Перайсці да зместу

Таварышу маёй вёскі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Таварышу маёй вёскі
Верш
Аўтар: Валянцін Таўлай
1938 год
Крыніца: Калосьсе. — 1938. — Кніжка 4 (17). — С. 217

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЎЛЮК СІРАТА

Таварышу маёй вёскі

Можа нашым шляхом ня зыйсьціся, мая дарагая,
іх блакітна-імглістую даль загубілі адзін і другі.
Хай паэт у палоне і ў песьнях сваіх дагарае
і вясьнянае сэрца бароніць ад жудаснай сьліскай тугі.

Мне з вясной разьвітацца і сэрца ня хопіць і нельга, —
я радзіўся з вясны, каб вясьнець да нябыту хвілін.
Помню, помню: мы некалі пышную ружу сустрэлі
і ня ведалі: ружа цьвіла, ці сустрэча і вочы цьвілі.

З тэй сустрэчы цьвітучай сарваў я на памятку радасьць
і да сэрца як бант успамінам на век прышпіліў,
і нясу праз жыцьцё непакорны ні бурам, ні здрадам,
каб і сэрцу цяплей, каб сінелі прыветней палі.

Будзе песьня губіцца ў расьпененых студзеням далях,
да цябе даляціць, — ты хоць раз сірату прытулі.
Цёплай сейбіцкай жменяй мы шчыра жыцьцё раськідалі,
каб вясна расьцьвіла для людзей на пакутнай зямлі.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.