое, хрыпатае, лаялося апошнімі славамі, лезучы да першага цэлавацца:
— Братка ты мой, халера ты!
Але ня гэта займала Паўлюка. Ён стаяў адзін і пільна прыглядаўся, ці ня згледзіцца дзе шапка з зялёным вярхом. Ужо трох лесьнікоў ён чуць быў не прыняў за аб’ешчыка, і кожны раз ёкала яго сэрцэ.
— Што-ж гэта не відаць яго, смрода? — пытаў сам сябе Паўлюк.
А! унь ён.
Паўлюк аж задрыжаў: у трох кроках ад яго стаяў Сучынскі.
Азіраючыся навакола, Паўлюк сьмела ідзе да аб’ешчыка. Ён даўно ўжо выдумаў хітры плян, як залучыць свайго ворага у патайную каморку тракціра Шварца, ў каторым быў прыпынак усіх заядлых выпівох.
— Я хачу с панам пагаварыць, — сказаў Паўлюк, падышоўшы да аб’ешчыка, пры гэтым ён пастараўся зрабіць, як можна, добрую і прыветную міну.
— Аб чым? — пытае аб’ешчык.
— А вот… Паўлюк трохі замяўся і боязна азірнуўся на усе бокі.
— Мо-б мы с панам зайшлі куды-нібудзь?
— Куды-ж мы зайдзем?
— Ды зайдзем хоць да Шварца.
Аб’ешчыкаў нос зразу зьнюхаў гарэлку.
Мужчыны пашлі, Паўлюк у перадзі, а за ім Сучынскі.
Усе каморкі у Шварца былі набіты народам; на падлозі валяліся коркі ад піўных бутэлек; пахла гарэлкою і селедцамі.
Паўлюк выбраў цёмную каморку і аставіў аб’ешчыка, а сам адлучыўся зрабіць заказ на шчот выпіўкі.
Покі Шварц шворыўся з выпіўкаю і закускаю мужчыны гаварылі аб разных справах: аб тым, як цяпер усё стала дорага, якіе пашлі парадкі, успаміналі даўнейшые часы і т. д.
Тым часам Шварц прынёс кварту, дзьве чаркі і два селядцы на талерцы. Паўлюк наліў чаркі.
— Будзьмо здаровы! — сказаў Паўлюк, узяўшы чарку і матнуўшы да аб’ешчыка галавою. П’ючы, Паўлюк зірнуў на аб’ешчыка і шчаміў пад сталом кулак.
Аб’ешчык толькі што усьпеў ткнуць ў селедца відэльцэм, як Паўлюк наліў яшчэ па чарцы.
— Хто закусывае посьле аднэй чаркі? Будзьмо здаровы!
Выпілі яшчэ па чарцы.
Гарэлка сагрэла Паўлюка, і пріятная цеплата пашла па ўсём яго целу. А як бутэлька спаражнілася да палавіны, Паўлюку надта весела стала на душы. І людзі у яго вочах зрабіліся другімі, і яго ўласнае жыцьцё стала лёгкім і пріятным.
— А усё-ж я табе паб’ю рыла! даль-Бог паб’ю, — гаварыў сам сабе Паўлюк і шчыкаў сам сябе за сьцегнякі.
Выпілі яшчэ.
— Здаецца ўжо час біць яго, — разважаў далей Паўлюк. — Не! яшчэ вып’ю!
І зноў ён наліваў гарэлку.
— Ты ведаеш, прахвост, дзе ты ў мяне сядзіш? Во тут! — хацеў Паўлюк паказаць на сваё горла.
Аб’ешчыку так сама было весела, і яны сабе сядзелі, цюкалі па чарцы, як найлепные сябры.
— Шварц! Шварц! — загукаў Паўлюк: — дай яшчэ поўкварты. — Паўлюку здавалася, што ён яшчэ не надта сярдзіты.
— А ўсё-такі паб’ю табе морду, — думаў Паўлюк, зрэдка паглядаючы скоса на Сучынскага.
Яшчэ ня быў выпіт поўбутэлек, а Паўлюк ужо абнімаў аб’ешчыка і гаварыў:
— Хоць ты і сабака, лайдак і свіньня і хоць я паб’ю такі тваё рыла, але я люблю цябе!
Паўзучы ад Шварца чуць не ракам, Паўлюк марматаў:
— Я!… Я скручу яму такі галаву!…

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі ды ў ЗША, бо ён быў апублікаваны да 7 лістапада 1917 года (паводле новага стылю) на тэрыторыі Расійскай імперыі.
За выняткам тэрыторый Вялікага Княства Фінляндскага і Царства Польскага, і не быў апублікаваны на тэрыторыі іншых дзяржаваў цягам 30 дзён пасля дня першае публікацыі. Юрыдычна Беларусь (ССРБ), як і Расея (РСФСР), не з’яўляецца спадкаемцам Расійскай імперыі. Таксама агульная міжнародная абарона аўтарскіх правоў на гэты твор не здзяйсняецца, бо Расійская імперыя не падпісвала міжнародных пагадненняў у галіне аўтарскага права.
