Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету
Падручнік
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1926

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I. Гісторыя царквы ад стварэньня сьвету да патопу[правіць]

І.

Гісторыя царквы ад стварэньня сьвету да патопу (5508-3246 г.г. да Хр. Нарадж.).

§ 1. Тварэньне сьвету.

Заўсёды вечна істнаваў толькі адзін Бог. Для зямлі, на якой мы жывём, была некалі пара, што не істнавала нічога з таго, што мы бачым цяпер на ёй: ні расьлінаў, ні кветак, ні дрэваў, ні птушак, ні жывёлаў, ні чалавека, ― ня было калісь і самой зямлі, таксама сонца, месяца, зорак і г. д.

Зьявілася ўсё гэта ў некім часе, зьявілася з нічога, ад Бога, па адзінаму Яго ўсемагутнаму слову, зьявілася тады, калі Бог, дзякуючы Сваёй нязьмернай міласьці, замацеў даць усяму істнаваньне, каб усё, жывучы, цешылася багаслаўляла Бога. Само нішто не зьявілася ні на небе, ні на зямлі. Бог ёсьць адзін Стварыцель і Прамысьліцель сьвету, і без Яго нічога не магло стацца.

Аб тым, як усё зьявілася на небе і зямлі, чалавек сам ня ведаў-бы, калі-б Бог цераз сьвятых прарокаў не адкрыў тайны паходжаньня сьвету.

Як-жа зьявіўся сьвет і ўсё, што ёсьць у ім?

Спачатку Бог стварыў сьвет духоўны або ангелаў. Ангелы ― гэта бесьцялесныя духі, абдараныя розумам і воляй. Адны з іх, заўсёды падпарадкуючыся Богу і з любоўю служачы Яму, дасяглі высокае сьвятасьці. Яны ― нашыя добрыя храніцелі і заступнікі. Другія з ангелаў адмовіліся, праз сваю гордасьць, служыць Богу і адпалі ад Яго. Гэта ― злыя духі. Яны заўсёды стараюцца зацягнуць чалавека ў грэх, зрабіць яму якое-небудзь зло. Галоўны з іх называецца шатанам або дзьяблам.

Стварыўшы сьвет духоўны, Бог пачаў тварыць сьвет відзімы, матар'яльны. Ён створаны Богам не адразу ўвесь, а ў некалькі пэўных пэрыядаў часу, якія называюцца ў Бібліі днямі[1]. Думаюць, што гэта ня былі тыя дні (з 24 гадзінаў), якімі мы звычайна вымерваем час. Можа яны цягнуліся кожны тысячы і болей гадоў, як кажуць некаторыя вучоныя людзі.

Сьвет матар'яльны створаны Богам з нічога, адным Яго словам.

Сьпярша Бог стварыў матэрыю, з якой пасьля ў працягу шасьцёх дзён быў створаны сьвет. Гэтая матэрыя была як-бы нейкае бяздоньне ці хаос - бясформенны, бязладны, пакрыты цемраю. Толькі Дух Божы насіўся над гэтым хаосам. Але вось пачалося ўласна тварэньне сьвету.

І сказаў Бог: хай будзе сьвятло, і зрабілася сьвятло, назваў Бог сьвятло днём, а цемру ― ноччу. І быў вечар, была раніца, дзень першы. Гэта ня былі цяперашнія дзень і ноч, бо створанае сьвятло ня было сьвятлом сонца. Гэта было іншае сьвятло, сьвятло ўсяго сусьвету, якое выклікала у першабытнай матэрыі асаблівы рух або энэргію, у процілежнасьць цемры пачатку мёртваму, няжывому. Хаос і рух, цёмра і сьвятло ― вось тое, што названа днём і ноччу.

І сказаў Бог: хай будзе цьвердзь сярод вады і хай аддзеліць яна воду ад вады. У першабытнай матэрыі пачаўся рух яшчэ ў першы дзень. Адны слаі вадзяное пары асядалі, пачалі згушчацца, абарачваліся ў ваду, - другія ўлётваліся, выпараліся. Утварылася нязьлічаная грамада целаў нябесных, якія адарваліся адно ад аднаго. Гэта ― пакуль яшчэ нясклаўшыяся будучыя зоркі, сонца, месяц, зямля і іншыя плянэты. Між імі адкрыліся неабсяжныя прасторы прыгожага блакітнага неба. Падпарадкуючыся кожнае пэўным законам руху і прыцяганьня, яны моцна і цьвёрда трымаліся у гэтых нябесных прасторах. Гэта ўсё зьявілася ў другі дзень тварэньня.

І сказаў Бог: хай зьбярэцца вада, якая пад небам, у вадно месца, хай зьявіцца суша, і зрабілася так. І назваў Бог сушу зямлёю, а сабраньне вады назваў морам. Па творчаму слову Божаму, на зямлі йшло далей паступовае згушчваньне і астуджваньне матэрыі, якая пасьля стала ў адных мясцох падымацца, у другіх асядаць; месцы высокія рабіліся сушаю, а нізкія напаўняліся вадою: - утварыліся акіяны, моры, вазёры, рэкі і г. д. На сушы, пакуль што, ня было ніякага жыцьця. Толькі голыя, мёртвыя скалы пахмура глядзелі на сабраньні вады. Але Бог сказаў: хай прарасьціць зямля зеляніну, траву якая сее насеньне, і дрэва пладавітае — усё па роду свайму. І зрабілася так. На сушы зьявіліся ўсялякія расьліны, травы, кветкі, дрэвы, якія да нашых дзён, па уложанаму у іх закону Божаму, родзяць кожнае падобную да сябе, а ня іншую якую траву, кветку, дрэва і г. д. Гэта ўсё было у трэці дзень.

І сказаў Бог: хай будуць сьвяцілы на цьвердзі нябеснай, для аддзяленьня дня ад ночы і для азнакі і часу, і каб асьвятлялі зямлю. І стала так. Па слову стварыцеля, аканчальна ўтварыліся сонца і зоркі. Гэта было далейшым працягам таго працэсу ці руху, які пачаўся ў матэрыі на другі дзень тварэньня. Сонца запалілася сваім магутным жыцьцятворным сьветам і асьвяціла плянэты, якія абкружаюць яго; неба ўсё зазьзяла мірыядамі зорак і дзіўны бляск іх выклікаў захопленьне навет ангелаў нябесных, якія карагодам услаўлялі Стварыцеля. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І быў вечар і была раніца: дзень 4-ты.

І стварыў Бог рыб вялікіх і ўсялякіх паўзуноў, якіх распладзіла вада па роду іх, і ўсялякую птушку пярнатую па роду яе. І багаславіў іх Бэг і сказаў: пладзецеся і размнажайцеся і напаўняйце ваду ў морах, і птушкі хай множацца на зямлі. Быў гэта пяты дзень тварэньня сьвету. Бог напоўніў жыцьцём ваду і паветра: рыбы і птушкі ― першыя жывыя істоты на зямлі. Багаславіўшы іх, Бог даў ім закон пладзіцца і размнажацца кожнай па роду яе, каб кожная пара ці то рыб, ці то птушак радзіла толькі да сябе падобных.

І стварыў Бог у дзень шосты зьверы зямныя па роду іх, і быдлё па роду яго, і ўсе гады зямныя па роду іх. Усе гэтыя жывыя істоты створаны з зямлі, ў якую йзноў абарачваюцца, калі паміраюць. Трэба багавейліва прыхіліцца да тайны стварэньня жывёльнага, як і расьліннага царства: якое дзіўнае багацьце і разнаякасьць формаў і колёраў, звычаяў і інстынктаў, якое хараство наглядаем мы ў тым і другім царстве, ад найпрасьцейшых арганізмаў да самых складаных. Сьвет жывых істотаў прадстаўляе як-бы стройнае дрэва, якому бракуе толькі кветкі, каб завяршыць і аздобіць яго крону. Ня было толькі чалавека ― цара прыроды. Але зьявіўся і ён, у той-жа самы шосты дзень тварэньня: і стварыў Бог чалавека па абразу Свайму, мужчыну і жанчыну стварыў іх.

Так скончылася гісторыя тварэньня сьвету. І аглядзеў Бог усё, што Ен стварыў і вось дужа добра.

І скончыў Бог да сёмага дня ўсе справы свае, і адпачыў у дзень сёмы ад усіх справаў сваіх. І багаславіў Бог сёмы дзень і асьвяціў яго. Адсюль паходзіць субота, як дзень адпачынку, як сьвята на памяць аб стварэньні сьвету.

Стварыўшы сьвет, Бог не пакінуў яго без свае апекі. Ён кіруе сьветам і прамышляе аб ім, каб захоўвалася жыцьцё і сілы усяе прыроды, усіх стварэньняў, ― дзеля гэтага мы і называем Бога Прамысьліцелем.

§2. Стварэньне першых людзей, шчасьлівае жыцьцё іх у раі.

Перад тым, як стварыць чалавека, Бог трымае раду у Сьвятой Тройцы, каб гэтым паказаць высокае прызначэньне чалавека: створым чалавека па абразу і па падобію Нашаму. І стварыў Бог чалавека з зямлі і дыхнуў у твар яго дыханьне жыцьця і стаўся чалавек душою жывою. І дау Бог імя чалавеку Адам (зямны). Стварэньне з зямлі павінна напамінаць чалавеку яго тленнасьць, залежнасьць яго істнаваньня ад Бога. Беспасярэдняе удуваньне Стварыцелем несьмяротнай, разумнай і свабоднай душы (абраз Божы) павінна нязьмерна ўзвышаць чалавека над жывёлай. Падобіе чалавека да Бога зьмяшчаецца ў дадзенай Богам здольнасьці бесканечнага моральнага дасканаленьня. Бог стварыў чалавека дзеля таго, каб ён пазнаваў Бога, любіў Яго, спаўняў Яго сьвяты закон, праслаўляў Яго і цераз тое вечна быў шчасьлівы.

І сказау Бог: нядобра чалавеву быць аднаму. Створым яму памочніцу ― жанчыну; і стварыў Бог жану для Адама. Яна створана з рабра Адама, якое Бог выняў у яго, калі навёў на яго сон. Стварэньне з рабра Адамавага паказвае, што ўвесь род чалавечы павінен быць адзіным целам, каб дзеля гэтага ўсе людзі былі склонны любіць, берагчы і памагаць адзін аднаму.

І прывёў Бог жану да Адама і багаславіў іх і сказаў: пладзецеся, размнажайцеся, напаўняйце зямлю, валадайце ёю і пануйце над усёю жывёлаю. Гэтым загадам стварыцеля чалавек пастаўлены на чале ўсяе прыроды, якая павінна яму служыць. Але з другога боку і чалавек павінен берагчы прыроду і разумна карыстацца яе сродкамі, сіламі і багацьцем.

Як цар прыроды і вянок тварэньня, чалавек уведзены быў Богам у асобны насаджаны для яго наўмысна дужа прыгожы сад або рай ў Эдэме, на ўсходзе. Жыцьцё Адама і яго жаны ў раі было самае шчасьлівае. Ім ня трэба было працаваць, каб пракарміцца. Іх акружаў збытак багацейшых дароў райскай прыроды. Яны ня ведалі хваробы і не баяліся сьмерці: Бог вырасьціў для іх у раі асаблівае дрэва, т. зв. дрэва жыцьця, плады з якога баранілі іх ад хваробы і сьмерці. Але жыцьцё Адама з жаною ў раі ня было жыцьцём дармаедаў: яны павінны былі берагчы і вырабляць рай. Мелі яны ад Бога яшчэ і асобнае даручэньне ― даць кожнай жывёле імя, паводле яе прыроднага свойства. Але вярхом шчасьця першых людзей было тое, што Бог часта зьяўляўся да іх "у прахалодзе дня" (пад вечар) і гаварыў з імі, адкрываючы ім вялікія тайны для асьветы іх розуму і сэрца. Гэтая беспасярэдняя лучнасьць чалавека з Богам была першай і дасканальнай рэлігіяй.

§ 3. Грэхападзеньне першых людзей і яго вынікі. Абяцаньне Збавіцеля. Устанаўленьне ахвярапрынашэньняў.

З рук стварыцеля першыя людзі вышлі сьвятымі, без граха. Ня было ў іх ні варожасьці, ні няпраўды, і яны, як нявінныя дзеці, ня ведалі сораму.

Але, каб людзі не завялічаліся ад свае блізасьці да Бога, каб узгадаваць іх волю, Бог даў ім прыказаньне, а іменна: забараніў есьці плады з аднаго дрэва ў раі, якое называлася дрэвам пазнаньня дабра і зла, ― і сказаў, што калі зьядуць іх, то сьмерцю памруць. Даўшы чалавеку поўную свабоду, стварыцель гэтым прыказаньнем хацеў паказаць яму, што, як істога абмяжованая, ён павінен жыць паводлуг закону і што за нарушэньне закону будзе страшная кара. Шчасьлівы стан першых людзей у раі выклікаў зайздрасьць дзьябла, і вось ён стараецца разбурыць шчасьце людзей і пасеяць між імі варожасьць і грэх. Прыняўшы выгляд зьмяі, якая была хітрэйшаю за усіх зьвяроў палявых, дзьябал падсунуўся да жаны, як слабейшай за мужа, і хітра пытае: "Ці праўда, што Бог забараніў вам есьці ад усіх райскіх дрэваў"? Жана адказала, што Бог забараніў есьці толькі ад аднаго дрэва, якое знаходзіцца пасярод раю ― дрэва пазнаньня дабра і зла, забараніў, каб ня ўмёрці. Зьмяя-спакусьніца хоча выклікаць недаверу да Бога і кажа: "не, не памрэце, але Бог ведае, што ў дзень, калі вы зьясьцё пладоў з гэтага дрэва, адкрыюцца вочы вашыя і вы будзеце як багі, якія ведаюць дабро і зло". Пасьля гэных слоў дзьябла плады забароненага дрэва паказаліся жане асабліва прыгожымі і захацелася ёй пазнаць дабро і зло, і зрабіцца яшчэ вышэй і шчасьлівей, чым дау ім Бог, параўняцца з самым Богам. Яна сарвала плод з дрэва і зьела, пасьля дала Адаму, і ён таксама еў.

Усё зьмяшалася ў душы першых людзей пасьля таго, як яны саграшылі. Сумленьне пачало мучыць іх. Ім зрабілася надта сорамна і страшна. Яны сьпяшаюцца прыкрыць чым-колечы нагасьць сваю, якой раней не заўважалі; дзеля гэтага пашылі сабе паясы з лісьцьця смакоўніцы. Перапалоханыя бягуць яны ў гушчар дрэваў і хочуць схавацца. У часе прахалоды дня" пачуўся голас Бога, які хадзіў у раі: „Адам, дзе ты"? ― пытае Бог, як-бы чакаючы, каб людзі самі прызналіся да свайго праступку. Адам адказвае: "я пачуў голас Твой і спалохаўся, бо я голы, і схаваўся", Бог кажа: "Хто-ж табе сказаў, што ты голы? Ці ня еў ты пладоў з дрэва, з якога Я забараніў табе есьці"? І зноў, замест таго, каб адразу прызнацца да свайго праступку (да таго ужо грэх памуціў душу!), Адам пачаў перакладаць сваю віну на жонку, а разам з тым і на самога Бога, які дау яму яе: "жонка, якую ты мне даў, ― кажа, ― яна дала мне плады ад забароненага дрэва і я еў". Тады Бог зьвярнуўся да жаны: "што ты гэта зрабіла?"? Яна, як і яе муж, адказвае: "зьмяя спакусіла мяне і я ела". Жонка казала праўду, але ў тым, што абое яны думалі апраўдаць сябе, зьмяшчалася мана. Пасьля гэтага Бог выказаў заслужаную кару. Перш-на-перш Бог пракляў зьмяю, якая была асуджана поўзаць па зямлі і карміцца пылам, выклікаючы сваім відам адзін жах і агіду. Потым Бог пракляў дзьябла, сказаўшы: "варожасьць палажу між табою і жаною, між тваім і яе семем. Семя жаны будзе паражаць цябе ў галаву, а ты будзеш джыгаць яго ў пяту". Сэнс гэтага пракляцьця ў тым, што людзі заўсёды будуць бароцца з дзьяблам; прыдзе некалі час, што яны перамогуць яго: ад жанчыны родзіцца такі Патомак, Які, джыгнуты зьмяёю у пяту, раздавіць ёй галаву, г. е. прымець ад яе мукі і гэтымі мукамі зьнішчыць уладу яе над людзьмі. Нарэшце, суд Божы пакараў самых людзей, якія саграшылі. Жанчыне Бог сказаў: "у хворасьці будзеш раджаць дзяцей, і муж будзе панаваць над табою". Адаму сказаў: "праклята зямля за цябе; з тугою будзеш карміцца ад яе ўва ўсе дні жыцьця твайго; церні і пырнік яна прарасьціць табе; з потам твару твайго будзеш есьці хлеб твой, пакуль ня вернешся ў зямлю, з якой ты ўзяты: бо зямля ты і ў зямлю абернешся". Грэх Адамаў з усімі яго вынікамі насьледна перайшоў на ўсё яго патомства, бо ад грэшных людзей маглі радзіцца толькі грэшныя дзеці. Гэты грэх у гісторыі ўпадку і збавеньня людзей называецца першародным.

Страшная была кара Божая за невыпаўненьне Яго прыказаньня, але, караючы першых людзей, Бог, па свайму бесканечнаму міласэрдзю, не пазбавіў іх надзеі на зварот згубленага раю ці парства Божага. Абяцаньне аб Патомку ― (семя жаны) ― Які пераможа сьмерць і памірыць з Богам, было тым сьветлым праменем, які ў будучыні жывіў і саграваў пахмурае жыцьцё першых людзей і служыў ува ўсёй стара-заветнай гісторыі да самага прыходу Збавіцеля адзіным пабуджэньнем і апраўданьнем жыцьця.

Гэта было першае абяцаньне аб Збавіцелю. Людзі з вераю прынялі гэтае абяцаньне, у знак чаго Адам назваў сваю жану Эваю, што значыць "жыцьцё“. А каб людзі не запомнілі гэтага абяцаньня Божага, міласэрны Бог загадаў заколваць у ахвяру цяляты, ягняты і казьляняты (чыстыя жывёлы) і паліць іх з малітваю аб дараваньні грахоў і з вераю ў будучага Збавіцеля. Кожная ахвяра была праобразам Збавіцеля. У раі Адам і Эва прынясьлі Богу першую ахвяру за свой грэх.

Тое, што першыя людзі згубілі райскае шчасьце, рабіла далейшае жыцьцё іх у раі немагчымым, і Бог выгнаў іх з раю, пры чым наўперад пашыў ім адзежу з скуры забітых для ахвярапрынашэньняў жывёлаў. Па загаду Божаму, хэрувім з агнявым мечам стаў пры ўваходзе ў рай, каб не дапусьціць людзей да дрэва жыцьця, якога яны цяпер, пасьля грэхападзеньня, зрабіліся нявартымі. І пачалося для першых людзей і ўсяго іх патомства новае жыцьцё, поўнае цяжкай працы, нядолі, пакуты, гора, палягчаемае толькі абяцаньнем будучага Збавіцеля.

§ 4. Жыцьцё першых людзей па-за раем. Дзеці Адама і Эвы. Забойства Авэля.

З сорамам і страхам вышлі Адам і Зва з раю. Край, у якім яны асяліліся, быў дзікай пустыняй. Цяжкаю працаю, з потам твару, яны павінны былі даставаць для сябе яду. Шмат жывёлаў, якія раней слухаліся, цяпер пачалі шкодзіць ім. Але самым цяжкім быў моральны стан іх, і толькі надзея на абяцанага Збавіцеля падтрымлівала іх і не давала зусім упасьці духам.

Пасьля выгнаньня з раю, у Адама і Эвы пачалі раджацца дзеці. Першы радзіўся Каін. Імя гэтае значыць "набытак". Эва, даючы сыну такое імя, думала, што гэта і ёсьць абяцаны Збавіцель. Але, мусіць, Каін хутка стаў выяўляць дрэнны нахіл свайго сэрца, бо калі радзіўся другі сын, засмучаныя бацькі сьпяшаюцца даць яму імя Авэль, што значыць "плач".

Сталі ўзрастаць дзеці Адама і Эвы і пачалі працаваць. Авэль пасьвіў статак, Каін абрабляў поле. Заняткі гэтыя разьдзялілі іх. Паміж братамі пашла варожасьць і спрэчкі. Адноўчы браты прыносілі ахвяры Богу: Каін плады зямлі, Аваль ― ягня ад статку свайго. Авэль прыносіў ахвяру ад шчырага сэрца з малітваю, з вераю ў абяцанага Збавіцеля, а Каін, ня маючы веры, ― дзеля чаго Бог ахвяру Авэля прыняў, а ахвяру Каіна адкінуў. З таго часу Каін яшчэ больш зьненавідзеў брата свайго і надумаў яго забіць. Ведаючы гэта, Бог засьцярог яго: "глядзі, ― кажа Бог, ― грэх цягне цябе, але ты пануй над ім". Але Каін не перамог сябе: паклікаўшы свайго імавернага брата у поле, ён там забіў яго. Страшнае злачынства, якое ў першы раз занясло ў парадак прыроды руйнаваньне і сьмерць, не магло застацца бяз кары. ,Дзе Авэль, брат твой"? ― пытае Бог у Каіна. Гэты гарэзна адказвае: "ці я стораж брату майму"? Тады Бог кажа: "Што ты нарабіў? Голас крыві брата твайго галосіць да мяне ад зямлі. І вось пракляты ты ад зямлі, якая адкрыла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі твае. Калі ты будзеш абрабляць зямлю, яна ня стане больш даваць сілы свае для цябе: ты будзеш выгнанцам і бадзякай на зямлі". Але Каін не раскаяўся ў сваім страшным злачынстве. Маладушнасьць і роспач напоўніла ягоную душу. Ён баіцца, што могуць яму памсьціцца за забойства брата. Але Бог сказаў: „усякаму, хто заб'ець Каіна, ад'імсьціцца ў сем разоў". Гэтым Бог паказвае нам, што чалавек ня мае права імсьціцца за сябе і што права адплаты належыць аднаму Богу. І палажыў Бог азнаку на Каіна, каб ніхто не забіў яго. І да сягоньняшняга дня не забыта між людзьмі страшнае імя Каіна, і да сягоньняшняга дня яго імем клейміцца усялякае, што перавышае чалавечы розум, злачынства і забойства. З гэтага часу пачалося для Каіна страшнае жыцьцё: як выгнанец і адкінуты Богам і людзьмі, разьдзіраны сумленьнем, ён пачынае бадзяцца па зямлі, нідзе не знаходзячы сабе спакою.

Каін ня мог болей заставацца на месцы, дзе Бог зьяўляўся людзям. Ён пашоў са сваёю жонкаю на ўсход і там пабудаваў першы на зямлі горад, які назваў Энохам ― імем свайго старшага сына.

Злы ўчынак Каіна надта засмуціў Адама і Эву. Тады Бог паслаў ім трэцяга сына Сіфа.

Ад сям'і Адама і Эвы, ў якой ― разумеецца — былі і дочкі, пашырыўся ўвесь род чалавечы.

§ 5. Патомкі Hаіна і Сіфа. Зьмяшэньне плямёнаў.

Пакаленьне Каіна начало хутка размнажацца. Яно пашло шляхам роданачальніка: нявера і ўсялякага роду злачынства (выхваляньне забойства, многажонства) надта пашыралася сярод патомкаў Каіна, дзеля чаго яны і адтрымалі назоў "сыноў чалавечых". Некаторыя з іх мелі ад прыроды вялікія здольнасьці і уславіліся вынаходкамі. Так Іавал вынайшоў шатры і ў іх пачаў вандроўнае жыцьцё, пераносячы шатры і пераганяючы статкі з аднаго месца на другое. Брат яго Іувал вынайшоў гусьлі (арфа) і жалейку. З імем Іувала зьвязваецца вынаходка мэталёвых прыладаў з медзі і жалеза, для карыстаньня ў гаспадарцы і для абароны ад дзікіх зьвяроў. Сястры Іувала Ноэме прыпісваецца вынаходка жаноцкага рукамяства і ўбораў.

Праўдзівым прадстаўніком чалавечага роду і храніцелем Боскага адкравеньня (тое, што Бог раней адкрыў аб збавеньні людзей) было патомства Сіфа, якое адтрымала за такі напрамак свайго жыцьця назоў „сыноў Божых". Адным з такіх "сыноў Божых", які заўсёды, ― як кажа Біблія ― "хадзіў перад Богам", быў праведны Энох; за сваё пабожнае жыцьцё ён быў узяты жывым на неба. Патомкі Сіфа жылі між сабою ў згодзе і памагалі адзін аднаму. Усё жыцьцё іх праходзіла пад уплывам і кіраўніцтвам старэйшых у родзе, якія называліся патрыархамі. Патрыархі ведамы былі ўсім сваёю справядлівасьцю і мудрасьцю. Яны разьвязвалі сямейныя спрэчкі, каралі вінавайцаў, падтрымлівалі пэўны просты, блізкі да прыроды ўклад жыцьця. Кожны патрыарх быў галавою роду, ме над сваімі дзяцьмі і іх патомкамі нічым не абмяжованую ўладу, якая пасьля належала царом; ён у той-жа самы час быў сьвяшчэньнікам, бо прыносіў ахвяры Богу, ― прарокам, як храніцелем праўдзівай веры і вястуном будучай долі народу. Каб патрыархі маглі перадаць як найбольшаму ліку людзей Божае Адкравеньне і каб лепей захоўвалася Яно паміж імі, пакіроўваючы да праўдзівага богапазнаньня, Бог надзяліў патрыархаў доўгалецьцем. Так Адам жыў 930 гадоў, Сіф ― 912 гадоў, сын Сіфа Энос ― 905 г., Мафусаіл ― 969 г.[2]. Патомкі Каіна і Сіфа жылі спачатку асобна, далёка адны ад адных. Калі-ж людзі размножыліся, то і плямёны раней аддаленыя, пачалі жыць бліжэй адно да аднаго і ўваходзіць. паміж сабою ў зносіны. Так памалу патомкі Сіфа зьмяшаліся з патомкамі Каіна і заразіліся ад іх няверай. З працягам часу, асабліва дзякуючы шлюбным саюзам, нявера і распуста усё больш і больш распаўсюджваліся ў патомстве Сіфа. Ад злачыннага супольнічаньня патомкаў Сіфа з патомкамі Каіна вышла пакаленьне волатаў на зямлі, якія ўнясьлі ў грамадзянства гвалт, уціск, бяспраўе і агульную няверу. Дайшло да таго, што ўся зямля напоўнілася страшнай распустай і злачынствамі. Бачачы такі стан жыцьця, Бог „раскаяўся", што стварыў чалавека на зямлі. І пастанавіў Бог зьнішчыць увесь род чалавечы, каб выклікаць да жыцьця новае пакаленьне людзей, якія шанавалі-б Бога і памяталі аб Ім. Цераз праведнага Эноха, якія прадбачыў страшны суд Божы, клікаў Бог людзей да паправы, але яны ня слухалі гэтага засьцерагальнага голасу. І вось Бог паслаў на людзей патоп, з якога па міласьці Божай выратаваўся для далейшага размнажэньня роду чалавечага адзін толькі праведны патрыарх Ной са сваею сям'ёю.

II. Гісторыя царквы ад патопу да Майсея[правіць]

ІІ.

Гісторыя царквы ад патопу да Майсея (3246―1516 да Хр. Нарадж.).

§ 6. Сусьветны патоп (3246 г. да Х. Н.).

Міласьцівы Бог не адразу выканаў Свой прыгавар аб накараньні лыдзей патопам. Ен дау ім для каяньня 120 гадоў, як гэта было абвешчана Ноем. Але закаранелыя граху людзі не зьвярнулі ўвагі на гэтую засьцярогу. Тады Бог загадаў Ною будагаць каўчэг, ці вялікі карабель, у якім магла-б зьмясьціца сям'я Ноева і ўсе зямныя істоты, у пэўным ліку параў. Ной збудаваў карабель у тры паверхі, даўжынёю 300 локцяў (65 сажняў), шырынёю 50 локцяў (10 сажняў) і вышынёю 30 локцяў (6 сажняў). За сем дзён да пачатку патопу Ной, па загаду Божаму, пачаў уводзіць. у каўчэг жывёлаў і птушак ― чыстых (якія прыносіліся ў ахвяру) па 7 пар, нячыстых па дзьве пары, ― і зрабіў запас патрэбнай для усіх на адзін год стравы; нарэшце, увай поў- у каўчэг сам з жонкаю і тры яго сыны: Сім, Хам і Іафэт, таксама кожны з сваёю жонкаю. Пасьля гэтага пачаўся нязвычайна вялікі дождж, які ліў бязупынна 40 дзён і ночаў. Адкрыліся і падземныя крыніцы. Каўчэг быў падняты вадой і насіўся на ёй, як на моры. Вада ўсё прыбывала й прыбывала; яна пакрыла самыя высокія горы і патапіла усё жывое на зямлі, апрача тых, якія былі ў каўчээе. Патоп гэты, які пакрыў усю зямлю ці увесь сьвет, называецца сусьветным патопам. Цераз 5 месяцаў ад пачатку патопу дзьмухнуў вялікі вецер, які разагнаў дажджавыя хмары, і вада пачала спадаць. Каўчэг спыніўся на горах Арарацкіх (у Армэніі). Месяца пераз паўтара паказаліся вярхі гораў. Пасьля 40 дзён Ной адчыніў вакно і выпусьціў крумкача: крумкач адлятаў і зноў прылятаў у каўчэг. Тады Ной выпусьціў голуба; не знайшоўшы для сябе ніякай пажывы ці выгаднага месца, голуб прыляцеў назад. Цераз сем дзён Ной зноў выпусьціў голуба: голуб прыляцеў, трымаючы ў дзюбе ліст масьлічнага дзерава. Масьліна (дзерава з якога вырабляецца дзеравяннае масла ці алей) была ад знакай міласьці або замірэньня. Ной з радасьцю пусьціў голуба, вястуна міласьці Божай. Цераз сем дзён Ной ізноў выпусьціў голуба, але ён ужо не вярнуўся. Прабыўшы пасьля таго яшчэ два месяцы ў каўчээе, пакуль зямля зусім не абсохла і не пакрылася расьлінамі, Ной, па загаду Божаму, выйшаў, нарэшце, з каўчэгу. Былі выпушчаны ім і ўсе жывёлы і птушкі. Гэта было роўна цераз год ад пачатку патопу.

§ 7. Ахвярапрынашэньне Ноя. Непаважаньне Хамам бацькі. Прароцтва Ноя аб долі сыноў яго.

Выйшаўшы з каўчэгу, Ной пасьпяшыў прынясьці ахвяру Богу. Гэта была ня толькі ахвяра ўдзячнасьці за збавеньне, але і выказ веры ў абяцанага Збавіцеля сьвету. Бог прыняў ахвяру праведніка і ўвайшоў у завет (г. е. дагавор, умову) з людзьмі. Ен багаславіў Ноя і сыноў яго на размнажэньне, аддаў ім у валаданьне усю зямлю, дазволіў ужываць у яду і жывёлаў, забараніўшы толькі есьці кроў іх, і назначыў кару сьмерці таму, хто адважыцца забіць чалавека. Апрача таго Бог абяцаў людзям, што болей ня будзе ўсясьветнага патопу, і ў ад знаку спаўненьня гэтага абяцаньня паказаў на радугу, якая зьявілася ў гэты час на небе. З гэтага часу радуга зрабілася азнакай замірэньня між небам і зямлёй, якое замірэньне пасьля было прынесена на зямлю Богачалавекам.

Зло паміж людзьмі ня спынялася пасьля патопу. Яно зьвіло сабе гняздо у сям'і самога Ноя. Адноўчы Ной, ня ведаючы, што з вінаграднага соку ўтвараецца віно, ад якога можна ўпіцца, выпіў шмат гэтага соку для заспакаеньня смагі. Упіўшыся ён ляжаў аголены ў сваім шатры. Хам, бачачы нагасьць бацькі, пачаў сьмяяцца з яго і прывёў да шатра братоў, каб паказаць, у якім відзе сьпіць іх бацька. Браты Сім і Іафэт пасьпяшылі прыкрыць ляжаўшага бацьку, пры чым зрабілі гэта так, што нават не паглядзелі на яго нагасьць. Прачнуўшыся, Ной даведаўся аб благім учынку Хама і свае пачуцьці выказаў у словах, якія зьявіліся прароцкімі для долі патомкаў яго сыноў. Іменна Хам у постаці свайго сына Ханаана быў пракляты за непаважаньне бацькі: патомкі Хама будуць рабамі ў патомкаў Сіма і Іафэта. Сіму Ной прадказаў, што ў яго патомстве захаваецца праў. дзівая вера і зьявіцца Гасподзь Бог, а Іафэту прадказаў, што яго патомства найболей пашырыцца на зямлі і прыме з працягам часу праўдзівую веру ад патомкаў Сіма[3].

Ной пасьля патопу жыў яшчэ 350 гадоў і памёр, маючы 950 гадоў ад роду; ён быў апошнім прадстаўніком дапатопнай доўгавечнасьці.

§ 8. Аб тым, як будавалася ў Вавілоне вежа да нябёс; расьсяленьне народаў (2716 г. да Хр. Нар.).

Патомкі Ноя доўгі час жылі ўсе разам-спачатку каля гары Арарат, пазьней у зямлі Сэнаар (Мэсапатамія). Яны складалі адзін народ і гаварылі аднэю моваю. З працягам часу ім усім стала цесна жыць. Відаць было, што прыдзецца расьсяліцца ў розныя стораны, тым балей ― між асобнымі плямёнамі надта павялічыліся сваркі, нязгода, злачынства. Тады патомкі Хама, якім паводле прароцтва Ноя, пагражала рабства, надумалі перашкодзіць расьсяленьню людзей і забясьпечыць для сябе палажэньне паноў і ўладароў над другімі народамі, замест долі рабоў. З гэтаю мэтаю яны пастанавілі ў заснаваным імі горадзе (усясьветнай сталіцы Вавілоне) пабудаваць вежу "вышынёю да нябёс", каб не раскінуцца па ўсёй зямлі. Гэта быў шалёны замер: людзі маглі зусім забыць Бога і пасьць у надмерную гордасьць і саманадзейнасць. Дзеля гэтага Бог разбурыў ліхое дзела. Ен зьмяшаў мову будаўнікоў так, што яны перасталі разумець адзін аднаго. Тады яны кінулі будову й разыйшліся па розных краінах. Патомкі Іафэта рушыліся на паўноч ад Вавілону і засялілі Эўропу, дзе з працягам часу сталі ведамы пад імем кімвраў, грэкаў, скіфаў і інш. Патомкі Хама занялі Афрыку (Эгіпэт, Эфіопію) і частку Азіі (Палестыну); патомкі Сіма засталіся ў Азіі (яўрэі, арабы).

Разыйшоўшыся па розных краінах, плямёны людзей пачалі забываць сваё радзтво. З працягам часу яны зрабіліся зусім чужымі адно аднаму па мове, звычаях, па ўсім укладзе жыцьця. Так утварыліся на зямлі розныя народы ― кожны з сваімі характарнымі асаблівасьцямі й імкненьнямі.

§ 9. Паяўленьне ідалапаклонства.

Пакуль усе людзі жылі разам, дык у іх захоўвалася правільнае паняцьце аб Богу, як нявідзімым Духу, Стварыцелю і Прамысьліцелю сьвету. Храніцелямі праўдзівага богапазнаньня наагул, абяцаньня аб Збавіцелю ― ў частцы былі патрыархі. Падаючы Божае Адкравеньне свайму патомству, яны стараліся захаваць яго ўва ўсёй чыстаце і непапсованасьці. Вонкавым выражэньнем веры у Бога служылі у людзёй малітвы й ахвярапрынашэньні. Пасьля расьсяленьне ісьціны Адкравеньня пачалі забывацца, а новага адкравеньня людзі няварты былі прыняць, дзякуючы сваёй грахоўнасьці. Дзеля гэтага зьявіліся няправільныя паняцьці й забабоны, якія ў канцы канцоў прывялі да ідалапаклонства.

Тыя народы, якія находзілі ад патомкаў Ноя, займаючы ў часе расьсяленьня новыя няведамыя ім краіны, заўсёды падпадалі пад розныя небясьпекі і напасьці, з другога боку сустракалі зьявы, якія выклікалі ў іх моцнае ўражаньне сваёю вялізарнасьцю ці таемнасьцю. У такіх выпадках чалавек заўсёды інстынктыўна скіроўвае сваю думку да Бога, ці шукаючы ў Яго помачы, ці лічачы Яго Прычынай усіх гэных грозных і магутных зьяваў прыроды. Наглядаючы выбух вулькану, падпадаючы небясьпецы ад страшных кракадзілаў, захапляючыся прыгожым і вялічным вобразам усходу сонца ці бурнага мора, баючыся грому і маланкі ― чалавек мімаволі задаваўся пытаньнем, ці ня Бог адкрываецца ўва ўсіх гэных зьявах? Іншыя захопліваліся адвагай і мужствам некаторых гэрояў, асабліва тых, якія ўславіліся у родзе і сталі таксама ўбагаўляць іх. Так, у канцы канцоў, зьявілася ўбагаўленьне розных сілаў зьяваў прыроды, жывёлаў, сьвяцілаў нябесных і чалавека. Замест аднаго нявідзімага Бога, зьявілася грамада відзімых багоў. Гэтыя багі дзяліліся на добрых і злых, гледзячы на тое, ці прыносілі яны чалавеку шкоду ці дабро. Але убагаўляючы, чалавек таксама маніўся і вобраз гэтых багоў мець заўсёды каля сябе, каб можна было зварочвацца да іх ува ўсякай нядолі. Так зьявіліся куміры ці ідалы, якіх пачалі рабіць з дрэва, каменя ці металю і якім пачалі пакланяцца. Пакланеньне ідалам, зьвязанае з рознымі забабонамі, малітвамі й абрадамі, называецца ідалапаклонствам. Ідалапаклоньнікі звычайна называюцца паганцамі.

Спачатку людзі лічылі ідалаў толькі падобнасьцяй сваіх багоў, пасьля пачалі думаць, што ў кумірах жыве боская сіла, і пачалі ім пакланяцца, як самым багом. Каб уміласьцівіць іх, яны сталі прыносіць ім у ахвяру ўсё лепшае і найдаражэйшае, што толькі было: розныя рэчы, жывёлы, людзей, сваіх дзяцей. Людзі, якія прыносілі ахвяры, называліся жрэцамі, а будынкі, у якіх стаялі ідалы ― храмамі і капішчамі.

З працягам часу у адных разьвівалася пераважна ўбагаўленьне сьвяцілаў нябесных (сабеізм у Мэсапатаміі), у другіх убагаўленьне жывёлаў (зоотэізм у Эгіпце), у іншых, як напрыклад, у Грэцыі ― абагаўленьне чалавека, розных яго душэўных сілаў і здольнасьцяў, а таксама і вадаў (антропотэізм).

Ідалапаклонства ў долі чалавецтва адгуляла надта згубную ролю. Забыўшы праўдзівага Бога, як найвышэйшага Духа, людзі са усёю сілаю першабытнага пачуцьця прывязаліся да ўсяго зямнога, груба-пачуцьцёвага. Уся ўвага іх скіравалася на задаваленьне нізкіх патрэбаў, шалаў і вадаў. Ня было здаваленьня вышэйшым духоўным імкненьням чалавека да праўды, ісьціны, хараства. Разьвіцьцё духоўнага жыцьця ці цывілізацыі прыпынілася. Як дзерава, пазбаўленае жыватворных сокаў, нямінуча прызначана на гібель і сьмерць, так і чалавецтва, адхыліўшыся ад крыніпы жыцьця, павінна было моральна ўпасьці, загрубнуць і зьніштожыцца.

Ідалапаклонства ўсё болей і болей распаўсюджвалася між людзьмі і, нарэшце, дайшло да таго, што амаль ня ўсе людзі на зямлі пачалі пакланяцца ідалам. Тады Бог, па свайму міласэрдзю, абраў з усяго чалавецтва адзін народ Для захаваньня праўдзівай веры да часу прыходу на зямлю абяцанага Збавіцеля. Гэты абраны народ былі яўрэі, якія паходзілі ад Эвэра, аддаленым прабацькам якога быў Сім, сын Ноя. З патомства Эвэра выйшаў Абрам, які заставаўся адзіным на усёй зямлі храніцелем праўдзівай веры ў Бога і які пачынае сабою гісторыю яўрэйскага народу.

Час патрыархаў.

§ 10. Прызваньне Абрама і перасяленьне яго ў зямлю Ханаанскую (2039 г. да Х. Н.)

Адзін з патомкаў Эвэра, фара, бацька Абрама, які жыў ў Мэсапатаміі (Халдзеі), у горадзе Ур, надумаў перасяліцца. Ен узяў усю сям'ю сваю, апрача сына Нахора, і пайшоў на поўдзень. Пастухі гналі за імі многалічныя статкі. Верныя слугі даглядалі маемасьці, якая перавозілася на вярблюдох. З Абрамам была жонка яго Сара і пляменьнік Лот. Дзяцей Абрам і Сара ня мелі. Абраму было ў гэты час 75 гадоў ад роду. Быў ён чалавек пабожны і вераваў у Бога.

Калі дайшлі да Харрану, фара памёр. Абрам ня ведаў, куды ісьці. Але зьявіўся яму Бог і сказаў: „ідзі ў зямлю, якую я пакажу табе. Я ўтвару ад цябе вялікі народ, багаслаўлю цябе, зраблю слаўным тваё імя, і багаславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя", г. ё. з твайго патомства выйдзе той, які прынясе усім народам багаслаўленьне Божае. Гэта было першае зьяўленьне Бога Абраму. Абрам бесьпярэчна пакарыўся волі Божай і пайшоў у далейшую дарогу. Калі прыйшлі ў зямлю Ханаанскую (Палестыну), якая была населена бязбожнымі патомкамі Ханаана, дык супыніліся блізка ад гораду Сыхэму. Тут Бог другі раз зьявіўся Абраму і сказаў, што гэтую зямлю Ен аддае патомству Абрама. Такім чынам, зямля Ханаанская ў Палестыне й была той абяцанай зямлёй, якая была прызначана Богам народу яўрэйскаму. На памяць аб гэтым зьяўленьні Бога Абрам пабудаваў у Сыхэме ахвярнік.

Мясцовасьць, дзе пасяліўся Абрам, была бедная пашай для скаціны, дзеля гэтага Абрам пайшоў на поўдзень, а пасьля, дзякуючы голаду, і зусім пакінуў Ханаанскую зямлю, скіраваўшыся на жыцьцё ў Эгіпэт. Калі прайшоў нейкі час, дык вярнуўся ў зямлю Ханаанскую.

§ 11. Разлука Абрама з Лотам.

Калі Абрам жыў у зямлі Ханаанскай, дык шмат няпрыемнасьцяў меў ад Лота, хаця Абрам любіў яго, як роднага сына (Лот быў сіратою). Пастухі статкаў Абрамавых і Лотавых часта сварыліся між сабою, то за пашу, то за калодзежы, і Лот незаўсёды справядліва разьвязваў гэтыя сваркі. Абрам запрапанаваў Лоту разьдзяліцца, тым болей, што ў сваркі сталі ўмешвацца суседнія плямёны. Маючы права ўзяць сабе лепшую частку (па праву старшынства і дзеля таго, што якраз патомству Абрама прызначана Богам зямля абяцаная), Абрам аднак не захацеў скрыўдзіць пляменьніка і аддаў яму выбар месца для пасяленьня: "калі ты пойдзеш налева — сказаў Абрам — дык я пайду направа, а калі ты направа, то я налева". Лот абраў сабе для жыцьця надта прыгожую даліну ракі Іардану, недалёка гарадоў Садому й Гаморы. Жыхары гэтых гарадоў былі надта злыя людзі і грэшныя перад Богам. Абрам застаўся жыць блізка каля Вэфілю. Тутака трэці раз зьявіўся Бог Абраму і сказаў: „з гэтага месца, на якім ты цяпер стаіш, паглядзі на поўнач і паўдзён, усход і захад: усю зямлю, якую ты бачыш (з гары), дам Я табе і патомству твайму назаўсёды і ўмножу патомства тваё, як пясок зямны". Абрам з вераю прыняў абяцаньне Божае. Хутка Абрам пайшоў з Вэфілю на паўдзён да Хэўрону і раскінуў шатры свае ў дуброва Мамрэ.

§ 12. Вызваленьне Лота з палону. Мэлхісэдэк, цар і сьвяшчэньнік Салімскі.

Здарылася так, што калі на жыхароў Садому й Гаморы напаў цар Эламскі, дык у ліку палонных, якіх узяў гэты цар, аказаўся Лот. Абрам, даведаўшыся аб гэтым, азброіў сваіх слугаў (у ліку 318), пагнаўся за ворагам і адбіў Лота, з усёю маемасьцяй, якая была захоплена ў яго.

Калі Абрам урачыста вяртаўся дамоў, дык недалёка ад гораду Саліму, пазьней ― Ерусаліму, сустрэў яго Мэлхісэдэк, цар і сьвяшчэньнік Салімскі. Ён багаславіў Абрама імем Бога Найвышэйшага і прынёс у дар хлеб і віно. Абрам багавейліва прыняў яго багаславеньне і даў яму дзесятую часьць свае здабычы. Трэба думаць, што калі Абрам выказаў адносна да Мэлхісэдэка гэткую нязвычайную пашану, дык ён быў больш, чымся звычайны галава сям'і ў разуменьні тагочаснага грамадзянства. Дзеля гэтага Мэлхісэдэк зрабіўся праобразам Вялікага Першасьвяшчэньніка Новага Завету ― І. Хрыста.

§ 13. Чацьвёртае зьяўленьне Бога Абраму. Агар і Ізмаіл.

Пасьля перамогі Абрама жыхары зямлі Ханаанскай надта зайздросьцілі яму і наагул адносіліся да яго неспагадліва. Тады Бог зьявіўся Абраму (чацьвёртае зьяўленьне) і сказаў: "ня бойся, Абрам! Я ― твой шчыт. Нагарода твая будзе дужа вялікая". У адказ на скаргу Абрама, што ён ня мае дзяцей, Бог сказаў яму: "колькі зорак на небе, столькі будзеш мець патомства". Абрам паверыў Госпаду, і Бог залічыў яму гэта ў праведнасьць. Адначасна Бог адкрыў Абраму, што яго патомкі на працягу 400 гадоў будуць прышэльцамі на чужой зямлі і будуць там у рабстве, але пасьля яны выйдуць адтуль з вялікай маемасьцяй, займуць усю зямлю "ад ракі Эгіпэцкай да ракі Эўфрату". Вернуцца яны ў чацьвёртым родзе (пакаленьні), а Абрам адыйдзе да бацькоў сваіх у спакоі і будзе пахаваны ў старасьці добрай.

Абяцаньне вялізнага патомства, якое дау Бог Абраму, было вялікай спробай для Сары. Ня маючы дзяцей, яна мучылася думкаю, што можа стаць прычынаю неспаўненьня Божага абяцаньня. Дзеля гэтага пастанавіла прасіць Абрама, каб ён ажаніўся з яе служанкаю эгіпцянкаю Агараю, як гэта было тады у шмат каго у звычаі, ― і мела замер усынавіць сабе дзяцей ад Агары. Абрам згадзіўся, але Агар, пасьля таго, як зрабілася жонкаю Абрама, пачала выказваць непаважаньне да свае гаспадыні, дзеля чаго павінна была пакінуць хату. Але Ангел Божы загадаў ёй вярнуцца да Абрама і падпарадкавацца гаспадыні сваёй. Хутка Агар нарадзіла сына, які быў названы Ізмаілам. З працягам часу Агар і яе сын былі выдалены з дому Абрама. 12 дзяцей Ізмаїла зьявіліся роданачальнікамі арабскіх плямёнаў.

§ 14. Завет Божы з Абрамам (2015 да Х. Н.).

Калі Абраму скончылася 99 гадоў, а Сары было 90 гадоў, дык Бог зьявіўся яму (пятае зьяўленьне) і сказаў: "Я пастаўлю вечны завет Мой з табою; ты будзеш бацькаю мноства народаў... Я буду Богам тваім і патомнаў тваіх, і дам вам на вечнае валаданьне ўсю зямлю Ханаанскую. Знакам-жа гэтага няхай будзе тое, каб у вас увесь мужчынскі род быў абрэзаны ў восьмы дзень пасьля нарадзінаў. Неабрэзаны ня будзе належаць да Майго народу. Я багаслаўлю й Сару, жану тваю, і дам табе ад яе сына". Адначасна Бог загадаў Абраму называцца ўперад Абраамам, г. ё. бацькаю мноства, і Сары ― Сарраю, г. ё. гаспадыняю мноства. Слухаючы вестку аб нараджэньні ў яго сына, Абраам расьсьмяўся, падумаўшы, як можа споўніцца гэтае прадказаньне. Але Бог сьцвярдзіў Сваё абяцаньне й сказаў: „іменна Сарра, жонка твая, народзіць сына, якому і дасі імя Ісаак (значыць: сьмех); з ім я пастаўлю завет мой у тым, што буду Богам яму й патомству яго".

Пасьля гэтага зьяўленьня Абраам робіцца зусім "другам Божым" і жывець у заўсёдным яднаньні з Ім. Выпаўняючы Завет, Абраам прыняў сам абрэзаньне й абрэзаў сына свайго Ізмаіла, усіх нарадзіўшыхся у доме яго і рабоў, якіх ён купіў.

§ 15. Зьяўленьне Бога Абрааму каля дуба Мамрыйскага.

Аднаго разу у сьпякотны дзень Абраам, седзячы каля свайго шатра, угледзіў, што йдуць тры падарожныя. Ён з праўдзівай патрыархальнай прыветнасьцяй запрапанаваў ім зайсьці да яго й адпачыць. Падарожныя згадзіліся. Абрам абмыў ім ногі, ― як таго вымагаў звычай, ― і загадаў хатнім сваім, каб засмажылі цяля пачаставаць падарожных. Калі яны абедалі, Абрам сам прыслугоўваў ім. Хутка у постаці іх Абраам пазнаў Самога Бога і двох ангелаў, асабліва пасьля таго, як Абрааму было імі сьцьверджана нядаўняе абяцаньне аб нараджэньні ў яго сына. Калі Сарра, чуючы гэта, ўнутранна, пра сябе, расьсьмяялася, кажучы: "ці мне, калі я гэткая старая, мець гэтую ўцеху", дык старшы з падарожных сказаў: "ці ёсьць што труднае для Госпада"? ― Абраам багавейліва праводзіў сваіх нязвычайных гасьцей. Выходзячы, адзін з іх адкрыў Абрааму, што Бог ідзе пакараць гібельлю жыхароу Садому й Гаморы за цяжкія грахі іхнія. „Госпадзі запытаўся Абраам, калі-б знайшлося там 50 праведнікаў, ці ня зьлітуешся Ты над гэтым местам“, „Зьлітуюся", ― адказаў Бог. ― "А калі 45, 40, 30 і да 10"? ― ізноў запытаўся Абраам. Бог сказаў, што не загубіць гораду, калі нават знойдзецца ў ім хаця-б 10 праведнікаў". Болей Абраам не адважыўся пытаць у Бога.

Калі Бог пайшоў, дык Абраам вярнуўся ў свой шацёр.

§ 16. Пакараньне Садому й Гаморы.

Для пакараньня жыхароў Садому й Гаморы былі пасланы Богам два ангелы з ліку трох падарожных, якія былі у Абраама. Яны ўвечары прышлі ў Садом. Лот, убачыўшы іх, папрасіў іх у сваю хату, каб пачаставаць і даць начлег. Жыхары Садому патрабавалі ў Лота выдаць іх. Лот адмовіўся выдаць. Тады Садомляны сталі ламаць дзьверы, каб сілаю ўлезьці ў хату Лотаву. Але ангелы пакаралі Садомлянаў сьлепатой і вызвалілі Лота. Уночы яны абвясьцілі, з якою мэтаю прыйшлі ў Садом, а досьвіткам сілаю вывялі яго з жонкаю і дзьвюма замужнімі дочкамі вон з Садому, загадаўшы, не аглядаючыся, бегчы і ратавацца ў горах. Лот не спадзяваўся дабегчы да гораў; ён папрасіў дазволу падарожных схавацца па дарозе у адным з пяцёх гарадоў, якія былі засуджаны Богам на пакараньне. Адтрымаўшы дазвол, Лот схаваўся ў гэтым горадзе, які, такім чынам, быў уратаваны, дзякуючы Лоту. Жонка Лотава не пайшла за ім: яна ня споўніла загаду ангелаў, ня стрымала свае цікавасьці, аглянулася, і ў пакараньне за гэта была абернута ў саляны стоўп. Тымчасам кара Божая ўжо споўнілася над засуджанымі гарадамі: Бог праліў на іх дажджом серку і вагонь з неба, і зруйнаваў дашчэнту і гарады гэтыя, і ўсе ваколіцы іх, і ўсіх жыхароў, і ўсе расьліны зямныя. Уся даліна Садомская спалілася; там, дзе былі гарады, хвалявалася жоўта-мутнае возера, якое ведама цяпер пад імем Мёртвага мора[4].

Лот, які ўратаваўся ад пагібелі, быў няварты міласьці Божай да яго: ён пачаў піць. Дочкі Лотавы мелі двох сыноў: Моава і Бэн-Аммі, якія зрабіліся роданачальнікамі двох народаў: моавіцянаў і амалікіцянаў.

§ 17. Нараджэньне Ісаака. Прынашэньне яго ў ахвяру Богу.

Настаў час, калі споўнілася вялікае абяцаньне, якое адтрымаў Абраам ад Бога: ў Сарры нарадзіўся даўно чаканы сын ― Ісаак; у восьмы дзень па нарадзінах ён быў абрэзаны.

Калі Ісааку было каля 20 гадоў ад роду, дык Бог зьявіўся Абрааму і сказаў: „вазьмі сына твайго Ісаака, якога Ты любіш, пайдзі з ім у зямлю Мора, і там прынясі яго ў ахвяру на гары, якую я пакажу табе". Гэта была вялікая спроба для веры Абраама - прынясьці у ахвяру сына, на якім засноўваліся се надзеі Абраама і ўсе дадзеныя яму вялікія абяцаньні! Але Абраам ня спыніўся перад такой вялікай для яго ахвярай. Раніцаю ён накалоу дроў, асядлаў асла, узяў з сабою двох нявольнікаў і Ісаака, і скіраваўся ў зямлю Морыа. Цераз тры дні дарогі Абраам убачыў гару[5], на якой трэба было прынясьці Ісаака ў ахвяру Богу. Абраам пакінуў нявольнікаў і асла пад гарой, узяў Ісаака і разам з ім пайшоў на прызначаную гару, сам нясучы ахвярны агонь і нож, а Ісааку загадаў нясьці дровы для ахвярапрынашэньня. Дарогаю Ісаак спытаўся: бацька мой, ось агонь і дровы, а дзе-ж ягня для ахвяры", ― "Бог угледзіць сабе ягня", ― адказаў Абраам. Узышлі на верх гары. Абрам зрабіў ахвярнік, палажыў дровы і абвясьціў Ісааку Божы загад. Ісаак не працівіўся і пакорна дазволіў сябе зьвязаць. Абраам узяў нож і ужо занёс руку, каб закалоць сына, як пачуў голас з неба: „Абраам, не паднімай рукі свае на сына. Я ведаю, што ты байшся Бога і не пашкадавау для мяне сына свайго адзінага". Абраам спыніўся. Ён споўніў волю Божую, і ў той-жа час Ісаак застаўся жывы. Абраам паглядзеў навакола і ўбачыў ззаду за сабою ягня, якое заблуталася рагамі ў кустох. Абраам узяў яго і адразу прынёс на тым-жа самым ахвярніку ў ахвяру Богу, замест свайго сына. За гэты самы послух веру Бог урачыста і з прысягаю паўтарыў Абрааму Сваё абяцаньне: "дзеля таго, што ты не пашкадаваў для мяне сына свайго адзінага, Я багаслаўлю цябе і размножу патомства тваё, як зоркі нябесныя і як пясок на беразе мора, і цераз твайго Патомка багаславяцца ўсе народы зямныя". Пасьля гэтага Абраам вярнуўся з сынам у Вірсавію, дзе жыў[6].

§ 18. Жаніцьба Ісаака.

Хутка пасьля толькі што апісанага здарэньня памёрла Сарра на 127 годзе ад роду. Абраам горка плакаў аб ёй. Ен схаваў яе супроць дубровы Мамрэ, каб з шатра свайго мог бачыць дарагую магілку.

Праз тры гады пасьля гэтага рашыў ажаніць Ісаака. Абраам паклікаў самага вернага слугу свайго і даручыў яму знайсьці нявесту для Ісаака. Пры гэтым загадаў шукаць нявесту не сярод дзяўчат ханаанскіх, а на бацькаўшчыне сваёй, у родным пляменьні. Слуга даў прысягу дакладна споўніць загад, нагрузіў гасьцінцамі для нявесты 10 вярблюдоў і рушыў у дарогу. Праз нейкі час пад'ехалі да гораду Харрану, дзе жыў Нахор, брат Абраама; слуга зьвярнуўся да Бога з малітваю, просячы паказаць нявесту для Ісаака: "вось, ― кажа, ― я стаю каля крыніцы, да якой дочкі гарадзкіх жыхароў выходзяць браць воду. Хай тая дзяўчына, якая, як я папрашу, даць мне напіцца, скажа: пі, я і вярблюдоў тваіх напаю, хай і будзе прызначана Табою для Ісаака". Толькі што слуга скончыў малітву, як да крыніцы падыйшла з збанком надта прыгожая дзяўчына. Слуга папрасіў напіцца. Дзяўчына дала вады ня толькі яму самому, але напаіла і яго вярблюдоў. Веруючы слуга ня стаў сумлявацца, на якую дзяўчыну павінен упасьці яго выбар. Ен падарыў ёй залатыя завушніцы і два бранзалеты, і спытаўся, хто яна такая і ці нельга яму будзе ў іх пераначаваць. "Я ― Рэвэка, ― адказала дзяўчына, ― дачка Вафуіла, унучка Нахора; мы маем шмат саломы і корму, і ёсьць месца для начлегу". Расчулены слуга кінуўся на зямлю і падзякаваў Богу, што Ен прывёў яго проста ў хату брата Абраамавага. Тымчасам Рэвэка пабегла хутчэй да хаты і сказала аба ўсім маці. Брат Рэвэкі Лаван сустрэў слугу, расьсядлаў вярблюдоў, абмыў яму ногі і запрапанаваў вячэру. Слуга ня еў да тае пары, пакуль не расказаў гаспадаром, з якою мэтаю ён прышоў. Бацькі дзяўчыны і Лаван, бачачы паважнасьць даручэньня слугі і багацьце яго гаспадара, які нічога не шкадуе для свайго каханага сына, згадзіліся адпусьціць Рэвэку, пасьля таго, як і яна выявіла сваю згоду выйсьці замуж за Ісаака. Бацькі і сваякі Рэвэкі адтрымалі багатыя гасьціны, разьвіталіся з ёю і багаславілі яе, сказаўшы: "хай родзяцца ад цябе тысячы тысячаў і хай валадае патомства тваё хатамі ворагаў тваіх". Пасьля гэтага Рэвэка выехала з слугою Абраама ў дарогу, узяўшы некалькі сваіх служанак. Калі яны пад'яжджалі да месца, дык Ісаак спаткаў іх і ўвёў Рэвэку у шацёр Сарры, маткі сваё. І стала Рэвэка яму жонкаю і ён пакахаў яе, і ўсьцешыўся засмучаны пасьля сьмерці маткі свае.

Далейшае жыцьцё і сьмерць Абраама.

Пасьля шлюбу Ісаака з Рэвэкаю, Абраам узяў сабе другую жонку, Хэттуру; ад яе было ў яго шэсьць сыноў. Калі Абраам пачуў, што хутка памрэць, то зрабіў распараджэньне аб сваёй маемасьці. Галоўным насьледнікам быў Ісаак. Ен адзін застаўся ў зямлі абяцанай, а шэсьць сыноў Абраама ад Хэттуры і Ізмаіл былі адасланы Абраамам на усходнія краіны. Абраам дажыў да 175 г. і быў пахаваны у той самой пячоры, дзе ляжаў прах Сарры.

Так скончыў сваё жыцьцё гэты вялікі выбранец і „друг Божы", духоўны роданачальнік чалавечага роду. Ен назаўсёды застаецца найвышэйшым узорам веруючага чалавека для усіх народаў і вякоў. Памяць яго сьвята захоўваецца ў народаў трох найвялікшых рэлігіяў сьвету: юдэйства, хрысьціянства і магамэтанства.

§ 19. Дзеці Ісаака ― Ісаў і Якаў.

Як і Абраам, Ісаак быў веруючы чалавек і пакорны волі Божай. Ен моцна тужыў, што Рэвэка цэлых 20 гадоў ня мела дзяцей, але верыў, што споўніцца абяцаньне Божае аб патомстве, якое дау Бог Абрааму. І запраўды у Рэвэкі нарадзіліся два сыны-блізьнюкі: Ісаў і Якаў. Калі яны узрасьлі, Ісаў зрабіўся лоўчым, а Якаў працаваў на гаспадарцы і займаўся гадоўляй жывёлы. Ісаў быў любімцам бацькі, а Якаў ― маткі. Ісаў лічыўся першаком, старшым. Пяршынство давала тады некаторыя асобныя правы, гэт. з. ,,правы пяршынства": старшынство і уладу над малодшымі братамі, падвойную часьць спадчыны, права сьвяшчэннадзеяць і насьледаваньне Абяцаньня Божага аб зьяўленьні Збавіцеля сьвету.

Аднаго разу Ісаў вярнуўся з няўдалага паляваньня змораны й галодны, а Якаў сядзеў за сталом і еў стра з сачэўкі, (і цяпер сачэўка зьяўляецца любімаю страваю Сырыі і Эгіпце). Ісау падбег да Якава і прагавіта сказаў: „дай мне гэтага чырвонага, чырвонага: надта я замарыўся". Якаў сказаў: прадай мне сваё пяршынство". Ісаў сказаў: ось я паміраю, якая карысьць для мяне з гэтага пяршынства"? Тады Якаў сказаў: ,,прысягні мне". Ісаў прысягнуў. Якаў даў яму хлеба й стравы з сачэўкі. Трэба думаць, што Ісаў, як чалавек па натуры грубы і дзікі, не зьвяртаў асаблівай увагі на правы пяршынства, а можа быць ён спадзяваўся тым ці іншым спосабам вярнуць іх сабе з часам.

Тымчасам Ісаак зусім пастарэў, і ўжо дрэнна бачыў вачыма. Адчуваючы хуткі канец і хочучы перадаць права пяршынства старшаму сыну, Ісаак, які нічога ня ведаў аб тым, што Якаў за страву з сачэўкі купіў у брата права пяршынства, пасылае Ісава прынясьці дзічыны і прыгатовіць яго любімую страву. Рэвэка даведалася аб гэтым. Яна не хацела, каб права пяршынства адтрымаў Ісаў, які заўсёды рабіў ёй шмат прыкрасьцяў; дзеля гэтага парашыла хітрасьцяй дабіцца багаславеньня бацькі свайму любімаму Якаву. Яна прыгатавала з казьляняці страву, якую любіў Ісаак і ўмовілася з Якавам, што ён пайдзе ў шацёр бацькі, назавецца Ісавам і адтрымае багаславеньне. А таму што Ісаў быў надта касматы, дык дзеля большай падобнасьці да яго, Рэвэка апранула Якава ў адзеньне Ісава, а рукі яго і гладкую шыю абклала скурамі казьлянятаў. Якаў спачатку не згаджаўся на ашуканства, але калі маці прыняла на сябе пракляцьце - пайшоў. Ісаак, не падазраваючы ашуканства, пацалаваў Якава і даў яму свае багаславеньне: "хай дасьць табе Бог ― сказаў Ісаак ― мноства хлеба і віна; хай паслужаць табе народы і хай паклоняцца табе плямёны; хто праклінае цябе - будзе пракляты, а хто багаслаўляе цябе - будзе багаславёны"[7]. Не пасьпеў Якаў выйсьці ад бацькі, адтрымаўшы багаславеньне, як уваходзіць Ісаў з страваю з дзічыны і просіць у бацькі багаславеньня. Ісаак аж затросься. Ён зразумеў, што яго ашукалі і спытаўся: "а хто-ж гэта раней прыходзіў, і я багаславіў яго". Але падумаўшы, што на ўсё гэта была Божая воля, дадаў: „ён і будзе багаславёны"! Ісаў, чуючы гэта голасна заплакаў і сказаў: „бацька мой, багаславі і мяне"! Каб яго ўсьцешыць, Ісаак сказаў, што зямля, дзе ён будзе жыць, будзе ўрадлівая, што ён будзе жыць мечам і служыць брату свайму, але прыйдзе час, калі ён скіне з сябе ярмо.

З гэтага часу Ісаў узьненавідзеў брата свайго і нават хацеў яго забіць. Даведаўшыся аб небясьпецы, Рэвэка паслала Якава да брата свайго Лавана, каб ён там пажыў некаторы час і выглядзеў для сябе ў яго сям'і нявесту. Якаў паслухаўся матчынае рады, Ісаак таксама пахваліў гэты замер яго. У думцы сваёй ён ужо даўно выбачыў Якаву, асабліва дзякуючы таму, што Ісаў, усё больш і больш выказваў сваю няздольнасьць да пяршынства[8].

§ 20. Адход Якава ў Мэсапатамію. Зданьне таемнай драбіны. Жыцьцё Якава ў Лавана.

Баючыся Ісава, Якаў пайшоў у Мэсапатамію, у Харран, дзе жыў Лаван, брат Рэвэкі ― рушыў адзін, без падарожнікаў. У першы дзень ён прайшоў блізу што 60 вёрст, і змораны лёг спаць сярод чыстага поля, падлажыўшы пад галаву камень, замест падушкі. Гэта было тое самае месца, дзе некалі Абраам паставіў ахвярнік Богу. І пад уплывам усіх нядаўна мінулых здарэньняў, Якаў бачыць дзіўны сон: стаіць на зямлі высокая, высокая драбіна; канцом сваім яна ўпіраецца ў самае неба. Ангелы Божыя ўсходзяць і нісходзяць па ёй. Угары драбіны ― сам Гасподзь, Які паўтарае Якаву абяцаньне Абраамава: "Я ― Гасподзь, Бог Абраама і Ісаака, Зямлю на якой ты ляжыш, Я дам табе і патомству твайму, і багаславяцца ў табе і патомстве тваім усе плямёны земныя, і буду Я ўсюды з табою, куды ні пайдзеш і вярну цябе ў гэтую зямлю". Якаў прачхнуўся. На памяць аб гэтым дзіўным зданьні ён паставіў тут ахвярнік, палажыўшы камень, які ляжаў у яго пад галавой, і паліўшы алею, які быў пры ім. І назваў Якаў гэта месца Вэфілем, г. з. домам Божым.

Прыйшоўшы ў Харран, Якаў асяліўся ў Лавана і заняўся гадоўляй жывёлы. Якаў пакахаў малодшую дачку Лавана прыгожую Рахілю. Лаван згадзіўся выдаць яе замуж за Якава, калі той будзе працаваць на яго 7 гадоў. Якаў не супярэчыў. Прайшло 7 гадоў. Настаў дзень шлюбу. Нявесту тады прыводзілі да жаніха пад пакрывалам. Калі пасьля шлюбу і шлюбнага вясельля маладая скінула пакрывала, пад ім аказалася лія, старшая дачка Лавана. Якаў быў ашуканы. Апраўдаваючыся Лаван сказаў, што звычаі іх зямлі не дазваляюць выдаваць замуж малодшую дачку раней за старшую, і даў слова выдаць за Якава цераз 7 дзён і Рахілю, калі ён будзе служыць яму яшчэ 7 гадоў, Якаў згадзіўся, і Рахіля стала яго другою жонкаю.

Калі скончыліся другія 7 гадоў, Якаў хацеу ісьці са ўсёю сваёю сям'ёй на бацькаўшчыну, але Лаван упрасіў яго застацца яшчэ служыць, але толькі за пэўную плату. Між імі ўтварылася такая ўмова: Якаў будзе пасьвіць самую дарагую скаціну Лавана ― белыя авечкі і чорныя козы; увесь прыплод з крапінкамі будзе Якаву, без крапінак ― Лавану. Каб прыплод выйшаў увесь стракаты, Якаў зрабіў так: клаў у вадапойныя карыты сьвежа нарэзаныя пруткі, на якіх рабіў нажом, па цёмнай кары, белыя палосы: авечкі і козы, якіх прыганялі на вадапой, глядзелі на гэту стракатасьць, і прыплод выходзіў стракаты. Тады Лаван зьмяніў умову, але белыя авечкі і чорныя козы пайшлі Якаву і кожны раз, як Лаван мяняў умову, карысьць заўсёды была на старане Якава. У канцы канцоў ён моцна разбагацеў. Ня хочучы і далей служыць цесьцю, Якаў забраў з сабою сваіх жонак і дзяцей, таксама ўсе статкі свае, і адправіўся, па загаду Божаму, на бацькаўшчыну, да бацькі свайго ― Ісаака. Так, здалёк ад свайго дому, ён пражыў 20 гадоў. У сям'і яго ў гэты час была адна дачка Дзіна і 11 сыноў: Рувім, Сымон, Левій, Юда, Іссахар, Завулон, Дан, Нэфалім, Гад, Ассір і Язэп. З усіх толькі адзін Язэп быў сынам Рахілі.

§ 21. Паварот Якава на бацькаўшчыну.

Калі Якаў падходзіў да зямлі ханаанскае, ён даведаўся, што Ісаў ідзе яму насустрэчу і з ім 400 чалавек. Прадчуваючы злы замер брата, Якаў, каб задобрыць яго, пасылае яму багатыя гасьцінцы і даручае сказаць, што ён сам настолькі цяпер багаты, што не пратэндуе на маемасьць бацькі, на якую меў прав на моцы пяршынства. Уночы Якаў пераправіў усю сям'ю сваю, нявольнікаў і скаціну цераз ручай Явок, а сам застаўся на другім беразе і ў адзіноце узьнёс Богу шчырую малітву аб помачы і абароне. Тут то сталася адно з самых таемных і вялікіх здарэньняў у жыцьці Якава. Сярод цемры начное „нехта бароўся з ім да золку ранічнага і ўбачыўшы, што не перамагае яго, даткнуўся да бядра яго і папсаваў склад бядра ў Якава", дзеля чаго ён кульгаў пасьля да самае сьмерці. "Адпусьці мяне", сказаў Якаву таемны барацьбіт. „Не адпушчу ― сказаў Якаў ― пакуль не багаславіш мяне". Таемны барацьбіт багаславіў яго і сказаў: "адгэтуль імя твае будзе ня Якаў, а Ізраіль (што значыць "Богаборац") ― дзеля таго, што ты бароўся з Богам і людзей перамагаць будзеш". Таемны Барацьбіт, выклікаўшы Якава на змаганьне, маніўся дасьледаваць сілу яго веры і настойлівасьць малітвы.

На другі дзень адбылася сустрэча братоў. Гасподзь, па малітве Якава, зьмягчыў суровае сэрца Ісава: ён упау на шыю Якава, з брацкай любоўю абнімаў і цалаваў яго. Абодва плакалі.

Якаў пасьля гэтага перайшоў раку Іардан і пакіраваўся да Вэфілю. Тут зьявіўся яму Гасподзь і паўтарыу Сваё абяцаньне аддаць яго патомству зямлю Ханаанскую.

Калі Якаў быў каля Віфлеему, Рахіля радзіла другога сына ― Вэніяміна і хутка пасьля гэтага сама памёрла. Якаў горка аплакваў яе і паставіў ёй памятнік.

§ 22. Дзеці Якава. Продаж Язэпа братамі ў Эгіпэт.

З усіх сыноў сваіх Якаў найболей любіў Язэпа за яго шчыры й ціхі характар. Язэп заўсёды знаходзіўся пры сваім старым бацьку, ― і калі-некалі адведваў братоў, якія вандравалі ўсюды са сваімі статкамі. Яны ненавідзелі Язэпа за тое, што бацька даваў яму перавагу перад імі, у знак чаго пашыў для Язэпа прыгожую рознакаляровую" вопратку.

Тым часам Бог прадвяшчаў Язэпу аб асаблівай, прызначанай для яго долі. Аднаго разу Язэп прысьніў, быццам разам з братамі вязаў снапы пасярэдзіне поля, і ось яго сноп падняўся і стаў проста, а снапы братоў абкружылі яго і пакланіліся яму.

Язэп расказаў сон братом сваім. Яны надта разгневаліся і сказалі: "ці запраўды ты будзеш царом над намі"? ― Другі сон быў яшчэ выдатнейшым, як першы: сонца, месяц і 11 зорак пакланіліся Язэпу. Гэты сон не спадабаўся нават Якаву. Ен трохі пажурыў Язэпа і сказаў: „няўжо-ж я і маці, і браты прыдзем пакланіцца табе да зямлі?" Варожасьць братоў да Язэпа яшчэ больш пасьля таго павялічылася. Яны нават рашылі забіць яго, але старшы з іх, Рувім, сказаў: „крыві не пралівайце, ляпей кіньце яго ў роў у гэтай пустыні[9] а рукі не накладайце на яго" (Рувім меў тайны замер уночы вызваліць Язэпа). Браты паслухалі. Яны зьнялі з Язэпа „рознакаляровую" вопратку, кінулі яго ў роў, а самі селі есьць хлеб. Якраз у гэты самы час праходзіў недалёка караван мадыямскіх купцоў, якія з таварамі ехалі ў Эгіпэт. Паводле рады Юды, браты вынялі Язэпа з рова і прадалі яго купцом за 30 сярэбранікаў (каля 35 зл.). Рувіма ня было ў гэты час з братамі. Калі ён пасьля падышоў да рова і не знайшоў там брата, дык з адчаю парваў на сабе адзеньне і ўсё паўтараў: „хлапца няма, куды я дзенуся?" Тады ўсе пачалі думаць, як-бы гэта утаіць ад бацькі сваё праступленьне і рашылі так: закалоць казьляне, крывёю яго вымазаць адзеньне Язэпа і сказаць бацьку, быццам знайшлі яго ў полі. Калі Якаў убачыў адзеньне свайго любімага сына, ён сказаў: "мусіць драпежны зьвер разарваў яго", і горка заплакаў. Як ні ўсьцешвалі яго ўсе хатнія, Якаў доўга ня мог усьцешыцца і ўсё паўтараў: „з сумам сайду да сына майго ў магілу".

§ 23. Язэп у Эгіпце.

Купцы, якім быў праданы Язэп, перапрадалі яго Падіфару, начальніку целахраніцеляў Эгіпэцкага фараона (цара). Паціфар хутка назначыў яго сваім домаправіцелем. Язэп быў надта прыгожы і прывабны, дзеля гэтага зьвярнуў на сябе ўвагу жонкі Паціфара. Але ён не згадзіўся ашукваць разам з ёю мужа. Тады яна набрахала на яго перад мужам сваім, і Язэп быў пасаджаны ў турму, як праступнік.

Але Бог і там не пакінуў Язэпа без свае помачы. За яго чэснасьць і сумленнасьць начальнік турмы паставіў яго старшым над вязьнямі[10] і кіраўніком работ. У турме у гэты самы час адбывалі кару за нейкі благі ўчынак два царскія начальнікі, якія мелі пры двары вялікі ўплыў і вагу: галоўны віначэрні і галоўны хлебадар. Язэп служыў ім. Аднаго разу яны расказалі Язэпу свае сны: віначэрпі ― быццам з трох галінаў вінаграднае лазы ён выціскаў у чашу фараона ягады, якія ўжо дасьпелі, і падаваў віно за сталом цару; хлебадар ― быццам ён нёс на галаве тры кратчатыя кошыкі з хлебамі; і з верхняга кошыка, дзе хлебы былі для самога цара, дзёўбалі птушкі. Язэп вытлумачыў сны так, што віначарпі праз тры дні будзе вернены на сваю пасаду, а хлебадар будзе павешаны і птушкі будуць дзёубаць яго цела. Пры гэтым. Язэп прасіў віначэрпія ўспомніць аб ім, калі будзе вызвалены з гэтага дому. Той абяцаў. Праз тры дні усе збылося так, як прадказаў Язэп, але віначэрпі у шчасьці забыўся аб Язэпу, і ён сядзеў у турме яшчэ два гады пасьля таго.

Адноўчы фараон прысьніў сон, быццам ён стаіць на беразе Нілу. І вось вышлі з гэтае ракі сем кароў клустых, а за імі семь кароў худых. І зьелі худыя каровы клустых кароў, але самі ад гэтага не папаўнелі. Фараон прачхнуўся. Пасьля ізноў заснуў, і яму прысьнілася, быццам з аднаго сьцябла выйшла сем каласоў поўных, пасьля таго выйшла сем каласоў худых, засушаных ветрам, і гэныя худыя каласы зьелі сем каласоў поўных. Фараон загадаў паклікаць усіх мудрацоў згіпэцкіх, але ніводзін з іх ня мог вытлумачыць сноў, аб якіх фараон думаў, што яны маюць нейкае асаблівае значэньне. Тут віначэрпі ўспомніў, як у турме малады яўрэй ― Язэп ― правільна вытлумачыў сны яму самому і хлебадару. Фараон загадаў прывясьці да сабе Язэпа і, калі той прыйшоў, запрапанаваў яму вытлумачыць сны. Язэп адказаў: „гэта не ад мяне; Бог дасьць адказ на дабро фараону". Тады фараон расказаў яму сны свае. Язэп вытлумачыў яму сны гэтак: сем кароу клустых і сем каласоў поўных азначаюць сем гадоў ураджайных; пасьля іх у працягу наступных сямёх гадоў у краі будзе неўраджай і будзе голад. Вытлумачыўшы сон, Язэп дау раду выбраць начальніка, які зрабіў-бы запас хлеба і іншых страўных прадуктаў на сем гадоў голаду. Такім начальнікам, другім пасьля сябе, фараон паставіў самога Язэпа, пры чым падараваў яму персьцень з свае рукі, вісонную (з тонкага палатна) вопратку і ўзлажыў на шыю яго залаты ланцуг. Асэнэфа, дачка жрэца Іліапольскага, вышла замуж за Язэпа і, такім чынам, Язэп быў прыняты ў вышэйшую клясу гаспадарства. Яму было ў той час 30 гадоў ад роду.

§ 24. Першая падарожа ў Эгіпэт братоў Язэпа.

Усё, што прадказаў Язэп, дакладна споўнілася. Наступілі гады над звычайнага ўраджаю, у працягу якіх Язэп зрабіў вялізарны запас хлеба. Пасьля надыйшлі неўраджайныя гады. Але Эгіпту ліха не пагражала. Голад пашырыўся далёка за межамі Эгіпту, і з розных краін пацягнуліся караваны ў Эгіпэт за хлебам. Сыны старога Якава таксама прымушаны былі ехаць у Эгіпэт. Удому застаўся адзін толькі Ваніямін; Якаў баяўся адпусьціць яго, каб з ім ня здарылася ў дарозе якой беды. Прыйшлі браты ў Эгіпэт, зьявіліся да Язэпа і пакланіліся яму. Так споўніся даўні сон Язэпа. Браты не пазналі Язэпа, ён-жа пазнаў іх, але нічога не сказаў ім аб гэтым. Ён захацеў даведацца ад іх аб бацьку і браце Вэніяміне. Але ня прыдумаў нічога лепшага, як абвясьціць іх шпіёнамі. Апраўдаваючыся ад такога абвінавачаньня, яны сказалі: "мы ніколі ня былі шпіёнамі, а прыйшлі сюды купіць хлеба; мы ― ўсе дзеці аднаго чалавека, які жыве ў зямлі ханаанскай; нас было 12, меншы застаўся з бацькам, а аднаго ня стала". Далей абвінавачваючы іх у шпіёнстве, Язэп загадаў пасадзіць іх у турму. На трэці дзень, паклікаўшы іх да сябе, ён сказаў ім: калі вы людзі чэсныя, вы пакінеце у заклад аднаго з вас, а самі адвязіцё куплены хлеб і прывязіцё сюды меншага брата вашага, іначай і ня прыходзьце да мяне". Язэп размаўляў з імі цераз тлумача. Браты думалі, што ён ня знае іх мовы і пачалі ў яго прысутнасьці перамаўляцца між сабою і дакараць адзін другога: "ось мы, запраўды, пакараны за грэх супроць брата нашага, якога прадалі калісьці купцом". Бачачы іх каяньне, Язэп выйшаў у другі пакой і заплакаў. Пасьля вярнуўся да іх, загадаў зьвязаць Сымона і пасадзіць у турму, а рэшту братоў адпусьціў, пры чым загадаў утайку пакласьці ім у мяшкі грошы, якія яны заплацілі за хлеб.

Вярнуўшыся дамоў, браты расказалі бацьку ўсё, што было з імі ў Эгіпце; сказалі і аб тым, што начальнік Эгіпэцкі патрэбаваў прывязьці да яго Вэніяміна. Вялікае было засмучэньне старога Якава. Ён сказаў: "Язэпа няма, Сымона няма, і Вэніяміна ўзяць хочаце: не пайдзе сын мой з вамі". Таксама яму, як і сыном яго, было надта няпрыемна і сорамна, калі ўбачылі ў кожным мяшку грошы, быццам укралі іх. Цяжкая ўва ўсім гэтым была спакуса для старога Якава, але, як чалавек жывой веры у Бога, ён усё паклаў на волю Божую.

§ 25. Другая падарожа ў Эгіпэт братоў Язэпа.

Калі запас купленага хлеба падходзіў да канца, прыйшлося йзноў ісьці па яго ў Эгіпэт. Якаў доўга не згаджаўся адпусьціць Вэніяміна. Нарэшце, Юда сказаў: "адпусьці хлапца са мною, я за яго адказваю". Якаў паверыў Юдзе і згадзіўся адпусьціць Вэніяміна. Хочучы задабрыць эгіпэцкага начальніка, Якаў паслаў яму ў гасьцінец "плады зямлі свае" і загадаў вярнуць грошы, якія аказаліся ў мяшкох.

Калі браты зьявіліся да Язэпа, ён выдаў распараджэньне прыгатовіць для іх абед, быў да ўсіх нязвычайна ласкавы і з асабліваю любоўю прывітаў Вэніяміна. Не запомнілі пры гэтым і Сымона, якога ў той-жа час звольнілі з турмы. За сталом Язэп сам вызначыў месца кожнаму з братоў па старшынству. Браты надта былі зьдзіўлены, скуль ён даведаўся, хто з іх старэйшы за каго. Пасьля абеду, Язэп загадаў напоўніць іх мяшкі хлебам, палажыць у іх грошы, якія яны заплацілі за хлеб, апрача таго у мяшок Вэніяміна палажыць ашчэ і сярэбряную чашу, каб дасьледаваць, як браты будуць трымацца ў няшчасьці.

Не пасьпелі браты ад'ехаць ад гораду, як іх даганіў кіраўнічы домам Язэпа і сказаў, што яны ўкралі ў яго гаспадара сярэбраную чашу. Былі агледжаны ўсе мяшкі. Чаша знайшлася у мяшку Вэніяміна. Ад вялікае роспачы і страху браты парвалі на сабе сваё адзеньне. Калі вярнуліся ў горад, браты кінуліся ўсе ў ногі Язэпу, кажучы: "ось мы ўсе рабы перад табою, чым мы апраўдаемся"? Язэп адказаў: "хай застанецца ў мяне той, у каго знайшлася чаша". Тады Юда расказаў Язэпу, з якою тугою стары іх бацька адпускаў Вэніяміна. "Вялікае будзе гора для яго, калі мы ня вернем любімага сына яго. Я заручыўся за яго перад бацькам маім; дазволь мне застацца рабом у цябе замест яго". Тады Язэп выслаў усіх пастароньніх людзей і, заліваючыся слязьмі, сказаў братом: "Я ― Язэп, брат ваш, якога вы калісьці прадалі. Але ня сумуйце. Бог паслаў мяне сюды наперад за вас, каб захаваць жыцьцё вашае. Ідзеце да бацькі і скажэце, каб ішоу сюды да мяне, не марудзячы, з усёю сям'ёю сваёю, і ўсёю маемасьцю сваёй".

Як толькі фараон даведаўся, што прышлі браты Язэпа, ён з свайго боку запрасіў іх перасяліцца ў Эгіпэт і абяцаў ім лепшую зямлю для жыцьця. Па загаду фараона, Язэп дау братом гасьцінцы для бацькі, калясьніцы для перасяленьня і дарожны запас. Братом сваім таксама даў гасьцінцы. Калі зусім адпускаў іх, дык сказаў: "не сварэцеся ў дарозе".

Яўрэі ў Эгіпце.

§ 26. Перасяленьне Якава ў Эгіпэт (1825 г. да хр. Нар).

Не паверыў Якаў, калі сыны яго расказалі аба ўсім, што здарылася з імі у Эгіпце. Але калі паказалі царскія калясьніцы, тады ад радасьці моцна забілася сэрца яго і ён выклікнуў: ,яшчэ жыў сын мой Язэп, пайду і пабачу яго, пакуль я не памёр". Але Якаў не адважыўся на гэтую падарожу без загаду Божага. Па малітве яго, Гасподзь зьявіўся яму начным зданьні і сказаў: „ня бойся, йдзі ў Эгіпэт. Там Я ўтвару ад цябе вялікі народ і вывяду цябе назад: Язэп сваёю рукою закрые вочы твае". Адтрымаўшы багаславеньне Божае, Якаў пайшоў у дарогу са усёю сям'ёю сваёю, у якой было, апрача жанок, каля 70 чалавек; яны ўзялі з сабою ўсю скаціну сваю і маемасьць.

Язэп выехаў спаткаць яго. Жаласьліва было спатканьне старога Якава з сваім сынам. Калі прыбылі ў сталіцу фараона, дык Язэп прадставіў яму пяцёх братоў сваіх. Фараон дазволіў ім пасяліцца ў зямлі Гэсэм і некаторых з іх паставіў наглядальнікамі над сваёю скацінаю. Язэп прадставіў фараону і бацьку свайго. Колькі маеш гадоў жыцьця твайго?" ― запытаўся фараон у Якава. Ён адказаў: "дзён вандраваньня майго 130 гадоў; малыя і нешчасьлівыя дні жыцьця майго, і не дасяглі да гадоў жыцьця бацько маіх". Выходзячы ад цара, Якаў багаславіў яго. І пасялілася сям'я яўрэйская ў лепшай часьці зямлі Эгіпэцкай, у зямлі Гэсэм, на правым баку ракі Нілу. Язэп дастаўляў хлеб усяму дому Якава, і ён ня меў ні ў чым ніякай недастачы.

§ 27. Прароцкае багаславеньне Якава дзецям. Сьмерць Язэпа.

Якаў пражыў у Эгіпце 17 гадоў. Прадчуваючы хуткую сьмерць, ён прасіў Язэпа пахаваць яго ў могілках бацькоў сваіх Абраама і Ісаака, у Махпэле, недалёка ад Хэўрону. Язэп з прысягаю абяцаў. Пасьля гэтага Якаў багаславіў сыноў Язэпавых ― Эфрэма і Манасію, якіх усынавіў сабе: "хай будуць мае, як Рувім і Сымон". Багаслаўляючы, Якаў узлажыў рукі свае так, што правая рука ляжала на галаве эфрэма, а левая ― на галаве Манасіі (крыж-на-крыж). Язэп узяў быў правую руку свайго бацькі, каб пералажыць яе на Манасію, кажучы: "ня так, бацька, ось мой пяршак"! Але Якаў сказаў: „ведаю, сын мой, ведаю, і гэты будзе вялікі, але меншы брат будзе большы за яго".

Багаславіўшы дзяцей Язэпавых, Якаў паклікаў ўсіх сыноў сваіх і, багаславіўшы іх. прадказаў кожнаму долю яго патомства. Пры гэтым ён аддаў права пяршынства чацьвёртаму сыну свайму Юдзе. Якаў прадказаў Юдзе, што у яго патомстве будуць свае цары і правадыры да таго часу, пакуль ня прыйдзе Прымірыцель[11]. Скончыўшы багаславеньне, Якаў лёг на пасьцель сваю і памёр.

Пасьля сьмерці Якава, сыны яго, баючыся, каб Язэп не пачаў мсьціцца за зло, якое яны некалі зрабілі яму, рашыліся прасіць у яго прабачаньня. Але Язэп сказаў ім: "ня бойцеся, бо я сам баюся Бога. Ось вы маніліся зрабіць мне зло, але Бог абярнуў гэта ў дабро. Я буду карміць вас і дзяцей вашых". І запраўды, да самае сьмерці свае карміў і супакойваў іх. Калі паміраў Язэп, дык у тэстамэнце сваім прасіў, каб сыны Ізраіля ўзялі з сабою косьці яго, калі Бог вывядзе іх з Эгіпту. Памёр Язэп, маючы 110 гадоў ад роду.

Якаў быў апошнім вялікім прадстаўніком патрыархальнае эпохі. З ім на цэлыя стагодзьдзі спынілася ўсялякае безпасярэднае злучэньне з Богам: ня было болей ні адкравеньня, ні зданьняў, ні прароцтва, праз якія выяўлялася воля Божая абранаму народу. Адзінаю крыніцаю богапазнаньня заставалася паданьне бацькоў, якога яны бяссумліўна і трымаліся. З усіх каленаў Ізраільскіх калена Левііна адрозьнівалася асаблівай адданасьцю бацькоўскім паданьням і моцна захоўвала веру у Бога, дзеля чаго і зрабілася з часам прыладаю Промыслу Божага у справе вызваленьня і адраджэньня народу.

§ 28. Стан яўрэяў у Эгіпце па сьмерці Язэпа.

Па сьмерці Язэпа, сям'я Якава нязвычайна размножылася. Утварыўся цэлы народ, які называўся Ізраільскім, ад імя патрыарха Ізраіля, ці Яўрэйскім, ад імя патрыарха Эвэра. Па ліку 12 сыноў Якава, гэты народ падзяляўся на 12 плямёнаў ці каленаў, якія захоўвалі сувязь між сабою. Кожнае калена выбірала сабе прадстаўніка ці старэйшыну. У выпадку якіх-небудзь, асабліва важных для ўсяго народу здарэньняў, старэйшыны ўсіх каленаў зьбіраліся для агульнага абгавараваньня і вырашэньня справы. Жылі яўрэі ў шатрох і займаліся гадоўляй жывёлы, чым эгіццяне пагарджалі. Яўрэі мелі свае сьвяты, свае звычаі; верылі ў Адзінага праўдзівага Бога. Спачатку яўрэі чужаліся згіпцянаў, але з працягам часу ўвайшлі з імі ў цесныя суадносіны, запазычылі шмат паганскіх звычаяў, паддаліся распусьце, пагналіся за карысным набыткам і пачалі нават прыносіць ахвяры сьвяшчэнным жывёлам эгіпцянаў: быку, кракадзілу, кошцы. За гэта Гасподзь пакараў іх праз тыхжа эгіпцянаў, ад якіх наўчыліся распусты. Фараоны пачалі баяцца, што яўрэі ўвойдуць у зносіны з суседнімі пастухоўскімі народамі Азіі і перамогуць самых эгіпцянаў. Дзеля гэтага яны пачалі жорстка ўціскаць іх. Да іх былі прыстаўлены асобныя начальнікі ці дагледачы з эгіпцянаў, якія пачалі пасылаць яўрэяў на будову новых крэпасьцяў, каналаў, храмаў, прычым прымушвалі іх высякаць вялізныя каменьні ў каменяломнях, рабіць цэглу, мясіць гліну і вапну, паднімаць воду з ракі. Працаю яўрэяў было у гэты час выбудавана ў Эгіпце шмат гарадоў. Ня гледзячы на такі ўціск, яўрэйскі народ усё болей і болей размножваўся. Тады фараон, каб спыніць размнажэньне, выдаў павівальным бабкам загад марыць усіх хлопчыкаў, якія будуць нараджацца ў яўрэяў. Але бабкі ня споўнілі гэтага загаду, і Бог багаславіў іх за гэта шчасьцем хатнім. Нарэшце, фараон загадаў кожнага нованароджанага сына ў яўрэяў кідаць у раку. Яўрэі пакаяліся ў сваіх грахох і зьвярнуліся да Бога за помачай. Бог прыхіліўся да іх малітваў і паслаў ім збавіцеля Майсея.

29. Многапакутны Іоў.

Хаця праўдзівая вера у Бога захавалася ў аднаго абранага народу яўрэйскага, аднак і сярод паганцаў сустракаліся час-ад-часу справядлівыя і пабожныя людзі, якія пакланяліся Адзінаму Богу, стварыцелю і Прамысьліцелю сьвету. Адным з такіх быў Іоў, які жыў у зямлі Уц, у паўночнай Арабіі, каля часу Майсея. Жыцьцё яго апісваецца ў кнізе, якая ведама пад імем „Кнігі Іова".

Дабрабыт Іова. Іоў быў надта багаты чалавек; ён меў 3.000 вярблюдоў, 500 пар працоўных валоў, 7.000 авечак, 500 асьліцаў і т. п. Ён карыстаўся агульнаю пашанаю за сваю мудрасьць, справядлівасьць і дабрачыннасьць. Калі ён зьяўляўся у якім-колечы сабраньні, дык усе, нават старыя, паднімаліся у знак пашаны і змаўкалі і пасьля яго прамовы болей не разважалі. Ён быў бацькаю для бедных і клапаціўся аб удовах, сіротах і вандроўніках. Шчасьце панавала і ў сям'і Іова. У яго было 7 сыноў і 3 дачкі. Усе яны дружна й згодна жылі паміж сабою.

Ліха на Іова. Дык вось пасыпалася на Іова ўсялякае ліха. Дзьябал стаў перад тронам Божым і абмаўляў праведніка, што ён пабожны толькі дзякуючы таму, што ба гаты і мае ўсялякае дабро зямное. Каб зьняславіць абмоўцу за яго брахню і яшчэ болей спробай узмацаваць веру Іова, Бог дапусьціў дзьябла адняць у Іова ўсё дабро яго, апрача здароўя. Вястуны адзін за адным абвясьцілі Іову, што разбойнікі напалі на яго статкі валоў і асьліцаў і пагналі іх да сябе; ― што агонь Божы ўпаў з неба і спаліў усю дробную скаціну і пастухоў; ― што Халдзеі забралі ўсіх яго вярблюдоў, а слугаў пазабівалі. Чацьвёрты вястун прынёс самую жахлівую вестку, што гураган зруйнаваў хату, у якой банкетавалі дзеці Іова, і ўсе яны згінулі. Усё гэта выслухаў Іоў, але у яго ня вырвалася а ніводнага слова нараканьня на Бога. У знак засмучаньня ён, як таго вымагаў звычай, астрыг сабе галаву і парваў сваё адзеньне. Пасьля таго Іоў упаў на калены, пакланіўся Богу і сказаў: „нагі я радзіўся, нагім і вярнуся ў зямлю. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў. Так было дагодна Яму, і хай будзе багаславёна імя Яго".

Новая ліха звалілася на Іова. Па дапушчэньню Божаму, дзьябал наслаў на Іова страшную праказу з галавы да ног. Гэта была надта цяжкая і балючая хвароба, да таго й заразьлівая. Каб засьцерагчы здаровых ад заражэньня, хворых праказаю выдалялі з гораду. Так было і з Іовам, ня гледзячы на агульную пашану да яго. Няшчасны, пакінуты ўсімі, сядзеў Іоў на кучы попелу за горадам і чарапком саскробваў струпы са сваіх ран. Ад іх ішоў такі агідны пах, што ніхто ня мог блізка падыйсьці да яго. Але і ў гэткай нядолі Іоў не пачаў наракаць на Бога.

Спакуса праз жонку і сяброў. Па намове дзьябла, прыходзіць да Іова жонка яго і радзіць яму сказаць некае слова да Бога, г. ё., ганіць Бога, і Ён пакарае цябе сьмерцяй". Але Іоў адказаў ёй: "ты гаворыш, як шалёная. Хіба мы толькі добрае будзем прымаць ад Бога, а ліхога ня будзем прымаць"? Таксама не знайшоў Іоў падтрыманьня і ў самых блізкіх сяброў сваіх, якія прыйшлі наведацца да яго. Убачыўшы Іова, не адважваючыся блізка падыйсьці да яго, яны аж ускрыкнулі ад жаху, парвалі верхняе адзеньне сваё і пасыпалі попелам галовы свае. Сем дзён і сем ночаў прасядзелі яны насупроць яго і ніхто не сказаў яму нават слова, каб усьцешыць яго. Сэрца Іова напоўнілася найвялікшаю тугою, і ён першы перарваў нуднае маўчаньне, выклікнуўшы: "хай згіне дзень, калі радзіўся"! Гэта ня быў выкрык роспачы, або стогн маракаваньня ці нараканьня на Бога. Пакута яго перайшла ўсякую меру. Самыя сябры яго, замест таго, каб усьцешыць, супакоіць яго, пачалі яго асуджваць, быццам ёсьць у яго нейкія цяжкія, патаемныя грахі, за якія Бог яго пакараў і у якіх ён павінен пакаяцца. Іоў, моцны ў веры і ведаючы сваю бязьвіннасьць, адкідвае абвінавачваньне ў няпослуху Богу, дзеля таго, што ён ніколі не забываў свайго Стварыцеля і выразіў нязрушную веру ў прыход Збавіцеля і ўваскрасеньне мёртвых: "я ведаю, Збавіцель мой жывы і Ён у апошні дзень адродзіць з праху скуру маю гэтую, што вось распадаецца, і я у целе маім угледжу Бога. Я ўгледжу Яго сам: мае вочы, ня вочы каго іншага, убачаць Яго". У гэты самы час штосьці дзіўнае стала утварацца ў прыродзе: пачуўся грукат грому, зазьяла маланка. Нарэшце, у віхры зьявіўся сам Гасподзь. Ён выказаў Свой гнеў на сяброў Іова за іх няправільнае суджэньне і жаданьне пранікнуць у няўцямныя шляхі Ўсемагутнага Бога. Толькі па малітве Іова, Бог выбачыў сябром яго. Пасьля гэтага скончылася спакуса Іова.

Зварот Іову даўнейшага шчасьця. За сваю пакору, за сваю безнаракальную адданасьць волі Божай, праведны і многапакутны Іоў быў удастоены асобнай міласьці Божай. Ён хутка паздаравеў. Сваякі і знаёмыя, даведаўшыся аб гэтым, прыйшлі прывітаць яго, і кожны прынёс яму гасьцінец. Іоў ізноў пачаў працаваць і, з помачай Божай, набыў сабе больш таго, што згубіў. Статкі яго памножыліся ўдвая супроць ранейшага: у яго было цяпер 14.000 авечак, 6.000 вярблюдоў, 1.000 пар валоў. Ізноў нарадзілася ў яго 7 сыноў і з дачкі. І быў Іоў ізноў шчасьлівы, і йзноў вярнулася пашана і любоў да яго ― ўсіх, хто ведаў яго. Па выздараўленьні ад хваробы, ён пражыў яшчэ 140 гадоў, бачыў сваё патомства да чацьвёртага роду і памёр у глыбокай старасьці.

Гісторыя многапакутнага Іова паказвае нам, што Гасподзь іншы раз пасылае спакусу і праведнікам, каб узмацаваць іх веру, і ўдвая нагараджае іх пасьля за ўсё, згубленае імі[12].

III. Гісторыя царквы ад Майсея да цара Саула[правіць]

ІІІ

Гісторыя царквы ад Майсея да цара Саула

(1516―1100 г. г. да хр. Hар.).

§ 30. Нараджэньне і ўзгадаваньне Майсея. Уцёк яго з Эгіпту.

Дзеля збавеньня яўрэйскага народу ад няволі ў Эгіпце Бог даў Майсея.

Майсей паходзіў з калена Левія; быў нязвычайна прыгожым дзіцянём. Згодна з царскім загадам, матка нованароджанага яўрэйскага дзяцёнка павінна была кінуць яго ў раку. Але, каб выратаваць яго, яна хавала яго ў працягу трох месяцаў. Нарэшце, хаваць далей было немагчыма. Яна рашыла аддаць яго на волю Божую: узяла, палажыла яго у асмолены кошык і паставіла чарот каля берагу ракі, а сваёй дачцы Марыамі загадала схавацца і наглядаць здалёк за дзяцёнкам. Тымчасам здарылася так, што на гэтае месца прышла купацца дачка фараонава. Пачуўшы плач дзіцянятка, яна паслала прыслужніцу ўзяць яго. Царэўна зьлітавалася над ім і загадала ўзяць яго ў палац. У гэту самую мінуту падыйшла Марыам і сказала: "ці не паклікаць табе мамку"? Калі тая згадзілася, Марыам прывяла да яе сваю матку Іохавэд. Ӏохавэд пачала ўзгадоўваць сваё-жа дзіця. Калі дзяцёнак падрос, Іохавэд прынясла яго да дачкі фараона, якая ўсынавіла яго і дала яму імя Майсей", што значыць "узяты з вады".

Майсей узгадоўваўся ў палацы фараона, як царскі сын, і адтрымаў вышэйшую для таго часу адукацыю. Эгіпцяне вывучвалі тады арытмэтыку, гэомэтрыю, астраномію, мэдыцыну, права, літаратуру, музыку і рысаваньне. Трэба думаць, і Майсей вучыўся усіх гэтых навук. Да 40 гадоў пражыў ён у палацы фараона, карыстаючыся багацьцем. і пашанаю. Яму вызначалася вялікая кар'ера. Фараон нават хацеў выдаць за яго сваю дачку, але Майсей адмовіўся ад гэтага гонару. Дзякуючы ўплывам свае маці, Майсей захаваў веру бацькоў сваіх і, хаця жыў у раскошы і багацьці, але не парваў сувязі з сваім народам. Ен шчыра спагадаў пакуце яўрэяў, але ня меў магчымасьці хоць-бы што-колечы зрабіць дзеля збавеньня іх ад нясьцерпнага ўціску. Аднаго разу Майсей убачыў, што згіпцянін страшэнна ць яўрэя за тое, што ён, па слабасьці здароўя, ня споўніў усяе прызначанае яму працы. Майсей уступіўся за аднапляменьніка і ў палкасьці забіў страшнага мучыцеля. Гэта бачылі другія згіпцяне і данясьлі Фараону. Паводле згіпцянскіх законаў, за забойства чалавека прызначалася кара сьмерці. Майсею нельга было заставацца ў Эгіпце і ён выдаліўся ў зямлю Мадыямскую (Сінайскі паўвостраў), дзе жыў родны яўрэям народ, які паходзіў ад Абраама праз Хэттуру. Тутака яму аказалі сяброўскае спатканьне у мадыямскага сьвяшчэньніка Іофора, дочкам якога, калі яны пасьвілі скаціну, Майсей зрабіў паслугу. З адною з іх, на імя Сэлфора, Майсей нават хутка ажаніўся. Ад гэтага шлюбу ў яго былі дзеці. 40 гадоў пражыў. Майсей у цесьця свайго, пасучы яго статкі. Здавалася, ён зусім забыўся аб сваім народзе, які таміўся ў цяжкай няволі у Эгіпцянаў. Але ў запраўднасьці, усімі думкамі сваімі і пачуцьцём Майсей быў з ім, тым болей, што там, у Эгіпце, заставаліся яго матка, брат Аарон і сястра Марыам. Разважаючы аб долі свайго народу, Майсей не адзін раз, у адзіноце ўспамінаў вялікія абяцаньні, якія даў Бог Абрааму, Ісааку і Якаву ― што абраны народ займець зямлю ханаанскую, дзе будзе свабодным гаспадаром свае долі, і значыць ― рана ці позна будзе вызвалены з рабства Эгіпэцкага. Сярод такіх разважаньняў, вандруючы са сваімі статкамі па неагляднай пустыні, ці не падрыхтоўваў сябе Майсей да ролі збавіцеля свайго народу? Аднак-жа пачаць працу дзеля зьдзейсненьня гэтых думак, ня маючы простага загаду Божага, Майсей не адважваўся.

§ 31. Прызваньне Майсея. Паварот Майсея ў Эгіпэт.

Аднаго разу Майсей пасьвіў свой статак недалёчка ад гары Харыву й угледзіў нешта дзіўнае: цярнёвы куст, увесь агорнуты полымем, гарыць і не згарае. Майсей пачаў падходзіць бліжэй, каб разглядзець гэтую зьяву, як раптам пачуўся голас з куста: "Майсей, зьнімі абуцьце тваё; месца, на якім ты стаіш - зямля сьвятая". Майсей скінуў сандалы і багавейліва падайшоў да месца зьяўленьня Божага[13]. Гасподзь сказаў яму: "Я ― Бог бацькі твайго, Бог Абраама, Ісаака й Якава. Я бачыў пакуту народу майго ў Эгіпце, і йду збавіць яго ад рукі Эгіпцянаў і вывесьці яго з гэтае зямлі ў зямлю ханаанскую. Дык ідзі да фараона й вывядзі з Эгіпту народ мой". ― Майсей адказаў на гэта Госпаду: "хто я, каб ісьці мне да фараона і вывясьці сыноў ізраілевых?“ ― Гасподзь сказаў яму: "Я буду з табою; і ось табе знак, што я паслаў цябе, калі ты вывядзеш народ Мой, вы споўніце службу Божую на гэтай гары". ― На пытаньне Майсея, як адказаць, калі яўрэі запытаюць імя паслаўшага, Бог сказаў: „Я Істны (Іегова). Так і скажы: Істны паслаў мяне да вас". Майсей трэці раз адказаў: "а калі не павераць мне і скажуць, не зьявіўся да цябе Гасподзь, дык што сказаць ім?" ― „Што гэта ў цябе ў руцэ?“ ― запытаўся Гасцодзь. "Посах", ― адказаў Майсей. Гасподзь сказаў: „Кінь яго на зямлю". Калі Майсей кінуў посах, дык той абярнуўся ў зьмяю і Майсей пабег ад яе. Але Бог загадаў Майсею узяць зьмяю за хвост. Калі Майсей зрабіў гэта, дык у руцэ яго быў посах. Таксама Бог даў Майсею і другі знак: калі Майсей палажыў за пазуху руку сваю і пасьля выняў яе, то рука пабялела ад праказы, як сьнег. Калі йзноў, па загаду Божаму, Майсей палажыў яе за пазуху, дык рука яго зрабілася здароваю, як раней была. „Калі ― сказаў далей Бог ― не павераць і гэтым двом знаком, то вазьмі вады з ракі і вылі на зямлю; і вада зробіцца крывёю зямлі". Майсей чацьвёрты раз пачаў адмаўляцца: "о, Госпадзі, я чалавек не красамоўны, заіклівы". Але Гасподзь адказаў яму: „хто даў чалавеку вусны? Ці ня Я? Ідзі. Я адкрыю вусны твае і навучу цябе, што табе гаварыць". Майсей рашуча адмовіўся (пяты раз): „Госпадзі, пашлі каго іншага, каго можаш паслаць". Тады Гасподзь з гневам сказаў яму: "да цябе выйдзе на спатканьне брат твой Аарон. Ты будзеш перадаваць яму словы Мае, а ён будзе гаварыць народу замест цябе. І так, ён будзе тваімі вуснамі, а ты будзеш яму замест Бога. Посах гэты вазьмі ў руку тваю; праз яго ты будзеш тварыць цудоўнае". Тады Майсей пакарыўся волі Божай і пайшоў у Эгіпэт, на берагі Нілу, тым балей тамака памерлі "ўсе, хто шукаў душы яго".

§ 32. Майсей і Аарон перад фараонам.

Калі Майсей ішоу у Эгіпэт, дарогаю сустрэўся з братам сваім Ааронам, які, па наданьню Божаму, выйшаў на спатканьне яму. Майсей расказаў яму аб сваім прызваньні. Прыйшоўшы ў Эгіпэт, яны сабралі старшыняў яўрэйскіх, пераказалі ім усе словы Божыя і, у доказ іх праўдзівасьці, зрабілі перад імі цуды. Цераз старшыняў хутка увесь народ даведаўся аб надходзіўшым збавеньні і падзякаваў Госпаду.

Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і ў імя Іеговы, Бога Ізраілева, прасілі яго адпусьціць народ у пустыню на тры дні дзеля прынясеньня ахвяры Богу. Фараон груба сказаў: „хто такі Іегова, каб я паслухаўся Яго? Я ня ведаю Іеговы і не адпушчу Ізраіля. Ідзеце на свае работы". Пасьля, раззлаваўшыся, ён загадаў прызначыць яўрэям больш працы, каб не займаліся пустымі прамовамі. Загад фараона быў выпаўнены: дагледачы перасталі выдаваць яўрэям гатовую салому для вырабу цэглы, і яны павінны былі зьбіраць для сябе на палёх салому (ў Эгіпце у часе жніва сярпом адцінаюць толькі самы колас, а салома застаецца; пасьля ёю карыстаюцца для апалу ці пры абпальваньні цэглы). Яўрэям стала яшчэ цяжэй, бо колькасьць цэглы, якую штодня павінны былі вырабляць, не паменшылася. Народ пачаў наракаць на Майсея. Тады Майсей з Ааронам другі раз зьявіўся да фараона і рашуча патрэбаваў адпусьціць народ. Каб фараон пераканаўся, што сам Бог вымагае гэтага, Аарон кінуў перад ім свой посах на зямлю і посах абярнуўся зьмяю. Фараон паклікаў мудрацоў эгіпэцкіх і яны сваімі чарамі зрабілі тое самае са сваімі посахамі. Але посах Аарона паглынуу іх посахі. Ня гледзячы на гэты цуд, фараон нават не хацеў і чуць аб тым, каб адпусьціць народ.

§ 33. Казьні Эгіпэцкія.

Пасьля адмовы фараона, Гасподзь пакараў эгіпцянаў цэлым радам казьняў; іх было дзесяць. Казьні гэтыя пашыраліся толькі на тыя месцы, дзе жылі эгіпцяны; зямлі Гэссэм яны не датыкаліся. Кожная казьнь пачыналася і канчалася па малітве Майсея. Ось гэтыя казьні: 1) вада ўва ўсім Эгіпце абярнулася у кроў; згіпцяны павінны былі як найхутчэй капаць новыя крыніцы, каб не загінуць ад смагі; 2) зьявілася мноства жабаў, якія напоўнілі нават хаты і пасьцелі згіпцянаў, што было запраўдным ліхам для такога брыдлівага і чыстаплотнага народу, як згіпцяны; 3) паветра напоўнілася машкарой і кузуркамі, якія ня толькі дакучалі, але і выклікалі сваімі укусамі немалыя мукі як у людзей, так і у жывёлы; 4) песьі мухі ― атрутныя кузуркі ― хмарамі пачалі насіцца у паветры і былі праўдзівым пакараньнем для усіх жывых істотаў; 5) маравая язва зводзіла ўсю хатнюю скаціну эгіпцянаў; 6) людзі і жывёлы пачалі хварэць запаленьнем і нарывамі, дзякуючы балячцы, якая сталася пасьля кінутага Майсеем попелу; 7) страшная бура з градам спусташыла ўсе палі эгіпцянаў; 8) зьявілася ў нязьлічаным мностве саранча, якая зьнішчыла ўсю расьліннасьць; увесь край абярнуўся ў бясплодную пустыню; 9) густая цемра ў працягу трох дзён пакрывала увесь край, дык людзі не маглі бачыць адзін аднаго і павінен быў спыніцца ўсялякі рух і дзеяльнасьць.

Які толькі пачыналася якая-небудзь казнь, дык фараон даваў Майсею абяцаньне адпусьціць яўрэяў, але казнь спынялася і фараон адмаўляўся споўніць свае абяцаньне. Жрэцы, якія яго акружалі, пасьпелі ўпэўніць яго, што ўсе гэныя бядоты ― звычайныя зьявы прыроды, і дзеля гэтага гаспадарства ня можа пазбавіцца той многалікай працоўнай сілы, якую прадстаўлялі сабою яўрэі для Эгіпту. Але чутны былі й разважныя галасы некаторых вышэйшых урадоўцаў фараонавых, якія намаўлялі яго ўступіць вымаганьням Майсея, бо іначай Эгіпэт згіне. І Фараон запраўды пачынае схіляцца на карысьць Майсею. Спачатку ён дазволіў ізраільцянам прынясьці ахвяру Богу ў пустыні, але толькі недалёчка ад Эгінту; пасьля згадзіўся, каб яны йшлі ў пустыню, пакінуўшы ўдому жонак і дзяцей; нарэшце дазволіў ім узяць з сабою кожнаму сям'ю сваю, але пакінуць усю скаціну, як-бы ў заклад таго, што яны вернуцца з пустыні. Але Майсей адкінуў усе гэтыя ўмовы, сказаўшы, што ён патрабуе адпусьціць усіх наагул ізраільцянаў са усёю іх маемасьцяй і статкамі, нічога някажучы ўжо аб часовасьці падарожы. Тады фараон ― гэта было пасьля дзевятае казьні ― проста ня стаў слухаць Майсея і прагнаў яго ад сябе, сказаўшы, што калі той хоць яшчэ раз стане перад ім, то адтрымае прысуд сьмерці.

§ 34. Пасха й выхад яўрэяў з Эгіпту.

(1496 г. да Хр. Hар.).

Дзеля ўпартасьці фараона, Гасподзь, рашыўшы пакараць згіпцянаў апошняю казьняю, загадаў цераз Майсея ізраільцянам: у 10-ы дзень першага веснавога месяца Нісана (з 12 сакавіка па 10-ае красавіка) аддзяліць з статку для кожнай яўрэйскай сям'і аднагадовае ягня, мужчынскага роду, без усялякага цялеснага папсаваньня, а ў 14-ы дзень увечары закалоць яго, памазаўшы крывёю вушакі і дзьверы хат сваіх, сьпячы на вагні і зьесьці з прэсным хлебам і горкімі травамі, ня крышачы касьцей яго; есьці ягня трэба было з пасьпешнасьцю, падпаясаўшыся, з посахамі ў руках, у сандалах, з торбамі за плячыма, зусім гатовымі ў дарогу. "Гэта ― Пасха Гасподня", — сказаў Бог Майсею. ― "Я пайду ўночы па Эгіпту і паражу ўсякага першака ў зямлі Эгіпэцкай ад чалавена да сваціны. І будзе ў вас кроў знакам на хатах. Дзень гэты сьвяткуйце ўва ўсе роды вашыя. Сем дзён ешце прэсны хлеб і ў гэтыя дні зьніштожце кіслае у хатах вашых".

Ізраільцяны споўнілі ўсё, як загадаў ім Гасподзь. Народ быў гатовы рушыцца ў дарогу. Уночы на 15 дзень Нісана "Ангел Гасподзень паразіў усіх першакоў эгіпэцкіх ад першака фараонавага да першака вязьня ў вастрозе, і ўсё першароднае з Эгіпту" (дзесятая казьнь). Страшнае было прабуджэньне згіпцянаў пасьля гэтае прызначанае ночы! Плач падняўся па ўсім Эгіпце. Гэтага удару ня вытрымала пыха фараона. Ён яшчэ ўночы прызваў Майсея й Аарона і з роспаччу сказаў ім: "устаньце, выходзьце з асяродзьдзя народу майго, вазьмеце усё, ідзеце, і багаславеце мяне". Эгіпцяны да таго падганялі яўрэяў, што яны не пасьпелі нат сьпячы хлеба на дарогу, панясьлі цеста ў дзежах і ужо па дарозе напяклі праснакоў. Адходзячы яўрэі прасілі у згіпцянаў золата й серабра, розных рэчаў і адзеньня. Тыя з ахвотаю аддалі ім усё, чаго яўрэі прасілі, каб толькі хутчэй выдаліліся. Майсей, успомніўшы тэстамэнт Язэпа, узяў з сабою косьці яго.

Калі ўсе было гатова, народ рушыў у дарогу са ўсёю маемасьцю сваёю, са усімі статкамі сваімі. Ішоў ён пад сьцягамі сваіх старшыняў, якія самі адтрымлівалі ўсе распараджэньні ад галоўнага правадыра і збавіцеля народу ― Майсея.

Усіх яўрэяў выйшла з Эгіпту каля 600.000 чалавек, мужчынскага роду, ня лічачы дзяцей.

Пасха. На памяць аб збавеньні з рабства эгіпэцкага, Яўрэі, па загаду Божаму, дасюль сьвяткуюць Пасху, а ў падзяку за захаваньне першакоў яўрэйскіх было пастаноўлена, каб кожны пяршак мужчынскага роду, ад чалавека да скаціны, быў прысьвячаны ці ахвярованы Богу[14].

§ 35. Пераход яўрэяў цераз Чырвонае мора.

Майсей, па загаду Божаму, павёў яўрэяў пустыняй да Чырвонага мора. Удзень ім дзіўна паказваў дарогу і час адпачынку хмарны стоўп, а ўночы ― агнявы, які адначасна й асьвятляў дарогу. Ідучы за стоўпам, яўрэі прыйшлі да Чырвонага мора і тутака раскінуліся лягерам.

Тымчасам 'гіпцяны пачалі шкадаваць, што адпусьцілі яўрэяў ― такое мноства дармавых працаўнікоў. Быў выданы загад ― безадкладна пусьціцца ў пагоню, каб вярнуць іх. Сам фараон стаў на чале войска, якое складалася з 600 калясьніцаў і коньніцы. Спалохаліся яўрэі, калі убачылі пагоню, але замест таго, каб прасіць у Бога помачы, пачалі наракаць на Майсея, нашто ён вывяў іх з Эгіпту: „ці няма трунаў у Эгіпце, што ты прывёў нас паміраць у пустыні?" Майсей падбодраваў іх, кажучы: "ня бойцеся, стойце і ўбачыце збавеньне ад Бога", а сам у глыбі душы узносіў моцную малітву да Бога. Бог прыхіліўся да малітвы Майсея і загадаў яму ўдарыць па вадзе сваім посахам. У той-жа час хмарны стоп стаў паміж яўрэямі й эгіпцянамі і быў для першых сьвятлом, для другіх ― цемрай. Калі Майсей працягнуў на мора свой посах, дык сільны ўсходні вецер пагнаў марскія хвалі: вада расступілася і агалілася сухое дно. І пашлі сыны Ізраіля пасярод мора па сухаземьмю; вада стаяла сьцяной па адным і па другім баку. Эгіпцяны, чуючы рух у лягеры яўрэйскім і ашуканыя цемрай, пагналіся за адходзіўшымі па тым самым дне марскім. Калі яны былі на сярэдзіне мора, а апошнія рады яўрэяў ужо на другім беразе, дык Майсей ізноў працягнуў руку сваю на мора, і вада вярнулася на сваё месца, пакрыўшы ўсе калясьніцы і ўсё войска фараонава. Эгіпцяны згінулі ўсе да аднаго. Пасьля гэтага ізраільцяны сьпяялі Госпаду пабедную і удзячную песьню. Гэта быў самы шчасьлівы дзень ува усёй гісторыі яўрэйскага народу, бо гэты дзень прынёс народу доўгачаканую волю.

§ 36. Вандраваньне яўрэяў па пустыні да Сінаю.

Дарога яўрэяў ад чырвонага мора да гары Сінаю йшла па дзікай, бясплоднай пустыні, ― той самай, дзе 40 гадоў пасьвіў статкі свайго цесьця Майсей. Тры дні йшлі яўрэі па пустыні і не спатыкалі вады, а запасы, якія былі, ўсе выйшлі. Нарэшце, дайшлі да крыніцы пад назовам Мэрра. З прагавітасьцю кінуліся яўрэі да вады, але яе нельга было піць: такая яна была горкая. Яўрэі пачалі наракаць на Майсея. Па загаду Божаму, Майсей кінуў дзерава ў ваду і яна адразу зрабілася прыемнаю на смак. Прастаяўшы тутака некаторы час, яўрэі рушыліся далей. Увайшлі ў пустыню Сін. Там адкрыліся новыя перашкоды вандраваньня: пачалі выходзіць запасы хлеба, якія былі Ўзяты з Эгіпту. Купіць ня было дзе. Пагражаў голад. Успомнілі тады яўрэі сваё жыцьцё ў Эгіпце, дзе хлеба й мяса было даволі, і пашкадавалі, што пайшлі гінуць ад голаду ў гэтай дзікай пустыні. Няўдзячны і грубы народ, які вякамі адтрымліваў гатовы хлеб з рук сваіх паноў ці ўладароў, не хацеў ведаць, што свабода дарма не даецца, што яна патрабуе мужства і вытрыманасьці, і заўсёды неразлучна са спробаю і бядотамі. Майсей зьвярнуўся з малітваю аб помачы да Бога. Увечары таго дня ўся мясцовасьць каля лягеру пакрылася зграямі перапёлак, а раніцаю наступнага дня ― нейкімі белымі крупінкамі. Яўрэі з неўразуменьнем пыталіся адзін у аднаго, што гэта такое? Майсей адказаў ім: „гэта ― хлеб, які Гасподзь даў вам для яды". Яны назвалі гэты хлеб „маннаю"[15]. Манна ад гэтага часу служыла яўрэям штодзенным хлебам да самага ўваходу у зямлю абяцаную. Манна выпадала кожны дзень, апрача суботы, раніцай. Удзень яе нельга было знайсьці: яна растаплялася ад праменьняў сонца. Быў загад зьбіраць манну у колькасьці не балей, як патрэбна на адзін дзень. Напярэдадні суботы манна выпадала ў падвойнай колькасьці, каб яўрэі маглі зрабіць запас яе на два дні. Яе можна было малоць, таўчы і варыць. На ўспамін аб гэтым цудоўным хлебе, адна мера манны была з часам уложана у асобную залатую судзіну, якая захоўвалася у Каўчэзе Завету (Ў Скініі).

З пустыні Сін Майсей павёў яўрэяў далей і прывёў зноў у бязводную мясцовасьць недалёка ад гары Харыву. Зьнемагаючы ад смагі, яўрэі пачалі наракаць на Майсея. Была небясьпека для самага жыцьця яго. Тады Майсей зьвярнуўся з малітваю да Бога. Па загаду Божаму, Майсей узяў некаторых з старшыняў, падыйшоў да аднае скалы гары Харыву, ударыў па ёй сваім посахам, і з скалы пацякла вада. Бачачы гэты чуд, народ заспакоіўся.

Але яўрэям прыходзілася змагацца ня толькі з цягатамі дарогі і натуральнымі нястачамі ў пустыні. Была вялікая небясьпека і з боку варожых плямёнаў, насяляўшых гэты край. Так, на яўрэйскі лягер напалі амалікіцяны і ўступілі з яўрэямі ў бой. Майсей выслаў супроць амалікіцянау Ісуса Навіна з ваякамі, а сам з Аронам пайшоў на гару і тамака маліўся, падняўшы рукі свае да неба. І было зауважана: калі Майсей трымаў свае рукі паднятымі, перамагалі яўрэі, калі апускаў, перамагалі амалікіцяны. Каб даць перамогу яўрэям, Аарон і Ор высунулі камень, на які Майсей абапёрся, а самі, стаўшы па бакох яго, падтрымлівалі працягнутыя і скрыжованыя рукі яго. Перамога засталася на старане яўрэяў.

Так дзіўна прамысьляу Бог аб сваім народзе ў пустыні; даваў яму яду і пітво і памагаў у барацьбе з ворагамі. Апрача таго, праз усю падарожу, адзеньне яўрэяў не старэла і ногі ня пухлі.

Хутка пасьля перамогі над амалікіцянамі да Майсея прыйшоў цесьць яго афор, таксама жонка Майсеева з двума сынамі. Гэта было радаснае спатканьне. Была прынесена удзячная ахвяра Богу і ўладжана частаваньне. Трохі пагасьціўшы, афор вярнуўся да сваіх статкаў, а жонка і дзеці Майсея засталіся пры ім.

Між іншым Іафор парадзіў Майсею для разьвязаньня судовых справаў паставіць асобных начальнікаў на кожных 10, 50, 100 і 1000 чалавек (дасюль усе гэныя справы разьвязваў сам Майсей). Ен так і зрабіў. Увесь народ быў падзелены на часьці; кожная мела свайго судзьдзю. Толькі найважнейшыя справы прадстаўляліся на суд самога Майсея, які, такім чынам, меў магчымасьць прысьвяціць сябе вышэйшым інтарэсам свайго народу.

§ 37. У гары Сінайскай. Дараваньне 10 прыказаньняў. Завет Бога з яўрэйскім народам.

У пачатку трэцяга месяца пасьля выхаду з Эгіпту, прайшоўшы больш як 250 вёрст, яўрэі падыйшлі да гары Сінай. Тут Майсей ад імя Божага абвясьціў народу аб гэткім дараваньні прыказаньняў: „калі вы ― сказаў Бог ― будзеце слухацца мяне, то я выдзялю вас з усіх народаў і будзеце у Мяне царствам сьвяшчэньнікаў, сьвятым народам". Народ малітваю і постам пачаў рыхтаваць сябе да таго, каб выслухаць волю Божую. І вось ― гэта было у 50-ты дзень па выхадзе з Эгіпту ― раптам густы вобалак пакрыў верхавіну гары, зазьяла маланка, пачуўся гром і гук трубы. Народ увесь задрыжаў. Па загаду Божаму, Майсей з Ааронам вывялі народ з лягеру і паставілі яго бліжэй да гары, азначыўшы граніцу, якую, пад страхам сьмерці, забаранілі пераступаць. Майсей з Ааронам узыйшлі на гару. Яна відочна хісталася і траслася. Трубны гук рабіўся ўсё мацнейшым. Нарэшце, сярод грукату грому і маланкі, пачуўся голас. Гэта Гасподзь вымаўляў народу тыя 10 прыказаньняў, якія павінны былі легчы у аснову жыцьця яўрэйскага народу, якія нават да сёньняшняга дня зьяўляюцца меркаю жыцьця і моральнасьці ўсякага чалавека. Ось гэтыя прыказаньні:

1) Я ― Гасподзь Бог твой, хай ня будзе ў цябе іншых багоў, апрача Мяне.

2) Не ствары сабе куміра і ўсялякай падобнасьці ні таго, што высока на небе і нізка на зямлі, ні таго, што ў вадзе пад зямлёю, ― не пакланяйся ім і ня служы ім.

3) Ня ужывай Імя Госпада Бога твайго дарэмна.

4) Памятай дзень суботні, каб сьвяткаваць яго; шэсьць дзён працуй і споўніш у іх усе справы твае; у Дзень-жа сёмы субота Госпаду Богу твайму.

5) Паважай бацьку твайго і маці тваю, каб добра табе было і каб доўгалецьце меў на зямлі.

6) Не забівай.

7) Не чужалож.

8) Не крадзі.

9) Ня сьведчы непраўдзіва на друга твайго.

10) Не пажадай жонкі друга твайго, не пажадай дому бліжняга твайго, ні сяла яго, ні раба яго, ні рабыні яго, ні вала яго, ні асла яго, ні усякай скаціны яго, ні ўсяго, што ёсьць у бліжняга твайго.

Закон, які зьмяшчаецца ў гэтых прыказаньнях, прызначаўся не для аднаго толькі яўрэйскага народу, але для ўсяго чалавецтва. Апрача яўрэяў, тады ня было на зямлі народу, які захаваў-бы праўдзівую веру ў Бога. Панавала усюды паганства. Кожны чалавек думаў толькі аб сабе, аб сваім шчасьці і дабрабыце; ― адсюль разьвіліся: самавольства, роскаш, распуста адных, няволя, бяспраўе, уціск другіх. Крадзеж, крывапрысяжнасьць, блудніцтва былі самай звычайнай зьявай жыцьця. Жыцьцё чалавека ставілася нівошта. У сям'і ня было паважаньня дзяцей да бацькоў, і наагул паважаньня правоў і асобы чалавека. ― Сярод гэтай ночы ў суадносінах людзей паміж сабой Закон Майсея зьявіўся запраўдным променем, які асьвятляў жыцьцё і ўстрымліваў чалавецтва ад поўнай і аканчальнай гібелі.

Майсей ― пасярэднік між Богам і народам. Прароцтва аб Мэсіі. Народ яўрэйскі са страхам слухаў Божыя прыказаньні. Ен мімаволі адступіў ад самае гары Сінайскае і стау недалёка. Калі голас змоўк, дык старшыні народныя пачалі прасіць Майсея быць пасярэднікам між Богам і народам, каб ім "ня умёрці“. Майсей падняўся йзноў на гару. Бог прыняў яго пасярэднікам між сабою і народам і сьцьвярдзіў даўнае Абяцаньне аб вялікім Прароку і Законадаўцы, Які на ўсе часы будзе Адзіным Пасярэднікам між Богам і людзьмі: „І ўлажу словы Мае ў вусны Яго і Ен будзе гаварыць ім усё, што Я загадаю Яму. А калі хто не паслухае словаў маіх, якія Прарок той будзе гаварыць Маім Імем, з таго Я спаганю". Пасьля гэтага Бог вымавіў прароку Майсею законы жыцьця рэлігійнага і грамадзкага, якія той пераказаў старшыням, а тыя народу. Народ сказаў: усё, што казаў Гасподзь, споўнім і будзем Яму заўсёды паслушнымі".

Уваход яўрэяў у завет з Богам. На другі дзень пасьля дараваньня законаў, Бог пажадау уступіць з усім яўрэйскім народам у завет, г. ё. дагавор. Бог абяцаў быць яго Богам, а ён прысягнуў спаўняць усе прыказаньні свайго Цара Нябеснага. У знак гэтага завету, Майсей на асобным ахвярніку, які быў складзены з 12 каменьняў, па ліку 12 каленаў ізраільскіх, прынёс ахвяру Богу, акрапіў народ крывёю ахвярных жывёлаў і голасна ўсім яшчэ раз прачытаў кнігу, у якую былі ўпісаны законы, дадзеныя Богам на Сінайскай гары. Народ ізноў пацьвярдзіў сваю гатоўнасьць спаўняць Божыя законы і пастанавіў назаўсёды сьвяткаваць гэты дзень ― Пяцьдзесятніцу.

Пасьля гэтага Майсей узяў Аарона, двох яго сыноў і 70 старшыняў і паказаў ім месца, дзе гаварыў з ім Бог. Яны ўбачылі нешта падобнае да работы з чыстага сапфіру і яснае, як неба.

§ 38. Нарушэньне Завету з Богам ― пакланеньне яўрэяў залатому цяляці. Аднаўленьне Завету.

Нядоўга яўрэі трымаліся свае прысягі ― спаўняць закон Божы.

Па загаду Божаму, Майсей узыйшоў на гару, уступіў У сярэдзіну воблака і там заставаўся 40 дзён і 40 ночаў. Гасподзь у гэты час даў Майсею падробныя паказаньні адносна будовы скініі, парадку багаслужэньня і ахвярапрынашэньняў. А каб народ ляпей захоўваў дадзеныя яму Божыя прыказаньні, Гасподзь дау Майсею дзьве каменныя табліцы (скрыжалі), на якіх перстам Божым напісаны былі 10 прыказаньняў. Што-ж рабіў народ у адсутнасьці Майсея? Думаючы, што Майсей згінуў, што ня будзе каму вясьці народ далей па пустыні, народ пачаў непакоіцца і, нарэшце, патрабаваў ад Аарона зрабіць вобраз Бога, які йшоў-бы перад ім. Аарон паслухаўся. Яўрэі ўзялі ў жонак сваіх залатыя завушніцы і прынясьлі Аарону. Аарон зрабіў з іх літае цялё. Гэта ня было уласна ідалапаклонства, а толькі народ хацеу багатварыць Іегову у якім-колечы пачуцьцёвым вобразе, да чаго прызвычаіўся ў Эгіпце, дзе быў культ сьвяшчэнных жывёлаў, як, напрыклад, быка, цяляці, кракадзіла і др. Калі народ убачыў цялё, дык выклікнуў: „ось бог, які вывяў нас з Эгіпту“, пачаў прыносіць яму ахвяры і, згодна з паганскім звычаем, "сеў есьці і піць, а пасьля пачаў гуляць“. Пайшла дзікая пацеха.

Пачуўшы шум у лягеры, Майсей пасьпяшыў сайсьці з гары. Калі ён убачыў залатое цялё і п'яную гульню каля яго, ён у страшным абурэньні кінуў ад сябе скрыжалі, якія нёс з гары і яны разьбіліся. Пасьля ўзяў цялё, спаліў яго на агні, загадаў змалоць яго ў парашок і высыпаць у ваду, якую пілі ізраільцяны: хай бачаць нікчэмнасьць свайго бога! Але гэтага было мала. Трэба было зьнішчыць правадыроў, якія мелі такі распусьлівы ўплыў на народ і высунуць найболей прыхільных да новага закону людзей, каб стаялі на варце запраўднай рэлігіі. Дзеля гэтага Майсей выклікнуў: "Хто Гасподзен, ідзі да мяне!" На яго заклік адклікнулася адно толькі калена Левія, найменшае лікам у народзе. Майсей загадаў ім прайсьці цераз увесь лягер і забіваць бяз літасьці ўсіх ідалапаклоньнікаў. Сыны Левія прайшлі па ім і "згінула ў той дзень з народу да 3000 чалавек".

Зьяўленьне Майсею славы Божай. На другі дзень Майсей сказаў народу: "вы дапусьцілі вялікі грэх, дзеля гэтага я узыйду да Бога, ці ня выбачыць Ён ваш грэх?" 40 дзён і 40 ночаў правёў Майсей на гары, просячы Бога, каб выбачыў Ён Свайму народу. А калі ня выбачыш яму ― маліўся Майсей, ― выкінь мяне з кнігі Твае!" (г. ё. пазбаў вечнага шчасьця). Іегова выбачыў народу і Аарону і абяцаў ізноў вясьці яўрэяў у зямлю абяцаную, хаця і сказаў, што ад гэтага часу ня Сам пайдзе перад ім, а пашлець Ангела свайго. У знак аднаўленьня нарушанага завету, былі зроблены новыя каменныя табліцы (скрыжалі) з выразанымі на іх 10 прыказаньнямі. У награду за яго самаахвярнасьць, Майсею была паказана слава Божая. Адбітак гэтае славы застаўся назасёўды на твары ў Майсея; ад яго пачалі выходзіць праменьні сьвятла, дзеля гэтага ніхто ня мог глядзець на яго і Майсей павінен быў насіць пакрыцьце, якое зьнімаў толькі тады, калі станавіўся перад Богам на малітву.

§ 39. Скінія Майсеева. Заснаваньне старазаветнае іерархіі. Багаслужэньне. Сьвяты.

Дзеля багаслужэньня Майсеем была пабудована скінія, або пераносны храм. Увесь матар ял для будовы скініі быў дастаўлены самаахвотнымі прынашэньнямі народу. Скінія складалася з дзьвёх частак: сьвяцілішча і сьвятое сьвятых. Яна была абкружана з усіх бакоў асобным дваром. Сьценамі, як вонкавымі, так і ўнутранымі служылі завесы, зробленыя з дарагое тканіны, якая бліскала яскравасьцю колераў. Дзе-ня-дзе па тканіне былі вышытыя золатам вобразы хэрувімаў. Цьвёрдыя часьці скініі ― стаўпы, брусы, жэрдкі ― былі зроблены з моцнага дзерава „сіттім", ці сінайскай акацыі. У двары (65 × 32 арш.), перад завесаю сьвяцілішча, стаяў аўтар ахвярапрынашэньняў, на якім прыносілі ахвяры і падтрымлівалі незгасаўшы агонь, і за ім мытніца, у якой сьвяшчэньнікі мылі рукі і ногі перад уваходам у сьвяцілішча, у часе ахвярапрынашэньняў і перад пачаткам службы. У сьвяцілішчы (13 х 13 х 6 арш.), куды мелі права ўваходзіць толькі сьвяшчэньнікі, стаяў направа (на паўноч) стол з 12 сьвятымі хлебамі, налева (на паўдзён) сямісьвечнік, які гарэў заўсёды, і проста перад завесаю ― аўтар кадзільны для курэньня ладану. Частка скініі за сьвяцілішчам, якая аддзялялася ад яго завесаю, і куды меу права ўваходзіць толькі першасьвяшчэньнік (адзін раз у год), называлася сьвятое сьвятых (6х6 х 6 арш.). Тут знаходзілася галоўная сьвятыня яўрэяў — каўчэг завету. Па форме гэта была простакутная скрыня, якая мела паўтара аршына даўжыні і каля аршына у вышыню і шырыню. Ён быў зроблены з дзерава „сіттім" і ўвесь абкладзены ўнутры і звонку золатам. Наузьверш каўчэгу ляжала залатая пакрышка, якая называлася ачысьцілішчам. Па бакох яе былі вылеплены два літыя хэрувімы. У кутох былі зроблены невялічкія абручы, куды прасоўваліся жэрдкі, калі трэба было пераносіць каўчэг. У каўчэзе знаходзіліся скрыжалі завету, судзіна з маннаю і - пазьней быў паложаны ― посах Аарона.

Калі скінія была пастаўлена, слава Гасподняя, у відзе воблака, напоўніла яе. Воблак заўсёды стаяў над скініяй. Калі ён паднімаўся, ізраільцяны рушаліся ў далейшую дарогу.

Старазаветная іерархія. Раней службу Божую спаўняў старшы ў родзе ці галава сям'і. Цяпер Гасподзь заснаваў асобны сьвяшчэнны стан, які складаўся з трох ступеняў: першасьвяшчэньнік, сьвяшчэньнікі і ніжэйшыя служнікі пры скініі. Дзеля служэньня пры скініі было прызначана цэлае калена Левія; пасьля патомкі яго адтрымалі назоў левітаў. Першасьвяшчэньнік быў заступнікам перад Богам за народ і галоўным ахоўнікам закону. Яму было прысвоена асобнае дарагое адзеньне у часе багаслужэньня. На грудзёх ён меу „наперстнік“, які быў упрыгожаны 12 дарагімі каменьнямі, з напісам на іх іменаў 12 каленаў ізраільскіх. Да абавязкаў сьвяшчэньнікаў адносілася: узносіць малітвы да Бога, прыносіць ахвяры, курыць ладан і вучыць народ Закону Божага. Усе іншыя левіты памагалі сьвяшчэньнікам пры ахвярапрынашэньнях, насілі скінію ў часе падарожы. пяялі і гралі на музычных інструментах, калі йшло багаслужэньне. Народ у часе багаслужэньня знаходзіўся на двары Скініі.

Першасьвяшчэньнікам Майсей паставіў брата свайго Аарона; яго чатыры сыны былі прызначаны сьвяшчэньнікамі. Пры высьвячэньні Аарона, Майсей памазаў яго сьвятым алеем. Гасподзь паслаў агонь на першую ахвяру Аарона. Гэты агонь заўсёды падтрымліваўся у скініі. Два сыны Аарона ― Надаў і Авіуд ― былі пакараны сьмерцяй за тое, што ужывалі пры ахвярапрынашэньні агонь чужы.

Багаслужэньне старазаветнае царквы складалася з малітваў і ахвярапрынашэньняў. Ахвяры прыносіліся ці для ачышчэньня ад грахоў ці ў падзяку за міласьці Божыя. У першым выпадку чалавек грэшны прыводзіў цялё, барана ці казла і ўскладаў на яго свае рукі. Сьвяшчэньнік калоў жывёлу, кроў яе ліў навакол ахвярніка, а жывёлу паліў. Гэта была ахвяра гэтак зван. ўсеспаленьня. Апрача крывавых, былі ахвяры і някрывавыя, калі ў ахвяру прыносілася: мука, ладан, віно, масла і інш. У падзяку Богу і каб выпрасіць яго міласьці прыносілася ахвяра спакою ці збавеньня. Пасьля багаслужэньня сьвяшчэньнікі давалі багаславеньне народу цераз падыманьне рук і прызываньне трыкроць Імя Божага. У дзень ачышчэньня (ў палове верасьня) ахвярапрынашэньне рабілася цераз першасьвяшчэньніка. Прыводзілі двох казлоў. Першасьвяшчэньнік выбіраў цераз лёсаваньне аднаго з іх, калоў яго за грахі ўсяго народу, з крывёю ўваходзіў у сьвятое сьвятых і крапіў ёю над ачысьцілішчам каўчэга. Пасьля спальвалі казла па-за лягерам. Над другім казлом першасьвяшчэньнік выспаведваў грахі ўсяго народу і даваў прыказаньне выгнаць яго з лягеру ў пустыню.

Сьвяты. Апрача тых сьвятаў, якія ўжо былі, г. ё.: суботы, Пасхі, Пяцьдзесятніцы і дня ачышчэньня, Майсей устанавіў новыя сьвяты: новагодзьдзя, новамесяца (першы дзень кожнага новага месяца), год суботні (кожны сёмы год, у якім не абраблялася зямля, адпускаліся на волю рабы, пакідаліся на фруктовых дзеравах плады для бедных) і год юбілейны (кожны 50-ы год, у якім уласьнікам зварочваліся маемасьці, якія былі праданы ці заложаны).

§ 40. Грамадзкія і моральныя пастановы Майсеевага законадаўства[16].

Апрача рэлігійных, Майсей, па загаду Божаму, даў яўрэйскаму народу шмат законаў грамадзкіх, каб зрабіць парадак і арганізаваць народ у адну вялікую сям'ю, каб кожны член гэтае сям'і ведаў свае правы й абавязкі і праз тое самае спрыяў агульнаму дабру і шчасьцю. Дзякуючы таму, што Сам Бог быў найвышэйшым Царом і Судзьдзёю Свайго народу, грамадзкі закон Майсея ўстанаўляў такую справядлівасьць, якой ня ведалі іншыя народы. У той час, як усюды паганскія народы дзяліліся на касты, з якіх адна бязьлітасна гняла другую, дык, па закону Майсея, усе яўрэі былі аднолькава падпарадкаваны Тегове і дзеля гэтага ўсе былі роўныя між сабою. Роўнасьць усіх перад законам складае аснаўную рыску гаспадарственнага жыцьця яўрэяў.

З боку эканамічнага роўнасьць перад законам выражалася ў тым, што кожны правамоцны сябра грамадзянства адтрымліваў пэўны зямельны надзел, у залежнасьці ад колькасьці і працаздольнасьці членаў сям'і і сам абрабляў сваю гаспадарку. Ніхто ня быў пакрыўджаны. Кожнаму быў забясьпечаны кавалак хлеба, толькі працуй. Дзякуючы гэтаму, у яўрэяў ня было тае процілежнасьці багацьця й беднасьці, раскошы і ўбогасьці, з якім Мы спатыкаемся ў другіх гаспадарствах таго й пазьнейшага часу. На той выпадак, што гэты парадак жыцьця нарушаўся, Майсей, як ведама, устанавіў сьвяты—суботні й юбілейны год, у працягу якіх, напр., праданыя ці ўзятыя за даўгі надзелы ці другая якая падобная маемасьць зварочвалася дарэмна да першага ўладара, дараваліся даўгі, бедаком пазвалялася зьбіраць калосьсе на палёх багатых і інш.

З боку грамадзкіх суадносінаў закон Майсея даваў усім праваздольным грамадзянам аднолькавыя правы, нават і чужынцам: „закон адзік і адны правы хай будуць для вас і для чужынца, які жыве ў вас" ― казаў законадаўца. Дзеля гэтага ў яўрэяў ня было таго, што бачым у другіх тагочасных народаў, у каторых, напр., рабы лічыліся як-бы рэчай ці прадметам якім, а не асобаю, ― прадметам, які гаспадар мог прадаць, выменяць, забіць і г. д. Таксама закон Майсея падняў і палажэньне жанчыны, якая адтрымала ў грамадзянстве амаль ня ўсе тыя самыя правы, што й мужчына.

Дзе ўстанаўлялася роўнасьць правоў, там ― разумеецца ― была й роўнасьць абавязкаў. Закон Майсея ня ведаў таго парадку, які трымаўся ў іншых паганскіх народаў, дзе пануючыя клясы былі вольнымі ад усялікіх гаспадарственных павіннасьцяў, а бяспраўныя нясьлі на сабе ўвесь цяжар гаспадарственнага жыцьця. Аснаўную гаспадарственную павіннасьць ― вайсковую ― адбываў, паводле закону Майсея, кожны мужчына пэўнага веку, бяз розьніцы палажэньня ў грамадзянстве; ― таксама адбывалася й падатковая павіннасьць, ад якое ня быў вольны ніводзін грамадзянін. Трэба заўважыць, што падаткі йшлі пераважна на рэлігійныя патрэбы (утрыманьне скініі, левітаў і г. д.).

З боку кірауніцтва яўрэйскім народам ― найвышэйшая ўлада належала да Самога Геговы, Які кіраваў народам праз дадзеныя яму законы і цераз асобна абраных ім прадстаўнікоў (Майсей, Ісус Навін, судзьдзі, цары). Калі яўрэі былі яшчэ ў Эгіпце і пазьней, у часе вандраваньня ў пустыні, дык у іх была "рада старшыняў" (70), якім даручана было нясьці "цяжар кіраваньня народам“. Для разгледжаньня судовых справаў Майсеем, па радзе цесьця Мафора, былі ўстаноўлены судзьдзі" народныя, т. зв. 1000, 100, 50 і 10 ― начальнікі. У выпадках асабліва важных старшыні і начальнікі зьбіраліся на агульнанародны сход ("усё грамадзянства"), які й вырашаў пытаньні аб вайне, форме кіраўніцтва і др.

Апрача дзесятаслоўя, у законах Майсея зьмяшчаецца цэлы рад моральных пастаноў, якія мелі значэньне не для аднаго толькі яўрэйскага народу, але цераз яго і наагул для ўсяго чалавецтва. У той час, як паганцы Ня ведалі ў жыцьці іншага правіла, як толькі "жыві для сябе, хоць-бы з крыўдай для бліжняга твайго", закон Майсея першым правілам моралі выставіў такое: "любі бліжняга твайго, як самога сябе". Гэтымі і іншымі моральнымі законамі Майсей меў на ўвазе падняць у народзе пашану наагул да асобы чалавека, не выключаючы і рабоў, а таксама да сьвятасьці брачнага сужыцьця, якое так часта нарушалася ў паганцаў, да права на ўласнасьць і інш. Такія звычайныя ў паганцаў грахі, як забойства чалавека, блуд, непаважаньне бацькоў, караліся па закону Майсея сьмерцяй.

§ 41. Асуджэньне яўрэяў на 40-гадовае вандраваньне.

Каля Сінаю яўрэі прастаялі адзін год і два месяцы. Адтрымаўшы поўную царкоўную і грамадзкую арганізацыю, яны рушыліся ў далейшую дарогу. Да зямлі Ханаанскае было вёрст 300 напрасьцень. Яўрэі маглі пацяшацца надзеяй хуткага дасягненьня абяцанай зямлі, цякучай малаком і мёдам. Перад выхадам было зроблена зьлічэньне народу. Усе калены, за выключэньнем калена Левія, далі агульны лік 603.550 чал. мужчынскага роду ад 20 гадоў і вышэй; у калене Левія было 22.000 душ мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй. Жанчыны і дзеці засталіся бяз зьлічэньня.

Калі яўрэі падходзілі да граніцы Ханаану, дык старшыні прасілі Майсея, выслаць наперад аглядальнікаў, якія-б "аглядзелі зямлю і прынясьлі аб ёй вестку". Майсей згадзіўся. Было абрана 12 чалавек, па адным з кожнага калена. У ліку абраных былі І. Навін і Халеў. 40 дзён аглядальнікі хадзілі па зямлі Ханаанскай і вярнуліся з рознымі пладамі, узятымі з яе і, між іншым, з такою агромністаю вінаград наю галінаю, што яе нясьлі на жэрдцы ўдвох. Але, выхваляючы пладародзьдзе зямлі, аглядальнікі не захавалі перашкодаў, якіх ня унікнуць, калі пайдуць займаць зямлю: "народ, які тамака жывець — казалі яны ― надта дужы і гарады мае вялікія і моцна выбудаваныя; дык і племя волатау бачылі мы там; перад імі мы ня болей, як саранча". Народ, чуючы гэта, надта спалохаўся. Замест таго, каб ― паклаўшыся на волю Божую ― сьмела й адважна йсьці ўперад, да чаго заклікалі яго Ісус Навін і Халеў, яўрэі маладушна кінуліся шукаць выхаду з палажэньня; адны трэбавалі абраць новага правадыра, другія запрапанавалі вярнуцца у Эгіпэт, іншыя крычалі, каб пабіць каменьнем Майсея, Аарона, І. Навіна і Халева. Тады слава Божая у відзе воблака зьявілася у скініі, і Майсей адчуу адтуль голас Бога: ,дакуль гэты народ будзе ня верыць Мне пры усіх знакох, якія Я яму зрабіў! Скажы ім ад імя Майго: вы ня ўвойдзеце у зямлю, на якой Я абяцаў пасяліць вас, апрача Халева і Ісуса Навіна. Заўтра-ж варочайцеся у пустыні Мёртвага мора. Дзяцей вашых, аб якіх вы гаварылі, што яны застануцца ў здабытак ворагам, Я ўвяду туды, а вашыя трупы лягуць у гэтай пустыні. Па ліку 40 дзён, у працягу якіх вы аглядалі зямлю, 40 гадоў будзеце нясьці кару за віну сваю і пазнаеце, што значыць быць пакінутымі Мною". Дзесяць аглядальнікаў ― галоўных вінавайцаў ― былі у той самы час пакараны сьмерцяй.

Ня гледзячы на прызначэньне Божае аб пакараньні, яўрэі рашылі ўсёж-такі безадкладна йсьці у зямлю Ханаанскую. Дарма Майсей прасіў іх ня йсьці проці волі Божай. Яны кінуліся у горы, на граніцы з Палестынай, але за сваю шалёную спробу былі страшэнна пакараны: ханааны разьбілі іх і прагналі ад сваіх межау. І мімаволі пайшлі яўрэі йзноў вандраваць у пустынях Арабіі.

§ 42. Цудоўны посах Аарона.

У Майсея і Аарона сярод яўрэйскага народу было шмат зайздросьнікаў, якія зайздросьцілі іхняму высокаму палажэньню. Гасподзь пакараў гэтых людзей, калі яны адкрыта выказалі сваё абурэньне. Але каб у будучыні ня было ніякага сумліву адносна боскага абраньня ці прызначэньня Аарона, Бог загадаў: узяць у кожнага з 12 начальнікаў кален па посаху, і імя кожнага напісаць на посаху яго, а імя Аарона напісаць на посаху прадстаўніка калена Левія, далей ― палажыць іх у скініі перад каўчэгам завету: "каго я выбяру ― сказаў Гасподзь ― посах таго зацьвіцець". Майсей зрабіў так. На другі дзень Майсей, на вачох усяго народу, ўвайшоў у скінію і вынес посахі. Аказалася, што посах Аарона зацьвіў, пусьціў пупышкі, дау кветкі і сьпелі на ім міндальныя гарэхі. Па загаду Божаму, посах гэты быў паложаны ў каўчэг завету.

§ 43. Вандраваньне яўрэяў у пустыні.

38 гадоў вандравалі яўрэі ў пустыні каля Чырвонага мора. Гэтае вандраваньне было поўнае ўсялякіх стратаў і нястачы. Дарога йшла па пустынных цясьнінах і далінах, што надта ўтруджала народ, які пасоўваўся з вялізарным абозам і статкамі. Цягаты дарогі былі вынятковыя. Улетку іх паліла нястрывалая сьпякота, узімку часта іх лягер засыпала сьнегам. Часта выяўляўся брак яды і здаровай вады. Не заўсёды яны маглі йсьці простаю дарогаю: у гэтым ім перашкаджалі суседнія народы, якія, баючыся навалы на іх граніцу, выступалі з войскам проціў новых прышэльцаў.

Як і да Сінаю, народ і цяпер няраз выказваў незадаволеньне проці Майсея за тыя ці іншыя нявыгоды дарогі, напр., на брак мяса, рыбы, гуркоў, цыбулі, часныку і інш. чым у дастатку карыстаўся раней у Эгіпце. Гэта ўсё Майсей адчуваў надта балюча. Як і раней, ён заўсёды ў такіх выпадках зварочваўся з малітвай да Бога, просячы Яго выбачыць перакарлівы і непаслушны народ і паслаць яму ўсё патрэбнае.

Прайшлі дзесяткі гадоў вандраваньня па пустыні Сінайскай. Пакаленьне, якое Майсей вывяў з Эгіпту, паступова вымірала. Яно не заслугоўвала свабоды, дадзенай Майсеем і павінна было ўступіць сваё месца новаму пакаленьню, загартованаму ў трудох і нястачах пустыні, прайшоўшаму цяжкі шлях узгадоўваньня ад беглага раба да арганізованага народу. Толькі такое пакаленьне магло адважна стрэнуць шматлікіх ворагаў і ачысьціць ад іх абяцаную зямлю. І гэтае новае пакаленьне к канцу 38-х гадовага вандраваньня Майсей прывёў, нарэшце, да граніцаў Ханаану.

§ 44. Прызначэньне Божае адносна Майсея і Аарона.

Калі яўрэі былі ў Кадасе, дык адбыўся прысуд Божы, на моцы якога нават самыя Майсей і Аарон пазбаўлены былі шчасьця ўвайсьці ў зямлю абяцаную, як і тое пакаленьне, якое яны вывялі з Эгіпту. Здарылася гэта так. Аднаго разу народ стаў наракаць на Майсея з прычыны недахвату вады. Калі Майсей з Ааронам зьвярнуўся да Бога з малітваю аб дараваньні вады, дык Гасподзь загадаў ім "сказаць чутна для ўсіх скале і яна дасьць з сябе ваду". Загад Божы быў ясны. Майсей і Аарон павінны былі так і рабіць. Але яны згубілі пэўнасьць у магчымасьць цуду. Падходзячы да скалы і ўдараючы па ёй два разы, Майсей сказаў: „паслухайце, непакорныя, ці нам з гэтае скалы дастаць для вас ваду?“ Хаця вада зараз і пацякла з каменя, але зроблена было гэта з недаверай, з пачуцьцём раздразьненьня й роспачы, і за гэта якраз Гасподзь і асудзіў Майсея з Ааронам. Новае пакаленьне павінны былі вясьці ў зямлю абяцаную і новыя правадыры.

§ 45. Сьмерць Аарона. Мядзяны зьмей.

Ледзь народ рушыў ад Кадэсу ў далейшую дарогу, як сталася сумнае здарэньне: на адной з верхавінаў Ор памёр, на ваччу усяго народу, вялікі першасьвяшчэньнік ізраільскага народу Аарон, на 123-м годзе жыцьця. Страту гэтую асабліва цяжка адчуу Майсей, для якога яна служыла смутнай прад знакай хуткага зьдзейсьненьня суда Божага над ім самым. Наступнікам Аарона быў сын яго Элеазар, якому Майсей перадау багаслужэбнае адзеньне Аарона.

Ад гары Ор ізраільцяне пашлі ў абход зямлі Эдаміцянаў, якія не далі згоды прапусьціць іх праз свае ўладаньні. Абход гэты быў трудны і яўрэі зноў пачалі наракаць: „навошта вывялі нас з Эгіпту, каб цяпер паміраць нам у пустыні? Тутака няма ні хлеба, ні вады, а гэтая благая яда нам абрыдла". У пакараньне за гэта Гасподзь паслаў на іх ядавітых вужакаў, ад укусу якіх памёрла шмат яўрэяў. Яны хутка зразумелі свой грэх і прасілі Майсея памаліцца за іх Богу. Гасподзь загадаў Майсею зрабіць медзянага зьмея і павесіць яго на дзераве, і сказаў: „хто, будучы укушаны, гляне на яго, той застанецца жывы". Майсей споўніў волю Божую і, узапраўднасьці, усе, хто з вераю і малітваю паглядаў на мядзянага зьмея, засталіся жывымі[17].

§ 46. Заваяваньне ўсходня-Іарданскае краіны. Прароцтва Валаама.

Яўрэі ўсё бліжэй і бліжэй падсоўваліся да ўсходніх межаў зямлі абяцанае. Перашкоды з боку суседніх народаў рабіліся ўсё значнейшымі. Калі ізраільцяны былі ужо недалёка ад ракі Іардану, за якой пачыналася зямля абяцаная, дык проці іх выступілі з войскам спачатку цар амарэяў, пасьля цар васанскі. Яўрэі разьбілі іх, занялі іх гарады, зьнішчылі іх жыхароў і забралі іх маемасьць. Пасьля гэтага лягерам на беразе Іардану проці гораду Ерыхону. Занятую зямлю Майсей аддаў у валаданьне тром каленам ізраільскім: Рувімаваму, Гадаваму і палавіне калена Манасіінага з тэю умоваю, што аканчальна яны асядуць на сваіх удзелах не раней, як будзе заваявана ўся зямля абяцаная, у чым павінны памагаць іншым каленам.

Удача ізраільцянаў выклікала вялікае незадаваленьне й абурэньне моавіцянаў, патомкаў Лота, якія жылі на паўдзён ад занятых зямель. Цар іх валак рашыў даць адпор прышламу народу. З гэтаю мэтаю, у зьвязку з старшынямі суседняга мадыяніцкага народу, ён зьвярнуўся да найвыдатнейшага ў той час на ўсходзе чараўніка ці паганскага прарока Валаама, які жыў на рацэ Эўфраце, у Мэсапатаміі (бацькаўшчыца Абраама), просячы яго прыйсьці і праклясьці Ізраіля, і гэтым узьнемагчы яго супроць аружжа Валака. За гэта ён абяцаў Валааму багатыя гасьціны. Валаам запытаўся у Госпада, і Гасподзь сказаў яму: "народ гэты багаславёны; йдзі да Валака, ды рабі толькі тое, што Я буду казаць табе". Валаам на асьліцы рушыў у дарогу. Дарогаю асьліца некалькі разоў супынялася, зварочвала ў бок, і нарэшце лягла пад Валаамам. Той пачаў біць яе. Раптам асьліца чалавечым голасам загаварыла: "што я табе зрабіла, што ты б'еш мяне?" Валаам надта зьдзівіўся. Вочы яго адкрыліся і ён убачыў, што на дарозе стаіць з голым мечам ангел і загароджвае яму дарогу. Ангел і кажа яму ад імя Госпада: "шлях твой няправы перада Мною; йдзі з людзьмі гэтымі, але толькі тое кажы, што Я буду гаварыць табе". Валак з радасьцяй сустрэў Валаама. Ен патрэбаваў, каб на гары, з якой было відаць лягер ізраільцянаў, выбудавалі сем ахвярнікаў і прывялі цялят і аслоў. Закурыліся ахвяры, пралілася ахвярная кроў. Але Валаам усё яшчэ вагаўся, ці праклінаць Ізраіля: з аднаго боку яго спакушалі багатыя гасьціны, з другога ― баяўся не паслухаць волі Божай. Тры разы Валаам запытваў Бога на трох абраных месцах, і тры разы, па наданьню Божаму, вымаўляў, замест пракляцьця, багаславеньне Божае ізраільскаму народу: як пракляну я Ізраіля? Бог не праклінае яго. Як прыгожы шатры твае, Якаў, і жылішчы твае, Ізраіль! Багаслаўляючы цябе багаславёны і праклінаючы цябе пракляты". А пасьля, натхнёны Богам, вымавіў наступнае прадказаньне аб зьяўленьні у ізраільскім народзе вялікага Патомка ― Збавіцеля сьвету: „бачу Яго, але цяперака яшчэ няма; бачу, але ня блізка. Усходзіць зорка ад Якава і паўстане посах ад Ізраіля, крышыць князёў Моава і руйнуе ўсіх сыноў Сіфавых".

Валаам сабраўся йсьці дамоў. Але яму шкада было страціць багатыя гасьціны, і ён даў Валаку згубную для ізраільцянаў раду ― усяляк спакушаць іх да ідалапаклонства і распусты. Моавіцяне зрабілі паводле рады Валаамавай. Ізраільцяне аддаліся страшнай распусьце. У пакараньне за гэта, Гасподзь загадаў зьнішчыць сьмерцяй усіх саграшыўшых распусьнікаў, якіх загінула 24.000 чал. Пры гэтым пакараньні згінуў і сам Валаам.

Калі пасьля гэтага быў зроблены новы перапіс народу, які быў патрэбны дзеля правільнасьці будучага падзелу зямлі, дык аказалася, што ўсяго было 601,730 чал. мужчынскага роду, здольных да войска. Гэта было ужо новае пакаленьне, якое радзілася у пустыні. З старога пакаленьня, апрача Майсея, жывымі засталіся толькі Ісус Навін і Халеў ― у нагароду за сваю вернасьць завету Божаму. Яўрэі ўступалі цяпер у зямлю абяцаную. Іх мукі й нядоля падходзілі да канца. Майсей з гэтае прычыны ўстанавіў сьвята „кушчаў" (шатроў) на ўспамін 40-гадовага вандраваньня ў пустыні.

§ 47. Апошнія распараджэньні Майсея і багаславеньне ім народу. Сьмерць Майсея.

Перад канцом 40-гадавога вандраваньня ў пустыні, памятаючы прызначэньне Божае, што ня ўвойдзе ён у зямлю абяцаную, Майсей пачаў рыхтавацца да сьмерці, хаця арганізм яго быў яшчэ моцны, ня гледзячы на яго немалы ужо век (120 г.). Па наказаньню Божаму, Майсей паставіў замест сябе правадыром народу Ісуса Навіна і абвясьціў апошнія свае распараджэньні народу, іменна: калі ізраільцяны ўвайдуць у зямлю ханаанскую, яны павінны будуць выгнаць усіх яе жыхароў, зьнішчыць ідалапаклонства, разьдзяліць усю зямлю між каленамі ізраільскімі і адмовіцца ад усялякіх зносін з хананеянамі. Просячы народ спаўняць Божыя прыказаньні і абяцаючы за гэта ўсялякае дабро зямное і панаваньне над шмат якімі народамі, Майсей прадказаў страшныя бядоты, калі народ забудзе Бога і Яго сьвятыя запаведзі. Нарэшце, Майсей даў сваё багаславеньне усім каленам ізраільскім і перадаў сьвяшчэньнікам, дзеля захаваньня ў каўчээе завету, напісаныя ім кнігі Закону.

Перад самай сьмерцяй, Бог загадаў Майсею ўзыйсьці на гару Нэво і адтуль паказаў яму ўсю зямлю абяцаную да самага мора (Міжземнага): „ось зямля ― сказаў яму Бог ― аб якой я кляўся Абрааму, Ісааку і Якаву, і я даў табе убачыць яе вачыма тваімі, але ты ня ўвойдзеш у гэтую зямлю". І памёр там Майсей, аплакваны ўсім народам у працягу 30-х дзён. Бог схаваў месца пахаваньня яго, каб яўрэі, меўшыя такі нахіл да многабоства, не маглі ўбагавіць яго.

§ 48. Пятакніжжа Майсеева.

Да Майсея паданьні аб стварэньні сьвету й чалавека, аб шчасьлівым жыцьці яго ў раі й грэхападзеньні, аб патопе, патрыархах, аб захаваньні праўдзівага богапазнаньня і г. д. перадаваліся вусна ад дзядоў патомкам. Майсей першы, па натхненьню ад Духа Сьвятога, выклаў іх на пісьме. Дзеля гэтага ён ёсьць першы сьвяшчэнны і боганатхненны пісьменьнік. Ён напісаў наступныя пяць кнігаў, якія складаюць разам „Пятакніжжа або Закон Майсеяў": 1) Кніга Быцьця, у якой апісваецца лёс сьвету й чалавека ад стварэньня сьвету да сьмерці Якава й Язэпа у Эгіпце; яна ахоплівае пэрыяд часу у 3800 гадоў; 2) Кніга выхаду, у якой выкладаецца гісторыя жыцьця яўрэяў у Эгіпце, выхад з яго, адтрыманьне Сінайскага законадаўства і пабудаваньне скініі; 3) Кніга Левіт, у якой апісваецца багаслужэньне й абрадавыя законы, якія датычаць службы левітаў; 4) Кніга Ліку, у якой зьмяшчаюцца два сьпісы яўрэяў і гісторыя вандраваньня іх ад Сінаю да зямлі ханаанскае і 5) Кніга Другазаконьня, дзе паўторваюцца законы, якія былі даны Майсеем, і апісваецца сьмерць Майсея.

§ 49. Зямля абяцаная.

Ведамы пад імем Палестыны[18] - край, які Бог прызначыў яўрэйскаму народу у валаданьне, ляжыць у Азіі уздоўж усходняга берагу Міжземнага мора, ад Ліванскіх гораў на паўноч, да Арабійскае пустыні на паўдзён, і прадстаўляе плошчу ў 110 кв. вёрст. У ёй высокія горы (Эрмон, Фавор, Гарызім, Сіон, Элеонская) некаторыя з сьнегавымі верхавінамі чаргуюцца з плоскімі ўзвышшамі і глыбокімі далінамі, якія часам ляжаць ніжэй марскога роўня (Іарданская). Клімат здаровы і спрыяе высокаму росту і фізычнай сіле насяленьня.

У сучасны момент Палестына зьяўляецца даволі пустынным і бясплодным краем. Гэта залежыць ад адсутнасьці працавітага насяленьня, якое падтрымлівала-б культуру краю і змагалася з такімі, напр., зьявамі, як брак абвадненьня, засыпваньне пяскамі выдмаў берагавое, вельмі ўраджайнае, паласы і т. д.

У часе Майсея гэта быў край, узапраўднасьці цякучы "малаком і мёдам". Усё дыхала дастаткам і раскошай і шчодра вынаграджала працу. Асабліва ўраджайны былі даліны, абароненыя горамі ад надта лютага ўсходняга ветру "кадім", які высушваў усю расьліннасьць. У некаторых мясцох зьбіралі па два жнівы у год. Па нахілу гораў усюды былі пышныя сады і вінаграднікі, і самыя горы, якія цяпер зьдзіўляюць сваёю пусткаю, былі пакрыты прыгожымі лясамі. Як апісвае Майсей, "гэта была зямля добрая, дзе пшаніца, ячмень, вінаградная лаза, смакоўніцы, гранатавыя дзеравы, аліўкавае дзерава і мёд, ― зямля, у якой народ будзе есьці хлеб і ні ў чым ня будзе мець недахвату". Было таксама і шмат прыгожых месцаў для папасу скаціны. На паўдзён, дзе мясцовасьць мае зусім пустыны характар, сустракаюцца прыгожыя оазы з дужа багатаю расьліннасьцяй.

Калі яўрэі асяліліся ў Палестыне, дык географічнае палажэньне яе было як мага карысным для іх. Палестына знаходзілася ў асяродзьдзі ўсяго гістарычнага сьвету, недалёка ад мора, па якім ішлі руховыя гандлёвыя й культурныя зносіны; з ходам часу яўрэі самі маглі прыняць у іх учасьце і прысвоіць сабе ўсю сучасную культуру. З свайго боку, маладая яўрэйская нацыя магла унясьці ў жыцьцё паганскага сьвету пачаткі праўдзівага богапазнаньня. Карысьнейшага за гэтае палажэньня для народу, якому Бог прызначы быць сьвятлом дзеля адкравеньня народаў", ня мог даць ніводзін край у сьвеце. Але ў гэтым зьмяшчалася і небясьпека для праўдзівае рэлігіі: уваходзячы ў бліжэйшыя суадносіны з паганскімі народамі, яўрэі лёгка маглі паддацца распусьліваму ўплыву шмат якіх паганскіх культау і пакінуць Бога Абраама, Ісаака й Якава, што ўзапраўднасьці мы няраз і бачым у далейшай гісторыі яўрэйскага народу.

§ 50. Ісус Навін. Пераход яўрэяў праз Іардан

(1456 г. да Хр. Нар.).

Па сьмерці Майсея, Бог сказаў І. Навіну: ,,Майсей, раб Мой, памёр; дык устань і перайдзі праз Іардан ты і увесь народ ― у зямлю, якую я дам ім, сыном ізраілевым". Пакуль народ рыхтаваўся пакінуць апошні свой лягер у Сіттіме ― у гары, на якой памёр Майсей, І. Навін паслаў двох аглядальнікаў аглядзець бліжэйшы горад ― крэпасьць Ерыхон (12 вёрст за Іарданам). Аглядальнікі, вярнуўшыся, сказалі: „Гасподзь аддаў усю зямлю у нашыя рукі, і ўсе жыхары зямлі у страху ад нас". Тады І. Навін перайшоў з Сіттіму на бераг Іардану. Гэта была пара веснавога разводзьдзя ракі (красавік), калі пераход праз яе асабліва цяжкі. Але Ісусу Навіну было адкрыта Богам: ,як толькі ногі сьвяшчэньнікаў, якія нясуць каўчэг, ступяць у ваду Іардану, дык вада зьнікне, а якая цячэ з гары, спыніцца, як сьцяною". Так усё і адбылося. Увесь народ цудоўна пе райшоў па аголеным ад вады, сухім дне ракі. На ўспамін аб гэтым пераходзе І. Навін выбудаваў два ахвярнікі Богу ― на тым месцы, дзе стаялі сьвяшчэньнікі з каўчэгам, і ў Галгале, дзе ізральцяны супыніліся лягерам, перайшоўшы Іардан. Цудоўны пераход яўрэяў праз Іардан вельмі напалохаў усіх жыхароў зямлі Ханаанскае.

У Галгале яўрэі ў 40-вы раз па выхадзе з Эгіпту сьвяткавалі Пасху. На другі дзень яны елі праснакі з пшаніцы зямлі абяцанае і сушаныя зёрны. З гэтага дня перастала падаць манна з неба. Народ павінен быў карміцца ўжо пладамі зямлі абяцанае.

§ 51. Заваяваньне зямлі абяцанае.

Узяцьце Ерыхону. Першы горад, які прышлося браць пасьля пераходу праз Гардан, быў Ерыхон, абнесены высокімі і моцнымі сьценамі. Перад тым, як пачаць аблогу, І. Навін сам пайшоў аглядзець яго. І вось ― бачыць ― недалёка ад гарадзкое сьцяны стаіць чалавек з аголеным мечам. І. Навін пытаецца ў яго: ,ці ты наш, ці з ліку ворагаў нашых"? ― Той адказвае: "я правадыр войска Божага". ― І. Навін пакланіўся яму і сказаў: "што валадар мой скажа рабу свайму?" Нябесны пасланец загадаў І. Навіну скінуць абутак з ног, дзеля пашаны гэтага сьвятога месца, і сказаў, што Гасподзь аддае ў рукі яго Ерыхон і цара ягонага, пры чым яўрэі, здольныя да войска, у працягу шасьцёх дзён павінны абыйсьці горад па адным разе, а ў сёмы ― сем разоў, за імі павінны нясьці каўчэг завету, а за каўчэгам хай ідзець увесь народ у глыбокім маўчаньні. І. Навін споўніў усё, як загадаў яму Ангел. Калі на сёмы дзень, абыйшоўшы Ерыхон сем разоў, яўрэі, па знаку трубы, усе раптам закрычэлі, дык сьцены гораду паваліліся і ізраільцяны ўвайшлі у горад. Усю здабычу яўрэі, згодна з закляцьцем І. Навіна, павінны былі ўнясьці ў скінію.

Перамога над яўрэямі пры Гаі. За Ерыхонам ляжаў горад Гай. На падставе адтрыманых вестак, І. Навін для заваяваньня гэтага гораду выслаў невялічкі аддзел войска (3000 чал.). Але аказалася, што весткі тыя былі непраўдзівыя: жыхары Гаю перамаглі яўрэяў і прычынілі ім вялікія страты у войску. Увесь народ засмуціўся. І. Навін і старшыні яўрэйскія, парваўшы на сабе вопраткі, упалі ніцма перад скініяй. Тады Бог адкрыў І. Навіну, што яны пакараны за тое, што ня споўнілі закляцьця і ўзялі здабычу. Лёс паказаў вінаватага. Ен быў пабіты каменьнем; труп яго і ўся маемасьць была спалена ― каб была засьцярога іншым. Пасьля гэтага Бог аддаў яўрэям і горад Гай.

У Сіхэме, куды хутка пасьля заваяваньня Гаю прышлі яўрэі, яны пахавалі астанкі Язэпа, якія ўзялі з Эгіпту ― на тым полі, якое купіў Якаў і перад сваёю сьмерцяй адказаў Язэпу.

Народ прысягае захоўваць Закон Божы. У Сіхэме-ж народ урачыста прыняў на сябе абавязак сьвята захоўваць дадзены яму закон Божы. На каменных камлыгах былі выбіты галоўныя палажэньні Сінайскага законадаўства. Калі сьвяшчэньнікі, якія знаходзіліся з каўчэгам завету ў даліне, апавяшчалі пэўнае палажэньне закону, то на багаславеньне яго з гары Гарызіму і на пракляцьце з гары Гэвалу народ адказваў гучным і дружным,амін", пацьвярджаючы гэтым праўдзівасьць і няўхільнасьць багаславеньня за спаўненьне закону і пракляцьця за яго нарушэньне.

Саюз цароў ханаанскіх. Тымчасам чутка аб перамозе яўрэяў праняслася па ўсім краі. Жыхары дужа засмуціліся. Утварыўся саюз цароў, на чале з царом Ерусалімскім, каб агульнымі сіламі перамагчы ворагаў. Адбылася бітва. Яна цягнулася цэлы дзень. Яўрэі прымусілі сваіх ворагаў уцякаць. Калі яны беглі па нахіле гары, раптам выпаў на іх з неба каменны град, які забіваў уцякаўшых. Стала зьмяркаць. Тымчасам прасьледаваньне ня было яшчэ скончана. Тады І. Навін, моцны вераю ўва ўсемагутнасьць Божую, ўладна выклікнуў: стой сонца!" Раптам спынілася сонца і зьяла на небе, пакуль народ нішчыў сваіх ворагаў.

Пасьля гэтае перамогі, заваяваньне зямлі ханаанскае далей адбывалася лёгка і шпарка, гарады здаваліся адзін за адным, і разам з імі нішчыліся ці выганяліся жыхары, якія ўладалі імі.

Утварыўся быу супроць І. Навіна саюз цароў паўночнае часьці зямлі ханаанскае, але й яны былі пабіты пры возеры Мэром.

Гэтак пакрысе, пры помачы Божай, была здабыта зямля ханаанская, хаця яўрэі не маглі яшчэ назваць сябе поўнымі гаспадарамі гэтае зямлі: апрача прыморскіх гарадоў, яшчэ і некаторыя іншыя гарады ў сярэдзіне краю, таксама і некаторыя лясістыя мясцовасьці, асабліва ў горах, засталіся у уладаньні хананеянаў, служачы заўсёднаю пагрозаю для яўрэяў. Але, ўтаміўшыся вандраваньнем у пустыні і сямёхгадовай вайной, яўрэі хацелі якнайхутчэй адпачыць і пабуджалі сваіх правадыроў спыніць далейшае заваяваньне. Дзякуючы гэтаму, вайна была спынена і народ пачаў сяліцца на новых мясцох. Але гэтая пасьпешнасьць абярнулася з ходам часу ў вялікае зло, бо у краі засталося шмат хананеянаў, якія ўцягнулі яўрэяў у распусту, зьбілі іх з дарогі служэньня Адзінаму Праўдзіваму Богу і праз гэта наклікалі на іх страшныя бядоты й вечную нядолю.

§ 52. Разьдзяленьне зямлі ханаанскае паміж каленамі ізраільскімі (1450 г. да хр. Нар.). Сьмерць І. Навіна.

Заваяваную зямлю І. Навін разьдзяліў праз лёсаваньне між дзевяцьма з паловай каленамі ізраільскімі, а калена Рувімава і Гадава, з паловай калена Манасіінага, адпусьціў на надзелы іх за Іарданам. Першы лёс выпаў калену Юдаваму, якому дастаўся вялізарны вокруг на паўдні Палестыны з Хэўронам у асяродзьдзі. Зямля на паўноч ад яго, навакол Ерыхону, дасталася калену Вэніямінаваму. Усе іншыя калены аселі ў паўночнай і паўночна-заходняй часьці Палестыны, іменна: Асірава, Нэфалімава, Завулонава, Ісахарава, Ефрэмава, Данава, Сымонава і палова кал. Манасцінага[19]. Калена Левііна зусім не адтрымала зямлі: яму было выдзелена для жыцьця пасярод розных каленаў 48 гарадоў з належнымі іх надзеламі; апрача таго, для утрыманьня сьвяшчэньнікаў і левітаў, усе калены павінны былі даваць дзесяціну сваіх даходаў. Шэсьць гарадоў, з ліку прызначаных левітам, абвешчаны былі „гарадамі прытулку": нявольны забойца мог уцячы да іх, хаваючыся ад помсты з боку сваякоў забітага. Такім чынам, аддаў Гасподзь Ізраілю ўсю зямлю, якую абяцаў даць бацьком іх, і яны адтрымалі яе ў насьледзтва і асяліліся на ёй. І даў ім Гасподзь спакой з усіх бакоў, як абяцаў бацьком іх; і ніхто з усіх ворагаў іх ня ўтрымаўся супроць іх; усіх ворагаў іх аддаў Гасподзь у рукі іх. Не засталося няспоўненым ніводнае слова з усіх добрых словаў, якія гаварыў Гасподзь дому Ізраілеву; усё збылося".

Так пачалася новая эра у жыцьці Богам абранага народу. Споўніліся вялікія абяцаньні, дадзеныя Абрааму, Ісааку і Якаву. Пасьля доўгіх і цяжкіх спробаў, шляхам цяжкае барацьбы і крыві яўрэйскі народ адтрымаў, нарэшце, зямлю й волю, і мог пачаць правільнае гаспадарственнае жыцьцё. Раней паднявольны, тутака стаў свабодным; раней Вандроўны, тутака мог абраць болей адпаведны грамадзкаму развіцьцю, земляробскі характар жыцьця. У новых, лепшых умовах жыцьця яўрэйскі народ тым хутчэй мог і павінен быў зьдзейсьніць сваё вялікае гістарычнае прызваньне ― быць храніцелем і пашыральнікам праўдзівага богапазнаньня і моралі у сьвеце.

Сьмерць І. Навіна. Пасьля разьдзелу зямлі І. Навін кіраваў народам яшчэ 25 гадоў. Чуючы прыбліжэньне сьмерці, ён склікау усіх прадстаўнікоў народу і намаўляў іх дакладна спаўняць закон Ӏеговы і не ўваходзіць у супольнічаньне з хананеянамі. Народ адказаў: "не, ня будзе таго, каб мы кінулі Госпада і пачалі служыць іншым багом". Паміраючы, павадыр запісаў гэтыя словы ў кнігу закону, узяў вялікі камень, палажыў яго пад дубам у сьвяцілішчы і сказаў народу: „вось, камень гэты хай будзе вам сьведкай супроць вас у наступныя дні, каб вы не манілі перад Госпадам, Богам вашым". Памёр І. Навін, маючы 110 гадоў веку, і быў пахаваны ў сваім удзеле на гары Ефрэмавай.

Усё, што здарылася з ізраільскім народам у часы І. Навіна, запісана ім у кнізе Сьвятога Пісаньня, якая называецца кнігаю І. Навіна".

Часы судзьдзяў (1450 — 1100 г. да Хр. Нар.).

§ 53. Стан яўрэяў у часе судзьдзяў.

Расьсяліўшыся ў зямлі ханаанскай, яўрэі пачалі гаспадарыць, гадаваць жывёлу, займацца рамяством, гандлем і увайшлі у зносіны з суседнімі народамі.

Дзякуючы таму, што ня было аднаго правадыра, кожнае калена кіравалася ўласнымі старшынямі, на чале з асобным князем ці начальнікам. Такім чынам, утварылася як-бы 12 асобных, самастойных гаспадарстваў. Пакуль жывое было пакаленьне, якое было сьведкай вялікіх цудаў і дабрадзействаў Божых, дык яўрэйскі народ, ня гледзячы на сваё вонкавае разьяднаньне, захоўваў сваю нацыянальную й рэлігійную сьвядомасьць і сувязь, і дзеля гэтага "ціха і спакойна жыў пад сваёю смакоўніцаю". Але зьмяніўшае яго новае пакаленьне не хацела „ведаць Госпада і справаў Яго, якія Ен рабіў Ізраілю", і пайшло іншым шляхам. Яўрэі ўвайшлі ў цесныя суадносіны з хананеянамі і і іншымі паганскімі народамі, пачалі браць іх дачок сабе за жонак, перанялі шмат чаго з іх паганскіх звычаяў і жыцьця, і, нарэшце, сталі пакланяцца паганскім багом Ваалу і Астарце (багі сонца й месяца). Пасьля адхіленьня ад праўдзівай рэлігіі, пачалося наагул паніжэньне моралі ў народзе, запанавала няпраўда, падман, самавольства, крадзежы, зладзейства ўсялякага роду; за гэтым надыйшла поўная няладзіца дзяржаўнае і грамадзкае працы й кіраўніцтва, і амаль ня поўная страта нацыянальнае сьвядомасьці народу. Замест таго, каб клапаціцца аб агульным дабры, кожная калена думала толькі аб сваёй карысьці. Гэткім палажэньнем народу карысталіся тубыльныя і суседнія народы, якія нацадалі на яўрэяў, адбіралі маемасьць, забівалі іх, накладалі даніну, абарочвалі ў рабства і т. п. Так, цар мэсапатамскі зьняволіў іх на 8 гадоў, моавіцкі ― на 18 г., ханаанскі ― на 29 г., філісьцімскі ― на 40 г.

У такія гады цяжкае нядолі й няволі Гасподзь, па малітвам верных яшчэ Яму сыноў Ізраіля, высоўваў адважных і разумных людзей, якія стараліся аб'яднаць народ супроць агульнага ворага, вызвалялі ад яго зямлю, аднаўлялі праўдзівае богапачытаньне і пасьля вайны кіравалі яўрэямі і судзілі іх справы. Такія правадыры народныя называліся судзьдзямі. Яны ня былі абранцамі народу і не перадавалі ўлады па насьледзтву сваім дзецям, як перадаюць звычайна цары. Яны былі толькі часовымі кіраўнікамі народу, як-бы поўнамоцнікамі Бога, Які заставаўся Адзіным Праўдзівым Царом і Правадыром народу, адкрываўшым волю сваю праз першасьвяшчэньнікаў. Дзеля гэтага, кіраўніцтва судзьдзяў можна назваць часам самасправаваньня яўрэйскага народу, паводле тых высокіх прынцыпаў богакіраваньня (тэократыі), якія зьмяшчаліся ў заканадаўстве Майсея.

Час судзьдзяў абнімае 350 гадоў. Акалічнасьці гэтага апісаны ў кнізе Судзьдзяў і ў першай кнізе Царстваў. Усіх судзьдзяў было 15[20]. Выдатнейшымі з усіх былі: Гэдэон Самсон і Самуіл.

§ 54. Гэдэон.

Калі сыны Ізраіля "пачалі рабіць злое перад вачыма Божымі", дык Гасподзь паслаў на іх мадыяніцянаў, амалікіцянаў і іншыя „народы ўсходу", якія ў працягу 7 гадоў рабілі руйнуючыя напады на край, забіралі скаціну, нішчылі ураджай, шмат народу гналі ў палон і г. д. Жыхары у страху кідалі паселішча сваё і маѳмасьць сваю, і ўцякалі ў горы. Замест таго, каб агульнымі сіламі адбіць страшнага Ворага, яўрэі пасылалі невялічкія аддзелы войска, якія ў бітвах з непрыяцелем ўсе гінулі. „І згалеў зусім Ізраіль", і зьвярнуўся да Бога. Тады Бог зьлітаваўся над ім і прызваў дзеля яго збавеньня Гэдэона.

Гэдэон быў адважны ваяка, меў вялічны царскі выгляд. Ен быў адным з праўдзівых, верных Іегове, хто клікаў народ да пакаяньня і адраджэньня. Аднаго разу ўвосень Гэдэон цішком і пасьпешна вымалочваў пшаніцу, каб зрабіць запас хлеба і пераправіць сваю сям'ю у горы. Ен і не заўважыў, як зьявіўся яму Ангел Гасподзень. На жальбу Гэдэона, што мусі Гасподзь пакінуў свой народ, калі паслаў такія няшчасьці, Ангел абвясьціў яму, што Гасподзь абірае яго дзеля збавеньня народу. Каб запэўніць яго ў гэтым, Ангел даў яму знак ― паслаў агонь на дар, які прынёс Богу Гэдэон.

Калі мадыяніцяны й амалікіцяны перайшлі Іардан і рыхтаваліся да нападу, дык гэдэон паслаў наказ да усіх каленаў, каб сабралі і прывялі ваякаў. Сабралася 32.000 ваякаў. Гэдэон, па загаду Божаму, абвясьціў усім, што той, хто з іх палахлівы, хай вернецца да хаты. Засталося толькі 10.000 чал. „Усё яшчэ шмат", ― сказаў Гасподзь, і загадаў Гэдэону пакінуць толькі 300 чал. Гэта былі самыя адважныя ваякі. Яны былі настолькі загартаваны, што нават ваду з ракі "лакталі языкамі сваімі, як локча сабака" (г. зн. стоячы, а ня стаўшы на калены). Вось з імі Гэдэон і стаў на гары. Унізе стаяў у вялікім ліку вораг. У лягеры яго панавала трывога, бо да яго дайшлі чуткі аб вялікім руху сярод ізраільцянаў. Уночы, разьдзяліўшы свой аддзел на тры часьці і даўшы кожнаму ваяку трубу і захаваны ў збанку сьвечнік, Гэдэон раптам напаў на непрыяцеля. Ваякі адкрылі свае сьвечнікі, затрубілі ў трубы і з крыкам: "Меч Бога і Гэдэона“ кінуліся рубаць і калоць ворагаў. Тыя, думаючы што каля кожнага сьвечніка цэлы аддзел і лічачы сябе акружанымі з ўсіх бакоў, пачалі забіваць адзін аднаго і кінуліся на ўцёк. Ізраільцяны прасьледавалі іх аж за Іардан.

Пасьля гэтае перамогі, мадыяніцяны болей ня трывожылі яўрэяў. Утварылася ціша па ўсёй зямлі абяцанай і цягнулася цэлых 40 гадоў, пакуль жыу Гэдэон.

У падзяку за збавеньне, Ізраіль запрапанаваў Гэдэону і яго патомству царскую ўладу над сабою, але Гэдэон адмовіўся, сказаўшы яўрэям: „Гасподзь хай валадае вамі".

§ 55. Самсон.

За паганства й распусту яўрэі падпалі пад лютае ярмо філісьцімлянаў, якія ўціскалі іх 40 гадоў. Нарэшце, яўрэі пакаяліся. Бог выбачыў ім іх грахі і паслаў ім збавіцеля ў постаці Самсона, з калена Данавага. Ангел Божы прадказаў маці яго, што ён будзе назарэем", г. зн. прысьвячоным Богу, і пачне ратаваць ізраільцянаў ад рукі філісьцімлянаў. Як назарэй, ён не павінен быў піць віна і стрыгчы валасоў. Калі Самсон узрос, ён зьвярнуў на сябе агульную ўвагу сваёй нязвычайнай фізычнай сілаю. Народ бачыў у гэтым дзеяньне „Духа Гасподняга".

Спачатку Самсон паказаў сваю сілу, калі йшоў да свае нявесты ― філісьцімлянкі. На яго наскочыў малады леу. Самсон разарваў яго, як якое казьлянё, хаця ня меў у руках ніякага аружжа. Аб гэтым ён не сказаў нікому ані слова, нават бацьку і маці. Калі быў вызначаны дзень шлюбу, Самсон ішоў тою самаю дарогаю і бачыць: у трупе разарванага ім лева цэлы рой пчол і мёд. Ён узяў мёду, сам еў, даў яго сваім бацьком, але йзноў нікому не сказаў, скуль быў мёд.

Тымчасам філісьцімляны пачалі ўжо баяцца яго і прыставілі дзеля назіраньня за ім 30 хлапцоў, пад відам шлюбных сяброў. Але ад Самсона не схавалася хітрасьць філісьцімлянаў. На вясельлі Самсон загадаў сваім сябром загадку: „з ядучага выйшла ядомае і ад дужага выйшла салодкае", ― і абяцаў падараваць ім 30 сарочак і 30 вопратак, калі толькі яны разгадаюць яе. Прапазыцыя была прынята, але ніхто ня мог разгадаць. Тады „сябры“ патрабавалі ад маладой ― пад пагрозай спаліць хату яе бацькі і яе самую, ― каб выведала ад Самсона значэньне загадкі. Яна зрабіла гэта і пераказала ім. Калі Самсон усё гэта адкрыў, дык пайшоў у горад Аскалон, забіў там 30 філісьцімлянаў, зьняў з іх адзеньне і аддаў сябром". Але, раззлаваўшыся на жонку сваю, пайшоў ад яе да сваіх бацькоў. Пакінутая мужам, яна хутка выйшла замуж за аднаго з шлюбных сяброў.

З гэтага дня пачалася помста Самсона філісьцімлянам. Так, ён злавіў 300 лісоў, прывязаў да іх хвастоў запаленыя ліхтары і пусьціў іх на палі філісьцімлянаў: увесь хлеб іх быў спалены. Другі раз, каб памсьціцца за спаленьне жонкі, Самсон, ухапіўшы асьліную сківіцу (чэлюсьць), якая ляжала каля яго на зямлі, перабіў ёю тысячу філісьцімлянаў.

Гэткаю барацьбою з прыгнятальнікамі й ворагамі свайго народу Самсон заслужыў сабе агульнае паважаньне сярод яўрэяў, і быў у іх судзьдзёю дваццаць гадоў. Але гэтыя ўчынкі і далейшае павядзеньне Самсона ня былі прыемны У вачох Божых, бо Самсон быў назарэем, дзеля гэтага канец яго жыцьця і сьмерць былі жудасныя.

Самсон дазволіў сабе захапіцца філісьцімлянкаю ― прыгожаю Далілай. Сваякі падкупілі яе, каб выведала у Самсона, ад чаго залежыць яго нязвычайная сіла. Самсон доўга не хацеў адкрыць, ала нарэшце сказаў: "сіла мая ― кажа — у тым, што я — назарэй, што брытва не датыкалася да галавы мае ад самага нараджэньня майго". Даліла паведаміла аб гэтым князёў філісьцімскіх. Тыя паслалі чалавека, які ў першую-ж ноч, калі Самсон спаў, астрыг яго, з помаччу Далілы. І адступіла ад яго сіла яго. Тады філісьцімляны схапілі Самсона, выкалалі яму вочы і пасадзілі у вастрог, дзе прымусілі малоць хлеб ручнымі жорнамі (работа самая паніжальная). У гэтай нядолі Самсон зьвярнуўся да Бога. Бог вярнуў яму яго сілу, ― па той меры, як адрасталі яго валасы. ― Аднаго разу філісьцімляны сабраліся на сьвята у чэсьць бога Дагона. Тут былі ўсе князі іхныя, а на страсе дому, дзе банкетавалі, знаходзілася да 3000 мужчын і жанчын. Успомнілі пра Самсона. Загадалі прывясьці яго з вастрогу, каб пацешыцца над ім. Самсон цярпліва зносіў усе зьдзекі і жарты, якія чаргаваліся з біцьцём па твары. Нарэшце, ён папрасіў хлопчыка, які вадзіў яго за руку, каб той падвёў яго да стаўноў, на якіх быў узмацованы дом. І памаліўся Самсон Госпаду й сказаў: "Госпадзі Божа, успомні і ўзмацуй мяне". Абхапіўшы рукамі два сярэднія стаўпы, Самсон зрушыў іх з месца, дом заваліўся і задушыў усіх, хто быў у ім. Згінуў пры гэтым і сам Самсон.

На прыкладзе свайго судзьдзі Самсона ізраільскі народ, як прысьвячаны Богу (назарэй), мог бачыць, што сла і магутнасьць яго захоўваецца ў вернасьці завету з Богам, што, нарушаючы гэны завет, ён ― як і Самсон ― знойдзе сваю „Далілу", якая, пазбавіўшы яго "назарэйства", аддасьць яго ворагам на зьдзекі і зьніштажэньне.

§ 56. Першасьвяшчэньнік і судзьдзя Ілій. Хлапец Самуіл. Каўчэг завету ў палоне.

Пры канцы пэрыяду судзьдзя першасьвяшчэньнікам і судзьдзёю быў Ілій. Сам ён быў чалавек добры і пабожны, але два сыны яго ― Офні і Фінэес (сьвяшчэньнікі) трымалі сябе нягодна і сваёю зазорнаю службаю і павядзеньнем нясьлі надта дрэнны ўплыў у народ.

У часе іх узгадоўваўся пры Скініі хлапец Самуіл, якога прысьвяціла Богу маці яго Ганна у падзяку за дараванага сына, бо доўга ня мела дзяцей. Самуіл спаў заўсёду ўнутры Скініі. Аднаго разу ён пачуў праз сон голас, які тройчы клікаў яго. Гасподзь адкрыў Самуілу, што ўвесь дом Ілія згіне за тое, што ён не акелзаў сваіх заганных сыноў. Ілій пакорна выслухаў прызначэньне аб ім Бога сказаўшы: "Ен ― Гасподзь; што Яму міла, хай робіць".

Хутка споўнілася прадказаньне Самуіла. Яўрэі пачалі вайну супроць філісьцімлянаў, але павялі яе няўдачна: у першай-жа бітве яўрэі страцілі каля 400 чал. Тады старшыні ізраілевы рашылі прынясьці у вайсковы лягер каўчэг завету, лічачы, што ў такім разе Гасподзь абавязкова дасьць ім перамогу над ворагамі. Ілій, не запытаўшыся волі Божай, адпусьціў каўчэг завету з сваімі сынамі. Адбылася бітва. Яўрэі йзноў былі дашчэнту разьбітыя; Офні і Фінэес былі забіты, а каўчэг Божы узяты ў палон. (Гасподзь паказаў гэтым свайму народу, што сьвятая рэч не паможа таму. хто не шануе сьвятога Закону Божага). Ілій, пачуўшы аб гэтым няшчасьці, упаў наўзнак, паламаў сабе хрыбёт і адразу памёр.

Страта каўчэга завету была запраўдным няшчасьцем для яўрэйскага народу. Яна пагражала з працягам часу зьніштожыць веру у Бога і тыя нацыянальныя сувязі, якія аб'ядналі яўрэяў у адзін народ, і памаглі яму аказваць спраціўленьне многалікавым ворагам. Апрача таго было вялікай зьнявагаю для яўрэяў тое, што іх нацыянальная сьвятыня ― у паніжэньні ад паганцаў. Лепшыя з яўрэяў уцямілі гэта і „зьвярнуліся" да Бога.

§ 57. Паварот каўчэга завету. Высьведчаньні Самуіла. Усенароднае пакаяньне яўрэяў.

Забраўшы ў палон каўчэг завету, філісьцімляны з асаблівай урачыстасьцяй павязьлі яго у свой горад Азот і паставілі ў капішчы бога Дагона. Назаўтра аказалася, што статуя Дагона ляжыць на зямлі перад каўчэгам. Яшчэ цераз дзень убачылі адсечанымі галаву, рукі і ногі статуі. Адначасна на жыхарох гораду зьявіліся нейкія балючыя нарасьці, а палі сталі пусташыць мышы у нязьлічаным мностве. Тады філісьцімляны пачалі пераносіць каўчэг завету ў іншыя гарады, дык паўтаралася тое самае. Што было рабіць? Рашылі зусім адпусьціць ад сябе каўчэг. Была зроблена калясьніца, запраглі у яе дзьве, ніколі ня быўшыя пад ярмом, каровы, і, з каўчэгам завету, пусьцілі іх па дарозе. Каровы, якімі ніхто ня кіраваў, давязьлі каўчэг да граніцаў яўрэяў і спыніліся на полі яўрэя Ісуса, каля гораду Вэфсамісу. У гэтым горадзе жылі левіты. Яны багавейліва зьнялі каўчэг і паставілі яго на вялікі камень, а калясьніцу раскалолі на дровы, і кароў прынясьлі ў ахвяру Богу. Сюды пачало схадзіцца шмат народу, дзеля пакланеньня сьвятыні. Некаторыя, наўпрыцям простай забароне закону, дазволілі сабе заглядваць унутр каўчэгу. За гэта было пакарана сьмерцяй больш як 50.000 чал. Хутка з Вэфсамісу каўчэг завету быў перанесены ў Кірыяф-Іарым, дзе й паставілі яго на ўзгорку, у хаце аднаго левіта.

Прайшло яшчэ дваццаць гадоў, у працягу якіх яўрэі, як адкінутыя Богам, мусілі далей быць пад ярмом філісьцімлянаў. Нарэшце няшчасьці навучылі яўрэяў. Пад уражаньнем гарачых прамоваў Самуіла, выяўляўшых іх паганства і заганы і прызываўшых зьвярнуцца да Адзінага Бога, яны вярнуліся да Яго і зьнішчылі ўсіх сваіх ідалаў. Пасьля таго Самуіл уладзіў урачыстае сабраньне народу Масіфе, і там утварылася як-бы публічнае пакаяньне народу і аднаўленьне завету з Богам. Увесь народ пасьціўся, каючыся у сваіх ранейшых грахох, і потым як-бы йзноў прыняў забытую ім веру бацькоў. Сабраньне закончылася ўрачыстым ахвярапрынашэньнем.

Пасьля гэтага, з Божай помаччу, было скінута ярмо філісьцімскае. Яўрэі прасьледавалі іх далёка за межы свае зямлі. Яны вярнулі і ўсе гарады, якія былі адабраны ў іх філісьцімлянамі.

§ 58. Самуіл ― судзьдзя. Заснаваньне ім прароцкае школы. Вымаганьне народам цьвёрдае ўлады.

Пасьля пакаяньня ў Масіфе і перамогі над філісьцімлянамі Самуіл зрабіўся ў яўрэяў народным судзьдзёю і пад яго кіраўніцтвам край доўга цешыўся спакоем і дабрабытам. Штагодна Самуіл абходзіў усе гарады яўрэйскія і тварыў суд; скончыўшы такі абход, ён ізноў вярнуўся ў свой дом, У Раму, дзе паставіў ахвярнік Богу.

Каб узмацаваць справу, якой ён служыў, Самуіл заснаваў у Раме г. зв. „прароцкую школу". З працягам часу з яе і з іншых такіх самых школаў, заснованых у іншых гарадох, выйшлі тысячы асьвечаных і гарачых, падобна да свайго вучыцеля, абаронцаў веры, якія прабуджалі сумленьне народу, у прыпадку яго ўхіленьня ад Божых прыказаньняў, і наагул служылі яго рэлігійнаму й моральнаму адраджэньню. Галоўным прадметам вывучэньня у прароцкіх школах былі: закон Божы, рэлігійная абраднасьць і рэлігійная музыка. Прарокі жылі ўсе разам, карміліся у агульных сталоўках, насілі асаблівую адзежу з скураным поясам.

Ува ўсёй далейшай гісторыі яўрэйскага народу прарокі выступалі заўсёды, як руплівыя захоўнікі завету Божага з абраным народам і змагальнікі за яго нацыянальную свабоду.

Мудрае кіраваньне Самуіла цягнулася да яго старых гадоў, калі ён, на помач сабе, прызваў двох сваіх сыноў Іоіля і Авія. Але яны „ўхіліліся ў карысталюбства", бралі „гасьцінцы" і судзілі небесстаронна. Вышла гэтак дзякуючы таму, што Самуіл амаль не заўсёды адсутнічаў з дому і ня меў магчымасьці кіраваць узгадаваньнем сваіх дзяцей і сачыць за іх грамадзянскай дзеяльнасьцяй. Але гэтая акалічнасьць паслужыла вонкавым таучком да надта важнага перавароту у жыцьці яўрэйскага народу. Для ўсіх стала вачавіднаю неабходнасьць патрэбнага падбору і кантролю грамадзкіх дзеячоў, ня гледзячы ні на якія сваяцкія ці іншыя сувязі. З другога боку, народ ня мог не цаніць мудрага і цьвёрдага кіраўніцтва Самуіла, якое прынясло яму вонкавую бясьпечнасьць і ўнутраны спакой. Так ці іначай, але народ цераз сваіх старшыняў пачаў прасіць Самуіла паставіць яму цара, як гэта ёсьць у суседніх народаў. "Дай нам цара ― казалі старшыні, ― які судзіў-бы нас і вёў-бы нашыя войны!" Хаця гэтае вымаганьне ня супярэчыла закону Майсея, які прадбачыў час, калі народ будзе прасіць сабе цара, аднак Самуіл, лічачы, што Царом над яўрэямі зьяўляецца сам Бог, пачаў іх адгаварваць ад зьдзейсьненьня гэтае думкі. Па наданьню Божаму, ён паказау народу на тыя адмоўныя бакі, якія былі злучаны на ўсходзе з царскаю ўладаю (свавольства, ўціск, дэспотызм). Але народ, пераканаўшыся ў сваёй няздольнасьці да самасправаваньня, гатоў быў усё ператрываць, каб толькі мець цара. У спомнім, што яшчэ ня так даўно народ прасіў Гэдэона застацца яго царом... За часы судзьдзяў прыйшло у разлад усё жыцьцё народу, як рэлігійна-моральнае, так і сямейнае і грамадзянскае. Усюды панавала свавольства, хаборніцтва, распуста. Самаволя кіраўнікоў народных усё болей і болей падрывала сілы народу і паменшала яго матар'яльны дабрабыт. Адсутнасьць пэўнага нацыянальнага асяродзьдзя вяла да палітычнага распаду і разьяднаньня, што лёгка рабіла народ здабычай суседніх, болей моцных сваёй арганізацыяй, народаў. У сьвядомасьці народнай адзіным выхадам з такога палажэньня зьяўлялася толькі цьвёрдая ўлада у постаці цара. Ваганьні Самуіла цягнуліся нядоўга: па малітве да Бога, ён адтрымаў загад паставіць народу цара, загадзя абвясьціўшы яму правы царскія.

IV. Гісторыя царквы ад цара Саупа да палону Вавілонскага[правіць]

ІV.

Гісторыя царквы ад цара Саупа да палону Вавілонскага (ад 1110 г. да 589 г. да Хр. Нар.).

А. Час цароў ― да разьдзяленьня царства яўрэйскага (1110 ― 980 г.г. да Хр. Нар.).

§ 59. Абраньне і памазаньне Саула на царства.

Першым царом яўрэйскім быў Саул. Паходзіў ён з сям'і кіса, з калена Вэніямінавага. Кіс быў чалавек небагаты, але ўсімі паважаны. Аднаго разу ў яго прапалі працоўныя асьліцы. Саул (тады ён быў ужо сярэдніх гадоў) кінуўся шукаць іх, і ін мог знайсьці. Слуга парадзіў яму зьвярнуцца да прарока Самуіла ― запытацца, дзе яму шукаць загінуўшае. А Самуіл яшчэ напярэдадні адтрымаў ад Госпада загад памазаць Саула на цара народу яўрэйскага. Калі прыйшоў Саул, дык Самуіл, які у гэты час прымаў удзел у урачыстым ахвярапрынашэньні з поваду сьвята, з паважаньнем спаткаў яго, запрапанаваў яму на банкеце першае месца і паднёс пачэсны кавалак (плячо) ад ахвярнае жывёлы. На другі дзень Самуіл, узяўшы судзіну з алеем, выйшаў з Саулам за места і тутака, калі слуга падаўся трохі ўперад, памазаў яго на царства і даў яму ў пасьведчаньне гэтага тры знакі, якія адразу і споўніліся. Між імі было тое, што на дарозе яго сустрэнуць з весткай, што асьліцы знайшліся, а другое, што Саула спаткаюць прарокі, з якімі ён сам будзе праракаваць пасьля таго, як на яго сайдзе Дух Божы. Гэтае здарэньне надта ўсіх зьдзівіла, дзеля чаго ў народзе пыталіся адзін аднаго: "хіба й Саўл стаў прарокам?"

Усенароднае абраньне Саула. Хутка пасьля патайнога памазаньня Саула, Самуіл склікаў усіх яўрэяў у Масіфе, дзеля ўрачыстага абраньня цара. Кінулі жэрабя. Жэрабя упала на Саула. Ён быў вельмі прыгожы і прадстаўнічы (вышэй за ўсіх галавою), дзеля гэтага большасьць, задаволеная абраньнем, прызнала яго сваім царом і паднясла яму гасьцінцы. Але знайшліся і нав, якія гаварылі: ,,ці яму ратаваць нас?" і не паднясьлі гасьцінцаў Саулу. Таму што ня было яшчэ ні сталіцы, ні палацу для цара, дык Саул, пасьля свайго абраньня, пайшоў у Гіву, у дом бацькі свайго, і тамака далей працаваў на гаспадарцы. Хутка выпала яму выступіць абаронцаю і збавіцелем свайго народу і памірыць з сваім абраньнем усіх незадаволеных.

На горад Іавіс раптам напаў князь амоніцкі і патрабаваў здаць яму горад, пагражаючы ў праціўным выпадку выкалаць усім жыхаром правае вока. Узбуджаны Духам Божым, Саул расьсёк пару сваіх валоў на 12 часьцінаў і разаслаў іх па ўсіх каленах, трэбуючы безадкладна выслаць да яго аружных людзей, дзеля абароны бацькаўшчыны і папераджаючы, што так будзе зроблена з кожным, хто не адклікнецца на яго заклік. Сабралася вялікае лікам войска, з якім Саул і разьбіў лютага ворага. Пасьля гэтае перамогі ўвесь народ сабраўся ў Галгале і тамака Саул аканчальна ўсімі прадстаўнікамі каленаў ізраільскіх быў зацьверджаны на царскім пасадзе. Самуіл злажыў з сябе поўнамоцніцтва судзьдзі і перадаў свае правы новаабранаму цару, пры чым сказаў: калі вы будзеце рабіць благое, дык і самі вы і цар ваш згінеце“.

§ 60. Непаслухмянасьць Саула і застаўленьне яго Богам.

Засноўваньне яўрэямі царскае ўлады надта патурбавала суседнія народы. Яны ўбачылі ў гэтым простую пагрозу свайму істнаваньню і пачалі рабіць напады на зямлю яўрэяў. Саул павінен быў падумаць аб абароне гаспадарства. Троху-па-троху ён сабраў заўсёднае моцнае войска, з якім і рабіў удачныя паходы супроць амоніцянаў, моавіцянаў, ідумеяў і асабліва філісьцімлянаў. Гэтымі паходамі ён уамацаваў сваё палажэньне і ўзьвялічыў царства. Але слава Саула хутка памеркла. Ен наклікаў на сябе гнеў Божы сваёю непаслухмянасьцяй.

Адноўчы перад бітвою, згодна з звычаем, Саул зьбіраўся прынясьці ахвяру Богу. На гэтую урачыстасьць абяцаў прыбыць і Самуіл. Саул чакаў яго сем дзён, але Самуіл ня прыходзіў. Тады Саул сам без сьвяшчэньніка, яшчэ да прызначанага Самуілам сроку, прынёс ахвяру Богу. Гэтым Саул нарушыў закон, дзеля таго, што ён ня меу правоў сьвяшчэньніка. Сваім паступкам Саул як-бы наказаў непаважаньне да рэлігіі. Ось чаму, як зараз пасьля таго прыйшоў Самуіл, ён, зрабіў моцны закід Саулу за тое, што "ня споўніў загаду Божага" і абвясьціў, што за гэтую непаслухмянасьць патомства яго не адтрымае ў насьледзтва яго царства.

Быў і яшчэ выпадак, калі Саул не паслухаўся волі Божае. Маючы загад Божы зьнішчыць дашчэнту амалікіцянаў, Саул тымчасам зьлітаваўся над царом іхнім Агагаю і дазволіў свайму войску скарыстаць з здабычы. Пасьля гэтага Самуіл сказаў яму: "цяпер Бог адабраў ад цябе царства і аддаў лепшаму за цябе". Агага быў забіты ўласнаю рукою Самуіла. Гэта было апошняе спатканьне Самуіла з Саулам. Аднак ён не пераставаў яго любіць, горка сумаваў і плакаў аб ім.

§ 61. Памазаньне Давіда на царства. Давід пры двары Саула.

Калі Гасподзь адкінуў Саула, Самуіл пайшоў у горад Віфлеем да некага Есея, праўнука Ваоза і Руфі[21] і там памазаў на царства малодшага Есеевага сына ― Давіда, тады яшчэ юнака, з прыгожымі вачыма і прыемным тварам. Памазваючы Давіда, Самуіл аднак не сказаў яму, што прызначае яго царом яўрэйскага народу. З гэтага дня спачыў на Давідзе Дух Божы, пачаўшы рыхтаваньне яго да царскага служэньня, а ад Саула адступіў. Саул надта засмуціўся. Грызота сумленьня мучыла яго. Каб пазабаўляць цара, прыбліжаныя яго парадзілі яму паклікаць Давіда, які вельмі добра іграў на арфе. Давід быў пакліканы да Саула і, калі Саул прасіў, дык Давід іграў для яго і сьпяваў сьвяшчэнныя песьні. Саулу рабілася лягчэй на сэрцы. І палюбіў Саул Давіда і зрабіў яго сваім зброяносцам. Але служба гэтая не перашкаджала Давіду час ад часу адходзіць у дом бацькі, дзе Давід пасьвіў яго статкі.

§ 62. Узвышэньне Давіда. Варожасьць Саула да Давіда. Сьмерць Саула.

Хутка здарыўся выпадак, які зрабіў ведамым імя Давіда ўва ўсім царстве. У яўрэяў вялася вайна з філісьцімлянамі. Калі ворагі паблізіліся адзін да аднаго, дык з лягеру філісьцімлянаў паказаўся волат Голіаф, ростам 4¼ арш., узброены з ног да галавы. Ён выклікаў сабе супраціўніка на паядынак, гаворачы: "калі я перамагу ― вы будзеце нашымі рабамі; ён пераможа - мы будзем вашымі рабамі". Ніхто з яўрэяў не адважваўся выйсьці супроць Голіафа.

У гэты самы час, па даручэньню свайго бацькі, прыйшоў у лягер яўрэяў Давід, каб перадаць гасьцінцы тысячаначальніку і праведаць сваіх старшых братоў. Чуець ― Голіаф, у прысутнасьці ўсяго лягеру, пяруновым голасам зьдзекуецца над трусьлівасьцяй і маладушнасьцяй яўрэяў. Закіпела абурэньнем гарачае сэрца Давіда, пачуў ён у сабе нястрыманую адвагу. Ён абвясьціў Саулу, што пойдзе біцца з Голіафам. Саул маніўся адгаварыць свайго любімца, але Давід быў няўгібны. Узяў ён у рукі свой посах пастухоўскі, выбраў пяць гладкіх каменьчыкаў, палажыў у сваю пастухоўскую торбачку і пайшоў на Голіафа. Гасподзь памог Давіду і трапным ударам каменя з прасткі ён папаў Голіафу проста у лоб, аглушыў яго, а пасьля, падскочыўшы да яго з шпаркасьцю ласіхі, яго-ж мечам адсёк яму галаву. Філісьцімляны пабеглі; яўрэі далёка гналіся за імі і шмат іх забілі.

Перасьледаваньні Давіда Саулам. Калі Саул і Давід варочаліся дамоў, пасьля перамогі над філісьцімлянамі, дык жанчыны гарадоў, праз якія яны праходзілі, выбягалі ім насустрэчу й пяялі: "Саул перамог тысячы, Давід Дзесяткі тысячаў". Гэта надта не спадабалася Саулу. Ён пачаў зайздросьціць славе Давідавай і задумаў нат забіць яго; ― дзеля гэтага два разы, нібы ў прыпадку шалу ці разьюшаньня, кідаў у яго капём, але Гасподзь захоўваў Давіда.

Другі раз за руку дачкі свае Мэлхолы, якая пакахала Давіда, Саул патрэбаваў ад яго галоваў 100 філісьцімлянаў, разьлічваючы на тое, што ў гэтым небясьпечным прадпрыемстве ён згіне. Але Давід забіў 200 філісьцімлянаў і адтрымаў руку Мэлхолы. Пасьля гэтага Саул пачынае адкрыта прасьледаваць свайго зяця. Але Давід цярпліва зносіў усе гэтыя прасьледаваньні, ня будучы злопамятным ці імсьцівым, хаця Саул няраз быў у руках яго. Напрыклад, адноўчы Саул увайшоў у пячору, дзе знаходзіўся Давід з сваімі сябрамі, і той толькі ціханька адрэзаў край адзеньня Саула, і не забіў яго, бо "ён ― памазаньнік Божы". Другі раз уночы, калі ўсе паснулі, Давід прабраўся ў лягер Саула і ўзяў капе, якое стаяла каля галавы Саула, і ізноў самога не зачапіў. Саул каяўся ў сваёй бязглуздай ненавісьці да Давіда і багаслаўляў яго велікадушнасьць. Але з працягам часу ўсё такі не пераставаў прасьледаваць Давіда, дзякуючы чаму ён быў прымушаны выдаліцца на час з зямлі яўрэйскае.

Сьмерць Саула. Цяжка было на душы ў Саула. Сьмерць Самуіла (памёр 88-х гадоў аплакваны ўсім народам) узмацніла яшчэ болей яго мукі. Страшэнная нуда сьціскала сэрца Саула, а тутака яшчэ надходзіла грозная небясьпека з боку філісьцімлянаў, якія йшлі на яўрэяў з вялізарным войскам. Прадчуваючы нядобрае, ён праз першасьвяшчэньніка запытаўся ў Бога аб рэзультаце будучае бітвы, але Бог не адказаў яму, бо яго вера была слабая. Тады цар-небарака, жадаючы даведацца аб сваёй долі, зьвярнуўся да забабонаў. Уночы, з двома слугамі, пераапрануўшыся, Саул прыйшоў да чараўніцы ў Аэндоры. Яна пачала варажыць. Раптам бачыць ― выходзіць з зямлі стары дзед, апрануты ў доўгую вопратку. Саул пазнаў у ім Самуіла, і пакланіўся яму да зямлі. Саул сказаў: „цяжка мне; філісьцімляны ваююць супроць мяне, а Бог адступіўся ад мяне і не адказвае мне ані праз прарокаў ані у сьне, дзеля гэтага я й паклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што рабіць мне". ― Самуіл адказаў: „навошта ты пытаешся мяне, калі Гасподзь адступіўся ад цябе? Гасподзь зробіць тое, што казаў праз мяне: аднімець царства з рук тваіх і аддасьць яго Давіду. Заўтра ты й сыны твае будзеце са мною, а лягер ізраільскі Гасподзь перадасьць у рукі філісьцімлянаў". На другі дзень адбылася бітва. Філісьцімляны разьбілі яўрэяў дашчэнту. Тры сыны Саула былі забіты, а сам ён быў цяжка ранены. Баючыся жывым трапіць у лапы ворагаў, Саул прасіў свайго зброяносца дабіць яго, але той адмовіўся; тады Саул уткнуў у зямлю свой меч сьпічаком уверх і кінуўся на яго.

Давід даведаўся аб сьмерці Саула ад аднаго амалікіцяніна, які, спадзяючыся адтрымаць вялікую нагароду, прынёс яму карону Саула і непраўдзіва сказаў, быццам сам прыкончыў яго. Давід выклікнуў: "як ты не баяўся падняць руку на памазаньніка Божага?" і загадаў свайму ваяку безадкладна забіць амалікіцяніна, як павіннага ў забойстве цара. Сьмерць Саула і сыноў яго Давід аплакаў у асобнай песьні, якую сьпяваць навучыўся ўвесь народ.

§ 63. Зацараваньне Давіда (1060 г. да Х. Н.). Заваяваньне Ерусаліму. Новая скінія. Перанос у яе каўчэга завету. Думка аб пабудове Храму.

Па сьмерці Саула, Давід запытаўся ў Бога, куды яму йсьці. „Ідзі ў Хэўрон", ― быў адказ. Калена Юдава адразу прызнала Давіда сваім царом. Рэшта каленаў падтрымлівала Евасфэя, сына Саулавага. Пачалася хатняя вайна, якая цягнулася пяць гадоў. Калі Евасфэй быў забіты сваімі прыбліжанымі, усе калены ізраільскія прыйшлі ў Хэўрон да Давіда і абвясьцілі яго царом, кажучы: "вось мы косьці твае й цела тваё". Пасьля гэтага Давід урачыста быў памазаны на царства. Ня гледзячы на свае маладыя гады (30 г.), Давід меў ужо багатае жыцьцёвае дасьведчаньне і блізка быў знаёмы з запраўднымі патрэбамі свайго народу. Ведама была таксама яго велікадушнасьць адносна ворагаў і спагаданьне да бедных людзей. Дзякуючы гэтаму, яго зацараваньне было спаткана ў народзе з вялікаю радасьцяй і надзеямі. І Давід у поўнай меры апраўдаў гэтыя надзеі. Пры ім яўрэйскае царства дасягнула найвышэйшае ступені свае магутнасьці і славы.

Давід пакарыў сваёй уладзе моавіцянаў, амоніцянаў, ідумеяў, сырыйцаў і адабраў некалькі гарадоў у філісьцімлянаў. Такім чынам, граніцы царства яўрэйскага пашырыліся пры Давідзе на паўночы да Дамаску і Эўфрату, на паўдні да Эгіпту, на захадзе ― да Міжземнага мора. Апрача таго, Давід здолеў завязаць надта цэнныя суадносіны з Хірамам, царом багатага й магутнага Тыру. Нязвычайнае ўзвышэньне царства трабавала абраньня й адпаведнага сталічнага, канешна, дужа ўмацаванага гораду. Такое сталіцы, якая аб'яднала-б увесь народ, да гэтага часу ня было. Першыя сем гадоў свайго кіраваньня Давід жыў у Хэўроне, у калене Юдавым. Гэта выклікала зайздрасьць іншых каленаў. Кожнае дамагалася, каб цар жыў у якім-колечы яго горадзе. Каб ня даць поваду да спаборніцтва, Давід абраў за сталіцу такі горад, які не належаў ні да аднаго калена. Гэта быў Ерусалім, які належаў да ханаанскага плямя евусеяў, паложаны на мяжы каленаў Юдавага й Вэніямінавага. Болей удатны выбар трудна было-б і зрабіць. Ерусалім (ведама, яго прышлося браць аружнай сілаю) быў паложаны на высокай гары Сіон і абкружаны высокімі сьценамі. Дзякуючы свайму палажэньню, Ерусалім хутка пачаў сьцягваць да сябе яўрэйскае насяленьне й будавацца. Хірам прыслаў Давіду розныя будаўляныя матар ялы і майстроў. Для сябе і сваіх наступнікаў Давід пабудаваў пышны палац. Новая сталіца зацьвіла буйна і багата, і Ерусалім зрабіўся адным з найвыдатнейшых гарадоў у гісторыі ня толькі яўрэйскага нарэду, але і ўсяго чалавецтва.

Каб зрабіць сваю сталіцу асяродзьдзем і рэлігійнага жыцьця, Давід пабудаваў у ім новую скінію замест старое, пакінутае ў Гаваоне, і ўрачыста перанёс у яе з Кірыяф-Іарыму каўчэг завету. Давід сам адправіўся за ім, стаўшы на чале, асобна прызначанага дзеля гэтага сьвята, 30.000-га аддзелу. Зрабілі новую калясьніцу, запраглі ў яе валоў, паставілі каўчэг завету і павязьлі. Дарогаю у адным месцы валы трохі нахілілі калясьніцу. Сын таго левіта Амінадава, у хаце якога знаходзіўся перад тым каўчэг завету, на імя Оза, падбег падтрымаць каўчэг. Але толькі ён дакрануўся да яго, як упаў мёртвым. Гэта было перасьцярогай Давіду, бо закон трэбаваў іншага спосабу перасуваньня каўчэга завету, іменна на плячох левітаў і сьвяшчэньнікаў. Каўчэг быу зьняты з калясьніцы і пастаўлены у доме Авэдара. Цераз тры месяцы каўчэг урачыста быў перанесены у Ерусалім першасьвяшчэньнікамі ад абедзьвюх лініяў Ааронавага сьвяшчэнства. Праз кожныя шэсьць крокаў цар прыносіў ахвяры. Усю дарогу йграла музыка, левіты пяялі сьвяшчэнныя псальмы. Сам Давід, абняты сьвятым захопленьнем, іграў і скакаў перад каўчэгам.

Калі каўчэг завету быў пастаўлены на сваё месца ў паноўна выбудаванай скініі, Давід прынёс Богу ахвяры і багаславіў народ свой імем Госпада. Усім, хто прымаў удзел у гэтай урачыстасьці, было зроблена частаваньне ад цара. Калі Давід вярнуўся да палацу, дык Мэлхола, жонка яго, пачала рабіць яму закіды, кажучы з высьмешкай: "ЯК добра ад значыўся сёньня цар ізраілеў, агаліўшыся перад вачыма нявольніцаў нявольнікаў сваіх, як агаляецца якінебудзь пусты чалавек!" Давід адказаў: "перад Госпадам, Які зацьвярдзіў мяне правадыром народу Свайго, іграць і скакаць буду і зраблюся яшчэ нікчэмней у вачох маіх". За сваю пышлівасьць Мэлхола была пакарана тым, што болей "ня было дзяцей у яе да сьмерці яе".

Узвышэньне царства. Пасьля пераносу каўчэга завету у Ерусалім, Давід заняўся справай упарадкаваньня свайго царства. Так, ён устанавіў пры скініі правільны парадак багаслужэньня, аднавіў праўдзівы суд і кантроль над кіраваньнем царства, аканчальна падбіў землі, якія па абяцаньню Божаму, мусілі належаць да яўрэяў, напр., землі філісьцімлянаў, ідумеяў, горад Дамаск і г. д. Дзякуючы гэтым заваяваньням, Давід першы раз у гісторыі яўрэйскага народу ўладаў усімі прасторамі зямлі, якія абяцаны былі патрыархам. Царства яўрэйскае было цяпер магутнай монархіяй, якая на час кіравала ўсёй заходняй Азіяй і ў руках якое знаходзіўся лёс шмат якіх народаў, абавязаных грознаму цару данінай і усялякімі павіннасьцямі.

Думка аб пабудове храму. Акружаны славаю, жывучы сам у пышным кедравым палацы, Давід заўсёды трывожыўся думкаю, што каўчэг завету "стаіць пад шатром". Яму хацелася выбудаваць вялічны храм Іегове, адпаведны вялікасьці Яго царства. Прарок Нафан, які знаходзіўся пры Давідзе, спачатку ўхваляў думку цара, але адтрымаўшы загад ад Бога, абвясьціў Давіду, што як праліўшы шмат крыві, ён ня можа пабудаваць храму Богу спакою і згоды. Гэтая справа, па словах прарока, будзе створана яго сынам, які будзе царстваваць ціха. Але дзеля таго, што самая думка Давіда аб пабудове храму выцякала ў яго з добрых пабуджэньняў, дык Гасподзь паказаў яму сваю міласьць вялікім абяцаньнем, што царства яго над ізраільскім народам будзе зацьверджана навекі, што Гасподзь не аднімець ад яго Свае міласьці і што з яго патомства народзіцца Вялікі і Вечны цар, якому "Я ― кажа Гасподзь ― буду айцом ён будзе Мне сынам".

Каб палягчыць сыну свайму збудаваньне храму, Давід загадзя пачаў падрыхтоўваць патрэбныя матар'ялы, рысункі і пляны, у чым яму памагаў Хірам, цар Тырскі.

§ 64. Злачынства Давіда і яго каяньне.

Ваенныя удачы, багацьце і слава Давіда, расьпешчанага раскошай і лісьлівасьцяй царадворцаў, з працягам часу, прыдушылі заўсёднае памятаваньне яго аб Богу; разьвілі ў ім пачуцьцё надмернай гордасьці й саманадзейнасьці, што й было прычынай яго моральнага ўпадку.

Адноўчы Давід з страхі свайго палацу убачыў на суседнім двары маладую прыгожую жанчыну і пакахаў яе. Гэта была Вірсавія, унучка царскага райцы Ахітафэла, жонка Урыя Хэтэяніна, які знаходзіўся у той час у войску. Давід ня здолеў перамагчы у сабе грахоўнага жаданьня. Мала таго, захоплены палам, адважыўся на новае злачынства ― загадаў паставіць Урыя ў часе бітвы на самае небясьпечнае месца, каб ен ня мінуў сьмерці. Хутка ганец прынёс вестку, што Урый забіты. Давід узяў Вірсавію да сябе і ажаніўся з ёю. Ад гэтага шлюбу быў у Вірсавіі сын, якога Давід надта любіў. Але страшнае злачынства не захавалася ад справядлівага суда Божага. Да Давіда зьявіўся прарок Нафан і у форме прыповесьці вымавіў прысуд Божы за дапушчанае ім злачынства. Нафан расказаў гэтак: два чалавекі жылі ў адным горадзе: адзін багаты, другі бедны. Багаты меў шмат буйнае й добрае скаціны, а у беднага была толькі адна авечка, якую ён купіў маленечкаю і гадаваў разам са сваімі дзяцьмі; яна ела, піла, спала разам з ім і была для яго як-бы за дачку. Дык вось аднаго разу прыйшоў да багатага падарожны. Багаты пашкадаваў сваіх авечак, каб пачаставаць падарожнага, ды адабраў авечку ад беднага, і закалоў яе для свайго гасьця". Давід з гневам выклікнуў: "прысягаю Богам, чалавек, які зрабіў так, варты сьмерці, а за авечку павінен заплаціць учэцьвера“. ― Тады Нафан кажа Давіду: „гэты чалавек ― ты. Гэтак кажа Гасподзь: Я памазаў цябе на цара над Ізраілем, нашто-ж ты пагардзіў словам Госпада? Жану урыя ты ўзяў сабе і забіў яго мечам амоніцянаў: за гэта меч не адступіць ад дому твайго; я паднясу на цябе благое з твайго дому". ― І сказаў Давід Нафану: "саграшыў я перад Госпадам". ― Нафан адказаў яму: „Гасподзь зьняў з цябе грэх твой; ты не памрэш, але памрэць сын твой, які радзіўся ў цябе". ― У страшным смутку чакаў Давід спаўненьня прысуду і заспакоіўся толькі тады, калі сын узапраўды памёр. Давід усё жыцьцё сваё горка каяўся перад Богам у сваім граху і пладом гэтага каяньня зьявілася ведамая псальма: "Памілуй мяне, Божа, па вялікай Тваёй міласьці". Каяньне Давіда было такое шчырае, што Бог вярнуў яму міласьць і у знак гэтага паслаў яму ад Вірсавіі другога сына Салямона, які зрабіўся ня толькі наступнікам Давіда, але і роданачальнікам Мэсіі. Узгадаваньне Салямона Давід даручыў прароку Нафану.

§ 65. Бядоты ў кіраваньне Давіда. Паўстаньне Авэсалома.

Злачынства Давіда як-бы заразіла ўсё сямейнае жыцьцё яго, і з гэтага часу ў доме Давіда пачынаецца ліха. Вінавайцай стаўся сын Авэсалом, які надумаў адняць ад бацькі царскую ўладу. Ён быў прыгожы і ўсіх цягнуў да сябе сваім абыходжаньнем: „ува ўсім народзе ня было мужчыны гэткага прыгожага, як Авэсалом, і гэтак пахвалянага як ён; ад падэшвы ног да вярха галавы ня было у яго заганы". Асабліва прыгожыя былі ў яго валасы. Хочучы набыць любоў народу і выклікаць няпрыхільнасьць яго да бацькі, ён кожны дзень зраньня выходзіў да гарадзкое брамы, абнімаў і цалаваў усіх, хто толькі падходзіў да яго, шануючы ў ім царскага сына, і калі хто йшоў да цара на суд, дык, выслухаўшы яго, звычайна дадаваў з учасьцем: "бачу, твая справа справядлівая. Але ў цара няма каму выслухаць цябе. О, каб мяне паставілі судзьдзёю ў гэтай зямлі! я кожнага судзіў-бы па праўдзе". Калі Авэсалом такім шляхам набыў сабе выстарчаючы лік прыхільнікаў, дык ён неспадзявана выдаліўся ў старую сталіцу Хэўрон і тамака адкрыта падняў паўстаньне проці бацькі. Прыхільнікі, ― у ліку якіх быў і Ахітафэл, які, відочна, шукаў поваду памсьціцца Давіду за Урыя, ― абвясьцілі Авэсалома царом Ізраільскім. У народзе ўтварылася вялікае ўзбуджэньне і разьдзяленьне. Давід з сям'ёй прымушаны быў уцякаць з Ерусаліму. Каля яго гуртаваўся толькі невялічкі аддзел войска, складзены з філісьцімлянаў. Давід перайшоў ручай Кедрон. Тутака да яго далучыліся адданыя яму першасьвяшчэньнікі Садок і Авіафар з каўчэгам завету. Але Давід адаслаў іх назад, сказаўшы: "калі я набыў міласьць перад вачыма Божымі, дык Ён зьверне мяне і дасьць мне бачыць жыхарства маё". На гару Элеонскую Давід узыйшоў босымі нагамі, з пакрытаю ― у знак суму ― галавою, і горка плакаў. Плакалі ўсе, хто быў з ім, плакаў і народ, які застаўся ў Ерусаліме. Калі Давіду сказалі аб здрадзе Ахітафэла, ён надта засмуціўся. Ён даручыў другу свайму Хусію няшчыра перайсьці на бок Авэсалома і там старацца расстройваць рады Ахітафэла. У адным месцы спаткаў Давіда Саулау сваяк, нейкі Сэмэй. Ён пачаў усяляк ганіць Давіда і кідаць у яго каменьнем і пылам: адыходзь, адыходзь, забойца і злачынец, ― крычаў Сэмэй, ― Гасподзь абярнуў на цябе усю кроў дому Саулавага“. Калі прыхільнікі Давіда хацелі прымусіць Сэмэя замоўкнуць, дык Давід ціха сказаў: „пакіньце яго, хай праклінае мяне! Ось і родны сын шукае душы мае... Хай Гасподзь гляне на маю (пакору і адплаціць мне дабром за яго ганьбу".

Тымчасам Авэсалом уступіў у Ерусалім. Ахітафэл радзіў яму безадкладна пачаць пагоню за Давідам, каб скарыстаць яго ўтому і сум, але Хусію ўдалося расстроіць гэты плян. Ен радзіў ісьці на Давіда ня йначай, як сабраўшы ўвесь народ, каб з моцным войскам можна было нанясьці Давіду рашучы ўдар. Авэсалом прыняў плян Хусія. Праз гэта Давід меў магчымасьць сабраць выстарчаючае войска. Адбылася бітва. Войска Авэсалома (больш як 20.000 чал.) было разьбіта. Сам Авасалом на муле кінуўся ўцякаць. І вось, калі мул убег з ім пад галіны вялікага дуба, дык Авэсолам заблутаўся ў іх сваімі валасамі і ,зьвіс паміж небам і зямлёй, а мул, які быў пад ім, уцёка. Давід горка аплакваў свайго сына - небараку. Гора цара пашырылася на увесь народ і "абярнулася перамога таго дня у плач для ўсяго народу". Прыхільнікі Авэсалома сьпяшаліся прынясьці Давіду пакорнасьць, пры гэтым Давід выказаў звычайную сваю велікадушнасьць, абвясьціўшы агульнае прабачэньне. Ня выключаны быў з яго і гарэзны Сэмэй.

Разьдзяленьне, якое выклікала ў народзе паўстаньне Авэсалома, не засталося бяз уплыву на далейшую гісторыю яўрэйскага народу. Яно адасобіла паўднёвыя калены ізраільскія ад паўночных, якія ня прымалі ўдзелу ў прыдушэньні паўстаньня і абвінавачвалі, ― асабліва калена Юдава, ― у тым, што яно „скрала цара". З працягам часу гэта спаборніцтва між каленамі павяло, як мы хутка ўбачым, да аканчальнага разьдзяленьня і гібелі яўрэйскага царства.

§ 66. Апошнія гады кіраваньня Давіда. Сьмерць яго (1020 г. да Х. Н.). Давід, як прарок і псальмапесьняр.

З прыдушэньнем паўстаньня Авэсалома, у гаспадарстве утварыўся ўнутраны спакой, які цягнуўся амаль не да канца кіраваньня Давіда. Яму заставалася толькі з пакораю дзякаваць Богу за ўсе яго дабрадзействы. Але ён не заўсёды быў моцны ў сваёй надзеі на Бога, дазволіўшы разьвіцца ў сваёй душы пачуцьцям надмернае гордасьці і саманадзейнасьці. Дзякуючы гэтым якраз пабуджэньням, Давід, не запытаўшыся, перш за ўсё, волі Божае, загадаў зрабіць народны сьпіс, каб акрэсьліць колькасьць людзей, здольных насіць аружжа (аказалася ў калене Юдавым 500.000, у іншых ― 800.000 чал.). Хутка Давід прызнаў, што саграшыў перад Богам. У пакараньне за гэта на край была наслана маравая язва, якая спынілася толькі пасьля гарачае малітвы Давіда і зьяўленьня ангела, які ужо занёс быў свой караючы меч і над Ерусалімам. На памяць аб гэтым зьяўленьні Давід выбудаваў ахвярнік Богу і прынёс ахвяру ўсеспаленьня. Гасподзь прыняў ахвяру Давідаву і паслаў на яе агонь з неба. Гэта месца знаходзілася на гары Морыа, на якой некалі Абраам адважыўся прынясьці Ісаака у ахвяру Богу. Тут-жа сын Давіда, Салямон, праз нядоўгі час пабудаваў храм Богу Ізраільскаму.

Незадоўга да свае сьмерці Давід урачыста памазаў Салямона на царства. Старшыняў і князёў народных Давід прасіў памагаць Салямону ў будаваньні храму, які "павінен быць дужа вялічны, на славу й упрыгожасьць перад усімі землямі". Паміраючы, Давід завяшчаў сыну спаўняць Божыя прыказаньні і захоўваць закон Майсея. Памёр Давід 70-х гадоў і пахаваны ў Ерусаліме. Імя Давіда у чародных пакаленьнях яўрэяў шанавалася гэтак высока, што ніхто пасьля не адважваўся насіць яго.

Давідам складзена 91 псальма, якія знаходзяцца ў кнізе "Псалтыр". У некаторых з гэтых псальмаў зьмяшчаюцца прароцтвы аб Мэсіі, будучым Збавіцелі роду чалавечага,[22] у іншых ― пачуцьці пакорнае жальбы аб грахох і ўдзячнасьці Богу. Гэтыя апошнія псальмы даюць нам вобраз чалавека, які і пасьля цяжкага моральнага ўпадку знаходзіць у сябе сілы далей бароцца са злом і грахом, да поўнае перамогі над ім. Ува ўсіх народаў псальмы Давідавы заўсёды карысталіся і цяпер карыстаюцца вялікаю пашанаю.

§ 67 Цар Салямон (1020-980 г. да Хр. Нар.); яго мудрасьць.

18-х гадовым юнакам уступіў Салямон на пасад. Ён меў прыгожы, запраўды царскі выгляд. Прырода надзяліла яго ясным розумам і праніклівасьцяй, а глыбокая адукацыя, зьдзіўляўшая сучасьнікаў, адкрыла яму ўсе тайны жыцьця: і гаварыў ён аб дзеравах ― ад кедра, што на Ліване, да ісопу, які вырастае са сьцяны; гаварыў аб жывёлах, і аб птушках, і аб паўзунох, і аб рыбах", ― гэтак у кнізе Царстваў рысуецца мудрасьць Салямонава.

Яму належала кіраваць вялізарным гаспадарствам, якое цягнулася "ад ракі Эгіпэцкае да вялікае ракі Эўфрату" і якое ўяўляла сабою пярэстую мешаніну народаў, звычаяў, культаў і г. д. Забесьпячэньне цішы і спакою сярод падуладных яму народаў ― гэта было яго галоўнаю мэтаю. І праца яго ў гэтым кірунку йшла з поўнаю ўдачаю. Магутныя суседзі стараліся здабыць ласку Салямонаву. Эгіпэцкі фараон дабіваўся чэсьці цераз дачку сваю парадніцца з Салямонам ― патомкам таго самага некалі пагарджанага народу, якога Эгіпцяны ня лічылі вартым долі лепшай за долю раба. Так цудоўна зьмяніўся лёс абранага народу! Ерусалім зрабіўся міжнародным цэнтрам, дзе адбываліся рухавыя зносіны гандлёвыя, культурныя, рэлігійныя і г. д. Дзякуючы выбудаванаму Салямонам на Міжземным і Чырвоным моры флёту яўрэі прынялі беспасрэдны удзел у морскім гандлі са ўсімі краямі тагочаснага цывілізаванага сьвету. Карабель, які хадзіў у Вафір (Арабія), прывозіў Салямону золата, а карабель фарсіскі, які прыходзіў адзін раз у тры гады, прывозіў, апрача золата, серабра, сланёвую косьць, налпы, павы і інш. У Ерусаліме былі сабраны нязьлічаныя багацьці. Ен пачаў хутка будавацца. Насельнасьць павялічвалася, насаладжаючыся здаволеньнем і дабрабытам. "І жылі Юда і Ізраіль спакойна, кожны пад вінаграднікам сваім і пад смакоўніцаю сваёю ад Дана да Вірсавіі, ува усе дні Салямона".

Дзеля выяўленьня ўдзячнасьці Богу за добры пачатак свайго кіраваньня Салямон прыйшоў у Гаваон, дзе знаходзілася скінія Майсеева, і тамака, пры вялізным зборы народу, прынёс багатую ахвяру ― 1000 ўсеспаленьняў. Ахвяра была прынята Богам. Уночы зьявіўся Салямону ў сьне Бог і сказаў: „прасі, чаго табе даць!" ― "Дай мне мудрасьць, каб я здолеў кіраваць народам Тваім", ― маліўся Салянемона. Бог адказаў яму: „за тое, што ты не прасіў для сябе доўгага жыцьця, багацьця, душ ворагаў сваіх, а прасіў сабе розуму, каб добра судзіць, ось Я даю табе сэрца муд. рае й разумнае так, што падобнага табе ня было раней за цябе, дый пасьля цябе ня будзе; і тое, чаго ты не прасіў, Я даю табе ― і багацьце і славу, а калі будзеш хадзіць шляхам Маім, як Давід, бацька твой, дык прадоўжу і дні твае".

Хутка Салямону здарылася паказаць сваю мудрасьць. Да яго прыйшлі на суд дзьве жанчыны. Абедзьве яны мелі па дзіцёнку і жылі разам у аднэй хаце. Уночы адна з іх заспала сваё дзіцянё; устала і падлажыла яго другой, а яе дзіцянё, жывое, узяла сабе. Яна прынясла яго сюды, да Салямона. Калі, перабіваючы адна адну, расказалі яны Салямову сваю справу, дык ён выклікнуў: „дайце меч, расьсячэце дзіцянё напаловы і аддайце палову аднэй і палову другой". ― "О, цар! - выклікнула адна ― аддайце ёй дзіцянё жывым і не забівайце яго". А другая казала: "хай ня будзе ані мне ані табе, сячэце“! Салямон загадаў аддаць дзіцянё першай і сказаў: "яна яму маці". Мудрасьць Салямонава зьдзівіла ўсіх. Пачалі гаварыць, што ён судзіць па наданьню Божае мудрасьці.

§ 68. Будова і асьвячэньне храму ерусалімскага

(1017―1010 г. да Хр. Нар.).

На чацьвёртым годзе свайго кіраваньня, калі быў падрыхтаваны увесь матар'ял, Салямон пачаў будаваць храм егове. Хірам, цар Тырскі, прыслау Салямону сваіх майстроў і дасьведчанага будаўніка, на імя таксама Хірама, паходзіўшага па матцы з калена Данавага. Гару Морыа расчысьцілі ўзмацавалі. На будове працавалі, галоўным чынам, чужаземцы, якіх было 180.000 чал, але каб зрабіць гэтую справу нацыянальнаю, Салямон аблажыў павіннасьцяй і ўвесь ізраільскі народ, які павінен быў паставіць 30.000 работнікаў дзеля нарыхтаваньня лесу, каменьня, мармуру і г. д. Уся прыгатаваўчая праца была зроблена з такою прадбачлівасьцяй, што самая будова храму адбывалася ў поўнай цішы, без ўсялякага гуку малатка ці сякеры. Будаваньне храму адбывалася 7½ гадоў.

Храм Салямонаў быў пабудаваны па пляну скініі, але разьмерамі сваімі быў удвая большы за яе. Найбольш месца займаў вонкавы двор для народу. Навакол гэтага двара ашла галерэя, якая падтрымлівалася мармуровымі колённамі. Унутраны двор, які прызначаўся для сьвяшчэньнікаў, аддзяляўся ад вонкавага нявысокаю сьценкаю, дзякуючы чаму народ мог бачыць ахвярапрынашэньні і малітвы сьвяшчэньнікаў. Тутака знаходзіўся вялізарны мядзяны ахвярнік і вялізарны рукамыйнік, які стаяў на 12-х мядзяных валох і меў від шасьцілістнае ліліі. За унутраным дваром паднімаўся самы будынак храму, увесь абкладзены белым мармурам. Ён, як і скінія, падзяляўся на дзьве часткі: сьвяцілішча і сьвятое сьвятых. У сьвяцілішча вяла падвойная брама надта прыгожай работы. Тут стаяла 7 залатых сьвечнікаў і 10 залатых сталоў, на якіх, апрача хлебаў, зьмяшчаліся і ўсе залатыя судзіны, якія былі неабходны ў часе багаслужэньня. Брама ў сьвятое сьвятых закрывалася завесаю з дарагое тканіны з вышытымі на ёй хэрувімамі. У сьвятым сьвятых" пастаўлены быў каўчэг завету, над якім раскінуліся крыльлі залатых хэрувімаў.

Ня гледзячы на свае невялічкія разьмеры, новы храм быў нязвычайна вялічным, асабліва калі глядзелі на яго з гары Элеонскае. Гэтаму шмат спрыялі як самы плян, так і месцапалажэньне яго на высокай гары. Дзіўнае багацьце ўпрыгожаньняў і цэннасьць матар ялаў рабіла яго ўзапраўднасьці "славаю і аздобаю перад усімі землямі". Для таго часу ― каб не сказаць болей ― гэта быў запраўдны цуд будаўлянага мастацтва. Храм гэты справядліва выклікаў зьдзіўленьне ўсіх, хто толькі бачыў яго.

На ўрачыстасьць асьвячэньня храму ерусалімскага былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх каленаў і старшыні ізраільскія. Калена Левііна зьявілася ў поўным складзе. Галоўным моментам урачыстасьці было перанясеньне каўчэга завету з скініі Давідавай. Вялікі хор левітаў, апрануты ў вісонныя адзежы, з музыкальнымі інструмэнтамі, і 120 сьвяшчэньнікаў з трубамі праводзілі працэсію. Калі каўчэг завету быў пастаўлены на сваё месца, дык слава Гасподняя, у відзе вобалака, напоўніла ўвесь храм. Салямон падняў тады рукі да неба і прамовіў голасна да ўсяго народу малітву, у якой дзякаваў Богу за Яго вялікія міласьці і прасіў прымаць у новым храме малітвы ня толькі ізраільцянаў, але і кожнага чужаземца, які прыдзе сюды маліцца, пачуўшы аб славе Бога ізраільскага. У часе малітвы вобалак рабіўся ўсё яскравей і сьвятлей і, у знак асаблівае міласьці, зыйшоў з неба агонь на падрыхтованыя ахвяры, і слава Гасподняя напоўніла ўвесь Дом. Два тыдні прадаўжалася ўрачыстасьць. За гэты час было прынесена ў ахвяру Богу 22.000 валоў і 120.000 авечак. Калі народ пайшоў з Ерусаліму, дык уночы Гасподзь зьявіўся Салямону у сьне і сказаў: "калі вы і дзеці вашыя пакінеце спаўняць уставы і прыказаньні мае і пачнеце служыць іншым багом і пакланяцца ім, дык я зьніштожу Ізраіля з твару зямлі Мае, якую Я даў яму, і Храм гэты, які Я асьвяціў Імю Майму, адкіну ад твару Майго і зраблю Ізраіля прыповесьцю і пасьмехам ува ўсіх народаў“.

§ 69. Слава Салямона. Яго моральны ўпадак і раскаяньне. Сьмерць Салямона (980 г. да Хр. Нар.).

Будовай храму не абмежавалася будаўнічая дзеяльнасьць Салямона. Ён выбудаваў для сябе на Сіоне пышны палац, які злучаўся з храмам пад земным ходам. Палац быў абкружаны пышнымі садамі і вінаграднікамі. Некалькі іншых палацаў было пабудована ў ваколіцах Ерусаліму, напрыклад, летні палац на Ліване. Уся мэбля, прыладзьдзе і абстаноўка палацаў, таксама царскае адзеньне і пасад Салямонаў ― усё гэта зьдзіўляла сваёю роскашшу і пышнасьцяй. З другіх будоваў Салямона заслугоўваюць увагі новыя сьцены навакол Ерусаліму, вадаправод, будынкі дзяржаўных установаў і г. д.

Уся гэтая і вышэй разгледжаная дзеяльнасьць Салямона, у сувязі з агульным дабрабытам народу, які насалоджваўся спакоем і мудрым кіраўніцтвам, здабыла яму славу, якая складала прадмет зьдзіўленьня і зайздрасьці для ўсіх народаў. Усе суседнія цары і валадары пасьпяшалі выказаць Салямону свае пачуцьці захопленьня і паважаньня. Асабліва выдатнымі прадстаўляюцца адведзіны Салямона царыцаю Саўскаю (з паўдзёнае Арабіі). Наслухаўшыся аб славе, багацьці і мудрасьці Салямона, яна захацела асабіста пераканацца ў праўдзівасьці гэтых расказаў. Каб дасьледаваць мудрасьць Салямона, яна запрапанавала яму шмат пытаньняў у відзе загадак, і на ўсе пытаньні адтрымала мудры адказ. Агледзіўшы ўсе будовы Салямона і пазнаёміўшыся з парадкамі кіраўніцтва, яна сказала: "я ня верыла таму, што мне расказвалі аб справах тваіх і мудрасьці, пакуль ня ўбачыла ўсяго сваімі вачыма. І ось мне і напалову не гаворана; мудрасьці і багацця ў цябе больш, чымся я чула. Шчасьлівы народ твой". Пасьля гэтага яна перадала Салямону багатыя гасьцінцы адтрымаўшы ад яго ў сваю чаргу такія-ж багатыя дары, паехала дамоў пры чым захавала у сэрцы сваім і іскру веры ў Бога ізраільскага.

Сярод раскошы і шчасьця Салямон, аднак-жа, ня здолеу затрымацца ў пабожнасьці. Пабуджаны часткай любаярлівасьцю, часткай прыкладам усходніх цароў, Салямон завёў пры двары ,шмат чужаземных жанчын ― з тых народаў, аб якіх Гасподзь некалі сказаў сыном ізраільскім: "не уваходзьце да іх, і яны хай не уваходзяць да вас, каб яны ня схілілі сэрца вашага да іхніх багоў"; да іх прымаца ваўся Салямон каханьнем і "распусьцілі жанкі яго сэрца яго". Дзякуючы гэтаму, з працягам часу зьмяніўся ўвесь склад жыцьця як самога цара, так і народу. Замест ранейшае патрыархальнасьці і прастаты нораваў, пры царскім двары і ў яўрэйскім грамадзянстве узмацавалася распуста, непамеркаванасьць, здалікачанасьць. Непамерныя расходы вычарпалі багацьце Салямона і ён пачаў гнясьці народ вялікімі падаткамі, што выклікала справядлівае незадаваленьне. Жонкі Салямонавы нахілілі сэрца яго да іншых багоў. Ен пабудаваў для іх паганскія капішчы, сам пачаў пакланяцца ідалам і прымаць учасьце ў ахвярапрынашэньнях ім. У пакараньне за паганства, распусту і адступленьне ад закону Божага, прарок Ахія Імем Божым абвясьціў Салямону: "за тое, што ты не захаваў завету Майго і прыказаньняў Mаіх, Я адніму ў цябе царства і аддам яго рабу твайму. Але у часе жыцьця твайго Я не зраблю гэтага дзеля Давіда; з рукі сына твайго адніму яго; і ў сына твайго Я вазьму ня ўсё царства, а пакіну яму частку дзеля Давіда і дзеля Ерусаліму".

Хутка пасьля гэтага прадказаньня пачаўся ўнутры гаспадарства неспакой і распад. Таксама і звонку некаторыя князі падуладных народаў паўсталі супроць Салямона, адбілі Дамаск і пачалі рабіць напады на зямлю ізраільскую. Протэст незадаволеных грамадзян павялічваўся ўсе болей і болей. . Непамерныя падаткі асабліва выклікалі абурэньне народу. На чале ўсіх незадаволеных стаў Іеровоам з калена Эфрэмавага, адзін з начальнікаў над работнікамі пры паправе гарадзкіх сьценаў у Ерусаліме. Гэта быў чалавек адважны, здольны і ўладалюбны. Паходзячы з калена эфрэмавага, якое пры І. Навіне і пазьней мела кіраўнічую ролю у жыцьці народу, а цяпер, у постаці Давіда і Салямона, павінна было падпарадкавацца ненавіснаму калену Юдаваму, Іеровоам, бачачы прыдворнае бязладзьдзе і незадаволеньне народнае, узгадаваў у душы сваёй лятунак ― заняць пасад Салямона і праз гэта вярнуць свайму роднаму калену пяршынство у гаспадарстве. Гэты лятунак асабліва ўзмацаваўся ў ім пасьля адведзінаў яго прарокам Ахіяй, які, спаткаўшы Геровоама адноўчы ў полі, разарваў перад ім свой плашч на 12 часьцінаў і, аддаючы дзесяць з іх Іеровоаму, сказаў, што "так разьдзярэць Гасподзь царства ізраільскае і што пры наступніку Салямона да яго, Іеровоама, адыйдуць дзесяць каленаў ізраільскіх, а за домам Салямонавым застанецца толькі два калены".

Калі вестка аб гэтым дайшла да Салямона, дык ён даў загад забіць Іеровоама, але той уцёк у Эгіпэт, дзе і хаваўся да самае сьмерці Салямона.

Сярод такіх трывог і спробаў Салямон набліжаўся да сьмерці. Старажытнае паданьне кажа, што ён пры канцы жыцьця свайго пакаяўся перад Госпадам. Пацьвярджэньне гэтага можна бачыць у напісаных ім кнігах[23], дзе рысуецца чалавек, які, ня гледзячы на тое, што поўнаю чашай адведаў усе ўцехі жыцьця і насалоджваўся ўсімі прыемнасьцямі зямлі, застаўся незадаволеным і, нарэшце, з горкасьцю прызнаў: "суета сует і ўсё суета (пустата) і прыгнечанасьць духа". Адзінае дабро і заспакаеньне чалавека ― у страху Божым і спаўненьні Яго сьвятога закону. "Бойся Бога і прыказаньні Яго спаўняй, бо ў гэтым усё для чалавека" ― так канчае Салямон одну сваю кнігу.

Салямон памёр у Ерусаліме на 40-м годзе свайго кіраваньня; пахаваны там-жа. Наступнікам сваім Салямон пакінуў адзінага сына свайго Ровоама, які нарадзіўся ад жонкі яго амоніцянкі Наамы.

Б. Час цароў ад разьдзяленьня царстваў да палону Вавілонскага (980―589 г. г. да Х. Н.).

ГІСТОРЫЯ ЦАРСТВА ІЗРАІЛЬСКАГА (980 ― 722) І ЮДЭЙСКАГА (980 589).

§ 70. Агульны агляд пэрыяду трох вялікіх цароў і прычыны, якія падрыхтавалі разьдзяленьне царства яўрэйскага.

Пэрыяд кіраваньня трох вялікіх цароў яўрэйскага народу быў часам, калі ўва ўсёй паўнаце зьдзейсьніліся вялікія абяцаньні, дадзеныя патрыархам Абрааму, Ісааку і Якаву і прароку Майсею, - калі яўрэйскі народ дасягнуў найвышэйшага свайго росквіту, дабрабыту, славы і магутнасьці, ― калі ён яскрава выявіў сваю здольнасьць да самастойнага палітычнага існаваньня, сваю нацыянальна-культурную творчасьць, калі ўсім складам свае гаспадарственнае і грамадзкае будовы даў узор праўдзівага "богакіраваньня", ― калі нарэшце, разьвіўшаяся з гэтага прынцыпу яўрэйская культура перадалася і іншым народам і далучыла іх да таго "сьвятла", якім асабліва сьвяціла сярод цемры паганства рэлігія Іеговы.

Далейшы лёс яўрэйскага народу прадстаўляе сабою гісторыю паступовага падзеньня яўрэйскага царства, і прывядзеньня магутнага ізраільскага народу на ступень паднявольнага народу, асуджанага служыць чужым уладаром і перакідацца з аднаго ярма пад другое.

Вонкавым выражэньнем гэтага заняпаду было перадусім тое разьдзяленьне яўрэйскага царства, якое здарылася пасьля сьмерці Салямона. Гэтае разьдзяленьне ня было выклікана якімі-колечы выпадковымі прычынамі. Яно было падрыхтавана ўсёй папярэдняй гісторыяй узаемаадносінаў паўночных і паўднёвых каленаў, аддзяліўшыхся палітычна адно ад аднаго ў 980 г. да Х. Н.. Між імі здаўна йшло спаборніцтва з-за палітычнае й рэлігійнае перавагі. Паўночныя калены (на чале з эфрэмавым), якія пераважалі лікам калены паўднёвыя, сталі надта варожа адносіцца да гэтых апошніх, калі пачалося іх узвышэньне, дзякуючы абраньню паміж іх цароў і заснаваньню на іх зямлі сталіцы царства і храма ерусалімскага ― галоўнае сьвятыні яўрэйскага народу. З гэтым усім для паўднёвых каленаў зьвязаны былі пэўныя палітычныя эканамічныя правы і прывілеі: яны больш за іншых прымалі ўчасьце ў дзяржаўным будаўніцтве, больш мелі ўплыву на ход гаспадарственнага жыцьця. больш мелі прыступу да розных адміністрацыйных і прыдворных пасадаў, больш карысталіся з таго гандлёвага руху, у які быў уцягнуты яўрэйскі народ мудрай палітыкай Салямона, нарэшце, больш за іншыя калены награмадзілі ў сябе ўсялякага багацьця й скарбу. Прывілейнае палажэньне паўднёвых каленаў, узмацаваўшыхся за рахунак паўночных, натуральна выклікала большы-меншы заняпад і крайнае незадаваленьне апошніх. Гэтае незадаваленьне і выкарыстаў чэсталюбны Іеровоам, які пасьпяшыў вярнуцца на бацькаўшчыну, як толькі пачуў аб сьмерці Салямона.

§ 7І. Разьдзяленьне яўрэйскага царства на ізраільскае і юдэйскае (980 г. да Хр. Нар ).

Па сьмерці Салямона, Ровоам, які не здавольніўся апявяшчэньнем сябе царом у Ерусаліме, адправіўся ў Сыхэм (галоўны горад Эфрэмавага калена), каб адтрымаць прызнаньне сваіх правоў на пасад і з боку іншых каленаў ізраільскіх, на чале якіх стаяла Эфрэмава калена. У Сыхэме прадстаўнікі народу, на чале з Іеровоамам, патрэбавалі ад Ровоама палягчэньня падатковага цяжару. Ровоам абяцаў даць адказ праз тры дні. Старыя райцы, якія служылі пры Салямоне, ведаючы запраўдны стан дзяржавы і настрой грамадзянства, радзілі маладому цару на гэты раз уступіць народу і абыйсьціся з ім ласкава. Але Ровоам не паслухаўся разважнага голасу гэтых райцаў, а прыняў раду сваіх маладых равесьнікаў, якія навучылі яго гэтак сказаць народу: "калі бацька мой абцяжваў вас вялікім цяжарам, дык я павялічу ярмо вашае бацька мой караў вас бізунамі, дык я буду караць скарпіёнамі" (плёткамі, унізанымі мэталёвымі шпількамі). Такі адказ выклікаў агульнае абурэньне. Усюды пачуўся кліч: "якая нам часьць у Давідзе? Няма нам долі у сыне Есея. Па шатрох сваіх Ізраіль! Цяпер ведай свой дом, Давід!" І абвясьціў народ сваім царом Перовоама. Ровоам павінен быў пасьпешна ўцячы з Сыхэму. Маніўся ён аднавіць сваю ўладу над паўночнымі каленамі вайсковаю слаю, але калі нейкі "чалавек Божы", на імя Самэй, пераканаў Ровоама, што ўсё гэта ўтварылася згодна з воляй Божаю, дык яму нічога не заставалася, як толькі прызнаць усё тое, што здарылася.

Адсюль вось і пайшло разьдзяленьне яўрэйскага царства на два: тое, якое засталося верным дому Давіда і ў склад якога увайшлі калены Юдава і Вэніямінава, стала называцца юдэйскім, з сталіцаю у Ерусаліме, а другое, у склад якога ўвайшлі ўсе паўночныя калены ізраільскія, пачало называцца ізраільскім, з сталіцаю спачатку у Фірцы (каля Сыхэму), пазьней у Самарыі. У першым пачаў кіраваць Ровоам, у другім ― Іеровоам.

§ 72. Кароткі агульны агляд гісторыі царства юдэйскага і ізраільскага.

Разьдзяленьне царстваў адбылося ў 980 годзе да Хр. Нар. Адсюль жыцьцё кожнага царства пайшло сваім асобным шляхам. Кожнае кіравалася сваімі асобнымі царамі, у кожным утварыўся свой асаблівы гаспадарственны лад, асобныя законы, войска і г. д.; кожнае вядзе самастойную вонкавую палітыку, кожнае моцна абараняе свае граніцы, дзеля чаго ў адным і другім будуецца цэлы рад крэпасьцяў. У кожным былі свае пэрыяды заняпаду і дабрабыту, пэрыяды крайнага напружаньня і зьніштажэньня сіл народных і большага ці меншага спакою і ўмацаваньня, як вонкавага, так і ўнутранага. Пераважна гэта залежала ад асобы цара, яго настрою і энэргіі, яго здольнасьці кіраваць народам. Але ўжо адно тое, што пасад, асабліва ў царстве ізраільскім, даставаўся найчасьцей па праву захвату, а не дзякуючы ўсенароднаму абраньню ці праву насьледаваньня, як гэта было раней ― выклікала такі напрамак жыцьця, які быў нязгодны з прынцыпамі "богакіраваньня" і ўсімі звычаямі народнымі, і быў надта шкадлівым для гаспадарственнага жыцьця.

Што датычыцца ўзаемаадносін паміж царствам юдейскім і ізраільскім, дык часам, асабліва калі пагражала якая-колечы агульная небясьпека, гэтыя адносіны былі больш-менш лагодныя, як напр., пры Ахаве ізр. і Іосафаце Юд., калі яны зрабілі між сабою цесны абаронны саюз супроць магутнага цара Сырыйскага; а часам, асабліва калі адно якое-колечы царства значна ўзмацоўвалася і праз гэта рабілася пагроза істнаваньню другога, суадносіны рабіліся адкрыта (варожымі, няраз нават прыводзіўшымі да крывавых сутычак, як напр., пры Факэі, цару ізр., калі войска юдейскае страціла 120000 чал.

Усё гэта вяло не да ўмацаваньня, а да аслабленьня абодвых царстваў, што пасьпяшылі выкарыстаць суседнія паганскія народы, якія былі пераможаны ў часе вялікіх адзінадзяржаўных цароў. Гісторыя як юдейскага, так і ізраільскага царства напоўнена ледзь не бязупыннымі войнамі з гэтымі народамі. Некаторым з іх, як напр. Сырыйцам, удаецца хутка праз змаганьне вярнуць сябе незалежнасьць, іншыя заўсёднымі паўстаньнямі і нападамі ўносяць вялікае спусташэньне і руйнацыю і перашкаджаюць узнаўленьню нормальнага парадку жыцьця. Каб абараніць свае вонкавыя граніцы, кіраўнікі аднаго і другога царства маняцца рабіць карысныя саюзы з магутнымі суседзямі, асабліва з Эгіптам, які каля таго часу нязвычайна ўзмацаваўся дзякуючы мудрай палітыцы фараонаў новае дынастыі.

Але ўся гэтая барацьба і тактыка цароў ізраільскіх і юдейскіх не магла зьніштожыць у корані зло, якое падточвала сілы царстваў, не магла засьцерагчы іх ад канчатковай гібелі. Яшчэ болей згубным, чым разьдзяленьне палітычнае, яксе крышыла матар'яльныя сілы народу, было разьдзяленьне рэлігійнае, яксе крышыла дух народу, падрывала яго рэлігійную і нацыянальную сьвядомасьць. Гэтае разьдзяленьне ўтварылася, дзякуючы, галоўным чынам, першаму цару ізраільскаму Іеровоаму. Каб адцягнуць народ ад храму ерусалімскага, ён заснаваў у сваім царстве новы культ, па форме блізкі да юдейскага, а па духу зусім паганскі, родны істнаваўшым тады на ўсходзе паганскім культам: эгіпэцкаму, фінікійсккму і інш. Між юдейскім і ізраільскім народам з першага-ж дня разьдзяленьня ўтварылася, т. з. непраходнае бязДоньне, яке маламудрыя цары ізраільскія стараліся толькі болей паглыбляць і пашыраць. Які-ж быў рэзультат увядзеньня новага культу ў самым царстве ізраільскім? Ухіленьне ў паганства, страта ранейшага рэлігійнага асяродзьдзя, адступленьне ад закону Майсеевага, перайманьне паганскіх звычаяў і моралі ― ўсё гэта выклікала вялікую распуту і бязбожнасьць ізраільскага народу. Аб выпраўленьні сэрца, аб узаемнай любові, справядлівасьці, праўдзе, самаахвярнасьці, помачы бліжнім ужо мало хто й думаў. Меркаю жыцьця і шчасьця чалавечага зьявілася самалюбства, гордасьць, багацце, слава, патвор нізкім палам; замест падпарадкаваньня волі Божай, як найвышэйшай норме жыцьця й моралі, бачым у жыцьці асабістым, сямейным і грамадзянскім раскелзанасьць і панаваньне ўсялякага прызваленьня і шалу. Жыцьцё згодна з такімі прынцыпамі, у духу чыста быдлячае моралі — гэта ужо гібель грамадзянства. Такі лёс і прырыхтаваў сабе народ ізраільскі, пазьней і юдейскі, сваім адступленьнем ад завету Божага.

Лепшыя людзі з народу, як напр.. прарокі і некаторыя набожныя цары юдэйскія, ўцямілі ўсё зло разьдзяленьня і маніліся ўзнавіць адзінства праўдзівага богапаважаньня і адзінства палітычнае. Такімі былі, напр., ― ня кажучы аб прароках, - цары юдейскія Аса. Езэкія і Іосія, якія дзеля рэл. -моральнага адраджэньня народу скліквалі агульнанародныя сабраньні і ладзілі агульнанародныя сьвяты, каб "узыскаць Госпада, Бога бацькоў сваіх, ад усяго сэрца свайго і ад усяе душы свае", каб узмацаваць нацыяньльныя сувязі і напомніць аб паходжаньні ўсіх ад аднае вялікае сям'і ― патомства Абраама, Ісаака і Якава. Цар Іосія, карыстаючыся аслабленьнем царства асырыйскага і іншымі спагадаўшымі варункамі, задумваў нават пад сваім скіпэтрам аднавіць ува ўсім аб'ёме царства Давіда і Салямона.

Але ўсе гэтыя меры асаблівага значэньня ня мелі. Пад прымусам апаганіўшыхся цароў, зло ідаласлужэньня ўсё болей і болей пашыралася, моральныя ўстоі грамадзянства руйнаваліся і гаспадарства бязупынна йшло да гібелі, ня маючы ў сабе сілы зрабіць спраціўленьне новым магутным монархіям, якія выходзілі на сусьветную сцэну. Юдэйскае царства пратрымалася трохі больш за ізраільскае: у апошнім зло пусьціла болей глыбокае карэньне і моральныя сілы былі меншыя і слабейшыя.

Прагледзімо каротка гісторыю таго і другога царства.

§ 73. Кароткі агляд гісторыі царства ізраільскага

(980 ― 722 г.г. да Хр. Нар).

На чале царства ізр. стала калена Эфрэмава. Спачатку царства ізраільскае было мацнейшым за юдейскае, але яно хутчэй за яго аслабела і згінула. Аднэю з прычын гэтага была заўсёдная барацьба за ўладу. На працягу 257 гадоў істнаваньня царства ізраільскага ў ім зьмянілася 20 цароў, якія належалі да дзесяцёх розных дынастыяў, сілаю адбіраўшых царскі трон адна ў аднае. Дамовыя войны надта падрывалі сілы гаспадарства. Другая прычына хут кага канца царства была ў ідаланаклонстве. Амаль ня ўсе цары ізраільскія былі ідалапаклоньнікі і здраднікі рэлігіі Іеговы. Прыклад іх захапляў і падданых. Ідалапаклонства-ж з аднаго боку расслабляла і псавала мораль народу, з другога пазбаўляла яго Божае міласьці і ўкідала ў розныя напасьці і ліха.

Найвыдатнейшымі з цароў ізраільскіх былі: першы ― Іеровоам І, восьмы ― Ахаў і чатырнаццаты Іеровоам ІІ.

Іеровоам І (980 ― 958) і заснаваньне ім новае рэлігіі (эгіпэцкага культу). Абвешчаны царом, Геровоам ня столькі клапаціўся аб будаўніцтве свае дзяржавы, сколькі аб умацаваньні свае ўлады. Перш за ўсё ён парупіўся ўзмацніць граніцы ізраільскага царства, потым заняўся ўпрыгожаньнем свае сталіцы, якою ён абвясьціў г. Фірцу, паложаны у маляўнічых горах на паўноч ад быхэму. Але маленькі гарадок ня мог замяніць ізраільцянам вялічнага і дарагога сьвяшчэннымі ўспамінамі Ерусаліму. Падарожа ізраільцянаў у Ерусалім адбывалася далей, як і да разьдзяленьня. І пачаў Геровоам думаць, як-бы спыніць гэтыя шкадлівыя падарожы. "Калі народ ― думаў ён ― будзе хадзіць у Ерусалім дзеля ахвярапрынашэньняў, дык сэрца яго зьвернецца да Ровоама, цара юдейскага". Каб адцягнуць народ ад гэных падарожаў, Іеровоам, наўмысьля апіраючыся на прыклад Аарона, загадаў выліць з золата два цяляці і, паўтараючы словы Аарона, сказаў народу: "ня трэба вам хадзіць у Ерусалім; ось багі твае, Ізраіль, якія вывялі цябе з зямлі Эгіпэцкае". Адно з гэтых цялят Іеровоам паставіў у Дане, другое ― ў Вэфілі. Вэфіль, з якім быў зьвязаны ўспамін аб таемнай драбіне, якую бачыў Якаў, быў зроблены галоўным сьвяцілішчам новага культу. У ім Іеровоам пабудаваў капішча на высачыні дзеля ахвярапрынашэньняў, як гэта было у храме Ерусалімскім. З тае прычыны, што сьвяшчэньнікі і левіты адмовіліся прымаць учасьце у багаслужэньні Іеровоама, ён выгнаў іх усіх за межы царства і паставіў на іх месца новых сьвяшчэньнікаў з народу, не паходзіўшых з калена Левіінага. Былі таксама ўстаноўлены сьвяты, падобныя да юдейскіх.

Такая дзеяльнасьць цара выклікала ў народзе страшэннае абурэньне і разьдзяленьне. Гасподзь адразу высьведчыў паганства Іеровоама. Калі Іеровоам першы раз стаў, як найвышэйшы жрэц, перад ахвярнікам, каб зрабіць курэньне залатому цяляці, дык нечакана зьявіўся прарок з Юдэі. Ён абвясьціў, што ў доме Давіда народзіцца сын, на імя Іосія, які на гэтым ахвярніку прынясець у ахвяру сьвяшчэньнікаў Іеровоама, і даў знак, што гэта сказаў Гасподзь: ахвярнік разваліцца і попел, які на ім, рассыплецца. Іеровоам, працягваючы ў гневе руку, крыкнуў: „вазьмеце яго!" але-ж у тую мінуту рука яго зьдзеравянела, і ахвярнік разваліўся. Тады Іеровоам пачаў прасіць прарока памаліцца аб ім. Прарок памаліўся і рука цара зрабілася здароваю. Іеровоам пачаў клікаць прарока да сябе ў палац, каб пачаставаць яго, але прарок адказаў: "хаця-б ты дау мне палову свайго дому, дык я не пайду з табою, бо так сказаў мне Гасподзь: ня еш там хлеба і ня пі вады і не вяртайся тою дарогаю, якою прыйшоў у Вафіль". Усё гэта павінна было навучыць Іеровоама, што служэньне, якое ён прыдумаў, нялюба Богу. Але Іеровоам не паправіўся, дзеля чаго стары-стары прарок Ахія вымавіў грозны суд на увесь дом Іеровоама, які „будзе вымецены, як вымятаюць смяцьцё дачыста", а сам Ізраіль будзе выкінуты з зямлі абяцанае і адведзены за раку (Эўфрат) ― "за тое, што зрабілі сабе ідалау, раздражняючы Госпада".

Наступнікі Іеровоама, з якіх адзін кіраваў толькі сем дзён, узыходзілі на трон па трупах сваіх папярэднікаў і, апрача залатых цялят, пакланяліся яшчэ і багом суседніх народаў. Спагадчыкаў праўдзівага Бога яны прасьледавалі і забівалі. ― Шосты цар Амбрый, пры якім ішла чатырох -гадовая хатняя вайна за трон, пабудаваў для сябе новую сталіцу, славутную Самарыю, якая была рэзыдэнцыяй цароў ізраільскіх аж да самага развалу царства.

Ахаў, як закладчык фінікійскага культу (923-901). Пасьля Перовоама, бязбожнасьць і распуста дасягнула найвышэйшае ступені пры Ахаве. Ен быў жанаты з дачкаю Сідонскага цара-Гезавэляй, жанчынаю пышлівай і бяздушнаю, шчыраю паклоньніцаю багоў фінікійскіх. Зрабіўшыся царыцаю, яна рашыла ўвясьці у ізраільскім народзе фінікійскі культ. Згодна з жаданьнем езавалі, Ахаў выбудаваў у Самарыі пышны храм і ахвярнік Ваалу[24] і прымушваў народ пакланяцца яму. Пры храме на ўтрыманьні Іезавэлі было 450 паганскіх прарокаў. У другім горадзе ― Ізрээлі ― пабудована было капішча у чэсьць Астарты[25] і пры ім на царскі кошт утрымлівалася 400 паганскіх прарокаў. Усе праўдзівыя прарокі, па загаду Іезавэлі, былі забіты, апрача 100 чалавек, якія ўратаваліся ўцёкам. Пачаўся самы сумны пэрыяд у гісторыі ізраільскага народу. Багаслужэньне Ваалу зусім адхіліла ізраільцянаў ад Бога і кінула іх у розныя паганскія брыдоты. Праўдзівая рэлігія гінула, а разам з гэтым нішчыліся і ўсе вялікія абяцаньні, дадзеныя Богам Абраама народу. У гэты самы час жылі найвыдатнейшыя прарокі ізраільскага царства ― Ільля і Елісей. Малітвай, высьведчаньнямі і цудамі яны стараліся падтрымаць веру ў народзе і на некаторы час затрымалі ізраільскае царства ад канчатковае гібелі. Па загаду Божаму, дадзенаму Ільлі, адзін з вучняў Елісея памазаў на царства ваеннаначальніка Ііуя, і той разбурыў увесь род Ахава. Цар Іорам ― сын Ахава быў забіты, Іезавэля была выкінута з вакна і растоптана коньмі; усе сыны і сваякі Ахава, таксама ўсе сьвяшчэньнікі Ваала былі катаваны; усе капішчы і істуканы зьнішчаны і самае месца, дзе яны стаялі, абернута ў месца дзеля вывязеньня усялякага бруду й сьмяцьця.

Але зьнішчыўшы пакланеньне Ваалу, Ііуй, як і яго наступнікі, не зьвярнуліся да Бога праўдзівага, а і далей падтрымлівалі ідаласлужэньне Іеровоама. За гэта Гасподзь пакараў іх тым, што пачаў "абцінаць часьцямі" ізраільскае царства, аддаючы іх суседнім паганскім народам. Так, пры Ііуі ўся заіарданская краіна адыйшла да Сырыі.

Іеровоам ІІ быў адным з найвыдатнейшых цароў царства ізраільскага. Ен кіраваў 41 год і на час аднавіў магутнасьць і славу свайго царства. Іеровоам ІІ удачна ваяваў з моавіцянамі і амоніцянамі, якія, карыстаючыся бязладзьдзем царства ізраільскага, рабілі на яго заўсёдныя напады, рабавалі насельнасьць і спусташалі зямлю. Іеровоам ІІ зьнішчыў іх гарады, вінаграднікі, палі і папасы, а насельнасьць часткаю зьніштожыў, часткаю абярнуў у рабства. Яшчэ болей важнымі прадстаўляюцца ўдачы яго ў змаганьні з Сырыяй. Зрабіўшы саюз з асырыйскім царом Салманасарам ІІ, Іеровоам прымусіў сталіцу Сырыі ― Дамаск паддацца і ўзяў з яго агромністую контрыбуцыю, якая надоўга падцяла гаспадарства.

Матар'яльны дабрабыт гаспадарства пры Іеровоаме ІІ дасягнуў высокае ступені. Самарыя збагацела ад ваеннае здабычы і таргоўлі. Горад шырока й багата пабудаваўся, багатыя вінаграднікі пакрылі прылеглыя да яго схілы гораў, палі пачалі засявацца рознародным збожжам. Нажаль, ня уся насельнасьць магла гардзіцца сваім дабрабытам. Дзякуючы неспаўненьню законау Майсеевых, зямельная роўнасьць была парушана: зямля знаходзілася ў валаданьні багатых, якія гнялі бедакоў, прымушаных за мізэрную плату абрабляць чужую зямлю. Палажэньне іх было ня лепшае за палажэньня рабоў.

Але ўдачы кіраваньня Іеровоама ІІ не маглі спыніць набліжаўшайся гібелі царства. Зло ідаласлужэньня пры ім пашыралася ўсё болей і болей. Пакланеньне цялятам адпраўлялася, як і раней. Быў адноўлены і культ Ваала, якому у адней Самарыі было прысьвечана некалькі капішчаў. Былі капішчы і ў чэсьць Астарты. Статуі гэтых багоў пачалі зьяўляцца ўжо і ў прыватных дамох. Час-ад -часу ладзіліся ўсенародныя паганскія сьвяты, з удзелам жанчын; сьвяты гэныя звычайна канчаліся самай дзікай распустай, бессаромлівасьць якое перавышае ўсялякае ўяўленьне.

Усё гэта паказвала, што ізраільскі народ аканчальна паддаўся сіле зла і ўжо ніякім чынам ня можа вызваліцца ад яго. Ось чаму і бліскучае кіраваньне Іеровоама ІІ было толькі апошнім і пры тым зданьнёвым росквітам перад поўным дагараньнем.

Упадак царства ізраільскага (722 г. да Хр. Нар.). Пасьля Перовоама ІІ на царскім пасадзе зьяўляецца рад узурпатараў-царазабойцаў, якія сваім змаганьнем, інтрыгамі і паборамі зусім падарвалі гаспадарства, ― і гэта якраз у той самы час, калі ― наадварот ― трэбавалася награмаджаньне і арганізаваньне сілаў народных, гледзячы на небясьпеку, якая йшла з боку нязвычайна ўзмацаваўшайся тады за Эўфратам вялікае асырыйскае монархіі. У сталіцы гэтае монархіі ― Нінэвіі ― зьяўляецца рад выдатнейшых цароў ― заваявальнікаў, ― якія пачалі прадпрыймаць далёкія паходы. Першы удар прышоўся царству Сырыйскаму. Потым асырыйцы ўступілі ў барацьбу з згіпцянамі. А таму што Палестына ляжала якраз на шляху таго й другога народу пры іх узаемных сутычках, дык нямінуча павінна было ўцягнуцца ў гэтую барацьбу і царства ізраільскае. Але на каго было абапёрціся ізраільскім царом? з якім народам зрабіць саюз? Гістарычны выбар прадказваўся ў бок згіпцянаў, з якімі абодва царствы большаю часткаю падтрымлівалі прыязныя суадносіны. Але гэты падрахунак не апраўдаўся, і асырыйскі цар Салманасар, даведаўшыся аб саюзе Осіі, апошняга цара ізраільскага, з згіпэцкім фараонам, уторгнуўся ў ізраільскае царства (яно ўжо крыху раней было абкладзена данінаю, пры першым паходзе асырыйцаў), захапіў Осію ў палон і спусташыў увесь край. Ізраільцяны здаліся не адразу. Пад сьценамі Самарыі тры гады вялася распачлівая барацьба, якою адрозьніваецца наагул барацьба ўсіх гінучых народаў. Аблогу Самарыі закончыў сын Салманасара ― Саргон. Ён давяршыў пакарэньне ізраільскага царства, значную часьць ізраільцянаў адвёў у палон і пасяліў у розных часьцях вялікае асырыйскае монархіі, а на месца іх перасяліў паганцаў з Сырыі і Мэсапатаміі. З працягам часу гэтыя перасяленцы, зьмяшаўшыся з астаўшыміся ізраільцянамі, утварылі новы народ, які адтрымаў назоў самаранаў. Вера іх была мешанінай праўдзівае веры з паганскімі аблудамі. З юдейства яны прыймалі Пятакніжжа і адпраўлялі багаслужэньне згодна з пастановамі Майсея ― У храме, які пабудавалі на гары Гарызін.

Так скончыла сваё істнаваньне царства ізраільскае. Цяжкае было прабуджэньне ізраільцянаў у палоне, дзе большая часьць іх была абернена у рабоў. Але Гасподзь і ў палоне не пакідаў Сваім прамышленьнем тых, якія заставаліся вернымі Яго сьвятому закону. Ось такі быў, напр., пабожны Тавіт, гісторыя якога падробна расказана ў кнізе „Тавіт". За свае дабрадзействы няздольным адзінапляменьнікам ён падпау прасьледваньням ад асырыйскага ўраду і потым перажыў цэлы рад спробаў, якія закончыліся для яго і яго патомства поўным багаславеньнем Божым.

§ 74. Кароткі агляд гісторыі юдейскага царства (980―589 г.г. да Хр. Нар.).

У склад царства юдэйскага ўвайшлі, апрача двох галоўных каленаў ― Юдавага і Вэніямінавага, ранейшыя земл калена Данавага, якое перасялілася на паўноч, і землі калена Сымонавага. Царства юдейскае істнавала 390 гадоў. У ім таксама было 20 цароў, але ўсе яны паходзілі з аднаго роду Давідавага. Адны з цароў юдейскіх адхіліліся у ідалапаклонства, другія заставаліся вернымі Богу праўдзіваму. Гэтыя пабожныя цары зьніштажалі ідаласлужэньне у царстве, узмацоўвалі народ у веры і пабожнасьці і ратавалі царства, пры помачы Божай, у часе напасьці й ліха.

Ровоам ― першы, па разьдзяленьні царстваў, юдейскі цар ― спачатку быў верны праўдзіваму Богу, але на 4-м годзе свайго кіраваньня, пад уплывам каханае жонкі (дачкі Авсалома), адпаў у ідалапаклонства; з ім і народ юдейскі "пакінуў закон Гасподзень" і "рабіў няўгоднае прад вачыма Госпада“. „І пабудавалі яны ў сябе высачыні, і статуі, і капішчы на ўсялякім высокім узгорку і пад усялякім цяністым дзеравам". За гэта Гасподзь пакараў царства юдейскае нападам эгіпэцкага фараона Сусакіма, які ўзяў Ерусалім, зрабаваў храм і палац Салямонаў і зрабіў юдэяў сваімі даньнікамі. У гэты цяжкі для юдэяў час ад іх адпалі філісьцімляны і ідумэі.

Пабожны цар Аса ўнук Ровоама - асобным распараджэньнем загадаў, каб усе спаўнялі закон Майсея, і ,адкінуў усіх ідалаў, якіх зрабілі бацькі яго. І нават маці сваю Ану пазбавіў званьня царыцы за тое, што яна зрабіла істукан Астарты". За гэтыя ўчынкі пабожнасьці Гасподзь багаславіў аружжа Асы. Аса разьбіў дашчэнту войскі фараона і скінуў з сябе ярмо Эгіпту. Пры гэтым была захоплена багатая здабыча. Зьніштожыўшы пасьля таго усе "брыдоты паганскія", Аса на 14 годзе свайго кіраваньня сабраў у Ерусаліме вялікае народнае сабраньне, у якім прымалі удзел жыхары ня толькі яго царства, але і народ з усіх іншых каленаў. На гэтым сабраньні быў узноўлены завет з Богам і пастаноўлена караць сьмерцяй усіх, хто ня зьвернецца да Госпада Бога.

Пад канец свайго жыцьця Аса перанёс шмат ліха за тое, што цаною скарбу храму Гасподняга купіў саюз цара сырыйскага. Што датычыцца народу, то, у параўнаньні з Другім часам, у кіраваньне Асы народ насалоджваўся поўным дабрабытам. Карысны гандаль Юдэі з Арабіяй і краямі заходняе Эўропы дазволіў цару і народу сабраць вялікі скарб.

Пабожны цар Іосафат ― другі ўнук Ровоама, ― знаходзячыся ў згодзе са ўсімі суседнімі народамі, меў магчымасьць займацца пераважна справамі ўнутранага будаўніцтва свае дзяржавы. Маючы вялікія сродкі (арабы і філісьцімляны плацілі Іосафату багатую даніну), ён умацаваў шмат гарадоў, сабраў вялікае войска, утварыў справядлівы суд і інш.

Але асаблівае значэньне мелі яго меры дзеля зьніштажэньня ідаланаклонства. У сялякія сьвяшчэнныя "высачыні" і „дубровы" былі выкаранены, ахвярапрынашэньні спынены, служнікі культу паразганяны і зьніштожаны. Не здавальняючыся гэтым, Іосафат на 3-м годзе свайго кіраваньня паслаў сьвяшчэньнікаў і левітаў з кнігаю закону, каб яны вучылі народ закону Божага па ўсіх гарадох Юдэі. Наградай яму за такую пабожную руплівасьць быў нязвычайны дабрабыт народу, як у дні Салямона.

Але Іосафат зрабіў абмылку, якая з працягам часу прынясла шмат ліха царству юдейскаму. Хочучы надоўга забясьпечыць свайму народу добрыя адносіны з ізраільскім дарствам, дзе тады кіраваў бязбожны Ахаў, Іосафат ажаніў свайго сына Іорама з дачкою Ахава ― Гафоліяй, якая была Фуплівай ідалапаклоньніцай. Вынікам гэтага шлюбу было новае ўмацаваньне і пашырэньне ідаласлужэньня ў царстве юдейскім, асабліва пры наступніках Іосафата ― сыне яго Іораме і ўнуку Охозіі. Але вышэйшай ступені паганства і распусты царства юдейскае дасягнула з пачаткам кіраваньня 12-га цара юдэйскага Ахаза.

Ахаз увёў самае паганае з ханаанскіх ідаласлужэньняў пакланеньне Молоху[26]. У ахвяру яму ён прыносіў нават уласных дзяцей. Пакараньнем Божым за гэта зьявіліся бязупынныя і дужа спусташальныя войны з суседзямі. Гэтак, саюзныя цары ― сырыйскі і ізраільскі ― нанясьлі страшнае паражэньне Ахазу, які страціў забітымі 120.000 чалав. і палоннымі болей як 200.000 жанчын, сыноў і дачок. Філісьцімляны і ідумэі, карыстаючыся слабасьцю царства, захапілі некалькі гарадоў і крэпасьцяў юдейскіх. Цар асырыйскі, саюзу з якім шукаў Ахаз, абрабаваў і зачыніў храм ерусалімскі, дзеля чаго ў ім прыпынілася багаслужэньне.

З грозным высьведчаньнем распусты і паганства, якое так пашырылася ў дні Ахаза, зьявіўся прарок Ісайя.

Пабожны цар Езэкія ― сын Ахаза ― узнавіў багаслужэньне у храме Ерусалімскім. З асабліваю урачыстасьцю была адсьвяткавана Пасха, на якую, па запрашэньнях Езэкіі, прыйшоў шмат хто з царства ізраільскага. Пасьля гэтага па ўсім царстве былі зьніштожаны ідалы і ўзноўлены законы Майсея.

У часе Езэкіі Салманасар, цар Асырыйскі, пакарыў царства ізраільскае. Такая-ж небясьпека пагражала і царства юдэйскаму. Сэнахэрым, сын Салманасара, з нязьлічаным войскам аблажыў Ерусалім. Упадак гораду, здавалася, будзе нямінучым. Але Езэкія зьвярнуўся з гарачаю малітваю да Бога, і Юдэя была збаўлена: уночы Ангел Гасподзень паразіў 185.000 асырыйскага войска. Сэнахэрым павінен быў зьняць аблогу і адступіць.

Міласьць Божая да Езэкіі была пацьверджана яшчэ адным цудоўным знакам ― перасунуўся назад на дзесяць ступеняў цень сонечнага гадзіньніка, дзеля пацьверджаньня прадказаньня прарока Ісайі, што цяжка хворы цар паздаравее. Езэкія, узапраўднасьці, паздаравеў і кіраваў царствам пасьля таго яшчэ 15 гадоў у згодзе і спакоі.

Бязбожны Манасія, які кіраваў царствам 55 гадоў, узнавіў ідаласлужэньне і зьвязаныя з ім вады й забабоны, і распусьціў свой народ так, што яны "рабілі горай усіх народаў, якіх зьніштожыў Гасподзь ад твару сыноў ізраілевых". Манасія ў паганстве сваім дайшоў да таго, што па ставіў у храме ерусалімскім істукан Астарты, багіні распусты і усялякае нячыстаты! Калі яго пачалі высьведчаваць прарокі, ён засудзіў іх на сьмерць: сярод іншых ад бяздушнае рукі Манасіі згінуў мучальніцкаю сьмерцю старэнькі прарок Ісайя, які, згодна з паданьнем, быў жывым расьпілованы напаловы. За гэта Манасія быў страшна пакараны: начальнік асырыйскага войска ўзяў яго ў палон і загадаў закаваць яго двама мядзянымі ланцугамі і кольцы ад ланцугаў прасунулі ў ноздры Манасіі, як зьверу, і ў гэткім відзе адвялі яго у Вавілон. У палоне Манасія пакаяўся і Гасподзь вярнуў яму царства.

Пабожны цар Іосія ўва ўсёй сваёй дзеяльнасьці вёў далей справу Давіда, „сьвечніка ізраілева". З яго імем зьвязана бязьлітаснае зьніштажэньне ідалапаклонства і ня толькі у межах Юдэі, але і сярод іншых каленаў. Апаганены і забыты у дні Манасіі храм ерусалімскі быў ізноў адбудованы і абчышчаны ад усялякіх брыдотаў. Калі ладзіліся гэтыя работы, першасьвяшчэньнік Хэлкія, пры разборцы аднае сьцяны, знайшоў "кнігу закону Гасподняга, дадзеную рукою Майсея", і прачытаў яе цару. Іосія спалохаўся, угледзіўшы, як далёка адхілілася ад закону Божага жыцьцё абранага народу. Каб адвясьці справядлівы гнеў Божы, Іосія склікаў усенароднае сабраньне і загадаў сьвяшчэньнікам чытаць яму знойдзеную кнігу закону. Потым з яшчэ большаю руплівасьцю ўзяўся зьніштажаць рэшткі ідаласлужэньня, дзеля чаго сам адправіўся у Вэфіль, дзе — згодна з прадказаньнем, дадзеным яшчэ Іеровоаму — зьніштожыў усіх жрэцоў паганскага культу. Вярнуўшыся ў Ерусалім, Іосія адсьвяткаваў Пасху, згодна з усімі абрадамі, пастаноўленымі ў законе, і з такою ўрачыстасьцяй і захопленьнем, якога ня было ўва ўсе часы цароў. Дзякуючы таму, што Іосія у сваёй дзеяльнасьці выказваў клапатлівасьць у аднолькавай меры аб заставаўшыхся жыхарох зьнішчанага царства ізраільскага, як і царства юдейскага, здавалася, што ён замысьляў аб аднаўленьні ўва ўсёй пышнасьці царства Давіда й Салямона. Але выбіла ужо гадзіна ўпадку самога юдэйскага царства, як прадказаў гэта другі вялікі прарок Іерэмія.

Упадак царства юдейскага. Па сьмерці пабожнага цара Іосіі, пры сыне яго Іакіме бязбожнасьць узрасла да апошніх граніц, і царства юдейскае хутка прыйшло да свае гібелі. Мудрыя засьцярогі прарока Іерэміі, прадказваўшага 70-х гадовы палон, не рабілі ўжо ніякага ўражаньня. Спачатку згіпэцкі фараон Нэхао прымусіў Іакіма плаціць яму даніну, але пасьля, калі згіпцяны, пабітыя пры Кархамісе, павінны былі самі схіліцца перад сьцягамі вялікага цара Вавілонскага Навухаданосара, сына закладчыка Вавілонскае монархіі, лёс юдейскага царства перайшоў у рукі гэтага уладара. Уварваўшыся ў Палестыну, Навухаданосар узяў Ерусалім, захапіў з храму ўсё дарагое прыладзьдзе і адправіў у палон у Вавілон некалькі тысяч народу і ― на палажэньні закладнікаў ― некалькі прыгожых і здольных юнакаў з найвыдатнейшых родаў. Між гэтымі юнакамі быў Даніла з сваімі трыма сябрамі ― Ананіяй, Азарыяй і Місаілам. Гэта быў т. зв. першы палон Вавілонскі (ў 607 г. да Хр. Нар.).

Хутка пасьля таго, Іакім ізноў перадаўся Эгіпту, дзякуючы чаму быў закуты у ланцугі. Сын яго Іехонія, абвешчаны царом, кіраваў царствам толькі сто дзён. Здрадніцкія зносіны Іехоніі з Эгіптам выклікалі новы, гэта ўжо другі наступ Навухаданосара, які асабіста зьявіўся пад сьценамі Ерусаліму і распарадзіўся лёсам яго кіраўнікоў і абаронцаў. Цар Іехонія са усёй сям'ёй і дваром, таксама і яго вяльможы, лепшыя ваякі і майстры былі пераселены у Вавілон, куды за імі павязьлі і скарб царскага палацу і храму ерусалімскага. Сярод палонных былі вялікі прарок Іезэкііль і Сэмэй, дзед славутнага пасьля Мардахэя. Царом юдейскім Навухаданосар паставіў Сэдэкію, другога сына Іосіі. Прарок Іерэмія пачаў пасьля таго пераконваць народ, каб той верна служыў Вавілонскаму цару, і прадказаў, што калі юдэі здрадзяць Навухаданосара, дык Ерусалім будзе спалены і цар адведзены ў палон. Але яго не паслухаліся. Сэдэкія надумаў скінуць Вавілонскае ярмо і пачаў зносіны з Эгіптам. Тады Навухаданосар у трэці ― і гэта ўжо апошні раз ― зьявіўся пад сьценамі Ерусаліму, узяў і зруйнаваў горад і спаліў храм і палац, а ўвесь скарб іх вывез. Першасьвяшчэньнікі былі забіты. Сыны Сэдэкіі былі заколаты на вачох бацькі, а самога Сэдэкію асьляпілі і ў ланцугох адправілі у Вавілон, дзе ён і памёр у цямніцы. У Вавілон былі адведзены і амаль ня усе жыхары Юдэі. Толькі найбяднейшыя былі пакінуты для абрабляньня вінаграднікаў, але й іх хутка забралі ў палон у Эгіпэт, і, такім чынам, аканчальна спусьцела зямля юдейская. Прарок Іерэмія ― вачавідзец усяго прадказанага ім ліха ― у песьнях, з вялікім пачуцьцём, ад шчырага сэрца, аплакаў лёс юдэйскага народу. Усе гэтыя здарэньні былі ў 589 годзе да Х. Н., з якога і пачынаецца так ведамы у гісторыі „Вавілонскі палон".

§ 75. Прарокі часу разьдзяленьня царстваў.

Агульны агляд.

Вялікая была міласьць Божая да свайго непакорнага народу. У той час, як сярод абранага народу паганства й распуста ўсё болей й болей павялічвалася, Гасподзь няраз вуснамі сваіх прарокаў будзіў злачынна драмаўшае сумленьне цароў і народу і не даваў аканчальна заглохнуць іскры Божай. Гасподзь абіраў прарокаў ад самых іх нарадзінаў і асаблівым, Яму Аднаму ведамым шляхам падрыхтоўваў іх на вялікае служэньне, багата льючы на іх дары Сьвятога Духа. Не ад свайго імя гаварылі прарокі; яны былі „пяром у руцэ Госпада, трубою у вуснах Яго". Яны былі вястунамі волі Божае, і пераважна храніцелямі і тлумачамі закону. Прарокі выяўлялі шлях Правідзеньня і прадказвалі будучыя здарэньні з такою яснасьцяй як-бы яны спаўняліся зараз, перад іх вачыма. Дзеля таго, каб людзі не сумляваліся, што яны пасланыя ад Бога, Гасподзь даваў прарокам сілу тварыць цуды і прадказваць будучыну. Галоўным прадметам іх прадказаньняў было зьяўленьне ў сьвет Збавіцеля, Які мае памірыць грэшнае чалавецтва з Богам і адчыніць яму ўваход у царства Божае. Прарокі прадказалі ўсе галоўнейшыя здарэньні з жыцьця будучага Збавіцеля і нават шмат якіх падробнасьцяў. Прадказвалі яны таксама і бліжэйшыя ці далейшыя здарэньні свайго часу, якія датыкаліся долі абранага народу, яго цароў і г. д. Чым болей пашыралася распуста й паганства, тым часьцей і часьцей адкрывалі прарокі свае вусны дзеля высьведчаньня і пакараньня заснуўшага сумленьня, не баючыся ні прасьледаваньняў, ні сьмерці. Шмат хто ня любіў прарокаў; іх спатыкалі з нянавісьцяй, выслухоўвалі з абурэньнем, нярэдка пабіваючы каменьнем. Але былі і такія людзі, якія паважалі прарокаў, былі абраныя, якія вучэньне прарокаў распаўсюджвалі па ўсім царстве. Гэтыя абраныя ― вучні ці сыны прароцкія, якія складалі цэлыя школы ці брацтвы. Прароцкія школы адгулялі ў гісторыі яўрэйскага народу вялікую ролю: яны пераважна былі захоўцамі і пашыральнікамі пісанага прароцтва, якое ў той час пачало ужывацца замест вуснага, бо абраны народ усё больш і больш робіцца няздольным быць жывым насіцелем і храніцелем Завету Божага і абяцаньняў аб Збавіцелю.

З прарокаў царства ізраільскага выдатнейшымі былі: Ільля, Елісей і Іона.

З вялікіх прарокаў царства юдэйскага (да палону Вавілонскага): Ісайя, Іерэмія і Езэкііль.

Апрача вялікіх, былі яшчэ гэт. зв. малыя прарокі, якія служылі ў абодвух царствах. "Малымі" яны называюцца таму, што кнігі, якія яны напісалі, значна меншыя за кнігі вялікіх прарокаў, і наагул іх дзеяльнасьць была не такая шырокая і значная, як дзеяльнасьць вялікіх прарокаў.

§ 76. Прарокі царства ізраільскага.

Прарок Ільля, з гораду Фэсвы, жыў у пустыні, праводзіў строгі і просты спосаб жыцьця. Даўгія валасы, вопратка з шэрсьці вярблюда, падперазаная скураным поясам, і посах у руках ― складалі яго даволі такі нязвычайны вонкавы выгляд. Калі бязбожны Ахаў увёў у царстве ізраільскім культ Ваала і Астарты, дык пр. Ільля, па загаду Божаму, наслаў на ўсю зямлю ізраільскую сухмень і голад, які цягнуўся 3¹/2 гады. Ільля жыў у гэты час у пустыні, куды крукі прыносілі яму хлеб і мяса, ― потым выдаліўся у Сарэпту. Тут адна бедная ўдава цудоўна карміла яго і усю сям'ю сваю не зьмяншаўшайся дзяжы жменяй мукі, пакуль ня скончыўся голад. Калі памёр адзіны сын удавы, дык Ільля тройчы паклаўся на яго і хлапец ажыў.

Прайшоў нейкі час. Ізраільцяны, пад уплывам голаду, пачалі каяцца ў сваіх грахох. Тады Ільля, па загаду Божаму, зьявіўся да Ахава і запрапанаваў яму ўсенародна рашыць, чый Бог праўдзівы. Жрэцы Ваалавы пабудавалі ахвярнік, палажылі на яго цяля і пачалі прызываць Ваала, каб паслаў агонь на ахвяру. Ільля сказаў ім: „крычэце галасьней; можа бог ваш задумаўся, ці заняты чым-колечы, ці ў дарозе, ці мо сьпіць, дык ён прачхнецца!" Як яны ні крычалі, як ні калолі сябе, паводлуг свайго звычаю, нажамі і коп'ямі, але агню з неба здабыць не маглі. Тады Ільля пабудаваў у імя Госпада Бога ахвярнік з 12 каменьняў, па ліку ўсіх каленаў ізраільскіх, палажыў на яго дровы і цяля і загадаў ліць ваду, пакуль не напоўніцца роу навакол ахвярніка. Ільля памаліўся Богу, і Бог паслаў агонь. з неба, які паглынуў і ахвяру і дровы, і высушыў ваду ў рове. Увесь народ упаў на зямлю і выклікнуў: "Іегова ёсьць Бог". Зараз-жа пасьля гэтага пайшоў з неба вялікі дождж. Па загаду Ільлі, усе жрэцы Ваалавы, за ашуканства і пашыраньне распусты у народзе, былі забіты. За гэта Ӏезавэля пачала "шукаць душы" Ільлі. Але ён пайшоў у Сінайскую пустыню, да гары Харыў. Там зьявіўся яму Бог. Зьявіўся не у маланцы і буры, і не ў землятрасеньні, і не сярод агню, а "ў подзьмуху ціхага ветру". Гасподзь падбодрыў свайго прарока, сказаўшы, што сярод ізраільцянаў ёсьць яшчэ сем тысяч людзей, якія не пакланіліся Ваалу, і дау загад паставіць прарокам замест сябе Елісея, а на царства ізраільскае памазаць Ііуя.

Тымчасам споўнілася мера злачынстваў Ахава: цаною подлае намовы і крыві Ахаў, падбіваны Іезавэляй, набыў у сваю ўласнасьць вінаграднік, які належаў бязьвіннаму навуфэю. За гэта Ільля абвясьціў суд Божы ўсяму дому Ахава.

Прадчуваючы блізкасьць свае сьмерці, Ільля апошнія дні хацеў быць на самоце, але Елісей не адходзіў ад яго. Падайшлі яны аднаго дня да Іардану. Ільля скінуў з сябе сваю валасяніцу, удэрыў ёю па вадзе, вада расступілася, і і яны перайшлі па сухім дне на другі бераг. Тут Ільля й кажа Елісею: "прасі, што зрабіць табе, раней чым я буду узяты ад цябе". Елісей адказаў: „дух, які ў цябе, хай будзе на мне падвойчы". Ільля сказаў: „труднага ты просіш. Але калі ўбачыш, як я буду ўзяты ад цябе, дык гэта будзе табе". Пайшлі далей і ўсё размаўлялі. Раптам агнявая калясьніца і агнявыя коні разьдзялілі іх, і Ільля у віхры панёсься на неба. Елісей у гаротнасьці разлукі разарваў вопраткі свае. Раптам упала перад ім валасяніца Ільлі. Елісей ўзяў яе, як знак дабрадзейства Божага, якое сходзіла на яго, і пайшоў назад. Падайшоўшы да Іардану, Елісей удэрыу па вадзе валасяніцай Ільлі, і вада расступілася.

Прарок Елісей быў пакліканы да прароцкага служэньня Ільлёй, які ўзяў яго ад сахі. Елісей асабліва ўславіўся сваімі цудамі. Так, адноўчы, калі жыхары Ерыхону пачалі скардзіцца яму, што ў іх нядобрая вада, Елісей кінуў крыху солі ў крыніцу, і вада зрабілася прыемнаю на смак. Другі раз, адна бедная жанчына, прасьледаваная за доўг пазычальнікам, цудоўна, па слову Елісея, напоўніла рэштай свайго масла шмат парожніх збанкоў, прадаўшы якія заплаціла доўг. Было здарэньне і ў Вэфілі, калі Елісей за пасьмешкі дзяцей над яго лысінай, паслаў на іх дзьве мядзьведзіхі, якія разарвалі на кавалкі 42-х хлапцоў: Елісей не прадбачыў у гэтых гарэзных дзецях нічога добрага. Ведамае таксама здарэньне уваскрашэньня Елісеем сына аднае беднае жанчыны, у падзяку за яе гасьціннасьць.

Гасподзь праз Елісея надзяляў міласьцяй нават чужаземцаў. Гэтак, Елісей вылячыў хворага праказаю Нээмана, ваеннаначальніка Сырыйскага: па слову Елісея, Нэзман занурыўся сем разоў у Іардане, і праказа адразу зьнікла. Нээман у падзяку запрапанаваў прароку багатыя гасьцінцы, але той адмовіўся прыняць іх. З дазволу Елісея, Нээман узяў з сабою яўрэйскае зямлі, каб у Дамаску пабудаваць ахвярнік Іегове.

Апошні цуд Елісея ўтварыўся ўжо пасьля яго сьмерці, калі ад датырканьня да яго касьцей, якія пакоіліся у пячоры, ажыу труп выпадкова кінутага туды з пасьпеху яўрэя. Так, сіла Божая, якая была з Елісеем, перакінулася і на яго мошчы.

Прарок Іона быў пасланы Госпадам у Нінэвію, сталіцу асырыйскага царства, абвясьціць гнеў Божы за паганства й распусту. Але ён пабаяўся йсьці да паганцаў, і сеў на карабель, які ад яжджаў у процілежны ад Нік. Раптам паднялася на моры моцная бура. Кінулі жэрабя, каб даведацца, хто з падарожных зьяўляецца прычынаю гневу багоў, якія наслалі буру. Жэрабя ўпала на Іону. Каб расчуліць Бога, Іону, як ён і сам прасіў, кінулі у мора, пасьля чаго бура сьціхла. Па загаду Божаму, прарока праглынуу кіт (так называлася ўсялякая вялікая рыба). І быў Іона няшкодны ў чэраве кіта тры дні і тры ночы[27]. Выкінуты кітам на бераг, ён пайшоў у Нінэвію. Казаньне яго тут мела добры ўплыў: жыхары пакаяліся і адкінуліся ад благога шляху свайго, і Гасподзь зьлітаваўся над Нінэвіяй.

§ 77. Прарокі царства юдейскага.

Прарок Ісайя паходзіў з царскага роду. Да прароцкага служэньня ён быў пакліканы гэткім відзеньнем. Ісайя убачыў Госпада на вялічным троне. Сэрафімы ― найвышэйшыя ангелы ― абкружалі Яго і, закрываючы крыльлем твары свае ад зьяньня Славы Яго, пяялі: "Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Гасподзь Саваоф, уся зямля поўная Славы Яго". Ісайя выклікнуў: „гора мне! згінуў я! я ― чалавек з нячыстымі вуснамі, а вочы мае бачылі Цара, Госпада Саваофа!" Тады адзін з сэрафімаў узяў з нябеснага ахвярніка гарачы вугаль, датыркнуўся ім да вуснаў Ісайі і сказаў: "ось гэта даткнулася вуснаў тваіх, і беззаконнасьць твая адсунута ад цябе, і грэх твой ачышчаны". Пасьля Ісайя пачуў голас Бога, які загадваў яму йсьці да Яго народу, каб зьвярнуць яго на шлях праўды.

Ісайя на сваім пасту знаходзіўся каля 60-х гадоў, высьведчаваючы народ у яго грахох і распусьце і прымаючы дзеяльнае учасьце ўва ўсіх болей-меней буйных здарэньнях з жыцьця свайго народу. Гэтак, сваімі малітвамі ён уратаваў юдейскае царства ад навалы Сэнахэрыма, пасьля зьніштажэньня ім царства ізраільскага. Таксама па малітвах Ісайі паздаравеў сьмяротна хворы цар Езэкія, які пасьля таго кіраваў царствам яшчэ 15 гадоў.

Прароцтвы і прадказаньні Ісайі асабліва ўславілі яго. У іх ён кажа аб зьяўленьні будучага Збавіцеля сьвету, Якога. называе Памазаньнікам (Хрыстом ці Мэсіяй), Богам Моцным, Царом праўды, Князем спакою, царству Якога ня будзе канца. Ісайя прадказаў нарадзіны Збавіцеля. ("Ось Дзева прыйме у чэраве і народзіць Сына, і дадуць імя Яму Эмануіл"), зьяўленьне перад ім Прадцечы, дастатак сходзячых на Яго дароў Сьвятога Духа, дзякуючы чаму Ен будзе тварыць шмат цудаў („Дух Гасподзень на Мне, бо Ён памазаў мяне добравяшчаць убогім і паслаў Мяне вылечваць пакорных сэрцам, прапаведваць палонным вызваленьне, сьляпым усьвятленьне, адпусьціць замучаных на волю, прапаведваць лета Гасподняе прыемнае"), Яго мукі, сьмерць і ўваскрасеньне („Ён узяў на Сябе нашыя немачы і панёс нашыя хваробы... Ён мучаны быў за грахі і беззаконнасьць нашу, пакараньне сьвету нашага было на Ім, і ранамі Яго мы вылячыліся. Усе мы блудзілі, як авечкі, зьвярнулі кожны на сваю дарогу, і Гасподзь узлажыў на Яго грахі ўсіх нас... Як авечка, йшоў на закалоцьце, і як ягня перад стрыгучым яго безгалоснае, так і Ён не адчыняе вуснаў Сваіх"), заклік у царкву паганцаў і інш.

Прарок Ісайя прадказаў такжа, што цар Кір збавіць юдэяў з палону.

Прарок Іерэмія быў вястуном зьніштажэньня царства юдейскага. Ён з горкімі сьлязьмі высьведчаваў паганства сваіх сучасьнікаў і прадказаў усе будучыя бядоты: "О, хто дасьць галаве маёй ваду і вачом маім крыніцы сьлёз! Я плакаў-бы дзень і ноч... Так кажа Гасподзь: за тое, што яны (сучасныя Іерэміі яўрэі) пакінулі закон Мой, Я раскіну іх між народамі і пашлю ўсьлед іх меч, пакуль ня зьніштожу іх". Іерэмія прадказаў дакладна, колькі гадоў будзе палону Вавілонскага (70 г.). Пасьля першага паходу Вавілонскага цара, Іерэмія пераконваў яўрэяў пакарыцца яму і плаціць даніну, якая была паложана, але цар Іоакім адмовіўся, чым выклікаў новыя, яшчэ большыя бядоты з боку Навухаданосара. Тады Іерэмія, па загаду Божаму, накінуў на сябе спачатку дзеравяннае, пасьля жалезнае ярмо, і ў такім відзе хадзіў па горадзе, заклікаючы юдэяў падпарадкавацца ўладзе Вавілонскага цара, інакш усе будуць зьніштожаны агнём і мечам. За такую раду Іерэмію пасадзілі ў турму і ён ледзь-ледзь ня быў пазбаўлены жыцьця. Тым часам саюз новага цара юдейскага Сэдэкіі з згіпэцкім фараонам выклікаў апошні, самы страшны наступ Навухаданосара, калі быў зьнішчаны храм ерусалімскі, палац царскі і увесь горад, а жыхары амаль ня ўсе адведзены ў палон. Іерэмія застаўся ў Ерусаліме. Разам са сваім вучнем Варухам Іерэмія горка аплакваў лёс гораду на яго развалінах. Калі і тыя юдэі, якія заставаліся яшчэ, былі адведзены ў Эгіпэт, дык яны ўзялі з сабою туды і прарока Іерэмію; там ён хутка быў пабіты каменьнем за высьведчаньні у ідалапаклонстве.

Прарок Іерэмія прадказаў наступленьне новага завету, у адмену Старога: "ось наступаюць дні ― кажа Гасподзь ― і Я зраблю з домам ізраілевым і з домам юдавым новы завет... Я ўлажу законы Мае у мысьлі іх, і напішу іх на сэрцах іх, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам". ― "У тыя дні ― кажа Гасподзь ― ня будуць казаць болей: каўчэг завету Гасподняга, ён і да галавы ня прыйдзе, і ня ўспомняць аб ім, і ня будуць прыходзіць да яго, і яго ўжо ня будзе. У той час назавуць Ерусалім тронам Госпада, і ўсе народы дзеля імя Госпада зьбяруцца ў Ерусалім, і ня будуць болей рабіць па ўпартасьці злога сэрца свайго".

Прарок Іезэкііль быў адведзены ў палон за 11 гадоў да аканчальнага зьніштажэньня Ерусаліму. У палоне яму было відзеньне Славы Божае ў вобразе мужа, які сядзіць на троне. У сярэдзіне сьветлага вобалака Іезэкііль бачыў нешта падобнае да чатырох жывёлаў. Від іх быў падобны да чалавечага, але на кожным з чатырох бакоў асобны твар: чалавека, льва, цяляці і арла. У кожнага па чатыры крылы. Гасподзь заклікаў Іезэкііля да прароцкага служэньня і даў яму праглынуць зьвітак, на якім былі напісаны прызначаныя народу ад Бога: "плач, стагнаньне, гора". І пачуу Іезакііль голас: "зьеш гэты зьвітак і йдзі, кажы дому Ізраілеву". Прарок зьеў і пачуу салодкае ў вуснах сваіх, як бы ад мёду". Іезэкііль тады зразумеў, што як на небе, так і на зямлі ўсё робіцца па волі Духа Божага, ― што слугі Божыя ― ангелы ― разумныя як чалавек, грозныя як леу, чыстыя і незласьлівыя як цяле і ўзьнёслыя як арол, і што ўсе яны разам, згодна услаўляюць Бога "пяючы, галосячы, заклікаючы і гаворачы". Прарок зразумеў, што пакараньне Божае па сваіх пладох абернецца ў канцы канцоў "у салодкі мёд".

Адкравеньне Божае аб узнаўленьні юдейскага царства і будучым уваскрасеньні мёртвых Іезэкііль адтрымаў пад відам сымволу ― поля, якое было поўнае касьцей. Па слову Божаму, жылы злучылі гэныя косьці, на іх вырасла мяса, скура; увайшоў у іх дух, і яны ажылі. І сказаў Бог: "косьці гэныя ― увесь дом ізраілеў. Я вызвалю іх з усіх месцаў жыхарства, дзе яны грашылі, і ачышчу іх, і будуць яны Маім народам, і Я буду іх Богам. І утвару з імі завет спакою; завет вечны будзе з імі."

Прарок Іезакііль не дажыў да павароту з палону. Згодна з паданьнем, ён быў забіты за высьведчаньні паганства і ідаласлужэньня.

§ 78. Малыя прарокі.

З малых прарокаў, якія жылі ў пэрыядзе ад разьдзяленьня царстваў да Вавілонскага палону, адны пераважна прадказвалі болей-меней блізкія здарэньні свайго часу, другія — праракавалі аб будучым Мэсіі. Гэтак ―

прарок Наум прадказаў упадак Нінэвіі;

прарокі Амос і Аўдзій прадказвалі, што Бог не адкіне аканчальна свайго народу і зьверне яму ранейшы бліск у царстве Мэсіі;

прарок Сафонія прадказаў паварот юдэяў з палону і гаварыў аб славе, якая чакае іх, калі Мэсія будзе знаходзіцца сярод іх;

прарок Авакум прадбачыў таксама зьяўленьне Бога ― Збавіцеля на зямлю;

прарок Міхей прадказаў, што Мэсія народзіцца ў Віфлееме;

прарок Іоль прадказаў, што у царстве Мэсіі веручыя багата адтрымаюць дары Сьвятога Духа

і прарок Осія прадказваў аб уваскрасеньні Збавіцеля ў трэці дзень і аб перамозе яго над пеклам і сьмерцяй.

V. Гісторыя царквы ў пэрыяд ад палону Вавілонскага да прыходу І. Хрыста[правіць]

V.

Гісторыя царквы ў пэрыяд ад палону Вавілонскага да прыходу І. Хрыста (з 589 году да Х. Нар.).

А. Панаваньне Вавілонскае.

§ 79. Становішча Юдэяў у палоне Вавілонскім.

Цяжкае было прабуджэньне юдейскага народу ў палоне Вавілонскім. Замест свабоды ― рабства, замест багацьця і раскошы ― няволя, замест панаваньня ― убогасьць і банкруцтва, замест паважаньня ― зьнявага; там, удому, свая родная зямля, увесь народ сабраны ў "доме Юдавым" ― тут расьсяленьне, жыцьцё на чужыне, сярод прыгнятальнікаў, сярод варожых людзей, якім патрэбна толькі вашая праца і праца. З цяжкім сумам успаміналі юдэі аб Ерусаліме і храме Гасподнім, міма якога яшчэ так нядаўна праходзілі спакойна да ідальскіх капішчаў, і шкадавалі, што не маглі болей прыносіць ахвяры Іегове. Як горка ім было жыць у палоне, паказвае вядомая, складзеная імі "песьня палону": „пры рэках Вавілонскіх мы сядзелі й плакалі, калі ўспаміналі аб Сіоне... тыя, што ўзялі нас у палон, вымагалі ад нас слоу песьняў, і прыгнятальнікі вымагалі вясёласьці: засьпявайце нам з песьняў Сіонскіх. Але як нам сьпяваць песьню Гасподню на зямлі чужой? Калі я забуду цябе, Ерусаліме, дык хай забудзецца дзесьніца мая... Дачка Вавілону! Шчасьлівы, хто пакарае цябе за тое, што ты зрабіла нам! Шчасьлівы, хто вазьме і разаб е дзяцёнкаў тваіх аб камень".

Хоць цары Вавілонскія пакінулі юдэям права трымацца свае веры, кіравацца сваімі старшынямі, судзіцца згодна са сваімі законамі і захоўваць свае звычаі, - таксама далі права свабодна займацца гандлем, разводзіць вінаграднікі, будаваць хаты, набываць маемасьць і г. д., аднак-жа жыцьцё ў палоне было дужа цяжкае. Большасьць юдэяў была абернена ў рабоў, якія павінны былі спаўняць розныя цяжкія работы: капаць канавы для абвадненьня палёў, абрабляць зямлю, будаваць крэпасьці, спаўняць чорную працу пры пабудаваньні вялізарных будынкаў, якімі Навухаданосар упрыгожваў сваю сталіцу і г. д.

Пад цяжарам усіх удараў, якія выпалі на долю юдэяў, у іх з працягам часу прабудзілася ў палоне шчырае раскаяньне. Яны усім сэрцам зьвярнуліся да Бога, ачысьціліся ад сваіх паганскіх забабонаў і ад усіх ідалаў сваіх, і яшчэ шмат паганцаў абярнулі на шлях праўдзівага богапаважаньня. За адсутнасьцю храму, здаволеньне свайму рэлігійнаму лачуцьцю юдэі знаходзілі ў хатняй малітве і частых сабраньнях дзеля чытаньня закону, дееля малітвы і пяяньня сьвяшчэнных песьняў.

Зварот юдэяў да свайго закону і Бога праўдзівага абумоўлівала захаваньне імі нацыянальнага і рэлігійнага адзінства, дзякуючы чаму ім прызначана было зноў вярнуцца ў сваю зямлю. Зусім другі лёс чака народ ізральскі, яшчэ раней за юдэяў адведзены ў палон. У ім не засталося гэтых здаровых рэлігійных і нацыянальных элемэнтаў. Ізраільцяны хутка растапіліся у моры паганства і хутка страцілі ўсе даўнія свае вераваньні, паданьні і сувязі. Яны Ужо не маглі адрадзіцца, як цэлы народ, злучаны нацыянальным пачуцьцём, і дзеля гэтага назаўсёды загінулі для гісторыі.

Для падтрыманьня веры юдэяў і абароны іх у палоне Бог паслаў ім двох вялікіх прарокаў Іезэкііля і Данілу.

Іезэкііль строга высьведчаваў бязбожнасьць і распусту народу, пакуль ён яшчэ ня зусім забыўся аб сваіх нядаўніх багох, і ў той-жа самы час пацяшаў каяўшыхся, ― пацяшаў прадказаньнямі аб павароце з палону, узнаўленьні Ерусаліму і храму, і аб прыходзе будучага Збавіцеля.

Даніла быў пераважна прадстаўніком і абаронцам свайго народу перад царом і ўрадам.

§ 80. Прарок Даніла і тры хлапцы; Ананія, Азарыя, і Місаіл.

Даніла разам з іншымі хлапцамі юдейскімі быў адведзены Навухаданосарам у палон, каб падрыхтаваць з іх адданых сабе слугаў і пасярэднікаў у кіраўніцтве юдейскім народам. Жывучы пры двары, карыстаючыся з царскага стала, яны праводзілі свой час у вывучэньні халдейскае мовы і ўсяе "мудрасьці халдайскае, якая складалася, галоўным чынам, з уменьня па руху нябесных сьвяцілаў зьясьняць патаёмныя зьявы цяперашняга і прадказваць будучае. Пасьпехі іх зьдзівілі цара. Ен знайшоў, што Даніла "у дзесяць разоў вышэй за ўсіх праракальнікаў і мудрацоў, якія былі ўва ўсім яго царстве". І пачалі яны служыць дару, не пакідаючы ў той самы час паданьняў свае веры і дакладна спаўняючы пастановы закону Майсеевага.. Угледзіўшы, напрыклад, што часта падаваная ім з царскага стала яда складаецца з забароненых для юдэяў страваў, яны выпрасілі дазволу карміцца толькі зяленінай і пладамі. Начальнік двара баяўся, каб яны не пахудзелі ад расьліннае стравы. Але, калі яны зьявіліся перад царом, дык аказалася, што яўрэйскія хлапцы на выгляд здаравейшыя і паўнейшыя за сваіх халдэйскіх сяброў.

Выясьненьне сну Навухаданосару і ўзвышэньне Данілы. Хутка выявілася, што Даніла ― прарок Божы, які разумее усялякія відзеньні і сны. Адноўчы Навухаданосар бачыў нейкі паказальны і надта яго стрывожыўшы сон, які, як толькі ен прачхнуўся, быў забыты ім. Мудрацы і праракальнікі халдэйскія не маглі прыпомніць цару яго сну і аб'ясьніць яго. За гэта ўсе яны былі засуджаны на сьмерць. Такі самы прысуд пагражаў і Даніле з яго сябрамі. Але яны зьвярнуліся з малітваю да свайго Бога, і Бог уночы у Відзеньні адкрыў і сон цара і яго значэньне. Затрымаўшы забойства мудрацоў вавілонскіх, Даніла сказаў, што можа зьясьніць сон цару. "Ты, цар ― кажа Даніла ― думаў, што будзе пасьля цябе. І Бог паказаў табе, што будзе“. І далей казаў, што Навухаданосар бачыў вялізарнага істукана, які так блішчэў, што глядзець на яго было страшна. Галава ў яго была залатая, грудзі і рукі сярэбраныя, чэрава і сьцёгны ― мядзяныя, лыткі жалезныя, ногі часткаю жалезныя, часткаю гліняныя. Раптам ад гары, без дапамогі рукі, адарваўся вялізарны камень, ударыў па нагах істукана і разьбіў яго, і золата, і серабро, і медзь, і жалеза, і гліна ― ўсё абярнулася ў пыл, які разьвеяў вецер. І не засталося ад істукана й знаку, а камень зрабіўся вялікаю гарою, якая заняла ўсю зямлю. Даніла так вытлумачыў значэньне гэтага сну. Залатая галава ― гэта сам цар. Пасьля яго паўстане новае царства (міда-пэрсідзкае ― сярэбраныя грудзі), за ім трэцяе, якое будзе панаваць над усёю зямлёю (грэцкамакедонскае ― мядзянае чэрава). Яго зьменіць чацьвёртае, моцнае як жалеза (рымскае), але яно разьдзеліцца і будзе часткаю жалезнае і часткаю глінянае (усходняя і заходняя палавіны рымскае імпэрыі). У часе апошняга з гэтых царстваў Бог паднясе царства, якое зьніштожыць усе царствы а само ня зьніштожыцца ўва век.[28] ― Навухаданосар зьдзівіўся дакладнасьцяй перадачы сну і мудрым яго абясьненьнем, пакланіўся Даніле і сказаў: "узапраўды ваш Бог ёсьць Бог багоў і Уладар цароў". Пасьля гэтага Навухаданосар прызнаў Данілу кіраўніком усяе вавілонскае зямлі і галоўным начальнікам над усімі вавілонскімі мудрацамі. Але Даніла адмовіўся ад першае пасады, і толькі сябры яго былі прызначаны краёвымі кіраўнікамі.

Сябры Данілавы ў печы Вавілонскай. Нязвычайна горды і саманадзейны, няраз казаўшы сабе: „на неба ўзыйду, вышэй зорак нябесных пастаўлю трон мой, буду падобны да Найвышэйшага" ― Навухаданосар адноўчы паставіў каля Вавілону вялізарную залатую статую (думаюць ― уласны свой выгляд) і загадаў народу прыйсьці і пакланіцца. Пры гэтым было абвешчана, што калі хто не паклоніцца, дык будзе ўкінуты ў распаленую печ. Усе вяльможы споўнілі загад цара. Адны сябры Данілавы адмовіліся пакланіцца статуі. Разгневаны Навухаданосар загадаў распаліць печ у сем разоў мацней як звычайна і кінуць у яе Ананію, Азарыю і Місаіла. Печ была распалена да таго, што полымем яе былі зьніштожаны самі выканаўцы страшнае казьні.. Навухаданосар загадаў паставіць супроць печы свой трон, каб ляпей бачыць мукі трох сяброў Данілавых. І якое-ж было яго зьдзіўленьне, калі яны засталіся цэлымі ў полымі агню і сярод іх апынуўся ў печы яшчэ нехта чацьвёрты, па віду "падобны да Сына Божага“. у той-жа самы час нясьліся з печы галасы, якія пяючы ўслаўлялі Бога. Калі Ананія, Азарыя і Місаіл выйшлі, аказалася, што агонь не дакрануўся ні да іх самых, ні да іх адзеньня. Узварушаны цудам, Навухаданосар багаславіў Бога ізраільскага і асаблівым прыказам па ўсім царстве абвясьціў страшнае пакараньне тым, хто дазволіць сабе ганіць Яго сьвятое імя. Сябры Данілавы былі пасьля таго пастаўлены начальнікамі над усімі юдэямі, якія жылі ў царстве Вавілонскім.

Пакараньне Навухаданосара за гордасьць. Аднаго разу, захоплены відам свае сталіцы, Навухаданосар голасна перад усімі пахваліўся сваёю нязвычайнаю славаю і магутнасьцяй. У пакараньне за гордасьць, з неба пачуўся Навухаданосару голас: "табе кажуць, цар Навухаданосар: царства адыйшло ад цябе! і адлучаць цябе ад людзей, і будзе жыхарства тваё з зьверамі палявымі, травою будуць карміць цябе, як вала, і сем гадоў прайдуць над табою, пакуль уцяміш, што Найвышэйшы пануе над царствам людзкім, і дае яго каму хоча". І таго часу споўніўся страшны прысуд. Навухаданосар адтрымаў як-бы нейкае шаленства, калі чалавек хаваецца ад людзей і выабражае сябе жывёлай. Як зьвер, закуты у ланцуг, бадзяўся Навухаданосар па двары схіліўшы голаў і еў траву. Валасы вырасьлі ў яго даўгія, як шэрсьць у льва, і ноці завастрыліся, як капцюры у птушак. Праз сем гадоў развага вярнулася да Навухаданосара і ён падзякаваў і ўславіў Бога, Які кіруе ўсім і карае гордых. З такою вераю Навухаданосар і памёр (у 564 г. да Х. Н.), пакінуўшы сваё царства сыну.

§ 81. Валтасар і ўпадак царства Вавілонскага.

Пры наступніках Навухаданосара царства яго пачало хістацца. Гэтае палажэньне пасьпяшылі скарыстаць падуладныя народы. У часе кіраваньня Валтасара, праўнука. Навухаданосара, Вавілону пагражалі Мідзяны і Пэрсы[29]. Але Валтасар нядбала банкетаваў, ня думаю чы аб пагражаючай небясьпецы. Хутка пэрсы былі ужо пад самаю сталіцаю. Аднаго разу у часе банкету Валтасар загадаў прынясьці судзіны, якія былі узяты з храму ерусалімскага, каб піць з іх, з сваімі гасьцямі, віно. Гэтым ён паказаў, што не шануе Бога юдейскага. Раптам на сьцяне зьявілася нейкая таемная рука, якая пісала нейкія словы. Былі пакліканы варажбіты і мудрацы вавілонскія. Але, ніхто з іх ня мог прачытаць напісанага. У гэты самы час увайшла да банкетаваўшых царыца. Яна ўспомніла мужу, што ёсьць у яго царстве чалавек, у якім дух Сьвятога Бога, ― гэта, ― кажа, ― Даніла. Ён вытлумачыць значэньне словаў". Калі прыйшоў Даніла, дык цар сказаў яму: "калі ты можаш прачытаць і вытлумачыць напісанае, дык будзеш апрануты У „баграніцу“, і залаты ланцуг будзе на шыі тваёй, і будзеш трэцім начальнікам у царстве". Даніла адказаў: „дары твае хай застануцца ў цябе і чэсьць аддай іншаму, а напісанае я прачытаю цару і значэньне вытлумачу яму. Цар, бацьку твайму Бог дараваў царства, вялікасьць і славу, і ўсе яго баяліся. Але калі ён завялічыўся і залятуцеў аб сабе, дык быў скінуты з царскага трону і пазбавіўся славы свае. І ты, ведаючы усё гэта, пайшоў супроць Госпада і піў з судзінаў Дому Яго, услаўляў бяздушных ідалаў, а Бога ня уславіў. За гэта і паслаў Бог руку, якая і напісала гэтыя словы. Ось што напісана: мэнэ, такал, пэрэс. "Мэнэ“ значыць: вылічыў Бог тваё царства і палажыў яму канец; „тэкэл“ ― зважыў цябе і знайшоў надта лёгкім; „пэрэс" ― разьдзяліў тваё царства Мідзянам і Пэрсам". ― Цар у той-жа час нанаградзіў Данілу, як і абяцаў. Пасьля гэтага ў першую-ж ноч Кір, цар пэрсідзкі, узяў Вавілон і ўварваўся ў горад. Валтасар быў забіты і Вавілонскае царства упала (539 г. да Хр. Нар.). Кіраваньне Вавілонам Кір даручыў Дарыю Мідзяніну. Самы Вавілон з працягам часу прыйшоў у такое спусташэньне, што доўгі час пад зямлёю, якая пакрыла яго, не знаходзілі нават сьлядоў яго.

Б. Панаваньне Міда-Пэрсідзкае (529—332 гг. да Хр. Нар.).

§ 82. Юдэі пад уладаю Дарыя Мідзяніна. Значэньне Данілы ў новым царстве. Даніла ў рове Львіным. Прароцтва Данілы аб 70-х сядмінах.

Дарый Мідзянін кіраваў Вавілонскім краем у працягу двох гадоў. Ён адносіўся з вялікаю пашанаю да Данілы за тое, што ён прадказаў (як яшчэ раней за яго ― Ісайя) пераход Вавілону пад уладу Кіра, і вызначыў яго адным з трох галоўных начальнікаў, якім сатрапы (краёвыя начальнікі) давалі справаздачу ў сваім кіраваньні. Дарый хацеў нават вызначыць Данілу першым кіраўніком у гаспадарстве. Гэткае ўзвышэньне Данілы выклікала зайздрасьць у іншых прыдворных урадоўцаў і вяльможаў. Ведаючы, як строга Даніла спаўняе пастановы свайго закону, яны пастараліся паставіць яго на гэтым грунце у палажэньне, якое, па іх думцы, павінна было згубіць Данілу. Яны парадзілі, і цар выдаў загад, каб у працягу цэлага месяца народ пакланяўся і з усімі малітвамі і прашэньнямі зварочваўся толькі. да яго аднаго (ведама, што у той час цары лічыліся якбы багамі, якім часта-густа аддавалася нават боскае пакланеньне). Даніла, які штодня тры разы маліўся свайму Богу, адвярнуўшыся ў бок Ерусаліму ― разумеецца ― адмовіўся споўніць загад цара. Ня гледзячы на сваё высокае палажэньне, ён быў укінуты ў роў, каб яго зьелі львы, якія былі там. Дарый усю ноч ня спаў, шкадуючы Данілы, і як толькі разьвіднела, пасьпяшыў да рова. Ён быў пераконаны, што Даніла згінуў. І як-жа-ж ён зьдзівіўся, калі аказалася, што Даніла заставаўся непашкоджаным. „Бог мой ― казаў Даніла ― паслаў мне Ангела свайго, і ён зачыніў вусны львом, і яны не пашкодзілі мне, бо я застаўся чысты перад Ім; дык і перад табою, цар, я не зрабіў ніякага злачынства“. Безадкладна вызвалілі Данілу з рова і ўкінулі туды яго зайздросьнікаў, разам з жонкамі і дзяцьмі. І яны нават не даляцелі да дна рова, як былі разарваны львамі. Пасьля гэтага Дарый выдаў загад, каб усе плямёны і народы яго царства багаслаўлялі Бога, якому моліцца Даніла.

Ня гледзячы на сваё высокае палажэньне, Даніла усёткі быў надта неспакойны. Здавалася, што ўсе ўжо споўніліся прыкметы выкананьня прароцтва Іерэміі, тымчасам юдэі заставаліся яшчэ ў цалоне і Ерусалім знаходзіўся ў руінах. Ен шчыра маліўся Богу аб выбачэньні і збавеньні свайго народу. І Бог пачуў яго малітву. Даніле было дана праз архангела Габрыеля вялікае адкравеньне, што цераз семдзесят сядмін ці 490 гадоў, пачынаючы годам, калі юдэям будзе дазволена ўзнавіць Ерусалім, будуць спынены відзеньні і прароцтвы і памазаны будзе Сьвяты Сьвятых, г. ё. прыдзе Збавіцель, Які збавіць людзей ад грахоў і вечнага пакараньня за іх.[30]

§ 83. Паварот юдэяў з палону (536 г. да Х. Н.).

Па сьмерці Дарыя, Кір, цар пэрсідзкі, зрабіўся адзінаўладным кіраўніком усіх краёў, дзе жылі палонныя юдэі. У першы-ж год свайго кіраваньня ён выдаў загад аб вызваленьні юдэяў з палону і ўзнаўленьні храму Ерусалімскага. Як мудры палітык, ён хацеў забясьпечыць межы свайго царства з боку Эгіпту, які заўсёды быў немалою пагрозаю ўсходнім монархіям, а не магло быць лепшага за бясьпечаньня, як пасяленьне у Палестыне адданага яму яўрэйскага народу. Трэба думаць, што ў гэтым кірунку няра з даваў рады і прарок Даніла, які займаў такое высокае палажэньне ў царстве. Яшчэ і тое выклікала наагул ласку Кіра да яўрэяў, што як Даніла, так яшчэ раней за яго, прарок Ісайя сваімі прадказаньнямі аб зьніштажэньні Вавілонскага царства моральна спрыяў яму апанаваць гэтае царства. Усё гэта пабудзіла Кіра дазволіць яўрэям вярнуцца ў сваю зямлю і пабудаваць храм Богу, Які дараваў яму ўсе царствы. Гэта было ў 536 годзе да Х. Н., якім і скончыўся 70-гадовы палон Вавілонскі, лічачы з часу першага ўзяцьця Ерусаліму і палону юдэяў у 605 годзе. Вялікі прарок Даніла мог спакойна памёрці, ня трывожачыся болей за лёс свайго народу. У тым-жа годзе Даніла і ўзапраўды памёр. Пахаваны быў у сталіцы Мідыі — Сузах.

Дазвол цара Кіра вярнуцца на бацькаўшчыну скарыстала 42.000 чалавек, ня лічачы жанчын і дзяцей. Пераважна гэта былі людзі бедныя, якіх нішто ня прывязвала да чужыны. З тых, хто быў болей заможным, шмат засталося на сваіх месцах. Гэтыя юдэі, згодна з царскім загадам, павінны былі памагчы перасяленцам сваімі ахвярамі для дому Божага.

Перасяленцы йшлі пад кіраўніцтвам Зарававэля, ўнука апошняга цара юдейскага Іехоніі, і першасьвяшчэньніка Іісуса. Па загаду Кіра, ім былі зьвернены судзіны з храму Гасподняга, якія былі узяты Навухаданосарам; апрача таго, краёвым начальнікам было загадана ўва ўсім памагаць перасяленцам і нават за царскі рахунак выдаць цялят і ягнят дзеля прынясеньня ахвяраў Іегове за цара і царскую сям'ю.

Вярнуўшыся на бацькаўшчыну, юдэі расьсяліліся там па ранейшых гарадох і валаданьнях сваіх. За парадкам глядзелі і ўсялякія непаразуменьні разьвязвалі абраныя імі дзевяць старшыняў, пад кіраўніцтвам Зарававэля.

Хутка пасьля павароту, ўсе перасяленцы сабраліся ў Ерусаліме і там, на старым месцы, ўзнавілі ахвярнік Богу і адправілі сьвята Кушчаў.

§ 84. Пабудова юдэямі другога Храму ў Ерусаліме. Прарокі Агей і Захарыя.

На другі год па павароце з палону юдэі з асаблівай урачыстасьцяй палажылі аснову другога храму на месцы першага (535 г. да Хр. Нар.). Усё сьвята ладжана было па цэрэмоніялу Давіда, з песьнямі левітаў і сьвяшчэньнікаў, пад гукі сьвяшчэннае музыкі. Але радасьць сьвята для шмат якіх старых людзей, бачыўшых першы храм, смуцілася разуменьнем немагчымасьці, дзеля нястачы грошай, пабудаваць храм з тым багацьцем і пышнасьцяй, якімі выклікаў агульнае зьдзіўленьне храм Салямонаў. "І ня мог народ адрозьніць захопленьня радасьці ад выцьця плачу народнага".

Будаваньне храму йшло даволі павольна. Будаваўся ён на узор першага. Як і ў часе Салямона, фінікійскія гарады Тыр і Сідон памагалі юдэям у будоўлі храму; так напрыклад, яны ўзяліся дастаўляць кедравы лес з гары Лівану. Былі і праціўнікі будоўлі храму ў постаці самаранаў, якія, лічачы Палестыну сваім уладаньнем, варожа адносіліся да перасяленцаў і зрабілі хлусьлівы данос цару Пэрсідзкаму, быццам юдэі будуюць ня храм, а сьцены навакол Ерусаліму, каб вярнуць сабе палітычную незалежнасьць. Работы часова былі спынены, пакуль юдэі не апраўдаліся. Узнавіліся работы ужо пры цару Дарыю Гістаспу і былі скончаны на шостым годзе яго кіраваньня (515 г. да Хр. Нар.), цераз 21 год пасьля закладкі. Гэта здарылася якраз перад сьвятам Пасхі і юдэі, з пачуцьцём жывое радасьці, адсьвяткавалі яе у новым сваім храме.

Нельга не адзначыць тае ролі, якую гралі ў часе будоўлі храму прарокі Агей і Захарыя. Яны ўвесь час падбодравалі народ, каб не пакідаў работы і давёў да канца будаваньне храму. Каб усьцешыць тых, хто плакау аб першым Салямонавым храме, прарок Агей казаў ім ад імя Божага: "прыдзе Жадаемы ўсімі народамі, і напоўню дом славаю і слава гэтага апошняга храму будзе большая як першага, і на гэтым месцы Я дам спакой". А прарок Захарыя як-бы бачыў ужо Збавіцеля ўваходзячым у Ерусалім, пры радасных вокліках народу, і выклікаў: "сьвяткуй, дачка Ерусаліму! вось Цар твой ідзець да цябе, пабожны і спасаючы пакорны, седзячы на асьліцы і на маладым асьле". Ад Агея і Захарыі засталіся кнігі іх прароцтваў.

§ 85. Эздра і яго дзеяльнасьць: узнаўленьне закону Майсеевага, заснаваньне Вялікае сынагогі і ўстанаўленьне старазаветнага канону.

Цары пэрсідзкія вымагалі ад юдэяў толькі давіны на карысьць дзяржавы, а так, дык ува ўсім унутраным кіраўніцтве, далі ім поўную свабоду. Дзякуючы гэтаму, юдэі маглі жыць па сваіх. законах і мець сваіх кіраўнікоў і Судзьдзяў. У арганізаваньні жыцьця на гэткім грунце асаблівую паслугу аказаў свайму народу вучоны сьвяшчэньнік Эздра і князь Нээмія.

Эздра прыйшоў у Ерусалім у 459 годзе да Хр. Нар. на чале партыі перасяленцаў (1.500 сем'яў), якія, пачуўшы у месцах свайго расьсяленьня аб пабудове у Ерусаліме другога храму і ўзнаўленьні багаслужэньня, пажадалі вярнуцца на сваю бацькаўшчыну. Ад цара Аляксандра Лонгімана, які ― пад уплывам маткі юдэянкі Эсфіры ― надта прыхільна адносіўся да юдэяў, Ээдра быў надзелены багатымі падарункамі і ўсялякімі паўнамоцтвамі. Царская грамата аб гэтым, выданая ў 457 годзе да Хр. Нар., служыць пачаткам дзеля злічэньня сядмінаў Данілавых.

Прыйшоўшы ў Ерусалім, Эздра быў зьдзіўлены надта сумным становішчам яўрэйскага народу. Найбольш зла рабілася шлюбамі юдэяў з паганкамі. Дужа засмучаны, Эздра парваў свае вопраткі і пачаў пераконваць народ ухіляцца ад гэтага зла. Шмат якія юдэі ў той-жа час разыйшліся са сваімі жанкамі. Пасьля Эздра ўзнавіў даволі ўжо-ткі забытае сьвяткаваньне суботы і сьвята кушчаў і заснаваў гэт. зв. Вялікую сынагогу ― вышэйшае судзілішча з сьвяшчэньнікаў і левітаў. Але асаблівае значэньне мела яго праца над узнаўленьнем закону Майсеевага. У сьвята новагодзьдзя (першы дзень 7-га месяца), калі ў Ерусаліме сабралася шмат народу, Эздра, стоячы на асобным узвышэньні і багаславіўшы Бога, пачаў чытаць і зьясняць народу закон Майсеяў. Некалькі разоў паўтаралася гэткае чытаньне. Расчулены народ плакаў, спавядаў грахі свае і, нарэшце, дау пісьменнае абавязаньне спаўняць усё напісанае ў законе. Старшыні народныя, сьвяшчэньнікі і левіты падпісалі гэты акт і зацьвярдзілі яго сваімі пячаткамі.

На узор Вялікае Сынагогі, па ўсіх юдэйскіх гарадох і вёсках з часу Эздры ― можна думаць ― былі заснованы і малыя сынагогі, г. знач. малітвенныя дамы, куды юдэі зьбіраліся па суботах дзеля малітвы і слуханьня слова Божага[31]. Уваход у іх быў дазволены і паганцам. На чале сынагогаў стаялі кніжнікі, якія мелі пачэсны назоў раббінаў. Народ паважаў іх, як сваіх бацькоў. Кніжнікі чыталі ў сынагогах і зьяснялі народу закон Божы; вучылі дзяцей у школах, якія былі заснованы пры сынагогах. Усё гэта вымагала ад кніжнікаў пэўнае адукацыі і веды, асабліва дзякуючы таму, што першапачатковая яўрэйская мова, на якой былі напісаны кнігі Сьвяшчэннага Пісаньня, з часу палону пачала забывацца. Як найболей сьвядомыя і адукованыя людзі, кніжнікі ці рабіны з працягам часу высунуліся на ролю кіраўнікоў ці павадыроў народу і заўсёды мелі на яго вялікі ўплыў.

Кожны юдей у суботу абавязкова павінен быў быць прысутны ў сынагозе пры агульнай малітве. Хто не хадзіў у сынагогу, таго ня лічылі юдэем. Калі хто з юдэяў відавочна нарушаў закон Божы, дык яго адлучалі ад сынагогі. Гэткае адлучэньне лічылася страшнаю караю.

З імем Эздры зьвязана яшчэ ў гісторыі ўкладаньне сьпіску ці Канону боганатхненных кнігаў Сьвяшчэннага Пісаньня. Гэта вымагалася тым, што ў той час пасярод сьвяшчэнных кнігаў бяссумліўна боганатхненнага характару было ў яўрэяў нямала і кнігаў звычайнага паходжаньня, хаця яны і мелі рэлігійна-моральнае значэньне і здавальнялі пабожны [настрой народу. Трэба было аддзяліць адны ад другіх. Гэта і зрабіў Эздра, які канон боганатхненных кнігаў палажыў дзеля захаваньня ў храме на вечныя часы. Яны напісаны яўрэйскай мове. Усіх канонічных кнігаў ― 22, у тым ліку:

5 законадаўчых: кніга Быцьця, Выхад, Левіт, кніга Лікаў. Другазаконьне;

7 гістарычных: 1. Навіна, Судзьдзяў з кнігаю Руф; 1-я і 2-а кніга царстваў, як дзьве часьці аднае кнігі, 3-я і 4-я кніга царстваў, Параліпомэнан, кніга Эздры і Нээміі і кніга Эсфір;

5 вучыцельных: Іова, Псалтыр, Прытчы Салямона, Экклезіаст і Песьня Песьняў ― яго таксама;

5 прароцкіх: кнігі вялікіх прарокаў: Ісайі, Іерэміі, Іезэкііля і Данілы і кнігі дванаццацёх малых прарокаў (Осія, Іоіль, Амос, Аўдый, Іона, Міхэй, Наум, Авакум, Софонія, Агей, Захарыя і Малахія).

Справа захаваньня сьвяшчэннага канону, перапіскі і паправы кнігаў аднесена была Эздраю да абавязкаў Вялікае Сынагогі.

Сьвяшчэнныя кнігі, якія не увайшлі ў Канон Эздры, называюцца неканонічнымі. Ось яны: кніга мудрасьці Салямона і мудрасьці Іісуса сына Сірахава, кніга Тавіт, Юдыфі, прарока Варуха, 3-я кніга Эздры і 3 кнігі Макавейскія. Гэтыя кнігі зьявіліся у грэцкай мове, а не ў яўрэйскай, дзеля таго і не ўвайшлі ў канон.

§ 86. Дзеяльнасьць Нээміі. Узнаўленьне муроў ерусалімскіх (445 г. да Х. Н.). Апошні прарок Малахія.

Пабожны князь юдейскі Нээмія служыў віначэрпіем пры двары цара Артаксэркса. Нээмія чуйна прыслухоўваўся да ўсіх вестак з бацькаўшчыны і дужа сумаваў, што яго родны народ надта ўціскаецца самаранамі. Аднаго разу, калі Нээмія падчас абеду наліваў віно, цар зьвярнуў увагу на сум, які быў на яго твары, і запытаўся аб яго прычыне. Нээмія адказаў: "як мне не сумаваць, калі ў такім занядбаньні горад, дзе магілы дзядоў маіх". ― "Чаго-ж ты хочаш?" ― запытаўся цар. Нээмія сказаў: "пашлі мяне ў Юдэю, каб я адбудаваў горад, дзе пахаваны мае дзяды". Артаксэркс адпусьціў Нээмію і даў загад уладам выдаць яму вайсковую абарону і патрэбную колькасьць матар'ялаў ― дзеля пабудовы муроў навакол Ерусаліму.

Праз тры дні па прыходзе ў Ерусалім, Нээмія ўзяўся за будову муроў (445 г. да Х. Н.). Самараны . стараліся перашкаджаць і спыніць работу, але нічога не маглі зрабіць: за 52 дні усю будову скончылі, і Юдэі вышлі з-пад улады самарыйскага сатрапа. З таго поваду, што наагул у Ерусаліме было мала жыхароў, ― па думцы Нээміі, ― з народу па жэрабю была абрана дзесятая часьць, і ўсе паказаныя жэрабем павінны былі з гарадоў і вёсак перасяліцца у Ерусалім.

Вызваленьне юдэяў і ўмацаваньне Ерусаліму выклікала з боку самаранаў страшэнную варожасьць да юдэяў, якія плацілі ім тым самым пачуцьцём. Юдэі не хацелі мець ніякіх зносінаў з самаранамі і называлі іх ня іначай, як сабакамі. Яны лічылі грахом увайсьці ў хату самараніна, сядзець з ім за адным сталом, піць ваду з яго рукі і г. д.

Гэтым не абмяжоўвалася дзеяльнасьць Нээміі. Ён выдаў шмат распараджэньняў, якія мелі на мэце палягчэньне долі бедных людзей і наагул упарадкаваньне грамадзкіх узаемаадносінаў. Так, Нээмія ўпрасіў багатых юдэяў зьвярнуць перайшоўшыя да іх ад бедных людзей палі, будынкі, сады і вінаграднікі, і забараніў ім браць процанты з чужынцаў. Пасьля Нээмія настаяў на спаўненьні тае пастановы закону Майсеевага, на падставе якой у суботні год трэ было даваць адпачынак зямлі і адпускаць рабоў на свабоду. Нарэшце, ён зьвярнуў увагу на нястачу коштаў для ўтрыманьня храму і сьвяшчэньнікаў пры ім, і адносна гэтага таксама выдаў некалькі распараджэньняў.

Два разы Нээмія падарожнічаў у Ерусалім дзеля рэарганізаваньня жыцьця народнага і, нарэшце, вярнуўся на сваю пасаду пры пэрсідзкім двары.

Пасьля Нээміі юдэямі кіравалі першасьвяшчэньнікі. Яны зьбіралі з народу даніну і плацілі яе тым царом, пад уладаю якіх юдэі знаходзіліся. Першасьвяшчэньнікі стаялі на чале вялікае сынагогі, якая складалася з 120 старшыняў. з працягам часу з сынагогі выдзяліўся сынэдрыён[32] ― асобнае вышэйшае судзілішча. Пад уладаю Вялікага ці Ерусалімскага Сынэдрыёну у провінцыяльных гарадох таксама былі ўтвораны суды, якія называліся малымі сынэдрыёнамі.

Каля часу Ээдры і Нээміі жыў прарок Малахія, які зьяўляецца апошнім старазаветным прарокам. Малахія высьведчаваў юдэяў за адно вонкавае спаўненьне абрадавага закону і трэбаваў пры прынясеньні ахвяраў Богу ачышчэньня сэрца. У сваіх прароцтвах ён паказвае на хуткі прыход Госпада і яго Прадцечы.

§ 87. Гісторыя Эсфіры і Мардохэя (474 г. да Х. Н.).

Ня ўсе юдэі вярнуліся за цара Кіра ў Палестыну. Шмат іх засталося яшчэ ў розных месцах вялікае Персідзкае монархіі. Гасподзь нявідна прамысьляў і аб іх, высоўваючы людзей, якія баранілі іх ад напасьці ворагаў. Такая ось была славутная Эсфір і яе сваяк пабожны Мардохэй, з калена Вэніямінавага. Ён недалеткам быў адведзены у палон адначасна з царом Ӏехоніяй. Мардохэй служыў пры браме царскага палацу у Сузах, сталіцы Пэрсіі. Ен быу бязьдзетны, і ўзгадаваў маладую сірату, прыгожую Гадасу (яўрэйскае імя Эсфіры), як-бы сваю родную дачку. Калі цар Артаксеркс рабіў выбар сабе новае жонкі з найпрыгажэйшых дзяўчат усяго гаспадарства, дык Мардохэй прадставіў яму сваю выхаванку, просячы яе, каб яна ніколі не адкрывала свайго роду і плямя. Гадаса спадабалася цару больш за усіх дзяўчат, і ён узлажыў на яе царскі вянок, даўшы ёй пачэснае імя Эсфір ― "зорка". Аднаго разу Мардохэй выпадкова падслухаў аб згаворы проціў цара. Ен сказаў аб гэтым Эсфіры, тая цару. Згаворшчыкі былі пакараны сьмерцяй. Аб заслузе Мардохэя запісалі ў памятныя царскія кнігі.

у той час карыстаўся асаблівым уплывам на цара Аман, які лічыўся вышэй за ўсіх "князёў царства". Па загаду цара, усе, хто служыў пры палацы, павінны былі падаць ніцьма перад Аманам. Мардохэй адмовіўся спаўняць гэты загад, кажучы, што кланяцца належыць аднаму Богу. Каб памсьціцца Мардохэю, Аман задумаў зьніштожыць усіх юдэяў, якія жылі у царстве. Ен сказаў цару: „ёсьць адзін народ, раскіданы па ўсім царстве; законы у яго адрозьніваюцца ад законаў усіх народаў, дык законаў цара ён не спаўняе. Калі цар дазволіць, хай дасьць загад зьніштожыць гэты народ. Тады я дастаўлю у царскі скарб 10.000 талантаў[33] серабра". Цар зьняў з свае рукі персьцень і аддаў Аману, каб напісаць загад проці юдэяў і сьцьвярдзіць яго царскаю пячаткаю. Быў ужо вызначаны дзень (13-ы дзень месяца Адара, панашаму 23 лютага), калі па ўсім царстве павінны былі быць пагалоўна перабіты ўсе юдэі, з жонкамі і дзяцьмі, а маемасць іх узята ў дзяржаўны скарб. Усюды сярод яўрэяў падняўся плач і стагнаньне. Калі даведаўся аб гэтым Мардохэй, дык ён ураз-жа пайшоў да Эсфіры прасіць уступіцца перад царом за свой народ. Але быў закон, што ніхто, каго не паклічуць, ня мог зьявіцца перад царом. За нарушэньне закону была прызначана кара сьмерці. Ня гледзячы на гэта, Эсфір, пад страхам згубіць сваё палажэньне і жыцьцё, адважылася, пасьля 3-х дзённага посту, увайсьці да Артаксеркса. Калі яна ўвайшла да цара, дык той так гнеўна паглядзеў на яе, што ад страху яна страціла прытомнасьць. Артаксеркс пашкадаваў Эсфіры і кінуўся да яе разам з прыслужніцаю, каб вярнуць яе да прытомнасьці. Пасьля пачаў пацяшаць Эсфір ласкавымі словамі, абяцаючы споўніць усялякую яе просьбу. Эсфір прасіла цара, каб ён, абавязкова з Аманам, прыйшоў да яе на банкет. Цар споўніў яе просьбу і быў на банкеце у Эсфіры разам з Аманам, пры чым, на просьбу Эсфіры, абяцаў быць у яе з Аманам і на другі дзень: "тады ― сказала Эсфір ― я адкрыю табе сваё сэрца". Тымчасам Аман, думаючы, што Эсфір ня будзе перашкаджаць зьніштажэньню юдэяў паводле царскага прыказу, загадаў паставіць высокую шыбеніцу, каб павесіць Мардохая. Якраз у гэты самы час цар, перачытваючы памятныя царскія кнігі, ўспомніў пра заслугу Мардохэя, які да тае пары не адтрымаў ніякае награды за свой вялікі учынак. Ен запытаўся ў свайго любімца Амана: "што зрабіць таму чалавеку, якому цар хоча выказаць асаблівую пашану?" Думаючы, што цар хоча наградзіць яго, Аман сказаў: "апрануць яго ў царскае адзеньне, пасадзіць на царскага каня, узлажыць на яго царскі вянок і загадаць аднаму з першых князёў царства вывясьці гэтага каня на гарадзкі пляц і выклікнуць: "гэтак робіцца таму чалавеку, якому цар хоча выказаць асаблівую пашану". Цар сказаў: „Зрабі Ты гэта юдэю Мардохэю, які сядзіць каля царскае брамы; глядзі нічога ня выкінь з таго, што ты казаў". Аман, баючыся цара, дакладна споўніў яго загад, і засмучаны, вярнуўся да хаты, а Мардохэй пайшоў на сваё месца да брамы.

У горы Аман забыўся і аб запрашэньні на банкет да царыцы. Ад яе прыслалі паклікаць яго. На банкеце, па просьбе цара, Эсфір "адкрыла яму сваё сэрца": "я прашу ― кажа ― хай будзе падарована мне жыцьцё маё ― па жаданьню майму, і народу майму ― па просьбе маёй, бо аддадзены мы, я і народ мой, на зьніштажэньне і пагібель". ― "Хто-ж гэта такі, хто адважыўся зрабіць так?" - запытаўся цар. ― "Гэты вораг - злосны Аман", ― адказала Эсфір. Цар надта абурыўся і выйшаў у сад. Аман кінуўся тады да ног Эсфіры, абнімаў іх і цалаваў, просячы літасьці. Цар, вярнуўшыся з саду, калі убачыў Амана каля ног Эсфіры, яшчэ больш абурыўся. Па яго загаду, слугі зараз-жа накінулі Аману пакрыцьцё на галаву: гэта было знакам засуджэньня на сьмерць. Адзін слуга й кажа: "ось ён ужо нарыхтаваў каля свае хаты й шыбеніцу для Мардохэя". ― "Павесіць на ёй Амана", ― загадаў цар. Загад, разумеецца, безадкладна быў споўнены.

Пасьля гэтага выйшаў новы прыказ цара, які дазваляў усім юдэям з аружжам у руках зьбірацца супроць сваіх ворагаў і рабаваць іх маемасьць. І загінула ад рукі юдэяў больш як 75.000 іх ворагаў, але ад рабунку маемасьці юдэі ўстрымаліся. Дзесяцёх сыноў Амана чакаў гэткі самы лёс, як і іх злачынца-бацьку. Маемасьць Аманаву аддалі Эсфіры. Мардохэй адтрымаў персьцень, які быў у Амана, і найвышэйшую пасьля цара пасаду. Гэта усё было ў 474 годзе да Хр. Нар.

На ўспамін аб сваім цудоўным збавеньні юдэі ― як гэта запрапанаваў ім Мардохэй ― пастанавілі штогоду сьвяткаваць 14-15 дзень месяца Адара і далі гэтаму дню назоў Пурым (жэрабя). Сьвяткуецца Пурым нашымі яўрэямі і цяпер. Гісторыя Эсфіры і Мардохэя апавядаецца у кнізе пад назовам "кніга Эсфір".

В. Панаваньне Македонскае.

§ 88. Аляксандар Македонскі ў Ерусаліме. Будова храму самарыйскага.

Царства пэрсідзкае насьледавала той самы лёс, як і царства асырыйскае і вавілонскае. Дзякуючы дамовым войнам і здалікачаньню уладароў і народу, яно, дапяўшы вышэйшай ступені свае магутнасьці, паступова пачало пахіляцца да заняпаду. Як заўсёды ва ў гісторыі, заняпад адных гаспадарстваў ёсьць пачаткам узвышэньня другіх. Так было і у гэтым выпадку. Адначасна з заняпадам пэрсідзкае дзяржавы, у Эўропе, на Балканскім паўвостраве, пачало узвышацца, згодна з прароцтвам Данілы, царства Македонскае. Закладчыкам Македонскае монархіі быў славутны македонскі цар, гэніяльны ваеначальнік, Аляксандар Вялікі ці Македонскі (336-323 г. да Хр. Нар.). Пасьля таго, як яго бацькам, царом Македонскім Піліпам была занята уся Грэцыя, Аляксандар са сваім выпрабаваным войскам уварваўся ў межы Малое Азіі. Ён разьбіў пэрсідзкае войска, заўладаў Дамаскам і Сідонам і падыйшоў да Тыру. Аблога Тыру зацягнулася. З гэтае прычыны Аляксандар паслаў у Ерусалім паслоў, вымагаючы пакорнасьці падмогі ― войскам і харчамі. Паршасьвяшчэньнік Адуй адказаў, што ён даў прысягу верна служыць цару пэрсідзкаму і ніколі ня здрадзіць яго. Аляксандар быў моцна раздражнены гэтаю адмоваю. Пасьля ўзяцьця Тыру, Аляксандар рушыў да Ерусаліму, каб пакараць юдэяў (332 г. да Хр. Нар.). Ня маючы падмогі ад цара пэрсідзкага і разумеючы бессэнсоўнасьць спраціўленьня, Адуй рашыў здаць Ерусалім бяз бою. Калі Аляксандар пад'ехаў да Ерусаліму, дык з гарадзкое брамы выйшаў на спатканьне магутнага заваявальніка першасьвяшчэньнік Адуй у сваім адзеньні, сярод усіх свяшчэньнікаў, таксама апранутых у сьвяшчэнныя вопраткі; за імі йшлі ўсе жыхары гораду. Аляксандар быў надта здаволены такім спатканьнем. Ён зьлез з каня, падыйшоў да Адуя і пакланіўся яму. Народ зычнымі гукамі прывітаў вялікага заваявальніка, як свайго цара. Прыбліжаныя яго былі нездаволены тою павагаю, якую выказаў Адую іх павадыр: "цар! ― сказаў адзін з іх з дакорам ― прымаючы ухваленьне ад усіх, сам цяпер пакланіўся юдейскаму сьвяшчэньніку". Аляксандар адказаў яму: "я пакланіўся не першасьвяшчэньніку, а Богу, Якому ён служыць. Калі я быў яшчэ ў Македоніі, я прысьніў мужа ў такім самым адзеньні, і ён абяцаў мне перамогу над пэрсамі. Цяпер я ўспомніў сон і веру, што я пасланы ад Бога і скіну панаваньне пэрсаў". Увайшоўшы пасьля таго разам з першасьвяшчэньнікам у храм Ерусалімскі, Аляксандар прынёс ахвяру Богу юдэяў. Тут яму паказалі прароцтва. Данілы аб тым, што ён зьнішчыць царства пэрсідзкае. Гэта яшчэ больш зрабіла яго прыхільным да юдэяў. Ён дазволіў юдэям жыць і кіравацца сваімі законамі і ў сёмы (суботні) год не плаціць падаткаў. Сваю абарону ён абяцаў і тым юдэям, якія жылі тады ў Мідыі і Вавілоне.

Самаранам Аляксандар дазволіў выбудаваць храм на гары Гарызін. Першасьвяшчэньнікам гэтага храму быў пастаўлены Манасія, брат Адуя, адлучаны ад Ерусалімскае сынагогі за шлюб з самаранкаю. Усё гэта яшчэ болей павялічыла разьдзяленьне і варожасьць між юдэямі і самаранамі.

У тым самым 332 годзе да Хр. Нар. Аляксандар пакарыў Эгіпэт, дзе залажыў прыморскі горад Александрыю. Разам з грэкамі і македонцамі сюды было пераселена і шмат яўрэяў з Юдэі. Усім перасяленцам былі дадзены вялікія правы, дзеля гэтага Александрыя хутка засялілася і стала сталіцаю Эгіпту. Яўрэі адчувалі сябе там так добра, што пасьля, пры Птолёмэях, шмат народу самахоць перасялілася з Юдэі ў Александрыю (гэта т. зван. эгіпэцкія ці александрыйскія юдэі).

Македонскае заваяваньне ў гісторыі яўрэйскага народу мела тое значэньне, што адсюль яўрэі падпалі пад уплыў грэцкае мовы і грэцкае культуры. З аднаго боку, гэта спрыяла іх культурнаму ўзвышэньню і збагачэньню, бо Грэцыя ў V-ІV веку да Хр. нар. стаяла на высокай ступені культурнага разьвіцьця, з другога - больш-менш выклікала пашырэньне сярод юдэяў новых паганскіх рэлігійных культаў і паняцьцяў, якія адбівалі ад праўдзівага богапаважаньня.

§ 89. Юдэі пад уладаю Птолёмэяў дынастыі цароў Эгіпэцкіх. Пераклад 70 тлумачоў (за 270 г. да Х. Н.).

Па сьмерці Аляксандра Македонскага, царства яго распалася на чатыры царствы, якія падзялілі між сабою яго камандзеры. З двома з гэтых царстваў ― эгіпэцкім і сырыйскім ― і зьвязаўся лёс юдэяў у наступны пэрыяд гісторыі. Спачатку Палестына была далучана да Эгіпту, пад уладаю якога і знаходзілася больш як сто гадоў. Эгіпэцкі цар Птолёмэй Лаг, забраўшы ў 320 годзе да Х. Н. Ерусалім, адвёў у Эгіпэт некалькі тысячаў юдэяў і самаранаў. Даведаўшыся, як сьвята яўрэі захоўваюць прысягу, ён даручыў ім ахову крэпасьцяў і даў ім аднолькавыя правы з эгіпцянамі. У Эгіпце юдэі не зьмяшаліся з тубыльцамі і спаўнялі паранейшаму закон Майсеяў. Яны пабудавалі сабе ў Леонтаполі (у Іліапольскім вокрузе) храм, у якім багаслужэньне адпраўлялася на ўзор храму Ерусалімскага. Аднак, яны не запаміналі аб гэтым апошнім і час ад часу рабілі падарожы у Ерусалім дзеля прынясеньня там ахвяраў Богу. Пад мягкім кіраўніцтвам Птолёмэяў юдэі, як у Эгіпце, так і ў Палестыне праводзілі добрае і шчасьлівае жыцьцё. Хутка яны залажылі свае колёніі ўва ўсіх вялікіх гарадох па берагох Міжземнага мора, прынялі учасьце у міжнародным гандлі, збагацелі, размножыліся. Усюды яны будавалі свае сынагогі, якія дапушчалі й паганцаў і, такім чынам, пашыралі між імі сьвятло праўдзівае веры.

Тыя часы былі пэрыядам росквіту грэцкае літаратуры, навукі і мастацтва. Яўрэйская мова ў расьсяленьні ўсё больш і больш забывалася яўрэямі, і пачала прысвойвацца літаратурная грэцкая мова. Вучоныя яўрэі з Александрыі знаёміліся з творамі грэцкіх філёзофаў, і ў сваю чаргу знаёмілі грэкаў з сваімі сьвяшчэннымі кнігамі. Цікавасьць да іх усё болей і болей павялічвалася, і цар Птолёмэй Філядэльф (284--246 г. да Хр. Нар.) выказаў пажаданьне мець сьвяшчэнныя кнігі яўрэяў у перакладзе на грэцкую мову. Ён напісаў аб гэтым ерусалімскаму першасьвяшчэньніку -Элеазару. Элеазар ухваліў жаданьне цара і паслаў яму у Эгіпэт аўтэнтычны тэкст сьвяшчэннага пісаньня і тлумачоў, у ліку 72-х чалавек (па 6 ад кожнага калена), добра ведаўшых як яўрэйскую, так і грэцкую мову. Птолёмэй Філядэльф памясьціў іх на востраве Фаросе, пры ўтоку Нілу, і там у працягу 72 дзён яны зрабілі пераклад. Гэты пераклад вядомы ў гісторыі над імем перакладу 70 тлумачоў (праўдзівей 72). З гэтага перакладу яўрэйскія сьвяшчэнныя кнігі былі з часам перакладзены і на іншыя мовы.

§ 90. Юдэі пад уладаю цароў сырыйскіх. Прасьледаваньні Антыёха Эпіфана. Мучанікі за веру: Элеазар і 7 братоў Макавеяў.

У 203 годзе да Хр. Нар. цар сырыйскі Антыёх Вялікі адабраў Юдэю ад Эгіпту і далучыў яе да Сырыі. Першыя часы юдэям пад уладаю новых кіраўнікоў жылося добра: Антыёх Вялікі злажыў з іх некаторыя падаткі, даў ім права жыць паводлуг сваіх законаў і звычаяў, выдау дапамогу на рэмонт храму Ерусалімскага і г. д. Але калі трон перайшоў да Антыёха Эпіфана (174 - 164 г. да Хр. Нар.), з ходам часу празванага за сваю жорстскасьць Эпіманам (г.зн. шалёны), дык палажэньне яўрэяў крута зьмянілася на горшае. Хочучы зьніштожыць паміж падуладнымі Сырыі народамі заўсёдную нязгоду й разьдзяленьне, што паходзіла ад розьніцы ў рэлігійных вераваньнях, звычаях і мове, і ўтварыць адналіты народ, Антыёх Эпіфан задумаў, ― наколькі усё гэта адносілася да юдэяў, ― адсунуць рэлігію Іеговы і на яе месца ўсяліць грэцкае паганства, а з ім разам і грэцкія звычаі, мову і інш. Быў выданы загад, якім ― пад страхам прысуду сьмерці ― забаранялася юдэям адпраўляць храме ерусалімскім багаслужэньні і прыносіць ахвяры Богу, таксама адбываць абрэзаньне над дзяцьмі, сьвяткаваньне суботы, Пасхі і наагул усіх нацыянальных сьвятаў. У храме ерусалімскім была пастаўлена статуя грэцкага бога Зэўса Олімпійскага, і прыбыўшы з Грэцыі жрэц пачаў вучыць народ, як трэба служыць грэцкім багом. Сырыйскія ўрадоўцы адшуквалі сьвяшчэнныя кнігі яўрэяў і зьніштажалі іx. Царскім загадам вымагалася яшчэ, каб яўрэі, як і ўсе падданыя, апраналіся на узор грэкаў, гаварылі пагрэцку; яўрэі, апрача таго, павінны былі ужываць сьвіное мяса, якое ім забаранялася законам. Усіх, хто адмаўляўся спаўняць царскую волю, бязьлітасна засуджвалі на сьмерць. Дзякуючы гэтаму, Ерусалім епусьцеў, шмат жыхароў пабегла з яго ў іншыя краіны. На месца ўцёкшых былі пасаджаны ўрадам сырыйцы. Разумеецца, ня ўсе юдэі мелі цярплівасьць вытрываць гэтыя прасьледаваньні: шмат людзей пачало пакланяцца ідалам і прыносіць ім ахвяры.

Але былі людзі й моцныя ў веры, якія лічылі за лепшае хутчэй памёрці, як "парушыць бацькоўскія законы". Такі быў, напрыклад, адзін з кніжнікаў, пабожны дзед Элеазар, які за сваю справядлівасьць карыстаўся агульным паважаньнем. Элеазара падвялі да паганскага ахвярніка і запрапанавалі яму зьесьці сьвінога мяса з рэшты ідальскае ахвяры. Той адмовіўся. Тады між кускамі сьвініны палажылі так-жа мяса, якое ня было забаронена законам ― каб толькі ён зрабіў від, што спаўняе загад цара. Элеазар сказаў на гэта: „у мае гады нельга фальшывіць. Што скажуць маладыя людзі, калі 90-гадовы Элеазар адступіць ад веры? Калі я цяпер і пазбаўлюся мукаў, дык пасьля сьмерці не ўцяку ад рукі Найвышэйшага". У канцы канцоў Элеазара, разумеецца, забілі.

За Элеазарам пайшла сьледам адна ўдава, яўрэйка Саляманія, з сваімі сёма сынамі. Іх таксама прымушвалі есьці ідалаахвярнае мяса, але яны адмовіліся. Тады, па загаду лютага Эпіфана, іх пачалі катаваць. На вачох гаротнае маці, шасьцём з яе сыноў, аднаму за адным, адсеклі рукі й ногі, выразалі языкі, садралі скуру з усяго цела і, нарэшце, спалілі на агні. Але, падтрымліваныя маткаю, мучанікі не адмовіліся ад свае веры. Заставаўся жывым яшчэ толькі адзін сын яе, наймалодшы. Антыёх Эпіфан сам пачаў пераконваць яго зрачыся свае веры, пачаў лашчыць юнака, суліў яму багацьце і добрую пасаду, але той быу няуломны. Тады цар паклікаў да сябе Саляманію і запрапанаваў ёй зрабіць уплыў на сына. Але яна, нахіліўшыся да яго, у сваёй роднай мове сказала яму: „упрашаю цябе, сыночак, ня бойся гэтага забойцы, ды будзь такім, як твае браты, і прыймі сьмерць, каб Гасподзь, па уваскрасеньні, вярнуў мне цябе разам з імі". Юнак быў замучаны, а пасьля спалілі і самую маці[34].

§ 91. Змаганьне яўрэяў за нацыянальную й рэлігійную свабоду. Матафія і яго сыны. Юда і Сымон Макаве (167 г. да Хр. Нар.).

Збавіцелем народу ад страшных прасьледаваньняў за веру зьявіўся сьвяшчэньнік Матафія з пяцьма сынамі: Сымонам, Іванам, Юдаю, Элеазарам і Іонафанам. Задумаўшы паўстаньне, Матафія выдаліўся з сынамі з Ерусаліму ў свой родны горад Модын і там пачаў зьбіраць сілы дзеля ўдару супроць ворагаў. Здарылася так, што ў гэты горад прыехаў царскі ўрадовец, каб быць прысутным, калі жыхары будуць прыносіць ахвяру паганскім багом. Урадовец зьвярнуўся да Матафіі, каб ён, як сьвяшчэньнік, даў прыклад іншым, пры чым пасуліў яму багатыя гасьцінцы. Матафія сказаў: "барані Божа, каб пакінуць Яго закон і пастановы." У гэты самы час адзін юдэй падыйшоў да ахвярніка, каб курыць. ладан у часьць ідала. Рупатлівы Матафія кінуўся тады на богаадступніка, забіў яго, таксама і царскага пасланца, зьніштожыў ахвярнік і крыкнуў народу: "хто верыць у Бога, йдзі за мною". Шмат жыхароў Модыну разам з жанкамі, дзяцьмі і маемасьцяй пайшлі за Матафіяй і выдаліліся ў горы (168 г. да Хр. Нар.). Адсюль яны пачалі рабіць набегі і зьніштажаць паганскія ахвярнікі. Цар паслаў войска дзеля замірэньня. Адноўчы царскі ваеначальнік знайшоў у пячоры да 1000 чалавек ― мужчын, жанчын і дзяцей і, ведаючы, як сьвята яўрэі шануюць дзень суботні, напаў на іх у суботу. Юдэі не бараніліся, нават не загарадзілі ўваходу ў пячору, і ўсе да аднаго былі перабіты. Пасьля гэтага Матафія склікаў раду і на радзе было пастаноўлена на будучыну бараніцца і ў суботу. Хутка ўтварылася цэлае войска, з якім Матафія і пачаў сьвяшчэнную вайну супроць ворагаў. Ён выганяў сырыйцаў з юдэйскіх гарадоў, зьніштажаў паганскія ахвярнікі і г. д. Паміраючы, ён завяшчаў сваім сыном далей вясьці справу вызваленьня бацькаўшчыны і пры гэтым вызначыў старшага сына Сымона мужам рады, а другога ― Юду, па празваньню Макавея, павадыром войска (167 г. да Хр. Нар.)[35].

Юда Макавей выдаваўся нязвычайнаю адвагаю і быў выдатны ваеначальнік. У трох вялікіх бітвах ён разьбіў войска Эпіфана, прымусіў яго адступіць у сваю сталіцу Антыёхію і дабіўся заключэньня міру. Пасьля гэтага пачалося узнаўленьне запраўднае рэлігіі (163 г. да Хр. Нар.). У храме ерусалімскім быў зьніштожаны ідальскі ахвярнік, прадметы паганскага культу зьвезены ў нячыстае месца Усе храмавыя прылады, як: судзіны, сьвочнікі, сталы, завесы, аўтары і інш. зроблены новыя. Нарэшце, храм быў урачыста высьвечаны і ў ім ізноў пачалося багаслужэньне па закону Майсееваму. Гэты дзень быў вялікім сьвятам для юдэяў і ў такім значэньні ён застаўся назаўсёды пад імем сьвята "Аднаўленьне храму". Дзеля бесперашкоднага адпраўленьня багаслужэньня ў будучыні, храм быў абкружаны высокімі мурамі і моцнымі вежамі.

Аднаго разу вялізнае войска сырыйскае (22.000) напала на Юду, які меў толькі тры тысячы ваякаў. Яўрэі страшна перапалохаліся і пачалі пераконваць Юду ўцячы ад спатканьня з ворагамі. "Ня быць таму, каб я паказаў тыл сваім ворагам!" ― выклікнуў ён і, абкружаны непрыяцелем, загінуў сьмерцяй гэроя (161 г. да Хр. Нар.).

Сымон Макавей. Вызваленьне, пачатае Юдаю, дакончылі браты яго, якія ўсе й загінулі ў барацьбе за свабоду. Апошні з братоў, які заставаўся жывым, Сымон так добра выкарыстаў нязгоду ў Антыёхіі паміж прэтэндэнтамі на царскі трон, што цар сырыйскі прымушаны быў прызнаць незалежнасьць юдейскага царства і перадаў Сымону Сіонскую крэпасьць (143 г. да Хр. Нар.). З гэтага часу Юдэя зрабілася самастойным і незалежным гаспадарствам пад кіраўніцтвам Манавеяў, стаўшых роданачальнікамі т. зв. Асмонэйскага роду князёў (ад імя роданачальніка Макавеяў Матафіі Асмонэя). Сымон Макавей быў абвешчаны на ўсё сваё жыцьцё архіерэем, ваеначальнікам і кіраўніком народу. Званьне архіерэя, было зацьверджана за дзяцьмі Сымонавымі навек, пакуль ня прыдзе Вялікі Архіерэй ― Мэсія.

Г. Панаваньне Рымскае.

§ 92. Пачатак рымскага панаваньня.

Сын Сымона Макавея, Іван Гіркан (135 ― 104 г. да Хр. Hар.) аб'яднаў пад сваёю ўладаю ўсю Палестыну (Юдзя, Галілея, Самарыя і Пэрэя) і забясьпечыў народу спакой і дабрабыт. Між іншым ён разбурыў храм Гарызінскі, што павялічыла варожасьць між юдэямі і самаранамі. Па сьмерці І. Гіркана ў гаспадарстве пачалося разьдзяленьне і нязгода з-за ўлады-сьпярша паміж пяцьма сынамі Гіркана, пасьля паміж яго ўнукамі Іванам Гірканам ІІ і Арыставулам. Да гэтага прылучылася барацьба рэлігійных партыяў і сэктаў, якая падзяліла Юдэю на два варожыя лягеры. Усё гэта надта аслабляла гаспадарства і ў канцы канцоў прывяло да новага палітычнага падпарадкаваньня ― ўладзе рымлянаў. Рымскі палкаводзец Помпэй у 64 годзе да Хр. Нар. рушыў свае войскі на Ерусалім, узяў яго, перабіў болей як 10.000 яўрэяў і налажыў на край вялізарную даніну. З святынямі яўрэяў ён абыйшоўся ня так, як калісьці Аляксандар Вялікі. Помпэй загадаў унясьці ў храм свае паганскія сьцягі і дазволіў сабе ўвайсьці са сьвітаю ў „сьвятое сьвятых". З гэтага часу Юдэя (як наагул пачала называцца Палестына з яе чатырма краінамі) падпала ўладзе рымлянаў і прымушана была йзноў ― гэта ўжо ў каторы раз ― дастасоўвацца да новых парадкаў жыцьця (з 63 г. да Хр. Нар.). Рымляны адабралі ад Гіркана ІІ тытул цара і пакінулі яму толькі званьне першасьвяшчэньніка і старшыні Сынэдрыёну, а Арыставула пагналі ў Рым, дзе пры ўрачыстым уваходзе Помпэя ў гэту "сталіцу сьвету", ён, у ліку іншых пераможаных цароў, ішоў у ланцугох за яго трыумфальнаю калясьніцаю.

Хутка ўлада ад Гіркана ІІ перайшла ў рукі хітрага Антыпатра, які паходзіў з Ідумэі, але быў веры юдейскае. Пры помачы самага выдатнага з рымскіх палкаводцаў Юлія Цэзара, Антыпатр забясьпечыў уладу за сваім домам. Адзін з яго сыноў ― Ірад стаў дабівацца ўжо царскага трону у Юдэі, і ўсялякімі інтрыгамі, лісьлівасьцяй і подкупам дапяў свае мэты. За 37 гадоў да Х. н. рымскі санат абвясьціў Ірада царом юдэйскім. Юдэя ― такім чынам ― была прызнана асобным, хаця і падпарадкаваным Рыму, царствам.

З зацараваньнем Ірада царская улада перайшла да чужынца. Да гэтага часу царамі і кіраўнікамі яўрэйскага народу былі толькі патомкі цара Давіда, які паходзіў з калена Юдавага, г. ё. ад Юды, сына Якава. А цяпер дык „царскі скіпэтр", г. зн. улада адыйшла ад патомкаў Юды. Згодна з прадказаньнем Якава, які паміраючы сказаў: "не адыйдзе скіпэтр ад Юды і законадаўца ад чрэслаў яго, пакуль ня прыйдзе Прымірыцель, і Яму пакорнасьць народаў", ― гэта было знакам хуткага прыходу Мэсіі. І ўзапраўднасьці, у канцы кіраваньня Ірада нарадзіўся Іісус Хрыстос.

§ 93 Цар Ірад (37 г. да Х. Н.).

Ірад, па празваньню Вялікі, дасяг трону хітрасьцяй і інтрыгамі. Ён адразу ад'значыў сябе прыхільнікам паганскага культу і ўвёў паганскія забавы ў самых мурох сьвятога гораду. Каб узмацаваць сваё палажэньне на троне, жорсткі падазронны рад паклапаціўся ссунуць з свае дарогі усіх сваіх сваякоў з роду Макавеяў, якія ― як яму здавалася ― былі няшчыра адданымі яму і маглі адабраць ад яго трон. Гэтак ён казьніў 80-х гадовага дзеда Івана Гіркана, яго ўнучку ― любімую жонку сваю Марыамну, забіў трох сыноў сваіх, зяця, цесьця і цешчу і загадаў утапіць швагра свайго, першасьвяшчэньніка Арыставула, які карыстаўся вялікім паважаньнем народу. Падобнымі зьвярынымі расправамі ён наводзіў на ўсіх жах. Бязупынныя забойствы, пыткі і ўсялякі гвалт запаўнялі ўсё яго цараваньне. Каб адцягнуць ад гэтага ўвагу народу і здабыць яго прыхільнасьць, ён пачаў вялізарнае будаўніцтва. Гэтак ён перабудаваў і ўпрыгожыў храм ерусалімскі, рабіў вадаправоды, выбудаваў некалькі новых палацаў і вежаў, узнавіў горад Самарыю і прыморскі горад Кесарыю і інш.

Але ўсё гэта, нават клапатлівасьць і шчодрасьць Ірада падчас голаду, землятрасеньня і маравое язвы ― не магло зьмяніць вялікага нездаволеньня народу. Юдэі ненавідзелі яго і пацяшалі сябе толькі тым, што хутка зьявіцца Мэсія, Які збавіць народ і ад рымлянаў і ад Ірада. Баючыся ўсюды здрады і згавораў, Ірад усё больш і больш рабіўся лютым і ў апошнія гады свайго жыцьця быў ахоплены проста нейкім шаленствам, якое ўзмацнялася ім асабліва пад уплывам цяжкае хваробы (ён жыўцом гніў). І разумеецца, яго страх перайшоў усялякія граніцы, калі ў Ерусалім прыйшлі з усходу мудрацы пакланіцца ― але толькі не яму, Іралу, а нованароджанаму Цару юдейскаму, зорку Якога яны бачылі на ўсходзе.

§ 94. Юдэі расьсяленьня. Прозэліты.

З часу палову Вавілонскага гісторыя яўрэйскага народу пайшла новым кірункам, які зусім зьмяніў яго жыцьцё і палажэньне паміж іншымі народамі. Да гэтага часу яўрэйскі народ жыў адчужаным ад усяго сьвету, замкнуўшыся у вузкі круг сваіх патрыархальных вераваньняў і абрадаў. Вавілонскі-ж" палон зьявіўся пачаткам расьсяленьня юдэяў па усім тады ведамым сьвеце і выхаду іх на шырокую дарогу сусьветнае культуры. Мала хто з яўрэяў ― у параўнаньні з усёю масаю юдейства ― вярнуўся з палону на бацькаўшчыну. Большасьць або засталася ў Мэсапатаміі, або патроху разыйшлася па ўсіх дарогах, усюды разносячы з сабою сьвятло запраўднае рэлігіі і веду закону Божага. Гэтыя юдэі называюцца юдэямі расьсяленьня. Асабліва моцны штуршок да расьсяленьня далі заваяваньні і паходы Аляксандра Македонскага. Яго наступнікі цанілі прадпрыімчы і прамысловы дух яўрэяў, і перасяленьне іх у розныя гарады ўваходзіла ў плян дзяржаўнае палітыкі, дзеля падняцьця гандлю і красаваньня гаспадарства. Найболей асела юдэяў расьсяленьня у провінцыях Малое Азіі, па адным другім баку Эўфрату (Сырыя, Фрыгія, Мідыя, Арменія); гарады Дамаск і Антыёхія былі галоўнымі цэнтрамі расьсяленьня. Далей, юдейскія паселішчы былі раскінуты па ўсім паўночным краі Афрыкі і заходзілі далёка на паўдзён да Эфіопіі. Найлепей жылося яўрэям у Александрыі, якая, апрача багацьця і ышнасьці, славілася, як асяродзьдзе мысьлёвага і прамысловага жыцьця, як цэнтр усясьветнае літэратуры і мастацтва. У Эўропе, пачынаючы з ІV в. да Хр. Нар., яўрэйскія колёніі пачынаюць зьяўляцца ўва ўсіх больш-менш буйных гарадох таго часу па берагох Эгэйскага і Міжземнага мора. У Афінах, Карынфе, Фэсалёніцы, Піліпах, пазьней ― у Рыме і інш. яўрэі налічваюцца тысячамі. Усюды у іх былі сынагогі, усюды яны жылі цесна замкнутым кругам, памагаючы адзін аднаму ўва ўсіх трудных выпадках жыцьця. Хаця яны ўжо запомнілі родную мову, і пісалі і гаварылі пераважна пагрэцку (дзякуючы чаму і называюцца „Эліністымі" ад слова "Элада" ― Грэцыя), аднак-жа агульнае паходжаньне, агульная вера у Бога, агульнае Сьв. Пісаньне і прывязанасьць да закону Майсеевага падтрымлівала у іх дух аб'яднаньня і ўзаемнасьці. Але наймацнейшым моментам падтрыманьня адзінства яўрэйскага сьвету былі трывалыя зносіны з Ерусалімам, як цэнтрам усяго юдайства. Сюды сходзіліся юдэі расьсяленьня з усіх краінаў тагочаснага культурнага сьвету, дзеля адтрыманьня асьветы у школах, дзеля навукі ў выдатнейшых законавучыцялёў, на гадавыя сьвяты, па розных справах у судовых установах ці ў першасьвяшчэньніка і г. д. І наадварот, з Ерусаліму штогоду ўва ўсе ваколіцы пасылаліся вястуны з паведамленьнем аб якіх-колечы здарэньнях, важных для ўсяго юдейства, рассылаліся календары з паказаньнямі сьвятаў і інш. Дзякуючы ўсяму гэтаму юдэі, ня гледзячы на расьсяленьне па ўсім сьвеце, сьвядома лічылі сябе адзіным народам і нідзе ня зьліваліся з чужымі народамі, сярод якіх жылі. Усюды яны заставаліся яўрэямі, захоўваючы свае нацыянальныя асаблівасьці і звычаі.

Пераклад сьвяшчэнных кнігаў на грэцкую мову і расьсяленьне юдэяў па ўсім сьвеце спрыяла азнаямленьню паганцаў з рэлігіяй Іеговы. Шмат паганцаў, чытаючы сьв. кнігі і наведваючыся ў сынагогі, праз гэта самае пераймалі юдейскую веру і станавіліся сябрамі юдэйскіх абшчынаў. Яны называліся прозэлітамі.

§ 95. Рэлігійныя сэкты яўрэяў.

З прароцтваў і праобразаў юдэі ведалі, хто будзе Мэсія якое будзе Яго царства. Ён з дастаткам будзе валадаць дарамі Сьвятога Духа, Ён будзе тварыць цуды. Як найвялікшы Прарок, Мэсія адкрые людзям тайну збавеньня і Сам Сваёю крыжоваю сьмерцяй і ўваскрасеньнем споўніць гэтае збавеньне. Юдэям было адкрыта, што Мэсія будзе ня просты чалавек, а Сын Божы, Богачалавек. Пабожныя юдэі і чакалі такога якраз Мэсіі-збавіцеля, разумеючы, што царства, якое Ен створыць, будзе царствам духоўным, не ад гэтага сьвету“.

Але большасьць юдэяў мела няправільнае разуменьне аб Мэсіі, і чакала магутнага зямнога цара-заваявальніка, які вызваліць юдэяў ад чужаземнага ярма і ўтворыць усясьветнае яўрэйскае царства. У гэтым царстве першыя месцы і ўсялякае дабро будзе, разумеецца, належаць ім, юдэям. Трэба толькі шчыра захоўваць вернасьць Іегове і закону Майсееваму. Ось такія, якраз былі пагляды і чаканьні найболей уплывовай, каля часу прыходу Збавіцеля, сэкты фарысэяў[36].

Фарысэі, гордыя сваім паходжаньнем ад Абраама, былі рупатліўцамі ня толькі аб законе Майсеевым, але наагул аб усёй яўрэйскай старасьветчыне, усіх вусных паданьнях, якія быццам перайшлі ад дзядоў і прарокаў, узапраўднасьці-ж былі больш-менш выдуманы імі самымі ці раббінамі. Фарысэі складалі асобную касту, якая цуралася ўсіх не-фарысэяў, як прастакоў" і людзей зямлі“. Пагарджаючы законам моральным, ня рупячыся аб чыстаце сэрца і ўстрымліваньні ад граху, фарысэі ўсю сваю ўвагу зварочвалі на адзін вонкавы ці абрадавы бок рэлігіі, пры чым даходзілі да нязвычайнае і сьмешнае драбязьлівасьці й пустаты. Яны самахоць накладвалі на сябе пасты, былі надта пераборлівыя у стравах, часта маліліся, мыліся ў пэўныя часы, ― і усё гэта рабілася толькі для вачэй, на показку, каб усе іх бачылі н услаўлялі, як праведнікаў. У сабраньнях, у сынагогах, у храме ― ўсюды яны стараліся займаць першыя месцы і любілі, калі іх звалі: "настаўнік, настаўнік"! Вонкавая сьвятасьць жыцьця фарысэяў гарнула да іх народ. І праўда: яны падтрымлівалі ў ім веру і пабожнасьць, а разам з тым і гарачую любоў да бацькаўшчыны, і ў гэтым была іх заслуга. Але іх чорствасьць, пышлівасьць і фальшывасьць, прыкрываўшая маскаю пабожнасьці страшэнныя злачынствы, назаўсёды зьвязала з імем фарысэя самае подлае, што ёсьць у чалавеку ― хітрасьць, ману, здрадлівасьць, пад заслонаю спагадлівасьці.

Поўнаю процілежнасьцяй фарысэям была другая сэкта садукэяў, якія адтрымалі свой назоў ад закладчыка сэкты раббіна Садока. Садукэі адрозьніваліся ад фарысэяў вольнадумствам у рэлігійных пытаньнях, не давалі ніякае цаны -абраднасьці, адкідвалі вусныя паданьні, ня верылі ў несьмяротнасьць душы, адплату, тагосьветнае жыцьцё, істнаваньне Божага Прамышленьня і г. д. Яны вучылі, што ўсё на зямлі залежыць толькі ад свабоднае волі чалавека і найвышэйшаю мэтаю жыцьця зьяўляецца цялесная насалода; са сьмерцяй канец усяму, а таму ― "пі, еш, весяліся". Да сэкты садукэяў прылучаліся найболей багатыя дзі; з іх -асяродзьдзя пераважна выходзілі першасьвяшчэньнікі.

Апрача фарысэяў і садукэяў былі яшчэ сэкты эсэяў і фэрапэўтаў.

Эезі выдаліліся з гарадоў і з працягам часу заснавалі сваё таварыства за Мёртвым морам, дзе іх налічвалася да 4.000 чал. Маемасьць у іх была агульная. Рабілі агульныя сабраньні, асабліва па суботах, на якіх чыталі сьвятое Пісаньне і пяялі гімны. Праводзілі строгае, бясшлюбнае, працоўнае жыцьцё. Вольны час аддавалі малітвам і пабожным разважаньням аб законе. Лічачы цела тварэньнем дзьябла і крыніцаю зла, яны вучылі, што дзеля збаўленьня душы трэба ўстрымлівацца ад усяго, што дае насалоду целу.

Фэрапэўты праводзілі яшчэ стражэйшае жыцьцё, дазваляючы сабе есьці хлеб толькі адзін раз на дзень, увечары. Усе іхнія імкненьні, як і эсэяў, былі скірованы на ўнутранае самадасканаленьне чалавека. У малітве, чытаньні закону Божага праходзіла амаль ня усё іхняе жыцьцё. Сэкта гэная найболей была пашырана ў Эгіпце сярод юдэяў, якіх не здавальняў вузка-матар яльны кірунак жыцьця большасьці тагочаснага юдэйства.

Асобна ад усіх вышэйразгледжаных рэлігійных сэктаў стаіць. нацыянальная партыя зілотаў[37], якія гарэлі страшэннаю ненавісьцяй да сваіх прыгнятальнікаў ― рымлянаў і лятуцелі аб зямным царстве Мэсіі. Яны няраз падбівалі народ бунтавацца проці рымскае ўлады.

§ 96. Чаканьне Мэсіі.

Найвышэйшага напружаньня чаканьне Месіі дасягнула, разумеецца, у юдэяў. Спыненьне павадыроў і кіраўнікоў народу з дому Юдавага, надыходжаньне тэрміну спаўненьня прароцтва Данілы аб 70-х сядмінах і іншыя прароцтвы і праобразы паказвалі на хуткае спаўненьне часу". На гэта-ж паказваў і ўнутраны стан яўрэйскага народу, раскінутага па ўсім сьвеце, разьдзіранага дамовымі войнамі і барацьбою партыяў і сэктаў, зжыўшага „дух“ закону, разьмяняўшага сябе на мноства падрабязных прадпісаньняў раббінаў, не даваўшых здаволеньня ні розуму ні сэрцу.. Чаканьне Мэсіі было да таго жывое, што кіраўнікі яўрэйскага народу з роду Макавеяў прымалі ўладу умоўна, "пакуль ня ўстане Прарок верны". Як толькі зьяўляўся які-колечы выдатны прарок ці казальнік, дык усе пыталіся, ці ня Хрыстос гэта? Але мала хто з юдэяў, ― толькі найболей пабожныя і асьвечаныя людзі, ― чакалі запраўднага Мэсіі, як закладчыка Царства Божага на зямлі. Большасьць не хацела ведаць Мэсіі у зьневажальным відзе і, разам з Фарысэямі, чакала ў постаці Мэсіі нязвычайнага зямнога цара-заваявальніка, які вызваліць народ з чужаземнага ярма і дасьць бліскучасьць, багацьце і славу абранаму народу, адтрымаўшаму калісьці вялікія абяцаньні.

Чаканьне Мэсіі сярод паганцаў абварункоўвалася бязрадасным станам тагочаснага паганскага жыцьця. З пашырэньнем асьветы, паганскія рэлігійныя вераваньні, заснованыя на абагаўленьні сілаў і зьяваў прыроды ці ― як гэта было у грэкаў і рымлянаў ― на абагаўленьні чым-колечы выдатных людзей, іх дабрачыннасьцяў, вадаў і палаў ― страцілі ўсялякае значэньне і выклікалі страшнае расчараваньне ў грамадзянстве. Народ болей ня верыў у сваіх багоў, бо і запраўды-ж гэта былі стварэньні ягонае фантазіі, і калі яшчэ што-колечы і заставалася ад рэлігіі, дык гэта прывязанасьць да абрадаў, да бліскучых цэрэмоніяў, якімі жрэцы і кіраўнікі народныя маніліся падтрымліваць згасаўшае рэлігійнае пачуцьцё.

Моральнае становішча паганскага грамадзянства, заснованага на рабстве, прызваленьні, дэспотызьме ўлады, уціску адных клясаў грамадзянства другімі, было надта пахмурым і бязрадасным. Распуста перавышае ўсялякае вы-абражэньне. Грамадзянства, як пісалі сучасьнікі, было поўнае ўсялякае маны, няпраўды, злыдняў, карысталюбства, злосьці, забойства і г. д. Людзі, ня бачачы мэты ці сэнсу жыцьця, душыліся ад духоўнае пустаты і шукалі сабе выхаду ці у раскашаваньні, купляючы яго цаною усялякага злачынства, ці ў самагубстве, якое зрабілася самым звычайным зьявішчам жыцьця. Лепшыя паганцы пачалі спадзявацца, што скуль-небудзь павінна прыйсьці збавеньне, калі не ад людзей, дык згары. Пад уплывам гэткага думаньня, сярод паганскага грамадзянства пачало ажываць паданьне, якое захоўвалася яшчэ ад першабытнае рэлігіі, ― паданьне аб залатым веку, калі чалавек знаходзіўся ў шчасьлівым, бязьвінным стане. Гэтае паданьне адтрымала яскравае выражэньне нават у творах некаторых паганскіх пісьменьнікаў. Так, напр., поэт Віргілі услаўляў дзяцёнка, які павінен узнавіць залаты век. Гэты дзяцёнак прынясе з неба спакой, шчодра ён будзе раздаваць свае дары; статкі ня будуць баяцца львоў; вол будзе араць без ярма і земляроб будзе працаваць паволі, не праліваючы поту твару свайго. У гэтых лятуценьнях бачаць водгукі прароцтва Ісайі, паводлуг словаў якога, ў дарстве Мэсіі „воўк будзе жыць разам з ягнём, і барс будзе ляжаць разам з казьлянём, і цяля, і малады леў, і воўк будуць усе разам, і малое дзіця павядзець іх". Вера у Мэсію, як Збавіцеля ад усялякіх злыдняў і Закладчыка лепшых парадкаў жыцьця, асабліва вабіла ўсіх пакрыўджаных і ўцісканых, якіх шмат было заўсёды ў паганскім сьвеце. З яшчэ вялікшаю сілаю пачала распаўсюджвацца гэтая вера, калі паганскі сьвет бліжэй пазнаёміўся з рэлігійнымі вераваньнямі юдэяў.

Словам, у апошні час перад Нараджэньнем Хрыстовым чаканьне Мэсіі было ўсеагульным. І гэты Мэсія, нарэшце, прыйшоў. Прыйшоў ня з царскіх палацаў, не абкружаны золатам, пышнасьцяй, урачыстасьцямі, не сярод захопленых клікаў натоўпу: прыйшоў нікому няведамы, нарадзіўшыся ў пячоры, на сене у ясьлях, пад ціха бляяньне і жуйку пакорных авечак. Цешылася неба, агалашаючыся дзіўнаю песьняй ангелаў, цешылася зямля, паслаўшы першымі пакланіцца Нованароджанаму Збавіцелю скромных Віфлеемскіх пастухоў.

Адыйшло ў гісторыю жыцьцё "пад законам", адкрылася першая старонка новага жыцьця "пад благодацію".

Стары Завет ад'жыў свой век, пачаўся Новы Завет.

Зноскі[правіць]

  1. Увага. Біблія - збор кнігаў, у якіх зьмяшчаецца гісторыя старога і новага завету, ці гісторыя спаду і збавеньня чалавека. Першая з іх напісаная Майсеем, пачынаецца апавяданьнем аб стварэньні сьвету.
  2. Патрыархі былі блізкімі патомкамі першых людзей, створаных дасканальнымі і несьмяротнымі. Тады ўсе жывыя істоты, як паказваюць раскопкі, адзначаліся велічынёю, вялізарнымі разьмерамі (мамонты). І цяпер яшчэ між афрыканскімі арабамі можна спаткаць людзей у веку да 200 гадоў, а некаторыя жывёлы, асабліва птушкі, жывуць 300-400 гадоў, кракадзілы ― 500-600 гадоў і болей.
  3. Гэтае прароцтва Ноя дакладна споўнілася і спаўняецца да сяньняшняга дня: у патомкаў Сіма ― яўрэяў вера захавалася да самага прыходу І. Хрыста, які родам быў яўрэем; патомкі Іафэта ― эўропэйскія народы прынялі хрысьціянства ад сьвятых апосталаў, якія родам таксама былі яўрэі; у цяперашні час эўропейская культура, навука, мовы, гандаль, звычаі і г. д. распаўсюджаны па ўсім сьвеце; патомкі Хама ― хананеяны, пры заваяваньні яўрэямі зямлі абяцанай, былі абернены ў рабоў.
  4. Арабы завуць яго Лотавым морам. Яно мае 77 в. даўжыні і 24 в. шырыні. Тутака цяпер дабываюць шмат асфальту і солі. Процант солі, распушчаны ў вадзе, такі вялікі (42%), што нават рыба, якая заходзіць у яго з Іардану, прападае. Берагі Мёртвага мора пазбаўлены ўсялякага жыцьця, дзеля таго, што пакрыты яны вапняным пластом. Такім чынам, гэта ― запраўды ― Мёртвае мора.
  5. Гэта была гара, на якой з часам Салямон выбудаваў храм Ерусалімскі. Недалёка ад яе падымаўся ўзгорак, які пасьля быў названы Гальгофаю ― месца расьпяцьця І. Хрыста.
  6. Ахвярапрынашэньне Ісаака было праобразам найвялікшае збаўчае ахвяры, якую прынёс на Гальгофе, адзінародны Сын Божы І. Хрыстос. Як Абраам не пашкадаваў Сына Свайго, так і Бог, па любасьці да людзей і дзеля іх збаўленьня, не пашкадаваў Сына Свайго адзінароднага. Як Ісаак пакорна нёс дровы, на якіх быў-бы заколаты ў ахвяру Богу, так і І. Хрыстос пакорна нёс Свой крыж, на якім быў расьпяты. Як Ісаак пакорна даў сябе зьвязаць, так і І. Хрыстос пакорна йшоў на муку і сьмерць за людзей. Як ахвяра Абраама выклікала вялікае Божае багаславеньне на ўсё патомства Абраамава, так ахвяра на Гальгофе зводзіць Божае багаславеньне на ўсю Царкву, на ўсіх людзей, на ўвесь сьвет, на ўсе часы.
  7. Нічым нельга выбачыць ашуканства, якое дазволілі сабе Рэвэка і Якаў Сам Бог пакараў іх за гэта, бо ў далейшым жыцьці сваім яны мелі шмат усялякіх прыкрасьцяў. У хуткім часе Якаў сам быў ашуканы. Ня можна карыстацца благімі спосабамі нават дзеля добрых мэтаў.
  8. Ісаў трэці раз ажаніўся з дачкою Ізмаіла, якога, як ведама, Абраам выдаліў ад сябе.
  9. У пустыні наўмысьля капаюць равы ці калодзежы, каб у дажджлівую пару зрабіць запас вады на час сухмені.
  10. Арыштантамі
  11. Гэтым прароцтвам Якаў паказаў на час прыходу Збавіцеля сьвету: Ен прыйдзе тады, калі скончацца ў юдэяў, г. ё., патомкаў Юды, уласныя цары і правадыры, ці калі ўлада ад калена Юдзінага перайдзе да чужынца. Так і збылося. Цар Ірад Вялікі, у часе якога зьявіўся І. Хрыстос, быў у яўрэяў першым царом з чужынцаў.
  12. Мукі Това зьяўляюцца праобразам крыжавых мукаў І. Хрыста, а яго паўстаньне з мёртвых праабразуе слаўнае ўваскрасеньне І. Хрыста і Яго перамогу над дзьябпам і сьмерцяй.
  13. Гэтае зданьне азначала палажэньне ў Эгіпце абранага народу яўрэйскага, дзе ён, прасьледуемы і мучымы, напамінаў слабое церне, якое гатова вось-вось струхлець і зьніштожыцца, аднак-жа церне-народ не падпала зьнішчэньню.
  14. Пасха яўрэйская была праобразам Пасхі Новазаветнай, калі І. Хрыстос. як Ягня чыстае й бязваднае, праліў сваю кроў за грахі людзей і вызваліў іх ад сьмерці і рабства дзьяблу,
  15. Манна лічыцца праобразам таінства Прычашчэньня ў Новым Завеце.
  16. Пры выкладаньні лекцыяў малодшым вучням гэны § можа быць выкінуты.
  17. Так і нас, хрысьціян, збаўляе цяпер вера ў Расьпятага на крыжу І. Хрыста, праобразам чаго і служыць мядзяны зьмей у пустыні.
  18. Ад імя аднаго з народаў ― філісьцімлянаў, ― які займаў гэту зямлю у век пасьля патрыархаў.
  19. Ефремава калена заняло самую сярэдзіну зямлі. Там, у горадзе Сіломе, была пастаўлена скінія, і гэты горад зрабіўся месцам сабраньня старшыняў і судзьдзяў.
  20. Вось іх імёны: Гафанііл, Аод, Самзар, Варак, Гэдэон, Фола, Іaір, Эфай, Эсэвон, Элон, Аўдон, Самсон, Эмэар, Ілій і Самуіл.
  21. Руфь - моавіцянка - была замужам за яўрэем. Па сьмерці мужа, яна не засталася ў сваёй зямлі, а разам з сьвякроўкаю Нозміньняй вярнулася ў зямлю ізраільскую, кажучы: „Твой народ будзе маім народам, твой Бог - маім Богам; адна сьмерць разлучыць мяне з табою*. Там яна вышла замуж за родзіча нябошчыка ― Ваоза. Ад гэтага шлюбу радзіўся Овід бацька Есея.
  22. У псальмах Давід рысуе прадвечную раду аб збавеньні роду чалавечага, крыжавыя мукі, сьмерць і ўваскрасеньне Збавіцеля, вялікасьць імя Божае Маці, паварот паганцаў да царквы Божае і зацараваньні Мэсіі над усімі народамі.
  23. Салямон напісаў гэткія кнігі пад назовам: "Экклезіаст" (казнадзея), кнігу „Прытчаў", г. зн. кароткіх мудрых навучаньняў аб розных моральных абавязках чалавека і „Песьню песьняў" (самую найлепшую песьню), у якой паказаў любоў Бога да людзей пад відам любові жаніха да свае нявесты.
  24. Ваал―абагаўленьне сонца ў відзе чалавека з вянком з праменьняў навакол круглага твару.
  25. Астарта — абагаўленьне месяца ў відзе маладой жанчыны з рагамі, якая едзе конна на быку.
  26. Молох - бог палючага сонца, ад якога высыхае расьліннасьць. Яго Ірабілі ў відзе чалавека з галавою быка. Яму прыносіліся чалавечыя ахвяры, асабліва дзеці. Іх жывымі кідалі ў распаленае чэрава бронзавае статуі ідала.
  27. Прабываньне Іоны ў чэраве кіта тры дні і тры ночы і цудоўнае збавеньне яго праабразавала трохднёвае пахаваньне і слаўнае ўваскрасеньне І. Хрыста.
  28. Царква І. Хрыста, якая будзе істнаваць вечна.
  29. Мідзяны і Пэрсы ― народы арыйскага плямя (Іафэта), да якіх ужо ўсюды пачынала пераходзіць панаваньне над хаміцкім (Эгіпэт) і сэміцкімі (Асырыя і Вавілон) народамі. Усе народы Заходняе і Малое Азіі павінны былі схіліцца перад Кірам Пэрсідзкім - тым "арлом" ("арол" быў сьцягам Кіра), які, па слову прарока Ісайі, "зьявіўся з усходу, з дальняе стараны, дзеля спаўненьня прызначаньняў Божых". Пэрсідзкая монархія зьявілася мостам да новае, эўропэйскае культуры.
  30. Прароцтва гэтае споўнілася дакладна, бо-як убачым-ад другога і аканчальнага загаду аб узнаўленьні Ерусаліму (457 г.) да сьмерці І. Хрыста (у 33 годзе па яго нарадзінах) прайшло якраз 490 гадоў.
  31. Раней, да палону, месцам багаслужэньня быў выключна храм Ерусалімскі.
  32. Сынэдрыён ― грэцкае слова, значыць "сабраньне".
  33. Талант - 2.400 рублёў.
  34. Памяць сямёх братоў Макавеяў і маці іх Саляманіі праваслаўная царква сьвяткуе 1 жніўня.
  35. Празваньне "Макавей", — што значыць "згубца", — спачатку належала аднаму Юдзе, але пасьля стала дадавацца ўсім змагальнікам за веру і бацькаўшчыну.
  36. Фарысэй ― значыць, выбранец, асаблівы".
  37. "Зілот" ― з грэцкае мовы значыць "рупатлівец".

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.