Сын вады (1928)/III
| ← II. Па паліва. Сустрэча з караблём. Пашыцьцё лодкі. Чалавек у птушынай вопратцы. Паляваньне на маржоў. Сварка з-за скуры | III. Вандраваньні Манга. Нязвычайнае войска. Бойня. Напіліся крыві. Няпрыемная ноч Аповесьць Аўтар: Янка Маўр 1928 год |
IV. Новая стаянка. Падводны лес. Выгоды на 100 проц. Непажаданы сусед → |
III.
Вандраваньні Манга. — Нязвычайнае войска. — Бойня. — Напіліся крыві. — Няпрыемная ноч.
З таго часу, як Манг набыў свой уласны човен, ён зрабіўся нібы разьведчыкам для сваіх бацькоў, а разам, зразумела, і для Коса. Ніколі Манга дома ня было, усё ён недзе валэндаўся, але хутка выявілася, што гэта бадзяньне вельмі карысна для абедзьвюх сем’яў: Манг хутчэй знаходзіў які-небудзь багаты куток і праводзіў туды сваіх бацькоў.
Часам Манг браў з сабой і свайго шасьцігадовага браціка. Яны езьдзілі па калідорах між нязьлічонымі астраўкамі і на кожным кроку бачылі новы малюнак, не падобны да папярэдняга. То траплялі ў такую цясьніну, або шчыліну, што толькі высока наверсе відаць была істужка неба, паабапал-жа ўздымаліся роўныя стромкія сьцены. То выяжджалі на сьветлы вясёлы прастор, дзе сярод бліскучага мора чарнеліся маленькія кропкі-выспачкі, а воддаль зьзялі белыя сьнежныя верхавіны. То выяжджалі за межы гораду; тады перад імі цяжка дыхаў Вялікі акіян. Цёмна-сінія хвалі бясшумна каціліся на іх, а дакаціўшыся да скал раптам раўлі, кідаліся, рассыпаліся ў бырзкі, з нездаволеным гулам адыходзілі назад, а потым зноў кідаліся.
Сталецьці, тысячалецьці кідаецца акіян на скалы. Цьвёрда стаяць яны на варце, трымаюцца, каб ня пусьціць хвалі ў сярэдзіну, але з працягам часу то адна, то другая падмываюцца і рушацца ў ваду. Вось яшчэ адна скала ледзь трымаецца; падножжа яе нібы выгрызена, глыбока ўваходзіць у сярэдзіну, а верхавіна вісіць над бяздоньнем і вось-вось упадзе.
У такіх мясцох небясьпечна плаваць. Падхопіць хваля човен, шыбане яго аб скалу, — і тады канец.
— Я баюся, — пішчыць маленькі хлопчык, — едзем назад!
Манг прымушан вяртацца, але дае сабе слова ў другі раз, калі будзе адзін, абавязкова выбрацца туды, на прастору. Можа тамака і ляжыць тая зямля, дзе жывуць цудоўныя белыя людзі?
Людзі сустракаюцца вельмі рэдка. Сям-там убачыш адну ці дзьве кану, якія капошацца ў ціхім кутку ля берагу, вышукваючы спажыву, а потым у працягу некалькіх дзён ня ўбачыш ніводнага. Колькі ўсяго гэтага народу налічваецца — ніхто ня ведае. Думаюць, што засталася ня болей 400-500 чалавек.
Самі яны ніколі разам не сабіраюцца, ня маюць аніякай організацыі, нават ня маюць сваіх старшынь ці правадыроў. Так і жывуць паасобку, усе роўныя і самастойныя. На паперы належаць да Чылійскай рэспублікі, але яны столькі самі ведаюць сваю рэспубліку, як і яна іх.
Толькі птушак усюды было многа. Часам яны так крычалі навакол, што заглушалі гутарку. Усе гэтыя птушкі таксама, як і людзі, жылі выключна за кошт мора.
Хлопцы ехалі сярод невялічкіх астраўкоў. Направа яны былі раскіданы сям і там, нібы плямы на шкле, зьлева-ж яны зьліліся ў адзін ланцуг.
Ужо на працягу некаторага часу да хлапцоў даносіўся незразумелы шум: нібы гоман і шорах шматлікага натоўпу. Спачатку хлопцы не зварачалі на гэта ўвагі, тым болей, што наогул птушынага крыку было досыць. Але нарэшце зацікавіліся.
— Здаецца, там, на тым баку, — сказаў хлопчык.
Манг прыпыніўся, прыслухаўся. Сапраўды, з левага боку, па-за скаламі, нешта рабілася. Асабліва цікава было тое, што крыку ня было, а, між тым, выразна чуўся нейкі гул, варушэньне.
Падплылі да берагу, вылезьлі і асьцярожна папаўзьлі ўверх. Зірнулі з-за скалы і ўбачылі дзіўнае зьявішча.
На нізкім, роўным беразе, тварам да мора, выстраілася шматлікае… войска! Роўнымі шэрагамі, нярухомыя і маўчлівыя стаялі атрады „салдат“. Перад імі хадзілі нібы камандзіры, якія час-ад-часу кідаліся ў мора, давалі нырца і потым ізноў падыходзілі і, размахваючы рукамі, нешта казалі сваім салдатам.
Уражаньне рабілася яшчэ мацнейшым ад таго, што ўсе былі, як адзін: чорныя сьпіны і бакі і белы перад. Толькі адзін атрад быў нейкі абшарпаны: адзеньне парванае, месцамі відаць было голае цела. Ростам яны былі прыблізна каля аднаго мэтра, некаторыя і болей.
Асобны атрад складалі маладыя, так сказаць, піонэры. А далей ужо сядзела на зямлі шмат народу, відаць, жанчыны. Парадак быў суровы: калі хто-небудзь падыходзіў да чужога атраду, дык зараз-жа яго адтуль гналі.
Хоць нашым хлапцом і знаёмы былі гэтыя салдаты, але і яны доўга дзівіліся, гледзячы на гэты нязвычайны народ. І ўсе, каму здаралася бачыць іх, не маглі надзівіцца на гэтых птушак, пінгвінаў.
Звычайна пінгвіны час праводзяць у вадзе, дзе адчуваюць сябе, як рыбы. На беразе яны зьбіраюцца, каб вывесьці дзяцей. Па зямлі ходзяць выключна на дзьвюх нагах, а заместа крыльляў у іх ласты, прыблізна такія, як у маржоў. Вось чаму яны і лётаць ня могуць, вось чаму гэтыя ласты-крыльлі вельмі нагадваюць рукі, асабліва, калі яны рухаюцца пры хадзе.
Сьпіна іх пакрыта пер’ем, падобным да рыбінай лускі і дапасаваным накшталт гонтаў на даху. Толькі перад пакрыт белым пухам, ды на галаве тырчыць некалькі нібы шчэць пер’яў.
Зразумела, Манг захацеў налавіць гэтых птушак. Хоць мяса іх і ня смачнае, але фуіджынцы ня могуць адмовіцца і ад яго. Апрача гэтага, і скуры спатрэбяцца на адзеньне.
Бяда толькі ў тым, што даступіцца да іх было немагчыма. Тыя скалы, дзе былі хлопцы, аддзяляліся ад стойбішча пінгвінаў вадой. Града скал ішла далёка наперад, паступова павышалася і пераходзіла ў высокія горы, так што з гэтага боку абыйсьці нельга было. Заставаўся другі канец, які выходзіў у мора, але там між каменьняў былі такія буруны (прыбой), што аб’яжджаць было-б вельмі рызыкоўна. Не дарма пінгвіны выбралі такое месца.
Тады Манг парашыў ехаць да сваіх і потым ужо меркаваць усім разам. Пакуль яны прыехалі дадому, надышоў вечар. Прышлося адкласьці падарожжа назаўтра.
Калі назаўтрае прыехалі ўсе, ніякіх зьмен ня было. Войска стаяла таксама, нібы яно і ня краталася за ўвесь гэты час. Таксама частка пінгвінаў плавала ў вадзе, нібы тыя самыя, што і ўчора. У рэчавістасьці, зразумела, кожны раз былі іншыя.
Пачалі раіцца, што рабіць?
— Я адзін аб’еду навакол, ад мора, — прапанаваў Манг.
Але стары Кос не згадзіўся.
— Лепш будзе, — сказаў ён, — перацягнуць кану на той бок.
З гэтай простай прапановай нельга было не згадзіцца, асабліва, калі прыняць пад увагу лёгкасьць „шытых“ чаўноў. Павінен быў згадзіцца і Манг, хоць яму і вельмі хацелася паказаць сваё гэройства.
Праз некалькі хвілін чаўны былі ўжо на тым баку. Але не абышлося без няшчасьця: у чаўне Тойдо прапароўся спод аб востры камень, а лішняй кары ня было, каб залатаць. Пастаялі, паскраблі галаву і рашылі, пакуль што, так пакінуць, а цяпер узяцца за паляваньне.
Пінгвіны, між тым, зьдзіўлена глядзелі на нечаканых гасьцей і ня рухаліся з месца. Толькі, калі два чаўны пад’ехалі да іх і людзі высадзіліся на бераг, — пінгвіны пачалі паважна і нязграбна адыходзіць.
Пачалася бойка. „Салдаты“, здалёку меўшыя такі грозны выгляд, аказаліся зусім бездапаможнымі ў бойцы. Яны кінуліся ўцякаць у ваду, але якое гэта было ўцяканьне? Яны ледзь рухаліся на сваіх дзьвюх нагах, валіліся на зямлю, бездапаможна біліся ластамі-рукамі, куляліся. Жудасна было глядзець, як гінулі гэтыя бязьвінныя, бездапаможныя стварэньні. Вельмі лёгка было набіць іх, колькі ўлезе.
Паляўнічы запал абхапіў людзей, і яны сапраўды забілі іх значна болей, чымся патрэбна. Першы схамянуўся Кос.
— Стойце! Досыць! — крыкнуў ён, — хопіць ужо! Яшчэ пасьпеем, калі трэба будзе!
Яго падтрымаў Тойдо, і бойка была спынена. Навакол ляжала 60-80 забітых птушак. Калі прыняць пад увагу, што кожная з іх была з авечку, дык выходзіў запас, якога хапіла-б на полк салдат.
Але гэта было нішто перад усёй колькасьцю пінгвінавай арміі, якая складала тысяч 30-40. Усё мора пакрылася пінгвінамі, але ўсё-ж такі яшчэ, прынамсі, палова засталася на беразе. Папершае, засталіся ўсе самкі, якія воддаль сядзелі на яйках. А там далёка, як і раней, стаялі роўныя шэрагі нязьлічонага войска, якія яшчэ не зразумелі, што такое адбываецца, і толькі неўразуменна пазіралі на мятусіну.
Цяпер трэба было ўпарадкаваць усю гэту здабычу. Гэта праца была куды цяжэй і марудней, чымся самае паляваньне. Праўда, мяса яны ня прывыклі запасіць надоўга, напрыклад, сушыць, бо ўвесь год мора давала ім якую-небудзь сьвежаніну. Але-ж затое са скурамі было шмат клопату: зьняць, крыху апрацаваць, падсушыць.
Праз некаторы час увесь бераг пакрыўся скурамі, але яны ня былі прыбіты да зямлі: сохлі ды круціліся, як луб. Доўга яшчэ прыдзецца іх церці ды мяць, пакуль можна будзе ўжываць. Прынесьлі з чаўноў агонь, расклалі вогнішча, засмажылі мяса. Але трэба адзначыць, што нават і гэтым людзям ня вельмі падабалася такое мяса. Лішнія тушы кідалі ў мора.
А ў воддалі ўсё стаяла грознае, нязьлічонае войска і пазірала, як ворагі распраўляюцца з іх таварышамі.
Раптам пачуўся плач дзяўчынкі. Азірнуліся, — бяжыць яна ад пінгвінавых гнёздаў і плача.
— Што такое? — запыталіся яе.
— Укусіла тая птушка, — паказала дзяўчынка на бліжэйшую самку.
— Ну, дык я ёй пакажу! — сказаў маленькі хлопчык і пабег туды.
Але і ён нічога ня мог зрабіць. Самка баранілася, кусалася і ня сходзіла з месца. Зацікавілася Мгу і таксама падышла; пабегла за ёй і маленькая дзяўчынка.
Убачыўшы столькі народу, самка ўстала, каб адыйсьці, але разам з сабой захацела ўзяць і сваё яйка: Яна выкаціла яго з зямлі, потым сьціснула паміж сваіх ног і зрабіла крок. Зразумела, яйка вывалілася. Самка ізноў сьціснула, ізноў ступіла, потым паспрабавала скокнуць з яйкам і адышла толькі тады, калі яйка зусім пабілася. Дзеці былі вельмі зацікаўлены і не ганялі птушкі, пакуль яна сама не пайшла.
Наогул трэба адзначыць, што пінгвіны вельмі шануюць і берагуць свае яйкі. Мала гэтага, яны гатовы выкарыстаць выпадак, каб украсьці чужое яйка. Здараецца нават, што дужэйшыя нападаюць на слабейшых, каб адабраць ад іх яйкі гвалтоўна.
Надыходзіць вечар, а здабыча яшчэ ня была ўся ўпарадкавана. Прышлося рэшту пакінуць. Хацелі ўжо ехаць, але прыпомнілі, што човен Тойдо не папраўлены. А кары няма. Што тут рабіць?
— Можна залатаць скурамі, — запрапанавала Мгу.
— Мгу добрая, разумная дзяўчына, — сказаў абрадаваны Тойдо, дакрануўшыся да яе. Але пачынаць такую марудную работу было ўжо позна і прышлося застацца тутака начаваць.
Тутака асабліва адчулася яшчэ адна бяда: не хапіла вады для піцьця. Сьпяшаючыся на паляваньне, забыліся яе назапасіць, і яна ўся вышла яшчэ перад поўднем. Да гэтага часу цярпелі і цешылі сябе тым, што скора паедуць назад. А цяпер, асабліва пасьля мяса, зусім стала дрэнна. Дзеці пачалі плакаць.
А за некалькі крокаў плюскатала і вабіла да сябе вада, такая чыстая, добрая… Што можа быць горш, як глядзець на ваду і паміраць ад смагі? Лепш ужо тады цярпець тую самую смагу без вады. Дзеці ня вытрымалі і пабеглі да яе.
— Куды? Нельга! Нельга! — закрычалі дарослыя і кінуліся за імі. Адцягнулі іх, маці пачала суцяшаць, угаварваць, а ў самой сэрца разрывалася ад жалю.
Старыя хадзілі пахмурыя і раіліся, што рабіць.
— Вось да тэй гары, здаецца, недалёка, — казаў Кос: — Можна зьезьдзіць туды ды прывезьці вады ці лёду?
— Немагчыма, — уздыхаў Тойдо: — Пакуль даедзем, будзе ўжо цёмна, можна наляцець на камень у незнаёмым месцы. А, падругое, мы ня ведаем месца, дзе ледавік спускаецца, ці вада цячэ, а сярод начы немажліва поўзаць ды шукаць.
Сонца апускалася ў акіян. Пасмы хмар зьбіраліся на небасхіле. Праменьні прабіваліся праз іх, афарбованыя ў чырвоныя і ружовыя колеры. Вада і скалы паступова зьліваліся ў цемры. А над імі чырванелі сьнегавыя верхавіны гор.
Пачалі рыхтавацца да начлегу. Але смага не давала паснуць.
Раптам яны пачулі, што нехта ідзе да іх. Паўскаквалі, прыгледзеліся: гэта быў Манг, адсутнасьць якога яны не заўважылі. Ён валок пінгвіна. Падышоў, адрэзаў галаву і сказаў:
— Наце, піце!
— Як? Што?
— Ды кроў. Я напіўся. Раю і ўсім.
Нельга сказаць, каб пітво было добрае, але ўсё-ж такі лепш, чым нічога. Мужчыны пайшлі і прынесьлі яшчэ двух пінгвінаў. Пасьля гэтага паснулі — мужчыны на зямлі, а жанчыны з дзецьмі на чаўнох.
Акіян глуха гудзеў. Хвалі бязупынна наляталі і разьбіваліся аб каменьні. Вецер крапчэў. Пачаў пырскаць дожджык. Агонь пагас.
Людзі прачнуліся, закапаліся ў скуры. Але дождж мацнеў.
Вось ужо і спаць нельга. Прышлося зусім устаць. А халодны вецер з мора, бяз усякіх перашкод, так і сячэ з дажджом.
Хоць-бы які-небудзь прытулак знайсьці!
Але месца адкрытае з мора, няма аніякай высокай скалы.
— Давайце перавернем чаўны, — запрапанаваў нехта.
Так і зрабілі. Пад чаўнамі было значна лепей, Толькі вада падцякала па зямлі. Такім чынам прабылі ноч. Адна толькі ўцеха была ў гэтым становішчы: добрай вады напіліся ўволю.
Дзень настаў хмарны. Дождж то спыняўся, то зноў пачынаў. Але і гэта радавала людзей.
— Добра яшчэ, што вялікага дажджу і буры няма, — казалі старыя: — Хутчэй-бы паправіць лодку ды выехаць з гэтага адкрытага месца.
Праз дзьве гадзіны лодка была залатана, і ўсе паехалі назад.