|
Калі загудзе мілагучна гудок па-над местам
— Малая фабрыка,
Калі зараве лятучы ўсё вышэй і вышэй
Аж да рыку атляснага, басам
— Ліцейны завод,
Калі завярэшчыць трыма галасамі
Медны боль паравозу, зарэзанага на вакзале,
І коміны па небе кучаравыя раскінуць хвасты —
Тады работнікі масаю, гуртам
Ідуць на работу, —
Што яны думаюць? — хто іх разьбярэ…
*
Але калі гудок гнеўна хапае паветра,
То захлынаецца хрыпам, як схоплены раптам за
горла,
Калі перарыўчасты і заўзяты роў яго,
Маўляў разрываюцца лёгкія ў грудзях,
То падымаецца, то апускаецца, як той крылаты
агромністы грыф,
А потым уніз адкідае хвасты
Цяжарністых зыкаў,
Што недзе губляюцца ў полі Ці ў ночнае цемры, —
О, тады работнікі зрываюцца па сваіх каморках
са сну,
Выбягаюць з баракаў, з пасёлкаў
І лятуць, як мага, у завод:
„Нешта сталася!..“
Тады іх ня спыняюць ні стрэлы гарматаў,
Ні зык болю зубнага куляў варожых.
Яны організована ў адзін ўсе сьціскаюцца жмут
Пад жалезнымі жэбрамі гмаху-заводу.
Што налягае асьветленай шкляна бэтоннай за-
сновай.
На ночную цьму, —
О, тады хрыпла крычаць аратары,
Падчас злавешча шэптамі асьцерагаюць,
А часам выпускаюць галасы
Пад рыштаваную столь чайкамі,
Тэнаровымі чайкамі, чайкамі лятаць.
Клічуць работнікаў:
„Прышоў час“,
Час выступаці ўраз
Проці царату,
Проці ворагаў працоўнага люду,
Юнкераў, бандытаў і узурпатараў.
*
Гэй, дый павыганялі-ж усіх,
Што павукамі былі зачаліся
Пад апекаю згодніцкага ўраду.
А кастрычнікаўскае чырвонае лісьце асін
Шапнула рабочым параду,
Аж само затраслося,
Спужалася,
Паляцела, як галовы з плеч.
Ой, пілі-ж віно дый чырвоны сок! *
Нічога, што заводы зялом зарасьлі,
Стаў аблог,
Але дух паўстанчы, дух перамог.
І вось
Патроху
Пачалі прачынацца гудкі,
Зноў склікаці да працы.
Там адзін,
Там праз тыдзень другі,
Трэці цераз месяц аж вунь дзе азваўся —
Усе прачнуліся…
А хлопцы надзею гадуюць:
— Ды яно як так пойдзе,
То хутка задыміць і домна.
Эгэ, кажуць, жывём:
Трубны падняўся…
Але-ж, ды яно й Ганка таго…
А наш цераз месяц і бяз буржуяў пойдзе.
Так, пасуваецца гаспадарка Леніна.
*
Як места ў вострых комінах усё
Ў тумане варыцца халодным,
Як вежы на царквох галодных
Ў сабе хаваюць сонца адбіцьцё,
Калі ў дасьветнай коміны пары,
Як шчуповы зубы вялізарны,
Хапаюць неба угары,
А паміж іх раздутыя веж пухіры
Блішчаць, наліты гнільлю марнай;
Калі гудкі пераказалі
Свой ранічны ўжо „войча наш“,
І йдуць работнікі ў жалезну залю
Да чыгуновых чаш,
Дзе варыва клякочыцца агнёвае,
Нам праракуючы ўсім жыцьцё новае, — Тады скрозь бегаюць па месту хлапчаняты,
Разьлепльваюць газэты й тэлеграмы.
На ўступе: супынілася адна вайна праклятая,
Але йшчэ соткі горшых перад намі:
Йшчэ Дон гартуе шаблю,
Йшчэ йдуць чэха-славакі,
Але гарачае работніцкае сэрца
Ня стане больш драмаць…
Бібула рыжая на сьценах,
А літары, як вераб‘і,
Крычаць рабочаму у вочы,
Што сіла ўся ў яго руцэ.
Каля заводу на даскох таксама —
Заклікі „Правды“, што патрэба йсьці
Да новых сьветлых пажараў
Аж да комуны, як сусьветнай людзкай мэты.
А побач
На сівым замурзаным шматку
Крывулямі накручана зялёнымі,
Што сёньня а гадзіне сёмай
У Аляксандраўскім Народным Доме
Даклад таварыша Леніна.
І йдуць работнікі праз дошкі у вароты
Туды, дзе пасы і дзе трыбы шыпацяць.
Ляжыць на кожным з іх часьцініна работы,
Як рэволюцыі пячаць.
Зіркае кожны на табліцу,
Успамінае голад той і рэволюцыю;
А як пасьля работы выйдуць ланцугом на брук,
Дык кожны ў нардом захоплена сьпяшыць,
Каб яркімі навінамі ўпіцца.
*
Нядаўна разагналі Устаноўчы Збор
(Быў старшынёй эсэр Чарноў).
Як сала на агні, сквярчэліся пасьля таго прамовы
У Цэка ПСР: „Пакажам мы бальшавіком,
Як выдумляць паганую гульню ізноў.
А за народну кроў і за Устаноўчы Збор —
Кроў!“
І пастанова:
„Леніна забіць!“
Халодны пот на зьбеленых ад злосьці тварах
І ліхаманка у руках.
Калі мігаюць вогнікамі вочы
І лыпаюць, як пасткі зрэнкі,
Што можа вось-вось і накрыюць —
Ня змогуць расплаціцца,
І усяму наступіць крах,
Народная загіне праўда,
Як гром далёкі у гарах.
*
— Дык Леніну за гэта што?
Спытаўся правадыр баявікоў.
Усхамянулася тут Іванова —
I праняслося: сьмерць!
— Хто — за?
Нэрвова з цішыні
Ўверх падняліся рукі.
Раз, два, тры… Ўсе!
— І так, таварышы-баявікі:
Сягоньня, першага чысла,
Забіта Леніна.
І далі дырэктывы:
— Найлепей, хай заб‘е рабочы,
Каб паказаць на цэлы сьвет,
Што важакоў фальшывых
Ня хочуць самі пролетары —
І зьнішчаюць.
Такая думка Гоца і Цэка —
І я так раю: Дык на Усова ці Казлова
Кладзецца, думаю, высокі гонар.
Набоі ёсьць.
Хто забірае слова?
*
І злыя вочы, хмурыя крыху
Пад цёмнаю паветкай змкнутых броваў,
Спадлоб‘я глянулі, як зьмеі,
Як быццам шэрай сталяй зварухнулісь.
То выйшаў Усоў,
Як сіла шэра-жоўтая рабочых мас.
На твары маладым
Асеў пясок жыцьця —
І стаў зямлісты колер.
На безбародым і бязвусым твары
Мужчыны год мо‘ з дваццаць сем
Упарта выступалі скуліцы,
Што звужваліся к нізу
На востры падбародак.
І вось на гэтым твары
Ад слоў правадыра баявікоў
Пабеглі кроплі поту.
Прайшоў яшчэ уперад.
— Згаджаюся! —
Сказаў.
*
А потым парасткі куль алавяных,
Што прарастаюць
З насеньня пораху і дынаміту,
Як маладыя дзе шпарагі,
Надрэзалі, каб атруціць.
Нацыркалі прыправы,
Якая у сабе глыбока затаіла
Сьмяротную хэмічную формулу
На нямінучую лютую сьмерць Кіраўніку жывому
Саўнаркому.
Усоў прышоў ў нардом.
Было йшчэ рана — ён зайшоўся у буфэт,
А там работнікі — размовы, гоман.
І хоць і быў наказ
Ні з кім не гаварыць —
Ня вытрываў.
Так цягнецца ўчуцьцё,
Як той да сонейка сланэчнік,
Так колецца самотнасьць,
Як калюкі чартапалоху.
Душу ўсю прасьціраў да грамады,
Бо разгубіўся сам,
Як ў ночку цёмную на моры
Закінуты матрос.
Застаўся сам, як выстрал між агнямі,
Як зайздрасьць да братоў,
Як зерне на асфальце, —
Адна чужая тут яго душа.
А колектыў заўсёды
Паіў душу сытой,
І сілы расьцякаліся,
Як мысьлі па палёх.
Рабочы колектыў і ён вязаліся ў адно
І з думкамі супольнымі,
Як буйны сад, жылі.
А тут — ў вялікі гэты час —
Глухая адзінота,
Што вытрываць яе ня змог.
Паварухнуўся камень —
І падышоў Усоў да іх.
*
Яны яго адразу прынялі
Ад слова аднаго;
Адчулі так, Як зьверы ворага ці друга:
Адным інстынктам, —
І глынулі.
(Салодкая так інтуіцыя
Раней ад нас гаворыць).
Ён друг — рабочы, —
Дзеля таго і гутарка,
Гарцуючы крыніцай па камені мысьляў,
Пабегла, рвалася, драбнілася бясконца,
То зачаплялася павоем за галіны лёзунгаў,
Каб рукі гнеўныя супрэчак
Зноў разрывалі іх на часткі.
А у кішэні браунінг ляжаў,
Як зьмерзьнены лядзяк,
Што таяў ледзяной вадою,
Калі дакратвалась рука
Гарачая, як той праступак.
*
З работнікамі блізкімі яму
Вузламі лёгікі й супрэчак
Прыкручываў, як цела да слупа,
Ў сабе сярдзітую гатоўнасьць на забойства.
Апошні раз пераканаць сябе хацеў,
Што Ленін — вораг ўсім работнікам,
Што ўсе бальшавікі — праціўнікі свабоды,
Што патакаці годзе
Грабаўшчыком яго відзеньняў
І міражоў зіячых.
Пераканаць сябе — пераканаць другіх:
Папробаваў яшчэ.
Прыдаўліваў абцасамі зьядлівых слоў
Ён тактыку бальшавікоў
За тое, што Ўстаноўчы разагналі збор,
Салонай гразьзю ў горла кідаў
Староньнікам заўзятым Дыктатуры пролетар‘ята.
Работнікі спрачаціся ня ўмелі добра,
Але сваё вялі…
А потым:
— Э, браток,
Ты штось ня тое!
З табою кашы не зварыць.
Паслухай Леніна ты лепей.
*
Натоўпіліся, зьбіліся, панадстаўлялі вушы,
Галовы, вочы — быццам заля, поўная ікры.
Трыбуна і вадзіцы шклянка.
Таварыш Ленін гаварыў:
— У барацьбе крывавай
Вы захапілі ўладу.
За тысячы работніцкіх ахвяр,
Якіх напышненыя генэралы,
У сьляпой нянавісьці да „шэрае скацінкі“,
Як вераб‘ёў
Расстрэльвалі
На фронтах.
А пасьля,
Калі вы узьняліся —
Яны пайшлі на Петраград.
Сюды сьпяшылі з інгушамі
Красновы белыя,
Калі ў сярдзітым спачуцьці да іх
Вось тут пасярод нас
Праклёнамі
Званы
Гудзелі
На слаўныя колюмны
Чырвонай гвардыі,
Карнілаў гуртаваў тут войска,
Каб вас прагнаць… *
Усоў раптоўна схамянуўся,
Маўляў, штырхнула токам, —
Прыпомніў ён:
— І я тады ішоў, як мэталіст,
Краснова біць…
Імчыцца наш уночы броняпоезд,
Такі іржавы скрып…
А Ленін далей:
— Гналі па астрогах вольных духам,
Каб у ярме трымаці нас.
Нарэшце мы Кастрычнікам Чырвоным
Зьнясьлі іх, як віхор салому,
Перавярнулі вызыску палацы
І пакрышылі краты…
Няўжо цяпер вы будзеце прымаць
Сьвядома, дабравольна
Заўзятых ворагаў у хату да сябе,
Што будуць вас шпягоўствам гадаваць?
Атрутаю брахні накормяць,
Як пацукоў галодных?
Што здрадаю зайздроснай
Паіць вас будуць кожны час,
Пакуль агонь сьвядомасьці
Да волі не пагас?
І покуль пэўныя вы ў тым,
Што й вы такія-ж людзі,
Не уцячэ, як пара
На двор з жывога дому.
*
І вось цяпер
Вы возьмеце, маўляў, рабы,
Падставіце зноў самі свае плечы
Для ворага буржуя, Які заўсёды ў сэрцы лютасьць чуе
Да кожнага работніка,
Бо адабралі фабрыкі мы ад яго,
Каб вольна працаваць?
Мы возьмем і дапусьцім
Памешчыка ў двор?..
Вы ведаеце — парабак яму
Быў раб.
Жандары замест платы, —
І вы іх возьмеце ў сваю работніцкую хату,
Каб іх-жа гадаваць?
Дапусьціце ў рады?
Падзеліцеся сілаю сваёй і ўладай
На глум, на сьмех?
А хітрасьцю,
Маўляў, зьмяіным зьвівам,
Яны паволі адбяруць і рэшту ўлады,
Бо іх тады навука, грошы і мораль.
А ваша кроў і спадзяваньні,
Як кветка згінуць раньняя…
*
А Усоў, хаця і спраціўляючысь,
Шоў думкамі за Леніным:
— Яно то так… Крывавая… так… барацьба…
То праўда… Нашы раны і бяда…
Але прычым тут Устаноўчы Збор?
Нашто бальшавікі яго
Зухвала разагналі?
Яны-ж народныя паслы.
Какошкін, Шынгароў…
Што іх забіта, можа так і трэба;
Яны папраўдзе ворагі для нас,
А можа гэта для таго,
Каб крытыкі ня мець?
Дарваліся да ўлады…
О, тыраны!.. *
А Ленін далей:
— Калі-ж адкрыта іх дурман
Сьвядомыя работнікі
Ня стануць піць адразу,
То тысячы соцыял-здраднікоў
Вужамі падпаўзуць
Ў лякайскім посьпеху буржуям дагадзіць,
І дапамогуць вас падступна ашукаць
І на забой ізноў
У жывёлавых вагонах
На славу капіталу,
Як быдла, павязуць, пагоняць.
Куды? На што?
Каб меці мытніцу на Дарданэлях,
А над Канстантынопалем высьнёныя крыжы
На нашу згубу, на зьнявагу?
*
Усоў бліжэй ‘шчэ падышоў,
Грудзьмі стаў проць грудзей.
Трасьліся рукі і пачуцьці.
Як мухі з ліпкае паперы —
Так вырываліся, ўспаўзалі думкі,
Хацелі выбрацца на волю.
Чаго бліжэй ён стаў —
Забіць, ці слухаць?
Усоў так думаў і пытаў:
„Няўжо ніхто яго і не адважыцца забіць?
А я?
О, хоць бы злосьці падкаціла!“
Каб пераверыць сілу,
Сябе ён раззлашчаў:
„Тыран“ —
А вышла неяк
Недарэчна і сьмяшліва. І ў той жа час
Ласкава людзкі погляд
Дакрануўся Усова.
Ільліч як быццам падмаргнуў
Так цёпла, цёпла.
Казаў вачыма: „Думаеш — ня ведаю?
Работнік ты — і я, брат, для цябе“.
А сам — шырокі твар і зморшчкі каля носу,
Вырэзьбеныя разаком упартасьці і часу,
У розныя бакі праменьні сеюць.
А вочы чорныя і з аганьком,
Маленькія і цёплыя,
А іншы раз хітрэнькія
Пад мудрым шышкаватым лбом
За цьвёрдасьцю вачэй
Глыбока прытаіўся сьмех —
Якісь і добры — і суровы.
*
Чагосьці у натоўпе перакінулісь славамі —
Увага, рэпліка, ці што…
Цікава Ленін трохі вока прыжмурыў,
Аднэй брывёю ўверх стрэльнуў:
Ён прыслухаецца.
Так проста і па-людзку выявіў цікавасьць.
Не адчуваў таго, што Ленін ён.
Здавалася, і не дагадваўся ён,
Што ён ёсьць Ленін.
А голас поўны і наліты сілаю жыцьця,
Як яблыка аліўнае,
У душу пэўнасьць льле.
І словы ўсе звычайныя,
А раскусіць — арэшак у сярэдзіне.
*
І вось Усоў як быццам прабудзіўся —
Ударылі зноў словы:
— То хітрасьці буржуазіі. Яны ня кідаюць надзеі
Перамагчы.
А як гавораць — мёд у вуснах.
І выбары агульныя для ўсіх,
І роўнапраўны голас для работнікаў.
(Падзякуйце паном:
Ваш голас мае сілу з іхнай нараўне!
Шануйце —
Нарэшце дапусьцілі!).
А мы гаворым ім:
Ня трэба Учрадзілкі,
Ня трэба курава снатворнага для нас.
Прышоў апошні час
Падняць чырвоны сьцяг.
Пролетаром на сьвеце сіла і улада
І органам іх дыктатуры,
Ўся ўлада — радам.
І хай-жа пасягнуць — гарматы і набоі
Наперад, гэй, таварышы, да усясьветнай волі! —
І грохатам разбушаваных хваль
У залі прабурліла згода.
Як лівень, воплескі шугнулі:
„За ўладу Рад — ура!
Няхай жыве наш Ленін — наш-жа правадыр,
Савецкая улада на ўвесь мір!
Прэч Учрадзілку!
*
Усова сэрца білася, —
Так білася, як рыба ў сетцы.
Што ён казаў?
Дык значыць — здраднікі?
Хіба я здраднік,
Эсэры за народ!
Няўжо-ж то мой пракляты рот
Не закрычыць: „Няпраўда гэта!“
А ў галаве туман…
Вось Ленін ўжо з трыбуны
Паволі сходзіць…
Угаварыліся, што тут…
Рука сьлізнула і дрыжыць —
Дакратваецца ўжо да сталі…
А маса люду, як табун,
Гуртуецца, каб выйсьці —
Шугнула й стала:
Запынка
У дзьвярах;
Цяпер пара!..
Але адразу цёплая імглявасьць,
Як малако, па целе разьлілася,
І мякка стала так —
Зьнядужаў
Цэлы,
Увесь.
А дзесь
Зашалясьцела:
„Ня трэба!“
І скрозь туман пранеслася,
Як вецер лёгкавейны:
„Я сам,
Сярод усяе масы — сам“.
А Ленін пазірае,
Ступае звольна,
Работнікі зьдзіўленна разважаюць:
— Усё, што-б ён ні гаварыў,
Яны і самі гэта знаюць,
Хоць часам і ня ясна,
Але ня ўмеюць выказаць.
Дзеля таго на Леніна ўзіраюцца з
любосьцяй.
Як меншы брат на брата, „Не, не магу, ня сьмею!“
Яшчэ крапінку заясьнеў
І стаў як-бы у сьне.
*
Як разыйшліся ўсе, уцякаў за места,
А там пайшоў у лес.
Стаяў і меркаваў аб Леніне:
— Няўжо ён творыць новы сьвет
І вучыць дзеля сваёй славы?
Няўжо дзеля таго працуе ён,
Каб зьяньне гоману і подзіву плыло
Ва ўсе куткі зямное кулі,
Як цёплае дыханьне —
Адно аб ім,
Шукаючы бясьсьмерця?
Няўжо дзеля таго працуе ён і думае,
Каб у вякох танулі думкі
І павуцінаю плялісь легенды,
Што зьвязаны з іменьнем Леніна?
А можа ён для чалавецтва усяго,
Ў якім пагруз,
Як рот ці рупар для вякоў?
Выкідвае намовы,
Што сталі словам
Для ўсіх працаўнікоў?
Аж запыхаецца у сіле.
А можа, зноў гіганцкая будоўля тая,
Што крыецца пад чэрапам упарта-шыш-
каватым,
Паўсталатут,кабзадаволеньнесваё
каваці
З асалоды ў працы?
А мо‘ глухая тут энэргія,
Якая у лянівасьці паноў-бацькоў драмала,
Збудзілася да творчае работы, Што раптам, выпадкова,
Прарвалася у прорвіну політыкі і веды?
А можа помстаю за брата?
А можа й так сабе?
*
Прыпамінаў, які-жа ён?
Намаляваў, як Ленін,
Паклаўшы рукі у кішэні,
Спакойна выкладаў, падчыркваючы думку,
Што ўжо жыла няясна
У голавах мільёнаў,
А зараз праяўляецца, як здымак,
У тысячы адкрытых слухачоў.
— Тады ахвяра чалавецтва ён, —
Казаў Усоў атарапелы.
І гідасна было, калі тут выпадкова
Зноў дакранаўся
Абсьлізлы браунінг да пальцаў,
Як гадзіна абкормлена
Атручанаю стравай.
Што аж ня лезе ў ляпу.
„Ах, так!? Ты йшчэ?“…
Пасьпешна выцягнуў з кішэні
І шпыргануў ў карчы,
А далей думаў:
— Тады, выходзіць, Леніна нямаш т‘кі для
сябе?
А ён ахвяра цэлых пролетарскіх пакаленьняў,
Якім нясе і розум, і навуку,
Пачуцьці й ясныя навекі дні,
Што дзесь хаваюцца і тлеюць
Ў нянавісьць на дне.
І вось яна, ахвяра гэта там,
Дзе блюзы шэрыя з рукамі у мазуце.
Яны імкнуцца праглынуць ахвяру гэту, І, сілаю яго упіўшыся,
Пайці ў бітву за будучыну лепшую.
А Леніна самога
Быць можа і забыць.
О, значыць, ён не для сябе.
О, не!
Громакіпучыя распырсківае сілы
Ў агні прарочым,
Ня думаючы аб сабе,
Бо толькі-б захацеў —
І кінецца буржуазія
Яму грашыма й працаю служыць,
Каб закупіць яго запал,
І, подкупам уціхамірыўшы,
Заткнуці рот
Ядою смачнаю на фоне шкла і золата.
А потым усіх пролетараў
Абдураных, за дзікі гнеў
Да пана
Пад бойню сілы падвесьці
І замарочыць дух,
Каб масамі павесьці пад абух
На помсту войнаў…
*
Усоў прыпомніў,
Як дакрануўся Ленін да вачэй
Такімі добрымі, хітрэнькімі вачыма,
Што той заціхнуў, як дзіця,
І слухаці пачаў
Бяз межаў часу.
— Не, ён ня думае аб касьце комуністых,
Ня сьпіць начамі, піша і сачыць
Для нас самых.
Яшчэ і вечна на старожы,
Бо прытаілась сьмерць… Не, не магу я
Разьвеяці свой грэх,
Не магу!..
*
Вялікі сорам, як віна,
Прыціснуў і шпырнуў на бок Усова,
Як брудную і мокрую анучу,
Так на душы яго было.
— Ня йсьці да іх
(Эсэраў)
Чаго-б туды ісьці?
Наказу й слова ня стрымаў,
Яшчэ і здрадзіў іх.
Зьвіхнулась думка.
Што ёсьць між намі спольнага цяпер?
За мной грымнулі каменныя дзьверы.
Калі ў карчох зашастаў браўнінг.
Я не адважыўся —
Ня страх-жа гэта,
А скажуць — трус.
Я не баюсь, —
А неяк няпрыемна.
Ну, як цяпер?
І дзе схілюся?
А хочацца так расказаць…
Ды хто ўсё зразумее?
Да іх пайці (бальшавікоў),
Што іх страляў нядаўна?
Хіба павераць?
А можа я падосланы з эсэраў провокатар!
Тады ўцякаць…
Ад іх і ад сябе ўцякаць!..
*
Пачаў прыпамінаць ізноў:
— А можа йшчэ хто ёсьць…
Казлоў — ён просты, грубы, Але работнік ён.
Яму сваю падстаўлю рану,
Хай длубяне са злосьці,
Або загоіць.
Яму скажу.
Бо да Цэка пайсьці —
Не зразумеюць там,
Бо нашы душы розныя,
Яны асьвечаны, інтэлігенты,
Закачанеўшыя ў змаганьні,
Без ваганьняў,
А я — работнік-самавучка,
Я йшчэ ўсяго ня ведаю дакладна…
*
Як неабчэсаная каменная брыла,
Казлоў звычайны так сабе работнік.
Душа яго нязьменная й грубая
Дзесь урасла углыб,
Ўся мохам абрасла,
У мясенях заскарупела,
Шуміць, як вербалоза з дзікім ветрам,
І выдзерці яе,
Як чарапаху сплюшчаную, стуль —
Сіл ня было,
Ён сам ня змог ні разу,
Хоць дакладаў натугі,
І во ў каморцы затхлай,
Дзе на тапчан, як блін, лёг матарац,
Расказаваў Усоў
Сваё жыцьцё.
Здалёку ён зайшоў,
Як паляўнічы ў полі.
Каб падыйсьці прызнацца.
Баяўся ды хацеў
Пачуцьці суд душы няхітрай
Над сабой, Як ссохшая зямля вады і буры.
А думкі так пякуць.
Як у халяве вугаль.
Баяўся, бо Казлоў быў такжа баявік,
Але той страх цягнуў к сабе, як сьмерць,
Калі на мосьце стаў
І пазіраеш на ваду
Або у бяздоньне з вежы.
*
І асьцярожна намянуў Усоў:
— Быў ўчора у народным доме…
Там Ленін мусіў быць…
— Дык што? Ня выйшла?
— Ды не…
— Што не?
Маўчаньне
— Я не адважыўся…
І вочы ўпалі ўніз, як сэрца.
Напружаны да муці погляд.
Моцны Казлоў паціснуў чуць плячыма
І хмурны палагоднеў твар.
Тады яшчэ далей Усоў:
— Я не адважыўся…
І расказаў усё.
*
— А ведаеш, Усоў,
Ў мінулым тыдні
Я на яго рукі таксама не падняў,
Ня змог…
Як Ленін выступаў на біржы —
Помніш?
— Чаму? — задзіўлена спытаў таварыш.
— Бо не мая йшчэ праўда.
— Тады, выходзіць, Леніна, —
Так кажаш?
— Ня ведаю. Яна дзесь блізка ўжо.
Вось так-бы ўзяць яе…
Эх, праклятая!..
І сьціснуў свой кулак.
А на ўсім твары, замест мукі,
Якісь няўдалаў спазматычны сьмех
Бяз голасу прайшоўся —
То зноў
Бязьмернага цярпеньня пачуцьцё
Прабіцца не змагло скрозь цела.
Як цяжар пасткі,
Упаў на душу гнёт
Вагой раджэньня.
І заматаў ў цянёты цела
Глыбокі і бязьмежны дух.
Прыбіў найтоншую часьціну чалавека —
Пруткія ногі пачуцьця
Дзьвярыма чэрапа і мясеняў,
Як ласіцу бліскучую.
— Хай вырываецца — ня вырвецца,
Ажно пакуль не акалее.
Але між душамі
Казлова і Усова
Ўжо хвалі забруялі.
*
Тады ўцякаць рашылі разам,
У поле йсьці, на луг ісьці.
Душэўных мук згубіць заразу,
Навалу грэху загубіць.
І вось пайшлі ў дзікія сёлы,
Дзе бруд, і пранцы, і вайна,
Дзе ходзіць праца невясёлай,
Маўляў, жахліва навіна.
Але ўжо кінулі пажэжы
Сьвядомасьць сілы ў беднату — Усе ў палёх разрылі межы —
Кулак сагнуўся на слату.
А ўцекачом ад ўласных боляў
Ўжо новай радасьці віно:
Ім і таго ужо даволі,
Што лес, і сонца, і цяпло.
Сінее неба, як вялізарны эксцэнтрык,
Дзе сонца вось заехала на бок,
Бязьмежна шпарка гоніць-кружыць,
Не пасьпявае ўгнацца галава за ім,
Калі, узроку пальцамі схапіўшыся за край,
Пад кругавідам бегаці пачаць,
І цёпла, як з машыннай топкі.
*
Жаданьне працы мучыла Усова.
Перамяніці, як ваду, абставіны.
Патрэба моцная ісьці і штось рабіць
Яму, як промень, зазьвінела.
Турботнаю струною выцяглася думка,
Як лінья простая, да самай мэты.
У Армію Чырвоную адкрыта йсьці —
У карны-б хоць атрад.
О, ўсё адно!
Рашыў, як гром грымнуў.
Няхай ён — скажуць — кат!
Для пэўнага дасягу
Сьвядома трэба
Усім цярпець і гараваць.
І можа сілаю павесьці несьвядомых
Да ясных брам.
Ў пагрозе утапіць сьляпы іх гнеў,
Як не спадзе з вачэй дурман.
І любіш іх — і нішчыць трэба іх:
Вось тут найвысшая любоў,
Як быццам забіваеш сам
Сьмяротна-раненага брата.
*
Каб церабіць у будучыну шлях
Да сьветлага парогу
Праз поле з церняў і абману,
Умець у тактыцы жыцьця
Супроць сваёй прыроды часта йсьці,
Ня верачы ні ў чорта, ані ў бога —
Вось тут найвысшае зіяньне мэты.
Калі дзе хвораму хірург
Спакойна чэрава жывое порыць —
То там нянавісьці і ня шукай,
Тут найвышэйшая любоў;
Маўляў, прасьвецісты дыямант.
Людзям боль задаваць
І мучыцца духоўна —
Тут найвышэйшага каханьня грань.
Грахоўная й сьвятая
І працу цяжкую,
І вочы братнія
У поглядах затрутых,
Як выстралы ў жывот,
Прыймаць ў сябе
Й ня ўпасьць.
Нясучы на душы,
Цяжэсную каханьня краму —
Такой лютай напасьці
І ворагам-бы век не пажадаў! —
Усоў сябе нанова гэтак гартаваў,
Каб комуністым стаць.
*
Усоў прайшоў цераз змаганьня горан,
Заўзятым комуністых стаў, як мох,
Што урастае ў камень — у жыцьцё.
Яго ня спыніць ані сьмерць, ні гром,
Што уздымае хмары пачуцьця,
Як дзікая й сьляпая бура, — Бы толькі думка ў ім пахмура
Бліснула пад чалом, як шэрая крынічка,
І ня зіяньнем дыямэнту, але сілай сталі.
І скажа проста ён:
„Выходзіць разрахунак, дык — гадзіцца!“
І на разбураны памост
Для новае будовы
Ён ляжа, быццам камень моцны, стопудовы.
Абы разрахунак паднёс,
Бо ён матэр‘яліст.
Старая гэта рыса:
Тож не здарма, як быццам Юда,
Ў організацыі эсэраў
Ён таварыскую вёў гаспадарку.
*
У шосты год рэволюцыйных бур (у 1921),
Калі ўжо громы адлуналі
І мірны дождж пайшоў,
Калі дзесь прытаілася вайна,
Як та пантэра у кустох,
Але ня мела сьмеласьці накінуцца адразу
На цела пруткае Рэволюцыйных Рад,
Ужо гатовых на адпор, —
Тады бліжэйшай і ясьнейшай мары зьява
Праменьні пасмамі пусьціла ў сьвет.
То на 9-ым зьезьдзе Рад
У электрычную зірнулі будучыну.
І усьміхнулись нацыі,
Як-бы да сонца дзеці.
Бо цемру жудаснай вайны,
Крыві, атрутных газаў і фугасаў,
Іржаньня і кашалю картавых танкаў
Да паразьверненых нутроў
Набоямі
Як жыватоў людзкіх,
Будынкаў Перакопу, Руін, як Гэркулянума й Помпэі —
Ўсю тую цемру
Прарэзала сьвятлом нязьмерным веры,
Бліснула іскрамі, і пацяклі струменьні
Такія мкністыя, глыбокія такія,
Як думы собраных на зьезьдзе нацый —
То была мара
Электрыфікацыі.
*
Спачатку Ленін дакладаў:
— Мы — цёмныя яшчэ,
Бо мы ня ведаем сьвятла.
Ўчадзелі нашыя мазгі,
Засыпаліся ў копаці лучын,
І гніль ў куткох заглохлых
Яшчэ пладзіцца й ня пужаецца сьвятла.
І вось, калі нам голасам грамохкім
Дынама забасуе ў нізкіх тонах,
Заные, як-бы зуб, ад тысяч паваротаў
І камарамі загудуць
Моторы электрычныя у сёлах,
Каб ў рух пашлі машыны й маслабойкі
Ў суперніцтве гартованых комун, —
Тады для нас вясёлая пара надыйдзе.
А як па медных нэрвах пацячэ
Ў бядацку хату электрычнае сьвятло, —
Тады прыветная гарачая зайграе ўсьмешка
На задуманых тварах,
Надходзіць дзень, зьнікае ноч.
*
Сядзеў і слухаў ўсё Усоў,
Як яго думкі у крыштальнае аправе
Спакойна выкладаў Ільліч.
Цяпер яго ўжо ён пачуцьцямі ўладае
І думкі праясьняе і вядзе наперад.
Але прыпомнілася — ён ажно прыўстаў — Ня так даўно
Ён перад Ленінам вось так стаяў,
А вокал сэрца вілася зьмяя,
Як гліст або шпягоўства,
І гатавала сьмерць правадыроў.
Тады было — й цяпер…
— Ну, і за што хацеў цябе забіць я?
За праўду? Нашу? Пролетарскую?
Не зразумеў засьлеплены, як блазан —
І шоў, і нёс заразу,
Каб пролетараў укусіць усіх.
Чаму зусім не звар‘яцеў тады я
Ад аднаго пагляду,
Ад ненавісьці лютай,
Ад гневу чорнага з нябёс,
Калі яны дзе ёсьць?
Ды іх няма…
І я на брата йшоў свайго…
О, не, то на сваё жыцьцё,
На сваю веру і любоў да чалавецтва.
Не, я цяпер ніколі
Не адплачуся,
Я ўжо не адплачу за той сярчаны яд
Сваім няўдачлівым каханьнем,
Што ўжо халоднай зацягнулася развагай,
Як плесьняю зялёнай медзь.
Але цяпер люблю яго
Я над усё на сьвеце.
Мая і кроў, і нэрвы, жыцьцё
Ў яго руках!
Яго хацеў забіць…
Цяпер расколецца мой чэрап, як арэх,
Як сьліва разарвецца сэрца,
Калі ён не даруе.
Мая любоў, маўляў, вар‘яцтва,
Павінна выліцца у чын… *
Ужо закончыў Ленін,
І Крыжаноўскі ля твораў сваіх,
Сыстэм і плянаў,
Ясьнеючых агнямі,
Як модны Саваоф,
Разьвеяў творчыя памыслы
І рух і словы.
(А сам з сівою доўгай барадой).
І карта фэдэрацыі,
Як цьвёрдая надзея,
Упёрлася ў сьцяну
І марыла ў агнёх.
А на яе палёх,
Як гранкамі чырвоныя рубіны,
Яркія лямпачкі электрыкаю адзначалі
Электрастанцыі у будучыне.
І белым зьзяньнем моц парогаў
З халоднае вады і рэву ад падзеньня,
Ператвароную у вольтах
Электрыку шалёна-агнявую
Паказывалі цыфрамі
Сьвятлістыя вялізарныя кулі.
А дзе загараюць струнамі антэны
І іскры вераскам ў прасторы засьпяваюць
Там, як шафіры маладыя,
Сьвятлом вадзяна-сінім пазіралі аганькі,
Казалі: „вось дзе, тут і там“.
*
А Ленін думкаю далёка ўжо лятаў:
— Мы да атомавых віхур,
Як у калодзеж, зазірнулі.
Дзе ў чорным калідоры дно
Адно шарэе, як асеньні ранак —
Ня то яно, ня то і не яно
(Магчыма, што здалося). А віхры тыя, як у гутняй печы
Віруюць, гагацяць і выюць, як сырэны,
І сіламі дрыжыць увесь сусьвет.
Як вялізарністая фабрыка —
Адно йшчэ іх ня ловіць слухам
І не нясе ў мазгі душу
Нам зацьвярдзелы эпітэлій,
Падобны да зямной кары.
Яго мы йшчэ, ой, разамнем,
Маўляў, ўдубеўшую падошву,
Прыладамі наточым з ведаў,
Ў нэрвовасьць ўзброім апаратаў
І будзем выслухаць, як сэрца,
Як атомы гудуць.
І будзе так:
Не мясені цел чалавечых
Пацягнуць бруд мазуту,
А ў зрэнку шахтара
Не заляціць агонь.
Пыл ядавіты, востры пыл
Са скібаў антрацыту
Ў мільярдах тон
Засьне.
І замест скрогату жалеза,
Машыны волатавых сіл
З атомных выбухаў лагодна замуркочуць,
Разложацца па залях, як каты,
На супакой
Для працы.
З аздобамі з аканту і мімоз,
Заплеценымі творчымі агнямі,
Зазьзяюць фарбамі удзень і ўночы.
Каб вочы не гнявіць.
Электрыку забудуцца, як непатрэбны штольні,
Як старае начыньне, ці як казку няцікаву.
А млявы радый у музэй здадуць За то, што атомаў сваіх расколам вялым
Дзіцятка — чалавецтва навучыў
Узрываці вадарод.
І у сымфоніях ня першы раз
Абноўлены вясьняны сьвет
У машынах засьпявае.
Пыліна солі з макавае зерне
Сьвятло расьсее матавым туманам,
І дробка цыны,
Маўляў, камфора ў жыле,
Цяпло лагоднае скрозь разьнясе
Па мяккай абалоні атмосфэры.
І ня спужаюцца, што вырвецца тады
Энэргія увольненых атомаў.
Яе у комбінацыях надгеніяльных
Каморкі мозгу апануюць,
Каб радасная буйная зямля
Туманнасьцяй ня стала зноў.
І кругавіды для людзей
Аж да сузор‘яў пойдуць
У вежавых прасторах.
Тады вось нас успомняць, —
Як даўнасьць даўную, далёкую…
|