Перайсці да зместу

Сынтакс беларускае мовы (1926)/Просты сказ і яго склад

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Уводзіны Просты сказ і яго склад
Аўтар: Язэп Лёсік
1926 год
Складаны сказ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Просты сказ і яго склад.

§ 4. Сказ.

Часам некалькі злучаных паміж сабою слоў (моўнае злучэньне) нічога ня выказваюць — ні думкі, ні пачуцьця, ні пажаданьня, а толькі называюць, напр.: Прыткі бераг рэчкі. Дзяўчынка з поўным кошыкам грыбоў. Народны Камісарыят Асьветы Беларусі. Але бывае і так, што адно слова нешта выказвае, напр.: Сьцямнела. Захаладала. Сутунее. Дабранач! Ратуйце! Пожар!

Найчасьцей-жа, гаворачы, мы ўжываем па некалькі злучаных паміж сабою слоў, каб выказаць тое, што нам трэба, напр.: Нетры лясныя спрадвеку хаваюць некую тайну ад вока людзей.

Граматычнае злучэньне з асабовым дзеясловам або з такім словам, што падмяняе асабовы дзеяслоў, называецца сказам, напр.: Час прамінаецца. Глядзіць прыветна з неба сонца. Лёгкі ветрык сад калыша. Новае жыцьце прыйшло. Праляцела борзда лета. Дык яны бабух у воду.

У некаторых разох сказ можа выражацца адным дзеясловам (Сьвітае. Ратуйце! Захаладала) або іншым словам (Дабранач! Пожар!); бываюць сказы без дзеяслова (Даль паўнютка ціхай смуты), але звычайны сказ становіць сабою граматычнае злучэньне слоў з асабовым дзеясловам.

Словы, з якіх складаецца сказ, называюцца часьцінамі сказу (яго членамі). Прыназоўнікі, злучнікі, выклічнікі і дапаможнікі, як няхай, хіба, ці, не, ні, ня могуць быць часьцінамі сказу, бо яны самі па сабе, незалежна ад другіх слоў, ня маюць свайго ўласнага значэньня ў мове; яны ня могуць ні назваць, ні выказаць нічога ды ўжываюцца толькі для памацненьня другіх слоў, а найчасьцей і звычайна служаць сувязьзю адных слоў з другімі, як канчаткі кіроўных і дапасоўных слоў. Значыць, часьцінамі сказу могуць быць толькі словы называльныя — назоўнікі, прыметнікі, дзеяпрыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, інфінітывы (неазначальная форма). Каб прыназоўнік, злучнік, выклічнік ці які дапаможнік маглі стаць часьцінамі сказу (членамі сказу), то трэба, каб яны набралі значэньня кіравальнага або дапасавальнага слова. Напрыклад: Авось нябосю брат. Няхай — нядобры чалавек. Ой, ляцела зязюлечка ды сказала куку. І — злучнік.

§ 5. Асноўныя часьціны сказу.

Калі мы возьмем моўнае злучэньне „Дзяўчынка з поўным кошыкам грыбоў“, то гэта ня будзе сказ, бо тут усе словы толькі называюць, але няма слова, якое-б нешта выказвала. Такім выказальным словам у сказе звычайна бывае дзеяслоў у васабовай форме — адзін або злучаны з другою часьцінаю мовы. Каб моўнае злучэньне „Дзяўчынка з поўным кошыкам грыбоў“ стала сказам, да яго трэба дадаць які-небудзь дзеяслоў у васабовай форме, напр., „ідзе“: Ідзе дзяўчынка з поўным кошыкам грыбоў. Цяпер гэтае моўнае злучэньне як-бы ажыло: яно стала гаварыць, выказваць, жыць.

Але каб моўнае злучэньне стала сказам, то мы асабовы дзеяслоў „ідзе“ дапасавалі да слова „дзяўчынка“, г. зн. да назоўніка йменнага ў форме назоўнага склону (на пытаньне хто?), а не да іншага слова. Гэта вельмі важна. Значыць, каб злучэньне слоў стала сказам, трэба, каб у гэтым злучэньні слоў быў асабовы дзеяслоў, дапасованы да назоўніка йменнага ў назоўным склоне на пытаньне хто? або што?

Вось чаму часта кажуць яшчэ, што сказам называецца дзеяслоў у васабовай форме — адзін або дапасованы да назоўніка йменнага ў назоўным склоне ў злучэньні з іншымі словамі.

Такія сказы зьяўляюцца найбольш важнаю і найбольш пашыранаю формаю нашае мовы. Бываюць сказы, як мы бачылі вышэй, з аднаго слова (Сьцямнела. Ратуйце! Пожар!); у вапошнім прыкладзе — „Пожар!“ — няма нават дзеяслова, але такія сказы рэдка ўжываюцца ў мове. З імі мы пазнаёмімся потым, калі будзем гаварыць пра розныя формы сказаў у мове. Раней-жа трэба азнаёміцца з складам звычайнага сказу, дзе ёсьць дзеяслоў у васабовай форме, дапасованы да назоўніка йменнага ў назоўным склоне.

1. a) Выказьнік. Асноўнае значэньне ў сказе маюць словы не называльныя, а выказальныя — ня тыя, што называюць, а тыя, што выказваюць. Такім выказальным словам звычайна бывае дзеяслоў у васабовай форме. Мы бачылі, што якраз такі дзеяслоў і абарачае моўнае злучэньне слоў у сказ.

Гаварыць ці выказваць што-небудзь без дзеяслова можна толькі ў некаторых выпадках, аб якіх будзе гутарка пасьля.

Кожная часьціна сказу мае свой уласны назоў, які даецца ёй па яе значэньні ў мове.

Асабовая форма дзеяслова, адна ці ў злучэньні з іншаю часьцінаю мовы, называецца ў сказе выказьнікам. Напрыклад: Поўнач пеўні пракрычалі. Гасьне корчык на камінку. Глуха лес гамоніць. Прырода пачынае ажываць. Касцы сталі касіць. Жыта было калаciстае.

У гэтых сказах словы „пракрычалі“, „гасьне“, „гамоніць“, „пачынае ажываць“, „сталі касіць“, „было каласістае“ будуць выказьнікі.

Чаму пры некаторых асабовых дзеясловах стаяць яшчэ і іншыя словы (пачынае ажываць, сталі '' касіць — было каласістае) — аб гэтым даведаемся з „б) формы выказьніка“.

б) Формы выказьніка. Выказьнік можа быць просты, сустаўны і падвойны.

1. Просты выказьнік. Выказьнік, выражаны адным дзеясловам у васабовай форме або такою часьцінай мовы, што падмяняе асобны дзеяслоў, называецца простым, напр.: Конік сьлепаваты трасе галавою. Насталі туманныя дні. Дык яны бабух у воду.

а) Бываюць выпадкі калі просты выказьнік выражаецца неазначальнай формай (інфінітывам), напр.: Блізка відаць, да далёка дыбаць. Нашто козамі сена травіць?

б) Асабовая форма простага выказьніка можа быць складанаю. Гэта тая форма простага выказьніка, што складаецца з дапаможнага слова „быць“ у васабовай форме будучага часу і неазначальнай формы другога дзеяслова (будучы складаны час: буду чытаць, будзе вучыцца), або тая, што складаецца з дапаможнага дзеяслова „стаў“ (прошлы час) і неазначальнай формы другога дзеяслова (прошлы складаны час: сталі чытаць, стаў гаварыць).

в) Сюды трэба аднесьці і формы простага выказьніка з слова „бывала“, якое ў злучэньні з другім асабовым дзеясловам становіць таксама складаную форму простага выказьніка, напр.: Зьбяруцца бывала і люлькі закураць. Сядзе бывала ды плача. Бывала выйдзе ў поле ды ходзіць па межах.

2. Сустаўны выказьнік. Бывае так, што форма простага выказьніка ня можа выказаць таго, што прыпісваецца дзейніку. У такіх разох да асабовага дзеяслова дадаецца іншая часьціна мовы, і такім парадкам вытвараюцца выказьнікі — сустаўны і падвойны.

Выказьнік, выражаны асабовай формай дзеяслова ў злучэньні з скланяльным словам у назоўным склоне, называецца сустаўным, напр.: У маркоце дзень здаецца вялікі. Ноч была зорная. Ён быў купец. Цэлы дзень сяджу адна.

а) Значыць, у сустаўным выказьніку асабовы дзеяслоў можа мець пры сабе скланяльнае слова ў назоўным склоне. Гэта — другі назоўны склон у сказе (першы назоўны склон — дзейнік).

б) У сустаўным выказьніку дзеяслоў ня мае поўнага значэньня ды называецца сувязьзю. Найчасьцей сувязьзю служыць дзеяслоў „быць“ у форме цяперашняга і прошлага часу, але часам ужываюцца і іншыя дзеясловы.

Сувязь „быць“ у цяперашнім часе (ёсьць) звычайна прапускаецца. На пісьме гэты пропуск азначаецца працяжнікам (калі другая частка выражана назоўнікам іменным), а ў мове — перапынкам (паўзай) бяз зьмены інтонацыі ў голасе. Напрыклад: Лішняе мудраваньне — дураваньне. Курыца — птушка. Чужая сіла — асіна.

Хоць сувязь „ёсьць“ найчасьцей прапускаецца, але гэта ня значыць, што яна зьнікае; зьнікае толькі яе гукавая форма, г. зн. яна не называецца, а мысьліцца, як выражэньне ў сучаснай мове цяперашняга часу, бо сувязь „быў“ азначае прошлы час, а „буду“ — будучы час.

в) Другая частка (не дзеяслоўная) можа быць выражана параўнальнай ступеньню прыметніка якаснага (Старожа лепей варожы) і нават прыслоўем (Раса далоў, і я дамоў. Гістарычна гэта не супярэчыць выстаўленаму правілу, што не дзеяслоўная частка сустаўнога выказніка павінна быць слова скланяльнае, бо параўнальная ступень прыметніка якаснага і тыя прыслоўі, што бываюць часткай сустаўнога выказьніка, даўней скланяліся.

г) Сюды належыць і слова „трэба“. Даўней „трэба“ было назоўнікам іменным жаночага роду, і толькі цяпер страціла сваё даўнейшае значэньне ды абярнулася ў нязьменнае слова; яно стала нібы прыслоўем. Значыць, яно можа стаяць на месцы другой скланяльнай часткі сустаўнога выказьніка. Напрыклад: „Мне ня трэба (ня ёсьць трэба) твае грошы“. Даволі часта слова „трэба“ ўжываецца ў скарочанай форме — „трэ“, напр.: „Мне трэ‘ зьбірацца ў дарогу“.

д) Вельмі часта другі назоўны склон падмяняецца творным склонам, і тады сустаўны выказьнік абарачаецца ў просты з дапаўненьнем у творным склоне, напр.: Мяне завуць Савачка. — Яго зувуць Савачкам. Звалі яго Ахрэмам. Яго дражняць Рысь. — Яго дражняць Рысем. Хто таму вінаграду сторажам будзе? Гэты назоў стаў мянюшкаю. Гэтае дапаўненьне розьніцца ад звычайных дапаўненьняў тым, што яно цесна зьвязана з выказьнікам (прэдыкатам) і яго можна назваць дапаўненьнем „выказальным“ (прэдыкатыўным). Напрыклад: Яна яму прыходзіцца цёткаю. Служыў ён парабкам.

У тых разох, калі другі назоўны склон выражаны назоўнікам іменным або тым словам, што яго падмяняе, прымае такі зварот, што азначае зьмену ў стане прадмета, сустаўны выказьнік абарачаецца ў просты з дапаўненьнем у вінавальным склоне з прыназоўнікам „за“, напр.: Ня ўмее ні чытаць, ні пісаць, а яго за караля абіраюць. Узяў сабе сірату за дачку. Ён мне за бацьку роднага стаў. Яго ўсе за дурнога мелі. Згадзілі яго за пастуха. Стаў за настаўніка. Засталася ў іх за наймічку. Каб ня была табе паветка за хатку, каб ня была табе суседка за матку.

У расійскай мове у такіх выпадках, замест вінавальнага прэдыкатыўнага з прыназоўнікам „за“, ўжываецца творна-прэдыкаўны без прыназоўніка: „Он был наставником“. „Осталась у них наймичкою“.

3. Падвойны выказьнік. Выказьнік, выражаны асабовай формай дзеяслова, пры каторай стаіць азначальная форма (інфінітыў) другога дзеяслова, называецца падвойным выказьнікам. Напрыклад: У восень уся прырода пачынае заміраць. Маці ніткі села віць. Дзеці паклаліся спаць. Перад адлётам у вырай птушкі пачынаюць трывожыцца. Чалавек прымусіў працаваць на сваю карысьць жывёлу.

а) Часам першая частка падвойнага выказьніка зьяўляецца сустаўным выказьнікам. Гэта бывае ў тых разох, калі скланяльным словам такога сустаўнога выказьніка бываюць такія словы: 1) назоўнікі йменныя — „ахвотнік“, „майстар“ і інш. (Ахвотнік рэпкай пажывіцца); г) прыметнікі — „рад“, „павінен“, „гатоў“, „ахвоч“ (Рада ўстаці да свайго дзіцяці; павінен вучыцца, гатоў памагчы).

б) Неазначальная форма (інфінітыў) заўсёды ставіцца пры загадным ладзе „давай“ (Давай ці давайце гуляць у жмуркі!) і пры выклічніку „ну“, калі ён падмяняе асабовую форму дзеяслова (І ну з ім тузацца).

2. Дзейнік. Назоўнік іменны ў форме назоўнага склону (на пытаньне хто? ці што?), да якога дапасованы выказьнік, называецца ў сказе дзейнікам. Напрыклад: Прыйшла зіма халодная. Прыціх шум баравы. Хата будуецца цесьлямі. Лёгкі ветрык сад калыша. Сухая ложка рот дзярэ. Над вадою адзінютка пахінулася вярбіна.

У гэтых сказах словы „зіма“, „шум“, „хата“, „ветрык“, „ложка“, „вярбіна“ будуць дзейнікі.

Выказьнік цяперашняга часу (і будучага, бо форма гэтых часоў аднолькавая) дапасоўваецца з дзейнікам у ліку і асобе, а выказьнік прошлага часу — у ліку і родзе.

Калі выказьнік стаіць у першай асобе, то дзейнікам звычайна бывае асабовы назоўнік займенны я або мы.

Калі выказьнік стаіць у другой асобе, то дзейнікам бывае асабовы назоўнік (займеньнік) ты ці вы.

Калі-ж выказьнік стаіць у трэцяй асобе, то дзейнікам можа быць як асабовы прыметнік займенны ён ува ўсіх родах і ліках, так і кожны назоўнік іменны. Напрыклад:

я стаю, мы стаім;
ты стаіш, вы стаіце;
ён стаіць, яны стаяць;
стол стаіць, лямпа стаіць;
чалавек стаіць і г. далей.

Дзейнікам звычайна бываюць назоўнікі йменныя, але прыметнікі і дзеяпрыметнікі часам абарачаюцца ў назоўнікі, г. зн. перастаюць абазначаць адну толькі прымету ды ўжываюцца ў значэньні назоўніка, напр.: убогі, соцкі, рабочы, араты, паляўнічы, арганісты, памагачы, паслугачы, сацыялісты і іншыя.

Гэтыя прыметнікі абярнуліся ў назоўнікі, і яны могуць быць дзейнікамі нараўне з усімі назоўнікамі, напр.: Паляўнічы забіў зайца. Рабочыя сталі на работу. Дзе араты плача, там жняя скача.

Таксама, калі мы скажам: „Праворны ўсюды пасьпее“, то нам няма патрэбы паясьняць слова „праворны“ назоўнікам іменным, бо яно само ў гэтым сказе разумеецца, як назоўнік іменны. Вось чаму мы лічым яго дзейнікам гэтага сказу.

Такім парадкам дзейнікам можа быць: 1) назоўнік іменны (чалавек, туман, хмара, праўда, жаль, хараство, розум), 2) назоўнік лічэбны (пяць, два, трыццаць, сто, тысяча, шасьцёра, двое), 3) назоўнік займенны (я, ты, мы, вы, хто, што, нехта), 4) прыметнікі йменныя лічэбныя, займенныя (стары, праворны, першы, адзін, кожны), 5) дзеяпрыметнікі і кожная іншая часьціна мовы — пры ўмове, каб яны мысьліліся, як назоўнікі йменныя ў назоўным склоне, г. зн., каб яны падмянялі назоўны склон іменьніка ды дапускалі пытаньне назоўнага склону хто? або што? Напрыклад: Можа надвое варожа. Куку пайшло ў руку. На гару чацьвёра цягнуць, а з гары адзін сапхне.

Задачка 3-яя. Знайсьці выказьнік і дзейнік ды аб‘ясьніць, якою часьцінаю мовы выражаны дзейнік і як форма выказьніка залежыць ад формы дзейніка.

Папсавала гразь дарогу. Перавалы загулі. Наступіла чорна хмара. Глядзіць прыветна з неба сонца. На камінку корч палае. Усё прачнулась прад вачыма беднае кабеты. Жыў ён бедна. Вераценца, з рук упаўшы, грукне. Думкі думку падганяюць. Думка думку гоніць. Уздыхнула цяжка матка. Куды толькі думка тая матку не заносіць?! Скручаны-зьверчаны па хаце скача (венік). Чужымі сьлязьмі ніхто не разжывецца. Прыгожаму ўсё прыстала. Між палёў шырокіх я адзін стаю. Чужое ня грэе. Ляніваму каню і дубіна ня страшна. Адзін працуе за траіх. Адзін другога не пераважыць. Два ляжаць, два стаяць, пяты ходзіць, шосты водзіць (вушакі, чалавек, дзьверы). А хто там ідзе? Хто ідзе, той паклоніцца. Ніхто ня ведае, як хто абедае. Багаты дзівіцца, чым худак жывіцца. Скупы два разы траціць. Свае бяды нікому не кажы, бо добры зьлякнецца, a злы пасьмяецца. Малое вялікаму завада. Куку пайшло ў руку. Кучка йдзе народу. Сіненька, маленька ўвесь сьвет адзяе (голка). Зялёнаю шырокаю паласою раскінуўся наабапал рэчкі луг. У моры дзесьці згінулі яны. Мохам чорным абрасло яно. Я змалку там штодня гуляў. Вясёла йшлі гулянкі нашы.

Задачка 4-ая. Выпісаць спачатку сказы з простым выказьнікам, потым з сустаўным і падвойным. Знайсьці ды выпісаць сказы з прэдыкатыўным дапаўненьнем у творным і вінавальным склоне і сказы з складаным выказьнікам.

Пахне павабна трава над ракою. Набытая працай капейка пераважыць лёгкі заработак. Ноч была зорная. Месца было вельмі сухое. Абяцаная шапка на вушы ня лезе. Атаўка — сену прыбаўка, да ня ўмеў скасіць Саўка. Шчырая праца — мазалёвая. Усё поле было пакрыта копамі і народам. Лебедзі лёгка робяцца ручнымі. Асіна бывае прыгожая ў восень. Галоднаму і пушнінка — малінка. Слова вецер, a пісьмо — грунт. Упартая каза — воўку карысьць. Рад любавацца я кветкай убогай. Спадзяваўся свой прыдбаць куточак. Слабаму жывату і вада завада. Прымусная работа самая цяжкая. Лішняя нітка — палатну завада. Зелена — молада. Сьляпому вочы завязаны. Жаль увагі ня мае. Пачынаюць ляцець птушкі ў вырай. Жартаваць з залезам не казала лісіца. Маці ніткі села віць. Сьнег паволі пачаў таяць. Працаваць вучыся зрана, у маладыя годы. Падарожныя прыйшлі ў вёску начаваць. Пачарнеў на полі сьнег. Рад-бы я ня думаць аб сваёй нядолі. Шанавацца кожнаму трэба. Улетку перастаюць хадзіць у школу. Валы пайшлі піць воду. Скупому цяжка плаціць даўгі. Сенажаць ужо скошана. Прайшла вясёлая пара лета. Збожжа з палёў ужо сабрана. Падарожны лёг сапачыць. Ціхае поле залаціцца сьпелым збожжам. У полі работа скончана. Трэба прымацца за малацьбу. Сьветлая галоўка мысьлямі занята. Не ўдалося забіць лося. Свая сіла кожнаму міла. Загадка была хітра зложана. Сядзе бывала на прызьбе ды грае. Добрае чуваць далёка, а благое яшчэ далей. Маленькі сабачка да веку шчаня. Зімняя ночка — бацьку сарочка. Збожжа пажатае з нівак пазвожана. Неба дажджліваю хмарай абложана. Сёмка служыў сторажам на чыгунцы. За гарою ёсьць даліна. Перастала грэць яснае сонейка. Чорныя думы мне спаць не даюць. Мне ня старастам садзіцца. Яна жыве адзінокаю. Мяне завуць Савачка. Была ёй паветка за хатку, была ёй суседка за матку. Усе ласы на чужыя прыпасы. Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог. Многа было клопату. У возеры вадзілася гібель усялякае рыбы. Сусед стаў багаты. Вялікае возера называецца морам. Хлопец стаў разумны. Адна рада добра, а дзьве лепш. Арол — найдужэйшая птушка. Хто дужэйшы, той пружэйшы. На жывой касьці мяса мусіць абрасьці.

§ 6. Даданыя часьціны сказу.

Часьціны сказу дзеляцца на асноўныя і даданыя, або паясьняльныя словы.

Асноўных часьцін дзьве: выказьнік і дзейнік; усе іншыя словы ў сказе называюцца даданымі, або паясьняльнымі словамі.

Самай важнай часьцінай сказу зьяўляецца выказьнік, але ёсьць шмат сказаў, якіх трудна было-б зразумець бяз дзейніка. Дзеля гэтага дзейнік лічыцца таксама асноўнай часьцінай сказу.

Даданыя часьціны адносяцца або да дзейніка, або да выказьніка. Напрыклад, у сказе „Неспакойна зашумела жыта маладое“ — зашумела будзе выказьнік, жыта — дзейнік; словы неспакойна, маладое — даданыя часьціны, прычым слова „маладое“ адносіцца да дзейніка, а „неспакойна“ — да выказьніка.

Даданыя часьціны могуць мець свае даданыя, або паясьняльныя словы. Напрыклад, у сказе „Пастушкі злавілі малога зайчыка“ словы „пастушкі злавілі“ — гэта асноўныя часьціны (выказьнік і дзейнік); слова „зайчыка“ — даданая часьціна да выказьніка, слова „малога“ — паясьняльнае слова да даданае часьціны „зайчыка“.

Задачка 5-ая. Выдзеліць даданыя часьціны сказу.

Стары бор панура шуміць. Нудна выглядае надвор‘е ў восень. Халодны вецер сьвішча ў полі. Начлежнікі выбралі высокі сухі груд. Цэлы гай старасьвецкіх дубоў раскінуўся па беразе Нёмна. На зямлі ляжаў глыбокі сьнег. І нясецца сярод жыта шчэбет іх (птушак) шчасьлівы. Шпарка коні ймчацца ў полі. Буйным жыцьцём усё чыста кіпела. Старое нешта ўсё ўспамінаецца. Некі няведамы жаль уздымаецца. Над старым вялікім садам зьбіралася навальніца. Доўга ў хаце нашыя брацьця рукі злажыўшы сядзелі. З песьняю зычнай у працы прывычнай будзе спарней. Неба дажджліваю хмарай абложана. Траўкай ня грае сваёй сенажаць. Неспакойна зашумела жыта маладое, зранку самага трывожна шэпча зеляное. Каласочкі на саломках галоўкай качаюць; каплі роскі на іх лісьці чыстым срэбрам зьзяюць. Чыстых хмарак валаконцы сталі у кружочак. Многа страшных здарэньняў успомнілі хлопцы. Акалічны народ гусьлі знаў гусьляра. Каня вечнага „піць“ не заводзіць. На гары на крутой, на абвітай ракой, белы хорам стаяў недаступнай сьцяной. У нагах у яго расьцілаўся абшар хвоек гонкіх і пахані чорнай. Туманы закрываюць ад вачэй белы сьвет. Самічка-ластавачка несла ў гнязьдзечку свае маленькія рабенькія яечкі. Цераз тыдні два з яечак вышлі маленькія голенькія птушачкі з жоўценькімі роцікамі.

1. Дапаўненьне. Кіраваць могуць розныя часьціны мовы: 1) дзеясловы (чытаю кнігу, пішу ліст); 2) дзеяслоўныя часьціны мовы — неазначальная форма, або інфінітыў (піць воду, чытаць кнігу); дзеяпрыслоўе (аручы поле, чытаўшы кнігу); дзеяпрыметнікі (патручаны бураксай, пабелена мелам); 3) назоўнікі йменныя (качан капусты, рог вуліцы); 4) назоўнікі лічэбныя лічныя, пачынаючы ад „пяць“, і зборныя, як мы бачылі (§ 3), заўсёды патрабуюць роднага склону (пяць рублёў, сямёра дачок); 5) прыслоўі (шмат кніг, многа вады).

Кіравацца могуць такія часьціны мовы, што могуць зьмяняць сваю форму ў залежнасьці ад другіх слоў. Такою часьцінай мовы зьяўляецца перш за ўсё назоўнік іменны.

Кіроўнае слова ў сказе, або залежны склон назоўніка йменнага ці іншай часьціны мовы, што падмяняе назоўнік іменны, называецца дапаўненьнем. Напрыклад: Поле пакрылася зяленівам. Праца нам шчасьце дае. Сава ня ўродзіць сакала. Жалем сьціскаюцца грудзі. Пастух пасе авечкі. Ніва пустымі шуміць каласамі. Ніва ня цешыць жаночых вачэй. Страчанага ня вернеш. Ляжачага ня б‘юць. Убогага кій корміць.

1) Дапаўненьне выражаецца залежным склонам назоўнікаў іменных і іншых скланяльных часьцін мовы, што могуць быць дзейнікамі. Адгэтуль відаць, што дзейнік ні ў якім залежным склоне стаяць ня можа, бо ўсе залежныя склоны — гэта формы кіроўных слоў, дапаўненьняў. Дзейнік мае сваю ды толькі адну форму — назоўны склон.

Дапаўненьне зьвязана з дапаўняльным словам кіраваньнем, г. зн. дапаўняльныя словы патрабуюць, каб дапаўненьне стаяла ў пэўным залежным склоне. Дапаўненьне можа стаяць у кожным склоне, апроч назоўнага і клічнага.

Дапаўненьні могуць кіравацца двума спосабамі — з прыназоўнікам і без прыназоўніка. Прыназоўнікі — гэта нязьменныя словы (на, пры, за, пад, да, у, к, каля, цераз і інш.), што прыстаўляюцца к дапаўненьню, каб дакладней выразіць значэньне склону, напрыклад: сеў за стол, сядзелі за сталом, кінулі пад стол, стаў пры стале і г. далей.

2) Ёсьць такія дзеясловы, што канечна патрабуюць пры сабе дапаўненьня: без яго сэнс дзеяслова не дакладна ясны або іншы. Дзеясловы гэтыя называюцца пераходнымі, а дапаўненьні пры іх — простымі, а ўсе іншыя — ускоснымі. Такія пераходныя дзеясловы звычайна кіруюць вінавальным склонам без прыназоўніка; гэтая форма і зьяўляецца звычайнай для простага дапаўненьня.

Возьмем некалькі дзеясловаў з пераходным і непераходным значэньнем: а) даю, бяру, нясу, прадаю, купляю, сяку, ару, кашу, пішу; б) ляжу, сплю, стаю, бягу, еду, плачу, купаюся, рагачу.

Пры першых дзеясловах дапаўненьне проста патрэбна, каб дакладней выразіць значэньне дзеяслова (ён пагасіў агонь); на такое дапаўненьне нават падае націск, пры другіх-жа дзеясловах нават трудна адразу знайсьці дапаўненьне. Сказ „ён сьпіць“ становіць зусім закончаную думку, хоць ён можа быць пашыраны рознымі дапаўненьнямі (ён сьпіць на ложку, пад дубам, у садку, крэпкім сном і г. далей); часам нават у вінавальным склоне: такое дапаўненьне стаіць на мяжы з акалічнасьцю (сьпіць зіму, лета, цэлы дзень).

Пераходныя дзеясловы (першы рад а) патрабуюць для матэрыяльнасьці свайго значэньня дапаўненьня ў адным пэўным склоне, хоць падобна да непераходных (другі рад б), могуць мець пры сабе і іншыя, не характэрныя, не канечна патребныя дапаўненьні і ў іншых склонах. Найчасьцей патрэбнае дапаўненьне пры дзеясловах пераходнага значэньня ставіцца ў вінавальным склоне, а пры адмоўнасьці „не“ — у родным склоне (лаўлю рыбу, не лаўлю рыбы).

3) Дапаўненьне, што стаіць у вінавальным склоне без прыназоўніка ды азначае прадмет, на які пераходзіць дзеяньне пераходнага дзеяслова, называецца простым, а ўсе іншыя называюцца ўскоснымі.

4) Мы бачылі (§ 5, 2), што прыметнікі і дзеяпрыметнікі часам абарачаюцца ў назоўнікі йменныя або разумеюцца, як назоўнікі йменныя, і тады могуць быць дзейнікамі; значыць, яны могуць быць і дапаўненьнямі, г. зн., кіравацца, як і ўсе назоўнікі йменныя, напр.: бачу сьляпога, пашкадуй малога, ня б‘юць ляжачага, іншае дараванае даражэй за куплёнае.

5) у сказе дапаўненьне можа мець рознае значэньне: яно можа выражаць прыналежнасьць аднаго прадмета другому (хата нашага дзядзькі), месца (хата ў лесе), час (гэта здарылася пад восень), параўнаньне (лепшы за брата), прычыну (пасварыліся за ножык-цыганчык), спосаб дзеяньня (сядзем радком), частку прадмета (кусок хлеба) і інш. ды адказваць на розныя пытаньні.

б) Дапаўненьне можа адносіцца або да дзеяслова, або да назоўніка; паводле гэтага дапаўненьні бываюць а) прыдзеяслоўныя (ару поле, ляжыць на стале), б) прыназоўныя (рог вуліцы, пяць кніг).

Задачка 6-ая. Прыклады перапісаць, дапаўненьні падчыркнуць (дзе трэба — разам з прыназоўнікамі) ды паказаць, якое значэньне мае дапаўненьне ў сказе.

Загарэліся сьцены старое варывенькі. Працаю сілы прыроды к людзям у слугі ідуць. Цяжкія хмары паўзьлі па шэрым небе. Пачарнелы пень старога дуба дзіка глядзеў у высь. Кожны начлежнік вёз з дому па палену дроў. За лугам выступала чорным вобрысам палоска яловага лесу. Далёкая цёмная палоска лесу абвязалася наміткаю сіняватае смагі, як маладзіца хусткаю. Вецер інакшы ім дзьме ў галаве. Я памятаю зімы прыход у нашым краю. Адкрыты новыя пуціны ў круг забаў яго дзяціных. Усёй душою хачу злучыцца я з табою, у тваіх лясох пазычыць сілу, у тваёй зямлі сайсьці ў магілу. Ніхто з дамашніх не згадае, чым рэчка Костуся займае, якая іх зьвязала сіла, і чым яна так хлопцу міла. Улетку мы ходзім браць воду з крыніцы. Перад адлётам у вырай птушкі пачынаюць трывожыцца. Скупому цяжка плаціць даўгі. Нашая хата стаіць на ўзгорку. Мяккі сьнег лятае пухам. Край неба блішчаў шырокаю чырвонаю стужкай. Пахілага дзерава вецер ня ломіць. Вожыкі робяць сабе гнезды з лісьцяў. Кажаны ня робяць сабе гнездаў на зіму. Свая сіла кожнаму міла. Павіннай галавы і меч ня йме. Чужая старана тугою арана, сьлёзкамі засявана. Сьляпому вочы завязаны. Пад ляжачы камень і вада не бяжыць. Нябітаму няма чаго плакаць. Напужаная варона і вераб‘я баіцца. За баляваньнем ходзіць галадаваньне.
Цярпеньнем і працай горы пераносяць. Таткава хата ўсім багата. Па ласым кусе я і вады нап‘юся. Ад чужога шалу баліць галава.

2. Азначэньне. Апрача дапаўненьняў, г. зн. слоў кіроўных, ёсьць такія даданыя словы ў сказе, залежнасьць каторых выражаецца ў дапасаваньні да другога слова ў родзе, ліку і склоне. Такія дапасованыя словы называюцца азначэньнем, бо азначаюць якую-небудзь прымету прадмета. Напрыклад: Насталі туманныя дні. Сад пакрыўся жоўтым лістам. Лісьце зжаўцелае з дрэў асыпаецца.

1) Самае звычайнае азначэньне — гэта прыметнік назоўны (якасны і адносны). (Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі; а потым, азначэньнем можа быць прыметнік лічэбны (Выпаў першы сьнег), прыметнік займенны (Мае лапці лазовыя пераносяць твае боты казловыя) і дзеяпрыметнік (Набытая працай капейка пераважыць лёгкі заработак), бо ўсе яны могуць зьмяняцца ў родзе, ліку і склоне.

Такія дапасованыя прыметнікі і дзеяпрыметнікі называюцца ў сказе азначэньнямі,

2) Значыць, у сказе дапасуюцца: 1) выказьнікі з дзейнікамі, 2) азначэньні з тымі назоўнікамі, да якіх адносяцца.

Аб тым, як дапасуюцца назоўнікі йменныя (разумеецца, у тых формах, у якіх яны могуць зьмяняцца — у якіх?), будзе гаварыцца ніжэй (бач. § 7).

3) Пры некалькіх азначальных словах азначэньне дапасуецца з бліжэйшым азначальным словам (Купілі новыя сані і вупраж. Маладзенькая травіца і кветкі).

4) Дзеясловы ў прошлым часе бываюць у сказе выказьнікамі ды дапасуюцца з дзейнікам. Прыметнікі і дзеяпрыметнікі заўсёды адносяцца да назоўнікаў і дапасуюцца з імі ў родзе і ў іншых формах (у ліку і склоне), напр.: „Задняе кола было з паломанымі сьпіцамі“.

Задачка 7-я. 1) Сьпісаць ды азначэньні падчыркнуць; 2) выпісаць усе дапасованыя словы такім парадкам: падзяліць старонку сшытка папалам; спачатку выпісаць усе выказьнікі на левым баку, а на правым — усе дзейнікі (проці кожнага выказьніка той дзейнік, з якім ён дапасованы), потым налева выпісаць усе азначэньні, а направа — назоўнікі, да якіх яны дапасованы, таксама адно проці другога.

НАВАЛЬНІЦА.

Над вялікім, даўно пакінутым і заглохлым садам зьбіралася навальніца. Цяжкія хмары паўзьлі па шэрым небе ды падыходзілі бліжэй да сонца, каб загасіць яго. Чорныя цені, што палеглі на землю ад хмар, наводзілі на ўсё жывое страх.

Спалохаўся і задрыжаў стары сад, бо прачуваў, што можа стацца, калі навальніца пачне крышыць худзенькія дрэўцы, між каторымі стары дуб стаяў сьмела і адважна, весела паглядаючы ў вочы цёмным хмарам.

Што значыць яму навальніца? Ці раз здаралася, што віхры парываліся схіліць яго да зямлі, але дарма: ён мала зважаў на гэта ды толькі сьмяяўся з непагоды.

Дый чаго-ж яму баяцца, калі ён крэпка ўмацаваў у зямлі сваё карэньне, а над зямлёю высока трымаў векавую зялёную карону.

Хмары, як няпрытомныя, паўзьлі ўсё бліжэй да сонца, халодны вецер гнаў з дарог пыл ды, скруціўшы ў слуп, растрасаў яго з боку на бок. Брызнуў густы дождж, і стрэліў пярун.

Задрыжаў дуб, але выпрастаў свае шырокія грудзі ды прыгатаваўся сустрэць націск, як колісь бывала. Тымчасам хмары ўжо падпаўзьлі на сонца, загасілі яго ды сунуліся ў цемнаце далей. Задрыжалі тоненькія дрэўцы, прыляглі да зямлі ды чакалі сьмерці. Дрыжаў і дуб, і пад дзікім націскам ветру пачала хіліцца яго зялёная карона.

Ударыла маланка, задыміўся ды зваліўся апалены дуб і бяз ліку пахаваў пад сабою маленькіх дрэўцаў.

Навальніца, як цёмная вялізная птушка, паляцела далей. Дождж сьціхаў, і дзе-ні-дзе з-за хмар стала паказвацца яснае неба.

Шмат палягчэла тым дрэўцам, што засталіся ў старане. Праўда, па прывычцы яны яшчэ пудліва паглядалі на дуб, што распластаны ляжаў у садзе, але ніхто цяпер ня гінуў ад вечнае засені, і ўсім стала прасторна.

Пачарнелы пень старога дуба дзіка глядзеў у высь ды адзначаў месца, дзе жыла векавая сіла.

3. Акалічнасьць. У сказе бываюць такія даданыя часьціны, што ня могуць ні кіравацца, ні дапасавацца, бо яны выражаюцца нязьменнымі часьцінамі мовы — прыслоўямі і дзеяпрыслоўямі.

Даданыя часьціны ў сказе, што выражаны прыслоўямі і дзеяпрыслоўямі і, значыць, ня зьвязаныя з іншымі часьцінамі сказу ні кіраваньнем (як дапаўненьне), ні дапасаваньнем (як азначэньне), называюцца акалічнасьцямі. Напрыклад: Глуха вербы шэпчуць. Стаяў калісь тут бор стары. І бачу лес я каля хаты, дзе колісь весела дзяўчаты сьпявалі песьні дружным хорам, з работ ідучы позна борам. Пытаючы, дапытаешся.

1) Большасьць прыслоўяў — гэта акасьцянелыя формы зьменных часьцін мовы: а) назоўнікаў іменных (добра, борзда, дома, летась), часам з прыназоўнікам або з іншым словам (назад, адразу, сёньня-сяго дня, заўтра), б) прыметнікаў (цёпла, блізка, хораша — цяплей, бліжэй, харашэй), в) дзеясловаў (наўмысьля, загадзя), аб чым дакладней гаворыць морфолёгія. Некалі прыслоўі дапасаваліся і кіраваліся, і тады яны былі азначэньнямі ці дапаўненьнямі; цяпер яны застылі ў тэй ці іншай форме, не дапасуюцца і ня кіруюцца, хоць і паясьняюць тое слова, з якім некалі былі зьвязаны кіраваньнем або дапасаваньнем, а цяпер прымыканьнем.

Таксама ўсе нашы дзеяпрыслоўі цяперашняга часу (ідучы, гукаючы) і прошлага часу (ішоўшы, гукаўшы) былі некалі формамі дзеяпрыметнікаў.

Сучасная мова мае шмат такіх зваротаў з назоўнікамі іменнымі, якія гатовы абярнуцца ў прыслоўі, напрыклад: „перапалохацца на сьмерць, пайсьці да дому, да хаты, нанач, назіму, залаб, вобземлю, у восень — увосень, у весну — увесну. У такіх выпадках трудна бывае пазнаць, што гэта — дапаўненьне ці акалічнасьць, г. зн. прыслоўе ці залежны склон назоўніка йменнага. Дзеля нявыразнасьці такіх формаў у мове, спрэчныя выпадкі лепш адносіць да прыслоўяў-акалічнасьцяй. Такія спрэчныя формы звычайна ня маюць таго матэрыяльнага зьместу, якое перадае слова само па сабе, напр.: „перапалохацца насьмерць — убраньне на сьмерць; вярнуцца дахаты — плот аж да хаты і т. д.“.

2) Усе формы параўнальнай ступені (сьвятлей, ляпей, прыгажэй, лепш, горш) становяць прыслоўі і ў сказе служаць акалічнасьцямі.

3) Акалічнасьці могуць адносіцца: а) да дзеяслова (ехалі скора, заснуў чытаючы); б) да прыметніка і дзеяпрыметніка (вельмі малады, хораша зроблена, моцна прывязаны); в) да іншых прыслоўяў і дзеяпрыслоўяў (вельмі доўга, доўга гуляючы) і г) часам, але вельмі рэдка, да назоўнікаў іменных (білет туды і назад).

4) Акалічнасьці, выражаныя дзеяпрыслоўямі, могуць мець пры сабе іншыя даданыя часьціны сказу; тады яны вызначаюцца поўнай незалежнасьцю, як-бы адрываюцца ад сказу, і на пісьме аддзяляюцца коскамі, а ў мове — паўзамі. Напрыклад: „Воду гатуючы, усё вада будзе“. „Ехаўшы бачком, ні з кім не зачэпішся“. „Паволі едучы, далей будзеш“.

Заключэньне аб простым сказе. Мы ўжо ведаем, што выказьнік — гэта асабовы дзеяслоў; дзейнік — назоўны склон назоўніка йменнага; дапаўненьне — залежны склон назоўніка йменнага; азначэньне — прыметнік, дапасованы з назоўнікам у родзе, ліку і склоне; акалічнасьць — прыслоўе або дзеяпрыслоўе. Такі склад звычайнага сказу. Гэта трэба памятаць, каб разабрацца ў складзе больш складанага сказу.

Задачка 8-ая. Сьпісаць, акалічнасьці падчыркнуць ды пастарацца аб‘ясьніць іх пахаджэньне ад зьменных часьцін мовы.

І туз часам воду возіць. На магіле адзінока каліна расла. Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог, а вядуць яны ўсе да магілы. Скора, скора дуне холад, сьнег пасыпле з сініх хмар, зноў мароз надыдзе люты, і клубком паваліць пар. Бор стары завые нудна, зашуміць кругом лаза; пад іх шум ня раз на сэрца капне горкая сьляза (Я. Кол.). Ужо і халодная восень прыйшла. Сонейка рэдка паказваецца з-за хмар. Не падымецца яно высока над зямлёю, позна ўзыйдзе, ня высока падымецца ды зноў схаваецца. Усё пакінула нас разам з холадам, толькі высока над зямлёю чуваць маркотны крык жураўлёў. Борзда ляцяць яны з поўначы на поўдзень і сваім крыкам быццам шлюць нам сваё разьвітаньне. Лес агалўся, парадзеў і стаіць сіратою, толькі жыта маладое расьце і руніцца, дый яго скора замарозіць мароз (Т. Гушча). Хмель пружынамі абвіў высокія тычынкі. Усьлед думкам неспакойна вецер падпявае. Усе пералётныя птушкі пакідаюць нас на зіму. Сыплюцца кроплі часта і дробна, ціха па страсе бубняць. Вецер дажджлівы панура сьпявае, жаласна сьвішча праз плот. Страхі найчасьцей здараюцца ўночы. Многа страшных здарэньняў успомніло хлопцы. У канцы зайшла гутарка пра страхі. У канцы грэблі шумяць вербы. Навокала сядзелі пастушкі, а пасярэдзіне гарэў агонь. Чыстых хмарак валаконцы сталі ў кружочак. Салавей пяе прыпяваючы, а я, млода, плачу прылягаючы. Па балоце чайка ходзячы рагоча. Сядзеўшы, нічога ня выседзіш. Паволі едучы, далей будзеш. Ня шукаючы, ня знойдзеш. Воўк не выбіраючы душыць авечкі. Быўшы ў вадзе, стаў сух. Не пераскочыўшы, не кажы гуп. Пагнаўшыся за двума зайцамі, ніводнага ня зловіш. Ня згубіўшы, нечага шукаць. Вераценца, з рук упаўшы, грукне. Пад дуб рохкаючы падбегла лапавухая сьвіньня ды стала рыць карэньне. У хворага пытаюць, а здароваму ня пытаўшы даюць.

§ 7. Прыдатак.

Часам два назоўнікі стаяць поплеч у вадным і тым-жа склоне, паясьняючы адзін аднаго ды кіруючыся (калі гэта два дапаўненьні) адным і тым-жа словам. Напрыклад: Менск стаіць на рэчцы Сьвіслачы. Застаўся адзін сын-сірата. Стаіць груша-сіраціна на мяжы ў полі. Коніка-сябра свайго паганяй! Рвецца дух мой на свабоду із турмы-магілы (Я. Кол.).

Дзеля таго, што гэтыя пары назоўнікаў іменных маюць аднолькавую форму склону і ліку, то можна сказаць, што яны дапасованы паміж сабою ў склоне і ліку. Такія дапасованыя назоўнікі называюцца прыдаткамі. Значыць, прыдаткам называецца азначэньне, выражанае назоўнікам ды пастаўленае ў тэй самай форме, як і тое слова, да якога яно адносіцца, г. зн. азначэньне з няпоўным дапасаваньнем. Напрыклад: Апранула зямля-матка кажушок зялёны. Хвоя-веліч стаіць на кургане.

1) У родах назоўнікі не зьмяняюцца, дзеля гэтага яны і дапасавацца ў родзе ня могуць. Прыдатак можа супасьці ў родзе з тым словам, да якога ён адносіцца (горад Менск), але можа і ня супасьці (горад Вільня).

2) Назоўнікі лічэбныя, як і ўсе назоўнікі, бываюць у сказе прыдаткамі, калі стаяць у вадным склоне з другім назоўнікам, напр.: два чалавекі, тры кнігі, не хватала пяці рублёў.

3) Прыдатак можа мець пры сабе паясьняльныя словы, напр.: Праляцела борзда лета, наша сьветлая пара. Мілая кветка — дзіцятка поля. Сьветлыя хмаркі, дзеткі прастору, ціха па небе плывуць. Хлебароб — мужык вясковы — вось па межах ходзіць.

4) Часам прыдатак становіць сабою пералічэньне, напр.: Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы: казьлякі, асавікі, лісіцы, мухаморы і інш., або якую- небудзь асабістую назву — назву кнігі, газэты, літаратурнага твору, парахода, мясцовасьці ці чаго падобнага, напр.: Мы чыталі поэму „Новая Зямля“".

У гэтым прыкладзе прыдатак „Новая Зямля“ не дапасованы да слова „поэму“, якое ён паясьняе. Значыць, бываюць прыдаткі, не дапасованыя да таго слова, да якога яны адносяцца.

Калі ў сказе з прыдаткам, выражаным асабістай назвай, прапусьціць тое слова, да якога ён адносіцца, то гэты прыдатак падлягае кіраваньню ды абарачаецца ў дапаўненьне. Напрыклад: Мы чыталі „Новую Зямлю“.

5) Часам пры прыдатках стаяць злучальныя або памацняльныя словы ці прыслоўі: або, гэта значыць, нават, ажно, асабліва, напрыклад, якраз і іншыя. Напрыклад: Плаваюць па моры вялікія параходы, або караблі. Просіць шчыра грамацея, ажно шапку скінуў. І доўга, нават цэлыя годы, чуваць пах ляснога пожару.

Пры злучальных словах — ці, або — трэба адрозьніваць два выпадкі: а) калі яны — гэта значыць, тады будзе прыдатак (Далёка ад нашага краю ёсьць вялікія азёры, або моры); б) калі гэтыя злучальныя словы маюць значэньне разьмеркавальнае, напр.: На клёпкі йдзе дуб ці сасна. Гэта павінна зрабіць маці ці дачка. Бацька або сын, а каторы-небудзь павінен прыехаць сюды. Гэта — формы зьлітага сказу (бач. § 9,8).

6) У злучэньнях назоўнікаў лічэбных з іменнымі трэба адрозьніваць, з аднаго боку, выпадкі дапасаваньня, калі назоўнік лічэбны становіць прыдатак да назоўніка йменнага (напр.: стол на дзьвёх ножках, не хватала двух рублёў), а з другога боку — выпадкі кіраваньня, калі назоўнік лічэбны кіруе назоўнікам іменным, і назоўнік іменны становіць дапаўненьне да назоўніка лічэбнага, напр.: ён мае пяць груш, сем валоў; адышліся за сем вёрст; далі кожнаму па дзесяць арэхаў.

7) Прыдаткі, выражаныя прыметнікамі ці дзеяпрыметнікамі, могуць стаяць перад і пасьля таго слова, да якога яны адносяцца. Некалі такія прыдаткі мелі пры сабе дзеяпрыметнік дапаможнага дзеяслова („сушчы“, „быўшы“); цяпер тут можна было-б паставіць дзеяпрыслоўі „будучы“, „быўшы“. Вось па гэтай прымеце такія прыдаткі можна адрозьніць ад звычайных азначэньняў, выражаных таксама прыметнікам ці дзеяпрыметнікам. Пры асабовых займеньніках у такіх разох заўсёды будзе прыдатак, а не азначэньне. Напрыклад: Галодныя, патомленыя, падарожныя спыніліся каля першае хаты ў вёсцы. Абкружаны дзяцьмі-задзірамі, стаяў ён, бедненькі, апусьціўшы ручкі ды пазіраючы ў землю, як бы ўсіх саромяючыся. У панскі двор дзеля красы яны, бяздольныя, узяты ткаць залатыя паясы (М. Багд.).

8) У літаратурнай, кніжнай, мове дзеяпрыметнік-прыдатак можа злучацца з дзеяпрыслоўем-акалічнасьцю, напр.: І цяпер валяліся яны (кветкі), параскіданыя малымі дзяцьмі, ня радуючы людзкога вока.

Падобныя звароты могуць быць з азначэньнямі, дапаўненьнямі і акалічнасьцямі, напр: К поўдню сталі паказвацца вадзяністыя, з цемнаватымі сярэдзінамі, хмаркі. Далёка, далёка цягнулася палоска лесу, заслаўшыся сіняватаю смагаю ні то туману, ні то дыму. Зялёнаю шырокаю паласою, зарослаю мясьцінамі лазою і круглымі зарасьлямі маладога дубняку, раскінуўся пааба́пал рэчкі луг.

З гэтых прыкладаў відаць, што некаторыя прыдаткі вызначаюцца сваёю незалежнасьцю ды могуць мець пры сабе свае паясьняльныя словы, набліжаючыся такім парадкам да даданых сказаў. Такія прыдаткі-азначэньні называюцца азначальнымі прыдаткамі. Яны могуць выражацца назоўнікамі йменнымі, прыметнікамі, дзеяпрыметнікамі: 1) калі гэтыя часьціны мовы маюць пры сабе паясьняльныя словы, 2) бяз гэтых паясьняльных слоў, калі яны адносяцца да асабовага займеньніка або калі зьвязаны з тым словам, да якога адносяцца, злучнікамі ці прыслоўямі: ці, нават, хоць, як напрыклад і інш.

Таксама акалічнасьць, выражаная дзеяпрыслоўем, калі мае пры сабе паясьняльныя словы, можна назваць акалічнасьцёвым прыдаткам (Гальлё спусьціўшы над парканам, расла тут грушка з тонкім станам).

9) Асобны від незалежных прыдаткаў становяць дапаўненьні, што стаяць поплеч з акалічнасьцю (прычым, звычайна, дапаўненьне служыць прыдаткам да слова акалічнасьці), а таксама тыя звароты ў мове, калі адно дапаўненьне, служачы прыдаткам да другога дапаўненьня, не супадае з ім у склоне. Напрыклад:
Там, на гары, стаяў некалі замак. А там, каля агню, ва ушыліся і бегалі дзеці. Рана ўстала Алёна — да сонца. Раніцай, халадком, ісьці было нішто. Сёньня, 6-га лістапада, дзень маіх урадзін. Заўтра, у чацьвер, пачнецца вучэньне. 12-га сьнежня, у пятніцу, у нас будзе вечар. Між узгоркаў, над ракою, выглядае сіратою наша беднае сяло.

10) Займеньнікі „які“, „такі“, „кожны“, стоячы перад прыметнікам, дапасованым з словам, да якога яны адносяцца, служаць прыдаткам да гэтага прыметніка-азначэньня, напр.: „Калі мы пакідалі вёску, то дзень быў такі сьветлы, цёплы, яркі“.

Бываюць выпадкі, калі два азначэньні стаяць поплеч і адно служыць азначэньнем да другога; такое азначэньне трэба разглядаць як прыдатак да другога азначэньня. Напрыклад: Над лесам бліснула яркая борздая маланка ды на́крыж перасекла хмару. Край неба блішчаў шырокаю чырвонаю стужкай. А ў той хаце жыў стары старусенькі дзед.

Задачка 9-ая. Сьпісаць і прыдаткі падчыркнуць.

I. Сядзелі яны, бедныя, у куточку ды плакалі. Янка, брат майго таварыша, вельмі любіць паляванне. Застаўся адзін сын-сірата. Горад Полацак пабудаваны ў незапомныя часы. Грышка, хлопчык невялікі, вышаў з дому ў поле. Гэй ты, Нёман, наша рэка! Вісьне скарга уздоўж Нёмна, Беларусі сына. Устаў назаўтра ён ранютка, да ўсходу сонца. Будзеш ты чытаць нам, цёмным няўмекам. Ваўчанят водзіць аблетак, гадавалы воўк. Два браты, Алесь і Антось, згаварыліся пайсьці ў грыбы. А там, проці сонца, зноў поўзалі хмаркі. Як ліхія думкі-мысьлі, над зямлёю хмары зьвісьлі. У Пятруся быў таварыш — сын суседа, яго равесьнік Антось. Няхай жыта — нашу ўцеху — не кране град ніколі! На саломцы тонкай, у траве густой, сьпее-дасьпявае колас сіратой. Маленькія камарыкі-таўкачыкі кучкамі гулялі на сонцы. Было тут, у дубох, адно прыгожае месца. І рэчка ў хвалях жалобе бяжыць, і неба праз сьлёзы глядзіць. Каля самага берагу, у вадзе, чуць-чуць шарасьцеў чарот. Я знаю ў полі двух родных братоў — зялёных, кудравых і сьвежых дубкоў. Недалёка, пад гарою, было балота.

У цёмным лесе, у вялікай нары, вывела ваўчыха трох ваўчанят. Каля крыжовых дарог, пад узгоркам, разрасьліся кусьцікі — пад‘яловец, сухадрэўка і лаза. Маладзенькая травіца-атава блішчыць на сонцы. У моры жыве многа ўсялякай рыбы — дробнай і вялікай. Не знаходзяць у нас сабе яды ўзіму балотныя птушкі — буслы, жураўлі, чаплі. Засумуюць зноў балоты бяз вас (птушкі) — госьці лета. Сьпераду ляцяць самыя дужыя і разумныя птушкі — правадыры. За акном, на прызьбе, віднелася касматая галава Мушкі. Аддалі замуж яго дарагую сястру Касю. Быў у школе адзін хлопчык — маленькі, мізэрны, слабы. Нягодныя хлоццы-вучні надта яму дакучалі. Трэці Гаўрыла, мужык барадаты, абводзіць вачыма ўсю даль. Пастух-аўчар зрабіў сабе дудку з каліны. На дварэ, за акном, вецер страшна шуміць. Год мае чатыры пары: вясну, лета, восень і зіму. Змоўклі вясёлыя птушкі-пяюхі. Расьце добра і прыгожа, ажно глянуць міла. Заўтра рана, яшчэ досьвіту, пойдуць яны ў дарогу. Раз толькі пасварыліся хлопцы, і пасварыліся за глупства: за ножык-цыганчык.

ІІ. Вечарамі мужыкі зьбіраліся ў крайнюю хату дзеда Юркі. Увесь кавалак зямлі, аж да крыжовых дарог, засявалі нашыя людзі. Адзін толькі лес — нямы сьведка людзкога глупства — стаяў вакол глухою сьцяною. Пасярэдзіне гарэў агоньчык, а каля агню сядзеў хлопчык Пятрусь. І ўспомнілася мне казка, якую даўно-даўно, у шчасьлівыя годы дзяцінства, расказвала нябожчыца бабка. У хаце быў адзін толькі Міхаська — хлопчык гадкоў шэсьць. Скарына, доктар лекарскіх навук, на вежы сочыць зоры. Глуха і нудна на полі ўвосень. Ужо ня чуваць спакойнае гаворкі ціхага ветру з каласамі збожжа, толькі ржышча — кароткія пянёчкі жыта, аўсу, ячменю і пшаніцы — гаворыць, што тут яшчэ нядаўна красаваліся пасевы. Нявесела выглядае ўвосень неба, засланае хмаркамі, як заворанае поле. Цягнуцца палоскі гароху з харошанькімі, чырвоненькімі і сіненькімі галоўкамі. Каршун, падняўшыся высока над лугам, круціцца ў небе, выглядаючы сабе пажытак. У небе дзе-ні-дзе праплыве белая пушыстая хмарка, як кучка воўны, ды схаваецца за лесам або растане, як сьнег, далёка ў небе. К поўдню сталі паказвацца вадзяністыя, з цемнаватымі сярэдзінамі, хмаркі. Тоўстыя, аброслыя мохам, старыя хвоі, уверсе смольныя, з выдзеўбленымі дзятламі дзіркамі, гарэлі, як сьвечкі. Апусьціўшы нізка тонкі паясок, ные сірацінка, плача каласок. Ад доўгіх часоў бераг, падмыты вадою, памалу асоўваўся ды агаляў тоўстае карэньне дуба. З поўначы цёмнае, сіверу дальняга, нудная восень прышла. Холадам-сьцюжаю разам павеяла; з дрэва прыбранага, лісьцем адзетага, уборы сарвала, страсла; песьні іх мілыя, дзіўна сьпяваныя, ветрам зглушыла ураз (А. Гар.). Прыбіты вадою на срэбраны гак, ляжыць невядомы бядак — ваяка-салдацік. На возеры, у чайцы, сядзеў ды вудзіў рыбу каваль, па мянюшцы Мамай.

§ 8. Незалежныя словы ў сказе.

1. Клічнае слова.

Прыклады для разбору. Цяжкая, жнейка, праца твая! Вот, брат, раўніна: і вокам ня скінеш! Прадам цябе, коню, коню вараненькі, за талер бяленькі! Гэй, скажы, груган нязнаны, скуль ты прыбываеш? Ты, саколе — верна пташачка, ці бываў ты на маёй старане? Браты, хай кожны пасьпяшае адно нам думаць і рабіць! Сьпі, мой міленькі саколік! Што-ж табе пісаць, старэньні? Павесь шапачку, мой сыне! Ты, зялёная дуброва, расьцьвітай і шумеці добрай славай пачынай! Варушыся, конік мой сівенькі!

Вывады. Слова ў сказе, што азначае імя тае асобы або прадмета, да каторага зварачаюцца з мовай, называецца клічным словам, напр.: Цяжкая, жнейка, праца твая.

Клічнае слова нічым ня зьвязана з іншымі словамі ў сказе. Часам клічнае слова называюць адным словам — зваротак.

1) Клічным словам можа быць кожны назоўнік іменны, калі ён азначае той прадмет, да якога зварачаецца мова, напр.: Памажы мне, братка, ячмень зьвязаць! Ня гудзі так, восень, непагодай дзікай!

Клічным словам можа быць і прыметнік, калі ён мысьліцца, як назоўнік іменны, напр.: Што-ж табе пісаць, старэнькі?

Толькі назоўнік займенны ніколі клічным словам ня бывае.

2) Клічнае слова можа мець пры сабе свае паясьняльныя словы, напр.: Што ёсьць на сьвеце мілей цябе, узрост маладога жыцьця! Хто з вас, браты мае, не парываўся ў моладасьці ў невядомую даль?!

3) Клічнае слова можа выражацца цэлым сказам, напр.: Ой, глядзі, глядзі, сьляпак ты!

4) Клічнае слова звычайна называе той прадмет, да каторага зьвернута мова, і стаіць у форме клічнага склону (Па вошта, воўча, ідзеш?); але часта бывае так, што клічнае слова мае форму назоўнага склону, напр.: „Вот, брат, раўніна!“ Тут клічнае слова „брат“ мае форму назоўнага склону, бо форма клічнага склону ад слова „брат“ была-б „браце“. Гэтая падмена клічнага склону назоўным і наадварот становіць асаблівасьць беларускае мовы.

Увага. Склонам называецца форма слова, якая азначае розныя адносіны паміж прадметамі. Форма клічнага склону ніякіх адносін паміж прадметамі не выражае; гэта толькі клічная форма, падобная ў гэтым значэньні да выклічніка. Назоўнікі займенныя, якія падмяняюць усе формы назоўнікаў іменных, клічнага склону ня маюць; значыць, клічны склон — ня склон. І толькі калі разглядаць склоны не па ix значэньні ў мове, а з боку іх канчаткаў, то можна гаварыць аб клічным склоне.

5) Калі сказ мае клічнае слова, то дзейнікам бывае асабовы займеньнік, выражаны або ня выражаны. Напр.: Вучэцеся, браты мае! Адабраў ты, братка Андрэй, ад мяне кусок хлеба!

Задачка 10-ая. Знайсьці клічныя словы ды паказаць, якою часьцінаю мовы яны выражаны і ў форме якога склону пастаўлены.

Куды ты нясеш мяне, невядомая дарога? Чаго-ж ты, котка, плачаш? Не хадзі, коцю, па хаце, не пабудзі дзіцяці! Дам табе, косю, шаўковай травы, дам табе, косю, крынічнай вады! Прывет табе, жыцьцё на волі! Здароў, марозны звонкі, вечар! Здароў, скрыпучы мяккі сьнег! Ты пакінь мяне, нуда мая нямая! Ой, воўча, сядзі моўча! Ой, памалу, памалу, пастушок, іграй, майго сэрца не ўражай! Ня крываўся, сэрца, з нядолі вялікай! Чуў я, мужчыны, зямля прадаецца. Вучыся, нябожа: вучэньне паможа змагацца з нядоляй, з няволяй. Ня добра вы, дзеткі, зрабілі! Брацьця! ці зможам грамадзкае гора?! Брацьця! ці хваціць нам сілы? Мой мілы пакою, добра мне з табою! Прыступі, гаспадару, да свайго караваю! Салавейка лугавы, ня пой рана да зары! Ой вы, браткі вы мае, запрагайце коні мне! Сьпі, мой малюсенькі, сьпі, мой сынок! Я раскажу табе казку, каток! Сьпі, мой лябедзіку, сьпі не зважай! Гусі, гусі — вырай вольны, смуцен крык ваш, гусі! Ня шумі-ж ты гэтак сумна, маладзенькі колас, бо нам ў сэрцы смутак родзіць шуму твайго голас! Сошку сваю ты нанова наладзь, лепш каб было, чалавеча, араць. Эх ты, разводзьдзейка, эх ты, бурлівае, ты аднаўляеш, купаеш зямлю! Хмаркі цёмныя, мае братанькі, вецер гоніць вас без дарожанькі! Ня кувай ты, шэрая зязюля, сумным гукам у бары! Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей сэрца цьвёрдае, быццам з каменьня (М. Багд.). Дзень добры вам, лясы і далі, прасторы ціхія зямлі! Я зноў у вас, пагоркі-хвалі, палоскі цьмянае ральлі! (Я. Кол.). Вітаю вас, як блізкіх родных, старыя хвоі на палёх, і вас, красёнцы сьцежак згодных — сьляды нялічаных дарог! (Я. Кол.). Вясна маладая, як мне цябе шкода! (Я. Кол.). Гэй, ня дзівуўся, мой дружа нядбалы, што я сягоньня так злосна шумлю! (Я. Куп.). З-пад сонных вод Нёмна, з-пад хвой Белавежа суседзі, суседкі, вітаю я вас! (Я. Куп.). Годзе, жытца маё, годзе, пасьпелае, з хмарамі, з бурамі знацца, дружыць! (Я. Кол.). Вітайце дзень Першага Мая, працоўнай сям‘і ўсе народы! (М. Кудз.).

2. Пабочнае слова.

У мове бываюць такія словы, што ўстаўляюцца ў сказ бяз ніякай граматычнай з ім сувязі, каб паміж іншым, дарэчы, зрабіць якую-небудзь увагу або паясьненьне. Такія словы ў сказе называюцца пабочнымі словамі. Напрыклад: Вот, к прымеру, яго, дык, пэўне-ж, слаўнае жыцьцё!

1) Пабочнае слова ўстаўляецца ў сказ дзеля таго, каб паказаць, як той, хто гаворыць, адносіцца да выказанай думкі. Пабочным словам можна выразіць:

а) упэўненасьць: пэўне, бясспрэчна, разумеецца, ей-права, вядома і інш.;

б) дагадку, няпэўнасьць або магчымасьць: здаецца, мусіць, мабыць, авось, нябось, бадай-што, відаць, знаць і інш.;

в) чужую або сваю думку: памойму, панашаму, маўляў, чуваць, кажуць і інш.;

г) паступовасьць: нарэсьце, з аднаго боку, з другога боку, перш-на-перш і інш.;

д) вывад або заключэньне: напрыклад, словам, стала быць, адным словам, такім парадкам, такім чынам, значыць і інш.;

e) розныя ўражаньні: на жаль, на вялікі жаль, на шчасьце, напрадзіў, на дзіва і інш.;

2) Пабочныя словы — гэта рэшткі цэлых сказаў, ад якіх засталіся адно-два словы, найчасьцей — выказьнік. Мы мысьлім гэтыя словы, як прыслоўі, але зусім незалежнымі, ня зьвязанымі з іншымі словамі ў сказе нават прымыканьнем.

Пабочныя словы выражаюцца: а) прыслоўямі: словам, маўляў, нарэсьце, дапраўды; б) залежнымі склонамі назоўнікаў з прыназоўнікам і без яго, якія таксама мысьляцца, як прыслоўі: на жаль, на дзіва, на маю думку, апроч таго; в) цэлымі сказамі, якія ўжо страцілі значэньне сказу: ей-права, даль-бог; г) іншыя звароты яшчэ захавалі значэньне сказу, але таксама мысьляцца, як прыслоўі: кажуць, так сказаць, гэта значыць, стала быць, разумееца, выбачайце і інш.

3) Цікавымі пабочнымі словамі ў беларускай мове бываюць такія забабонныя выслоўі: ні пры табе ці ні пры вас кажучы, шануючы вас і месца гэтага і шмат падобных. Напрыклад: А ён — шануючы вас і месца гэтага — адвярнуўся ды кажа… А нашае жарабя — ні пры вашых козах гаворачы — здохла.

Такія пабочныя словы сьведчаць аб сівой старасьветчыне, калі людзі верылі ў сілу слова ды думалі, што ад слова нешта станецца.

4) Пабочныя словы вымаўляюцца з асобнай, паніжанай інтонацыяй голасу, а на пісьме аддзяляюцца адпаведнымі знакамі прыпынку (бач „Правапіс“).

Задачка 11-ая. Сьпісаць ды пабочныя словы падчыркнуць.

Дзед, мабыць, не пачуў таго гарматнага груку. Стары, кажуць, змуста, да без яго ў хаце пуста. Абяцанага, кажуць, тры годы чакаюць. На жаль, я ня памятаю такога здарэньня. Ну, авось, табе паможа брат. Ты, разумеецца, паможаш мне, калі я папрашу. Ён, здаецца, вучыўся з граніцай. Родная зямелька! ты, маўляў, здароўе: той цябе ашануе, каму безгалоўе (Д.-М.). У дарозе, вядома рэч, зразу зусім ня чуваць цяжару, а пройдзеш далей, дык і хунт пудам здасца (Яд. Ш.). Дакучыла, відаць, ёй карміць хлебам зьвера. Нашая ластавачка, напрыклад, лятучы ў вырай, пралятае дарогу ўвелькі да дзесяці тысяч міль. Ён, мусіць, зусім забыўся, што яму далі такую мянюшку. Ажно прышлі, нарэсьце, і тыя самыя людзі. Доўга аб гэтым усе ўспаміналі, прызнацца. Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае! (Я. Кол.). Ох, паплыў-бы я, здаецца, хмаркі, разам з вамі! Напішы мне, калі ласка, пісямко да хаты! (Я. Кол.). На вялікай, знаць, быў згубе ў далёкіх старонках (Я. Куп.). І дома, мусіць, вячэраюць цяпер. Праўда, сьпярша і па нашым целе забегалі мурашкі, а потым — нічога (Яд. Ш.). Ня рад, відаць, быў пан аконам гэтакай праяве (Яд. Ш.). От, ведама, забаўляліся, як умелі. Гадкоў з восемь, мусіць, мае?

3. Дапаможнае слова.

Мы бачылі, што ў сказе ўсе словы зьвязаны паміж сабою або ў форме кіраваньня, або ў форме дапасаваньня. Толькі акалічнасьці ня кіруюцца і не дапасуюцца, але і яны заўсёды цесна зьвязаны сэнсам з якім-небудзь адным словам у сказе — з дзеясловам, прыметнікам ці з прыслоўем.

Але бываюць у сказе словы зусім незалежныя, г. зн. ня зьвязаныя ні кіраваньнем, ні дапасаваньнем, ні прымыканьнем з ніводным асобным словам у сказе; яны дапаўняюць ці паясьняюць увесь сказ цаліком. Да такіх слоў, перш-на-перш, належаць: 1) клічныя словы, 2) пабочныя словы, а потым 3) пацьвярджальныя словы, (але, так), 4) адмоўныя словы (не) i 5) выклічнікі (ах! ох! ну! эх! і інш.).

Словы пацьвярджальныя, адмоўныя і выклічнікі ў сказе агулам называюцца дапаможнымі словамі. Усе незалежныя словы ў мове выдзяляюцца пэўнымі перапынкамі ў голасе, а на пісьме аддзяляюцца адпаведнымі знакамі прыпынку.

Увага. Часам выклічнікі толькі памацняюць тое слова ў сказе, перад якім стаяць, і не выражаюць ніякага пачуцьця. Тады яны разглядаюцца як звычайнае памацняльнае слова, як, напрыклад: „і“, „нават“, „ажно“ і інш. Асабліва часта памацняльнымі словамі бываюць некаторыя выклічнікі ў народных песьнях, напрыклад: Ой пайду я лугам! Ой вецер шуміць, ой вецер гудзе!

Задачка 12-ая. Сьпісаць ды падчыркнуць дапаможныя выклічнікі адною рыскай, а пацьвярджальныя і адмоўныя — дзьвюма.

Не, ня добра вы, дзеткі, зрабілі! Дружна, з ахвотай, гэй, за работу, брацьця, скарэй! Не, не настане, брат, ніколі супакой між намі! Ну, сынок, служы здаровы! О, мой родны край! хмурна пазіраеш ты з сіняга туману. Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! Ат! зьясі пасьля. Ох, лепей удвох! Люлі, люлі, люлі! прыляцелі куры, селі на вароцях у чырвоных боцях. Охо-хох! калі-б то я мог! Чую, ах чую той неўгамонны расходзісты звон! Так, так, іначай бывала: не называўся забытым мой край (Я. Куп.). Але, прызнаюся: было такое здарэньне. Охо-хох! усё гарох, рэдка каша — беднасьць наша! Эх ты, небарака! то, знаць, па табе ўсё вецер сумуе ў вярбе! (Я. Кол.). Ну, небажаткі, будзем сьнедаць! (Я. Кол). Ой у полі дымно да курно, за туманам сьвету ня відно! (п.). Куга! я табе ня слуга.

§ 9. Формы простых сказаў.

1. Просты сказ. Сказ, што складаецца з граматычнага злучэньня выказьніка з дзейнікам з даданымі словамі ці без даданых слоў, называецца простым. Напрыклад: Надышла восень. У полі работа скончана. Сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне ясна над нашаю ніваю. Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі. Цяжкая, жнейка, праца твая!

2. Просты кароткі сказ. Тыя сказы, што складаюцца з асноўных часьцін — з дзейніка і выказьніка, называюцца простымі кароткімі сказамі. Напрыкл.: Пусьцее поле. Моўкне птушка. Прыгрэла сонца. Прышла вясна. Згінуў сьнег.

3. Просты разьвіты сказ. Сказы, што маюць даданыя часьціны, называюцца простымі разьвітымі сказамі. Напрыклад: Папсавала гразь дарогу. Згінуў сьнег з сырой зямлі. Між палёў шырокіх я адзін стаю. Нетры лясныя спрадвеку хаваюць некую тайну ад вока людзей.

Сказы, як кароткія, так і разьвітыя, могуць быць: а) поўныя або няпоўныя, б) асабовыя або безасабовыя.

4. Сказ поўны. Сказ, у якім ёсьць навочна дзейнік і выказьнік, называецца поўным, напр.: Моцна хлопец занудзіўся. Птушкі ў лесе шчабяталі. Лёд на рэчцы затрашчаў. Глядзіць прыветна з неба сонца.

5. Сказ няпоўны. Сказы, у якіх няма навочных дзейніка ці выказьніка, але калі яны само сабою мысьляцца, называюцца няпоўнымі. Напрыклад: Зачыняйце шчыльна хату! Крык і гоман на дарозе. У белым сьнезе маладняк. Працаваць вучыся зрана, у маладыя годы. Яго ласка да парогу.

Увага. Жывая разгаворная мова звычайна ня мае ўсіх слоў, якія можна было-б сказаць у сказе: разгаворная мова звычайна складаецца з найбольш патрэбных слоў. Часам даволі аднаго-двух слоў, каб нас зразумелі, асабліва, калі вядома, аб чым раней гаварылася. Напрыклад, калі мы будзем купляць у краме сукно, то даволі спытаць: вам загранічнага? каб мы зразумелі, што гутарка йдзе пра загранічнае сукно. Таксама, калі мы сустрэнемся з кім на вуліцы, то часта, заміж пытаньня: „ты куды йдзеш?“ і адказу: „я йду дадому“, пытаем: ты куды? і адказваем: додому.

Такім парадкам вытвараюцца ў мове няпоўныя сказы напрыклад, з азначэньнем без азначальнага слова (вам загранічнага?), з выказьнікам, але бяз дзейніка, і нават зусім бяз выказьніка (Прыдзем. Пожар! Дождж і град, і галялёд).

Трэба памятаць, што нявыказаныя часьціны ў няпоўным сказе не „падразумяваюцца“, а толькі мысьляцца, бо нават і той, хто гаворыць, ня можа з пэўнасьцю сказаць, якое ўласна слова ня выказана. Напрыклад, у сказе „Пожар!“ трудна з пэўнасьцю сказаць, які тут выказьнік не названы: пачаўся пожар, выбух пожар, ідзе пожар ці гарыць пожар? Гэты сказ ясны для нас сам па сабе, бяз выказьніка.

Гэта цікавы выпадак, калі сказ можа быць бяз выказьніка; здараецца гэта ў няпоўных сказах.

Няпоўныя сказы бяз дзейніка бываюць:

1) Калі выказьнік стаіць у форме загаднага ладу, пры каторай дзейнік у першай асобе множнага ліку (мы) ніколі ня ставіцца (Хадзем на работу!), у другой асобе абодвух лікаў ставіцца вельмі рэдка, напр.: Глянь! Гляньце! — рэдка калі скажуць: Ты глянь! Гляньце вы!

2) Дзейнік вельмі часта прапускаецца, калі ім мог быць асабовы займеньнік або якое-небудзь слова з суседняга сказу: Хочаш есьці? Добра, зараз прыду.

3) Дзеля таго, што дзейнікамі бываюць назоўнікі йменныя, то дзейніка ня бывае ў тых разох, калі ён невядомы або кожнаму вядомы, і яго няма патрэбы называць: без яго лепш выдаецца выказьнік. У такіх сказах выказьнік звычайна выражаецца 3-яй асобай множн. ліку, 2-й асобай адзіночн. ліку і подчас 3-яй асоб. адзіночнага ліку. Напрыклад: нас абакралі, грэчку сталачылі авечкамі, жыта здратавалі коньмі (невядома хто). У календары піша, што будзе дождж (таксама невядома, хто піша). Далей паложыш — бліжай возьмеш. Мякка сьцеле, да мулка спаць. І б‘юць, і плакаць не даюць (усё роўна хто). Нам прыслалі другога настаўніка. Аддай мяне, мамачка, дзе ня сварацца (вядома хто).

6. Неазначальна-асабовы сказ. Такія сказы, дзе нельга назваць таго слова, якое магло-б быць дзейнікам, але дзе выказьнік — асабовы дзеяслоў, называюцца неазначальна-асабовымі (неазначальна-суб‘ектыўнымі) сказамі. У такіх сказах дзейніка няма і не магло-б быць. Сюды, да неазначальна-асабовых сказаў, належыць пераважная большасьць народных прыказак. Напрыклад: Як пасьцелеш, так і высьпішся. Як просяць — і жнуць, і косяць. Што стрэў, то зьеў. Чужым розумам век не перажывеш.

7. Безасабовы сказ. Ня бывае і ня можа быць дзейніка ў тых сказах, дзе выказьнік — безасабовы дзеяслоў. Да безасабовых дзеясловаў належаць такія словы: сьвітае, днее, сутунее, сьпіцца, ляжыцца, дрэмлецца, няможацца, хочацца, нездаровіцца, баліць, сьвярбіць і іншыя.

Гэтыя дзеясловы не спрагаюцца, г. зн. не зьмяняюцца ў асобах і ліках, а ў прошлым часе — у родах, як звычайныя дзеясловы. Нельга, напрыклад, сказаць: я сьвітаю, ты сьвітаеш, мы сьвітаем, або — мы сутунеем, вы сутунееце, яны сутунеюць, сутунелі.

Такія дзеясловы вытвараюць безасабовыя (бессуб‘ектыўныя) сказы. Яны і з сэнсу не дапускаюць пры сабе дзейніка. Сказаць, напрыклад, „ён дрэмлецца“ — бяссэнсіца. Калі-ж трэба паставіць такі дзеяслоў у прошлым часе і, значыць, канечна, у якім-небудзь родзе, то бярэцца форма ніякага роду: зьмерклася, сутунела, замарозіла і г. далей.

1) Часам і асабовыя дзеясловы (тыя, што маюць формы ўсіх асоб) ужываюцца ў значэньні безасабовых, г. зн., не дапускаюць пры сабе ў такім сказе дзейніка (асобы, суб‘екта). Напрыклад: „Траву спаліла сонцам“. „Асмаліла пяруном“. „Гальлё паламала бураю“. Адказаць на пытаньне, што спаліла траву або што паламала гальлё, тут нельга. У такіх сказах няма і ня можа быць такога слова, каб да яго можна было дапасаваць выказьнік.

2) Звычайна дзейніка ня бывае пры выказьніку-інфінітыве, напр.: Ні згубіць з ім, ні знайсьці.

Значыць, безасабовым сказам называецца такі сказ, што не дапускае граматычнага пытаньня: хто? што?

Задачка 13-ая. Знайсьці ды выпісаць спачатку сказы асабовыя, а потым — безасабовыя. Знайсьці ў асабовых сказах неазначальна-асабовыя сказы.

За чужое лычка плаціцца рамушком. Стаіць хвоя на кургане з чорным буславым гняздом. Люблю туман у позьню восень. Памалу далей станеш. Нешта зьвініць у небе тоненькім срэбным звонікам. За дурною галавою нагам няма пакою. Белым інеем пакрыты на гасьцінцы беразьняк. Ужо сьцямнела. На прошанага госьця многа трэба. Наварэце есьці гасьцей частаваць. Лістам сьцелецца. Ня хочацца, дык і няможацца. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. Роўны з роўнага цешыцца. Хлебам ня б‘юцца. У голад і нішчымнае смачна есца. За мухай не зганяешся з абухам. З роспачы і ў агонь кінешся. Перад невадам рыбы ня ловяць. З незабітага ліса шубы на шыюць. Загляне сонца і ў наша аконца. Прышло махам і пойдзе прахам. Работа і корміць, і поіць. Прыткая вада берагі падмывае. Рота нікому не завяжаш. Нуда бядзе не паможа. Рука руку мые. Ня трацьце марна часу! Зачыняйце шчыльна хату! На хаценьні ёсьць цярпеньне. Пад ляжачы камень вада не цяче. Нябітаму няма чаго плакаць. Дарованаму каню ў зубы не глядзяць. Прамытае вады ня бывае. Само нішто ня прыходзіць у рукі. Смала к дубу ня прыстане. Бураю паламала сад. Гарох паела мошкамі. Сядзела там нашага брата многа. Ішло хлопцаў дваццаць пяць. Народам, як макам, увесь двор заліло. Мне было маркотна. Ішло некалькі чалавек. Каля грэблі стаяла некалькі чалавек. Даль паўнютка ціхай смуты. Змучана дзяўчына мацярынскім горам. Дзень сягоньня будны. Кучка йдзе народу. За гарамі горы хмарамі павіты. Сонца шчыра разьлівала блеск гарачы і цяпло. У месяцы звычайна бывае трыццаць дзён. Было ў бацькі тры сыны. Тры вярбіны стаяць над вадою. Ад лесу пачыналіся сялянскія палеткі. Наш сусед добры дудар. Не рабі нікому крыўды. Устаў я нешта дужа рана. Захацелася хлопчыку пастрашыць гаспадароў. Засыпала сьнегам замёрзлую рэчку. Хавай хлеб на яду, а капейку ня бяду. Падышло яшчэ трох гаспадароў. За мною яшчэ са трох гаспадароў увайшло ад дажджу схавацца (Яд. Ш.).

8. Зьліты сказ. Часьціны сказу аднаго найменьня, выражаныя адной і тэй-жа часьцінаю мовы, што адносяцца да аднаго і таго самага слова ды знаходзяцца ў аднолькавай ад яго залежнасьці, называюцца аднолькавымі часьцінамі сказу.

У сказе можа быць некалькі аднолькавых часьцін, г. зн. такіх, што носяць аднакія найменьні ды адносяцца да аднае і тае самае часьціны сказу.

Сказы, што маюць некалькі аднолькавых часьцін — некалькі выказьнікаў, дзейнікаў ці даданых часьцін, называюцца зьлітымі.

У зьлітым сказе можа быць:

а) некалькі дзейнікаў: Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі;

б) некалькі выказьнікаў: Стогне, плача і галосіць завіруха злая;

в) некалькі дапаўненьняў: Песьні, крык і гоман слухаў дзед Завала;

г) некалькі азначэньняў: Восень халодная, чорная, хмурная сунецца ціха, нячутна штодня;

д) некалькі акалічнасьцяй: Ён чытаў хораша, голасна і выразна. Як усё тут мудра збудавана, як чыста, хораша прыбрана! Весела й хутка, мінута ў мінутку сойдзе нам час.

Увага 1-ая. Зьліты сказ можна раскласьці на некалькі асобных сказаў, але ня трэба думаць, што зьліты сказ складаецца з асобных сказаў. Напрыклад, сказ: „Працуюць людзі, поту ня чуюць, аруць і сеюць, і барануюць“ можна разлажыць на такія асобныя сказы: 1) працуюць людзі, 2) людзі поту ня чуюць, 3) людзі аруць, 4) людзі сеюць, 5) людзі барануюць.
Адгэтуль відаць, што зьліты сказ можна разлажыць на столькі паасобных сказаў, колькі ён мае аднолькавых часьцін, але ў мове сказы ніколі ня зьліваюцца: яны вытвараюцца самі па сабе, як рэзультат нашага мысьленьня аб складаных зьявах. Вытварэньне ў мове зьлітых сказаў аб‘ясьняецца тым, што адзін прадмет адначасна можна вытвараць некалькі дзеяньняў або што некалькі прадметаў могуць мець адну і тую прымету; таксама можа быць некалькі паясьняльных прадметаў або іх прымет.
Увага 2-ая. Трэба памятаць, што злучнікі „і“, „да“ могуць быць памацняльнымі словамі, а ня злучнікамі. Напр: „Прышло і лета“. „Гэта і быў наш настаўнік“, „Добры вечар, да суседка мая! Ці здарова да сямейка твая?"

1) Аднолькавыя часьціны ў зьлітым сказе часта зьвязваюцца паміж сабою злучнікамі — кожная або толькі апошняя. Напрыклад: Мор і голад, і паводка іх спалохаць не маглі. Ціха, важна, спакойна, густа і страшна пранесься ў небе першы гром.

У першым прыкладзе ўсе аднолькавыя часьціны завязаны злучнікамі „і“, а ў другім — толькі апошняя часьціна. Бывае і так, што ніводная часьціна ня зьвязана злучнікам, напр.: Дрэвы, гумны, хаты абліліся сьветам месяца. Сядзьма, павячэрайма, павячэраўшы пагаворыма.

Дапасаваньне ў зьлітым сказе. 1) Пры некалькіх дзейніках выказьнік дапасоўваецца з бліжэйшым дзейнікам (У хаце быў крык і гоман); калі-ж выказьнік стане пасьля дзейнікаў, то звычайна ставіцца ў множным ліку, напр.: Авёс і ячмень сабраны. Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі.

2) Таксама азначэньне пры некалькіх азначальных словах дапасоўваецца з бліжэйшым азначальным словам (Купіў сабе новую кнігу і сшыткі). Пры двух розных азначэньнях азначальнае слова ставіцца ў адзіночным ліку, напр.: „Давальны і родны склон“. „Расійскі і беларускі тэкст“, хоць можа быць і множны лік: „Расійскі і беларускі тэксты“.

Пунктацыя ў зьлітым сказе. Паўторныя часьціны ў зьлітым сказе звычайна вымаўляюцца з перапынкамі (паўзамі), а на пісьме гэтыя перапынкі ў голасе азначаюцца коскамі, а часам і іншымі знакамі прыпынку, аб чым дакладна гаворыць правапіс.

Калі другі выказьнік выражае вынік з першага або калі абодва выказьнікі маюць пры сабе іншыя часьціны, то паўза бывае і перад злучнікам „і“. Напрыклад: Я быў хворы, і ня мог прыйсьці. Зьбяруцца бывала, і люлькі закураць. Лісіца была недалёка, і ў кожны момант магла пачуць птушак. Ідзе наш дзядзька, і па бруку адзін за дзесяць робіць груку (Я. Кол.).

Задачка 14-я. Выпісаць сказы спачатку з некалькімі выказьнікамі, потым з некалькімі дзейнікамі, дапаўненьнямі, азначэньнямі, акалічнасьцямі, а нарэсьце — з мешанымі аднолькавымі часьцінамі ды заўважыць дапасаваньне выказьніка з дзейнікам і азначэньня з сваімі словамі.

Вераб‘і, вароны і галкі любяць жывіцца атрускамі ад чалавечай яды. Ляціць і бусел, і жураў, і дрозд запеў і засьвістаў. Цьвёрдую глебу рэж, уздымай. Надышла хмара з громам, з маланкаю. Зацьвіла яблыня, сьліва, і груша. Павеяў вецер, і пагнаў перад сабою пыл і сухое лісьце. Цемната ўсё гусьцела і гусьцела ды закрывала ад вачэй і поле, і лес. Поле, луг, лес і гай схаваліся ў цемнаце ночы. Усюды — управа і налева быў парадак там і лад. У Сымона прад вачыма ўсталі родны куткі: хата бацькава, радзіма, жыцьця раніцы дзянькі. І быў той пакой прасторны, сьветлы, чыста пабелены. У вадзін год яны радзіліся, разам расьлі, разам гулялі, разам вучыліся і разам пасьвілі скацінку ў полі. Цяпер Лукаш ужо гаспадар: мае сваю сямейку, свой прытулак, жывёлу і свой кусок хлеба (Ан. Гал.). Першыя кветкі, зялёная травіца, сьпевы першых птушак — усё паказвала, што пачалася вясна. На полі часьцей сталі паказвацца людзі то з бараною, то з сахою, то з возам гною. Усе гаспадарскія прылады — калёсы, сані, барана, вупраж на каня, косы — усё было наладжана ды дзяржалася ў парадку (Ан. Гал.). І гэты смагай лес засланы, і родны Нёман, і курганы, і хвайнякі, і грушы ў полі — усё блізка сэрцу яго стала (Як. Кол.). Стаіць машына, грозна дыша і сівым дымам цяжка пыша (Я. Кол.). Прыемна глядзець на мора, стоячы на беразе або едучы на параходзе. Увосень усе птушкі вылятаюць у вырай, а застаюцца толькі вароны, галкі, вераб‘і, дзятлы ды яшчэ колькі лясных птушак. Здараецца бачыць у позьнюю восень двух, трох або аднаго бусла на лузе; стаяць яны сіратліва ды сумна глядзяць на халодную восень: гэта бракоўныя, слабыя, нядужыя. Выходзіў меншы брат увечар на двор, браў сваю скрыпку, садзіуся на прызьбе каля хаты ды граў. Ні думак, ні песень яго ніхто ня знаў ці не хацеў знаць. Гаварылі браты аб усім: аб горкай сваёй долі, аб праўдзе, аб жыцьці (Т. Гуш.). Былі тут розныя будынкі: гуменцы, гумны і адрынкі, хлявы і стайні, і аборы (Я. Кол.). Назьбірае баба шчэпак, падпаліць у печы ды апякаецца перад полымем (Сярж.). Законы-ж а думачкі нашага брата, як ноч (Багуш.). Добра на вырай ляцець цяплейшы, пабачыць дзівы на чужыне, сонца над Нілам, агонь ясьнейшы і думаць думку пра край тутэйшы на піраміды вяршыне (Нясл.). Пажурыўшыся думкаю шчырай, бусел узьняўся паволі, паплыў па небе кудысь на вырай шукаці шчасьця і долі (Нясл.). У кашульцы чорнай, зрэбнай, тварык сплаканы, мурзаты, ані бацькі ані маткі, дзядзька выгнаў з роднай хаткі (Цёт.). Праўду знайце: ці ў тэй долі, ці ў нядолі з вамі станем ў аднэй долі (Цёт.). За праўду, за шчасьце, за лепшую долю вазьміся, мой дружа, пастой, у крыўду ня дайся, свайго дабівайся, адвага хай будзе з табой! (Я. Куп.). Плача восень, стогне ў сьне, з пушчай, з ветрамі галосіць, як-бы дзе каго кляне ці аб шчасьці моліць-просіць (Я. Куп.). Села ластаўка на стрэху старога гумна ды зашчабятала. У раньнюю вясну ні ў полі, ні ў лесе няма ні ягад, ні грыбоў.

9. Адначленныя сказы. Апроч разгледжаных сказаў (кароткіх, разьвітых і зьлітых, поўных і няпоўных, асабовых і безасабовых), у мове, асабліва для выражэньня пачуцьця, сустракаюцца сказы з аднаго слова: Бяда! Пожар! Днее. Ото-ж смаліць!

Часам сказы пры выражэньні пачуцьця могуць складацца з адных выклічнікаў, якія не зьяўляюцца нават словамі ў звычайным разуменьні, а становяць толькі тыя элемэнты, з якіх складаюцца словы. Напрыклад: Охо-хох! калі-б то я мог! О-ё-ёй!

Але найчасьцей сказы, выражаныя адным словам, складаюцца з назоўнікаў іменных, з дзеясловаў ды нават з прыслоўяў Напрыклад: Сорам! Блага! Добра! Вон! Дармо! Кепска, пане Грыгоры: што далей, то горай. Сьцямнела.

Такія сказы называюцца адначленнымі.

Значыць, у нашай мове сказы бываюць трох і нават чатырох відаў: а) іменна-дзеяслоўныя (Настала восень), б) дзеяслоўныя (Днее. Зьмерклася), в) іменныя (Пожар!) і г) прыслоўныя (Кепска!)

1. Сказы, выражаныя адным дзейнікам (іменныя). а) Гэтыя сказы звычайна выражаюцца назоўнікамі йменнымі ў форме назоўнага ці клічнага склону, напрыклад: Сорам! Гвалт! Згіненьне ды годзе! Эх, дый тхор-жа! Восьць, аж зьзяе!

б) Усе такія сказы стаяць у назоўна-клічнай форме. Сюды трэба аднесьці розныя прывітаньні, што выражаюцца простым назоўнікам іменным з азначэньнем і складаным, зложаным з іменьніка і прыметніка: Дзень добры! Дабрыдзень! Вечар добры! Дабрывечар! Дабра̀нач!

в) Клічныя формы (назоўнікі йменныя ў клічным склоне) бываюць сказамі ў тых разох, калі каго-небудзь клічуць: Тата! Мама! Юрка! Лыска! Мурза, на, цю, на! (клічуць сабаку). Браце Адаме! Тут трэба зазначыць, што даўней клічны склон назоўнікаў іменных жаночага роду, а таксама мужчынскага роду з формай жаночага роду меў канчатак „о“ (Мамо! Юрко!), і толькі ў нашай мове, пад уплывам аканьня, клічны склон такіх назоўнікаў іменных супаў з формай назоўнага склону.

г) Для выражэньня загаду ці запатрабаваньня могуць ужывацца, як адначленныя сказы, і іншыя склоны: Шапку! Вады! Вон! („вон“ — вінавальны склон). Часам інфінітывы ў клічнай вымове: Піць! Есьці! Спаць!

д) Да адначленных сказаў, выражаных назоўнікамі йменнымі, трэба аднесьці некаторыя загадкі, а таксама апісаньні, дзе толькі называюцца прадметы. Напрыклад: а) Чатыры чатырачкі, дзьве растапырачкі, сёмы вяртун (чалавек конна). Два канцы, два кальцы, пасярэдзіне гвозд (ножны). Жалезны ток, сьвінны пераскок, грэцкі пасад (скаварада, подмазка і блінец). Дваста баласта, чатыры хадаста, два ухтуры, адзін махтыр (вол).

6) Дождж і град, і галялёд.
Цёмны бор, кусты, балоты,
Кучы лоз і дубняку,
Рэчкі, купіны, чароты,
Мора траў і хмызьняку.

Пералескі, лес, палянка,
Старасьвецкі дуб з жарлом,
Хвоя-веліч на кургане
З чорным буславым гняздом.

Гразь, пяскі, лужок зялёны,
Шум крынічкі з-пад карча,
Шэлест лісьцяў несканчоны,
Крык у небе крумкача (Я. Кол.).

2. Сказы, выражаныя адным выказьнікам (дзеяслоўныя). Сюды трэба аднесьці безасабовыя сказы, выражаныя адным дзеясловам: Сьвітае. Днее. Грыміць. Стучэла, грымела, але дажджу ня было.

Задачка 15-ая. Выпісаць спачатку сказы кароткія, а потым разьвітыя; затым — поўныя і няпоўныя, а нарэсьце — адначленныя: іменныя а потым дзеяслоўныя.

Глядзіць прыветна з неба сонца. Зьмерклася. Ціха месяц адзінокі ходзіць у небе над зямлёй. Пара жаць. Пажоўклі каласкі. У полі работа даўно скончана. Настала лета. На захадзе сонца. Паабедалі з бядою. Чужым розумам век не перажывеш. Улетку разьвідняецца рана. Ціха на полі ў палудзень гарачы. Ужо сьцямнела. Хоць бы дзе кусьціка рэдкая цень! Нудна над вухам зьвініць авадзень. Сонца грэе, прыпякае. Папсавала гразь дарогу. Перавалы загулі. Змоўкла ўсё. Побач раскінуліся родныя вёскі. Усё павяла. Вецер сьвішча. Сьціхнуў лесу шолам. Нешчасьліва наша доля нам нічога не дала. Уюцца думкі. Цёплы вецер правявае. Калышацца жыта. Зелянеюць межы. Было цёпла. Над палямі змрок прарваўся. Лес туманам заснаваўся. Ахваціла ціша ўсю душу маю. Ярка сьвеціць сонца. Ліст не скалыхнецца. Плача зімка. Льлюцца сьлёзы. Ажываюць яры. Рушыўся сьнег. Зашумела вада. Раскаваліся рэкі ад лёду. Лынула вон зімовая нуда. Сонца ўносіць цяпло і пагоду. Шумныя песьні іграюць лясы. Павявае вятрок цеплаваты. Белая ніва ад сьнежнай расы ўбіраецца ў чорныя латы. Надышла вясна. Прыгрэла сонейка. Згінуў сьнег. Асушылі вятры зямельку. Вышаў араты з плугам на поле. Рэжа ён землю нарогамі. Кладзецца зямля ў роўныя загоны. Потым землю барануюць. Сейбіт раскідае жменяй зерняты па ральлі. Праз некалькі дзён збожжа ўзыходзіць. Поле зноў пакрываецца зяленівам. Збожжа расьце і калышацца ветрам. Кожнае каліва зялёны каласок выпускае. Ціхае поле залаціцца сьпелым збожжам. Колас наліваецца зернем. Кожны колас цяжэе ды пахінаецца да зямлі. Пара жаць. Сьпелыя зерняткі могуць высыпацца на сырую зямельку. Прышлі жнеі. Пачалася работа. Кладзецца пад сярпом збожжа. Жыта вяжуць і сушаць. Вось старая хатка. Хмаркі захад чуць заслалі тонкім валаконцам. Лес па краёх, як сьцяна. Жылі сабе згодна. Варушыся, конік мой сівенькі! У полі зранку за сахою земляроб гукае. Быццам знае конік сівы думкі аратая. Чуецца говар мне сьпелае нівы. Высах увесь на шчэпку. У небе ні хмурынкі. Крык і гоман па дарозе. Праслы гнілыя на землю ляглі. Чыстым інеем пакрыты на гасьцінцы беразьняк. Брод і грэбля кожны крок. Слоць, плюхота, холад, цьма. Полудзень, вар, цішыня. Дзе-ні-дзе садок зялёны. З гікам мяцеліца дзіка ўздымаецца. Цярпеньнем і працай горы пераносяць. Цёмна і хмарна, хмарна і цёмна. Грыміць. Разьвіднелася. Неба поўна сівых хмар. Люблю туман у позьню восень. Ня йдзі да палацу шукаці уцехі: там толькі пачуеш нялюдзкія сьмехі (Я. Куп.). Люблю пахучы сьветлы май. Родам куры чубаты. Уставайце, мае дзеткі! Кожную новую птушку дзеці сустракаюць з радасьцю. На гэты гнеў ня зроблен хлеў. Пры госьці і гаспадар пажывіцца.

§ 10. Сказы адмоўныя.

Прыклады для разбору. Шуміць маркотна вольха над рэчкаю бурлівай. Ночка цёмная на сьвеце вечна не пануе. Ні да якой работы няма ахвоты. Шапаціць імглісты бор. Ня ўсе птушкі лятаюць. Ня будзі ліха, калі ліха сьпіць. Чорныя думы мне спаць не даюць. Ня ўся яшчэ сарока бела. Само нішто ня прыходзіць у рукі. Колькі вутка ні мудруй, а лебедзем ня будзеш. Гэта не пярэліўкі. Бела мыецца, да нячыста ходзіць. Ні сьцяты, ні павешаны. Сонца грэе. Месяц ня грэе. Ён ні есьць, ні п‘е. Не шасьцяць каласы. Сыплюцца лісты на яловыя кусты. Не для нас гэта сонейка яснае заглянула ў небе высокім.

Вывады. Сказы бываюць: а) адмоўныя, калі пры выказьніку, выражаным асабовай формай дзеяслова, стаіць адмоўе (Травіцай ня грае сваёй сенажаць) і б) станоўныя, калі пры асабовым дзеяслове няма адмоўя (Некі няведамы жаль уздымаецца).

1) Для выражэньня адмоўнасьці ў беларускай мове ўжываюцца адмоўныя дапаможнікі не (ня), ні.

Адмоўны сэнс часьцінам сказу, як і цэламу сказу, надае толькі адмоўны дапаможнік не (ня). Гэты адмоўны дапаможнік, стаўшы перад асабовай формай дзеяслова, абарачае станоўны сказ у адмоўны; пастаноўка гэтага адмоўя перад іншымі часьцямі сказу не вытварае адмоўнага сказу, напр.: „Не для нас прышла вясна! Ня так шкода, як нявыгода“ — гэта сказы станоўныя.

Паўтарэньне адмоўя „не (ня)“ у падвойным выказьніку перад неазначальнай формай (інфінітывам) робіць сказ павялічана, або памоцнена станоўным, напр.: Нельга не пайсьці.

2) „Ні“ ставіцца ў такіх разох:

а) пры кожнай часьціне адмоўнага сказу (калі пры асабовым дзеяслове ёсьць ужо адмоўе) для павялічэньня адмоўнага сэнсу, напр.: Ня ўмее ні чытаць, ні пісаць. Ні відам ня відаць, ні слыхам ня чуваць.

б) пры паўтарэньні адмоўя пры двух выказьніках (Дурняў ні сеюць, ні жнуць. Ні выплюнуць, ні праглынуць. Ні сьцяты, ні павешаны) або пры паўтарэньні аднолькавых часьцін сказу: Ні мукі пылінкі, ні солі драбінкі, ні пітва расінкі. Ні бацька спраўляў, ні сын носіць.

3) Калі апроч адмоўя „не“ пры выказьніку ў сказе ёсьць яшчэ якое-небудзь адмоўнае слова (займеньнік ці прыслоўе), то вытвараецца падвойная і нават патройная адмоўнасьць, напр.: Птушка ня крыкне нідзе ні адна. Ніводнага ня было. Ніхто ня ведае, як хто абедае. Ніхто нічога ня бачыў. Ніхто нічога ніколі не чапаў. Ня быў там ніколі, і ніколі ня буду (але — Нікуды йшло: пагуляем яшчэ — без адмоўнасьці).

У гэтых прыкладах (пры адмоўі „не“ з асабовым дзеясловам) адмоўе „ні“ стаіць пры займеньніках і прыслоўях, зьлітае з імі. Такое „ні“ можа стаяць і пры іншых словах у сказе, ня зьліваючыся з ім: Не глядзі ні месца, ні круга: ня будзеш прасіць хлеба ў друга.

4) Для памацненьня адмоўнасьці часам ужываюцца адмоўі „ані“, „ні-ні“, „аніяк“, напр.: Ані не баліць. Аніяк няма спосабу. Ані няма; ані званьня няма, ані чуць не баліць; а ні-ні няма; ані расінкі ня было ў роце. А лісьцікі на дрэвах, травінка пад кусьцікам, каласок у полі ані скалыхнуцца. А ў тых пакоях ані жывога духу ня было. Жыла сабе баба ані гадкі (бяз ніякага клопату).

У прыкладзе — „Ані расінкі ня было ў роце“ — знаходзім так званую вобразную адмоўнасьць.

5) Адмоўе „ні“ ставіцца заўсёды ў тых разох, калі сказ пачынаецца словамі „як“, „куды“, „каго“, „адкуль“ ды мае станоўны сэнс, напрыклад: Як ні круці, а давядзецца ўмярці. Як ні старалася лісіца, а злавіць курапаткі не магла. Куды ні кінь — усюды клін. Каго ні спытай — ніхто ня ведае. Адкуль ні зайдзі — нічога ня відаць.

6) Адмоўнае слова „нет“ у літаратурнай мове ня ўжываецца; яго можна знайсьці часам у народных песьнях і прыказках, ды і то вельмі рэдка, напр: Зялёна рутанька — жоўты цьвет, чаму цябе, Ясеньку, доўга нет?“. Звычайна ўжываецца слова „няма“, а часамі „нямашака“, напр.: Няма тае крамы, каб прадаваліся родныя мамы. Няма ведама што, няма ведама як. Нямашака шапкі перапрасіць.

У двухчленных пытаньнях з адмоўнасьцю (§ 11, II, а), а таксама пры адмоўных адказах ужываецца „не“, напр.: Не, не хачу я забаўляцца, а пайду я ў школу.

7) Заместа „некалі“, „нечага“, „некуды“, „некага“ і падобных часьцей ужываюцца такія звароты: няма калі гуляць, няма чаго гневацца, няма чаму дзівіцца, няма каго паслаць, няма куды пайсьці, няма чым пахваліцца.

„Некалі“ ўжываецца ў значэньні „даўней“ і „няма часу“.

Задачка 16-ая. Выпісаць спачатку сказы адмоўныя, а потым — станоўныя.

Не часалі дамоўкі яму сталяры, не заплакалі бліжнія вочы (Я. Куп.). Акалічны народ гусьлі знаў гусьляра, песьня-дума за сэрца хватала (Я. Куп.). Недалёка ад нашае вёскі ёсьць маленькія могілкі. З незабітага ліса шубы ня шыюць. Паміж імі стаяла нязгода. I ўспомніў ён адну драбніцу: свой страх дзіцячы ў навальніцу (Я. Кол.). Паліўся срэбрам сьпеў прыгожы ў далёкай сіняй вышыні (Я. Кол.). Нязнайка дарогі не пакажа. Нясьмелага ад няўмелага не распазнаеш. Нядбаламу ня жаль часу. Зямля ні тоне, ні гарыць. Ні самому паглядзець, ні людзям паказаць. Ні калі тое было, ні калі тое будзе. Пануе ціш на іх магілах, і край разбураны маўчыць (Я. Кол.). Гулі не аднаго ў лапці абулі. Я ня маю свае хаткі, я ня маю роднай маткі. Рос я круглым сіратою, як той дуб, што над вадою (Я. Кол.). Мяне матка ня люляла, казак, песень не сьпявала (Я. Кол.). З брахні ня мруць, але ім веры ня ймуць. І мала, і няўдала. Матка — не граматка: за злотку ня купіш. Ціха месяц адзінокі ходзіць ў небе над зямлёй (Я. Кол.). Ня пытайце, не прасеце сьветлых песень у мяне! (Я. Кол.). Песьня мая ня ўзышла сярод кветак — кветак вясёлага вечна паўдня (Я. Куп.). Рэчкі бурлівыя, учора санлівыя, сёньня ўсталі, плывуць і бурляць (Я. Куп.). Сонца пасылае на землю сваё цяпло і дае ўсяму жыцьцё, сьвятло і дабро. Бяз сонца ня было-б на зямлі ні прыгожых пахучых кветак, ні зялёнай травы, ні расьлін, ні вясёлых птушак, ні жывёлы, ні чалавека. У далёкай паўночнай старане, куды сьвет сонца мала даходзіць, пануе вечны сьнег і нямая цішыня. Як ні стараліся выпараць з нары маладых ліскоў, нічога не памагло. Многа ў лісавай нары ходаў і выхадаў на ўсялякі выпадак. У нары ліс нікога не баіцца. Ніводнага гнязьдзечка не прапусьціць ліс: з усіх павыбірае яечкі. Сыты і нераздражнены мядзьведзь ніколі ня кідаецца на чалавека. Ня відаць было сонца за касматымі галінамі ялін. Недалёка відаць была вёска. Ніва пустымі шуміць каласамі. Ніва ня цешыць жаночых вачэй. Птушка ня крыкне нідзе ні адна. Верхавіны высокіх хвой ужо залаціліся першымі косамі сонца, калі мы вышлі на шырокае поле. Вы ня раз чэрпалі воду ў халоднай чыстай крыніцы ды асьвяжалі сябе у летнюю сьпякоту. Неспакойна зашумела жыта маладое. Начлегу з сабою ня носяць. Нічым нічога не адбудзеш. Ні сшыць з ім, ні спароць. Ні к воднаму берагу ня прыстаў. Ні вока нікому не запарушыў. Ні да якай работы няма ахвоты. Няма чаго (нечага) песьціцца, калі ёсьць дзе зьмесьціцца. А што-ж то за зельлейка — сіняе карэньнейка? Некалі мне стаяць, некалі гаварыць. Ня кур, ня вей, мяцеліца! Лятала стада курапат па полю. Ня можна ні пешым прайсьці, ні конным праехаць. Было сяло да невесяло.

§ 11. Сказы клічныя і пытальныя.

Прыклады для разбору. Сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне ясна над нашаю ніваю, і будуць жыці дзеткі патомныя добраю доляю, доляй шчасьліваю (Нсл.). Што шуміш так неспакойна, жыцейка, у полі? Ці ня чуеш, што пад градам зьляжаш ў роўным доле? (Я. Кол.). Ня шумі-ж ты гэтак сумна, маладзенькі колас! Каласочкі на саломках галоўкай качаюць; каплі росак па іх лісьцю чыстым срэбрам зьзяюць (Я. Кол.). Эх ты, лета гарачае, бурнае, ажыўляеш ты поле і луг! (Я. Куп.). Годзе, жытца маё, годзе, пасьпелае, з хмарамі, з бурамі знацца, дружыць! (Я. Куп.). Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса, у палясоўшчыках што жыў? На Пуцявішчы, у Панаса, ён там ля лазьні блізка жыў? Хіба ты ня верыш у маю сілу? А ты хіба выбіваеш нагамі іскры з каменя?

Вывады. Сказы бываюць апавядальныя, клічныя і пытальныя.

1) Сказ, які выражае пытаньне, называецца пытальным: Хто ў прыпар дажджу ня рад?

5) Сказ, у якім выражаецца покліч, загад, просьба ці перасьцярога, гора або радасьць, зьдзіўленьне ці што падобнае, называецца клічным: Зачыняйце шчыльна дзьверы! Гайда сьцежкі пракладаць! Кінь толькі вокам да гэтага люду — сьцісьнецца сэрца ад болю! (М. Багд.). Дайце кусочак хлеба ёй цьмянага! (А. Гар.). Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! (Я. Кол.).

3) Сказ, які не выражае ні пытаньня, ні поклічу, называецца апавядальным: Вецер у восень жудою шуміць. Моцна хлопец занудзіўся. Тры родныя браты мелі аднакі розум, аднакія думкі і мысьлі.

I. Апавядальныя сказы становяць звычайную форму нашае мовы ў расказах, апавяданьнях, апісаньнях і развагах. Апавядальнымі сказамі спакойна выражаюцца нашыя перажываньні, наш душэўны стан. У гэтых сказах або прыпісваюцца якія-небудзь прыметы прадметам, або адмаўляюцца. Напрыклад.: На чыстым аркушы, прад вузенькім акном, прыгожа літары выводзіць ён пяром. Душой стаміўшыся ў жыцьцёвых цяжкіх бурах, свой век канчаю я у манастырскіх мурах (М. Багд.).

ІІ. У пытальных сказах мы пытаемся ў каго-небудзь (каб дастаць адказ, а часамі і бяз гэтага) аб якім-небудзь прадмеце або аб яго дзеяньні ці стане. Дзеля гэтага ўжываем асобную інтонацыю, павышаючы голас больш к канцу сказу або на тым слове, што называе прадмет нашага пытаньня; гэтае слова можа стаяць у пачатку, у сярэдзіне і ў канцы сказу. Напрыклад:
Ці ня вецер гэта звонкі ў тонкіх зёлках шапаціць? Або мо‘ сухі, высокі ля ракі чарот шуміць? (Я. Кол.). А хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе? (Я. Куп.). Дзе шляхі ваші йдуць і куды? Хто ў прыпар дажджу ня рад? Што чуваць на белым сьвеце?

1) Пытаньні, выражаныя асобнай інтонацыяй голасу ў разгаворнай мове, пераймаюцца слухам, а на пісьме азначаюцца пытальнікам. Пытаньні могуць быць станоўныя і адмоўныя. У пытальных сказах на першым або на апошнім месцы звычайна ставіцца тое слова, на каторым павышаецца голас, напр.: Паіў ты каня? — Паіў. — А чаму-ж морда сухая? — Бо вады не дастаў.

2) Апроч гэтых спосабаў інтонацыі голасу, у беларускай мове для выражэньня пытаньня служаць пытальныя словы — займенныя назоўнікі (хто, што), прыметнікі (які, каторы, чый), прыслоўі (дзе, куды) і пытальныя дапаможнікі (ці, хіба).

Найчасьцей у беларускай мове пытаньне выражаецца:

а) пытальным дапаможнікам ці („чы“ ў літаратурнай мове ня ўжываецца), напр.: Ці ня дудка мая весялушка была? Ці ня бачылі нашых коняй?

Гэты пытальны дапаможнік „ці“ знаходзім і ў пытаньнях падвойных (двучленных), напр.: Ці цот, ці лішка? Ці біцца, ці мірыцца? Хіба я зломак які, ці што? Часам замест „ці“ знаходзім „ай“: Біцца ай мірыцца?

б) пытальным дапаможнікам хіба: Хіба ты ня бачыў? Хіба ты ня ведаеш?

Калі „ці“ ў пытаннях заўсёды стаіць на пачатку, то „хіба“ можа займаць рознае месца, напр.: А ты хіба ня быў там? А ты ня быў там хіба?

в) Пытальныя сказы могуць пачынацца рознымі займеньнікамі назоўнымі, прыметнікамі займеннымі ды прыслоўямі, напр.: Хто ў прыпар дажджу ня рад? Хто тут? Што-ж там да за пыл курыць? Чаму-ж мне ня пець, чаму ня гудзець? Дзе я? Што са мною? Чыя гэта хата на гары? Нашто козамі сена травіць?

3) Пытальныя сказы могуць для памацненьня пачынацца з „а“, „і“, напр.: А хто там ідзе? І ты спалохаўся яго?

4) Пытаньне называецца простым, калі выражаецца адным сказам (Чаго ты, котка, плачаш?); пытаньне, выражанае даданым (залежным) сказам, называецца ўскосным. Пытаньні ўскосныя выражаюцца таксама, як і простыя. Напрыклад: Ня ведаю, ці злаўлю, ці не. Пытаюцца, ці ня бачылі яны коняй. Пайшлі глядзець, што яны робяць.

5) ускоснае пытаньне мае форму даданага сказу, і на пісьме пытальнік пасьля такога сказу звычайна ня ставіцца. У складаназлучаных сказах з пытаньнем — пытальнік можа стаяць, напр.: Да хто едзе, пытае: чыя то чупрына лятае?

ІІІ. Клічныя сказы сваёю формаю нічым ня розьняцца ад апавядальных сказаў: яны вызначаюцца толькі тым, што вымаўляюцца з асаблівым пачуцьцём. Найчасьцей характар клічнасьці сказ набывае ад інтонацыі ў голасе, але бывае і так, што покліч выражаецца займеньнікамі назоўнымі, прыслоўямі, выклічнікамі і асабліва такімі клічнымі дапаможнікамі, як „няхай“ або „хай“. Напрыклад: Няхай жыта, нашу ўцеху, не кране (град) ніколі! Хай пачуюць, як сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць! (М. Багд.). Няхай жыве Першае Мая! Ну, сынок, служы здаровы! Гэй наперад, покі сэрца б‘ецца, рвецца на прастор! (Я. Куп.). Дзень добры вам, лясы і далі, прасторы ціхія зямлі! (Я. Кол.). Далёкае неба, сіняе неба! (Т. Гушча).

Сказы бываюць клічнымі пры выражэньні кляцьбы, пажаданьня, загаду: Каб я так здароў быў! Бадай цябе качка стаптала! На здароўе! Бывайце здаровы! Аставайцеся здаровы! Дзень добры! Ня трацьце марна часу!

Задачка 17-ая. Выпісаць спачатку сказы апавядальныя, потым — клічныя ды пытальныя.

Твая мова — нямая мова. Што сказаў ты сьвету ў сваёй мове? Дзе песьні твае? Хто чытаў твае думкі — работу твайго сэрца і розуму? Дзе песьняры твае? Чым ты пахвалішся? (Т. Гушча). Няхай плачам ў сіняй далі песьня разальлецца! (Я. Кол.). За работу жыва, жыва! Годзе млець у паняверцы! Муляр, слухай! што кладзеш ты? Вучэцеся, браты мае, думайце, чытайце! Ой пайду я з цеснай хаты ў чыста поле! Кожную ночку на зорку дзівіцца буду ў далёкім краі (М. Багд.). І сьлёзы блішчэлі на вачох меншага брата. Праз мураваныя сьцены не прабілася песьня дудара, і ніхто яе не пачуў. Няхай астаюцца ў табе твае думкі і песьні! (Я. Кол.). Куды ты нясеш мяне, невядомая дарога? (Т. Гушча). Вам страшна нашай сьлёзнай песьні? Вам жудка сонца на прадвесьне? Мілей вам холад з цемнатой? (Я. Куп.). К свабодзе, роўнасьці і знаньню мы працярэбім сабе сьлед! Думка ў думку, дружна, сьмела ўсе наперад грамадой! (Я. Куп.). Сонейкам цёпленькім, зеленьню вабнаю абдаравала зямельку вясна. Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца, к небу прыветна з вадзіцы глядзяць. Пушчы паважныя, зімку праспаўшы, радасна песьні зайгралі свае. Поле травіцаю сочнай адзелася. Каля скацінкі падпасіч з жалейкаю ходзіць наўкол ды йграе сабе (Я. Куп.). А скажы нам, калі ласка, вунь якія гэта краскі там растуць на нашым полі, ня ссыхаючы ніколі? (Кр.). З пушчамі, з птушкамі, з вольнымі ветрамі грай мне аб шчасьці, грай аб вясьне! (Я. Куп.). Хто з вас, хто — ня любіці асьмеліцца ўлетку сьвет ад мяжы да мяжы? (Я. Куп.). Плача восень, стогне ў сьне, з пушчай, з ветрамі галосіць, як-бы дзе каго кляне ці аб шчасьці моліць-просіць. У коміне вецер заціхнуць ня хоча, заносіцца песьняй магільнай, дзікой; то стогне, то плача, то дзіка рагоча, як быццам сьмяецца з нядолі людзкой (Я. Куп.). На гары, на крутой, на абвітай ракой, лет назад таму сотня ці болей, белы хорам стаяў недаступнай сьцяной, грозна-думна глядзеў на прывольле (Я. Куп.). А ці чуў ты, аб чым там араты пяе, дзе і як жывуць гэтыя людзі?! (Я. Куп.). Худы воўк сустрэў сытага сабаку ды спытаў у яго, адкуль ён яду дастае. Стары скінуў сьлязу сярдуючы, бо ці-ж прыстала плакаць старому дзеду, якому ўжо і на пяты дзесятак павярнула?! Што за песьні сьпяваеш ты, вецер? Аб чым ты плачаш, вольны ветру? Цесна табе тут? Мала прастору тваім шырокім крыльлям? (Т. Гушча). Ты ня здольны, ці хворы, ці благі гаспадар ці п‘яніца? Ці шырокі лавы, каб нам паляжаці? Ці добра гаспадыня, каб нас частаваці? (п.). Няхай шчыра сьвеціць вам сонца, няхай не зарасьце дарога ваша дзікаю травою! Які гэта старац з хлопцам ідзе? (Каг.). Што-ж табе пісаць, старэнькі? Воран ворану воч ня выклюе. Ой пайду я, пахаджу па вішнёвым садзе! Хто з нас, браты мае, не парываўся ў моладасьці ў невядомую даль? Хто ня йшоў на спатканьне ўсякім прыгодам-нягодам? (Т. Гушча).

§ 12. Інфінітыў у сказе.

Неазначальная форма дзеяслова, або інфінітывы, — чытаць, пісаць, касіць, магчы, сячы, плысьці, ісьці і інш. — некалі былі дзеяслоўнымі назоўнікамі; яны значылі тое самае што значаць цяперашнія дзеяслоўныя назоўнікі — хаценьне, цярпеньне, мудраваньне, пытаньне, здарэньне, галадаваньне і інш. Інфінітывы, як і ўсе назоўнікі, скланяліся; як усе назоўнікі, яны былі ў сказе або дзейнікам, або дапаўненьнем, у залежнасьці ад склону. З часам інфінітывы страцілі здольнасць скланяцца ды перасталі мысьліцца, як назоўнікі, хоць і цяпер можна сустрэць інфінітыў у скланяльнай форме, напр. „знаць“: У знаці, як у роднай маці. Інфінітывы сталі ўжо мысьліцца, як дзеясловы, як-бы абярнуліся ў дзеясловы ды набылі вельмі важную ўласьцівасьць дзеяслова — здольнасьць выказваць, г. зн. быць выказьнікамі.

1) Звычайна інфінітывы выказваюць у злучэньні з асабовым дзеясловам, вытвараючы падвойны выказьнік (хачу есьці), але часам інфінітыў можа быць выказьнікам адзін, без дзеяслова ў асабовай форме (Нашто козамі сена травіць?). Такі інфінітыў выказьнік дапасавацца з дзейнікам ня можа, бо інфінітыў — нязьменная часьціна мовы. Звычайна ў сказах з выказьнікам-інфінітывам дзейніка зусім ня бывае.

2) Часта інфінітыў стаіць у сказе на тым месцы, дзе мы хацелі-б бачыць дзейнік або дапаўненьне. У такіх сказах інфінітывы стаяць у сваім даўнейшым значэньні, калі яны былі яшчэ назоўнікамі. Напрыклад у сказе „Займаўся ён ткаць рашоты“ або „Меў ахвоту вучыцца“ мы знаходзім словы „ткаць“ і „вучыцца“ на тым месцы, дзе павінна было стаяць дапаўненьне; даўней гэта і было дапаўненьне — залежны склон назоўніка, цяперашняга інфінітыва. Або „Ня мелі чаго есьці. Усе заняліся есьці“.

У сказе „Працаваць кожнаму трэба“ інфінітыў „працаваць“ стаіць на месцы дзейніка; даўней тут і быў дзейнік, г. зн., назоўны склон назоўніка, цяперашняга інфінітыва „працаваць“. Сапраўды-ж, такі інфінітыў — гэта выказьнік безасабовага сказу, а ўвесь безасабовы сказ мысьліцца ўжо, як дзейнік. Напрыклад, у фразе „Век зжыць — ня мех сшыць“ словы „век зжыць“ самі-па-сабе становяць сказ, але зьяўляюцца дзейнікам у вадносінах да слоў „ня мех сшыць“, якія становяць выказьнік.

3) Інфінітыў часта ставіцца пры назоўніках, прыметніках і дзеяпрыметніках, становячы сабою як-бы дапаўненьне, напр.: здольнасьць разважаць, здарэньне пагаварыць, здольны рысаваць, майстар штукаваць і г. далей. Ад сапраўдных дапаўненьняў гэтыя інфінітывы розьняцца тым, што яны, як дзеясловы, не скланяюцца і ня кіруюцца і, такім парадкам, ня маюць асноўнае прыметы, якая адрозьнівае дапаўненьне ад іншых часьцін сказу. У такіх злучэньнях інфінітыў зьяўляецца скарочаным, або сьціснутым у вадным слове сказам, прылучаным да назоўніка, прыметніка ці дзеяпрыметніка для паясьненьня іх значэньня ў сказе.

4) Возьмем, напрыклад, дзеяслоў „хачу“. Хацець можна шмат чаго, але дзеяслоў „хачу“ назваць гэтага ня можа. Тады да дзеяслова мы дадаём патрэбны інфінітыў ды кажам: хачу есьці, хачу спаць, хачу піць, хачу гуляць, хачу вучыцца і г. далей. З гэтых прыкладаў мы бачым, што дзеяслоў, як выказальнае слова, выказаў, выявіў, а інфінітыў, як называльнае слова, назваў нашае хаценьне, назваў тое, чаго мы хочам.

Ёсьць шмат прадметаў, напрыклад, вада, машына, збанок, мяшок, для рознага назначэньня. Калі гэтым назначэньнем прадмета зьяўляецца дзеяньне, то яго якраз і можа назваць інфінітыў, як слова называльнае.

Дзеля гэтага пабеларуску і кажуць: машына шыць, машынка стрыгчыся, машынка брыцца, машынка перац малоць, вада піць, вада дзяцей купаць, палонка воду браць і г. далей. Парасійску ў такіх разох кажуць: машына для шыцьця, вада для мыцьця, вада для купаньня і г. д., а папольску — машына да шыцьця, вада да купаньня і г. далей.

Увага: У тых разох, калі назначэньне аднаго прадмета служыць ня дзеяньне, а другі прадмет (мяшок на муку), то ў беларускай мове гэтае назначэньне называецца імем таго прадмета ў вінавальным склоне, прычым, канечна з прыназоўнікам „на“, а ў некаторых выпадках з прыназоўнікам „да“, напрыклад: мяшок на жыта, мех на муку, скрынка на лісты (паштовая), хлеб на продаж, адзежа на сьвята, убраньне на сьмерць, жыта на насеньне, пакінула жарабя на плямя і г. далей, а потым — хустачка да носу (парасійску „носовой платок“), ланцужок да гадзіньніка.

5) Бывае яшчэ так: калі хочуць памацніць, падвысіць назначэньне прадмета, што выражаецца інфінітывам, то ставяць інфінітыў з злучнікам „што“, напр.: вада, што піць; вада, што дзяцей купаць; палонка, што ваду браць; машынка, што брыцца, і г. далей.

Сюды належаць і такія звароты з інфінітывам: Ня зьвер я людзкую кроў праліваць. Ці ня было рэчкі ўтапіцца мне? Адзін колас дзетак гадаваць, другі колас челядзь карміць, трэці колас гарэлачку гнаць (пажаданьне гаспадару на дажынках). Шырокія вароты ўвайсьці, да вузкія выйсьці.

Калі значэньне інфінітыва пераважае значэньне таго, што выражаецца дзеясловам-выказьнікам, то ён можа адрывацца ад свайго прадмета ў асобны сказ з злучнікам „каб“, напр.:

Ня зьвер я, каб людзкую кроў праліваць. Ці ня было рэчкі, каб утапіцца мне? Адзін колас, каб дзетак гадаваць, другі колас, каб чэлядзь карміць, і г. далей.

Такія звароты ў мове бываюць і ў тых разох, калі інфінітыў адносіцца не да прадмета, а да дзеяслова, напр.:

Пашлі паглядзець аўса. — Пашлі, каб паглядзець аўса. Пашлі глядзець зямлі, дзе ім сказалі сяліцца. — Пашлі, каб паглядзець зямлі, дзе ім сказалі сяліцца. Ой, мама, хачу есьці, да баюся ў пограб лезьці, да баюся, каб ня ўпасьці.

З гэтых прыкладаў мы бачым, што інфінітыў зьвязваецца з сваім дзеясловам злучнікам „каб“ у тых разох, калі мы хочам паказаць, што яго значэньне ў сказе пераважае значэньне выказьніка-дзеяслова. Калі мы скажам, напрыклад: „Пашлі паглядзець аўса“, то тут сэнс сказу выражаецца дзеясловам-выказьнікам „пашлі“; а калі скажам: „Пашлі, каб паглядзець аўса“, то гэтым выкажам, што асноўны сэнс ня ў тым, што „пашлі“, а ў тым, што „пашлі паглядзець“. Даўней на месцы такога інфінітыва ставіўся т. званы дасягальны дзеяслоў (супін), што канчаўся на цьвёрды зычны „т“ (паглядзет, прадават).

Калі інфінітыў адносіцца да асабовага дзеяслова, то ён складае разам з ім падвойны выказынік (пашлі глядзець, сталі вучыцца); калі-ж інфінітыў адносіцца да назоўніка, то ён складае з гэтым назоўнікам назоў аднаго прадмета (вада піць, машына шыць). Такім парадкам, сказ: „Машына шыць стаяла на стале“, трэба разабраць так: „машына шыць“ — дзейнік, „стаяла“ — выказьнік, а „на стале“ — дапаўненьне.

6) Ёсьць сказы з двума інфінітывамі, напр.: „Наварэце есьці гасьцей частаваць“. „Лясьнік сказаў пайсьці паглядзець на месцы, што там здарылася“. У гэтых сказах першы інфінітыў паясьняе дзеяслоў, а другі інфінітыў паясьняе першы інфінітыў, а ўсе яны разам — дзеяслоў з інфінітывамі — складаюць назоў аднаго дзеяньня, адзін выказьнік — „наварэце есьці частаваць“, „сказаў пайсьці паглядзець“.

§ 13. Паўторны пытальнік.

1) Што называецца мовай? Што такое граматыка і які яе склад? Што такое сынтакс?
2) Што называецца кіраваньнем і дапасаваньнем? Што называецца дапасаваньнем неграматычным?
3) Што называецца сказам? Якая часьціна сказу самая важная? Чым звычайна выражаецца выказьнік? Якія бываюць выказьнікі? Чым розьніцца просты выказьнік ад сустаўнога? падвойнага?
4) Якія часьціны сказу называюцца асноўнымі? даданымі? Якія часьціны мовы ня бываюць часьцінамі сказу? Чым звычайна выражаецца дзейнік? Чым звычайна выражаецца дапаўненьне? азначэньне? акалічнасьць? Якое слова ў сказе называецца дапаўненьнем? азначэньнем? акалічнасьцю?
5) Як дзеляцца простыя сказы? Які сказ называецца простым? Які сказ называецца кароткім? разьвітым? поўным? няпоўным? асабовым? безасабовым? неазначальна-асабовым?
6) Якія часьціны сказу называюцца аднолькавымі? Які сказ называецца зьлітым?
7) Якія бываюць выказьнікі? З чаго складаецца сустаўны выказьнік? падвойны? У якім склоне стаіць скланяльная частка сустаўнога выказніка? Якая форма простага выказьніка называецца складанай — з чаго яна складаецца? Пасьля якіх дзеясловаў, назоўнікаў іменных і прыметнікаў ставіцца неазначальная форма ў падвойным выказьніку?
8) Як дапасуецца выказьнік у простым сказе? у зьлітым сказе? Як выражаецца выказьнік у безасабовым сказе?
9) Што называецца прыдаткам? клічным словам? пабочным словам? Чым выражаецца дапаможнае слова? Што можа быць выражана пабочным словам?
10) Якія сказы называюцца адмоўнымі? Чым выражаецца адмоўнасьць у беларускай мове? Калі ставіцца адмоўе „ні“?
11) Які сказ называецца апавядальным? клічным? пытальным? Якімі дапаможнікамі найчасьцей выражаецца пытаньне ў беларускай мове? покліч?
12) Назваць схему тыповага простага сказу. (Назоўнік іменны ў назоўным склоне — тыповы дзейнік; асабовы дзеяслоў — тыповы выказьнік; залежны склон назоўніка іменнага — тыповае дапаўненьне; прыметнік і дзеяпрыметнік, дапасованы да назоўніка, — тыповае азначэньне; прыслоўе і дзеяпрыслоўе — акалічнасьць).