Перайсці да зместу

Сьлёзы Тубі (1930)/Сьлёзы Тубі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сьлёзы Тубі
Апавяданьне
Аўтар: Янка Маўр
1930 год
Нязвычайная прынада
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьлёзы Тубі (Маўр, апавяданьне).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЬЛЕЗЫ ТУБІ

Маленькі Тубі ўвесь свой маленькі век пражыў на беразе мора. Заўсёды перад яго вачыма была бязьмежная прастора — то ціхая, ласкавая, то бурная, злосная. Сонца кожны дзень вылазіла з вады з левага боку, праходзіла над самай галавой і хавалася ў ваду з правага боку.

І ўсё сваё жыцьцё тут Тубі чуў, як хвалі набягалі на нізкі пясчаны бераг і сьпявалі сваю песьню. З ёю ён уставаў, з ёю ён клаўся спаць, яе ён чуў, калі прачынаўся ўначы, не заціхала яна і ў пякучы поўдзень, калі ўсё жывое хавалася ў цень і ня рыпалася. Ён і ўявіць сабе ня мог — бы, што дзе-небудзь можа быць такое месца, дзе ня чуць гэтай песьні. Часамі, калі ўздымалася бура, гэта песьня пераходзіла ў лямант, але маленькаму Тубі зусім ня страшным быў гэты лямант, як ня страшна было вунь тэй чайцы, якая толькі і жыве морам.

А ззаду, за сьпіной, за халупамі, пачынаўся лес, а што было за ім — Тубі ня ведаў. Чуў ён часам, як казалі пра нейкія землі, гарады, розныя дзіўныя краіны, але ўявіць сабе гэтага ня мог. Ну, адкуль-жа можа ўзяцца нешта другое, апрача яго берагу і мора?

Праўда, ён часта бегаў туды, каб сьцягнуць какосавы арэх, банан і іншыя добрыя рэчы, але больш часу праводзіў у вадзе і адчуваў сябе ў ёй, як рыба.

Яны жылі ўдвох з маткай у нейкай халупцы з гальля. Бацька памёр тры гады таму, калі Тубі было восем год. Ён добра памятаў яго. Чорны, худы, як шкілет, і ўсё харкае крывёю.

Кожны год, у красавіку, наяжджалі сюды людзі з чорнымі бародамі, у белых халатох, на белых чаўнох. Яны мелі шмат лодак, набіралі шмат людзей, у тым ліку быў і бацька Тубі.

Лодкі ад’яжджалі ў мора, станавіліся там у шэраг, і голыя чорныя людзі кідаліся ў мора, нырцавалі пад ваду і праз хвіліну-дзьве вылазілі. Кожны з іх меў ля сябе кошык, і ў гэты кошык яны зьбіралі на дне мора чарапашкі.

Людзі з чорнымі бародамі і ў белых халатох сядзелі на беразе ў шатры. Перад імі стаялі розныя стравы і пітво, яны ў біноклі глядзелі на мора, часам аддавалі нейкія загады.

У поўдзень рабілі перапынак. Лодкі пад’яжджалі да берагу, людзі зносілі ў шатры чарапашкі. Тут іх разьбівалі і чагосьці шукалі ў сярэдзіне. Адных са злосьцю кідалі ў бок, у другіх знаходзілі нейкія бліскучыя, сьветлыя каменчыкі. І тады дзядзькі ў белым пстрыкалі пальцамі, шчэрылі белыя зубы і казалі:

— О, гэта добра!

— А гэта штукенцыя можа даць тысяч дваццаць!

А людзі, што лавілі гэтыя чарапашкі, ляжалі на беразе ледзь жывыя.

І ў шмат каго з рота ішла кроў. Асабліва ў бацькі Тубі.

Тубі падыходзіў да яго, плакаў, падносіў яму вады. Бацька ўсьміхаўся, пробаваў жартаваць з сынам, але гэта неяк не ўдавалася.

Праз гадзіну давалі сыгнал, і людзі зноў адпраўляліся ў мора. Зноў пачыналася тое самае нырцаваньне.

Пад вечар бацька прыходзіў дахаты і, як сноп, валіўся на пасьцель. Маці клапацілася, даглядала яго, карміла, але яму нічога ў горла ня лезла.

І так цягнулася цэлы месяц, кожны дзень, бяз ніякага перапынку.

У астатні дзень бацька прынёс маці некалькі грошай. Выгляд яго быў ужо зусім дрэнны.

Матка засумавала.

А назаўтра бацька памёр.

Яшчэ памятае Тубі, як бацька аднаго разу ўзяў яго з сабой, і раніцою да сьвету яны адны выехалі ў мора. Там бацька пакінуў Тубі ў лодцы, а сам нырнуў у мора.

Але на беразе падняліся крыкі, шум; да іх выехалі дзьве лодкі, бацьку схапілі, білі, пацягнулі кудысь. Ён вярнуўся толькі праз тры дні. І доўга пасьля гэтага бацька і матка былі сумныя і хмурыя.

Тубі зразумеў толькі, што бацьку білі за тое, што ён нырнуў сам адзін у чужое мора, што гэта мора і чарапашкі належаць нейкаму пану.

Доўга пасьля гэтага Тубі баяўся купацца ў чужым моры, але яго ніхто не ганяў, і ён супакоіўся.


∗   ∗

І вось аднаго разу маці сказала Тубі, што яму трэба вучыцца, што яму прыдзецца хадзіць за тры кілёмэтры „ў школу“. А потым маці павяла яго і пакінула ў „настаўніка“.

Гэты настаўнік, відаць, быў вельмі сярдзіты, бо заўсёды трымаў у руцэ бізун.

Вучняў набралася чалавек пятнаццаць,

Пачаліся лекцыі. Настаўнік узяў пяць белых, досыць вялікіх каменчыкаў, даў хлопцам, каб яны добра прыглядзеліся да іх,

Да іх выехалі лодкі…

кінуў каменчыкі ў мора і загадаў пяці хлопчыкам, каб кожны з іх дастаў па каменчыку.

Хлопцы нырнулі, вынырнулі. Чатыры хлопчыкі прынесьлі па каменчыку, а пяты не знайшоў. Тады настаўнік сьцегануў яго бізуном па голай, шчуплай сьпіне… Дайшла чарга да Тубі. Ён плаваў і нырцаваў можа лепш за ўсіх хлопчыкаў, але пры думцы, што яму можа не пашанцаваць, што тады ён таксама атрымае бізуна — пры гэтай думцы ў яго цямнела ўваччу.

Раз-два-тры! Каменьні паляцелі ў ваду, хлопцы за імі. Тубі адразу заўважыў, што тутака зусім ня глыбока і сьветла, і гэта супакоіла яго. Шырока расчыненымі вачыма стаў ён прыглядацца да дна. Зеленаваты колер вады, выгляд дна, мігаценьне сьвету — усё гэта яму было добра знаёма. Бяда толькі, што сустракаліся другія каменчыкі, сярод якіх цяжка было знайсьці той, што патрэбен.

Вось ён заўважыў, кінуўся да яго, але разам з ім кінулася туды нейкае страшыдла. Тубі аж адхіснуўся, але зараз-жа сьцяміў, што гэта яго таварыш, які ўжо працягваў руку да каменчыка.

У галаве Тубі агнём бліснула думка, што калі ён упусьціць, дык атрымае бізуна.

Ён напружыўся, штурхануў таварыша і выхапіў камень у яго з-пад носа.

Вышлі на бераг, падалі настаўніку каменчыкі. Падаў і той хлопчык, але…

— Ня той! — зароў настаўнік. — Ці ты сьляпы, ці што? Ды я цябе навучу добра глядзець.

І па цёмнай сьпіне хлопчыка адбіўся спачатку белы, а потым чорны шрам.

Заліўся хлопчык сьлязьмі, а сьледам за ім і Тубі.

— Чаго-ж ты, дурань, равеш? — зьвярнуўся да яго настаўнік.

Але ня мог Тубі сказаць, што гэты ўдар яго таварыш атрымаў праз яго, Тубі.


∗   ∗

Навука ішла. Шмат тыдняў, месяцаў.

Каменчыкі кідаліся ўсё глыбей і глыбей. Потым яны рабіліся ўсё меншыя. Потым сталі кідаць чарапашкі, якія так цяжка было разглядзець у вадзе.

А разам з цяжкасьцю заданьняў часьцей сыпаліся бізуны.


∗   ∗

Скончылі „першую клясу“, перайшлі ў другую. Трэба было навучыцца як мага болей пратрымацца пад вадой.

Выехалі на лодцы ў мора. Спусьцілі якар, а да яго прывязалі кошык. Трэба было адным духам адвязаць пад вадой кошык і вынесьці напаверх. Вузлы спачатку былі простыя, а потым усё хітрэйшыя і хітрэйшыя.

І бізуны сталі ўсё часьцейшыя і часьцейшыя…

Нырнуў Тубі, пачаў адвязваць кошык. Сьпяшаецца, рукі дрыжаць, а духу ўжо не хапае. Яшчэ трымаецца сэкунду, другую; кошык вось-вось будзе адвязаны, але ўжо ў галаве памуцілася, у вушох зьвініць, ужо вада ў нос набіраецца.

„Не, не магу. Хай лепш б’е“.

І ён кідае ў той момант, калі кошык быў, можна сказаць, ужо адвязаны. Але настаўнік яго ня біў, бо… Тубі зваліўся на дно лодкі ў няпрытомнасьці, і з носа яго, як калісьці ў яго бацькі, паказалася кроў…


∗   ∗

Вучэньне скончылася. Тубі мае дванаццаць год і можа ўжо падзарабляць. Праўда, ня столькі, як дарослыя, але яго больш ахвотна бяруць, бо навуку скончыў ён першым. Ды працуе ён на меншай глыбіні, бліжэй да берагу.

І ня толькі дзеля таго, што ён ня можа там, далей, але яшчэ і таму, што небясьпечна. Дзеля гэтага дарослыя, апрача кошыка, бяруць з сабою яшчэ вялікі нож. А хлопчыкі за іх сьпіною могуць і бяз зброі.

Прычапіў сабе Тубі кошык, узяў у рукі значны камень, каб хутчэй і лягчэй пайсьці на дно, — і нырнуў на 6 сажняў у глыбіню. (Дарослыя апускаюцца нават на 10 сажняў).

Вось ён на дне. Але няроўны пясочак тамака, а скалы чорныя, касматыя, абросшыя сьлізкай расьліннасьцю. Сьвету ўжо меней даходзіць сюды, паміж скал нейкія чорныя ямы, дзе варушыцца нешта скручанае, сьвеціцца нейкае вока.

Вось на адным толькі камені ён заўважыў чарапашкі, борзьдзенька згроб іх, паклаў у кошык і ўжо быў накіраваўся ўверх, як заўважыў, што зрабілася цёмна, нібы нешта зьверху заступіла сьвет.

Зірнуў — кіруецца да яго ўжо сапраўднае страшыдла, рыбіна мэтраў чатыры даўжыні з страшэнным ротам, пастаўленым неяк упоперак пад галавой, з вялікімі мігаючымі вачыма. У расчыненым роце відаць вялізарныя зубы. Гэта і быў той самы страшны вораг, акула, супроць якой і бралі людзі кінджалы.

Кінуўся Тубі ў адзін бок, кінуўся ў другі, паказаўся ўжо над вадой, але… Жудасны крык, хруснулі косьці, а разам і кошык… Тубі загінуў…

Людзі з усіх бакоў сьпяшаліся на падмогу. Акула досыць нязграбная і няспрытная, людзі могуць з ёй справіцца. Не пасьпела яна павярнуцца, як некалькі кінжалаў прыбілі яе.

Затрапяталася зьвяруга, нават аглушыла хвастом аднаго чалавека. Запенілася мора, але белая пена была афарбована крывёю акулы.

Не прайшло ёй дарма гэта злачынства, загінула і яна. Пацягнулі яе да берагу, разрэзалі ёй горла і бруха і там знайшлі беднага Тубі з яго кошыкам.

А ў кошыку некалькі чарапашак.

Лапы гаспадароў адразу-ж пацягнуліся да чарапашак. Разьбілі адну, раздушылі другую, а ў трэцяй знайшлі вялізны пякнюткі пэрль.

Заблішчэлі вочы ў гаспадароў, пстрыкнулі яны пальцамі:

— Во, гэта — рэч! Тысяч 50 будзе.

Стаіць, галосіць матка над кавалкамі свайго сына. Кляне свой лёс, які ўзяў ад яе мужа і сына. Хмура глядзяць голыя людзі на бязьвінную ахвяру, слаўнага, спрытнага маленькага Тубі.

Разьмякчэла нават і сэрца людзей у белых халатох. Ня гледзячы на тое, што Тубі працаваў толькі 7 дзён, яны заплацілі матцы за ўвесь месяц і, апрача гэтага, дадалі яшчэ 100 рупій[1].


∗   ∗

Праз некалькі месяцаў у Лёндоне быў баль у міністра замежных спраў. Запрошаны былі такія паны, што на кожным з іх каштоўнасьцяй было ня менш, як на 100 тысяч. Але-ж і сярод такіх багатыроў агульную ўвагу зьвярнула на сябе жонка „нафтавага караля“, лэдзі Сьміт. Яна ўся зьзяла золатам і дыямэнтамі. Але больш за ўсё гэта вабіў да сябе вялізны дзіўны пэрль. У залатой аправе, тонка адшліфаваны, ён вісеў на грудзёх, бы жывы, Бляды колер, мяккае сьвятло, аксамітны выгляд, — усё гэта вабіла да сябе вочы і ня верылася, што гэта толькі камень.

— Пяцьдзесят тысяч каштуе! — шапталіся зайздросьлівыя паны.

— Нездарма людзі кажуць, што гэта скамянелыя сьлёзы.

Ня ведалі яны, што гэта не скамянелыя сьлёзы, а сьлёзы маленькага, голага, чорнага Тубі з востраву Цэйлёну[2].


  1. Рупія — індыйская манета каля 15 кап.
  2. Пэрлі ствараюцца ў асобных пэрлевых чарапашках і зьяўляюцца ў выніку хваробы, калецтва іх. Калі ў сярэдзіну трапіць якая-небудзь пясчынка, дык сьлімак (молюска) вылучае вадкасьць — сьлізь, якая цьвярдзее, камянее і дае пэрль. Часта людзі наўмысьне засоўваюць туды што-небудзь такое, каб яно там муліла, і праз некаторы час таксама зьяўляецца пэрль.
    Галоўнай часткай матэрыялу, з якога складаецца пэрль, зьяўляецца вапна. Да гэтага парадку таксама належыць пэрлямутр, з якога вырабляюцца ўсім вядомыя гузікі, але гэты матэрыял бярэцца з самай чарапашкі, унутраны бок якой пакрыты танюсенькім пластом гэтага пэрлямутру, а пэрль абкладзены гэтым самым матэрыялам з усіх бакоў.
    Галоўным месцам здабычы пэрляў ва ўсім сьвеце лічыцца Цэйлён (ля Індыі), а потым Пэрсідзкая затока і Чырвонае мора (між Аравіяй і Афрыкай).
    Цікава адзначыць, што падобныя пэрлі знаходзяцца і ў СССР на некаторых паўночных рэчках, і ў некаторых выпадках дасягаюць каштоўнасьці 100 руб. за штуку.