Перайсці да зместу

Творы. 1918―1928 (1930)/5/Будзь здаровы, бацька, маці…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Габруся ў жаўнерку ўзялі… Будзь здаровы, бацька, маці…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1930 год
Ваяк
Іншыя публікацыі гэтага твора: Будзь здаровы, бацька, маці….

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




6

БУДЗЬ ЗДАРОВЫ, БАЦЬКА, МАЦІ…

Будзь здаровы, бацька, маці, —
Мы пайшлі ўжо ваяваці.
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзяцюка.

Што за доля, што за воля —
Жаўнероньку выйсьці ў поле!
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзяцюка.

Нам няўцям віхры, грымоты,
Дадае нам гром ахвоты.
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзяцюка.

Днём ваюем, ночкай дрэмем,
А што блізка вораг — кемім.
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзяцюка.

Сьпім на ўзьмежку пад ігрушай,
Дожджык моча, сонца суша.
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзяцюка.

Ёсьць ці не, хлеб і да хлеба,
І бяз хлеба знойдзем неба.
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзяцюка.

Мы — ваякі, забіякі,
Сьцеражэцеся, ламакі!
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзяцюка.

Камандзір наш знае дзела, —
Ён на ворага йдзе сьмела.
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзяцюка.

Паваюем, пагаруем,
Зато дома запануем.
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзяцюка.

Запануем, як і людзі,
Ў хату вораг лезьць ня будзе,
Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
Каля вуха дзяцюка.

1919 г.