Перайсці да зместу

Творы. 1918―1928 (1930)/4/Удосьветак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У вырай Удосьветак
Верш
Аўтар: Янка Купала
1930 год
Сон
Іншыя публікацыі гэтага твора: Удосвітак.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УДОСЬВЕТАК

Яшчэ певень пець не масьціцца,
Ня згасла ніводная зорка, —
У хаце дыміцца газьніца,
У хаце ўжо чутна гаворка.

За прасьніцай з мяккай кудзеляй
Папрадуха сучыць пры сьценцы,
За нітачкай нітачку сьцеле,
Вурчыць і вурчыць вераценца.

Хоць мілы сон клеіць павекі,
Хоць будзіць пасьцель успамінак,
Дзяўчына сон гоніць наўцекі,
Расьце і таўсьцее пачынак.

*

А ў полі заходзіцца бура,
Разносяцца жальбы і стогны,
Страхою калоціць віхура,
Дождж хвошча па шыбах сьцюдзёны.

Пуцінай брыдзе падарожны,
Куды ён прыдзе, не згадаці,
Паглядкаю сочыць трывожнай
Сьцяжыну ў балоцістай гаці.

Над ім небам з хмарамі вісьне,
Цямрыца, дзе вокам ні кінуць;
Няўжо-ж вогнік з хаты ня блісьне,
Няўжо-ж падарожнаму гінуць?

*

Папрадуху зморы абселі,
Ў руках вераценца ня скача;
Галоўку схіліла к кудзелі,
І дрэмле, і сон дзіўны бача.

Ёй сьніцца, што зьнекуля хтосьці
Сьпяшыць у дарозе дахаты,
Што ён так сьпяшыць к ёй у госьці,
Такі малады і багаты.

І ўсьмешка ўсьцьвіла маладая,
І кроў забурліла крыніцай…
Ёй сьніцца… Дый хто там згадае,
Што ўдосьвет папрадусе сьніцца?..

10-XI 1918 г.