Сын вады (1928)/X
| ← IX. Па ягады. О́на! Гуанако падвёў. Адступленьне. Зьнікненьне „белай птушкі“. Ізноў Манг выратаваў. Карабель. Урачыстае спатканьне „капітана Манга“ | X. Праз чатыры гады (пасьляслоўе) Аповесьць Аўтар: Янка Маўр 1928 год |
X
Праз чатыры гады.
(Пасьляслоўе)
На аднэй з лепшых вуліц Лёндону стаіць пышны рэсторан „Космополіт“.
Шмат людзей спыняецца ля вакон, каб падзівіцца на пышнае, багатае абсталяваньне, асабліва-ж на тых людзей, што абслугоўваюць рэсторан. Сярод сотні офіцыянтаў нельга ўбачыць і двух, якія-б належалі да аднэй нацыі: кожны з іх зьяўляецца прадстаўніком асобнай нацыі. Здаецца, увесь сьвет сабраўся, каб служыць ангельскаму капіталу. Ня толькі беднаму, але сярэдняму чалавеку нельга было думаць навясьціць гэты палац, дзе адна жабіна лапка каштавала два рублі.
Але, ня гледзячы на гэта, народу заўсёды было поўна.
Кожную хвіліну бясшумна пад’яжджалі аўтомобілі і адтуль выходзілі вясёлыя, шчасьлівыя людзі. Вось пад’ехала кампанія з двух маладых мужчын і жанчыны. Адзін з мужчын быў цывільны, у цыліндры, з моноклем, другі — у форме флёцкага ваеннага афіцэра. Жанчына была прыгожая, гадоў 22-х, з тонкім далікатным тварам і блакітнымі вачыма.
Яны ўвайшлі ў сярэдзіну і спыніліся ў вялікай залі, дзе на эстрадзе выступалі нейкія афрыканскія танцоркі, а музыка даносілася аднекуль зьверху. Навакол гула гаворка, час-ад-часу раздаваліся стрэлы коркаў з бутэлек.
Зараз-жа падскочыў нэгра і схіліўся, чакаючы загаду.
— Шампанскага і амараў[1], — загадаў афіцэр.
— Не, пачакайце, — спыніла жанчына: — Паклічце лепш Манга. Хай ён падае.
— Слухаю! — сказаў нэгра і пабег назад.
— Я, сястрыца, баюся, што вы пачастуеце нас вашымі ўлюбёнымі стравамі: сьлімакамі, чарвякамі і іншымі ласункамі — мусіць, ты ўжо занудзілася па іх.
Грэт засьмяялася і паківала яму пальцам:
— Пачакай, можа і табе калі-небудзь прыдзецца карміцца гэтым!
— Не, — адказаў брат, — калі ўжо ня будзе чаго есьці, дык я тады хоць хлеба з маслам зьем.
Тымчасам падыходзіў Манг. Хоць зусім інакшы выгляд ён меў, хоць на ім быў дасканалы сурдутны гарнітур, але ўсё-ж такі кідалася ў вочы, што гэта ўбраньне неяк не пасавала да яго. Нізкі рост, доўгія рукі, тонкія ногі, агульны выгляд і рухі, — уся гэта спадчына яго папярэдняга жыцьця давала сябе адчуваць.
Калі ён убачыў сваю „Белую Птушку“ такую прыгожую, чыстую, у пекным шэрым адзеньні і разам з тым такую чужую, далёкую, — ён ня мог паверыць, што калісьці яны былі так блізка адзін ля аднаго. Але вобразы самі паплылі перад яго вачыма: вось ён яе выратоўвае з мора, вось яны на скале, потым у бацькоў, потым пяць дзён у чоўне…
— Гэй, ты, малпа! Падай каньяку! — пачуў ён ля сябе п’яны голас.
Манг азірнуўся і ўбачыў п’янага пана, які ўтаропіўся на яго бычачымі вачыма.
— Выбачайце! — сказаў Манг: — Я заняты.
— Што! — гыркнуў пан і стукнуў кулаком па стале. — Хіба я ня бачу, што ты ідзеш з пустымі рукамі? — і ён ізноў стукнуў кулаком так, што шклянкі зазьвінелі.
Падскочыў старшы служачы:
— Выбачайце, пан! Чым, пан, нездаволены?
— Што-ж гэта ў вас робіцца? — зароў той. — Паназьбіралі малпаў са ўсяго сьвету, а служыць не навучылі: ідзе з пустымі рукамі і адмаўляецца, калі яму загадваюць. Гэта-ж…
Ледзь уціхамірылі яго. Але да службовай дзейнасьці Манга далучылася новая пляма…
Манг падышоў да стала Грэт і пакланіўся. Абодвы мужчыны сталі пільна прыглядацца да яго.
— Дык вось які ён! — прамармытаў ваенны.
— Ну, як жывеш, Манг? — пачала Грэт: — як ідзе служба?
— Дзякую, міс. Служу, як магу.
— А я цяпер ужо ня міс, а містрыс[2]. А гэта мой муж, капітан ваеннага карабля.
— Відаць, такі ўжо лёс твой, сястрыца, што галоўныя моманты твайго жыцьця зьвязаны з капітанамі.
— Дзякую за параўнаньне! — незадаволена буркнуў муж.
— Не абражайся, Джэк, — гаварыў далей брат: — ён-жа-ж быў не ваенны, а цывільны капітан.
Манг стаяў і саромліва ўсьміхаўся. Ён добра памятаў „урачыстае“ спатканьне на караблі.
— А што, Манг, ці не хацеў-бы ты вярнуцца дамоў? Ці не шкадуеш ты сваёй нявесты Мгу? — пыталася далей Грэт.
— Ня ведаю, — адказаў Манг, падумаўшы: — наведацца ў кожным разе хацелася-б.
— А мы з табой, мусіць, ня скора ўбачымся. Я сёньня ноччу выяжджаю з мужам у Індыю.
Хоць і бяз гэтага Манг бачыў яе за гэты час разы са тры, але ўсё-ж такі яму неяк сумна стала. Знаходзячыся адзін у гэтым чужым шматміліённым горадзе, ён усё-ж такі адчуваў, што тутака недзе ёсьць чалавек, які ведае яго, які зьвязан з ім агульнымі перажываньнямі, успамінамі, да якога нават можна было-б зьвярнуцца ў часе бяды. Гэта-ж яна зьмясьціла яго ў гэты рэсторан і нават за першы год заплаціла гаспадаром значную суму за ўтрыманьне і навучаньне. І ў далейшым гаспадары лічыліся з ёй і, здаецца, яшчэ раз атрымалі грошы. Без яе ён ня ўтрымаўся-б тутака ніводнага дню. А цяпер невядома, што будзе.
— Ну, дык прынясі нам вячэру, — сказаў ваенны і заказаў стравы.
Калі Манг адышоў, афіцэр зьвярнуўся да жонкі:
— Грэт, ты забываешся, што знаходзішся на людзёх. Ты размаўляеш з ім, нібы з роўным. Гэта-ж няпрыстойна. Што могуць падумаць людзі, гледзячы на такое панібрацтва?
— Гэта-ж апошні раз, на разьвітаньне, апраўдвалася Грэт: — Усё-ж такі яму я вінна сваім жыцьцём, а ты — сваёй жонкай, — дадала яна, хітра ўсьміхаючыся.
— Затое-ж ты зрабіла для яго ў сто разоў больш, Ня кожны так адплаціў-бы. Але з гэтага не вынікае, што ты павінна сябраваць з гэтай малпай.
— Ну, якое тутака сяброўства! — махнула рукой Грэт.
— Капітан капітану зайздросьціць, — уставіў сваё слова брат.
— А ты гатоў на ўсялякія недарэчнасьці, абы толькі пажартаваць, — незадаволена адказаў афіцэр.
Калі пасьля вячэры ваенны расплачваўся, ён даў Мангу „на гарбату“ тры фунты стэрлінгаў (30 руб.), за што жонка зірнула на яго ўдзячным поглядам.
Манг доўга стаяў на месцы і сачыў, як выходзіла „Белая Птушка“. А тая ўжо шчабятала аб ад’езьдзе, аб падарожжы, аб знаёмых і зусім забылася, што на сьвеце існуе нейкі Манг…
Праз тры дні Манга звольнілі з пасады…
Апошняй прычэпкай было яго „непаразуменьне“ з п’яным панам. Яшчэ важней было тое, што яго протэктарка (абароньніца) выехала. А галоўнай прычынай было, што Манг ня меў той вяртлявасьці, спрытнасьці, хітрасьці, якая патрабуецца ад лёкаяў у такіх панскіх установах.
І Манг апынуўся на вуліцы, сярод тысячаў беспрацоўнага люду — белых, чорных, жоўтых, бурых.
І, бадзяючыся па імглістых вуліцах Лёндону, ён часта ўяўляў сабе іншы горад сярод скал, вуліцы-каналы, морскіх птушак, кану, сям’ю і Мгу…
