Перайсці да зместу

Творы (Купала, 1930)/5/Кароль

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Над калыскай Кароль
Верш
Аўтар: Янка Купала
1930 год
Ой, вяду, вяду…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кароль (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАРОЛЬ

Я кароль над каралямі,
Пан я над панамі!
Што мне значаць і цары ўсе, —
Пасудзеце самі.

Тругу-гугу! Тругу-гугу! —
Дзьму я ў рог вайсковы:
Гэта знак даю падданым
З трубы берастовай.

Лясь-лясь! лясь-лясь! — зброяй лясну
Ўправа, ўлева громка:
Гэта страшу я падданых
Пугай доўгай, ёмкай.

І сабраў сваіх падданых
І павёў, павёў я
Цераз горы, цераз долы,
За гай, за дуброўе.

Тругу-гугу! Тругу-гугу! —
Зноў трублю сярдзіта;
Лясь-лясь! лясь-лясь! — сьвішчу зброяй
Грозна, санавіта.

І усеўся я на троне —
На карчы яловым,
А падданыя падданяць, —
Ня буркнуць ні слова.

Толькі — скуб-скуб! скуб-скуб! траўку
Згодна ды пакорна,
Ажно рэха ад скубаньня
Коціцца прасторна.

Толькі часам мму-у, мму-у! —
Замычыць цялятка;
Бэ-э, мэ-э! бэ-э, мэ-э!
Забляе ягнятка.

Рох-рох, цох-цох! кві-кві, кві-кві! —
Пісьне парасётка,
Ды гі-гі-гі! — адыйржэцца
Недзе жарабётка.

А я важна, а я пышна
Сяджу на пасадзе,
На падданых пазіраю,
Як дзе на парадзе.

Сонца косы млоснай сьпекай
Сьцелюцца на полі,
А ў дуброве штось шапоча
Ліст з лістком паволі.

Куку-куку! куку-куку! —
Кукуе зязюля;
Піць-піць! піць-піць! — каня кліча,
Як-бы посьле гуляў.

Ву-ву! ву-ву! — загудзеў жук
Каля вуха сьмела;
Ззынь-ззынь! ззынь-ззынь! — з мёдам з кветкі
Пчолка зазьвінела.

Сэрца мне затрапятала,
І я бяз прынукі —
Шась трубу сваю на плечы
Ды жалейку ў рукі!

Туль-туль-лілі! туль-туль-лілі! —
Граю, не зважаю;
Туля-ляля! туля-ляля! —
Птушкам падцінаю.

Гуля-ляля! Не кароль-жа
Я над каралямі? —
Я, мой статак, сонца, поле?..
Пасудзеце самі!

1922 г.