Перайсці да зместу

Сынтакс беларускае мовы (1926)/Выражэньне часьцін сказу і цэлых сказаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Складаны сказ Выражэньне часьцін сказу і цэлых сказаў
Аўтар: Язэп Лёсік
1926 год
Скарачэньні ў тэксьце

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Выражэньне часьцін сказу і цэлых сказаў.

§ 20. Спосабы выражэньня роду і ліку.

I. Род.

Род і лік могуць адносіцца да ўсіх зьменных часьцін мовы, а значыць, і да тых часьцін сказу, што выражаюцца гэтымі часьцінамі мовы.

У беларускай мове тры роды: мужчынскі, жаночы і ніякі. Паводле гэтых трох родаў падзяляюцца назоўнікі йменныя, прыметнікі і дзеяпрыметнікі. Словы кожнага роду ў пераважнай большасьці маюць свае канчаткі, прынамсі, у вадзіночным ліку, напрыклад:

1) назоўнікі йменныя мужчынскага роду адзін. ліку становяць сабою адну аснову: брат—, стол—, конь—, агонь—, край—, гай—, роў—;

2) назоўнікі йменныя йменныя жаноч. роду адзіночн. ліку маюць канчатак а (я): дачка, рука, воля, вішня;

3) назоўнікі йменныя ніякага роду адзін. ліку канчаюцца на о(ё), е: сяло, акно (не пад націскам, пад уплывам аканьня — а: неба, палена), жыцьцё, гальлё, поле.

1) Прыметнікі мужчын. роду адзін. ліку канчаюцца на ы—і: чорны, першы, каторы, сіні;

2) прыметнікі жаноч. роду адзіноч. ліку маюць канчатак ая—яя: жывая, першая, каторая, сіняя;

3) ніякага родуое (ae)—яе: жывое, першае, каторае, сіняе.

Такія самыя канчаткі маюць і дзеяпрыметнікі.

Але часам прадстаўленьне сапраўднага роду (полу) пераважае граматычны род. Напрыклад:

1. У жывой мове можна сустрэць слова „дурань“ у жаноч. родзе, дапасованае да слова „дачка“: Я ня буду такая дурань (звычайна — дурная), а таксама слова „дзіцятка“ (ніякага роду) часта пераходзіць у жаночы род для азначэньня жаночага полу: Няма дачухны, мілай дзіцяткі.

2. Словы: дзяўча — дзяўчаты, небажа — небажаты, сьвінча — сьвінчаты, ваўча — ваўчаняты, (як — аўча, гусяня, парася) — ніякага роду, але пад уплывам прадстаўленьня полу, будучы дапасованыя да прадметаў жаночага роду, могуць ужывацца ў значэньні жаночага роду, ня трацячы свайго скланеньня ніякага роду. Напрыклад: Да ты, дзяўча дурное, неразумнае, да ты, маладзенька, бяды нарабіла. Вышла дзяўча жыта жаці. Але — „Тужыла тое дзяўча тужыла дый пашло яно ў сьвет, брата шукаючы“. Таксама можа ўжывацца слова „дзіця:“ „Да свае дарагое дзіцяці“, калі мысьліцца жаночы род. „Адзін хлопчык зьбіраў ягады ды неяк запаўзло яно глыбока ў лес“, — тут „хлопчык“=„дзіця“.

3. Здараецца і наадварот: граматычнае дапасаваньне пераважае прадстаўленьне полу нават у самых выразных выпадках; гэта асабліва бывае з тымі йменьнікамі, што канчаюцца на а. Напрыклад, слова „слуга“ пры жаночым родзе „служанка“: Прышла слуга ды кажа. Паехала слуга ды ўгледзіў хлопчыка. Сюды належаць і словы: стараста, судзьдзя, старшыня, п‘яніца („горкая п‘яніца“ пры „мой п‘яніца“), бацька, нядбайліца, гультаіна, мужчына, дзядзька, але з перавагаю мужч. роду. Такая зьмена граматычнага роду сустракаецца нават пры назоўніках іменных уласных: Прышла Йльля (у народнай прыказцы).

4. З морфолёгіі мы ведаем, што ўсе такія словы, як матка, братка, бацька, дзядзька, мужчына, гультаіна, стараста, судзьдзя, п‘яніца, нядбайліца і інш., маюць форму жаночага роду і скланяюцца паводле жаночага роду, як слова „цётка“ ці „матка“. Заўсёды скажуць: няма таткі, дзядзькі, сабакі…, як цёткі, маткі…, толькі ў творна-прыладным склоне стаіць форма мужч. роду: застаўся дома з бацькам, кот еў з сабакам, як з братам, з сынам. Сустрачаецца і родны склон ад гэтых слоў у форме муж. роду, напр.: „Няма нашага бацька (як — брата). „Я ня бачыў сабака“ (як — вала) замест „сабакі“.

5. Назоўнікі лічэбныя. У старасьвецкай літаратурнай беларускай мове, як і ў стараславянскай, назоўнікі лічэбныя (пяць, дзесяць, трыццаць…) былі словамі жаночага роду, напрыклад: тую пяцьдзесят коп грошай, другую дваццаць рублёў (Літоўскі Статут). У сучаснай мове назоўнікі лічэбныя, як словы жаночага роду, зусім ня ўжываюцца. Наадварот, ня маючы свайго матэрыяльнага (прадметнага) зьместу, апрача азначэньня колькасьці пэўных прадметаў, назоўнікі лічэбныя сталі набліжацца да слоў дапаможных, служэбных, ад якіх другія словы не залежаць. З гэтай прычыны, хоць пасьля назоўнікаў лічэбных, пачынаючы з „пяць“ (бач § 3, 4), заўсёды стаіць родны склон (пяць, шэсьць… год, кніг…), але ў народнай (не літаратурнай) мове ў роўнай меры можна сустрэць і назоўны склон, а таксама і іншыя склоны, у залежнасьці ад прыназоўнікаў, усё роўна калі-б перад назоўнікам іменным стаяў не назоўнік лічэбны, а прыметнік, напрыклад: У той каморы стаіць трыдзевяць сталы дубовых; пяць, шэсьць, сем гады; дзесяць чалавекі, пяць капейкі, дзесяць хаты, адзінаццаць мяшкі, трыццаць коні, дванаццаць каровы, усё роўна як: два, тры, чатыры сталы, рублі, хаты.

Такім парадкам, у некаторых (не літаратурных) гаворках могуць сказаць: на стале ляжалі дзесяць грывенькі грошай, нёс пяць калочкі, расьце шэсьць дубы і г. д. Адгэтуль відаць, што ў некаторых беларускіх гутарках назоўнікі лічэбныя ўжо страцілі здольнасьць кіраваць наступнымі назоўнікамі іменнымі ды сталі дапасоўвацца з імі, як два, тры, чатыры (§ 3,4). Гэта значыць, што ў гэтых гутарках назоўнікі лічэбныя перасталі быць дзейнікамі ці дапаўненьнямі ды абярнуліся ў прыдаткі да назоўнікаў іменных, як словы з няпоўным дапасаваньнем (без дапасаваньня ў родзе).

6. Прыметнікі і дзеяпрыметнікі ў сваім родзе дапасоўваюцца да тых назоўнікаў, да якіх яны адносяцца. Тут цікава толькі зьвярнуць увагу на тое, як выражаецца род, калі прыметнікі ці дзеяпрыметнікі стаяць без назоўнікаў і гэтых назоўнікаў падразумяваць нельга. У такіх разох найчасьцей ставіцца ніякі род адзін. ліку ў самых розных значэньнях, бо ніякі род ня рысуе нашаму ўяўленьню ніякага пэўнага прадмета. Напрыклад: Гэта ўсё маё падушнае, падарожнае. Летась пасаджона, сёлета ўзрашчона.

Радзей у такіх выпадках сустракаем жаночы род: Як скрозь донную праваліўся. Каб цябе сырая зьела (разумеецца зямля).

II. Лік.

З морфолёгіі мы ведаем, што ў беларускай мове два лікі: адзіночны і множны; ад парнага ліку дайшлі да нас (ад стараславянскай мовы) толькі некаторыя рэшткі яго: дзьве назе, руцэ; плячыма, вушыма; у вушшу, у ваччу і іншыя.

Лік, як і род, становіць формальную прыналежнасьць кожнае скланяльнае часьціны мовы, але часам ужываньне таго ці іншага ліку залежыць ад матэрыяльнага зьместу слова.

1. Адзіночны лік.

а) Адзіночны лік можа ўжывацца ў значэньні множнага. Для выражэньня множнага ліку адзіночным ужываюцца назоўнікі йменныя зборныя: каменьне, бярвеньне, калосьсе, лісьце, жэрдзе і інш.

У назоўніках зборных множнасьць абазначаных (названых) імі прадметаў адчуваецца выразна, дзеля гэтага вельмі часта выказнік-дзеяслоў, а часам і прыметнік-азначэньне, ставяцца пры такіх словах у множным ліку, напр.: пасыпаліся каменьне; залатыя крыльле мае.

б) Усе зборныя назоўнікі йменныя звычайна скланяюцца ў форме адзіночнага ліку (вецьця, вецьцю, вецьцем, на вецьці), але некаторыя могуць скланяцца ў форме множнага ліку, асабліва ў родным і давальным склонах (кольляў — кольлям, лісьцяў — лісьцям, брусьсяў — брусьсям).

Дапасаваньне з назоўнікамі зборнымі звычайна бывае ў ніякім родзе адзіночн. ліку (жоўтае лісьце, тоўстае бярвеньне), але здараецца і множны лік, напр.: суседзьдзе жалі, сынаўё мае любыя.

в) Множны лік можа выражацца лічэбнікамі зборнымі, напр.: На гару шасьцёра цягнуць, а з гары адзін сапхне.

г) Множны лік могуць выражаць і некаторыя іншыя словы (назоўнікі йменныя і прыметнікі), што ня маюць значэньня зборных, але каторыя часта паўтараюцца або маюць значэньне ўсіх тых прадметаў, аб якіх гаворыцца, напр.: У моры гаду ёсьць, катораму і ліку няма. Пагніла бульба, картопля. Зарадзіў мак, боб, гарох. П‘юць ліпавы цьвет; елі бярозавую кару; налавілі шмат рыбы; малады і стары ішлі ў ягады, у грыбы. Што ўлетку ножкаю коп, то ўзімку ручкаю хоп. Ішлі дзеўкі ў суніцу; лавілі ў лесе зьвера, у рэках рыбу. Камарэча, авадні і ўсялякі гнюс вочы ім павядалі. Сад пакрыўся жоўтым лістам (Я. Кол.).

2. Множны лік.

а) У беларускай мове ёсьць шмат слоў, што ўжываюцца толькі ў множным ліку. Сюды належаць:

1) словы, што азначаюць (называюць) падзельныя прадметы, частка якіх называецца імем цэлага прадмета або ўтрымлівае назоў цэлага прадмета, напр.: вотрыны (абабітыя каласы), пазадкі (маласьпелыя зерняты, што астаюцца пазаду, як веюць збожжа), вотрубі, выскрабкі, выграбкі, памыі, падонкі, крупы, дровы, дрожджы і інш. Сюды трэба аднесьці і такія словы, што маюць адзіночны лік, але рэдка або ў іншым значэньні, напрыклад, назовы расьлін, ягад: суніцы, чарніцы, маліны, брусьніцы, журавіны, парэчкі, васількі, званкі, лапухі, каноплі — канапелькі (канапелькі церла), высадкі, дзяды (асаблівая калючая расьліна), краскі, кветкі, жыта (засеянае жытам поле), сяна (травяныя лугі), луга́ (Луга кветкамі зарасла).

2) назовы страў: буракі, грыбы, клёцкі, камы або камякі і інш.

3) прадметы складаныя: вілкі, лейцы, клешчы, абцугі, порткі, нагавіцы, пашчанкі, сківіцы, прышвы (галоўкі да ботаў), саюзкі (у ботах), падноскі (у ботах), калёсы, сені — сенцы, нары, ночвы — начоўкі, яткі (мясныя рады), сані — санкі, граблі, гусьлі, ножны — ножанкі — ножніцы, панажы (у кроснах, у роялі), набэдрыкі — набадрыкі, весьніцы (вароты з тонкіх пераплеценых дашчок), вароты, дзьверы, грудзі, аконіцы і шмат іншых.

б) Часта назовам аднаго чалавека называюць цэлы народ; тут адзіночны лік азначае насельнікаў цэлага краю, напр.: з французам, з туркам, з немцам ваявалі; немец пайшоў вайною на француза; англічанка йдзе на нас.

Такое ўжываньне множнага ліку вельмі часта сустракаецца ў назовах вёсак, сёл, засьценкаў, што дасталі свой назоў ад іх насельнікаў: Ярмічы, Русаковічы, Бацэвічы, Валасовічы, Данейкі, Путнікі, Чашчнікі, Крывічы, Жыды (частка м. Іліі, заселеная яўрэямі).

Сюды трэба аднесьці такія словы множн. ліку, як суткі — сутачкі (ад „сутокі“, праход паміж будынкамі), гоні (пэўная мера поля), а таксама прыслоўныя формы множн. ліку ад назоўнікаў іменных, што надаюць звароту некаторую неазначальнасьць, напр.: палажыць у галовах, пастаў у нагах, падняўся на воздухах і іншыя.

в) Слова „бог“ і слова „дух“ таксама ўжываецца ў множным ліку: А багі яго знаюць, каго мы больш любім; духі падвяло, чуць духі стрымаў.

г) Азначэньне часу таксама можа выражацца формай множн. ліку назоўнікаў іменных, напр.: прыехаў да кур, сядзелі да трэціх пеўняў, другія пятухі пяялі, у сьнях сёньня сасьніў.

Сюды трэба аднесьці назовы сьвят, сямейных здарэньняў і інш., напр.: грамніцы, дзяды (асеньняе сьвята), правады (вадохрышча), пакровы, коляды — каляды — калядкі; радзіны, хрысьціны (па падабенству з гэтым словам цяпер кажуць: акцябрыны), імяніны, уводзіны, заручыны, сваты, запоіны, залёты (Стара баба нядужа, а ў залёты дасужа), провады, хаўтуры, памінкі, досьвідкі або провідкі; запусты або запускі, гасьціны, дажынкі, зажынкі, заворыўкі, а таксама — злыдні (Сядзелі тры дні, а бачылі злыдні), сухедні, суткі (дзень і ноч) і інш.

д) Асобны від множн. ліку заместа адзіночнага бывае ў тых разох, калі абазначаецца стан асобы, чалавека: пайсьці ў прымы, аддаць у людзі, пайшоў у прымакі, пайшла ў прочкі, жыве ў прочках, запісаўся ў дурні, сядзець у дзеўках, ехаць у сваты, ісьці ў госьці, быць на заработках, пайсьці ў пазыкі, здалі ў салдаты, забралі ў маскалі і інш.

e) Множны лік ужываецца ў назовах хвароб, што аб‘ясьняецца множасьцю прымет: залозы, сухоты, пархі, суроцы, пярэпалахі, крыксы, сушчы; думалі, што тут яму капцы (г. зн. сьмерць, бо пахаваўшы каго, над магілаю насыпалі капец).

ж) Ад глыбокай старасьветчыны дайшоў да нас множны лік для азначэньня стану, у якім знаходзіцца чалавек: пусьціўся наўцекі, гвалтачкі мае, жываты падарвеш со сьмеху. Ждалі, ждалі ды і жданкі прашлі. На ката пацягушкі, а на дзіця растушкі. Гэта ня жарты, ня жартачкі пабудаваць такую чыгунку! Выйсьці вонкі; бачыць, што тут не пярэліўкі, дык ён ходу; жадункі ўзялі[1], жыве ў прочках; а таксама ў дзіцячай мове: ладкі — ладушкі, ладачкі, пацягушкі, пацягушанькі, есткі — естачкі — естанькі, піткі — піцькі — пітанькі, спаткі, гуляткі, тпруці і інш.

Множным лікам можна аб‘ясьніць і пахаджэньне такіх прыслоўяў: наўцекі, нянацкі, калісьцечкі, удаўжкі, ушыркі і інш.

з) Даўней важныя асобы гаварылі самі на сябе: мы чынім, мы возны павету Менскага; Уладыслаў кароль чынім… даём… Цяпер так не гавораць, але звычай вымагае зварачацца да людзей паважаных у другой асобе множнага ліку (асабовы займеньнік „вы“ і дзеяслоў у другой асобе множнага ліку) або ў трэцяй асобе адзіночнага ліку з пропускам займеньніка, напр.: вы ведаеце; дзе вы былі? куды дзядзька паедзе?

Дзеці зварачаюцца да бацькоў на „вы“, хоць і не заўсёды; найчасьцей-жа дзеці гавораць з старэйшымі (з бацькамі і сваякамі) без асабовых займеньнікаў з дзеясловам у 3-яй асобе, напр.: дзе тата быў? куды цётка паедзе? няхай мама дасьць яму есьці і т. далей.

Здараюцца звароты малодшых да старэйшых ці, наагул, да асоб паважаных, у множным ліку, напр.: Стойце, дзядзьку, не пад‘яжджайце! А мой дзядзечка, а мой міленькі! я-ж вас ад сьмерці выратаваў. Нават завочна кажуць: мой тата паехалі, мая мама пайшлі і т. далей.

3. Парны лік.

Парны лік даўней ужываўся ў такіх разох: а) калі гутарка йшла аб прадметах парных ад прыроды (вочы, вушы, рукі, ногі, плечы); б) пры назоўніках лічэбных „два — дзьве“, „абодва — абедзьве“; в) калі называліся наагул дзьве асобы ці два прадметы, і парны лік ніколі ня зьмешваўся з множным лікам.

1) У сучаснай беларускай мове мужчынскі род зусім страціў формы парнага ліку. Формы парнага ліку мужчынскага роду выціснуты формамі множнага ліку. Назоўнікі йменныя мужчынскага роду пры лічэбніку „два“, ня кажучы ўжо пра „тры“, „чатыры“, звычайна стаяць у назоўным або вінавальным склоне множнага ліку, напр.: два літвіны, два браты, два Юр‘і ды абое дурні, два сабакі, два мужыкі, два галубы пілі воду, абодва сыны, два дубы; тры грошы, тры рублі, чатыры валы, чатыры годы і г. далей.

Некаторую памяць аб парным ліку захавалі хіба такія формы мужч. роду, як „два, тры, чатыры кані“, „два, тры, чатыры рагі“, пры множным ліку „коні“, „рогі“; тут канчаткі множн. ліку, але націскі розныя.

2) У назоўніках іменных жаночага і часткаю ніякага роду парны лік у сучаснай мове даволі пашыраны, хоць і тут формы множнага ліку пачынаюць пераважаць; канчатак парнага ліку жаночага і ніякага роду — е.

Прыклады на формы парнага ліку жаночага й ніякага роду пасьля „два“, а па падабенству з ім і пасьля „тры“, „чатыры“: дзьве шкодзе, бядзе, руцэ, назе; чатыры прыгодзе, тры капе, тры бядзе, бярозе (Ой у полі пры дарозе там стаялі дзьве бярозе), хата на дзьве палавіне, дзьве асьміні — асьміне, абедзьве назе, тры дзяўчыні — дзяўчыне, дзьве леце, вароце; чатыры стазе (хоць „стог“ мужч. р.), тры паласе, дзьве сасе, хаце; дзьве назе i — дзьве нагі; дзьве руцэ і — дзьве рукі, абодва вокі.

З апошніх прыкладаў відаць, што ад слоў жаночага і ніякага роду, як і мужчынскага роду, пры лічэбніках 2, 3, 4 аднолькава могуць быць і формы множнага ліку.

Здараюцца, хоць вельмі рэдка, і такія старажытныя формы, як „дзьве дачок“, „дзьве ног“, дзе лічэбнік ставіць наступнае слова (назоўнік іменны) у родным склоне, як лічэбнікі лічныя „пяць“, „шэсьць“ і далейшыя, напр.: А ў ліскі, ліскі новы двор. Тры дачок, тры дачок на выбор.

3) 3 прыведзеных прыкладаў відаць, што ў сучаснай мове формы парнага ліку і для слоў жаночага і ніякага роду знаходзяцца ў стане адміраньня, але трэба памятаць, што ёсьць формы парнага ліку акасьцянелыя. Сюды трэба аднесьці, перш-на-перш, назоўнікі лічэбныя простыя: „два — дзьве“, „абодва — абедзьве“ і складаныя: „дзьвесьце — дваста“, „трыста“, „чатырыста“. Слова „дзьвесьце“ становіць сабою форму парнага ліку жаночага роду: „дзьве“ і „сьце“ = „сто“ ў форме парн. ліку жаноч. роду. Словы „дваста“, „трыста“, „чатырыста“ — формы парн. ліку мужч. роду; тут мы маем лічэбнікі „два“, „тры“, „чатыры“, дапасованыя да парнага ліку слова „сто“ ў мужч. родзе — „ста“.

Потым, да закасьцянелых формаў парнага ліку трэба аднесьці такія формы мужчынскага роду, як „два кані“, „тры рагі“ і формы ад слоў ніякага роду: сяло, вядро, акно, ярмо і жаноч. роду: рука, нага пры лічэбніках 2, 3, 4: два, тры, чатыры сялы, вядры, акны, ярмы, рукі, нагі (з націскам на канчатку); у формах множн. ліку націск у гэтых словах будзе стаяць на аснове: сёлы, вёдры, вокны, ёрмы, рукі, ногі. У гэтых словах канчаткі множн. ліку (канчаткі парн. ліку для мужч. роду а (я), а для жаночага і ніякага — е), але націскі розныя.

4) Такія бясспрэчныя формы парнага ліку, як вочы, вушы, плечы, цяпер ужо ня мысьляцца парным лікам, а разумеюцца множным лікам.
Таксама родны—месны склон: зыдзі з аччу, зазьвінела ў вушшу, пацямнела ў аччу.

5) Формы творнага склону парнага ліку даволі пашыраны ў сучаснай мове. У пераважнай большасьці парны лік у творным склоне маюць тыя словы, што азначаюць прыродныя парныя прадметы, хоць часам у парным ліку ставяцца назовы прадметаў няпарных, напрыклад: плячыма, вушыма, дзьвярыма, грашыма. Разумеецца, усе пералічаныя формы ўжываюцца і ў звычайнай форме творнага склону множнага ліку, напр.: вушамі — вушмі, плячамі, дзьвярамі — дзьвярмі, грашамі — грашмі і г. д.

§ 21. Спосабы выражэньня дзейніка.

Кожны просты сказ складаецца з дзейніка і выказьніка, прычым як дзейнік, так і выказьнік могуць мець пры сабе даданыя (паясьняльныя) словы — дапаўненьне, азначэньне і розныя акалічнасьці.

Дзейнікам называецца слова, якое называе вытворцу прыметы (дзеяньня ці стану), якая азначаецца выказьнікам, або зьмяшчальніка тае ўласьцівасьці, якая яму прыпісваецца.

Такім парадкам, дзейнік зьяўляецца граматычным паказальнікам дзейніка (суб‘екта) — сапраўднага ці ўяўнага, а выказьнік называе дзеяньне ці стан дзейніка. Прычым, з граматычнага боку ўсё роўна, ці будзе дзейнік сапраўдным дзейнікам, як пры дзеяслове з пераходным значэньнем (Разбойнікі забілі чалавека), ці ўяўным пры дзеяслове залежнага значэньня (Чалавек забіты разбойнікамі).

Дзейнікам можа быць толькі прадмет, значыць, і граматычным дзейнікам можа быць толькі назоўнік іменны, што азначае прадмет. Але калі мова складаецца так, што трэба толькі паказаць на прадмет, не называючы яго, або калі няма магчымасьці ці патрэбы называць яго, тады назоўнік іменны падмяняецца іншымі часьцінамі мовы. Але іншыя часьціны мовы могуць выступаць у ролі дзейніка толькі ў тых разох і тады, калі яны абарачаюцца ў назоўнікі йменныя (Праворны ўсюды пасьпее) або, прынамсі, мысьляцца на той раз, як назоўнікі іменныя. І тады ў ролі дзейніка могуць выступаць прыметнікі, дзеяпрыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, дзеяпрыслоўі, прыназоўнікі, злучнікі і іншыя словы.

1. Выражэньне дзейніка назоўнікам іменным.

Звычайна дзейнік выражаецца назоўнікам іменным. Дзеля таго што дзейны прадмет у сказе ні ад чога не залежыць, а наадварот, сам вытварае дзеяньне, якое азначаецца або называецца выказьнікам, то дзейнік заўсёды стаіць у назоўным склоне і адказвае на пытаньне хто? або што?

Дзейнік можа быць усіх родаў і лікаў. Як мы бачылі вышэй (§ 20. Лік, 1), множны лік можа выражацца словамі зборнымі (Лісьце асыпаліся. — Лісьце асыпалася).

1) Дзейнік можа мець пры сабе другога дзейніка ў форме дапаўненьня ў творным склоне з прыназоўнікам „з“, напр.: Сын з нявесткай пасварыліся. Едзе гром з маланкаю.

У такіх сказах выказьнік ставіцца і ў адзін., і множн. ліку, напр.: Кума з кумам пасварылася — пасварыліся.

2) У песьнях, вершах, прыказках, а часам і ў звычайнай мове (у казках, напр.) дзейнікам можа быць і клічная форма назоўніка йменнага, напр.:
Едзе казача, едучы плача. А мой мужу-блазьне хоча мяне біці. Няхай косю нагарцуецца. Паехаў мой сынку на вайну. Сівы галубочку сядзеў на дубочку. На камені ляжыць вужу. Адлятае мой саколе. Гэты цьвеце па ўсім сьвеце. Ты хароша, як ружовы цьвеце. Мой браце Кандраце чаравічкі налаце. Хадзіў раю па вуліцы. Панаехалі сватове к нам на двор. Сватове, братове цераз места ехалі. Няхай родзе ня турбуе, мне пасагу не гатуе. У мяне сынку ў двары гаспадару.

Ніжэй мы ўгледзім, што і вінавальны склон (г. зн., дапаўненьне) можа мець форму клічнага склону.

2. Выражэньне дзейніка займеннікам.

Дзейнік можа выражацца займеньнікамі як назоўнымі (я, хто, што), так і прыметнымі (свой, усякі, кожны).

1) Вельмі часта дзейнік выражаецца асабовымі займеньнікамі: я — мы, ты — вы, ён — яна — яно — яны. Займеньнікі першых дзьвюх асоб (я — мы, ты — вы) так набліжаюцца да назоўнікаў іменных, што часта няма патрэбы называць імя таго прадмета, на які паказваюць гэтыя займеньнікі, напрыклад: Я прышоў цябе перасьцярэгчы. Я чуў, як яны радзіліся спаліць наш стог.

Але часам гэтыя займеньнікі выражаюць толькі чыста формальнае ўяўленьне асобы: „Я, кажа, Несьцерка, маю дзяцей шэсьцерка, рабіць лянюся, красьці баюся, а прасіць ня сьмею“; тут уся сіла ў дзеяслове, які выражае прыметы названай пры гэтым асобы.

2) Прыметнікі „ён — яна — яно — яны“, стаўшы асабовымі займеньнікамі, звычайна дапасоўваюцца ў родзе з тым словам, на якое яны паказваюць; сустракаецца ў такіх разох нават дапасаваньне неграматычнае, напр.: „А мой сыночак! як-жа яно закурэла йдучы“ (разумеецца — дзіця). „Мой каток! яно захадзілася, яно есткі захацела“ (бач. § 20, 2).

3) Калі той, хто гаворыць, ставіцца з павагай і пашанай да асобы-дзейніка, то граматычны дзейнік выражаецца прыметнікам займенным „ваша“, напр.: „Сваволіш ваша! Нядобра ваша кажаш“. Даўней пры слове „ваша“ ставіўся назоўнік іменны „міласьць“: Ваша міласьць самі прыехалі.

Сюды належаць словы-іменьнікі: ягомасьць, ягамосьці, імасьць, імосьцейка, вашаць — вашэць (Я вашэць, і ты вашэць — хто-ж нам хлеба напашэць?), пан, пані, паня, васпан, васпані, васпаня, васпанка, васпан. Усе яны ўжываліся з дзеясловам 2-ой і нават 3-яй асобы, напр.: „Што ягомасьць робіш? i — „Што ягомасьць робіць?“ „Імасьць сама ведае — ведаеш, што гэта няпраўда“, і „Чаго васпан шукае — шукаеш? Ня тое васпані кажа — кажаш“.

4) Асаблівым паказальным характарам вызначаюцца займенныя прыметнікі „той“ і „гэты“. Першы паказвае на адлеглы прадмет, а другі — на прадмет бліжэйшы, напр.: „Тады тыя і пытаюць у яго, тыя калекія“. „Тады той і кажа яму“. „Гэтыя ўжо прышлі, а тых яшчэ няма“. „Урадзіўся гэтакі — гэтакі і памрэ“.

Часам „той“ можа стаяць на месцы „ён“, напр.: Глянуў музыка на табакерку, а тая (заместа „яна“) аж зіхаціць.

Пры паўторнасьці „той — той“, гэты паказальны займеньнік можа азначаць „адзін — другі“, напр.: „Жала тая дзень, і тая дзень“ замест: „Жала адна дзень, і другая дзень“. „Тая рабіла тое, а тая тое“ замест: „Адна рабіла адно, а другая другое“. „Тая кажа на тую“ замест: „Адна кажа на другую“.

Часам „той“ зусім траціць свой паказальны характар ды становіцца чыста формальным зьмяшчальнікам дзейніка, надаючы яму неазначальны характар, напр.: Мая душа, як той кажа, ня крывая: усё прымае. Як той казаў.

Апрача „той“ і „гэты“, сустракаецца яшчэ паказальны займеньнік прыметны „сёй“ звычайна ў злучэньні з „той“, напр.: „Сабраліся да нас „той-сёй“. „Паслужэце вы нам сей дзень нядзелі“ (з песьні).

5) Займеньнік „той“ часта ўжываецца, як азначальны прыдатак да назоўніка йменнага. У такіх разох „той“ ставіцца звычайна пасьля назоўніка йменнага (радзей перад ім) і з тэй умовай, калі гэты назоўнік іменны раней упамінаўся, і, такім парадкам, прадмет ужо вядомы. Напрыклад:
Гаспадыня тая абрадавалася, пабегла глядзець, ажно ні рыбы тэй, ні лісіцы няма ў корабе. Ды стала іх частаваць аладкамі тымі. Вярнуўся той брат з варты ды кажа. Узялі яны той кацёл ды закапалі з грашыма тымі. Яны хацелі тыя грошы ўзяць, дык крук не дае.
6) Дзейнік можа выражацца займеньнікамі пытальнымі „хто“, „што“, „каторы“. Першыя два, як назоўнікі, адносяцца да 3-яй асобы, а „каторы“, як прыметнік, — да ўсіх асоб. Напр.:
А хто там ідзе ў вагромністай такой чарадзе? (Я. Куп.). Хто гэты тын пераскочыць? Хто гэты Дунай пераплыве? Што бяжыць бяз повада? А што расьце бяз кораня? Што гарыць бяз полымя? Каторы з вас разумнейшы?

Усе гэтыя займеньнікі могуць быць дзейнікамі ў складана-залежных сказах, якія не выражаюць пытаньня, напр.: Хто йдзе, той паклоніцца. Што з возу упала, то прапала.

7) Дзейнік можа выражацца займеньнікамі азначальнымі, неазначальнымі і адмоўнымі: увесь (звычайна ў множным ліку), усякі, усялякі, кожны, кажды; нехта, нешта, хтось, штось, хтосьці, штосьці, ніхто, нішто, ніводзін, ніводны і іншыя, напр.:
Нехта прыехаў. Нешта пішчыць. Нешта некае зрабілася. Ніхто і нішто табе не паможа. Хтось казаў мне. Штось зрабілася з ім. Усе ласы на чужыя прыпасы. Кожны (i — кажды) дбае аб сабе. Ня кожны гэта ведае. Штосьці сталася там. Пачакаем, хто-небудзь падыдзе. Хто-нібудзь да прыдзе-ж сюды.

„Ніводзін“ можа выражацца словамі „жадны“, „жадзен“, калі хочуць выказаць большую сілу адмоўнасьці, напр.: Жадзен з нас туды ня пойдзе на работу.

8) Займеньнік „сам“ памацняе значэньне асобы, напр.: Сам гаспадар прыехаў туды. Сама гаспадыня была. Я сам там буду. Я сам зраблю.

„Сам“ можа падмяняць асабовы займеньнік, і тады можа быць і дзейнікам, напр.:
Сам пайду, сам зраблю. Невялікі пан — пералезеш сам. Сама гола, а сарочка за пазухай (курыца). Сам худ, а галава з пуд.

Займеньнік „самы“ вытварыўся з займеньніка „сам“; ён азначае якасьць прыметы, а не прадмета, а дзеля гэтага дзейнікам быць ня можа, напр.: самы раньні ячмень, самы лепшы гатунак, ён самы горшы, самыя раньнія гусяняты.

Як бачым з гэтых прыкладаў, займеньнік „самы“ служыць для памацненьня прыметы.

9) Займеньнікі прыналежныя рэдка бываюць дзейнікамі, але бываюць, напр.: Свой свайго пазнаў дый на почастку пазваў. Свой свайму паняволі брат. Свае б‘юцца, а чужы не мяшайся.

Найчасьцей яны бываюць дзейнікамі ў тых разох, калі ставяцца ў ніякім родзе; тады яны неазначальна паказваюць на злучэньне вядомых ужо прадметаў, напрыкл.: Маё — для мяне, тваё — для цябе, а для ўсіх — сваё.

Адносна розьніцы паміж „свой“ і „мой“ цікавы наступныя прыклады: Свой тутун і — мой тутун. Дай свае табакі, а то ад чужое нос баліць.

Першы прыклад паказвае, што розьніца ў значэньні гэтых слоў цьвёрда не ўстаноўлена, і на гэтай неўстаноўленасьці пабудована прыказка (апошні прыклад).

3. Выражэньне дзейніка лічэбнікам.

Дзейнікамі могуць быць лічэбнікі:

1) назоўнікі лічныя (два, тры, пяць…) і прыметныя (адзін, адна…);

2) назоўнікі лічэбныя зборныя (двое, трое, шасьцёра);

3) дробныя (паўтара, паўчварта…);

4) неазначальныя прыслоўі лічэбныя (многа, мала, колькі).

а) Назоўнікі лічэбныя „два“, „тры“, „чатыры“ і лічэбнікі прыметныя „адзін“, „другі“ і інш. самі па сабе, бяз тых назоўнікаў іменных, якія яны азначаюць, дзейнікамі ня бываюць; у рэдкіх выпадках, калі яны выступаюць у ролі дзейніка, то назоўнік іменны лёгка разумеецца. Напрыклад:

Адзін у пір, другі ў вір. Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай. Адна рада добра, а дзьве лепш. Век пажывалі, адзін аднаго не дагналі. Адна адну сапхнула. Два стаяць, два ляжаць. Адзін галодны, а другі халодны.

Пры „два“ — „дзьве“ назоўнікі йменныя заўсёды стаяць навочна: Два вепры б‘юцца-сякуцца… Два Юр‘і ды абое дурні.

Пры лічэбніках „два“, „тры“, „чатыры“ можа быць родны склон назоўніка йменнага жаноч. р. адзіночнага ліку або назоўна-вінавальны склон мужч. р. з родным склонам прыметніка множнага ліку, напр.: Вычасаў дзьве дашкі каменных. Зрабіў дзьве труны каменных. Было ў бацькі два сыночкі, два радзімых Васілёчкі.

б) Лічэбнікі, пачынаючы з 5—10 і да 90 (дзевяцьдзесят), часта выступаюць у ролі дзейніка; пры іх тады назоўнікі йменныя звычайна стаяць у родным склоне.

Усе гэтыя лічэбнікі бяз іменьнікаў сустракаюцца рэдка: Чатыры аруць, пяць барануюць да на мяне, маладую, гора гаруюць.

Іменны характар гэтых лічэбнікаў паступова траціцца, бо выказьнік, калі гэта дзеяслоў прошлага часу, ставіцца пры іх у ніякім родзе, які ня рысуе нам ніякага пэўнага прадмета, напр.: прайшло, мінула, пяць, шэсьць, дваццаць год.

Здараецца (але ў літаратурнай мове ня ўжываецца), што пры лічэбніках 5, 6 і далейшых стаіць назоўны склон іменьніка; у такіх разох лічэбнікі мысьляцца ўжо, як прыметнікі-прыдаткі, напрыклад: пяць гады, шэсьць капейкі, восем хаты, дзевяць валы, дзесяць мяшкі, 11 вазы, 13 коні. На версе ляжалі дзесяць грывенькі грошай.

Усе назоўнікі лічэбныя лічныя, што ўжываліся некалі ў ролі дзейніка ды мелі форму назоўнага склону, цяпер вытвараюць безасабовыя сказы ды стаяць, заместа назоўнага, а) або ў родным склоне (У каго гэта ў вас косіць шасьцёх касцоў?), б) або ў месным склоне з прыназоўнікам „у“, вытвараючы з гэтым прыназоўнікам нібы прыслоўе, якое дадаецца да асабовага займеньніка, напр.: „Ішлі мы ў двох, у двух“, „сабраліся ў дваццацех“, „прышлі ў дзесяцярох“ (бач. § 22, III).

в) У народнай мове, асабліва ў казках, здараецца лік дзевяткамі і дзесяткамі, напр.: трыдзевяць каней, трыдзевятае царства. У той каморы стаіць трыдзевяць сталоў; у трыдзесятым царсьцьве і т. далей.

2) Лічэбнікі зборныя, будучы дзейнікамі, звычайна ставяцца ў форме ніякага роду адзіночн. ліку: абое рабое, але выказьнік можа дапасоўвацца па сэнсу, напр.: абое галюсенькі; найчасьцей-жа выказнік стаіць у ніякім родзе: „Усе коні пакралі, адно засталося шасьцёра“.

Зборныя лічэбнікі могуць ужывацца з часткаю „ка“: двойка, пяцёрка авец, шасьцёрка гусянят, тройка куранят.

3) Дробныя лічэбнікі, зложаныя з „поў“ (=пол), вельмі пашыраны: паўтара, паўтраця, паўчварта, паўасьма, паўшаста, паўчвартаста.

У залежнасьці ад „поў“, назоўнікі йменныя ставяцца ў родным склоне, і з імі дапасоўваюцца прыметнікі лічэбныя парадкавыя, што ўваходзяць у склад гэтых дробных лічэбнікаў, напр.: „У мяне засталося паўпята рубля“, „адтуль да нас будзе паўтраці вярсты“.

Даўней „поў = пол“ было назоўнікам іменным (Ішла паненка цераз бор, на ёй сукенка ў дзевяць пол); цяпер „поў“ ня мысьліцца незалежным словам, і з ім зьменныя ў родзе дзеяслоўныя формы не дапасоўваюцца ў родзе.

4) Для паказаньня неазначальнага ліку ўжываюцца некаторыя лічэбныя прыслоўі (многа, мала, колькі), а таксама назоўнікі йменныя (гібель, процьма, шмат). Напрыклад: Народу было гібель на кірмашы. У яго процьма грошай. Шмат было клопату. Шмат было рыбы ў невадзе.

Як відаць з гэтых прыкладаў, такія назоўнікі йменныя, што ўжываюцца для паказаньня неазначальнага ліку, мысьляцца ў ніякім родзе: „Народу было гібель“.

4. Выражэньне дзейніка прыметнікам і дзеяпрыметнікам.

Для выражэньня дзейніка асабліва часта ўжываюцца прыметнікі і дзеяпрыметнікі. Гэта аб‘ясняецца блівасьцю прыметніка да назоўніка йменнага, як з боку морфолёгічнага (зьмена ў родах, ліках і склонах), так і сваім матэрыяльным значэньнем. Абодва яны — назоўнік і прыметнік — азначаюць прыметы, што прыпісваюцца прадмету.

1) Звычайна ў ролі дзейніка выступаюць тыя прыметнікі, што ўжываюцца ў значэньні йменьнікаў, як, напрыклад: соцкі, тысяцкі, дзесяцкі, пры якіх назоўніка йменнага мысьліць трудна, а таксама зусім новае слова „стайковы“ (вазьніца пры воласьці, што адбываў „стойку“ — павіннасьць натураю, работаю) і словы: паплаўнічы, упраўнічы, кіраўнічы, а далей — прыметнікі з грэцкім суфіксам „іст“: арганісты, алтарысты (Арганісты і алтарысты на рукі ня чысты), камуністы, сацыялісты, гімназісты, самінарысты, артысты і падобн.

Сюды-ж належаць і прыметнікі, якія часта ўжываюцца без назоўнікаў іменных: пазываты (той, хто кліча на вясельле — хлопчык), араты (Дзе араты плача, там жняя скача), калека, хворы, нядужы, малады і маладая (жаніх і нявеста), стары і старая (гаспадар і гаспадыня), злоты, люты (месяц) і іншыя.

2) Усе іншыя прыметнікі (якасныя і адносныя) могуць падмяняць назоўнік іменны і, значыць, быць дзейнікам толькі ў тых разох, калі пры іх лёгка мысьліцца назоўнік іменны, напр.:
Чорны ў рыжага спытаў. Сухарукі яйкі краў, а бязногі даганяў. Бязрукі хлеб мясіў. Глухія ня ўсе чуюць. Сьляпыя ня ўсе бачаць. Багаты дзівіцца, чым худы жывіцца. Ня плаціць багаты, а плаціць вінаваты. Сьляпы дарогі не пакажа. Сьляпы сьляпому не павадыр. Скупы два разы траціць. Свае бяды нікому не кажы, бо добры зьлякнецца, а злы насьмяецца. Стары любіць сквар, а малады любіць холад. Жывы аб жывое і думае. Праворны ўсюды пасьпее. Скручаны, зьверчаны, па хаце скача (венік).

3) Бываюць такія сказы, дзе дзейнік раней называўся; тады прыметніку няма патрэбы яго называць, і ён сам становіцца дзейнікам напр.: У дзеда і бабы было тры сыны: большы і селядоршы былі разумныя, а малодшы быў дурань.

4) Дзейнікам бывае і ніякі род прыметніка ці дзеяпрыметніка, напр.:
Малое вялікаму завада. Чужое ня грэе. Забітае не варушыцца. Паломанае ня выпрастаецца. Пастаўлёна — благаслаўлёна.
5. Выражэньне дзейніка нязьменнай часьцінай мовы.

Дзейнікам можа быць кожная нязьменная часьціна мовы, калі яна становіцца на месца назоўніка йменнага.

1) У такіх сказах дзейнікам найчасьцей бывае неазначальная форма (інфінітыў). Напрыклад:
Шанавацца кожнаму трэба. Панаваць — не гараваць. Век зьвекаваць — усяго павідаць. Важаком быць — трэба з мядзьведзем знацца.

Усе гэтыя прыклады можна і так разглядаць: дзейнік — неазначальная форма — зьяўляецца безасабовым сказам, злучаным з другім безасабовым сказам, які служыць выказьнікам да першага, напр.: „Панаваць, гэта значыць не гараваць“. Калі-ж узяць пад увагу, што неазначальная форма (інфінітыў) была некалі назоўнікам іменным, то гэта можна мысьліць так: „Панаваньне — не гараваньне“, як сказ з дзейнікамі йменнымі: Слова — вецер, а пісьмо — грунт.

2) Дзейнікам можа выступаць ня толькі інфінітыў (неазначальная форма дзеяслова), але і кожнае слова, розныя выказы і нават цэлыя сказы з сваімі дзейнікамі, выказьнікамі і паясьняльнымі словамі, напр.: „Хто дбае, той і мае“ — народная прыказка. У гэтым прыкладзе „хто дбае, той і мае“ зьяўляецца дзейнікам для далейшага: „народная прыказка“, бо мае граматычнае злучэньне ў спосабе злучэньня (ёсьць народная прыказка). Але сам па сабе гэты выказ „хто дбае, той і мае“ ня толькі ня дзейнік у граматычным разуменьні, а цэлы сказ і нават складаны сказ, зложаны з двух сказаў спосабам падпарадкаваньня; кожны гэты сказ мае свой дзейнік і свой выказьнік, а пры іх маглі быць розныя даданыя словы.

Розьніца паміж гэтым дзейнікам-сказам і дзейнікам-інфінітывам толькі тая, што першы дзейнік асабовы (мае свайго дзейніка), а другі, інфінітыў — безасабовы, бяз дзейніка. Але гэта не зьмяняе йстоты справы. Трэба памятаць, што неазначальная форма дзеяслова (інфінітыў) вытварылася з назоўніка йменнага і некалі скланялася, як усе назоўнікі. І хоць неазначальная форма даўно ўжо страціла скланеньне (перастала скланяцца), але ў яе засталася адна такая ўласьцівасьць: яна падказвае нам адпаведнае паняцьце, якое можа быць выражана ў форме дзеяслоўнага йменьніка. Мы кажам, напрыклад, „панаваць“, „гараваць“, „хацець“, „цярпець“, „цярпець“, і пры гэтым думаем: „панаваньне“, „гараваньне“, „цярпеньне“, „хаценьне“ і г. далей.

Вось гэтая ўласьцівасьць неазначальнай формы падказваць нам назоўнік іменны робіць тое, што неазначальная форма дзеяслова зьяўляецца вельмі зручным (у пэўных зваротах мовы) падменьнікам назоўніка йменнага, не абарачаючыся, аднак, у назоўнік.

Такім парадкам, неазначальная форма (інфінітыў), не перастаючы быць дзеясловам, можа ў пэўных зваротах мовы выступаць дзейнікам, і ў гэтым значэньні яна пасвойму служыць падменаю назоўніка.

3) Калі іншыя нязьменныя часьціны мовы выступаюць дзейнікам, то яны таксама падрабляюцца пад назоўніка йменнага; пры іх заўсёды можна мысьліць які-небудзь назоўнік іменны, напрыклад: „слова“, „форма“, „частка“, „выказ“, „выклічча“ і г. далей. Прыклады:

Можа надвое варожа. Не паможа паном і „сьвяты божа“. Няхай — нядобры чалавек.

Сюды належаць у пераважнай большасьці сказы, што ўжываюцца ў мове граматычных падручнікаў, напрыклад: „Хадзіць — дзеяслоў неазначальнае формы“; „Горш, балазей, мацней — прыслоўі параўнальнае ступені“; „Балазе — прыслоўе ў форме назоўніка йменнага меснага склону (болага — дабро)“; „Край — можа быць прыназоўнікам, што кіруе родным склонам“ („Жыве край дарогі“); „І — злучнік і памацняльнае слова“.

У гэтых прыкладах словы: хадзіць, горш, балазей (болагі — добры; балазей — дабрэй), мацней, балазе, край, і ўзяты як прадметы, аб каторых ідзе гутарка, і дзеля таго яны выступаюць у ролі дзейніка — назоўніка йменнага.

Пры такіх дзейніках заўсёды мысьліцца які-небудзь назоўнік іменны. Калі гэты назоўнік стаіць навочна, то выказьнік-дзеяслоў прошлага часу дапасоўваецца з ім у родзе, напрыклад:

Слова „навідзець“ без адмоўя „не“ перастала ўжывацца. Злучнік „хоць“ вытварыўся з дзеяслова „хацець“. Слова „будучы“ было некалі дзеяпрыслоўем жаночага роду.

Калі ў такіх сказах назоўніка йменнага навочна няма, то выказьнік-дзеяслоў прошлага часу ставіцца ў ніякім родзе.

Усё сказанае адносіцца і да выклічнікаў, прыставак, уставак, канчаткаў, карэньняў слоў, калі яны бяруцца дзейнікамі, напрыклад:
Куга — выклічнік. Раз, уз, су — прыстаўкі. Ць, ці, чы — канчаткі неазначальнае формы дзеяслова. Плет — корань дзеяслова „плясьці“.
Уставіўшы ў такія сказы назоўнік іменны, дастанем такія формы:
Гуказлучэньне „куга“ ёсьць выклічнік. Гукі „плет“ ёсьць корань неазначальнае формы дзеяслова „плясьці“. Прыназоўнікі „раз“, „уз“, „су“ служаць цяпер толькі прыстаўкамі.

Такім парадкам, нязьменныя часьціны мовы, а таксама асабовыя дзеясловы, могуць быць дзейнікамі толькі ў тых разох, калі яны прыроўніваюцца да назоўнікаў іменных.

§ 22. Спосабы выражэньня выказьніка.

Значэньне выказьніка ў сказе.

Выказьнік выражае прымету, якая вытвараецца прадметам або вынікае з прадмета. Зьмяшчальнікам выказальнасьці (прэдыкатыўнасьці) зьяўляецца дзеяслоў, як адзіная часьціна мовы, якая можа выразіць выніканьне прыметы.

Разгледжаныя раней (§ 9, 6) зачатачныя, як-бы эмбрыональныя формы сказаў, што складаюцца з аднаго толькі назоўніка йменнага (Пожар!), гэтаму не супярэчаць. Покі такія формы сказаў, як „Пожар!“ „Даволі!“, выражаюць нашае першае ўражаньне ці пачуцьцё, то яны абыходзяцца без дзеяслова; але калі гэтае пачуцьцё дойдзе да нашае сьвядомасьці, то яно ўжо выражаецца формай звычайнага сказу з дзеясловам: „пачаўся пожар“, „даволі цярпець“ і г. далей.

Такім парадкам, хоць у іншым сказе няма навочнага дзеяслова, але ён мысьліцца або, прынамсі, адчуваецца быцьцё дзеяслоўнасьці; часам гэта дзеяслоўнасьць не пасьпела толькі напоўніцца пэўным зьместам, каб выразіцца словам, як у наступных прыкладах:

„А каб цябе!“ „А бадай цябе“! „Сонца за лес, крыкса за лес, а дзіцяці спаць“. „Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай“. „Заяц як дасца аб пень дый дагары нагамі“. „Кінуў ён мяшок, а сам наўцекі“. „Мядзьведзь з дуба далоў ды якраз на ваўка“. „Гарыць сабе павуціньнё, а салома хоць-бы што“.

Сувязь дзеяслоўнага выказьніка з дзейнікам выражаецца дапасаваньнем асабовых канчаткаў дзеяслова з дзейнікам — назоўнікам іменным.

I. Формы выказьніка.

Выказьнік можа быць: 1) просты, 2) сустаўны і 3) падвойны.

1) Простым выказьнікам называецца такі, што выражаецца адным дзеясловам у васабовай форме. У пераважнай большасьці гэта асабовы дзеяслоў (я чытаю, мы косім, пастух трубіць), але бываюць выпадкі, калі просты выказьнік выражаецца неазначальнай формай дзеяслова (Нідзе агню ня відаць).

Асабовая форма дзеяслова можа быць складанаю, напрыклад, тая, што складаецца з дапаможнага дзеяслова „быць“ у васабовай форме і неазначальнае формы (інфінітыва) другога дзеяслова (будучы складаны час), напрыклад: „буду чытаць“, або тая, што зложана з дапаможнага дзеяслова „стаць“ у форме прошлага часу і неазначальнае формы другога дзеяслова (прошлы час складаны: стаў бараніцца, сталі касіць).

Усе такія складаныя формы становяць просты выказьнік, бо тут сустаўныя часьці так цесна зьліты ў нашай сьвядомасьці, што твораць адно цэлае, адну пэўную граматычную форму, напр., форму будучага часу дзеясловаў незакончанага трываньня ці прошлага складанага.

2) Сустаўным выказьнікам называецца такі выказьнік, што выражаецца двума словамі: адно з гэтых слоў — дзеяслоў — сувязь у васабовай форме, якая ў цяперашнім часе часта прапускаецца, а другое слова — скланяльная часьціна мовы: назоўнік іменны або прыметнік ці дзеяпрыметнік. Скланяльныя словы ў сустаўным выказьніку канечна стаяць у назоўным склоне. Гэты другі назоўны склон, у якім стаіць скланяльная частка сустаўнога выказьніка, называецца другім назоўным, бо ў першым назоўным стаіць дзейнік. Напрыклад: Чужая сіла — асіна. Прымусная работа самая цяжкая. Дзень быў хмурны. Я буду рад. Пасьледкі едкі. Зелена — молада. Мы былі зьдзіўлены. Поле было пакрыта копамі. Тут будзе пабудована школа.

Другі назоўны склон сустаўнога выказніка якраз і выражае сабою прымету, якая прыпісваецца дзейніку. Выніканьне прыметы з дзейнасьці прадмета-дзейніка або трывальнасьць прыметы азначае дзеяслоў, што ўваходзіць у склад сустаўнога выказьніка.

Дзеля таго, што прымета, якая прыпісваецца дзейніку, выражаецца другім назоўным склонам назоўніка йменнага, прыметніка ці дзеяпрыметніка, то на долю дзеяслова ў сустаўным выказьніку застаецца толькі чыста формальная роля — азначаць адносіны такой прыметы да дзейніка, або зьвязваць прымету з дзейнікам. У простым выказьніку гэтая сувязь прыметы (дзеяньня ці стану) з дзейнікам выражаецц дапасаваньнем дзеяслова да дзейніка ў ліку і асобе, і тое, што ў простым выказьніку выпаўняецца асабовымі канчаткамі дзеяслова, робіць увесь дзеяслоў у сустаўным выказьніку. З гэтае прычыны дзеясловы сустаўнога выказьніка або ня маюць ніякага матарыяльнага зьместу (Ён стаў разумны), або маюць вельмі аслабленае значэньне (У маркоце дзень здаецца вялікі). Дзеля гэтага яны называюцца сувязьзю і вельмі часта прапускаюцца, асабліва сувязь „ёсьць“ (цяперашняга часу), напр.: Першае дзіцятка — панятка. Ён хворы. Мы рады. Школа пабудована.

Але калі сувязь прапускаецца, то гэта ня значыць, што яна зьнікае: зьнікла толькі яе гукавая форма, г. зн., яна не называецца, але мысьліцца. Адсутнасьць гукавай формы сувязі служыць у такіх разох спосабам выразіць цяперашні час. Калі мы скажам, напрыклад: „Ён быў купец“, „Ён быў хворы“, то гэта — прошлы час; калі скажам: „школа будзе пабудована“, то гэта — будучы час; а калі няма ні „быў“, ні „будзе“, то гэта цяперашні час. Значыць, адсутнасьць гукавой формы для сувязі мае асобнае граматычнае значэньне, становячы пэўную сынтаксічную форму. Значыць, ня выражаная сувязь („ёсьць“) на дзеле тут ёсьць: яна мысьліцца.

Бываюць, аднак, выпадкі, калі сувязь „ёсьць“ называецца, напр.: „Граматыка ёсьць навука аб слове“. „Стараннасьць ёсьць канечная ўмова ў кожнай пільнай справе“. Але гэта звароты кніжныя; звычайная, разгаворная мова больш любіць звароты бяз „ёсьць“. Часта, заместа „ёсьць“, ставіцца займеньнік „гэта“; мы кажам, напрыклад: „Стараннасьць — гэта канечная ўмова…“; займеньнік „гэта“ ў такіх разох становіць сабою прыдатак да дзейніка, а разам з тым падмяняе неназваную сувязь.

3) Падвойным выказьнікам называецца такі выказьнік, што выражаецца двума дзеясловамі; адзін дзеяслоў мае асабовую форму, а другі — неазначальную форму (інфінітыў), — прычым, першы не належыць да „дапаможных“ дзеясловаў, напр.: хачу вучыцца, перастаў ленавацца, пайшлі піць, прашу пазычыць і г. далей.

У падвойным выказьніку ясна выступаюць два мамэнты, якія ня зьліваюцца ў адну дзеяслоўную форму, як гэта бывае ў складанай форме будучага ці прошлага часу, бо асабовы дзеяслоў — не дапаможны, хоць і тут ён часта ня мае поўнага матарыяльнага значэньня, напрыклад: „стаў ленавацца“; тут дзеяслоў „стаў“ азначае зусім ня тое, што ў сказе „ён стаў на стол“.

Адрозьніваюць два віды падвойнага выказьніка: 1) адзін від — гэта той, дзе неазначальная форма (інфінітыў) адносіцца да тае самае асобы, каторая выражана асабовым дзеясловам, напр.: баюся спазьніцца, г. зн., баюся, каб я не спазьніўся; 2) другі від — гэта той, дзе неазначальная форма адносіцца да другой асобы, каторая выражана дапаўненьнем, а не асабовай формай дзеяслова, напр.: прашу вас зайсьці да мяне, г. зн., прашу, каб вы зайшлі да мяне; дапаўненьне ў такіх разох часта мысьліцца само сабою, напр.: прашу не гаманіць, г. зн., „прашу, каб вы не гаманілі“.

У падвойным выказьніку часта першая частка, што звычайна выражаецца дзеясловам у васабовай форме, становіць сабою сустаўны выказьнік, напр.: „Рад любавацца я кветкай убогай“; тут першая частка падвойнага выказніка сустаўная: „ёсьць рад“.

А нарэшце трэба памятаць, што няма выказьніка без асабовага дзеяслова, за выключэньнем тых разоў, калі ён выражаны інфінітывам.

II. Выражэньне выказьніка ў асабовых сказах.

А. Выражэньне простага выказьніка.

Звычайным выказьнікам бывае дзеяслоў у васабовай форме. Асабовы дзеяслоў найлепей і навочней выражае прымету чыннасьці дзейніка, напр.: У школу заўтра пойдзе іх сынок Ігнатка. Няпрыветна цераз вокны ночка пазірае.

1. Выказьнік аднаго кораню з дзейнікам. У беларускай мове часта выказьнік выражаецца дзеясловам аднаго кораню з дзейнікам, напр.: Да ўжо вечар вечарэе. Гром грыміць. Званы звоняць.

2. Просты выказьнік з дзеясловам-прыдаткам. Часта просты выказьнік выражаецца двума рознымі дзеясловамі, але такімі, што азначаюць адно й тое самае дзеяньне, напр.:
Пакінь, дзеванька, думаць-гадаці, пашлі дзевачак краскі рваці. Пацяклі-паплылі за гадамі гады (Я. Куп.). Падхапілі-ўзялі гусьляра-старыка, павялі-панясьлі на загубу (Я. Куп.).

Такія выказьнікі, зложаныя з двух дзеясловаў, каб дакладней выразіць пэўнае дзеяньне, падобны да падвойных назоўнікаў іменных, як траўка-мураўка, папараць-кветка, салавей-птушка, песьня-весялушка, вясельле-разгул, пацеха-забава, рыба-плотка, хвоя-веліч і інш.

У такіх простых выказьніках другі дзеяслоў можна разглядаць, як прыдатак да першага. Часам такі падвойны просты выказьнік разьбіваецца дзейнікам, напр.: Ой ляцелі гусі з Беленькае Русі, селі яны палі на ціхім Дунаі (п.).

3. Просты выказьнік-дзеяслоў выражае: 1) асобу, 2) лік, 3) час, 4) лад, 5) стан, 6) трываньне. Гэтыя дзеяслоўныя формы трэба разгледзець паасобку.

1) Выражэньне асобы. Зьмена ў асобах — істотная асаблівасьць дзеяслова; гэта яго ўласьцівасьць, якою ён розьніцца ад іншых зьменных часьцін мовы.

Асоба вызначаецца дзейнікам, які або выражаецца асобным словам, або мысьліцца, напр.:
Калёсы тарахцяць. Уся сямейка сьпіць ды спачывае. Буду цябе сеч-рубаць (тут мысьліцца „я“).

Асоб — тры для адзіночнага і множнага ліку (я — мы, ты — вы; ён, яна, яно — яны), але калі прыняць пад увагу яшчэ неазначальна-асабовыя сказы, напр.: „Дзе п‘юць, там і льлюць“, і безасабовыя сказы, то можна мысьліць чацьвертую асобу — неазначальную і нават пятую — уяўную (Сьвітае. Грыміць. Разьвідняецца).

Але для гэтых асоб (неазначальнай і ўяўнай) дзеясловы ў нашай мове ня маюць асобных формаў, і, такім парадкам, застаюцца толькі тры асобы для адзіночнага і множнага ліку.

Асабовыя канчаткі адказваюць дзейніку-асобе, каторая гаворыць (я — мы), або да каторай гавораць (ты — вы), ці пра каторую гавораць (ён, яна, яно — яны).

1) Калі дзейнік абнімае розныя асобы, то выказьнік ставіцца ў множным ліку: Ані я, ані ты ня ўмеем работы. Маці ваша і вы застанецеся сіратамі. Твой швагра і я ведаем гэта даўно.

2) Не дапасуецца ў асобе з дзейнікам толькі дзеяслоў „ёсьць“, які можа ўжывацца ў розных асобах і ліках, напр.: Я ёсьць адзін у хаце. Ня ёсьць ты сілён. Вучні вы ёсьць, і вучыцца вам трэба.

3) У разгаворнай мове, калі асабовы займеньнік „ты“ падмяняецца словамі „ягомасьць“, „імасьць“, „вашаць“ і інш., то ўжываецца 3-яя або 2-ая асоба (бач § 20. II. 2).

4) Калі асоба, каторая гаворыць, перадаючы чужыя словы, хоча паказаць, што гэта словы не яго, а іншай асобы, то ўжываецца асобная дзеяслоўная форма 3-яй асобы адзін. ліку цяперашняга часу — „кажа“ (у старасьвецкай кніжнай мове — „дзей“); я, кажа, даўно гэта ведаў. Пойдзем, кажа, на раздабыткі. Я дзе наўперад гэта ведаў.

Гэтыя дзеяслоўныя формы могуць стаяць пры ўсіх асобах.

2) Выражэньне ліку. Лік, у якім ставіцца асабовая форма дзеяслова, таксама вызначаецца дзейнікам, напр: Ні бацька мой ня курыў, ні дзед ня курыў — усе мае сродзічы ня курылі.

1) Пры дзейніку парнага ліку ў сучаснай мове, як і даўней, выказьнік звычайна ставіцца ў адзіночным ліку або ў множным, напр.:
Было дзьве хаце. — Былі дзьве хаце. Было ў бацькі тры сыны. — Былі ў бацькі тры сыны.

Калі ў такіх разох выказьнік ставіцца ў адзіночным ліку, то вытвараецца безасабовы сказ, бо няма дапасаваньня выказьніка з дзейнікам, напр.: „Прайшло тры годы“ — безасабовы сказ.

2) Пры дзейніку, выражаным назоўнікам іменным, што мысьліцца, як зборны, выказьнік даўней ставіўся звычайна ў множным ліку, асабліва, калі размова йшла аб прадметах жывых, напр.: Засьпявайце яму ўся зямля! Цяпер такія звароты сустракаюцца вельмі рэдка: Няхай нас воласьць разьбяруць:

3) Дзеяслоў „ёсьць“ ставіцца пры адзіночным і множным ліку, напр.:
Ёсьць зубы, да хлеба няма да губы. Ёсьць тут бацька і матка, брацьця і сёстры, дзядзькі і дзядзіньні, суседзі блізкія і дальнія, мужы статэчныя, бабкі запечныя, дзеткі заплечныя.

4) Звычайна выказьнік дапасоўваецца з дзейнікам у ліку. Ад гэтага палажэньня здараюцца такія адступленьні:

а) выказьнік ставіцца ў адзіночным ліку пры некалькіх дзейніках у тых разох, калі выказьнік стаіць перад дзейнікамі; дапасаваньне тут бывае з бліжэйшым дзейнікам, напр.: Вісіць шапка з паяском.

Сюды належыць форма адзіночнага ліку выказьніка пры назоўніках лічэбных, калі выказьнік стаіць перад лічэбнікам, напр.: Ідзе дванаццаць малайцоў. Расьце шэсьць дубоў.

Але пры лічэбніках можа быць і множны лік, напр.: Выбягаюць дванаццаць разбойнікаў. Стаяць дзьве дзяўчыны.

6) Пры дзейніку адзіночнага ліку выказьнік становіцца ў множным ліку, калі пры дзейніку стаіць другое слова ў творным склоне з прыназоўнікам „з“ (якое лёгка падмяняецца назоўным склонам з „і“), напр.: Тады пераехаў ён да першае жонкі, і там па гэты дзень з сваімі сынамі жывуць. Сын з нявесткаю пасварыліся.

Але ў такіх разох множны лік не канечны: можа стаяць і адзіночны лік, напр.:
Жыў сабе дзед з бабай. Ішоў дзяк з дзячыхай — знайшлі мех з грачыхай. Ішоў лысы з пляшывым — знайшлі яны грэбень.

в) Пры выражэньні пашаны да асобы выказьнік ставіцца ў множным ліку пры дзейніку адзіночнага ліку, напр.: Стойце, дзядзьку, — не пад‘яжджайце! Мая мама паехалі ў госьці.

г) Пры дзейніку множнага ліку выказьнік, выражаны загадным ладам, можа стаяць і ў адзіночным ліку, напр.: Давай усе ўцякаць. Давайце гуляць у жмуркі! Здрастуй, коні!

У вапошнім прыкладзе слова „здрастуй“, як і „дзякуй“, перастала мысьліцца загадным ладам ды абярнулася ў прыслоўе.

3) Выражэньне часу. Апрача асобы і ліку, дзеяслоў-выказьнік можа выражаць яшчэ часы, г. зн., адносіны дзеяньня к мамэнту мовы; подчас гэтыя адносіны бываюць уяўныя. Часоў у сучаснай беларускай мове тры: 1) цяперашні, 2) прошлы і 3) будучы.

1) Цяперашні час звычайна азначае дзеяньне або стан, што адбываецца ў мамэнт мовы. Але форма цяперашняга часу ад дзеясловаў закончанага трываньня ўжо даўней ужывалася для азначэньня наступнага дзеяньня; дзеля гэтага часы цяперашні і будучы часта зьмешваюцца (дапасуюцца — будуч. час, напр., і дапасоўваюцца — цяперашні час). Потым, ёсьць такія дзеяньні і станы, што адбываюцца цяпер — у мамэнт мовы, адбываліся так і раней і будуць так адбывацца; гэта значыць, яны азначаюць зьявы пастаянныя. Бываюць выпадкі, калі дзеяньні (зьявы) прошлага часу мы так жыва перадаем, усё роўна як-бы яны адбываліся перад нашымі вачыма цяпер, у гэты мамэнт. Дзеля гэтага ў ужываньні цяперашняга часу можна адзначыць наступныя асаблівасьці:

a) Цяперашні час ужываецца для азначэньня дзеяньня трывальнага, якое пачалося не ў мамэнт мовы ды яшчэ ня скончылася; асабліва гэта адносіцца да дзеясловаў значэньня шматразовага, напр.:
Хто мяняе, у таго хамут гуляе. Хто да розуму ўдаецца, таму і розум дае.

Для памацненьня дзеяньня часам дапускаецца паўтарэньне дзеяслоўнае формы, звычайна ў 3-яй асобе, — прычым другі дзеяслоў бывае яшчэ з прыстаўкаю, напр.: хваліць выхваляе, кляне праклінае.

б) Цяперашні час ужываецца заместа будучага; дзеясловы: дам, куплю, сяду, кіну, жаню, раджу ўжываюцца і ў цяперашнім, і ў наступным часе, напр.:
Дам хлеба — скокні да неба. Купіць куплю, але табе ня дам. Наўперад кончым работу, а ўвосень жаню сына. У гародзе ячмень родзіць.
в) Цяперашні час ужываецца заместа прошлага, каб прыдаць мове большай жывасьці (несапраўдны цяперашні час), напр.:
Едуць яны, едуць, ажно бяжыць мышка. Ідуць яны, ідуць, ажно на дарозе хатка стаіць. Ехаць, дык ехаць, тады абнімае іх цёмная ноч. Ісьці яму, ісьці — выходзіць на палянку. Як бегчы, дык бегчы, як бегчы, дык бегчы — прыбягае ён на палянку.
У двух апошніх прыкладах мы бачым неазначальную форму ў значэньні прошлага часу. У наступных прыкладах у значэньні прошлага часу знаходзім форму загаднага ладу:
Як бяжы яны, бяжы — прыбягаюць да рыбака. Едзь яны, едзь — стаіць крыніца. Бяжы яны, бяжы, бягуць і валяцца, сонца пячэ, сон морыць.

Як бачым, некаторыя з гэтых прыкладаў цікавы яшчэ і тым, што тут паўторнасьць прошлага дзеяньня, якое адбывалася раней таго мамэнту, калі аб ім гаворыцца, выражаецца: а) формай дзеяслова цяперашняга часу, б) перадаецца таксама паўтарэньнем неазначальнай формы і нават формай загаднага ладу.

2) Будучы час азначае, што дзеяньне ці стан наступіць або адбудзецца пасьля таго мамэнту, калі аб гэтым гаворыцца (буду чытаць, напішу, прачытаю).

Часам будучы час (у форме цяперашняга часу дзеясловаў закончанага трываньня) ужываецца заместа прошлага, калі трэба выразіць шпаркасьць і навочнасьць дзеяньня, напр.:
Як трэсьнецца лбом аб вушак, дык аж іскры пасыпаліся. Хлопец узьлез на стрэху ды як шпурне той кораб на землю!

3) Прошлы час ад „узяць“ пры злучніку „ды“ часам дадаецца да другога прошлага часу, напр.: Узялі ды сталі яго есьці. Узяў ды спаліў.

а) Калі трэба выразіць дзеяньне, што адбылося скора і толькі адзін раз (аднаразовае трываньне), то ўжываюцца асобныя дзеяслоўныя формы, якія можна назваць дзеяслоўнымі выклічнікамі, напр.:
Дык заяц бабух у воду. Дык ён са страху бух вобземлю. А кроў кап, кап яму на твар. Тады ён шчуп сябе за голаў, аж у яго шапкі няма.

б) Часам форма прошлага часу ўжываецца для выражэньня загаднага ладу (пашоў вон!).

в) Запрошлы час у сучаснай мове зусім перастаў ужывацца; толькі ў рэдкіх выпадках знаходзім яго адбітак, напр.:
Жыла была сабе раз адна мачыха. Раз пасьвіла яна была гусі на выгане. Ён раз напісаў быў вялікае апавяданьне.

Сюды ж трэба аднесьці і звароты з словам „бывала“, напр.: Бывала хадзілі мы ў лес у грыбы. Пазірае бывала на сонейка ды цешыцца. Пойдзе бывала на поле, сядзе на мяжы ды замысьліцца. Бывала сьмяецца, гуляе ды песьні сьпявае.

У вапошніх трох прыкладах стаіць форма цяперашняга часу („пазірае“, „пойдзе“, „сядзе“, „сьмяецца“) заместа прошлага часу („пазірала“, „пайшла“, „сядзела“, „сьмяялася“).

г) Цікавую асаблівасьць становіць такое ўжываньне прошлага часу: Пад акном белая бяроза тоненька зьвіхнулася (= тоненька ёсьць, зьвіхнулася ёсьць). Мой муж нядуж паехаў на рэчку (= нядуж ёсьць, паехаў ёсьць).

Такія звароты ў мове аб‘ясьняюцца тым, што даўней форма сучаснага дзеяслова прошлага часу мысьлілася прыметнікам ды станавіла сустаўны выказьнік з дзеясловам „ёсьць“.

Сустракаюцца падобныя звароты, дзе на месцы формы дзеяслова прошлага часу стаіць цяперашні час, напр.: А я, млода, утамілася — ледзьве йду.

4) Выражэньне ладоў. Асоба, лік і час дзеяслова ўстанаўляюць сувязь дзеяслоўнае прыметы з дзейнікам (суб‘ектам), але дзеяслоў мае яшчэ такія формы, што выражаюць і якасьць гэтай сувязі або адносіны паміж дзеяслоўнай прыметай і дзейнікам; іначай кажучы, дзеяслоў мае яшчэ такія формы, што могуць выражаць: 1) просьбу, загад, перасьцярогу або вымаганьне тае асобы, каторая гаворыць, — прычым, такая форма паказвае другую асобу, да каторай зьвернена гэтая просьба, загад, перасьцярога ці вымаганьне; 2) жаданьне ці пажаданьне, каб тое ці іншае дзеяньне або стан адбыліся, або якую-небудзь умову, пры якой можа адбыцца дзеяньне ці стан, а таксама мэту або залежнасьць аднаго дзеяньня ад другога і г. далей.

Такая ўласьцівасьць дзеяслоўнай формы выражаць загад, просьбу, умову ці што падобнае называецца ладам. Згодна з гэтай уласьцівасьцю дзеяслоўнае формы, ладоў можа быць толькі два: загадны і ўмоўны, але адрозьніваюць яшчэ і абвесны лад.

1) Абвесны лад ня ёсьць граматычны лад, бо тая форма дзеяслова, якую мы называем абвесным ладам, не выражае тэй уласьцівасьці, аб якой гаварылася вышэй (загаду ці ўмовы). Пад „абвесным ладам“ разумеюць усе формы дзеяслова, якія не выражаюць таго, што павінен выражаць лад, — а лад павінен выражаць загад, просьбу, перасьцярогу, умову, пажаданьне ці што падобнае, значыць, „абвесны лад“ гэта, так сказаць, адмоўны, уяўны, нібы лад, напр.: кажу, чытаю, чытаеш, чытае, прыдзем, пайшлі, гулялі, непакоішся, цалаваліся і г. д.

Абвесны лад толькі 1) ўстанаўляе факт прыналежнасьці дзеяньня ці стану (дзеяслоўнай прыметы) да дзейніка (суб‘екта) ў часе цяперашнім, будучым і прошлым, напр.:
Будзе пара — вырасьце трава. Ідуць яны, ідуць, ажно на дарозе стаіць хатка. Сонца блеск свой апусьціла на зямлю з высот, —
або 2) адмаўляе гэтую прыналежнасьць да дзейніка ў цяперашнім, будучым і прошлым часе:
Ня бачыць сава, якава сама. На бітай дарозе трава не расьце. Я іх ня ваблю сваёю красою.

З гэтых прыкладаў мы бачым, што формы абвеснага ладу (будзе, вырасьце, ідуць, стаіць, апусьціла; ня бачыць, не расьце, ня ваблю) не азначаюць залежнасьці дзеяньня ад волі тае асобы, што гаворыць (як форма загаднага ладу), або ад некае ўмовы ці якіх пабочных прычын (як форма ўмоўнага ладу).

Формамі абвеснага ладу, асабліва ў злучэньні з тымі ці іншымі дапаможнымі словамі, можна часткаю выразіць і іншыя лады, аб чым будзе гаварыцца ніжэй пры разглядзе загаднага і ўмоўнага ладу.

2) Загадны лад выражае загад, просьбу, перасьцярогу ці што падобнае. Гэты лад вызначаецца тым, што паказвае дзьве асобы: адна асоба — тая, што просіць, загадвае, вымагае, і другая асоба, да каторае першая зварачаецца з просьбай, загадам, вымаганьнем ці перасьцярогай. Гэтаю першаю асобай зьяўляецца тая, што гаворыць („я“) у вадзіночным ліку; другою асобай зьяўляецца або другая асоба абодвух лікаў („ты“, „вы“) або другая асоба адзін. і множнага ліку разам з першаю адзін. ліку, або, нарэшце, трэцяя абодвух лікаў („ён“, „яна“, „яно“, „яны“), напр.: „падай!“, „падайце!“ — азначае, што „я“ (першая асоба адзіночнага ліку) прашу (загадваю, вымагаю…), каб „ты“ падаў, каб „вы“ падалі; „хадзем!“ — азначае, што „я“ (асоба, што гаворыць) прашу (вымагаю, патрабую…), каб „ты“ або „вы“ пайшлі разам са мною; „нясеце!“ — азначае, што „я“ патрабую, прашу, вымагаю, каб „вы“ нясьлі; хай або няхай ідзе, ідуць! — азначае, што „я“ прашу, патрабую…, каб „ён“ „яна“, „яно“ або „яны“ пайшоў, пайшла, пайшло, пайшлі.

а) Загад выражаецца як формамі загаднага ладу, так і другімі формамі (абвеснаю і неазначальнаю).

У сучаснай беларускай мове формаў загаднага ладу толькі тры: 2-ая асоба адзіночнага ліку (пішы, нясі, кінь, рэж, дай, прамоў), 1-ая асоба множн. ліку (пішэм, нясем, кіньма, дайма) і 2-ая асоба множн. ліку (пішэце, нясеце, кіньце, дайце).

3-яя асоба адзіночнага і множнага ліку ў загадным ладзе ня мае свае формы; яна выражаецца апісова-абвесным ладам з дапаможнымі словамі „хай“ або „няхай“, напр.:
Няхай будзе так! Хай пачуюць, як сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць! (М. Багд.). Няхай плачам у сіняй далі песьня разальлецца! (Я. Кол.).
Поплеч з „хай“ і „няхай“ ужываецца „бадай“, „проша“, напр.:
А бадай яно згарэла! Бадай яно згарыць! Бадай цябе цяміла! Проша, музыканце, перастаць іграць: будзем княгіню благаслаўляць.

У рэдкіх выпадках 3-яя асоба адзіночнага ліку можа выражацца формай 2-ой асобы адзіночнага ліку, напр.: І выбраў-жа — спалі яго сьнег! — месца прыўдалае (Т. Гушча).

1-ая асоба множн. ліку таксама можа быць выражана формай тае самае асобы абвяшчальнага ладу цяперашняга і будучага часу ў тых разох, калі ня бывае прыметы загаднага ладу — „э—е“ пад націскам, напр.:
Ну, пойдзем да хаты! Сядзьма радком, пагаворым ладком.

б) Апроч тых выпадкаў, калі абвеснаю формаю выражаецца загадны лад пры адсутнасьці формы для загаднага ладу, бываюць здарэньні, калі форма абвеснага ладу ўжываецца з асобнай мэтай: гэта — калі хочуць выразіць дзеяньне, якое канечна павінна адбыцца. У такіх разох ставіцца форма будучага, а найчасьцей цяперашняга часу закончанага трываньня, напр.: „Прыдзе каза да майго ваза! Заўтра ты сам папросіш у мяне!“ Тут сама інтонацыя голасу паказвае на ўпэўненасьць у тым, што дзеяньне канечна адбудзецца.

Для азначэньня пажаданьня, якое канечна павінна адбыцца, часам ужываецца форма прошлага часу, напр.: „Пашлі вон“ Пашоў вон, цюцька!“ Сюды трэба аднесьці і слова „далібог“=далей бог.

Для выражэньня няпэўнасьці ў сваім пажаданьні часта пры абвесным ладзе ставіцца слова „дай“ — форма загаднага ладу 2-й асобы адзіночнага ліку, напр: „Дай паначую“, думае падарожны.

Для выражэньня загаду або забароны, заместа формы загаднага ладу, можа ўжывацца неазначальная форма, напр.: У лес не хадзіць, грыбоў ня зьбіраць. Вам тут, галкі, не сядець. Насіць ім, не перанасіць!

в) Разгледжаныя выпадкі становяць выражэньне загаднага (і часткаю пажадальнага) ладу формамі абвеснага, а ў некаторых разох неазначальнай формай. Але звычайна загадны лад у беларускай мове выражаецца сваімі ўласнымі формамі, напр.:
Уцякайма заўчасу! Казьляткі-дзеткі, адчынецеся! Не сядзі, дзіцятка, бокам: тут табе не нарокам! Падступецеся бліжэй, пакланецеся ніжэй! Ня трацьце марна часу! Прысядзьма, сапачыньма. Хлопчыкі-малойчыкі, кладзеце чырвончыкі! Хадзем да дому!
Часта форма адзіночнага ліку загаднага ладу ўжываецца пры ўсіх асобах, напр.:
Давай усе ўцякаць! Здароў у хату! кажа ён: што у вас новага? Ну, выпі, хлопцы!
г) Калі загадны лад можа выражацца абвесным ладам і нават неазначальнай формай, то можа быць і наадварот: форма загаднага ладу можа стаяць на месцы іншых ладоў, напр.:
Тры дні ні пі, ні еж і з хаты ня лезь.
Асабліва гэта бывае ў тых разох, калі надаецца большая жывасьць мове, напр.:
Тады назьбіралася іх багата, і ваўкі давай пытацца ў ваўка. Пакідаюць мужыкі і бабы вілы і граблі ды давай скакаць.

У гэтых прыкладах слова „давай“ лёгка падмяняецца словам „сталі“.

д) Форму загаднага ладу на месцы абвеснага знаходзім у такіх, напр., разох:
Плыві яны, плыві — пераплываюць на той бок. Судзі яны, судзі — прысудзілі пану сьмерць. Ідзе раз музыка цераз лес, а чэрці і нашлі на яго ваўкоў. Адкуль ні вазьміся — цэлая чарада ваўкоў вот так і садзіць на яго (з казкі).

e) Больш пашырана другая асаблівасьць — ужываньне на месцы цяперашняга і прошлага часу неазначальнае формы.

Неазначальную форму на месцы формы абвеснага ладу знаходзім у такіх прыкладах, дзе паўторнасьць неазначальнае формы (інфінітыва) азначае трывальнасьць дзеяньня:
Вот яны як ісьці, дык ісьці, як ісьці, дык ісьці — сустракаюць таго падарожнага. Ехаць, дык ехаць, тады абнімае іх цёмная ноч.
3) Умоўны лад вытвараецца прылучэньнем часткі „бы“ пасьля зычнага або „б“ пасьля галоснага ( праславянскае „бых“) да формы прошлага часу і да неазначальнае формы, напр.:
я хацеў-бы, ён сказаў-бы, мы не маглі-б; мы прышлі, каб памагчы; спымаць-бы і т. далей.

Гэтая частка „бы—б“ можа стаяць ня толькі пры дзеяслове, а і пры іншых словах у мове, напр.: „Я-б гэтага не патрапіў зрабіць“. У злучніку „каб“ гэтая частка зраслася з ім.

Умоўны лад выражае:

a) Пажаданьне з выражэньнем няпэўнасьці ў гэтым пажаданьні і некаторай небясьпекі: Я прасіў-бы вас… Згарэла-б яно лепей. Толькі-б не спазьніцца.

б) Умову або прычыну дзеяньня ці залежнасьць аднаго дзеяньня ад другога: Каб воля, знайшоў-бы сабе поле. Каб ня ежка ды не адзежка, дык была-б грошай дзежка.

в) Пажаданьне, якое ня можа адбыцца: Каб цябе рак убрыкнуў! Каб ён так з носам быў!

Сюды належаць: народная бажба, клятва, праклёны, што складаюцца ў пераважнай большасьці з пажаданьняў, адбыцца якія ня могуць: Каб ты так з духам быў, як гэта праўда! Каб ты не даждаў. Каб я да дому не дайшоў!

г) Асабліва часта ўмоўны лад ужываецца ў сказах умоўных, напр.: Каб быў чаўнок, пераплыў-бы на дзянёк. Калі-б меў сілу, то і за лужай знайшоў-бы сабе ніву. Былі-б пабразгачыя, а памагачыя будуць.

У такіх разох умоўны лад можа выражацца загадным ладам, хоць вельмі рэдка, напр.: Здаецца, пасадзі дзіця на поле, то і тое вырасьце. Паслухайся ён мяне ды ня еж гэтага, быў-бы здароў.

д) Калі абазначаецца простая умова, пры якой дапускаецца пэўнае дзеяньне, то, заместа ўмоўнага ладу, можа стаяць форма цяперашняга і будучага часу, напр.: Калі поле троіш, то хлеб кроіш. Калі будзеш трэсца, то і хлеб будзе есца. Як такое жыцьцё, то лепш сьмерць.

Таксама форма ўмоўнага ладу стаіць у некаторых уступальных сказах: Няхай-бы яны пагасьцявалі-б дзень-два, а то другая нядзеля йдзе.

е) Умоўны лад знаходзім у некаторых відах даданых сказаў (аб чым гутарка будзе ніжэй), што выражаюць мэту або, наагул, паясьняюць дзеяслоў; у такіх разох „бы“ найчасьцей стаіць пры злучніку, якім пачынаецца сказ, або пры іншым слове, напр: Каб знацьцё, што ў кумы піцьцё, то сам-бы пайшоў і дзетак павёў.

У сказах мэты пасьля злучніка „каб“ пры аднолькавых дзейніках у васноўным і даданым, у вапошнім дзеяслоў ставіцца ў неазначальнай форме, напр.: Каб скарэй зайсьці да дому, я пайшоў агародамі.

ж) Частка „бы“ (але не скарочаная „б“) можа падвойвацца, напр.: Каб воля, знайшоў-бы б сабе поле. Каб быў чаўнок, пераплыў-бы б на дзянёк.

5. Выражэньне станаў. Прымета, што абазначаецца дзеяслоўнаю формай, можа быць у розных адносінах да дзейніка. Гэтыя розныя адносіны дзеяслоўнае прыметы да свайго дзейніка выражаюцца формамі станаў.

Паказальнікам стану зьяўляецца вінавальны склон зваротнага займеньніка „ся“ (ць+ся=ца, пасьля галоснага =„цца“). Гэты зваротны займеньнік вінавальнага склону у стараславянскай форме „ся“, злучаны з дзеясловамі пераходнага значэньня, паказвае, што дзеяньне зварачаецца на самога дзейніка. Даўней такія дзеясловы мысьліліся, як пераходныя, а „ся“ было простым дапаўненьнем (кіроўным словам). Потым займеньнік паступова траціў сваё рэяльнае значэньне ды абярнуўся ў дзеяслоўны суфікс.

Такім парадкам, з злучэньня дзеясловаў з „ся“ вытварыліся дзеясловы зваротнага стану. Усе іншыя дзеясловы бяз „ся“ належаць да незваротнага стану.

Дзеясловы зваротнага стану азначаюць:

а) Зваротнае дзеяньне, якое зварачаецца на знадворны бок дзейніка (на цела, твар), напр.: мыцца (ідзі ў лазьню памыйся, умыйся), купацца, часацца, адзявацца.

б) Зваротнае дзеяньне, якое азначае зьмену ў стане самога дзейніка, напр.: паднімацца, садзіцца, клаліся, лажыліся; тады назьбіралася іх многа.

в) Узаемнае дзеяньне двух або некалькіх дзейнікаў, што зварачаецца на іх самых: біліся, бароліся, дужацца, гушкацца, згаварыліся, умовіліся, сустрачаліся, а даўней казалі: ваяваліся межы сабою. Ускоснае дапаўненьне пасьля гэтых дзеясловаў бывае з прыназоўнікам „з“ (з кім?).

г) Залежны (пасыўны) стан прадмета: хата будуецца, грудзі сьціскаюцца жалем, сын гадуецца, мука пытлюецца.

У дзеясловаў гэтага, залежнага, значэньня „ся“ абазначае дзеяньне несапраўднага дзейніка; гэтае дзеяньне пераходзіць на граматычны дзейнік з боку другіх дзейнікаў, напр.: „Хата будуецца цесьлямі“. Тут сапраўдны дзейнік „цесьлямі“, і іх дзеяньне пераходзіць на граматычны дзейнік „хата“.

У разгледжаных дзеясловах зваротнага стану частка „ся“ зьмяняе значэньне дзеяньня з пераходнага ў непераходнае ды гэтым цясьней зьвязвае яго з дзейнікам; а зьмена ў адносінах дзеяньня да дзейніка выражаецца станамі дзеяслова.

Ёсьць шмат дзеясловаў з „ся“, якія ўжо страцілі значэньне стану. У такіх дзеясловах „ся“ толькі памацняе значэньне непераходнасьці дзеяньня, напр.: зачырванеўся ад сораму, вежы здалёк чырванеюцца. Такія дзеясловы звычайна бяз „ся“ ня ўжываюцца (баюся, сьмяюся) і ў пераважнай большасьці нават не памацняюць дзеяньня. Сваім значэньнем яны ня розьняцца ад дзеясловаў непераходнага значэньня: надзеяцца, спадзявацца, сьмяяцца, кланяцца, старацца, старэцца, пладзіцца, здарылася. Некаторыя з такіх дзеясловаў у беларускай мове ўжываюцца нават і бяз „ся“, напр.: спадабаў — спадабаўся, заблудзіў.

Займеньнік „ся“ ўжываецца часам для вытварэньня дзеясловаў безасабовых; у такіх дзеясловах „ся“ памацняе непераходнасьць дзеяньня, адцягаючы яго ня толькі ад об‘екта, але і ад дзейніка (суб‘екта), напр.: разьвіднелася ці разьвідняецца, нахмурылася — нахмурваецца, распагодзілася.

д) Усе дзеясловы незваротнага стану (усе дзеясловы бяз „ся-ца“) могуць быць падзелены па свайму значэньню на дзьве групы: пераходныя і непераходныя, напр.: сушыць — сохнуць, бяліць — бялець, чарніць — чарнець, садзіць — сядзець і т. д.

Але гэта ўжо ня станавыя асаблівасьці.

Непераходнымі зьяўляюцца таксама ўсе дзеясловы зваротнага стану.

Часам значэньне залежнага стану выражаецца формай дзеяслова з непераходным значэньнем, напр.: „Густа, густа лістом дарожка запала“.

Безасабовыя формы залежнага значэньня (ня відана, ня слыхана) найчасьцей выражаюцца неазначальнай формай дзеяслова: ня відаць, ня чуваць, ня слыхаць). Ад ліха ціха, але і дабра ня чуваць (заместа „ня чутно“).

6. Выражэньне трываньняў. Розныя формы выказьніка — формы асобы, ліку, часу, ладу і стану — маюць значэньне толькі ў адносінах да дзейніка (суб‘екта). Гэтыя формы самі па сабе, незалежна ад дзейніка ці без адносін да другога слова з значэньнем назоўнага склону, ня могуць мысьліцца. Прымета (дзеяньне ці стан), якая выражаецца дзеясловам, сама па сабе ня мае рэальнага існаваньня, а толькі прыпісваецца пэўнаму прадмету.

Зусім іншае значэньне маюць формы трываньняў дзеяслова. Формы асобы, ліку, часу, ладу і стану — формы слова-зьменныя: зьмяняецца, напрыклад, асоба ці лік — зьмяняецца тады і сама форма дзеяслова. Гэтыя формы суадносныя паміж сабою. Тымчасам Формы трываньняў не суадносныя: калі мы возьмем напрыклад, дзеяньне, якое адбываецца (трывае), то ў нас ня зьявіцца прадстаўленьня ні аб пачатку, ні аб канцы яго. Формы трываньняў — гэта формы словавытворныя (этымолёгічныя), a ня слова-зьменныя (морфолёгічныя).

Усе дзеясловы паводле дзеяньня, якое яны выражаюць, падзяляюцца на дзьве асноўныя групы: 1) дзеясловы закончанага трываньня і 2) дзеясловы трываньня незакончанага.

1) Дзеясловы незакончанага трываньня паказваюць дзеяньне, якое можа быць рознай якасьці: а) трываньне, што нясупынна адбываецца (несьці, біць, ісьці, цьвісьці) або б) кароткае, якое адбываецца з перапынкамі (насіць, хадзіць, бываць, падаваць). Сюды належаць і тыя дзеясловы, аснова якіх пашырана дадаткам ка: здароўкацца, барукацца, сустракацца, а часам (у некаторых асобных гутарках) дадаткам ав: кладавіцца, садавіцца, птушка садавіцца пад дахам.

Ёсьць яшчэ формы для трываньня незакончанага шматразовага, але такія дзеясловы ў беларускай мове слаба разьвіты, напр.: Я й сяваў, высяваў, высяваючы казаў. Салавейка, верна пташачка, ці бываў ты на маёй старане?

Для выражэньня шматразовасьці ў беларускай мове часта ўжываецца падвойная прыстаўка „па“ з дзеясловамі незакончанага трываньня, напр.:
папаесьці, папаспаць, папавешаць. Папакраў-жа ён у нас добра! Вот калі папаелі мы груш! У тым склепе, кажуць, біскупы папахованы.

Часам „папа“ азначае закончанае дзеяньне прошлага часу: Ужо ўсе людзі папайшлі.

Паўторнасьць дзеяньня можа выражацца таксама дадаткам дапаможнага слова „ну“ да неазначальнае формы, напр.: Прывязаў казу да плоту і ну яе лупцаваць.

2) Дзеясловы закончанага трываньня могуць выражаць:

a) Дзеяньне закончанае, адбытае, не кароткае: лягу, распрануся, умыюся; тут можа выражацца пачатак дзеяньня (засьпяваць, зараўсьці, закрычаць) або яго канец: знайсьці, папырскаць, параіць.

б) Дзеяньне закончанае, кароткае; такое дзеяньне можа быць пашырана на некалькі прадметаў (об‘ектаў) ды выходзіць ад некалькіх дзейнікаў (суб‘ектаў) і адбывацца не ў адзін мамэнт, напр.: забіць, спаліць, купіць.

Для выражэньня дзеяньня, што можа адбыцца ў адзін мамэнт, у беларускай мове ёсьць два спосабы: перш-на-перш, суфікс ну у такіх разох часта гэты суфікс дадаецца да асновы дзеяслова, ужо пашыранай суфіксам а, які абазначаў трывальнасьць дзеяньня, і так вытвараецца дзеяслоў з значэньнем, закончаным у вадзін мамэнт, аднаразовым, напр.:
калануць — кальнуць, махануць — махнуць, хапануць — хапнуць, хлебануць — хлябнуць, сьвістануць — сьвіснуць, стукнуць, грукнуць, тузянуць, шмаргануць, разануць — рэзнуў, сербянуць, дзерпануць; ляцелі гусачкі цераз сад, крыкнулі, гукнулі на ўвесь сад.
Другі спосаб выражэньня закончанага кароткага дзеяньня — гэта дзеяслоўныя выклічнікі, якія становяць сабою аголены корань, напр.:
Тады ён хоп яго за руку. Шчуп сябе за голаў. Дык зайцы бабух у воду.

Б. Выражэньне сустаўнога выказьніка.

1. Сувязь сустаўнога выказьніка.

Сувязьзю ў сустаўным выказьніку звычайна бываюць формы дзеяслова „быць“, які, апрача матарыяльнага (сапраўднага) значэньня „існаваць“ (У паноў было ігрышча), можа ўжывацца чыста формальна, з вельмі аслабленым матарыяльным значэньнем (Асіна бывае прыгожая ў восень. Час быў асеньні).

„Быць“ — выказьнік. Дзеяслоў „быць“ з значэньнем „мецца“, „існаваць“ сустракаецца даволі часта: у форме 3-яй асобы адзіночн. ліку для цяперашняга часу. Хлеб ёсьць — солі няма; соль ёсьць, хлеб ёсьць — капусты няма) і ў 3-яй асобе адзін. і можн. ліку для прошлага і будучага часу, напр.: Будзе пара — вырасьце трава. Налета будуць яблыкі (будучы час). У паноў было ігрышча. Былі ў бацькі тры сыны (прошлы час).

У гэтых прыкладах „быць“ мае сапраўднае, матарыяльнае значэньне, і тут „быць“ зьяўляецца простым выказьнікам.

„Быць“ — сувязь. У беларускай мове дапаможны дзеяслоў „быць“, як сувязь у форме цяперашняга часу, сустракаецца вельмі рэдка і звычайна ў форме „ёсьць“[2] для ўсіх асоб і лікаў, напр.: „Вучні вы ёсьць, і вучыцца вам трэба“. Але звычайна „ёсьць“ прапускаецца, напр.:
Бусенькі, бусенькі — абое галюсенькі. Ён худы з твару. Перад сьмерцю ўсе роўны. Упартая каза — воўку карысьць. Лішняя дабрата — дурата. Ласка — не каляска: сеўшы не паедзеш.

Радзей прапускаюцца іншыя формы дзеяслова „быць“, напр., быў: „Хто-б дзятла знаў, калі-б не яго (быў) доўгі нос“; была-б: „Не глядзі — бяла́, абы рабоча была“; будуць: „Я вазьму сабе камлі, а табе, дзед, (будуць) вяршкі“; няхай будзе: Дабранач вам! Дабрыдзень! Дзень добры ў хату!

У выказьніках з адмоўнасьцю — „ёсьць“ або прапускаецца (Ня ўсё то золата, што блішчыць. Невялікая бяда, што бяз рыбы серада), або скрыта выражаецца словам „няма“, напр.: Яго няма дома. Солі няма, хлеба няма.

2. Іншыя дзеясловы ў ролі сувязі.

Сувязьзю ў сустаўным выказьніку могуць быць і некаторыя іншыя дзеясловы, падобныя сваім значэньнем да дапаможных дзеясловаў, але гэтыя дзеясловы, поплеч з формальным значэньнем, маюць яшчэ некаторае матарыяльнае значэньне, напрыклад: Яго завуць Савачка. Мой бацька такі маўся, і я ў яго ўдаўся.

Яшчэ большае матарыяльнае, або выказальнае, маюць дзеясловы-сувязі, калі яны азначаюць рух або спакойнае прабываньне на месцы, напрыклад:
Прышла ні гола, ні адзета. Сын вярнуўся з поля хворы. Жонка ляжыць хворая. Ён вышаў адтуль вясёлы. Конікі нашы дзень прывязаны стаяць. Я набыўся голы, босы. Находзіўся я абадраны. Я такі радзіўся. Я, маладзец, адзін усю ночку прахадзіў.

У гэтых прыкладах дзеясловы ня маюць патрэбнай паўнаты свайго значэньня, каб выразіць выказьнік бяз прыметніка, як, напрыклад, у такіх сказах, дзе яны служаць простым выказьнікам. Стаіць крыніца — сьветлая вадзіца. Прыбіты вадою на срэбраны гак, ляжыць невядомы бядак (Я. Кол.).

3. Недзеяслоўныя часьці ў сустаўным выказьніку.

1. Назоўнік іменны. Калі ў склад сустаўнога выказьніка ўваходзіць назоўнік іменны, то ён, апрача таго, што стаіць у назоўным склоне, яшчэ дапасоўваецца з дзейнікам у родзе, — разумеецца, калі гэты назоўнік мае розныя формы для мужч. і жаноч. роду, напр.:
Чужое каня — паня. У сваёй хаце я сам сабе гаспадар. Татка — пісар, а я — пісароўна. Яна мне даводзіцца цётка. Работнік ты, як я бачу, ня з горшых. Работніца яна была, якіх мала.
2. „Трэба“. Да назоўнікаў іменных у другой частцы (недзеяслоўнай) сустаўнога выказніка належыць і слова „трэба“, якое некалі было назоўнікам іменным жаноч. роду, як „просьба“, але страціла цяпер сваё даўнейшае значэньне, перастала скланяцца (хоць і цяпер можна пачуць яго ў залежным склоне, напр.: „поп паехаў з трэбаю“; адгэтуль прыказка: „Трэбнік (кніжка, малітвенік) — папоўскі хлебнік“) ды абярнулася ў нязьменнае слова, стаўшы як-бы прыслоўем; даволі часта „трэба“ ўжываецца ў скарочанай форме „трэ“, напр.:
Мне ня трэба (ня ёсьць трэба) твае грошы. Як я трэба табе буду — пакліч мяне. Мне трэба пайсьці ў дарогу. Мне трэ‘ грошай на каня. Трэ‘ зьбірацца ў дарогу. Трэба прымацца за касьбу.
3. Клічнае слова. Як ведама (§ 21, 1, 2), дзейнікам можа быць клічная форма назоўніка йменнага. Сустракаецца яна і ў ролі выказьніка ў сустаўным выказьніку, найчасьцей у народных песьнях, дзе мова заўсёды больш застарэлая, напр.:
Ой ты, караваю, караваю, які-ж ты варапаю (сьляпы, сьляпак). Калі ты малады гусару, выведзі мяне з зялёнага гаю. Калі я ў цябе негадзяю… У мяне сынку ў дварэ гаспадару.

4. Прыметнікі. Калі ў склад сустаўнога выказьніка ўваходзіць прыметнік ці дзеяпрыметнік ад дзеяслова залежнага значэньня, то бывае дапасаваньне з дзейнікам у склоне, родзе і ліку.

Прыметнікі ў складзе сустаўнога выказьніка звычайна бываюць у поўнай форме, але ў народнай поэзіі найчасьцей яны ўжываюцца ў скарочанай форме.

а) Прыклады на поўныя формы прыметнікаў: Сусед быў вельмі багаты. Сам харошанькі, стан прыгожанькі. Дзьверы былі зялезныя, таўшчэразныя. Пастухі былі галодныя. Жонка была вельмі языкатая. Мой татка харош, мачыха ліхая: ня пускае на вуліцу, што я маладая. Сам багаты, каптан махнаты. Прымусная работа самая цяжкая. Месца было вельмі сухое. Наш брат малады, яго вус залаты. Наш брат маладзенькі, яго вус залаценькі. Дзела бытае, даўно забытае.

б) Прыклады на кароткія і сьцягнутыя формы: Грошы круглы, ад таго і коткі. Вялік пень, але дурань. Наш каравай быў ясен, красен. Брат ня так рад брату, як яго шмату. Мудзер лях па шкодзе. Сінь васілёчак, сіў галубочак. Каб наша маладая была весяла, каб наша рутачка была зеляна́. Ты хароша, як ружовы квеце. Скажу, пан, табе бяз спорак: стаў мне хлеб твой горак. А мой муж ні ліх, ні дабёр: ня купляе мне ні ліс, ні бабёр. Да яшчэ-ж я і ня стар: яшчэ вус мой сіў ня стаў.
Прыметнікі ў сьцягнутай форме найчасьцей бываюць азначэньнямі або прыдаткамі, напр.:
Стаіць дрэўца тонка, высока, тонка, высока, лісьцем шырока. Багаты ці будзем, а галодны ня будзем. Няхай начуюць здаровы. Стала сукенка шамрэці, зялёна дуброва гарэці. Панясьлі вяночак на чыста поле, на сіне мора. Адклікніся, мая доля, на тым баку сіня мора. Конік будзе гарцаваці, а я, молад, панаваці. Прыехаў сам дзесят, папускаў конікаў да ў вішнёвы сад. Шле яе, маладу, на Дунай па ваду.
Таксама знаходзім азначэньні-прыметнікі мужч. роду ў скарочанай форме ў такіх сказах:
Дробен дожджык ідзе. Саладок мядок для яго дзяток.
5. Дзеяпрыметнікі залежнага значэньня ў сустаўным выказьніку найчасьцей ужываюцца ў скарочанай або сьцягнутай форме, напр.:
Яма вырыта. Сяло спалена. Ня разам Вільня збудавана. Няўчон, дык праўчон. Сьляпому вочы завязаны. У мяне госьцейкі, хлеб пазычаны. Чужая старана тугою арана, сьлёзкамі палівана. Усё забыта, што зямлёю прыкрыта. Конь прывязан повадам, a госьць полуднем. Мяцёна дарожка кружкамі, вязёна Марылька з дружкамі.
6. Дзеяпрыметнікі дзейнага значэньня ў сучаснай беларускай мове абярнуліся ў дзеяпрыслоўі. Некалі яны дапасоўваліся з дзейнікам і, злучаныя з формамі „быць“, ужываліся заместа асабовай дзеяслоўнай формы ў сустаўным выказьніку. Стаўшы дзеяпрыслоўямі, гэтыя дзеяпрыметнікі даўнейшага сустаўнога выказьніка адышліся ад дзейніка ды, зьмяніўшы лад адпаведнага сказу, сталі адносіцца да дзеяслова, як усе іншыя прыслоўі, служачы прыдаткам да яго (дзеяслова). Памяць аб даўнейшым дапасаваньні з дзейнікам выяўляецца ў тым, што такія дзеяпрыслоўі могуць быць пры дзеясловах толькі ў тым выпадку, калі іх можна абярнуць у дзеясловы тае самае асобы, што і дзейнік. Часам такія дзеяпрыслоўі злучаюцца з словам „як“, „куды“, „колькі“, напр.:
Трымайся, як мага. Далі яму есьці, колькі яго змога. Тады кінуўся ён, як мага дадому. Вольна йсьці, куды хаця. Еж, што хаця. Адзін аднаму, як мага, гатоў памагчы. Іншыя прыклады: Не магучы ўстаць, дзед толькі паківаў галавою. Яны былі не дзяліўшыся. Ён яшчэ ня прыбраўшыся, ня мыўшыся. У яго была наняўшы кватэра. Ён яшчэ не абедаўшы.

У гэтых прыкладах пры дзеяпрыслоўях або стаіць навочна дапаможны дзеяслоў, або лёгка мысьліцца. Тут мы знаходзім: дзеяслоў+сувязь+дзеяпрыслоўе для выказьніка: „У яго была (ёсьць) наняўшы (нанятая) кватэра“.

Увага. У некаторых гаворках (на Магілеўшчыне і Віцебшчыне) дзеяпрыслоўе проста падмяняе дзеяслоўную зьменную форму выказьніка, напр.: „Яна туды замуж пайшоўшы (пайшла)“. „Маці памёршы, толькі тры дні не засьпеў“. „Што-б быўшы (быў) я за гаспадар, каб не паглядзець, што тут робіцца“. „Першы сын радзіўся — невядома дзе дзеўся, а чацьвёра жывых астаўшыся“. „Глянуў ён, а ў таго і дух замёршы (замёр)“.

Такім парадкам, калі ў склад сустаўнога выказьніка ўваходзіць сувязь з некаторым матарыяльным (рэальным, назыўным) зьместам, што азначае конкрэтнае дзеяньне ці стан, то дзеяпрыметнік дзейнага значэньня ўжываецца і ў сучаснай мове, але ён ужо не зьмяняецца ў родзе і не скланяецца, г. зн., абярнуўся ў дзеяпрыслоўе. Покі гэты дзеяпрыметнік скланяўся ды дапасоўваўся з дзейнікам, то адносіўся да дзейніка, служачы яго азначэньнем ці скланяльнаю часткай сустаўнога выказніка; калі-ж ён перастаў зьмяняцца, абярнуўшыся ў дзеяпрыслоўе, то, патураючы іншым прыслоўям, што паясьняюць дзеяслоў, стаў адносіцца да дзеяслова, служачы яго прыдаткам.

Прывядом яшчэ прыклады: Ня кайся рана ўстаўшы. Увесь закурэў ідучы. Воўк ня еўшы, як мужык пагарэўшы: што ўгледзіць, то трэба. Не разьбіўшы гаршчочка, ня будзеш кашкі есьці (арэх). Пытаючыся, дапытаешся. Баючыся воўка, і ў лес ня трэба хадзіць. Сядзеўшы, нічога ня выседзіш. Каля вады ходзячы, абмочышся. Пад вароты пад‘яжджаючы, чую брата гаворачы. Надакучылі твае госьцейкі, што суботкі прыяжджаючы, што нядзелькі не зьяжджаючы. Ат! ясі пасаля. Пачула пеўнікаў, воду нася, угледзіла зораньку, сені мяця.
7. Параўнальная ступень прыметніка якаснага некалі дапасоўвалася з дзейнікам; цяпер параўнальная ступень не зьмяняецца ды стала прыслоўем. Зьмяняецца ў родзе і ліку толькі форма другой ступені прыраўнаваньня — вышэйшая, напр.:
Гэта кветка прыгажэй за тую. Гэта кветка прыгажэйшая за тую. Гэты хлопец разумней за таго. Гэты хлопец разумнейшы за таго. Чужая хата горай ката. Чужая хата горшая за ката.

8. Прыметнікі адносна-прыналежныя ў множным ліку страцілі розьніцу ў родах, напр.: гэта грошы бацькавы, скрыні матчыны, дзеці цётчыны, як дзеясловы прошлага часу множн. ліку: мужчыны касілі, жанкі жалі, дзяўчаты падавалі, сёлы гарэлі і т. д.

9. Лічэбнікі. У склад сустаўнога выказніка можа ўваходзіць, хоць вельмі рэдка, і лічэбнік як назоўны, так і прыметны, напр.:
Застаўся адзін у хаце (я адзін у хаце). Прыехаў сам дзесят. Гэта быў другі. Разумных было пяць, а дурных — чатыры.

10. Займеньнікі. У сустаўным выказьніку бываюць і займеньнікі, хоць таксама вельмі рэдка; найчасьцей у складана-залежных сказах, напр.: Хто там? Гэта — я. Я не твая буду. Чый ты, хлопчык? А чые то коні? Якія мы самі, такія нашы і сані. Якое дрэва, такі і клін: які бацька, такі і сын.

11. Прыслоўе ў сустаўным выказьніку. Сюды трэба аднесьці выражэньне сустаўнога выказьніка прыслоўямі, параўнальнай ступеньню прыметніка і прыслоўнымі формамі ад назоўнікаў з прыназоўнікамі і без прыназоўнікаў, напр.:
Раса далоў, і я дамоў. Дык ён тады наўцекі, наўцекача. Заяц як стукнецца аб пень ды дагары нагамі. На што нам тыя пісталеты, калі мы страляць ня ўмеем?! Мне, маладому, ня гэта на ўме. Мне багаты не пад нораў, ня ў нораў. Гэта яму не пад густ. Дагадаўся, што тут піва не пярэліўкі. Ен добра маецца. Сястрыца бліжай, бліжай — каліначка ніжай, ніжай.

Прыслоўе ў сустаўным выказьніку ня бывае пры дзеясловах „быць“ і „стаць“, калі гэтыя дзеясловы ня маюць поўнага зьместу; у такіх разох стаіць другі назоўны або творны прэдыкатыўны. Нельга, напрыклад, сказаць — заместа „ён быў разумны“ ці „ён стаў разумным“ — „ён быў разумна“ ці „ён стаў разумна“. Выключэньне бывае толькі ў тых разох: а) калі дзейнік выражан займеньнікам ніякага роду „гэта“, б) або калі зусім няма дзейніка, г. зн., у сказах безасабовых. Так, мы гаворым: „гэта было добра“, „гэта было кепска“, дзе дзейнікам будзе займеньнік ніякага роду „гэта“. Далей мы кажам: „нам было маркотна“, „мне было весела“, „у хаце было горача“, „на дварэ стала холадна“, дзе дзейніка няма: гэта — безасабовыя сказы.

4. Парушэньне дапасаваньня.

Прыметнікі і дзеяпрыметнікі (сюды належаць і дзеясловы прошлага часу, бо яны зьмяняюцца ў родзе, як прыметнікі) звычайна дапасоўваюцца з дзейнікам у родзе і ліку. Бываюць, аднак, выпадкі, калі гэтага дапасаваньня няма. Гэта здараецца ў тых разох, калі зьмест сустаўнога выказніка пашыраецца на ўвесь сказ; тады прыметнік ставіцца ў ніякім родзе адзіночнага ліку. Такі спосаб выражэньня сустаўнога выказьніка становіць першую ступень да пераходу к безасабовым сказам. Напрыклад: Зьбеглася на пожар поўсяла. Пара коняй зноў прапала. У яго ўкрадзена грошы.

Асабліва часта ня бывае дапасаваньня ў тых разох, калі дзейнікам павінен быў быць назоўнік лічэбны, бо назоўнікі лічэбныя, перастаўшы конкрэтна мысьліцца, страцілі свой род (§ 20,1,5), і выказьнік найчасьцей ставіцца ў ніякім родзе, які ня рысуе нашай сьвядомасьці конкрэтнага роду, напр.: Прайшло гадоў моʻ з пяць або шэсьць. Было ў бацькі тры сыны. Было там двох мужчын і адна кабета.

Часам ніякі род дзеяпрыметніка адчуваецца ўжо, як прыслоўе, напр.: Усё жыцьцё так і засталіся пальцы значна.

5. Пераход сустаўнога выказьніка ў просты.

Вельмі часта другі назоўны склон у сустаўным выказьніку падмяняецца творным склонам. Напрыклад, заместа: „Яна мне даводзіцца цётка“, можна сказаць: „Яна мне даводзіцца цёткаю“ або заместа: „Сталіца Англіі называецца Лёндон“ — „Сталіца Англіі называецца Лёндонам“.

Гэта зусім розныя, паводле свайго граматычнага ладу, звароты ў мове. Другі назоўны склон становіць сабою другую, скланяльную, частку сустаўнога выказьніка (дзеля чаго ён і дапасуецца з дзейнікам), а дзеяслоў пры ім служыць сувязьзю. Творны-ж склон, разумеецца, не дапасуецца з дзейнікам, а гэта значыць, што ён граматычна (формальна, паводле свайго канчатку) да яго не адносіцца. З гэтае прычыны яго ўжо нельга лічыць другою часткаю сустаўнога выказьніка. У такіх моўных зваротах (сказах) выказьнік выражаецца ўжо тым дзеясловам, што пры другім назоўным быў сувязьзю, напр.: „Яна мне даводзіцца цётка“ — „Яна мне даводзіцца цёткаю“; тут ранейшая сувязь „даводзіцца“ (першы прыклад) абярнулася ў просты выказьнік (другі прыклад). Таксама ў сказе: „Сталіца Англіі называецца Лёндон“ — сустаўны выказьнік („называецца Лёндон“), а ў сказе „Сталіца Англіі называецца Лёндонам“ — просты выказьнік („называецца“), бо тут няма другога назоўнага склону: ён падмяніўся творным склонам.

Тут трэба зьвярнуць увагу вось на што: у беларускай мове, калі другі назоўны склон перастае быць выказьнікам ды прымае такі зварот, што азначае зьмену ў стане прадмета, то ён падмяняецца ня творным, а вінавальным з прыназоўнікам „за“, напр.: „Ён быў настаўнік — Ён быў за настаўніка“. „Ён быў пастух — Ён быў за пастуха“ і г. далей.

Такое дапаўненьне ў творным або ў вінавальным склоне з прыназоўнікам „за“ (§ 5, 2, д), каб адрозьніць яго ад іншых дапаўненьняў у гэтых склонах, называецца прэдыкатыўным.

Слова „прэдыкат“ — лацінскае, значыць — выказьнік, а слова „прэдыкатыўны“ — выказальны. Дзеля гэтага другі назоўны склон, што становіць другую частку сустаўнога выказьніка, называецца назоўным прэдыкатыўным. Творны або родны ці вінавальны з прыназоўнікам „за“ сталі на яго месцы, і хоць яны не зьяўляюцца ўжо часткаю выказьніка, але, заступаючы назоўны прэдыкатыўны, захавалі ў сабе некаторую долю прэдыкатыўнасьці (выказальнасьці); гэтым яны і розьняцца ад іншых падобных склонаў.

Сказы з назоўным прэдыкатыўным (а значыць, і з творным, вінавальным з прыназоўнікам „за“ і родным прэдыкатыўным) можна падзяліць на дзьве групы: а) да першае групы належаць тыя сказы, у якіх назоўны прэдыкатыўны выражан назоўнікам іменным (Яна мне даводзіцца цётка. Ён завецца Адам. Сталіца Англіі называецца Лёндонам. Яго дражняць рысем); б) да другое групы належаць усе тыя, у якіх другі назоўны выражан прыметнікам (Ён стаў разумны. Яна была хмурная).

а) Творны прэдыкатыўны. 1) Пры дзеясловах „стаяць“, „сядзець“, „хадзіць“ і некаторых іншых, што азначаюць спакойнае прабываньне на месцы, творны прэдыкатыўны ад прыметнікаў у беларускай мове ня ўжываецца. У такіх разох стаіць назоўны прэдыкатыўны. Мы кажам, напрыклад: „Ён ходзіць хмурны“, „Яна сядзіць адзінокая“, але ня скажам: „Ён ходзіць хмурным“, „Яна сядзіць адзінокаю“.

І наадварот, назоўнікі йменныя пры тых-жа дзеясловах заўсёды стаяць у творным прэдыкатыўным, напр.:
Яна ўжо дзесяць год як засталася ўдавою. Расьці, зельле, градою — застаюся ўдавою. Важным панам певень ходзіць. Мне ня старастам садзіцца.

2) Пры навочнай сувязі „ёсьць“ у беларускай мове творнага прэдыкатыўнага ня бывае. Ня можна, напрыклад, сказаць: „Ты ёсьць надзеяй маёю, абаронцам і заслонаю“, а трэба сказаць: „Ты — надзея мая, абаронца і заслона“.

3) Пасьля сувязі з некаторым матэрыяльным (слоўным) зьместам, а ў будучым і прошым часе і пасьля „быць“, знаходзім творны прэдыкатыўны, напр.:
Яна жыве адзінокаю. Яна даводзіцца мне цёткаю. Ён завецца Адамам. Бедны бедным так і застаўся. Буду табе слугою. Хлопец стаў разумным. А хто хоча быць панам над другімі людзьмі, той мой вораг. Сем немкамі былі, а восьма гаварыла. Служыў ён парабкам. З таго часу і пачало звацца тое месца Кажамякамі.
У такіх разох можа стаяць і назоўны склон, а пры адсутнасьці сувязі — творны, напр.:
Насілу жывы вырваўся. Ён быў малы і дурны. Сусед стаў багаты. Мяне завуць муха-хахаўка. Як цябе зваць? Мяне зваць[3] Савачка. Хлопец стаў разумны, разважны. Малайцом маладзіца! Ты ў нас малайцом!

4) У некаторых выпадках (пры сувязі з матэрыяльным значэньнем) творны прэдыкатыўны назоўнікаў іменных выражае сабою: а) параўнаньне або падабенства, б) абарачэньне, в) час або ўзрост.

а) Творны параўнаньня або падабенства: Злотам іскры скачуць. Малайцом маладзіца! Кулём скінуўся з вышак. Хіцёр, мудзёр Ясенька: пад двор падышоў ракою, у варотах стаў вярбою, па двары пайшоў сьвячою, а ў сені ўляцеў сакалом, а ў хату ўвайшоў малайцом. Хмель пружынамі абвіваў тычынкі. Няхай ляжыць калодаю! Ён яшчэ малады, а выглядае старым дзедам.

б) Творны абарачэньня: Ой скінуся я зязюлькаю ды паляту к мамцы ў госьцейкі! Пойдзем, братка, у чыста поле, абернемся мы травою: ты, братачка, — сіні цьвет, я, сястрыца, — жоўты цьвет.

в) Творны часу або ўзросту вельмі падобен да прэдыкатыўнага, напрыклад: Гэту байку чуў я яшчэ хлапчуком. Мы рассталіся з ім маладымі, а сустрэліся старымі. Калі я была дзяўчынаю…

Гісторыя мовы паказвае, што творны прэдыкатыўны якраз і вытварыўся пад уплывам зваротаў з творным падабенства, параўнаньня ці абарачэньня. Гэты творны далёка старэйшы за творны прэдыкатыўны. Тут, у гэтых формах, на нашых вачох вытвараюцца прыслоўі ў форме назоўнікаў творнага склону, як „ісьці пехатою“, „браць гвалтам“, „сядзелі разам“. Творны падабенства, параўнаньня, абарачэньня, часу ці спосабу дзеяньня траціць сваё лексычнае значэньне, а „лексычным значэньнем“ называецца тое паняцьце, што выражаецца словам. У сказе „Абернемся мы травою“ слова „травою“ ня мае таго матэрыяльнага значэньня, якое яно мае ў сказе: „Мяжа зарасла травою“. Вось гэтая страта словам свайго лексычнага значэньня ў пэўных моўных зваротах і абарачае яго паступова ў прыслоўе.

5) Творны прэдыкатыўны заместа другога вінавальнага. Творны сустракаецца ня толькі там, дзе даўней і цяпер яшчэ стаіць другі назоўны, але і там, дзе даўней стаяў другі вінавальны, які цяпер ужо ня ўжываецца. Напрыклад, даўней сказалі-б: „Праз доўгі час я сустрэў яго дзеда“. „Яго выбралі стараста“, дзе словы „дзеда“, „стараста“ стаялі ў другім вінавальным склоне (у першым стаіць займеньнік „яго“), а цяпер кажуць: „Праз доўгі час я сустрэў яго старым „дзедам“. „Яго выбралі за старасту“, дзе слова „дзедам“ стаіць у творным склоне, а слова „за старасту“ — у вінавальным з прыназоўнікам „за“, бо азначае зьмену ў стане прадмета.

Прыметнікі ў такіх разох і цяпер яшчэ найчасьцей стаяць у другім вінавальным склоне, напр.: „Я застаў бацьку хворага, слабага“.

Другі вінавальны даўней адносіўся да дапаўненьня ў вінавальным склоне, якое было першым вінавальным, напр., у нашых прыкладах словы „дзеда“, „хворага, слабага“ адносіліся да першага вінавальнага, „яго“, „бацьку“. Цяпер гэтае дапасаваньне раскідалася падменаю вінавальнага склону творным або вінавальным з прыназоўнікам „за“, калі будзе зьмена ў стане прадмета — у назоўніках іменных заўсёды, а ў прыметніках — у пераважнай большасьці. І тут таксама творны склон стаў на месцы старога вінавальнага пад уплывам зваротаў з творным падабенства, параўнаньня, абарачэньня або часу, якія ўсе, як паказвае гісторыя мовы, старэйшыя за творны прэдыкатыўны.

б) Родны прэдыкатыўны. Апрача творнага прэдыкатыўнага, ёсьць яшчэ родны прэдыкатыўны, які вызначаецца тым, што пры ім стаіць прыметнік, дапасованы з ім (г. зн. азначэньне), напр.: „І харош, і прыгож, высокага росту“. „Ён і гідак, ён і брыдак, і нізкага росту“. „Я ня панскага роду“.

Гэта форма аб‘ясняецца пропускам другога назоўнага склону: „Я (чалавек) ня панскага роду“. Калі другі назоўны перастаў называцца, або калі прапушчаны другі назоўны перастаў мысьліцца, тады сустаўны выказьнік („ёсьць чалавек“) абярнуўся ў просты, г. зн. дзеяслоў („ёсьць“ або „быў“) стаў, заместа сувязі, незалежным выказьнікам, а ранейшае дапаўненьне ў родным склоне з сваім азначэньнем цяпер прымкнула да дзеяслова ў якасьці роднага прэдыкатыўнага з прыметнікам-азначэньнем.

Як відаць з прыкладаў, родны прэдыкатыўны стаіць пры дзеяслове „быць“ бяз рэяльнага зьместу, але здараецца гэты родны склон пры дзеяслове „здавацца“: Ён здаваўся высокага росту.

У беларускай мове родны прэдыкатыўны сустракаецца бяз прыметніка азначэньня, напр.: Гэта праўды было? Ці-ж гэта праўды, каб шчупак да хвоі прыліп?

в) Вінавальны прэдыкатыўны. Пры дзеясловах „стаць“, „быць“, „мець“, „уважаць“, „выбіраць“ і падобных, што выражаюць зьмену ў стане прадмета, ставіцца ня творны прэдыкатыўны, а вінавальны склон з прыназоўнікам „за“, напр.:
Яго ўсе за дурнога мелі. Гэта некалі людзям за зброю было. Ён мне за бацьку роднага стаў. Мы цябе за разумнага ўважаем. Згадзілі яго за пастуха. Пайшоў на плыты за галаўніка, за задніка. А дурань яго за чорта прыняў. Стаў за настаўніка. Дык яна засталася ў іх за наймічку. Гадуй маю Ганулечку за родную дачку. Ой ня тая, мой сыночак, гадзіна паўстала, каб чужая чужаніца за родную стала.

Адгэтуль відаць, што пабеларуску лепш сказаць: „лічу за свой абавязак“, а не „сваім абавязкам“.

Пры дзеясловах „выбіраць“ ці „абіраць“ можа стаяць і прыназоўнік „на“, напр.: „абіраюць на члена“, як „вучыцца на доктара“.

В. Выражэньне падвойнага выказьніка.

Існаваньне ў мове сустаўнога выказьніка аб‘ясьняецца тым, што некаторыя дзеясловы самі па сабе або ў некаторых асаблівых выпадках ня могуць выразіць тае прыметы, якая прыпісваецца або трэба прыпісаць (надаць) прадмету, як прымету, якая вынікае з прадмета. Тады гэтая прымета выражаецца, як мы бачылі, назоўнікам, прыметнікам, дзеяпрыметнікам і нават нязьменнаю часьцінаю мовы (прыслоўем).

Але часам і такім спосабам нельга выказаць таго, што нам трэба. Тады да асабовага дзеяслова дадаецца яшчэ неазначальная форма (інфінітыў), і такім спосабам вытвараецца падвойны выказьнік, г. зн. выказьнік з двух дзеясловаў.

Як мы ведаем, неазначальная форма (інфінітыў) сваім пахаджэньнем становіць дзеяслоўны назоўнік, які перастаў цяпер скланяцца. Пастаянная сувязь яго ў мове з дзеясловамі ў асабовай форме так цесна зьвязала яго (інфінітыў) з дзеясловам, што ён стаў мысьліцца, як дзеяслоў, зьвязаны з асобай. Сам па сабе інфінітыў (неазначальная форма) не азначае ніякай асобы, але, стоячы ў мове пры асабовай форме дзеяслова, можа адносіцца да ўсіх асоб, нават да неазначальных. Дзеля таго, што інфінітыў цесна прымкнуў да асабовага дзеяслова, ён можа ўваходзіць у склад выказьніка, а часам і быць нават выказьнікам (§ 22, I, 1). У падвойным выказьніку можна правесьці поўную паўзьбежнасьць (паралель) з сустаўным выказьнікам, напр.:

1) Неазначальная форма можа стаяць пры асабовым дзеяслове з вельмі аслабленым значэньнем, пры якім даўней мог стаяць дзеяпрыметнік:
перастаў плакаць, пачаў араць, меўся прыехаць, меўся быць у нас, маю рабіць, меўся скора прыехаць, меўся пайсьці да суседа, сталі вячэраць, стаў рагатаць, сталі дурэць, пачалі сьмяяцца.

Некаторыя асабовыя дзеясловы ў гэтых прыкладах маюць і сваё лексычнае значэньне, але яны тут пастаўлены больш для формальнай сувязі з дзейнікам.

2) Неазначальная форма стаіць пры дзеяслове-выказьніку з поўным значэньнем, але гэтая асабовая форма дзеяслова адна ня можа дакладна выказаць таго, што трэба. Неазначальная форма адносіцца тут, як у першых прыкладах, да асобы дзейніка, але яна можа быць аднесена і да асобы дапаўненьня, калі яно ёсьць, напр.:
Баюся ў лесе заблудзіць. Паслаў хлапца купіць сабе хлеба. Пайшлі глядзець дзіва.

У вапошніх двух прыкладах неазначальная форма стаіць на месцы даўнейшага дасягальнага дзеяслова, які выражаўся такімі формамі: паслат, глядзет, з „т“ на канцы.

Сюды трэба аднесьці і такія безасабовыя звароты: „Досьць ім яблык хацецца!“, „Досыць ім спаць хацецца!“ (Досыць ім спат хацецца).

У тых разох, калі значэньне інфінітыва пераважае значэньне асабовага дзеяслова, інфінітыў можа адрывацца ад свайго прадмета ў асобны сказ, напр.: Пайшлі глядзець аўса — Пайшлі, каб паглядзець аўса.

3) Бываюць такія сказы, калі неазначальная форма стаіць далёка ад асабовага дзеяслова. У старых граматыках гэты інфінітыў (неазначальная форма) называўся дапаўненьнем, а часам нават акалічнасьцю мэты[4]. Такая неазначальная форма можа быць да

некаторай ступені заменена дзеяслоўным назоўнікам у тых разох, дзе яна прымалася за дапаўненьне, але гэта ня можа быць дапаўненьнем, бо адносіны назоўніка да дзеяслова выражаюцца склонавымі канчаткамі, а неазначальная форма гэтых канчаткаў якраз і ня мае. Прыклады:
Займаўся ён ткаць рашоты. Не прывучайся ленавацца! Яна наўчыла яго чытаць і пісаць (чытаньню і пісаньню). Маці прывучыла сына балавацца. Матка навучала дачку шанавацца.
4) У беларускай мове ёсьць неазначальная форма (інфінітыў), што ня зьвязваецца ні з асобай дзейніка, ні дапаўненьня, напр.:
Я ня зьвер людзкую кроў праліваць. Каля берагу была палонка ваду браць. На стале стаяла конаўка ваду піць. Ці ня было рэчкі ўтапіцца мне? Ці ня было мосту скінуцца мне? Навастрыла новы серп жыцейка жаці. Машына шыць, машынка стрыгчыся, машынка брыцца, машынка перац малоць, вада піць, вада дзяцей купаць і г. д.

Парасійску ў такіх разох кажуць: „вода для пітья“, „машина для шитья“, a папольску — „машіна до шыця“, „вода до купаня“ і г. д. Пабеларуску, каб памацніць значэньне інфінітыва, скажуць: „вада, што піць“, „палонка, што воду браць“ і г. д.

Вось гэтыя інфінітывы і прымаліся даўней за акалічнасьць мэты. Звароты з такім інфінітывам могуць выражацца складана-залежным сказам, напр.:
З пераляку ня ведаў, дзе дзецца. Ці ня было рэчкі, каб утапіцца мне? Ой, мама, хачу есьці, да баюся ў пограб лезьці, да баюся, каб ня ўпасьці.
5) Часам неазначальная форма стаіць перад асабовым дзеясловам — выказьнікам; у такіх разох яна памацняе выказьнік, напр.:
Глядзець глядзеў, але нічога ня бачыў. Паіць паіў, але вады не дастаў. Даваць давалі, але з рук не выпускалі. Купіць-бы купіў, але купіла няма. Знаць ня знаю, ведаць ня ведаю. Малоць то ён малоў, але мукі не намалоў.
6) Неазначальная форма можа дадавацца не да дзеяслова, а да прыметніка і нават да назоўніка, што складаюць выказьнік, напрыклад:
Рада ўстаці да свайго дзіцяці. Ён гуляці маладзец. Няволя тут ісьці, няволя табе гаварыць з ім. Наша поле камяністае — ні праехаць, ні прайсьці. Ён гатоў вярнуцца. Майстар штукі вырабляць.

У тых разох, калі інфінітыў адносіцца да дзейніка, яго трэба разглядаць, як прыдатак.

III. Выражэньне выказьніка ў безасабовых сказах.

Мы ўжо ведаем, што безасабовым сказам называецца такі сказ, што не дапускае граматычнага пытаньня хто? або што? г. зн., што ў безасабовым сказе няма і нельга паставіць такога слова, да якога можна было-б дапасаваць выказьнік, калі ён выражан асабовым дзеясловам.

1) У безасабовым сказе выказьнік можа выражацца некаторымі асабовымі дзеясловымі 3-яй асобы адзіночн. ліку ў злучэньні з ца (ся), а часам і без яго, асабліва ў форме прошлага часу. Напрыклад:
За чужое лычка плаціцца рамушком. Прыходзіцца, як даводзіцца. Не ары, малойча, дарогу — там ня ўродзіцца гароху. Народзіцца груш. Круці, не вярці, а давядзецца ўмярці. Як возьме за сэрца, дык хоць на сьцену лезь. Чаму тут нечым прэсным пахне? Буракі папякло сонцам. Марозам павярэдзіла яблыкі. Дарогу заваліла сухастоем. Добра жылося братом.
У такіх безасабовых сказах часта ўжываецца слова „яно“ ў якасьці формальнага (несапраўднага) дзейніка, напрыклад:
Яно можа і распагодзіцца. Яно ўжо і добра разьвіднелася, як мы падыходзілі да места (гораду).
2) Некаторыя безасабовыя сказы бываюць з сустаўнымі выказьнікамі, выражанымі прыслоўем з дзеясловам „ёсьць — быць“, які ў такіх сказах мае зусім аслабленае значэньне; пры такіх выказьніках паясьняльным словам бывае яшчэ інфінітыў. Прыслоўныя выказьнікі знаходзім, напрыклад, у такіх сказах:
Трэ‘ было перайсьці рэчку ў брод. Горка зьесьці — жаль пакінуць. Яго нельга было стрымаць. Трэба прымацца за малацьбу. Трэба прыбіраць у хаце. Досыць ім спаць хацецца! За караля Саса было (разумеецца — „даволі“) хлеба і мяса. Вот табе й на! Трэба папрашчацца. Было ў іх зямлі павобмаль.

У сказе „Горка зьесьці — жаль пакінуць“ назоўнік іменны „жаль“ мае роўнае значэньне з прыслоўем „горка“. Даўней усе прыслоўі ў прыведзеных прыкладах мысьліліся назоўнікамі йменнымі, як цяпер слова „жаль“.

З такім-жа значэньнем знаходзім назоўнікі йменныя ў наступных прыкладах:
Машкары была вялікая моц. Ці саву аб пень, ці пень аб саву — усё саве бяда. Сьмех з панскіх ботаў: адзін згарэў, а другі сабака зьеў.
3) Ёсьць безасабовыя сказы, у якіх выказьнікі выражаюцца ніякім родам прыметнікаў якасных з дзеясловамі „быць“, „стаць“ (пры вельмі аслабленым значэньні гэтых дзеясловаў); да такіх выказьнікаў часта дадаецца для паясьненьня інфінітыў. Напрыклад:
У мяне свайго дабра багата. Па лету трудна бывае ўпраўляцца з гаспадаркай. Нідзе агню ня відно. Ад ліха ціха, але дабра ня чуваць. Дабра з таго мала. Маркотна яму стала на чужыне. Шкода стала беднае сірацінкі. Стала яму лягчэй. За сем вёрст чутно. Грай, каб усім было чутно. У двары хоць ня ўежна, дык улежна. Хоць ня ўежна, але ўлежна. Добра, няхай сабе й так! Страшна было глядзець на яго. Трудна ўправіцца з гаспадаркай.
Гэтыя прыслоўныя выказьнікі з формай прыметнікаў ніякага роду з скарочаным канчаткам могуць выражацца інфінітывамі, напрыклад:
Нідзе агню ня відно — Нідзе агню ня відаць. Грай, каб было чутно — Грай, каб было чуваць.
4) У безасабовых сказах выказьнік можа выражацца дзеясловам, пастаўленым у форме дзеяпрыметніка ніякага роду залежнага значэньня. Напр.:
Так яму ад ліхіх людзей зроблена. Тут іх паселена яшчэ за паншчыны. У яго ўкрадзена грошы. У іх каня ўкрадзена. Тады ўзята было дваццаць пяць рублёў.
Такія безасабовыя сказы абарачаюцца ў асабовыя; яны часам маюць дзейніка ў вінавальным склоне, напр.:
У іх украдзена каня — У іх укралі каня.

5) Калі ў безасабовым сказе выказьнікам служыць неазначальная форма (інфінітыў), напр.: „На што козамі сена травіць? Блізка відаць, да далёка дыбаць“, то пры гэтай форме выказьніка можа быць дапаўненьне аднаго кораню з інфінітывам; дапаўненьне гэтае ставіцца ў творным склоне для памацненьня, напр.: „Слыхам ня слыхаць; і чувом чуваць, і відом відаць“.

Пры выказьніку-інфінітыве часта бывае дапаўненьне ў давальным склоне, напр.:
Быць бычку на лычку, а цёлачцы на вяровачцы. Сонца за лес, крыкса за лес, а дзіцяці спаць. Як табе, дубе, вецьцем не махаць? Начуйце здаровы: вам-жа ж свае хаты на адну ноч не будаваць. Зары чырванець, а табе здаравець! Ісьці яму, ісьці — выходзіць на палянку.

У гэтых сказах даўней неазначальная форма (інфінітыў) ня была выказьнікам; выказьнікамі былі формы дзеясловаў „ёсьць“, „быць“, якія цяпер прапускаюцца.

6) Безасабовыя сказы з выказьнікамі „няма“, „нямашака“, „нямаш“, „ёсьць“.

У такіх сказах дзейнік стаў у родным склоне. Напрыклад:
Няма нікога дома. Няма горшай бяды, калі ні жыта, ні лебяды. У моры гаду ёсьць, катораму ліку няма. Няма каму даць яму есьці. Няма чаго рабіць. Няма айца, няма маткі — няма хлеба, няма хаткі. У мяне грошай ёсьць. Няма часу, нямашака грошай. Глянуў ён, ажно нікога няма. Нямашака ніякага страху. Глянуў ён — няма грошай! Няма часу. Хлеб ёсьць — солі няма; соль ёсьць — хлеба няма; хлеб ёсьць, соль ёсьць — капусты няма.

Пры выказьніку „ёсьць“ часам і роднага склону няма, напр.: Калі ёсьць у мяшку — будзе і ў гаршку.

7) Толькі зараджэньне безасабовых сказаў трэба бачыць у такіх сказах, дзе пры навочным дзейніку выказьнік, які зьмяняецца ў родах, не дапасоўваецца з ім. Асабліва лёгка парушаецца дапасаваньне, калі выказьнік стаіць перад дзейнікам, напр.: Ішло-пайшло карагод дзявок.

Часам пры выказьніку нібы і ёсьць формальны дзейнік, але значэньне яго так няпэўна, што гэта слова становіцца акалічнасьцю, звычайным паясьненьнем да выказьніка, напр.: Тады назьбіралася іх багата (або многа). Трошкі гароху ня ўлезла ў мех.

Часта і такога няпэўнага дзейніка няма; у такіх сказах сапраўдны дзейнік ставіцца ў творным або ў родным склоне: Дзе гноем сьмярдзіць, там і радзіць. Дзе сала кіпіць, там людзей кішыць.

8) Асабліва лёгка пераходзяць у безасабовыя тыя сказы, дзе дзейнікам павінен быць назоўнік лічэбны, напр.: Трыццаць казакоў заснула. Было ў бацькі тры сыны.

У гэтых прыкладах назоўнік лічэбны лічэбны стаіць у назоўным склоне, але, замест назоўнага, можа стаяць у родным, часам з прыназоўнікам, напр.: Двух братоў рыбаловы. Нас было трох, дваццацёх. У каго гэта ў вас косіць шасьцёх касцоў? Двох гаспадароў арэ. Прышлі ў дзесяцёх, сабраліся ў дванаццацёх, ідуць у двох. Прышло да гасподы пяцёх гаспадароў. Ішло ў ночы трох з трывогаю.

9) Безасабовыя сказы мы маем у тых разох, калі выказьнік выражан дзеясловам адзіночнага ліку прошлага часу ніякага роду, а пры ім стаіць, у якасьці дапаўненьня, назоўнік лічэбны ў вінавальным склоне або прыслоўе колькасьці (шмат, многа, мала, колькі), а да назоўніка лічэбнага, пачынаючы з „пяць“, або да прыслоўя колькаснага адносіцца дапаўненьне ў родным склоне, напр.: прайшло пяць год, мінула гадоў з дзесяць, памерла шэсьць чалавек, засталося яшчэ рублёў колькі, шмат было клопату, было многа работы, гэта здаралася некалькі раз.

У такіх сказах дзейніка няма, бо няма назоўнага склону: тут назоўнік лічэбны стаіць у вінавальным склоне. Пры лічэбніках-дзейніках, пачынаючы з „пяць“, выказьнікі стаяць у множным ліку, напр.:
Пяцёра засталіся жывы, а трое памерлі. Дзесяць год прайшлі неўзаметкі. Пяць мужчын сядзелі за сталом.

Калі гэтае дапасаваньне парушаецца, г. зн., калі мы скажам: „За сталом сядзела пяць чалавек“, „Засталося дзесяць рублёў“, то гэта значыць, што тут лічэбнікі перасталі быць дзейнікамі; тут дзеяслоў-выказьнік не адносіцца да іх, бо не дапасован да іх, і лічэбнікі сталі дапаўненьнямі ў вінавальным склоне на пытаньне „колькі“.

Такім парадкам, формы: „Сто рублёў прапалі“, „Пяць чалавек ішлі па вуліцы“, „Дзьвесьце рублёў ляжалі ў шуплядзе“ (з дапасаваньнем у множным ліку) становяць сказы асабовыя; тут дзейнік-лічэбнік стаіць у назоўным склоне, а пры ім — дапаўненьне ў родным склоне множнага ліку (трыста вёрст).

А такія звароты ў мове, як: „За сталом сядзіць пяць чалавек“, „Было ў бацькі тры сыны“, трэба разглядаць, як безасабовыя сказы.

10) Як ведама (§§ 3, 4) назоўнікі лічэбныя два, дзьве, тры, чатыры, абодва, абедзьве ў беларускай мове дапасуюцца з назоўнікамі йменнымі. У такіх разох іх трэба разглядаць, як прыдаткі. Напрыклад:
„Прышлі тры мужчыны“. Жылі сабе тры браты. Пад лаваю ляжалі абодва тапары, абедзьве кнігі. Ішлі тры чэнчыкі, знайшлі крывулечку — цераз тын ды ў вулачку (пальцы, ложка, рот). Ляцелі тры галіцы, селі каля праліцы (прасла). Прайшлі тры гады, як адзін дзень.

Пры злучэньні гэтых лічэбнікаў з назоўнікамі йменнымі жаноч. і ніякага роду апошнія вельмі часта зьмяняюць націск, напрыклад: дзьве, тры, чатыры, абедзве сястры, рукі, нагі; два, тры, чатыры, абодва акны, сялы, вядры, ярмы і т. далей.

Множны лік ад гэтых слоў мае націск на аснове: сёстры, рукі, ногі, вокны, сёлы, вёдры, ёрмы.

Здараюцца пры гэтых лічэбніках і назоўнікі йменныя мужчынскага роду з націскам на канчатку, напр.: два, тры, чатыры, абодва кані, рагі; у множным ліку націск стаіць на аснове: коні, рогі.

Усё гэта зьмененыя формы даўнейшага парнага ліку (аб‘ясьн. гэтых формаў у морфолёгіі).

§ 23. Даданыя словы, выражаныя формамі склонаў без прыназоўнікаў.

Склонам называецца асобная граматычная форма слова, але ў далейшым жыцьці кожнае мовы часта розныя формы склонаў супадаюць, напр.: вінавальны склон у беларускай мове найчасьцей супадае з назоўным, а часам вінавальны супадае з родным і г. далей. Дзеля гэтага, вызначаючы той ці іншы склон, трэба прымаць пад увагу і агульнае значэньне склону.

I. Азначэньне.
Азначэньні звычайна дапасуюцца з сваім азначальным словам у склоне, ліку і родзе, напр.:
Стаіць човен, вады повен. Стаіць дрэўца тонка, высока, лісьцем шырока. Вырас пад самую столь. Цэлы гай старасьвецкіх дубоў.
a) Часта азначэньне выражаецца прыметнікам аднаго кораню з назоўнікам іменным, напр.:
стары старык, малады маладзён, я малада маладзюсенька.
б) Часам скланяльная частка ў сустаўным выказьніку выражаецца дзеяпрыметнікам аднаго кораню з дапаўненьнем, напр.:
яго двары тынам тынены, дворня брукам брукавана, а тынам тынавана.
в) Пры назоўніках лічэбных „два“, „дзьве“, пры якіх даўней стаяў парны лік, а таксама пасьля „тры“ і „чатыры“ прыметнік-азначэньне стаіць у родным склоне, а назоўнік іменны — у назоўным або ў вінавальным склоне множнага ліку, напр.:
Дзьве бяды (бядзе) горшых за яе. Было ў бацькі два сыночкі, два радзімых галубочкі. Тры месяцы ясных, тры малайцы красных. Вачасаваў дзьве дашкі каменных, чатыры стаўбы каменных.
Але ў такіх разох можа быць і граматычна правільнае дапасаваньне:
Зрабіў дзьве труны каменныя. Запражы, братка, тры кані свае.
II. Прыдатак.
Як ведама, калі азначэньне да назоўніка йменнага выражаецца назоўнікам-жа йменным адным ці з якім-небудзь паясьняльным словам да яго, то такое азначэньне называецца прыдаткам. Сюды трэба аднесьці таксама азначэньне, выражанае некалькімі прыметнікамі, пастаўленымі пасьля паясьняльнага слова, напр.:
Як-жа ён будзе сеч, гэтакі малы? Я, кажа Несьцерка, — дзетак шэсьцерка — рабіць лянюся, красьці баюся, а прасіць ня сьмею. Трэцюю дачку — таварышку нашу, швачку, імем Паланею — да сябе ў горад узяў. У таго гаспадара было дзьве хаце — новая і старая. Ці ня бачыў ты, як тут двое людзей бегла — мужчына і кабета?

1) Прыдатак, які стаіць у назоўным ці ў іншым склоне, правільна дапасуецца з тым словам, да якога адносіцца. Але даўней часта было адступленьне ў дапасаваньні прыдатка з уласным імем або нават ойчаства з імем асобы, напр.: Дабываць град Віцебска. Вадзяшча з сабою Валадзімера Юр‘евіч.

2) Асабліва цікавыя бываюць прыдаткі да такіх слоў, якія зьяўляюцца больш агульным паняцьцем; часам такі прыдатак дадаецца для паясьненьня дзеяслова ў якасьці акалічнасьці, напр.:
Палягуць яны адна каля аднэй блізенька. Урадзіла такая харошая пшаніца, колас у колас. Падабраў малайцоў волас у волас, голас у голас. От так і гоняць яны гусь адно к другому. Смала смалою прывязаўся.
Пры такіх прыдатках у назоўным склоне бывае яшчэ ўскосны склон тых-жа самых слоў (смала смалою) найчасьцей з прыназоўнікам — „у“, „к“, „да“; такія прыдаткі сталі прыслоўямі ды могуць злучацца ня толькі з назоўным склонам, але і з іншымі склонамі, напр.:
Падабраў малайцоў волас у волас, голас у голас. Сорам ім адна адной у вочы глянуць. Бегала яна дом ад дому.
3) Ёсьць яшчэ адзін від прыдаткаў, з якіх у народнай мове з часам вытвараюцца пастаянныя эпітэты, напр.:
Стаіць крыніца — сьветлая вадзіца. Грэчачка — чорна семя — стала красавацца. Бег сабака цераз мост — чатыры нагі, пяты хвост. Яна была — вочы завешаныя. У той карчомцы жыў сабе шынкар — ат сабе чалавек. Недалёка жыў сабе каваль — ня-то, што-б вельмі, але ат сабе, трохі быў багаты чалавек. Дзень добры, дзяўчына — бель бяліці! Прыляцела сарока — чы-чы-чы, села ў дзеванькі на плячы. Стаіць конь — залатая шарсьцінка, срэбная шарсьцінка, з ноздраў полымя шыбае, з вушэй дым валіць, і падступіцца нельга (з казкі). „Ну“, кажа мядзьведзь: „сьцялі пасьцель — рад каменьня, рад паленьня, а ступу ў голавы.“
4) Апрача назоўнага склону ў якасьці азначэньня да дзейніка або прыдатка да яго, ёсьць яшчэ звароты ў мове з словамі „што за“, напр.:
Што гэта за людзі? А што ў вас сёньня за вечар быў? Што вы за людзі за дзіўныя? Што-ж там да за пыл курыць? Што-ж там да за дым курыць? Што-ж я ў маці за дзіця было?

III. Дапаўненьні.

А. Значэньне дапаўненьня.

Назоўны склон звычайна ў граматыцы называецца незалежным склонам, а ўсе іншыя — залежнымі. Усе-ж залежныя склоны, узятыя разам, вытвараюць у сынтаксе вялікую групу дапаўненьняў.

Агульнае значэньне дапаўненьняў лепш за ўсё выясьняецца пры параўнаньні іх з назоўным склонам. Назоўны склон абазначае, як мы бачылі, нешта асобнае, нешта незалежнае — прадмет, як ён існуе сам па сабе. Наадварот, што да залежных склонаў, то тут перш за ўсё кідаецца ў вочы іх залежнасьць. Словы: „брат“, „горад“, „рэчка“, „конь“, „хараство“, „сваце“, „браце“, „куме“ зразумелы і самі па сабе, нават вырваныя з сказу; іх мы часта і ўжываем у такім асобным відзе, напр., калі прыпамінаем прадметы або пералічваем іх ці каго клічам (брат! браце!). Наадварот, словы: „брата“, „горадам“, „рэчцы“, „канём“, вырваныя з сказу, выклікаюць поўнае зьдзіўленьне. Калі зразумелай або, прынамсі, звычайнай для кожнага будзе форма „рэчка“ ці „конь“, то дзіўнай і недарэчнай для нас будзе форма „рэчцы“ ці „канём“. Прычына тут тая, што формы „рэчцы“, „канём“ сапраўды трацяць увесь свой сэнс, калі іх вырваць з сказу, і што яны маюць сэнс толькі пры другіх словах. Значыць, істотнае значэньне ўсіх залежных склонаў, разам узятых, заключаецца якраз у іх залежнасьці ад другіх слоў. У той час, як назоўны склон выражае прадмет сам па сабе, ні з чым ня зьвязаны і ні ад чога незалежны, залежныя склоны выражаюць прадмет толькі ў яго адносінах да нечага другога. Гэтае другое можа быць тым-жа самым прадметам (кусок хлеба) або дзеяньнем (баюся айца) ці прыметай (мала груш, варт пашаны). А дзеля таго, што дзеяньне ёсьць тая-ж прымета, то два апошніх выпадкі можна злучыць у вадно ды сказаць, што залежны склон можа адносіцца або да прадмета, або да прыметы. Такім парадкам, дапаўненьне, або залежни склон назоўніка, ёсьць форма, што абазначае прадмет у яго адносінах да другога прадмета або да прыметы прадмета.

Б. Выражэньне дапаўненьняў без прыназоўнікаў.

Дапаўненьне, як вышэй гаварылася, выражаецца ўсімі (залежнымі) склонамі: 1) Вінавальным, 2) Родным, 3) Давальным, 4) Творным, або прыладным, i 5) Месным.

1. Вінавальны склон.

Вінавальны склон найчасьцей ужываецца для абазначэньня прадмета, на які пераходзіць дзеяньне выказьніка. Назоўны склон абазначае асобу або прадмет, што вытварае дзеяньне (хоць-бы яны былі нават несапраўднымі дзейнікамі, як пры дзеяслове залежнага значэньня), а вінавальны склон перш за ўсё паказвае на залежны (пасыўны) стан асобы ці прадмета, прычым, адценьні гэтага стану могуць быць самыя рознастайныя; адгэтуль розныя віды ў ужываньні гэтага склону. Даўней лік дзеясловаў пераходнага значэньня быў далёка большы, і вінавальны склон шырока ўжываўся; з часам шмат такіх пераходных дзеясловаў сталі ўжывацца толькі з прыназоўнікамі, а іншыя перасталі быць пераходнымі, і тыя дапаўненьні, што стаялі пры іх, сталі мысьліцца ўжо ў месным склоне, з месным значэньнем.

1) Такім парадкам, у вінавальным склоне ставіцца перш за ўсё простае дапаўненьне. Прыкладаў на гэта дапаўненьне можа быць вельмі многа, напр.:
Хто што ўсьпеў узяць. Шле яе, маладу, на Дунай па ваду. „Дай“ ніхто ня любіць, а „на“ — кожны чуе. Запражы, братка, тры кані свае! У новай стайніцы коні сядлае. Па воду йдзе — „дабрыдзень“ дае.

2) Назовы жывых прадметаў у ролі дапаўненьня заўсёды ставяцца ў вінавальным склоне: паю коні, пасу авечкі, даю каровы, ганю валы. Певень жытам куры частуе. Ня стаў коні пад калінаю! Мяняе быкі на індыкі. Ваўкі падушылі авечкі.

У такіх разох у расійскай мове заўсёды стаіць родны склон: Пасу авец, ганю валоў. Мяняю быкоў на індыкоў і г. далей.

Нават пры асобе, чалавеку, дапаўненьне можа стаяць у вінавальным склоне, напр.:
Прывяла яна два сыны. Адчыні, сьвякратка, аконца: вязу табе ня вехну, як сонца; адчыні, сьвякратка, другое, — вязу табе дзеткі абое! Паслала-6 паслы — ня сьмею; пісала-б лісты — ня ўмею. Ойчанька, салавейка! што за госьці маеш? Наймай кавалі даражэнькія, куй сярпочкі залаценькія да шлі жнейкі маладзенькія. І сава свае дзеці хваліць.
Але дапаўненьне ў назовах жывых прадметаў, пераважна людзей, а часам і няжывых, выражаецца часта і формаю роднага склону (бач. ніжэй, 2).

3) Здараецца, можа дзеля вершу, у ролі простага дапаўненьня ў вінавальным склоне форма клічнага склону, напр.: Яшчар-паночку, аддай мой вяночку! Палажылі камару на мару.

4) Дзеясловы непераходныя з прыстаўкамі могуць мець пры сабе дапаўненьне ў вінавальным склоне, напр.:
Абышоў кругом хату. Заступіў яму дарогу. Праспаў шчасьце. Заяц перабег дарогу.
5) Калі пры простым дапаўненьні стаіць азначэньне (прыметнік ці дзеяпрыметнік) ці назоўнік іменны ў ролі прыдатка, то вытвараецца падвойны вінавальны склон, або другі вінавальны склон, напр.:
Толькі пусьці яго жывога. Выгнаў дочку на мароз босую.
Часам другі вінавальны можа быць выражан назоўнікам іменным з прыназоўнікам у якасьці прыдатка да першага вінавальнага, напр.:
Узяў сабе сірату за дачку (бач. § 22, Б, 5, в).
Даўней другі вінавальны склон часта выражаўся дзеяпрыметнікам цяперашняга ці прошлага часу ад дзеясловаў пераходнага значэньня. Цяпер гэтыя дзеяпрыметнікі перасталі скланяцца ды абярнуліся ў дзеяпрыслоўі; асабліва часта стаяць яны пасьля дзеясловаў „чуць“, „бачыць“; часам першы вінавальны нават не называецца, напр.:
Ці ня бачыў ты войска йдучы? Чула я, малада, салаўя сьпяваючы. Спатыкаюць яны нашага чалавека, конна едучы. Угледзелі яны Рамана, на высокай гары аручы. Хто пачуе зязюлю кукуючы… Каб было чутно зьвінючы. Калі ўгледзіш татку йдучы… Ці ня бачыў ты, братка, мужыка едучы, сьвіньню з парасятамі вязучы? Знайшоў яго лежачы пад кустом. Знайшла мужа Ульлянкі аручы палянкі каля свае хаткі. Ці ня бачылі вы двое людзей ідучы? Ці ня бачыў тут дзеўкі бягучы, мех грошай нясучы.

У двух апошніх прыкладах пасьля дзеясловаў з адмоўнасьцю стаіць родны склон заместа вінавальнага.

Даўней кожная беларуская грамата пачыналася так: „Хто калі відзіць грамату, a любо слышыць чтучы“. „Хто в онь возрыць ілі услышыць чтучы“.

6) Падобен да вінавальнага простага дапаўненьня і той вінавальны склон, што выражаецца назоўнікам іменным (часам з азначэньнем) таго самага кораню, што і дзеяслоў, напр.:
Думаць думу цяжкую, гора гараваць, гаць гаціць, мост масьціць, век векаваць, суды судзіць, права правіць. Зіму зімаваць. „Няўжо дарэктар так заўзяты, што будзе права сваё правіць і на калені што-дзень ставіць?“ (Я. Кол.).

7) Вінавальны склон у некаторых разох мае меснае значэньне, паказваючы кірунак дзеяньня на пытаньне: „куды?“, „дзе?“

На пытаньне „куды?“ вінавальны абазначае мэту дзеяньня. Сюды належыць і некалькі прыслоўяў, роўных сваім пахаджэньнем вінавальнаму склону, напрыклад: Пашоў вон! Ідзі прэч! Едзе ён поле, едзе другое. Еду поле — ня відно, а другое — ня чутно.

У сказе: „Налезла іх поўная хата“ знаходзім назоўны склон заместа вінавальнага. Таксама вінавальны склон поплеч з назоўным знаходзім ад слова „палавіна“: Палавіну саду цьвіце, палавіну вяне — Палавіна саду цьвіце, палавіна вяне.

Вінавальны склон на пытаньне „дзе?“ у сучаснай мове знаходзім толькі ў форме прыслоўяў, дзе некалі мысьліўся вінавальны склон назоўніка йменнага, напр.:
Узяў яго абапал (з „оба полы“). Сядзіць канец стала. Жыве канцы сяла. Жыве край дарогі.
8) Да вінавальнага месца прымыкае старасьвецкі вінавальны склон мэты, які выражаўся асобнай дзеяслоўнай формай — дасягальнай: пасла́ іскат брата, пусьцілі таргават. У сучаснай мове некаторая памяць аб дасягальным захавалася ў ужываньні роднага склону пасьля неазначальных дзеясловаў, напр.:
Пашлі глядзець маста, дзіва.
9) Вінавальны часу на пытаньні: „колькі?“, „калі?“ Напрыклад:
Жыла яна так годы два. Яго гэтую ноч возьмуць. Усю ноч байкі баяў. Пабыў тры дні ды паехаў. Пачакай тут трошку (трошкі). Няхай-бы яны пабылі яшчэ дзень-два. Была мая кашулька што-нядзелю (нядзелі) бяленька. Што-суботку (суботкі) вымывалася-б, што-нядзельку (нядзелькі) вычасалася-б.

У вапошніх прыкладах, поплеч з вінавальным часу, можа стаяць родны часу.

Да вінавальнага часу належыць і некалькі прыслоўяў часу, якія маюць форму вінавальнага склону, напрыклад: Летась пасаджона, сёлета ўзрашчона. Устаў ён рана.

10) Вінавальны колькасьці на пытаньне „колькі?“, напр.:
Прайшоў дзесяць вёрст. Сена важыла дзесяць пудоў. Я многа наплакаўся (тут „многа“ — прыслоўе).

11) Вінавальны спосабу дзеяньня на пытаньне „як?“ — Жывём ні-то, ні-сё.

12) Прыслоўі ў форме вінавальнага склону спосабу дзеяньня: Пабег борзда, горка заплакаў.

2. Родны склон.
1. Родны склон пры дзеясловах ужываецца: а) для абазначэньня часткі прадмета. У такіх разох ён паказвае, што дзеяньне накірована не на ўвесь прадмет, а на яго частку, або што прадмет падлягае пэўнаму дзеяньню ня ўвесь час, а толькі на пэўны мамэнт. З гэтым значэньнем родны склон ужываецца пасьля дзеясловаў: даць, купіць, мець і падобных, напр.:
Квасу наліў, хлеба накроіў. Не дасі яму рады. Даць пары, дыхту. Мае розуму больш за ўсіх. Купіў хлеба, тутуну, цукру.
Вельмі часта стаіць гэты склон пасьля дзеясловаў з прыстаўкамі, напр.:
Дайшоў праўды. Наеўся бобу, яблык, груш. Наслаў на іх вараньня-кручча. Пасеяў на лядзе аўса.
Да роднага часткі належыць і той родны склон, які бывае пры дзесловах: слухаць, бачыць, відзець, чуць, памятаць, хацець і інш., напр.:
Слухай бацькі і маткі. Пільнаваць яблык, сенажаці, коняй, саду. Дачакаўшы ночы, паехаў у лес. Пытаўся мяне. Глядзець дзіва, хлеба, мосту. Запамятаць іменьня свайго. Крычыць яна ратунку. Гвалту раве (страшна крычыць). Брыдка людзям ачу (парны лік) паказаць. У воду нападала лісьця, сьмецьця. У яго грошай процьма. Сілы прыбавілася ўтрая. У моры гаду ёсьць, катораму і ліку няма. Пайду глядзець дзіва. Камяні, ідзеце тапароў тупіць! Пайшоў глядзець жыта, аўса. Да бягуць дзяўкі, бягуць, да ня красак ірваці, а Ганульку пытаці. Не даюць мне веры. Даглядае саду. Пільнуйся парадку. Навучайся муштру добрага. Пусьці, маці, гуселек паслухаць і песень наўчыцца і ўсялякіх навук.

Пасьля дзеясловаў „вучыць“, „навучыць“ стаіць давальны (бач. ніжэй).

6) Пры дзеясловах ставіцца таксама родны склон часу з неазначальным характарам, але сувязь яго з дзеясловамі вельмі слабая; з гэтае прычыны яго можна лічыць родным незалежным. Родны склон часу да некаторай ступені падобен да роднага часткі, бо звычайна абазначае адзін мамэнт, у які адбываецца дзеяньне, напр.:
Галоднага лета людзі ўміралі. Аднаго разу пайшла яна жаць ды нешта запазьнілася. Леташняга году зіма была халодная. Тых дзён, таго часу, тае нядзелі. Спарадзіла маці сына цёмнае ночы.

Да роднага з гэтым значэньнем належаць і некаторыя прыслоўі, напр.: сёлета, сяголета, сёньні, сягоньні, сёньня, сягоньня; учора, летась, сяеначы, сягедні і інш.

в) У беларускай мове вінавальны склон у форме роднага склону ўжываецца толькі для прадметаў жывых адзіночнага ліку муж. роду (пасу каня, ганю вала, бачыў ваўка). У множным ліку вінавальны склон мае форму роднага склону толькі ў назовах асоб (бачу братоў, частую сватоў), а ўсе іншыя назоўнікі іменныя маюць форму вінавальнага склону:
Сабака брахаў на ваўкі. Мяняе быкі на індыкі. Стаў красьці авечкі. Павёў пасьвіць коні. І сава свае дзеці хваліць. Багатаму чорт дзеці калыша (прыказка).
г) У народнай мове, як і ў старасьвецкай кніжнай, часта ўжываецца родны склон заместа вінавальнага і ад назоваў прадметаў няжывых адзіночнага і часам множнага ліку, напр.:
Ражна зьясі, калі ня хочаш хлеба! Вазьмі замка, паддай мяшка. Дык яна уваткнула яму рубля. Камяні, ідзеце тапароў тупіць! Табе вянок з дабра, а нам дасі на трох рубля.

Парасійску ў такіх разох скажуць: „ражон эьясі“ — замест „ражна зьясі“, „вазьмі замок“ — заместа „вазьмі замка“ і г. д.

2. Родны пры назоўніках. Гэты родны склон залежыць ад назоўнікаў іменных, што абазначаюць прадметы падзельныя або разумовыя, а таксама ад займеньнікаў і лічэбнікаў, а часам і ад прыметнікаў. Тут могуць быць такія выпадкі:

а) Родны склон часткі; ён залежыць ад іменьнікаў, напр.: Прывезьлі бочку смалы. Стаялі копы сена, кучы мужчын і жанок. Знайшоў кацёл грошай. Пражыў веку сто гадоў.

Пры назоўніках лічэбных, пачынаючы ад 5 і далей, родны склон часьці бывае толькі пры назоўным і вінавальным склонах: пяць братоў, дзесяць коняй, семсот, шэсьцьсот, дваццаць тысяч.

Родны склон бывае заўсёды пасьля такіх слоў, як „многа“, „мала“, „шмат“, „даволі“, якія падмяняюць лічэбнікі, напр.: мала груш, многа яблык, шмат грошай, даволі сьлёз.

б) У залежнасьці ад іменьнікаў ужываецца родны склон прыналежнасьці, які абазначае прадмет або асобу, каторай належыць нешта, напр.: хата бацькі, хустка маткі.
Але ў такіх разох, заместа роднага прыналежнасьці, часьцей ужываецца прыметнік прыналежны:
бацькава хата, матчына хустка, птушынае пяро, хлопцава кніжка, Вольчына стужка. Васілёвага сына забілі на вайне. Стала лічыць хаты: гэта — кумава, гэта — Навумава, гэта — братава, а гэта — сватава, а тая — Сенькава.

Значыць, трэба казаць: Дарвінава тэорыя, Купалавы творы, Лінэева табліца, Ньютонаў біном, як у народнай мове: матчын дар, музыкава доля, Кірылава магіла, цесьцяў двор, кавалёў сын. Бацькава дараваньне на сьняданьне, а матчына — на абед.

Родны прыналежнасьці, г. зн. назоўнік у родн. скл., а ня прыметнік, можа стаяць у тых разох, калі ён паўтараецца: творы Багдановіча, Коласа, Купалы, Гаруна, Цішкі Гартнага і Кудзелькі.

Родны прыналежнасьці заўсёды бывае тады, калі перад ім стаіць прыметнік — азначэньне або ўласнае імя: Комуністычны Маніфэст Кароля Маркса, творы вялікага Дарвіна, поэзія Якуба Коласа, творы Янкі Купалы і г. далей.

в) Родны якасьці. Сустрачаецца родны склон прыналежнасьці ў такіх зваротах: Добрага бацькі дзеці. Гэты родны склон падобен да роднага прыналежнасьці, але ён выражае якасьць прадмета часовую або пастаянную; пры ім заўсёды стаіць прыметнік або назоўнік лічэбны, напр.: Чалавек высокага росту, нізкага росту. Мужчына лет можа сараку. А я росту невялічкага. Надзенеш ты боты нямецкай работы. Я ня панскага роду.

г) Родны суб‘ектыўны і об‘ектыўны. Сустрачаецца, хоць рэдка, родны суб‘ектыўны (страх сьмерці, забойства бацькі) і об‘ектыўны: цела чалавека, жыцьцё расьліны, спосабы барацьбы з сухотамі, гадоўля жывёлы і г. д. Але апошнія прыклады мала адпавядаюць духу нашае мовы; дзе гэта можна, такія звароты лепш замяняць зваротамі з прыметнікамі або апісова, замест роднага об‘ектыўнага, напр.: чалавечае цела, расьліннае жыцьцё, як гадаваць жывёлу і г.д.

Разумеецца, калі падмена роднага об‘ектыўнага прыметнікам зьмяняе значэньне звароту, то такое падмены быць ня можа, напр.: мова поэзіі — поэтычная мова, значэньне падобнасьці — падобнае значэньне і інш.

3. Родны адыходны паказвае выхадны пункт дзеяньня, аддаленьне або адлучэньне. Ён можа стаяць пасьля дзеяслова ці прыметніка з паказаным значэньнем і пасьля іншых падобных слоў, напр.: Адрокся гаспадара ды пайшоў у прочкі. Выракаецца свайго слова, сваіх слоў. Хоць надзеў жупан, але ня цурайся сьвіткі. Выраклася маці роднага дзіцяці. Адрокся свайго бацькі. Не зракайся ты мяне да прыбудзь ты ка мне! Але такія формы, звычайныя ў старасьвецкай мове, цяпер звычайна ўжываюцца з прыназоўнікам „ад“, напр.: Адрокся ад гаспадара, ня ўхіляйся ад работы, схаваўся ад яго, ледзьве адбіліся ад ваўкоў.

Адыходнае значэньне родны склон мае і ў такіх разох: Чаго вы рагочаце? Ня дужа спужаўся я цябе. Баючыся воўка, і ў лес ня трэба хадзіць.

Адыходнае значэньне родны склон мае пры параўнальнай ступені (Будзь ніжэй травы, цішэй вады. Лепша таго злота Агатчына цнота), але ў такіх разох звычайна ставяцца прыназоўнікі: „за“, „ад“, напр.: Лепшы за яго, разумнейшы за цябе. Сядзь сабе бліжэй за ўсіх, будзе табе мілей ад усіх. Парасійску пры параўнаньні заўсёды стаіць родны склон без прыназоўніка, напр.: лучше его, умнее тебя.

Родны адлучальны стаіць пры пераходных дзеясловах з адмоўнасьцю, напр.: Бяз худа ня відаць дабра. Ня купіў бацька шапкі — няхай вушы мерзнуць. Ня купіў ні куніц, ні бабёр. Няма анічога.

Гэты склон ставіцца: а) замест вінавальнага пры пераходных дзеясловах, б) замест назоўнага, калі асабовы сказ абарачаецца ў безасабовы, напр.: „Ненавідзела яна дзедавы дочкі“ (замест „дзедавых дачок“). Ня любіла свае падчарыцы (замест „сваю падчарыцу“). Хлеб ёсьць — солі няма.

Часам родны і вінавальны стаяць поплеч: „Усё роўна ня вернеш ты ні сваіх сыноў, ні дачок, ні жонку“.

4. Родны прычыны з адценьнем мэты стаіць пасьля дзеясловаў руху, напр.: Раз пашла баба вады ды сустрэла таго самага чалавека. Чаго ты прышоў, воўча? Чаго ты плачаш, зайка? Чаго, малойцы, сядзіце? Я прышоў таго, каб пазычыць грошай.

5. Родны месца становіць сабою прыслоўе: Абышлі горад кружка (навокала). Кружка стаялі высокія валы.

6. Родны паклічу стаіць заместа назоўнага або вінавальнага: Гэта праўды было? Ці-ж гэта праўды, каб шчупак да хвоі прыліп? Едзь, сынку, — такое бяды! Дык ён тады ходу!

3. Давальны склон.

Давальны склон ужываецца для абазначэньня тае асобы або прадмета, да якога накірована дзеяньне, выражанае дзеясловам, або да якога адносіцца зьмест усяго сказу. Сувязь дзейніка тут не такая, як пры вінавальным або нават пры родным склоне. На пачатку давальны склон ужываўся для абазначэньня прасторавых адносін на пытаньне „куды?“, а потым гэтыя прасторавыя адносіны аслабіліся ды часткаю падмяніліся другімі. Цяпер давальны склон ужываецца ўжо ў шырокім значэньні; ён можа стаяць у залежнасьці ад дзеясловаў, назоўнікаў і нават незалежна.

1) Найчасьцей давальны асобы або рэчы ўжываецца для абазначэньня карысьці, прыемнасьці або нечага адваротнага, супраціўнага — нявыгоды, няпрыемнасьці, шкоды, напр.:
Не хачу яго браць сабе, аддам лепей людзям. Дзякуючы яму, я пасьпеў к часу. Аднаму чалавеку згінулі валы. Не бяры нам мацеры, бо мы з голаду паўміраем. Узяў ды ўкраў яму сядло. Баяўся, каб яму ня ўкралі каня. Яму баліць галава. Жывот мне баліць. Потым мара згінула яму з ачу. Ён мне прыяцель. І не агледзеўся, як яму тыя дзесяць год мінуліся.
Да гэтага давальнага склону прымыкае і той давальны, што абазначае асобу або прадмет, да якіх накірован пэўны душэўны рух, выражаны слоўным значэньнем дзеяслова або які мысьліцца, напр.:
Ці-ж маці вучыць благому? Навучыць розуму, наравіць ліхому, вучыцца мове. Ліхому не ўнаровіш. Быць бычку на лычку, а кароўцы на вяроўцы. Няхай тое робіць, што я яму сказаў, то гэтая хвароба пяройдзе яму. Гэтак хватаў воўк усім гаспадаром па калейцы — таму тое, таму тое, і выдушыў ім усю скаціну. Пасеяў чалавек пшаніцу, але яна яму чыста прапала. Той кажа, што мне і надта ўрадзіла; другі кажа, што мне прапала — той тое, той гэта. Багатаму і ў полі радзіла, і ў хляве пладзіла. Прыглядаецца яна пярсьцёнку, ажно гэта яе. Абзнаёміў усім (замест „усіх“) аб гэтым. Выбачайце мне! Дзякуй табе за добрую раду!
Сюды належыць давальны склон пры неазначальнай форме (інфінітыве) для выражэньня загаду:
Зары красьнець, рабе Магдзе здаравець! (з народн. загавораў).
Пасьля дзеясловаў „вучыць“, „вучыцца“ таксама стаіць давальны склон, напр.:
Вучыцца расійскай мове, геомэтрыі, альгебры. Трэба яго розуму навучыць. Будзем сына пісьму вучыць, а дачушку шоўкам шыць. Каля людзей патруцца — рабоце навучацца. Аддалі вучыцца кавальству, сталярству, бандарству. Адгэтуль прыслоўі: гаварыць пачалавечаму. Дык той Марцін Глінскі навучыўся гаварыць пакашачаму (з казкі).

Парасійску пасьля „вучыць“ ставіцца вінавальны склон: учить грамматику, геометрыю, язык. Пабеларуску ў такіх разох ставіцца зваротны стан дзеяслова з давальным склонам: вучыцца мове, пісьму, граматыцы, геомэтрыі, як сталярству, бандарству.

Сюды належыць давальны склон некаторых займеньнікаў („сабе“). Займеньнік „сабе“ мала паясьняе дзеяслоў і бадай зусім не залежыць ад яго; ён абазначае асобу, для каторае важна, каб адбылося яе пажаданьне ці жаданьне, або якую цікавіць пэўны стан, напр.:
Жыў сабе, быў сабе дзед і баба. От я сабе хоць за печчу паляжу. Ну, дык начуй сабе! Няхай сабе і так! Жыла-была сабе адна мачыха. Гуляй сабе на здароўе!
Родны склон з такім значэньнем займеньнікаў асабліва пашыраны ў безасабовых сказах, напр.:
Гэта табе здалося, здаецца. Ісьці яму, ісьці — выходзіць на палянку. Не тваім зубом гэта кусаць.
2) Давальны мэты або прычыны:
Чаму ты ня прышоў? Чаму цябе агнём не спаліла? Чаму памагаць ня йдзеш?

Сустракаюцца такія формы: Чом ты, коню, вады ня п‘еш?

Тут „чом“ — скарочаная форма з „чаму“, давальнага склону прычыны. Форму „чом“ мы знойдзем з прыназоўнікам „па“, напр.: „Па чом жыта?“ — Па рублю пуд.

Да давальнага прычыны можна аднесьці прыслоўі „годзе“, „годзі“.

3) Давальны незалежны сустрачаецца рэдка:
Усім сваім злосьнікам я наругнуся. Дзеля сына я двару вярнуся.
Часам знаходзім давальны незалежны пасьля дзеяпрыслоўя, напр.:
Ідучы нам у ягады, сустрэўся лясьнік. Едучы ім па дарозе, захацелася спаць.

Цяпер гэты давальны хутчэй паставяць пасьля дзеяслова так: „Едучы па дарозе, захацелася ім спаць“.

4) Давальны часу:
Будзе таму гадоў з дзесяць. Было гэта колькі лет таму.
5) Давальны прэдыкатыўны:
Ня варта быць скупому. Годзі сядзець смутнаму! Як-жа мне, маладзенькай, не сядзець смутненькай.
4. Творны склон.

Усе значэньні творнага склону выводзяцца з прасторавых адносін. На пачатку творны склон абазначаў рух па чым, пры чым, каля чаго. Адгэтуль разьвіваецца значэньне — з кім? з чым? (што таварышуе прадмету) і чым? (прылада дзеяньня).

1) Творны месца; ён захаваў старое значэньне руху па чым. Сувязь з месцам (прасторам) тут асабліва выразная, напр.: Ішоў лесам, дарогаю, полем. Ішла баба дубняком. Ой пайду я лугам, лугам! Пайду я долам, далінаю. Ехалі мы ў Кіеў Дняпром. Плыві ты вадою, а я за табою. Ой пайду я дарогаю, пушчу голас дуброваю. Павязьлі яе цёмнымі лясамі, шчырымі барамі, вялікімі лугамі.

Сюды належаць і нашыя прыслоўі: кудою, сюдою, тудою (як: „іду гарою“), а потым — кудэю, сюдэю, тудэю, як „тэю“, а таксама прыслоўі: куды, сюды, туды, якія становяць сабою закасьцянелыя формы творнага склону множнага ліку, як „ісьці пешкамі“.

Часта, замест „ехаць на чым“, ставіцца творны склон без прыназоўніка, напр., поплеч з такімі зваротамі, як „Едзе нехта на чацьвярыку“, кажуць: Едзе нехта шасьма коньмі, тройкаю, карэтаю, парма коньмі. А тым канём паехаў сам гаспадар. Што-ж ты зрабіў? Чым я цяпер ехаць буду?

2) Творны часу. Тут час мысьліцца падарожжу, а дзеяньне ў часе — рухам у прасторы, напр.: „А хлопец тым часам трохі прыкархнуў (заснуў). Раз золакам (чуць сьвет) пайшоў я ў лес. Ні днём, ні ноччу ня маю пакою“, але ў такіх разох скарэй скажуць: „Ні ўдзень, ні ўночы“, дзе стаіць вінавальны склон з прыназоўнікам „у“. Сходы адбываюцца панядзелкамі і пятніцамі, або „ў панядзелкі і пятніцы“. Цяперашнім сьветам ня скора такую знойдзеш. Яшчэ малым хлапчуком чуў я гэта ад свайго бацькі. Калі-ж цябе ў госьці чакаці: ці глыбокімі сьнягамі, ці зялёнымі лугамі, ці вішнёвымі садамі?“

Форму творнага склону маюць і некаторыя прыслоўі часу: тады, заўсёды, заўсягды.

3) Творна-прыладны звычайна абазначае той прадмет, якім што-небудзь робіцца, і стаіць ён толькі пры дзеясловах, напр.:
Узяць рукою, касіць касою. Што ўлетку ножкаю коп, то ўзімку ручкаю хоп. Чужая старана тугою арана, сьлёзкамі засявана, а свая старана сошкаю арана, пшонкаю засявана. Па калені ўсыпаў яго іскрыем. Зайчык маленькі, чым ты жывенькі? Я і сам дзіўлюся, чым я жыўлюся.

У вапошніх прыкладах прылада больш уяўная, разумовая.

4) Пры параўнальнай ступені ставіцца творны склон меры для абазначэньня таго, чым адзін прадмет пераважвае другі, напр.: Ён галавою вышэй за мяне. Чым скарэй, тым лепей.

5) Творны прычыны стаіць заўсёды пры дзеяслове: Мучыцца жыватом.

6) Творны адносін: Вясельле слаўна песьнямі, а хаўтуры — выямі. Узяў за гэта сто рублёў гатоўкаю.

7) Творны спосабу дзеяньня; ён стаіць пры дзеяслове ды адказвае на пытаньне „як?“ Гэты творны, у большай ці меншай меры, траціць прадметнасьць і мае значэньне прыслоўя. Прыклады:
Слатою ці сьляпіцаю лезе ў вочы. Злотам іскры скачуць. Макам прапаў. Жыве сабе дармаедам. Вы разбоем запанавалі гэтым лесам. Стаў ды думаю сабе, якім-бы гэта спосабам дастаць мёду?
З творнага спосабу дзеяньня разьвілося шмат прыслоўяў у форме творнага склону адзіночнага і множнага ліку, напр.:
Уся варта покатам сьпіць. Пусьціўся бягом. Ісьці пяшком. 3 печы кумілём зьляцеў; нагбом (нагінаючы), сілком, гвалтам, сілом, жыўцом, станьгом, нарокам, ненарокам, знарокам (знарок), стаяком, тарчаком, паражняком, ахоцьцю, нудзьдзю, пешшу, часам, часамі, украдкам, назіркам. Дык ён усё пайстком і расказаў.

Часам творны параўнаньня служыць толькі для памацненьня другога паняцьця, напр.: Ні відам ня відаць, ні слыхам ня слыхаць. Пытам пыталі. Жадом жадала.

8) Творны прэдыкатыўны (выказальны) (бач. вышэй § 22).

Да творнага прэдыкатыўнага прымыкае творны поклічу, пры якім мысьліцца што-небудзь падобнае да „стаў“, „ты зрабіўся“, напр.: Малайцом маладзіца!

9) Падобен да творнага ўласнага значэньня і той творны склон, што выражаецца йменьнікам аднаго кораню з выказьнікам-дзеяпрыметнікам, напр.:
Яго двары тынам тынены, тынам тынены да сырым дубам. Яго дворня брукам брукавана, а тынам тынавана. Ядром яно (жыта) ядраністае, сьцяблом яно сьцебялістае, каласом яно каласістае.
10) Творны пры дзеясловах „частаваць“, „віншаваць“, „дарыць“:
Віншую вас вянком, а вы мяне — мядком. Віншую Новым Годам, новым шчасьцем. Дару цябе, дачушка, хлебам-сольлю, шчасьцем і дольлю. Сустрачаю вас жытам-бытам, доўгім векам, добрым здароўем.
11) Творны пры дзеясловах „турбавацца“, „гаварыць“, „панаваць“, „вучыць“, „перадаваць“, напр.:
Ня турбуйся, мая мамка, мною, а турбуйся сама сабою. Стаў гаварыць роднаю моваю. Пабралі дзяцей у свае школы ды сталі вучыць іх чужою моваю. Пераслалі ліст Іванам. Не за тым я прышоў, каб сьветам панаваць, а затым, каб аслабаніць сьвет ад паноў.
5. Месны склон.

У стараславянскай мове месны склон мог ужывацца без прыназоўніка для абазначэньня месца і часу, а потым ён стаў ужывацца толькі з прыназоўнікамі.

Пры разглядзе дапаўненьняў розных склонаў часта сустракаліся формы з месным значэньнем, але сапраўдным прадстаўніком гэтага значэньня зьяўляецца месны склон. Ён паказваў месца, дзе знаходзіцца прадмет або дзе адбываецца тое ці іншае дзеяньне, а таксама час, калі адбываецца дзеяньне, і ўжываўся таксама ў залежнасьці ад некаторых дзеясловаў. Ёсьць прыслоўі ў форме меснага склону без прыназоўніка, як памяць аб тым, што некалі месны склон ужываўся без прыназоўнікаў, напр.: балазе, годзе, вонках, добра (з „добрэ“).

У сучаснай мове месны склон без прыназоўнікаў зусім перастаў ужывацца, а яшчэ ў старасьвецкай літаратурнай беларускай мове гэты склон без прыназоўніка сустракаецца даволі часта, напр.:
„Пасадзі яго на вялікам княжэньні Вільні (у Вільні)“. „А што той грамаце (у той грамаце) пісана“… „Таго-ж року вясьне і леце на людзі былі харобы вялікія“. „А леце вялікі жар быў“ і г. далей.

У народных песьнях часам сустракаецца форма меснага склону без прыназоўніка, напр.: Ой лесе, лесе на вярэсе (замест „ой у лесе, у лесе“).

§ 24. Дапаўненьні з прыназоўнікамі.

1. Падзел дапаўненьняў. Усе дапаўненьні можна падзяліць на простыя і сустаўныя. Калі пры дапаўненьні стаіць прыназоўнік, які зьвязвае яго з тым словам, да якога яно адносіцца, то такое дапаўненьне называецца сустаўным. (За мурам і куля ня страшна), а калі пры дапаўненьні прыназоўніка няма, то яно называецца простым (Не ўдалося забіць лося).

Што да прыназоўнікаў, то трэба ведаць, што яны ўжываюцца толькі пры дапаўненьнях; дзеля таго яны і называюцца прыназоўнікамі, бо дапаўненьнем, як мы ведаем, можа быць толькі залежны склон назоўніка, або тая часьціна мовы, што мысьліцца, як назоўнік.

2. Значэньне прыназоўнікаў. Агульнае значэньне прыназоўнікаў тое самае, што і значэньне залежных склонаў назоўнікаў: яны вызначаюць тыя ці іншыя адносіны прадмета да другога прадмета. Прыназоўнікі, агулам кажучы, адпавядаюць сваім значэньнем канчаткам (флексіям) назоўнікаў. Часта тое, што ў адных мовах выражаецца залежным склонам (зн., канчаткам), то ў іншых мовах — прыназоўнікам з залежным ад яго склонам. Мы, напрыклад, кажам: „Рым быў пабудован Ромулем і Рэмам“, а рымлянін і немец сказалі-б „быў пабудован ад Ромуля і Рэма“; расіец кажа: „это белее снега“, „темнее ночи“, „умнее меня“, а мы, беларусы (а таксама рымлянін, паляк, серб, украінец), кажам: „бялей за сьнег, „цямней за ноч“, „разумней за мяне“; мы кажам: „араць сахою“, „біць малатком“, „грызьці зубамі“, а немец скажа: „араць з сахою“, „біць з малатком“, „грызьці з зубамі“ — у немца дапаўняльны прадмет таварышуе дзейніку, г. зн., дапаўненьне стаіць у такой форме, што выражае такія адносіны да другога прадмета ці прыметы, якія можна назваць таварышаваньнем; таксама нам зручней сказаць „поэма напісана Якубам Коласам“, а паляк скажа: „напісана праз Якуба Коласа“. Наадварот, мы цяпер кажам: „ісьці з братам, з жонкай“, а даўней казалі: „ісьці братам, жонкаю, суседам“; мы цяпер кажам: „у гумне, у горадзе, у Вільні“, а даўней гаварылася проста, без прыназоўніка „у“: гумне, горадзе, Вільні.

Як бачым з гэтых прыкладаў, паміж асобнымі прыназоўнікамі і асобнымі склонамі ёсьць нават простая адпаведнасьць у значэньнях. Пры гэтым, кожны прыназоўнік, як і кожны склон, мае звычайна па некалькі значэньняў, якія разьвіліся гістарычна адно з другога і выводзяцца з аднаго даўнейшага значэньня. Напрыклад, прыназоўнік „за“ з творным склонам можа абазначаць і прасторавыя (месныя) адносіны паміж прадметамі („хата за гарою“), часоўныя („за пагоду ўправіліся“, „гэта было за паншчыну“), прычынныя („пасварыліся за ножык“) і іншыя адносіны. Або возьмем яшчэ прыназоўнік „ад“: ад хаты да гумна, вечка ад скрынкі, заплакаў ад болю, памёр ад сухот, уцёк ад нас, сьляпы ад роду, бараніцца ад ваўкоў, гарачэй ад агню і г. далей.

Даўнейшым значэньнем прыназоўнікаў зьяўляецца бадай што заўсёды прасторавае, меснае значэньне, г. зн. прадметнае, а не разумовае, а потым цесна зьвязанае з ім значэньне часоўнае. Так, напрыклад, даўнейшае значэньне прыназоўніка „за“ з творным склонам выяўляецца ў злучэньнях: „жыць за гарой“, „поле за хатаю“, „крок за крокам“ і г. далей. З апошняга злучэньня лёгка зразумець, як прасторавая сувязь пераходзіць у часоўную: „крок за крокам“ можна разумець і месна („крок за крокам па пятах“) і часоўна („крок за крокам бязупынна“). Адгэтуль ужо чыста часоўныя злучэньні: „дзень за днём“, „год за годам“. Далей, часта прадмет, за якім стаіш, замінае бачыць і чуць, і такое злучэньне, як „за кустамі нічога ня відно“, стала мысьліцца ў значэньні перашкоды, а перашкода — прычынай; адгэтуль прыназоўнік „за“ набраў значэньня прычыннасьці: „За туманам сьвету ня відно“. „За лозамі, за бярозамі рута-мята ня ўсходзіць“. „Паспорылі за мех, пасварыліся за дзеці“. Потым, дзеля таго што прадмет, за якім ідзеш, часта бывае пажаданым („бегчы за зайцам“, „гнацца за ворагам“), то прыназоўнік „за“ стаў ужывацца для выражэньня цэлі, напр., парасійску: „послать за доктором, за водой“, панашаму — „па доктара, па воду“. Часта прадмет, за якім стаіш, дае хованку, абарону („хавацца за сьцяну, за агарожу“); адгэтуль магло вытварыцца такое злучэньне прыназоўніка „за“ з залежным склонам, як: „пайсьці замуж, быць замужам“ (на пачатку=за мужам), адгэтуль і прыказка: „За добрым мужам і чулінда жана, а за благім і князёўна раба“; параўнуйце гэту прыказку з такою: „За мурам і куля ня страшна“.

З гэтых прыкладаў відаць, як паступова і падсьвядома з прасторавага значэньня вытвараецца ў мове разумовае паняцьце. Часам прасторавае значэньне прыназоўніка зусім траціцца, а застаецца толькі разумовае. Напрыклад, прыназоўнік „аб (а)“ з месным склонам („выцяць аб стол, аб пень“, „думаць аб сабе“) і прыназоўнік „пра“ („гаварыць пра вайну“) ня маюць цяпер зусім прасторавага значэньня. У такіх выпадках пачатковае значэньне выкрываецца параўнаньнем з роднымі, блізкімі паміж сабою мовамі, асабліва даўнейшымі. Напрыклад, у царк.-славянскай мове чытаем: „сущим в Іудеи о христе Ісуce“, г. зн. быўшым навокала хрыста, акаляўшым хрыста; „и седаше о нем народ“ — навокала яго.

Разглядаючы дапаўненьні простыя, г. зн. без прыназоўнікаў (§ 23), мы бачылі, а) што часта першапачатковае (звычайна прасторавае, матэрыяльнае або часоўнае) значэньне склонаў аслабляецца, або, так сказаць, выветрываецца, і з гэтае прычыны склон траціць сваю здольнасьць выражаць тыя адносіны, для якіх раней служыў; асабліва гэтая страта выразна выступае ў значэньні меснага склону, які цяпер зусім ня ўжываецца без прыназоўніка; б) потым мы бачылі, што склон без прыназоўніка ў сучасным стане ня можа ўжо дакладна выражаць усіх разьвітых адценьняў з свайго асноўнага значэньня, дзеля чаго вынікла патрэба прыстаўляць да тых ці іншых склонаў розныя прыназоўнікі або ставіць такія склоны залежнасьць ад дзеясловаў з прыстаўкамі, бо прыстаўкі ў пераважнай большасьці зьяўляюцца тымі самымі прыназоўнікамі. Такім парадкам вытвараюцца сустаўныя дапаўненьні, або дапаўненьні з прыназоўнікамі.

Трэба яшчэ дадаць, што некаторыя прыназоўнікі, што разьвіліся з прыслоўяў, а ў пазьнейшы час і з іменьнікаў, выражаюць ня толькі тыя ці іншыя адносіны паміж прадметамі ці прыметамі прадметаў, але і самі па сабе абазначаюць нешта матэрыяльнае, напр.: каля мліну, дзеля мяне, край дарогі, канцы сяла, паканец стала, зрабіць паканец рук.

Дзеля гэтага прыназоўнікі можна падзяліць на прыназоўнікі сапраўдныя, што маюць чыста формальнае значэньне, як канчаткі, каб выразіць граматычныя адносіны паміж пэўнымі часьцінамі сказу, як, напр., у, з, за, на, над, пад, без, да, к і іншыя, і прыназоўнікі-прыслоўі (замест, напроціў, проці, скрозь, сярод, пасярод, каля, дзеля, між і іншыя), якія больш выразна і наглядна вызначаюць адносіны паміж часьцінамі сказу. Некаторыя з-паміж такіх прыназоўнікаў-прыслоўяў могуць і незалежна служыць паясьненьнем дзеяслова, без залежнага ад іх слова-дапаўненьня. Але трэба сказаць, што і некаторыя прыназоўнікі-прыслоўі пасьпелі ўжо выветрыцца, страціць свой матэрыяльны зьмест ды нават паскарочвалі сваю форму (ля=для). Ёсьць і такія прыслоўі, што на нашых вачох становяцца прыназоўнікамі, напр.: „міма“ („Міма хмурынка прашла“ і — „Міма рота не пранясеш“; у першым прыкладзе „міма“ — прыслоўе, а ў другім — прыназоўнік, бо кіруе словам „рота“).

3. Пахаджэньне прыназоўнікаў і прыслоўяў. Аб пачатковасьці прасторавага значэньня сьведчыць і пахаджэньне прыназоўнікаў; тыя прыназоўнікі, пахаджэньне якіх удалося дасьледзіць, становяць сабою залежныя склоны назоўнікаў іменных, што страцілі сваю назоўнасьць і скланеньне, і якія мелі прасторавае, матэрыяльнае значэньне. Напрыклад, прыназоўнік „між“ (даўней „межы“) — закасьцянелы склон назоўніка мяжа (ц.-слав. „межда“, парасійску „между“); „сярод“ — ад назоўніка іменнага „сярэдзіна“.

Часам з усіх склонаў назоўніка йменнага застаецца толькі адзін склон аднаго ліку, і тады ўжо, разумеецца, ні склон, ні лік ня мысьляцца, і слова робіцца бясформеным, бо форма можа мысьліцца толькі пры параўнаньні з сумежнымі формамі. Такія, напрыклад, прыслоўі, як „пяшком“, „сілком“, „кумілём“ зьяўляюцца акасьцянелымі формамі творнага склону адзін. л. ад забытых цяпер іменьнікаў: „пяшок“, „сілок“, „куміль“.

4. Значэньне сустаўных дапаўненьняў. Значэньне сустаўнога дапаўненьня складаецца з значэньня прыназоўніка і значэньня склону назоўніка йменнага. Звычайна прыназоўнік дакладней, сьцісьлей выражае даныя адносіны. Напрыклад, у злучэньнях „выйсьці з вады“, „далёка ад вады“, „астацца без вады“ родны склон „вады“ ўсюды аднолькава абазначае адлучэньне ад прадмета, а прыназоўнікі паказваюць, як і чаму адбываецца гэтае адлучэньне, дакладней — выражаюць гэта адлучэньне. Таксама ў злучэньнях: „у вадзе“, „на вадзе“, „пры вадзе“ месны склон слова „вада“ — „вадзе“ ўсюды паказвае, што вада блізка да прадмета, а прыназоўнікі сьцісьлей выражаюць гэта. З другога боку, склон часткаю агранічвае значэньне прыназоўніка. Гэта бывае ў тых разох, калі адзін і той самы прыназоўнік патрабуе некалькіх склонаў. Прыназоўнік „у“, напрыклад, мае аднолькавае значэньне пры вінавальным і месным склоне („у воду“, „у вадзе“); у вабодвух склонах ён паказвае на адно і тое самае прасторавае (меснае) значэньне (адзін прадмет у сярэдзіне другога), склоны сьціслей перадаюць гэтае значэньне: вінавальны склон паказвае на рух аднаго прадмета ў другі („у воду“), а месны склон — на палажэньне аднаго прадмета ў другім („у вадзе“).

Разам прыназоўнік і склон вытвараюць аканчальнае значэньне дапаўненьня: рух да прадмета+значэньне прыназоўніка „у“ дае рух у сярэдзіну прадмета, а палажэньне каля прадмета+значэньне прыназоўніка „у“ дае палажэньне ў сярэдзіне прадмета.

5. Агульная ўвага да прыназоўнікаў. 1) Кароткія прыназоўнікі часам могуць падвойвацца, напр.: ні ў вошта=„ні ўво што“, ува ўсіх людзей.

2) Часам злучаюцца два розных прыназоўнікі, прычым, склонам кіруе першы, напр.: па-во (Па вошта, воўча, ідзеш?), з-за (выскачыў з-за кустоў), з-пад (крыніца цякла з-пад каменя, выпаўз з-пад дзерава), па-над: тут склонам кіруе другі „над“ (па-над хатай, ляцеў воран па-над морам), па-уз=паўз (езьдзілі паўз карчмы, паўз хаты), па-пад (бегалі па-пад воканьню).

3) У старасьвецкай літаратурнай мове, а часам і ў сучаснай, сустракаецца паўтарэньне прыназоўніка перад іменьнікам, перад прыдаткам да яго і перад азначэньнем.

Прыклады з старасьвецкае мовы: Дашлі да ракі да Шумы; утапіці ў рацэ ў Дзьвіне; паехаў да Луцку да вялікага; у князя ў Дзьмітрыя; князі рускія і баяра пасадзіша князя Швітрыгайлу на вялікае княжэньне на рускае.

Прыклады з сучаснай мовы: Надаела яму сядзець на суччу на тым; ухапіўся ён за свайго за добрага каня ды скарэй да дому.

4) Калі некалькі слоў павінны залежаць ад аднаго прыназоўніка, то такі прыназоўнік даўней часта ставіўся перад кожным словам (цяпер так не гавораць), напр.:
„А за вялікага князя Альгерда, і за Карыята, і за Патрыкія, і за іх сыны мы шлюбуем (прысягаем) мір дзяржаці вельмі цьвёрда“.

5) У якасьці прыназоўнікаў найчасьцей ужываюцца наступныя словы:

a) З родным склонам: ад, абапал, апроч (апрача), акром (акрамя), без, для, дзеля, да, з, за, замест (заместа), каля, наканец, край, між, міма; навокала (вакол, навакал), паводле, прамеж, проці, напроці, скрозь, у, сярод, пасярод і іншыя.

б) З давальным склонам: к.

в) З вінавальным склонам: аб (а), без, з, за, на, над, па, пад, пра, праз, скрозь, цераз, у і іншыя.

г) 3 прыладным склонам: з, за, над, перад, прад, пад і іншыя.

д) З месным склонам: аб (а), на, па, пры, у.

Ёсьць некалькі прыназоўнікаў, што злучаюцца з двума склонамі (у сьцяне і ў сьцяну, на стале і на стол, аб пне і аб пень, за сьцяною і за сьцяну, пад сталом і пад стол), і ёсьць два прыназоўнікі — „з“ і „па“, якія злучаюцца з трыма склонамі, напр.: вярнуўся з работы, схадзіць з гары, з сахою, з бараною, з хлебам, з дом увелькі; ісьці па пяску, па лузе, па беразе, па дарозе; плакаць па сыну, па бацьку, па матцы, але тут толькі форма давальнага склону, а на дзеле гэта месны склон, бо — „плакаць па сынох“, паслаць па доктара, пайсьці па воду.

Такім парадкам, прыназоўнікі за, пад і некаторыя іншыя могуць стаяць пры вінавальным і творным склонах: селі за стол, сядзелі за сталом; палажылі пад стол, пад сталом.

Прыназоўнікі аб, на, у могуць стаяць пры вінавальным і месным склонах, напр.: у лес, у лесе, аб стол, аб стале, на стол, на стале.

Прыназоўнікі з, па стаяць першы („з“) з родным, вінавальным і творным (вярнуўся з работы, сабака увелькі з воўка, жыве з сястрою), а другі — „па“ стаіць пры вінавальным і месным (пайсьці па воду, паслаць па доктара; пайсьці па коні, па гусі; плакаць па матцы, па бацьку, па сыну, па куму; хадзіць па лузе, па беразе, па хаце, па полі).

6. Ужываньне прыназоўніка (Дапаўненьні з прыназоўнікамі). Гаворачы аб ужываньні прыназоўнікаў, трэба разумець, што такім спосабам выясьняецца значэньне сустаўных дапаўненьняў, г. зн. залежных склонаў з прыназоўнікамі.

1. аб (а) злучаецца 1) з вінавальным і 2) з месным склонам. Розьніцы ў значэньні „аб“ і „а“ няма, толькі „аб“ часьцей ужываецца.

1) З вінавальным склонам „аб“ — „а“ ставіцца для паказаньня на сумежнасьць, на мяжу або граніцу дзеяньня; у пераносным значэньні ўжываецца для абазначэньня прычыны, спосабу дзеяньня і цэлі.

а) выражэньне прадмета гутаркі, разгавору: Збаяў байку аб лася — вот і байка ўся. Расказаў яму аб сваё дзела. Пад сакрэтам расказаў ёй аб сакала. Пытае аб сваю згубу. Падышлі да нас ды зноў аб дарогу пытаюць. Дбае аб чужое шчасьце.

б) выражэньне прычыны, спосабу дзеяньня: Ішло ў іх аб некую рэч. Запрысягаўся аб гэтую рэч. Аб што ты прышоў? Аб адно сэрца баліць. Аб раз зьбегаю (зн., у мамэнт зьбегаю). Ня сходзяцца аб цану (і „аб цане“).

в) выражэньне часу: Аб ноч вярнуўся дадому. А тры дні вярнуўся. Мруць людзі з голаду, бы аб восень мухі.

г) выражэньне граніцы, або мяжы, ці сумежнасьці дзеяньня: Ці саву аб пень, ці пень аб саву — усё саве баліць. Б‘ецца, як рыба аб лёд. Палец аб палец ня вытне.

д) пры займеньніку „што“ часта ставіцца складаны прыназоўнік „абво“, прычым, „во“ пішацца зьлітна з „што“, напр.: Аб вошта ты выцяўся? Аб вошта тут спорка? Тады дагадаўся ён, аб вошта ў іх гутарка ішла.

Пад націскам „аб“ знаходзім у форме „воб“, як прыстаўку: кінуць вобземлю, пазнаў на вобмацак, вобмацкам.

2) З месным склонам прыназоўнік „аб (а)“ злучаецца ў значэньні кругом або навокала чаго, але ў прасторавым значэньні цяпер ня ўжываецца. У пераносным значэньні ставіцца:

а) для выражэньня часу: Пачатак а шостай гадзіне. Прачнулася мачыха аб поўначы. Вярнуўся а поўначы. Заўтра аб гэтай пары. Жджы мяне, маці, аб зялёным сьвяце (г. зн., каля Сёмухі). Аб Пятры на Дняпры дунай(=вада) замёрз. Аб ночы пайшоў дождж. Увесь дзень працавалі, а аб ночы сапачывалі.

б) для абазначэньня прадмета мовы, разгавору: Баязьлівага і думка аб воўку палохае. Раскажы там аба мне, аб нас. Аб чым тут уздумаць, каб расказаць? А той ня ведаў аб гэтым зладзействе. Расказаў яму аб вельмі разумным хлопцу. Пагаварым а прыгодзе. Не, чалавечку, не аб тым цябе пытаю. Казка аб рыцару, аб мярцу. А пустаце гаворым. Песьня аб вясьне. Лес! аб чым шумяць вяршыны? (Я. Кол.). Не аб шумна-разгульнай бяседзе-вясельлі, не аб славе забытага краю гэту песьню сягоньня складаю (Я.Куп.).

в) спосаб дзеяньня: Аб тым я піла і ела (гэтым я і жыла). Той даў яму грошай і аб тым разышліся. А той спаў і а белым сьвеце нічога ня ведаў.

г) да меснага склону з прыназоўнікам „аб“ належаць і такія звароты: радавацца або тужыць аб кім ці аб чым.

д) Пры слове „мне“ прыназоўнік „аб“ заўсёды стаіць у форме „аба“ — з інфіксам „а“, каб разьбіць зьбег трох зычных: аба мне замест „аб мне“. У песьнях, дзеля складу, можа быць „а“: а мне.

2. абапал. Гэтае прыслоўе, вытваранае з вінавальнага склону назоўнікаў „оба полы“, ужываецца, як прыназоўнік, з родным склонам: Абапал мосту дзераўём высаджана. Пасталі абапал яго. Абапал рэчкі, абапал дарогі.

Калі-ж сказаць: „узяў яго абапал“ (упоперак), то тут „абапал“ будзе прыслоўе. Адгэтуль прыслоўе „абапольна“ (сумесна, папалам): „Абапольна трымаюць землю“, і прыметнік „абапольны“: „То наша абапольнае дзяржаньне“.

3. ад. Стаіць заўсёды пры родным склоне; у злучэньні з іменьнікам азначае выхадны пункт, ад якога пачынаецца дзеяньне ці стан; сюды належаць і звароты ў мове пасьля выражэньня аддаленьня, вызваленьня ці выхаду. Такім выхадным пунктам можа быць і час, і асоба пры дзеясловах залежнага значэньня; выхадны пункт можа быць разам з тым і прычынаю пэўнага дзеяньня.

а) Выхадны пункт: Ад зямлі адарваўся, а да неба не дабраўся. Чытаць ад канца да канца. Ад сяла да рэчкі тры вярсты. Ад дошкі да дошкі, а ў сярэдзіне ні крошкі. Ад шыла к тапару. Кожны горне не ад сябе, а к сабе.

б) Пасьля дзеясловаў і зваротаў, што выражаюць аддаленьне (адыходак), вызваленьне ці што падобнае: Стань воддаль ад агню. Ледзьве абараніўся ад ваўкоў. Збаў нас ад спакусы і ад усяго благога. Багатага не распазнаеш ад тараватага. Ад роднага таткі прыемны і латкі.

в) У сувязі з выражэньнем аддаленьня знаходзіцца і параўнальная ступень: багатшы ці багацейшы ад усіх (за ўсіх), яго ручанькі гарачэй ад агню (за агонь).

г) У старасьвецкай мове „ад“ ужываўся для абазначэньня пахаджэньня: „Гасподзь ад Сіона“; заместа „ад“ цяпер ставіцца „з“: Ён родам з Паласьні.

д) Выхадным пунктам можа быць час: Ад лецечка да лецечка чакай, маё дзецечка.

е) асоба: Кума ад кума бяз вума. Дзе тут ёсьць наш зяць, ад долі суджоны, ад людзей намаўлёны?

ж) абазначэньне прычыны: Аж пабялеў ад страху. Ад баязьні мала прыязьні. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. Ад напасьці не прапасьці. Ад ліха ціха, але і дабра ня чуваць. Ад сьмерці няма зельля. Ад сварак не баліць карак. Ад сьмерці захацелася (вельмі захацелася). Ад ціха ўсё ліха. Ад пачыну залежыць дзела. Далі зельля ад пахмельля. Грошы круглы, ад таго і коткі. Ад таго мы пагалелі, што соладка пілі, елі;

з) спосаб дзеяньня: А той ад слова даў яму сто рублёў за вала.

i) Прыназоўнік „ад“ у якасьці прыстаўкі знаходзім у такіх прыслоўях з адыходным значэньнем: адкуль, адтуль (Адкуль дым, адтуль і полымя); і іншыя словы з прыстаўкаю „ад“ маюць адыходнае значэньне: адвага (Адвага або мёд п‘е, або кайданы трэ), адклад (Адклад ня йдзе ў лад), адказ (Адказ, як шыла), аддаць, адчапіцца.

к) Прыстаўка „ад“ пад націскам прымае від „вод“: воддаль, воддалек (стань воддаль, воддалек стаў).

4. апроч, апрача, акром, акрамя. Гэтыя прыназоўнікі з прыслоўяў стаяць пры родным склоне і азначаюць адлучэньне, асобнасьць, напр.: Апроч мяне, апрача таго; акром цябе нікога тут ня было.

5. без. Гэты прыназоўнік злучаецца з родным склонам адлучальным і звычайна абазначае адлучэньне ад чаго-небудзь, напр.: Дочкі пакідаюць матку без сарочкі. Знайшоў бот без падашоў. Без языка, а мудра гаворыць. Няма роду бяз выроду. Без запасу ані часу. Без праводу войска гібне.

Тое самае значэньне мае і прыстаўка „без“; безбаронна (безбаронная сірата), бязбронна (Ляжачага ня б‘юць, а бязброннага не сякуць), бязьвінна церпім, бязводзьдзе (на бязводзьдзі жывём), бязвызвалу служыць, бязгодзьдзе на дварэ, бяздольле, бяздоньне, бязэцна жыве (ад „цнота“), бяскарна, бязвокі, бясквотна (бяз процанта), бязьлецьце і іншыя.

6. вобак, вобач. Гэтыя прыназоўнікі-прыслоўі вытвараны з іменьніка „бок“ і прыназоўніка „а“ (з „аб“) пад націскам з прыдыханьнем „во“. Ёсьць слова ад „бок“ з прыстаўкаю „уз“: на ўзбоччы жыве.

Стаяць яны з родным склонам: Сядзь вобак мяне! Дарога вобак поля. Вобач рэчкі, лесу. „Вобач“ стаіць толькі пры названьнях няжывых прадметаў.

„Вобак“ — прыслоўе: Едзь вобак! Што вобак, то і прыяцель.

7. для, дзеля. Гэтыя два розных пахаджэньнем прыназоўнікі злучаюцца з родным склонам, найчасьцей для азначэньня мэты дзеяньня на чыю-небудзь карысьць або шкоду, прычым „дзеля“ выражае больш прычыннасьць з значэньнем ц.-славянскага „радзі“; „для“ можа скарачацца ў „ля“. Напрыклад:
a) "дзеля" (ц.-слав. „радзі“): Дзеля дружбы цыган павесіўся. Дзеля таго вуланчыкі, каб замыкаліся чуланчыкі. Я гэта ведаў, дзеля таго і не пайшоў. Для сораму дзеля (тут абодва прыназоўнікі злучаны разам). Дзеля свайго ўсё зробіш. Дзеля цябе толькі раблю гэта. Паканец столу настаялася, усім піцюхны надавалася: і старому, і малому, i роўнаму, і няроўнаму; старому дзеля старасьці, малому дзеля маласьці, роўнаму дзеля роўнасьці.
б) „Для“, „ля“:
Для друга няма круга. З таго сэрца (са злосьці) зельле варыла не для друга, не для мілага, а для брата ля радзімага. Дай нам, браце, чырван злоты, бо мы жалі для ахвоты. Нарэзала многа курэй і гусей ля сваіх ля любых гасьцей. Можна скора дагадацца, што для каго міла. Гэта кветка не для твайго носу.

8. Да. Гэты прыназоўнік часта ўжываецца замест „к“ і „у“. Ён абазначае граніцу, мяжу, да якой даходзіць дзеяньне ў прасторы ці ў часе; пасьля „да“ стаіць звычайна родны склон.

1) У прасторавым значэньні: Прыдзе коза да воза. Абы дзень прайшоў ды да нас дайшоў. Прыду да вас, да цябе. Да бацьвінкі палажы саланінкі. Ляцелі журавы да дубу — час табе, Марылька, да шлюбу! Хадзіла да броду па воду.

2). Для абазначэньня часу: Чакай да вясны, да лета. Да пары збан воду носіць. Гулялі да сьвету.

3) Для выражэньня спосабу дзеяньня, мэты: Ня войтава дачка, а дарэчы гаворыць. Калі вы нам рады, то і мы к вам да парады. Падаю да ножак і прашу да сьлёзак.

4) Для паказаньня адносін да каго ці да чаго: Што маеш да мяне? Як ты да мяне, так і я да цябе. Піць да каго, зварачацца з просьбай да каго. Ён да конікаў канюх. Што-ж вам, гусанькі, да таго, ёсьць у мяне войчанька для таго. Да работанькі ня меў ахвотанькі.

5) Часам „да“ стаіць замест „у“ з значэньнем руху ў сярэдзіну чаго-небудзь на пытаньне „куды?“. Напр.: Пайшоў да пакояў. Наш стог пайшоў да неба сьвечкаю (згарэў).

9. з. Гэты прыназоўнік вытварыўся з „із“ і фонэтычна супаў з другім прыназоўнікам „з“ (=ц.-слав. „с“), і мае падвойнае значэньне.

з=із. Злучаецца з родным склонам ды паказвае на рух з сярэдзіны чаго-небудзь або выхадны пункт пэўнага дзеяньня. Ён можа злучацца з другімі прыназоўнікамі, вытвараючы складаны прыназоўнік, але склонам кіруе заўсёды першы „з“: Ісьці з дому, з гораду, з лесу, з поля.
Цячэ рэчка невялічка з вішнёвага саду. Прыляцелі гусі з Белае Русі. З гразі ды ў князі. З песьні слова ня выкінеш. Работнік ты, як я бачу, ня з горшых. Вада цякла з-пад каменя. З-пад зялёнага дуба, выпаўз з-пад дзерава. Мая мамачка, што-ж табе лягчэй: ці малую было хаваць, ці цяпер з улоньня аддаваць? З-пад гаю зялёнага, з-пад вішаньня чырвонага не саколік вылятае — сівы конік выбягае. Ехала Ганулька з-пад вянца, сеяла расаду з рукаўца; Ішла дзеванька з-за стольля, сыпала руту з прыпольля.

Прыназоўнік „з“ уваходзіць у склад прыслоўя-прыназоўніка „спаміж“ (Спаміж нас адзін няхай пойдзе) і прыслоўя „сьціха“ (Сьціха, баяры, хадзеце, харом не вярнеце!).

з=с. Гэты прыназоўнік злучаецца з родным, вінавальным і творным склонам. Ён вытварыўся з стараславянскага прыназоўніка „с“ і можа прымаць від „із-іс“, і гэтым зусім прыпадобніўся да папярэдняга прыназоўніка, напр.:
Аддам табе коніка із сядлом, — вярні маю сястрыцу із вянцом. Наша курачка-злотапюрачка із хахлом. Галовачку ісхіліў, із суботы на нядзелю.

Таксама прыназоўнік „з=із“ можа прымаць поўны від, напр.: Із-пад Слуцка, із-пад Клецка едзе служба маладзецка.

Але гэта бывае толькі ў песьнях дзеля складу, а звычайна ўжываецца „з“.

1) З родным склонам прыназоўнік „з“ выражае:

а) Рух зьверху чаго-небудзь і мае меснае значэньне, напр.: На гару чацьвёра цягнуць, а з гары адзін сапхне. Проста з моста ў вір галавою. З плеч ды ў печ. Зышліся з розных краін. Хлопча, малойча, паганяй барджэй каня з айцоўскага двара! І там яна з воч схавалася.

б) час: З маленства трэба прывучацца да работы. З роду радоў ня быў я там.
в) У пераносным значэньні „з“ пры родным склоне выражае прычыну, спосаб дзеяньня ці нешта падобнае, напр.:
З роспачы і ў агонь кінешся. З вялікага грому часам малы дождж бывае. З брахні ня мруць, а ім веры ня ймуць. Худы з твару. З граша жывём. З няўцерпу закрычаў. Гэта яму з пераляку здалося. Дабра з таго мала. З тае прычыны… А прашу цябе з павагі, каб ня было майму дзіцяці зьнявагі. Ці то стала з твае волі, ці з няшчаснай мае долі, што жыву я на пустыні, трачу леты бяз дружыны?
Сюды трэба аднесьці родны склон з прыназоўнікам „з“ пасьля слоў: „радавацца з чаго“, „сьмяяцца з каго“, „зьдзеквацца“, „дзівіцца“; і тут родны склон з гэтым прыназоўнікам таксама паказвае на прычыну, якая выклікала пэўны душэўны стан, напр.:
Дзеці зьдзекваліся, сьмяяліся з яго. Уцеху меў сабе з таго. Глядзі, сынок, вучыся, каб я і маці цешыліся з цябе. Учора сьмяяўся з людзей, а сёньні сам тое робіш. З каго кпіла, сьмяялася, таму сама папалася. А дурань радаваўся з гэтага. Пасьмяяўся кацёл з гаршка, што абое чорныя.

Парасійску пасьля „сьмяяцца“ ці „зьдзеквацца“ ставіцца творны склон з прыназоўнікам „над“, напр.: Смеяться над нім. Издеваться над кем.

2. З вінавальным склонам прыназоўнік „з“ ужываецца для параўнаньня, напр.:
Сам худ, а галава з пуд. Вочы па яблыку, а галава з арэх. З вярсту ішоў. Ядро з вядро, снапок з піражок, а зернятка з арашок. З сядзячага сабаку вырас. Сам з кокаць, барада з локаць.
3. 3 творным склонам „з“ абазначае прабываньне або дзеяньне з кім-небудзь у звычайным і пераносным сэнсе, напр.:
З ваўкамі жыць — павоўчу выць. З кім спазнаешся, такім сам станешся. Дурань з дурнем схадзіліся ды адзін на аднаго дзівіліся. З разумным пагаварыць — розуму набярэшся, а з дурным — апошні страціш. З касою пагоды ня ждуць. З гразёю зьмяшаў. З усякім паўсякаму і гавары. Бяжы, мой косю, усё рысьсюк к майму татухну з карысьцю, к маёй матухне з радасьцю.
Асабліва творны склон з прыназоўнікам „з“ любіць стаяць пасьля дзеясловаў узаемнага значэньня: сябраваць, дружыць, сватацца, жаніцца і шмат іншых, напр.:
Ажаніўся стары з маладою. Пасватаўся з дзеўкаю паланянкай. Ажаніўся з другою жонкаю. Зьвіўся хмель з тычынаю.

Парасійску пасьля „жаніцца“ ставіцца месны склон з прыназоўнікам „на“: Женился на его сестре.

4. Прыназоўнік „з“ перад злучэньнем некалькіх зычных у наступным слове, перад якім ён стаіць, прымае да сябе гук „а“ ды абарачаецца ў „са“, пад націскам „со“, напр.: са страху, са мною, сопалаху, сосьмеху, сосну, састарыцца, саступаць (Паціхеньку саступай, саступі ўніз), саткаць, сатнуць (Галаву сатнуць (сьцяць) дам, калі гэта праўда. Галаву яму сатні — ён ня прызнаецца), сапраўды, сашчыкнуць кветку, сапсаваць і г. д.

Прыслоўі ў форме рознага склону з прыназоўнікам „з“: збоку, скраю, змоладу, знасілу, спраста і інш.

10. за. Асноўнае значэньне гэтага прыназоўніка — рух назад чаго-небудзь або прабываньне ззаду чаго-нібудзь ці рух за кім ці чым-нібудзь. У першым значэньні ён ужываецца з вінавальным склонам, а ў другім і трэцім — з творным склонам. Значыць, прыназоўнік „за“ можа стаяць пры вінавальным і творным склоне.

1. Пры вінавальным і творным склоне для абазначэньня месца: а) куды накірована дзеяньне: За пояс заткнуць. Паселі за стол. За губы ды ў рот; б) дзе адбываецца дзеяньне: За морам цялушка палушка. За мухай не зганяешся з абухам. Ішоў сьледам за мною. За баляваньнем ходзіць галадаваньне.

2. У пераносным сэнсе з вінавальным склонам прасторавае значэньне знаходзім у такіх разох: а) выходзіць замуж за каго, быць замужам за кім. Яна была замужам за маім братам; б) пры параўнальнай ступені заместа роднага аддаленьня: дужэйшы за мяне, старэйшы за яго, разумнейшы за іх усіх. Тыгра трошкі менш за лева. Няма зьвера дужэйшага за лева. Ня горш за цябе; в) для выражэньня зьмены ў стане прадмета, погляду на што-небудзь: „Зрабілі балвана ды за бога яго мелі. За панібрата з ім абыходзіўся. Каб ня была паветка за хатку, каб ня была суседка за матку; г) для выражэньня спосабу дзеяньня, на пытаньне „як?“, і прычыны — вінавальны склон:
І за шчэпку знойдзеш прычэпку. За праўду стаіць. За вочы гавары, што хош. За грош піва, а на ўсё сяло дзіва. За акцыдэнцыі бывае часам ліска без хваста ( акцыдэцыя — пабочны прыбытак, узятка). За маё жыта ды мяне і пабіта.
д) для абазначэньня асобы або прадмета, на карысьць або на шкоду якога што-небудзь робіцца, вінавальны склон:
Прасіць за свайго брата. За сваю сілу, што ў рот насіла (жартаблівы адказ на падзяку за пачастунак). За добрае злым заплата. За свой грош усюды харош.
3) Абазначэньне часу звычайна выражаецца вінавальным або творным склонам, напр.:
Гэта было яшчэ за прыгон, за паншчыну. За пагоду трэба ўправіцца з сенам. За царом Мікалаем 25 год служылі. За гадзіну вярнуся. За караля Саса было хлеба і мяса, а настаў Панятоўскі, стаў хлеб не такоўскі. За цара Мікалая служылі 25 год. За жыцьце яшчэ зрабіў яго гаспадаром. Здаровы бывайце, за год нас чакайце!
4) Абазначэньне прычыны выражаецца творным і вінавальным склонам, напр.:
а) За дурною галавою нагам няма пакою. За вачыма сьвету ня бачыць. За рукамі ня відаць. За чужымі і сваіх ня відно. Ой за лозамі, за бярозамі рута-мята ня ўсходзіць! За вялікаю валною на вадзе ня мог дастацца на бераг. За парадаю свайго брата вярнуўся дадому.
б) Паспорылі за мех, а ў мяху сьмех. Адзін толькі раз пасварыліся хлопцы, і пасварыліся за глупства — за ножык-цыганчык. За абмылку ня плацяць. За посул гневу няма. За пераборы лапці ды аборы (хто часта мяняе службу). За лычка рамушком плаціцца.
Пры выражэньні прычыны можа быць вінавальны склон у форме роднага, калі прычынай зьяўляецца асоба, чалавек:
Пасварыліся за дзяўчат. За дзетак маткі, а за матак таткі.

5) Пры дзеяслове „купіць“ таксама стаіць вінавальны склон, напр.: За пяць пальцаў купіў. За што купіў, за то і прадаў.

6) Прыназоўнік „за“ ўваходзіць у склад прыслоўяў „замест“, „заместа“, „заміж“, якія ў сваю чаргу могуць быць прыназоўнікамі (замест яго паслалі мяне) і такіх прыслоўяў, як занадта (занадта вялік), за́нава (за̀нава стаў рабіць), запасьліва (запасьліва жыве), запозна (запозна прыехаў), зараз, заразом (адначасна: Усе заразом выехалі), зара́на (зара̀на яшчэ ехаць, зара̀на яшчэ табе жаніцца), зароўна (усіх сароўна дзеляць), за́сап (за̀сап выпіў, г. зн., не зьмяняючы дыханьня), заўтра — узаўтра (заўтра аб гэтай пары), заўчора, пазаўчора, пазаўтра, залетась, пазалетась і іншыя.

11. к. Гэты прыназоўнік часта падмяняецца прыназоўнікам „да“, стаіць заўсёды пры давальным склоне ды абазначае такі прадмет ці стан, да якога накіравана дзеяньне. Часам гэты прыназоўнік бывае як-бы лішнім, бо рух да чаго-небудзь можа быць выражан давальным карысьці або шкоды. (Дзеля дачкі я двару вярнуся, дзеля сына я двару не вярнуся).

Прыназоўнік „к“ перад словам мне прымае да сябе гук „а“: ка мне прышоў.

1) Абазначэньне кірунку дзеяньня, час або цэль:
а) Прывязьлі к вялікаму сялу, к багатаму двару. Мы будзем к вам заўтра. Кукавала зязюля ў садочку, прыклаўшы галоўку к лісточку. Ляцелі каршуны цераз бор, а селі каршуны к нам на двор. К сьцяне гарох не прыстае. К нашаму берагу нічога добрага ня прыстане. Сястра к брату ў госьці ехала. Брат к сястры ліст па лісту піша. Наехалі к нам госьці. Зьбірайся род к роду. Прывязаў коніка к плоту.
6)
К старасьці дзьве радасьці. К поўдню стала хмурыцца. Чакалі яго к калядам, к сьвяту.
в) Яна шые, вышывае і к вясельлейку сьпяшае; яна шые і гаптуе ды к вясельлейку гатуе. Куды ты к ліху сарочку пашыла!

У некаторых разох на месцы „к“ можа стаяць „да“ з аднолькавым значэньнем, напр.: Прывязаў каня к плоту — да плоту. Паклікаў да сябе (к сабе) на параду.

Пры азначэньні часу заўсёды стаіць „к“: к сьвяту, к поўдню.

12. каля. Гэты прыназоўнік вытварыўся з іменьніка „кола“ ў вінавальным склоне. Як пасьля назоўніка йменнага, пры ім заўсёды стаіць родны склон. Ужываецца гэты прыназоўнік звычайна ў месным значэньні і можа скарачацца ў „ля“, напр.:
Каля ямы ўсе з кіямі. Бегала ліска каля лесу блізка. Каля вады ходзячы, абмочышся. Сядзь каля мяне! Каля мліну, каля броду. Пахавалі каля дарогі. Ты ня гневайся, братовачка, на мяне, што я села блізюсенька ля цябе. Коні ля рэчкі ходзяць.
Прыназоўнік „каля“ можа скарачацца ў „кля“, але ў гэтым выпадку гук „к“ прыпадабняецца да гуку „л“, і вытвараецца прыназоўнік „гля“ з гукам „г“=лацінскаму „g“, напр.:
Дзе-ж той сватка дзеўся, што гля нас вярцеўся? Брод гля дуба.

13. канец, канцы. Гэты назоўнік іменны ў якасьці прыназоўніка стаіць пры родным склоне ды абазначае прабываньне на мяжы ці каля мяжы чаго-нібудзь, напр.: Сядзіць канец стала. Жыве канцы (у канцы) сяла.

Часам „канец“ ужываецца з прыстаўкаю „па“, таксама з родным склонам, напр.: Стала Анелька паканец стала да прасіла брацейкі-сакала. Зроблена паканец рук. (Тут выражаецца спосаб дзеяньня).

14. край. Ужываньне яго аднолькавае з прыназоўнікам „канец“, напр.: Пахавалі край даліны. Жыве край сяла.

„Край“ можа прымаць да сябе прыназоўнік „з—с“ або „y“, напр.: Прышоў на скрай мора ці „на ўскрай мора.“

15. кром, акром, акрамя — больш старасьвецкія; стаяць пры родным склоне: „Кром цябе ніхто ня браў“. Гэты прыназоўнік мае роўнае значэньне з „апроч“.

16. кругом — прыслоўе ў форме творнага склону, ужываецца, як прыназоўнік, таксама з родным склонам, напр.: Кругом хаты ельле, а ў хаце вясельле. Пасталі кругом яго.

„Кругом“ мае тое самае значэньне, што і „вакол“, „навакол“, „навокала“, напр.: У нашага брата кругом хаты мята, а ў хаце багата. У нашага брата кругом хаты рожа, а ў хаце прыгожа.

17. між. Гэты прыназоўнік-прыслоўе ў сучаснай мове, найчасьцей ужываецца зьлітна з прыназоўнікамі „за“, „па“, „з-с“: заміж, паміж, спаміж.

Даўней пісалі: „Праўду межы сябе на том далі.“ „Прышлі межы земскага мора.“ „Межы мужыкоў і нявест“ і т. далей.

Прыназоўнік „між“ вытварыўся з слова „межда=мяжа“ ў форме родна-меснага склону і на пачатку паказваў месца дзеяньня на граніцы паміж якімі-нібудзь прадметамі. Як прыназоўнік, вытвараны з іменьніка „мяжа“, ён звычайна стаяў пры родным склоне, але цяпер пасьля гэтага прыназоўніка можа стаяць творны нават вінавальны склон таксама з месным значэньнем, напр.:

а) пры родным склоне: Стань паміж нас. Між лісіц кабан вісіць (вушакі ў дзьверах). Узяў паміж ног. Між беленькіх бярозак талалайчык брэша (язык).

б) пры творным склоне: Між курнымі хатамі хадзілі сьвіньня. Два вепры між сабою б‘юцца-сякуцца, аж пена з іх цячэ (жорны).

в) пры вінавальным склоне на пытаньне „куды?“: Папаў між молат і накавальню. На пытаньне „дзе?“ будзе творны склон: Лёг паміж намі. Паміж імі стала нязгода.

18. міма. Гэтае прыслоўе (Міма хмурынка прайшла. Міна! пайшоў міма) сустракаецца і ў ролі прыназоўніка для абазначэньня руху поплеч ці ад чаго-небудзь (Ехаў міма хаты. Міма роту не пранясеш); стаіць пры родным склоне.

19. на. Гэты прыназоўнік абазначае рух на паверхні чаго-нібудзь або прабываньне на чым-нібудзь у прасторы ці ў часе як у звычайным, так і ў пераносным значэньні. Апроч таго, у залежнасьці ад значэньня тых слоў, да якіх прылучаецца гэты прыназоўнік, ён можа абазначаць спосаб дзеяньня і цэль, велічыню, меру і іншае. Пасьля „на“ бывае вінавальны склон на пытаньне „куды?“ і месны склон на пытаньне „дзе?“

1) Пры вінавальным склоне для абазначэньня:

а) месца: Паставілі на стол. Узьлез на самы верх. Палез на хату. На стары сьметнік вярнуўся. На сем сукоў садзіцца.

б) у пераносным значэньні: Злуе або сярдуе на мяне, на яго, на цябе, на сябе. Пагібель на яго! Раз маці кажа на сына. Ён сказаў на мяне дурань. На хаценьне ёсьць цярпеньне. На ката пацягушкі, на дзіця растушкі. На воўка памоўка, а мядзьведзь тут. Захварэў на сухоты. На кожны гук не адгукаешся. Учора пілі на карову, сягоньні на каня. Жаль нам, Агатка, на цябе, што ты нас гоніш ад сябе. Бачыў на свае ўласныя вочы. Багаты на латы, а не на шаты. Наша мова багата на словы і на звароты. Выбачай, кума, на пірагі! Ежце, госьці, а на другое выбачайце. Хварэе на грудзі, слаб на вочы, на ногі.

в) для абазначэньня часу: На весну пасеем, на восень зьбяром. Я за цябе на тры годы старэйшы. На бязрыб‘е і рак рыба (тут можа быць і месны склон „на бязрыб‘і“, як: „На бязьлюдзьдзі і Хама чалавек“). На гэта лета, добра і гэта. На лета, да не на гэта.

Вінавальны часу можа быць падменен творным без прыназоўніка, напр.: На гэта лета добра і гэта — Гэтым летам добра і гэта.“

г) спосабу дзеяньня: Перапалохаўся на сьмерць. Рабіць на задор або на злосьць. На адно вока сьляпы. На адно вуха глуха, а на другое ня чуе. Пабілі ворага на галаву. Разьлёгся на ўсю хату. Ішлі шляхты на тры трахты. Ляцелі галачкі на тры стадачкі.

Сюды належаць і такія звароты: Вучаць там каго на шаўца, а каго на краўца. Вучыцца на доктара, на настаўніка (але — „будзе за доктара, за пісара, за настаўніка“).

д) цэлі: Стань на помач. Не хавайся, пане, пад лаву ды выдзі к нам на расправу. Даць лякарства (зёлак) на поты. Трохі зьелі, а трохі пакінулі на вячэру. Пакінулі на плямя, на насеньне. Хацелі прадаць, але падумалі ды пакінулі на восень. Учора пазычалі на карову, а сёньні на каня. Пакінулі цяля на плямя. Хлеб на продаж, устава на валокі адзежа на сьвята, плацьце на сьмерць, мяшок на жыта, цэбар на воду, скрынка на лісты, шкап на кнігі. Завілі вяночкі на годы добрыя, на жыта густое, на ячмень каласісты, на авёс расісты.

е) для выражэньня меры, колькасьці: На капейку піва, а на ўсё сяло дзіва. На капейку патравы, а на рубель прыправы. На сем двор адзін тапор. Пані на ўсе сані. На цэлы рубель груш купіў. На рубля (тут вінавальна-родны склон) груш купіў.

Дабранач, мамка, дабранач!
Да ня той дабранач, што на нач,
А той дабранач, што на ўвесь век,
Не на ‘дну мяне, а на ўвесь сьвет,
Не на ‘дну ночку, а на ўвесь век.

2) Пры месным склоне прыназоўнік „на“ для абазначэньня месца стаіць нават у такіх разох, дзе мог быць прыназоўнік „у“, напр.: Жыве ўвесь час на вёсцы. Княжыў на Вільні. Стаў гаспадаром на Літоўскай зямлі (у гэтых прыкладах, замест „на“, мог стаяць прыназоўнік „у“). На вярбе грушы. На жывой касьці мяса мусіць абрасьці. На сьвеце, як у карэце: едзеш, трасешся, покі ня вывернешся. На злодзеі шапка гарыць. На пастаці нечага стаяці. На карку сядзіць. На адным месцы і камень абрастае.

Часта пры прыназоўніку „на“ з месным значэньнем (як пры „у“; бач. ніжэй) стаіць месны склон у форме давальнага склону, напр.: Заржалі конікі на броду: чулі яны на сябе прыгоду. У нас сягоньня масьляніца, — прыляцела к нам ластавіца, села-пала на калу, скінула масла па каму. Ішла сьвіньня па ляду, рассыпала каляду.

Сюды трэба аднесьці і такія нявыразныя выпадкі, як: „На злодзею шапка гарыць“. „На каню сядзіць, а каня пытае.“

У такіх разох прыметнік стаіць у месным склоне, напр.: На сваім каню, як хачу скачу. На лечаным каню, далёка не заедзеш. На гэтым гаму хто што зарваў, то і таму. Пры лузе, пры дарозе, на бітым гасьцінцу.

Падобныя формы бываюць і пры прыназоўніку „па“ (бач. ніжэй).

20. над. Гэты прыназоўнік злучаецца з вінавальным і творным склонам. З вінавальным злучаецца ён для абазначэньня руху куды-нібудзь ці над кім- нібудзь; у пераносным значэньні выражае перавагу над кім-нібудзь, панаваньне. З творным склонам абазначае прабываньне над кім ці над чым-нібудзь, а таксама перавагу, панаваньне.

Вінавальны склон з „над“ у жывой мове рэдка сустракаецца (было над вечар); найчасьцей знаходзім яго пры параўнаньні, для выражэньня перавагі, напр: Разумнейшага над яго няма нікога. Узяў над сілу. (Даўней пісалі: „Будзеш мілован над хвалу людзкую“). Над‘ехаў над сяло (блізка к сялу). Над меру вялік. Над меру б‘еш хлапца. Над усё любіць малако.

З гэтым-жа значэньнем ужываецца прыстаўка „над“: надужываньне (надужываньне сілы, мае ласкі; падымаеш цяжкае з надужываньнем свайго здароўя), надужыцьце (надужыцьце здароўя, надужыцьце мае ласкі, мае цярплівасьці — злоўжываньне), надужыты (надарваны: „Надужытымі сіламі многа не пацягнеш“).

2) З творным склонам „над“ ужываецца асобна і з прыназоўнікам „па“-„па-над“, напр.:

а) з параўнальным значэньнем: Славен наш гаспадар над усімі гаспадарамі (з песьні). Да зялён наш бор, зялён над усімі барамі. Высок шчыр бор, высок над усімі барамі.

б) з значэньнем прабываньня ці руху над чым: Над пешым арлом і сарока з калом. Каршун кружыцца над хатай. Ляцеў воран па-над морам. Што над намі ўверх нагамі?

в) у пераносным значэньні: Над душой стаіць.

21. пад. Гэты прыназоўнік злучаецца з вінавальным і творным склонам; з вінавальным склонам стаіць пасьля дзеясловаў руху на пытаньні „пад што?“, „да чаго?“, а з творным склонам злучаецца для абазначэньня прабываньня пад чым ці пад кім. Апроч прасторавага значэньня, ужываецца ў пераносным сэнсе для абазначэньня часу, падпарадкаваньня ці чаго падобнага.

1) З вінавальным склонам „пад“ паказвае:

а) месца: Пад ляжачы камень вада не цячэ. Схаваўся пад сена, кінулі пад стол. Пад гару (на гару) цяжка йсьці. Падышлі пад горад. Два браты пузаценькія пад гору бягуць, трэці гарбаценькі за хахлы іх трымае (вёдры на каромысьле). Ігнат-пракурат (хват) пад зямлю пайшоў, красную шапку найшоў, проці сонца стаў, красну шапку зьняў (мак). Гэта яму не пад густ прышлося (пераноснае значэньне).

б) цэль: Ты мяне пад забітак вядзеш.

в) час: Гэта было пад вечар, пад Новы Год.

2) З творным склонам „пад“ ужываецца для абазначэньня месца ў простым і пераносным значэньні, часу і залежнасьці ад каго-небудзь, напр.: Тут рэчка пад бокам, і процьма ў ёй рыбы. У нас увесь луг пад вокам. Пад адным калпаком семсот казакоў (макаўка). Еду па раўнядзі, а ад сьмерці на тры пядзі, а пад нагамі сьмерць (у чайцы на вадзе). Пад туркам засталіся. Пад немцам жывуць.

3) У злучэньні з прыназоўнікам „з“, вытвараецца складаны прыназоўнік „з-пад“, але склонам (родным) кіруе першы, напр.: Выскачылі юры з-пад каменнай гары. З-пад цёмнага лесу, з-пад карча і г. д.

4) „3-пад“-„спад“ знаходзім у такіх прыслоўях: спадлоб‘я глядзіць, спадыспаду (хлеб спадыспаду падгарэў); спод — іменьнік, ніжняя частка чаго-небудзь. Палажы пад спод пасьцелі. Палажы пад сподам. Ляжыць пад сподам; адгэтуль: ісподак (талерачка пад шклянку), сподні, ісподні (прыметнікі).

5) Злучэньне прыназоўнікаў „па“, „з“, „пад“ знаходзім у такіх разох: Па падвоканьню ходзіць. Беленькія куркі з падпеччу глядзяць (зубы). Пападбівалі ногі йдучы.

6) Прыназоўнік „пад“ знаходзім у такіх прыслоўях: подбегам ісьці, подскакам бегчы, якія становяць сабою форму творнага склону.

22. перад, прад. 1) Прыназоўнік „перад“ стаіць звычайна з прыладным склонам для абазначэньня месца, часу, прычыны, напр.: Стань перада мною, як ліст перад травою. Перад невадам рыбы ня ловяць. Перад сьмерцю не надышашся. Перад тым не хацеў, а цяпер просіш. І чаго было прыяжджаць перад часам (заўчасу)?

2) Прыназоўнік „прад“ (пад націскам „прэд“) сустрачаецца толькі як прыстаўка, напр.: прадмова (Я ня люблю прадмовы, гавары проста; бяз жадных прадмоў), прадпакой (Пачакай у прадпакою), прадпакоік, прэдні (ранейшы і наступны. Гэта прэднія твае словы. На прэднія дні адлажылі).

„Прад“ злучаецца з „на“ — на́прад (наўперад, на пачатку). Даўней пісалі і цяпер яшчэ кажуць у прамовах на вясельлі: „напрад“; у другіх мясцох, замест „напрад“, кажуць „наперш“.

23. Па. Гэты прыназоўнік злучаецца з вінавальным і месным склонам. Дзеля таго, што ў беларускай мове формы давальнага і меснага склону (ад іменьнікаў жаночага роду і пры некаторых асновах мужчынск.) супалі, то пры злучэньні з гэтым прыназоўнікам іменьнікаў адзіночн. ліку часам трудна бывае пазнаць, які гэта склон — месны ці давальны, але ў множн. ліку выразна выступае месны склон.

Пры кожным злучэньні з прыназоўнікам „па“ выражаюцца звычайна месныя адносіны ў прасторы ці ў часе; бывае і пераноснае значэньне.

1) З вінавальным склонам „па“ абазначае: а) граніцу, мяжу, куды даходзіць дзеяньне ці стан у прасторы ці ў часе, напр.: Па вушы ўлез. Вады было па шыю, па пояс. Па гэты дзень памятаю.

б) У пераносным значэньні для абазначэньня цэлі руху да пэўнай мяжы:
Паехаў па дрова, па жыта, па сена, па авёс. Пайшоў на почту па грошы. Пайшла па воду. Па вошта, воўча, ідзеш? Я прышоў па цябе. Пайшоў на поплаў па коні. Пайшла па кумоў. Схадзі па воду. Паслалі па доктара. Страла ты мая, страла! па што ты прышла? Ці па мёд, ці па гарэлачку, ці па красную дзевачку?

Матулька мая, куды-ж ты йдзеш?
Ці ў млын па муку, ці ў Дунай па ваду?
Калі ў млын па муку — я муку прынясу,
Калі ў Дунай па ваду — я вады прынясу (п.).

Парасійску ў такіх разох ставіцца творны склон з прыназоўнікам „за“, напр.: Поехать за дровами. Послать за доктором.

в) Заплацілі па тры капейкі. Далі кожнаму па пяць рублёў. Узялі з кожнага па дзесяць снапоў.

2) 3 месным склонам на пытаньне „па чым?“ прыназоўнік „па“ абазначае пашырэньне па паверхні чаго-нібудзь; мае меснае і пераноснае значэньне ды ўжываецца:

а) для абазначэньня месца на пытаньне „па чым“?:
Паляваў па лясох і пушчах. Па вуліцах пацяклі равочкі каламутнае вады. Па межах хадзіў, жыта радзіў. Чарот расьце па балотах. Хадзіў па чужых дварох. Служыў па людзях. Гэты цьвеце па ўсім сьвеце. Езьдзіў па лясох, па палёх, па барох і па лугох. Хадзіў па гарадох, па розных мясцох. Вада разьлілася па лузе. Па небе плыла чорная хмара. Хадзіў па полюпа полі). Коце, браце! мяне ліска нясе па бару, па каменьню, па ўсялякаму зельлю. Па кольлю вочы ходзяць. Ні па каню, дык па аглоблі. Па беленькай жэрдачцы чырвоны дзедзя едзе (запаленая лучына). Лезу, лезу па жалезу, а ўзьлезу на высокую гору (конь з сядлом і яздок). Павявайце вы, ціхія вятры, па полю шырокаму, па жыту ядронаму, ах павявайце! Не хадзі, коце, па хаце, не пабудзі дзіцяці; не хадзі, кот, па масту — буду біці па хвасту. Па жоўтых пяском, па чорных лясох. Гаспадынька па двару пахаджае, сваіх жнеек паглядае. Па ўсяму двару гаспадарскаму. Ні па ім, ні па яму (тут месны поплеч з формаю давальнага склону). Пайшоў проста па вадзе, як па сухому. Ідуць па сялу ды пытаюць: ці ня пусьціць хто начаваць к сабе? Разышлася погаласка па ўсяму сьвету. Гэты цьвеце па ўсім сьвеце.

б) для абазначэньня часу: Хадзіла дзевачка па ночы, шукала цыбулькі пад вочы: ці ня будзе цыбулька шчасьліва, каб з аччу сьлёзкі каціла. Па лету трудна бывае ўпраўляцца з гаспадаркаю. Прыехалі па захаду сонца. Відаць па вочках, хто ходзіць па ночках.

в) для абазначэньня прычыны, спосабу дзеяньня, пазнаваньня і інш. найчасьцей выступае форма давальнага склону, калі гэта адзіночны лік; у множн. ліку будзе месны склон, напр.:
Выбраў па свайму густу, па свайму нораву. Напісаў па Дарвіну, па Марксу. Судзіш па людзкіх гаворках, а не па праўдзе. Словы можна дзяліць па іх форме і па значэньню. Як хто хоча, так па свайму бацьку плача. Па чужой дудцы скача. Плача айцец-маці па роднаму дзіцяці. Па мне хоць воўк траву еж. Па нітачцы клубочак знаходзяць. Па адзеньню страчаюць, а па вуму праваджаюць. Па татку дзіцятка. Не па бацьку, а па матцы пайшоў. Па чым-жа табе Іванька спадабаў (замест „спадабаўся“): ці па розуму, ці пa абычаю па яго? Ці па коніку па вараненькім па яго? Знаць-пазнаць па вясельлейку дзевачку-сіротачку! Відзен сокал па палёту, а сава па воку. Сталі расьці не па днёх, а па часох.
г) для абазначэньня разьмеркаваньня па прадметах знаходзім давальны склон поплеч з месным:
Па Саўку шапка. Па заслузе заплата. Даў кожнаму па яблыку. Па капейцы ў дзень — куды хочаш, туды дзень. Прывяла яна два сыны — на лбе па месяцу. Не забывайце на мяне маладую: калі буду жабраваці — вароці адчыняйце, хоць па куску хлеба дайце (п.). Па чом жыта? Па рублю пуд. Па чом хунт? Купіў сыном па коніку па вараненькім.

д) у значэньні „пасьля“, напр.: Прышоў па чаcе, па абедзе. Па ласым кусе я і вады нап‘юся. Па нас ня будзе нас. Па восені і ў кошкі ляпёшкі, і ў вераб‘я піва. Па маёй галаве астанецца ўсё табе.

e) для абазначэньня прычыны, асновы для чаго-нібудзь, напр.: Відаць (і — відно) па вочках, хто ходзіць па ночках. Я пазнаў яго па вусох, па валасох. Па чым пазнаць ляха? — што на жываце бляха.

24. подле, паводле, подлуг, паводлуг, водлуг, водле. У сувязі з прыназоўнікам „па“ знаходзяцца прыслоўі-прыназоўнікі: подле, паводле, подлуг, паводлуг (i „павэдлуг“), водле, водлуг; ужываюцца яны рэдка і злучаюцца з родным склонам у значэньні: згодна з чым, побач з чым, у параўнаньні з чым, напр.:
Подле твае мовы ён праўду кажа. Подле праўды кажу табе. Подлуг твайго слова. Жыта вырасла, паводле леташняга, вельмі харошае. Водлуг тых прылад, якімі гукі вымаўляюцца, іх можна падзяліць… Цені бегалі па зямлі паводлуг таго, як хмаркі засьцілалі сонца.

Гэтыя прыназоўнікі могуць ужывацца не з „па—по“, а з „во“: водле, водлуг з тым-жа самым значэньнем, напр.: Водле рады твае. Водлуг праўды ня так было. Водлуг волі твае зрабіў.

Прыназоўнікі „подле“, „водле“ ўжываюцца і ў месным значэньні, напр.: Водле рэчкі (каля рэчкі). Ляцелі тры галіцы, селі подле праліцы (прасла).

25. поверх, пасярод. Таксама ў сувязі з прыназоўнікам „па“ (пад націскам „по“) стаяць прыслоўі-прыназоўнікі „поверх“, „пасярод“ у форме вінавальнага склону з гэтым прыназоўнікам. Ужываюцца яны з родным склонам, напр.:
Поверх галавы. Я ня соўнейка, што поверх лесу буду сушыць (п.). Поверх дзярэўя ходзіць, лазіць (кажуць на малога шаляніцу). Пасярод двара. Коні пасярод аўса ходзяць. Стань пасярод нас! Сярод хаты (бяз „па“).

26. посьля, пасьля. Гэтае часоўнае прыслоўе ў форме дзеяпрыслоўя цяпершняга часу сустракаецца ў ролі прыназоўніка з родным склонам, напр.: Посьля гэбля тапаром. Пасьля кашы б‘юць у зашый. Пасьля нас хоць патоп[5]. Посьля таго.

27. пра. Гэты прыназоўнік заўсёды злучаецца з вінавальным склонам у значэньні аб кім ці аб чым гаворка, як і прыназоўнік „аб“, напр.: Пра воўка памоўка, а воўк тут. Пра адны дрожджы не гавораць трожды. А пра зямлю і забыліся.

З значэньнем „для“, „на“: Вазьмі з сабою рукавіцы пра запас. Трэба ўзяць пра запас. Запішы сабе пра памяць.

28. праз, пераз. Гэты прыназоўнік падмяняе „цераз“ і злучаецца з вінавальным склонам:

а) у месным значэньні — цераз што-небудзь, напр.: Праз лес дарога. Пераскочыў праз (і пераз) калоду. Праз роў ляжала кладка. Ня едзь праз мост, а лепей у брод.

б) для абазначэньня часу, прычыны: Праз усю ноч ліў дождж. Згінуў праз сваю нядбаласьць. Праз цябе мы гінем. Праз тыдзень вярнуся. Паслаў праз вернага чалавека (пераноснае значэньне). Ты, казача, не хадзі да мяне, каб ня было няславы праз цябе.

29. пры — ужываецца толькі з месным склонам для абазначэньня прабываньня пры кім ці пры чым-нібудзь у прасторы ці ў часе, напр.:
Цьвіла рожа пры дарозе чырвоненькім цьветам. Ой у лузе пры дарозе там стаялі дзьве бярозе. Пры гатовай калодзе латвей раскладаць агонь. Пры табе ня густа, да і без цябе ня пуста. Пры месяцы стоя. Як пры тым, так і без таго.

30. проці, проціў. Гэты прыназоўнік-прыслоўе звычайна злучаецца з родным склонам, часам ён ускладняецца прыбаўкамі „на“, „наў“, „су“: напроці, наўпроці, насупраць, супраць, насупраця.

Усе яны злучаюцца з родным склонам і абазна- чаюць:

а) месца: Жыве проці нас. Яго хата насупраця нашае хаты. Проціў вады ня сплывешся. Проці ліха на ўзгорачку (жартуюць на пытаньне — дзе жыве?). Проціў ветру не ссапешся. Прасеклі аконца проці сонца.

б) час у значэньні „напярэдадні“, напр.: Заручылі дзеўку проці панядзелку. Напроці ночы паехаў у дарогу.

в) у пераносным значэньні для выражэньня параўнаньня, напр.: Што ты значыш супроць мяне? Проціў мяне ты яшчэ блазан. Яго работа горшая проціў мае. Менск супроць Вільні — мястэчка.

г) сустракаецца і давальны склон з гэтым прыназоўнікам, але ў такіх разох ён стаіць ужо на мяжы з прыслоўем спосабу дзеяньня, напр.: Усё робіць напроціў нам.

д) у вагульным значэньні прыназоўнікі „проці“, „проціў“ розьняцца паміж сабою тым, што першы найчасьцей ставіцца для для абазначэньня спакойнага прабываньня або стану прадмета (Жыве проці нас), а другі, з „у“ ў канцы, абазначае нешта больш дзейнае (Проціў ветру не ссапешся).

31. скрозь. Гэты прыназоўнік злучаецца з вінавальным і родным склонам; у ролі прыслоўя паясьняе дзеяслоў у значэньні „ўсюды“, „наскрозь“, а як прыназоўнік, абазначае рух праз што-небудзь, напр.: Як скрозь донную праваліўся. Праваліўся скрозь зямлі.

32. у. Пасьля гэтага прыназоўніка заўсёды стаіць родны склон для абазначэньня прабываньня пры кім-нібудзь (жыве ў нас) або для запытаньня ў каго- нібудзь. Гэтым ён і розьніцца ад прыназоўніка „у“ (33, у), які найчасьцей мае меснае значэньне на пытаньне „дзе?“, „куды?“, хоць фонэтычна яны супалі і вымаўляюцца аднолькава.

Гэты прыназоўнік ужываецца перш-на-перш для запытаньня, просьбы ў каго, напр.: У каго гэта ў вас арэ трох чалавек? Пытаю ў цябе, месяцу: ці рана ўсходзіш, ці позна заходзіш? Прашу я ў вас, каб ня было майму дзіцяці ганьбы ў вас. Прасілася дачка ў маці пад сосну гуляці. Пытаецца сын у маці: каторую браці? Прашу ў айца і маткі, у цётак і бабкі.

б) для абазначэньня прабываньня пры кім: У нас, нябога, ня чуваць нічога ні ткучы, ні мялючы, ні па воду йдучы. Прыляцела сарока — чы-чы-чы, села ў дзеванькі на плячы. Як у нас, так і ў вас. Было ў бацькі тры сыны. Няма ў сіраціны ні айца, ні маткі, толькі ў сіраціны два родныя браткі (п.).

в) у безасабовых сказах пры выказьніках залежнага значэньня для абазначэньня дзейнае асобы: У мяне было так зроблена. У нас усё пакошана. нага

33. у. З фонэтычных прычын гэты прыназоўнік можа мець від „у“, „ў“ і „ув“; у вапошнім выпадку „в“ перадаецца на пісьме зьлітна з наступным словам. Гэта бывае ў тых разох, калі ён не скарачаецца (застаецца складовым), а наступнае слова пачынаецца з гука „а“ (у ваднае мацеры, дом у вагні — замест „ув“).

Злучаецца гэты прыназоўнік з вінавальным і месным склонам, і толькі пры лічэбніках бывае форма роднага склону (сталі жыць у двух, у дзесяцёх), ды і то толькі дзеля таго, што форма назоўнікаў лічэбных роднага склону супала з формаю меснага склону. Гэтым ён розьніцца ад папярэдняга прыназоўніка („32, у“), які злучаецца толькі з родным склонам, хоць фонэтычна яны супалі.

Асноўнае значэньне гэтага прыназоўніка — меснае на пытаньні: „дзе?“, „куды?“, потым — часоўнае на пытаньне „калі?“. З гэтых значэньняў выцякаюць пераносныя значэньні, як, напрыклад, спосабу дзеяньня на пытаньне „як?“ і іншыя.

1) З вінавальным склонам „у“ злучаецца:

а) у значэньні месца для абазначэньня дзеяньня, накірованага ў сярэдзіну чаго-нібудзь, напр.: пайшлі ў лазьню, увайшлі ў хату, загналі ў хлеў, пайшлі ў ягады, ў грыбы, паехалі ў лес, ў дровы; мыш уцякла ў нару, папаў у сьцяну, у лоб, у галаву.

б) у значэньні часу для абазначэньня тэрміну, у які адбываецца што-небудзь, напр.: У голад намруцца, а ў вайну налгуцца. У вадзін дзень сем перамен. У самую восень. І ў дзень, і ў ночы ўсё плача (тут вінавальны поплеч з месным склонам). Браў мяне ты ў дзень, ні ў ночы — дзе-ж тады меў свае вочы? Ці то ў дождж, ці ў пагоду вясёл іду на работу.

Як відаць з гэтых прыкладаў, вінавальны склон часу супадае з месным часу, ужываецца з ім поплеч і мае аднолькавае значэньне — абазначаюць час, у які што-небудзь адбываецца, напр.: Як ў дванаццатым годзе, у тую самую руіну (тут вінавальны таксама поплеч з месным з аднолькавым значэньнем).

в) для абазначэньня якасьці на пытаньне „як?“ таксама звычайна стаіць вінавальны склон, напр.: даць ў падарунак, малоць ў жорны, пайсьці ў госьці, выйсьці ў людзі, абуцца ў боты. Паехалі ў госьці. Сукенка ў дзевяць пол. Злажылі ў тры столкі.

Сюды належыць і такое ўжываньне вінавальнага склону з „у“, калі выражаецца падабенства каго ці чаго-нібудзь, напр.: жыта колас ў колас; падабраў малайцоў волас у волас, голас у голас; дзень ў дзень ідзе дождж, год ў год, ягадка ў ягадку.

Для абазначэньня якасьці пры назоўніках лічэбных з „у“, замест вінавальнага, можа стаяць і месны або родны склон, бо формы гэтых склонаў ад лічэбнікаў супалі, напр.: Сталі яны жыць у двух у хаце. Прышлі ў дзесяцёх, касілі ў шасьцех, сталі жыць у дзьвёх. Напалі на мяне ў трох.

г) у непрадметным значэньні „у“ злучаецца з вінавальным склонам пры дзеясловах руху на пытаньні: „у вошта?“, „у сярэдзіну чаго?“, напр.: Я ні ў вошта ня ўступаюся. Запісаліся ў дурні.

2) Месны склон ставіцца з „у“ для абазначэньня дзеяньня ці стану, якія выражаюць прабываньне на месцы, што ў пераносным значэньні абазначае таксама прабываньне, зьмяшчальнасьць. Гэтым месны склон з „у“ розьніцца ад вінавальнага месца, які абазначае рух, а не прабываньне. Прыклады: Жыве ў Вільні, ў Менску, у сяле, у вёсцы. У канцы грэблі шумяць вербы. Ляжыць ў труне, у склепе. Мы былі ў лесе, у полі, у вагародзе. Быў ў маскалёх, у салдатах. Я сам ў людзях начую. Сталі жыць у зямлянцы, у хаце. Ой у лузе, пры дарозе там стаялі дзьве бярозе.

Як мы ужо ведаем, для абазначэньня часу месны склон з прыназоўнікам „у“ ўжываецца нараўне з вінавальным часу (прыклады бач. вышэй 1,6).

3) У народных песьнях і прыказках, а часам і ў звычайнай мове, для абазначэньня месца (прабываньня на месцы) ставіцца месны склон у форме давальнага склону, напр.:
Дзень добры таму, хто ў гэтым даму! Як той каліне ў зялёным лугу, так мне, сіраціне, бяз вернага другу.

У гэтых прыкладах прыметнік-азначэньне стаіць у месным склоне, а йменьнік мае форму давальнага склону.

Звычайна-ж знаходзім у такіх разох месны склон, напр.:
Еду ў поле (вінав. склон, бо выражае рух) жыта глядзець: і ў коране караністае, і ў саломцы сьцебялістае, і ў коласе ядраністае. А ў сьвірне ўсё насыпіста, у млыне ўсё намеліста, а ў дзяжы ўсё падходзіста, у печы ўсё падросьціста (п.).

4) Прыназоўнік „у“ ўваходзіць у склад некаторых прыслоўяў, напр.: улетку, узімку, удвая, утрая, і інш. Першыя два становяць сабою форму вінавальнага склону ад назоўнікаў іменных „летка“, „зімка“ з прыназоўнікам „у“, а другія два — дзеяпрыслоўі цяпер. часу.

Прыназоўнік „у“ знаходзім яшчэ ў такіх прыслоўях: уперад, удоўж, удаўжкі, ушыркі, увышкі, увелькі (формы вінавальнага склону з „у“), увонках (форма меснага склону з „у“).

34. уз. Гэты прыназоўнік (въз=воз=уз) асобна рэдка ўжываецца (Ня торкай уз бок), і ў такіх разох кіруе вінавальным склонам для абазначэньня руху ўверх чаго (Рукі свае ўз гору падымалі).

Прыназоўнік „уз“ найчасьцей сустракаецца ў злучэньні з „па“ (паўз) ды кіруе родным склонам для абазначэньня руху, які адбываецца поплеч з чым, напр.: Прайшоў паўз вокны, паўз хаты. Як бачым, тут можа быць і вінавальны склон.

Прыназоўнік „уз“ знаходзім: а) у такіх прыслоўях: уздоўж (лёг уздоўж), усьцяж (усьцяж па табе плачу), вусьцішна (у ночы вусьцішна аднаму ў лесе); б) у наступных словах: узгорак, узгалоўе (узгалоўе паслала нізка), узгадованы (выгадаваны), узьдзерж (яму узьдзержу(кі) няма), уздухі (уздухі заняло), уздыхаць, уздыханьне (цапочкам узмахне — цяжэнька ўздыхне), уздыхнулася, узьдзержвацца ад злосьці.

35. цераз (чэраз). У літаратурнай мове ўжываецца „цераз“. Гэты прыназоўнік кіруе вінавальным склонам ды абазначае рух у прасторы ці ў часе цераз што-нібудзь, па чым-нібудзь, праз што-нібудзь; у пераносным сэнсе абазначае спосаб дзеяньня ці што падобнае, напр.:

а)абазначэньне месца: Цераз тын у вагарод. Цераз рэчку кладка. Цераз край не налівай. Цераз мора катоў хвост (восілка на вядры). Паедзем дамоўкі цераз валатоўкі (валатоўкі — курганы волатаў). Цераз сьцяну вала пякуць (яйцо варыцца);

б)абазначэньне часу: Цераз тыдзень вернемся;

в)абазначэньне прычыны, спосабу дзеяньня з значэньнем „праз“: Цераз сваю сваволю папаўся ў бяду. Цераз сілу і конь не пацягне. Валіць цераз пень калоду (абы-як робіць). Ат, ведае пятае цераз дзесятае. Цераз волю (супраць) маю ты пайшоў.

§ 25. Даданыя словы ў сказе, выражаныя прыслоўямі і дзеяпрыслоўямі.

1. АКАЛІЧНАСЬЦІ.

Акалічнасьці выражаюцца прыслоўямі і дзеяпрыслоўямі, напр.: ён чытае выразна, мы гулялі доўга, гэта было ўчора, пойдзем заўтра, трэба сьпяшацца скарэй; яны сядзелі моўчкі; заснуў чытаючы, чытаўшы; беглі як мага, як маецеся?

Асноўная прымета, па якой мы пазнаём акалічнасьць, гэта тая, што акалічнасьць не дапасуецца і ня кіруецца. Гэтым акалічнасьць розьніцца ад дапаўненьня і азначэньня. Часьціны мовы, якімі выражаюцца акалічнасьці — прыслоўі і дзеяпрыслоўі, не зьмяняюцца ні ў склонах, ні ў родах, ні ў ліках.

а) Прыслоўе.

Пераважную большасьць прыслоўяў становяць формы назоўнікаў ці прыметнікаў, акасьцянелыя ў тым ці іншым склоне, часам з прыназоўнікам. Покі ў такой форме склон, а таксама род і лік мысьліліся, то гэтая форма ня была яшчэ прыслоўем, а, значыць, і акалічнасьцю ў сказе: яна была яшчэ або назоўнікам, або прыметнікам у значэньні назоўніка ды служыла ў сказе дапаўненьнем. Напрыклад, прыслоўе „заўтра“ вытварылася з іменьніка „утра“ ў вінавальным склоне адзіночнага ліку з прыназоўнікам „за“ (заўтра — за утра, як „за дзень“). Покі прыназоўнік „за“ і назоўнік „утра“ адбіваліся ў сьвядомасьці кожны паасобку, то слова „за утра“ было дапаўненьнем, а калі гэта забылася ды перастала мысьліцца, тады „заўтра“ абярнулася ў прыслоўе ды стала ў сказе акалічнасьцю. Таксама прыслоўе „замуж“ — даўнейшая форма вінавальнага склону йменьніка „муж“ з прыназоўнікам „за“; слова „замужам“ — форма творнага склону таго самага йменьніка з прыназоўнікам „за“, дзе творны склон ужо ня мысьліцца склонам; „завідна“, „удоўж“ — формы даўнейшага вінавальнага склону, якія ўжо ня мысьляцца йменьнікамі, бо іх сапраўднае значэньне як бы выветрылася, а засталося адно пераноснае значэньне.

Пераходныя формы. Некаторыя формы йменьнікаў у залежных склонах з прыназоўнікам ці без прыназоўніка стаяць на мяжы паміж дапаўненьнем і акалічнасьцю. У нашай сьвядомасьці яны часам адбіваюцца, як дапаўненьне, а часам — як акалічнасьць. Гэта — пераходныя формы ад дапаўненьня да акалічнасьці. Напрыклад: перапалохацца на сьмерць, пайсьці да хаты, да дому (дамоў), у восень, па сярэдзіне, пехатою, абярнуцца травою, паляцець сокалам і шмат іншых.

У такіх пераходных выпадках, калі іншыя формы гэтых слоў ужываюцца яшчэ асобна, напр.: у восень, на пярэдадні, па сярэдзіне, лепш прымаць іх за дапаўненьні і пісаць асобна, хоць такія формы, як нанач, назіму, вобземлю — ужо бясспрэчна прыслоўі, бо націск прыходзіцца на прыназоўнік, а ў беларускай мове сустаўное дапаўненьне ніколі ня мае націску на прыназоўніку.

Такое прыслоўе, як „улетку“, розьніцца ад падобнага да яго „ў восень“ тым, што слова „летка“ ўжо забылася і асобна ў іншых формах перастала ўжывацца, а „восень“ жыве ў іншых формах; значыць, „улетку“ — прыслоўе-акалічнасьць у сказе, а „ў восень“ — ускосны склон, г. зн., дапаўненьне ў сказе.

Прыслоўе ў сказе. Прыслоўе-акалічнасьць у сказе звычайна адносіцца да дзеяслова-выказьніка, напр.: жывуць сумесна, лагодна, згодна; ён быў тады хворы, надта рад. Але прыслоўе-акалічнасьць можа адносіцца і да іншай часьціны сказу і нават да самой акалічнасьці, напр.: вельмі цікаўная кніга, вельмі хораша выглядае. Ва ўсіх разох прыслоўе памацняе тое слова, да якога адносіцца, напр.: Зноў мароз надыдзе люты. Бор стары завые нудна. Нават ён ня ведае гэтага. Воўк увелькі з сабаку.

б) Дзеяпрыслоўе.

Дзеяпрыслоўі — гэта род прыслоўяў, выведзеных ад дзеясловаў; як дзеяслоўныя формы, яны захавалі некаторыя ўласьцівасьці дзеяслова; яны, напр., паказваюць час, трываньне, залежнасьць ці незалежнасьць дзеяньня. Гэтым яны розьняцца ад звычайных прыслоўяў.

Напрыклад, дзеяпрыслоўі: стоячы, чытаючы паказваюць на цяперашні час, а дзеяпрыслоўі — стаяўшы, чытаўшы — прошлага часу. Формы: стоячы, гаворачы — належаць да незакончанага трываньня, а сказаўшы, прачытаўшы — да закончанага трываньня. Апроч таго, дзеяпрыслоўі могуць выражаць шматразовасьць (пагульваючы, пасьвістваючы), аднаразовасьць (міргануўшы, сьвіснуўшы) і пачынальнасьць (заплакаўшы, засьпяваўшы).

Дзеяпрыслоўі, як і звычайныя прыслоўі, служаць у сказе акалічнасьцямі. Але дзеяпрыслоўі — акалічнасьці асобнага роду: яны выражаюць дзеяньне або стан, час, трываньне. З гэтае прычыны яны зьяўляюцца ў сказе акалічнасьцямі ня простымі, якія выражаюцца звычайнымі прыслоўямі, а акалічнасьцямі асобнага роду. Іx можна назваць акалічнасьцямі дзеяслоўнымі.

Гэтыя дзеяслоўныя акалічнасьці могуць мець пры сабе тыя самыя даданыя часьціны (дапаўненьні і акалічнасьці-прыслоўі), якія маюць адпаведныя ім інфінітывы, напр.: „старанна пераглядаць кнігу“ — „старанна пераглядаючы кнігу“; „сустрэць вас неспадзявана“ — „сустрэўшы вас неспадзявана“ і г. д. Разам з дапаўненьнямі, азначэньнямі і акалічнасьцямі дзеяпрыслоўі складаюць як-бы нешта адно цэлае, хоць і не незалежнае (На чужы лоб шыбаючы, трэба і свой падставіць).

Пахаджэньне дзеяпрыслоўяў. Дзеяпрыслоўі, як паказвае гісторыя мовы, вытварыліся з даўнейшых дзеяпрыметнікаў назоўнага склону ў сказе, дзе яны станавілі другую частку сустаўнога выказьніка ды дапасаваліся з дзейнікам. Напрыклад, вельмі рэдкія цяпер дзеяпрыслоўі на „а-я“ (як мага; еж, што хаця, пры месяцы стоя, ат! ясі пасаля; з рукаўца бяра, вяночак пляла) былі некалі формамі назоўнага склону адзіночнага ліку мужч. і ніякага роду дзеяпрыметінікаў, а дзеяпрыслоўі на „чы“ (ідучы, гукаючы, шукаючы) і на „шы“ (сказаўшы, спалохаўшыся, меўшы) — былі формамі дзеяпрыметнікаў назоўнага склону адзіночнага ліку жаночага роду.

Гэтае склонавае значэньне дзеяпрыслоўяў даўно ўжо забыта. Некаторая памяць аб гэтым адчуваецца ў тым, што дзеяпрыслоўі найчасьцей адносяцца да дзейніка (назоўнага склону), але ў беларускай мове яны ўжо могуць адносіцца і да дапаўненьня. Напрыклад: Спаткалі мы чалавека конна едучы. Ці ня бачылі вы войска йдучы?

Тут дзеяпрыслоўі „едучы“, „ідучы“ адносяцца не да дзейніка, а да дапаўненьня (чалавека, войска).

У некаторых безасабовых сказах (Ня ведаючы броду, нельга сунуцца ў воду) дзеяпрыслоўі сталі зусім незалежнымі, безадноснымі, бо ў такіх сказах няма дзейніка, да якога-б цягнула дзеяпрыслоўе, і яно стала зусім незалежным. Такую пастаноўку незалежных дзеяпрыслоўяў мы знаходзім у кніжных зваротах: „па праўдзе кажучы“, „прымаючы пад увагу“, „не зважаючы на тое“, „дзякуючы гэтаму, мы скора вярнуліся дадому“.

Такія дзеяпрыслоўі паступова трацяць сваё пачатковае значэньне ды пераходзяць у прыслоўі-прыназоўнікі, а часам у злучнікі. Так вытварыўся, праз страту значэньня дзеяслоўнае акалічнасьці, злучнік „хоць“ з дзеяпрыслоўя „хаця“ (ад дзеяслова „хацець“), страціўшы свой канчатак „я“.

в) Формы дзеяпрыслоўяў[6].

Дзеяпрыслоўі павытвараліся з іменных (скарочаных, без канчаткаў) дзеяпрыметнікаў. Дзеяпрыметнікі дзейнага значэньня з канчаткамі (з формамі займеньнікаў ён, яна) або зусім загінулі, або абярнуліся ў звычайныя прыметнікі, як, напрыклад, гарачы, ляжачы, рабочы, гуляшчы, рабацяшчы і іншыя.

Брак канчаткаў перашкаджаў кароткім дзеяпрыметнікам так цесна злучацца з іменьнікамі, як злучаюцца з імі дзеяпрыметнікі з поўнымі канчаткамі, і яны сталі бліжэй да дзеясловаў, як звычайныя прыслоўі, а тымчасам поўныя формы цясьней прымыкалі да йменьнікаў, дапасуючыся з імі ў родзе, ліку і склону. Стаўшы бліжэй да дзеяслова, кароткія формы дзеяпрыметнікаў ужо ня мелі патрэбы ў сваіх радавых, склонавых і асабовых канчатках ды з часам перайшлі ў нязьменныя формы дзеяпрыслоўяў.

Беларускае мова захавала ў сабе пабудову сказаў з дзеяпрыслоўямі ад даўнейшых іменных (кароткіх) дзеяпрыметнікаў, што злучаліся (дапасоўваліся) некалі ня толькі з дзейнікамі (суб‘ектам), а і з простым дапаўненьнем (об‘ектам). Напрыклад: „Ой, пайду я дарогаю бягучы, ці ня стрэну п‘яніченькі йдучы“ — тут даўнейшы йменны дзеяпрыметнік, цяперашняе дзеяпрыслоўе „йдучы“, дапасаваўся з дапаўненьнем „п‘янічэнькі“, як цяперашняе дзеяпрыслоўе „бягучы“ дапасавалася з дзейнікамі я. „Ой, зіма мая маразьлівая, не марозь мяне з паходу ідучы, каня вядучы, шаблю нясучы, зброю вязучы“. Як у першым прыкладзе „ідучы“, так тут дзеяпрыслоўі „ідучы, вядучы, нясучы, вязучы“ стаяць на месцы даўнейшага другога вінавальнага склону.

I. У беларускай мове, як і ў іншых славянскіх мовах, найбольшае пашырэньне маюць тыя дзеяпрыслоўі, што вытварыліся з назоўнага склону даўнейшых іменных дзеяпрыметнікаў, якія дапасаваліся з дзейнікамі (суб‘ектам). Напрыклад: Ой, пайду я гукаючы, свае долі шукаючы.

У нашай мове захаваліся яшчэ дзеяпрыслоўі прэдыкатыўнага (выказальнага) характару, г. зн. тыя дзеяпрыслоўі, што вытварыліся з дзеяпрыметнікаў назоўнага склону ў сустаўным выказьніку: „Яны былі не дзяліўшыся. Ён трохі выпіўшы. Я сёньня яшчэ не абедаўшы. Ён так і стаяў там падпёршыся; так і застаўся там сплючы.

Дзеяпрыслоўі, што вытварыліся з дзеяпрыметнікаў назоўнага склону, дапасованых даўней з дзейнікам, складаюць у сучаснай мове дзьве конструкцыі: а) дзеяпрыслоўі, што станавілі некалі другі назоўны склон азначэньня, выражанага дзеяпрыметнікам і дапасованага з першым назоўным склонам — дзейнікам; б) дзеяпрыслоўі з тых дзеяпрыметнікаў назоўнага склону, што ставіліся ў сказах бяз першага назоўнага склону (бяз дзейніка) пры дзеясловах-выказьніках у форме загаднага ладу, г. зн. там, дзе дзеяпрыслоўе само было назоўным склонам.

Найбольш пашырана першая конструкцыя, дзе дзеяпрыслоўе стаіць на месцы другога назоўнага склону дзеяпрыметнікаў. Напрыклад: „Засьвісталі ўсе стралкі з паходу ідучы. Ой, пайду я гукаючы, свае долі шукаючы. Айцец—мамка плачуць, каля Дунаю ходзячы, у Дунаю просячы. Вочы так і гараць пазападаўшы“. Дзеяпрыслоўі гэтае конструкцыі — з другога назоўнага склону, могуць замяняцца інфінітывам пры тых дзеясловах, што могуць мець пры сабе інфінітыў. Напр.: „Ой, пайду я гукаючы свае долі шукаць“.

Дзеяпрыслоўі гэтага пахаджэньня могуць мець пры сабе свае паясьняльныя словы, напр.: „І сустрэне вас чалавек, нясучы гляк вады“ (г. зн. „І сустрэне вас чалавек з гляком вады“). „Хто з вас, маючы сто авец і страціўшы адну з іх, не пакіне дзевяцьдзесят дзевяць у пустыні ды ня пойдзе шукаць згубленае“.

Дзеяпрыслоўі з даўнейшага першага назоўнага склону (з дзейніка, выражанага дзеяпрыметнікам знаходзім у такіх сказах: „Ня кайся рана 'ўстаўшы, маладым жаніўшыся“. „Не хваліся згінаючыся, а хваліся выпрастаючыся“. Тут дзеяпрыслоўі „ўстаўшы“, „жаніўшыся“, „згінаючыся“, „выпрастаючыся“ стаяць на месцы даўнейшага дзейніка, выражанага дзеяпрыметнікам. Яшчэ прыклады: „Увесь закурэў ідучы“. „Сядзеўшы нічога ня высядзіш“. „Пытаючыся дапытаешся“.

Дзеяпрыслоўі з назоўнага склону даўнейшых дзеяпрыметнікаў з канчаткамі на а (я) у беларускай мове сустракаюцца вельмі рэдка, і толькі ў такіх зваротах: як мага, колькі змога, што хаця, куды хаця, напрыклад: „Памагалі адзін аднаму, як мага“. „Далі яму есьці, колькі яго змога“. „Вольна йсьці, куды хаця“. „Еж, што хаця“.

Як відаць з гэтых прыкладаў, дзеяпрыслоўі на а (я) ужываюцца толькі ў прэдыкатыўнай (выказальнай) форме, зьвязаныя з асноўным выказьнікам злучным словам — „як“, „што“, „куды“, „колькі“. У іншых позыцыях яны сустракаюцца яшчэ радзей, напрыклад: „Ат! ясі пасаля“. „Прыехаў мой міленькі з поля, заплакаў ля коніка стоя“. „Стойма стаіць, бегма бяжыць“. У вапошніх двух прыкладах дзеяпрыслоўі „бегма“, „стойма“ маюць памацняльнае значэньне пры дзеяслове.

ІІ. Другі вінавальны склон. Цікавую асаблівасьць беларускае мовы становяць тыя дзеяпрыслоўі, што паходзяць з даўнейшых дзеяпрыметнікаў, якія дапасаваліся ня з дзейнікам, а з дапаўненьнем. Тут могуць быць дзьве конструкцыі: а) дзеяпрыслоўі з даўнейшых дзеяпрыметнікаў у давальнай форме, што дапасаваліся з дапаўненьнем у давальным склоне („Надаела мне лежучы“) і б) дзеяпрыслоўі з даўнейшых дзеяпрыметнікаў у вінавальнай форме, што дапасаваліся даўней з дапаўненьнем у вінавальным склоне.

Другім вінавальным склонам называецца азначэньне да простага дапаўненьня, выражанае прыметнікам або дзеяпрыметнікам ці йменьнікам назоўным у форме прыдатка да простага дапаўненьня, напр.: „Выгнаў дачку босую“. „Купіў кніжку падраную“. „Узяў сабе сірату за дачку“ і інш. Тут словы „босую“, „падраную“, „за дачку“ становяць сабою тое, што ў граматыцы называецца другім вінавальным склонам, бо ў першым вінавальным павінна стаяць дапаўненьне, г. зн, іменьнік або іншае слова, што падмяняе йменьнік. (§ 23, 1).

У беларускай мове ўсе тыя дзеяпрыметнікі з дзейным значэньнем, што стаялі даўней у другім вінавальным склоне, абярнуліся ў дзеяпрыслоўі, напр.: „Угледзілі яны чалавека на полі аручы“. „Найшла мужа Ульлянкі, аручы палянкі каля свае хаткі“. „Чула я, малада, салаўя сьпяваючы“. „Калі ўгледзіш татку йдучы“… „Ці ня бачыў ты войска йдучы?“ „Знайшлі яго пад кустом сплючы“. „Ой, зіма мая маразьлівая! не марозь мяне з паходу ідучы, каня вядучы, шаблю нясучы, зброю вязучы“. „Пад вароты пад‘яжджаючы, чую брата гаворачы“.

Калі ўзяць першы прыклад — „Угледзілі яны чалавека на полі аручы“ — ды падмяніць дзеяпрыслоўе „аручы“ ц.-славянскім дзеяпрыметнікам з гэтым значэньнем, то дастанем такі зварот: „Угледзілі яны чалавека на полі орущего“. У беларускай мове такога звароту быць ня можа, бо ў нашай мове ўсе такія дзеяпрыметнікі абярнуліся ў дзеяпрыслоўі, якія, як нязьменныя словы, ня могуць дапасоўвацца з сваім азначальным словам.

У навуковай мове, якая патрабуе сьціслай дакладнасьці, ужываць дзеяпрыслоўі ў паказанай позыцыі нельга, бо іх можна было-б памылкова зьвязваць з дзейнікам, і гэтым зяцямніўся-б сэнс сказу.

Дзеяпрыслоўі з другога вінавальнага склону могуць замяняцца асабовымі дзеясловамі, напр.: „Угледзілі яны чалавека на полі аручы“ — „Угледзілі яны чалавека, які на полі араў“.

III. Дзеяпрыслоўі, што стаяць на месцы даўнейшага дзеяпрыметніка ў давальным склоне (другі і першы давальны, і давальны незалежны).

Тут могуць быць такія выпадкі: а) калі дзеяпрыслоўе зьвязваецца з дапаўненьнем, г. зн., калі дзеяпрыслоўе вытварылася з другога давальнага склону дзеяпрыметніка (дапаўненьне станавіла сабою першы давальны), б) калі дзеяпрыслоўе само стаіць на месцы даўнейшага давальнага склону — гэта так званы першы давальны склон.

Прыклады на 2-і давальны: „Абрыдзела мне тут лежачы“. „Якаво табе, сястрыца, з роўным мужам жывучы?“. „Добра табе, дзяўчыначка, па горніцы ходзячы“. „Прыскучыла мне, малайцу, на марозе стоячы“.

Дзеяпрыслоўі з 2-га давальнага склону можна замяніць інфінітывам (неазначальнай формай). Можна сказаць, напрыклад: „Абрыдзела мне тут ляжаць.“ „Якаво табе, сястрыца, з роўным мужам жыць?“

Дзеяпрыслоўямі з 2-га давальнага склону можна замяняць неўласьцівыя беларускай мове звароты на азначэньне часу, умоўнасьці, што выражаны дзеяслоўнымі йменьнікамі з „пры“, „на“, „пасьля“ ў безасабовых сказах, дзе дзейнік стаіць у родным склоне. Напрыклад, замест: „пры чытаньні яму здавалася, што“… лепш сказаць: „чытаючы, яму здавалася, што“…

Прыклады на 1-ы давальны: „Неапрануўшыся холадна“. „Надаела ждучы“. „Не стаяўшы ў парозе, не сядзець на куце“. „Не хваціўшы на душу, нечага палажыць і ў душу“ (жартаблівае выбачэньне за ўзятку). „Ня еўшы лягчэй, а пад‘еўшы ляпей“. „На чужы лоб шыбаючы, трэба і свой падставіць“.

Гэтыя дзеяпрыслоўі таксама можна выкарыстаць замест неўласьцівых беларускай мове дзеяслоўных іменьнікаў з прыназоўнікамі. Напрыклад, заместа: „пры вызначэньні кірунку ветру, трэба“… лепш сказаць: „вызначаючы кірунак ветру, трэба“…

Дзеяпрыслоўі з давальнага склону стаяць у безасабовых сказах.

Давальны незалежны. У беларуской мове дзеяпрыслоўі могуць стаяць на месцы даўнейшага давальнага незалежнага прыметніка: „Пытаю цябе, месяцу: ці рана сходіш, ці позна заходіш? — Я зыду зьмяркаючы, а зайду сьвітаючы“.

§ 26. Злучэньне і падпарадкаваньне сказаў.

I. ЗЛУЧЭНЬНЕ СКАЗАЎ.

Значэньне злучнікаў і злучальных слоў.

Асобныя сказы зьвязваюцца паміж сабою двумя спосабамі: 1) спосабам злучэньня і 2) спосабам падпарадкаваньня.

Спосабам злучэньня зьвязваюцца роўнапраўныя сказы, г. зн., незалежны з незалежным, даданы сказ з такім-жа даданым сказам.

Спосабам падпарадкаваньня злучаюцца няроўнапраўныя сказы, г. зн., даданыя з асноўнымі або адзін даданы сказ з даданым другога парадку, іначай пабудованым.

Злучэньне сказаў адбываецца з дапамогаю тых самых злучнікаў, што служаць і для сувязі аднолькавых, роўнапраўных часьцін у сказе. Такімі злучнікамі найчасьцей бываюць і, ды, а, але, ці, або, (альбо) і іншыя.

Вот прыклады на гэтыя злучнікі ў зьлітым сказе: „на стале ляжалі кнігі і сшыткі“ (тут злучнік „i“ зьвязвае дзейнік з дзейнікам); „мы йшлі ды йшлі“ (тут „ды“ злучае выказьнікі); „мы гулялі не на лузе, а ў лесе“ (тут злучнік „а“ зьвязвае адно дапаўненьне з другім); „ён чытаў голасна, але нявыразна“ (тут „але“ злучае дзьве акалічнасьці); „мне ўсё роўна, дзе жыць — у горадзе ці ў вёсцы“ (тут „ці“ злучае два дапаўненьні); „прадамо карову або каня“ (тут „або“ злучае таксама два дапаўненьні) і г. далей.

Увага. 1) Злучнікі „а“, „але“ па сэнсу ня злучаюць, а разлучаюць словы, г. зн., выражаюць тое, што значэньне аднаго слова проціваставіцца значэньню другога слова (ня ты, а я… здольны, але не старанны), але сынтаксычна, г. зн., па сваей ролі ў сказе, яны злучаюць словы. Таксама злучнік „або“ найчасьцей мае разьмеркавальнае значэньне (мы або вы), але сынтаксычна ён злучае словы. Тымчасам злучнік „і“ зьвязвае словы і сэнсам, і сынтаксычна.
Па сэнсу злучнікі „а“, „але“ можна назваць разлучальнымі, а „і“ — злучальным, а сынтаксычна яны аднолькава злучальныя.
2) часам сустракаюцца ў мове падвойныя злучнікі — „а і“, „але і“, напр.: Я пасьпеў нагатаваць дроў ня толькі на заўтра, а і на пазаўтра.
У такіх разох „і“ перастае быць злучнікам ды абарачаецца або у прыслоўе з значэньнем „нават“, „таксама“, або ў памацняльнае слова-частку, якое надае большую выразнасьць таму слову, да якога адносіцца. Напрыклад: „І туз часам воду возіць“ — тут „і“ мае значэньне памацняльнага слова“. „Няўжо-ж ты і гэтага ня ведаешь?!“ — тут „і“ мае значэньне прыслоўя „нават“ або „таксама“. У такіх моўных злучэньнях, як: „Вот і усе“, „Вот і добра!“ — „і“ памацняльнае слова, а ня злучнік.
1. Простае злучэньне сказаў.

Сюды належаць тыя складана-злучаныя сказы, што маюць роўнае лёгічнае значэньне, потым — падабенства ў зьмесьце ды канечнае аднашэньне да аднэй агульнай думкі, якая выражаецца ўсім складаным сказам.

Гэтыя сказы зьвязваюцца паміж сабою такімі злучнікамі: і, ды, а, да і інш.

Адносіны паміж сказамі, што становяць складана-злучаны сказ, устанаўляюцца гэтымі злучнікамі таксама, як і паміж часьцінамі зьлітага сказу.

1. Злучнік і. Самым звычайным злучнікам у простым злучэньні сказаў бывае „і“. У зьлітым сказе ён звычайна прылучае апошнюю часьціну, калі іх некалькі, але можа стаяць і перад кожнай часьцінаю зьлітага сказу, напр.:
І б‘юць, і дзяруць, і плакаць не даюць. Цябе хваліў і поп, і Ярмошка, і я трошка (насьмешка над самахвалам).
Тое самае бывае пры простым злучэньні некалькіх сказаў, што адносяцца да аднаго і таго самага прадмета мысьлі, напр.:
І воўк сыт, і козы цэлы. І мой бацька такі маўся, і я ў яго ўдаўся. І чувам ня чуваць, і відам ня відаць. Ёсьць у горадзе Сьлінішчы, і пасе пастух коні на сьмятнішчы.

2. Злучнік а. Часам у значэньні або замест злучніка „і“ стаіць „а“ ў зьлітым сказе, хоць вельмі рэдка, напр.: Цімох а Хомка пойдуць на работу. Ня было ў яго а нічога (тут памацненьне). Каюся, млода, а не памалу, што млода замуж пайшла.

Злучае „а“ таксама і цэлыя сказы ў простым злучэньні, напр.:
Глянуў музыка на табакерку, а тая аж зяхціць. Зайшлі яны на̀нач к аднаму лясьніку, а ў таго была віёрка. На ката пацягушкі, а на дзіця растушкі. Ластаўка дзень пачынае, а салавей канчае.

3. Злучнікі ды, да. Гэтыя злучнікі ў простым злучэньні сказаў ня бываюць; яны сустракаюцца ў зьлітых сказах у значэньні „i“.

Злучнік „ды“ найчасьцей зьвязвае выказьнікі ды ставіцца ў тых разох, калі гэтыя выказьнікі выражаюць паступовасьць, згоднасьць, асабліва тады, калі наступны выказьнік становіць як-бы вынік з першага, напр.:
Напісаў прашэньне ды да міравога. Сеў дызаплакаў. Увайшоў у хату ды кажа. Дай ды яшчэ і наддай. Адчыніў дзьверы ды стаў клікаць у хату. Яны ўзялі ды закапалі тыя грошы. Выскачыў ды давай бог ногі.

Гэты злучнік можа мець пасьля сябе памацняльнае „і“ (й), калі трэба надаць выказьніку большай сілы і значэньня, напр.: Узяў дый паламаў на кавалкі. Глянуў дый заплакаў.

Злучнік „да“ ставіцца звычайна для злучэньня аднолькавых часьцін зьлітага сказу, выражаных назоўнікамі ў значэньні дабаўленьня, напр.: Знае пра тое купец да мама. Казаўся наш сват багаты, аж толькі рызы да латы.

Злучнік „да“, як і „ды“, можа мець пры сабе памацняльнае „і“ (й), напр.: Сядзіць хлопец дай плача.

Гэты злучнік можа быць і памацняльным словам, асабліва ў народнай поэзіі, дзе ён ставіцца яшчэ і дзеля складу, напр.:
Ой што-ж там да за дым курыць? Што-ж там да за пыл курыць? Брацейка мой родненькі! едзь у луг да па каліну, да па калінавы цьвяточак да мне, маладзенькай, на вяночак. Да ўжо часіна, да ўжо гадзіна — чаму таго пасаду няма? Да хто едзе, пытае — чыя чупрына лятае? Да хто едзе, сьмяецца — чыя то чупрына трасецца?
Злучнік „да“ часам ставіцца паміж дзейнікам і выказьнікам. У такіх разох ён, разумеецца, перастае быць злучнікам, напр.:
А той дзед да быў калека.

Крошку з іншым адценьнем ужываецца злучнік „дык“, напр.: Я вот я — дык пайду. А я — дык ня люблю гароху. Злучнікі „ды“, „да“ выражаюць супярэчнае злучэньне сказаў, як злучнік „але“ (бач. ніжэй).

2. Разьмеркавальнае злучэньне сказаў.

Часам у злучаных сказах выражаецца нешта такое, што аднолькава можа быць: той, хто гаворыць, выбірае што-небудзь адно, а падчас бывае няпэвен у выбары. Такое злучэньне сказаў называецца разьмеркавальным. Пры кожным з такіх сказаў звычайна ставіцца адзін і той самы злучнік. Да такіх злучнікаў належаць: ні—ні, ці—ці, або—або, (альбо—альбо).

1. ні—ні. Гэтыя злучнікі бываюць паміж аднолькавымі часьцінамі ў зьлітым сказе і паміж злучанымі сказамі, напр.:
Ні вала, ні кала. Ні ўцяць, ні ўзяць. Ні грозьбаю, ні просьбаю. Ні а, ні бэ. Hi дар, ні купля. Ні за што, ні пра што. Ні калі то было, ні калі то будзе. Ні к сялу, ні к гораду. Ні бацька спраўляў, ні сын насіць будзе. Ні самому паглядзець, ні людзям паказаць.
Злучнікі „ні—ні“ могуць прымаць да сябе памацняльную часту „а“: ані—ані, напр.:
Ані цар, ані псар. Ляжыць ваяк на купіне — ані труны, ані ямы, ані айца, ані мамы. Ані ён што знае, ані маці яго паможа.
2. ці-ці (у некаторых народных гутарках кажуць „чы“). Асобна „ці“ звычайна ставіцца ў пытальных сказах; у парным злучэньні гэты злучнік азначае разьмеркаваньне ці што падобнае, напр.:
Ці саву аб пень, ці пень аб саву — усё саве баліць. Ці сень клок, ці вілы ў бок. Ці кіем, ці палкай — усё роўна. Ці прыдзіўны, ці прыгаворны, ці прысьмешны, ці прыдумны, ці вадзяны, ці ветраны — пакарыся майму прыказу! Ці Мікітай па палцы, ці палкай па Мікіце — усё Мікіце баліць.
3. або—або, альбо—альбо. Злучнік „альбо“ разьвіўся з старасьвецкага „алюба“ („Хто калі відзіць грамату, алюба слышыць чтучы“). Цяпер абодва злучнікі (або, альбо) ужываюцца ў разьмеркавальным значэньні, напр.:
Або так, або сяк. Альбо грай, альбо грошы аддай. Каторы з вас: ты альбо ён?
Разьмеркавальны характар мысьлі бывае і ў тых разох, калі ставіцца адзін толькі з пералічаных злучнікаў, напр.:
Я гэтага ня маю, ні ён можа дастаць. Бацька ня бачыў, ані сын ведае. Я паеду сам, ці сын зьбегае туды. Ты йдзі касіць сам, ці няхай твой сын ідзе. Ня ведаю, якая там бяда: дом абваліўся, ці гумно згарэла.
3. Параўнальнае злучэньне сказаў.
У гэтым злучэньні першы сказ звычайна пачынаецца з „то не“, напр.:
То ня сон маю галованьку клоніць: то брат сястру з двара далоў гоніць. То ня зорка сьвяціла: то Ганулька хадзіла. З-пад гаю зялёнага, з-пад вішаньня чырвонага не саколік вылятае: сівы конік выбягае, сівая зязюлька вылятае.

Параўнальнае злучэньне сказаў асабліва любіць народная поэзія. Параўнальнае злучэньне бывае адмоўнае (з „не“) і пацьвярджальнае (бяз „не“).

У параўнальным злучэньні сказаў нашая народная поэзія найчасьцей ужывае т. зв. паралелізмы, г. зн. два сказы, падобныя сваёю формай і зьместам, напр.:
У садзе бяроза караністая — у мяне сьвякроўка наравістая. Тры рэчачкі сьцякаліся — тры сястрыцы зьяжджаліся. Зялёны дубочак на луг пахіліўся — малады малойчык чаго зажурыўся? Ты палын, палын — трава горкая, а ты, доля мая, доля горкая! Каліначка чырвоная над вадою схілілася — а я, млода, журылася, што ад роду адбілася. Чырвона каліна гальляйко паклала — маладая дзяўчына бяз долі прапала. Ты, зялёны дубе, чаго пахіліўся? — Малады казача, чаго зажурыўся?
4. Супярэчнае злучэньне сказаў.

Сюды належаць такія складана-злучаныя сказы, паасобныя роўнапраўныя сказы якіх знаходзяцца ў супярэчных адносінах паміж сабою. Ступень супярэчнасьці, можа быць не аднолькавая: часам проціваставіцца адна якая-небудзь часьціна аднаго сказу такой самай часьціне (члену) другога сказу.

Адносіны паміж супярэчнымі сказамі выражаюцца супярэчнымі злучнікамі: 'а, да, але, ды (=але) і іншымі. Супярэчнасьць можа выражацца і бяз гэтых злучнікаў.

1. а. Разгледжаны вышэй злучнік „а“ (§ 33: 1, 2) найчасьцей ставіцца для выражэньня супярэчнасьці сказаў, напр.:
Ты мне ня верыў, а вот тыя граматы. Брата жалка, а Сумка (сабакі) яшчэ жалчэй. Баран лёг на печ, а певень узьляцеў на паліцу.
У некаторых разох пры злучніку „а“, злучаным з „то“ („ато“), апроч супярэчнасьці, выражаецца іншае адценьне — умова ці што падобнае, напр.:
Ня руш, ато крычаць будуць. Маўчы, ато загадаюць таўчы.
Злучнік „а“ можа зьлівацца з „жа“ ў скарочанай форме — аж ды таксама можа выражаць супярэчнасьць, напр.:
Глянуў я, аж гэта зусім ня тое. Ой выду-ж я на сяло — нідзе агню ня відно, аж у нас агонь гарыць, маці з сынам гаварыць.
Але найчасьцей „жа“ мае памацняльнае значэньне, напр.:
Наша поле аж да лесу. Аж пачырванеў ад сораму. Байбак бяжыць, аж балахон дрыжыць (баран).

Злучнік „а“ можа зусім прапускацца, напр.: Было ў мяне пара коняй — цяпер хаджу пешкі! Меў я два пакоі — цяпер няма хаты.

2. але. Гэты злучнік мае супярэчнае значэньне, як і „а“, напр.:
Адзеўся, як пава, але дурная слава. Паехаў баранаваць, але да поля не даехаў. Доўга яны грызьліся, але сабака воўка перамог.
У некаторых нелітаратурных гаворках можа стаяць „алі“ замест „але“. Таксама „але“ ў нашай мове звычайна служыць пацьвярджальным словам або словам згоды з чым-небудзь, напр.:
Але, я гэта казаў. І ты пойдзеш з намі? — Але. Хочаш есьці? — Але. Але, але, гэта ўсё праўда. Ты ка мне прышоў? — Але.
3. да, ды. Супярэчнасьць можа выражацца таксама злучнікамі „да“, „ды“ ў значэньні „ды“ ў значэньні „але“ для абазначэньня неспадзяванай супярэчнасьці, напр.:
Вялік панок, да малы дварок. Ня дуж, да дасуж. Поле роўна ляжыць, да гуляць не вяліць. Хацеў-бы, да ня змога. Гаварыў-бы каток, да рот караток. Вялікі ўраджай, да ня будзе каму спажыць. Гульня, да не штодня. Ачом завідна, да жывату не пажытачна. Жыта злажылі, ды не надоўга.
4. адно. Гэты злучнік, выражаючы супярэчнасьць, можа злучацца з памацняльнаю часткай „ж“ (жа), напрыклад:
Усяго было многа, адно прынукі ня было. Думаў, што жарты, адно-ж на праўду вышла. У лузе нікагенька, адно адзін салавейка.

5. дык, дак (з „так“ пад уплывам „да“): Хацеў узяць тыя грошы, дык крук (птушка) не дае. Няўчон, дак праўчон. Глухі не дачуе, дык прыложыць.

6. толькі: Усё, толькі ня гэта. Хлеба ня трэба, толькі-б есьці не хацелася. У лузе нікагенька, толькі адзін салавейка.

Бяз злучніка: Ішоў к вам — прышоў к нам.

5. Прычыннае злучэньне сказаў.

Сюды належаць такія злучэньні роўнапраўных сказаў, калі другі сказ выражае прычыну таго дзеяньня ці стану, што выражаюцца папярэднім сказам.

З лёгічнага боку той сказ, што выражае прычыну, зьяўляецца як-бы падпарадкаваным паясьняльнаму сказу, але з сынтаксычнага боку ён роўнапраўны з паясьняльным, а не падпарадкаван яму, бо ня служыць паясьненьнем якой-небудзь часьціны другога сказу, асабліва выказьніка.

Прычынна-злучаныя сказы зьвязваюцца паміж сабою злучнікамі бо, ато, хоць могуць быць і іншыя спосабы злучэньня.

1. бо: Там добра, бо ўсё пад бокам. Скарэй канчай, бо абедаць пара. Не чапай сабакі, бо ўкусіць. Ня цешся з чужой бяды, бо свая наедзе. Не капай на чалавека ямы, бо сам туды ўпадзеш. Ня плюй вясьне ў рот, бо другая прыдзе ў год.

2. ато: Дай свае табакі, ато ад чужое нос баліць. Пашануйся, ато кепска будзе. Прывяжы каня мацней, ато адарвецца.

3. жаж. Прычыннае злучэньне часам можа выражацца падвойнай памацняльнай часткай „жаж“ (жа+ж), напр.: Начуйце здаровы: вам жаж свае хаты на адну ноч не будаваць.

У старасьвецкай літаратурнай мове прычыннасьць паміж злучанымі сказамі абазначалася злучнікамі „ач—ача“, „заньжа“ ў значэньні „бо“ і „ведзьжа“ ў значэньні сучаснага „жаж“, напр.:
„Ня веру таму, ач таго нець, заньжа са мною гаразда жывець, ача і бы мне явіл“. „Вітаўт рэк атцу сваему: „Ня веру таму, заньжа са мною гаразд жывець“. І пойдеш за німі, ведьжа указал есмы маладзенцам, абы ся не датыкалі цябе“.

4. Бяз злучнікаў: Ня плюй у лужыну: згадзіцца напіцца. Ня свой брат: ня скажаш — пасунься.

6. Заключальнае злучэньне сказаў.

У заключальным злучэньні сказаў адзін сказ становіць вывад з другога сказу (з першага), але не паясьняе тэй ці іншай асобнай часьціны сказу, як даданы сказ.

Для абазначэньня вываду (заключэньня) з папярэдняга сказу няма асобных і пэўных формаў: адносіны паміж такімі сказамі выражаюцца розна.

1. Такія сказы могуць злучацца паміж сабою злучнікам „і“, напр.: Шкода ім стала хлапца, і вярнуліся яны назад. Бачыць ён, што сьвятыя ні кураць, ні п‘юць, ні песень не пяюць, і моташна яму стала. Стукнуў ён кулаком у сьцяну, і адчыніліся дзьверы.

2. Злучнікамі дык, дак: Каму наканована ў які час памерці, дык нідзе ад сьмерці не схаваешся. Было вельмі цёмна, дык увашоў я ў хату вобмацкам. Працаваў, не ленаваўся, дык і меў кусок хлеба. Ён коні краў, дык яго мужыкі забілі.

3. затым, от (о+то=вот), то: Яго затрымалі на кірмашы, затым ён не пасьпеў к часу. Бачаць яны, што ад музыкі нідзе супакою няма, от і давай яны думаць, як-бы яго з сьвету зьвесьці.

II. ПАДПАРАДКАВАНЬНЕ СКАЗАЎ.

Падпарадкаваньнем называецца злучэньне няроўнапраўных сказаў. Пры такім злучэньні адны сказы зьяўляюцца асноўнымі, незалежнымі, а другія — даданымі — падпарадкаванымі, залежнымі.

З лёгічнага боку даданыя, або падпарадкаваныя, сказы становяць сабою паясьненьне якіх-небудзь часьцін таго простага сказу, які зьяўляецца ў такім выпадку асноўным сказам.

З формальна-сынтаксычнага боку даданыя сказы злучаюцца з асноўным або дапасоўнымі словамі (займеннымі прыметнікамі ці назоўнікамі), або словамі недапасоўнымі — злучнікамі, прыслоўямі ці прыслоўнымі выражэньнямі. Калі гэтым надворным спосабам формальныя адносіны паміж такімі сказамі не абазначаны, то з сынтаксычнага боку яны не становяць сабою падпарадкаванага злучэньня; тады гэта будуць злучаныя сказы, хоць з лёгічнага боку яны былі-б і няроўнапраўныя.

Такім парадкам, даданыя сказы служаць для паясьненьня і для разьвіцьця якіх-небудзь часьцін асноўнага сказу. Розныя спосабы выражэньня даданых сказаў знаходзяцца ў залежнасьці ад таго, ці паясьняюць яны назоўнік — усё роўна, ці будзе гэты назоўнік дзейнікам, дапаўненьнем ці часткаю сустаўнога выказьніка, ці дзеяслоў.

У вапошнім выпадку (калі даданы сказ паясьняе дзеяслоў) даданы сказ можа выражаць простае дапаўненьне, якое можна перадаць іменьнікам, або служыць падменай прыслоўя ці прыслоўных зваротаў, што паказваюць час, месца, прычыну, мэту, спосаб дзеяньня ці чаго падобнага.

1. Даданыя сказы, што паясьняюць скланяльныя часьціны мовы ў асноўным сказе.

Даданыя сказы, што паясьняюць скланяльныя часьціны мовы ў асноўным сказе (дзейнік, дапаўненьне ці скланяльную частку сустаўнога выказьніка) звычайна называюцца азначальнымі. Яны паясьняюць назоўнік, які служыць дзейнікам, дапаўненьнем ці часткаю сустаўнога выказьніка.

Такія даданыя сказы найчасьцей падмяняюць прыметнік, а ў некаторых выпадках і назоўнік. Сюды належаць і такія сказы, што падмяняюць дзейнік і, такім парадкам, стаяць на месцы назоўніка йменнага.

1. Найчасьцей дадана-азначальныя сказы зьвязваюцца з асноўным сказам прыметнікамі займеннымі „каторы“, „які“; гэтыя прыметнікі ўстанаўляюць і лёгічнае, і граматычнае дапасаваньне, дзеля гэтага яны зьяўляюцца найбольш пашыранымі злучнікамі, бо ў жыцьці мы найчасьцей сустракаемся з патрэбаю вызначыць цікавы для нас прадмет, выясьніць тое ці іншае здарэньне ці зьяўленьне.

Прыклады: У моры гаду ёсьць, катораму і ліку няма. Шчыпай, кума, ягадкі, каторы салодкі, а каторы горкі, то для мае жонкі. Замкнуў такімі замкамі, каторых няма і ня будзе мацней. Тады загадаў ён аддаць кавалю таго самага каня, на каторым езьдзіў сам.
У звычайнай мове такія даданыя сказы найчасьцей прылучаюцца да асноўнага словамі які; у васноўным яму адпавядае слова такі, напр.:
Якая яда, такая і хада. Які сакавік, такі і красавік. Які дзень, такі і пажытак. Якія мы самі, такія і нашы сані. Якое дзерава, такі і клін.
Усе такія сказы падмяняюць прыметнікі-азначэньні, а часамі і выказьнік. У гэтых сказах займенныя прыметнікі „каторы“, „які“ часта падмяняюцца словам што, якое, як назоўнік займенны, не дапасуецца з тым словам, да якога адносіцца, напр.:
Суседзі і суседачкі, што ў нашай бяседачцы, хлопчыкі-малойчыкі, кладзеце чырвончыкі! У канцы грэблі шумяць вербы, што я насадзіла. Пакажэце мне тую кветку, што цьвіце зімой і ўлетку. А дзе-ж тая галубачка, што з намі лятала? Павень, ветру, з таго краю, дзе мой мілы, што кахаю. Таксама на месцы „які“, „каторы“ знаходзім дзе, напр.: Шчабячы, салавейка, шчабячы, нам дарожаньку пакажы: ці да таго двара, дзе нас ждуць, ці да тае гаспожы, дзе мёд п‘юць.
Займеньнік „што“ і прыслоўе „дзе“ ставяцца замест „каторы“ ці „які“ ва ўсіх родах і ліках, бо самі яны ня маюць гэтых формаў; „што“ і „дзе“ могуць выражаць і залежныя склоны ад „каторы“ нават з прыназоўнікам, напр.:
Сталі яны жыць у той хаце, што летась пабудавалі. А дзе-ж тая крынічанька, што голуб купаўся? Няма таго чалавека, што сказаў-бы яму праўду. Той, што сьпіць. Той, што ў чорнай вопратцы. Вылаяў ён тых хлопцаў, што ў агарод лазілі.
2. хто—той. Даданыя сказы, што злучаюцца з асноўным сказам назоўнікам займенным „хто“, звычайна падмяняюць іменьнік, а часта і дзейнік. „Хто“, як назоўнік, не зьмяняецца ў родах; ён ня мае множнага ліку, а, значыць, не дапасуецца з тым словам, якое паясьняе. У васноўным сказе слову „хто“ адпавядае слова „той“, прычым яны могуць стаяць у розных склонах і з прыназоўнікам, напр.:
Хто ўлетку халадку шукае, той узімку галадае. Няхай той серадзіць (посьціць), хто на неба глядзіць. Хто дбае, той і мае. У каго ёсьць матка, у таго галоўка гладка. Каму ня ймецца, таму заўсёды лжэцца.
3. што—то. Падобны да даданых сказаў, што пачынаюцца з „хто“, тыя даданыя сказы, што пачынаюцца з „што“. І гэты займеньнік не зьмяняецца ў родах і ня мае множнага ліку. У васноўным сказе яму адпавядае „то“, якое можа і прапускацца. „Што—то“ могуць стаяць у розных склонах і з прыназоўнікам, напр.:
Што будзе, то будзе. Што з возу ўпала, то прапала. Што вясною ножкаю коп, то зімою ручкаю хоп. Што зямлёю пакрыта, няхай будзе забыта. На што спадзяваўся, таго дачакаўся. На чым стану — не адстану.

4. такі—што: Зайшоў у такую гушчарыну, што і сьвету ня відаць. Яго апанаваў такі сьмех, што ня мог вытрываць.

5. колькі—столькі. Ёсьць дадана-азначальныя сказы, што пачынаюцца неазначальным лічэбнікам „ колькі“; яму адпавядае „столькі“, напр.: Колькі ў рэшаце вады, столькі ў яго праўды. Колькі зім, столькі лет.

6. чый. Дадана-азначальныя сказы могуць пачынацца яшчэ прыметнікам займенным „чый“, які можа дапасавацца ў родзе і ліку з іменьнікам даданага сказу, напр.: Чый род, таго і рот. Чый конь, таго і грошы.

Ва ўсіх разгледжаных сказах займеньнікі, служачы сувязьзю паміж даданым і асноўным сказам, звычайна адносяцца да назоўніка, які служыць дзейнікам, дапаўненьнем або часткаю сустаўнога выказьніка.

Але апроч азначэньня прадмета, сказы, што паясьняюць скланяльную часьціну ў асноўным сказе, могуць выражаць месца, час і іншае.

У такіх даданых сказах на месцы „які-б“, „у якім“ і інш. стаяць ужо адпаведныя злучнікі, прыслоўі і іншыя нязьменныя часьціны мовы. Гэтыя сказы вызначаюцца большай незалежнасьцю, але ўсё-ж такі служаць паясьненьнем да скланяльнага слова ў асноўным сказе, і іх злучнікі заўсёды можна падмяніць займеньнікамі.

7. каб. Дадана-азначальныя сказы, што пачынаюцца гэтым злучнікам, напр.: Ня было тае хаты, каб двое-трое не памерла. Не знашлося такога чалавека, каб мог яго выратаваць. Цяпер ня той сьвет настаў, каб байкі слухаць.

8. дзе. Ёсьць дадана-азначальныя сказы з адценьнем месца, што пачынаюцца з „дзе“, напр.: Падышлі яны к таму месцу, дзе пачыналася рэчка. Няма тае крамы, дзе-б прадаваліся родныя мамы.

9. калі. Азначальныя сказы з адценьнем часу: Настала поўнач, калі нічога ня відаць.

10. як. Азначальныя сказы з адценьнем параўнаньня: Няма ўжо болей такой паншчыны, як у нас была.

11. Калі асноўны сказ адмоўны, то ён можа скарачацца ды прымае такі від: „Каго люблю — няма таго; хто мяне любіць — ні я таго“.

2. Даданыя сказы, што паясьняюць дзеяслоў.

Даданыя сказы, што паясьняюць дзеяслоў, называюцца дапаўняльнымі.

З формальна-сынтаксычнага боку дапаўняльныя сказы бываюць дваякія: яны або падпарадкваюцца дзеяслову злучнікамі, прыслоўямі ці прыслоўнымі выражэньнямі, або становяць сабою залежнае пытаньне, і падпарадкваюцца дзеяслову пытальнымі займеньнікамі ці прыслоўямі займеннага пахаджэньня.

I. Дапаўняльныя сказы, ня выражаныя ў форме залежнага пытаньня, зьвязваюцца з асноўным сказам наступнымі спосабамі:

1. Злучнікамі аж, ажно, напр.: Глянуў ён, аж коняй няма. Глядзіць, аж там паноў хоць гаць гаці. Думаў хлеб сьпячы, ажно мукі ані званьня.

Гэтыя сказы становяць пераходную ступень ад злучаных да падпарадкаваных.

2. Злучнік што. Самымі звычайнымі, найбольш пашыранымі дапаўняльнымі сказамі зьяўляюцца тыя, што пачынаюцца злучнікам „што“, які вытварыўся з займеньніка, што шырока ўжываецца ў азначальных сказах. Напр.:
Цешыўся старац, што перажыў марац. Бачыць, што няма рады. Ніхто-б іншы не адважыўся йсьці, пачуўшы, што пачынаюць страляць. Далі кляцьбу аб сабе, што будуць жыць у згодзе. Засталіся яны сіратамі, і ўсе дзівіліся, што як яны будуць жыць. Бачыць ён, што тут не пярэліўкі. Плача, што дарэмна вяне ў глушы, што нідзе ня бачыць роднае душы (Я. Кол.). Чуюць — хтось стукае ў дзьверы.

3. Злучнік каб. Дапаўняльныя сказы могуць зьвязвацца з асноўным злучнікам „каб“, напр.: І загадаў ён, каб ніхто не чапаў гэтых яблык. Тады стаў ён прасіцца, каб пусьцілі яго дадому. Я толькі аднаго хачу, каб ты здароў быў.

4. Злучнік абы. Здараецца, але вельмі рэдка, што дапаўняльныя сказы пачынаюцца злучнікам „абы“ ў значэньні „каб“, напр.: Яму хацелася, абы і часінкі ня страціць.

5. быдта, быццам. Для выражэньня незалежнага факту, дапаўняльныя сказы могуць злучацца з асноўным дзеяслоўнымі прыслоўямі „быдта“, „быццам“, напр.: Кажуць, быдта пасварыліся яны за невашта. Скажы, быццам мы ня бачыліся з табою.

II. Да дапаўняльных сказаў, што паясьняюць дзеяслоў, належаць і так званыя залежныя пытаньні, якія заўсёды залежаць ад дзеяслова.

Ад дзеяслова могуць залежаць і простыя пытаньні, напрыклад: Тады падыходзіць селядоршы брат ды кажа: „Брат! нашто ты крыўдзіш мяне?“ Разважаў сам сабе, ці ехаць мне заўтра на кірмаш, ці не?

Але з формальна-граматычнага боку ў такіх сказах падпарадкаваньня дзеяслову ня будзе; яно наступіць толькі тады, калі перад такім сказам стане злучнік „што“ („Ён спытаў, што ці прынёс ён грошы“), або калі пытальны сказ зьменіць сваю пабудову: дзеяслоў 2-ой асобы пяройдзе ў 3-юю асобу, а займеньнікі „ты“, „вы“ выпадуць або заменяцца 3-яй асобай.

Дапаўняльныя сказы з залежнымі пытаньнямі зьвязваюцца з асноўнымі сказамі або пытальнымі часткамі (дапаможнікамі) або пытальнымі займеньнікамі.

1. Падпарадкаваньне пытальным дапаможнікам ці. Пытаюцца, ці ня бачылі яны коняй. Паглядзеў, ці жывы, ды зноў стаў біць. Прышлі паглядзець, ці праўда, што там шкло.

2. Падпарадкаваньне прыслоўем як: Ніхто ня ведае, як хто абедае. Прышлі паслухаць, як грае музыка.

3. Падпарадкаваньне прыслоўем дзе: Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе ляпей. Пытаецца ў сына, дзе ён быў.

4. Падпарадкаваньне пытальным займеньнікам хто: А ці ведаеш ты, чалавеча, хто я? Толькі ня ведаю я, хто вы ёсьцека. Спытай у яго, ад каго ён такога каня мае?

5. Падпарадкаваньне пытальным займенікам што: Прышлі паглядзець, што яны робяць. Багаты дзівіцца, чым худак жывіцца. Ня ведама, чым і як яна жывілася. Тады стаў ён расказваць, чаму ня прышоў на работу.

6. Падпарадкаваньне займеньнікамі які, чый: Ён толькі спытаўся, чые гэта коні. Праходзячы, пацікавіўся, якія гэта людзі.

3. Даданыя сказы акалічнасьці.

Даданыя сказы, што паясьняюць дзеяслоў, могуць выражаць месца, час, прычыну, цэль, спосаб дзеяньня і, такім парадкам, дапаўняць тыя акалічнасьці, пры якіх адбылося ці магло або не магло быць тое, што выражаецца асноўным сказам. Такія даданыя сказы называюцца сказамі акалічнасьці.

1. Сказы акалічнасьці месца.

Гэтыя сказы злучаюцца з асноўным сказам прыслоўнымі злучнікамі: дзе, куды, адкуль; у васноўным сказе ім адпавядаюць: там, туды, адтуль.

Гэтыя паказальныя словы (прыслоўі) могуць прапускацца, але яны заўсёды разумеюцца; дзе гэтых злучальна-паказальных слоў нельга разумець, там будуць звычайныя дапаўняльныя сказы або залежныя пытаньні ці нават — пры назоўніках іменных — азначальныя сказы. Прыклады:
Дзе поўна было, там стала пуста, а дзе кветкі расьлі, там палын заняўся. Дзе нянек многа, там дзіця бязнога. Вольна йсьці куды хаця (у гэтым прыкладзе сказ акалічнасьці месца абярнуўся ў акалічнасьцёвае выражэньне). Пайшоў, куды вочы глядзяць. Адкуль хмара, адтуль і дождж. Куды прыдзе — паграe.

Бываюць і мяшаныя звароты, з перастаўленымі прыслоўямі, напр.: Бацька пайшоў туды, адкуль ніхто не варочаецца.

2. Сказы акалічнасьці часу.

а) Самым пашыраным спосабам падпарадкаваньня даданых сказаў акалічнасьці часу зьяўляецца злучнік-прыслоўе калі, напр.: Не да парасят сьвіньні, калі яе смаляць. А мне і няўпрыцям, калі гэта было.

б) Даданыя сказы акалічнасьці часу могуць зьвязвацца з асноўным прыслоўным злучнікам як, напр.:
Як ем — і глух, і нем. Ня слухай лісіцы, як яна прыдзе, бо яна цябе зьесьць. У ночы, як усе палеглі спаць, пайшлі яны вартаваць сад. Як заграе музыка, дык нават птушкі перастаюць сьпяваць. Як зьмеркне, то ні за што ня пойдзе на двор.
в) Вельмі пашыраны ў сказах акалічнасьці часу злучнікі-прыслоўі покі, пакуль, напр.:
Касі каса, пакуль раса. Няхай звоняць, пакуль ахвоту згоняць. Покі сонца ўзыдзе, раса вочы выесьць. Покі жыў буду — не забуду. Пакуль на гумне цэп, датуль на стале хлеб. Покі сыты ссохне, датуль худы здохне. Покі да розуму дойдзе, многа вады ўцячэ.

Як відаць з прыкладаў, злучнікам „покі“, „пакуль“ у васноўным сказе часам адпавядаюць „пакуль“, „датуль“.

г) Апроч пералічаных злучнікаў-прыслоўяў, сказы акалічнасьці часу могуць злучацца з асноўным сказам прыслоўямі толькі, колькі, пакамісь, напр.:
Толькі ён заснуў, аж чуе — нехта крычыць. Толькі быў задрамаў, чуе — нехта стукае. Колькі раз яны прыходзілі сюды — нічога не знаходзілі. Пакамісь скосім, то і сонца зойдзе.
д) Здараецца, хоць вельмі рэдка, злучнік нім=покі, напр.:
Нім я бег да хаты, загарэлася ўжо і гумно. Біліся яны, біліся, аж нім дурань усе шэсьць галоў адсек (з казкі; тут „нім“ мае перад сабою памацняльны дапаможнік „аж“).
e) У значэньні „покі“ ўжываецца яшчэ „аж“, каб выразіць, што далей час ня мог пайсьці, напр.:
Ня пускалі з работы, аж покі сонца зайшло.
ж) здараюцца яшчэ злучнікі ў сказах акалічнасьці часу абы, што, напр.:
Абы дзень настаў, дык і пачынаюцца сваркі. Абы вышаў у лес, дык от на цябе ўсё і бяжыць. Што гадзінка, то новая прычынка. Што жывём, то вучымся. Што месяц, то дзесяць.
3. Сказы акалічнасьці прычыны.

Даданыя сказы акалічнасьці прычыны пачынаюцца звычайна такімі злучнікамі:

а) што — яму ў асноўным адпавядае „затым“, „адтаго“, напр.:
Затым сьляпы плача, што сьцежкі ня бача. Адтаго мы пагалелі, што соладка пілі, елі.
б) Прычыннасьць можа выражацца часоўнымі сказамі, што пачынаюцца злучнікам „калі“, якому ў асноўным адпавядаюць „чаму“, „як“, напр.:
Чаму мне ня пець, чаму ня гудзець, калі ў маёй хатачцы парадак ідзець. Як-жа мне ня плакаць, калі ў маю хатку ўлез некі страшны зьвер.

в) бо: З поля зьбяры ў адну кучу каменьне, бо замінае яно надарэмна.

4. Сказы акалічнасьці цэлі.

Даданыя сказы акалічнасьці цэлі злучаюцца з асноўным:

а) У пераважнай большасьці злучнікам каб, напр.: Дастаў ён з мяшочка скрыпку і смык, каб яшчэ раз паграць. Добра глядзі, каб агрэху ня даць. Сошку сваю ты нанова наладзь, лепш каб было, чалавеча, араць. Зачыняйце шчыльна хату, каб ня дзьмулі халады. Прышлі да хаты, каб супачыць.

б) Сказ цэлі можна бачыць і ў наступным прыкладзе: „Стаў зьбірацца, нібыта да дому ехаць“, дзе даданы сказ акалічнасьці цэлі пачынаецца словам „нібыта“.

5. Сказы акалічнасьці спосабу дзеяньня.

Даданыя сказы акалічнасьці спосабу дзеяньня, паясьняючы дзеяслоў, паказваюць спосаб дзеяньня. Яны выражаюць супастаўленьне, параўнаньне (дадатнае і адмоўнае) розных дзеяньняў, станаў, зьяў і здарэньняў; часам можа выражацца і вынік з пэўнага дзеяньня. Усё гэта пазваляе падзяліць сказы акалічнасьці спосабу дзеяньня на дзьве часткі: 1) сказы параўнальныя і 2) сказы паясьняльныя.

1. Сказы параўнальныя звычайна зьвязваюцца з асноўным сказам такімі злучнікамі:

а) як: Літвін, як лін. Сказаў, як зьвязаў. Сьпіць, як пшаніцу прадаўшы. Сядзіць, як мыш пад мятлою. Вочы гараць, як вугальлё. Пабялеў, як палатно. Шуміць лес, от як песьні сьпявае. Як пасьцелеш, так і высьпішся. Лепей у пяску гніць, як з нямілым жыць.

Як бачым з некаторых прыкладаў, злучніку „як“ у даданым сказе адпавядае злучнік „так“ у васноўным.

б) бы: з „якобы“: Дрыжыць, бы тая асіна. Дудка грае тонка, от бы тая павуціна. І ўсхліпвае рэчка ў пяскох залатых, бы маці па дзецях сваіх.

в) чым — творны склон займеньніка „што“, часам з часткаю „сі“, якая разьвілася з паказальнага займеньніка, напр.: Чым далей, тым горай. Крычыць, на чым сьвет стаіць. Лепей хлеб з вадою, чымсі з бядою. Лепей з добрым згубіць, чымсі з дурным знайсьці.

г) бытцам: А той і не шманае, бытцам яго муха ўкусіла. На людзей брахаў, бытцам сваё дабро аберагаў.

2. Сказы паясьняльныя вельмі падобны да сказаў заключальных; у іх знаходзім такія злучнікі:

а) аж, які можа быць з часткаю „но“ (ажно): Ночы цёплыя, аж парыць. Байбак бяжыць, аж балахон дрыжыць. Бачыць, зусім сырыя дровы, ажно зацьвілі. Выбегла баба паглядзець, ажно ні рыбы тэй, ні лісіцы няма ў корабе. Як загрыміць, аж у вушшу зазьвінела.

Гэтыя сказы можна разглядаць, як злучаныя.

б) што: Быў ён такі паганы, што як яго і зямля насіла. Дажыліся, што хлеба ня было куска. Мусіць нашага гаспадара забіла, што яго даўно ня чуць.

4. Сказы умоўныя і уступальныя.

Сказы умоўныя і уступальныя становяць асобную групу складаных сказаў. Яны, уласна кажучы, злучаныя сказы, але паасобныя сказы іх незалежна адзін ад аднаго ня мысьляцца. І з надворнага боку яны зьвязаны паміж сабою так (калі—то, хоць—але), што гаворыць аб іх неразлучнай парнасьці. Але гэтыя граматычныя абазначэньні іх сувязі часта прапускаюцца, калі, напрыклад, стаіць загадны лад замест умоўнага. (Не скажы — ніколі ня зробіць).

1. Умоўныя сказы.

Умоўныя сказы належаць да прычынных сказаў. У вадным сказе звычайна выражаецца тая ўмова, ад якой залежыць дзеяньне ці вынік, аб якім гаворыцца ў другім сказе.

Умоўныя сказы зьяўляюцца набыткам разьвітога, практычнага розуму, які ўжо ўмее вызначыць важнейшыя, істотнейшыя прыметы.

Умоўныя сказы злучаюцца паміж сабою наступным спосабам:

а) калі—то (дык, дак): Калі гаспадар у карчме скача, то гаспадарка ў дварэ плача. Калі нярод, дык і неўмалот.

б) каб—то-б („то“ часта прапускаецца), дык:' Каб не перамерлі, то-б неба падперлі. Каб ня ежка да не адзежка, дык была-б грошай дзежка. Каб я цябе баяўся, з мяне-б дурны сьмяяўся. Каб чаўнок, пераплыў-бы на той бачок. Каб воля, знашоў-бы сабе поле.

в) Часам для выражэньня умоўнага сказу даволі бывае аднаго умоўнага ладу, напр.: Былі-б пабразгачыя, а памагачыя будуць. Ня было-б тут пастуха, ваўкі-б перадушылі авечкі. Была-б здарова бабуся, нікога не баюся.

2. Уступальныя сказы.

Уступальныя сказы яшчэ больш, як умоўныя, падобны да злучаных сказаў супярэчных, але ў такіх сказах адна думка не супастаўляецца з другой, а толькі трохі агранічае яе, часам выражаючы неспадзяваны вынік у параўнаньні з прычынай.

Уступальныя сказы сьведчаць ужо ня толькі аб практычнасьці і развазе таго, хто гаворыць; яны паказваюць, што асоба — чалавек грамадзянскі, бо ўмее цаніць і паважаць чужую думку, нават не згаджаючыся з ёю. Значэньне такіх сказаў пры вытварэньні навукі, культуры вялікае.

Уступальныя сказы таксама парныя сказы; сувязь паміж імі выражаецца парнымі злучнікамі, хоць часам злучнікі ў тым ці іншым сказе прапускаюцца. Найчасьцей сустракаюцца такія злучнікі:

а) хоць—абы, хоць—але, хоць—да, напр.: Хоць у латаным, абы ня ў хватаным. Хоць позна, але завозна. Хоць гол, да васьцёр. Цішком браў, але ня краў. Хоць ты за мяне большы, але дурань горшы. Хоць страту мець будзем, але свайго даб‘ёмся. Мякка сьцеле, да мулка спаць.

б) няхай: Няхай-бы яны пагасьцявалі дзень-два, ато другая нядзеля йдзе.

в) ні: Што ні рабілі, чаго ні чынілі — нічога не памагло. Куды ні кінь — усюды клін.

„Ні“ часам можа прапускацца, напр.: Што махне, дык дзесяць дубоў і паляціць, бы тыя чароціны.



  1. Такія формы, як „жадошчы ўзялі“, сустракаюцца цяпер дужа рэдка, а ў старасьвецкай мове, наадварот, яны былі вельмі пашыраны: Каін у завідошчах забіў брата.
  2. У некаторых народных гаворках сустракаецца форма „есьць“ і „ё“ (скарочанае „ёсьць“), але ў літаратурнай мове прынята гаварыць „ёсьць“.
  3. У беларускай мове „завуць“ асобу, чалавека; усе іншыя прадметы „называюць“.
  4. Б. Тарашкевіч. „Белар. граматыка для школ“, стар. 73: „Валы пайшлі ваду піць“.
  5. Тыповае выслоўе буржуазіі.
  6. Напісана паводле кнігі О. Курылы — „Увагі да літ. Укр. мовы.“