Перайсці да зместу

Сын вады (1928)/VI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
V. Мангава падарожжа. Зялёны востраў. Подласьць Нгара. Бура. Гудок. Чалавек у моры. „Людаед“ і „вышэйшая істота“ VI. На другі дзень. Мярцьвяк. Манг у капітанскім адзеньні. Пабудова лодкі. Ад‘езд. Параход прайшоў міма. Катастрофа. Перад тварам сьмерці. Пакінутая стаянка
Аповесьць
Аўтар: Янка Маўр
1928 год
VII. Дома „Чорт!“ Па ахвяру. Альпага. Барацьба з птушыным царом. Спуск на „парашуце“. Урачыстае ахвяраваньне. „Чорт“ ашукаў!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VI.

На другі дзень. — Мярцьвяк. — Манг у капітанскім адзеньні. — Пабудова лодкі. — Ад’езд. — Параход прайшоў міма. — Катастрофа. — Перад тварам сьмерці. — Пакінутая стаянка.

Манг прачнуўся рана і спачатку нават зьдзівіўся, убачыўшы новага чалавека. Хоць ён зараз-жа і прыпомніў усё, што адбылося ўчора, але ўсё-ж такі неяк дзіўна было і ня верылася, што гэта праўда. Вельмі ўжо нязвычайная гісторыя.

Але довад быў перад вачыма. Дзяўчына спала моцным сном на яго скуры, падагнуўшы пад сябе свае „блакітныя“ ногі. Сьветлае адзеньне, сьветлыя валасы, бялюткі, тонкі твар, — усё гэта пераконвала, што перад ім знаходзіцца сапраўды нязвычайная істота, блізка што боская. Праўда, даўно ўжо мінулі тыя часы, калі дзікуны лічылі белых за багоў, цяпер ужо наадварот — лічаць іх за чарцей. Але нашы фуіджынцы жывуць у такіх умовах, што ня мелі шчасьця, — або няшчасьця, — сустракацца з белымі і хоць ня лічылі іх за багоў, але павагу адчувалі вялікую. Прынамсі тыя, каму не траплялася мець з белымі стасункаў.

І Мангу прыемна было даглядаць і ахоўваць пекную „белую птушку“. Ён зараз-жа пабег шукаць ёй (зразумела, і сабе самому таксама) спажывы. Ён хутка налавіў сваіх звычайных чарапашак ды сьлімакоў і пайшоў быў назад. Але праз некалькі крокаў спыніўся, як укопаны: на вострым камені ляжаў чалавек у форме морскага афіцэра ці капітана. Мангу ня цяжка было здагадацца, што гэта з загінуўшага карабля. На гэты раз у яго нават мільганула думка ў тым сэнсе, што яму занадта ўжо будзе выхаванцаў.

Але падышоўшы бліжэй, ён адразу заўважыў, што чалавек мёртвы. Відаць, хвалі забілі яго аб скалы, бо чэрап быў прабіты і чарнеўся жудаснай, крывавай дзіркай.

Манг агледзеў яго, пакратаў, памацаў чорны мундзір з залатымі гузікамі і рознымі іншымі прычандаламі і тут-жа заўважыў на поясе дасканалы кінжал („корцік“). Гэта знаходка выклікала ў ім такую радасьць, што ў яго вырваўся крык задаваленьня.

Мігам выхапіў ён кінжал з ножан, павярцеў яго, пацмокаў, а потым захацеў узяць і ножны. А як яны былі прычэплены да пояса, то пачаў здымаць і пояс. Пасьля-ж гэтага яму прышла ў галаву вельмі разумная думка — зьняць і мундзір, бо голаму чалавеку ён будзе вельмі дарэчы.

Нарэшце, наш Манг апынуўся ў капітанскім мундзіры, хоць і бяз портак.

Які ён меў выгляд — уяўляйце сабе самі.

Падабраўшы сваё сьнеданьне, ён весела пайшоў „дадому“.

Дзяўчына тымчасам прачнулася. Азірнуўшыся навакол і прыпомніўшы ўчарашняе, яна сядзела з такім выглядам, нібы пыталася: што гэта — ці сон, ці сапраўднасьць? Што карабель загінуў, што човен, у якім яны ратаваліся, разьбіўся, — яна гэта добра ведала. Але потым яна, здаецца, трапіла ў рукі дзікуноў, а цяперака нікога няма, яна адна. Што гэта знача?

Тут яна ўбачыла, што да яе ідзе нейкае дзіўнае стварэньне ў мундзіры. Спачатку мільганула надзея, што гэта хто-небудзь з сваіх, што выратаваўся ад сьмерці, пацярпеўшы і абшарпаны, але хутка прышлося пераканацца, што гэта ўчорашні дзікун.

Адкуль-жа-ж ён узяў убраньне? Значыцца забіў і абрабаваў каго-небудзь з каманды?! А цяпер ідзе яе чарод!

Яна убачыла дзіўнае стварэньне ў мундзіры.

І зноў яна закрычала ад жаху і зашылася ў куток…

А Манг падышоў, весела сьмяючыся, вылажыў сваю здабычу і лагодна сказаў:

— Вось, еж.

Потым здагадаўся, што яна дзівіцца на яго адзеньне, і дадаў:

— Там ваш чалавек, мёртвы.

Пры гэтым ён аднэй рукой паказаў на мундзір, а другую працягнуў у той бок, дзе быў мярцьвяк.

Дзяўчына ня ведала, што і думаць. Усё казала за тое, што гэты дзікун, прынамсі цяперака, ня думае рабіць ёй нічога дрэннага. Што-ж адбылося там, куды ён паказвае?

Нарэшце, яна набралася адвагі, рашуча падышла да яго і пачала паказваць на мігі, каб ён павёў яе туды. Манг зразумеў і пайшоў.

Калі яны падышлі да берагу, яна ўсё зразумела. Жаль абхапіў яе сэрца, сьлезы паліліся з вачэй. Некалькі хвілін прастаяла яна, уяўляючы сабе увесь жудасны малюнак.

„Хто ведае? Можа, іх лёс лепшы за мой. Для іх, прынамсі, ужо ўсё скончана, а я…“ — думала яна праз сьлёзы.

Няпрыемна ёй яшчэ было, што чалавек ляжыць, як падла. Трэба было-б пахаваць яго. Але як гэта зрабіць? Тады яна пачала паказваць Мангу, каб спусьціць мерцьвяка ў мора. Манг адцягнуў яго ў ваду, і той ціха закалыхаўся на хвалях.

Дзяўчына адвярнулася і хутка пайшла назад, нібы ўцякаючы ад гэтага месца. Уражаньне было вельмі цяжкае, але разам з тым яна адчувала, што зусім перастала баяцца дзікуна. Яна пераканалася, што ва ўсіх адносінах паводзіны яго былі, як і кожнага добрага чалавека. Гэта быў ня зьвер які-небудзь, а самы звычайны слуга.

Дзівіла толькі яе, чаго ён тутака адзін? Няўжо-ж ён апынуўся таксама, як і яна? Значыцца, на гэтым востраве ім абодвым прыдзецца жыць можа шмат гадоў? А можа і да самай сьмерці.

Але пакуль што аб гэтым лепш ня думаць.

Ангельцы, як вядома, народ энэргічны, трывалы. Нават жанчыны, асабліва багатыя, з маленства гартуюць сябе спортам. І да нашай дзяўчыны хутка вярнуліся бадзёрасьць і энэргія. І адзнакай гэтага зьявілася тое, што яна адразу адчула, што страшэнна хоча есьці.

Але калі Манг прапанаваў ёй сваіх сьлімакоў, дык яна прышла ў жах, амаль не такі самы, як учора ад выгляду дзікуна. Манг і падсмажыў іх у попеле і сам пачаў есьці, выразна паказваючы, што вельмі смачна, але яна нават адвярнулася, каб ня бачыць.

Тады яна паказала, што хоча піць. Манг зараз-жа ўскочыў, пабег да мора, знайшоў вялікую чарапашыну і пабег з ёй шукаць вады. Добра яшчэ, што нядаўна быў дождж і знайсьці ваду было лёгка.

Нельга сказаць, каб прыемна было ёй піць ваду з брудных рук дзікуна, з нейкай чарапашыны, з нейкай лужыны, але нічога ня зробіш, трэба было прывыкаць.

Манг здагадаўся, што „белая птушка“ стравы яго ня любіць. Тады ён захацеў пачаставаць яе рыбай. Але гэтая справа была больш складаная. Ня маючы ніякіх прыладаў, трэба было знайсьці асабліва зручнае месца, дзе можна было-б загнаць рыбу ў куток, каб злавіць рукамі. А гэта не заўсёды здараецца. На ўсякі выпадак ён ізноў пабег да берагу.

Ён знайшоў больш-менш зручнае месца, але не такое вузкае, каб можна было спадзявацца злавіць рукамі. Тады ён зьняў свой… свае… як бы тут сказаць, ну, штаны, якія лепш было-б назваць поясам, альбо пояс, які замяшчаў яму штаны. З гэтай прыладай яму ўдалася налавіць маленькіх рыбак. О, каб толькі ведала „белая птушка“, якім спосабам Манг ловіць ёй рыбу!

Гэтай страве дзяўчына вельмі абрадавалася і нават сама пачала пячы ў попеле.

Толькі крывілася, што рыба была нячышчаная, у попеле, бяз солі ды бяз хлеба.

А Манг сядзеў перад ёй на карачках у сваім капітанскім адзеньні і цешыўся, што яна есьць.

— О рыба, добра, смачна, — паддаваў ён духу.

Як ні сумна было няшчаснай дзяўчыне, але кожны раз, зірнуўшы на гэтую постаць, яна не магла ўстрымаць усьмешкі, а цяперака дык і зусім расьсьмяялася. А задаволены Манг зарагатаў яшчэ болей.

Пасьля сьнеданьня Манг узяўся за сваю працу. Ён паказаў дзяўчыне свае жэрдкі і пачаў тлумачыць, што робіць кану, на якой яны абодвы паплывуць. Ён падышоў да вады, паказаў, як соваецца па вадзе човен, паказаў на дзяўчыну і махнуў рукой на мора, гаворачы на сваёй мове: „далёка, далёка“!

Прамова была вельмі выразная і зразумелая, толькі дзяўчына ніяк не магла ўявіць, які човен выйдзе з такіх жэрдак. Прыходзілася чакаць, што будзе.

Цяперака работа пайшла іначай: Манг меў добры кінжал, які мог служыць і сякерай, і нажом, і гэблям, і шылам. Была прыцягнута і дошка ад разьбітай лодкі. Манг ізноў захапіўся працай і забыўся аб голадзе.

Але паненка была галодная. Некалькі рыбак ды дажджавая вада не маглі ёй замяніць какавы, булкі, масла і іншых страў, да якіх яна прызвычаілася. Урэшце, яна ня вытрымала, падышла да Манга і, дакрануўшыся пальцамі да свайго рота, паказала, што хоча есьці.

Манг зараз-жа пакінуў работу і пайшоў клапаціцца аб абедзе. На гэты раз яму болей пашанцавала, бо акурат быў час адліву. Вада адышла ад берагу і пакінула на дне шмат жывёлак. Нават, у адным месцы засталася лужына, дзе была знойдзена досыць добрая рыба. Сама паненка захацела прыняць удзел у зборы ўраджаю, але спалохалася ракаў, хоць і лічыла іх за самую лепшую страву з усяго таго, што тутака было.

На гэты раз яна прыняла ўдзел у гатаваньні абеду. Для сябе самой яна і пачысьціла рыбу і памыла. А Манг пхаў, як яна ёсьць, выплёўваючы непатрэбнае.

Дзяўчыне вельмі брыдка было глядзець на свайго суседа, як ён еў усялякую погань, пэцкаў свой капітанскі мундзір. Яна адварачвалася ад яго, старалася не глядзець і чакала, каб ён хутчэй пайшоў на працу ды пакінуў яе адну. Часам ёй прыходзіла ў галаву думка: што сказалі-б яе знаёмыя, каб убачылі яе за „таварыскім“ абедам з дзікуном-людаедам?

Манг пайшоў працаваць, а паненка то адпачывала на мяккай коцікавай скуры, то шпацыравала сабе па востраве. Такім чынам ішлі дні за днямі. Манг біўся над сваім чоўнам, а паненка з нецярплівасьцю чакала, пакуль ён скончыць, ды нудзілася. Яна ніяк не магла прызвычаіцца да такой ежы, адчувала сябе дрэнна, схудала. Разам з гэтым прайшла і бадзёрасьць. Ёй пачало здавацца, што сядзіць яна тутака цэлыя гады і што, мусіць, ніколі ня выберацца адсюль.

Манг-жа, наадварот, быў вясёлы, энэргічны. Ён стараўся дагаджаць ёй на кожным кроку, абнадзейваў яе, што скора паедуць.

Але куды паедуць? Гэтага яны не маглі растлумачыць адзін аднаму і нават самім сабе. Дзяўчыне здавалася, што калі толькі яны ад’едуць ад гэтага праклятага вострава, дык сустрэнуць які-небудзь карабель. А Манг і сам сабе не ўяўляў, што ён будзе рабіць з ёй. Ведаў толькі, што трэба вярнуцца дадому, адамсьціць Нгара ды адабраць лодку, бо гэта, якую ён робіць, будзе значна горшая. А потым ужо ізноў можна будзе думаць, як даехаць да белых, асабліва, калі ён павязе да іх гэтую дзяўчыну.

Але справа была вельмі марудная. Як-ні-як зьвязаць жэрдкі ён пасьпеў праз два дні, але засталося самае галоўнае: абшыць іх. А гэта была зусім іншая праца. Тоўстых дрэў ня было, прыходзілася сшываць маленькія кавалачкі кары, а яны былі тонкія, нямоцныя, разрываліся. Прыходзілася складваць у некалькі столак, латаць дзіркі, а потым латаць латы і г. д.

Дзяўчына ўжо ўразумела, якім чынам Манг хоча зрабіць човен, але, прыгледзеўшыся да гэткай працы, яна зусім страціла надзею, што з гэтага што-небудзь выйдзе.

Манг-жа не сумаваў, а ўсё ляпіў ды ляпіў кавалачкі. Тады і паненка пажадала дапамагчы. Манг вельмі абрадваўся.

— Добра, добра. Цяпер будзе хутка. Белая птушка, — добрая дзяўчына, — казаў ён.

Але зарана Манг парадаваўся: у „белай птушкі“ нічога ня выходзіла.

Аднак яна добра ведала, што ад гэтага таксама залежыла і яе жыцьцё і, сьцяўшы зубы, працавала далей. Праз некаторы час выявілася, што ў такой справе нават паненскія рукі могуць прынесьці карысьць.

Некалькі разоў ёй здавалася, што ўся гэта праца дарэмная, што нічога ня выйдзе, але кожны раз упэўнены выгляд Манга надаваў надзею.

Так цягнулася цэлых тры тыдні. Некалькі разоў зьмянялася надвор’е. Ізноў прышлося перажыць і вецер, і дождж, і буру. Сьветлая дзяўчыніна сукенка прыняла дзікунскі выгляд. Блакітныя панчошкі парваліся (пасьля чаго Манг убачыў, што гэта быў ня колер скуры). Але здароўе яе захавалася, хоць яна і перайшла з панскага на дзікунскае жыцьцё.

Вызначаліся і адносіны іх між сабой. Паненка даўно ўжо забылася, што яна знаходзіцца „ў лапах людаеда“. Для яе гэта быў звычайны жоўтаскуры слуга, якіх нямала ёсьць і ў іх у Лёндоне. Яе ўжо ніколькі ня дзівіла, што ён прыслугоўвае ёй, даглядае, ахоўвае. Як-жа-ж іначай можа быць? І яна распараджалася ім, як слугой. Нават некалькі разоў ужо злавала ня яго, крычала, раздражнялася, што ён ці нязграбны, ці дурны.

Манг нічога гэтага не разумеў, нават знаходзіў цікавым. Ён так яе паважаў, што яму ніколі і ў думку ня прыходзіла раўнацца з ёй. Ён быў задаволены ўжо адным тым, што вядзе блізкае знаёмства з такой асобай, якіх яго аднапляменьнікі, дый то ня ўсе, маглі бачыць толькі здалёку.

Нарэшце прышоў час, калі лодка была спушчана на ваду. Праўда, яна была ненадзейная, нязграбная, але Манг зьзяў ад шчасьця, гледзячы на сваю працу.

Недаверліва ўвайшла ў човен паненка. Быў момант, калі яна гатова была лепш застацца тутака і чакаць ратунку, чымся рызыкаваць ехаць на гэтай няшчаснай прыладзе. Але ніякага іншага выхаду ня было.

Нацярпелася яна страху, пакуль выехалі з рыфаў. Кожны момант ёй здавалася, што вось-вось човен перакуліцца або распаўзецца. Супакоілася толькі тады, калі выехалі ў спакойныя каналы між высокіх скал.

Першую ноч прышлося пераначаваць у чоўне пад высокай скалой. Для дзяўчыны гэта было пакутай.

Назаўтрае паехалі далей. А поўдні неспадзявана пачуўся… звон! Сапраўдны звон, якім азначаецца час („склянкі“) на караблёх. Пачуўся ён па-за скалою, направа. Значыцца, там ішоў карабель!

Замітусілася паненка, захвалявалася.

— Туды! Туды! — пачала яна крычаць і паказваць рукою.

Манг і сам зразумеў, паехаў у абход. Але адразу стала відаць, што справа дарэмная. Лодка паўзла надта павольна, а скала, як на злосьць, была доўгая.

Дзяўчына ўскаквала, пагражаючы перавярнуць човен, ламала рукі, плакала, крычала пасвойму: „хутчэй! хутчэй!“

Калі аб’ехалі скалу, дык убачылі далёка-далёка чорную кропку і дымок… А дзяўчына з жалосным стогнам павалілася на спод чоўна…

Але няма ліха без дабра. Паваліўшыся на спод, яна трапіла ў халодную ваду і адразу апамяталася. На жаль, на гэтым дабро і скончылася. Паўстала новая бяда, нават большая за тую, што параход прайшоў міма.

Аказваецца, калі Манг сьпяшаўся да карабля, ён так напружваўся, так упінаўся ў лодку, што яна ня вытрымала і распаўзлася. Манг кінуўся затыкаць дзірку, але ад гэтага шоў яшчэ болей пачаў разыходзіцца.

Настаў крытычны момант. Але Манг не зьбянтэжыўся. Хутка зірнуў на сьцяну, убачыў за некалькі крокаў невялікую прыступку і накіраваў туды човен. Падплыў ён туды ўжо поўны вады. Манг выскачыў на скалу і выцягнуў дзяўчыну, якая была ўжо па пояс у вадзе. Ён нават не забыўся затрымаць і човен каторы хоць і быў поўны да берагоў, але трымаўся на вадзе.

Такім чынам нашы падарожнікі апынуліся яшчэ на горшым востраве, чымся раней. Яны стаялі на вузкім выступе скалы, дзе нават сесьці было цяжка, а за сьпіной уздымалася сьцяна.

А навакол было так прыгожа і спакойна. Мора яскравілася пад паўднёвым сонцам, аніводнай хвалі ня было на ўсім абшары. Чорныя скалы, нібы нейкі натоўп, стаялі сур’ёзна і спакойна. Толькі птушкі спрачаліся там наверсе.

Дзяўчына стаяла нярухомая і глядзела наперад так, нібы ёй было ўсё роўна, чым-бы гэта ні скончылася.

Затое Манг напружана думаў. Спачатку ён агледзеў скалы, каб знайсьці пакуль што лепшае месца. Але нічога добрага не заўважыў. Потым ён уважліва, бліскучым узрокам, пачаў углядацца наперад.

Там, кілёмэтраў за восем, быў іх дом. Ён нават бачыў уваход у затоку. Тамака яго радня, там кану. Так мала заставалася ехаць, і вось гэтае няшчасьце! Няўжо-ж прыдзецца загінуць пад бокам ля сваіх? Нават выцягнуць кану няма куды, каб хоць абыяк паправіць яе.

Застаецца толькі адно — плысьці туды.

І ён пачаў тлумачыць дзяўчыне, што хоча плысьці туды. Ён паказаў рукой на човен і працягнуў руку туды, што, значыцца, там ёсьць лодка. Потым паказаў, нібы ён сам плыве туды і, урэшце, вельмі шчыра і выразна стаў паказваць, што ён вернецца і возьме яе.

Дзяўчына ўразумела, але выдумка гэта ніколечкі не парадвала яе. Адкуль і якую лодку ён знойдзе? А калі ёсьць, ці даплыве ён? Лепш было-б загінуць разам. Усё-ж такі побач, хоць дзікун, але жывы чалавек.

Манг тымчасам зьняў свой мундзір і падперазаўся поясам з кінжалам. Потым бадзёра зясьмяяўся ёй, кінуўся ў ваду і хутка паплыў.

Крок за крокам, павольна, але бязупынна ён пасуваўся ўсё далей і далей. Вось толькі ледзь чарнеецца галава, вось і яна зьнікла ў бліскучым прасторы. А дзяўчына стаяла, сачыла і ўсё яшчэ не магла ўразумець, ці гэта к лепшаму, ці к горшаму.

А дзяўчына стаяла і сачыла.


А дзяўчына стаяла і сачыла.

Пацягнуліся для яе сьмяротныя гадзіны, бясконцыя, безнадзейныя. І сапраўды, якую надзею яна магла мець? Яна ня ведала, куды ён паплыў, што ён мае на ўвазе. Ня ведала, колькі часу магло прайсьці, пакуль ён вернецца, калі наогул вернецца. А надзеі на гэта вельмі мала: папершае — ён сам можа загінуць, падругое — можа не знайсьці ніякага чоўна, патрэцяе — можа знайсьці праз некалькі дзён, пачацвертае — можа і зусім ня вернецца. Ці можна спадзявацца на дзікуна?

Значыцца, трэба рыхтавацца да сьмерці. Як заўсёды бывае ў такіх выпадках, перад ёй прайшло ўсё яе жыцьцё. Бацька яе быў багаты ангельскі капіталісты. Паміж іншым, ён меў у Чылі вялікае прадпрыемства па здабыцьцю медзі. Жылі яны ў Лёндоне, але апошні год бацька быў прымушаны пражыць у Чылі па справах прадпрыемства. К гэтаму часу міс Грэт, — так звалася дзяўчына, — скончыла сваю адукацыю і захацела праехацца да бацькі, каб паглядзець сьвету.

І вось, заместа гэтага, яна стаіць тутака адна, на голай скале і чакае сьмерці…

Так прайшоў дзень, падышоў вечар. Ужо некалькі разоў казала яна сама сабе, што трэба скончыць пакуту і самой кінуцца ў ваду, але ўсё адцягвала. Хоць у думцы яна не спадзявалася ні на што, але недзе глыбока ў сэрцы ўсё-ж такі трымалася надзея.

— А можа?.. Пачакаю яшчэ крыху, пакуль яшчэ можна.

Вось ужо і ноч. Аніводнага гуку навакол. Напружанае вуха прыслухоўвалася, лавіла нібы плёскат. Можа ён едзе? Не, нічога ня было…

А Манг усё плыў і плыў. Зморыцца, адпачне на сьпіне і зноў плыве. Добра яшчэ, што мора ціхае. Вось ужо і ўваход. Адзін заварот, другі — і перад ім жаданы куток, іх часовы дом.

Крыкнуў ён, каб даць знаць сваім. Рэха пакацілася між ціхіх стромкіх скал, але іншага адказу ня было. Ізноў крыкнуў — таксама нічога. Манг адразу адчуў, што ён захаладзеў і ня можа рухацца.

Напружыў апошнія сілы, увайшоў у сярэдзіну, азірнуўся — нічога няма! Нават „гаспадаркі“ на беразе няма: значыцца выехалі не часова, а назаўсёды.

Ледзь жывы выбраўся ён на знаёмую пляцоўку і паваліўся ня зямлю…