Сынтакс беларускае мовы (1926)/Складаны сказ
| ← Просты сказ і яго склад | Складаны сказ Аўтар: Язэп Лёсік 1926 год |
Выражэньне часьцін сказу і цэлых сказаў → |
Складаны сказ
Прыклады для разбору. Сумна стала між чужымі хлопчыку малому. Яшчэ машына ня спынілась, як усё кругом замятусілась (Я. Кол.). За дурною галавою нагам няма спакою. Ня ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца. Ня той тавар, што ляжыць, а той, што бяжыць. Вада шумела каля млына. Крычала голасна машына (Я. Кол.). Пачарнеў на полі сьнег, а на ўзгорках сталі паказвацца чорныя лапінкі. І сіняе неба ад зор ня рунее, і месяц дзесь згінуў, ня ходзіць па ім. Люблю я прывольле шырокіх палёў, зялёнае мора ржаных каласоў. Люблю пазіраць я на поле вясной, як ветрык жартлівы плыве збажыной (Я. Кол.). З лазурных чыстых небясоў прыветна сонейка глядзіць, ва ўсе канцы льле блеск лучоў, цяпло і сьвет зямлі дарыць (Я. Кол.). Глядзіць прыветна з неба сонца, як-бы матулька на дзяцей (Я. Кол.). Хутка надыдуць завеі з марозамі, ветры з марозамі зноў наляцяць (А. Гар.). Касматыя яловыя вяршыны трасьліся ад буры, як у шалёным танцы. Шырокі прастор поля звузіўся ў чорную бочку, і нічога не магло разглядзець вока адзінокага чалавека (Т. Гушча). Задумалі маразы пажартаваць з сьмельчакамі, што не пабаяліся выйсьці ў поле.
Вывады. Просты сказ — самая звычайная і самая простая форма мовы для выражэньня таго, што нам трэба выказаць. Простая, маларазьвітая мова складаецца з адных простых сказаў, граматычна нават ня зьвязаных паміж сабою. Такую мову мы знаходзім у народных казках, асабліва ў дзіцячых. Напрыклад: „Быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабка. Зьнясла яна яечка. Дзед біў, біў — не разьбіў; баба біла, біла — не разьбіла. Мышка бегла, хвосцікам махнула, яечка разьбіла. Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць“.
Але калі мы хочам выразіць сваю думку дакладней і паўней, тады аднаго простага сказу мала, хоць-бы такога разьвітага, пашыранага, якім бывае зьліты сказ з рознымі даданымі, паясьняльнымі словамі; для больш дакладнага і поўнага выражэньня сваіх думак прыходзіцца злучаць некалькі простых сказаў у вадзін сказ, зьвязваючы іх паміж сабою або ўзаемнай сувязьзю, злучэньнем, або залежнасьцю, падпарадкаваньнем. Такі сказ, што складаецца з двух ці больш простых сказаў для выражэньня аднае якое-небудзь думкі, называецца складаным.
Калі паасобныя простыя сказы ў складаным сказе злучаны паміж сабою так, як злучаюцца аднолькавыя часьціны зьлітага сказу, то вытвараецца злучэньне сказаў роўнапраўных; калі-ж цэлыя сказы ў складаным сказе падмяняюць толькі асобныя часьціны простага сказу, асабліва розныя даданыя словы, то вытвараюцца сказы няроўнапраўныя: залежныя і незалежныя — асноўныя і даданыя.
1) Складаны сказ можа быць зложан або з роўнапраўных простых сказаў, або з асноўнага і даданага — незалежнага і залежнага, або падпарадкаванага.
Калі складаны сказ становіць сабою злучэньне роўнапраўных простых сказаў, то ён называецца складана-злучаным. Напрыклад: Прыгрэла яснае сонейка; згінуў сьнег з поля; асушылі вятры зямельку; пачала расьці маладзенькая травіца. Лета зьбірае, а зіма праядае. Хутка расьце жыта, і цешыцца сэрца працавітага гаспадара.
З гэтых прыкладаў мы бачым, што ў складана-злучаным сказе кожны просты сказ можа ўжывацца ў мове сам па сабе, незалежна ад другіх; дзеля таго яны і называюцца роўнапраўнымі, або незалежнымі.
Калі-ж мы возьмем складаны сказ: „У каго ёсьць матка, у таго галоўка гладка“, які складаецца з двух простых сказаў (1 — „У каго ёсьць матка“, 2 — „у таго галоўка гладка“), то заўважым, што гэтыя простыя сказы самі па сабе, незалежна адзін ад аднаго, ужывацца ў мове ня могуць, бо будуць незразумелыя ды ня выкажуць таго, што трэба сказаць.
Такі складаны сказ, у якім простыя сказы так цесна зьвязаны паміж сабою, што адзін паясьняе другі ды адзін бяз другога ў мове ня ўжываюцца, называецца складана-залежным сказам. Напрыклад: Хто новага ня бачыў, той і старому рад. Дзе араты плача, там жняя скача. Дурная тая дамова, дзе вала бадзе карова.
2) Як у складаназлучаным, так і ў складана-залежным сказе простыя сказы могуць зьвязвацца паміж сабою злучнікамі.
а) У складана-злучаным сказе простыя, роўнапраўныя сказы злучаюцца або пры дапамозе злучнікаў, або бяз іх. У складана-злучаным сказе знаходзім тыя самыя злучнікі, што зьвязваюць аднолькавыя часьціны зьлітага сказу. Напрыклад: Хутка расьце жыта, і цешыцца сэрца працавітага гаспадара. Ластаўка дзень пачынае, а салавей канчае.
б) У складана-залежных сказаў залежнасьць паміж простымі сказамі выражаецца падвойным спосабам: або пры помачы злучнікаў і злучальных слоў, або пры помачы адносных займенных назоўнікаў, прыметнікаў ці прыслоўяў. Адгэтуль адрозьніваюць злучальную залежнасьць і адносную залежнасьць.
Злучальная залежнасьць выражаецца наступнымі злучнікамі і злучальнымі словамі: што, бо, дзеля таго, дзе, хоць, як, як толькі, быццам і інш. У такіх разох злучальныя словы зьяўляюцца толькі сувязьзю для сказаў і часьцінаю даданага сказу ня служаць.
Адносная залежнасьць выражаецца адноснымі і адносна-пытальнымі займеньнікамі, прыметнікамі і прыслоўямі: хто, што, які, каторы, чый, дзе, куды, адкуль, калі, як, колькі, чаму, нашто, зашто і інш. Усе гэтыя словы зьяўляюцца і часьцінамі сказу. Напрыклад: Хто коні мяняе, у таго хамут гуляе. Што сёньня зробіш, таго заўтра ня будзеш рабіць. Якія мы самі, такія і нашы сані. Як пасьцелеш, так і высьпішся. Чый конь, таго і грошы. Адкуль дым, адтуль і полымя. Нашто нам тыя пісталеты, калі мы страляць ня ўмеем.
Такім парадкам, займеньнікі, прыметнікі і прыслоўі, будучы злучальнымі словамі, ня трацяць значэньня часьцін сказу.
Да адносна-залежных сказаў належаць і ўскосныя пытаньні, г. зн., пытаньні, пастаўленыя ў залежнасьць ад другога сказу; ускосныя пытаньні пачынаюцца з пытальных займеньнікаў, прыметнікаў і прыслоўяў. Напрыклад: Пытаюцца, чые гэта коні. Адыходзячы спыталіся, катора гадзіна.
3) Адносныя займенныя прыметнікі „які“, „каторы“ дапасоўваюцца ў родзе і ліку з тым словам у васноўным сказе, да якога яны адносяцца; склон-жа іх залежыць ад даданага сказу. Адносны займенны прыметнік „чый“ мае поўнае дапасаваньне з сваім азначальным словам у даданым сказе. Напрыклад: Чый род, таго й рот. Чыя душа часнаку ня ела, то і пахнуць ня будзе.
4) Даданыя сказы аддзяляюцца ад асноўнага ў мове перапынкамі, паўзамі, а на пісьме — коскамі; таксама паасобныя сказы ў складана-злучаным сказе аддзяляюцца паўзамі, а на пісьме — коскаю, кропкай з коскай, двукроп‘ем, у залежнасьці ад характару злучаных сказаў, што выясьняе правапіс.
Задачка 18-ая. Выпісаць спачатку складана-злучаныя сказы, а потым — складана-залежныя.
Вымерзьлі лужынкі, высахла гразь. Падзьмуў халодны сівер, і папаўзьлі па небе сьнегавыя хмары. Дзе яшчэ даўна калыхаліся зялёныя травы, блішчалі кветкі, над якімі лёталі пчолкі, там цяпер пуста. Жыта на полі зжата і зьвезена; авёс і ячмень сабраны. Прыгрэла сонейка, згінуў сьнег, асушылі вятры зямельку. Зноў на полі зеляніцца-рунее жыта, і цешыцца сэрца працавітага гаспадара. Ішло хлопцаў дваццаць пяць, пасьля зімы сьляды знаць (барана). Часта здараецца, што і разумныя птушкі-правадыры зьбіваюцца з дарогі ды блудзяць. Хоць усім братом ня соладка жылося, але меншаму брату выпала самая горшая доля. Жаль прападаў, як прападаў туман з усходам сонца. Стары Іван Лаўрусь скінуў дакучлівую сьлязу, што прабегла па ўсім твары ды зьвісла на доўгім сівым вусе. Ён скінуў сьлязу сярдуючы, бо ці-ж прыстала плакаць старому дзеду, якому ўжо і на пяты дзесятак перавярнула? Не, гэта брыдота! Дзе люлька? І ён зноў пачаў распальваць сваю люльку, што тройчы распальваў і тройчы гасла. Зноў чорныя думы абселі сівую галаву, і пахінулася яна над сталом. Ён цяпер нічога ня бачыў, што рабілася ў хаце. Слухай, што настаўнік гаварыць вам будзе пра навуку, кнігі і аб нашым людзе. Бываюць людзі, што вобмацкам пазнаюць кожную рэч, а іншы на вобмацак не пазнае, дзе дзерава, а дзе папера. Усе зьвяры маюць добры нюх, і ўсе пачуцьці ў зьвяроў шмат мацнейшыя, як у людзей. Чалавеку, каб пазнаць якую-небудзь рэч, трэба яе паглядзець, памацаць ці пакаштаваць, а зьверу перш за ўсё трэба панюхаць. Здалёк сабаку лепей чуваць, адкуль ідзе пах. Нам трудна разабраць, калі хто моцна гамоніць над самым вухам, або калі рэч вельмі блізка перад нашымі вачыма. Нават вольнае паветра служыць чалавеку: вецер круціць крыльле ў ветраку і надзімае парусы на караблёх. Чалавек разумее, што яму гавораць. Быў у гэтай хаце вялікі пакой, куды вольна ўваходзіла чыстае паветра. Кожны ведае, што ў нашым целе ёсьць трубачкі-жылы. Калі мы пачуваем маленькі голад, то потым ямо са смакам. У зімку ў лесе і на полі шмат менш птушак і зьвяроў, а казюлькі і мошкі саўсім прападаюць. Верхнія пласты зямлі, у якіх растуць карані расьлін, называюцца глебаю. З пачатку зімы можна бачыць, як холад памалу забівае расьліны, або затрымлівае ў іх рух жыцьця. У позьнюю восень уся прырода падобна да спрацованага чалавека, што пасьля цяжкай працы заснуў моцным сном. Кожны з нас — гэта толькі невялічкая частка таго, з чаго складаецца сьвет і што мы называем жыцьцём. Вучыла яе чытаць, пісаць, усялякае работы, што адно сама ўмела. Ён надта зьдзівіўся, дзеля чаго яна такіх блазенскіх рэчаў просіць. Тады далі веры, што ён вялікі доктар. Жыў той хлопец там год, два, і выучыся там усялякіх навук.
Прыклады для разбору. Лета зьбірае, а зіма праядае. Спачатку гром грымеў, а потым дождж пайшоў. Тут рэчка пад бокам, і процьма ў ёй рыбы. На стрэхах ляжаць цэлыя скібы сьнегу, усё роўна як хто палотны парасьцілаў. Прывычнае вуха лавіла ў лясным шуме трывожныя галасы, але ніхто не пранік у тайны яго мовы. Сані скрыпяць і пішчаць ад марозу, быццам сьпяваюць песьню. Нікога не шкадуе мароз: усіх ён цісьне. Дзесь далёка, за вёскаю, затрубіла труба паляўнічага: была назначана аблава на дзікіх сьвіней. Усё сьціхла, адно сьнег скрыпіць пад нагамі. Шмат зьвяроў хаваецца на ўсю зіму: мядзьведзь у бярлогу залазіць, барсук у нару хаваецца, вожык пад выварат зашываецца. Узіму яліна ў лесе, усё роўна як маці сярод дрэў: у яе густым гальлі і віёрка хаваецца, і маленькія птушкі начуюць, і заяц у мяцеліцу туліцца пад яе галінамі, і нават большыя зьвяры хаваюцца ў ельніку ад завірухі.
Вывады. Мы ўжо ведаем, што роўнапраўныя сказы ў складана-злучаным сказе зьвязваюцца паміж сабою або пры помачы злучнікаў, або бяз іх.
Калі паміж злучанымі сказамі злучніка няма, то сувязь паміж імі выражаецца адной інтонацыяй голасу, а на пісьме — адпаведнымі знакамі прыпынку. Напрыклад: Сонца паліць штораз гарачэй: пажоўклі маладыя каласкі, пажоўкла зялёная саломінка.
Калі роўнапраўныя сказы ў складана-злучаным сказе зьвязваюцца паміж сабою злучнікамі, то гэтыя злучнікі выражаюць розныя адносіны паміж злучанымі сказамі. Дзеля гэтага адрозьніваюць злучэньне сказаў: а) простае, б) супраціўнае, в) разьмеркавальнае, г) прычынна-заключальнае, або вінавальнае, д) параўнальнае.
а) Простым злучэньнем называецца злучэньне роўнапраўных сказаў не супярэчных, згодных сваім зьместам; яны дапаўняюць адзін аднаго і выражаюць агульную думку. Сувязьзю ў такім злучэньні служаць такія злучнікі: і, ды, таксама, г. значыць, а і інш. Напрыклад: Пачынаецца парадак, і ўсе прымаюцца за работу. Толькі сярдзіты воўк бродзіць па сьнезе, ды галодны ліс бегае па маладняку.
б) Супраціўным злучэньнем называецца злучэньне простых роўнапраўных сказаў супярэчных, або калі адзін сказ агранічае зьмест другога сказу, напр.: Уся сямейка сьпіць ды спачывае, толькі матка з вераценцам прытулілась к печы ды прадзе, прадзе кудзельку (Я. Кол.).
Сувязьзю ў супраціўным злучэньні бываюць такія злучнікі: а, але, ды (=але), аднак, адно, затое, толькі і інш.
Злучнікі могуць і прапускацца; таксама ў простым злучэньні злучнікі вельмі часта прапускаюцца.
в) Разьмеркавальным называецца такое злучэньне простых роўнапраўных сказаў, у якіх выражаюцца думкі аднолькава магчымыя (Або будзе, або не. Ці паскачаш, ці паплачаш).
Пытальныя сказы вельмі часта бываюць разьмеркавальнымі, напр.: Ці ты кпіш, ці дарогі пытаеш?
Сувязьзю у разьмеркавальным злучэньні звычайна бываюць такія злучнікі: або—або, ці—ці, ні—ні і інш.
г) Прычынна-заключальным, або вінавальным, злучэньнем называецца такое злучэньне простых роўнапраўных сказаў, калі гэтыя сказы адносяцца паміж сабою, як прычына да выніку. Напрыклад: Моцна сьпіць шырокая рака: крэпка закаваў яе мароз.
Сувязь паміж такімі сказамі можа выражацца словамі дзеля таго, значыць, бо і інш. Сувязь часта прапускаецца, і тады адносіны паміж сказамі выражаюцца інтонацыяй голасу, а на пісьме азначаюцца адпаведнымі знакамі прыпынку (двукроп‘ем).
д) Параўнальнае злучэньне становіць такое злучэньне простых роўнапраўных сказаў, у якіх выражаецца параўнаньне, або зьмест каторых узаемна супастаўляецца. Сувязь паміж імі можа выражацца словамі: быццам, усё роўна як, бо і інш.; гэтая сувязь можа і прапускацца. Напрыклад: Вось так і жыла яна, быццам тая былінка ў полі. Тонкія лёгкія хмаркі ахварбаваліся ў залаты колер, усё роўна як абняло іх полымя. У зіму лес, як сірата: ціхі, нудны, маркотны, птушкі яго пакінулі.
Можна сустрэць такое параўнальнае злучэньне сказаў, калі адзін сказ пачынаецца з адмоўя „то не“. Напрыклад: То ня птушка ў гнязьдзе ўстрапянулася: маё сэрца ўлякнулася (3. Бяд.). То ня песьня мая так далёка ляціць, гэта вырваўся енк з набалелай душы (К. Б.). То ня полымя ўсплывае угору, а яснае сонейка з-за бору (Я. Пуш.).
Задачка 19-ая. Знайсьці ды выпісаць спачатку сказы з простым злучэньнем, потым — супраціўныя, разьмеркавальныя, прычынна-заключальныя ды параўнальныя.
Прыгрэе сонца, і сьнег растае. Ён здольны, але не старанны. Жыта злажылі, ды не надоўга. Ноч цёмная поўна загадачных гукаў: штось шэпча, то зноў шалясьціць, то ў далі хтось дзіўна, працяжна загукаў ды сьціх (К. Б.). Слухаюць людзі, і сэрца іх млее (Я. Кол.). Падышоў паляўнічы да ямы ды бачыць: у вадным кутку скрыпач, а ў другім воўк. І такая ў іх музыка пайшла: скрыпач грае, воўк вые, а другія ваўкі з лесу сабе голас падаюць (Каг.). Вучыся, нябожа: вучэньне паможа змагацца з нядоляй, з няволяй (Я. Куп.). Падымуцца хмаркі ўночы, павее вецер з халоднага боку, і на заўтра выпадзе сьнег. Варушыцца рака, падымаюцца яе грудзі, трасе яна сваімі дужымі плячмі, і лёд покае, трашчыць. Ціха і плаўна коцяцца воды вольнага Нёмна ў цёмную даль, толькі ў часе глухой непагоды з берагу Нёман ня выдзе амаль (Я. Куп.). Ціха ходзіць, але густа месіць. Альбо грай, альбо грошы аддай. Вока бачыць далёка, а думка яшчэ далей. Думка за гарамі, а сьмерць за плячамі. Вялікі вор (мех), да малы збор. Вось на сьвеце як бывае: хто працуе, той і мае. Горш, калі баішся: і ліха ня мінеш, і надрыжышся. Паспорылі за мех, а ў мяху сьмех. Сьвеціць, да ня грэе. Крыкнула вутка на ўвесь сьвет чутка: сабраліся дзеткі да аднэй клеткі. Ажывіўся замак хмуры: усюды блеск, гараць агні (Я. Кол.). Ня страшыць сьцюжай там зіма, ні злых марозаў там няма, а краскі вечна там растуць, у гаях птушкі там пяюць (К. Б.). Пішчыць дзесь чайка на балоце, пліска трасе хвастом на плоце, турчыць працяжна жабін хор, і дзеці рвуцца з хат на двор (Ст. Ул.). Хлопцы папрасілі пабудзіць іх заўтра да сонца: яны надумаліся пайсьці ў грыбы. Яшчэ сонца было нізка, а ў хлопцаў былі поўныя кошыкі грыбоў. Кінуліся першыя буйныя каплі, і дождж паліўся, як з вядра. Наша мэта, наша думка вось: будаваць краіну працы і змаганьня, каб на гонях, занядбаных скрозь, красавала шчасьце, красавала вечна Раньне (У. Дуб.).
Хто арэ, хто барануе — усіх сьмерць параўнуе. Прачнуліся нівы і хаты, уся ў полі людзкая сямейка, за сошкай шнуруе араты, ля статку іграе жалейка (Я. Куп.). Прайшла зіма, як ня бывала: усім лягчэй на сэрцы стала (Ст. Ул.). Неба загнулася лёгкімі хмарамі, але было ціха і цёпла, як часта трапляецца ў харошую веснавую ноч (Я. Лёс.). Нікла жыцьце ў лесе шумным, агаляўся твар зямлі, і ляцелі з крыкам сумным над балотам жураўлі (Я. Кол.). Доўга ня мог заснуць малы Міхась: заўтра рана выбіраецца ён у дарогу. Чакаюць людзі вясны: усім дадзела зіма сваімі сьнягамі, марозамі, халадамі і мяцеліцамі. Скора настане вясна, прыляцяць з выраю птушкі, ачысьціцца поле ад сьнегу, зазелянеюць дрэвы, зацьвітуць сады, вырасьце трава. Не схаваешся, сьнег, ад сонца: усюды яно цябе знойдзе! Усюды льлецца яго шчыры сьвет і цяпло, нідзе не знаходзіць сабе пакою сьнег. Варушыцца рака, падымаюцца яе грудзі: чуе і яна вясну новага жыцьця. Азалаціла восень поле іржышчам, дрэвы лісьцем, гумны снапамі; абвеяла хаты жытнім пылам; вострым пахам кастрыца напоўніла вуліцу (К. Чор.). Сонца грэе, прыпякае; лёд на рэчцы затрашчаў; цёплы вецер павявае, хмар дажджовых к нам нагнаў (Я. Кол.). Вось і бусел паказаўся, гусі дзікія гудуць, шпак на дубе расьсьпяваўся, жураўлі да нас лятуць (Я. Кол.). Дожджык пакропіць, сонца прыгрэе — цьвіце вярбіна, рунь зелянее (Ст. Ул.). На сэрцы стала штось трывожна, бо спадзявацца ўсяго можна (Я. Кол.). Крыкнула курапатка паціху на дзяцей, і ўсе яны кінуліся ўроссып: адно пад куст схавалася, другое пад карэньчыкі зашылася, трэцяе залезла пад кусок бярозавае кары, а каторыя не знайшлі куды схавацца, паўзлазілі на кускі жоўтае кары, паляглі на ёй ды моцна пазаплюшчвалі вочы. Мы не паклонімся богу — бога стварыў чалавек (Кр.).
Павесялела сялянская доля — сыпнуў рабочы народ на поле. Працуюць людзі, поту ня чуюць — аруць і сеюць, і барануюць, стрэхі правяць, платы гародзяць, ячмені сеюць, гнаі вывозяць (Ст. Ул.). Узіму сонца падымаецца нізка ды сьвеціць нядоўга, дзеля таго ўзіму бывае холадна. У паўночных краёх сонца ўлетку не падымаецца высока, затое сьвеціць доўга і заходзіць на кароткі час. Холадна, туман, а шпак і ня дбае: сьпявае сабе на голым дрэве, як-бы і холаду няма. Паветра мы ня бачым, але яно абкружае нас з усіх бакоў. Суша і вада зусім не падобны да сябе: па зямлі можна хадзіць, а ў вадзе мы тонем. Доўга працавалі ластаўкі, і вылепілі харошанькае кругленькае гнязьдечка. Старыя ластаўкі ляталі каля самага Пятруся, усё роўна як прасілі яго памагчы. Маладыя ластаўкі вылазілі з гнязда ды ўвесь дзень сядзелі на сонцы, а нанач зноў хаваліся ў гняздо.
Прыклад для разбору. Цякла тут з лесу невялічка, травой зарослая крынічка, абодва берагі каторай лазьняк, алешнік абступалі (Я. Кол.). За хатай поле зачыналась, дзе жыта хораша гайдалась, і рос авёс, ячмень і грэчка (Я. Кол.). На зямлі ёсьць вада, каторая напаўняе нізкія мясьціны на сушы. Не адзін Гаўрылка, што ў Полацку. Дурная тая птушка, якой гняздо сваё ня міла. Смаку, як у печаным раку.
Што напісана пяром, таго ня вырубіш тапаром. Стральцы дагадаліся, што гэта рыкаў леў. Асачыўшы, дзе асталяваліся ваўчаняты, лясьнік загадаў людзям, каб яны зрабілі аблаву. Людзі любяць птушак за тое, што яны прыгожыя. Прачнуліся пчолкі ад зімовага сну ды бачаць, што пожар блізка. Хто пытае, той ня блудзіць. Ня ўсё то сонца, што блішчыць у ваконца.
Вывады. Мы ўжо ведаем, што складана-залежным сказам называецца такі сказ, у якім простыя сказы знаходзяцца ў такіх адносінах паміж сабою, што адзін зьяўляецца асноўным, кіравальным, незалежным, а другія — даданымі, кіроўнымі, падпарадкаванымі, або залежнымі.
Даданы сказ залежыць, або падпарадкаван асноўнаму, і без асноўнага сказу ня мае сэнсу. Напрыклад: Чуваць было, як трашчаў ахоплены агнём лес. Хто ў жніво халадку шукае, той узімку галадае.
1) Калі асноўны і даданы сказы ня зьвязаны злучальнымі словамі, то гэта ўжо ня будзе складана-залежны сказ. Складана-залежны сказ бяз злучальных слоў абарачаецца ў складана-злучаны сказ, хоць-бы простыя сказы паводле свайго сэнсу і ня былі роўнапраўнымі. Напрыклад, сказ „Калі ня хочаш з моладасьці працаваць, то будзеш на старасьць з торбай танцаваць“ будзе складана-залежны; калі-ж прапусьціць злучнікі „калі“, „то“, то гэты самы сказ абарачаецца ў складана-злучаны: „Ня хочаш з моладасьці працаваць — будзеш на старасьць з торбай танцаваць“.
2) Даданыя сказы служаць для паясьненьня якіх-небудзь часьцін асноўнага сказу. Яны то разьвіваюць зьмест дзейніка або выказьніка, якіх часам няма ў асноўным сказе, то дакладней азначаюць прымету якога-небудзь асобнага прадмета мовы, то выражаюць месца, час, прычыну, мэту, спосаб дзеяньня асноўнага сказу або умову, ад якой залежыць дзеяньне асноўнага сказу, або, нарэсьце, выражаюць такую прычыну, якая, з тых ці іншых акалічнасьцяй, не выклікае таго дзеяньня, якога можна было спадзявацца, уступаючы месца чамусь іншаму (хоць—да, але).
Кожнае значэньне даданага сказу выражаецца злучнікамі або іншымі злучальнымі словамі: „дзе“ найчасьцей азначае месца, „калі“ — час, „дзеля таго“ — прычыну і г. далей. Калі гэтых злучальных слоў няма, то складана-залежны сказ, як зазначалася вышэй, абарачаецца ў складана-злучаны сказ.
3) Паводле значэньня ўсе даданыя сказы можна падзяліць на азначальныя, дапаўняльныя, акалічнасьцёвыя (месца, часу, мэты, прычыны, спосабу дзеяньня), а дадана-прычынныя — на ўмоўныя і ўступальныя.
Але пры граматычным разборы важней за ўсё — гэта ўмець адрозьніць даданы сказ ад асноўнага. Трэба памятаць, што даданы сказ можа стаяць перад асноўным (Хто працуе, той і мае), пасьля асноўнага (Ня шукайце кветак у полі, як вясна к нам ня прышла) і ў сярэдзіне асноўнага сказу (Сад, што быў чорны, ужо распусьціўся).
Даданы сказ аддзяляецца ад асноўнага перапынкам (паўзай) у голасе, а стаўшы ў сярэдзіне асноўнага, ён вымаўляецца цішэй (Гай, што быў цёмны, зазелянеўся).
1) Сузалежныя сказы. Калі да аднаго асноўнага сказу адносяцца два ці больш даданых сказаў, то гэтыя даданыя сказы называюцца сузалежнымі. Напрыклад: За хатай поле пачыналась, дзе жыта хораша гайдалась, дзе рос авёс, ячмень і грэчка (Я. Кол.).
Значыць, падобна да таго, як злучаюцца роўнапраўныя сказы ў складана-злучаным сказе, так могуць злучацца паміж сабою даданыя сказы роўнапраўныя ды аднайменныя, падпарадкаваныя аднаму асноўнаму сказу. Тады складана-залежны сказ складаецца з асноўнага сказу, якому падпарадкаваны два або некалькі роўнапраўных і аднайменных даданых сказаў, якія ў такіх разох называюцца сузалежнымі.
2) Падзалежныя сказы. Даданыя сказы, як і асноўныя, могуць мець пры сабе залежныя ад іх даданыя сказы, і тады складана-залежны сказ прымае такі від: а) асноўны сказ, б) яму падпарадкаван даданы сказ, в) якому, у сваю чаргу, падпарадкаван новы даданы сказ і г. далей. Напрыклад: Яго жальба прападала, як прападаў туман з усходам сонца, што вісеў над балотам (Я. Кол.). І здавалася яму, што ён знае, як травінка сваю думае думу (Я. Кол.).
У гэтых прыкладах сказы — „як прападаў туман з усходам сонца“, „што ён знае“ — даданыя да асноўнага, а сказы — „што вісеў над балотам“, „як травінка сваю думае думу“ — даданыя да даданых, або падзалежныя.
3) Параўнальныя сказы. Даданыя сказы, што пачынаюцца параўнальным прыслоўем „як“, называюцца параўнальнымі. Яны цікавы тым, што найчасьцей ужываюцца ў форме няпоўных сказаў з пропускам выказьніка, напр.: Густая высокая трава, як мора, калыхалася на ветры.
Параўнальныя сказы вытвараюцца ў такіх разох: калі мы робім параўнаваньне аднаго прадмета, дзеяньня або стану ці прыметы з чым небудзь другім, то гэта выражаецца двума сказамі, з якіх адзін падпарадкваецца другому пры помачы прыслоўя „як“ і злучнікаў „бы“, „чым“ (чымсі, чымсьці); пры гэтым выказьнік (дзеяслоў), а часта і дзейнік у падпарадкаваным (даданым) сказе прапускаецца. Напрыклад: Весела пазірае стары лес, што расьце за сялом ды цягнецца па краёх поля, як разак, пастаўлены ўгару зубамі. Лепей хлеб з вадою, чымсі з бядою. І ўсхліпвае рэчка ў пяскох залатых, бы маці па дзецях сваіх (Я. Кол.). Люблю цябе, да ня так, як сябе.
Дзеля таго, што выказьнік у такіх параўнальных сказах прапускаецца, то гэтыя сказы можна назваць „няпоўнымі даданымі сказамі“.
Некаторае падабенства да гэтых „параўнальна-даданых“ сказаў маюць прыдаткі з тым-жа словам „як“, што можна сустрэць у кніжнай мове. Розьніца паміж імі тая, што прыдатак з „як“ не выражае параўнаньня, а служыць пэўнай прыметай прадмета. Напрыклад: Ён, як чалавек, цешыўся агульнай павагай.
Здараюцца параўнальныя сказы з словам „такік“ (з так як), напр.: Вецер вые, такік зьвер (Я. Кол.). Стаіць, такік слуп.
Задачка 20-ая. 1. Выпісаць тыя прыклады, у якіх даданыя і асноўны сказ маюць адзін дзейнік, ды падчыркнуць даданыя сказы.
2. Выпісаць прыклады з сузалежнымі сказамі ды падчыркнуць асноўныя.
3. Выпісаць прыклады з падзалежнымі сказамі ды падчыркнуць асноўныя.
Навука даводзіць, што сусьветная ня мае ні канца, ні пачатку: яна бязьмежна і вечна. Зоркі дзеля таго здаюцца маленькімі, што бясконца далёка ад нас. Вельмі можа быць, што на некаторых зорках ёсьць жывыя істоты, як на зямлі, але праверыць гэта пакуль што трудна. Калі паглядзець на месяц праз павялічальную трубу, дык можна ўгледзець, што плямы на месяцы ёсьць ні што іншае, як цень ад вялікіх гор на ім. Апусьціўшы нізка тонкі валасок, ные сірацінка, плача каласок; плача, што дарэмна вяне у глушы, што нізде ня бачыць роднае душы, што яго зярняткі птушкі падзяўбуць, белую саломку ветры разьнясуць (Я. Кол.). На сонцы, дзе кіпяць цэлыя акіяны агню, няма нічога жывога. Што сёньня зробіш, таго заўтра ня будеш рабіць. Ня шукайце кветак у полі, як вясна к нам ня прышла. Люблю пазіраць я на поле вясной, як ветрык жартлівы плыве збажыной. Люблю я дарогі, што леглі між гор, і грушы старыя, што ў жыце шумяць. Мёд носяць рабочыя пчолы, каторых у вульлі вельмі многа. Весела пазіраў стары лес, што рос за сялом ды цягнуўся па краёх поля. Мы ня прывыклі бачыць тае карысьці, якую прыносяць нам птушкі. Ёсьць на зямлі бязводныя пустыні, дзе не растуць ні травы, ні дрэвы, а ёсьць і такія краіны, дзе вады залішне многа. Няхай плачам у сіняй далі песьня разальлецца, каб усе людзі ў сьвеце зналі, як нам тут жывецца! Якая птушка, такія і песьні. Хто тры разы арэ, той тры снапы больш бярэ. Адкуль дым, адтуль і полымя. Пакуль у гумне цэп, патуль на стале хлеб. Як лёгкі дым, як тонкі пар, расталі ў небе кучы хмар. Сошку сваю ты нанова наладзь, лепш каб было, чалавеча, араць! Добра глядзі, каб агрэху ня даць; усё, як належыць, на полі урадзь (А. Гал.). Каб ня ежка ды не адзежка, дык была-б грошай дзежка. Хоць з вадою, абы не з бядою. Чыста ад пырніку поле апратай, бо калі ў пырнік зерня пасееш, з працы свае скарыстаць не здалееш (А. Гал.). Знае лес баравы, дзе хадзіў ён вясной, што за думкі віліся над ім (Я. Кол.). О, мой родный кут! хмурна пазіраеш ты з сіняга туману, што лёг па краёх палёў, дзе неба, спусьціўшыся нізка, абнімаецца з зямлёю (Т. Гушча). Між лісточкаў гараць каплі рос, як гарачыя сьлёзы, быццам з жалю па тых, што ў магілах зьляглі. Сталі ваўчаняты падрастаць ды пачалі вылазіць з нары, каб паглядзець, што робіцца наўкола. Хоць малыя былі ліскі, але хітрыя: увесь час, як былі ў хаце, шукалі яны здарэньня, каб уцячы, але ня было куды. Яшчэ здалёк сустрэлі бацьку дзеці ды глядзелі, што гэта ён нясе ў мяшку пад пахаю. Удзень, калі ў хаце было ціха, ліскі вылазілі з нары ды пачыналі дурэць. Хто з вас, дзеці, не разграбаў муравейніка, зусім ня думаючы пра тое, якую трывогу падымаеце вы тым тысячам жывёлінак, што нанасілі гэтыя кучы? У цемнаце чутно было па вуліцы, як калі-ні-калі адчыняліся дзьверы, як, грукаючы ботамі, выходзілі на ганак людзі (К. Чорн.). Густая высокая трава, як мора, калышацца на ветры. Так і цягне на прывольны луг, дзе так многа красак, птушак, усялякіх конікаў, матылёчкаў, песень, шуму і звону, дзе так слаўна падыхае чысты сьвежы ветрык. Сонца бродзіла па хмарах, і цень невялічкімі лапінкамі поўзала па зямлі, паводле таго як ішла сама хмарка ў небе. Уперадзе, як горы, ішлі клубкамі, з чарнаватымі краямі, асобныя хмары, як дым, расьцілаліся па небе ды як-бы цягнулі за сабою чорную гладкую сьцяну. Яны (хмары) то злучаліся, то разьдзяляліся, то пераганялі адна адну, то прападалі, а месца іх заступалі новыя ды плылі памалу, ткучы чорную хмару, каторая аддзялялася ад пярэдніх сьветлых клубкоў сівым доўгім поясам хмар з завостранымі канцамі. Над галавою бліснула маланка, і за ёю адразу трэснуў гром, аж усё затраслося і закалацілася, і кінуліся першыя буйныя каплі, і дождж з ветрам паліўся, як з вядра. Кусты ялоўца трашчаць, як толькі прыходзіць да іх агонь, на момант даюць белы клуб дыму, разам абхватваюцца агнём ды прападаюць у полымі, каторае яркімі стужкамі разьліваецца ў адну мінуту над хвойнікамі. Жыцьцё шмат людзкіх пакаленьняў прайшло і праходзіць перад гэтымі дубамі, бы тыя хвалі Нёмна, што пакручастым зьмеем абвівае іх высокі роўны груд (Т. Гушча).
Прыклады для разбору. Там, здавалася яму, павінна быць дарога да роднае вёскі. Досыць, кажу, з мяне кпіны кпіць. Змораны і сярдзіты — бо шмат сена не ўхапілі — вярнуўся я да дому. Налева зноў двор пачынаўся (ён з першым дворыкам стыкаўся) ды ў сад сьцяною упіраўся (Я. Кол.). Раз, пад вечар — гэта было ўвосень — ішоў Андрэй з места. Стары, кажуць, змуста, да без яго ў хаце пуста. Зімой, напрыклад, у вялікі мароз, на акне (адно яно было ў нас) такія бывалі прыгожыя кветкі, што так і глядзеў-бы на ix (Яд. Ш.).
Вывады. Падобна да пабочных слоў, у мове, для выражэньня розных уваг, паясьненьняў, выказаў пабочнай думкі аўтара, — ужываюцца цэлыя сказы, як простыя, так і складаныя. Такія сказы называюцца пабочнымі, бо яны ўстаўляюцца ў мову бяз ніякай сынтаксічнай сувязі з іншымі сказамі ці часьцінамі сказу. Напрыклад: Давялося ўдаве-каршунісе (мужа нядаўна на сьметніку забілі: надта ўжо з курамі завёўся) дачку замуж аддаваць (Я. Ш.).
1) Некаторыя пабочныя сказы маюць пры сабе злучальныя словы — бо, прычым, як і інш; у такіх разох зьяўляецца ужо некаторая, хоць вельмі слабая, ступень залежнасьці, але адсутнасьць змыславой падпарадкаванасьці паказвае, што гэтыя злучальныя словы ня ўводзяць такога сказу ў адзінку складанага сказу. Напрыклад: Нават агульны выгляд яго (дубка) твару — бо і дрэва мае свой твар — меў характар цікавай асобнасьці (Т. Гушча).
2) Пабочныя сказы, як і пабочныя словы, вымаўляюцца паніжанай інтонацыяй голасу, а на пісьме выдзяляюцца адпаведнымі знакамі прыпынку (бач. „Прававіс“).
Задачка 21-ая. Сьпісаць ды пабочныя сказы падчыркнуць.
Так мора (у Гданску я чуваў) прымчыць вадой бутэльку, аблітую смалой (М. Багд.). Венцер новы — маеш час — залатай (Я. Кол.). Чыста ад пырніку поле апратай (поле тваё гэтым зельлем багата), бо калі ў пырнік зерня пасееш, з працы свае скарыстаць не здалееш (А. Гал.). Забраў Цішка ўсе свае цацкі, кашулькі (нават і ката Рудзьку хацеў забраць, але малая Параска не дала) ды пайшоў да сястры за сынка. Вышаў, бачыш, прыказ — дай мне веры! — каб жылі сабе спакойна і людзі, і зьверы (Абх.). Сьцяміла баба, што можа быць дрэнна (быў, відаць, некі грашок) ды пусьцілася наўцекі. Вернуцца — як вы думаеце — заўтра нашы з гораду? Якісьці вершатворца (даволі іх у нас) паслаў дзьве оды на Парнас. Раз увечар (гэта было ў пачатку лістапада) ішоў я сьцежкаю з лесу ды наткнуўся на пастку. Ад раптоўнага руху паляўнічага (ён хацеў дастаць застрэленую птушку ды ўсім целам налёг на край) чайка нахінулася, зачэрпала вады ды пашла на дно. На жолуд ніхто не зварачаў увагі, як-бы і на сьвеце яго ня было, толькі сонейка, выплыўшы з-за лесу, узіралася на яго ды песьціла сваім цяплом, бы тая маці. А калі бывала яно прыпякала надта горача (любоў часта пераходзіць свае граніцы), маленькі жалудок хаваўся ў цяньку густых лістоў, як пан пад парасонам, і яму заўсёды было добра (Т. Гушча). Сказаць праўду, дык трохі з ветру гарыць сьвет. (Т. Г.). Бывалі і такія выпадкі, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху смуткавалі, крыху гаравалі — бяз гэтага не абыходзіцца ў жыцьці (Т. Гушча). Самым шчасьлівым быў тут камень — так злажылі ды згадзіліся яго суседзі: рэчка, лес і расьліны (Т. Гушча). Паляўнічы йшоў сьмела, ня спыняючыся — так добра ён ведаў дарогу — і толькі калі-ні-калі азіраўся назад. Я стаў баяцца — і цяпер яшчэ баюся — пераяжджаць у буру цераз рэчку. Настаўнік прынёс з сабою вялікую кнігу з чорнымі вокладкамі (гэта быў журнал, як потым даведаўся Міхась) ды стаў запісваць вучняў. Запісаўшы ўсіх, настаўнік пасадзіў іх на лаўкі (прышлі адны толькі першачкі, тыя, што вучацца з першае літары) ды стаў расказваць, як называецца той дом, куды яны прышлі, як павінны вучні трымацца ў школе і нашто трэба вучыцца. Амаль ня ўся вёска зайздросьціла мне, што я маю такі надзел, хоць шнур быў, праўду кажучы, ні большы, ні лепшы за іншыя. Ляжыць стары дуб на сваім месцы (толькі сукі паабсякалі), а з-пад яго вырасьлі тры, хоць яшчэ тоненькія, але гладкія, роўныя дубочкі. Клімант Смаляціч (жыў у ХІІ веку ў Смаленску) вызначаўся, як грамадзянскі дзеяч, політык і організатар.
Усякімі цьвятамі, рознакалёрнымі галоўкамі зьвяроў і птах нявіданых, спляценьнем завіткоў ён пакрашае скрозь — даволі ёсьць знароўкі — свае шматхварбныя застаўкі і канцоўкі (М. Багд.). Калі наш плыт разаб‘ецца (ад чаго, вядома, трэба сьцерагчыся), дык вы асьцярожна спускайцеся ў воду ды старайцеся ўхваціцца за плыт. Застаўшыся ў засьценку (па дарозе з Барысава ў Ігумен) я пазнаёміўся з засьцянковым дарэктарам. Два браты, Алесь і Пятрусь (аднаму было восем год, а другому дзесяць), папрасілі сваю матку, каб яна заўтра пабудзіла іх рана-рана, як чуць толькі стане на сьвет займацца, каб да сонца зайсьці ў лес: хлопцы надумаліся пайсьці ў грыбы. У злосьці назваў Грышка Базыля „насалём“ (у Базыля быў даўгаваты нос), а Базыль Грышку абазваў „рабэйзаю“ (у Грышкі было рабаценьне). Адзін мужык (Базыль нават назваў яго прозьвішча) быў такі асілак, што вазіў на сабе калоды. I выбраў-жа, шэльма, — спалі яго сьнег! — і месца прыўдалае! (Т. Гушча.).
Прыклады для разбору. „Вазьмі мяне, Кася, за сынка!“ кажа раз Цішка сваёй сястры. Кася засьмяялася ды пытае: „А мамы табе шкода ня будзе?“ На казаньне бацькі адказаў Ігнатка: „Буду я вучыцца, як ты кажаш, татка.“ „Што-ж“, падумаў сам сабе Міхась: „вучыцца, дык вучыцца!“ „Ну, не, брат: дудкі!“ падумаў ён: „дурэць то я ня буду, а вот вучыцца, дык буду“. Бацька ня раз казаў яму, глянуўшы на вушы: „Ну, брат, у цябе і вушы: хоць рэпу сей!“ — „Дзякуй, дзякуй!“ — сказаў шэры ды пацягся без вячэры. — Добрыдзень вам, ягамосьці! — Добрыдзень. Сядайце! — Бацька сказаў сыну, што трэба слухаць настаўніка ды вучыцца, бо нявучоны, усё роўна як сьляпы; што граматны чалавек нідзе не прападзе і ўсюды знойдзе сабе дарогу. — Паіў ты каня? — Паіў. — А чаму-ж морда сухая? — Бо вады не дастаў. —
— Дзень добры, сусед!
— Дзень добры.
— А што ты вязеш?
— Дровы.
— Якія дровы? У цябе-ж на возе сена?
— А калі бачыш, што сена, то навошта пытаеш?
— „Ах, ты жэўжык!“ закрычала на яго матка: „Што-ж ты робіш? Што ж гэта настаўніца на цябе падумае? Яна-ж у школу цябе ня прыме!“ Вось дзяўчына ўжо гатова, пакідае хатку: „Ну, матулька, будзь здарова!“ ды цалуе матку. „Мама!“ крыкнуў праз сон невялічкі хлопчык, што спаў у калысцы: „Мама! Дзе мама?“ пытаўся ён.
Вывады. Мова, каторую аўтар ці тая асоба, што гаворыць, перадае ад імя другой асобы так, як тая асоба сама гаварыла, называецца чужаслоўем, або простаю мовай (Папалася лісіца ў пастку ды кажа: „Яшчэ ня позна, а давядзецца начаваць тут“).
Тая мова, што перадае толькі зьмест чужой мовы, называецца залежнаю (Папалася лісіца ў пастку ды кажа, што яшчэ ня позна, а давядзецца начаваць тут).
1) Звычайна (але не заўсёды) чужаслоўе стаіць у сувязі з словамі аўтара, з каторымі разам яны становяць від складанага сказу, зьвязанага спосабам простага незалежнага злучэньня.
Залежная мова падпара̀дкавана словам аўтара; яна зьвязваецца з імі злучнікамі „што“, „каб" і становіць даданы сказ, знач., яна зьвязана спосабам залежнага злучэньня, спосабам падпарадкаваньня.
2) Словы аўтара ў адносінах да чужаслоўя могуць займаць траякае палажэньне:
а) Словы аўтара могуць стаяць перад чужаслоўем (Прылажыў Сож вуха да зямлі ды кажа: „Бегма бяжыць і не стаміўся яшчэ“).
б) Словы аўтара могуць стаяць у сярэдзіне чужаслоўя, у якасьці як-бы пабочнага сказу („Ну, Алесь брат!“ за абедам кажа бацька сыну: „годзе бегаць дармаедам, красьці садавіну!“).
в) Словы аўтара могуць стаяць пасьля чужаслоўя („Будзь паслушна ты, дачушка!“ навучае матка).
Увага. 1) Часам аўтар прыводзіць у поўнай (літаральнай) форме і свае ўласныя словы, сказаныя з кім-небудзь у размове або самому сабе. У такім разе словы аўтара ў адносінах да другіх яго слоў у тэй-жа фразе разглядаюцца так сама, як чужаслоўе.
2) Аўтар можа прывесьці толькі частку чужой мовы (цытату), перадаць поўнасьцю надпіс, назоў кнігі ці чаго іншага, або ўжыць які-небудзь асабісты зварот — паветалізм, напрыклад. Усе такія словы і звароты азначаюцца на пісьме двукосьсем, як чужаслоўе.
3) Чужаслоўе можа выражацца адным толькі словам і можа быць простым і складаным сказам і асобнымі незалежнымі сказамі, нават цэлаю мовай.
4) Чужаслоўе (простая мова) можа абарачацца ў залежную мову. Дзеля гэтага другая і першая асоба займеньнікаў і дзеясловаў замяняюцца трэцяй асобай; зваротак, калі ён ёсьць, ставіцца дапаўненьнем, а паміж сказамі ўстаўляюцца злучнікі „што“ або „каб“. Напрыклад: Маці сказала сыну: „Я пайду жаць“. — Маці сказала сыну, што яна пойдзе жаць. „Мама, пусьці мяне пагуляць!“ сказаў хлопчык. — Хлопчык сказаў маме, каб яна пусьціла яго пагуляць.
5) Чужаслоўе можа абарачацца ў простыя часьціны сказу Напрыклад: Ён сказаў: „Падайце вады!“ — Ён сказаў падаць вады.
Задачка 22-ая. Аб‘ясніць, як выражаны ў прыведзеных прыкладах словы не самога аўтара, а другіх асоб, — простай ці залежнаю мовай, і што становіць чужаслоўе.
Мне сказалі, што нехта мяне пытаўся. Напішы яму, што ты пажартаваў, што ты й на мысьлі ня меў таго, што ён думае. „Нашто гэта, тата, рассыпаеш зерняткі?“ пыталася малая Анелька ў бацькі, як той сеяў лён. „Прыгожая будзе табе кашулька!“ сказаў Анельцы бацька. А пішы, нябога: „Жонка, сын мой дарагенькі! шлю паклон з астрогу. Сын мой! снасьці рыбаковы добра ты прыпратай — згодзяцца, а венцер новы — маеш час — залатай“ (Я. Кол.). Васілёк спачатку ўпіраўся, кажучы, што ён ня хоча мыцца, бо холадна. І трэ‘ было доўга намаўляць яго, покі ён згадзіўся на мыцьцё й часаньне, бо й часацца ён ня любіў за тое, што тады „дзярэцца“. „Глядзі-ж, сынку“, сказаў татулька: „слухай настаўніка, бо нявучоны — усё роўна як сьляпы“. „Што ты робіш?“ спытаў бацька ў сына. — „Скрыначку“, адказаў сын. „Чык-чы-рык!“ крычала сініца, увіхаючыся каля канапель. „Жыў-жыў-жыў!“ адазваўся верабейчык, скачучы здалёк ад сіла ды набіваючы мякінай сваё воле. Я разгарнуў кнігу і па першым лістку прачытаў: „Прозаічныя творы Максіма Багдановіча“. Малодшыя вучні вучыліся літарам, і малы Піліпка разам з імі сьпяваў: „А-а-а… мм-а-а…“ Прышоўшы на сялянскі панадворак, заўсёды пачуеш смутнаватае рохканьне сьвіньні; на гэтым і абапёрта загадка: „Хто ня хвор, а усё стогне?“ Сьвіньня заслужыла ў людзей благую славу: калі хочуць каго аблаяць, дык кажуць: „Ах, ты, сьвіньня! Гэта-ж — сьвінства!“ — „Цішэй, не гаманеце!“ чуваць былі галасы сьпераду. „Тата, тата! чуеш — жаваранка?“ Бацька прыслухаўся ды сказаў, што зараз і шпак прыляціць, а там — і бусел, а за ім і ўсе птушкі. „Каб добра разабраць, хто лепей — авечка ці каза“, сказаў бацька: „дык зробім так: ты сьпішаш карысьць ад авечкі, а я — ад казы, а потым параўнуем“. Сын напісаў: „Авечка ня выдумная на корм; яна не патрабуе многа затрат і абходзіцца гаспадару нядорага“. Бацька тое самае напісаў пра казу. Сын перачытаў абедзьве запіскі і ня мог разабраць, якая жывёла лепшая: авечка ці каза. Тады зьвярнуліся да маленькае Волькі, каторая ўважна слухала. Тая адказала, што абедзьве лепей. — Тадорка! ці ты прадзеш? — Праду. — А дзе-ж тваё верацяно? — Віры яго знаюць! — „Стой-жа!“ думае лясьнік: „нідзе ты ня дзенешся: не ўцячэш з гэтай хвояй“, ды пазірае, што далей будзе. А чалавек, нічога не гаворачы, выпраг каня, прывязаў яго да канца калоды ды сказаўшы — „няхай жа будзе брыдка каню!“ — узяўся за аглоблі ды пацягнуў калоду. Лясьнік толькі галавою пакруціў ад нязвычайнага зьдзіўленьня. „Як ты думаеш, Базыль: ці ёсьць на сьвеце такі чалавек, каб панёс гэты дуб?“ — Базыль акінуў вокам дуб і, крыху падумаўшы, адказаў: „А пэўна, што ёсьць“. Я разгарнуў запіску ды прачытаў: „Таварыш! Заўтра, а шостай гадзіне ў вечар, прашу зайсьці ка мне перагаварыць аб вельмі важнай справе. З прывітаньнем да Вас А. Сьнежка“. Пад вялікімі ліпамі відаць была альтанка з плоскім зялёным дахам на сініх балясах і з надпісам: „Дом супачынку“. „Ня плач, Васілёк!“ упрашала Марылька: „я кашкі навару, я табе лялек нараблю і „катка“ засьпяваю“. І чуваць былі Васілёвы выкрыкі: „А я так ня хочу! Я хочу гэтак!“ Роднай матцы сэрца ў грудзях зьлёгка затраслося: „ці ня хоча аддаць у людзі?“ у думках праняслося. „Лажэмся!“ скамандаваў Алесь. Паківаў дзед галавою ды кажа: „Сынку, робіш ты ня тое!“ „Кінь камень!“ сказаў настаўнік. „Ну, а цяпер скажы нам“, спытаў настаўнік: „за што ты хацеў забіць птушачку?“ — „Гарыць лес“ з трывогай сказаў лясьнік, вышаўшы на двор і панюхаўшы паветра. „Скажы мне, дубе“, сказала чароціна: „чаму ты ня гнешся ад буры?“ — „Скажы мне, дубе, адкуль твая сіла? Скажы мне, чаму я такая слабая?“ — „О, гэта, сьнег, брат!“ дзядзька кажа: „цяпер зіма напэўна ляжа“.
Задачка 23-я. У наступных прыкладах залежную мову абярнуць у простую, а простую — на залежную.
Доктар параіў хвораму, каб ён, як толькі настане вясна, паехаў на вёску, дзе ёсьць сасновы бор. Татулька сказаў: „Я раскажу табе, сынку, які страх наводзіць леў на ўсё жывое“. На пытаньне: што лепей — авечка ці каза, дзяўчынка сказала, што абедзьве лепей. Гаспадар глянуў у вакно ды спытаў: „Хто там?“ Спытаўся воўк у сабакі: „Скажы, сабака, адкуль вы сабе яду бераце?“ „Людзі нам даюць“, адказаў сабака. „Мусіць, вы цяжкую службу людзям служыце?“ зноў спытаўся воўк. Дуб сказаў чароціне: „Ты баішся жыцьця, затым ты й слабая; усім ты хочаш унаравіць, змалку прывыкла гнуцца, і гэтым паказваеш сваю слабасьць і поўнае непаважэньне да сябе, а хто не паважае сябе, таго й другія не паважаюць“ — „Скажы, дзедка“, папытаўся ў дуба малады кучаравы дубок, пазіраючы зьнізу ўверх: „ці добра табе жыць на сьвеце? Стаіш ты ўсё на адной меры, не расьцеш, не мяняешся ды ўсё быццам нешта думаеш?“ — „Настаўнік ідзе!“ крыкнулі дзеці ды сьцішыліся. „Паслухайце, як сварацца пчолкі!“ сказаў нам дзядзька, аднімаючы вуха ад вульля. „Птушкі — нашы добрыя прыяцелі“, сказаў настаўнік: „птушкі бароняць нашы сады, поле і лес ад шкодных чарвей і мошак“. „Гэта кветка — пралеска“, сказала нам маці: „яна расьце на волі, а ў хаце расьці ня любіць“. Сеў на залаты пасад стары Рыдан ды кажа сыну: „Прылажы, сынку, вуха да зямлі ды паслухай, ці бяжыць Дняпро!“ Прылажыў сын вуха да зямлі ды кажа: „Бегма бяжыць і не стаміўся яшчэ“.
Прыклады для разбору. Разабраць сынтаксічны склад наступных вершаў ды зьвярнуць увагу на іх пабудову.
|
1) Ці коска зазвоніць ў лугох раніцою, А ты, калі гора каго напаткае, 2) Ці куры ў хаце сваім дурам 3) Дзе быў пустыр, дзе рос палын, |
Вывады. Мова можа мець розны характар: яна або складаецца з кароткіх сказаў, або з больш менш разьвітых простых і складаных сказаў, або, нарэсьце, з вялікіх сынтаксічных адзінак, зложаных з цэлага раду простых і складаных сказаў, цесна зьвязаных паміж сабою адзінствам тэмы.
Такая складаная сынтаксічная адзінка, зложаная з простых і складаных сказаў, што закончана разьвіваюць пэўную тэму, называецца кругасказам, або пэрыодам. Напрыклад: Калі я праходжу міма сялянскіх лясоў, каторыя я абараніў ад зьнішчэньня, або калі я чую, як шуміць малады лес, пасаджаны маімі рукамі, я пачынаю ганарыцца, што клімат залежыць крошку ад мяне, што калі праз тысячу год чалавек стане шчасьлівым, то ў гэтым крошку буду вінен і я.
Чытаючы кругасказ, звычайна адчуваюцца яго сустаўныя часьці: павышэньне і паніжэньне, паміж якімі робіцца перапынак — выразная паўза.
Паводле сустаўных частак кругасказы можна дзяліць на два віды: кругасказы падпарадкаваныя, у якіх адносіны паміж сустаўнымі часткамі такія самыя, як паміж асноўным і даданым сказам і (бач. прыклад 3-ці ды папярэдні), і кругасказы злучаныя, у якіх гэтыя часьці зьвязаны злучальнымі словамі або зусім ня маюць злучнікаў (бач. прыклады 1-шы, 2-гі).
Увага. Кругасказы вельмі любілі старажытныя грэцкія і рымскія пісьменьнікі. Кругасказы часта ўжываюцца цяпер прамоўцамі, але новыя літаратурныя густы ўжо не прыдаюць кругасказам таго значэньня, якое яны мелі даўней. З нашых беларускіх пісьменьнікаў кругасказы найчасьцей сустракаюцца ў Якуба Коласа (Тараса Гушчы), а часам у М. Багдановіча і Ц. Гартнага, а другія пісьменьнікі (Я. Купала, Каганец, Ядвігін Ш.) ужываюць больш просты лад мовы. Такога роду асаблівасьць у мове пісьменьніка стаіць у цеснай сувязі з тым, як ён мысьліць і творыць.
Задачка 24-ая. Разабраць сынтаксічны лад наступных прыкладаў ды вызначыць віды кругасказаў (падпарадкаваныя ці злучаныя), павышэньне і паніжэньне.
Прачнуўся — шум, бразгочуць шыбы, гарыць паветра іх сялібы агнём сьляпячым, сіняватым; старыя вербы каля хаты гудуць і гнуцца ва ўсе бокі, над долам сьцелюць верх шырокі, і круціць бура ім галіны, кудлачыць, крышыць верхавіны, бы рве іх вострымі зубамі; а гром цяжэрнымі клубамі зямлю, здаецца, прабівае, і стогне хатка іх старая, і ўся трасецца, бы націна, — а ён, малы, як ліст асіны, дрыжыць ад страху, жмецца, плача (Я. Кол.). І яснасьць сонца, і пекнасьць зор, і бег жарольцаў гаманлівых, і дрэў вяковых сплёт карон, і шыр нявыглядных абшараў — схінулі шчыра нізкі ўклон яму, як жыцьця гаспадару (Ц. Г.). Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую трэба было распачаць гэтымі днямі, і да якое ён так доўга гатаваўся, — усё гэта займала яго думкі, і яму было лёгка і добра, бо так многа новага і цікавага спадзяваўся ён спаткаць на першай сваёй дарозе незалежнай грамадзянскай працы (Т. Гушча). Яму па душы быў і гэты глухі куток Палесься, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб‘езчыка; і гэты народ з асобнаю мовай і звычаямі, так непадобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх вышаў Лабановіч; гэты непачаты край старажытнасьці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы ды затрымлівала на сабе яго ўвагу; і гэты выгляд самой мясцовасьці, агульнага тону якой ня мог яшчэ ўлавіць Лабановіч, але ў якой таксама было многа цікавага і, на яго погляд, павабнага (Т. Гушча). Ёсьць дзьве важныя часьціны, з якіх складаецца жыцьцё і яго глыбокі сэнс і хараство — чалавек і прырода, бо ніколі ня страціць для нас цікавасьці чалавек, бо праяўленьне яго розуму бязьмежна, бо дарогі яго ня вызначаны, бо формы яго жыцьця і яго ўзаемаадносін да другіх людзей бясконца размаіты, аканчальна ня выяўлены, і ніколі ня могуць стаць аканчальнымі, а прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачыма кожнага з нас (Т. Гушча). Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе шматлучныя напісы — хіба-ж гэта ня ёсьць шчасьце? (Т. Гушча). Я памру — маладым, пажылым ці старым, але факт той, што я памру, бо я, як і ўсё, што мае ў сабе пачатак жыцьця, падлягаю сьмерці; бо ўсё на сьвеце, толькі што зарадзіўшыся для жыцьця, ужо мае ў сабе адзнакі і пячаць сьмерці (Т. Гушча).
|
Калі асеньнія навіны |
Задачка 25-ая. (Для паўтарэньня). Разабраць паводле сынтаксічнага складу наступныя прыклады.
Іх жыцьце, праўда, няцікава, пра іх нідзе ня ходзіць слава, аб іх гісторый не складаюць, пра іх і песень не сьпяваюць, апроч вятроў, што нудна ў плоце зімой, ў маркотнай адзіноце, халодны сьнег нясуць — ўзьдзіраюць і бедным людзям байкі баюць (Я. Кол.). І мне заўсёды горка стане, калі убачу на кургане пад шэрым прыкладам драўляным прыпынак вечны селяніна (Я. Кол.). Што ні кажы, а жыцьцё, ужо само па сабе, ёсьць радасьць, вялікае шчасьце, бясцэнны дар (Т. Гушча). Вуліца была роўная і шырокая. Амаль што не каля кожнае хаты ляжалі кучы бярвеньняў і гнілі, але нікому ня прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць проці свае хаты, каб льга было прайсьці праз балота, у якім тапілася гэта вуліца (Т. Гушча). Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут ды толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцьця да другое (Т. Гушча). Не пасьпеў гаспадар і варот прычыніць — чуе: стаў вол жаліцца аслу: „Паганае маё жыцьцё, братка асёл: пашанасьці, увагі ніякай ня маю ад свайго гаспадара“ (Ядв. Ш.). Чаму з маленства, з ураджэнства, у жыцьцёвы май, ня ўмеў, як маці, шанаваці цябе, мой край? (А. Гар.). Хто сказаў „і я з народам“, хто з ім поплеч стаў, як з братам, хто пашоў з ім роўным ходам к роўным зыскам, к роўным стратам, — з тым і я. (А. Гар.). Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі лістам пажоўклым тужліва шумяць: „Хутка надыдуць завеі з марозамі, ветры з сьнягамі ізноў наляцяць“ (А. Гар.). Круглае поле; горы каменьня; лес па краёх, як сьцяна; ціха усюды; нудна на сэрцы; птушка ня крыкне нідзе ні адна (Я. Кол.). Вітаю вас, як блізкіх родных, старыя хвоі на палёх, і вас, красёнцы сьцежак згодных, сьляды нялічаных дарог; і гэты жоўценькі пясочак, дзе хвойкі зелена растуць; бярозы тыя, што ў шнурочак за рубяжы зямлі бягуць! (Я. Кол.). Да дзядзькі страшна прыступіць, але патроху і памалу ён траціць імпаты запалу, у яго душы сьціхаюць громы, ён зноў такі, як нам вядомы: лагодны, добры, клапатлівы, на ўсё спагадны і руплівы (Я. Кол.). „Гэ“! казаў Міхась бывала: „вядома, клопату ня мала, ды што бяз клопату даецца?“ (Я. Кол.). А вам, сыны мае любыя, ня век сядзець на маёй шыі: пара падумаць, небажаткі, як жыць бяз бацькі і бяз маткі, бо іх жыцьцё ня вечна ў сьвеце вот тут глуздом паварушэце! (Я. Кол.). Жыцьцё… ды што жыцьцё такое? (Я. Кол.). Грыміць па карэньнях цялежка, мігацяцца стракатыя верставыя слупы, пахіленыя, аброслыя мохам хваёвыя крыжы наабапал дарогі, бягуць лясы, гаі; мяшаюцца полі, грамадзяцца горы, расьцілаюцца шырокія лугі, блішчаць азёры, срэбрам пераліваюцца рэчкі, золатам рассыпаюцца пяскі, глыбокімі зялёнымі ямамі раскідаюцца балоты (Т. Гушча). Песьня мая ня шукае чырвонцаў — будучнасьць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям, — жыць толькі хоча ў радзімай старонцы, пеці па сэрцу ўсім добрым людзям (Я. Куп.). Прашло засьляпленьне, мінае трывога, на небе ўжо новая відна зара (Я. Куп.). Хоць віхры шалеюць, хоць песьні нямеюць, хоць страшна замучаны ты — за добрую справу, за шчасьце і славу душу вырывай з цемнаты! (Я. Куп.). Сталі ў калючым аржоньні з павагаю мэтлікі шнурам адзін за адным; сэрца забілась надзеі адвагаю: ёсьць на што глянуць, пацешыцца чым (Я. Куп.). Падхапілі-ўзялі гусьляра-старыка, гусьлі разам яго самагуды; па-над бераг круты, дзе шумела рака, павялі-панясьлі на загубу (Я. Куп.). Ня гледзячы на тое, што ў канцылярыі было цёпла, пісар сядзеў у валёнках, бо меў у нагах раматус, і на твары яго адбіваліся адзнакі хваравітасьці і сьляды вясёлага жыцьця й п‘янства, у якім пісар ня меў сабе роўных у воласьці (Т. Гушча). Гэта было адзінае месца, дзе можна было хадзіць, не баючыся гразі (Т. Гушча). Узышоўшы на чыгунку, настаўнік прыпыніўся, як-бы разважаючы, у які бок пакіравацца (Т. Гушча). Хоць гэтае патураньне было і шкодна з пэдагогічнага боку, і Лабановіч гэта ведаў, але падоляць гэту сваю слабасьць ён ня мог ніякім чынам (Т. Гушча). Ня тое ўжо стала нашае Палесьсе, як калісь было: няма ўжо ні тых лясоў бесканечных, зарослых камышом, плюшчаём, сітнягом, маўляў-бы лесам якім, у каторым кішмя кішыць усякае птуства вадзяное (Каг.). Па пушчы Дулебскай у ясны дзень, калі млявае лісьце пыша сьвежасьцю i пахам, наводзячы столькі гадак усялякіх, і цёплы веснавы воздух размарае шлункі прыемнай млявасьцю, і хочацца расьцягнуцца дзе на галу на зялёнай мураўцы, — прабіраецца вядомымі яму сьцежкамі дулеб, высокага росту, стройны, каравокі, з невялікаю чарняваю барадою, у белым летнім дулебскім насоўчыку, у сіняй з зялёным кантам шапцы, з гербам і бляхаю на рэмені торбы з ласёвых лапак, катора вісіць у яго з левага боку, з калітою і нажом пры поясе і са стрэльбаю за плячыма (Каг.). І кожная звычайная зьява жыцьця, ахінуць яе ў прыгожую форму ды асьвяціць яе больш-менш яскрава тым ці іншым сьветаглядам ды пры гэтым умець яшчэ вызначыць тыя, часта незаметныя пружыны выяўленьня нашае душы, што звычайна ня ўлоўліваюцца нашым вокам, — можа быць тэмаю для вельмі цікавага апавяданьня (Т. Гушча). І зараз-жа, на заломе, выбухнуў вялізарны клуб белаватага дыму, за ім выкідаліся другія клубкі, і сьледам за гэтым паказаўся паравоз кур‘ерскага цягніка. Было штось вялізарнае, магутнае ў гэтым імкненьні цягніка, і мімаволі хацелася схіліць галаву перад гэніем чалавечага розуму, што атрымаў верх над бясконцымі адлегласьцямі (Т. Гушча). Вось ён, настаўнік, ня мае веры, што ёсьць некая таемная варожая сіла, што йснуе незалежна ад чалавека (Т. Гушча). Шырокі гасьцінец з двума радамі старых бярэзін зьбягаў з горкі раўнюсенечкаю сьценкаю кудысь на захад, і чым далей, тым гусьцей здаваліся гэтыя разьвіслыя старыя бярозы, усё болей і болей зьніжаліся яны, а потым зьліваліся ў адзін шнур ды замыкаліся сабою самымі, як-бы ўпіраліся ў лес ды хаваліся ў лінію небасхіла (Т. Гушча). Дробна гулка стукалі цапы па гумнах, і здавалася, што з кожным сваім ударам яны ўсё глыбей уваходзяць у жыцьцё вёскі, як-бы задумаўшы заглушыць сабою ўсе іншыя зыкі (К. Чор.).