Сын вады (1928)/I
| I. Морскія людзі. Дзіўны горад. Раздураныя кіцяняты. Лодка ў паветры Аповесьць Аўтар: Янка Маўр 1928 год |
II. Па паліва. Сустрэча з караблём. Пашыцьцё лодкі. Чалавек у птушынай вопратцы. Паляваньне на маржоў. Сварка з-за скуры → |
I.
Морскія людзі. — Дзіўны горад. — Раздураныя кіцяняты. — Лодка ў паветры.
Трэці дзень злуе бура. Халодны васеньні дождж пырскае без перапынку, хоць стаіць лета: сьнежань месяц. Дажджавая заслона схавала ўсе горы: толькі бліжэйшыя скалы нявыразна чарнеюцца. Наверсе сьвішча вецер, недзе далёка чуецца як раве мора, але тутака, у гэтым калідоры між стромкіх скал, адносна яшчэ ціха. Часам уварвецца і сюды вецер, загудзе, завые, як злоўлены зьвер, але вузкую стужку вады расхваляваць ня можа. А потым ізноў спакойна, толькі дождж булькае па вадзе ды наверсе вецер шуміць.
І трэці дзень, зашыўшыся ў шчыліну між скал, стаіць лодка Тойдо. Палова яе добра схавана пад страхой; сюды дождж амаль не дасягае. Тутака і разьмясьцілася ўся сям’я Тойдо: жонка, 19-гадовы сын Манг і двое малодшых дзяцей — дзяўчынка дзесяці год і шасьцігадовы хлопчык.
Але з другога краю дождж у лодку льлецца.
— Вылівайце ваду! — час ад часу загадвае бацька. І тады дзеці чарапкамі і рукамі пачынаюць выплёхваць ваду з чаўна.
І так трымаюцца трэці дзень.
Можа вы падумаеце, што гэта якія-небудзь няўдалыя падарожнікі чакаюць у дарозе, пакуль скончыцца нянасьце?
Не, гэта звычайная сям’я ў звычайных абставінах. Нікуды яны не сьпяшаюцца: яны ў сваім доме — на лодцы. Зразумела, і яны жадаюць, каб дождж хутчэй скончыўся, але гэта ня надта ім рупіць, бо і дождж гэты таксама звычайнае зьявішча. І ўлетку, і ўзімку — ён заўсёды васеньні, халодны і цягнецца бывае цэлымі тыднямі.
Розьніца паміж летам і зімою толькі тая, што ўлетку ўсё-ж такі крыху цяплей, часам бывае 15° цяпла, часьцей выпадаюць сонечныя дзянькі, і нават раз у год здараецца навальніца з громам і маланкаю, а ўзімку разам з дажджом часта ідзе сьнег, але марозу, як гэта мы разумеем, усё роўна няма.
Там наверсе, на горах, мароз бывае, сьнег застаецца і ўлетку, і ледавікі сьпускаюцца ўніз, але тут, на вадзе, можна сказаць, заўсёды восень.
Вось чаму нашы жыхары былі спакойны і ня лічылі сябе няшчаснымі.
Народ гэты, так званыя фуіджы, здаўна ўжо жыве такім чынам у заходняй частцы Агнёвай Зямлі і бліжэйшых астравох ля Паўднёвай Амэрыкі, або, лепш сказаць, ля Магелянавай пратокі.
Калі бываюць людзі горныя, стэпавыя, людзі лясоў і г.д., дык тутака мы маем людзей мора, якія нараджаюцца, гадуюцца, жывуць і паміраюць на вадзе, на моры.
Жыцьцё, як мы бачым, не салодкае. Чаму-ж яны абралі сабе гэткі спосаб жыцьця?
Вельмі проста, бо на зямлі яшчэ горш, бо сядзець на голым камені сярод вады зусім немагчыма. І яны дапасавалі сваё жыцьцё да вады.
І ўвесь іх выгляд дапасаваўся да іх жыцьця. З прычыны таго, што ўвесь свой век яны праводзяць скурчыўшыся на лодцы, што яны ня маюць магчымацьці разьмяць сваё цела, яно стала нейкае мяккае, пухкае, круглае, нібы раздутае, а рукі і ногі тонкія і кволыя. Асабліва кідаліся ў вочы маленькія дзеці: гэта былі нібы пузыры, у якія ўторкнуты тонкія дубцы.
Колер скуры брудна-жоўты, твар шырокі, вочы вузкія, але не касыя, як звычайна ў жоўтых людзей, а нос роўны, просты, нават прыгожы. Валасы чорныя, доўгія, спускаюцца ўніз, як кара, і каб іх не вырывалі сьпераду, то чалавек і сьвету ня бачыў-бы.
Ня гледзячы на халодны клімат, яны былі голыя, але ў кожнага з шыі спускалася скура якога-небудзь морскага зьвера — маржа, морскага катка. Гэтыя скуры трэба лічыць не адзеньнем, а заслонай ад ветру. Імі прыкрывалі той бок, адкуль дзьмуў вецер, а другі бок заставаўся голым.
Тут-жа на лодцы была і ўся гаспадарка сям’і: гліняныя гаршкі, плеценыя торбачкі, нажы, зброя. Прылады былі рознастайныя: і каменныя, і касьцяныя, і з морскіх чарапашак, і нават заржавелая жалезная сякера. Асабліва каштоўным быў нейкі доўгі кавалак жалеза з крукам на канцы і з дзіркамі пасярэдзіне. Відаць было, што ён калісьці быў дапасован да нейкай будоўлі, але як сюды трапіў — невядома. Багацьцем былі і два жалезных цьвікі.
Найважнейшае-ж месца займала вогнішча. Пасярэдзіне лодкі, досыць шырокай, была насыпана зямля і на ёй быў раскладзены агонь. Але ён ледзь тлеўся і не даваў ні сьвятла, ні цяплыні.
Дзяўчынка падкінула была кавалачак дрэва, але маці зараз-жа вызьвярылася на яе:
— Што ты робіш? Чаму адразу такі вялікі кавалак паклала?
І яна ўзяла гэты „вялікі кавалак“, велічынёю з лыжку, адламала ад яго кавалачак з палец і стараньненька паклала ў вагонь.
Каб ахаваць агонь ад дажджу, на трох коліках была павешана сплеценая з морскай травы тканіна. Ды і паліва складалася галоўным чынам з гэтай самай морскай травы; хоць і высушаная, яна слаба гарэла, бо была насычана морскай сольлю.
— Калі дождж працягнецца, нам ня хопіць паліва, — дадаў Тойдо.
Ніхто нічога не адказаў, бо і самі гэта добра ведалі.
Вось сярод туману нешта заварушылася, і праз хвіліну зьявілася другая лодка.
— Хто гэта? — запытаўся ціха Тойдо.
— Здаецца, Кос, — адказаў сын.
Гэта і быў іх бліжэйшы сусед Кос, такі самы гаспадар, як і Тойдо.
— Гэй, Кос! — крыкнуў Тойдо: — Чаму і куды ў такое надвор’е?
— Есьці няма чаго, — пачуўся голас з туману, і лодка прайшла міма. Тойдо зірнуў на спод сваёй лодкі і заўважыў, што і там засталося толькі некалькі маленькіх рыбак ды чарапашак. Дзеці ўзялі іх і паклалі ў гарачы попел. І сам Тойдо хацеў есьці, але прыходзілася пацярпець.
Ён усё пазіраў на неба, ці ня відна канца дажджу.
— Зараз дождж скончыцца, — нарэшце сказаў ён: — хмары паразрываліся на кавалкі.
І сапраўды, дождж патроху сьціхаў. Вось ужо раз-другі і сонца бліснула. Вось ужо і астатнія кавалкі хмар праляцелі на ўсход, — і перад вачыма паўстаў дзіўны куток зямлі.
Гэта быў нібы горад, горад ня горшы за Нью-Ёрк, толькі… мёртвы. Ва ўсе бакі разыходзіліся, перапляталіся вуліцы-каналы, а па бакох іх уздымаліся чорныя дамы-скалы. Ніводзін з іх ня быў падобны на другога, але ўсе разам стваралі ўражаньне казачнага гораду. Усе яны ўздымаліся сьцяной, ад некаторых выступалі ў ваду нібы ганкі, а вышэй бальконы. Уздымаліся цэрквы, вежы, вышынёю ў два кілёмэтры; верхавіны іх зьзялі на сонцы сваім адвечным сьнегам, а па бакох спаўзалі сінія ледавікі.
На рагу дзьвюх вуліц, з вышыні дзесяціпавярховага дому падаў вадаспад. Па дарозе вада рассыпалася ў пыл і грала на сонцы ўсімі колерамі. А на процілеглай чорнай сьцяне вызначалася вясёлка.
Гэтыя блазны могуць нарабіць вялікай бяды.
Чароўны, казачны горад, толькі жыхароў ня відаць. Апрача лодкі Тойдо, нідзе аніводнага чалавека. Але вось высока на выступе-бальконе аднаго гмаху паказаліся дзьве бела-шэрых постаці, а побач з чорных дзірак вокнаў выглядаюць яшчэ шмат белых дзяцей. Ці не жыхары вышлі палюбавацца добрым надвор’ем?
Вось пачуўся праразьлівы крык; некалькі з іх звалілася з вакна і паляцела ўдоўж вуліцы. Цяпер ужо відаць, што гэта чайкі, а тыя два вялікія — гэта альбатросы. Рэдка іх можна бачыць на зямлі. Часьцей іх бачаць у моры, за некалькі тысяч кілёмэтраў ад берагу. Недарма распасьцёртыя крыльлі іх маюць 2½ мэтры ўшыркі!
Тутака яны могуць лічыць сябе роўнапраўнымі жыхарамі гораду. Ніхто ім ня можа пагражаць: эўропэйцаў тутака ніколі ня бывае, а гэтыя няшчасныя фуіджынцы, якія капошацца там унізе, ня могуць быць небясьпечны для іх.
Ну, а чайкі, дык тыя ўсюдых адчуваюць сябе нібы дома, усюдых падымаюць гармідар.
Але што гэта там такое? Нібы заварушыўся сьнег на скале! Потым узьляцела хмара птушак, але скала засталася такою самаю белаю, таксама варушылася і крычала.
Вось яно, самае галоўнае насельніцтва гэтага гораду! Відаць, ён не такі ўжо мёртвы, як здавалася.
Праз некаторы час заварушылася нешта і ў канцы вуліцы. З павароту выплылі два чорныя зьверы і, гуляючы ды куляючыся, сталі набліжацца да лодкі Тойдо.
Вада, якая заставалася спакойнаю нават у буру, цяпер захвалявалася, забілася аб сьцены. Рэха паняслося па цясьніне.
Па фантанах вады, якая ўзьлятала над галовамі гэтых жывёлін, адразу можна было пазнаць, што гэта былі кіты, або дакладней, два маленькіх кіткі.
Трэба было толькі дзіву давацца, як спрытна рухаліся гэтыя нязграбныя жывёлы. То галовы, то хвасты мільгалі ў паветры, то ўсё цела цалкам выскаквала з вады, а потым плюхалася так, што ўсё навокала дрыжэла; то станавіліся рубам, то куляліся яны адзін праз аднаго. Адным словам, дурэлі, як належыць усім малым дзецям.
І дзеці Тойдо цешыліся, гледзячы на іх, крычалі, сьмяяліся, толькі самому Тойдо было не да сьмеху.
— Гэтыя блазны могуць нарабіць вялікай бяды, — сказаў ён і накіраваў лодку прэч ад раздурэўшых кіцянят.
Але тыя, угледзіўшы новую забаву, пачалі гнацца за лодкай, намерваючыся пагуляць з ёю. Справа рабілася ўжо небясьпечнай. Хвалі пачалі кідаць лодку ва ўсе бакі, некалькі разоў ледзь ня стукнулі аб сьцяну. Вось адзін кіток апынуўся побач з лодкай і, быццам жадаючы паказаць сябе, кульнуўся так, што хвост ледзь не зачапіў лодкі. Яна хіснулася, зачарпнула вады, дзеці спалохана запішчэлі.
— Налягай! — крыкнуў бацька сыну. Нават матка прыняла ўдзел, лёгкі човен ляцеў, як страла, але для кітоў гэта было пустой забавай. Яны не адставалі ні на крок і дурэлі так, нібы гэты човен быў для іх цацкай. На шчасьце, між двух дамоў знайшлася расчыненая брама, — праход між скал.
— Паварачвай! — закамандаваў Тойдо.
Манг мігам упёрся жардзінай у сьцяну, а бацька тымчасам хутка прасунуў човен у праход. Праз момант яны былі ўжо на „дзядзінцу“.
Кіты, відаць, зьдзівіліся такому хуткаму зьнікненьню цацкі і нават спыніліся на вуліцы ля брамы, але праціснуцца праз яе ім было немагчыма. Ды яны і ня думалі гэтага рабіць: пырснулі з сваіх насоў і ўжо бяз гульні паплылі далей.
На поўдзень ад Агнёвай Зямлі заўсёды было шмат кітоў. Зразумела, ня было недахопу і ў кіталовах. Але ўсё-ж такі іх было менш, чымся ў паўночных морах. Папершае, далёка было ехаць, а падругое, гэта частка акіяну лічыцца самай неспакойнай, самай бурнай ва ўсім сьвеце. Нямнога можна налічыць людзей, якія праехалі тутака бяз буры.
Але ўсе буры нішто перад гэтымі скаламі, якія пільнуюць маракоў ня толькі над вадой, але і пад вадой.
Б’ецца карабель у моры, на сьмерць змагаецца з бурай, кожны момант знаходзіцца ён на валасіну ад сьмерці, але надзея ўсё-ж трымаецца ў сэрцы людзей. Толькі вось раздаецца крык: — Зямля! — І ад гэтага, здавалася-б жаданага слова, кроў стыне ў жылах, сэрца сьціскаецца, надзея гасьне, і сьмерць заглядае ў вочы.
І цяпер ужо на караблі толькі адна думка: уцячы як мага далей ад блаславёнай зямлі, туды, у гэты страшны цёмны акіян. Ён, гэты жудасны, бурны акіян цяпер ужо зьяўляецца ласкавым, мілым, жаданым.
Добрых вартаўнікоў мае зачарованы горад! Карыстаюцца гэтым і кіты; хоць самі яны і ня могуць зьмясьціцца ў вузкіх вуліцах, але затое ахвотна пасылаюць туды сваіх дзяцей.
Двор, у якім апынуўся човен Тойдо, мы-б назвалі маленькім возерам, або саджалкай сярод скал. Апрача галоўных сьцен, выступалі нібы надворныя будынкі, меншыя скалы, але ўсе разам шчыльна зачынялі выхад, акрамя брамы.
Праз поўгадзіны заўважылі, што вада пачала зьмяншацца, — пачынаўся адліў.
Людзі заварушыліся, зацікавіліся, але зусім ня гэтым звычайным для іх зьявішчам, а тым, што робіцца ўнізе пад чоўнам. Ці шмат спажывы пакіне адліў?
— Станьма ля выхаду, — прапанаваў Манг: — і пастараймася перашкодзіць рыбе ўцячы.
Так і зрабілі, ды яшчэ ўсе сталі шумець і плюхацца ў вадзе. А вада ўсё ўбывала, саджалка рабілася ўсё менш, і менш. Праз гадзіны дзьве човен стаяў ужо на голай зямлі, а ад возера засталася маленькая лужына.
Нельга сказаць, каб спажывы засталося надта многа. Дно гэтага кутка нельга было лічыць дном мора. Яно знаходзілася досыць высока і залівалася вадой толькі ў час прыліву. Значыцца, яно не магло мець свайго сталага насельніцтва. Траплялі сюды толькі выпадковыя рыбкі. Але ўсё-ж такі і яе набралося столькі, што павінна было хапіць для ўсёй сям’і дні на два.
Адліў-жа цягнуўся далей. Вада на вуліцы апусьцілася яшчэ мэтраў на пяць, канец лодкі вытыркаўся над ёй у паветры, як балькон на другім паверсе дома. Новыя каменьні зьявіліся па сярэдзіне вуліцы, некаторыя завулкі зачыніліся.
Але наша сям’я зусім не зварачала ўвагі на гэтыя зьмены. Ці першы раз здаралася з імі такое? Дзеці, у тым ліку і Манг, першыя выкарысталі выпадак, каб пабыць на цьвёрдай зямлі. З якой прыемнасьцю яны распрасталі ногі, пачалі поўзаць па скалах! З няменшай ахвотай павылазілі і бацькі.
— Го-о! — пачуўся голас зьнізу.
Зірнулі, — Кос варочаецца.
— Як у вас? — запытаўся Кос, задраўшы ўгору галаву.
— На два дні рыбы знайшлі, — адказаў Тойдо: — А вы?
— Таксама, ды яшчэ во, — і Кос паказаў забітую чайку.
У лодцы Коса было толькі тры чалавекі: ён сам, жонка ды 14-гадовая дачка Мгу, але недахоп мужчынскае сілы замяшчаўся ўмеласьцю жанчын добра плесьці з травы і лубу розныя рэчы: торбы, цыноўкі, асабліва-ж лодкі — „кану́“. Манг ведаў, што і цяпер у іх ёсьць пачатая кану.
— Паліва маеш? — запытаўся Тойдо.
— Не. Вось я і хацеў прапанаваць табе ехаць разам.
— Добра. Тады пачакай тутака.
Пасьля доўгай непагадзі сонца здавалася такім цёплым, пяшчотным, што людзі разьмяклі і паступова паснулі. А вада тымчасам ізноў пачала падымацца. Пад вечар лодка Коса дакранулася да лодкі Тойдо. А яшчэ праз гадзіну абедзьве лодкі плылі па вуліцы, нібы ніякага здарэньня з імі ня было.
