Сын вады (1928)/IX
| ← VIII. Чаканьне. Нгара! Барацьба ў вадзе. І „чорт“ умяшаўся! Сьмерць пад рогат. Вандраваньне з паненкай. Спатканьне са сваімі | IX. Па ягады. О́на! Гуанако падвёў. Адступленьне. Зьнікненьне „белай птушкі“. Ізноў Манг выратаваў. Карабель. Урачыстае спатканьне „капітана Манга“ Аповесьць Аўтар: Янка Маўр 1928 год |
X. Праз чатыры гады (пасьляслоўе) → |
IX
Па ягады. — О́на! — Гуанако падвёў. — Адступленьне. — Зьнікненьне „белай птушкі“. — Ізноў Манг выратаваў. — Карабель. — Урачыстае спатканьне „капітана Манга“.
Гэты бераг можна было лічыць мяжой, за якой пачыналіся лясныя абшары. Чым далей на ўсход, тым багацей рабіліся лясы. А сярод іх уздымаліся сьнегавыя горы.
Хоць гэты край знаходзіцца і досыць далёка ад роўніка (55°), але большасьць дрэў і кустоў зелянеюць увесь год. Часьцей за ўсё сустракаецца бук — невялікае дрэва з меленькім, жорсткім, але пахучым лісьцем. Звычайна ўсё лісьце зьмяшчаецца на канцох галін, і здалёку такі бук нагадвае італьянскую хвою.
Асабліва-ж радуе вока магнолія, з бліскучым, нібы тлустым лісьцем. Прыгожа выглядаюць адтуль белыя кветкі, нібы нашы балотныя лялеі. Кара гэтага дрэва ўжываецца тутака, як лякарства, супроць розных хвароб.
Дзе-ні-дзе поперак дарогі трапляліся вялізныя дрэвы, што паваліліся ад старасьці. На іх зараз-жа накінуліся і абляпілі з усіх бакоў чужаедныя расьліны — мох, лішайнік, розныя нарасты і, паміж іншым, грыбы. Гаспадыні не абмінулі гэтых грыбоў і набралі ў свае торбы.
Але-ж затое ўсю музыку псуе калючы хмызьняк — „калафата“. Колькі пацярпелі нашы падарожнікі ад яго калючых шыпоў! Нават дзеля гэтага хацелі вярнуцца назад, але Манг хутка вывеў усіх на шырокую сьветлую паляну, дзе ўжо натрапілі на ягады, падобныя да нашай маліны.
Пакуль жанчыны зьбіралі ягады, Манг, як адказны начальнік атраду, адышоў далей, каб паглядзець, ці няма якой-небудзь небясьпекі. Прайшоўся ў кірунку да сярэдзіны вострава, павярнуў направа, — і раптам заўважыў, што над лесам уздымаецца дымок.
Ля вогнішча былі відны постаці людзей.
Манг спыніўся і задумаўся. Што рабіць? Ці бегчы назад, папярэдзіць жанчын і ўцякаць разам з імі, ці спачатку даведацца, што там такое? Нарэшце, ён выбраў апошняе, бо сорамна было ўцякаць нямаведама ад чаго. І ён пачаў красьціся наперад.
Доўга ён пасуваўся, як цень, пакуль убачыў прасьвет, праз які ўжо было відаць вогнішча і постаці людзей. Потым лёг на зямлю і пачаў паўзьці. Праз некалькі хвілін ён ужо мог разгледзець чатырох мужчын, якія сядзелі ля вогнішча на беразе ручая. Гэта і былі „о́на“.
Хоць Манг раней і не сустракаўся з імі, але пазнаў іх з бацькавых расказаў, якія ён чуў з маленства. Такімі ён сабе і ўяўляў іх: высокімі, дужымі, суровымі. На бронзавае цела была накінута шырокая накідка, пашытая са скур гуанако, лісіцы і пацукоў, а побач ляжалі лукі, стрэлы, пікі.
Ня гледзячы на дзень, цішыня была надзвычайная, бо ў гэтых лясох амаль што зусім няма лясных птушак, а таксама жукоў, мух і іншых казюлек, якія так гудуць у нас. Гэта дало Мангу магчымасьць пачуць некалькі слоў іх гутаркі. Але зразумець усяго ён ня мог, бо ў о́на свая асобная мова. Ва ўсякім разе досыць было таго, што Манг пачуў слова „фуіджы“ ды ўбачыў некалькі злосных рухаў рукой у кірунку да берага. Значыцца, гаворка ішла аб іх і не абяцала нічога добрага.
Неспадзявана ззаду ад Манга пачуўся шолах, трэск, тупат. Манг азірнуўся і ўбачыў гуанако. Яно належыць да тэй самай пароды, што і альпага, але адрозьніваецца кароткай поўсьцю, доўгай тонкай шыяй, доўгай расьсечанай верхняй лупай і вялікімі вушамі.
Гэты шум таксама пачулі і о́на. Яны заціхлі, схапілі сваю зброю і ціханька папаўзьлі проста да Манга…
Манг абамлеў. Уцякаць было дарэмна: — яны ўсё роўна дагоняць яго. Хавацца было позна самы нязначны рух выкрые яго. Адным словам, гэты пракляты гуанако загубіў яго!
А о́на тымчасам набліжаліся да яго. Ляжаць на месцы і чакаць, пакуль на яго натрапяць, было немагчыма, і Манг як мага хутчэй пасунуўся ўбок. Гуанако між тым быў зусім блізка ад яго. Убачыўшы чалавека, жывёла спалохалася і кінулася ў другі бок. І гэта выратавала Манга.
Само па сабе зразумела, што ўся ўвага о́на накіравана была на жывёлу. Яны папаўзьлі за ёй, а праз некалькі хвілін, убачыўшы, што гнацца дарэмна, вярнуліся назад. А Манг тымчасам пастараўся борзьдзенька зьнікнуць.
Праз некаторы час уся сям’я вярнулася дадому.
Але там нікога ня было: ні бацькоў, ні белай дзяўчыны. Не хапала і аднаго чаўна. Значыцца, яны на ім паехалі. Але куды? Чаму?
— Можа тутака ўжо былі гэтыя о́на? — з жахам сказала маці.
— Не, — упэўнена супакоіў Манг: — тады ўсё было-б парабавана, а цяпер, бачыш, нават „кану“ засталіся. Бяда толькі ў тым, што часу нельга марнаваць. Ці скора яны вернуцца?
Усім здавалася, што вось-вось зьявяцца ворагі. Жанчыны пачалі ўжо зносіць рэчы ў пакінутыя два чаўны.
Нарэшце з заварота паказаўся човен, але ў ёй сядзелі толькі Тойдо і Кос. Манг пачаў трывожыцца. Што магло здарыцца з дзяўчынай?
— Хутчэй! Хутчэй! — крычалі з берага жанчыны. — — О́на! О́на!
Гэта слова ўстрывожыла мужчын. Пад’ехаўшы, яны зараз-жа пачалі пытаць, у чым справа, але Манг, заместа адказу, запытаў, дзе дзяўчына.
— Ня ведаем, — адказалі яны. — А дзе і колькі о́на вы бачылі?
— Чатыры чалавекі, на адлегласьці дзьвюх гадзін, — казаў Манг. — А дзе была Белая Птушка, калі вы паехалі?
— Мы яе тутака пакінулі, — сказалі мужчыны. — Ці не заўважыў ты, якія намеры яны маюць?
— Відавочна, варожыя, бо грозна казалі слова, „фуіджы“, — адказаў Манг. — Можа бачылі вы, у які бок яна пайшла?
— А на якое ліха яна нам здалася! — крыкнуў раззлаваны Тойдо. — Тутака для нас больш сур’ёзная справа: тутака ўсім нам пагражае небясьпека, Гэтыя паганыя о́на спрадвеку занялі найлепшыя месцы і сьцерагуць іх, як сабакі, нават і тады, калі і самім ім непатрэбна. Каб мы былі разумнейшыя, ды сабраліся ўсе разам…
— Ну, не храбрыся, Тойдо, — перабіў Кос. — Калі гэта яшчэ будзе, а покуль што нам самім трэба хутчэй ехаць.
— А я не паеду, — рашуча сказаў Манг.
— Што?! — вытарапіў вочы бацька: — Чаму? Што ты тутака будзеш рабіць?
— Шукаць Белую Птушку, — спакойна адказаў Манг.
— Дурны! Што ты адзін зробіш? Цябе о́на заб’юць!
— Аднаму яшчэ лепш. Я схаваю кану ў гушчары, а сам буду чакаць, пакуль яна прыдзе, а калі ня прыдзе, адшукаю яе.
Тойдо і Кос зірнулі адзін на аднаго і паціскалі плячыма.
— Ды нашто яна табе? — ізноў сказаў Тойдо.
— Я яе выратаваў ад сьмерці і абяцаў адвезьці да белых. Шкода, калі яна загіне ў апошнюю хвіліну. Нядобра будзе так пакінуць яе, нават ня спробаваўшы выратаваць.
— А можа яна наўмысьля ўцякла ад нас? — сказаў Кос.
— Гэтага ня можа быць, — упэўнена адказаў Манг: — Белая Птушка занадта слабая і далікатная для такой справы.
Трэба дадаць, што Манг шкадаваў сваю „птушку“, як дзіцянё шкадуе сваю ляльку ці іншую прыгожую цацку. Рэч была такая рэдкая, прыгожая і цікавая ў іх жыцьці, што задарма губіць яе было шкода. А калі прыняць пад увагу, што праз яе ён спадзяваўся ўвайсьці ў зносіны з белымі, дык тады ўжо зусім варта было рызыкнуць.
Тымчасам зборы ў дарогу былі скончаны. А Манг пачаў цягнуць сваю кану на бераг.
Тойдо і Кос убачылі, што Манг не жартуе, што ён сапраўды застаецца. Сваёй „птушкі“ ён тутака ня знойдзе, а толькі сам напэўна загіне. Значыцца, уся іх справа дасьць зусім ня тыя вынікі, на якія яны спадзяваліся. Крыху парадзіўшыся, яны хутка прышлі да перакананьня, што прыдзецца сказаць Мангу, дзе яго „птушка“.
— Вось што, Манг, — сказаў тады Тойдо: — белай дзяўчыны ты тутака ня знойдзеш. Згодна яе жаданьню, мы адвезьлі яе бліжэй да шляху белых і пакінулі яе тамака на адным востраве.
— Дык яна-ж загіне там! — ускрыкнуў Манг.
— Можа хто-небудзь падбярэ, — сказаў Кос, гледзячы ўбок.
— Я тады сам адвязу яе, — горача сказаў Манг. — Дзе яна?
— Сядай у кану, мы табе пакажам.
Праз хвіліны тры чаўны ехалі ў той бок, адкуль толькі што вярнуліся Тойдо з Косам. Не даяжджаючы да таго вострава, дзе была пакінута дзяўчына, Тойдо спыніўся і сказаў Мангу:
— Вунь тамака яна за тэй скалой. Едзь сабе далей адзін, забірай сваю „птушку“ і вязі яе на шлях белых. Вяртайся хутчэй назад. Мы будзем ля „Вострава Пінгвінаў“.
І Манг паехаў далей адзін.
А няшчасная міс Грэт ізноў апынулася ў бязвыхадным становішчы, на гэты раз, здавалася, канчаткова. Калі Манг з жанчынамі пайшлі ў лес, да яе падышлі Тойдо і Кос і на мігі сталі казаць, што ёй трэба ехаць туды, да белых. Яны нават паказалі, як ідзе і гудзе параход. Сэнс іх размовы яна ўразумела, але яе вельмі дзівіла, чаму гэта яны робяць, а ня Манг, ды яшчэ ў адсутнасьці Манга.
Яна інстынктам адчула, што справа тутака нячыстая і пачала адмаўляцца. Тады мужчыны ўхапілі яе сілком і пасадзілі ў лодку. Цяпер ужо зусім стала ясна, што яе вязуць на сьмерць. Яна пачала біцца, плакаць, крычаць, але ёй зачынілі рот. Нарэшце яна выбілася з сіл, самлела, і ў такім выглядзе яе давязьлі да невялічкага астраўка і высадзілі на бераг.
Калі яна крыху ачулілася, то ўбачыла, што ляжыць адна на беразе пад скалой. Зараз-жа прыпомнілася ёй, як яна стаяла тады на скале. Таксама падыходзіў вечар, таксама гола было навокал, таксама спакойна плюхалася мора, таксама ўперадзе была сьмерць. Толькі на гэты раз ня было ўжо надзеі, што прыедзе Манг…
І вось, нібы праз сон, убачыла яна, што пад’яжджае човен, а ў ім капітанскі мундзір.
— Манг?! — крыкнула дзяўчына шчасьлівым голасам, працягнула рукі і засьмяялася.
Усьміхнуўся і Манг, але потым з дакорам стаў вымаўляць:
— Чаму Белая Птушка ўцякла ад Манга? Ён сам павёз-бы яе да белых. А так ты загінула-б тутака!
Як зьдзівілася-б дзяўчына, калі-б магла ўразумець, што ён кажа! Але гэта ёй ня шкодзіла. Досыць было таго, што яна ізноў выратавана і на гэты раз напэўна паедзе насустрач караблю. Манг выразна паказаў, што яны не паедуць назад да бацькоў, а накіруюцца туды, да шляху белых.
Пацягнуліся дні бадзяньня па Магелянавай пратоцы. Дні больш цяжкія і галодныя, чымся раней, бо нельга было адлучацца ад дарогі, каб пашукаць лепшага месца і спажывы. А навокал голыя і няпрытульныя скалы. Пяць дзён прышлося начаваць у чаўне.
Але-ж затое кожны дзень быў поўны надзеі. Тут ужо сапраўды можна сказаць, што дзяўчына ўсе вочы прагледзела, чакаючы карабля. Не адставаў ад яе і Манг. Вось, здаецца, за скалой забялеўся парус або дым. Сэрца дзяўчыны гатова выскачыць з грудзей. Але гэта ўзьляцелі птушкі… Вось далёка нешта зачарнелася, плыве. Але гэта, ня вельмі далёка, плыве— Манг?! — крыкнула дзяўчына шчасьлівым голасам.
І вось на шосты дзень на кругавідзе сапраўды задыміўся параход. Ці можна апісаць, што адчула міс Грэт? Пагражала нават небясьпека, што яна сканае ад разрыва сэрца. Нельга было-б сказаць, што больш яе хвалявала: ці радасьць сустрэчы, ці боязьнь, што яны не патрапяць, што карабель абміне іх, як тады… Але цяпер яны ўжо мелі досыць часу, каб стаць якраз на дарозе.
Карабель набліжаўся. Дзяўчына на чаўне так мітусілася, што некалькі разоў ледзь не перакуліла яго. Для большай упэўненасьці яна адарвала рукаў свайго і бяз гэтага парванага адзеньня і пачала ім махаць.
Але там і самі праз біноклі заўважылі нязвычайных пасажыраў: нібы эўропэйскую жанчыну, падобную да дзікай, і дзікуна, апранутага ў эўропэйскае адзеньне.
Вось карабель прыпыніўся. Спусьцілі сходні. Ля краю згрудзілася зацікаўленая публіка. Ля волата-карабля бездапаможна кідалася муха-лодка. З вялікім усілкам Манг накіраваў яе да сходняў. Вось Белая Птушка ўчапілася за вяроўкі і палезла ўверх. У Манга ажно дух заняло, калі ён падняў галаву і зірнуў на гэту будыніну. Што-ж павінна быць там у сярэдзіне? Ці дазволяць і яму ўзьлезьці, паглядзець?
Агульная ўвага, спачуваньне і цікаваёьць сустрэлі дзяўчыну на караблі, але ня меншай увагай карыстаўся і фацэтны дзікун у капітанскім мундзіры.
— Гляньце, які капітан! Ха-ха-ха!
— Хоць і бяз майтак!
— Ах, які ён цікавы! — пляскалі рукамі пані і паненкі.
Манг усё не рашаўся, ці лезьці яму адразу, ці не. Ды і боязна неяк. Тут ён убачыў, што Белая Птушка схілілася зьверху, ласкава сьмяецца і ківае яму галавой.
— Мой добры Манг! — казала яна. — Дзякую табе! Бывай здароў і шчасьліў! Выбачай, што нічога ня маю, каб цябе ўзнагародзіць.
Пачуўшы гэтыя словы, публіка з параходу пачала кідаць яму розныя рэчы. Але, на дзіва, Манг ня кінуўся за імі: ён зразумеў, што Белая Птушка ласкава запрашае яго, асьмялеў і ўхапіўся за сходні.
— І ты хочаш ехаць? — сказала дзяўчына: — Ну, добра. Я буду вельмі рада, мой верны Манг.
І, зьвярнуўшыся да капітана, яна сказала:
— Дазвольце і яму сесьці. Мы заплоцім за праезд. Гэты чалавек выратаваў мяне ад сьмерці.
Зразумела, капітан згадзіўся, — і праз хвіліну на палубе сярод шырокага кола пасажыраў зьявіўся Манг у сваім убраньні… Ня дужа артыстых магло-б пахваліцца такім посьпехам, які спаткаў Манга. Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустэльнай пратоцы і адбіліся рэхам між дзікіх скал і цясьнін.
А Манг стаяў пасярэдзіне, апусьціўшы рукі, неяк крыва ўсьміхаўся і ня ведаў, на што дзівіцца: ці на фацэтных людзей у нязвычайным адзеньні, ці на дзіўнае абсталяваньне, ці на страшную трубу з дымам, ці на ўздрыгі і грукат кану-зьвера, які ўжо пачаў рухацца наперад.
— Ахвярую капітану Мангу нестарчаючую частку адзеньня! — крыкнуў адзін вясёлы паніч і праз хвіліну прынёс яму… нагавіцы. Узьдзелі іх і зноў пакаціліся ад сьмеху. Сярод аднастайнай, нуднай дарогі гэта здарэньне прынясло людзям некалькі хвілін забавы. А потым забыліся і зноў пачалі нудзіцца.
Праз некалькі хвілін пратока апусьцела. Як і раней, варушылася вада, як і раней, моўчкі стаялі суровыя, чорныя скалы, як і раней ніякіх адзнак чалавека.
Толькі сярод вады сіратліва хістаўся кану. На сподзе яго курылася галавешка, побач валяліся скуры і тырчэла вясло з пікай.
У паветры праразьліва крыкнула чайка, пакружылася над чоўнам, некалькі разоў праляцела над ім так нізка, што нават дакранулася крылом, а потым спакойна ўселася на краі…


