Перайсці да зместу

Творы. 1918―1928 (1930)/2/Пазвалі вас…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ці хто думаў… Пазвалі вас…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1930 год
На сьмерць Сьцяпана Булата
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пазвалі вас….

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЗВАЛІ ВАС

Эўропэйскія дзяржавы пастанавілі запрасіць на міжнародную нараду ў Геную т. Леніна.
(3 газэт 1921 г.).

Пазвалі вас на пір піроў,
Пазвалі вас за волю стаць
І далі ўладу путы рваць,
І далі ўладу біць цароў, —

Зрабілі з вас гаспадароў.
І вы з рабоў пайшлі ў цары…
— О, каб ня ў краты толькі з крат!?
Паклон аддаў вам азіят,

За ім Эўропы жыхары
Шлі к вам праз морскія віры…
Але ня ваш вітаць шлі сьцяг:
З сваёю воляй шлі на вас…

І не дайшлі — зышлі на час
Праз белы й чорны морскі шлях.
А вам ня страх, а вам ня страх!..
Чатыры годы крок у крок

Тварыць вы шлі і кроў лілі
Сваю, чужую па зямлі…
Расьлі магілы… зваў прарок…
Рос вашай моцы блеск і мрок.

І ўсё вы ўзялі, усё як ёсьць:
Фабрычны дым, сяўбы загон
І панскі двор, і царскі трон…
Ды стала ўсё вам гэта ў злосьць…

У хлебе восьць, у горле косьць.
Сабою самі ўстаць з руін
Вам не хапіла смагі, сіл,
І вось к вам вылез цень з магіл:

Крывавы грош і „гаспадзін“,
А іх закон адзін, адзін.
З-пад ног, з утоптанай нары
Паўзе ўжо збэшчаны павук

І ў сто, у сто кагцістых рук
Хапае вас рабы-цары, —
Як-бы ўжо вы не ўладары…
Вы ўладары… Яшчэ жар-цьвет

Бунтарскіх дум у вас ня згас:
Эўропа кліча ў госьці вас:
Пад рогат Пірравых пабед
Саветы кліча на „савет“.

1922 г.