Перайсці да зместу

Творы. 1918―1928 (1930)/5/Гэй, паехаў сын Даніла…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А ў бары, бары… Гэй, паехаў сын Даніла…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1930 год
Дзе ты, хмелю, зімаваў?..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гэй, паехаў сын Даніла….

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




3

ГЭЙ, ПАЕХАЎ СЫН ДАНІЛА…

Гэй, паехаў сын Даніла
Ваяваць на вайну,
Ад нападу, ад няволі
Бараніць старану.

Сына маці выпраўляла,
Крыж на памяць дала.
Каб матулю родну помніў,
Як паедзе з сяла.

А дзяўчына, міла сэрцу,
Правяла за сяло
І дала на памяць персьцень,
Каб у бойках вязло.

Так паехаў сын Даніла
Сам сабой на вайну,
Азірнуўся на хаціну
Ды змахнуў сьлязіну.

Ехаў поле і другое,
Трэцьце поле дасьціг,
Дзе сабраліся жаўнеры
З сёл і вёсак ўсіх.

І пайшлі яны паходам,
Дружна сьмела пайшлі,
Каб вон злыбяду прагнаці
З беларускай зямлі.

Добра ўсе там ваявалі, —
Уміралі ў баю.
А найлепш Даніла біўся
За краіну сваю.

Хто йшоў ззаду, а хто з боку.
Азіраўся назад,
А Даніла ўсюды ўперад
Выступаці быў рад.

І ручыла, шанцавала
Ў бітвах цяжкіх яму,
Ажна вораг напужаны
Дзіваваўся таму.

Год мінуў, як ваяваці
Шоў Даніла з сяла,
А ўжо слава па ўсім сьвеце
Аб ім громка ішла.

Як ачысьцілі ваякі
Край ад ворага свой,
Важна ехалі дадому,
Як тых пчол буйны рой.

А наперадзе ўсіх едзе
Наш Даніла з вайны,
Шабля бліскае пры боку,
Конь пад ім буланы.

1919 г.