Перайсці да зместу

Творы. 1918―1928 (1930)/5/Ваяк

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Будзь здаровы, бацька, маці… Ваяк
Верш
Аўтар: Янка Купала
1930 год
Гутарка аб кепскім гаспадару
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ваяк (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВАЯК

Сеў ваяк на каня,
Ў рукі ўзяў востры меч
І пусьціўся дадня
Пашукаць, каго сеч.

Немалы ехаў час, —
Ня сустрэўся нідзе,
Аж напроці якраз
Вораг войска вядзе.

У яго старану
Гмін вядзе на грабеж:
Перайшлі баразну —
Пагранічны рубеж.

Схамянуўся ваяк,
Кроў зайграла ў грудзёх:
Сьціснуў меч ў руках,
Конь памчаў з усіх ног.

Наляцеў, як пярун,
На разбойніцкі зброд;
Запусьціў меч-кладун, —
Сьцеражыся, народ

Б‘е агонь з дзяцюка,
Косіць голавы з плеч,
Ня здрыгнецца рука,
Ня тупеецца меч.

Тысячу ўжо лягло,
Ўжо другую сячэ,
А праціўнік на зло
Войска больш валачэ.

Гэй, трымайся, дружок!
Ня дрыгні ў барацьбе:
Жджэ пахвалы вянок,
Жджэ дзяўчына цябе!

На бяду захацеў
Дзеўку ўспомніць ваяк,
Меч з рукі паляцеў,
Сам зваліўся наўзнак.

Рухнуў побач і конь —
Разам жыў, разам лёг;
Неба ясная тонь
Свой паслала палог.

Сьпіць ваяк з доляй сам,
Над ім птушка пяе,
А дзяўчыне няўцям,
Што памёр праз яе.

24-VIII 1919 г.