Перайсці да зместу

Творы. 1918―1928 (1930)/1/А зязюлька кукавала

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У хорамах А зязюлька кукавала…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1930 год
…О так! Я пролетар…
Іншыя публікацыі гэтага твора: А зязюлька кукавала….

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А ЗЯЗЮЛЬКА КУКАВАЛА…

Як на сьвет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Сьпі, саколік! ку-ку, ку-ку!

Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, —
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі статак! ку-ку, ку-ку!

Як вялікім вырас Янка,
Як стаў сеяць шчыра, дбала, —
За сяўбою пеў аб долі,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Сей палетак! ку-ку, ку-ку!

Як ні сеяў пільна Янка, —
Ўсё чагосьці не ставала:
Янка сеяў — людзі жалі.
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Жаці будзеш, ку-ку, ку-ку!

Як старым-старым стаў Янка,
Як пазбыўся сілы ўдалай, —
Баіў байкі-казкі ўнукам,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку! кінь дакуку!
Годзі баіць! ку-ку, ку-ку!

Як хавалі людзі Янку! —
Галасілі многа-мала:
— А нашто-ж памёр ты, сейбіт!..
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку! кінь дакуку!
Сьпі, саколік! ку-ку, ку-ку!

8-ІХ 1921 г.
Акопы.