25-III 1918 — 25-III 1920
Гадаўшчына-памінкі
Ня сьвята сьветлае спраўляці
Сягоньня будзе наш народ.
А трызну па айчызьне-маці
Ён справе ў гэты цяжкі год.
У гэту нашу гадаўшчыну
Зьвініць ланцуг, як і зьвінеў,
І там, і тутка бяз упыну
Шалее катні зьдзек і гнеў.
За катам кат на нашы гоні
Прыходзіў, грабіў, зьністажаў,
Людзей закованых палоніў,
На той сьвет без пары саджаў.
Край разрываны ўвесь на часьці —
Народ аграблены яго —
Не ўбараніўся ад напасьці
І ад пагібельля свайго.
Праз два гады на Беларусі
Народ аб радасьці ня сьніў,
А галасіць і плакаць мусіў
На папялішчы хат і ніў.
Над курганамі галасілі
Сіроты, удовы, жабракі,
Над імі-ж у крывавым пыле
Луналі груганы-крукі.
Лунае груганьнё ў прывольлі
На ўсход, на захад, там і тут
І сочыць косьці ў чыстым полі,
Дзе вые куля, вые кнут.
Яшчэ дыміць скрозь пажарышча,
Растуць магілы скрозь яшчэ,
А на магілах крыўда сьвішча
Ды кроў гарачая цячэ.
Не „незалежнасьць“ праз час гэты
Сваё разводзіла сьвятло,
А паднявольле без прасьветы,
А рабства Беларусь гняло.
Народ спраўляць памінкі будзе
Ня сьвята сьветлае вясны, —
За стол жалобны сядуць людзі
Там, дзе крыжы, дзе курганы!
24-III 1920 г.
Менск
|