Сынтакс беларускае мовы (1926)/Уводзіны
| ← Прадмова | Уводзіны Аўтар: Язэп Лёсік 1926 год |
Просты сказ і яго склад → |
Уводзіны.
Адзінае мовы няма і быць ня можа. Кожны народ выражае свае думкі ў сваёй уласнай мове. А мова кожнага народу мае свае асаблівасьці — свае асобныя гукі, свае словы, сваю асобную зьмену і злучэньне слоў, — адным словам, мова кожнага народу мае свае асобныя спосабы і сродкі для выражэньня сваіх думак у размове. Гэтыя спосабы і сродкі называюцца фактамі мовы і дасьледжваюцца граматыкай кожнай паасобнай мовы.
Значыць, кожная мова мае сваю асобную граматыку. Граматыка можа быць ангельскае мовы, мовы францускае, нямецкае, польскае, беларускае, расійскае, украінскае, турэцкае, японскае і г. далей.
Граматыка беларускае мовы дасьледжвае тыя спосабы і сродкі, якімі беларускі народ выражае свае думкі, сваё мысьленьне, свае пачуваньні ці перажываньні.
Мова кожнага народу звычайна складаецца з паасобных гутарак, гаворак, або дыалектаў. Школьная граматыка знаёміць нас толькі з фактамі літататурнае мовы, г. зн. з фактамі агульна-прынятымі, як найбольш пашыранымі; факты паасобных гутарак становяць прадмет дасьледзін асобнай навукі аб мове (дыялектолёгіі).
Літаратурная мова складаецца з фактаў паасобных дыялектаў, але гэтыя факты стылізуюцца, гармонізуюцца, як гармонізуюцца, напрыклад, народныя песьні. Стылізація, або гармонізацыя, народных дыялектаў адбываецца праз пісьменьнікаў, літаратараў. Пісьменьнікі ў сваіх творах звычайна ўжываюць факты найбольш пашыраныя ў народных масах, каб іх разумелі самыя шырокія колы грамадзянства, і калі твораць новыя словы, новыя звароты ў мове, то стараюцца пагадзіць іх з духам народнае мовы. Дзеля гэтага мова пісьменьнікаў, літаратараў звычайна становіцца мовай літаратурнай, агульна-прынятай.
Граматыка — навука, якая знаёміць нас з фактамі мовы. Факты мовы, як факты (зьявы) прыроды, падпарадкаваны пэўным, цьвёрдым законам. Задача школьнай граматыкі — апісаць факты літаратурнае мовы ды пазнаёміць з тымі законамі, якім гэтыя факты падпарадкаваны.
Школьная граматыка складаецца з трох асноўных частак:
1. Фонэтыка — навука аб гуках мовы, аб іх зьмене і аб умовах іх злучэньня. Значыць, фонэтыку, агулам кажучы, пабеларуску можна назваць гукаўніцай.
2. Морфолёгія — навука аб формах слоў, аб іх зьменах і вытварэньні. Пабеларуску морфолёгію можна назваць формаслоўніцай.
3. Сынтакс — навука аб злучэньні слоў у мове (бач. § 2).
Увага. 1) Граматыка — слова грэцкае; панашаму слова „граматыка“ значыць „літарніца“, г. зн. літарная навука, навука аб літарах, аб пісьме.
Гэты непраўдзівы погляд на граматыку, як на навуку аб правілах пісьма, перанялі ад грэкаў рымляне, а ад рымлян — уся Эўропа, і такі погляд панаваў аж да нашага часу. Толькі апошнім часам гэты погляд адкідаецца і нават правапіс зусім выключаецца з граматыкі. Граматыка — навука аб фактах мовы, а не аб правілах пісьма. Праўда, граматыка часам (у фонэтыцы) гаворыць пра літары, аб азбуцы, але гэта дзеля таго, што выясьненьне фактаў мовы зьвязана з пісьмом. Правапіс — справа ўмоўная, і правапіс можа быць розны — фонэтычны, гістарычны і так званы „этымолёгічны“, або спосабу параўнаваньня слоў. У васнову, напрыклад, беларускага сучаснага правапісу паложаны два прынцыпы: фонетычны для галосных гукаў і этымолёгічны для зычных, а правапіс некаторых паасобных слоў аснован проста на прывычцы, на традыцыі.
Праўда і тое, што на знаёмстве з фактамі мовы звычайна будуецца правапіс, як на геомэтрыі — каморніцтва, але задача граматыкі — ня правапіс і не вымаўленьне слоў. Граматыка навучае нас разумець, разьбірацца ў фактах мовы незалежна ад таго, якія практычныя вывады мы з гэтага зробім, і такім парадкам, яна мае агульна-асьветнае значэньне.
2) Фонэтыка — паходзіць ад грэцкага слова „фонэ“ — гук, голас.
Морфолёгія — ад грёцкага слова „морфэ“ — форма, „лёгос“ — слова, навука.
Этымолёгія — навука аб прычынах („этыа“ — прычына) вытварэньня паасобных слоў.
Сынтакс — грэцкае слова; панашаму — складаньне.
Выражэньне нашых думак ці нашых перажываньняў пры дапамозе слова называецца мовай. Ведаць кожнае паасобнае слова (яго склад, форму) навучае нас фонэтыка і морфолёгія. Але каб дакладна пазнаць мову, трэба даведацца яшчэ, як словы злучаюцца паміж сабою, каб выказаць тое, што нам трэба.
У мове словы рэдка ўжываюцца самі па сабе; звычайна бывае так, што словы ў мове для выражэньня кожнай паасобнай думкі ставяцца ў пэўным парадку і ў пэўным злучэньні. Без парадку і бяз злучэньня словы, агулам кажучы, думкі выказаць ня могуць. Напрыклад, калі мы скажам: цераз, пазірае, вокны, няпрыветна, ночка, то гэтыя словы ня выкажуць нічога, а калі скажам: „Няпрыветна цераз вокны ночка пазірае“, то тыя самыя словы ўжо выкажуць думку, бо яны пастаўлены ў пэўным парадку ды пэўным спосабам злучаны паміж сабой (нельга, напрыклад, сказаць: „Ночка пазіраюць“ ці, „пазіраю“, „пазіралі“).
Для дакладнага выражэньня словам ці злучэньнем слоў нашае думкі патрэбна яшчэ пэўная вымова або інтонацыя голасу. Калі мы скажам, напрыклад, слова „пожар“ без патрэбнай інтонацыі голасу, то яно нічога ня выкажа, а толькі назаве, а калі скажам: „пожар!“ то нешта выкажам. Таксама, калі скажам: „Ты быў у грыбох?“ з націскам на слове „быў“, то выкажам нешта адно, а калі мацней, галасьней вымавім слова „грыбох“, то будзе нешта другое і г. далей. Значыць, для поўнае дакладнасьці ў выражэньні нашае думкі трэба: 1) злучэньне слоў, 2) парадак слоў і 3) адпаведная вымова, або інтонацыя голасу. Сучасная школьная граматыка ў сынтаксе дасьледуе толькі спосабы злучэньня слоў.
Тая частка граматыкі, што знаёміць нас з тым, як паасобныя словы злучаюцца ў мове ды якія бываюць формы гэтых злучэньняў, называецца сынтаксам.
Заданьне сынтаксу — 1) пазнаёміць з строем сказу, 2) выясьніць розныя спосабы выражэньня членаў, або часьцін, сказу часьцінамі мовы, 3) апісаць розныя звароты ў сказе ды 4) паказаць, як з паасобных сказаў складаецца сувязная мова.
Большасьць злучаных у мову слоў залежыць адно ад другога. Гэтая залежнасьць слоў паміж сабою выражаецца або ў форме кіраваньня, або ў форме дапасаваньня. Словы, зьвязаныя дапасаваньнем або кіраваньнем, становяць моўнае злучэньне, напр.: прыткі бераг рэчкі, Народны Камісарыят Асьветы Беларусі.
1. Кіраваньне. Калі адно слова патрабуе, каб другое стаяла ў залежным склоне, з прыназоўнікам ці без прыназоўніка, то такая залежнасьць слоў называецца кіраваньнем. Напрыклад: 1) „Абцёр бацька вус рукою“. 2) „Вышлі на поле жнеі з сярпамі“.
У першым прыкладзе вінавальны склон слова „вус“ і творны склон слова „рукою“ кіруюцца дзеясловам абцёр (абцёр — што? вус; абцёр — чым? рукою).
У другім прыкладзе вінавальны склон слова „поле“ і творны склон „сярпамі“ залежыць ад слова „вышлі“, якое кіруе склонамі слоў „поле“ і „сярпамі“ пры дапамозе прыназоўнікаў „на“ і „з“.
У моўных злучэньнях: „рог вуліцы, збан малака, кусок хлеба, пяць штук авец“ першыя словы рог, збан, кусок, пяць — кіруюць наступнымі словамі ды патрабуюць, каб яны стаялі ў родным склоне.
2. Дапасаваньне. Калі адно слова ставіцца ў тым-жа родзе, ліку і склоне або ў тым-жа ліку і асобе, што і другое слова, то такая залежнасьць паміж словамі называецца дапасаваньнем. Напрыклад: Мяккі сьнег лятае пухам.
У гэтым прыкладзе слова „мяккі“ стаіць у тым-жа самым родзе, ліку і склоне, што і слова „сьнег“, да якога яно дапасована, а слова „лятае“ стаіць у тым-жа ліку і асобе, што і слова „сьнег“, да якога яно дапасована.
Каб слова магло дапасавацца ў якой-небудзь форме, трэба, каб яно магло зьмяняцца ў гэтай форме. Значыць, дзеясловы цяперашняга і будучага часу могуць дапасавацца ў асобе і ліку; дзеясловы прошлага часу — у ліку і родзе, а прыметнікі і дзеяпрыметнікі — таксама ў ліку і родзе, а пры поўнай форме (з нескарочанымі канчаткамі) і ў склоне.
Зьмена ў родзе, а значыць, і дапасаваньне ў родзе — гэта ўласьцівасьць прыметнікаў. Дзеяпрыметнікі зьмяняюцца ў родзе, бо яны маюць усе ўласьцівасьці прыметнікаў (апроч таго, яны маюць яшчэ адну ўласьцівасьць — якую?). Дзеясловы прошлага часу зьмяняюцца ў родах, бо ў праславянскай мове яны былі прыметнікамі ды толькі потым абярнуліся ў дзеясловы. Памяць аб тым, што сучасныя дзеясловы прошлага часу былі прыметнікі, мы знаходзім у такіх прыметніках, як гнілы, вялы, рослы, прошлы, прышлы, бывалы, ляжалы, пасівелы, спарахнелы, парыжэлы, нядбалы, пажылы і шмат іншых.
Такім парадкам, зьмяняцца ў родзе і дапасавацца ў родзе могуць: 1) прыметнікі, 2) дзеяпрыметнікі і 3) дзеясловы ў прошлым часе.
3. Дапасаваньне неграматычнае. У нашай мове часам бывае асобнае дапасаваньне, якое называецца дапасаваньнем неграматычным. Напрыклад: „Цякла тут з лесу невялічка травой зарослая крынічка, абодва берагі каторай лазьняк, алешнік абступалі“ (Я. Кол.).
У гэтым прыкладзе слова „абступалі“ мае форму множнага ліку, тады як словы „лазьняк“, „алешнік“, да якіх яно дапасована, стаяць у вадзіночным ліку. Таксама ў народнай прыказцы „Лета на зіму, а зіму на лета працуюць“ слова „працуюць“ стаіць у множным ліку, а словы „лета“, „зіма“, да якіх яно дапасована, стаяць у вадзіночным ліку.
Тут няма прыпадабненьня канчатку дапасованага слова да канчаткаў тых слоў, да якіх яно адносіцца, а ёсьць толькі дапасаваньне ў сэнсе.
Такім парадкам, даданыя, граматычна залежныя часьціны сказу падпарадкаваны другім: 1) у форме кіраваньня, калі склон аднаго слова (таго, што кіруецца) залежыць ад склону другога слова (таго, што кіруе); 2) у форме дапасаваньня, калі адно слова прымае род, лік і склон другога слова.
4. Словы кіроўныя і дапасоўныя. Прыметнікі, дзеяпрыметнікі і дзеясловы падлягаюць апасаваньню, а назоўнікі — кіраваньню.
Але 1) назоўнікі лічэбныя (лічныя): „два“, „дзьве“, „тры“, „чатыры“ і дробныя ў беларускай мове заўсёды дапасоўваюцца да назоўнікаў іменных, напр.: два дні, тры дні, чатыры дні; паўтара рублі, паўчварта хунты, паўтары нядзелі; тры рублі, чатыры сталы, два локці. У полі тры войскі стаялі. Было ў бацькі тры сыны. Арала трох гаспадароў. Конь і на чатырох нагах спатыкаецца.
2) Назоўнікі лічэбныя лічныя, пачынаючы з „пяць“, і ўсе зборныя падлягаюць дапасаваньню толькі ў тых разох, калі стаяць не ў назоўным і не ў падобным да яго вінавальным склоне, напр.: На сямі стаўбох, у дзевяці вярстах. Дастаў вады з дванаццаці крыніц. Зьвіў гняздо на сямі дубох. У мяне пастушок бярэ больш дваццаці рублёў. Лапаць з '' дванаццацьмі вушкамі. Прывязалі да слупа дванаццацьма ланцугамі. Не хватала пяцёх гусянят.
3) Калі тыя назоўнікі лічэбныя (бач. 2) стаяць у назоўным і вінавальным склоне без прыназоўніка або ў вінавальным склоне з прыназоўнікамі „па“ і „за“, дык яны ня толькі не дапасоўваюцца да свайго назоўніка йменнага, а патрабуюць яшчэ, каб гэтыя назоўнікі стаялі ў родным склоне, напр.: пяць дзён, шэсьць дзён, шэсьць рублёў, дзесяць кніг, сем месяцаў, сто міль, пятнаццаць вокан; трое гусянят, сямёра дачок, шасьцёра парасят. Сям‘я душ трыста. Раве вол на сем сёл. За пяць пальцаў купіў. Далі па пяць рублёў. Купілі па пяць коп жэрдзя на плот. За трыццаць коп грошай. За дзесяць рублёў.
4) Падобна да назоўнікаў лічэбных лічных, пачынаючы з „пяць“, і зборных, у нашай мове ўжываюцца такія словы, як: многа, шмат, мала, даволі, колькі, некалькі і інш. Назоўнікі йменныя пры іх заўсёды стаяць у родным склоне, напрыклад: „Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог“ (М. Багд.). „Многа тут гразі ў нягоду, многа пылу ў летні жар“ (Я. Кол.), даволі сьлёз, колькі рублёў, праз некалькі дзён і т. далей[1].
5. Словы прымыкальныя. У моўных злучэньнях могуць быць словы, што ня кіруюцца і не дапасуюцца, а толькі прымыкаюць да другіх слоў. Да такіх слоў належаць: прыслоўі і дзеяпрыслоўі. Напрыклад: „Глуха лес гамоніць“. „Усьлед думкам неспакойна вецер падпявае“. „Баба перапалохалася насьмерць ды няпрытомна кінулася бегчы“. Салавей пяе прыпяваючы, а я, млода, плачу прылягаючы.
У гэтых прыкладах словы „глуха“, „неспакойна“, „няпрытомна“, „прыпяваючы“, „прылягаючы" не дапасованы і ня кіруюцца. Прыслоўі і дзеяпрыслоўі не дапасуюцца і ня кіруюцца, як нескланяльныя і неспрагальныя (нязьменныя) часьціны мовы.
Такім парадкам, прыслоўі, дзеяпрыслоўі называюцца словамі прымыкальнымі.
Неазначальная форма (інфінітыў), як нязьменная часьціна мовы, таксама не дапасуецца і ня кіруецца, але неазначальная форма найчасьцей ужываецца, як дзеяслоў.
У мове сваё асобнае значэньне маюць толькі часьціны мовы называльныя — назоўнікі, прыметнікі, дзеяпрыметнікі, дзеясловы, прыслоўі і дзеяпрыслоўі, а неназывальныя, дапаможныя часьціны мовы — прыназоўнікі, злучнікі, выклічнікі, дапаможнікі — дапамагаюць толькі называльным словам і свайго асобнага значэньня ня маюць.
Задачка 1-ая. Знайсьці кіраваньне, дапасаваньне і дапасаваньне неграматычнае.
Поўнач пеўні пракрычалі. Сьнегам вецер сыпле у дзьверы. Глуха вербы плачуць. Добра ў лузе ў час палудны. Ветрык краскі чуць калыша, чараты, шуршаць, луг зялёны жыцьцем дыша, конікі трашчаць. Ішло хлопцаў дваццаць пяць — пасьля зімы сьляды знаць (барана). У ваднае мацеры пяць сыноў (пальцы на руцэ). Сям‘я душ трыста, багата, а ўсяго два локці хата (вулей). Няхай нас рада разьбяруць! Жыцьцё чуваць з усіх старон. Ціха па мяккай траве сінявокая ноч прахадзіла. Птушкі прысталай марудны палёт. Іскрацца зорак сьняжынкі маркотна. У вадней дзежачцы два цесьцечкі (яйцо). Сінім стэпам-даліною ходзяць хмаркі веснавыя. Нізка зьвісьлі над зямлёю хмары сьнегавыя, нудна плачуць над ракою лазьнякі густыя. Лес гудзе, дрыжаць галіны, стогне бор хваёвы, глуха стогнуць верхавіны, гнуць свае галовы. Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі. Поле, луг, лес і гай схаваліся ў цемнаце ночы. Яшчэ горш раззлаваліся сын з нявесткаю.
Задачка 2-ая. Знайсьці ў наступных прыкладах спачатку словы кіроўныя і дапасоўныя, а потым — прымыкальныя.
Запахла дымам. Прыткі бераг рэчкі. Цэлая куча сухіх грыбоў. Сутунее. Прыляцела ластаўка з далёкага выраю. Села яна на стрэху старога гумна ды зашчабятала. „Комуністычны Маніфэст“ К. Маркса і Энгельса. Дождж і град і голалёд. Гразь, плюхота, холад, цьма. Белаватаю пялёнкай уздымаецца туман над лугамі. Сьвітае. Разьвіднелася. Апавяданьні Тараса Гушчы. Даль няласкава туманам-смагаю . Каласочкі на саломках галоўкай качаюць. Гэта надта хітрая работа. Хоць віхры шалеюць, хоць песьні нямеюць, хоць страшна замучаны ты — за добрую справу, за шчасьце і славу душу вырывай з цемнаты! Народны Камісарыят Асьветы Беларусі. На прыгуменьні, поруч з садам, павець з гумчом стаяла радам. Сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне ясна над нашаю ніваю, і будуць жыці дзеткі патомныя добраю доляй, доляй шчасьліваю. Ліпы старыя шумяць за сьцяною. Цёплы вечар. Даставайце з вышак сані — гайда сьцежкі пракладаць!
- ↑ У М. Багдановіча знаходзім вінавальны склон пры шмат: „Шмат што зрабілі іх чорныя рукі“, дзе „што“ — назоўнік займенны; у Купалы — „Курганы шмат чаго нам гавораць“.