Сын вады (1928)/VIII
| ← VII. Дома „Чорт!“ Па ахвяру. Альпага. Барацьба з птушыным царом. Спуск на „парашуце“. Урачыстае ахвяраваньне. „Чорт“ ашукаў! | VIII. Чаканьне. Нгара! Барацьба ў вадзе. І „чорт“ умяшаўся! Сьмерць пад рогат. Вандраваньне з паненкай. Спатканьне са сваімі Аповесьць Аўтар: Янка Маўр 1928 год |
IX. Па ягады. О́на! Гуанако падвёў. Адступленьне. Зьнікненьне „белай птушкі“. Ізноў Манг выратаваў. Карабель. Урачыстае спатканьне „капітана Манга“ → |
VIII.
Чаканьне. — Нгара! — Барацьба ў вадзе. — І „чорт“ умяшаўся! — Сьмерць пад рогат. — Вандраваньне з паненкай. — Спатканьне са сваімі.
Манг ляжаў на беразе, але не адчуваў адпачынку. Думкі віхрам круціліся ў галаве, стараючыся адгадаць, што тутака здарылася. Можа часова яны выехалі? Але чаму тады няма шалаша, ніякіх рэчаў? А калі назаўсёды, дык з якой прычыны? Можа яны загінулі ўсе? Але гэтага ня можа быць.
Тут ён заўважыў, што зусім у другім месцы, воддаль ляжаць нейкія рэчы. Падышоў, паглядзеў. Вось гаршчок, але ня іх, мабыць, Косаў. Вось сякера, але гэта ўжо зусім незнаёмая, нават ня Косава. Вось нейкі пас, якога ня меў ні яго бацька, ні Кос.
І некалькі скурак, таксама незнаёмых.
Значыцца, тутака ўжо жыве іншы гаспадар! Як гэта магло здарыцца? І хто ён, ці яны? Няўжо-ж яны пагубілі ўсю яго радню і самі пасяліліся? Але рэчы сьведчаць, што народу тутака нямнога, бадай ня болей як два чалавекі.
Значыцца, нічога не застаецца, як чакаць і пільнаваць. І Манг прытуліўся за выступ скалы.
Чакаць прышлося нядоўга, бо дзень ужо канчаўся. Праз некалькі хвілін па-за скалой пачуўся плюскат, нібы хто грабе вяслом, а яшчэ праз хвіліну паказалася і лодка. Мангу адразу стала лягчэй на сэрцы, калі ён убачыў, што там сядзіць толькі адзін чалавек.
Але праз момант ён ледзь не закрычаў і ня выскачыў, калі пазнаў, што гэта Нгара. Дык вось хто тутака абсталяваўся, — Манг пачаў нават трасьціся ад злосьці. Яму здавалася, што Нгара так марудзіць, што ніколі не даедзе да берагу.
Той тымчасам павольна і спакойна пад’ехаў, выкінуў з лодкі нейкую птушку, гальлё, потым, не сьпяшаючыся, сам вылез. Па ўсіх яго рухах відаць было, што ён адчувае сябе дома. Нават ні разу ня зірнуў па бакох.
Манг сьцяў губы, напружыўся і чакаў найбольш зручнага моманту, каб кінуцца на ворага. Нгара падышоў да вогнішча, схіліўся, памацаў попел. Відаць, ён быў яшчэ гарачы, бо Нгара падкінуў сухой травы і пачаў дзьмуць.
Гэта ўжо быў самы зручны момант для Манга. Але ў апошнюю хвіліну ён зьмяніў плян. Заместа непасрэднай барацьбы ён рашыў зрабіць так, як тады Нгара зрабіў з ім, г. зн. захапіць кану.
Як тыгра, папоўз Манг да чоўна. Быў ужо змрок, дый бяз гэтага Нгара быў так заняты сваёй справай, што яму не магло прыйсьці ў галаву азірацца назад. Азірнуўся ён толькі тады, калі пачуў шум ля чоўна. Убачыўшы ў чоўне Манга, ён вачом сваім ня мог паверыць. Адкуль? Якім чынам? Ці не з таго сьвету зьявіўся?
— Ну, Нгара, — злосна сказаў Манг, адапхнуўшыся ад берагу, цяперака мой чарод пажадаць табе ўсяго лепшага. Падзякуй толькі, што я не забіў цябе, як пінгвіна.
Голас Манга паказаў Нгару, што ўсё гэта сапраўднасьць. Злосьць і роспач сьціснулі яму горла, і, нядоўга думаючы, ён кінуўся за Мангам у ваду. Манг гэтага зусім не чакаў. Ён пасьпеў ад’ехаць толькі на некалькі крокаў, і Нгара адным махам дасягнуў яго, учапіўся за край чоўна і перавярнуў яго разам з Мангам.
Абодвы апынуліся ў вадзе. Завязалася барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць. Хоць ні аб чым іншым цяпер нельга было думаць, але Манг уздрыгануўся ад няпрыемнага адчуваньня, калі ногі яго заблыталіся ў сьлізкім гальлі падводнага дрэва.
Нгара быў дужэй Манга. Яму адразу ўдалася ўхапіць Манга ззаду і занурыць яго ў ваду. Становішча Манга стала дрэнным. Калі ён ня вызваліцца ў працягу поўхвіліны, дык загіне. Але-ж затое ён меў і перавагу — гэта капітанскі кінжал. Зараз-жа ён выхапіў яго, але ня мог як сьлед размахнуцца, бо Нгара трымаў яго ззаду за плечы. А вада тымчасам пачала душыць, набірацца ў нос.
Раптам Манг пачуў, што Нгара чамусьці закрычаў і выпусьціў яго. Манг высунуў галаву, і ўбачыў, што вакол Нгара абкруцілася зьмяя. Не пасьпеў Манг апамятацца, як пачуў, што і яго нагу апякло і сьціснула. Манг схіліўся і адным махам адрэзаў зьмяю сваім вострым аружжам. Тады вынырнуў і ўчапіўся за човен.
Нгара тымчасам біўся, каб вызваліцца ад сваёй пятлі. Ён таксама трымаўся за човен і ўжо не зварачаў увагі на свайго ворага. Трэба сказаць, што і Манг таксама думаў толькі аб гэтай новай бядзе, хоць цяперака ён і мог ужо забіць свайго ворага.
Не пасьпеў ён адплысьці, як адчуў, што ізноў абхапіла яму нагу. І на гэты раз ён хутка вызваліўся, а тымчасам вакол Нгара абвілася другая зьмяя.
Нгара бачыў у руках Манга нож, бачыў, як лёгка Манг вызваляе сябе і пачаў прасіцца:
— Братка, вызвалі мяне, я табе ўсё аддам!
— Дурны! — злосна ўсьміхнуўся Манг, — што-ж ты мне аддаеш, калі я і без цябе магу забраць.
І хутка паплыў да берага. Тамака сеў сабе спакойна і пачаў зьдзеквацца над няшчасным.
— Ты-ж бачыш, што я мог цябе забіць, але не хачу пэцкаць свайго прыгожага нажа. Хай лепш цябе задушаць гэтыя зьмеі. Вось так, вось так! Го-го-го! Дарэмна ты радаваўся, што мяне няма на сьвеце.
Пад сьмех Манга, Нгара апускаўся ўсё глыбей і глыбей.
А зьмеяў гэтых абкруцілася ўжо тры. Цяпер ужо справа пайшла хутчэй. Пад сьмех Манга, Нгара апускаўся ўсё глыбей і глыбей і, нарэшце, з жудасным крыкам зьнік пад вадой. Толькі бурбалкі сьведчылі, што там адбываецца трагэдыя.
Калі ўсё скончылася, Манг выбраў даўгую галіну, зачапіў човен, падцягнуў да берага, выцягнуў яго, упарадкаваў і выехаў у мора.
Было ўжо зусім цёмна. Пасьля ўсяго таго, што ён перажыў, было неяк дзіўна прыпомніць, што там яго чакае нейкая „белая птушка“. Здавалася, што гэта было даўно-даўно, а мо’ і зусім ня было… Мо’ ніякай птушкі і няма.
А дзяўчына ўсё стаяла на скале. Даўно ўжо скамянела сэрца; даўно ўжо адрантвела цела, а разам з імі і думкі; даўно ўжо яна шаптала сама сабе, што ўсё скончана, што надзеі няма, — а між тым не адводзіла вачэй ад таго боку, куды паплыў Манг, увесь час прыслухоўвалася, ці ня чуваць яго, увесь час інстынкт падказваў: а можа прыедзе?
І вось аднекуль з мора даляцеў крык, доўгі, бадзёры. Затрапяталася паненка ўсёй сваёй істотай, — ці ня Манг дае знаць, што едзе? А можа і не?..
О, каб гэта быў ён, мілы, родны Манг! За ўсё сваё жыцьцё яна нікога так не чакала, нікога так не жадала бачыць, як цяпер гэтага дзікуна — „людаеда“. У гэты момант ён здаваўся ёй лепшым за ўсіх яе знаёмых лёрдаў, сэраў, містэраў і іншых франтаў.
Вось новы вясёлы крык, потым плюскат, зачарнеўся човен, і пад’ехаў Манг. Напружаныя нэрвы ня вытрымалі, сьлёзы радасьці паліліся з дзявочых вачэй, і яна павалілася Мангу на рукі.
Ужо сьвітала, калі яны прыехалі дадому. Пасьля ўсяго перажытага, яны спалі ўвесь дзень, нібы забітыя.
На другі дзень дзяўчына пачала хвалявацца і патрабаваць, каб ехаць далей. Манг і сам ведаў, што трэба ехаць шукаць бацькоў, але пагода сапсавалася. Прыходзілася чакаць. А чаканьне гэта цягнулася цэлы тыдзень.
Хоць тутака лепш, цішэй было, чымся там на востраве, дый прылады былі, але дзяўчыне здавалася, што гэты няпрыемны, нудны тыдзень быў горшым за ўсё папярэдняе. Нарэшце скончыліся і гэтыя дні. Паехалі далей на поўдзень.
Вось і Магелянава пратока. Дзяўчына пазнала месцы, дзе яна нядаўна праяжджала. Яна думала, што яны тутака будуць чакаць параходу, але Манг накіраваўся далей на поўдзень. Паненка пачала паказваць, каб ён спыніўся. Манг паслухаў яе, прыпыніў човен, пастаяў, а далей што?
Дзяўчына рознымі спосабамі пачала тлумачыць, што тутака павінен ісьці параход і што трэба пачакаць яго. Манг прыслухаўся, прыгледзеўся, заматаў галавой, што ніякага параходу няма, і накіраваўся далей. Дзяўчына заспрачалася, раззлавалася, расплакалася, адным словам, адбылася „сямейная сварка“.
Манг ня ведаў, што рабіць. Ізноў спыніліся, пастаялі. Дзяўчына напружана глядзела ва ўсе бакі і, здавалася, чакала, што вось-вось зьявіцца карабель.
Манг сядзеў і чакаў, што будзе далей.
— Як-жа-ж тутака стаяць? — пачаў ён тлумачыць ёй пасвойму: — Можа кану белых зьявіцца праз месяц?
Але гэтых слоў яна не магла зразумець. Яна ведала толькі, што гэта апошняя надзея сустрэць карабель. Калі яны ад’едуць ад гэтага гасьцінцу, дык, можа, ніколі ўжо ня сустрэнуць.
Пачакаў крыху Манг і зноў пасунуўся. Ізноў дзяўчына запротэставала.
Манг, як толькі мог, пачаў тлумачыць і паказваць, што стаяць тутака нельга, што трэба спыніцца там, і што яны вернуцца сюды, каб чакаць парахода.
Яна і сама добра ведала, што стаяць тутака ўвесь час немагчыма, але чаплялася за надзею, як тонучы за саломіну. А можа праз хвіліну зьявіцца параход? А што, калі ён пакажацца тады, калі яны толькі што ад’едуць адсюль?
Правалаводзіўшыся такім чынам з гадзіну, паехалі ўсё-ж такі далей. Яна хацела прыпыніцца дзе-небудзь тутака, недалёка, але Манг паехаў далей. І зноў пачаліся крыкі, папрокі, сьлёзы, але Мангу ўсё гэта ўжо абрыдла, і ён ехаў сабе далей.
Пайшлі знаёмыя вуліцы, дамы, вось і вадаспад пыліцца, вось і „дзядзінец“, куды яны калісьці схаваліся ад кіцянят, так сама зьзяюць сьнегавыя верхавіны, — усе знаёмыя, мілыя сэрцу вобразы, усё прыгожае, прыемнае, прытульнае, як гэта здаецца кожнаму, хто пасьля доўгага расстаньня прыяжджае на радзіму.
А для яго спадарожніцы ўсё гэта здавалася мёртвым, дзікім, няпрытульным.
„Куды ён мяне вязе? — з маркотай думала яна. — Вось калі дзікун паказаў свой сапраўдны твар! Вось дзе прыдзецца мне загінуць!“
А тут якраз натрапілі на цэлую сям’ю дзікуноў у чаўне. Убачыўшы Манга ў капітанскім адзеньні і з ім белую жанчыну, дзікуны ад зьдзіўленьня так пачалі крычаць ды махаць рукамі, што дзяўчына канчаткова рашыла, што ёй прышоў канец.
Але пасьля перагавораў з імі Манг павярнуў налева і паехаў на ўсход, пакінуўшы дзікуноў з разьзяўленымі ратамі.
Чым далей ад’яжджалі ад акіяну, тым большыя і нізейшыя былі астравы. Пачала зьяўляцца трава, дрэвы. Там далей, на ўсходзе, ёсьць і лясы і лугі, але жыве тамака сільнае ваяўнічае племя „о́на“. Гэтыя о́на дужы, злы народ; яны здаўна ўжо выпхнулі мірных фуіджы на бясплодныя заходнія скалы і ня пускаюць іх назад.
Два дні ехалі на ўсход і на трэці дзень а поўдні ўбачылі два чаўны. Гэта былі Тойдо і Кос. І тутака яны разьмясьціліся нядрэнна. Бераг быў нявысокі, даступны і лясісты. Пад дрэвамі была пабудавана з гальля будка, праўда, нязграбная, але ўсё-ж такі будынак.
Уся колёнія замітусілася і нават занепакоілася, калі ўбачыла човен з нейкімі дзіўнымі людзьмі. Нават, калі Манг пад’ехаў блізка і гукнуў, яны ўсё яшчэ не маглі даць веры, што гэты чалавек у дзіўным убраньні ёсьць Манг. Ды яшчэ з ім нязвычайная дзяўчына.
Як-бы там ні было, а калі ён зусім пад’ехаў і вылез на бераг, прышлося пераканацца, што гэта іх Манг. З неўразуменьнем і нейкай баязьню падышлі крэўныя да Манга, увесь час пазіраючы на лодку, дзе сядзела дзяўчына, якая баялася вылезьці на бераг.
Пачаліся пытаньні, што і як адбылося за гэты час. Манг расказаў аб сваіх прыгодах, з горам пачуў аб сьмерці свайго браціка.
— А навошта табе гэта? — сказаў нарэшце бацька, паказваючы на дзяўчыну ў чаўне. Што ты з ёй будзеш рабіць?
— Ня ведаю, — адказаў сын. — Трэ’ будзе як-небудзь перадаць яе белым.
Стары паківаў галавой.
— Нам самым няма чаго есьці, а тут яшчэ з ёю важдайся, — незадаволена сказаў ён.
— А як-жа-ж было рабіць? — апраўдваўся сын: — Няўжо-ж трэ’ было даць загінуць або кінуць у мора?
— А хоць-бы і так! — адказаў Тойдо: — Што нам да іх?
Кос стаяў побач, скоса пазіраў на прыежджую і, відаць, згаджаўся з Тойдо.
А міс Грэт сядзела ў чаўне і чакала вырашэньня свайго лёсу. Яна бачыла, што гутарка ідзе аб ёй, і была ўпэўнена, што нарада ідзе аб тым, якім спосабам яе забіць і зьесьці.
— Дык вось дзеля чаго гэты дзікун стараўся выратаваць мяне? — з прыкрасьцю думала яна, пільна сочачы за Мангам. А разам з тым мімаволі зьяўлялася і надзея: а можа ён ня дасьць?
Нарэшце Манг зьвярнуўся да яе, запрашаючы вылезьці на бераг. Са сьціснутым сэрцам вылезла яна і села воддаль на траве. Дзікуны абступілі яе і пачалі дзівіцца, нават краталі яе адзеньне, якое, сказаць да рэчы, ня мела нічога агульнага з ранейшым: бруднае, парванае. Ды яшчэ час-ад-часу міс Грэт чамусьці чухалася…
Больш за ўсё цікавіліся ёю жанчыны, і гэты ўважлівы агляд быў больш няпрыемны для дзяўчыны, чымся агляд старых мужчын. Яна адразу пачула сябе больш няшчаснай і бездапаможнай, чымся раней. Нават Манга цяпер пачала яна баяцца. Ён здаваўся ёй ужо чужым, далёкім, зусім ня слугой, як раней.
Нанач адвялі ёй куток у будцы, побач з жанчынамі, і гэта ноч пад страхой, сярод людзей, была для яе горшай, чымся раней пад адкрытым небам.
Наогул, у бясклопатным жыцьці нашых дзікуноў цяпер адчулася нешта няёмкае. Кожны момант адчувалася, што ў іх жыцьцё ўціснулася нешта чужое, непатрэбнае, перашкаджаючае, з якім нямаведама, што рабіць.
Асабліва цяжка было з ядой. І бяз гэтага ад дзяўчыны засталіся толькі скура ды косьці. Больш месяца яна ня бачыла ні кавалка хлеба, ні плада. Праўда, яна некалькі прызвычаілася да чарапашак, ракаў, рыбы, але раней яна прынамсі загадвала Мангу то тое, то гэта. Цяперака само праз сябе зрабілася так, што распараджацца і загадваць яна ўжо не магла, а сам Манг чамусьці адчуваў, што тутака, у сям’і, ён ня можа так клапаціцца і дагаджаць выключна ёй аднэй, як гэта было раней.
Ужо на другі дзень пачалася нарада між Косам і Тойдо па гэтай справе. Апрача ўсяго, у Коса была свая асобная думка, якая не давала яму спакою.
— Вось што, Тойдо, — сказаў ён сур’ёзна: — Ці ня думае Манг пакінуць гэтую рыбіну сабе за жонку? Тады парушыцца наша ўмова. Мы-ж, можна сказаць, пашылі яму кану.
— Я і сам гэтага баюся, — нахмурана адказаў Тойдо, — але-ж Манг сказаў, што ён перадасьць яе белым.
— Калі яшчэ гэта будзе, а пакуль што яна тутака зусім лішняя. І навошта нам клапаціцца аб ёй? Хай сабе ідзе на ўсе чатыры бакі.
— Манг ня згодзіцца яе выганяць, — сказаў Тойдо; — ён яе шкадуе; апрача гэтага, ён думае праз яе пазнаёміцца з белымі.
— Дый гэта зусім непатрэбна! — адказаў Кос.
— І я таксама лічу, але што-ж зробіш, калі ён моцна ўбіў сабе гэта ў галаву?
— Тады можам аслабаніць яго ад усяга гэтага, — прапанаваў Кос, — возьмем яе ды і адвязем на які-небудзь востраў. Хай сама сабе шукае дарогі. А Манг тады ажэніцца са Мгу і зажыве, як усе добрыя людзі.
Тойдо прызнаў, што думка досыць разумная. З гэтымі белымі Манг можа зусім адбіцца ад дому. Сам Тойдо старэе, малодшы сын загінуў, і можа здарыцца, што ў сям’і зусім не застанецца апоры.
А Манг тымчасам думаў аб далейшым падарожжы. Міс Грэт нерашуча зьвярнулася да яго, паказваючы, каб ехаць, і была вельмі абрадавана, калі ён весела і прыхільна заківаў галавой у знак згоды.
У той-жа дзень Тойдо і Кос загадалі, каб Манг і ўсе жанчыны (зразумела, апрача белай) пайшлі ў лес пашукаць ягад. Справа была звычайная, і яны зараз-жа адправіліся.
