Сыпаліся вішнёвыя краскі
Сыпаліся вішнёвыя краскі Абразок Аўтар: Хведар Ільяшэвіч 1935 год Крыніца: Калосьсе. — 1935. — Кніжка 2. — С. 83—85 |
Сыпаліся вішнёвыя краскі.
У кішані сьціскаў фінскі нож. Другой рукой моцна прытрымліваў яе. Рытмічна раздаваліся шагі. Адліга. А далёкія агні, як лямпачкі, у тумане. Прадмесьце Вільні. Нізенькія домікі. Пакрыўленыя платы.
Прыціскае моцна за руку. Валасы яе ў стылі фільмовых артыстак. Разьвеяныя — як на ветры — з пад бэрэту пяшчотна казычуць шчаку. Яна! Пяе яна ў сэрцы нечым вясеньнім. Здрадлівыя завулкі прадмесьця. Няраз крычыць у мёртвую глуш дзікі голас. Няраз надрываецца нейкім плачам крыўда, няраз п’яныя галасы рассыпаюцца аб шыбы акон.
Крокам пэўным ідзе. — А вочы — быстрыя.
Вядзе ён бой за дзяўчыну. А прадмесьце не сваіх ня любіць. Але сягоньня прайшоў спакойна. Ніхто не зачапіў.
Вось і варотцы. Разьвіталіся. Абняў моцна. Пацалаваў доўгім пацалункам. Мяккая пяшчота абдала жарам. А яна пабегла. Памахала на сходках рукой.
Пастаяў крыху, бо ў сэрцы нешта недаказана, нечага не хапае. Глянуў у даль вуліцы. Шэра. У паветры павісьлі рэдкія ліхтары. Засьвяцілася акно. І цень — як крыло вялікай птушкі — замітусіўся — за фіранкай. Пастаяў і паволі пабрыў да цэнтру места. А ў сэрцы нешта недаказана. Нечага не хапае. — Усё бліжэй, бліжэй вялікія — радасныя агні. Шумныя вуліцы. Расьцягнуліся шнюром вялікачацьвярговыя сьвечкі — агні.
П’яніць адліга.
Абарвалася срэбраплынная струна. Абляцелі беласьнежныя кветкі. Разьвеяліся злотаіскрыя мроі.
Ах — яна! Дзяўчына прадмесьця! У сэрцы кіпіць, кіпіць. Што ён мог зрабіць? Гімназіст. Выабражае. Яна з шофэрам — муж! — едзе. Палахлівая! Не! Яна невінавата! Яна… нават уцякла з вясельля. І доўга туліў яе ў гарадзкім садзе. А пасьля — уцёк, як шалёны. Бег, а сэрца то білася прыбоямі, — то замірала зьнямогай. Не! Яна — невінавата! А пасьля — яе бацька, пагрозы. Дзе яна? Былі разам!
Паплылі хворыя дні. — У адчыненае акно плакаў сум з струн. Вучыўся змалку іграць. Маса акуркаў на падлозе.
А вясна сьмяялася.
Лекцыі. Сонца радасьцю пераліваецца на школьных лаўках. За акном зялёныя покаўкі. І чароўная недасяжная даль за дахамі.
Лекцыі. Усё глупства. Ну і што? Што з гэтага? Які сэнс? Купала пісаў. Напісаў „Раськіданае гняздо“. А цяпер піша аб Сталіне. Бесканечнасьць і вечнасьць. Як зразумець? А чалавек кожны дзень глытае бактэрыі. Вось у клясе — на вуліцы — усюды — тэ-бэ-цэ. Сьмерць. І ён памрэ. Ляжыць белы — навокал кветкі — калегі глядзяць. Жаўцеюць старым воскам сьвечкі — зіхацяцца пазалочаныя абразы. Вечная памяць. А які-ж сэнс усяго?
А вечарам. Сіня-сьветлае неба. Неапісаная хварба. Рожавеючыя просьвецьці вечарэючых вуліц.
Вечар.
На вуліцах рух.
Вясеньнія вопраткі,
Сходкі ў падвал — кнайпа. Столікі.
Скрыўленыя твары. У люстры бледны твар — белая палатніна. Душна. Муць. Агідна і сорамна. Безнадзейна балюча. Сядзіць нярухома. Прыходзяць мужчыны — кабеты. Відаць ножкі вышэй кален. Сьмех. Вось дзе першабытны чалавек.
Ня памятае. А калегі — так — так — калісь палілі ў клясе анучкі — чад рабілі, каб звольнілі з лекцыяў.
Гавораць нешта.
Гул толькі. Русь. Рассія.
Так — так. Усё роўна.
А пасьля — туман.
Афрыка. Пяскі. Сонца пячэ. А ён ідзе з сябрамі — у няведамую даль. Згіне ў чужыне — невядомы — забыты.
На канвэрце надпіс.
… Консулят… аддзел чужаземнай легіі.
Думкі плывуць далёка — далёка. Лета, у садзе раськідана на галінах радасьць. Пахне зеленьню і мёдам. За платамі рожавы летні вечар. З мястэчка з ветрам набягае аркестра. Молада і пяшчотна пяюць гукі ў паветры.
За сталом у садзе бацька і маці. Прад імі паведамленьне гімназіі.
— Што гэта з ім? — пытае бацька. І ціха апускаецца галава. Быццам не пяюць молада гукі, — быццам ня пахне зеленьню.
Перавялі ў VIII-ую клясу. Цягнік прымчаўся з сінеючага прастору. Сьвежасьць вечару. А ў садзе яшчэ цьвітуць кветкі і — яблычны пах. Успаміны. А на душы соладка і спакойна.
— У Вільню!
Студэнскі Саюз. Накурана. Сіня. Прамаўляе студэнт — эмігрант.
— Мы — Беларусы.
— Гісторыя пайшла наперад.
— Мы — моладзь.
— Ня здрадзім народу.
Разыйшліся шумна. Правёў студэнтку. Ізноў — як тады — прадмесьце. Цёмная ноч. У сэрцы — новы напеў.
Ішоў назад. Глуха адбіваюцца шагі. Успаміны. Фінскі нож.
Рассія. Русь!
О, як прыемна тварыць новую гісторыю.
Новае ў сэрцы.
Бе — ла — русь.
Яна выяжджае. Зайшлі ў вагон. Закурылі. Яна курыць! Пачуў, што пакахала. Напішаце? — Напішу. Яшчэ раз — ужо цягнік рушыў — пытаньне: напішаце? Адказаў — замахаў рукой. Паволі плылі вагоны. Зьніклі вочы. Але ведаў: і бачыць яго. Згінуў цягнік за стрэлкамі і рэйкамі. Ужо поле беларускае сьмяецца ёй.
У садзе — студэнты — студэнткі. Дыскусія. А пасьля гітара, песьні. Сыпаліся краскі вішняў. Ціха кружыліся ў рожавым вечары. Міхась ляжаў на траве. Сыпаліся вішнёвыя краскі. Кружыліся. І кружыліся думкі.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.