Перайсці да зместу

Творы. 1918―1928 (1930)/5/Сын і маці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бай Сын і маці
Верш
Аўтар: Янка Купала
1930 год
Над калыскай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сын і маці (Мамка, мамка, нам сягоння…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЫН І МАЦІ

СЫН

— Мамка, мамка, нам сягоньня
Гаманілі ў школе
Аб якойсьці Беларусі,
Што жыве на волі.

Хоць я слухаў вельмі шчыра
(Ня люблю іначай),
Ды ніяк ня мог ўцяміць,
Што ўсё гэта знача.

МАЦІ

— А вось тое, мае дзеткі,
Глянь-зірні наўкола:
Бачыш гэтыя сялібы,
Хаткі нашых сёлаў;

Гэта поле — шнур ля шнура —
Ўзгоркі і лагчынкі,
На узьмежку грушу-дзічку,
Крыж каля пуцінкі.

Бачыш логі, сенажаці,
А на іх — крыніцы,
Далей — бор зялёны, гонкі,
Што ў высь глядзіцца?

А там далей, дзе ўжо вока
Дасягнуць ня можа,
Тое самае пабачыш, —
А ўсё так прыгожа!

Сотні вёсак і мястэчак,
Гарадоў нямала,
Рэк бурлівых, пушч гамонкіх
З неапетай хвалай.

Там плывуць Дняпро і Сожа
Ды Дзьвіна і Нёман,
Белавежы, Налібокаў
Там чуваці гоман.

Гарады — Менск, Віцебск, Вільня,
Магілеў, Гародня
І Смаленск з сьцяной цаглянай
Разьляглі выгодне.

Аб вялікай нашай славе
Сьведчаць на сьвет цэлы, —
Як жылі мы, панавалі
Ў родным краі сьмела.

Во ўсё гэта, мае дзеткі,
Ад межаў да межаў
Беларусяю завецца
Й да цябе належа.

СЫН

— А! Ўжо сьцяміў! Дык багат я,
Меўшы столькі цудаў:
Гэткім чынам я ніколі
Служкаю ня буду.

Ну, а йшчэ скажы мне, мамка,
Бо я не разважыў:
Што такое беларусы,
Як настаўнік кажа?

МАЦІ

— Ах, які ты йшчэ дурненькі,
Каб ня скеміць гэта!
Ну, паслухай: усе людзі,
Што ад лета ў лета,

Ад пакон вякоў жылі тут
І жывуць сягоньня,
Носяць сьвіткі, носяць лапці
Ды былі ў прыгоне,

Ўсе — і ты, і я, суседзі,
Хто па-твойму прусы?
Дык жа ўцям: на Беларусі
Жывуць беларусы!

Ды яшчэ, каб лепей ведаў,
Мушу табе ўспомніць:
Беларусы беларускай
Гутаркай гамоняць.

СЫН

— Вось яно што! Праўда, мамка,
Ўжо сабе ўтлумачыў:
Беларус я! Ох, дам пытлю,
Хто скажа іначай.

Ну, але яшчэ ня ўсё тут
Ясным мне здаецца:
Што такое беларускай
Гутаркай завецца?

МАЦІ

— Ой, дурненькая варона,
Што з табой чыніці!
Як-жа йначай беларусы
Могуць гаманіці?

Як-жа мы з табой гуторым
Вось у гэту хвілю?
Як-жа я пяю над зыбкай
Для малой Марылі?

Ды паслухай, як на вёсцы
Кажа дзядзька, цётка;
Як пяюць улетку жнеі
За сваёй работкай;

Як бабуля баіць казкі
Аб нядолі-долі;
Як начлежнікі сьпяваюць
На начлезе ў полі?!

СЫН

Ну, ўжо знаю, знаю, мамка!
Як у люстры бачу,
Пакажу я ўсяму сьвету,
Хто я, дый што значу!

2-VI 1921 г.
Менск.