Сын вады (1928)/IV
| ← III. Вандраваньні Манга. Нязвычайнае войска. Бойня. Напіліся крыві. Няпрыемная ноч | IV. Новая стаянка. Падводны лес. Выгоды на 100 проц. Непажаданы сусед Аповесьць Аўтар: Янка Маўр 1928 год |
V. Мангава падарожжа. Зялёны востраў. Подласьць Нгара. Бура. Гудок. Чалавек у моры. „Людаед“ і „вышэйшая істота“ → |
IV.
Новая стаянка. — Падводны лес. — Выгоды на 100 проц. — Непажаданы сусед.
Большасьць фуіджынцаў трымаецца ў паўднёвай частцы архіпэлягу (згуртаваньне астравоў), куды ніхто з чужых не заглядае. Нельга сказаць, каб яны так ужо баяліся выпадковага падарожніка. З гэтым зьвязана другая справа: там, дзе ня бывае белых людзей з іх стрэльбамі, там звычайна зьбіраюцца розныя жывёлы, асабліва птушкі. А сярод іх знойдуцца і смачнейшыя за пінгвінаў.
Але Манг усё імкнуўся на поўнач, бліжэй да белых. Хоць нідзе іх тутака ня было, але ўсё-ж такі Манг ведаў, што яны жывуць у гэтым кірунку. Прынамсі, іхнія караблі праяжджалі толькі тутака. Пасьля тэй сустрэчы яму аднаму яшчэ раз удалася бачыць карабель, але здалёку, — бліжэй ён не пасьпеў пад’ехаць.
У гэтым-жа кірунку, за Магелянавай пратокай, ён натрапіў на адзін куток, які на доўгі час мог служыць „домам“ для яго бацькоў. Гэта была маленькая затока, нібы вазярцо, так агароджанае скаламі, што ні вецер, ні хвалі не дасягалі сюды. У гэтых адносінах куток быў падобны да таго возера, куды яны езьдзілі за драўмі, толькі гэты быў значна меншым і больш прытульным, цёплым.
— Асабліва тутака павінна быць добра ўзімку, — казаў ён бацьком.
Гэты куток яны і абралі сваім домам. Знайшлася там нават пляцоўка, куды яны паклалі лішнія рэчы і дзе маглі спаць. Толькі для гэтага прышлося прагнаць птушак, якія чамусьці асабліва лезьлі сюды. А за некалькі крокаў зьверху працякаў ручаёчак прэснай вады. Адным словам, хата была са ўсімі выгодамі.
Апрача ўсяго гэтага выявілася, што пад імі ў вадзе расьце нібы лес, а ў гэтым лесе нязьлічонае мноства „дзічыны“.
Першы раз заўважылі гэта ў час адліву. Калі вада зьнізілася, у ёй паказалася гальлё, распасьцёртае ўшырыню. Гэта ня была морская трава, а сапраўднае дрэва, з галінамі, таўшчынёю з руку, і з доўгім вузкім лісьцем. Гэта лісьце, даўжынёю ў мэтр, варушылася, выгіналася, нібы зьмеі. Гальлё так разраслося, што стварыла падводны гушчар ва ўсёй затоцы.
А між тым, гэта было ўсяго толькі адно дрэва, са ствалом у поўмэтра таўшчыні[1].
Калі зачапілі і прыпаднялі адну такую галіну, дык на ёй знайшлі столькі рознага дабра, што ў нашых людзей аж сьліна пацякла з рота. Чаго толькі тут ня было? Чарапашкі, малюскі, маленькія ракі, мядузы, анэмоны, розныя чарвячкі, — адным словам, усё тое, чым любілі ласавацца нашы фуіджынцы.
— Глядзеце! Глядзеце! І крабы! — весела закрычалі дзеці. Сапраўды, у разгалінаваньні гэтага дрэва разьмясьцілася цэлая сям’я крабаў. Стары краб злосна пазіраў і адчыняў свае страшэнныя клюшні, але зараз-жа яго ўхапілі і разьбілі аб човен.
— Яшчэ адзін! — крыкнуў Кос і зьняў другога. Потым знайшоўся і трэці.
Гэтыя вялізарныя ракі зьяўляюцца такой смачнай стравай, што Манг пачаў есьці іх сырымі.
— Зірнеце толькі, што робіцца ў вадзе! — сказала Мгу.
А ў вадзе была нібы каша ад мноства рыб, асабліва маленькіх. Старыя рыбы выбралі гэты куток, каб адкладваць тутака сваю ікру. Лепшага месца для гэтай справы нельга было прыдумаць. Сюды не дасягала ніводная хваля, і рыбы спакойна пладзіліся „ў лесе“. Недарма і птушкі аблюбавалі гэтае месца.
Гэта быў нібы зусім асобны сьвет. Усе тут знаходзілі сабе спажыву. Дужэйшы паядаў слабейшага, але насельніцтва ад гэтага не зьмяншалася. Усе знаходзілі прытулак сярод гасьціннага дрэва. Каб яны не паядалі адзін аднаго, тады-б ім і паварушыцца недзе было-б. А нарэшце над усімі імі зьявіўся чалавек.
Галіну абабралі, як плады ў садзе, і зноў апусьцілі ў ваду.
— Хай ізноў абрастае! — сьмяяліся бацькі.
Але і на гэтым баль ня скончыўся. Нарэшце паласаваліся нават „гароднінай“. Маладое лісьце альгі можна есьці. Набралі яго, паклалі ў гаршчок, зварылі і наеліся так, як даўно ўжо ня елі. Трэба памятаць, што зеляніна для чалавека неабходна, а нашыя людзі ў працягу месяцаў і ў вочы яе ня бачылі.
А навакол яшчэ плавалі іншыя „запасы“, — качкі, мяса каторых куды смачнейшае за пінгвінавае, хоць гэтыя качкі некалькі і нагадвалі пінгвінаў сваімі крыльлямі. Яны таксама ня могуць лётаць, а толькі плаваюць і пры гэтым хутка і гучна б’юць па вадзе крыльлямі, дзеля чаго іх празвалі „качкі-параходы“.
Як мы ўжо казалі, у адным месцы на беразе была досыць роўная пляцоўка. Спачатку адзін-другі вылез, паклалі некаторыя рэчы, расклалі вогнішча[2], а потым ужо зрабілі павець. Такім спосабам паступова і зусім перайшлі на зямлю.
Галіну абабралі, як плады ў садзе.
Нельга думаць, што яны так ужо ніколі і ня жылі на зямлі. Здаралася гэта, і ня раз, калі трапляліся спрыяючыя абставіны. Але такія абставіны былі вельмі і вельмі рэдка. У кожным разе, лепш чым цяперака ім ніколі ня было. І страха над галавой, і сьцяна з боку, і досыць месца, каб вольна разьмясьціцца, нарэшце, скуры пад бокам, — усё гэта было так прытульна, што можна было адпачыць целам і духам за ўсе папярэднія месяцы.
Мы ўжо бачылі, што гэтыя дзеці вады хоць і жывуць морам, але рыбакамі назваць іх нельга, бо яны нават і прыладаў для лоўлі рыбы ня мелі.
Яны толькі калупаліся ў шчылінах скал, ловячы маленькіх рыбак ці проста рукамі, ці торбачкай або тканінай. Толькі калі-ні-калі ім здаралася забіваць кап’ём больш буйную рыбіну.
Цяпер, гледзячы на рыбу ў вадзе пад нагамі, яны востра адчувалі, што ім чагосьці не хапае, каб дастаць гэтай рыбы. Праўда, яны і тутака лавілі яе ля самога берагу, як заўсёды, у шчыліне, але гэта іх не здавальняла. Хацелася дастаць больш, непасрэдна адтуль з глыбіні.
Манг доўга над гэтым думаў і нарэшце дадумаўся. Узяў торбу, прыладзіў да яе абруч і прывязаў да кія. Апусьціўшы ў ваду свой коўш, ён адразу выцягнуў шмат рыбы. Гэта выклікала вялікую радасьць сяброў, і яны доўга цешыліся такой лоўляй, нават без патрэбы.
Некалькі дзён ніхто нікуды і носу не паказваў. Спакойна прасядзелі і два бурных дні. За скаламі ў акіяне гулі хвалі, недзе высока над галавой роў вецер, а тутака ў іх было ціха і спакойна. Адно толькі было нядобра, — паліва ўсё вышла.
Калі надвор’е праясьнілася, спрабавалі пашукаць паліва. На захад, з боку мора, былі голыя скалы, на ўсход — сьцяна; але ў гэтым кірунку павінна была ісьці зямля ці значны востраў, ці нават і самы кантынэнт Паўднёвай Амэрыкі. Туды і накіраваліся трое мужчын.
Але як выбрацца з гэтай студні? Доўга шукалі месца, дзе можна было-б як-небудзь зачапіцца. Урэшце знайшлі некалькі выступаў і палезьлі ўверх, рызыкуючы кожны момант паляцець уніз і разьбіцца насьмерць.
Падняўшыся мэтраў на дваццаць, апынуліся на новай пляцоўцы. Пасярэдзіне яе было невялічкае возера або саджалка, з якой і выцякаў той самы ручай, які падаў уніз і даваў ваду для піцьця. А з другога боку таксама ішла сьцяна, і таксама зьверху падаў ручаёчак, — ён даваў ваду возеру. Яшчэ падняліся і зноў знашлі такую самую пляцоўку, возера і ручай.
— Чаго добрага, гэтак да самага неба дойдзем, — пажартаваў Манг.
— На неба нам ня трэба, — сказаў Тойдо, — а вось там у лагчыне нешта расьце.
Сапраўды, у маленькай лагчыне, схаваўшыся ад паўночнага і заходняга вятру, рос хмызьняк і некалькі крывых дрэў.
Мужчыны зараз-жа ўзяліся за працу, але нават і яны час-ад-часу спыняліся, каб палюбавацца вялікасным і прыгожым малюнкам.
Далёка на захад распасьцёрся акіян і так блішчэў на сонцы, аж у вочы калола. Бліжэй да берагу было раскідана безьліч астраўкоў і скал. Голыя і чорныя, яны вызначаліся на бліскучай вадзе, нібы сьпіны жывёл-волатаў. Часам зусім здавалася, нібы яны плаваюць.
— А дзе-ж наша стаянка? — пачалі яны шукаць свой прытулак. Але адсюль яго нельга было ўбачыць, бо ён быў вельмі блізка ад берагу.
На ўсход горы ўздымаліся прыступкамі, нібы вялічэзныя сходні, і канчаліся белымі сьнегавымі верхавінамі. Але нідзе аніякага сьледу прысутнасьці чалавека!..
Затым усе яны былі асабліва зацікаўлены, калі заўважылі недалёка ад берагу човен, у якім стаяў адзін чалавек. У нашых сяброў вочы былі вельмі вострыя, і яны адразу пазналі Нгара па яго птушынай вопратцы.
— Чаго ён тутака швэндаецца? — трывожна сказаў Манг.
— Непажаданы сусед, — сказаў і Кос: — А што мы будзем рабіць, калі ён знойдзе наш добры куток і прычэпіцца да нас? Гвалтам гнаць, ці што?
— А чаго на яго глядзець? — сурова адказаў Тойдо. — Калі трэба будзе, дык і прагонім.
Тымчасам насеклі і наламалі гальля. Заставалася толькі даставіць яго на месца.
— Вось гэта работа, дык куды цікавей! — весела заскакаў Манг і, набраўшы ў бярэмя, падбег да краю і кінуў уніз.
А праз некалькі хвілін весела заскагаталі і жанчыны з дзецьмі, калі на іх галаву паляцела гальлё.
Такім чынам і апошняя іхняя патрэба, апал, таксама была забясьпечана на далейшы час.
