Перайсці да зместу

Сын вады (1928)/II

З пляцоўкі Вікікрыніцы
I. Морскія людзі. Дзіўны горад. Раздураныя кіцяняты. Лодка ў паветры II. Па паліва. Сустрэча з караблём. Пашыцьцё лодкі. Чалавек у птушынай вопратцы. Паляваньне на маржоў. Сварка з-за скуры
Аповесьць
Аўтар: Янка Маўр
1928 год
III. Вандраваньні Манга. Нязвычайнае войска. Бойня. Напіліся крыві. Няпрыемная ноч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




II.

Па паліва. — Сустрэча з караблём. — Пашыцьцё лодкі. — Чалавек у птушынай вопратцы. — Паляваньне на маржоў. — Сварка з-за скуры.

Яшчэ з таго часу, калі Манг быў зусім маленькім хлопчыкам, ён заўсёды востра адчуваў адну нявыгоду іхняга жыцьця, — гэта тое, што яны заўсёды былі зьвязаны адзін з адным. Ён хацеў-бы пайсьці туды, ці туды, пабыць тутака, пахадзіць тамака, але нельга было; ён быў моцна прыкованы да сваёй лодкі, сваёй сям’і.

І з таго часу ён усё марыў толькі аб адным: каб быць вольным, каб мець магчымасьць плысьці туды, куды хочаш, і заставацца там, дзе табе падабаецца. А для гэтага трэба было мець сваю асобную, уласную, „кану“. Але яе маглі мець толькі самастойныя, дарослыя людзі. Нічога не заставалася, як толькі чакаць, пакуль ён вырасьце.

Вось надышоў яму семнаццаты-восемнаццаты год. Ужо сам бацька пачаў пагаварваць аб тым, каб падзяліцца, бо вельмі ўжо цесна рабілася ў лодцы.

— Вось надрасьце Мгу, — казаў ён: — возьмеш сабе яе за жонку. Добрая дзяўчына, майстроўка. І добрую лодку табе пашые.

Сэрца Манга забілася мацней пры думцы аб лодцы, але не аб дзяўчыне. Не аб тым, каб жаніцца, ён думаў, а аб волі. Эх, каб можна было атрымаць толькі кану, бяз жонкі!

Ён выказаў гэтую думку бацьку, але стары Тойдо нават не зразумеў, чаго ён хоча.

— Навошта табе адзін човен, калі можна разам атрымаць і човень і жонку? Я ўжо дагаварыўся аб гэтым з Косам.

Мангу нічога не заставалася, як толькі чакаць.

Для таго, каб пабудаваць кану, трэба было зрабіць з жэрдак краты, шкілет яе, а потым абшыць карой. Для першай часткі трэба было знайсьці дрэва, што зьяўляецца вельмі нялёгкай задачай, а для другой — знайсьці досыць кары, што таксама вельмі цяжка, ды пашыць яе, што зьяўляецца ўжо вялікім мастацтвам. Трэба дапасаваць лубяныя ніці — стужкі да дзірак такім чынам, каб ніводная кропля вады не пранікла. Гэта сапраўды вялікае мастацтва.

Манг надумаўся выкарыстаць гэтае падарожжа за палівам, каб здабыць сабе жэрдак і кары, а там ужо відаць будзе, што рабіць.

Усю ноч ішлі лодкі на поўнач па вуліцах і завулках. На другі дзень ля поўдня вышлі ў шырокую пратоку. Гэта і была Магелянава пратока.

Сьпераду ўздымаліся высокія сьнегавыя горы: то пачынаўся контынэнт Амэрыкі. Але і ён быў таксама зрэзаны рознымі маленькімі затокамі і пратокамі, як і тыя астравы, адкуль нашы падарожнікі прыехалі. Таксама нельга было даступіцца да стромкіх, голых скал. Толькі далей, у цясьнінах касмацілася расьліннасьць.

Налева пачынаўся Ціхі акіян, а направа пратока гублялася сярод скал.

— Гляньце, гляньце, лодка белых плыве! — закрычалі дзеці.

І сапраўды, — з-за скалы паказаўся карабель, вялікі, магутны.

Узварушыліся дзікуны, засьмяяліся, неяк заверашчалі, замахалі рукамі. Нават паважныя бацькі задурэлі ня менш ад дзяцей.

Гэта было адзнакай іх культурнасьці, адзнакай таго, што яны ўжо бачылі караблі, ведалі, што гэта такое, і ня толькі не баяліся, але, наадварот, радаваліся, бо ведалі, што ім нешта перападзе. Яны паплылі насустрэч караблю.

Там ужо заўважылі іх і згуртаваліся ля краю, каб падзівіцца на такіх рэдкіх, нязвычайных морскіх дзікуноў. Паляцелі зьверху кавалкі хлеба. Дзікуны кідаліся за імі нават у мора і тут-жа зьядалі прамоклы ў горка-салонай вадзе хлеб. І якім смачным ён ім здаваўся!

Нехта пастараўся кінуць дзецям помэранец, які яны адразу-ж пачалі есьці разам з лушпайкамі. Нейкі міласэрны пан не пашкадаваў кінуць добры складаны ножык, які падхапіў Манг.

Нездарма радаваліся дзікуны сустрэчы з караблём, але-ж затое ледзь і не пацярпелі: ад карабля ўзьняліся такія хвалі, што толькі гэтыя морскія людзі маглі неяк утрымацца, каб не перакуліцца.

Карабель прайшоў. Доўга глядзелі ўсьлед яму дзікуны, пакуль ён не павярнуўся направа і ня зьнік за скаламі. Рэдка ім здаралася бачыць карабель, раз ці два ў год, а то і менш, бо не маглі-ж яны ўвесь час пільнаваць тутака па дарозе. Ды і наогул караблі па Магелянавай пратоцы ходзяць рэдка, асабліва з таго часу, калі пракапалі Панамскі канал.

Карабель прайшоў, ізноў стала таксама, як было: вада, скалы і два чаўны. Нідзе ніякіх адзнак жыльля чалавека. І каб ня было ў руках некаторых рэчаў, можно было-б падумаць, што ўсё гэта прысьнілася.

— Адкуль яны плывуць і куды? — думаў Манг: — якім чынам і дзе пабудавалі яны такую вялізную кану? Адкуль яны бяруць такія дзіўныя рэчы? Чаму яны так рэдка сустракаюцца. Шкода, што нельга ўбачыць іх зусім блізка. Якія гэта людзі, ды і наогул, ці людзі?

Мангу быў упэўнены, што гэтыя людзі, як усе іншыя на сьвеце, жывуць таксама на вадзе, толькі ў вялізарным кану. Але ў якім месцы яны знаходзяцца, чаму тутака заўсёды яны праяжджаюць толькі міма?

І ён запытаўся аб гэтым бацьку.

— Не, — адказаў стары Тойдо: — яны жывуць заўсёды на зямлі, на беразе і вельмі далёка. Кажуць, што ў іх на зямлі пабудованы такія самыя вялізныя кану. А на гэтых яны толькі часам праяжджаюць з месца на месца.

— Значыцца, яны заўсёды жывуць на адным месцы, на беразе? — зьдзівіўся Манг.

— Так.

— Чаго-ж ім сядзець на беразе, калі яны на такіх кану могуць жыць усюды, дзе захочуць? Хто-ж можа жыць заўсёды на адным месцы? Адкуль жа-ж ежы ўзяць?

Але на такія пытаньні стары Тойдо ня мог адказаць. А Манг рашыў абавязкова паглядзець на іх, калі ён будзе мець сваю ўласную кану.

Тымчасам яны перасеклі Магелянаву пратоку, прайшлі некалькі закавулкаў між скал і апынуліся ў досыць вялікім прыгожым возеры. Аточанае з усіх бакоў горамі, заўсёды ціхае, гэта возера зьяўлялася найлепшым прытулкам ня толькі для чоўнаў дзікуноў, але і для кожнага судна. Кавалак папёры ля берагу паказваў, што нейкае судна яшчэ нядаўна карысталася гэтым прытулкам.

На паўночным і заходнім баку відаць была расьліннасьць, але шмат часу прайшло, пакуль знайшлі зручнае месца, каб прыстаць і вылезьці. З поўкілёмэтра трэба было яшчэ прапаўзьці па голых каменьнях, пакуль падышлі да хмызьняку. Але і хмызьняк быў нейкі нялюдзкі: каравы, кручаны, цьвёрды, як жалеза, і ён рос ня ўверх, а слаўся каля зямлі і пераплёўся так, што стварыў нейкі зыбучы насьціл, праз які людзі правальваліся на кожным кроку. А ўнізе было цёмна, вільготна. Спробвалі яго ламаць і секчы, але хутка пераканаліся, што нічога ня будзе. Ня з іхнымі прыладамі можна было брацца за такую працу.

Толькі ўсьцешылі іх нейкія чырвоныя ягады, нібы парэчкі, якія расьлі сярод гэтага паўзучага хмызьняку. Гэтыя ягады былі ім знаёмы: з іх яны нават умелі рабіць нейкае хмельнае пітво.

Жанчыны і дзеці засталіся зьбіраць іх, а мужчыны пайшлі далей, туды, дзе відаць быў лес.

Наперадзе ішоў Манг, які толькі і думаў аб тым, як здабыць сабе матар’ял для кану.

Лес быў таксама асаблівы, нібы скурчаны ад холаду, але складаўся ён з букавых і міртавых гатункаў дрэў, што растуць толькі ў цёплых краёх. Такая ўжо тутака прырода, што не разьбярэш, ці халодны клімат, ці цёплы.

Тутака ўжо гальля лягчэй было набраць, але-ж затое Манг набегаўся, пакуль знайшоў сабе больш-менш роўных жэрдак. А потым панадзіраў і кары. Асабліва дапамог яму складанчык, якім ён ужо наўчыўся ўладаць.

— А ты ўсё-ж такі за сваё бярэшся! — незадаволена бурчэў бацька.

— Гэта-ж усё роўна будзе патрэбна, — апраўдваўся Манг.

Асабліва цяжка было перацягнуць усё гэта да лодак праз хмызьняковы насьціл, а потым па скалах. Да вечара яны пасьпелі прынесьці толькі па аднэй вязцы.

— А ну яго, — сказаў змораны Тойдо: — лепш ужо ўжываць морскую траву.

— Калі прыехалі сюды, дык трэба ўжо набраць дрэва, — суцяшаў Кос.

Затое пераначавалі на беразе ля вогнішча, больш шчодрага, чымсь заўсёды. Ды і прыемна было вольна расьцягнуцца на зямлі пасьля шматдзённага сядзеньня ў лодцы.

Назаўтра прынесьлі яшчэ па некалькі вязак, а Манг перацягнуў усе свае матар’ялы.

— Ну, што цяпер будзеш рабіць з імі? — усьміхнуўся Тойдо.

— Човен, — адказаў Манг і пачаў наладжваць жэрдкі.

Старыя зірнулі адзін на аднаго і паківалі галовамі,

— Вось упарты які! — нібы сурова сказаў Тойдо, але відаць было, што ён ня злуе.

— Справа добрая, — падтрымаў Кос: — усё роўна — не цяпер, дык у наступным годзе рабіць прыдзецца.

А назаўтра абедзьве сям’і разам працавалі над лодкай. Мужчыны зьвязвалі з жэрдак рэбры лодкі, жанчыны сшывалі кару. Кос ахвяраваў і тое, што ў іх было раней пашыта. А Манг насіўся, нібы на крыльлях.

І ўсе прысутныя, нават дзеці, лічылі, што гэта шыецца дом для Манга і Мгу. Толькі адзін Манг аб гэтым ня думаў…

Праз чатыры дні побач з двума чаўнамі зьявіўся трэці. І ніводнага жалезнага цьвіка ня было ў гэтым чаўне. Цікава было-б ведаць, ці маглі-б нашы адукаваныя і культурныя майстры зрабіць такую рэч?

— Хай пацешыцца пакуль што, — казалі між сабой бацькі: — усё роўна Мгу яшчэ малая.

Ці ведала сама Мгу, што лёс яе зьвязваўся з гэтым чаўном? Зразумела, яна аб гэтым ня раз чула і лічыла справу вельмі простай і звычайнай: калі старэйшыя так кажуць, значыцца так трэба. Дый, уласна кажучы, яна нічога і не магла мець супроць. Іхнія сем’і даўно ўжо жывуць дружна, разам і адчуваюць сябе нібы адна сям’я. Іншыя суседзі сустракаліся рэдка, бо ўмовы жыцьця не дазвалялі шмат чаўнам жыць разам. Нават і два чаўны разам бывалі рэдкасьцю. Толькі Тойдо і Кос часьцей сустракаліся і даўно ўжо парашылі пажаніць сваіх дзяцей.

Чаўны выехалі з возера. Манг насіўся ў сваім чаўне навакол, як шалёны: то перагоніць, то адстане, то ад’едзе ўбок. Ён быў вольны, ён мог адлучацца, калі захоча, ехаць куды пажадае! Гэта быў самы шчасьлівы момант у яго жыцьці.

Праз некаторы час яны ўбачылі яшчэ адзін човен, які, як відаць, накіроўваўся да іх.

— Здаецца, гэта Нгара, — прамовіў Кос.

— І, відаць, мае справу да нас, — сказаў Тойдо.

— Гэй, стойце! — крыкнуў новы чалавек.

Чаўны спыніліся. Пад’ехаў Нгара. Гэта быў чалавек гадоў 25, апрануты ў вельмі дзіўную вопратку: яна была пашыта з птушыных скурак. Такое адзеньне было ня горш за зьвярыную скуру, але ўсё-ж такі кожны мужчына марыў набыць сапраўдную. Бяда толькі ў тым, што ў іх становішчы — гэта вельмі цяжкая справа. Забіць, напрыклад, маржа цяжка нават добра ўзброеным людзям, а пра гэтых і казаць няма чаго.

— Ля Белай Гары зьявіліся маржы, — сказаў Нгара: — Ідзем на іх.

Зразумела, мужчыны з радасьцю згадзіліся.

— Ці хопіць людзей? — запытаўся Тойдо: — Колькі іх там?

— Я бачыў трох. Чатырох чалавек хопіць.

І чаўны зноў накіраваліся ў завулкі. Праз дзьве гадзіны пад’ехалі да апошніх скал, якія высоўваліся ў акіян.

— Ціха! — даў знак Нгара: — Вунь там.

Чаўны спыніліся. Мужчыны вылезьлі на бераг і асьцярожна зірнулі з-за скалы.

Ля падножжа скалы была роўная пляцоўка. З двух бакоў уздымаліся сьцены, а трэцяя выходзіла ў мора. На пляцоўцы грэліся на сонцы два маржы; трэці, відаць маленькі, плюхаўся ў моры.

— Калі раптам з-за сьцяны выскачыць, — шаптаў Нгара, — і загарадзіць дарогу ў мора, тады можна абодвых захапіць.

— Але па зямлі падступіцца нельга: прыдзецца на чаўнох.

— Усё роўна, можна і на чаўнох.

Пачалі рыхтавацца. Жанчын і дзяцей высадзілі на бераг. Выгрузілі і свае рэчы. У кожным з чатырох чаўноў было па адным мужчыне. Выстраіліся ў шэраг і па камандзе з гікам вылецелі з-за скалы. Мігам чатыры лодкі загарадзілі бераг пляцоўкі.

У першы момант маржы былі так зьдзіўлены, што нават не крануліся, а людзі тымчасам пачалі вылазіць на бераг. Але праз момант зарохкалі, заварушыліся і маржы. Нязграбна пачалі яны рухаць сваімі ластамі-лапамі, білі хвастом, абапіраліся аб зямлю сваімі клыкамі.

У гэты момант ля чоўна Коса паказаўся малы маржок. Убачыўшы яго, маржыха яшчэ больш напружылася, неяк падскочыла і пакацілася да берагу. Не пасьпеўшы вылезьці з чоўна, Кос павінен быў сам адхіснуцца ад яе. Тойдо кінуўся з сякерай, але пасьпеў толькі лёгка крануць па сьпіне. Маржыха плюхнулася ў ваду, зачапіла човен Коса, перавярнула яго і зьнікла. Тойдо кінуўся на дапамогу Косу, і яны абодвы нават забыліся аб другім маржы.

А той тымчасам поўз у бок Нгара. Бераг у гэтым месцы быў пакаты, і Нгара ня мог шчыльна да яго наблізіцца. Паміж чоўнам і пляцоўкай заставалася на тры-чатыры крокі вада, куды і накіроўваўся морж. Нгара ўжо вылез на гэты падводны бераг і, каб утрымаць зьвера, кінуў у яго кап’ё, стоячы па калені ў вадзе.

Кап’ё ўвашло ў бок, але сам Нгара пасьлізнуўся і паляцеў у ваду, а разьяраны зьвер кінуўся за ім. У гэты момант Манг ужо быў на беразе і рушыўся на дапамогу. У руках яго быў той цяжкі, крывы кавалак жалеза, які мы бачылі ў чоўне Тойдо. Храснула галава, закруціўся зьвер і нават хвастом зьбіў з ног самога Манга. Тут ужо падасьпелі Тойдо з Косам, а хутка і сам Нгара, — і праз хвіліну справа была скончана.

Тады перавезьлі сюды сем’і і весела прыняліся парадкаваць здабычу.

Але хутка радасьць была сапсавана непаразуменьнем. Паўстала пытаньне, каму аддаць скуру? Збоку гледзячы, здавалася-б, што яе павінен быў атрымаць Манг, але Нгара ніяк не згаджаўся на гэта.

— Я-ж выкрыў маржоў, я-ж вас прывёў сюды, — даводзіў ён.

— Адным паказам зьвера ня зловіш, — адказвалі яму.

— Я-ж першы ўсадзіў у яго кап’ё; ён ужо быў паранены, а вы толькі дабілі яго, — не здаваўся Нгара.

— Ну, браце, з тваім кап’ём ён ледзь цябе самога ня зьеў.

— Але каб ня я, дык вы нічога гэтага ня мелі-б.

— Ну, а каб ня я, дык цябе самога ў жывых ня было-бы, — раззлаваўся Манг.

— Дзякуй, што тваё жыцьцё выратавалі, — дадаў Тойдо.

— Вы карыстаецеся тым, што вас трое супроць аднаго, — з запалам крычаў Нгара.

— Ніхто тутака ня супроць каго, — лагодна сказаў Кос: — Усе разам палявалі. Але трэба па справядлівасьці: хто забіў — таму і скура.

У гэты момант Манг кінуўся на дапамогу.

— Значыцца, павашаму, хто апошні ўдарыў напалову забітага зьвера, той і забіў? — насьмешліва сказаў Нгара.

Ізноў пачалося ўсё спачатку.

Урэшце Нгара адмовіўся ад сваёй часткі мяса, ускочыў у човен і, ад’яжджаючы, сказаў:

— Паглядзім, якая будзе справядлівасьць, калі мы сустрэнемся з роўнымі сіламі.

Хоць пагроза і не спалохала мужчын, але ўражаньне засталося цяжкае.

— А можа і лепш было аддаць гэтаму вар’яту скуру, каб ня зьвязвацца з ім? — сказаў міралюбны Кос.

Але бацька і сын запярэчылі.

— З якой рацыі? Запытайся каго хочаш, кожны скажа, што яго дамаганьні несправядлівыя. А пагрозы можна пачуць на кожным кроку. Асабліва ад яго.