Сын вады (1928)/VII
| ← VI. На другі дзень. Мярцьвяк. Манг у капітанскім адзеньні. Пабудова лодкі. Ад‘езд. Параход прайшоў міма. Катастрофа. Перад тварам сьмерці. Пакінутая стаянка | Дома „Чорт!“ Па ахвяру. Альпага. Барацьба з птушыным царом. Спуск на „парашуце“. Урачыстае ахвяраваньне. „Чорт“ ашукаў! Аповесьць Аўтар: Янка Маўр 1928 год |
VIII. Чаканьне. Нгара! Барацьба ў вадзе. І „чорт“ умяшаўся! Сьмерць пад рогат. Вандраваньне з паненкай. Спатканьне са сваімі → |
VII
Дома. — „Чорт!“ — Па ахвяру. — Альпага. — Барацьба з птушыным царом. — Спуск на „парашуце“. — Урачыстае ахвяраваньне. — „Чорт“ ашукаў!..
Жыцьцё абодвых сем’яў пасьля ад’езду Манга не зьмянілася. Жылі яны спакойна і шчасьліва, мелі ўсё, што толькі маглі жадаць гэтыя людзі. З цікавасьцю чакалі звароту Манга.
— Можа ён прывязе ад іх што-небудзь карыснае для нас? — казаў Тойдо.
— Хоць-бы сам вярнуўся, і гэтага досыць было-б, — адказвала маці.
Добрадушны Кос супакойваў:
— А што з ім можа здарыцца? Манг — хлапец спрытны. Кану добра зроблены.
Аднойчы Мгу з дачкой Тойдо „зьбіралі плады з дрэва“. Як заўсёды, седзячы ў чоўне, прыпаднялі галіну. Дзяўчынка падтрымлівала яе, а Мгу здымала ўраджай. Унізе адкрылася чыстае свабоднае месца, дзе відаць было дно, ды гулялі рыбкі
Дзяўчына наглядала за імі, цешылася. Раптам яна адхінулася і з жахам закрычала:
— О! Чорт!
Зірнула Мгу і закрычала з няменшым жахам. Галіна вывалася з рук, і яны пачалі ўцякаць да берагу.
— Што? Што такое? — запыталіся дарослыя.
— Чорт страшэнны. З вачыма, — казала Мгу, трасучыся ад жудасьці.
Бацькі зьдзівіліся, пачалі пытацца падрабязьней, але ніякага толку не дабіліся, акрамя слоў: „чорт! страшэнны! баюся!“
Мужчыны селі ў лодку, пад’ехалі да таго месца, паднялі галіну, але нічога ня ўбачылі. Так і рашылі, што дзяўчатам нешта здалося.
Прайшло некалькі дзён. Аб гэтым здарэньні нават забыліся, толькі дзяўчаты памяталі і ніколі ня ішлі зьбіраць спажыву з гальля.
Але хутка і Кос з жонкай натрапілі на нешта незразумелае. Яны падрыхтаваліся лавіць рыбу торбай, што выдумаў Манг. Паднялі галіну, убачылі, як звычайна, рыбу і толькі нацэліліся апусьціць прыладу, як унізе заварушылася нешта вялікае і нязграбнае, нібы камяк зьмеяў, і разам з гэтым вада пачарнела, нібы хто напусьціў туды атраманту. Рыба зьнікла, нічога больш нельга было разгледзець.
— Што за дзіва такое? — паціскаў плячыма Кос: — Тойдо! Хутчэй сюды!
Пад’ехаў на другім чоўне Тойдо, зірнуў і ўбачыў толькі чорную ваду.
— Нічога не разумею, — сказаў ён, недаўменна зірнуўшы на Коса.
— Гэта — чорт! Гэта, мусіць, чорт! — закрычалі з берагу дзяўчаты.
— Які там чорт, калі нічога ня відаць! — адказаў Тойдо.
— Страшэнны. З вачыма, — паўтаралі дзяўчаты.
— Ды нічога тут страшэннага ня відаць, — сказаў Кос: — мусіць, струмень чорнай, бруднай вады надышоў.
На гэтым справа і скончылася, тым болей, што праз некалькі хвілін яны налавілі рыбы бяз жадных перашкод.
Яшчэ прайшоў дзень-другі. Аб здарэньні ня думалі. Але нарэшце і самім мужчынам прышлося пераканацца, што дзяўчаты не памыліліся.
Аднаго разу Тойдо і Кос паднялі галіну і ўбачылі ў вадзе нешта такое, ад чаго нават яны скамянелі.
На іх глядзела страшэнная галава, такая агідная і жудасная, што наш родны чорт, якога ўяўляе сабе цёмны народ, у параўнаньні з гэтым павінен быў-бы здавацца анёлам. Жудасьней-жа за ўсё былі вочы, вялічэзныя, пукатыя, нібы шкляныя. Яны сьвіціліся ў вадзе зеленаватым колерам і глядзелі ўпарта, ня міргаючы, з нейкім жудасным выразам. Невядома, ці знайшоўся-б у сьвеце чалавек, які не ўздрыгануўся-б ад гэтага погляду. А вакол галавы, заместа валасоў, варушыліся ціханька зьмеі.
Усё гэта мільганула перад мужчынамі на адзін толькі момант, бо яны адразу-ж выпусьцілі з рук галіну. Але ўражаньне было такое моцнае, што яны нават нічога не сказалі, а толькі хутка пачалі грабсьці да берагу.
— Што з вамі здарылася? — запыталіся зацікаўленыя жонкі.
— Чорт. Дзяўчаты праўду казалі, — прашапталі яны.
Пачалі радзіцца, што рабіць?
— Пакуль што ён нам ня шкодзіў, — выказаў сваю думку Кос: — Можа і надалей ня будзе чапаць?
— Гэтага мы ня можам ведаць, — сказаў Тойдо: — Але жыць побач з ім… з такім… Бррр!..
Задрыжэў і Кос. А дзяўчаты, дык тыя зусім гатовы былі самлець, калі пачалася аб гэтым гутарка. Матак таксама абхапіў жах, хоць яны пакуль што і ня бачылі нічога.
— У такім разе трэба было-б уміласьлівіць яго, — сказаў Кос, — прынесьці яму ахвяру.
Гэта думка ўсім спадабалася, асабліва жанчынам. Пачалі радзіцца, што паднесьці? Папершае, трэба было патрапіць, што ён любіць, а падругое, каб гэта было сапраўды нешта значнае, каштоўнае. Рыбу не запрапануеш, пінгвіна або качку — таксама, бо ён, як вадзяны, сам можа мець гэтае дабро. Значыцца, трэба нешта надзвычайнае, напрыклад, якую-небудзь земную жывёліну.
Назаўтрае Тойдо з Косам адправіліся на паляваньне. Яны пайшлі, або лепш сказаць, палезьлі тэю самаю дарогаю, што і раней, калі йшлі за палівам. Узьлезьлі на першую тэрасу, на другую; агледзелі той самы хмызьняк. З-пад ног выбегла жывёліна з пекнай сівой поўсьцю, падобная да вялікага пацука.
Мужчыны не зьвярнулі на яе ўвагі, лічачы яе нікчэмнай ахвярай. Але гэта „шыншыла“ дае каштоўную скуру, якая ў Эўропе цэніцца вельмі дорага. За адну шыншылавую хутру пані плацяць 25.000 рублёў.
Падняліся яшчэ на адну тэрасу, там ужо было больш вялікае плоскаўзвышша, пакрытае нібы мохам, нібы травою.
— Глянь, ці ня жывёлы якіясь там? — сказаў Тойдо, паказаўшы рукою далёка на ўсход.
Сапраўды, там ля скал рухалася некалькі чорных кропак. Калі падышлі бліжэй, убачылі некалькі жывёлін, нібы авечак. Толькі шыя ў іх была тонкая і доўгая ды морда вастрэйшая. Завецца гэта жывёліна альпага і цэніцца сваёй воўнай.
Відаць, іх тутака ніхто ніколі ня трывожыў, бо яны не палохаліся, не ўцякалі, а толькі зьдзіўлена глядзелі на людзей. Нашы паляўнічыя мелі пры сабе толькі сякеры ды кароткія дзіды. Аднак-жа падыйсьці блізка да альпагоў не ўдалося: заўважыўшы, што незнаёмыя двуногія жывёлы ідуць проста на іх, яны адбегліся далей. А схавацца на гэтым голым месцы, каб падкрасьціся зусім блізка, нельга было.
Пачалі радзіцца, як тут быць?
— Ці нельга будзе загнаць іх у якую-небудзь вузкую шчыліну? — прапанаваў Кос.
— Нічога іншага не застаецца, — згадзіўся Тойдо: — Пагонім вунь у тую цясьніну.
Абышлі з двух бакоў і асьцярожна пагналі. Праз некалькі хвілін альпагі былі загнаны ў вузкі доўгі калідор, адкуль ужо ніякага выхаду ня было.
Але, калі падышлі да канца цясьніны, альпагоў там ня было: яны зьніклі, нібы скрозь зямлю праваліліся.
— Куды-б яны маглі дзецца? Здаецца, ніякага выхаду няма? — дзівіліся мужчыны.
Але выхад быў: для горных жывёл досыць самых маленькіх прыступачак, каб прабрацца там, дзе, як кажуць, сам чорт нагу зломіць. Раззлаваныя паляўнічыя рашылі шукаць іх далей. Разгледзеўшы больш-менш зручнае месца, яны палезьлі ўверх: паперадзе — Тойдо, ззаду — Кос.
З аднэй пляцоўкі яны сапраўды ўбачылі альпагоў, але чамусьці з другога боку цясьніны. Значыцца, яны або абышлі навакол, або выбраліся з другога боку.
— Не, мусіць нічога ня будзе, — сказалі зьбянтэжаныя паляўнічыя.
Затое вышэй, над сваёй галавой яны заўважылі нешта другое. У прытульнай вынятцы скалы віднеўся нібы край гнязда, дзе відаць было, варушыліся птушаняты.
Тойдо і Кос пераглянуліся.
— Можа гэта будзе ня горш за альпагу?
Яны ведалі, што гэта ёсьць гняздо птушынага цара — кондора, найвялікшага арла ў сьвеце. Такая ахвяра для вадзянога духа магла-б быць яшчэ болей пачэсная, чымся іншая жывёла.
Кондор кінуўся на Тойдо.
І Тойдо зараз-жа палез уверх. Даступіцца да гнязда было вельмі цяжка. Кос з жахам глядзеў, як той чапляўся, рызыкуючы абарвацца кожны момант. Урэшце Тойдо дабраўся, але з-пад нізу, пад гняздом. Каб заглянуць у яго, трэба было перахіліцца назад і вісець над бяздоньнем.
У гэты момант уверсе пачуўся нібы сьвіст і разам з гэтым вялізная цень зацямніла сьвятло. Над галавой Тойдо кружыўся птах, крыльлі якога дасягалі блізка што трох мэтраў у размаху.
— Злазь хутчэй! — крыкнуў Кос, але было ўжо позна. З нейкім хрыпатым крыкам кондор накінуўся на Тойдо і дзюбануў яго у галаву. На шчасьце дзюба сьлізганула збоку і параніла толькі вуха.
Бараніцца Тойдо мог толькі аднэй рукой, але супроць гэтай птушкі такая абарона ня мела аніякага значэньня. Горш-жа за ўсё было тое, што Тойдо і думаць ня мог аб тым, каб злазіць. Аднэй рукой ён трымаўся за скалу, а другой адбіваўся нясупынна.
У такім становішчы нельга было пасунуцца ўніз ні на крок.
Кос мог дапамагчы толькі крыкам, а гэтым ня спудзіш такой птушкі. Вось яшчэ адзін удар у плячо: пацякла кроў… Адразу відаць было, што бяззбройнай рукой нельга адбіцца ад страшэннай дзюбы, кіпцюроў і крыльляў. Другая рука тымчасам пачала дрантвець, а перамяніцца ня было магчымасьці, бо ня было часу.
Тойдо ўжо добра разумеў, што набліжаўся канец, што праз хвіліну ён паляціць уніз, калі да гэтага кондор не разаб’е яму галавы…
А драпежнік усё кружыўся над галавой, усё вузей і шчыльней рабіліся кругі. Вось ён наляцеў апошні раз, ударыў Тойдо крылом і падрыхтаваўся канчаткова прадзяўбсьці галаву.
Сілы Тойдо ўжо скончыліся, надзея прапала. Апошні раз узмахнуў ён рукой і… ухапіўся за голую кондораву шыю; зараз-жа і другая рука сашчапілася вакол яе, — і абодвы ворагі паляцелі ў бяздоньне…
А Кос толькі рукі падняў уверх, ды так і застаўся стаяць увесь скамянелы.
Кондор цяперака ўжо думаў толькі аб сабе. Ён адчуваў, што рукі чалавека душаць яго і стараўся вырвацца і паляцець. Ён махаў сваімі магутнымі крыльлямі, але цяжар чалавека няўхільна цягнуў яго галавой уніз. Вось ужо і драпежнік пачаў траціць прытомнасьць, але з апошняй моцы ўсё махаў і махаў крыльлямі…
Калі Кос спусьціўся ўніз, ён убачыў абодвых ворагаў мёртвымі. Рукі Тойдо ўсё яшчэ сьціскалі шыю кондора.
Але праз хвіліну Тойдо заварушыўся, выпусьціў шыю і расплюшчыў вочы.
З радасным крыкам кінуўся да яго Кос, прыпадняў яго і пачаў пытацца, як ён сябе адчувае.
Тойдо зусім ачуліўся, пачаў кратаць сябе, але, апрача крыві ля вуха, раны на сьпіне ды тупога болю ў баку, нічога дрэннага не адчуваў і нават сам устаў.
І сапраўды, калі ня лічыць раны на сьпіне, праўда, досыць значнай, наогул ён зусім не пацярпеў. Ён спусьціўся з кондорам нібы на „парашуце“[1].
Дзякуючы таму, што кондор задушыўся не адразу і ўвесь час біўся і махаў крыльлямі, ён такім чынам затрымліваў паданьне і апусьціўся павольна. Такі выпадак мог здарыцца толькі з кондорам, які настолькі вялікі і дужы, што сам нападае на альпагоў, гуанакаў, ламаў і іншых кордылерскіх жывёл, сьпіхваючы іх у бяздоньне[2].
Кондор ляжаў, распасьцёршы свае чорныя з белымі канцамі крыльлі. Крэпкая кручкаватая дзюба, сьціснутая з бакоў, была адчынена і адтуль высоўваўся востры язык. Асабліва няпрыемны выгляд мела шыя, голая, мяснога колеру, з чырвонымі зморшчкамі скуры па бакох, а ля галавы нейкія жмуты ні то пер’я, ні то поўсьці.
Амыўшы раны лёдавай вадой, Тойдо зусім стаў бадзёрым, і яны весела павалаклі сваю здабычу да дому.
У гэты-ж самы вечар, пры сьвеце вогнішча, адбылося ахвяраваньне. Прывязалі каменьні да ног кондора, каб ён пайшоў на дно, паднялі на рукі, і Кос, нібы жрэц, сказаў прамову:
— Дух вадзяны! Уладар мора! Ня скрыўдзі бедных людзей, дазволь нам пакарыстацца з тваёй гаспадаркі. А ў знак нашай пашаны да цябе прымі ад нас гэтага цара птушак, якога мы здабылі, рызыкуючы сваім жыцьцём.
Цікава і жаласна было глядзець, як гэтыя дзеці прыроды рабілі сваё першабытнае набажэнства. Твары выглядалі сур’ёзна, урачыста, кожны адчуваў, што адбываецца вялікі момант, ад якога залежала іх далейшае спакойнае жыцьцё. Вакол сурова стаялі чорныя скалы, вада была таксама чорная, таемная; агонь адбіваўся ў ёй, асьвятляў ля берагу, але за некалькі крокаў было яшчэ больш таемна і жудасна. Вось заварушылася падводная лісьце: некалькі крабаў падпаўзьлі, каб падзівіцца на агонь. А там глыбей сядзіць „ён“, слухае і чакае ахвяры. Вунь там, здаецца, блішчаць яго зялёныя вочы…
Заплюхцела вада, бліснулі бырзкі — і ахвяра павольна пайшла на дно. Праз хвіліну ўсё сьціхла, зьнікла, толькі ўстрывожаныя хвалькі плюскаталі ля падножжа скал.
З палёгкай уздыхнулі людзі. Кожны быў упэўнены, што пасьля такога ўрачыстага ахвяраваньня дух ня будзе рабіць ім крыўды.
І сапраўды, пасьля гэтага яны ўжо ня бачылі страшыдла і амаль што забыліся аб ім.
— Я сказаў, што ахвяра дапаможа! — задаволена паўтараў Кос. Але гэта і так усім было ясна.
Спакойна спалі людзі на беразе, закапаўшыся ў свае скуры. Агонь пагас. Пачало сьвітаць. Наверсе ўжо стрэльнулі праменьні сонца, але тутака быў яшчэ змрок.
Вось ля берагу ў вадзе нешта заварушылася. Праз хвіліну з-пад вады высунулася нібы зьмяя, але без галавы. Мусіць таму яна папаўзла на бераг асьцярожна, няўпэўнена, нібы вобмацкам. Усё цела яе было пакрыта нейкімі нарастамі, якімі яна мацала тоё, да чаго дакраналася.
Вось яна абмацала голую нагу хлопчыка і зараз-жа абкруцілася вакол яе. Хлопчык праз сон ўздрыгануўся некалькі разоў, але не прачнуўся. А разам з гэтым з-пад вады выпаўзла на гэты раз ужо хутка і ўпэўнена другая зьмяя і абвінула другую нагу.
На гэты раз хлопчык прачнуўся і закрычаў. Паўскаквалі дарослыя і ўбачылі, што дзьве зьмяі цягнуць хлопчыка ў ваду. Ня доўга думаючы, Тойдо ўхапіў сякеру і перасек адну зьмяю.
Але ў гэты момант у вадзе нешта моцна плюхнулася, у паветры са сьвістам мільганула нібы пуга — і трэцяя зьмяя абкруцілася вакол шыі Тойдо. Спачатку ён пачуў, нібы яго апякло гарачае жалеза, а потым паступова пачало сьціскаць яго шыю.
— Кос! Рубі! — прахрыпеў Тойдо. Але Кос і бяз гэтага не драмаў. Мігам разрубіў ён гэтую зьмяю і думаў быў ужо ратаваць хлопчыка, як у паветры ўзьвілася чацьвертая зьмяя. Але ад яе пасьпелі адскочыць. Пакруціўшыся ў паветры, яна апусьцілася на хлопчыка. Абодвы мужчыны кінуліся дапамагаць, але…
— Чорт! Чорт! — закрычалі жанчыны, з жахам гледзячы ў ваду. Паглядзелі туды мужчыны, і сякеры вываліліся з іх рук…
З-пад вады, вылупіўшы свае вагромністыя вочы, глядзела на іх тая самая страшэнная галава, вакол якой у запасе яшчэ былі зьмеі.
— О, дух! Зьмілуйся над намі! — прастагнаў Тойдо і паваліўся ніц на зямлю. Кос і жанчыны зрабілі тое самае.
А тымчасам на іх вачох хлопчыка пацягнула ў ваду…
Праз некалькі хвілін два чаўны сьпешна выяжджалі ў мора. Няшчасныя людзі павінны былі ўцякаць з найлепшага прытулку, які толькі маглі мець. Уцякаць затым, што іх ашукаў „чорт“: прыняў ахвяру, як добры, а потым вось што нарабіў[3].
- ↑ Парашут — нібы парасон, які дае магчымасьць спускацца з вышыні павольна. Ім, напр., карыстаюцца лётнікі, калі ў вышыні папсуецца самалёт.
- ↑ Гуанако — падобна да альпагі, толькі поўсьць кароткая (апрача жывата). Лама — крыху нагадвае вярблюда, толькі значна меншая; яна служыць заместа коняй. Кордылеры — самыя вялікія горы (14.000 клм. даўжыні) па заходняму берагу абедзьвюх Амэрык.
- ↑ „Чорт“ гэты быў так званы спрут, або васьміног (дзеля таго, што ён маё 8 такіх ног-зьмеяў), які адносіцца да разраду малюскаў (мяккацелых). Ён зьяўляецца раднёй такой нікчэмнай жывёлы, як наш сьлімак, але сам часам дасягае 2.000 кілёграмаў вагі, а ногі часам бываюць да 10 мэтраў. Яны сустракаюцца ўсюды, але такія вялізныя бываюць рэдка. Яны настолькі страшэнныя і агідныя, што, здаецца, ні аб кім няма столькі апавяданьняў, колькі аб гэтых васьміногах.
