Перайсці да зместу

Сынтакс беларускае мовы (1926)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Аўтар: Язэп Лёсік
1926 год
Уводзіны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

1. Морфолёгічныя тэрміны, прынятыя ў гэтым падручніку.

У морфолёгіі галоўнае значэньне маюць формы словазьменнасьці. Паводле гэтага ўвесь слоўны матэрыял беларускае мовы лёгка падзяляецца на дзьве асноўныя групы: словы зьменныя і словы нязьменныя, або словы з формай і словы бяз формы. Пад формай слова трэба разумець здольнасьць яго раскладацца на аснову і канчатак (формальную прыналежнасьць) у залежнасьці ад скланеньня ці спражэньня, а таксама ад роду і ліку.

Разглядаючы першую групу слоў з формамі словазьменнасьці (зьменныя словы), лёгка ўстанавіць тры віды формальных зьмен: формы асобы, формы склону і формы роду (асабовыя, склонавыя і радавыя канчаткі, або флексіі). Паводле гэтага першая група слоў (зьменныя часьціны мовы) у сваю чаргу раскладаюцца на тры групы: 1) словы з формамі асобы — дзеясловы, 2) словы з формамі склону — назоўнікі, 3) словы з формамі роду — прыметнікі і дзеяпрыметнікі. Першую групу становяць словы спрагальныя, а другую і трэцюю — словы скланяльныя, бо і сярод слоў з формамі роду пераважная большасьць мае асаблівыя займенныя формы склонаў (ага—яга, аму—яму, як—яго, яму і г. далей).

Да слоў нязьменных, што ня маюць формы, належаць: 1) прыслоўі, 2) дзеяпрыслоўі, 3) прыназоўнікі, 4) злучнікі, 5) выклічнікі, 6) дапаможнікі. Гэтыя часьціны мовы самі па сабе, незалежна ад зьменных часьцін, ня ўжываюцца або ўжываюцца вельмі рэдка; звычайна яны служаць для сувязі адных формаў слоў з другімі ды зьяўляюцца толькі дапаможнымі, служэбнымі словамі, апрача выклічнікаў.

Назоўнікі, як і прыметнікі, таксама можна падзяліць на паасобныя групы, але ўжо не паводле формы, а паводле іх значэньня ў мове. Так, напрыклад, сярод назоўнікаў знаходзім: 1) назоўнікі іменныя, або проста — іменьнікі (стол, вол, брат, акно, поле, кніга, дачка, праўда, жаль, туман, хараство, сон, работа, малацьба); 2) назоўнікі лічэбныя (два, тры, пяць, дванаццаць, сто, сорак, паўтара, паўчварта); 3) назоўнікі займенныя (я, ты, мы, сябе, што, хто).

Прыметнікі паводле іх значэньня таксама можна падзяліць на тры групы: 1) прыметнікі — якасныя і адносныя (добры, сіні, каменны, раменны, лугавы, матчын); 2) прыметнікі лічэбныя (адзін, першы, шосты, дваццаты); 3) прыметнікі займенныя (твой, свой, наш, ваш, чый, каторы). Часам назоўнікі і прыметнікі займенныя агулам называюцца займеньнікамі.

Такім парадкам, паводле значэньня мы маем назоўнікі і прыметнікі йменныя, лічэбныя і займенныя. Дзеясловы таксама можна падзяліць на: а) дзеясловы-дзеяньні і б) дзеясловы-станы. Але гэта — падзел старой граматычна-лёгічнай тэрмінолёгіі.

2. Склад падручніка.

Падручнік гэты складаецца з дзьвюх частак: 1) Сказ і яго склад; формы і віды сказаў. 2) Выражэньне часьцін сказу і цэлых сказаў.

Першая частка становіць агульна-тэорэтычны зьмест гэтага падручніка. Тут даюцца паняцьці аб сказе, яго складзе, аб відах і формах сказаў (простых і складаных) з належнымі задачкамі-практыкаваньнямі. Гэтая частка, агулам кажучы, патрэбна не сама па сабе, а дзеля таго, каб можна было прыступіць да выясненьня сынтаксычных асаблівасьцяй мовы.

У другой частцы выясьняюцца выдатнейшыя сынтаксычныя асаблівасьці беларускае літаратурнае мовы. Гэтая частка можа праходзіцца, калі школьнікі добра знаёмы ўжо з першаю, тэорэтычнаю часткаю, дзе выясьняюцца патрэбныя сынтаксычныя катэгорыі ды паняцьці, якія становяць сабою толькі падсобнае, дапаможнае значэньне ў сынтаксе. Выкладчык не павінен глядзець на іх, як на нешта самастойнае, само для сябе патрэбнае, бо гэта будзе схолястыка, на якую хварэла старая школа. Трэба памятаць, што граматыка — навука аб фактах мовы, як фізыка — навука аб фактах (зьявах) прыроды. Граматыка знаёміць нас з фактамі мовы і з тымі законамі, якім падпарадкаваны гэтыя факты, незалежна ад таго, якія практычныя вывады мы з іх зробім. Таксама, калі фізыка знаёміць нас, скажам, з электрычнай сілай ці з уласьцівасьцямі вады, то гэта ня значыць, што яна павінна навучыць нас, як карыстацца ў штодзённым жыцьці электрычнай сілай ці ўласьцівасьцямі вады. Гэта справа прыкладная. Так і граматыка; яна навучае нас разумець факты мовы і законы мовы, каб сьвядома ставіцца да жыцьця мовы. Мова — гэта найвялікшы набытак, найпрыгажэйшы скарб чалавечае культуры. Бяз мовы ня было-б нашае культуры. І граматыка, як першая ступень да агульнай навукі аб мове, мае агульна-асьветнае значэньне, як фізыка, альгебра, ботаніка ці іншыя навукі.

Такім парадкам, калі сынтакс на пачатку раскладае мову на сказы, а сказы на паасобныя часьціны, то гэтым будуюцца толькі тыя, так сказаць, рыштаваньні, стоячы на каторых можна ўжо выясьняць сынтаксычныя асаблівасьці тае ці іншае мовы. Гэтыя папярэднія сынтаксычныя пачленаваньні можна прыраўнаваць да розных умоўных матэматычных значкоў, якія самі па сабе, разумеецца, ніякага значэньня ня маюць.

Укладаючы першую частку гэтага падручніка, я кіраваўся лепшымі падручнікамі расійскіх граматыстых (М. Пешковский „Русский синтаксис в научном освещении“, Д. Н. Овсянико- Куликовский і П. Н. Сакулин „Практический курс синтаксиса русского языка“, В. Гипиус „Синтаксис современного русского языка“, А. В. Ветухов „Учебник русской грамматики. Синтаксис“, Г. Г. Тумим „Грамматика в школе“, А. В. Миртов „Грамматика русского языка“) і некаторымі іншымі.

У васнову другой часткі, дзе выясьняюцца асаблівасьці беларускае мовы, паложаны ўсім вядомыя працы профэсара і акадэміка Е. Карскага „Белорусы“, том II, 1, 2, 3, у некаторых мясцох тэкстуальна, толькі ў перакладзе пабеларуску.

Што-ж датычыць мяне, як аўтара гэтага падручніка, то я зьяўляюся толькі популярызатарам. Як я справіўся з сваім заданьнем — аб гэтым няхай судзіць наша маладая школа.

10—I—24.
Менск.

Я. Лёсік.

ДА ДРУГОГА ВЫДАНЬНЯ.

Другое выданьне выходзіць з наступнымі зьменамі:

1) зроблена іншае разьмеркаваньне матэрыялу ў некаторых параграфах;

2) выпраўлены тыя пункты, дзе былі заўважаны недакладнасьці або няправільнасьці;

3) выкінуты месцы морфолёгічнага характару, ня зьвязаныя з агульным зьместам падручніка.

Апроч таго, да некаторых пунктаў даданы новыя прыклады, што выразьней перадаюць тое ці іншае сынтаксычнае палажэньне.

Гэтыя зьмены і дадаткі значна зьмянілі надворны выгляд кнігі, тым больш, што некаторыя параграфы ў першай часьці падручніка пазлучаны ў адзін, але агульны зьмест кнігі застаўся нязьменным.

Параграф 31-ы (цяперашні 24-ы) у яго часьці „Ўжываньне прыназоўнікаў“ застаўся ў старой рэдакцыі. Тут прыназоўнікі разглядаюцца ў альфабэтным парадку, але гэты парадак, добры для слоўніка, каб лягчэй знайсьці патрэбнае слова, не падходзіць для граматыкі. У граматычным падручніку лепш, калі ў аснову паложан не прыназоўнік, а склон. Падзел прыназоўнікаў у парадку склонаў дае магчымасьць дакладней азнаёміцца з ужываньнем прыназоўнікаў.

Гэты параграф у сваёй старой рэдакцыі можа служыць добрым матэрыялам для задачак, прыкладам, гэткага характару: выпісаць дапаўненьні з прыназоўнікамі ў вінавальным склоне, у родным, давальным і г. д. і паказаць, што яны выражаюць.

Папраўкі ў тэксьце кнігі зроблены паводле ўваг брата майго і настаўніка Антона — старога практычнага пэдагога, за што вялікае яму дзякуй.

15—ІІІ—1926. Менск.