Перайсці да зместу

Такім я помню яго…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Такім я помню яго…
Успаміны
Аўтар: Міхайла Грамыка
1968
Крыніца: Янка Купала. "Мне сняцца сны аб Беларусі...": успаміны, эсэ, артыкулы, дакументы / [укладанне Г. Шаблінскай]. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2012.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Іван Дамінікавіч Луцэвіч… Не, не! Занадта афіцыйна, пашпартоўна!

Янка Купала, народны паэт, праслаўлены далёка за межамі Айчыны сваёй, — гэта значна бліжэй да сутнасці таго, пра каго гаворка. Дадаць толькі яшчэ два словы, якія ідуць ад самага сэрца чалавека, што меў шчасце жыць побач з ім, гутарыць з ім, бачыць яго чароўную ўсмешку!..

Першае маё спатканне з Янкам Купалам адбылося праз некалькі дзён пасля майго прыезду з Адэсы ў Мінск у 1921 годзе.

Я ўглядаўся ў мужчыну сярэдняга росту, добра складзенага, у росквіце гадоў і здароўя. Рысы твару, колер валасоў, позірк — тыповыя для значнай часткі беларусаў. Лоб… Лепш назваць яго старым, але больш выразным словам — «чало». Досыць было раз-другі зірнуць на гэтае чало, каб упэўніцца: там, у падкоркавых тайніках, павінны хавацца да часу думкі і пачуцці, якія пазней вобразамі слоў асядуць у сэрцах тысяч людзей!

І гэтая ўсмешка! Тады яна лёгкай хвалькай бегла ад вачэй да вуснаў. Пазней, праз колькі гадоў, усмешка ягоная набыла нязвычную сталасць, глыбіню з адценнем суму і нейкай нібы адказнасці. Яна сведчыла аб яго закончанай усвядомленасці сваёй выдатнай ролі ў справе станаўлення нацыянальнага аблічча народа, з нетраў якога ён выйшаў. А. П. Чэхаў выказаўся ў адным з лістоў у час хваробы Льва Талстога прыкладна так: «Страшна падумаць, што Талстой можа памерці! Пакуль ён жывы, не сорамна быць рускім пісьменнікам. Пры ім не падыме галавы ў нашай літаратуры ніводзін прахвост!»

Так прыкладна адчувалі сябе пры Янку Купале ўсе нашы пісьменнікі. Мы як бы знаходзіліся пад дбайнай, несупыннай аховай яго маральнага аўтарытэту…

У побыце Янка Купала быў ветлівым, гасцінным чалавекам. Блізкіх яму душэўна людзей ён зваў з адценнем сяброўскага жарту. У добрым настроі вітаў мяне: «Гром-Грамыка! Гжым-Гжымайла!» Мы былі для яго Міхайла, Кастусь, Язэп, Алесь. Дзеці падыходзілі да Янкі Купалы як да роднага. Заўсёды радасна сустракалі яго ў дзіцячых дамах. Ён умеў пасмяшыць малое, забавіць яго. Нашу трохгадовую дачушку ён бавіў напеўкай: «Ідзе каза рагатая, бадзе дзіця пузатае!» Пры гэтых словах наставіць два пальцы рожкамі ў жываток. Дачушка заходзілася смехам.

У 1922—1923 гадах мы з жонкай перажывалі пэўныя псіхалагічныя і бытавыя цяжкасці. І ў гэты час Янка Купала і яго добра ўсім вядомая спадарожніца Уладзіслава Францаўна аднесліся да нас з поўным разуменнем. Па аналогіі са старым народным укладам яны сталі для нас як бы «пасаджонымі бацькамі». У той дзень, калі мы распісаліся ў загсе і вярнуліся на сваю звышсціплую кватэрку, да нас прыехалі Янка Купала, супрацоўнік Інбелкульта геолаг Мікола Азбукін, супрацоўніца Дзяржаўнай бібліятэкі Юлія Бібіла.

Азбукін прынёс буханку белага хлеба, Бібіла — букецік кветак, а Яначка паклаў на стол дванаццаць вялізных яблыкаў і пры гэтым даў сваім прыемна-басавітым голасам «бацькоўскі» наказ: «Каб столькі дзетак».

Памятаю і Вялікдзень 1923 года. У гэты дзень да нас, маладажонаў, нечакана прыйшлі Янка Купала і Якуб Колас. Мая гаспадыня ставіць на стол папашнічкі (дзесьці дастала мукі!), віно, наразае вяндліну і кладзе на талерку рэдзьку ў мёдзе! Злучэнне «рускага куліча» і яўрэйскіх ласаў выклікае агульную вясёласць. Асабліва шчыра прыняў рэдзьку Яначка, як навіну для Вялікадня. Збянтэжаная спачатку гаспадыня крыху супакоілася. Але новая бяда: пачалі есці вяндліну, ды куды там! Зубы не бяруць! Тут выручыў гаспадыню Якуб Колас: патрабаваў патэльню, распаліў прымус, і вяндліна зрабілася ядомай.

Пры ўсёй усвядомленасці той ролі, якую адвяла яму гісторыя ў культурным развіцці свайго народа, Купала заставаўся заўсёды сціплым. Памятаю яго дагледжаную хату ў даліннай частцы горада. Вакол хаты — сад, які гаспадар сам абходжваў. Пакояў у хаце чатыры. Адзін займала маці. Невялічкая гасціная ператворана ў кабінет, рабочы стол стаяў і ў прасторнай спальні. Значна большы пакой займала сталовая, што выразна сведчыла: госці займаюць у жыцці гаспадароў немалое месца. А наогул: падаруй Янку «пышны» палац (дарэчы, ці не варты ён быў такога), Купала застаўся б самім сабой. Ён не цураўся культурных умоў жыцця, таго, што вызначаецца словам «камфорт», але ніколі не маліўся на яго.

Неяк здарылася, што беларуская грамадскасць не ўпільнавала дату 25-годдзя літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. Зранку звоніць мне на службу тэлефон: «Дзядзька Грамыка! Спешна трэба даць у газету пра Купалу… Праспалі!..» Я быў крыху збянтэжаны… Але праз дзве-тры гадзіны быў перапісаны і адасланы ў рэдакцыю верш «Янку Купалу», у той жа дзень надрукаваны ў газеце (здаецца, «Савецкая Беларусь»).

У 1942 годзе я жыў з сям’ёй у раённым сяле Удмурціі. Уваходжу ў пакой, падаю жонцы газету з паведамленнем аб смерці Янкі Купалы. Яна толькі ўсклікнула: «Дай хоць прысесці!» І бяссільна апусцілася ў крэсла…

Пра народнага паэта зямлі беларускай напісаны і яшчэ пішуцца тамы даследаванняў. Хай і гэтыя мае нататкі пра тое, што запомнілася назаўсёды, будуць штрыхамі да партрэта майго вялікага сучасніка.

1968