Сынтакс беларускае мовы (1924)
Сынтакс беларускае мовы Мовазнаўчая праца Аўтар: Язэп Лёсік 1924 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сынтакс беларускае мовы. |
ЯЗЭП ЛЁСІК
СЫНТАКС БЕЛАРУСКАЕ МОВЫ
ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ МЕНСК — 1925 |
ЯЗЭП ЛЁСІК
СЫНТАКС
БЕЛАРУСКАЕ МОВЫ
Дзяржаўнае Выдавецтва Беларусі
МЕНСК — 1924
ЗЬМЕСТ
ЧАСЬЦЬ ПЕРШАЯ.
Прадмова. Сказ і яго склад. Уводзіны.
1) Кіраваньне. 2) Дапасаваньне. 3) Дапасаваньне неграматычнае 4) Словы кіроўныя й дапасоўныя. 5) Словы недапасоўныя й някіроўныя. 6) Словы кіравальныяйдапасавальныя.Задачка1-ая. Задачка 2-ая........15
Просты сказ і яго склад.
1) Прыдатак і род. 2) Прыдаткі назоўнікі лічэбныя. 3) Прыдатак з паясьняльнымі словамі. 4) Прыдатак-пералічэньне. 5) Прыдатак з злучальнымі й памацняльнымі словамі. 6) Злучэньне назоўнікаў лічэбных з іменнымі. 7) Прыдаткі, выражаныя прыметнікамі й дзеяпрыметнікамі. 8) Прыдатак-дзеяпрыметнік, злучаны з дзеяпрыслоўнай акалічнасьцю. 9) Незалежныя прыдаткі-дапаўненьні. 10) Прыдаткі, які", "такі". Задачка 12-ая........50
1) Просты сказ. 2) Просты кароткі сказ. 3) Просты разьвіты сказ. 4) Сказ поўны. 5) Сказ няпоўны. 6) Адначленныя (аднаслоўныя) сказы. 7) Сказы, выражаныя адным дзейнікам. 8) Сказы,выражаныяаднымвыказьнікам. Задачка 16-ая........61
Прыклады для разбору. Вывады: адмоўе „не (ня)“, адмоўе „ні“, падвойная й патройная адмоўнасьць, памацняльнае адмоўе „ані“, адмоўе „няма“, „нямашака“; адмоўныя займеньнікі „некалі“, „нечага“, „некуды“. Задачка 17-ая........64
Складаны сказ.
Прыклады для разбору. Вывады: злучэньне простае, супраціўнае, разьмеркавальнае, прычынна-заключальнае(вінавальнае)й параўнальнае. Задачка 20-ая.....79
Прыклады для разбору. Вывады. Сказ асноўны й даданы (залежны й незалежны). Сказ сузалежны. Сказ падзалежны. Параўнальнысказ.Параўнальнысказз злучнікам „такік“. Задачка 21-ая....85
I) Род. Пераход слоў жаночага роду у мужчынскі род. Зьмена роду ў назовах прадметаў жывых. Назоўнікі лічэбныя. Прыметнікі й дзеяпрыметнікі. Параўнальная ступень прыметнікаў.
ІІ) Лік. Асаблівасьці адзіночнага ліку. Асаблівасьці множнага ліку. Парны лік. Ужываньне парнага ліку даўней. Формы парнага ліку ў сучаснай беларускай мове: а) мужч. роду, б) жаноч. й ніяк. роду.
1) Выражэньне дзейніка назоўнікам іменным.
2) Выражэньне дзейніка займеньнікам. 3) Выражэньне дзейніка лічэбнікам. 4) Выражэньне дзейніка прыметнікам і дзеяпрыметнікам. 5) Выражэньне дзейніка нязьменнай часьцінай мовы.
2) Выражэньне сустаўнога выказьніка: 1) сувязь сустаўнога выказьніка; „быць“ — выказьнік;„быць“—сувязь,2)іншыя дзеясловы ў ролі сувязі......137
3) Недзеяслоўныя часьці ў сустаўным выказьніку: 1) назоўнік іменны; 2) „трэба“; 3) клічнае слова; 4) прыметнікі; 5) дзеяпрыметнікі залежнага і 6) дзейнага значэньня; 7) параўнальная ступень прыметніка; 8) прыметнікі адноснапрыналежныя; 9) лічэбнікі; 10)займеньнікі;11)парушэньнедапасаваньня, 12) прыслоўе........143
1) выказьнік аднаго кораня з дзейнікам; 2) просты выказьнік з дзеясловам-прыдаткам; 3) асоба, лік, час, лад, стан, трываньне; 4) вы ражэньне асобы; 5) выражэньне ліку; 6) выражэньнечасу;7)выражэньнеладоў,8) выражэньне станаў, 9) выражэньне трываньняў.175
Даданыя, або паясьняльныя, словы.
Назоўны склон. Азначэньне (180) Прыдатак (181). Вінавальны склон (182). Родны склон: родны склон пры дзеясловах (186), родны пры назоўніках (188), родны адлучальны, адыходны (189), родны прычыны (190), родны месца (190), родны поклічу (190). Давальны склон (190). Прыладны склон (193). Месны склон (196). Значэньне дапаўненьняў (196); падзел дапаўненьняў (197), значэньне прыназоўнікаў (198), пахаджэньне прыназоўнікаў і прыслоўяў (200).
Значэньне сустаўных дапаўненьняў (202). Агульная увага да прыназоўнікаў (203). Ужываньне прыназоўнікаў (205): аб, а (205), абапал (207), ад (207), апроч, апрача, акром (209), без (209), вобак, вобач (209), для, дзеля (210), да (210), з, з=із, з=с (211, 212), зa (214), к (216), каля (217), канец, канцы (217), край (217), кром, акром (218), кругом (218), між (218), міма (219), на (219), над (221), пад (222), перад, прад (223), па (224), подле, паводле, паводлуг, подлуг, водлуг, водле (227), поверх, пасярод (227), посьля, пасьля (228), пра (228), праз, пераз (228), пры (228), проці, проціў (228), скрозь (229), у (229), у (230), уз (233), цераз (233).
1. Акалічнасьці (234): а) прыслоўе (234), б) дзеяпрыслоўе (236). 2. Падзел акалічнасьцяй (238): акалічнасьці спосабу дзеяньня (238), акалічнасьці месца (239), акалічнасьці-дзеяпрыслоўі часу (239), акалічнасьці прычыны, мэты (239), акалічнасьці меры, колькасьці (240), акалічнасьці памацняльныя й азначальныя (240).
I. Злучэньне сказаў — злучнікі й злучальныя словы (240). 1. Простае злучэньне сказаў: злучнік „і“ (242), злучнік „а“ (242), злучнік „ды“, „да“ (243). 2. Разьмеркавальнае злучэньне сказаў: 1. „ні—ні“ (244). 2. „ці—ці“ (244), „або—або“, „альбо—альбо“ (245). 3. Параўнальнае злучэньне сказаў (245). 4. Супярэчнае злучэньне сказаў (246). 5. Прычыннае злучэньне сказаў (248). 6. Простае злучэньне сказаў (249).
II. Падпарадкаваньне сказаў (249). 1. Даданыя сказы, што паясьняюць скланяльныя часьціны мовы ў асноўным сказе (250). 2. Даданыя сказы, што паясьняюць дзеяслоў (254). 3. Даданыя сказы акалічнасьці (256): сказы акалічнасьці месца (256), сказы акалічнасьці часу (257), сказы акалічнасьці прычыны (258), сказы акалічнасьці мэты (259), сказы акалічнасьці спосабу дзеяньня. III. Сказы умоўныя і уступальныя: 1) умоўныя сказы (261), 2) уступальныя сказы (261).
|
Набрана й надрукована ў 2-ой дзярж. |
I
СКАЗ І ЯГО СКЛАД
Уводзіны.
Адзінае мовы няма і быць ня можа. Кожны народ выражае свае думкі ў сваёй уласнай мове. А мова кожнага народу мае свае асаблівасьці — свае асобныя гукі, свае словы, сваю асобную зьмену й злучэньне слоў, — адным словам, мова кожнага народу мае свае асобныя спосабы й сродкі для выражэньня сваіх думак у размове. Гэтыя спосабы й сродкі называюцца фактамі мовы і дасьледжваюцца граматыкай кожнай паасобнай мовы.
Значыць, кожная мова мае сваю асобную граматыку. Граматыка можа быць ангельскае мовы, мовы францускае, нямецкае, польскае, беларускае, расійскае, украінскае, турэцкае, японскае і т. далей.
Граматыка беларускае мовы дасьледжвае тыя спосабы й сродкі, якімі беларускі народ выражае свае думкі, сваё мысьленьне, свае пачуваньні ці перажываньні.
Мова кожнага народу звычайна складаецца з паасобных гутарак, гаворак, або дыалектаў. Школьная граматыка знаёміць нас толькі з фактамі літаратурнае мовы, г. зн., з фактам: агульна-прынятымі, як найбольш пашыранымі; факты паасобных гутарак становяць прадмет дасьледзін асобнай навукі аб мове (дыалектолёгіі).
Літаратурная мова складаецца з фактаў паасобных дыалектаў, але гэтыя факты стылізуюцца, гармонізуюцца, як гармонізуюцца, напрыклад, народныя песьні. Стылізацыя, або гармонізацыя, народных дыалектаў адбываецца праз пісьменьнікаў, літаратараў. Пісьменьнікі ў сваіх творах звычайна ўжываюць факты найбольш пашыраныя ў народных масах, каб іх разумелі самыя шырокія колы грамадзтва, і калі твораць новыя словы, новыя звароты ў мове, то стараюцца пагадзіць іх з духам народнае мовы. Дзеля гэтага мова пісьменьнікаў, літаратараў звычайна становіцца мовай літаратурнай, агульна-прынятай.
Граматыка — навука, якая знаёміць нас з фактамі мовы. Факты мовы, як факты (зьявы) прыроды, падпарадкаваны пэўным, цьвёрдым законам. Задача школьнай граматыкі апісаць факты літаратурнае мовы ды пазнаёміць з тымі законамі, якім гэтыя факты падпарадкаваны.
Школьная граматыка складаецца з трох асноўных частак:
1. Фонэтыка — навука аб гуках мовы, аб іх зьмене і аб умовах іх злучэньня. Значыць, фонэтыку, агулам кажучы, пабеларуску можна назваць гукаўніцай.
2. Морфолёгія — навука аб формах слоў, аб іх зьменах і вытварэньні. Пабеларуску морфолёгію можна назваць формаслоўніцай.
3. Сынтакс — навука аб злучэньні слоў у мове (бач. § 2).
Увага. 1) Граматыка — слова грэцкае; панашаму слова „граматыка“ значыць „літарніца“, г. зн., літарная навука, навука аб літарах, аб пісьме.
Гэты непраўдзівы погляд на граматыку, як на навуку аб правілах пісьма, перанялі ад грэкаў рымляне, а ад рымлян — уся Эўропа, і такі погляд панаваў аж да нашага часу. Толькі апошнім часам гэты погляд адкідаецца і нават правапіс зусім выключаецца з граматыкі. Граматыка — навука аб фактах мовы, а не аб правілах пісьма. Праўда, граматыка часам (у фонэтыцы) гаворыць пра літары, аб азбуцы, але гэта дзеля таго, што выясьненьне фактаў мовы зьвязана з пісьмом. Правапіс — справа ўмоўная, і правапіс можа быць розны — фонэтычны, гістарычны і т. званы „этымолёгічны“, або спосабу параўнаваньня слоў. У васнову, напрыклад, беларускага сучаснага правапісу паложаны два прынцыпы: фонэтычны для галосных гукаў і этымолёгічны для зычных, а правапіс некаторых паасобных слоў аснован проста на прывычцы, на традыцыі.
Праўда й тое, што на знаёмсьцьве з фактамі мовы звычайна будуецца правапіс, як на геомэтрыі — каморніцтва, але задача граматыкі ня правапіс і ня вымова слоў. Граматыка навучае нас разумець, разьбірацца ў фактах мовы, незалежна ад таго, якія практычныя вывады мы з гэтага зробім, і такім парадкам, яна мае агульна-асьветнае значэньне.
2) Фонэтыка — паходзіць ад грэцкага слова „фонэ“ — гук, голас.
Морфолёгія — ад грэцкага слова „Морфэ“ — форма, „лёгос“ — слова, навука.
Этымолёгія — навука аб прычынах („этыа“ — прычына) вытварэньня паасобных слоў. Этымолёгія не ўваходзіць у склад школьнае граматыкі.
Сынтакс — грэцкае слова; панашаму — складаньне.
Выражэньне нашых думак ці нашых перажываньняў пры дапамозе слова называецца мовай. Ведаць кожнае паасобнае слова (яго склад, форму) навучае нас фонэтыка й морфолёгія. Але каб дакладна пазнаць мову, трэба даведацца яшчэ, як словы злучаюцца паміж сабою, каб выказаць тое, што нам трэба.
У мове словы рэдка ўжываюцца самі па сабе; звычайна бывае так, што словы ў мове для выражэньня кожнай паасобнай думкі, ставяцца ў пэўным парадку і ў пэўным злучэньні. Без парадку і бяз злучэньня словы, агулам кажучы, думкі выказаць ня могуць. Напрыклад, калі мы скажам: цераз, пазірае, вокны, няпрыветна, ночка, то гэтыя словы ня выкажуць нічога, а калі скажам „Няпрыветна цераз вокны ночка пазірае“, то тыя самыя словы ўжо выкажуць думку, бо яны пастаўлены ў пэўным парадку ды пэўным спосабам злучаны паміж сабою (нельга, напрыклад, сказаць „ночка назіраюць“ ці „пазіраю“, „пазіралі“).
Для дакладнага выражэньня словам ці злучэньнем слоў нашае думкі патрэбна яшчэ пэўная вымова або інтонацыя голасу. Калі мы скажам, напрыклад, слова „пожар“" без патрэбнай інтонацыі голасу, то яно нічога ня выкажа, а толькі назаве; а калі скажам: „пожар!“ то нешта выкажам. Таксама, калі скажам: „Ты быў у грыбох?“ з націскам на слове „быў“, то выкажам нешта адно, а калі мацней, галасьней вымавім слова „грыбох“, то будзе нешта другое і т. далей. Значыць, для поўнае дакладнасьці ў выражэньні нашае думкі трэба: 1) злучэньне слоў, 2) парадак слоў і 3) адпаведная вымова, або інтонацыя голасу. Сучасная школьная граматыка ў сынтаксе дасьледуе толькі спосабы злучэньня слоў.
Тая частка граматыкі, што знаёміць нас з тым, як паасобныя словы злучаюцца ў мове ды якія бываюць формы гэтых злучэньняў, называецца сынтаксам.
Заданьне сынтакса — пазнаёміць з строем сказу, выясьніць розныя спосабы выражэньня членаў, або часьцін, сказу часьцінамі мовы, апісаць розныя звароты ў сказе ды паказаць, як з паасобных сказаў складаецца сувязная мова.
Большасьць злучаных у мову слоў залежыць адно ад другога. Гэтая залежнасьць слоў паміж сабою выражаецца або ў форме кіраваньня, або ў форме дапасаваньня. Словы, зьвязаныя дапасаваньнем або кіраваньнем, становяць моўнае злучэньне, напр.: прыткі бераг рэчкі, Народны Камісарыят Асьветы Беларусі.
1. Кіраваньне. Калі адно слова патрабуе, каб другое стаяла ў ускосным склоне, з прыназоўнікам ці без прыназоўніка, то такая залежнасьць слоў называецца кіраваньнем. Напрыклад: 1) „Абцёр бацька вус рукою“. 2) „Вышлі на поле жнеі з сярпамі“.
У першым прыкладзе вінавальны склон слова „вус“ і прыладны склон слова „рукою“ кіруюцца дзеясловам абцёр (абцёр — што? — вус; абцёр — чым? — рукою).
У другім прыкладзе вінавальны склон слова „поле“ і прыладны склон „сярпамі“ залежаць ад слова „вышлі“, якое кіруе склонамі слоў „поле“ й „сярпамі“ пры дапамозе прыназоўнікаў „на“ й „з“.
У моўных злучэньнях: „рог вуліцы, збан малака, кусок хлеба, пяць штук авец“ першыя словы — рог, збан, кусок, пяць — кіруюць наступнымі словамі ды патрабуюць, каб яны стаялі ў родным склоне.
2. Дапасаваньне. Калі адно слова ставіцца ў тым-жа родзе, ліку й склоне або ў тым-жа ліку й асобе, што й другое слова, то такая залежнасьць паміж словамі называецца дапасаваньнем. Напрыклад: Мяккі сьнег лятае пухам.
У гэтым прыкладзе слова „мяккі“ стаіць у тым-жа самым родзе, ліку й склоне, што й слова „сьнег“, да якога яно дапасована, а слова „лятае“ стаіць у тым-жа ліку й асобе, што й слова „сьнег“, да якога яно дапасована.
3. Дапасаваньне ў сэнсе. У нашай мове часам бывае асобнае дапасаваньне, якое называецца дапасаваньнем ў сэнсе. Напрыклад: „Цякла тут з лесу невялічка травой зарослая крынічка, абодва берагі каторай лазьняк, алешнік абступалі“. (Я. Кол.).
У гэтым прыкладзе слова „абступалі“ мае форму множнага ліку, тады як словы, „лазьняк“, „алешнік“, да якіх яно дапасована, стаяць у вадзіночным ліку. Таксама ў народнай прыказцы „Лета на зіму, а зіма на лета працуюць“ слова „працуюць“ стаіць у множным ліку, а словы „лета“, „зіма", да якіх яно дапасована, стаяць у вадзіночным ліку.
Тут няма прыпадабненьня канчатку дапасованага слова да канчаткаў тых слоў, да якіх яно адносіцца, а ёсьць толькі дапасаваньне ў сэнсе.
4. Словы кіроўныя й дапасоўныя. Прыметнікі, дзеяпрыметнікі й дзеясловы падлягаюць дапасаваньню, а назоўнікі — кіраваньню.
Назоўнікі лічэбныя лічныя, апрача „два“, „дзьве“, „тры“, „чатыры“ і дробных, а таксама зборныя (двое, трое, чацьвёра) падлягаюць дапасаваньню толькі ў тых разох, калі стаяць не ў назоўным і не ў падобным да яго вінавальным склоне. Напрыклад: „Арала трох гаспадароў“. „Конь і на чатырох нагах спатыкаецца“. „Не хватала пяцёх яблык.“ „Не хватала траіх коняй“. Тут назоўнікі лічэбныя дапасованы да назоўнікаў іменных.
У назоўным і вінавальным склоне назоўнікі лічэбныя лічныя й зборныя ня толькі не падлягаюць дапасаваньню да свайго назоўніка йменнага, а патрабуюць яшчэ, каб гэтыя йменьнікі канечна стаялі ў родным склоне. Напрыклад: пяць дзён, шэсьць рублёў, дзесяць кніг, сем месяцаў, сто міль, пятнаццаць вокан, трое гусянят, сямёра дачок, шасьцёра парасят; сям‘я душ трыста, раве вол на сем сёл і т. далей.
Назоўнікі лічэбныя два, дзьве, тры, чатыры і дробныя ў беларускай мове заўсёды дапасоўваюцца да назоўнікаў іменных. Напрыклад: два дні, тры дні, чатыры дні; паўтара рублі, паўчрварта хунты, паўтары нядзелі; тры рублі, два локці, чатыры сталы; было ў бацькі тры сыны, у полі тры войскі стаялі і т. далей.
Кіраваньне ў беларускай мове пачынаецца з „пяць“ (пяць сталоў).
Падобна да назоўнікаў лічэбных лічных, пачынаючы з пяць, і зборных у нашай мове ўжываюцца такія словы, як: многа, шмат, мала, даволі, колькі, некалькі і інш. Назоўнікі йменныя пры іх заўсёды стаяць у родным склоне, напрыклад: „Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог“ (М. Багд.). „Многа тут гразі ў нягоду, многа пылу ў летні жар“ (Я. Кол.), „даволі сьлёз, колькі рублёў, праз некалькі дзён і т. далей[1].
5. Словы недапасоўныя й някіроўныя. У моўных злучэньнях могуць быць словы, што ня кіруюцца й не дапасуюцца. Да такіх слоў належаць: прыслоўі, дзеяпрыслоўі й ўсе, тыя словы, што падмяняюць прыслоўі (назоўнікі з прыназоўнікамі і без прыназоўнікаў). Напрыклад: „Глуха лес гамоніць“ „У сьлед думкам неспокойна вецер падпявае“. „Баба перапалохалася на сьмерць ды няпрытомна кінулася бегчы“. „Злотам іскры скачуць“.
У гэтых прыкладах словы „глуха“, „у сьлед“, „неспакойна“, „на сьмерць“, „няпрытомна“, „злотам“ не дапасованы і ня кіруюцца. Прыслоўі й дзеяпрыслоўі не дапасуюцца й ня кіруюцца, як нескланяльныя й неспрагальныя (нязьменныя) часьціны мовы. У прыведзеных прыкладах словы „на сьмерць“, „у сьлед“, „злотам“ таксама не падлягаюць кіраваньню, бо ўжыты ў значэньні прыслоўя, як акалічнасьці спосабу дзеяньня.
Такім парадкам, прыслоўі, дзеяпрыслоўі, а таксама назоўнікі йменныя з прыназоўнікамі ці бяз іх, калі яны падмяняюць прыслоўе, называюцца словамі недапасоўнымі й някіроўнымі.
Неазначальная форма (інфінітыў,) як нязьменная часьціна мовы, таксама не дапасуецца й ня кіруецца, але неазначальная форма мае сваю ўласьцівасьць кіраваць назоўнікамі йменнымі (чытаць кнігу, пісаць ліст, паіць каня, піць ваду), як назоўнікі йменныя (рог вуліцы), бо яны самі некалі былі назоўнікамі йменнымі. Неазначальная форма патрабуе, каб назоўнікі йменныя стаялі ў вінавальным склоне, тады як назоўнікі патрабуюць роднага склону.
У мове сваё асобнае значэньне маюць толькі часьціны мовы называльныя — назоўнікі, прыметнікі, дзеяпрыметнікі, дзеясловы, прыслоўі й дзеяпрыслоўі, а неназывальныя, дапаможныя часьціны мовы — прыназоўнікі, злучнікі, выклічнікі, дапаможнікі — дапамагаюць толькі называльным словам, і свайго асобнага значэньня ня маюць.
6. Словы кіравальныя й дапасавальныя. Словы, што кіруюць ці дапасоўваюць да сябе іншыя словы, называюцца кіравальнымі й дапасавальнымі, напрыклад: рог вуліцы, кусок цьвёрдага цукру, прыткі бераг рэчкі, пастух трубіць.
У гэтых прыкладах словы „рог“, „кусок“, „бераг“, будуць кіравальнымі ў адносінах да слоў, „вуліцы“, „цукру“, „рэчкі“, а словы — цукру, бераг, пастух — дапасавальнымі ў адносінах да слоў: цьвёрдага, прыткі, трубіць.
Задачка 1-ая. Знайсьці кіраваньне, дапасаваньне й дапасаваньне ў сэнсе.
Поўнач пеўні пракрычалі. Сьнегам вецер сыпле ў дзьверы. Глуха вербы плачуць. Добра ў лузе ў час палудны. Хмаркі белыя марудна за лясы плывуць. Ветрык краскі чуць калыша, чараты шуршаць, луг зялёны жыцьцем дыша, конікі трашчаць. Ішло хлопцаў дваццаць пяць — пасьля зімы сьляды знаць (барана). У цёмным небе хараводы сіняватых зор, у цёмным небе сьвецціць месяц залатым сярпом. Прывет табе, жыцьцё на волі! У ваднае мацеры пяць сыноў (пальцы на руцэ). Сям‘я душ трыста, багата, а ўсяго два локці хата (вулей). Няхай нас рада разьбяруць! Жыцьцё чуваць з усіх старон. Ціха па мяккай траве сінявокая ноч прахадзіла. Птушкі прысталай марудны палёт. Іскрацца зорак сьняжынкі маркотна. У ваднэй дзежачцы два цесьцечкі (яйцо). Сінім стэпам-даліною ходзяць хмаркі веснавыя. Нізка зьвісьлі над зямлёю хмары сьнегавыя, нудна плачуць над ракою лазьнякі густыя. Лес гудзе, дрыжаць галіны, стогне бор хваёвы, глуха стогнуць верхавіны, гнуць свае галовы. Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі. Поле, луг, лес і гай схаваліся ў цемнаце ночы. Яшчэ горш раззлаваліся сын з нявесткаю.
Задачка 2-ая. Знайсьці ў наступных прыкладах спачатку словы кіроўныя й дапасоўныя, а потым — кіравальныя й дапасавальныя.
Запахла дымам. Прыткі бераг рэчкі. Цэлая куча сухіх грыбоў. Сутунее. Прыляцела ластаўка з далёкага выраю. Села яна на стрэху старога гумна ды зашчабятала. „Комуністычны Маніфэст“ К. Маркса й Энгельса. Дождж і град, і голалёд. Гразь, плюхота, холад, цьма. Белаватаю пялёнкай уздымаецца туман над лугамі. Сьвітае. Разьвіднелася. Апавяданьні Тараса Гушчы. Даль няласкава туманам-смагаю пакрыта. Каласочкі на саломках галоўкай качаюць. Гэта надта хітрая работа. Хоць віхры шалеюць, хоць песьні нямеюць, хоць страшна замучаны ты — за добую справу, за шчасьце й славу душу вырывай з цемнаты! Народны Камісарыят Асьветы Беларусі. На прыгуменьні, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам. Сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне ясна над нашаю ніваю, і будуць жыці дзеткі патомныя добраю доляй, доляй шчасьліваю. Ліпы старыя шумяць за сьцяною. Цёплы вечар. Даставайце з вышак сані — гайда сьцежкі пракладаць!
Просты сказ і яго склад.
Часам некалькі злучаных паміж сабою слоў (моўнае злучэньне) нічога ня выказваюць — ні думкі, ні пачуцьця, ні пажаданьня, а толькі называюць, напр.: Прыткі бераг рэчкі. Дзяўчынка з поўным кошыкам грыбоў. Народны Камісарыят Асьветы Беларусі. Але бывае й так, што адно слова нешта выказвае, напр.: Сьцямнела. Захаладала. Сутунее. Дабра̀нач! Ратуйце! Пожар!
Найчасьцей-жа, гаворачы, мы ўжываем па некалькі злучаных паміж сабою слоў, каб выказаць тое, што нам трэба, напр.: Нетры лясныя спрадвеку хаваюць некую тайну ад вока людзей.
Слова або такое злучэньне слоў, што нешта выказвае, называецца сказам.
Напрыклад: Зьмерклася. Ціха ў хаце. Уся сямейка сьпіць ды спачывае. Час прамінаецца. Дзень добры вам! Дабра̀нач! Што шуміш так неспакойна, жыцейка, у полі? Ці ня чуеш, што пад градам зьляжаш ў роўным доле?! Маці ў службу выпраўляе родную дзяціну. Сорам табе! Пайшоў вон! Гвалт! Ня вытрываць! Ратуйце! Хоць нашу старасьць пашануйце!
Словы, з якіх складаецца сказ, называюцца часьцінамі сказу (яго членамі). Прыназоўнікі, злучнікі, выклічнікі й дапаможнікі, як няхай, хіба, ці, не, ні, ня могуць быць часьцінамі сказу, бо яны самі па сабе, незалежна ад другіх слоў, ня маюць свайго ўласнага значэньня ў мове; яны ня могуць ні назваць, ні выказаць нічога ды ўжываюцца толькі для памацненьня другіх слоў, а найчасьцей і звычайна служаць сувязьзю адных слоў з другімі, як канчаткі кіроўных і дапасоўных слоў. Значыць, часьцінамі сказу могуць быць толькі словы называльныя — назоўнікі, прыметнікі, дзеяпрыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, інфінітывы (неазначальная форма). Каб прыназоўнік, злучнік, выклічнік ці які дапаможнік маглі стаць часьцінамі сказу (членамі сказу), то трэба, каб яны набралі значэньня кіравальнага або дапасавальнага слова. Напрыклад: Авось нябосю брат. Няхай — нядобры чалавек. Ой, ляцела зязюлечка ды сказала куку. I — злучнік.
Калі мы возьмем моўнае злучэньне „Дзяўчынка з поўным кошыкам грыбоў“, то гэта ня будзе сказ, бо тут усе словы толькі называюць, але няма слова, якое-б нешта выказвала. Такім выказальным словам у сказе звычайна бывае дзеяслоў у васабовай форме — адзін або злучаны з другою часьцінаю мовы. Каб моўнае злучэньне „Дзяўчынка з поўным кошыкам грыбоў“ стала сказам, да яго трэба дадаць які-небудзь дзеяслоў у васабовай форме, напр., „ішла“: Ішла дзяўчынка з поўным кошыкам грыбоў. Цяпер гэтае моўнае злучэньне як-бы ажыло: яно стала гаварыць, выказваць, жыць.
Але каб моўнае злучэньне стала сказам, то мы асабовы дзеяслоў „ішла“ дапасавалі да слова „дзяўчынка“, г. зн., да назоўніка йменнага ў форме назоўнага склону (на пытаньне хто?), а не да іншага слова. Гэта вельмі важна. Значыць, каб злучэньне слоў стала сказам, трэба, каб у гэтым злучэньні слоў быў асабовы дзеяслоў, дапасованы да назоўніка йменнага ў назоўным склоне на пытаньне хто? або што?
Вось чаму часта кажуць яшчэ, што сказам называецца дзеяслоў у васабовай форме, дапасованы да назоўніка йменнага ў назоўным склоне, — адзін або ў злучэньні з іншымі словамі.
Такія сказы зьяўляюцца найбольш важнаю і найбольш пашыранаю формаю нашае мовы. Бываюць сказы, як мы бачылі вышэй, з аднаго слова (Сьцямнела. Ратуйце! Пожар!); у вапошнім прыкладзе — „Пожар!“ — няма нават дзеяслова, але такія сказы рэдка ўжываюцца ў мове. З імі мы пазнаёмімся потым, калі будзем гаварыць пра розныя формы сказаў у мове. Раней-жа трэба азнаёміцца з складам звычайнага сказу, дзе ёсьць дзеяслоў у васабовай форме, дапасованы да назоўніка йменнага ў назоўным склоне.
1. Выказьнік. Асноўнае значэньне ў сказе маюць словы не называльныя, а выказальныя — ня тыя, што называюць, а тыя, што выказваюць. Такім выказальным словам звычайна бывае дзеяслоў у васабовай форме. Мы бачылі, што якраз такі дзеяслоў і абарачае моўнае, або граматычнае, злучэньне слоў у сказ.
Зьмяняючыся ў часох, дзеяслоў можа паказаць, калі адбываецца якая-небудзь падзея; зьмяняючыся ў асобах і ліках, ён можа паказаць, з кім гэтая падзея здарылася, а зьмяняючыся ў ладох i станах і маючы трываньні, дзеяслоў можа выразіць яшчэ большыя адценьні нашага мысьленьня. Усе дзеяслоўныя формы разам даюць такое поўнае й дакладнае паняцьце аб падзеях у нашым жыцьці, якога ня могуць даць іншыя часьціны мовы.
Гаварыць ці выказваць што-небудзь без дзеяслова можна толькі ў некаторых выпадках, аб якіх будзе гутарка пасьля.
Кожная часьціна сказу мае свой уласны назоў, які даецца ёй па яе значэньню ў мове.
Асабовая форма дзеяслова, адна ці ў злучэньні з іншаю часьцінаю мовы, называецца ў сказе выказьнікам. Напрыклад: Поўнач пеўні пракрычалі. Гасьне корчык на камінку. Глуха лес гамоніць. Рад любавацца я кветкай убогай. Касцы сталі касіць. Жыта было каласістае.
У гэтых сказах словы „пракрычалі“, „гасьне“, „гамоніць“, „рад любавацца“, „сталі касіць“, „было каласістае“ будуць выказьнікі.
Чаму пры некаторых асабовых дзеясловах стаяць яшчэ іншыя словы (рад любавацца, сталі касіць, было каласістае) — аб гэтым даведаемся потым.
2. Дзейнік. Назоўнік іменны ў форме назоўнага склону (на пытаньне хто? ці што?), да якога дапасованы выказьнік, называецца ў сказе дзейнікам. Напрыклад: Прышла зіма халодная. Прыціх шум баравы. Хата будуецца цесьлямі. Лёгкі ветрык сад калыша. Сухая ложка рот дзярэ. Над вадою адзінютка пахінулася вярбіна.
У гэтых сказах словы „зіма“, „шум“,„хата“, „ветрык“, „ложка“, „вярбіна“ будуць дзейнікі.
Выказьнік цяперашняга часу (і будучага, бо форма гэтых часоў аднолькавая) дапасоўваецца з дзейнікам у ліку й асобе, а выказьнік прошлага часу — у ліку й родзе.
Калі выказьнік стаіць у першай асобе, то дзейнікам звычайна бывае асабовы назоўнік займенны я або мы.
Калі выказьнік стаіць у другой асобе, то дзейнікам бывае асабовы назоўнік займенны (займеньнік) ты ці вы.
Калі-ж выказьнік стаіць у трэцяй асобе, то дзейнікам можа быць як асабовы прыметнік займенны ён ва ўсіх родах і ліках, так і кожны назоўнік іменны. Напрыклад:
я стаю, мы стаім; |
Дзейнікам звычайна бываюць назоўнікі йменныя, але прыметнікі й дзеяпрыметнікі часам абарачаюцца ў назоўнікі, г. зн. перастаюць абазначаць адну толькі прымету ды ўжываюцца ў значэньні назоўніка, напр.: убогі, паляўнічы, арганісты, памагачы, паслугачы, соцыялісты і інш.
Гэтыя прыметнікі абярнуліся ў назоўнікі, і яны могуць быць дзейнікамі нараўне з усімі назоўнікамі, напр.: Паляўнічы забіў зайца.
Таксама, калі мы скажам: „Праворны ўсюды пасьпее“, то нам няма патрэбы паясьняць слова „праворны“ назоўнікам іменным, бо яно само ў гэтым сказе разумеецца, як назоўнік іменны. Вось чаму мы лічым яго дзейнікам гэтага сказу.
Такім парадкам дзейнікам можа быць: 1) назоўнік іменны (чалавек, туман, хмара, праўда, жаль, хараство, розум), 2) назоўнік лічэбны (пяць, два, трыццаць, сто, тысяча, шасьцёра, двое), 3) назоўнік займенны (я, ты, мы, вы, хто, што, нехта), 4) прыметнікі назоўныя, лічэбныя, займенныя (стары, праворны, першы, адзін, кожны), 5) дзеяпрыметнікі і кожная іншая часьціна мовы — пры ўмове, каб яны мысьліліся, як назоўнікі йменныя ў назоўным склоне, г. зн., каб яны падмянялі назоўны склон іменьніка ды дапускалі пытаньне назоўнага склону хто? або што? Напрыклад: Можа надвое варожа. Куку пайшло ў руку. На гару чацьвёра цягнуць, а з гары адзін сапхне.
Задачка 3-яя. Знайсьці выказьнік і дзейнік ды аб‘ясьніць, якою часьцінаю мовы выражаны дзейнік і як форма выказьніка залежыць ад формы дзейніка.
Папсавала гразь дарогу. Перавалы загулі. Наступіла чорна хмара. Глядзіць прыветна з неба сонца. Муж-нябожчык усплыў на думку. На камінку корч палае. Усё прачнулась прад вачыма беднае кабеты. Жыў ён бедна. Вераценца, з рук упаўшы, грукне. Думкі думку падганяюць. Думка думку гоніць. Уздыхнула цяжка матка. Куды толькі думка тая матку не заносіць?! Скручаны-зьверчаны па хаце скача (венік). Чужымі сьлязьмі ніхто не разжывецца. Прыгожаму ўсё прыстала. Між палёў шырокіх я адзін стаю. Чужое ня грэе. Ляніваму каню і дубіна ня страшна. Адзін працуе за траіх. Адзін другога не пераважыць. Два ляжаць, два стаяць, пяты ходзіць, шосты водзіць (вушакі, чалавек, дзьверы). А хто там ідзе? Хто йдзе, той паклоніцца. Ніхто ня ведае, як хто абедае. Багаты дзівіцца, чым худак жывіцца. Дзе араты плача, там жняя скача. Скупы два разы траціць. Свае бяды нікому не кажы, бо добры зьлякнецца, а злы пасьмяецца. Малое вялікаму зава́да. Куку пайшло ў руку. Можа надвое варожа. Кучка йдзе народу. Сіненька, маленька ўвесь сьвет адзяе (голка). Зялёнаю шырокаю паласою раскінуўся наабапал рэчкі луг. У моры дзесьці згінулі яны. Мохам чорным абрасло яно. Я змалку там што-дня гуляў. Вясёла йшлі гулянкі нашы.
Часьціны сказу дзеляцца на асноўныя й даданыя, або паясьняльныя словы.
Асноўных часьцін дзьве: выказьнік і дзейнік; усе іншыя словы ў сказе называюцца даданымі, або паясьняльнымі словамі.
Самай важнай часьцінай сказу зьяўляецца выказьнік, але ёсьць шмат сказаў, якіх трудна было-б зразумець бяз дзейніка. Дзеля гэтага дзейнік лічыцца таксама асноўнай часьцінай сказу.
Даданыя часьціны адносяцца або да дзейніка, або да выказьніка. Напрыклад, у сказе „Неспакойна зашумела жыта маладое“ — зашумела будзе выказьнік, жыта — дзейнік; словы неспакойна, маладое — даданыя часьціны, прычым, слова „маладое“ адносіцца да дзейніка, а „неспакойна“ — да выказьніка.
Даданыя часьціны могуць мець свае даданыя, або паясьняльныя словы. Напрыклад, у сказе „Пастушкі злавілі малога зайчыка“ словы „пастушкі злавілі“ — гэта асноўныя часьціны (выказьнік і дзейнік); слова „зайчыка“ — даданая часьціна да выказьніка, а слова „малога“ — паясьняльнае слова да даданае часьціны „зайчыка“.
Задачка 4-ая. Выдзяліць даданыя часьціны сказу.
Стары бор панура шуміць. Нудна выглядае надвор‘е ў восень. Халодны вецер сьвішча ў полі. Начлежнікі выбралі высокі сухі груд. Цэлы гай старасьвецкіх дубоў раскінуўся па беразе Нёмна. На зямлі ляжаў глыбокі сьнег. І нясецца сярод жыта шчэбет іх (птушак) шчасьлівы. Шпарка коні ймчацца ў полі. Буйным жыцьцём усё чыста кіпела. Слава далёка за мора ішла. Старое нешта ўсё ўспамінаецца. Некі няведамы жаль уздымаецца. Над старым вялікім садам зьбіралася навальніца. Доўга ў хаце нашыя брацьця рукі злажыўшы сядзелі. З песьняю зычнай у працы прывычнай будзе спарней. Праца сьвятая хай прывітае ўсіх нас хутчэй! Неба дажджліваю хмарай абложана. Траўкай ня грае сваёй сенажаць. З гэтымі восені днямі бяскраснымі цяжкія думкі на сэрца ляцяць. Толькі высокія хвоі іглістыя вечна-зялёны свой кажуць убор. Неспакойна зашумела жыта маладое, зранку самага трывожна шэпча зеляное. Каласочкі на саломках галоўкай качаюць; каплі роскі на іх лісьці чыстым срэбрам зьзяюць. Чыстых хмарак валаконцы сталі у кружочак. Многа страшных здарэньняў успомнілі хлопцы. Акалічны народ гусьлі знаў гусьляра. Ка́ня вечнага „піць“ не заводзіць. На гары на крутой, на абвітай ракой, белы хорам стаяў недаступнай сьцяной. У нагах у яго расьцілаўся абшар хвоек гонкіх і пахані чорнай. Туманы закрываюць ад вачэй белы сьвет. Самічка-ластавачка несла ў гнязьдзечку свае маленькія рабенькія яечкі. Цераз тыдні два з яечак вышлі маленькія голенькія птушачкі з жоўценькімі роцікамі.
Кіраваць могуць розныя часьціны мовы: 1) дзеясловы (чытаю кнігу, пішу ліст); 2) дзеяслоўныя часьціны мовы — неазначальная форма, або інфінітыў (піць воду, чытаць кнігу); дзеяпрыслоўе (аручы поле, чытаўшы кнігу), дзеяпрыметнікі (патручаны бураксай, пабелена мелам); 3) назоўнікі йменныя (качан капусты, рог вуліцы), 4) назоўнікі лічэбныя лічныя, пачынаючы ад „пяць“, і зборныя, як мы бачылі (§ 3), заўсёды патрабуюць роднага склону (пяць рублёў, сямёра дачок); 5) прыслоўі (шмат кніг, многа вады).
Кіравацца могуць такія часьціны мовы, што могуць зьмяняць сваю форму ў залежнасьці ад другіх слоў. Такою часьцінай мовы зьяўляецца перш за ўсё назоўнік іменны.
Кіроўнае слова ў сказе, або ўскосны склон назоўніка йменнага ці іншай часьціны мовы, што падмяняе назоўнік іменны, называецца дапаўненьнем. Напрыклад: Поле пакрылася зяленівам. Праца нам шчасьце дае. Сава ня ўродзіць сакала. Жалем сьціскаюцца грудзі. Пастух пасе авечкі. Ніва пустымі шуміць каласамі. Ніва ня цешыць жаночых вачэй. Страчанага ня вернеш. Ляжачага ня б‘юць. Убогага кій корміць.
1) Дапаўненьне выражаецца ускосным склонам назоўнікаў іменных і іншых скланяльных часьцін мовы, што могуць быць дзейнікамі. Адгэтуль відаць, што дзейнік ні ў якім ускосным склоне стаяць ня можа, бо ўсе ўскосныя склоны — гэта формы кіроўных слоў — дапаўненьняў. Дзейнік мае сваю ды толькі адну форму — назоўны склон.
Дапаўненьне падпара̀дкавана дапаўняльнаму слову спосабам кіраваньня, г. зн. дапаўняльныя словы патрабуюць, каб дапаўненьне стаяла ў пэўным ускосным склоне. Дапаўненьне можа стаяць у кожным склоне, апроч назоўнага й клічнага.
Дапаўненьні могуць кіравацца двума спосабамі — з прыназоўнікам і без прыназоўніка. Прыназоўнікі — гэта нязьменныя словы (на, пры, за, пад, да, у, к, каля, цераз і інш.), што прыстаўляюцца к дапаўненьню, каб дакладней выразіць значэньне склону, напрыклад: сеў за стол, сядзелі за сталом, кінулі пад стол, стаў пры стале і т. далей.
2) Ёсьць такія дзеясловы, што канечна патрабуюць пры сабе дапаўненьня: без яго сэнс дзеяслова не дакладна ясны або іншы. Дзеясловы гэтыя называюцца пераходнымі, а дапаўненьні пры іх — простымі, а ўсе іншыя ускоснымі. Такія пераходныя дзеясловы звычайна кіруюць вінавальным склонам без прыназоўніка; гэтая форма і зьяўляецца звычайнай для простага дапаўненьня.
Возьмем некалькі дзеясловаў з пераходным і непераходным значэньнем: а) даю, бяру, нясу, прадаю, купляю, сяку, ару, кашу, пішу і т. д., б) ляжу, сплю, стаю, бягу, еду, плачу, купаюся, рагачу і т. далей.
Пры першых дзеясловах дапаўненьне проста патрэбна, каб дакладней выразіць значэньне дзеяслова (ён пагасіў агонь); на такое дапаўненьне нават падае націск, пры другіх-жа дзеясловах нават трудна адразу знайсьці дапаўненьне. Сказ „ён сьпіць“ становіць зусім закончаную думку, хоць ён можа быць пашыраны рознымі дапаўненьнямі (ён сьпіць на ложку, пад дубам, у садку, крэпкім сном і т. далей); часам нават у вінавальным склоне: такое дапаўненьне стаіць на мяжы з акалічнасьцю (сьпіць зіму, лета, цэлы дзень).
Пераходныя дзеясловы (першы рад а) патрабуюць для матэрыяльнасьці свайго значэньня дапаўненьня ў адным пэўным склоне, хоць падобна да непераходных (другі рад б) могуць мець пры сабе і іншыя, не характэрныя, не канечна патрэбныя дапаўненьні і ў іншых склонах. Найчасьцей патрэбнае дапаўненьне пры дзеясловах пераходнага значэньня ставіцца ў вінавальным склоне, а пры адмоўнасьці „не“ — у родным склоне (лаўлю рыбу, не лаўлю рыбы).
3) Дапаўненьне, што стаіць у вінавальным склоне без прыназоўніка ды азначае прадмет, на які пераходзіць дзеяньне пераходнага дзеяслова, называецца простым, а ўсе іншыя называюцца ўскоснымі.
4) Мы бачылі (§ 5, 2), што прыметнікі й дзеяпрыметнікі часам абарача̀юцца ў назоўнікі йменныя або разумеюцца, як назоўнікі йменныя, і тады могуць быць дзейнікамі; значыць, яны могуць быць і дапаўненьнямі, г. зн., кіравацца, як і ўсе назоўнікі йменныя, напр.: бачу сьляпога, пашкадуй малога, ня б‘юць ляжачага; іншае дараванае даражэй за купленае.
5) У сказе дапаўненьне можа мець рознае значэньне: яно можа выражаць прыналежнасьць аднаго прадмета другому (хата бацькі), месца (хата ў лесе), час (гэта здарылася пад восень), параўнаньне (лепшы за брата), прычыну (пасварыліся за ножык-цыганчык), спосаб дзеяньня (сядзем радком), частку прадмета (кусок хлеба) і інш. ды адказваць на розныя пытаньні.
6) Дапаўненьне можа адносіцца або да дзеяслова, або да назоўніка; паводле гэтага дапаўненьні бываюць а) прыдзеяслоўныя (ару поле, ляжыць на стале), 6) прыназоўныя (рог вуліцы, пяць кніг).
Задачка 5-ая. Прыклады перапісаць, дапаўненьні падчыркнуць (дзе трэба — разам з прыназоўнікамі) ды паказаць, якое значэньне мае дапаўненьне ў сказе.
Загарэліся сьцены старое варывенькі. Працаю сілы прыроды к людзям у слугі ідуць. Цяжкія хмары паўзьлі па шэрым небе. Пачарнелы пень старога дуба дзіка глядзеў у высь. Кожны начлежнік вёз з дому па палену дроў. За лугам выступала чорным вобрысам палоска яловага лесу. Далёкая цёмная палоска лесу абвязалася наміткаю сіняватае смагі, як маладзіца хусткаю. Вецер інакшы ім дзьме ў галаве. Я памятаю зімы прыход у нашым краі. Адкрыты новыя пуціны ў круг забаў яго дзяціных. Усёй душою хачу злучыцца я з табою, у тваіх лясох пазычыць сілу, у тваёй зямлі сайсьці ў магілу. Ніхто з дамашніх не згадае, чым рэчка Костуся займае, якая іх зьвязала сіла, і чым яна так хлопцу міла. Улетку мы ходзім браць воду з крыніцы. Перад адлётам птушкі пачынаюць трывожыцца. Скупому цяжка плаціць даўгі. Нашая хата стаіць на ўзгорку. Мяккі сьнег лятае пухам. Край неба блішчаў шырокаю чырвонаю стужкай. Пахілага дзерава вецер ня ломіць. Вожыкі робяць сабе гнезды з лісьцяў. Кажаны ня робяць сабе гнездаў на зіму. Свая сіла кожнаму міла. Павіннай галавы і меч ня йме. Чужая старана тугою арана, сьлёзкамі засявана. Сьляпому вочы завязаны. Пад ляжачы камень і вада не бяжыць. Нябітаму няма чаго плакаць. Напужаная варона і вераб‘я баіцца. Вера ў пазыкі пайшла. За баляваньнем ходзіць галадаваньне. Цярпеньнем і працай горы пераносяць. Таткава хата ўсім багата. Па ласым кусе я й вады нап‘юся. Ад чужога шалу баліць галава.
Апрача дапаўненьняў, г. зн., слоў кіроўных, ёсьць такія даданыя словы ў сказе, залежнасьць каторых выражаецца ў дапасаваньні да другога слова ў родзе, ліку й склоне. Такія дапасованыя словы называюцца азначэньнем, бо азначаюць якую-небудзь прымету прадмета. Напрыклад: Насталі туманныя дні. Сад пакрыўся жоўтым лістам. Лісьце зжаўцелае з дрэў асыпаецца.
1) Самае звычайнае азначэньне — гэта прыметнік назоўны (якасны й адносны). (Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі;) а потым, азначэньнем можа быць прыметнік лічэбны (Выпаў першы сьнег), прыметнік займенны (Мае лапці лазовыя пераносяць твае боты казловыя) і дзеяпрыметнік (Набытая працай капейка пераважыць лёгкі заработак), бо ўсе яны могуць зьмяняцца ў родзе, ліку й склоне.
2) Такім парадкам, даданыя, граматычна залежныя часьціны сказу падпара̀дкаваны другім: 1) у форме кіраваньня, калі склон аднаго слова (таго, што кіруецца) залежыць ад склону другога слова (таго, што кіруе); 2) у форме дапасаваньня, калі адно слова прымае род, лік і склон другога слова.
3) Каб слова магло дапасавацца ў якой-небудзь форме, трэба, каб яно магло зьмяняцца ў гэтай форме. Значыць, дзеясловы цяперашняга й будучага часу могуць дапасавацца ў асобе й ліку; дзеясловы прошлага часу — у ліку й родзе, а прыметнікі й дзеяпрыметнікі — таксама ў ліку й родзе, а пры поўнай форме (з нескарочанымі канчаткамі) і ў склоне.
Зьмена ў родзе, а, значыць, і дапасаваньне ў родзе — гэта ўласьцівасьць прыметнікаў. Дзеяпрыметнікі зьмяняюцца ў родзе, бо яны маюць усе ўласьцівасьці прыметнікаў (апроч таго, яны маюць яшчэ адну ўласьцівасьць — якую?). Дзеясловы прошлага часу зьмяняюцца ў родах, бо ў праславянскай мове яны былі прыметнікамі ды толькі потым абярнуліся ў дзеясловы. Напрыклад, у праславянскай мове сказалі-б: „он есть взял“", „она есть взяла“, „оно есть взяло“, дзе слова „есть“ было выказьнікам, як дзеяслоў у васабовай форме, а взял“, „взяла“, „взяло“ — як-бы азначэньнем да дзейніка, г. зн., сустаўною часткаю гэтага выказьніка (бач. § 10, 2), як „ён (ёсьць) добры“. Памяць аб тым, што сучасныя дзеясловы прошлага часу былі прыметнікі, мы знаходзім у такіх прыметніках, як гнілы, вялы, рослы, прошлы, прышлы, бывалы, ляжалы, пасівелы, спарахнелы, парыжэлы, нядбалы, пажылы і шмат іншых.
Такім парадкам, зьмяняцца ў родзе і дапасавацца ў родзе могуць: 1) прыметнікі, 2) дзеяпрыметнікі і 3) дзеясловы ў прошлым часе.
4) Дзеясловы ў прошлым часе бываюць у сказе выказьнікам ды дапасуюцца з дзейнікам. Прыметнікі й дзеяпрыметнікі заўсёды адносяцца да назоўнікаў і дапасуюцца з імі ў родзе і ў іншых формах (у ліку і склоне), напр.: „Задняе кола было з паломанымі сьпіцамі“. Вось такія дапасованыя прыметнікі й дзеяпрыметнікі называюцца ў сказе азначэньнямі.
5) Значыць, у сказе дапасуюцца: 1) выказьнікі з дзейнікамі, 2) азначэньні з тымі назоўнікамі, да якіх адносяцца.
Аб тым, як дапасуюцца назоўнікі йменныя (разумеецца, у тых формах, у якіх яны могуць зьмяняцца — у якіх?), будзе гаварыцца ніжэй (бач. § 13).
6) Пры некалькіх азначальных словах азначэньне ставіцца або ў множным ліку, або дапасуецца з бліжэйшым азначальным словам.
Задачка 6-ая. Сьпісаць ды азначэньні падчыркнуць; 2) выпісаць усе дапасованыя словы такім парадкам: падзяліць старонку сшытка папалам; спачатку выпісаць усе выказьнікі на левым баку, а на правым — усе дзейнікі (проці кожнага выказьніка той дзейнік, з якім ён дапасованы); потым налева выпісаць усе азначэньні, а направа — назоўнікі, да якіх яны дапасованы, таксама адно проці другога.
Над вялікім, даўно пакінутым і заглохлым садам зьбіралася навальніца. Цяжкія хмары паўзьлі па шэрым небе ды падыходзілі бліжэй да сонца, каб загасіць яго. Чорныя цені, што палеглі на зямлю ад хмар, наводзілі на ўсё жывое страх.
Спалохаўся й задрыжаў стары сад, бо прачуваў, што можа стацца, калі навальніца пачне крышыць худзенькія дрэўцы, між каторымі толькі стары дуб стаяў сьмела й адважна, весела паглядаючы ў вочы цёмным хмарам.
Што значыць яму навальніца? Ці раз здаралася, што віхры парываліся схіліць яго да зямлі, але дарма: ён мала зважаў на гэта ды толькі сьмяяўся з непагоды.
Дый чаго-ж яму баяцца, калі ён крэпка ўмацаваў у зямлі сваё карэньне, а над зямлёю высока трымаў векавую зялёную карону.
Хмары, як няпрытомныя, паўзьлі ўсё бліжэй да сонца; халодны вецер гнаў з дарог пыл ды, скруціўшы ў слуп, растрасаў яго з боку ў бок. Брызнуў густы дождж, і стрэліў пярун.
Задрыжаў дуб, але выпрастаў свае шырокія грудзі ды прыгатаваўся сустрэць націск, як колісь бывала. Тымчасам хмары ўжо падпаўзьлі на сонца, загасілі яго ды сунуліся ў цемнаце далей. Задрыжалі тоненькія дрэўцы, прыляглі да зямлі ды чакалі сьмерці. Дрыжаў і дуб, і пад дзікім націскам ветру пачала хіліцца яго зялёная карона.
— Глядзі, суседка! — шаптаў арэшнік, прытуліўшыся да сасны — глядзі: цяжка й дубу прышлося.
Але не дакончыў арэшнік, і не дачула яго сасна: ударыла маланка, задыміўся ды зваліўся апалены дуб і бяз ліку пахаваў пад сабою маленькіх дрэўцаў.
Навальніца, як цемная вялізная птушка, паляцела далей. Дождж сьціхаў, і дзе-ні-дзе з-за хмар стала паказвацца яснае неба.
Шмат палягчэла тым дрэўцам, што засталіся ў старане. Праўда, па прывычцы яны яшчэ пудліва паглядалі на дуб, што распластаны ляжаў у садзе, але ніхто цяпер ня гінуў ад вечнае засені, і ўсім стала прасторна.
Пачарнелы пень старога дуба дзіка глядзеў у высь ды адзначаў месца, дзе жыла векавая сіла.
У сказе бываюць такія даданыя часьціны, што ня могуць ні кіравацца, ні дапасавацца, бо яны выражаюцца нязьменнымі часьцінамі мовы — прыслоўямі й дзеяпрыслоўямі.
Даданыя часьціны ў сказе (паясьняльныя словы), што выражаны прыслоўямі й дзеяпрыслоўямі і, значыць, ня зьвязаныя з іншымі часьцінамі сказу ні кіраваньнем (як дапаўненьне), ні дапасаваньнем (як азначэньне), называюцца акалічнасьцямі. Напрыклад: Глуха вербы шэпчуць. Стаяў калісь тут бор стары. І бачу лес я каля хаты, дзе колісь весела дзяўчаты сьпявалі песьні дружным хорам, з работ ідучы позна борам. Пытаючы дапытаешся.
1) Большасьць прыслоўяў — формы зьменных часьцін мовы: а) назоўнікаў іменных (добра, борзда, дома, летась), часам з прыназоўнікам або з іншым словам (назад, адразу, сёньня=сяго дня, заўтра), б) прыметнікаў (цёпла, блізка, хораша — цяплей, бліжэй, харашэй), в) дзеясловаў (наўмысьля, за́гадзя, дзякуй), аб чым дакладней гаворыць морфолёгія. Некалі прыслоўі дапасаваліся й кіраваліся, і тады яны былі азначэньнямі ці дапаўненьнямі (бач. § 33, а); цяпер яны застылі ў тэй ці іншай форме, не дапасуюцца й ня кіруюцца, хоць і паясьняюць тое слова, з якім некалі былі зьвязаны кіраваньнем або дапасаваньнем.
Таксама ўсе нашы прыслоўі цяперашняга часу (ідучы, гукаючы) і прошлага часу (ішоўшы, гукаўшы) былі некалі формамі дзеяпрыметнікаў (бач. § 33, 6).
2) Сучасная мова мае шмат такіх зваротаў з назоўнікамі йменнымі, якія гатовы абярнуцца ў прыслоўі, напрыкл.: „перапалохацца на сьмерць; пайсьці да дому, да хаты, на̀-нач, на́-зіму, за̀-лаб, воб-зямлю і іншыя (бач. § 3, 5). У такіх выпадках трудна бывае пазнаць, што гэта — дапаўненьне, ці акалічнасьць, г. зн., прыслоўе ці ўскосны склон назоўніка йменнага. Дзеля нявыразнасьці такіх формаў у мове, спрэчныя выпадкі лепш адносіць да прыслоўяў-акалічнасьцяй. Такія спрэчныя формы звычайна ня маюць таго матэрыяльнага зьместу, якое перадае слова само па сабе, напр.: „перапалохацца на сьмерць — убраньне на сьмерць; вярнуцца да хаты — плот аж да хаты і т. д“.
3) Усе формы параўнальнай ступені (сьвятлей, ляпей, прыгажэй, лепш, горш) становяць прыслоўі і ў сказе служаць акалічнасьцямі.
4) Акалічнасьці могуць адносіцца: а) да дзеяслова (ехалі скора, заснуў чытаючы); б) да прыметніка й дзеяпрыметніка (вельмі малады, хораша зроблена, моцна прывязаны); в) да іншых прыслоўяў і дзеяпрыслоўяў (вельмі доўга, доўга гуляючы) і г) часам, але вельмі рэдка, да назоўнікаў іменных (білет туды й назад).
5) Акалічнасьці, выражаныя дзеяпрыслоўем, могуць мець пры сабе іншыя даданыя часьціны сказу; тады яны вызначаюцца пэўнай незалежнасьцю, як-бы адрываюцца ад сказу і на пісьме аддзяляюцца коскамі, а ў размове — паўзамі. Напрыклад: „Воду гатуючы, усё вада будзе“. „Ехаўшы бачком, ні з кім не зачэпішся“. „Паволі едучы, далей будзеш“.
Задачка 8-ая. Сьпісаць, акалічнасьці падчыркнуць ды пастарацца аб‘ясьніць іх пахаджэньне ад зьменных часьцін мовы.
I туз часам воду возіць. На магіле адзінока каліна расла. Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог, а вядуць яны ўсе да магілы. Скора, скора дуне холад, сьнег пасыпле з сініх хмар, зноў мароз надыдзе люты, і клубком паваліць пар. Бор стары завые нудна, зашуміць кругом лаза; пад іх шум ня раз на сэрца капне горкая сьляза (Я. Кол.). Ужо й халодная восень прышла. Сонейка рэдка паказваецца з-за хмар. Не падымецца яно высака над зямлёю, позна ўзыдзе, ня высака падымецца ды зноў схаваецца. Усё пакінула нас разам з холадам, толькі высока над зямлёю чуваць маркотны крык жураўлёў. Борзда ляцяць яны з поўначы на поўдзень і сваім крыкам быццам шлюць нам сваё разьвітаньне. Лес агаліўся, парадзеў і стаіць сіратою, толькі жыта маладое расьце й руніцца, дый яго скора замарозіць мароз (Т. Гушча). Хмель пружынамі абвіваў высокія тычынкі. Усьлед думкам неспакойна вецер падпявае. Усе пералётныя птушкі пакідаюць нас на зіму. Сыплюцца кроплі часта й дробна, ціха па стрэсе бубняць. Вецер дажджлівы панура сьпявае, жаласна сьвішча праз плот. Страхі найчасьцей здараюцца ўночы. Многа страшных здарэньняў успомнілі хлопцы. У канцы зайшла гутарка пра страхі. У канцы грэблі шумяць вербы. Навокала сядзелі пастушкі, а пасярэдзіне гарэў агонь. Чыстых хмарак валаконцы сталі у кружочак. Салавей пяе прыпяваючы, а я, млода, плачу прылягаючы. Па балоце чайка ходзячы рагоча. Сядзеўшы нічога ня высядзіш. Паволі едучы, далей будзеш. Ня шукаючы ня знойдзеш. Воўк ня выбіраючы душыць авечкі. Быўшы ў вадзе, стаў сух. Не пераскочыўшы не кажы гуп. Пагнаўшыся за двума зайцамі, ніводнага ня зловіш. Ня згубіўшы нечага шукаць. Вераценца, з рук упаўшы, грукне. Пад дуб рохкаючы падбегла лапавухая сьвіньня ды стала рыць карэньне. У хворага пытаюць, а здароваму ня пытаўшы даюць.
Мы ўжо ведаем, што выказьнік — гэта асабовы дзеяслоў; дзейнік — назоўны склон назоўніка йменнага; дапаўненьне — ускосны склон назоўніка йменнага; азначэнье — прыметнік, дапасованы з назоўнікам у родзе, ліку й склоне; акалічнасьць — прыслоўе або дзеяпрыслоўе. Такі склад самага звычайнага простага сказу.
Гэта трэба цьвёрда памятаць і ведаць, каб разабрацца ў формах больш складанага простага сказу.
Чалавечая думка, пытлівасьць нашага розуму расьце й шырыцца, а, значыць, і спосабы выражэньня гэтай пытлівасьці ўскладняюцца, становяцца ня так простымі. І такім парадкам дзейнікам (прадметам нашага мысьленьня) можа быць усё, чым зацікавіцца пытлівасьць нашага розуму, а таксама выказьнікам можа быць усё, што мы ведам ці хочам даведацца а прадмеце нашага мысьленьня. Значыць, якая-б часьціца мовы ні заступіла месца назоўніка йменнага ў назоўным склоне, яна тым самым абернецца ў дзейніка, бо дзьве велічыні, роўныя паасобку з трэцяй, роўныя паміж сабою. Тое самае можа быць і з выказьнікам, і з іншай даданай часцінай сказу. Што да выказьніка, дык ён можа быць просты, сустаўны й падвойны.
1. Просты выказьнік. Выказьнік, выражаны адным дзеясловам у васабовай форме або такою часьцінай мовы, што падмяняе асабовы дзеяслоў, называецца простым, напр.: Конік сьлепаваты трасе галавою. Насталі туманныя дні. Дык яны бабух у воду.
а) Бываюць выпадкі, калі просты выказьнік выражаецца неазначальнай формай (інфінітывам), напр.: Блізка відаць, да далёка дыбаць. Нашто козамі сена травіць?
б) Асабовая форма простага выказьніка можа быць складанаю. Гэта тая форма простага выказьніка, што складаецца з дапаможнага дзеяслова „быць“ у васабовай форме будучага часу і неазначальнай формы другога дзеяслова (будучны складаны час: буду чытаць, будзе вучыцца), або тая, што складаецца з дапаможнага дзеяслова „стаў“ (прошлы час) і неазначальнай формы другога дзеяслова (прошлы складаны час: сталі чытаць, стаў гаварыць).
в) Сюды трэба аднесьці і формы простага выказьніка з словам „бывала“, якое ў злучэньні з другім асабовым дзеясловам становіць таксама складаную форму простага выказьніка, напр.: Зьбяруцца бывала, і люлькі закураць. Сядзе бывала ды плача. Бывала выдзе ў поле ды ходзіць па межах.
2. Сустаўны выказьнік. Бывае так, што форма простага выказьніка ня можа выказаць таго, што прыпісваецца дзейніку. У такіх разох да асабовага дзеяслова дадаецца іншая часьціна мовы, і такім парадкам вытвараюцца выказьнікі — сустаўны й падвойны.
Выказьнік, выражаны асабовай формай дзеяслова ў злучэньні з скланяльным словам у назоўным склоне, называецца сустаўным. Напрыклад: Чужая сіла — асіна. У маркоце дзень здаецца вялікі. Ноч была зорная. Ён бый купец.
а) Значыць, у сустаўным выказьніку асабовы дзеяслоў можа мець пры сабе скланяльнае слова ў назоўным склоне. Гэта — другі назоўны склон у сказе (першы назоўны склон — дзейнік).
б) У сустаўным выказьніку дзеяслоў ня мае поўнага значэньня, ды называецца сувязьзю. Найчасьцей сувязьзю служыць дзеяслоў „быць“ у форме цяперашняга й прошлага часу, але часам ужываюцца і іншыя дзеясловы.
Сувязь „быць“ у цяперашнім часе (ёсьць) звычайна прапускаецца. На пісьме гэты пропуск азначаецца працяжнікам (калі другая частка выражана назоўнікам іменным), а ў мове — перапынкам (паўзай) бяз зьмены інтонацыі ў голасе. Напрыклад: Лішняе мудраваньне — дураваньне. Курыца — птушка.
Хоць сувязь „ёсьць“ найчасьцей прапускаецца, але гэта ня значыць, што яна зьнікае; зьнікае толькі яе гукавая форма, г. зн., яна не называецца, а мысьліцца, як выражэньне ў сучаснай мове цяперашняга часу, бо сувязь „быў“ азначае прошлы час, a „буду“ — будучны час.
в) Другая частка (не дзеяслоўная) можа быць выражана параўнальнай ступеньню прыметніка якаснага (Старожа лепей варожы) і нават прыслоўем: (Раса далоў, і я дамоў). Гістарычна гэта не супярэчыць выстаўленаму правілу, што недзеяслоўная частка сустаўнога выказьніка павінна быць слова скланяльнае, бо параўнальная ступень прыметніка якаснага і тыя прыслоўі, што бываюць часткай сустаўнога выказьніка, даўней скланяліся.
г) Сюды належыць і слова „трэба“. Даўней „трэба“ было назоўнікам іменным жаноч. роду, і толькі цяпер страціла сваё даўнейшае значэньне ды абярнулася ў нязьменнае слова; яно стала нібы прыслоўем. Значыць, яно па праву можа стаяць на месцы другой, скланяльнай часткі сустаўнога выказьніка. Напрыклад: „Мне ня трэба (ня ёсьць трэба) твае грошы“. Даволі часта слова „трэба“ ўжываецца ў скарочанай форме — „трэ’“, напр.: „Мне трэ’ зьбірацца ў дарогу“.
д) Вельмі часта другі назоўны склон падмяняецца творна-прыладным склонам, і тады сустаўны выказьнік абарачаецца ў просты з дапаўненьнем у творна-прыладным склоне; гэтае дапаўненьне розьніцца ад звычайных дапаўненьняў тым, што яно цесна зьвязана з выказьнікам (прэдыкатам), і яго можна назваць дапаўненьнем „выказальным“ (прэдыкатыўным). Напрыклад: Ён быў каваль — Ён быў кавалём. Яна яму прыходзіцца цёткаю.
У такіх разох, калі другі назоўны склон, выражаны назоўнікам іменным, падмяняецца творнапрыладным прэдыкатыўным ды прыме такі зварот, што азначае зьмену у стане прадмета, то ў беларускай мове такі творна-прэдыкатыўны ня ўжываецца, а ставіцца родны прэдыкатыўны з прыназоўнікам „за“. Напрыклад, замест „Ён быў кавалём“, „Ён быў настаўнікам“, трэба сказаць: „Ён быў за каваля“, „Ён быў за настаўніка“. „Ня ўмее ні чытаць, ні пісаць, а яго за караля абіраюць“ (замест — каралём).
3. Падвойны выказьнік. Выказьнік, выражаны асабовай формай дзеяслова, пры каторай стаіць не азначальная форма (інфінітыў) другога дзеяслова, называецца падвойным выказнікам. Напрыкад: У восень уся прырода пачынае заміраць. Маці ніткі села віць. Дзеці паклаліся спаць. Перад адлётам у вырай птушкі пачынаюць трывожыцца.
а) Падвойны выказьнік, як і сустаўны, зьяўляецца ў мове ў тых разох, калі адзін асабовы дзеяслоў ня можа выразіць таго, што мы хочам сказаць аб дзейніку. У сустаўным выказьніку гэта выражаецца скланяльным словам і нават нязьменным словам („Мне твая плата ня трэба“ або „Здароўе лепей за багацьце“). Але часта й гэтага не выстарчае; тады да асабовага дзеяслова дадаецца яшчэ неазначальная форма (інфінітыў) другога дзеяслова, і вытвараецца падвойны выказьнік: „Чалавек прымусіў працаваць на сваю карысьць жывёлу“.
б) Часам першая частка падвойнага выказніка зьяўляецца сустаўным выказьнікам. Гэта бывае ў тых разох, калі скланяльным словам такога сустаўнога выказьніка бываюць такія словы: 1) назоўнікі йменныя — „ахвотнік“, „майстар“ і інш. (Ахвотнік рэпкай пажывіцца); г) прыметнікі — „рад“, „павінен“, „гатоў“, „ахвоч“ (Рада ўстаці да свайго дзіцяці; павінен вучыцца, гатоў памагчы).
в) Неазначальная форма (інфінітыў) заўсёды ставіцца пры загадным ладзе „давай“ (давай ці давайце гуляць у жмуркі!) і пры выклічніку „ну“, калі ён падмяняе асабовую форму дзеяслова: „І ну з ім тузацца“.
Увага. Неазначальная форма (інфінітыў) у сказе. Неазначальная форма дзеяслова — чытаць, пісаць, касіць, магчы, сячы, плысьці, ісьці і інш. — некалі былі дзеяслоўнымі назоўнікамі; яны значылі тое самае, што значаць цяперашнія дзеяслоўныя назоўнікі — хаценьне, цярпеньне, мудраваньне, пытаньне, здарэньне, галадаваньне і інш. Інфінітывы, як і ўсе назоўнікі, скланяліся; як усе назоўнікі йменныя, яны былі ў сказе або дзейнікам, або дапаўненьнем, у залежнасьці ад склону. З часам інфінітывы страцілі здольнасьць скланяцца ды перасталі мысьліцца, як назоўнікі (параўнуй, напрыклад, сучаснае слова „трэба“). Яны сталі ўжо мысьліцца, як дзеясловы, як- бы абярнуліся ў дзеясловы, ды набылі вельмі важную ўласьцівасьць дзеяслова — здольнасьць выказваць, г. зн., быць выказьнікамі.
а) Звычайна інфінітывы выказваюць у злучэньні з асабовым дзеясловам, вытвараючы падвойны выказьнік (хачу есьці), але часам інфінітыў можа быць выказьнікам адзін, без дзеяслова ў асабовай форме (яму ня церпіцца). Такі інфінітыў-выказьнік дапасавацца з дзейнікам ня можа, бо інфінітыў нязьменная часьціна мовы. Звычайна ў сказах з выказьнікам-інфінітывам дзейніка зусім ня бывае.
6) Часта інфінітыў стаіць у сказе на тым месцы, дзе мы хацелі б бачыць дзейнік або дапаўненьне. У такіх сказах інфінітывы стаяць у сваім даўнейшым значэньні, калі яны былі яшчэ назоўнікамі. Напрыклад, у сказе „Займаўся ён ткаць рашоты“ або „Меў ахвоту вучыцца“ мы знаходзім словы „ткаць“ і „вучыцца“ на тым месцы, дзе павінна было стаяць дапаўненьне; даўней гэта й было дапаўненьне — ускосны склон назоўніка, цяперашняга інфінітыва.
в) У сказе „Працаваць кожнаму трэба“ інфінітыў „працаваць“ стаіць на месцы дзейніка; даўней тут і быў дзейнік, г. зн., назоўны склон назоўніка, цяперашняга інфінітыва „працаваць“. Сапраўды-ж, такі інфінітыў — гэта выказьнік безасабовага сказу, а ўвесь безасабовы сказ мысьліцца ўжо, як дзейнік. Напрыклад, у фразе „Век зжыць — ня мех сшыць“ словы „век зжыць“ самі па сабе становяць сказ, але зьяўляюцца дзейнікам у вадносінах да слоў „ня мех сшыць“, якія становяць выказьнік.
г) Інфінітыў часта ставіцца пры назоўніках, прыметніках і дзеяпрыметніках, становячы сабою як-бы дапаўненьне, напр.: здольнасьць разважаць, здарэньне пагаварыць, здольны рысаваць, майстар штукаваць і т. далей. Ад сапраўдных дапаўненьняў гэтыя інфінітывы розьняцца тым, што яны, як дзеясловы, не скланяюцца і ня кіруюцца і, такім парадкам, ня маюць асноўнае прыметы, якая адрозьнівае дапаўненьне ад іншых часьцін сказу. У такіх злучэньнях інфінітыў зьяўляецца скарочаным, або сьціснутым у вадным слове сказам, прылучаным да назоўніка, прыметніка ці дзеяпрыметніка для паясьненьня іх значэньня ў сказе.
д) Здараюцца сказы з сьціснутымі ў адзін інфінітыў некалькімі паасобнымі сказамі, напр.: „Наварэце есьці гасьцей частаваць!“ Гэты сказ можна разглядаць, як зложаны з двух асобных сказаў: 1) „наварэце есьці“, 2) „гасьцей частаваць“; апошні сказ безасабовы з інфінітывам „частаваць“.
Задачка 9-ая. Выпісаць спачатку сказы з простым выказьнікам, потым з сустаўным і падвойным. Знайсьці ды выпісаць сказы з прэдыкатыўным дапаўненьнем у прыладна-творным склоне і сказы з складаным выказнікам.
Пахне павабна трава над ракою. Тут будзе пабудована школа. Набытая працай капейка пераважыць лёгкі заработак. Ноч была зорная. Месца было вельмі сухое. Ня разам Вільня збудавана. Абяцаная шапка на вушы ня лезе. Атаўка — сену прыбаўка, да ня ўмеў скасіць Саўка. Шчырая праца — мазалёвая. Усё поле было пакрыта копамі й народам. Дзень быў ціхі. Лебедзі лёгка робяцца ручнымі. Асіна бывае прыгожая ў восень. Галоднаму і пушнінка — малінка. Дзяўчынка стала ўжо вялікая. Час быў позьні. Чужая хата горай (за) ка́та. Старожа лепей варожы. Слова — вецер, а пісьмо — грунт. Упартая каза — воўку карысьць. Рад любавацца я кветкай убогай. Спадзяваўся свой прыдбаць куточак. Слабаму жывату і вада завада. Прымусная работа самая цяжкая. Лішняя нітка — палатну завада. Зелена — молада. Сьляпому вочы завязаны. Жаль увагі ня мае. Вера ў пазыкі пайшла. Пачынаюць ляцець птушкі ў вырай. Жартаваць з залезам не казала лісіца. Калі хто бывала ня стрымаецца ды засьмяецца, дык лісяняты кулём кідаліся ў куток. На камінку корч палае. Каля печы дзед сядзіць. Бацька лапці выплятае. Маці ніткі села віць. Сьнег паволі пачаў таяць. Працаваць вучыся зрана, у маладыя годы. Падарожныя прышлі ў вёску начаваць. Пачарнеў на полі сьнег. Рад-бы я ня думаць аб сваёй нядолі. Шанавацца кожнаму трэба. Улетку перастаюць хадзіць у школу. Улетку перастаюць хадзіць вучыцца. Каля берагу была палонка браць воду. Валы пайшлі піць воду. Скупому цяжка плаціць даўгі. Санажаць ужо скошана. Прайшла вясёлая пара лета. Збожжа з палёў ужо сабрана. Падарожны лёг сапачыць. Ціхае поле залаціцца сьпелым збожжам. У полі работа скончана. Трэба прымацца за малацьбу. Сьветлая галоўка мысьлямі занята. Не ўдалося забіць лося. Свая сіла кожнаму міла. Загадка была хітра зложана. Сядзе бывала на прызьбе ды грае. Добрае чуваць далёка, а благое яшчэ далей. Маленькі сабачка да веку шчаня. Зімняя ночка — бацьку сарочка. Збожжа пажатае з нівак пазвожана. Неба дажджоваю хмарай абложана. Сёмка служыў сторажам на чугунцы. За гарою ёсьць даліна. Перастала грэць яснае сонейка. Чорныя думы мне спаць не даюць. Усе ласы на чужыя прыпасы. Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог. Многа было клопату. У возеры вадзілася гібель усялякае рыбы. Сусед стаў багаты. Вялікае возера называецца морам. Хлопец стаў разумны. Адна рада добра, а дзьве лепш. Арол — найдужэйшая птушка. Хто дужэйшы, той пружэйшы. У чужое шчасьце ня мухай упасьці. На жывой касьці мяса мусіць абрасьці.
Сказы бываюць бяз дзейніка. Дзейніка ня бывае:
1) Калі выказьнік стаіць у форме загаднага ладу, пры каторай дзейнік у першай асобе множнага ліку (мы) ніколі ня ставіцца (Хадзем на работу!), у другой асобе абодвух лікаў ставіцца вельмі рэдка, напр.: Глянь! Гляньце! — рэдка калі скажуць: Ты глянь! Гляньце вы!
2) Дзейнік вельмі часта прапускаецца, калі ім мог быць асабовы займеньнік або якое-небудзь слова з суседняга сказу: Хочаш есьці? Добра, зараз прыду.
3) Дзеля таго, што дзейнікамі бываюць назоўнікі йменныя, то дзейніка ня бывае ў тых разох, калі ён невядомы або кожнаму вядомы, і яго няма патрэбы называць: без яго лепш выдаецца выказьнік. У такіх сказах выказьнік звычайна выражаецца 3-яй асобай множн. ліку, 2-ой асобай адзіночн. ліку і подчас 3-яй асобай адзіночн. ліку. Напрыклад: нас абакралі, грэчку сталачылі авечкамі, жыта здратавалі коньмі (невядома хто); у календары піша, што будзе дождж (таксама невядома, хто піша); далей паложыш — бліжай возьмеш; мякка сьцеле, да мулка спаць; і б‘юць, і плакаць не даюць (усё роўна — хто); нам прыслалі другога настаўніка; аддай мяне, мамачка, дзе ня сварацца (вядома — хто).
1. Неазначальна-асабовы сказ. Такія сказы, дзе нельга назваць таго слова, якое магло-б быць дзейнікам, але дзе выказьнік — асабовы дзеяслоў, можна назваць неазначальна-асабовымі (неазначальна-суб‘ектыўнымі) сказамі. У такіх сказах дзейніка няма і не магло-б быць. Сюды, да неазначальна-асабовых сказаў, належыць пераважная большасьць народных прыказак. Напрыклад: Як пасьцелеш, так і высьпішся. Як просяць — і жнуць, і косяць. Што стрэў, то зьеў. Чужым розумам век не перажывеш.
2. Безасабовы сказ. Ня бывае і ня можа быць дзейніка ў тых сказах, дзе выказьнік — безасабовы дзеяслоў. Да безасабовых дзеясловаў належаць такія словы: сьвітае, днее, сутунее, сьпіцца, ляжыцца, дрэмлецца, няможацца, хочацца, нездаровіцца, баліць, сьвярбіць і іншыя.
Гэтыя дзеясловы не спрагаюцца, г. зн., не зьмяняюцца ў асобах і ліках, а ў прошлым часе — у родах, як звычайныя дзеясловы. Нельга, напрыклад, сказаць: я сьвітаю, ты сьвітаеш, мы сьвітаем, або — мы сутунеем, вы сутунееце, яны сутунеюць, сутунелі.
Такія дзеясловы вытвараюць безасабовыя (бессуб‘ектыўныя) сказы. Яны й па сэнсу не дапускаюць пры сабе дзейніка. Сказаць, напрыклад, „ён дрэмлецца“ — бяссэнсіца. Калі-ж трэба паставіць такі дзеяслоў у прошлым часе і, значыць, канечна ў якім-небудзь родзе, то бярэцца форма ніякага роду: зьмерклася, сутунела, замарозіла і т. далей.
а) Часам і асабовыя дзеясловы (тыя, што маюць формы ўсіх асоб) ужываюцца ў значэньні безасабовых, г. зн., не дапускаюць пры сабе ў такім сказе дзейніка (асобы, суб‘екта). Напрыклад: „Траву спаліла сонцам“. „Асмаліла пяруном“. „Гальлё паламала бураю“. Адказаць на пытаньне, што спаліла траву або што паламала гальлё“ тут нельга. У такіх сказах і ня можа быць такога слова, каб да яго можна было-б дапасаваць выказьнік.
6) Звычайна дзейніка ня бывае пры выказьніку-інфінітыве, напр.: Ні згубіць з ім, ні знайсьці.
Значыць, безасабовым сказам называецца такі сказ, што не дапускае граматычнага пытаньня: хто? што?
Задачка 10-ая. Знайсьці ды выпісаць спачатку сказы асабовыя, а потым — безасабовыя. Знайсьці ў асабовых сказах незначальна-асабовыя сказы.
За чужое лычка плаціцца рамушком. Стаіць хвоя на кургане з чорным буславым гняздом. Люблю туман у позьню восень. Памалу далей станеш. Нешта зьвініць у небе тоненькім срэбным звонікам. За дурною галавою нагам няма пакою. Белым інеем пакрыты на гасьцінцы беразьняк. Ужо сьцямнела. На прошанага госьця многа трэба. Наварэце есьці гасьцей частаваць. Лістам сьцелецца. Ня хочацца, дык і няможацца. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. Роўны з роўнага цешыцца. Хлебам ня б‘юцца. У голад і нісчымнае смачна есца. За мухай не зганяешся з абухам. З роспачы і ў агонь кінешся. Перад невадам рыбы ня ловяць. З незабітага ліса шубы ня шыюць. Загляне сонца і ў наша аконца. Прышло махам і пойдзе прахам. Работа і корміць, і поіць. Прыткая вада берагі падмывае. Рота нікому не завяжаш. Нуда бядзе не паможа. Рука руку мые. Ня трацьце марна часу! Даставайце з вышак сані — гайда сьцежкі пракладаць! Зачыняйце шчыльна хату! На хаценьне ёсьць цярпеньне. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Нябітаму няма чаго плакаць. Дарованаму каню ў зубы не глядзяць. Прамытае вады ня бывае. Само нішто ня прыходзіць у рукі. Смала к дубу ня прыстане. Бураю паламала сад. Гарох паела мошкамі. Сядзела там нашага брата многа. Ішло хлопцаў дваццаць пяць. Народам, як макам, увесь двор заліло. Мне было маркотна. Ішло некалькі чалавек. Каля грэблі стаяла некалькі чалавек. Даль паўнютка ціхай смуты. Змучана дзяўчына мацярынскім горам. Дзень сягоньня будны. Кучка йдзе народу. За гарамі горы хмарамі павіты. Сонца шчыра разьлівала блеск гарачы і цяпло. У месяцы звычайна бывае трыццаць дзён. Было ў бацькі тры сыны. Тры вярбіны стаяць над вадою. Ад лесу пачыналіся сялянскія палеткі. Наш сусед добры дудар. Не рабі нікому крыўды. Устаў я нешта дужа рана. Захацелася хлопчыку пастрашыць гаспадароў. Засыпала сьнегам замёрзлую рэчку. Хавай хлеб на яду, а капейку на бяду. Падышло яшчэ трох гаспадароў. За мною яшчэ са трох гаспадароў увайшло ад дажджу схавацца (Яд. Ш.).
Часьціны сказу аднаго найменьня, выражаныя аднэй і тэй-жа часьцінаю мовы, што адносяцца да аднаго й таго самага слова ды знаходзяцца ў аднолькавай ад яго залежнасьці, называюцца аднолькавымі часьцінамі сказу.
У сказе можа быць некалькі аднолькавых часьцін, г. зн., такіх, што носяць аднакія найменьні ды адносяцца да аднае й тае самае часьціны сказу.
Сказы, што маюць некалькі аднолькавых часьцін — некалькі выказьнікаў, дзейнікаў ці даданых часьцін, называюцца зьлітымі.
У зьлітым сказе можа быць:
а) некалькі дзейнікаў: Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі.
б) некалькі выказьнікаў: Стогне, плача і галосіць завіруха злая.
в) некалькі дапаўненьняў: Песьні, крык і гоман слухаў дзед Завала.
г) некалькі азначэньняў: Восень халодная, чорная, хмурная сунецца ціха, нячутна штодня.
д) некалькі акалічнасьцяй: Ён чытаў хораша, голасна й выразна. Як усё тут мудра збудавана, як чыста, хораша прыбрана! Весела й хутка, мінута ў мінутку сойдзе нам час.
Увага 1. Зьліты сказ можна раскласьці на некалькі асобных сказаў, але ня трэба думаць, што зьліты сказ складаецца з асобных сказаў. Напрыклад, сказ: „Працуюць людзі, поту ня чуюць, аруць і сеюць, і барануюць“ можна разлажыць на такія асобныя
сказы: 1) працуюць людзі, 2) людзі поту ня чуюць, 3) людзі аруць, 4) людзі сеюць, 5) людзі барануюць.
Адгэтуль відаць, што зьліты сказ можна разлажыць на столькі паасобных сказаў, колькі ён мае аднолькавых часьцін, але ў мове сказы ніколі ня зьліваюцца: яны вытвараюцца самі па сабе, як рэзультат нашага мысьленьня аб складаных зьявах. Вытварэньне ў мове зьлітых сказаў аб‘ясняецца тым, што адзін прадмет адначасна можа вытвараць некалькі дзеяньняў або што некалькі прадметаў могуць мець адну й тую прымету; таксама можа быць некалькі паясьняльных прадметаў або іх прымет.
1). Аднолькавыя часьціны ў зьлітым сказе часта зьвязваюцца паміж сабою злучнікамі — кожная або толькі апошняя. Напрыклад: Мор і голад, і паводка іх спалохаць не маглі. Ціха, важна, спакойна, густа й страшна пранесься ў небе першы гром.
У першым прыкладзе ўсе аднолькавыя часьціны зьвязаны злучнікамі „i“, а ў другім — толькі апошняя часьціна. Бывае й так, што ніводная часьціна ня зьвязана злучнікам, напр.: Дрэвы, гумны, хаты абліліся сьветам месяца. Сядзьма, павячэрайма, павячэраўшы пагаворыма.
2). Для злучэньня аднолькавых часьцін зьлітага сказу найчасьцей ужываюцца такія злучнікі: і (й), ды, але, або, а, ды, дай (=да+i), то-то, дый (=ды+i), ці, то, ні, ані. Напрыклад:
а) злучнік „і (й)“: Сінія хвалі шумяць і бурляць. Адны вочы і плачуць, і сьмяюцца. Тут былі і старыя, і малыя, бабы й дзеці. Гром гудзе й гудзе бесьперастанку.
Увага 2. Ненаціскны гук „і“, стаўшы пасьля галоснага перад зычным, скарачаецца, становіцца нескладовым, напр.: Прышло й лета; вайна. Пад націскам пры гэтых умовах знаходзім „i“ (складовае), напр.: „Адны вочы і плачуць, і сьмяюцца“. „Ляніваму каню і дубіна ня страшна“. Пасьля паўзы (на пісьме — пасьля знаку прыпынку) пры гэтых умовах таксама знаходзім „і“ (складовае), напрыклад: Тут былі і старыя, і малыя.
У зьлітым сказе злучнік „і“ падмяняецца нескладовым „й“ пры тых-жа самых фонэтычных умовах, але толькі ў тых разох, калі ён злучае аднолькавыя часьціны, паміж каторымі няма ніякага паясьняльнага слова, напр.: Гром гудзе й гудзе бесьперастанку. Саха й барана самі не багаты, а ўвесь сьвет кормяць.
Але калі паміж аднолькавымі часьцінамі стане паясьняльнае слова, або калі яны разаб‘юцца іншай часьцінай сказу, то злучнік „і“ застаецца складовым, напрыклад: Яны разам вучыліся і разам пасьвілі авечкі ў полі. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы: казьлякі, асавікі, мухаморы і іншыя.
У вершах, дзеля складнасьці, злучнік „і“ можа быць складовым і нескладовым, у залежнасьці ад рытмы.
Увага 3. Трэба памятаць, што „i“ можа быць памацняльным дапаможнікам, а ня злучнікам. Напрыклад: Прышло й лета. Гэта й быў наш настаўнік.
б) злучнік „ды“: Палез на стрэху ды скінуў адтуль кошык з галубянятамі. Буслы пазьляталі з сваіх гнезд ды ходзяць чародамі па лузе. Сонца высака стаіць на небе ды бяз жалю паліць землю.
Злучнік „ды“ найчасьцей зьвязвае выказнікі; ён ставіцца ў тых разох, калі выказьнікі выражаюць згоднасьць, паступовасьць і асабліва, калі трэба перадаць, што адно выцякае з другога, напр.: „Напісаў прашэньне ды да міравога“. „Сеў ды заплакаў“. „Увайшоў ды кажа“ і так далей.
(Аб другіх злучніках глядзі § 34, 1).
Дапасаваньне ў зьлітым сказе. 1) Пры некалькіх дзейніках выказьнік дапасоўваецца з бліжэйшым дзейнікам (у хаце быў крык і гоман); калі-ж выказьнік стане пасьля дзейнікаў, то звычайна ставіцца ў множным ліку, напр.: Авёс і ячмень сабраны. Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі.
2) Таксама азначэньне пры некалькіх азначальных словах звычайна ставіцца ў множным ліку. Пры двух розных азначэньнях, што адносяцца да таго самага слова, яно ставіцца ў множным, а часамі ў адзіночным ліку, напр.: „У давальным і родным склонах“ і — „склоне“.
Пунктацыя ў зьлітым сказе. Паўторныя часьціны ў зьлітым сказе звычайна вымаўляюцца з перапынкамі (паўзамі), а на пісьме гэтыя перапынкі ў голасе азначаюцца коскамі, а часам і іншымі знакамі прыпынку, аб чым дакладна гаворыць правапіс.
Калі другі выказьнік выражае вынік з першага або калі абодва выказьнікі маюць пры сабе іншыя часьціны, то паўза бывае і перад злучнікам „і“. Напрыкпад: Я быў хворы, і ня мог прыйсьці. Зьбяруцца бывала, і люлькі закураць. Лісіца была недалёка, і ў кожны момант магла пачуць птушак. Ідзе наш дзядзька, і па бруку адзін за дзесяць робіць груку (Я. Кол.).
Задачка 11-ая. Выпісаць сказы спачатку з некалькімі выказьнікамі, потым — з некалькімі дзейнікамі, дапаўненьнямі, азначэньнямі, акалічнасьцямі, а нарэсьце — з мешанымі аднолькавымі часьцінамі ды заўважыць дапасаваньне выказьніка з дзейнікам і азначэньня з сваімі словамі.
Вераб‘і, вароны й галкі любяць жывіцца атрускамі ад чалавечай яды. Ляціць і бусел, і жураў, і дрозд запеў і засвістаў. Цьвёрдую глебу рэж, уздымай. Надышла хмара з громам, з маланкаю. Зацьвіла яблына, сьліва, ігруша. У стуку і груку забудзем мы муку працы свае. Павеяў вецер, і пагнаў перад сабою пыл і сухое лісьце. Цемната ўсё гусьцела й гусьцела ды закрывала ад вачэй і поле, і лес. Поле, луг, лес і гай схаваліся ў цемнаце ночы. Усюды — управа й налева быў парадак там і лад. У Сымона прад вачыма ўсталі родны куткі: хата бацькава, радзіма, жыцьця раніцы дзянькі. І быў той пакой прасторны, сьветлы, чыста пабелены. У вадзін год яны радзіліся, разам расьлі, разам гулялі, разам вучыліся і разам пасьвілі скацінку ў полі. Цяпер Лукаш ужо гаспадар: мае сваю сямейку, свой прытулак, жывёлу і свой кусок хлеба (Ан. Гал.). Першыя кветкі, зялёная травіца, сьпевы першых птушак — усё паказвала, што пачалася вясна. На полі часьцей сталі паказвацца людзі то з бараною, то з сахою, то з возам гною. Усе гаспадарскія прылады — калёсы, сані, барана, вупраж на каня, косы — усё было наладжана ды дзяржалася ў парадку (Ан. Гал.). І гэты смагай лес засланы, і родны Нёман, і курганы, і хвайнякі, і грушы ў полі — ўсё блізка сэрцу яго стала (Як. Кол.). Стаіць машына, грозна дыша і сівым дымам цяжка пыша (Я. Кол.). Прыемна глядзець на мора, стоячы на беразе або едучы на параходзе. У восень усе птушкі вылятаюць у вырай, а застаюцца толькі вароны, галкі, вераб‘і, дзятлы ды яшчэ колькі лясных птушак. Здараецца бачыць у позьнюю восень двух, трох або аднаго бусла на лузе; стаяць яны сіратліва ды сумна глядзяць на халодную восень: гэта бракоўныя, слабыя, нядужыя. Выходзіў меншы брат увечар на двор, браў сваю скрыпку, садзіўся на прызьбе каля хаты ды граў. Ні думак, ні песень яго ніхто ня знаў ці не хацеў знаць. Гаварылі браты аб усім: аб горкай сваёй долі, аб праўдзе, аб жыцьці (Т. Гуш.). Былі тут розныя будынкі: гуменцы, гумны і адрынкі, хлявы і стайні, і аборы (Я. Кол.). Назьбірае баба шчэпак, падпаліць у печы дый апякаецца перад полымем (К. Серж.). Законы-ж а думачкі нашага брата, як ноч (Багуш.). Добра на вырай ляцець цяплейшы, пабачыць дзівы на чужыне, сонца над Нілам, агонь ясьнейшы і думаць думку пра край тутэйшы на піраміды вяршыне (Нясл.). Пажурыўшыся думкаю шчырай, бусел узьняўся паволі, паплыў па небе кудысь на вырай шукаці шчасьця й долі (Нясл.). У кашульцы чорнай, зрэбнай, тварык сплаканы, мурзаты, ані бацькі, ані маткі, дзядзька выгнаў з роднай хаткі (Цёт.). Праўду знайце: ці ў тэй долі, ці ў нядолі з вамі станем ў аднэй долі (Цёт.). За праўду, за шчасьце, за лепшую долю вазьміся, мой дружа, пастой, у крыўду ня дайся, свайго дабівайся, адвага хай будзе з табой! (Я. Куп.). Плача восень, стогне у сьне, з пушчай, з ветрамі галосіць, як-бы дзе каго кляне ці аб шчасьці моліць-просіць (Я. Куп.) 3 тэй пары Масква, Варшава, Рыга, Вільня, Бак, Лібава, Беларусь, Літва, Расея гоняць вон цара-зладзея (Цёт.). Зіма была доўгая а (=i) цяжкая. Села ластаўка на стрэху старога гумна ды зашчабятала. У раньнюю вясну ні ў полі, ні ў лесе няма ні ягад, ні грыбоў.
Часам два назоўнікі стаяць поплеч у вадным і тым-жа склоне, паясьняючы адзін аднаго ды кіруючыся (калі гэта два дапаўненьні) адным і тым-жа словам. Напрыклад: Менск стаіць на рэчцы Сьвіслачы. Застаўся адзін сын-сірата. Стаіць груша-сіраціна на мяжы у полі. Коніка-сябра свайго паганяй! Рвецца дух мой на свабоду із турмы-магілы (Я. Кол.).
Дзеля таго, што гэтыя пары назоўнікаў іменных маюць аднолькавую форму склону й ліку, то можна сказаць, што яны дапасованы паміж сабою ў склоне і ліку. Такія дапасованыя назоўнікі называюцца прыдаткамі. Значыць, прыдаткам называецца азначэньне, выражанае назоўнікам ды пастаўленае ў тэй самай форме, як і тое слова, да якога яно адносіцца. Напрыклад: Апранула зямля-матка кажушок зялёны. Хвоя-веліч стаіць на кургане.
1) у родах назоўнікі не зьмяняюцца, дзеля гэтага яны й дапасавацца ў родзе ня могуць. Прыдатак можа супасьці ў родзе з тым словам, да якога ён адносіцца (горад Менск), але можа й ня супасьці (горад Вільня).
2) Назоўнікі лічэбныя, як і ўсе назоўнікі, бываюць у сказе прыдаткамі, калі стаяць у вадным склоне з другім назоўнікам, напр.: два чалавекі, тры кнігі, не хватала пяцёх рублёў.
3) Прыдатак можа мець пры сабе паясьняльныя словы, напр.: Праляцела борзда лета, наша сьветлая пара. Мілая кветка — дзіцятка поля. Сьветлыя хмаркі, дзеткі прастору, ціха па небе плывуць. Хлебароб — мужык вясковы — вось па межах ходзіць.
4) Часам прыдатак становіць сабою пералічэньне, напр.: „Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы: казьлякі, асавікі, лісіцы, мухаморы і інш.“, або якую-небудзь асабістую назву — назву кнігі, газэты, літаратурнага твору, парахода, мясцовасьці ці чаго падобнага, напр.: Мы чыталі поэму „Новая Зямля“.
У гэтым прыкладзе прыдатак „Новая Зямля“ не дапасованы да слова „поэму“, якое ён паясьняе. Значыць, бываюць прыдаткі не дапасованыя да таго слова, да якога яны адносяцца.
Калі ў сказе з прыдаткам, выражаным асабістай назвай, прапусьціць тое слова, да якога ён адносіцца, то гэты прыдатак падлягае кіраваньню ды абарачаецца ў дапаўненьне. Напрыклад: Мы чыталі „Новую Зямлю“.
5) Часам пры прыдатках стаяць злучальныя або памацняльныя словы ці прыслоўі: або, гэта значыць, нават, ажно, асабліва, напрыклад, якраз і іншыя. Напрыклад: Плаваюць па моры вялікія параходы, або караблі. Просіць шчыра грамацея, ажно шапку скінуў. І доўга, нават цэлыя годы, чуваць пах ляснога пожару.
Пры злучальных словах — ці, або — трэба адрозьніваць два выпадкі: а) калі яны=гэта значыць; тады будзе прыдатак (Далёка ад нашага краю ёсьць вялікія азёры, або моры); б) калі гэтыя злучальныя словы маюць значэньне разьмеркавальнае, напр.: На клёпкі йдзе дуб ці сасна. Гэта павінна зрабіць маці ці дачка. Бацька або сын, а каторы-небудзь павінен прыехаць сюды. Гэта — формы зьлітага сказу.
6) у злучэньнях назоўнікаў лічэбных з іменнымі трэба адрозьніваць, з аднаго боку, выпадкі дапасаваньня, калі назоўнік лічэбны становіць прыдатак да назоўніка йменнага (напр.: стол на дзьвёх ножках, не хватала двух рублёў), а з другога боку — выпадкі кіраваньня, калі назоўнік лічэбны кіруе назоўнікам іменным, і назоўнік іменны становіць дапаўненьне да назоўніка лічэбнага, напр.: ён мае пяць груш, сем валоў, адышліся за сем вёрст; далі кожнаму па дзесяць арэхаў і т. далей.
Назоўнікі лічэбныя лічныя, пачынаючы ад „пяць“, і зборныя кіруюць вінавальным склонам (§3, 4), калі стаяць у назоўным ці вінавальным склоне без прыназоўніка або ў вінавальным з прыназоўнікам „па“ (далі па пяць рублёў) ці ў вінавальным склоне з прыназоўнікам „за“: за трыццаць коп грошай, за дзесяць рублёў.
7) Прыдаткі, выражаныя прыметнікамі ці дзеяпрыметнікамі, могуць стаяць перад і пасьля таго слова, да якога яны адносяцца. Некалі такія прыдаткі мелі пры сабе дзеяпрыметнік дапаможнага дзеяслова („сушчы“, „быўшы“); цяпер тут можна было-б паставіць дзеяпрыслоўнікі „будучы“, „быўшы“. Вось па гэтай прымеце такія прыдаткі можна адрозьніць ад звычайных азначэньняў, выражаных таксама прыметнікам ці дзеяпрыметнікам. Пры асабовых займеньніках у такіх разох заўсёды будзе прыдатак, а не азначэньне. Напрыклад: Галодныя, патомленыя, падарожныя спыніліся каля першае хаты ў вёсцы. Абкружаны дзяцьмі-задзірамі стаяў ён, бедненькі, апусьціўшы ручкі ды пазіраючы ў землю, як-бы ўсіх саромяючыся. У панскі двор дзеля красы яны, бяздольныя, узяты ткаць залатыя паясы (М. Багд.).
8) У літаратурнай, кніжнай мове дзеяпрыметнік-прыдатак можа злучацца з дзеяпрыслоўнікам-акалічнасьцю, напр.: І цяпер валяліся яны (кветкі), параскіданыя малымі дзяцьмі, ня радуючы людзкога вока.
Падобныя звароты могуць быць з азначэньнямі, дапаўненьнямі і акалічнасьцямі, напр.: К поўдню сталі паказвацца вадзяністыя, з цемнаватымы сярэдзінамі, хмаркі. Далёка, далёка цягнулася палоска лесу, заслаўшыся сіняватаю смагаю ні то туману, ні то дыму. Зелёнаю шырокаю паласою, зарослаю мясьцінамі лазою і круглымі зарасьлямі маладога дубняку, раскінуўся паабапал рэчкі луг.
З гэтых прыкладаў відаць, што некаторыя прыдаткі вызначаюцца сваёю незалежнасьцю ды могуць мець пры сабе свае даданыя словы, даданыя часьціны сказу, набліжаючыся такім парадкам да даных сказаў. Такія прыдаткі-азначэньні называюцца азначальнымі прыдаткамі. Яны могуць выражацца назоўнікамі йменнымі, прыметнікамі, дзеяпрыметнікамі: 1) калі гэтыя часьціны мовы маюць пры сабе паясьняльныя словы, 2) бяз гэтых паясьняльных слоў, калі яны адносяцца да асабовага займеньніка або калі зьвязаны з словам, да якога адносяцца, злучнікамі ці прыслоўямі: ці, нават, хоць, як напрыклад і інш.
Таксама акалічнасьць, выражаная дзеяпрыслоўем, калі мае пры сабе паясьняльныя словы, можна назваць акалічнасьцёвым прыдаткам (Гальлё спусьціўшы над парканам, расла тут грушка з тонкім станам).
9) Асобны від незалежных прыдаткаў становяць дапаўненьні, што стаяць поплеч з акалічнасьцю (прычым, звычайна дапаўненьне служыць прыдаткам да слова акалічнасьці), а таксама тыя звароты ў мове, калі адно дапаўненьне, служачы прыдаткам да другога дапаўненьня, не супадае з ім у склоне. Напрыклад:
Там, на гары, стаяў некалі замак. А там, каля агню, варушыліся й бегалі дзеці. Рана ўстала Алёна — да сонца. Раніцай, халадком, ісьці было нішто. Сёньня, 6-га лістапада, дзень маіх урадзін. Заўтра, у чацьвер, пачнецца вучэньне. 12-га сьнежня, у пятніцу, у нас будзе спэктакль. Між узгоркаў, над ракою, выглядае сіратою наша беднае сяло.
10) Займеньнікі „які“, „такі“, „кожны“, стоячы перад прыметнікам, дапасованым з словам, да якога яны адносяцца, служаць прыдаткам да гэтага прыметніка-азначэньня, напр.: „Калі мы пакідалі вёску, то дзень быў такі сьветлы, цёплы, яркі“.
Бываюць выпадкі, калі два азначэньні стаяць поплеч і адно служыць азначэньнем да другога; такое азначэньне трэба разглядаць як прыдатак да другога азначэньня. Напрыклад: Над лесам бліснула яркая борздая маланка ды на̀крыж перасекла хмару. Край неба блішчэў шырокаю чырвонаю стужкай.
Задачка 12-ая. Сьпісаць і прыдаткі падчыркнуць.
I. Сядзелі яны, бедныя, у куточку ды плакалі. Янка, брат майго таварыша, вельмі любіць паляваньне. Застаўся адзін сын-сірата. Горад Полацак пабудаваны ў незапомныя часы. Грышка, хлопчык невялікі, вышаў з дому ў поле. Гэй ты, Нёман, наша рэка! Вісьне скарга уздоўж Нёмна, Беларусі сына. Устаў назаўтра ён ранютка, да ўсходу сонца. Будзеш ты чытаць нам, цёмным няумекам. Ваўчанят водзіць аблетак, гадавалы воўк. Два браты, Алесь і Антось, згаварыліся пайсьці ў грыбы. А там, проці сонца, зноў поўзалі хмаркі. Як ліхія думкі-мысьлі, над зямлёю хмары зьвісьлі. У Пятруся быў таварыш — сын суседа, яго равесьнік Антось. Няхай жыта — нашу ўцеху — не кране град ніколі! Далёка, далёка, у гушчары яловага лесу, брукаваў голуб. На саломцы тонкай, у траве густой, сьпее-дасьпявае колас сіратой. Маленькія камарыкі-таўкачыкі кучкамі гулялі на сонцы. Было тут, у дубох, адно прыгожае месца. І рэчка у хвалях-жалобе бяжыць, і неба праз сьлёзы глядзіць. Каля самага берагу, у вадзе, чуць-чуць шарасьцеў чарот. Я знаю у полі двух родных братоў — зялёных, кудравых і сьвежых дубкоў. Недалёка, пад гарою, было балота.
У цёмным лесе, у вялікай нары, вывела ваўчыха трох ваўчанят. Каля крыжовых дарог, пад узгоркам, разрасьліся кусьцікі — пад‘яловец, сухадрэўка й лаза. Маладзенькая травіца-атава блішчыць на сонцы. У моры жыве многа ўсялякай рыбы — дробнай і вялікай. Не знаходзяць у нас сабе яды ў зіму балотныя птушкі — буслы, жураўлі, чаплі. Засумуюць зноў балоты бяз вас (птушкі) — госьці лета. Сьпераду ляцяць самыя дужыя й разумныя птушкі — правадыры. За акном, на прызьбе, віднелася касматая галава Мушкі. Аддалі замуж яго дарагую сястру Касю. Быў у школе адзін хлопчык — маленькі, мізэрны, слабы. Нягодныя хлопцы-вучні надта яму дакучалі. Памаленьку, незаметна для нас самых, засяваецца ў нашу душу зерня страху. Трэці Гаўрыла, мужык барадаты, абводзіць вачыма ўсю даль. Пастух-аўчар зрабіў сабе дудку з каліны. Гэтае месца завецца „Кірылава Магіла“. На дварэ, за акном, вецер страшна шуміць. Нават вольнае паветра служыць чалавеку: вецер круціць крыльле ў ветраку ды надзімае парусы на караблёх. Год мае чатыры пары: вясну, лета, восень і зіму. Змоўклі вясёлыя птушкі-пяюхі. Расьце добра і прыгожа, ажно глянуць міла. Чалавек працуе сам і прымусіў працаваць на сваю карысьць жывёлу: конь яму возіць і арэ, карова дае малако, авечка — войну, а сабака вартуе дом. Заўтра рана, яшчэ досьвіту, пойдуць яны ў дарогу. Раз толькі пасварыліся хлопцы, і пасварыліся за глупства: за ножык-цыганчык.
ІІ. Вечарамі мужыкі зьбіраліся ў крайнюю хату дзеда Юркі. Увесь кавалак зямлі, аж да крыжовых дарог, засявалі нашыя людзі. Адзін толькі лес — нямы сьведка людзкога глупства — стаяў вакол глухою сьцяною. Пасярэдзіне гарэў агоньчык, а каля агню сядзеў хлопчык Пятрусь. І ўспомнілася мне казка, якую даўно-даўно, у шчасьлівыя годы дзяцінства, расказвала нябожчыца-бабка. У хаце быў адзін толькі Міхаська — хлопчык гадкоў шэсьць. Скарына, доктар лекарскіх навук, на вежы сочыць зоры. Паміж пяскоў Эгіпэцкай зямлі, над хвалямі Ніла, ўжо колькі тысяч год стаіць магіла (М. Багд.). Глуха й нудна на полі ў восень. Ужо ня чуваць спакойнае гаворкі ціхага ветру з каласамі збожжа, толькі ржышча — кароткія пянёчкі жыта, аўсу, ячменю й пшаніцы — гаворыць, што тут яшчэ нядаўна красаваліся пасевы. Нявесела выглядае ў восень неба, засланае хмаркамі, як заворанае поле. Цягнуцца палоскі гароху з харошанькімі, чырвоненькімі й сіненькімі галоўкамі. Каршун, падняўшыся высока над лугам, круціцца ў небе, выглядаючы сабе пажытак. У небе дзе-нідзе праплыве белая пушыстая хмарка, як кучка воўны, ды схаваецца за лесам або растане, як сьнег, далёка ў небе. К поўдню сталі паказвацца вадзяністыя, з цемнаватымі сярэдзінамі, хмаркі. Тоўстыя, аброслыя мохам, старыя хвоі, уверсе смольныя, з выдзеўбленымі дзятламі дзіркамі, гарэлі, як сьвечкі. Апусьціўшы нізка тонкі паясок, ные сірацінка, плача каласок. Ад доўгіх часоў бераг, падмыты вадою, памалу асоўваўся ды агаляў тоўстае карэньне дуба. З поўначы цёмнае, сіверу дальняга, нудная восень прышла. Холадам-сьцюжаю разам павеяла; з дрэва прыбранага, лісьцем адзетага, уборы сарвала, страсла; песьні іх мілыя, дзіўна сьпяваныя, ветрам зглушыла ураз. Прыбіты вадою на срэбраны гак, ляжыць невядомы бядак — ваяка-салдацік. На возеры, у чайцы, сядзеў ды вудзіў рыбу каваль, па мянюшцы Мамай.
Прыклады для разбору. Цяжкая, жнейка, праца твая! Вот, брат, раўніна: і вокам ня скінеш! Прадам цябе, коню, коню вараненькі, за талер бяленькі! Гэй, скажы, груган нязнаны, скуль ты прыбываеш? Ты, саколе — верна пташачка, ці бываў ты на маёй старане? Браты, хай кожны пасьпяшае адно нам думаць і рабіць! Сьпі, мой міленькі саколік! Што-ж табе пісаць, старэнькі? Павесь шапачку, мой сыне! Ты, зялёная дуброва, расьцьвітай і шумеці добрай славай пачынай! Варушыся, конік мой сівенькі!
Вывады. Слова ў сказе, што азначае ймя тае асобы або прадмета, да каторага зварачаюцца з мовай, называецца клічным словам, напр.: Цяжкая, жнейка, праца твая!
Клічнае слова часьціны сказу не складае.
1) Клічным словам можа быць кожны назоўнік іменны, калі ён азначае той прадмет, да якога зварачаецца мова, напр.: Памажы мне, братка, ячмень зьвязаць! Ня гудзі так, восень, непагодай дзікай!
Клічным словам можа быць і прыметнік, калі ён мысьліцца, як назоўнік іменны, напр.: Што-ж табе пісаць, старэнькі?
Толькі назоўнік займенны ніколі клічным словам ня бывае.
2) Клічнае слова можа мець пры сабе свае паясьняльныя словы, напр.: Што ёсьць на сьвеце мілей за цябе, узрост маладога жыцьця! Хто з вас, браты мае, не парываўся ў моладасьці ў невядомую даль?!
3) Клічнае слова можа выражацца цэлым сказам, напр.: Ой, глядзі, глядзі, сьляпак ты!
4) Клічнае слова звычайна называе той прадмет, да каторага зьвернута мова, стаіць у форме клічнага склону (Па вошта, воўча, ідзеш?), але часта бывае так, што клічнае слова мае форму назоўнага склону, напр.: „Вот, брат, раўніна!“ Тут клічнае слова „брат“ мае форму назоўнага склону, бо форма клічнага склону ад слова „брат“ была-б „браце“. Гэтая падмена клічнага склону назоўным і наадварот становіць асаблівасьць беларускае мовы.
Увага. Склонам называецца форма слова, якая азначае розныя адносіны паміж прадметамі. Форма клічнага склону ніякіх адносін паміж прадметамі не азначае; гэта толькі клічная форма, падобная ў гэтым значэньнюю да выклічніка. Назоўнікі займенныя, якія падмяняюць усе формы назоўнікаў іменных, клічнага склону ня маюць; значыць клічны склон — ня склон. І толькі калі разглядаць склоны не па іх значэньні ў мове, а з боку іх канчатку, то можна гаварыць аб клічным склоне.
5) Калі сказ мае клічнае слова, то дзейнікам бывае асабовы займеньнік, выражаны або ня выражаны. Напрыклад: Вучэцеся, браты мае! Адабраў ты, братка Андрэй, ад мяне кусок хлеба!
Задачка 13-ая. Знайсьці клічныя словы, паказаць, якою часьцінаю мовы яны выражаны і ў форме якога склону пастаўлены.
Куды ты нясеш мяне, невядомая дарога? Чаго-ж ты, котка, плачаш? Не хадзі, коцю, па хаце, не пабудзі дзіцяці! Дам табе, косю, шаўковай травы, дам табе, косю, крынічнай вады! Прывет табе, жыцьцё на волі! Здароў, марозны звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі сьнег! Ты пакінь мяне, нуда мая нямая! Ой, воўча, сядзі моўча! Ой, памалу, памалу, пастушок іграй, майго сэрца не ўражай! Ня крываўся, сэрца, з нядолі вялікай! Чуў я, мужчыны, зямля прадаецца! Вучыся, нябожа: вучэньне паможа змагацца з нядоляй, з няволяй. Ня добра вы, дзеткі, зрабілі! Брацьця! ці зможам грамадзкае гора?! Брацьця! ці хваціць нам сілы? Мой мілы пакою, добра мне з табою! Прыступі, гаспадару, да свайго караваю! Салавейка лугавы, ня пой рана да зары! Ой вы, браткі вы мае, запрагайце коні мне! Сьпі, мой малюсенькі, сьпі, мой сынок! я раскажу табе казку, каток! Сьпі, мой лябедзіку, сьпі, не зважай! Гусі, гусі — вырай вольны, смуцен крык ваш, гусі! Ня шумі-ж ты гэтак сумна, маладзенькі колас, бо нам у сэрцы смутак родзіць шуму твайго голас! Сошку сваю ты нанова наладзь, лепш каб было, чалавеча, араць. Эх ты, разводзьдзейка, эх ты, бурлівае, ты аднаўляеш, купаеш зямлю! Хмаркі цёмныя, мае братанькі! вецер гоніць вас без дарожанькі. Ня кувай ты, шэрая зязюля, сумным гукам у бары! Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей сэрца цьвёрдае, быццам з каменьня (М. Багд.). Дзень добры вам, лясы і далі, прасторы ціхія зямлі! Я зноў у вас, пагоркі-хвалі, палоскі цьмянае ральлі! (Я.Кол.). Вітаю вас, як блізкіх родных, старыя хвоі на палёх, і вас, красёнцы сьцежак згодных — сьляды нялічаных дарог! (Я. Кол.). Вясна маладая, як цябе шкода! (Я. Кол.). Гэй, ня дзівуйся, мой дружа нядбалы, што я сягоньня так злосна шумлю! (Я. Куп.) З-пад сонных вод Нёмна, з-пад хвой Белавежа суседзі, суседкі, вітаю я вас! (Я. Куп.). Годзе, жытца маё, годзе, пасьпелае, з хмарамі, з бурамі знацца, дружыць! (Я. Кол.). Вітайце дзень Першага Мая, працоўнай сям‘і ўсе народы! (М. Куд.).
У мове бываюць такія пабочныя словы, што ўстаўляюцца ў сказ бяз ніякай граматычнай з ім сувязі, каб паміж іншым, дарэчы, зрабіць якую-небудзь увагу або паясьненьне. Такія словы ў сказе называюцца пабочнымі словамі. Напрыклад: Вот, к прымеру, яго, дык, пэўна-ж, слаўнае жыцьцё!
1) Пабочнае слова ўстаўляецца ў сказ дзеля таго, каб паказаць, як той, хто гаворыць, адносіцца да выказанай думкі. Пабочным словам можна выразіць:
а) упэўненасьць: пэўна, бясспрэчна, разумеецца, ей-права, вядома і інш.;
б) дагадку, няпэўнасьць або магчымасьць: здаецца, мусіць, мабыць, авось, нябось, бадай-што, відаць, знаць і інш.;
в) чужую або сваю думку: памойму, панашаму, павашаму, маўляў, чуваць, кажуць і інш.;
г) паступовасьць: нарэсьце, з аднаго боку, з другога боку, перш-на-перш і інш.;
д) вывад або заключэньне: напрыклад, словам, стала быць, адным словам, такім парадкам, такім чынам, значыць і інш.;
е) розныя ўражаньні: на жаль, на вялікі жаль, на шчасьце, напрадзіў, на дзіва і інш.
2) Пабочныя словы — гэта рэшткі цэлых сказаў, ад якіх засталіся адно-два словы, найчасьцей — выказьнік. Мы мысьлім гэтыя словы, як прыслоўі, але ня зьвязаныя з іншымі словамі ў сказе, незалежныя.
Пабочныя словы выражаюцца: а) прыслоўямі: словам, маўляў, нарэсьце, дапраўды; б) укоснымі склонамі назоўнікаў з прыназоўнікам і без яго, якія таксама мысьляцца, як прыслоўі: на жаль, на дзіва, на маю думку, апроч таго; в) цэлымі сказамі, якія ўжо страцілі значэньне сказу: ей-права, даль-бог, бадай; г) іншыя звароты яшчэ захавалі значэньне сказу, але таксама мысьляцца, як прыслоўі: кажуць, так сказаць, гэта значыць, стала быць, разумеецца, выбачайце і іншыя.
3) Цікавымі пабочнымі словамі ў беларускай мове бываюць такія забабонныя выразы: ні пры табе ці ні пры вас кажучы, шануючы вас і месца гэтага і шмат падобных. Напрыклад: А ён — шануючы вас і месца гэтага — адвярнуўся ды кажа… А нашае жарабя — ні пры вашых козах гаворачы — здохла[2].
Такія пабочныя словы сьведчаць аб сівой старажытнасьці, калі людзі верылі ў сілу слова ды думалі, што ад слова нешта станецца.
4) Пабочныя словы вымаўляюцца з асобнай, паніжанай інтонацыяй голасу, а на пісьме аддзяляюцца адпаведнымі знакамі прыпынку (бач. „Правапіс“).
Задачка 14-ая. Сьпісаць ды пабочныя словы падчыркнуць.
Дзед, мабыць, не пачуў таго гарматнага груку. Стары, кажуць, змуста, да без яго ў хаце пуста. Абяцанага, кажуць, тры годы чакаюць. На жаль, я ня памятаю такога здарэньня. Ну, авось, табе паможа брат. Ты, разумеецца, паможаш мне, калі я папрашу. Ён, здаецца, вучыўся заграніцай. Родная зямелька! ты, маўляў, здароўе: той цябе ашануе, каму безгалоўе (Д.-М.). У дарозе, вядомая рэч, зразу зусім ня чуваць цяжару, а пройдзеш далей, дык і хунт пудам здасца (Яд. Ш.). Дакучыла, відаць, ёй карміць хлебам зьвера. Нашая ластавачка, напрыклад, лятучы ў вырай, пралятае дарогу ўвелькі да дзесяцёх тысяч міль. Ён, мусіць, зусім забыўся, што яму далі такую мянюшку. Ажно прышлі, нарэсьце, і тыя самыя людзі. Доўга аб гэтым усе ўспаміналі, прызнацца. Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае! (Я. Кол.) Ох, паплыў-бы я, здаецца, хмаркі, разам з вамі! Напішы мне, калі ласка, пісямко да хаты! (Я. Кол.). На вялікай, знаць, быў згубе ў далёкіх старонках (Я. Куп.). І дома, мусіць, вячэраюць цяпер. Праўда, сьпярша й па нашым целе забегалі мурашкі, а потым — нічога (Яд. Ш.). Ня рад, відаць, быў пан аконам гэтакай праяве (Яд. Ш.). От, ведама, забаўляліся, як умелі. Гадкоў з восем, мусіць, мае?
Мы бачылі, што ў сказе ўсе словы зьвязаны паміж сабою або ў форме кіраваньня, або ў форме дапасаваньня. Толькі акалічнасьці ня кіруюцца і не дапасуюцца, але й яны заўсёды цесна зьвязаны сэнсам з якім-небудзь адным словам у сказе — з дзеясловам, прыметнікам ці з прыслоўем.
Але бываюць у сказе словы зусім незалежныя, г. знач., ня зьвязаныя ні кіраваньнем, ні дапасаваньнем, ні сэнсам з ніводным асобным словам у сказе; яны дапаўняюць ці паясьняюць увесь сказ цаліком. Да такіх слоў, перш-на-перш, належаць: 1) клічныя словы, 2) пабочныя словы, а потым 3) пацьвярджальныя словы (але, так), 4) адмоўныя словы (не) і 5) выклічнікі (ах! ох! ну! эх! і інш.).
Словы пацьвярджальныя, адмоўныя і выклічнікі ў сказе агулам называюцца незалежнымі словамі. Усе незалежныя словы ў мове выдзяляюцца пэўнымі перапынкамі ў голасе, а на пісьме аддзяляюцца адпаведнымі знакамі прыпынку.
Увага. Часам выклічнікі толькі памацняюць тое слова у сказе, перад якім стаяць, і не выражаюць ніякага пачуцьця. Тады яны разглядаюцца як звычайнае памацняльнае слова, як, напрыклад: „і“, „нават“, „ажно“ і інш. Асабліва часта памацняльнымі словамі бываюць некаторыя выклічнікі ў народных песьнях, напрыклад: Ой пайду я лугам, лугам! Ой вецер шуміць, ой вецер гудзе!
Задачка 15-ая. Сьпісаць ды падчыркнуць: незалежныя словы-выклічнікі аднэй рыскай, а пацьвярджальныя й адмоўныя — дзьвюма.
Не, ня добра вы, дзеткі, зрабілі! Дружна, з ахвотай, гэй, за работу, брацьця, скарэй! Не, не настане, брат, ніколі супакой між намі! Ну, сынок, служы здаровы! О, мой родны край! хмурна пазіраеш ты з сіняга туману. Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! Ат! зьясі пасьля. Ох, лепей удвох! Люлі, люлі, люлі! прыляцелі куры, селі па вароцех у чырвоных боцех. Охо-хох! калі-б то я мог! Чую, ах чую той неўгамонны расходзісты звон! Так, так, іначай бывала: не называўся забытым мой край (Я. Куп.). Але, прызнаюся: было такое здарэньне. Охо-хох! усё гарох, рэдка каша — беднасьць наша! Эх ты, небарака! То, знаць, па табе ўсё вецер сумуе ў вярбе! (Я. Кол.). Ну, небажаткі, будзем сьнедаць! (Я. Кол.). Ой у полі дымно да курно, за туманам сьвету ня відно! (п.). Куга! я табе ня слуга.
1. Просты сказ. Сказ, што складаецца з граматычнага злучэньня выказьніка з дзейнікам з даданымі словамі ці без даданых слоў, называецца простым. Напрыклад: Надышла восень. У полі работа скончана. Сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне ясна над нашаю ніваю. Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі. Цяжкая, жнейка, праца твая!
2. Просты кароткі сказ. Тыя сказы, што складаюцца з асноўных часьцін — з дзейніка й выказьніка, называюцца простымі кароткімі сказамі. Напрыклад: Пусьцее поле. Моўкне птушка. Прыгрэла сонца. Прышла вясна. Згінуў сьнег.
3. Просты разьвіты сказ. Сказы, што маюць даданыя часьціны, называюцца простымі разьвітымі сказамі. Напрыклад: Папсавала гразь дарогу. Згінуў сьнег з сырой зямлі. Між палёў шырокіх я адзін стаю. Нетры лясныя спрадвеку хаваюць некую тайну ад вока людзей.
Сказы, як кароткія, так і разьвітыя, могуць быць: а) поўныя або няпоўныя, б) асабовыя або безасабовыя.
4. Сказ поўны. Сказ, у якім ёсьць навочна дзейнік і выказьнік, называецца поўным, напр.: Моцна хлопец занудзіўся. Птушкі ў лесе шчабяталі. Лёд на рэчцы затрашчаў. Глядзіць прыветна з неба сонца.
5. Сказ няпоўны. Сказы, у якіх няма навочных дзейніка ці выказьніка, але калі яны само сабою мысьляцца, называюцца няпоўнымі. Напрыклад: Зачыняйце шчыльна хату! Крык і гоман на дарозе. У белым сьнезе маладняк. Працаваць вучыся зрана, у маладыя годы. Яго ласка да парогу.
Такім парадкам вытвараюцца ў мове няпоўныя сказы, напрыклад, з азначэньнем без азначальнага слова (вам загранічнага?), з выказьнікам, але бяз дзейніка, і нават зусім бяз выказьніка (Пожар! Дождж і град, і галялёд).
Трэба памятаць, што нявыказаныя часьціны ў няпоўным сказе не „падразумяваюцца“, а толькі мысьляцца, бо нават і той, хто гаворыць, ня можа з пэўнасьцю сказаць, якое ўласна слова ня выказана. Напрыклад, у сказе, „Пожар!“ трудна з пэўнасьцю сказаць, які тут выказьнік не названы: пачаўся пожар, выбух пожар, ідзе пожар ці гарыць пожар? Гэты сказ ясны для нас сам па сабе, бяз выказьніка.
Гэта цікавы выпадак, калі сказ можа быць без выказьніка; здараецца гэта ў няпоўных сказах.
6. Адначленныя сказы. Апроч разгледжаных сказаў (кароткіх, разьвітых і зьлітых, поўных і няпоўных, асабовых і безасабовых) у мове, асабліва для выражэньня пачуцьця, сустракаюцца сказы з аднаго слова: Бяда! Пожар! Днее. Ото-ж смаліць!
Часам сказы пры выражэньні пачуцьця могуць складацца з адных выклічнікаў, якія не зьяўляюцца нават словамі ў звычайным разуменьні, а становяць толькі тыя элемэнты, з якіх складаюцца словы. Напрыклад: Охо-хох! калі-б то я мог! О-ё-ёй!
Але найчасьцей сказы, выражаныя адным словам, складаюцца з назоўнікаў іменных, з дзеясловаў ды нават з прыслоўяў. Напрыклад: Сорам! Блага! Добра! Вон! Дармо! Кепска, пане Грыгоры: што далей, то горай. Сьцямнела.
Такія сказы называюцца адначленнымі (член-часьціна).
Значыць, у нашай мове сказы бываюць трох і нават чатырох відаў: а) іменна-дзеяслоўныя (Настала восень), б) дзеяслоўныя (Днее. Зьмерклася.), в) іменныя (Пожар!) і г) прыслоўныя (Кепска!).
7. Сказы, выражаныя адным дзейнікам (іменныя).
а) Гэтыя сказы звычайна выражаюцца назоўнікамі йменнымі ў форме назоўнага ці клічнага склону, напрыклад: Сорам! Гвалт! Згіненьне ды годзе! Эх, дый тхор-жа! Восьць, аж зьзяе!
б) Усе такія сказы стаяць у назоўна-клічнай форме. Сюды трэба аднесьці розныя прывітаньні, што выражаюцца простым назоўнікам іменным з азначэньнем складаным, зложаным з іменьніка й прыметніка: Дзень добры! Дабрыдзень! Вечар добры! Дабры вечар! Дабра̀нач!
в) Клічныя формы (назоўнікі йменныя ў клічным склоне) бываюць сказамі ў тых разох, калі каго-небудзь клічуць: Тата! Мама! Юрка! Лыска! Мурза, на, цю, на! (клічуць сабаку). Браце Адаме! Тут трэба зазначыць, што даўней клічны склон назоўнікаў іменных жаночага роду, а таксама мужчынскага роду з формай жаночага роду меў канчатак „о“ (Мамо! Юрко!) і толькі ў нашай мове, пад уплывам аканьня, клічны склон такіх назоўнікаў іменных супаў з формай назоўнага склону.
г) Для выражэньня загаду ці патрабаваньня могуць ужывацца, як адначленныя сказы, і іншыя склоны: Шапку! Вады! Вон! („вон“ — вінавальны склон). Часам інфінітывы ў клічнай вымове: Піць! Есьці! Спаць!
д) Да адначленных сказаў, выражаных назоўнікамі йменнымі, трэба аднесьці некаторыя загадкі, а таксама апісаньні, дзе толькі называюцца прадметы. Напрыклад: а) Чатыры чатырачкі, дзьве растапырачкі, сёмы вяртун (чалавек конна). Два канцы, два кальцы, пасярэдзіне гвозд (ножны). Жалезны ток, сьвіны пераскок, грэцкі пасад (скаварада, по́дмазка й блінец). Дваста бадаста, чатыры хадаста, два ухтуры, адзін махтыр (вол).
б)Дождж і град, і галялёд.
Цёмны бор, кусты, балоты,
Кучы лоз і дубняку,
Рэчкі, купіны, чароты,
Мора траў і хмызьняку.
Пералескі, лес, палянка,
Старасьвецкі дуб з жарлом,
Хвоя-веліч на кургане
З чорным буславым гняздом.
Гразь, пяскі, лужок зялёны,
Шум крынічкі з-пад карча,
Шэлест лісьцяў несканчоны,
Крык у небе крумкача (Я. Кол.).
Задачка 16-ая. Выпісаць спачатку сказы кароткія, а потым разьвітыя; затым — поўныя й няпоўныя, а нарэсьце — адначленныя: іменныя, а потым дзеяслоўныя.
Глядзіць прыветна з неба сонца. Зьмерклася. Устаў я нешта дужа рана. Ціха месяц адзінокі ходзіць у небе над зямлёй. Пара жаць. Пажоўклі каласкі. У полі работа даўно скончана. Настала лета. На захадзе сонца. Паабедалі з бядою. Чужым розумам век не перажывеш. Улетку разьвідняецца рана. Ціха на полі ў палудзень гарачы. Ужо сьцямнела. Хоць-бы дзе кусьціка рэдкая цень! Нудна над вухам зьвініць авадзень. Сонца грэе, прыпякае. Папсавала гразь дарогу. Перавалы загулі. Змоўкла ўсё. Побач раскінуліся родныя вёскі. Усё павяла. Вецер сьвішча. Сьціхнуў лесу шолам. Нешчасьліва наша доля нам нічога не дала. Уюцца думкі. Цёплы вецер правявае. Калышацца жыта. Зелянеюць межы. Было цёпла. Над палямі змрок прарваўся. Лес туманам заснаваўся. Ахваціла ціша ўсю душу маю. Ярка сьвеціць сонца. Ліст не скалыхнецца. Плача зімка. Льлюцца сьлёзы. Ажываюць яры. Рушыўся сьнег. Зашумела вада. Раскаваліся рэкі ад лёду. Лынула вон зімавая нуда. Сонца ўносіць цяпло і пагоду. Шумныя песьні іграюць лясы. Павявае вятрок цеплаваты. Белая ніва ад сьнежнай расы ўбіраецца ў чорныя латы. Надышла вясна. Прыгрэла сонейка. Згінуў сьнег. Асушылі вятры зямельку. Вышаў араты з плугам на поле. Рэжа ён землю нарогамі. Кладзецца зямля ў роўныя загоны. Потым землю барануюць. Сейбіт раскідае жменяй зерняты па ральлі. Праз некалькі дзён збожжа ўзыходзіць. Поле зноў пакрываецца зяленівам. Збожжа расьце й калышацца ветрам. Кожнае каліва зялёны каласок выпускае. Ціхае поле залаціцца сьпелым збожжам. Колас наліваецца зернем. Кожны колас цяжэе ды пахінаецца да зямлі. Пара жаць. Сьпелыя зерняткі могуць высыпацца на сырую зямельку. Прышлі жнеі. Пачалася работа. Кладзецца пад сярпом збожжа. Жыта вяжуць і сушаць. Вось старая хатка. Хмаркі захад чуць заслалі тонкім валаконцам. Лес па краёх, як сьцяна. Жылі сабе згодна. Варушыся, конік мой сівенькі. У полі зранку за сахою земляроб гукае. Быццам знае конік сівы думкі аратая. Чуецца говар мне сьпелае нівы. Кій у руках хваёвы. Высах увесь на шчэпку. У небе ні хмурынкі. Крык і гоман па дарозе. Праслы гнілыя на землю ляглі. Чыстым інеем пакрыты па гасьцінцы беразьняк. Брод і грэбля кожны крок. Слоць, плюхота, холад, цьма. Полудзень, вар, цішыня. Дзе-ні-дзе садок зялёны. З гікам мяцеліца дзіка ўздымаецца. Цярпеньнем і працай горы пераносяць. Цёмна й хмарна, хмарна й цёмна. Грымыць. Разьвіднелася. Першага торгу ня мінай. Ня йдзі да палацу шукаці уцехі: там толькі пачуеш нялюдзкія сьмехі (Я. Куп.). Неба поўна сівых хмар. Люблю цябе, мой край радзімы! Люблю туман у позьню восень. Люблю пахучы сьветлы май. Родам куры чубаты. Уставайце, мае дзеткі! Памалу далей станеш. Нешта зьвініць у небе тоненькім срэбным звонікам. Кожную новую птушку дзеці сустракаюць з радасьцю. Ha гэты гнеў ня зроблен хлеў. Пры госьці й гаспадар пажывіцца.
Прыклады для разбору. Шуміць маркотна вольха над рэчкаю бурлівай. Ночка цёмная на сьвеце вечна не пануе. Ні да якой работы няма ахвоты. Шапаціць імглісты бор. Ня ўсе птушкі лятаюць. Ня будзі ліха, калі ліха сьпіць. Чорныя думы мне спаць не даюць. Ня ўся яшчэ сарока бела. Само нішто ня прыходзіць у рукі. Колькі вутка ні мудруй, а лебедзем ня будзеш. Гэта не пярэліўкі. Бела мыецца, да нячыста ходзіць. Ні сьцяты, ні павешаны. Сонца грэе. Месяц ня грэе. Ён ні есьць, ні п‘е. Не шасьцяць каласы. Сыплюцца лісты на яловыя кусты. Не для нас гэта сонейка яснае заглянула ў небе высокім.
Вывады. Сказы бываюць: а) адмоўныя, калі пры выказьніку, выражаным асабовай формай дзеяслова, стаіць адмоўе (Травіцай ня грае сваёй сенажаць) і 6) станоўныя, калі пры асабовым дзеяслове няма адмоўя (Некі няведамы жаль уздымаецца).
1) Для выражэньня адмоўнасьці ў беларускай мове ўжываюцца адмоўныя дапаможнікі не (ня), ні.
Адмоўны сэнс часьцінам сказу, як і цэламу сказу, надае толькі адмоўны дапаможнік не (ня). Гэты адмоўны дапаможнік, стаўшы перад асабовай формай дзеяслова, абарачае станоўны сказ у вадмоўны; пастаноўка гэтага адмоўя перад іншымі часьцінамі сказу не вытварае адмоўнага сказу, напр.: „Не для нас прышла вясна. Ня так шкода, як нявыгода“ — гэта сказы станоўныя.
Паўтарэньне адмоўя „не (ня)“ у падвойным выказьніку перад неазначальнай формай (інфінітывам) робіць сказ павялічальна, узмоцнена станоўным, напр.: Нельга не пайсьці.
2) „Ні“ ставіцца ў такіх разох:
а) пры кожнай часьціне адмоўнага сказу (калі пры асабовым дзеяслове ёсьць ужо адмоўе) для павялічэньня адмоўнага сэнсу, напр.: Ня ўмее ні чытаць, ні пісаць. Ні відам ня відаць, ні слыхам ня чуваць.
б) пры паўтарэньні адмоўя пры двух выказьніках (Дурняў ні сеюць, ні жнуць. Ні выплюнуць, ні праглынуць. Ні сьцяты, ні павешаны) або пры паўтарэньні аднолькавых часьцін сказу: Ні мукі пылінкі, ні солі драбінкі, ні пітва расінкі. Ні бацька спраўляў, ні сын носіць.
3) Калі апроч адмоўя „не“ пры выказьніку ў сказе ёсьць яшчэ якое-небудзь адмоўнае слова (займеньнік ці прыслоўе), то вытвараецца падвойная і нават патройная адмоўнасьць, напр.: Птушка ня крыкне нідзе ні адна. Ніводнага ня было. Ніхто ня ведае, як хто абедае. Ніхто нічога ня бачыў. Ніхто нічога ніколі не чапаў. Ня быў там ніколі, і ніколі ня буду (але — нікуды йшло: пагуляем яшчэ — без адмоўнасьці).
У гэтых прыкладах, пры адмоўі „не“ з acaбовым дзеясловам, адмоўе „ні“ стаіць пры займеньніках і прыслоўях, зьлітае з імі. Такое „ні“ можа стаяць і пры іншых словах у сказе, ня зьліваючыся з ім: Не глядзі ні месца, ні круга: ня будзеш прасіць хлеба ў друга.
4) Для памацненьня адмоўнасьці часам ужываюцца адмоўі „ані“, „ні-ні“, „аніяк“, напр.: Ані не баліць. Аніяк няма спосабу. Ані няма; ані званьня няма; ані чуць не баліць; а ні-ні няма; ані расінкі ня было ў роце. А лісьцікі на дрэвах, травінка пад кусьцікам, каласок, у полі ані скалыхнуцца.
У прыкладзе — „Ані расінкі ня было ў роце“ — знаходзім так званую вобразную адмоўнасьць.
5) Адмоўе „ні“ ставіцца заўсёды ў тых разох, калі сказ пачынаецца словамі: „як“, „куды“, „каго“, „адкуль“ ды мае станоўны сэнс, напрыклад: Як ні круці, а давядзецца ўмярці. Як ні старалася лісіца, а злавіць курапаткі не магла. Куды ні кінь — усюды клін. Каго ні спытай, ніхто ня ведае. Адкуль ні зайдзі — нічога ня відаць.
6) Адмоўнае слова „нет“ у літаратурнай мове ня ўжываецца; яго можна знайсьці часам у народных песьнях і прыказках, ды й то вельмі рэдка, напр.: „Зялёна рутанька — жоўты цьвет, чаму цябе, Ясеньку, доўга нет?“. Звычайна ўжываецца слова „няма“, а часамі „нямашака“, напр.: Няма тае крамы, каб прадаваліся родныя мамы. Няма ведама што, няма ведама як; нямашака шапкі перапрасіць і т. далей.
У двухчленных пытаньнях з адмоўнасьцю (§ 19,3), а таксама пры адмоўных адказах ужываецца „не“, напр.: Не, не хачу я забаўляцца, а пайду я ў школу.
7) Заместа „некалі“, „нечага“, „некуды“, „некага“ і падобных часьцей ужываюцца такія звароты: няма калі гуляць, нямя чаго гневацца, няма чаму дзівіцца, няма каго паслаць, няма куды пайсьці, няма чым пахваліцца і т. далей.
„Некалі“ заўсёды ўжываецца ў значэньні „даўней“.
Задачка 17-ая. Выпісаць спачатку сказы адмоўныя, а потым — станоўныя.
Не часалі дамоўкі яму сталяры, не заплакалі бліжнія вочы (Я. Куп.). Акалічны народ гусьлі знаў гусьляра, песьня-дума за сэрца хватала (Я. Куп.). Не далёка ад нашае вёскі ёсьць маленькія могілкі. З незабітага ліса шубы ня шыюць. Паміж імі стаяла нязгода. І ўспомніў ён адну драбніцу: свой страх дзіцячы ў навальніцу (Я. Кол.). Паліўся срэбрам сьпеў прыгожы ў далёкай сіняй вышыні (Я. Кол.). Нязнайка дарогі не пакажа. Нясьмелага ад няўмелага не распазнаеш. Нядбаламу ня жаль часу. Зямля ні тоне, ні гарыць. Ні самому паглядзець, ні людзям паказаць. Ні калі тое было, ні калі тое будзе. Пануе ціш на іх магілах, і край разбураны маўчыць (Я. Кол.). Гулі не аднаго ў лапці абулі. Я ня маю свае хаткі, я ня маю роднай маткі. Рос я круглым сіратою, як той дуб, што над вадою (Я. Кол.) Мяне матка ня люляля, казак, песень не сьпявала (Я. Кол.). 3 брахні ня мруць, але ім веры ня ймуць. І мала, і няўдала. Матка — не граматка: за злотку ня купіш. Ціха месяц адзінокі ходзіць ў небе над зямлёй (Я. Кол.). Ня пытайце, не прасеце сьветлых песень у мяне! (Я. Кол.). Песьня мая ня ўзышла сярод кветак — кветак вясёлага вечна поўдня (Я. Куп.). Рэчкі бурлівыя, учора санлівыя, сёньня усталі, плывуць і бурляць (Я. Куп.). Сонца пасылае на землю сваё цяпло і дае ўсяму жыцьцё, сьвятло й дабро. Бяз сонца ня было-б на зямлі ні прыгожых пахучых кветак, ні зялёнай травы, ні расьлін, ні вясёлых птушак, ні жывёлы, ні чалавека. У далёкай паўночнай старане, куды сьвет сонца мала даходзіць, пануе вечны сьнег і нямая цішыня. Як ні стараліся выпараць з нары маладых ліскоў, нічога не памагло. Многа ў лісавай нары ходаў і выхадаў на ўсялякі выпадак. У нары ліс нікога не баіцца. Ніводнага гнязьдзечка не прапусьціць ліс: з усіх павыбірае яечкі. Сыты й нераздражнены мядзьведзь ніколі ня кідаецца на чалавека. Ня відаць было сонца за касматымі галінамі ялін. Недалёка відаць была вёска. Ніва пустымі шуміць каласамі. Ніва ня цешыць жаночых вачэй. Птушка ня крыкне нідзе ні адна. Верхавіны высокіх хвой ужо залаціліся першымі косамі сонца, калі мы вышлі на шырокае поле. Вы ня раз чэрпалі воду ў халоднай чыстай крыніцы ды асьвяжалі сябе ў летнюю сьпякоту. Неспакойна зашумела жыта маладое. Начлегу з сабою ня носяць. Нічым нічога не адбудзеш. Ні сшыць з ім, ні спароць. Ні к воднаму берагу ня прыстаў. Ні вока нікому не запарушыў. Ні да якай работы няма ахвоты. Няма чаго (нечага) песьціцца, калі ёсьць дзе зьмесьціцца. А што-ж то за зельлейка — сіняе карэньнейка? Некалі мне стаяць, некалі гаварыць. Ня кур, ня вей, мяцеліца! Лятала стада курапат па полю. Ня можна ні пешым прайсьці, ні конным праехаць. Было сяло да невесяло.
Прыклады для разбору. Сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне ясна над нашаю ніваю, і будуць жыці дзеткі патомныя добраю доляю, доляй шчасьліваю (Нсл.). Што шуміш так неспакойна, жыцейка, у полі? Ці ня чуеш, што пад градам зьляжаш ў роўным доле? (Я. Кол.). Ня шумі-ж ты гэтак сумна, маладзенькі колас! Каласочкі на саломках галоўкай качаюць; каплі росак па іх лісьцю чыстым срэбрам зьзяюць (Я. Кол.). Эх ты, лета гарачае, бурнае, ажыўляеш ты поле і луг! (Я.Куп.). Годзе, жытца маё, годзе, пасьпелае, з хмарамі, з бурамі знацца, дружыць! (Я. Куп.). Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса, у палясоўшчыках што жыў? На Пуцявішчы, у Панаса, ён там ля лазьні блізка жыў? Хіба ты ня верыш у маю сілу? А ты хіба выбіваеш нагамі іскры з каменя?
Вывады. Сказы бываюць апавядальныя, клічныя й пытальныя.
а) Сказ, які выражае пытаньне, называецца пытальным: Хто ў прыпар дажджу ня рад?
6) Сказ, у якім выражаецца покліч, загад, просьба ці перасьцярога, гора або радасьць, зьдзіўленьне ці што падобнае, назывецца клічным: Зачыняйце шчыльна дзьверы! Гайда сьцежкі пракладаць! Кінь толькі вокам да гэтага люду — сьцісьнецца сэрца ад болю! (М. Багд.). Дайце кусочак хлеба ёй цьмянага! (А. Гар.). Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! (Я. Кол.).
в) Сказ, які не выражае ні пытаньня, ні поклічу, называецца апавядальным: Вецер у восень жудою шуміць. Моцна хлопец занудзіўся. Тры родныя браты мелі аднакі розум, аднакія думкі й мысьлі.
I. Апавядальныя сказы становяць звычайную форму нашае мовы ў расказах, апавяданьнях, апісаньнях і развагах. Апавядальнымі сказамі спакойна выражаюцца нашыя перажываньні, наш душэўны стан. У гэтых сказах або прыпісваюцца якія-небудзь прыметы прадметам, або адмаўляюцца. Напрыклад: На чыстым аркушы, прад вузенькім акном, прыгожа літары выводзіць ён пяром. Душой стаміўшыся ў жыцьцёвых цяжкіх бурах, свой век канчаю я у манастырскіх муpax (М. Багд.). Траўкай ня грае сваёй санажаць (А. Гар.).
II. У пытальных сказах мы пытаемся ў каго-небудзь (каб дастаць адказ, а часам і бяз гэтага) аб якім-небудзь прадмеце або аб яго дзеяньні ці стане. Дзеля гэтага ўжываем асобную інтонацыю, павышаючы голас больш к канцу сказу або на тым слове, што называе прадмет нашага пытаньня; гэтае слова можа стаяць у пачатку, у сярэдзіне і ў канцы сказу. Напрыклад:
Ці ня вецер гэта звонкі ў тонкіх зёлках шапаціць? Або мо’ сухі, высокі ля ракі чарот шуміць? (Я. Кол.). A xтo там ідзе ў агромністай такой грамадзе? (Я. Куп.). Дзе шляхі вашы йдуць і куды?. Хто ў прыпар дажджу ня рад? Што чуваць на белым сьвеце?
1) Пытаньні, выражаныя асобнай інтонацыяй голасу ў разгаворнай мове, пераймаюцца слухам, а на пісьме азначаюцца пытальнікам. Пытаньні могуць быць станоўныя й адмоўныя. У пытальных сказах на першым або на апошнім месцы звычайна ставіцца тое слова, на каторым павышаецца голас, напр.: Паіў ты каня? — Паіў. — А чаму-ж морда сухая? — Бо вады не дастаў.
2) Апроч гэтых спосабаў інтонацыі голасу ў беларускай мове для выражэньня пытаньня служаць пытальныя словы — займенныя назоўнікі (хто, што), прыметнікі (які, каторы, чый), прыслоўі (дзе, куды) і пытальныя дапаможнікі (ці, хіба).
Найчасьцей у беларускай мове пытаньне выражаецца:
а) пытальным дапаможнікам ці („чы“ ў літаратурнай мове ня ўжываецца), напр.: Ці ня дудка мая весялушка была? Ці ня бачылі нашых коняй?
Гэты пытальны дапаможнік „ці“ знаходзім і ў пытаньнях падвойных (двучленных), напр.: Ці цот, ці лішка? Ці біцца, ці мірыцца? Хіба я зломак які, ці што?
б) пытальным дапаможнікам хіба: Хіба ты ня бачый? Хіба ты ня ведаеш?
Калі „ці“ ў пытаньнях заўсёды стаіць на пачатку, то „хіба“ можа займаць рознае месца, напр.: А ты хіба ня быў там? А ты ня быў там хіба?
в) Пытальныя сказы могуць пачынацца рознымі займеньнікамі назоўнымі, прыметнікамі займеннымі ды прыслоўямі, напр.: Хто ў прыпар дажджу ня рад? Хто тут? Што-ж там да за пыл курыць? Чаму-ж мне ня пець, чаму ня гудзець? Дзе я? Што са мною? Чыя гэта хата на гары? Нашто козамі сена травіць?
3) Пытальныя сказы могуць для памацненьня пачынацца з „а“, „i“, напр.: А хто там ідзе? I ты хіба спалохаўся яго?
4) Пытаньне называецца простым, калі выражаецца незалежным (адным) сказам (Чаго ты, котка, плачаш?); пытаньне, выражанае даданым (залежным) сказам, называецца ўскосным. Пытаньні ўскосныя выражаюцца так сама, як і простыя. Напрыклад: Ня ведаю, ці злаўлю, ці не. Пытаюцца, ці ня бачылі яны коняй? Пайшлі глядзець, што яны робяць.
5) Ускоснае пытаньне мае форму даданага сказу, і на пісьме пытальнік пасьля такога сказу звычайна ня ставіцца. У складана-злучаных сказах з пытаньнем — пытальнік можа стаяць, напр.: Да хто едзе, пытае: чыя то чупрына лятае?
ІІІ. Клічныя сказы сваёю формаю нічым ня розьняцца ад апавядальных сказаў; яны вызначаюцца толькі тым, што вымаўляюцца з асаблівым пачуцьцём. Найчасьцей характар клічнасьці сказ набывае ад інтонацыі ў голасе, але бывае й так, што покліч выражаецца займеньнікамі назоўнымі, прыслоўямі, выклічнікамі і асабліва такімі клічнымі дапаможнікамі, як „няхай“ або „хай“. Напрыклад: Няхай жыта, нашу ўцеху, не кране (град) ніколі! Хай пачуюць, як сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць! (М. Багд.). Няхай жыве Першае мая! Ну, сынок, служы здаровы! Гэй наперад, покі сэрца б’ецца, рвецца на прастор! (Я. Куп.). Дзень добры вам, лясы і далі, прасторы ціхія зямлі! (Я. Кол.). Далёкае неба, сіняе неба (Т. Гушча.).
1) Сказы бываюць клічнымі пры выражэньні кляцьбы або пажаданьня: Каб я так здароў быў! Бадай цябе качка стаптала! На здароўе! Бывайце здаровы! Аставайцеся здаровы! Дзень добры!
2) Да клічных сказаў належаць і сказы загадныя; а спосабе выражэньня іх бач. § 30, 4,6.
Задачка 18-ая. Выпісаць спачатку сказы апавядальныя, потым — клічныя ды пытальныя.
Твая мова — нямая мова. Што сказаў ты сьвету ў сваёй мове? Дзе песьні твае? Хто чытаў твае думкі — работу твайго сэрца й розуму? Дзе песьняры твае? Чым ты пахвалішся? (Т. Гушча.). Няхай плачам ў сіняй далі песьня разальлецца! Даставайце з вышак сані! Гайда сьцежкі пракладаць! (Я. Кол.). За работу жыва, жыва! Годзе млець у паняверцы! Вы за кім у пагоню сьпяшыце? Муляр, слухай! Што кладзеш ты? Вучэцеся, браты мае, думайце, чытайце! Ой пайду я з цеснай хаты ў чыста поле! Кожную ночку на зорку дзівіцца буду ў далёкім краі (М. Багд.). І сьлёзы блішчэлі на вачох меншага брата. Праз мураваныя сьцены не прабілася песьня дудара, і ніхто яе не пачуў. Няхай астаюцца ў табе твае думкі й песьні! (Я. Кол.). Куды ты нясеш мяне, невядомая дарога? (Т. Гушча.). Вам страшна нашай сьлёзнай песьні? Вам жудка сонца на прадвесьне? Мілей вам холад з цемнатой? (Я. Куп.). К свабодзе, роўнасьці і знаньню мы працярэбім сабе сьлед! Думка ў думку, дружна, сьмела ўсе наперад грамадой! (Я. Куп.). Сонейкам цёпленькім, зеленьню вабнаю абдаравала зямельку вясна. Рыбкі шмытлівыя скачуць, купаюцца, к небу прыветна з вадзіцы глядзяць. Пушчы паважныя, зімку праспаўшы, радасна песьні зайгралі свае. Поле травіцаю сочнай адзелася. Каля скацінкі падпасіч з жалейкаю ходзіць наўкол ды йграе сабе (Я. Куп.). З пушчамі, з птушкамі, з вольнымі ветрамі грай мне аб шчасьці, грай аб вясьне! (Я. Куп.). Хто з вас, хто — ня любіці асьмеліцца улетку сьвет ад мяжы да мяжы? (Я. Куп.). Плача восень, стогне ў сьне, з пушчай, з ветрамі галосіць, як-бы дзе каго кляне ці аб шчасьці моліць-просіць. У коміне вецер заціхнуць ня хоча, заносіцца песьняй магільнай, дзікай; то стогне, то плача, то дзіка рагоча, як быццам сьмяецца з нядолі людзкой (Я. Куп.). На гары, на крутой, на абвітай ракой, лет назад таму сотня ці болей, белы хорам стаяў недаступнай сьцяной, грозна-думна глядзеў на прывольле (Я. Куп.). А ці чуў ты, аб чым там араты пяе, дзе і як жывуць гэтыя людзі?! (Я. Куп.). Худы воўк сустрэў сытага сабаку ды спытаў у яго, адкуль ён яду дастае. Стары скінуў сьлязу сярдуючы, бо ці-ж прыстала плакаць старому дзеду, якому ўжо й на пяты дзесятак павярнула?! Што за песьні сьпяваеш ты, вецер? Аб чым ты плачаш, вольны ветру? Цесна табе тут? Мала прастору тваім шырокім крыльлям? (Т. Гушча). Ты ня здольны, ці хворы, ці благі гаспадар, ці п‘яніца? Ці шырокі лавы, каб нам паляжаці? Ці добра гаспадыня, каб нас частаваці? (п.) Няхай шчыра сьвеціць вам сонца, няхай не зарасьце дарога ваша дзікаю травою! Які гэта старац з хлопцам ідзе? (Каг.). Што-ж табе пісаць, старэнькі? Воран ворану воч ня выклюе. Ой пайду я, пахаджу па вішнёвым садзе! Хто з нас, браты мае, не парываўся ў моладасьці ў невядомую даль? Хто ня йшоў на спатканьне ўсякім прыгодам-нягодам? (Т. Гушча).
1) Што называецца мовай? Што такое граматыка і які яе склад? Што такое сынтакс?
2) Што называецца кіраваньнем і дапасаваньнем? Што называецца дапасаваньнем неграматычным?
3) Што называецца сказам? Якая часьціна сказу самая важная? Чым звычайна выражаецца выказьнік? Якія бываюць выказьнікі? Чым розьніцца просты выказьнік ад сустаўнога? падвойнага? Што называецца творна-прыладным прэдыкатыўным? У якім выказьніку бывае назоўны склон прэдыкатыўны (другі назоўны)?
4) Якія часьціны сказу называюцца асноўнымі? даданымі? Якія часьціны мовы ня бываюць часьцінамі сказу? Чым звычайна выражаецца дзейнік? Чым звычайна выражаецца дапаўненьне? азначэньне? акалічнасьць? Якое слова ў сказе называецца дапаўненьнем? азначэньнем? акалічнасьцю?
5) Як дзеляцца простыя сказы? Які сказ называецца простым? Які сказ называецца кароткім? разьвітым? поўным? няпоўным? асабовым? безасабовым? неазначальна-асабовым?
6) Якія часьціны сказу называюцца аднолькавымі? Які сказ называецца зьлітым? Калі звычайна ставіцца злучнік „ды“ ў зьлітым сказе? У якіх разох злучнік „і“ ў зьлітым сказе абарачаецца ў нескладовы гук „й“?
7) Якія па складу бываюць выказьнікі? З чаго складаецца сустаўны выказьнік? падвойны? У якім склоне стаіць скланяльная частка сустаўнога выказніка? Якая форма простага выказьніка называецца складанай — з чаго яна складаецца? Пасьля якіх дзеясловаў, назоўнікаў іменных і прыметнікаў ставіцца неазначальная форма ў падвойным выказьніку?
8) Як дапасуецца выказьнік у простым сказе? у зьлітым сказе? Як выражаецца выказьнік у безасабовым сказе?
9) Што называецца прыдаткам? клічным словам? пабочным словам? Чым выражаецца клічнае слова? Што можа быць выражана пабочным словам?
10) Якія сказы называюцца адмоўнымі? станоўнымі? Чым выражаецца адмоўнасьць у беларускай мове? Калі ставіцца адмоўе „ні“?
11) Які сказ называецца апавядальным? клічным? пытальным?
Якімі дапаможнікамі найчасьцей выражаецца пытаньне ў беларускай мове? покліч?
12) Назваць схему тыповага простага сказу. (Назоўнік іменны ў назоўным склоне — тыповы дзейнік; асабовы дзеяслоў — тыповы выказьнік; ускосны склон назоўніка йменнага — тыповае дапаўненьне; прыметнік і дзеяпрыметнік, дапасованы да назоўніка, — тыповае азначэньне; прыслоўе й дзеяпрыслоўе — акалічнасьць).
II.
Складаны сказ.
Прыклады для разбору. Сумна стала між чужымі хлопчыку малому. Яшчэ машына ня спынілась, як усё кругом замятусілась (Я. Кол.). За дурною галавою нагам няма спакою. Ня ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца. Ня той тавар, што ляжыць, а той, што бяжыць. Вада шумела каля млына. Крычала голасна машына (Я. Кол.). Пачарнеў на полі сьнег, а на ўзгорках сталі паказвацца чорныя лапінкі. І сіняе неба ад зор ня рунее, і месяц дзесь згінуў, ня ходзіць па ім. Люблю я прывольле шырокіх палёў, зялёнае мора ржаных каласоў. Люблю пазіраць я на поле вясной, як ветрык жартлівы плыве збажыной (Я. Кол.). З лазурных чыстых небясоў прыветна сонейка глядзіць, ва ўсе канцы льле блеск лучоў, цяпло і сьвет зямлі дарыць (Я. Кол.). Глядзіць прыветна з неба сонца, як-бы матулька на дзяцей (Я. Кол.). Хутка надыдуць завеі з марозамі, ветры з марозам зноў наляцяць (А. Гар.). Касматыя яловыя вяршыны трасьліся ад буры, як у шалёным танцы. Шырокі прастор поля звузіўся ў чорную бочку, і нічога не магло разгледзіць вока адзінокага чалавека (Т. Гушча). Задумалі маразы пажартаваць з сьмельчакамі, што не пабаяліся выйсьці ў поле.
Вывады. Просты сказ — самая звычайная і самая простая форма мовы для выражэньня таго, што нам трэба выказаць. Простая, маларазьвітая мова складаецца з адных простых сказаў, граматычна нават ня зьвязаных паміж сабою. Такую мову мы знаходзім у народных казках, асабліва ў дзіцячых. Напрыклад: „Быў сабе дзедка, была сабе бабка. Была ў іх курка-рабка. Зьнясла яна яечка. Дзед біў, біў — не разьбіў; баба біла, біла — не разьбіла. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, яечка разьбіла. Дзед плача, баба плача, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сабакі брэшуць, гусі крычаць, людзі гамоняць“.
Але калі мы хочам выразіць сваю думку дакладней і паўней, тады аднаго простага сказу мала, хоць-бы такога разьвітага, пашыранага, якім бывае зьліты сказ з рознымі даданымі, паясьняльнымі словамі; для больш дакладнага й поўнага выражэньня сваіх думак прыходзіцца злучаць некалькі простых сказаў у вадзін сказ, зьвязваючы іх паміж сабою або ўзаемнай сувязьзю, злучэньнем, або залежнасьцю, падпарадкаваньнем. Такі сказ, што складаецца з двух ці больш простых сказаў для выражэньня аднае якое-небудзь думкі, называецца складаным.
Калі паасобныя простыя сказы ў складаным сказе злучаны паміж сабою так, як злучаюцца аднолькавыя часьціны зьлітага сказу, то вытвараецца злучэньне сказаў роўнапраўных; калі-ж цэлыя сказы ў складаным сказе падмяняюць толькі асобныя часьціны простага сказу, асабліва розныя даданыя словы, то вытвараюцца сказы няроўнапраўныя: залежныя й незалежныя, асноўныя й даданыя.
1) Складаны сказ можа быць зложан або з роўнапраўных простых сказаў, або з асноўнага й даданага, незалежнага й залежнага, або падпарадкаванага.
Калі складаны сказ становіць сабою злучэньне роўнапраўных простых сказаў, то ён называецца складана-злучаным. Напрыклад: Прыгрэла яснае сонейка; згінуй сьнег з поля; асушылі вятры зямельку; пачала расьці маладзенькая травіца.
З гэтага прыкладу мы бачым, што ў складана-злучаным сказе кожны просты сказ можа ўжывацца ў мове сам па сабе, незалежна ад другіх; дзеля таго яны й называюцца роўнапраўнымі, або незалежнымі.
Калі-ж мы возьмем складаны сказ: „У каго ёсьць матка, у таго галоўка гладка“, які складаецца з двух простых сказаў (1 — „У каго ёсьць матка“, 2 — „у таго галоўка гладка“), то заўважым, што гэтыя простыя сказы самі па сабе, незалежна адзін ад аднаго, ужывацца ў мове ня могуць, бо будуць незразумелыя ды ня выкажуць таго, што трэба сказаць.
Такі складаны сказ, у якім простыя сказы так цесна зьвязаны паміж сабою, што адзін паясьняе другі ды адзін бяз другога ў мове ня ўжываюцца, называецца складана-залежным сказам. Напрыклад: Хто новага ня бачыў, той і старому рад. Дзе араты плача, там жняя скача. Дурная тая дамова, дзе вала бадзе карова.
2) Як у складана-злучаным, так і ў складана-залежным сказе простыя сказы могуць зьвязвацца паміж сабою злучнікамі.
а) У складана-злучаным сказе простыя, роўнапраўныя сказы злучаюцца або пры дапамозе злучнікаў, або бяз іх. У складана-злучаным сказе знаходзім тыя самыя злучнікі, што зьвязваюць аднолькавыя часьціны зьлітага сказу (§ 12, 2.). Напрыклад: Хутка расьце жыта, і цешыцца сэрца працавітага гаспадара. Ластаўка дзень пачынае, а салавей канчае.
б) У складана-залежных сказах залежнасьць паміж простымі сказамі выражаецца падвойным спосабам: або пры помачы злучнікаў і злучальных слоў, або пры помачы адносных займенных назоўнікаў, прыметнікаў ці прыслоўяў. Адгэтуль адрозьніваюць злучальную залежнасьць і адносную залежнасьць.
Злучальная залежнасьць выражаецца наступнымі злучнікамі і злучальнымі словамі: што, бо, дзеля таго, дзе, хоць, як, як толькі, быццам і інш. У такіх разох злучальныя словы зьяўляюцца толькі сувязьзю для сказаў і часьцінаю даданага сказу ня служаць.
Адносная залежнасьць выражаецца адноснымі і адносна-пытальнымі займеньнікамі, прыметнікамі й прыслоўямі: хто, што, які, каторы, чый, дзе, куды, адкуль, калі, як, колькі, чаму, нашто, зашто і інш. Усе гэтыя словы зьяўляюцца і часьцінамі сказу. Напрыклад: Хто коняй мяняе, у таго хамут гуляе. Што сёньня зробіш, таго заўтра ня будзеш рабіць. Чаму быць, таму не мінаваць. Якія мы самі, такія й наші сані. Як пасьцелеш, так і высьпішся. Чый конь, таго й грошы. Адкуль дым, адтуль і полымя. Нашто нам тыя пісталеты, калі мы страляць ня ўмеем.
Такім парадкам, займеньнікі, прыметнікі й прыслоўі, будучы злучальнымі словамі, ня трацяць значэньня часьцін сказу.
Да адносна-залежных сказаў належаць і ўскосныя пытаньні, г. зн., пытаньні, пастаўленыя ў залежнасьць ад другога сказу; ускосныя пытаньні пачынаюцца з пытальных займеньнікаў, прыметнікаў і прыслоўяў. Напрыклад: Пытаюцца, чые чые гэта коні. Адыходзячы спыталіся, катора гадзіна.
3) Адносныя займенныя прыметнікі „які“, „каторы“ дапасоўваюцца ў родзе й ліку з тым словам у васноўным сказе, да якога яны адносяцца; склон-жа іх залежыць ад даданага сказу. Адносны займенны прыметнік „чый“ мае поўнае дапасаваньне з сваім азначальным словам у даданым сказе. Напрыклад: Чый род, таго й рот. Чыя душа часнаку ня ела, то й пахнуць ня будзе. Чые-б цяляткі мычалі, а нашы хоць-бы й маўчалі.
4) Даданыя сказы аддзяляюцца ад асноўнага ў мове перапынкамі, паўзамі, а на пісьме — коскамі; таксама паасобныя сказы ў складана-злучаным сказе аддзяляюцца паўзамі, а на пісьме — коскаю, кропкай з коскай, двукроп‘ем, у залежнасьці ад характару злучаных сказаў, што выясьняе правапіс.
5) Даданыя сказы могуць стаяць: а) перад асноўным (Хто працуе, той і мае), б) пасьля асноўнага сказу (Ніхто ня ведае, як хто абедае) і в) у сярэдзіне асноўнага сказу (Сад, што быў чорны, ужо распусьціўся).
Задачка 19-ая. Выпісаць спачатку складана-злучаныя сказы, а потым — складана-залежныя.
Вымерзьлі лужынкі, высахла гразь. Падзьмуў халодны сівер, і папаўзьлі па небе сьнегавыя хмары. Дзе яшчэ нядаўна калыхаліся зялёныя травы, блішчалі кветкі, над якімі лёталі пчолкі, там цяпер пуста. Жыта на полі зжата й зьвезена; авёс і ячмень сабраны. Толькі па ржышчы відаць, што тут яшчэ нядаўна красаваліся пасевы. Прыгрэла сонейка, згінуў сьнег, асушылі вятры зямельку. Зноў на полі зеляніцца-рунее жыта, і цешыцца сэрца працавітага гаспадара. Ішло хлопцаў дваццаць пяць, пасьля зімы сьляды знаць (барана). Часта здараецца, што й разумныя птушкі-правадыры зьбіваюцца з дарогі ды блудзяць. Хоць усім братом ня соладка жылося, але меншаму брату выпала самая горшая доля. Жаль прападаў, як прападаў туман з усходам сонца. Стары Іван Лаўрусь скінуў дакучлівую сьлязу, што прабегла па ўсім твары ды зьвісла на доўгім сівым вусе. Ён скінуў сьлязу сярдуючы, бо ці-ж прыстала плакаць старому дзеду, якому ўжо й на пяты дзесятак перавярнула? Не, гэта брыдота! Дзе люлька? І ён зноў пачаў распальваць сваю люльку, што тройчы распальваў і тройчы гасла. Зноў чорныя думы абселі сівую галаву, і пахінулася яна над сталом. Ён цяпер нічога ня бачыў, што рабілася ў хаце. Слухай, што настаўнік гаварыць вам будзе пра навуку, кнігі і аб нашым людзе. Бываюць людзі, што вобмацкам пазнаюць кожную рэч, а іншы на вобмацак не пазнае, дзе дзерава, а дзе папера. Усе зьвяры маюць добры нюх, і ўсе пачуцьці ў зьвяроў шмат мацнейшыя, як у людзей. Чалавеку, каб пазнаць якую-небудзь рэч, трэба яе паглядзець, памацаць ці пакаштаваць, а зьверу перш за ўсё трэба панюхаць. Здалёк сабаку лепей чуваць, адкуль ідзе пах. Нам трудна разабраць, калі хто моцна гамоніць над самым вухам, або калі рэч вельмі блізка перад нашымі вачыма. Нават вольнае паветра служыць чалавеку: вецер круціць крыльле ў ветраку і надзімае парусы на караблёх. Чалавек разумее, што яму гавораць. Быў у гэтай хаце вялікі пакой, куды вольна ўваходзіла чыстае паветра. Кожны ведае, што ў нашым целе ёсьць трубачкі-жылы. Калі мы пачуваем маленькі голад, то потым ямо са смакам. У зіму ў лесе й на полі шмат менш птушак і зьвяроў, а казюлькі й мошкі саўсім прападаюць. Верхнія пласты зямлі, у якіх растуць карані расьлін, называюцца глебаю. З пачатку зімы можна бачыць, як холад памалу забівае расьліны, або затрымлівае ў іх рух жыцьця. У позьнюю восень уся прырода падобна да спрацованага чалавека, што пасьля цяжкай працы заснуў моцным сном. Кожны з нас — гэта толькі невялічкая частка таго, з чаго складаецца сьвет і што мы называем жыцьцём. Заціхла ўсё, замерла ўсё, — ня сьпіць адвечнае замчышча: там пачынаецца жыцьцё ў агнёх старога папялішча (Я. Куп.).
Прыклады для разбору. Лета зьбірае, а зіма праядае. Спачатку гром грымеў, а потым дождж пайшоў. Тут рэчка пад бокам, і процьма ў ёй рыбы. Ці паскачаш, ці паплачаш. Сьвеціць, але ня грэе. На стрэхах ляжаць цэлыя скібы сьнегу, усё роўна як хто палотны парасьцілаў. Прывычнае вуха лавіла ў шуме лесу трывожныя галасы, але ніхто не пранік у тайны яго мовы. Сані скрыпяць і пішчаць ад марозу, быццам сьпяваюць песьню. Нікога не шкадуе мароз: усіх ён цісьне. Дзесь далёка, за вёскаю, затрубіла труба паляўнічага: была назначана аблава на дзікіх сьвіней. Усё сьціхла, адно сьнег скрыпіць пад нагамі. Шмат зьвяроў хаваецца на ўсю зіму: мядзьведзь у бярлогу залазіць, барсук у нару хаваецца, вожык пад выварат зашываецца. У зіму яліна ў лесе, усё роўна як маці сярод дрэў: у яе густым гальлі і віёрка хаваецца, і маленькія птушкі начуюць, і заяц у мяцеліцу туліцца пад яе галінамі, і нават большыя зьвяры хаваюцца ў ельніку ад завірухі.
Вывады. Мы ўжо ведаем, што роўнапраўныя сказы ў складана-злучаным сказе зьвязваюцца паміж сабою або пры помачы злучнікаў, або бяз іх.
Калі паміж злучанымі сказамі злучніка няма, то сувязь паміж імі выражаецца адной інтонацыяй голасу, а на пісьме — адпаведнымі знакамі прыпынку. Напрыклад: Сонца паліць што-раз гарачэй: пажоўклі маладыя каласкі, пажоўкла зялёная саломінка.
Калі роўнапраўныя сказы ў складана-злучаным сказе зьвязваюцца паміж сабою злучнікамі, то гэтыя злучнікі выражаюць розныя адносіны паміж злучанымі сказамі. Дзеля гэтага адрозьніваюць злучэньне сказаў: а) простае, б) супраціўнае, в) разьмеркавальнае, г) прычынна-заключальнае, або вінавальнае, д) параўнальнае.
а) Простым злучэньнем называецца злучэньне роўнапраўных сказаў не супярэчных, згодных сваім зьместам; яны дапаўняюць адзін аднаго, рысуюць (перадаюць адзін малюнак), выражаюць агульную думку. Сувязьзю ў такім злучэньні служаць такія злучнікі: і, ды, таксама, г. значыць, а і інш. (§ 34,1). Напрыклад: Пачынаецца парадак, і ўсе прымаюцца за работу. Толькі сярдзіты воўк бродзіць папа сьнезе, ды галодны ліс бегае па маладняку.
б) Супраціўным злучэньнем называецца злучэньне простых роўнапраўных сказаў супярэчных, або калі адзін сказ агранічае зьмест другога сказу, напр.: Уся сямейка сьпіць ды спачывае, толькі матка з вераценцам прытулілась к печы ды прадзе, прадзе кудзельку (Я. Кол.).
Сувязьзю ў супраціўным злучэньні бываюць такія злучнікі: а, але, ды(=але), аднак, адно, затое, толькі і інш.
Злучнікі могуць і прапускацца; таксама ў простым злучэньні злучнікі вельмі часта прапускаюцца.
в) Разьмеркавальным называецца такое злучэньне простых роўнапраўных сказаў, у якіх выражаюцца думкі аднолькава магчымыя (Або будзе, або не. Ці паскачаш, ці паплачаш).
Пытальныя сказы вельмі часта бываюць разьмеркавальнымі, напр.: Ці ты кпіш, ці дарогі пытаеш?
Сувязьзю у разьмеркавальным злучэньні звычайна бываюць такія злучнікі: або—або, ці—ці, ні—ні і інш.
г) Прычынна-заключальным, або вінавальным, злучэньнем называецца такое злучэньне простых роўнапраўных сказаў, калі гэтыя сказы адносяцца паміж сабою, як прычына да выніку. Напрыклад: Моцна сьпіць шырокая рака: крэпка закаваў яе мароз.
Сувязь паміж такімі сказамі можа выражацца словамі дзеля таго, значыць, бо і інш.. Сувязь часта прапускаецца, і тады адносіны паміж сказамі выражаюцца інтонацыяй голасу, а на пісьме азначаюцца адпаведнымі знакамі прыпынку (двукроп‘ем).
д) Параўнальнае злучэньне становіць такое злучэньне простых роўнапраўных сказаў, у якіх выражаецца параўнаньне, або зьмест каторых узаемна супастаўляецца. Сувязь паміж імі можа выражацца словамі: быццам, усё роўна як, бо і інш.; гэтая сувязь можа й прапускацца. Напрыклад: Вось так і жыла яна, быццам тая былінка ў полі. Тонкія лёгкія хмаркі ахварбаваліся ў залаты колер, усё роўна як абняло іх полымя. У зіму лес, як сірата: ціхі, нудны, маркотны, птушкі яго пакінулі.
Можна сустрэць такое параўнальнае злучэньне сказаў, калі адзін сказ пачынаецца з адмоўя „то не“. Напрыклад: То ня птушка ў гнязьдзе ўстрапянулася: маё сэрца ўлякнулася (3. Бяд.). То ня бура над крыжам літасьці просіць, то маці над нябожчыкам моцна галосіць (3. Бяд.). То ня песьня мая так далёка ляціць: гэта вырваўся енк з набалелай душы (К. Б.).
Задачка 20-ая. Знайсьці ды выпісаць спачатку сказы з простым злучэньнем, потым — супраціўныя, разьмеркавальныя, прычынна-заключальныя ды параўнальныя.
Прыгрэе сонца, і сьнег растае. Ён здольны, але не старанны. Жыта злажылі, ды не надоўга. Ноч цёмная поўна загадачных гукаў: штось шэпча, то зноў шалясьціць, то ў далі хтось дзіўна, працяжна загукаў ды сьціх, толькі вецер шуміць (К. Б.). Слухаюць людзі, і сэрца іх млее (Я. Кол.). Падышоў паляўнічы
да ямы ды бачыць: у вадным кутку скрыпач, а ў другім воўк. І такая ў іх музыка пайшла: скрыпач грае, воўк вые, а другія ваўкі з лесу сабе голас падаюць (Каг.). Вучыся, нябожа, вучэньне паможа змагацца з нядоляй, з няволяй (Я Куп.). Падымуцца хмаркі ў ночы, павее вецер з халоднага боку, і на заўтра выпадзе сьнег. Варушыцца рака, падымаюцца яе грудзі, трасе яна сваімі дужымі плячмі, і лёд покае, трашчыць. Ціха і плаўна коцяцца воды вольнага Нёмна ў цёмную даль, толькі ў часе глухой непагоды з берагу Нёман ня выдзе амаль (Я.Куп.). Ціха ходзіць, але густа месіць. Альбо грай, альбо грошы аддай.
Вока бачыць далёка, а думка яшчэ далей. Думка за гарамі, а сьмерць за плячамі. Вялікі вор (мех), да малы збор. Вось на сьвеце як бывае: хто працуе, той і мае. Горш, калі баішся: і ліха ня мінеш, і надрыжышся. Паспорылі за мех, а ў мяху сьмех. Сьвеціць, да ня грэе. Крыкнула вутка на ўвесь сьвет чутка: сабраліся дзеткі да адной клеткі. Ажывіўся замак хмуры: усюды блеск, гараць агні (Я. Кол.). Ня страшыць сьцюжай там зіма, ні злых марозаў там няма, а краскі вечна там растуць, у гаях птушкі там пяюць (К. Б.). Пішчыць дзесь чайка на балоце, пліска трасе хвастом на плоце, турчыць працяжна жабін хор, і дзеці рвуцца з хат на двор (Ст. Ул.). Хлопцы папрасілі пабудзіць іх заўтра да сонца: яны надумаліся пайсьці ў грыбы. Яшчэ сонца было нізка, а ў хлопцаў былі поўныя кошыкі грыбоў. Кінуліся першыя буйныя каплі, і дождж паліўся, як з вядра.
Хто арэ, хто барануе — усіх сьмерць параўнуе. Прачнуліся нівы і хаты, уся ў полі людзкая сямейка, за сошкай шнуруе араты, ля статка іграе жалейка (Я. Куп.). Прайшла зіма, як ня бывала: усім лягчэй на сэрцы стала (Ст. Ул.). Неба зацягнулася лёгкімі хмарамі, але было ціха й цёпла, як часта трапляецца ў харошую веснавую ноч (Я. Лёс.). Нікла жыцьце ў лесе шумным, агаляўся твар зямлі, і ляцелі з крыкам сумным над балотам жураўлі (Я. Кол.). Доўга ня мог заснуць малы Міхась: заўтра рана выбіраецца ён у дарогу. Чакаюць людзі вясны: усім дадзела зіма сваімі сьнягамі, марозамі, халадамі й мяцеліцамі. Скора настане вясна, прыляцяць з выраю птушкі, ачысьціцца поле ад сьнегу, зазелянеюць дрэвы, зацьвітуць сады, вырасьце трава. Не схаваешся, сьнег, ад сонца: усюды яно цябе знойдзе! Усюды льлецца яго шчыры сьвет і цяпло, нідзе не знаходзіць сабе пакою сьнег. Варушыцца рака, падымаюцца яе грудзі: чуе й яна вясну новага жыцьця. Сонца грэе, прыпякае; лёд на рэчцы затрашчаў; цёплы вецер павявае, хмар дажджовых к нам нагнаў (Я. Кол.). Вось і бусел паказаўся, гусі дзікія гудуць, шпак на дубе расьсьпяваўся, жураўлі да нас лятуць (Я. Кол.). Дожджык пакропіць, сонца прыгрэе — цьвіце вярбіна, рунь зелянее (Ст. Ул.). На сэрцы стала штось трывожна, бо спадзявацца ўсяго можна (Я. Кол.). Крыкнула курапатка паціху на дзяцей, і ўсе яны кінуліся ўроссып: адно пад куст схавалася, другое пад карэньчыкі зашылася, трэцяе залезла пад кусок бярозавае кары, а каторыя не знайшлі куды схавацца, паўзлазілі на кускі жоўтае кары, паляглі на ёй ды моцна пазаплюшчвалі вочы.
Павесялела сялянская доля — сыпнуў рабочы народ на поле. Працуюць людзі, поту ня чуюць — аруць і сеюць, і барануюць, стрэхі правяць, платы гародзяць, ячмені сеюць, гнаі
вывозяць (Ст. Ул.). У зіму сонца падымаецца нізка ды сьвеціць нядоўга, дзеля таго ў зіму бівае холадна. У паўночных краёх сонца ўлетку не падымаецца высока, затое сьвеціць доўга і заходзіць на кароткі час. Холадна, туман, а шпак і ня дбае: сьпявае сабе на голым дрэве, як-бы й холаду няма. Паветра мы ня бачым, але яно абкружае нас з усіх бакоў. Суша й вада зусім не падобны да сябе: па зямлі можна хадзіць, а ў вадзе мы тонем. Доўга працавалі ластаўкі, і вылепілі харошанькае, кругленькае гнязьдзечка. Старыя ластаўкі ляталі каля самага Пятруся, усё роўна як прасілі яго памагчы. Маладыя ластаўкі вылазілі з гнязда ды ўвесь дзень сядзелі на сонцы, а нанач зноў хаваліся ў гняздо.
Прыклады для разбору. Цякла тут з лесу невялічка, травой зарослая крынічка, абодва берагі каторай лазьняк, алешнік абступалі (Я. Кол.). За хатай поле зачыналась, дзе жыта хораша гайдалась, і рос авёс, ячмень і грэчка (Я. Кол.). На зямлі ёсьць вада, каторая напаўняе нізкія мясьціны на сушы. Не адзін Гаўрылка, што ў Полацку. Дурная тая птушка, якой гняздо сваё ня міла. Смаку, як у печаным раку.
Што напісана пяром, таго ня вырубіш тапаром. Стральцы дагадаліся, што гэта рыкаў леў. Асачыўшы, дзе асталяваліся ваўчаняты, лясьнік загадаў людзям, каб яны зрабілі аблаву. Людзі любяць птушак за тое, што яны прыгожыя. Прачнуліся пчолкі ад зімовага сну ды бачаць, што сонейка сьвеціць, што настала цяпло. Па дыме відаць было, што пожар блізка. Хто пытае, той ня блудзіць. Ня ўсё то сонца, што блішчыць у ваконца.
Вывады. Мы ўжо ведаем, што складана-залежным сказам называецца такі сказ, у якім простыя сказы знаходзяцца ў такіх адносінах паміж сабою, што адзін зьяўляецца асноўным, кіравальным, незалежным, а другія — даданымі, кіроўнымі, падпара̀дкаванымі, або залежнымі.
Даданы сказ залежыць, або падпара̀дкаван асноўнаму, і без асноўнага сказу ня мае сэнсу. Напрыклад: Чуваць было, як трашчаў ахоплены агнём лес. Хто ў жніво халадку шукае, той узімку галадае.
Даданыя сказы найчасьцей адносяцца да асобных часьцін асноўнага сказу, а часам да ўсяе думкі, выражанай у васноўным сказе; яны становяць сабою пашырэньне, дзеля большага паясьненьня якой-небудзь часьціны асноўнага сказу.
1) Калі асноўны й даданы сказы ня зьвязаны злучальнымі словамі, то гэта ўжо ня будзе складана-залежны сказ. Складана-залежны сказ бяз злучальных слоў абарачаецца ў складана-злучаны сказ, хоць-бы простыя сказы па свайму сэнсу і ня былі роўнапраўнымі. Напрыклад, сказ „Калі ня хочаш з моладасьці працаваць, то будзеш на старасьць з торбай танцаваць“ будзе складана-залежны; калі-ж прапусьціць злучнікі „калі“, „то“, то гэты самы сказ абарачаецца ў складана-злучаны: „Ня хочаш з моладасьці працаваць — будзеш на старасьць з торбай танцаваць“.
2) Даданыя сказы служаць для паясьненьня якіх-небудзь часьцін асноўнага сказу. Яны то разьвіваюць зьмест дзейніка або выказьніка, якіх часам няма ў асноўным, то дакладней азначаюць прымету якога-небудзь асобнага прадмета мовы, то выражаюць месца, час, прычыну, мэту, спосаб дзеяньня асноўнага сказу або ўмову, ад якой дзеяньне асноўнага сказу, або, нарэсьце, выражаюць такую прычыну, якая, з тых ці іншых акалічнасьцяй, не выклікае таго дзеяньня, якога можна было спадзявацца, уступаючы месца чамусь іншаму (хоць—да, але).
Кожнае значэньне даданага сказу выражаецца злучнікамі або іншымі злучальнымі словамі: „дзе“ заўсёды азначае месца, „калі“ — час, „дзеля таго“ — прычыну і т. далей. Калі гэтых злучальных слоў няма, то складана-залежны сказ, як зазначалася вышэй, абарачаецца ў складана-злучаны сказ.
3) Паводле значэньня ўсе даданыя сказы можна падзяліць на азначальныя, дапаўняльныя, акалічнасьці (месца, часу, мэты, прычыны, спосабу дзеяньня), а дадана-прычынныя — на ўмоўныя, уступальныя і т. далей.
Але пры граматычным разборы важней за ўсё — гэта ўмець адрозьніць даданы сказ ад асноўнага. Трэба памятаць, што даданы сказ можа стаяць перад асноўным (Хто працуе, той і мае), пасьля асноўнага (Ня шукайце кветак у полі, як вясна к нам ня прышла) і ў сярэдзіне асноўнага сказу (Сад, што быў чорны, ужо распусьціўся).
Даданы сказ аддзяляецца ад асноўнага перапынкам (паўзай) у голасе, а стаўшы ў сярэдзіне асноўнага, ён вымаўляецца цішэй (Гай, што быў цёмны, зазелянеўся).
4) Сузалежныя сказы. Калі да аднаго асноўнага адносяцца два ці больш даданых сказаў, то яны называюцца сузалежнымі. Напрыклад: За хатай поле пачыналась, дзе жыта хораша гайдалась, дзе рос авёс, ячмень і грэчка (Я. Кол.).
Значыць, падобна да таго, як злучаюцца роўнапраўныя сказы ў складана-злучаным сказе, так могуць злучацца паміж сабою даданыя сказы роўнапраўныя ды аднайменныя, падпара́дкаваныя аднаму асноўнаму сказу. Тады складана-залежны сказ складаецца з асноўнага сказу, якому падпара́дкаваны два або некалькі роўнапраўных і аднайменных даданых сказаў, якія ў такіх разох называюцца сузалежнымі.
5) Падзалежныя сказы. Даданыя сказы, як і асноўныя, могуць мець пры сабе залежныя ад іх даданыя сказы, і тады складана-залежны сказ прымае такі від: а) асноўны сказ, б) яму падпара́дкаван даданы сказ, в) якому, у сваю чаргу, падпара́дкаван новы даданы сказ і т. далей. Напрыклад: Яго жальба прападала, як прападаў туман з усходам сонца, што вісеў над балотам (Я. Кол.). І здавалася яму, што ён знае, як травінка сваю думае думу (Я. Кол.).
У гэтых прыкладах сказы — „як прападаў туман з усходам сонца“, „што ён знае“ — даданыя да асноўнага, а сказы — „што вісеў над балотам“, „як травінка сваю думае думу“ — даданыя да даданых, або падзалежныя.
6) Параўнальныя сказы. Даданыя сказы, што пачынаюцца параўнальным прыслоўем „як“, называюцца параўнальнымі. Яны цікавы тым, што найчасьцей ужываюцца ў форме няпоўных сказаў з пропускам выказьніка, напр.: Густая высокая трава, як мора, калыхалася на ветры.
Параўнальныя сказы вытвараюцца ў такіх разох: калі мы робім параўнаваньне аднаго прадмета, дзеяньня або стану ці прыметы з чым-небудзь другім, то гэта выражаецца двума сказамі, з якіх адзін падпарадкваецца другому пры помачы прыслоўя „як“ і злучнікаў, „бы“, „чым“ (чымсі, чымсьці); пры гэтым выказьнік (дзеяслоў), а часта й дзейнік у падпарадкаваным (даданым) сказе прапускаецца. Напрыклад: Весела пазірае стары лес, што расьце за сялом ды цягнецца па краёх поля, як разак, пастаўлены ўгару зубамі. Лепей хлеб з вадою, чымсі з бядою. І ўсхліпвае рэчка ў пяскох залатых, бы маці па дзецях сваіх (Я. Кол.) Люблю цябе, да ня так, як сябе.
Дзеля таго, што выказьнік у такіх параўнальных сказах прапускаецца, то гэтыя сказы можна назваць „няпоўнымі даданымі сказамі“.
Некаторае падабенства да гэтых „параўнальна-даданых“ сказаў маюць прыдаткі з тым-жа словам „як“, што можна сустрэць у кніжнай мове. Розьніца паміж імі тая, што прыдатак з „як“ не выражае параўнаньня, а служыць пэўнай прыметай прадмета. Напрыклад: Ён, як чалавек, цешыўся агульнай павагай.
Здараюцца параўнальныя сказы з словам „такік“ (з так як), напр.: Вецер вые, такік зьвер (Я. Кол.). Стаіць, такік слуп.
Задачка 21-ая. 1) Выпісаць у вадзін радок (зьверху ўніз) злучнікі, а ў другі — злучальныя словы, якімі падпарадкаваны даданыя сказы свайму асноўнаму сказу.
2) Выпісаць тыя прыклады, у якіх даданы й асноўны сказ маюць адзін дзейнік, ды падчыркнуць даданыя сказы.
3) Выпісаць прыклады з сузалежнымі сказамі ды падчыркнуць асноўныя.
4) Выпісаць прыклады з падзалежнымі сказамі ды падчыркнуць асноўныя.
Навука даводзіць, што сусьветная ня мае ні канца, ні пачатку: яна бязьмежна й вечна. Зоркі дзеля таго здаюцца маленькімі, што бясконца далёка ад нас. Вельмі можа быць, што
на некаторых зорках ёсьць жывыя йстоты, як на зямлі, але праверыць гэта трудна. Калі паглядзець на месяц праз павялічальную трубу, дык можна угледзець, што плямы на месяцы ёсьць ні што іншае, як цень ад вялікіх гор на ім. Апусьціўшы нізка тонкі валасок, ные сірацінка, плача каласок; плача, што дарэмна вяне у глушы, што нідзе ня бачыць роднае душы, што яго зярняткі птушкі падзяўбуць, белую саломку ветры разьнясуць (Я. Кол.). На сонцы, дзе кіпяць цэлыя акіяны агню, няма нічога жывога. Што сёньня зробіш, таго заўтра ня будзеш рабіць. Ня шукайце кветак ў полі, як вясна к нам ня прышла. Люблю пазіраць я на поле вясной, як ветрык жартлівы плыве збажыной. Люблю я дарогі,
што леглі між гор, і грушы старыя, што ў жыце шумяць. Мёд носяць рабочыя пчолы, каторых у вульлі вельмі многа. Весела пазіраў стары лес, што рос за сялом ды цягнуўся па краёх поля. Мы ня прывыклі бачыць тае карысьці, якую прыносяць нам птушкі. Ёсьць на зямлі бязводныя пустыні, дзе не растуць ні травы, ні дрэвы, а ёсьць і такія краіны, дзе вады залішне многа. Няхай плачам у сіняй далі песьня разальлецца, каб усе людзі ў сьвеце зналі, як нам тут жывецца! Якая птушка, такія й песьні. Хто тры разы арэ, той тры снапы больш бярэ. Часта здараецца, што й разумныя правадыры зьбіваюцца з дарогі ды блудзяць. Дзе араты плача, там жняя скача. Натрасешся, пакуль данясешся. Адкуль дым, адтуль і полымя. Пакуль у гумне цэп, патуль на стале хлеб. Як лёгкі дым, як тонкі пар, расталі ў небе кучы хмар. Сошку сваю ты нанова наладзь,
лепш каб было, чалавеча, араць! Добра глядзі, каб агрэху ня даць; усё, як належыць, на полі урадзь (А. Гал.). Каб ня ежка ды не адзежка, дык была-б грошай дзежка. Хоць з вадою, абы не з бядою. Чыста ад пырніку поле апратай, бо калі ў пырнік зерня пасееш, з працы свае карыстаць не здалееш (А. Гал.). Калі часам заварушацца дзесь там, на таемнай глыбіні яго душы, вобразы прамінулага, калі й заманецца зірнуць на родныя нівы, дык умовы жыцьця будзённага так перакруцяць думкі аб гэтым, што, здавалася, іначай, як ёсьць, і быць не павінна (Я. Л.). Знае лес баравы, дзе хадзіў ён вясной, што за думкі віліся над ім. (Я. Кол.). О, мой родны кут! хмурна пазіраеш ты з сіняга туману, што лёг па краёх палёў, дзе неба, спусьціўшыся нізка, абнімаецца з зямлёю (Т. Гушча). Між лісточкаў гараць каплі рос, як гарачыя сьлёзы, быццам з жалю па тых, што ў магілках зьляглі. Сталі ваўчаняты падрастаць ды пачалі вылазіць з нары, каб паглядзець, што робіцца наўкола. Хоць малыя былі ліскі, але хітрыя. Увесь час, як былі ў хаце, шукалі яны здарэньня, каб уцячы, але ня было куды. Яшчэ здалёк сустрэлі бацьку дзеці ды глядзелі, што гэта ён нясе ў мяшку пад пахаю. У дзень, калі ў хаце было ціха, ліскі вылазілі з нары ды пачыналі дурэць. Хто з вас, дзеці, не разграбаў муравейніка, зусім ня думаючы пра тое, якую трывогу падымаеце вы тым тысячам жывёлінак, што нанасілі гэтыя кучы? Весела пазірае ўлетку стары лес, што расьце за сялом ды цягнецца па краёх поля, як разак, пастаўлены зубамі ўгору. Густая высокая трава, як мора, калышацца на ветры. Так і цягне на прывольны луг, дзе так многа красак, птушак, усялякіх
конікаў, матылёчкаў, песень, шуму й звону, дзе так слаўна падыхае чысты сьвежы ветрык. Сонца бродзіла па хмарах, і цень невялічкімі лапінкамі поўзала па зямлі, паводле таго як ішла сама хмарка ў небе. Уперадзе, як горы, ішлі клубкамі, з чарнаватымі краямі, асобныя хмары, як дым, расьцілаліся па небе ды як-бы цягнулі за сабою чорную гладкую сьцяну. Яны
(хмары) то злучаліся, то разьдзяляліся, то пераганялі адна адну, то прападалі, а месца іх заступалі новыя ды плылі памалу, ткучы чорную хмару, каторая аддзялялася ад пярэдніх сьветлых
клубкоў сівым доўгім поясам хмар з завостранымі канцамі. Над галавою бліснула маланка, і за ёю адразу трэснуў гром, аж усё затраслося й закалацілася, і кінуліся першыя буйныя каплі, і дождж з ветрам паліўся, як з вядра. Кусты ялоўца трашчаць, як толькі падыходзіць да іх агонь, на момант даюць белы клуб дыму, разам абхватваюцца агнём ды прападаюць у полымі, каторае яркімі стужкамі разьліваецца ў адну мінуту над хвойнікамі. Жыцьцё шмат людзкіх пакаленьняў прайшло й праходзіць перад гэтымі дубамі, бы тыя хвалі Нёмна, што пакручастым зьмеем абвівае іх высокі роўны груд (Т. Гушча).
Прыклады для разбору. Там, здавалася яму, павінна быць дарога да роднае вёскі. Досыць, кажу, з мяне кпіны кпіць. Змораны й сярдзіты — бо шмат сена не ўхапілі — вярнуўся я да дому. Налева зноў двор пачынаўся (ён з першым дворыкам стыкаўся) ды ў сад сьцяною упіраўся (Я. Кол.). Раз пад вечар — гэта было ў восень — ішоў Андрэй з места. Стары, кажуць, змуста, да без яго ў хаце пуста. Зімой, напрыклад, у вялікі мароз, на акне (адно яно было у нас) такія бывалі прыгожыя кветкі, што так і глядзеў-бы на іх (Яд. Ш.).
Вывады. Падобна да пабочных слоў, у мове, для выражэньня розных уваг, паясьненьняў, выказаў пабочнай думкі аўтара, ужываюцца цэлыя сказы, як простыя, так і складаныя. Такія сказы называюцца пабочнымі, бо яны ўстаўляюцца ў мову бяз ніякай сынтаксычнай сувязі з іншымі сказамі ці часьцінамі сказу. Напрыклад: Давялося ўдаве-каршунісе (мужа нядаўна на сьметніку забілі: надта ўжо з курамі завёўся) дачку замуж аддаваць (Я. Ш.).
1) Некаторыя пабочныя сказы маюць пры сабе злучальныя словы — бо, прычым, як і інш; у такіх разох зьяўляецца ўжо некаторая, хоць вельмі слабая, ступень залежнасьці, але адсутнасьць змыславой падпарадкаванасьці паказвае, што гэтыя злучальныя словы ня ўводзяць такога сказу ў адзінку складанага сказу. Напрыклад: Нават агульны выгляд яго (дубка) твару — бо й дрэва мае свой твар — меў характар цікавай асобнасьці (Т. Гушча).
2) Пабочныя сказы, як і пабочныя словы, вымаўляюцца асобнай, паніжанай інтонацыяй голасу, а на пісьме выдзяляюцца адпаведнымі знакамі прыпынку (бач. „Правапіс“).
Задачка 22-я. Сьпісаць ды пабочныя сказы падчыркнуць.
Так мора (у Гданску я чуваў) прымчыць вадой бутэльку, аблітую смалой (М. Багд.). Венцер новы — маеш час — залатай (Я. Кол.). Чыста ад пырніку поле апратай (поле тваё гэтым зельлем багата), бо калі ў пырнік зерня пасееш, з працы свае скарыстаць не здалееш (А. Гал.). Забраў Цішка ўсе свае цацкі, кашулькі (нават і ката Рудзьку хацеў забраць, але малая Параска не дала) ды пайшоў да сястры за сынка. Вышаў, бачыш, прыказ — дай мне веры! — каб жылі сабе спакойна і людзі, і зьверы (Абх.). Сьцяміла баба, што можа быць дрэнна (быў, відаць, некі грашок) ды пусьцілася наўцёкі. Даўно, даўно гэта было, але я добра памятаю, бо — між намі кажучы — далі мне добра тады на памяць (Яд. Ш.) Вернуцца — як вы думаеце — заўтра нашы з гораду? Якісьці вершатворца (даволі іх у нас) паслаў дзьве оды на Парнас. Раз увечар (гэта было ў пачатку лістапада) ішоў я сьцежкаю з лесу ды наткнуўся на пастку. Ад раптоўнага руху паляўнічага (ён хацеў дастаць застрэленую птушку ды ўсім целам налёг на край) чайка нахінулася, зачэрпала вады ды пашла на дно. На жолуд ніхто не зварачаў увагі, як-бы й на сьвеце яго ня было, толькі сонейка, выплыўшы з-за лесу, узіралася на яго ды песьціла сваім цяплом, бы тая маці. А калі бывала яно прыпякала надта горача (любоў часта пераходзіць свае граніцы), маленькі жалудок хаваўся ў цяньку густых лістоў, як пан пад парасонам, і яму заўсёды было добpa (Т. Гушча). Сказаць праўду, дык трохі з ветру гарыць сьвет. (Т. Г.). Бывалі й такія выпадкі, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху смуткавалі, крыху гаравалі — бяз гэтага не абыходзіцца ў жыцьці (Т. Гушча). Самым шчасьлівым быў тут камень — так злажылі ды згадзіліся яго суседзі: рэчка, лес і расьліны (Т. Гушча). Паляўнічы йшоў сьмела, ня спыняючыся — так добра ён ведаў дарогу — і тольлі калі-ні-калі азіраўся назад. Я стаў баяцца — і цяпер яшчэ баюся — пераяжджаць у буру цераз рэчку. Настаўнік прынёс з сабою вялікую кнігу з чорнымі вокладкамі (гэта быў журнал, як потым даведаўся Міхась) ды стаў запісваць вучняў. Запісаўшы ўсіх, настаўнік пасадзіў іх на лаўкі (прышлі адны толькі першачкі, тыя, што вучацца з першае літары) ды стаў расказваць, як называецца той дом, куды яны прышлі, як павінны вучні трымацца ў школе і нашто трэба вучыцца. Амаль ня ўся вёска зайдросьціла мне, што я маю такі надзел, хоць шнур быў, праўду кажучы, ні большы ні лепшы за іншыя. Ляжыць стары дуб на сваім месцы (толькі сукі паабсякалі), а з-пад яго вырасьлі тры, хоць яшчэ тоненькія, але гладкія, роўныя дубочкі. Клімант Смаляціч (жыў у XII-м веку ў Смаленску) вызначаўся, як грамадзянскі дзеяч, політык і організатар.
Усякімі цьвятамі, рознакалёрнымі галоўкамі зьвяроў і птах нявіданых, спляценьнем завіткоў ён пакрашае скрозь — даволі ёсьць знароўкі — свае шматхварбныя застаўкі і канцоўкі (М. Багд.). Калі наш плыт разаб‘ецца (ад чаго, вядома, трэба сьцерагчыся), дык вы асьцярожна спускайцеся ў воду ды старайцеся ўхваціцца за плыт. Застаўшыся ў засьценку (па дарозе з Барысава ў Ігумень) я пазнаёміўся з засьцянковым дарэктарам. Два браты, Алесь і Пятрусь (аднаму было восем год, а другому дзесяць), папрасілі сваю матку, каб яна заўтра пабудзіла іх рана-рана, як чуць толькі стане на сьвет займацца, каб да сонца зайсьці ў лес: хлопцы надумаліся пайсьці ў грыбы. У злосьці назваў Грышка Базыля „насалём“ (у Базыля быў даўгаваты нос), а Базыль Грышку абазваў „рабэйзаю“ (у Грышкі было рабаценьне). Адзін мужык (Базыль нават назваў яго прозьвішча) быў такі асілак, што вазіў на сабе калоды. І выбраў жа, шэльма, — спалі яго сьнег! — і месца прыўдалае! (Т. Гушча.).
Прыклады для разбору. „Вазьмі мяне, Кася, за сынка!“ кажа раз Цішка сваёй сястры. Кася засьмяялася ды пытае: „А мамы табе шкода ня будзе?“ — На казаньне бацькі адказаў
Ігнатка: „Буду я вучыцца, як ты кажаш, татка“. — „Што-ж“, падумаў сам сабе Міхась: „вучыцца, дык вучыцца!“ — „Ну, не, брат: дудкі!“ падумаў ён: „дурэць то я ня буду, а вот вучыцца, дык буду“. — Бацька ня раз казаў яму, глянуўшы на вушы: „Ну, брат, у цябе й вушы: хоць рэпу сей!“ — „Дзякуй, дзякуй!“ сказаў шэры ды пацягся без вячэры. — Добрыдзень вам, ягамосьці! — Добрыдзень. Сядайце! — Бацька сказаў сыну, што трэба слухаць настаўніка ды вучыцца, бо нявучоны, усё роўна як сьляпы; што граматны чалавек нідзе не прападзе, і ўсюды знойдзе сабе дарогу. — Паіў ты каня? — Паіў. — А чаму-ж морда сухая? — Бо вады не дастаў.
— Дзень добры, сусед!
— Дзень добры.
— А што ты вязеш?
— Дровы.
— Якія дровы? У цябе-ж на возе сена!
— А калі бачыш, што сена, то навошта пытаеш?
— „Ах, ты, жэўжык!“ закрычала на яго матка: „Што-ж ты робіш? Што-ж гэта настаўніца на цябе падумае? Яна-ж у школу цябе ня прыме.“ — Вось дзяўчына ўжо гатова, пакідае хатку: „Ну, матулька, будзь здарова!“ ды цалуе матку. — „Мама!“ крыкнуў праз сон невялічкі хлопчык, што спаў у калысцы: „Мама! Дзе мама?“ пытаўся ён.
Вывады. Мова, каторую аўтар ці тая асоба, што гаворыць, перадае ад імя другой асобы так, як тая асоба сама гаварыла, называецца чужаслоўем, або простаю мовай (Папалася лісіца ў пастку ды кажа: „Яшчэ ня позна, а давядзецца начаваць тут“).
Тая мова, што перадае толькі зьмест чужой мовы, называецца ўскоснай (Папалася лісіца ў пастку ды кажа, што Яшчэ ня позна, а давядзецца начаваць тут).
1) Звычайна (але не заўсёды) чужаслоўе стаіць у сувязі з словамі аўтара, з каторымі разам яны становяць від складанага сказу, зьвязанага спосабам простага незалежнага злучэньня.
Ускосная мова падпарадкавана словам аўтара; яна зьвязваецца з імі злучнікамі „што“, „каб“ і становіць даданы сказ, знач., яна зьвязана спосабам залежнага злучэньня, спосабам падпара́дкаваньня.
2) Словы аўтара ў адносінах да чужаслоўя могуць займаць патройнае палажэньне:
а) Словы аўтара могуць стаяць перад чужаслоўем (Прылажыў Сож вуха да зямлі ды кажа: „Бегма бяжыць і не стаміўся яшчэ“).
б) Словы аўтара могуць стаяць у сярэдзіне чужаслоўя, у якасьці як-бы пабочнага сказу („Ну, Алесь брат!“ за абедам кажа бацька сыну: „годзе бегаць дармаедам, красьці садавіну!“)
в) Словы аўтара могуць стаяць пасьля чужаслоўя („Будзь паслушна ты, дачушка!“ навучае матка).
Увага. 1) Часам аўтар прыводзіць у поўнай (літаральнай) форме і свае ўласныя словы, сказаныя з кім-небудзь у размове
або самому сабе. У такім разе словы аўтара ў адносінах да другіх яго слоў у тэй-жа фразе разглядаюцца таксама, як чужаслоўе.
2) Аўтар можа прывесьці толькі частку чужой мовы (цытату), перадаць поўнасьцю надпіс, назоў кнігі ці чаго іншага, або ужыць які-небудзь асабісты зварот, — паветалізм, напрыклад. Усе такія словы й звароты азначаюцца на пісьме двукосьсем, як чужаслоўе.
3) Чужаслоўе можа выражацца адным толькі словам і можа быць простым і складаным сказам і асобнымі незалежнымі сказамі, нават цэлаю мовай.
4) Чужаслоўе (простая мова) можа абарачацца ў ускосную мову. Дзеля гэтага другая й першая асоба займеньнікаў і дзеясловаў замяняюцца трэцяй асобай; зваротак, калі ён ёсьць, ставіцца дапаўненьнем, а паміж сказамі ўстаўляюцца злучнікі „што“ або „каб“. Напрыклад: Маці сказала сыну: „Я пайду жаць“. — Маці сказала сыну, што яна пойдзе жаць. „Мама, пусьці мяне пагуляць!“ сказаў хлопчык. — Хлопчык сказаў маме, каб яна пусьціла яго пагуляць.
5) Чужаслоўе можа абарачацца ў простыя часьціны сказу. Напрыклад: Ён сказаў: „Падайце вады!“ — Ён сказаў падаць вады.
Задачка 23-ая. Аб‘ясьніць, як выражаны ў прыведзеных прыкладах словы не самога аўтара, а другіх асоб, — простай ці ўскоснай мовай, і што становіць чужаслоўе.
Мне сказалі, што нехта мяне пытаўся. Напішы яму, што ты пажартаваў, што ты й на мысьлі ня меў таго, што ён думае. „Нашто гэта, тата, рассыпаеш зерняткі?“ пыталася малая Анелька ў бацькі, як той сеяў лён. „Прыгожая будзе табе кашулька!“ сказаў Анельцы бацька. А пішы, нябога: „Жонка, сын мой дарагенькі! шлю паклон з астрогу. Сын мой! снасьці рыбаковы добра ты прыпратай — згодзяцца, а венцер новы — маеш час — залатай“ (Я. Кол.). Васілёк спачатку ўпіраўся, кажучы, што ён ня хоча мыцца, бо холадна. І трэ было доўга намаўляць яго, покі ён згадзіўся на мыцьцё й часаньне, бо й часацца ён ня любіў за тое, што тады „дзярэцца“. „Глядзі-ж, сынку“, сказаў татулька: „слухай настаўніка, бо нявучоны, усё роўна як сьляпы“. — „Што ты робіш?“ спытаў бацька ў сына. — „Скрыначку“, адказаў сын. „Чык-чы-рык!“ крычала сініца, увіхаючыся каля канапель. „Жыў- жыў-жыў!“ адазваўся верабейчык, скачучы здалёк ад сіла ды набіваючы мякінай сваё воле. Я разгарнуў кнігу, і па першым лістку прачытаў: „Прозаічныя творы Максіма Багдановіча“. Малодшыя вучні вучыліся літарам, і малы Піліпка разам з імі сьпяваў: „А-а-а… мм-а-а…“ Прышоўшы на сялянскі панадворак, заўсёды пачуеш смутнаватае рохканьне сьвіньні; на гэтым і абапёрта загадка: „Хто ня хвор, а ўсё стогне?“ Сьвіньня заслужыла ў людзей благую славу: калі хочуць каго аблаяць, дык кажуць: „Ах, ты сьвіньня! Гэта-ж-сьвінства!“ — „Цішэй, не гаманеце!“ чуваць былі галасы сьпераду. „Тата, тата! чуеш — жаваранка?“ — Бацька прыслухаўся ды сказаў, што зараз і шпак прыляціць, а там — і бусел, а за ім і ўсе птушкі. „Каб добра разабраць, хто лепей — авечка ці каза“, сказаў бацька: „дык зробім так: ты сьпішаш карысьць ад авечкі, а я — ад казы, потым параўнуем“. Сын напісаў: „Авечка ня выдумная на корм; яна не патрабуе многа затрат і абходзіцца гаспадару нядорага“. Бацька тое самае напісаў пра казу. Сын перачытаў абедзьве запіскі і ня мог разабраць, якая жывёла лепшая: авечка ці каза. Тады зьвярнуліся да маленькае Волькі, каторая ўважна слухала. Тая адказала, што абедзьве лепей. — Тадорка! ці ты прадзеш? — Праду. — А дзе-ж тваё верацяно? — Віры яго знаюць! — „Стой-жа!“ думае лясьнік: „нідзе ты ня дзенешся: не ўцячэш з гэтай хвояй“, ды пазірае, што далей будзе. А чалавек, нічога не гаворачы, выпраг каня, прывязаў яго да канца калоды ды сказаўшы — „няхай жа будзе брыдка каню!“ — узяўся за аглоблі ды пацягнуў калоду. Лясьнік толькі галавою пакруціў ад нязвычайнага зьдзіўленьня. „Як ты думаеш, Базыль: ці ёсьць на сьвеце такі чалавек, каб панёс гэты дуб?“ — Базыль акінуў вокам дуб і, крыху падумаўшы, адказаў: „А пэўна, што ёсьць“. Я разгарнуў запіску ды прачытаў: „Таварыш! Заўтра, а шостай гадзіне ў вечар, прашу зайсьці ка мне перагаварыць аб вельмі важнай справе. З прывітаньнем да Вас А. Сьнежка“. Пад двума вялікімі ліпамі відаць была альтанка з плоскім зялёным дахам на сініх балясах і з надпісам: „Дом супачынку“. „Ня плач, Васілёк!“ упрашала Марылька: „я кашкі навару, табе лялек нараблю і „катка“ засьпяваю“. І чуваць былі Васілёвы выкрыкі: „А я так ня хочу! Я хочу гэтак!“ Роднай матцы сэрца ў грудзях зьлёгка затраслося: ці ня хоча аддаць ў людзі?“ ў думках праняслося. „Лажэмся!“ скамандаваў Алесь. Паківаў дзед галавою ды кажа: „Сынку, робіш ты ня тое!“ „Кінь камень!“ сказаў настаўнік. „Ну, а цяпер скажы нам“, спытаў настаўнік: „за што ты хацеў забіць птушачку?“ — „Гарыць лес!“ з трывогай сказаў лясьнік, вышаўшы на двор і панюхаўшы паветра. „Скажы мне, дубе, сказала чароціна: „чаму ты ня гнешся ад буры?“ — „Скажы мне, дубе, адкуль твая сіла? Скажы мне, чаму я такая слабая?“ — „О, гэта сьнег, брат!“ дзядзька кажа: „цяпер зіма напэўна ляжа“.
Задачка 24-ая. У наступных прыкладах ускосную мову абярнуць у простую, а простую — на ўскосную.
Доктар параіў хвораму, каб ён, як толькі настане вясна, паехаў на вёску, дзе ёсьць сасновы бор. Татулька сказаў: „Я раскажу табе, сынку, які страх наводзіць леў на ўсё жывое“. На пытаньне: хто лепей — авечка ці каза, дзяўчынка сказала, што абедзьве лепей. Гаспадар глянуў у вакно ды спытаў: „Хто там?“ Спытаўся воўк у сабакі: „Скажы, сабака, адкуль вы сабе яду бераце?“ „Людзі нам даюць“, адказаў сабака. „Мусіць вы цяжкую службу людзям служыце?“ зноў спытаўся воўк. Дуб сказаў чароціне: „Ты баішся жыцьця, затым ты й слабая; усім ты хочаш унаравіць, змалку прывыкла гнуцца, і гэтым паказваеш сваю слабасьць поўнае непаважэньне да сябе, а хто не паважае сябе, таго й другія не паважаюць“. „Скажы, дзедка“, папытаўся ў дуба малады кучаравы дубок, пазіраючы зьнізу ўверх: „ці добра табе жыць на сьвеце? Стаішь ты ўсё на
адней меры, не расьцеш, не мяняешся ды ўсё быццам нешта думаеш?“ — „Настаўнік ідзе!“ крыкнулі дзеці ды сьцішыліся. „Паслухайце, як сварацца пчолкі!“ сказаў нам дзядзька, аднімаючы вуха ад вульля. „Птушкі — нашы добрыя прыяцелі,“ сказаў настаўнік: „птушкі бароняць нашы сады, поле й лес ад шкодных чарвей і мошак“. „Гэта кветка — пралеска“, сказала нам
маці: „яна расьце на волі, а ў хаце расьці ня любіць“. Сеў на залаты пасад стары Рыдан ды кажа сыну: „Прылажы, сынку, вуха да зямлі ды паслухай, ці бяжыць Дняпро?“ Прылажыў сын вуха да зямлі ды кажа: „Бегма бяжыць і не стаміўся яшчэ“.
(Пэрыод).
Прыклады для разбору. Разабраць сынтаксычны склад наступных вершаў ды зьвярнуць увагу на іх пабудову.
1) Ці коска зазвоніць ў лугох раніцою, Я. Колас. 2) Ці куры ў хаце сваім дурам Я. Колас. 3) Дзе быў пустыр, дзе рос палын, Ц. Гартны. |
Вывады. Мова можа мець розны характар: яна або складаецца з кароткіх сказаў, або з больш-менш разьвітых простых і складаных сказаў, або, нарэсьце, з вялікіх сынтаксычных адзінак, зложаных з цэлага раду простых і складаных сказаў, цесна зьвязаных паміж сабою адзінствам тэмы.
Такая складаная сынтаксычная адзінка, зложаная з простых і складаных сказаў, што закончана разьвіваюць пэўную тэму, называецца кругасказам, або перыодам. Напрыклад: Калі я праходжу міма сялянскіх лясоў, каторыя я абараніў ад зьнішчэньня, або калі я чую, як шуміць малады лес, пасаджаны маімі рукамі, я пачынаю ганарыцца, што клімат залежыць крошку ад мяне, што калі праз тысячу год чалавек стане шчасьлівым, то ў гэтым крошку буду вінен і я.
Чытаючы кругасказ, звычайна адчуваюцца яго сустаўныя часьці: павышэньне й паніжэньне, паміж якімі робіцца перапынак, выразная паўза.
Паводле сустаўных частак кругасказы можна дзяліць на два віды: кругасказы падпарадкаваныя, у якіх адносіны паміж сустаўнымі часткамі такія самыя, як паміж асноўным і даданым сказамі (бач прыклад 3-ці ды папярэдні), і кругасказы злучаныя, у якіх гэтыя часьці зьвязаны злучальнымі словамі або зусім ня маюць злучнікаў (бач. прыклады 1-шы, 2-гі).
Увага. Кругасказы вельмі любілі старажытныя грэцкія й рымскія пісьменьнікі. Кругасказы часта ўжываюцца цяпер прамоўцамі, але новыя літаратурныя густы ўжо не прыдаюць кругасказам таго значэньня, якое яны мелі даўней. З нашых беларускіх пісьменьнікаў кругасказы найчасьцей сустракаюцца ў Якуба Коласа (Тараса Гушчы), а часам у М. Багдановіча і Ц. Гартнага, а другія пісьменьнікі (Я. Купала, Каганец, Ядвігін Ш.) ужываюць больш просты лад мовы. Такога роду асаблівасьць у мове пісьменьніка стаіць у цеснай сувязі з тым, як ён мысьліць і творыць.
Задачка 25-ая. Разабраць сантаксычны лад наступных прыкладаў ды вызначыць віды кругасказаў (падпарадкаваныя ці злучаныя), павышэньне й паніжэньне.
Прачнуўся — шум, бразгочуць шыбы, гарыць паветра іх сялібы агнём сьляпячым, сіняватым; старыя вербы каля хаты гудуць і гнуцца за ўсе бокі, над долам сьцелюць верх шырокі, і круціць бура ім галіны, кудлачыць, крышыць верхавіны, бы рве іх вострымі зубамі; а гром цяжэрнымі клубамі зямлю, здаецца, прабівае, і стогне хатка іх старая, і ўся трасецца, бы націна, — а ён, малы, як ліст асіны, дрыжыць ад страху, жмецца, плача (Я. Кол.). І яснасьць сонца, і пекнасьць зор, і бег жарольцаў гаманлівых, і дрэў вяковых сплёт карон, і шыр нявыглядных абшараў — схінулі шчыра нізкі ўклон яму, як жыцьця гаспадару (Ц. Г.). Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую трэба было распачаць гэтымі днямі, і да якое ён так доўга гатаваўся, — усё гэта займала яго думкі, і яму было лёгка й добра, бо так многа новага й цікавага спадзяваўся ён спаткаць на першай сваёй дарозе незалежнай грамадзянскай працы (Т. Гушча). Яму па душы быў і гэты глухі куток Палесься, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб‘езчыка; і гэты народ з асобнаю мовай і звычаямі, так непадобнымі да мовы й звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх вышаў Лабановіч; гэты непачаты край старажытнасьці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы ды затрымлівала на сабе яго ўвагу; і гэты выгляд самой мясцовасьці, агульнага тону якой ня мог яшчэ ўлавіць Лабановіч, але ў якой таксама было многа цікавага і, на яго погляд, павабнага (Т. Гушча). Ёсьць дзьве важныя часьціны, з якіх складаецца жыцьцё і яго глыбокі сэнс і хараство — чалавек і прырода, бо ніколі ня страціць для нас цікавасьці чалавек, бо праяўленьне яго розуму бязьмежна, бо дарогі яго ня вызначаны, бо формы яго жыцьця і яго ўзаемаадносін да другіх людзей бясконца размаіты, аканчальна ня выяўлены, і ніколі ня могуць стаць аканчальнымі, а прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачыма кожнага з нас (Т. Гушча). Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе шматлучныя напісы хіба-ж гэта ня ёсьць шчасьце? (Т. Гушча). Я памру — маладым, пажылым ці старым, але факт той, што я памру, бо я, як і ўсё, што мае ў сабе пачатак жыцьця, падлягаю сьмерці; бо ўсё на сьвеце, толькі-што зарадзіўшыся для жыцьця, ужо мае ў сабе адзнакі й пячаць сьмерці (Т. Гушча).
Калі асеньнія навіны М. Багдановіч. |
Задачка 26-ая. (Для паўтарэньня). Разабраць паводле сынтаксычнага складу наступныя прыклады.
Іх жыцьце, праўда, няцікава, пра іх нідзе ня ходзіць слава, аб іх гісторый не складаюць, пра іх і песень не сьпяваюць, апроч вятроў, што нудна ў плоце зімой, ў маркотнай адзіноце, халодны сьнег нясуць-ўзьдзіраюць і бедным людзям байкі баюць (Я. Кол.). І мне заўсёды горка стане, калі убачу на кургане пад шэрым прыкладам драўляным прыпынак вечны селяніна (Я. Кол.). Што ні кажы, а жыцьцё, ужо само па сабе, ёсьць радасьць, вялікае шчасьце, бясцэнны дар (Т. Гушча). Вуліца была роўная й шырокая. Амаль што не каля кожнае
хаты ляжалі кучы бярвеньняў і гнілі, але нікому ня прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць проці свае хаты, каб льга было прайсьці праз балота, у якім тапілася гэта вуліца (Т. Гушча). Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як-бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут ды толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцьця да другое (Т. Гушча). Не пасьпеў гаспадар і варот прычыніць — чуе: стаў вол жаліцца аслу: „Паганае маё жыцьцё, братка асёл: пашанасьці, увагі ніякай ня маю ад свайго гаспадара“ (Ядв. Ш.). Чаму з маленства, з ураджэнства, у жыцьцёвы май, ня ўмеў, як маці, шанаваці цябе, мой край? (А. Гар.). Хто сказаў „і я з народам“, хто з ім поплеч стаў, як з братам, хто пашоў з ім роўным ходам к роўным зыскам, к роўным стратам, — з тым і я. (А. Гар.). Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі лістам пажоўклым тужліва шумяць: „Хутка надыдуць завеі з марозамі, ветры з сьнягамі ізноў наляцяць“ (А. Гар.). Круглае поле; горы каменьня; лес па краёх, як сьцяна; ціха усюды; нудна на сэрцы; птушка ня крыкне нідзе ні адна (Я. Кол.). Вітаю вас, як блізкіх родных, старыя хвоі на палёх, і вас, красёнцы сьцежак згодных, сьляды нялічаных дарог; і гэты жоўценькі пясочак, дзе хвойкі зелена растуць; бярозы тыя, што ў шнурочак за рубяжы зямлі бягуць! (Я. Кол.) Да дзядзькі страшна прыступіць, але патроху і памалу ён траціць імпаты запалу, ў яго душы сьціхаюць громы, ён зноў такі, як нам вядомы: лагодны, добры, клапатлівы, на ўсё спагадны і руплівы (Я. Кол.). „Гэ!“ казаў Міхась бывала: „вядома, клопату ня мала, ды што бяз клопату даецца?“ (Я. Кол.). А вам, сыны мае любыя, ня век сядзець на маёй шыі: пара падумаць, небажаткі, як жыць бяз бацькі і бяз маткі, бо іх жыцьцё ня вечна ў сьвеце — вот тут глуздом паварушэце! (Я. Кол.). Жыцьцё… ды што жыцьцё такое? (Я. Кол.). Грыміць па карэньнях цялежка, мігацяцца стракатыя верставыя слупы, пахіленыя, аброслыя мохам хваёвыя крыжы наабапал дарогі, бягуць лясы, гаі; мяшаюцца полі, грамадзяцца горы, расьцілаюцца шырокія лугі, блішчаць азёры, срэбрам пераліваюцца рэчкі, золатам рассыпаюцца пяскі, глыбокімі зялёнымі ямамі раскідаюцца балоты (Т. Гушча). Песьня мая ня шукае чырвонцаў — будучнасьць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям, — жыць толькі хоча ў радзімай старонцы, пеці па сэрцу ўсім добрым людзям (Я. Куп.). Прашло засьляпленьне, мінае трывога, на небе ўжо новая відна зара (Я. Куп.). Вачамі сонейка і зор агністых агляд ты робіш дзень і ноч міроў, і толькі сьцежак нашых камяністых ня бачыш ты, усясільны цар цароў! (Я. Куп.). Хоць віхры шалеюць, хоць песьні нямеюць, хоць страшна замучаны ты — за добрую справу, за шчасьце і славу душу вырывай з цемнаты! (Я. Куп.). Сталі ў калючым аржоньні з павагаю мэтлікі шнурам адзін за адным; сэрца забілась надзеі адвагаю: ёсьць на што глянуць, пацешыцца чым (Я. Куп.). Падхапілі-ўзялі гусьляра-старыка, гусьлі разам яго самагуды; па-над бераг круты, дзе шумела рака павялі-паняслі на загубу (Я. Куп.). Ня гледзячы на тое, што ў канцылярыі было цёпла, пісар сядзеў у валёнках, бо меў у нагах раматус, і на твары яго адбіваліся адзнакі хваравітасьці і сьляды вясёлага жыцьця й п‘янства, у якім пісар ня меў сабе роўных у воласьці (Т. Гушча). Гэта было адзінае месца, дзе можна было хадзіць, не баючыся гразі (Т. Гушча). Узышоўшы на чыгунку, настаўнік прыпыніўся, як-бы разважаючы, у які бок пакіравацца (Т. Гушча). Хоць гэтае патураньне было й шкодна з педагогічнага боку, і Лабановіч гэта ведаў, але падоляць гэту сваю слабасьць ён ня мог ніякім чынам (Т. Гушча). Ня тое ўжо стала нашае Палесьсе, як калісь было: няма ўжо ні тых лясоў бесканечных, зарослых камышом, плюшчаём, сітнягом, маўляў-бы лесам якім, у каторым кішмя кішыць усякае птуства вадзяное (Каг.). Па пушчы Дулебскай у ясны дзень, калі мнявае лісьце пыша сьвежасьцю й пахам, наводзячы столькі гадак усялякіх, і цёплы веснавы воздух размарае шлункі прыемнай млявасьцю, і хочацца расьцягнуцца дзе на галу на зялёнай мураўцы, — прабіраецца вядомымі яму сьцежкамі дулеб, высокага росту, стройны, каравокі, з невялікаю чарняваю барадою, у белым летнім дулебскім насоўчыку, у сіняй з зялёным кантам шапцы, з гербам і бляхаю на рэмені торбы з ласёвых лапак, катора вісіць у яго з левага боку, з калітою й нажом пры поясе і са стрэльбаю за плячыма (Каг.). І кожная звычайная зьява жыцьця, калі ахінуць яе ў прыгожую форму ды асьвяціць яе больш-менш яскрава тым ці іншмым сьветаглядам ды пры гэтым умець яшчэ вызначыць тыя, часта незаметныя пружыны выяўленьня нашае душы, што звычайна ня ўлоўліваюцца нашым вокам, — можа быць тэмаю для вельмі цікавага апавяданьня (Т. Гушча). І зараз-жа, на заломе, выбухнуў вялізарны клуб белаватага дыму, за ім выкідаліся другія клубкі, і сьледам за гэтым паказаўся паравоз кур‘ерскага цягніка. Было штось вялізарнае, магутнае ў гэтым імкненьні цягніка, і мімаволі хацелася схіліць галаву перад гэніем чалавечага розуму, што атрымаў верх над бясконцымі адлегласьцямі (Т. Гушча). Вось ён, настаўнік, ня мае веры, што ёсьць некая таемная варожая сіла, што йснуе незалежна ад чалавека (Т. Гушча). Шырокі гасьцінец з двума радамі старых бярэзін зьбягаў з горкі раўнюсенечкаю сьценкаю кудысь на захад, і чым далей, тым гусьцей здаваліся гэтыя разьвіслыя старыя бярозы, усё болей і болей зьніжаліся яны, а потым зьліваліся ў адзін шнур ды замыкаліся сабою самымі, як-бы ўпіраліся ў лес ды хаваліся ў лінію небасхіла (Т. Гушча).II
Спосабы выражэньня паасобных часьцін сказу і цэлых сказаў.
§ 27. Род і лік.
Род і лік могуць адносіцца да ўсіх зьменных часьцін мовы, а значыць, і да тых часьцін сказу, што выражаюцца гэтымі часьцінамі мовы. Дзеля гэтага, перш чым перайсьці да выясьненьня спосабаў выражэньня паасобных часьцін сказу, трэба пазнаёміцца з родам і лікам у беларускай мове.
У беларускай мове тры роды: мужчынскі, жаночы й ніякі. Паводле гэтых трох родаў падзяляюцца назоўнікі йменныя, прыметнікі й дзеяпрыметнікі. Словы кожнага роду ў пераважнай большасьці маюць свае канчаткі, прынамсі, у вадзіночным ліку. Напрыклад, назоўнікі йменныя мужчынскага роду адзін. ліку вызначаюцца тым, што яны страцілі свой канчатак, што некалі азначаўся літарай ъ (цьвёрды знак), ды становяць сабою адну аснову (брат—, стол—, конь—, агонь—, край—, гай—, роў—); назоўнікі йменныя жаноч. роду адзіночн. ліку маюць канчатак а (я): дачк-а, рук-а, вол-я, вішн-я; кум—кум-а, ліс—ліс-а; назоўнікі йменныя ніякага роду адзін. ліку канчаюцца на о (ё), е: сяло, акно (не пад націскам пад уплывам аканьня — а), неба, палена, жыцьцё, гальлё, поле; прыметнікі мужчын. роду адзін. ліку канчаюцца на ы—і: чорны, першы, каторы, сіні; прыметнікі жаноч. роду адзін. ліку маюць канчатак ая—яя, а ніякага роду — ое (ае)—яе.
Роды, як і ўсе факты жывое мовы, знаходзяцца ў стане нясупынай, хоць і павольнай, зьмены. Гэтая зьмена роду залежыць ад шмат якіх прычын, напрыклад, ад уплыву аднае асновы на другую, ад прадстаўленьня полу у прадметаў жывых, ад фонэтычных зьмен галосных у канчатках (аканьне) і некаторых іншых прычын.
З фактаў зьмен роду трэба адзначыць наступныя:
1. Пераход слоў жаночага роду ў мужчынскі. Жаночы род, у параўнаньні з праславянскай мовай, зьмяніўся на мужчынскі род у такіх словах: цень — вялікі цень, толькі яго цень застаўся; боль — самлеў ад вялікага болю; жаль — не такі-б быў жаль; мазоль, пагібель, далонь. Пералічаныя словы часам ужываюцца яшчэ і ў жаночым родзе, асабліва — далонь, цень, пагібель.
Аканчальна перайшлі ў мужчынскі род, пад уплывам зацьвярдзеньня асновы, такія словы: твар — мой твар, пыл, палын; словы бярлог і сажань — мужч. роду, як у старажытнай праславянскай мове.
У жаночы род перайшлі словы: пара — у лазьні гарачая пара, пара пашла; устава, меч — востру меч і — мячом засяку; чэраў — пры маё чэрава, луч паўднёвая, стада — пагнаў стаду сваю, чада — няма мае чады, і часам піва — мая піва п‘яная.
2. Часам адно й тое самае слова ўжываецца ў жаночым і ніякім родзе: грыва—грыво, брова—брыво, пала—пало, як крысо.
3. Зьмена роду ў назовах прадметаў жывых выклікаецца прадстаўленьнем полу, асабліва, калі ёсьць па два словы для іх назоваў; тады адно слова стала азначаць самцоў, а другое — саміц. З гэтае прычыны, у мужчынскі род перайшло слова сабака (славянскае слова „пес—пёс“) пры слове сука (сабака пабег; бег сабака цераз мост — чатыры нагі, пяты хвост; сьмех з панскіх ботаў: адзін згарэў, а другі сабака зьеў); у жаночы род перайшло слова гусь пры мужчынскім родзе слова гусак. Нават расійскае слова „лошадзь“ (звычайна — конь, з стараславянскага слова комонь) ужываецца ў мужчынскім родзе: мой малады лошадзь.
4. У жывой мове часта можна сустрэць слова „дурань“ у жаноч. родзе, дапасованае да слова „дачка“: Я ня буду такая дурань (звычайна — дурная), а таксама слова „дзіцятка“, ніякага роду, часта пераходзіць у жаночы род для азначэньня жаночага полу: няма дачухны, мілай дзіцяткі.
5. Словы: дзяўча—дзяўчаты[3], небажа—небажаты, сьвінча—сьвінчаты, ваўча—ваўчаняты, (як — аўча, гусяня, парася) паводле морфолёгіі — ніякага роду, але пад уплывам прадстаўленьня полу, будучы дапасованыя да прадметаў жаночага роду, могуць ужывацца ў значэньні жаночага роду, ня трацячы свайго скланеньня ніякага роду. Напрыклад: да ты, дзяўча дурное, неразумнае, да ты, маладзенька, бяды нарабіла; вышла дзяўча жыта жаці. Таксама можа ўжывацца слова „дзіця“: да свае дарагое дзіцяці, калі мысьліцца жаночы род.
6. Здараецца й наадварот: граматычнае дапасаваньне пераважае прадстаўленьне полу нават у самых выразных выпадках; гэта асабліва бывае з тымі словамі, што канчаюцца на а. Напрыклад, слова слуга пры жаночым родзе „служанка“: прышла слуга ды кажа; паехала слуга ды ўгледзіў хлопчыка. Сюды належаць і словы: стараста, судзьдзя, старшыня, п‘яніца („горкая п‘яніца“" пры „мой п‘яніца“) бацька, нядбайліца, гультаіна, мужчына, дзядзька, але з перавагаю мужч. роду. Такая зьмена граматычнага роду сустракаецца нават пры назоўніках іменных уласных: прышла Йльля (у народнай прыказцы).
7. 3 морфолёгіі мы ведаем, што ўсе такія словы, як татка, братка, бацька, дзядзька, мужчына, гультаіна, стараста, судзьдзя, п‘яніца, нядбайліца і інш., маюць форму жаночага роду і скланяюцца паводле жаночага роду, як слова „цётка“ ці „матка“. Заўсёды скажуць: няма таткі, дзядзькі, сабакі…, як цёткі, маткі…, толькі ў творна-прыладным склоне стаіць форма мужч. роду: застаўся дома з бацькам, кот еў з сабакам, як з братам, з сынам.
8. Назоўнікі лічэбныя. У старасьвецкай літаратурнай беларускай мове, як і ў стараславянскай, назоўнікі лічэбныя (пяць, дзесяць, трыццаць…) былі словамі жаночага роду, напрыклад: тую пяцьдзесят коп грошай, другую дваццаць рублёў (Літоўскі Статут). У сучаснай мове назоўнікі лічэбныя, як словы жаночага роду, зусім ня ўжываюцца. Наадварот, ня маючы свайго матэрыяльнага (прадметнага) зьместу, апрача азначэньня колькасьці пэўных прадметаў, назоўнікі лічэбныя сталі набліжацца да слоў дапаможных, служэбных, ад якіх другія словы не залежаць. З гэтай прычыны, хоць пасьля назоўнікаў лічэбных, пачынаючы з „пяць“ (бач. § 3, 4), заўсёды стаіць родны склон (пяць, шэсьць… год, кніг…), але ў народнай (не літаратурнай) мове ў роўнай меры можна сустрэць і назоўны склон, а таксама і іншыя склоны, у залежнасьці ад прыназоўнікаў, усё роўна калі-б перад назоўнікам іменным стаяў не назоўнік лічэбны, а прыметнік, напрыклад: у тэй каморы стаіць трыдзевяць сталы дубовых; пяць, шэсьць, сем гады; дзесяць чалавекі, пяць капейкі, дзесяць хаты, адзінаццаць мяшкі, трыццаць коні, дванаццаць каровы, усё роўна як: два, тры, чатыры сталы, рублі, хаты.
Такім парадкам, у некаторых (не літаратурных) гаворках могуць сказаць: на стале ляжалі дзесяць грывенькі грошай, нёс пяць калочкі, расьце шэсьць дубы і т. далей. Адгэтуль відаць, што ў некаторых беларускіх гутарках назоўнікі лічэбныя ўжо страцілі здольнасьць кіраваць наступнымі назоўнікамі йменнымі ды сталі дапасоўвацца з імі, як два, тры, чатыры (§ 3, 4). Гэта значыць, што ў гэтых гутарках назоўнікі лічэбныя перасталі быць дзейнікамі ці дапаўненьнямі ды абярнуліся ў прыдаткі да назоўнікаў іменных, як словы дапасованья.
9. Прыметнікі й дзеяпрыметнікі ў сваім родзе дапасоўваюцца да тых назоўнікаў, да якіх яны адносяцца. Тут цікава толькі зьвярнуць увагу на тое, як выражаецца род, калі прыметнікі ці дзеяпрыметнікі стаяць без назоўнікаў і гэтых назоўнікаў падразумяваць нельга. У такіх разох найчасьцей ставіцца ніякі род адзін. ліку ў самых розных значэньнях, бо ніякі род ня рысуе нашаму ўяўленьню ніякага пэўнага прадмета. Напрыклад: Гэта ўсё маё падушнае, падарожнае. Летась пасаджона, сёлета ўзрашчона.
Радзей у такіх выпадках сустракаем жаночы род: як скрозь донную праваліўся; каб цябе сырая зьела (разумеецца зямля).
10. Параўнальная ступень прыметнікаў якасных у беларускай мове вельмі часта ўжываецца ў поўнай скланяльнай форме і значыць, зьмяняецца ў родзе (шырэйшы або шыршы, большы, меншы, багацейшы — багатшы), але таксама ўжываюцца і формы прыслоўныя (нязьменныя), напр.: гусьцей, таўсьцей, карацей, болей, меней, таней, барджэй, бліжэй, ляпей, балазей і іншыя.
З морфолёгіі мы ведаем, што ў беларускай мове два лікі: адзіночны й множны; ад парнага ліку дайшлі да нас (ад стараславянскай мовы) толькі некаторыя рэшткі яго: дзьве назе, руцэ; плячыма, вушыма; у вушшу, у ваччу і іншыя.
Лік, як і род, становіць формальную прыналежнасьць кожнае скланяльнае часьціны мовы, але часам ужываньне таго ці іншага ліку залежыць ад матэрыяльнага зьместу слова.
а) Адзіночны лік можа ўжывацца ў значэньні множнага. Для выражэньня множнага ліку адзіночным ужываюцца назоўнікі йменныя зборныя: каменьне, бярвеньне, калосьсе, лісьце, жэрдзе і інш.
У назоўніках зборных множнасьць абазначаных (названых) імі прадметаў адчуваецца выразна; дзеля гэтага вельмі часта выказьнік-дзеяслоў, а часам і прыметнік-азначэньне, ставяцца пры такіх словах у множным ліку, напр.: пасыпаліся каменьне; залатыя крыльле мае.
Прыляцелі гусі ды з чужой Русі, |
6) Зборныя назоўнікі йменныя ў пераважнай большасьці маюць форму слоў ніякага роду і, разумеецца, адзіночнага ліку з канчаткам на е (з папярэднім працяжна-націскным, або падвойным, зычным: сьмецьце, вецьце, насеньне, калосьсе; або з ётам: арэхаўе і на о (ё): суччо, лам‘ё, гальлё, гадаўё, зьмяйё.
Усе яны абазначаюць або збор аднолькавых прадметаў, або маюць непрадметнае (разумовае) значэньне.
Прыкладам першых могуць служыць наступныя словы: куп‘ё, лам‘ё, калосьсе, валосьсе, баб‘ё, баяр‘ё бярвеньне, жэрдзе — жардзё (жардзя яловага насячы коп дваццаць), брусьсе—брусьсё, вараньнё (няхай над тым вараньнё кракае, хто ўкраў), сьмецьце, вецьце (як табе, дубе, вецьцем не махаць?), насеньне, вязьзе, гвазьдзё (стаў на сьценах гвазьдзё забіваць), гальлё (ветрам гальлё паламала), дзераўё (дзераўё тое зацьвіло; абапал мосту дзераўём высаджана), дуб‘ё, дураччо, жыдзьдзё, жыльле (ты ўсе жыльле павыцягаў з мяне), зельле, зьвяр‘ё, зьмяйё, зладзяйё — зладзьдзё, іскрыё (па калені абсыпаў яго іскрыем — у казках), іскар‘е (А тушыў вецер — ня ўтушыў, а больш іскар‘е разнасіў), каменьне—камяньнё, кольле (тоўстае кольле, па кольлю вочы ходзяць), карэньне—караньнё, сваё шыльле—капыльле забраў, я пайду прывяду вараньня—кручча, стала вараньнё зьбірацца, ніхто к яму ў кумаўё на хоча йсьці, лісьце—лісьцё (жоўтае лісьце, лісьцем засыпана), лозьзе—лазьзё, палозьзе—палазьзё, магільле—магільлё (усё магільле пазаростала травою), мужыччо, дураччо, пер‘е, арэхаўе—арахаўё, гадаўё, сноп‘е—снап‘ё насілі, у маім садзе вішаньне—вішаньнё, у зялёным грушаньне, струччо—стручча, сьвіньне лазяць у вагарод, суседзьдзе жалі жыта, качаньне, бацьвіньне, лісьце—лісьцё, ельле (ель): кругом хаты ельле, а ў хаце вясельле і шмат іншых.
Назоўнікаў іменных зборных з непрадметным значэньнем вельмі мала, напр.: убоства, калецтва; гэта аб‘ясьняецца тым, што народ непрадмета ня мысьліць.
в) Усе зборныя назоўнікі йменныя звычайна скланяюцца ў форме адзіночнага ліку (вецьця, вецьцю, вецьцем, на вецьці), але некаторыя могуць скланяцца ў форме множнага ліку, асабліва ў родным і давальным склонах (кольляў—кольлям, лісьцяў—лісьцям, брусьсяў—брусьсям).
Дапасаваньне з такімі назоўнікамі зборнымі звычайна бывае ў ніякім родзе адзіночн. ліку (жоўтае лісьце, тоўстае бярвеньне), але здараецца і множны лік, напр.: суседзьдзе жалі, чужыя сьвіньне, сынаўё мае любыя.
г) Шмат радзей сустракаюцца назоўнікамі йменнымі зборнымі словы жаночага роду на ь: плоць—плоткі, плоць ад „плот“ (па-за плоцьцю крапіўка пякучая расла), рызь—рызьзё, такое самае значэньне мае старасьвецкі назоў сучасных літоўцаў — жамойць; на а: дзятва, блазнота, благота, жыдава, малеча, чарва, матыльга (ад „матыль“), камарэча (ад „камары“), старэча, мальгва (маленькія рыбкі): мальгвы налавіў, чарва патачыла яблыкі.
Старасьвецкае кніжнае слова „брацьця“ — жаночага роду (з сваею брацьцяю) — у сучаснай народнай мове таксама ўжываецца, хоць рэдка, напр.:
Самі яны пісьменныя, |
У сучаснай літаратурнай мове яно таксама часам пападаецца: Брацьця! ці зможам грамадзкае гоpa!? (М. Багд.). Брацьця мае беларусы! у страшнай кнізе людзкіх спраў… (Я. Кол.); у такіх разох яго трэба разглядаць, як назоўнік іменны зборны жаноч. роду: мы з табою брацьця, свае брацьці, з сваёю брацьцяю.
д) Множны лік можа выражацца прыметнікамі адзін. ліку ніякага р. і лічэбнікамі зборнымі, напр.: абое рабое, на гару шасьцёра цягнуць, а з гары адзін сапхне.
e) Множны лік могуць выражаць і некаторыя іншыя словы (назоўнікі йменныя і прыметнікі), што ня маюць значэньня зборных, але каторыя часта паўтараюцца або маюць значэньне ўсіх тых прадметаў, аб якіх гаворыцца, напр.: у моры гаду ёсьць, катораму й ліку няма; пагніла бульба, картопля; зарадзіў мак, боб, гарох; п‘юць ліпавы цьвет; елі бярозавую кару; налавілі шмат рыбы; малады й стары ішлі за ягадай і грыбам (звычайна кажуць: па ягады, па грыбы, або — у ягады, у грыбы); што ўлетку ножкаю коп, то ўзімку ручкаю хоп; ішлі дзяўкі ў суніцу; лавілі ў лесе зьвера, у рэках рыбу; камарэча, авадні і ўсялякі гнюс вочы ім павыядалі; сад пакрыўся жоўтым лістам (Я.Кол.)
а) У беларускай мове ёсьць шмат слоў, што ўжываюцца толькі ў множным ліку. Сюды належаць словы, што азначаюць (называюць) падзельныя прадметы, частка якіх называецца імем цэлага прадмета, або ўтрымлівае назоў цэлага прадмета, напр.: вотрыны (абабітыя каласы), пазадкі (маласьпелыя зерняты, што астаюцца пазаду, як веюць збожжа), вотрубі, выскрабкі, выграбкі, памыі, падонкі, крупы, дровы, дрожджы і інш. Сюды трэба аднесьці і такія словы, што маюць адзіночны лік, але рэдка або ў іншым значэньні, напрыклад, назовы расьлін, ягад: суніцы, чарніцы, маліны, брусьніцы, журавіны, парэчкі, васількі, званкі, лапухі, каноплі—канапелькі (канапелькі церла), высадкі, дзяды (асаблівая калючая расьліна), краскі, кветкі, жыта́ (засеянае жытам поле), сяна́ (травяныя лугі);
назовы страў: буракі, грыбы, клёцкі, камы або камякі і інш.;
прадметы складаныя: вілкі, лейцы, клешчы, абцугі, порткі, нагавіцы, пашчанкі, сківіцы, прышвы (галоўкі да ботаў), саюзкі (у ботах), падноскі (у ботах), калёсы, сені—сенцы, нары, ночвы—начоўкі, яткі (мясныя рады), сані—санкі, граблі, гусьлі, ножны—ножанкі—ножніцы, панажы (у кроснах, у роялі), набэдрыкі—на́бадрыкі, весьніцы (вароты з тонкіх пераплеценых дашчок), вароты, дзьверы, грудзі, аконіцы і шмат іншых.
б) часта назовам аднаго чалавека называюць цэлы народ; тут адзіночны лік азначае насельнікаў цэлага краю, напр.: з французам, з туркам, з немцам ваявалі; немец пашоў вайною на француза; англічанка йдзе на нас.
Такое ўжываньне множнага ліку вельмі часта сустракаецца ў назовах вёсак, сёл, засьценкаў, што дасталі свой назоў ад іх насельнікаў: Ярэмічы, Русаковічы, Бацэвічы, Валасовічы, Данейкі, Путнікі, Чашчнікі, Крывічы, Жыды (частка м. Іліі, заселеная жыдамі).
Сюды трэба аднесьці такія словы множн. ліку, як: суткі—сутачкі (ад „сутокі“, праход паміж будынкамі), гоні (пэўная мера поля), а таксама прыслоўныя формы множн. ліку ад назоўнікаў іменных, што надаюць звароту некаторую неазначальнасьць, напр.: палажыць у галовах, пастаў у нагах, падняўся на ваздуха́х і іншыя.
в) Слова „бог“ і слова „дух“ таксама ўжываецца ў множным ліку: а багі яго знаюць, каго мы больш любім; духі падвяло, чуць духі стрымаў.
г) Азначэньне часу таксама можа выражацца формай множн. ліку назоўнікаў іменных, напр.: прыехаў да кур, сядзелі да трэціх пеўняў, другія пятухі пяялі, у сьнях сёньня сасьніў.
Сюды трэба аднесьці назовы сьвят, сямейных здарэньняў і інш., напр.: грамніцы, дзяды (асеньняе сьвята), правады (вадохрышча), пакровы, коляды—каляды— калядкі, радзіны, хрысьціны (па падабенству з словам цяпер кажуць: акцябрыны), імяніны, уводзіны, заручыны, сваты, запоіны, залёты (стара баба нядужа, а ў залёты дасужа), провады, хаўтуры, памінкі, досьвідкі, або провідкі; запусты або запускі, гасьціны, дажынкі, зажынкі, заворыўкі, а таксама — злыдні (сядзелі тры дні, а бачылі злыдні), сухедні, суткі (дзень і ноч) і інш.
д) Асобны від множн. ліку заместа адзіночнага бывае ў тых разох, калі абазначаецца стан асобы, чалавека: пайсьці ў прымы, аддаць у людзі, пашоў у прымакі, пашла ў прочкі, жыве ў прочках, запісаўся ў дурні, сядзець у дзеўках, ехаць у сваты, ісьці ў госьці, быць на заработках, пайсьці ў пазыкі, здалі ў салдаты, забралі ў маскалі і інш.
e) Множны лік ужываецца ў назовах хвароб, што аб‘ясьняецца множнасьцю прымет: залозы, сухоты, пархі, суроцы, пярэпалахі, крыксы, сушчы; думалі, што тут яму капцы (г. зн. сьмерць, бо, пахаваўшы каго, над магілаю насыпалі капец).
ж) Ад глыбокай старасьветчыны дайшоў да нас множны лік для азначэньня стану, у якім знаходзіцца чалавек: пусьціўся наўцекі, гвалтачкі мае, жываты падарвеш со сьмеху; ждалі, ждалі ды й жданкі прашлі; на ката пацягушкі, а на дзіця растушкі; гэта ня жарты, ня жартачкі пабудаваць такую чыгунку; выйсьці вонкі; бачыць, што тут не пярэліўкі, дык ён ходу; жадункі ўзялі[4], жыве ў прочках, а таксама ў дзіцячай мове: ладкі—ладушкі, ладачкі, пацягушкі, пацягушанькі, есткі—естачкі—естанькі, піткі—піцькі—пітанькі, спаткі, гуляткі, тпруці і інш.
Множным лікам можна аб‘ясьніць, і пахаджэньне такіх прыслоўяў: наўцекі, нянацкі, калісьцечкі, удаўжкі, ушыркі і інш.
з) Даўней важныя асобы гаварылі самі на сябе: мы чынім, мы возны павету мінскага, Уладыслаў кароль чынім… даём… Цяпер так не гавораць, але звычай вымагае зварачацца да людзей паважаных у другой асобе множнага ліку (асабовы займеньнік „вы“ і дзеяслоў у другой асобе множнага ліку) або ў трэцяй асобе адзіночнага ліку з пропускам займеньніка, напр.: вы ведаеце; дзе вы былі? куды дзядзька паедзе?
Дзеці зварачаюцца да бацькоў на „вы“, хоць і не заўсёды; найчасьцей-жа дзеці гавораць з старэйшымі (з бацькамі й сваякамі) без асабовых займеньнікаў з дзеясловам у 3-й асобе, напр.: дзе тата быў? куды цётка паедзе? няхай мама дасьць яму есьці і т. далей.
Здараюцца звароты малодшых да старэйшых ці, наагул, да асоб паважаных, у множным ліку, напр.: стойце, дзядзьку, не пад‘яжджайце! А мой дзядзечка, а мой міленькі! я-ж вас ад сьмерці выратаваў. Нават завочна кажуць: мой мама паехалі, мая мама пашлі і т. далей.
3. Парны лік. Парны лік даўней ужываўся ў такіх разох: а) калі гутарка йшла аб прадметах парных ад прыроды (вочы, вушы, рукі, ногі, плечы); б) пры назоўніках лічэбных „два—дзьве“, „абодва—абедзьве“; в) калі называліся наагул дзьве асобы ці два прадметы, і парны лік ніколі ня зьмешваўся з множным лікам.
1) У сучаснай беларускай мове мужчынскі род зусім страціў формы парнага ліку. Формы парнага ліку мужчынскага роду выціснуты формамі множнага ліку. Назоўнікі йменныя мужчынскага роду пры лічэбніку „два“, ня кажучы ўжо пра „тры“, „чатыры“, звычайна стаяць у назоўным або вінавальным склоне множнага ліку, напр.: два літвіны, два браты, два Юр‘і ды абое дурні, два сабакі, два мужыкі, два галубы пілі воду, абодва сыны, два дубы; тры грошы, тры рублі, чатыры валы, чатыры годы і т. далей.
Парны лік мужчынск. роду для назоўнікаў іменных меў форму з канчаткам на а (я): два брата, абодва стала, чатыры рубля, тры каня і т. далей.
Некаторую памяць аб парным ліку захавалі хіба такія формы мужч. роду, як „два, тры, чатыры кані“, „два, тры, чатыры рагі“, пры множным ліку „коні“, „рогі“; тут канчаткі множн. ліку, але націскі розныя.
Ня мелі парнага ліку назоўнікі йменныя мужч. р. і ў старасьвецкай беларускай мове, як аб гэтым сьведчаць пісаныя дакумэнты. Формы парнага ліку станавілі лічэбнікі „два—дзьве“, „абодва—абедзьве“, „дзьвесьце“ ды назоўнікі йменныя жаночага й ніякага роду, хоць і тут часта ставіўся множны лік.
2) У назоўніках іменных жаночага і часткаю ніякага роду парны лік у сучаснай мове даволі пашыраны, хоць і тут формы множнага ліку пачынаюць пераважаць; канчатак парнага ліку жаноч. і ніяк. роду — е.
Прыклады на формы парнага ліку жаночага й ніякага роду пасьля „два“, а па падабенству з ім і пасьля „тры“, „чатыры“: дзьве шкодзе, бядзе, руцэ, назе; чатыры прыгодзе, тры капе, тры бядзе, бярозе (ой у полі пры дарозе там стаялі дзьве бярозе), хата на дзьве палавіне, дзьве асьміні—асьміне, абедзьве назе, тры дзяўчыні—дзяўчыне, дзьве леце, вароце; чатыры стазе (хоць „стог“ муж. р.), тры паласе, дзьве cace, хаце; дзьве назе і — дзьве нагі; дзьве руцэ і — дзьве рукі, абодва вокі.
З апошніх прыкладаў відаць, што ад слоў жаночага й ніякага роду, як і мужчынскага роду, пры лічэбніках 2, 3, 4 аднолькава могуць быць і формы множнага ліку.
Здараюцца, хоць вельмі рэдка, і такія жытныя формы, як „дзьве дачок“, „дзьве ног“, дзе лічэбнік ставіць наступнае слова (назоўнік іменны) у родным склоне, як лічэбнікі лічныя „пяць“, „шэсьць“ і далейшыя, напр.: „А ў ліскі, ліскі новы двор. Тры дачок, тры дачок на выбор“.
3) З прыведзеных прыкладаў відаць, што ў сучаснай мове формы парнага ліку і для слоў жаночага й ніякага роду знаходзяцца ў стане адміраньня, але трэба памятаць, што ёсьць формы парнага ліку акасьцянелыя. Сюды трэба аднесьці, перш-на- перш, назоўнікі лічэбныя простыя: „два—дзьве“, „абодва—абедзьве“ і складаныя: „дзьвесьце—дваста“, „трыста“, „чатырыста“. Слова „дзьвесьце“ становіць сабою форму парнага ліку жаночага роду: „дзьве“ і „сьце“=„сто“ ў форме парн. ліку жаноч. роду. Словы „дваста“, „трыста“, „чатырыста“ — формы парн. ліку муж. роду; тут мы маем лічэбнікі „два“, „тры“, „чатыры“, дапасованыя да парнага ліку слова „сто“ ў мужч. родзе — „ста“.
Потым, да закасьцянелых формаў парнага ліку трэба аднесьці такія формы мужчынскага роду, як „два кані“, „тры рагі“ (§ 27, 3, 1) і формы ад слоў ніякага роду: сяло, вядро, акно, ярмо і жаноч. роду: рука, нага пры лічэбніках 2, 3, 4: два, тры, чатыры сялы, вядры, акны, ярмы, рукі, нагі (з націскам на канчатку); у формах множн. ліку націск у словах будзе стаяць на аснове: сёлы, вёдры, вокны, ёрмы, рукі, ногі. У гэтых словах канчаткі множн. ліку (канчаткі парн. ліку для муж. роду а (я), а для жаночага й ніякага — е, але націскі розныя.
Таксама да закасьцянелых формаў парнага ліку трэба аднесьці формы родн. склону множн. ліку: „коняй“ і „грошай“.
4) Такія бясспрэчныя формы парнага ліку, як вочы, вушы, плечы, калені (з калене), людзі, чэрці (множ. лік — чарты) цяпер ужо ня мысьляцца парным лікам, а разумеюцца множным лікам, хоць ускосныя склоны іх не заўсёды маюць форму множн. ліку, напрыклад, родны склон будзе: вачэй, вушэй, людзей, чарцей, тымчасам множны лік у гэтай форме мае канчатак пад націскам оў (ёў): валоў, пнёў, а не пад націскам аў (яў): народаў, локцяў.
Таксама давальны—месны склон: зыдзі з ваччу, зазьвінела ў вушшу, пацямнела ў ваччу.
5) Формы творна-прыладнага склону парнага ліку даволі пашыраны ў сучаснай мове. У пераважнай большасьці парны лік y творна-прыладным склоне маюць тыя словы, што азначаюць прыродныя парныя прадметы, хоць часам у парным ліку ставяцца назовы прадметаў няпарных, напрыклад: плячыма, вушыма, дзьвярыма, грашыма, нагама й рукама — вельмі рэдка. Разумеецца, усе пералічаныя формы ўжываюцца і ў звычайнай форме творна-прыладнага склону множнага ліку, напр.: вушамі—вушмі, плячамі, дзьвярамі—дзьвярмі, грашамі—грашмі і т. д.
Кожны просты (двухчленны) сказ складаецца з дзейніка й выказьніка, прычым, як дзейнік, так і выказьнік, могуць мець пры сабе даданыя (паясьняльныя) словы — дапаўненьне, азначэньне і розныя акалічнасьці.
Дзейнікам называецца слова, якое называе вытворцу прыметы (дзеяньня ці стану), якая азначаецца выказьнікам, або зьмяшчальніка тэй уласьцівасьці, якая яму прыпісваецца.
Такім парадкам, дзейнік зьяўляецца граматычным паказальнікам дзейніка (суб‘екта) — сапраўднага ці ўяўнага, а выказьнік называе дзеяньне ці стан дзейніка. Прычым, з граматычнага боку ўсё роўна, ці будзе дзейнік сапраўдным дзейнікам, як пры дзеяслове з пераходным значэньнем (разбойнікі забілі чалавека), ці ўяўным пры дзеяслове залежнага значэньня (чалавек забіты разбойнікамі).
Дзейнікам можа быць толькі прадмет, значыць, і граматычным дзейнікам можа быць толькі назоўнік іменны, што азначае прадмет. Але калі мова складаецца так, што трэба толькі паказаць на прадмет, не называючы яго, або калі няма магчымасьці ці патрэбы называць яго, тады назоўнік іменны падмяняецца іншымі часьцінамі мовы. Але іншыя часьціны мовы могуць выступаць у ролі дзейніка толькі ў тых разох і тады, калі яны абарачаюцца ў назоўнікі йменныя (Праворны ўсюды пасьпее) або, прынамсі, мысьляцца на той раз, як назоўнікі йменныя. І тады ў ролі дзейніка могуць выступаць прыметнікі, дзеяпрыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, дзеяпрыслоўі, прыназоўнікі, злучнікі і іншыя словы.
Звычайна дзейнік выражаецца назоўнікам іменным. Дзеля таго што дзейны прадмет у сказе ні ад чога не залежыць, а, наадварот, сам вытварае дзеяньне, якое азначаецца, або называецца выказьнікам, то дзейнік заўсёды стаіць у назоўным склоне і адказвае на пытаньне хто? або што?
Дзейнік можа быць усіх родаў і лікаў. Як мы бачылі вышэй (§ 27. Лік, 1), множны лік можа выражацца словамі зборнымі (Лісьце асыпалася).
1) Дзейнік можа мець пры сабе другога дзейніка ў форме дапаўненьня ў творна-прыладным склоне з прыназоўнікам „з“, напр.: сын з нявесткай пасварыліся, едзе гром з маланкаю.
У такіх сказах дапасаваньне выказьніка адбываецца так: а) калі выказьнік стане перад дзейнікам назоўнага склону, то дапасуецца з дзейнікам; б) калі-ж выказьнік стане пасьля абодвух дзейнікаў, то дапасуецца ў сэнсе (бач. прыведзеныя вышэй прыклады), хоць можа быць і наадварот, напр.: Кума з кумам пасварылася.
2) У песьнях, вершах, прыказках, а часам і ў звычайнай мове (у казках, напр.) дзейнікам можа быць і клічная форма назоўніка йменнага, бо клічная форма ў беларускай мове можа выражацца формай
назоўнага склону, напр.: „брат, падай вады!“ — заместа „“браце, падай вады!“ А раз клічная форма можа выражацца назоўным склонам, то й назоўны склон у мове, г. зн., дзейнік, можа выражацца клічным склонам, напр.:Ніжэй мы ўгледзім, што раз вінавальны склон у некаторых разох падобен да назоўнага склону, а назоўны склон можа выражацца клічнай формай, то й вінавальны склон (г. зн., дапаўненьне) можа мець форму клічнага склону (бач. § 30, 2, ,), бо дзьве вялічыні, роўныя паасобку з трэцяй, роўныя паміж сабою.
Дзейнік можа выражацца займеньнікамі як назоўнымі (я, хто, што), так і прыметнымі (свой, усякі, кожны).
1) Вельмі часта дзейнік выражаецца асабовымі займеньнікамі: я—мы, ты—вы, ён—яна—яно—яны. Займеньнікі першых двух асоб (я—мы, ты—вы) так набліжаюцца да да назоўнікаў іменных, што часта няма патрэбы называць імя таго прадмета, на які паказваюць гэтыя займеньнікі. Напрыклад: Я прышоў цябе перасьцярэгчы. Я чуў, як яны радзіліся спаліць наш стог.
Але часам гэтыя займеньнікі выражаюць толькі чыста формальнае ўяўленьне асобы: „Я, кажа, Несьцерка, маю дзяцей шэсьцерка, рабіць лянюся, красьці баюся, а прасіць ня сьмею“; тут уся сіла ў дзеяслове, які выражае прыметы названай пры гэтым асобы.
2) Прыметнікі „ён—яна—яно—яны“, стаўшы асабовымі займеньнікамі, звычайна дапасоўваюцца ў родзе з тым словам, на якое яны паказваюць; сустракаецца ў такіх разох нават дапасаваньне неграматычнае, напр.: „А мой сыночак! як-жа яно закурэла йдучы“ (разумеецца — дзіця). „Мой каток! яно захадзілася, яно есткі захацела“.
3) Калі той, хто гаворыць, ставіцца з павагай і пашанай да асобы-дзейніка, то граматычны дзейнік выражаецца прыметнікам займенным „ваша“, напр.: „Сваволіш ваша! Нядобра ваша кажаш“. Даўней пры слове „ваша“ ставіўся назоўнік іменны „міласьць“: Ваша міласьць самі прыехалі.
Сюды належаць словы-іменьнікі: ягомасьць, ягамосьці, імасьць, імосьцейка, вашаць—вашэць (Я вашэць, і ты вашэць — хто-ж нам хлеба напашэць?), пан, пані, паня, васпан, васпані, васпаня, васпанка, васпан. Усе яны ўжываліся з дзеясловам 2-ой і нават 3-яй асобы, напр.: „Што ягомасьць робіш?“ i — „Што ягомасьць робіць?“ „Імасьць сама ведае—вадаеш, што гэта няпраўда“, і „Чаго васпан шукае—шукаеш? Ня тое васпані кажа—кажаш“ і т. далей.
4) Асаблівым паказальным характарам вызначаюцца займенныя прыметнікі „той“ і „гэты“. Першы паказвае на адлеглы, аддалены прадмет, а другі — на прадмет бліжэйшы, напр.: „Тады тыя й пытаюць у яго, тыя калекія“. „Тады той і кажа яму“. „Гэтыя ўжо прышлі, а тых яшчэ няма“. „Урадзіўся гэтакі — гэтакі й памрэ“.
Часам „той“ можа стаяць на месцы „ён“, напр.: Глянуў музыка на табакерку, а тая (заместа „яна“) аж зіхаціць.
Пры паўторнасьці „той—той“, гэты паказальны займеньнік можа азначаць „адзін—другі“, напр.: „Жала тая дзень, і тая дзень“ замест: „Жала адна дзень, і другая дзень“. „Тая рабіла тое, а тая тое“ замест: „Адна рабіла адно, а другая другое“. „Тая кажа на тую“ замест: „Адна кажа на другую“.
Часам „той“ зусім траціць свой паказальны характар ды становіцца чыста формальным зьмяшчальнікам дзейніка, надаючы яму неазначальны характар, нямецкае „man“, напр.: Мая душа, як той кажа, ня крывая: усё прымае. Як той казаў.
Апрача „той“ і „гэты“ сустракаецца яшчэ паказальны займеньнік прыметны „сёй“ звычайна ў злучэньні з „той“, напр.: „Сабраліся да нас той-сёй“.
Усе гэтыя займеньнікі могуць быць дзейнікамі ў складана-залежных сказах, якія не выражаюць пытаньня, напр.: Хто йдзе, той паклоніцца. Што з возу ўпала, то прапала.
7) Дзейнік можа выражацца займеньнікамі азначальнымі, неазначальнымі й адмоўнымі: увесь (звычайна ў множным ліку), усякі, усялякі, кожны, кажды; нехта, нешта, хтось, штось, хтосьці, штосьці, ніхто, нішто, ніводзін, ніводны і іншыя.
Неазначальныя й адмоўныя займеньнікі складаюцца з пытальных, злучаных з адмоўнымі прыстаўкамі „не“, „ні“, або з стараславянскім займеньнікам ніякага роду „сь“ (нехта, ніхто, нешта, нішто, хтось, штось).
Пад уплывам вядомай дзеяслоўнай часткі „ся“ з зваротнага займеньніка „ся“ ў некаторых займеньніках прыметных сустракаецца гэтае „ся“, напр.: каторыйся, якійся, чыйся, некійся, дзе „ся“ надае гэтым займеньнікам неазначальны характар.
Пры „сь“ могуць стаяць розныя ўстаўкі і іншыя прыслоўныя часткі, напр.: хтосьці, штосьці; хтоські, штоські; нехтачкі, нештачкі, нештачка і інш.
Здараюцца займеньнікі „хто“, „што“ ў злучэньні з „небудзь“, „нібудзь“, „то“ (хто-небудзь, што-небудзь; хто-нібудзь, што-нібудзь; хто-то, што-то) з неазначальным характарам.
„Ніводзін“ можа выражацца словамі „жадны“, „жадзен“, калі хочуць выказаць большую сілу адмоўнасьці, напр.: Жадзен з нас туды ня пойдзе на работу.
8) Займеньнік „сам“ памацняе значэньне асобы, напр.: Сам гаспадар прыехаў туды. Сама гаспадыня была. Я сам там буду. Я сам зраблю.
„Сам“ можа падмяняць асабовы займеньнік, і тады можа быць і дзейнікам, напр.:Займеньнік „самы“ вытварыўся з займеньніка „сам“; ён азначае якасьць прыметы, а не прадмета, а дзеля гэтага дзейнікам быць ня можа, напр.: самы раньні ячмень, самы лепшы гатунак, ён самы горшы, самыя раньнія гусяняты.
Як бачым з гэтых прыкладаў, займеньнік „самы“ служыць для памацненьня прыметы.
9) Займеньнікі прыналежныя рэдка бываюць дзейнікамі, але бываюць, напр.: Свой свайго пазнаў дый на почастку пазваў. Свой свайму паняволі брат. Свае б‘юцца, а чужы не мяшайся.
Найчасьцей яны бываюць дзейнікам у тых разох, калі ставяцца ў ніякім родзе; тады яны неазначальна паказваюць на злучэньне вядомых ужо прадметаў, напрыкл.: Маё — для мяне, тваё — для цябе, а для ўсіх — сваё.
Адносна розьніцы паміж „свой“ і „мой“ цікавы наступныя прыклады: „Ложа сваё і пасьцель маю. Свой тутун і — мой тутун. Дай свае табакі, a тo ад чужое нос баліць.
Першы прыклад паказвае, што розьніца ў значэньні гэтых слоў цьвёрда не ўстаноўлена, і на гэтай неўстаноўленасьці пабудована прыказка (апошні прыклад).
Дзейнікамі могуць быць лічэбнікі: а) назоўнікі лічныя (два, тры, пяць…), б) прыметныя (адзін, адна…), в) назоўнікі лічэбныя зборныя (двое, трое, шасьцёра), г) дробныя (паўтара, паўчварта…) і д) неазначальныя прыслоўі лічэбныя (многа, мала, колькі). Аб дапасаваньні іх з выказьнікамі будзе гаварыцца ніжэй, пры выказьніках (§ 29, 8, 5).
Пры „два“—„дзьве“ назоўнікі йменныя заўсёды стаяць навочна: Два вепры б‘юцца-сякуцца… Два Юр‘і ды абое дурні. Харошы абодва.
У жаночым і ніякім родзе пры „два—дзьве“, калі ня бывае парнага ліку, назоўнікі йменныя звычайна ставяцца ў родным склоне, а, значыць, граматычнага дзейніка тут няма, напрыклад: здарылася дзьве бяды, два яйцы разьбілася; але калі скажам: „дзьве бабы пасварыліся“, „два акны разьбіліся“, то тут „дзьве“, „два“ будуць дзейнікі.
Таксама пры „тры“, „чатыры“: тры дачок на выбор, чатыры сястры згінула, але — „чатыры сястры (сястрэ) згінулі“, тут „чатыры“ — дзейнік.
Пры лічэбніках „два“, „тры“, „чатыры“ можа быць і родны склон назоўніка йменнага адзіночнага ліку з родным склонам прыметніка множнага ліку, напр.: Вычасаў дзьве дошкі каменных. Зрабіў дзьве труны каменных. Было ў бацькі два сыночкі, два радзімых васілёчкі.
2) Лічэбнікі пачынаючы з 5-10 і да 90 (дзевяцьдзесят, часта выступаюць у ролі дзейніка; пры іх тады назоўнікі йменныя звычайна стаяць у родным склоне, бо некалі ўсе назоўнікі лічэбныя кіравалі назоўнікамі йменнымі, пастаўленымі поплеч з імі.
Усе гэтыя лічэбнікі бяз іменьнікаў сустракаюцца рэдка: чатыры аруць, пяць барануюць да на мяне, маладую, гора гаруюць.
Як відаць з выказьніка-дзеяслова прошлага часу, што зьмяняецца ў родах, іменны характар гэтых лічэбнікаў паступова траціцца, бо выказьнік пры іх ставіцца ў ніякім родзе, які ня рысуе нам ніякага пэўнага прадмета, напр.: прайшло, мінула пяць, шэсьць, дваццаць год.
Здараецца (але ў літаратурнай мове ня ўжываецца), што пры лічэбніках 5, 6 і далейшых стаіць назоўны склон іменьніка; у такіх разох лічэбнікі мысьляцца ўжо, як прыметнікі-прыдаткі (§ 27, б, 8), напрыклад: пяць гады, шэсьць капейкі, восем хаты, дзевяць валы, дзесяць мяшкі, 11 вазы, 13 коні; на версе ляжалі дзесяць грывенькі грошай.
Пры такім ужываньні гэтых лічэбнікаў выказьнік-дзеяслоў можа стаяць і ня ў множным ліку, напрыклад: расьце шэсьць дубоў (дубы).
Страта лічэбнікамі свае ўласьцівасьці кіраваць спасьцерагаецца ўжо ў старасьвецкай беларускай мове, як відаць з пісаных дакумэнтаў.
Усе назоўнікі лічэбныя лічныя, што ўжываліся некалі ў ролі дзейніка ды мелі форму назоўнага склону, цяпер вытвараюць безасабовыя сказы ды стаяць, заместа назоўнага, а) або ў родным склоне (У каго гэта ў вас косіць шасьцёх касцоў?), б) або ў месным склоне з прыназоўнікам „у“, вытвараючы з гэтым прыназоўнікам нібы прыслоўе, якое дадаецца да асабовага займеньніка, напр.: „Ішлі мы ў двох, у двух“, „сабраліся ў дваццацёх“, „прышлі ў дзесяцярох“.
3) У народнай мове, асабліва ў казках, здараецца лік дзевяткамі й дзесяткамі, напр.: трыдзевяць каней, трыдзевятае царства; у тэй каморы стаіць трыдзевяць сталы дубовых, у трыдзесятым царсьцьве і т. далей.
4) Лічэбнікі зборныя, будучы дзейнікамі, звычайна ставяцца ў форме ніякага роду адзіноч. ліку: абое рабое, але выказьнік можа дапасоўвацца па сэнсу, напр.: абое галюсенькі; найчасьцей-жа выказьнік стаіць у ніякім родзе: „Усе коні пакралі, адно засталося шасьцёра“.
Зборныя лічэбнікі могуць ужывацца з часткаю „ка“: двойка, пяцёрка авец, шасьцёрка гусянят, тройка куранят.
5) Дробныя лічэбнікі, зложаныя з „поў“ (=пол), вельмі пашыраны: поўтара, поўтраця, поўчварта, поўасьма, поўшаста, поўчвартаста.
У залежнасьці ад „поў“, назоўнікі йменныя ставяцца ў родным склоне і з імі дапасоўваюцца прыметнікі лічэбныя парадкавыя, што ўваходзяць у склад гэтых дробных лічэбнікаў, напр.: у мяне засталося поўпята рубля“, „адтуль да нас будзе поўтраці вярсты“.
Даўней „поў=пол“ было назоўнікам іменным (Ішла паненка цераз бор, на ёй сукенка ў дзевяць пол); цяпер „поў“ ня мысьліцца незалежным словам, і з ім зьменныя ў родзе дзеяслоўныя формы не дапасоўваюцца ў родзе.
6) Для паказаньня неазначальнага ліку ўжываюцца некаторыя лічэбныя прыслоўі (многа, мала, колькі), а таксама назоўнікі йменныя (гібель, процьма, шмат). Напрыклад: Народу было гібель на кірмашы. У яго процьма грошай. Шмат было клопату. Шмат было рыбы ў невадзе.
Як відаць з гэтых прыкладаў, такія назоўнікі йменныя, што ўжываюцца для паказаньня неазначальнага ліку, мысьляцца ў ніякім родзе: „народу было гібель“.
1) Для выражэньня дзейніка асабліва часта ўжываюцца прыметнікі й дзеяпрыметнікі. Гэта аб‘ясняецца асаблівай блізасьцю прыметніка да назоўніка йменнага, як з боку морфолёгічнага (зьмена ў родах, ліках і склонах), так і сваім матарыяльным значэньнем. Абодва яны — назоўнік і прыметнік — азначаюць прыметы, што прыпісваюцца прадмету, толькі ў назоўніку гэтых прымет меньш, і, значыць, назоўнік іменны азначае больш вузкае паняцьце, а прыметнік — больш агульнае (дурань—дурны, стол—сталовы, лес—лясны). Назоўнік іменны „стол“ ці „дурань“ рысуе нам толькі адзін прадмет, а прыметнік „сталовы“ ці „дурны“ — можа азначаць шмат прадметаў і нават непрадметныя паняцьці.
Калі трэба звузіць, абмежаваць паняцьце, што выражаецца прыметнікам, то прыметнік прымае розныя йменныя ўстаўкі, напр.: багаты—багатыр, худы—худак, сьляпы—сьляпак, дурны—дурак, дурань, добры—дабрак і т. далей (Багатыр дзівіцца, чым худак жывіцца).
Поплеч з такімі назоўнікамі йменнымі, што вытвараны з прыметнікаў, у ролі дзейніка часта ўжываюцца і звычайныя прыметнікі. Некаторыя старыя прыметнікі з кароткімі йменнымі формамі, што падмянялі некалі назоўнікі йменныя ва ўсіх выпадках і ў ролі дзейніка, цяпер ужо мысьляцца, як назоўнікі йменныя і нават захавалі сваё старое скланеньне: Барысава, Барысаву, Барысавам, (у) Барысаве, як: роў—рова, рову, (у) рове або стала, сталу, (на) стале і т. д.
Сюды належаць, напрыклад, назовы тых нашых гарадоў, што маюць форму прыметнікаў з скарочанымі (іменнымі) формамі, напр.: Пінск, Барысаў, Смаленск, Мсьціслаў, Віцебск, Слуцак, Полацак, Менск, Друцак і шмат іншых.
Большасьць гэтых назоваў-прыметнікаў ужывалася з словам „горад“ (у значэньні: горад пінскі, як дом бацькаў=горад Барысаў=пояс Адамаў, — на пытаньне „чый прадмет?“), і усе яны былі прыметнікамі адносна-прыналежнымі, але паступова слова „горад“ забылася або не называлася, і такім парадкам гэтыя прыметнікі сталі на месца назоўнікаў ды абярнуліся ў назоўнікі йменныя, чым засталіся й дагэтуль, як-бы закасьцянелі ў гэтай форме. Наадварот, калі заместа слова „горад“ называлася ці мысьлілася слова „места“ (=город, адгэтуль: мястэчка, маленькі горад), то тыя самыя прыметнікі мужч. роду прымалі форму ніякага роду на — о (не пад націскам — а): Менска, Віцебска, Луцка і т. далей.
Больш позняга пахаджэньня назовы такіх пасёлкаў, што маюць форму прыметнікаў з поўнымі канчаткамі: Краснае, Палоннае, Белы, Магільнае, Пясочнае і іншыя.
Даўняга пахаджэньня і сучасныя нашы фаміліі (прозьвішчы) на i—ы, што маюць форму поўных прыметнікаў мужч. роду. Гэтыя прозьвішчы разьвіліся ў большай частцы з прозьвішч па месцу пахаджэньня, напр.: Глінскі, Лукомскі, Друцкі, Мсьціслаўскі, Астроўскі, Жукоўскі, Камароўскі і інш., а таксама: Багаты, Скарабагаты, Балотны, Гаркавы, Кароткі, Гладкі, Касы, Руды, Пахіблы, Забрамны, Рабы, Белы, Убогі і шмат іншых.
У пачатку гэтыя фаміліі-прозьвішчы былі толькі азначэньнем асабістай прыметы аднаго чалавека (Касы Адам, напрыклад), мянюшкаю, як цяпер кажуць, але з часам сталі мысьліцца назоўнікамі йменнымі, хоць і скланяюцца, як прыметнікі.
Сюды належаць такія сучасныя словы, як: соцкі, тысяцкі, дзесяцкі, пры якіх назоўніка йменнага мысьліць трудна, а таксама зусім новае слова „стайковы“ (вазьніца пры воласьці, што адбываў „стойку“ — павіннасьць натураю, работаю) і словы: паплаўнічы, упраўнічы, кіраўнічы, а далей — назоўнікі-прыметы з грэцкім суфіксам „іст“: арганісты, алтарысты (Арганісты й алтарысты на рукі ня чысты), камуністы, сацыялісты, гімназісты, самінарысты і інш.
Сюды-ж належаць і прыметнікі, якія звычайна ўжываюцца без назоўнікаў іменных: пазываты (той, хто кліча на вясельле — хлопчык), араты (Дзе араты плача, там жняя скача), хворы, нядужы, малады й маладая (жаніх і нявеста), стары й старая (гаспадар і гаспадыня), злоты, сьвята (невялікае сьвята), ліха (ліха яму надало пайсьці ў грыбы); словы „зло“ й „дабро“ ўжываюцца вельмі рэдка.
Вельмі старога пахаджэньня і нашыя прозьвішчы на іч; яны азначаюць пахаджэньне па роду: Міцкевіч, Сянькевіч, Кандратовіч, Багдановіч, Багушэвіч, Марцінкевіч, Капаевіч, Галубовіч, Капцевіч, Зянькевіч і іншыя; яны складаюць пераважную большасьць беларускіх прозьвішч. Устаўкі „іч“ знаходзім і ў назовах асноўных беларускіх пляменьняў: крывіч, радзіміч, драгавіч. Прозьвішчы на „іч“ знаходзім яшчэ ў сербскай мове, што можна аб‘ясьніць пляменным сваяцтвам беларускага й сербскага народаў.
4) Бываюць такія сказы, дзе дзейнік раней называўся; тады прыметніку няма патрэбы яго называць, і ён сам становіцца дзейнікам, напр.: У дзеда й бабы было тры сыны: большы й селядоршы былі разумныя, а малодшы быў дурань.
Дзейнікам можа быць кожная нязьменная часьціна мовы, калі яна становіцца на месца назоўніка йменнага (§ 5,2).
Усе гэтыя прыклады можна й так разглядаць: дзейнік — неазначальная форма — зьяўляецца безасабовым сказам, злучаным з другім безасабовым сказам, які служыць выказьнікам да першага, напр.: „Панаваць, гэта значыць не гараваць“. Калі-ж узяць пад увагу, што неазначальная форма (інфінітыў) была некалі назоўнікам іменным, то гэта можна й так разумець (так ён і мысьліцца): „Панаваньне — не гараваньне“, як сказ з дзейнікамі йменнымі: Слова — вецер, а пісьмо — грунт.
2) Дзейнікам можа выступаць ня толькі інфінітыў (неазначальная форма дзеяслова), але й кожнае слова, розныя выказы і нават цэлыя сказы з сваімі дзейнікамі, выказьнікамі і паясьняльнымі словамі, напр.: „Хто дбае, той і мае“ — народная прыказка. У гэтым прыкладзе „хто дбае, той і мае“ зьяўляецца дзейнікам для далейшага: „народная прыказка“, бо мае граматычнае злучэньне ў спосабе злучэньня (ёсьць народная прыказка). Але сам па сабе гэты выказ „хто дбае, той і мае“ ня толькі ня дзейнік у граматычным разуменьні, а цэлы сказ і нават складаны сказ, зложаны з двух сказаў спосабам падпарадкаваньня; кожны гэты сказ мае свой дзейнік і свой выказьнік, а пры іх маглі быць розныя даданыя словы.
Розьніца паміж гэтым дзейнікам-сказам і дзейнікам-інфінітывам толькі тая, што першы дзейнік асабовы (мае свайго дзейніка), а другі, інфінітыў — безасабовы, бяз дзейніка. Але гэта не зьмяняе йстоты справы. Трэба памятаць, што неазначальная форма дзеяслова (інфінітыў) вытварылася з назоўніка йменнага і некалі скланялася, як усе назоўнікі. І хоць неазначальная форма даўно ўжо страціла скланеньне (перастала скланяцца), але ў яе засталася адна такая ўласьцівасьць: яна падказвае нам адпаведнае паняцьце, якое можа быць выражана ў форме дзеяслоўнага йменьніка. Мы кажам, напрыклад, „панаваць“, „гараваць“, „хацець“, „цярпець“ і пры гэтым думаем: „панаваньне“, „гараваньне“, „цярпеньне“, „хаценьне“ і т. далей.
Вось гэтая ўласьцівасьць неазначальнай формы падказваць нам назоўнік іменны робіць тое, што неазначальная форма дзеяслова зьяўляецца вельмі зручным (у пэўных зваротах мовы) падменьнікам назоўніка йменнага, не абарачаючыся, аднак, у назоўнік.
Такім парадкам, неазначальная форма (інфінітыў), не перастаючы быць дзеясловам, можа ў пэўных зваротах мовы выступаць дзейнікам, і ў гэтым значэньні яна пасвойму служыць падменаю назоўніка.
Сюды належаць у пераважнай большасьці сказы, што ўжываюцца ў мове граматычных падручнікаў, напрыклад: „хадзіць — дзеяслоў неазначальнае формы“; „горш, балазей, мацней — прыслоўі параўнальнае ступені“; „балазе — прыслоўе ў форме назоўніка йменнага меснага склону (болага — дабро)“; „чытаючы й бегма — дзеяпрыслоўі цяперашняга часу“; „край — можа быць прыназоўнікам, што кіруе родным склонам (жыве край дарогі)“; „і — злучнік і памацняльнае слова“ і т. далей.
У гэтых прыкладах словы: хадзіць, горш, балазей (болагі — добры; балазей — дабрэй), мацней, балазе, чытаючы, бегма, край, і ўзяты як прадметы, аб каторых ідзе гутарка, і дзеля таго яны выступаюць у ролі дзейніка — назоўніка йменнага.
Калі ў такіх сказах назоўніка йменнага навочна няма, то выказьнік-дзеяслоў прошлага часу ставіцца ў ніякім родзе.
Такім парадкам, нязьменныя часьціны мовы, а таксама асабовыя дзеясловы, могуць быць дзейнікамі толькі ў тых разох, калі яны прыроўніваюцца да назоўнікаў іменных.
Выказьнік выражае прымету, якая вытвараецца прадметам або вынікае з прадмета. прадмета. У беларускай мове, як і ў іншых славянскіх мовах, зьмяшчальнікам выказальнасьці (прэдыкатыўнасьці) зьяўляецца дзеяслоў, як адзіная часьціна мовы, якая можа выразіць выніканьне прыметы.
Разгледжаныя раней (§ 17,6) зачатачныя, як-бы эмбрыональныя формы сказаў, што складаюцца з аднаго толькі назоўніка йменнага (Пожар!), гэтаму не супярэчаць. Покі такія формы сказаў, як „Пожар!“ „Даволі!“, выражаюць нашае першае ўражаньне ці пачуцьцё, то яны абыходзяцца без дзеяслова; але калі гэтае пачуцьцё дойдзе да нашае сьвядомасьці, то яно ўжо выражаецца формай звычайнага сказу з дзеясловам: „пачаўся пожар“, „даволі цярпець“ і т. далей.
Сувязь дзеяслоўнага выказьніка з дзейнікам выражаецца дапасаваньнем асабовых канчаткаў дзеяслова з дзейнікам — назоўнікам іменным.
Выказьнік можа быць просты, сустаўны й падвойны.
a) Простым выказьнікам называецца такі, што выражаецца адным дзеясловам у васабовай форме. У пераважнай большасьці гэта — асабовы дзеяслоў (я чытаю, мы косім, пастух трубіць), але бываюць выпадкі, калі просты выказьнік выражаецца неазначальнай формай дзеяслова (яму ня церпіцца).
Асабовая форма дзеяслова можа быць складанаю, напрыклад, тая, што складаецца з дапаможнага дзеяслова „быць“ у васабовай форме (будучы час) і неазначальнай формы (інфінітыва) другога дзеяслова (будучы складаны час), напрыклад: „буду чытаць“, або тая, што зложна з дапаможнага дзеяслова „стаць“ у форме прошлага часу і неазначальнае формы друдзеяслова (прошлы час складаны: стаў бараніцца, сталі касіць).
Усе такія складаныя формы становяць просты выказьнік, бо тут сустаўныя часьці так цесна зьліты ў нашай сьвядомасьці, што твораць адно цэлае, адну пэўную граматычную форму, напр., форму наступнага (будучага) часу дзеясловаў незакончанага трываньня ці прошлага складанага.
Як відаць з апошніх прыкладаў, да сустаўнога выказьніка адносяцца й формы дзеяслова залежнага значэньня (дзеяпрыметнікі); гэта — формы выказьніка ня проста „складаныя“, але й сустаўныя, бо ў іх даволі выразна адчуваюцца два мамэнты — сувязь і дзеяпрыметнік, а ў самым дзеяпрыметніку мы выразна адчуваем другі назоўны склон: „Тут будзе пабудована школа“.
Другі назоўны склон сустаўнога выказьніка і выражае сабою прымету, якая прыпісваецца дзейніку. Выніканьне прыметы з дзейнасьці прадмета-дзейніка або трывальнасьць прыметы азначае дзеяслоў, што ўваходзіць у склад сустаўнога выказьніка.
Дзеля таго, што прымета, якая прыпісваецца дзейніку, выражаецца другім назоўным склонам назоўніка йменнага, прыметніка ці дзеяпрыметніка, то на долю дзеяслова ў сустаўным выказьніку застаецца толькі чыста формальная роля — азначаць адносіны такой прыметы да дзейніка, зьвязваць прымету з дзейнікам. У простым выказніку гэтая сувязь прыметы (дзеяньня ці стану) з дзейнікам выражаецца дапасаваньнем дзеяслова да дзейніка ў ліку й асобе, і тое, што ў простым выказьніку выпаўняецца асабовымі канчаткамі дзеяслова, робіць увесь дзеяслоў у сустаўным выказьніку. З гэтае прычыны дзеясловы сустаўнога выказьніка або ня маюць ніякага матарыяльнага зьместу (ён стаў разумны), або маюць вельмі аслабленае значэньне (у маркоце дзень здаецца вялікі). Дзеля гэтага яны й называюцца сувязьзю і вельмі часта прапускаюцца, асабліва сувязь „ёсьць“ (цяперашняга часу), напр.: Першае дзіцятка — панятка. Ён хворы. Мы рады. Школа пабудована.
Але калі сувязь прапускаецца, то гэта ня значыць, што яна зьнікае: зьнікла толькі яе гукавая форма, г. зн., яна не называецца, або не вымаўляецца, але яна мысьліцца. Адсутнасьць гукавой формы сувязі служыць у такіх разох спосабам выразіць цяперашні час. Калі мы скажам, напрыклад, „ён быў купец“, „ён быў хворы“, то гэта — прошлы час; калі скажам: „школа будзе пабудована“", то гэта — наступны (будучы) час; а калі няма ні „быў“, ні „будзе“, то гэта цяперашні час. Значыць, адсутнасьць гукавой формы для сувязі мае асобнае граматычнае значэньне, становячы пэўную сынтаксычную форму. І, значыць, ня выражаная сувязь („ёсьць“) на дзеле тут ёсьць: яна мысьліцца.
Бываюць, аднак, выпадкі, калі сувязь „ёсьць“ называецца, вымаўляецца, напр.: „граматыка ёсьць навука аб слове“, „стараннасьць ёсьць канечная ўмова ў кожнай пільнай справе“ і т. далей. Але гэта звароты кніжныя; звычайная, разгаворная мова больш любіць звароты бяз „ёсьць“. Часта заместа „ёсьць“ ставіцца займеньнік „гэта“; мы кажам, напрыклад, „стараннасьць — гэта канечная ўмова…“; займеньнік „гэта“ ў такіх разох становіць сабою прыдатак да дзейніка, а разам з тым падмяняе неназваную сувязь.
в) Падвойным выказьнікам называецца такі выказьнік, што выражаецца двума дзеясловамі; адзін дзеяслоў мае асабовую форму, а другі — неазначальную форму (інфінітыў), — прычым першы не належыць да „дапаможных“ дзеясловаў, напр.: хачу вучыцца, перастаў ленавацца, пашлі піць, прашу пазычыць і т. далей.
У падвойным выказьніку ясна выступаюць два мамэнты, якія ня зьліваюцца ў вадну дзеяслоўную форму, як гэта бывае ў складанай форме наступнага (будучага) ці прошлага часу, бо асабовы дзеяслоў — не дапаможны, хоць і тут ён часта ня мае поўнага матарыяльнага значэньня, напр.: „стаў ленавацца“; тут дзеяслоў „стаў“ азначае зусім ня тое, што ў сказе „ён стаў на стол“.
Адрозьніваюць два віды падвойнага выказьніка: 1) адзін від — гэта той, дзе неазначальная форма (інфінітыў) адносіцца да тае самае асобы, каторая выражана асабовым дзеясловам, напр.: баюся спазьніцца, г. зн., баюся, каб я не спазьніўся; 2) другі від — гэта той, дзе неазначальная форма адносіцца да другой асобы, каторая выражана дапаўненьнем, а не асабовай формай дзеяслова, напр.: прашу вас зайсьці да мяне, г. зн., прашу, каб вы зайшлі да мяне; дапаўненьне ў такіх разох часта мысьліцца само сабою, напр.: прашу не гаманіць.
У падвойным выказьніку часта першая частка, што звычайна выражаецца дзеясловам у васабовай форме, становіць сабою сустаўны выказьнік, напр.: Рад любавацца я кветкай убогай; тут першая частка падвойнага выказьніка сустаўная: „ёсьць рад“.
А нарэшце трэба памятаць, што няма выказьніка без асабовага дзеяслова, за выключэньнем тых разоў, калі ён выражаны інфінітывам.
1. Сувязь сустаўнога выказьніка. Сувязьзю ў сустаўным выказьніку звычайна бываюць формы дзеяслова „быць“, які, апрача матарыяльнага (сапраўднага) значэньня, „існаваць“ (У паноў было ігрышча), можа ўжывацца чыста формальна, з вельмі аслабленым матарыяльным значэньнем (Асіна „бывае“ прыгожая ў восень. Час „быў“ асеньні).
У гэтых прыкладах „быць“ мае сапраўднае, матарыяльнае значэньне, і тут „быць“ зьяўляецца простым выказьнікам.
Радзей прапускаюцца іншыя формы дзеяслова „быць“, напр.: быў — „Хто-б дзятла знаў, калі-б не яго (быў) доўгі нос“; была-б: „Не глядзі — бяла́, абы рабоча была“; будуць: „Я вазьму сабе камлі, а табе, дзед, (будуць) вяршкі“; няхай будзе: Дабранач вам! Дабрыдзень! Дзень добры ў хату!
У выказьніках з адмоўнасьцю — „ёсьць“ або прапускаецца (Ня ўсё то золата, што блішчыць. Невялікая бяда, што бяз рыбы серада), або скрытна выражаецца словам „няма“, напр.: Яго няма дома. Солі няма, хлеба няма.
У гэтых прыкладах дзеясловы ня маюць патрэбнай паўнаты свайго значэньня, каб выразіць выказьнік бяз прыметніка, як, напрыклад, у такіх сказах, дзе яны служаць простым выказьнікам. Стаіць крыніца — сьветлая вадзіца. Прыбіты вадою на срэбраны гак, ляжыць невядомы бядак (Я. Кол.).
2. „Трэба“. Да назоўнікаў іменных у другой частцы (недзеяслоўнай) сустаўнога выказьніка належыць і слова „трэба“, якое некалі было назоўнікам іменным жаноч. роду, як „просьба“, але страціла цяпер сваё даўнейшае значэньне, перастала скланяцца (хоць і цяпер можна пачуць яго ў ускосным склоне,
напр.: „поп паехаў з трэбаю“, адгэтуль прыказка: „Трэбнік (кніжка, малітвенік) — папоўскі хлебнік“) ды абярнулася ў нязьменнае слова, стаўшы як-бы прыслоўем; даволі часта „трэба“ ўжываецца ў скарочанай форме „трэ‘“, напр.:4. Прыметнікі. Калі ў склад сустаўнога выказьніка ўваходзіць прыметнік ці дзеяпрыметнік ад дзеяслова залежнага значэньня, то бывае дапасаваньне з дзейнікам у склоне, родзе й ліку.
Прыметнікі ў складзе сустаўнога выказьніка звычайна бываюць у поўнай форме, але ў народнай поэзіі найчасьцей яны ўжываюцца ў скарочанай форме.а)Прыклады на поўныя формы прыметнікаў: Сусед быў вельмі багаты. Сам харошанькі, стан прыгожанькі. Дзьверы былі залезныя, таўшчэразныя. Пастухі былі галодныя. Жонка была вельмі языкатая. Мой татачка харош, мачыха ліхая: ня пускае на вуліцу, што я маладая. Сам багаты, каптан махнаты. Прымусная работа самая цяжкая. Месца было вельмі сухое. Наш брат малады, яго вус залаты. Наш брат маладзенькі, яго вус залаценькі. Дзела бытае, даўно забытае.
б)Прыклады на скарочаныя й сьцягнутыя формы: Грошы круглы, адтаго й коткі. Вялік пень, але дурань. Наш каравай быў ясен, красен. Брат ня так рад брату, як яго шмату. Мудзер лях па шкодзе. Сінь васілёчак, сіў галубочак. Каб наша маладая была весяла, каб наша рутачка была зеляна̀. Ты хароша, як ружовы квеце. Скажу, пан, табе бяз спорак: стаў мне хлеб твой горак. А мой муж ні ліх, ні дабёр: ня купляе мне ні ліс, ні бабёр. Да яшчэ-ж я і ня стар: яшчэ вус мой сіў ня стаў.Іншыя прыклады: Не магучы ўстаць, дзед толькі паківаў галавою. Яны былі не дзяліўшыся. Ён яшчэ ня прыбраўшыся, ня мыўшыся. У яго была наняўшы кватэра.
У гэтых прыкладах пры дзеяпрыслоўях або стаіць навочна дапаможны дзеяслоў, або лёгка мысьліцца. Тут мы знаходзім: дзеяслоў+сувязь+дзеяпрыслоўе для выказьніка: „У яго была (ёсьць) наняўшы (нанятая) кватэра“.Увага. У некаторых гаворках (на Магілеўшчыне й Віцебшчыне) дзеяпрыслоўе проста падмяняе дзеяслоўную зьменную форму выказьніка, напр.: „Яна туды замуж пашоўшы (пашла)“. „Маці памёршы, толькі тры дні не засьпеў“. „Што-б быўшы (быў) я за гаспадар, каб не паглядзець, што тут робіцца“. „Першы сын радзіўся — невядома дзе дзеўся, а чацьвёра жывых астаўшыся“. „Глянуў ён, а ў таго і дух замёршы (замёр)“.
Такім парадкам, калі ў склад сустаўнога выказьніка ўваходзіць сувязь з некаторым матарыяльным (рэяльным, назыўным) зьместам, што азначае конкрэтнае дзеяньне ці стан, то дзеяпрыметнік ужываецца і ў сучаснай мове, але ён ужо не зьмяняецца ў родзе і не скланяецца, г. зн., абярнуўся ў дзеяпрыслоўе. Покі гэты дзеяпрыметнік скланяўся ды дапасоўваўся з дзейнікам, то адносіўся да дзейніка, служачы яго азначэньнем ці скланяльнаю часткай сустаўнога выказьніка; калі-ж ён перастаў зьмяняцца, абярнуўшыся ў дзеяпрыслоўе, то, патураючы іншым прыслоўям, што паясьняюць дзеяслоў, стаў адносіцца да дзеяслова, служачы яго прыдаткам (бач. § 32,6).
8. Прыметнікі адносна-прыналежныя ў множным ліку страцілі розьніцу ў родах, напр.: гэта грошы бацькавы, скрыні матчыны, дзеці цётчыны, як дзеясловы прошлага часу множн. ліку: мужчыны касілі, жанкі жалі, дзяўчаты падавалі, сёлы гарэлі і т. далей.
10. Займеньнікі. У сустаўным выказьніку бываюць і займеньнікі, хоць таксама вельмі рэдка; найчасьцей у складана-залежных сказах, напр.: Хто там? Гэта — я. Я не твая буду. Чый ты, хлопчык? А чые то коні? Якія мы самі, такія нашы й сані. Якое дрэва, такі й клін: які бацька, такі й сын.
11. Парушэньне дапасаваньня. Прыметнікі й дзеяпрыметнікі (сюды належаць і дзеясловы прошлага часу, бо яны зьмяняюцца ў родзе, як прыметнікі) звычайна дапасоўваюцца з дзейнікам у родзе й ліку. Бываюць, аднак, выпадкі, калі гэтага дапасаваньня няма. Гэта здараецца ў тых разох, калі зьмест сустаўнога выказьніка пашыраецца на ўвесь сказ; тады прыметнік ставіцца ў ніякім родзе адзіночнага ліку. Такі спосаб выражэньня сустаўнога выказьніка становіць першую ступень да пераходу к безасабовым сказам. Напрыклад: Зьбеглася на пожар поўсяла. Пара коняй зноў прапала. У яго ўкрадзена грошы.
Асабліва часта ня бывае дапасаваньня ў тых разох, калі дзейнікам павінен быў быць назоўнік лічэбны, бо назоўнікі лічэбныя, перастаўшы конкрэтна мысьліцца, страцілі свой род (§ 27, а, 8), і выказьнік найчасьцей ставіцца ў ніякім родзе, які ня рысуе нашай сьвядомасьці конкрэтнага роду, напр.: Прайшло гадоў мо‘ з пяць або шэсьць. Было ў бацькі тры сыны. Было там двох мужчын і адна кабета.
Часам ніякі род дзеяпрыметніка адчуваецца ўжо, як прыслоўе, напр.: Усё жыцьцё так і засталіся пальцы значна.
Прыслоўе ў сустаўным выказьніку ня бывае пры дзеясловах „быць“ і „стаць“, калі гэтыя дзеясловы ня маюць поўнага зьместу; у такіх разох стаіць другі назоўны або творна-прыладны прэдыкатыўны. Нельга, напрыклад, сказаць — заместа „ён быў разумны“ ці „ён стаў разумным“ — „ён быў разумна“ ці „ён стаў разумна“. Выключэньне бывае толькі ў тых разох, а) калі дзейнік выражан займеньнікам ніякага роду „гэта“, б) або калі зусім няма дзейніка, г. зн., у сказах безасабовых. Так, мы гаворым: „гэта было добра“, „гэта было кепска“, дзе дзейнікам будзе займеньнік ніякага роду „гэта“. Далей, мы кажам: „нам было маркотна“, „мне было весела“, „у хаце было горача“, „на дварэ стала холадна“, дзе дзейніка няма: гэта — безасабовыя сказы.
Вельмі часта другі назоўны склон у сустаўным выказьніку падмяняецца творна-прыладным склонам. Напрыклад, заместа „яна мне даводзіцца цётка“, можна сказаць: „яна мне даводзіцца цёткаю“, або заместа „сталіца Англіі называецца Лёндон“ — „сталіца Англіі называецца Лёндонам“ і т. далей.
Гэта зусім розныя, паводле свайго граматычнага ладу, звароты ў мове. Другі назоўны склон становіць сабою другую, скланяльную, частку сустаўнога выказьніка (дзеля чаго ён і дапасуецца з дзейнікам), а дзеяслоў пры ім служыць сувязьзю. Творна-прыладны-ж склон, разумеецца, не дапасуецца з дзейнікам, а гэта значыць, што ён граматычна (формальна, паводле свайго канчатку) да яго не адносіцца. З гэтае прычыны яго ўжо нельга лічыць другою часткаю сустаўнога выказьніка. У такіх моўных зваротах (сказах) выказьнік выражаецца ўжо тым дзеясловам, што пры другім назоўным быў сувязьзю, напр.: „яна мне даводзіцца цётка“ — „яна мне даводзіцца цёткаю“; тут ранейшая сувязь „даводзіцца“ (першы прыклад) абярнулася ў просты выказьнік (другі прыклад). Таксама ў сказе: „сталіца Англіі называецца Лёндон“ — сустаўны выказьнік („называецца Лёндон“), а ў сказе „сталіца Англіі называецца Лёндонам“ — просты выказьнік („называецца“), бо тут няма другога назоўнага склону: ён падмяніўся прыладным склонам.
Тут трэба зьвярнуць увагу вось на што: у беларускай мове, калі другі назоўны склон перастае быць выказьнікам ды прымае такі зварот, што азначае зьмену ў стане прадмета, то ён падмяняецца ня творна-прыладным, а родным з прыназоўнікам „за“, напр.: „Ён быў настаўнік. — Ён быў за настаўніка“. „Ён быў пастух. — Ён быў за пастуха“ і т. далей.
Такое дапаўненьне ў творна-прыладным або ў родным склоне з прыназоўнікам (і без прыназоўніка, бач. ніжэй § 29, 5), каб адрозьніць яго ад іншых дапаўненьняў у гэтых склонах, называецца творна-прыладным прэдыкатыўным, або проста прыладным прэдыкатыўным, і родным прэдыкатыўным.
Слова „прэдыкат“ — лацінскае, значыць — „выказьнік“, а слова „прэдыкатыўны“ — выказальны. Дзеля гэтага другі назоўны склон, што становіць другую частку сустаўнога выказьніка, называецца назоўным прэдыкатыўным. Прыладны або родны сталі на яго месцы, і хоць яны не зьяўляюцца ўжо часткаю выказьніка, але, заступаючы назоўны прэдыкатыўны, захавалі ў сабе некаторую долю прэдыкатыўнасьці (выказальнасьці); гэтым яны й розьняцца ад іншых падобных склонаў.
Сказы з назоўным прэдыкатыўным (а значыць, і з прыладным i родным прэдыкатыўным) можна падзяліць на дзьве групы: а) да першае групы належаць тыя сказы, у якіх назоўны прэдыкатыўны выражан назоўнікам іменным. (Яна мне даводзіцца цётка. Ён завецца Адам. Сталіца Англіі называецца Лёндонам. Яго дражняць рысем); б) да другое групы належаць усе тыя, у якіх другі назоўны выражан прыметнікам. (Ён стаў разумны. Яна была хмурная).
1) Пры дзеясловах „стаяць“, „сядзець“, „хадзіць“ і некаторых іншых, што азначаюць спакойнае прабываньне на месцы, прыладны прэдыкатыўны ад прыметнікаў у беларускай мове ня ўжываецца. У такіх разох стаіць назоўны прэдыкатыўны. Мы кажам, напрыклад: „Ён ходзіць хмурны“, „яна сядзіць адзінокая“, але ня скажам: „Ён ходзіць хмурным“, „яна сядзіць адзінокаю“ і т. далей.
2) Пры навочнай сувязі „ёсьць“ у беларускай мове прыладнага прэдыкатыўнага ня бывае. Ня можна, напрыклад, сказаць: „Ты ёсьць надзеяй маёю, абаронцам і заслонаю“, а трэба сказаць: „Ты — надзея мая, абаронца й заслона“.
4) У некаторых выпадках (пры сувязі з матарыяльным значэньнем) прыладны прэдыкатыўны назоўнікаў іменных выражае сабою: а) параўнаньне, б) падабенства або спосаб дзеяньня, в) абарачэньне, г) час або ўзрост.
а) Прыладны параўнаньня: Злотам іскры скачуць. Малайцом маладзіца! Кулём скінуўся з вышак. Хіцёр мудзёр Ясенька: пад двор падышоў ракою, у варотах стаў вярбою, па двары пашоў сьвячою, а ў сені ўляцеў сакалом, а ў хату ўвайшоў малайцом.
6) Прыладны падабенства, або спосабу дзеяньня: Няхай ляжыць калодаю! Ён яшчэ малады, а выглядае старым дзедам.
в) Прыладны абарачэньня: Ой скінуся я зязюлькаю ды паляту к мамцы ў госьцейкі. Пойдзем, братка, у чыста поле, абернемся мы травою: ты, братачка, — сіні цьвет, я, сястрыца, — жоўты цьвет.
г) Прыладны часу, або ўзросту, вельмі падобен да прэдыкатыўнага, напрыклад: Гэту байку чуў я яшчэ хлапчуком. Мы рассталіся з ім маладымі, а сустрэліся старымі. Калі я была дзяўчынаю…
Гісторыя мовы паказвае, што прыладны прэдыкатыўны якраз і вытварыўся пад уплывам зваротаў з прыладным падабенства, параўнаньня ці абарачэньня. Гэты прыладны далёка старэйшы за прыладны прэдыкатыўны. Тут, у гэтых формах, на нашых вачох вытвараюцца прыслоўі ў форме назоўнікаў прыладнага склону, як „ісьці пехатою“, „браць гвалтам“, „сядзелі разам“ і так далей. Прыладны падабенства, параўнаньня, абарачэньня, часу ці спосабу дзеяньня траціць сваё лексычнае значэньне, а „лексычным значэньнем“ называецца тое паняцьце, што выражаецца словам. У сказе „Абернемся мы травою“ слова „травою“ ня мае таго матарыяльнага значэньня, якое яно мае ў сказе: „Мяжа зарасла травою“. Вось гэтая страта словам свайго лексычнага значэньня ў пэўных моўных зваротах і абарачае яго паступова ў прыслоўе.
5) Прыладны прэдыкатыўны заместа другога вінавальнага. Прыладны сустракаецца ня толькі там, дзе даўней і цяпер яшчэ стаіць другі назоўны, але й там, дзе даўней стаяў другі вінавальны, які цяпер ужо ня ўжываецца. Напрыклад, даўней сказалі-6: „Праз доўгі час я сустрэў яго дзеда“. „Яго выбралі стараста“, дзе словы „дзеда“, „стараста“ стаялі ў другім вінавальным склоне (у першым стаіць займеньнік „яго“), а цяпер кажуць: „Праз доўгі час я сустрэў яго старым дзедам“. „Яго выбралі за старасту“, дзе слова „дзедам“ стаіць у прыладным склоне, а слова „за старасту“ — у вінавальным з прыназоўнікам „за“, бо азначае зьмену ў стане прадмета.
Прыметнікі ў такіх разох і цяпер яшчэ найчасьцей стаяць у другім вінавальным склоне, напр.: „Я застаў бацьку хворага, слабага“.
Другі вінавальны даўней адносіўся да дапаўненьня ў вінавальным склоне, якое было першым вінавальным, напр., у нашых прыкладах словы „дзеда“, „хворага, слабага“ адносіліся да першага вінавальнага: „яго“, „бацьку“. Цяпер гэтае дапасаваньне раскідалася падменаю вінавальнага склону прыладным або вінавальным з прыназоўнікам „за“, калі будзе зьмена ў стане прадмета — у назоўніках іменных заўсёды, а ў прыметніках — у пераважнай большасьці. І тут таксама прыладны склон стаў на месцы старога вінавальнага пад уплывам зваротаў з прыладнымі падабенства, параўнаньня, абарачэньня, спосабу дзеяньня або часу, якія ўсе, як паказвае гісторыя мовы, старэйшыя за прыладны прэдыкатыўны.
Апрача прыладнага прэдыкатыўнага, ёсьць яшчэ родны прэдыкатыўны, які вызначаецца тым, што пры ім стаіць прыметнік, дапасованы з ім (г. зн., азначэньне), напр.: „І харош, і прыгож, высокага росту“. „Ён і гідак, ён і брыдак, і нізкага росту“. „Я ня панскага роду“.
Гэта форма аб‘ясьняецца пропускам другога назоўнага склону: „Я (чалавек) ня панскага роду“. Калі другі назоўны перастаў называцца, або калі прапушчаны другі назоўны перастаў мысьліцца, тады сустаўны выказьнік („ёсьць чалавек“) абярнуўся ў просты, г. зн., дзеяслоў („ёсьць“ або „быў“) стаў, заместа сувязі, незалежным выказьнікам, а ранейшае дапаўненьне ў родным склоне з сваім азначэньнем цяпер прымкнула да дзеяслова ў якасьці роднага прэдыкатыўнага з прыметнікам-азначэньнем.
Як відаць з прыкладаў, родны прэдыкатыўны стаіць пры дзеяслове „быць“ без рэяльнага зьместу, але здараецца гэты родны склон пры дзеяслове „здавацца“: Ён здаваўся высокага росту.
У беларускай мове родны прэдыкатыўны сустракаецца бяз прыметніка-азначэньня, напр.: Гэта праўды было? Ці-ж гэта праўды, каб шчупак да хвоі прыліп?
Існаваньне ў мове сустаўнога выказьніка аб‘ясьняецца тым, што некаторыя дзеясловы самі па сабе або у некаторых асаблівых выпадках ня могуць выразіць тае прыметы, якая прыпісваецца або трэба прыпісаць (нада́ць) прадмету, як прымету, якая вынікае з прадмета. Тады гэтая прымета выражаецца, як мы бачылі, назоўнікам, прыметнікам, дзеяпрыметнікам і нават нязьменнай часьцінай мовы (прыслоўем).
Але часам і такім спосабам нельга выказаць таго, што нам трэба. Тады да асабовага дзеяслова дадаецца яшчэ неазначальная форма (інфінітыў) і такім спосабам вытвараецца падвойны выказьнік, г. зн., выказьнік з двух дзеясловаў.
Як мы ведаем, неазначальная форма (інфінітыў) сваім пахаджэньнем становіць дзеяслоўны назоўнік, які перастаў цяпер скланяцца. Пастаянная сувязь яго ў мове з дзеясловамі ў асабовай форме так цесна зьвязала яго (інфінітыў) з дзеясловам, што ён стаў мысьліцца, як дзеяслоў, зьвязаны з асобай. Сам па сабе інфінітыў (неазначальная форма) не азначае ніякай асобы, але, стоячы ў мове пры асабовай форме дзеяслова, можа адносіцца да ўсіх асоб, нават да неазначальных. Дзеля таго, што інфінітыў цесна прымкнуў да асабовага дзеяслова, ён можа ўваходзіць у склад выказьніка, а часам і быць нават выказьнікам (§ 29, 1, а). У падвойным выказьніку можна правесьці поўную паўзьбежнасьць (паралель) з сустаўным выказьнікам, напр:
Некаторыя асабовыя дзеясловы ў гэтых прыкладах маюць і сваё лексычнае значэньне, але яны тут пастаўлены больш для формальнай сувязі з дзейнікам.
У вапошніх двух прыкладах неазначальная форма стаіць на месцы даўнейшага дасягальнага дзеяслова, які выражаўся такімі формамі: паслат, глядзет, з „т“ на канцы.
Сюды трэба аднесьці й такія безасабовыя звароты: „досьць ім яблык хацецца!“, „досыць ім спаць хацецца!“ (досыць ім спат хацецца).
3) Бываюць такія сказы, калі неазначальная форма стаіць далёка ад асабовага дзеяслова. У старых граматыках гэты інфінітыў (неазначальная форма) называўся дапаўненьнем, а часам нават акалічнасьцю мэты[8]. Такая неазначальная форма можа быць да
некаторай ступені заменена дзеяслоўным назоўнікам у тых разох, дзе яна прымалася за дапаўненьне, але гэта ня можа быць дапаўненьнем, бо адносіны назоўніка да дзеяслова выражаюцца склонавымі канчаткамі, а неазначальная форма гэтых канчаткаў якраз і ня мае. Прыклады:Мы ужо ведаем, што безасабовым сказам называецца такі сказ, што не дапускае граматычнага пытаньня хто? або што? г. зн., што ў безасабовым сказе няма і нельга паставіць такога слова, да якога можна было-б дапасаваць выказьнік, калі ён выражан асабовым дзеясловам.
Цяпер трэба паглядзець, як выражаецца выказьнік у безасабовым сказе.
У такіх безасабовых сказах часта ўжываецца слова „яно“ ў якасьці формальнага (несапраўднага) дзейніка, напрыклад: Яно можа й распагодзіцца. Яно ўжо й добра разьвіднелася, як мы падыходзілі да места (гораду).
У сказе „Горка зьесьці — жаль пакінуць“ назоўнік іменны „жаль“ мае роўнае значэньне з прыслоўем „горка“. Даўней усе прыслоўі ў прыведзеных прыкладах мысьліліся назоўнікамі йменнымі, як цяпер слова „жаль“.
5) Калі ў безасабовым сказе выказьнікам служыць неазначальная форма (інфінітыў), напр.: „Нашто козамі сена травіць? Блізка відаць, да далёка дыбаць“, то пры гэтай форме выказьніка можа быць дапаўненьне аднаго кораню з інфінітывам; дапаўненьне гэтае ставіцца ў прыладным склоне для памацненьня, напр.: „Слыхам ня слыхаць; і чувом чуваць, і відом відаць“.
У гэтых сказах даўней неазначальная форма (інфінітыў) ня была выказьнікам; выказьнікамі былі формы дзеясловаў „ёсьць“, „быць“, якія цяпер прапускаюцца.
б) Безасабовыя сказы з выказьнікамі „няма“, „нямашака“, „нямаш“, „ёсьць“.
Пры выказьніку „ёсьць“ часам і роднага склону няма, напр.: Калі ёсьць у мяшку — будзе і ў гаршку.
7) Толькі зараджэньне безасабовых сказаў трэба бачыць у такіх сказах, дзе пры навочным дзейніку выказьнік, які зьмяняецца ў родах, не дапасоўваецца з ім. Асабліва лёгка парушаецца дапасаваньне, калі выказьнік стаіць перад дзейнікам, напр.: Ішло-пашло карагод дзявок.
Часам пры выказьніку нібы й ёсьць формальны дзейнік, але значэньне яго так няпэўна, што гэта слова становіцца акалічнасьцю, звычайным паясьненьнем да выказніка, напр.: Тады назьбіралася іх багата (або многа). Трошкі гароху ня ўлезла ў мех.
Часта й такога няпэўнага дзейніка няма; у такіх сказах сапраўдны дзейнік ставіцца ў творна-прыладным склоне: Дзе гноем сьмярдзіць, там і радзіць. Дзе сала кіпіць, там людзей кішыць.
8) Асабліва лёгка пераходзяць у безасабовыя тыя сказы, дзе дзейнікам павінен быць назоўнік лічэбны, напр.: Трыццаць казакоў заснула. Было ў бацькі тры сыны.
У гэтых прыкладах назоўнік лічэбны стаіць у назоўным склоне, але замест назоўнага можа стаяць у родным, часам з прыназоўнікам, напр.: Двух братоў рыбаловы. Нас было трох, дваццацёх. У каго гэта ў вас косіць шасьцёх касцоў. Двох гаспадароў арэ. Прышлі ў дзесяцёх, сабраліся ў дванаццацёх, ідуць у двох.
9) Безасабовыя сказы мы маем у тых разох, калі выказьнік выражан дзеясловам адзіночнага ліку прошлага часу ніякага роду, а пры ім стаіць, у якасьці дапаўненьня, назоўнік лічэбны ў вінавальным склоне або прыслоўе колькасьці (шмат, многа, мала, колькі), а да назоўніка лічэбнага, пачынаючы з „пяць“, або да прыслоўя колькаснага адносіцца дапаўненьне ў родным склоне, напр.: прайшло пяць год, мінула гадоў з дзесяць, памерла шэсьць чалавек, засталося яшчэ рублёў колькі, шмат было клопату, многа было работы, гэта здаралася некалькі раз і т. далей.
У такіх сказах дзейніка няма, бо няма назоўнага склону: тут назоўнік лічэбны стаіць у вінавальным склоне. Пры лічэбніках-дзейніках, пачынаючы з „пяць“, выказьнікі стаяць у множным ліку, напр.: пяцёра засталіся жывы, а трое памерлі; дзесяць год прайшлі неўзаметкі; пяць мужчын сядзелі за сталом.
Калі гэтае дапасаваньне парушаецца, г. знач., калі мы скажам: „за сталом сядзела пяць чалавек“, „засталося дзесяць рублёў“, то гэта значыць, што тут лічэбнікі перасталі быць дзейнікамі; тут дзеяслоў-выказьнік не адносіцца да іх, бо не дапасован да іх, і лічэбнікі сталі дапаўненьнямі ў вінавальным склоне на пытаньне „колькі“.
Такім парадкам, формы: „сто рублёў прапалі“, „пяць чалавек ішлі па вуліцы“, „дзьвесьце рублёў ляжалі ў шуплядзе“ (з дапасаваньнем у множным ліку) становяць сказы асабовыя; тут дзейнік-лічэбнік стаіць у назоўным склоне, а пры ім — дапаўненьне ў родным склоне множнага ліку (трыста вёрст).
10) Таксама такія звароты ў мове, як „за сталом сядзіць пяць чалавек“, „было ў бацькі тры сыны“, трэба разглядаць, як асабовыя сказы; у першым сказе выказьнік будзе „сядзіць“, а дзейнік — „пяць“, у другім сказе выказьнік — „было“, а дзейнік — „тры“; прычым, у першым прыкладзе слова „чалавек“ будзе дапаўненьнем у родным склоне множн. ліку, а ў другім слова „сыны“ — прыдатак да дзейніка „тры“.
11) Як ведама (§ 3, 4), назоўнікі лічэбныя два, дзьве, тры, чатыры, абодва, абедзьве ў беларускай мове дапасуюцца з назоўнікамі йменнымі. У такіх разох іх трэба разглядаць, як прыдаткі. Напрыклад: „прышлі тры мужчыны; жылі сабе тры браты; пад лаваю ляжалі абодва тапары, абедзьве кнігі. Ішлі тры чэнчыкі, знайшлі крывулечку — цераз тын ды ў вулачку (пальцы, ложка й рот). Ляцелі тры галіцы, селі каля праліцы (прасла). Прайшлі тры гады, як адзін дзень.
Пры злучэньні гэтых лічэбнікаў з назоўнікамі йменнымі жаноч. й ніякага роду апошнія вельмі часта зьмяняюць націск, напрыклад: дзьве, тры, чатыры, абедзьве сястры, рукі, нагі; два, тры, чатыры, абодва акны, сялы, вядры, ярмы і т. далей.
Множны лік ад гэтых слоў мае націск на аснове: сёстры, рукі, ногі, вокны, сёлы, вёдры, ёрмы.
Здараюцца пры гэтых лічэбніках і назоўнікі йменныя мужчынскага роду з націскам на канчатку, напр.: два, тры, чатыры, абодва кані, рагі; у множным ліку націск стаіць на аснове: коні, рогі. (Аб‘ясьненьне бач. y § 27, б, 3, 3).
У нашай мове звычайным выказьнікам бывае дзеяслоў у васабовай форме. Асабовы дзеяслоў найлепей, навочней выражае прымету чыннасьці дзейніка, напр.: У школу заўтра пойдзе іх сынок Ігнатка. Няпрыветна цераз вокны ночка пазірае.
Такія выказьнікі, зложаныя з двух дзеясловаў, каб дакладней выразіць пэўнае дзеяньне, падобны да падвойных назоўнікаў іменных, як траўка-мураўка, папараць-кветка, салавей-птушка, песьня-весялушка, вясельле-разгул, пацеха-забава, рыба-плотка, хвоя-веліч і інш..
У такіх простых выказьніках другі дзеяслоў можна разглядаць, як прыдатак да першага. Часам такі падвойны просты выказьнік разьбіваецца дзейнікам, напр.: Ой ляцелі гусі з Беленькае Русі, селі яны палі на ціхім Дунаі (п.).
3) Асоба, лік, час, лад, стан, трываньне. Просты выказьнік-дзеяслоў выражае: 1) асобу, 2) лік, 3) час, 4) лад, 5) стан, 6) трываньне. Гэтыя дзеяслоўныя формы трэба разгледзець паасобку.
4) Выражэньне асобы. Зьмена ў асобах — істотная асаблівасьць дзеяслова; гэта яго ўласьцівасьць, якою ён розьніцца ад іншых зьменных часьцін мовы.
Асоб — тры для адзіночнага й множнага ліку (я — мы, ты — вы; ён, яна, яно — яны), але калі прыняць пад увагу яшчэ безасабовыя сказы, напр.: „дзе п‘юць, там і льлюць“, то можна мысьліць чацьвёртую аcoбу — неазначальную і нават пятую — уяўную (Сьвітае. Грыміць. Разьвідняецца).
Але прыпушчэньне такіх асоб магчыма толькі па сэнсу, а не граматычна, а ў сынтаксе граматычныя формы толькі й разглядаюцца. Для названых асоб (неазначальнай і ўяўнай) дзеясловы ў нашай мове ня маюць асобных формаў, і такім парадкам застаюцца толькі тры асобы для адзіночнага й множнага ліку.
Асабовыя канчаткі адказваюць дзейніку-асобе, каторая гаворыць (я — мы), або да каторай гавораць (ты — вы), ці пра каторую гавораць (ён, яна, яно — яны).
1) Калі дзейнік абнімае розныя асобы, то выказьнік ставіцца ў множным ліку (§ 3, 3): Ані я, ані ты ня ўмеем работы. Маці ваша і вы застаняцеся сіратамі. Твой швагра й я ведаем гэта даўно.
2) Не дапасуецца ў асобе з дзейнікам толькі дзеяслоў „ёсьць“, які можа ўжывацца ў розных асобах і ліках, напр.: Я ёсьць адзін у хаце. Ня ёсьць ты cілён. Вучні вы ёсьць, і вучыцца вам трэба.
3) У разгаворнай мове, калі асабовы займеньнік „ты“ падмяняецца словамі „ягомасьць“, „імасьць“, „вашаць“ і інш., то ўжываецца 3-яя асоба заместа 2-ой (§ 28, 2, 3).
4) Калі асоба, каторая гаворыць, перадаючы чужыя словы, хоча паказаць, што гэта словы не яго, а іншай асобы, то ўжываецца асобная дзеяслоўная форма 3-яй асобы адзін. ліку цяперашняга часу — „кажа“ (у старасьвецкай кніжнай мове — „дзей“): я, кажа, даўно гэта ведаў. Пойдзем, кажа, на раздабыткі. Я дзе наўперад гэта ведаў.
Гэтыя дзеяслоўныя формы могуць стаяць пры ўсіх асобах.
5) Выражэньне ліку. Лік, у якім ставіцца асабовая форма дзеяслова, таксама вызначаецца дзейнікам, напр.: Ні бацька мой ня курыў, ні дзед ня курыў — усе мае сродзічы ня курылі.
2) Пры дзейніку, выражаным назоўнікам зборным, выказьнік даўней ставіўся звычайна ў множным ліку, асабліва, калі размова йшла аб прадметах жывых, напр.: Засьпявайце яму ўся зямля! Цяпер такія звароты сустракаюцца вельмі рэдка: Няхай нас рада разьбяруць!
4) Звычайна выказьнік дапасоўваецца з дзейнікам у ліку. Ад гэтага палажэньня здараюцца такія адступленьні:
а) выказьнік ставіцца ў адзіночным ліку пры некалькіх дзейніках у тых разох, калі выказьнік стаіць перад дзейнікамі; дапасаваньне тут бывае з бліжэйшым дзейнікам, напр.: Вісіць шапка з паяском. Прышла ведзьма з вараньнём.
Сюды належыць форма адзіночнага ліку выказьніка пры назоўніках лічэбных, калі выказьнік стаіць перад лічэбнікам, напр.: Ідзе дванаццаць малайцоў. Расьце шэсьць дубоў.
Але пры лічэбніках можа быць і множны лік, напр.: Выбягаюць дванаццаць разбойнікаў. Стаяць дзьве дзяўчыны.
б) Пры дзейніку адзіночнага ліку выказьнік ставіцца ў множным ліку, калі пры дзейніку стаіць другое слова у творна-прыладным склоне з прыназоўнікам „з“ (якое лёгка падмяняецца назоўным склонам з „і“), напр.: Тады пераехаў ён да першае жонкі, і там па гэты дзень з сваімі сынамі жывуць.
в) Пры выражэньні пашаны да асобы выказьнік ставіцца ў множным ліку пры дзейніку адзіночнага ліку (§ 27, б, 3), напр.: Стойце, дзядзьку, — не пад‘яжджайце! Мая мама паехалі ў госьці.
г) Пры дзейніку множнага ліку выказьнік, выражаны загадным ладам, можа стаяць і ў адзіночным ліку, напр.: Давай усе ўцякаць. Давайце гуляць у жмуркі! Здрастуй, коні!
У вапошнім прыкладзе слова „здрастуй“, як і „дзякуй“, перастала мысьліцца загадным ладам ды абярнулася ў прыслоўе.
6) Выражэньне часу. Апрача асобы й ліку, дзеяслоў-выказьнік можа выражаць яшчэ часы, г. зн., адносіны дзеяньня к мамэнту мовы; подчас гэтыя адносіны бываюць уяўныя. Часоў у сучаснай беларускай мове тры: 1) цяперашні, 2) прошлы й 3) наступны, але ў старасьвецкай мове іх было больш. Некаторыя страчаныя часы выражаюцца цяпер трываньнямі дзеяслова (§ 29,9).
1) Цяперашні час звычайна азначае дзеяньне або стан, што адбываецца ў мамэнт мовы. Але форма цяперашняга часу ад дзеясловаў закончанага трываньня ўжо даўней ужывалася для азначэньня наступнага дзеяньня; дзеля гэтага часы цяперашні й наступны часта зьмешваюцца (дапасуюцца наст. час, напр., і дапасоўваюцца — цяперашні час). Потым, ёсьць такія дзеяньні й станы, што адбываюцца цяпер — у мамэнт мовы, адбываліся так і раней і будуць так адбывацца; гэта значыць, яны азначаюць зьявы пастаянныя. Бываюць выпадкі, калі дзеяньні (зьявы) прошлага часу мы так жыва перадаем, усё роўна як-бы яны адбываліся перад нашымі вачыма цяпер, у гэты мамэнт. Дзеля гэтага ў ужываньні цяперашняга часу можна адзначыць наступныя асаблівасьці:
Для памацненьня дзеяньня часам дапускаецца паўтарэньне дзеяслоўнае формы, звычайна ў 3-яй асобе, — прычым, другі дзеяслоў бывае яшчэ з прыстаўкаю, напр.: хваліць выхваляе, кляне праклінае.
Як бачым, некаторыя з гэтых прыкладаў цікавы яшчэ й тым, што тут паўторнасьць прошлага дзеяньня, якое адбывалася раней таго мамэнту, калі аб ім гаворыцца, выражаецца: а) формай дзеяслова цяперашняга часу, б) перадаецца таксама паўтарэньнем неазначальнай формы і нават формай загаднага ладу (§ 29, 7, 6).
Ужываньне цяперашняга часу заместа прошлага для наданьня жывасьці мове становіць асаблівасьць жывых славянскіх моў: старой ц.-славянскай мове яна была невядома. У беларускай мове гэта асаблівасьць вельмі пашырана; вядома яна была і даўнейшай беларускай мове.
Сюды належаць і звароты з словам „бывала“, напр.: Мы бывала гуляем, плём; тут пры цяперашнім часе стаіць форма прошлага часу ад „быць“ (бывала) для азначэньня трываласьці дзеяньня, якое доўга ці шмат раз адбывалася.
2) Наступны час азначае, што дзеяньне ці стан наступіць або адбудзецца пасьля таго мамэнту, калі аб гэтым гаворыцца (буду чытаць, напішу, прачытаю).
Наступны час у беларускай мове бывае просты (напішу) і складаны (буду пісаць). Гэты час звычайна выражаецца так:
a) Формаю дзеяслова цяперашняга часу, які мае значэньне закончанага трываньня, асабліва з прыстаўкаю: прынясу, прынясеш, пахвалю, пахвалішся, зьмілуешся, зьмілуемся і т. далей.
б) Найчасьцей-жа наступны час выражаецца апісова. Дзеля гэтага ўжываецца неазначальная форма (інфінітыў) таго ці іншага патрэбнага дзеяслова і формы цяперашняга часу: буду, маю, мушу, а часам іму.
Найчасьцей для складанай формы наступнага часу ўжываецца форма „буду“: буду пісаць, буду рабіць, буду прасіць, буду хваліць і т. далей. Крышку з іншым адценьнем у сэнсе ўжываецца форма „маю“, напр.: Што я маю рабіць з ім? Як маю дакучаць', дык лепш сам зраблю. Чым маю драмаць, ляпей пайду спаць. Грайма, калі маем граць. З кім я жыці маю? Што чыніці маю? А што маюць даці сватове і сваці?
Здараюцца формы наступнага часу з „мушу“, напр.: За што я мушу яе біць? Трэба, сынку, жонку біці, трэба яе навучаці, а то мушу разлучаці.
Формы з „маю“, „мушу“ прыдаюць наступнаму часу характар абавязковасьці або пажаданьня.
Але форма наступнага часу з „буду“ пераважае ўсе іншыя формы.
3) Прошлы час выражаецца формамі дзеяслова на „л—у“. („л“ пасьля зычнага ў мужчынскім родзе прапускаецца: „нёс“ заместа „нёсл“, а пасьля галоснага падмяняецца гукам „ў“: араў, ляжаў, насіў; „л“ у жаночым і ніякім родзе застаецца: ішла, ішло; казала, казала (о). Гэта форма дзеяслова на „л—ў“ становіць прыметнік і служыць для азначэньня прошлага часу як закончанага (прынёс, зрабіў), так і незакончанага трываньня (нёс, насіў, нясла).
У вапошніх трох прыкладах стаіць форма цяперашняга часу („пазірае“, „пойдзе“, „сядзе“, „сьмяецца“) заместа прошлага часу („пазірала“, „пашла“, „сядзела“, „сьмяялася“).
г) Цікавую асаблівасьць становіць такое ўжываньне прошлага часу: Пад акном белая бяроза тоненька зьвіхнулася (=тоненька ёсьць, зьвіхнулася ёсьць). Мой муж нядуж паехаў на рэчку (=нядуж ёсьць, паехаў ёсьць).
Такія звароты ў мове аб‘ясняюцца тым, што даўней форма сучаснага дзеяслова прошлага часу мысьлілася прыметнікам ды станавіла сустаўны выказьнік з дзеясловам „ёсьць“.
Сустракаюцца падобныя звароты, дзе на месцы формы дзеяслова прошлага часу стаіць цяперашні час, напр.: А я, млода, утамілася — ледзьве йду.
7) Выражэньне ладоў. Асоба, лік і час дзеяслова ўстанаўляюць сувязь дзеяслоўнае прыметы з дзейнікам (суб‘ектам), але дзеяслоў мае яшчэ такія формы, што выражаюць і якасьць гэтай сувязі або адносіны паміж дзеяслоўнай прыметай і дзейнікам; іначай кажучы, дзеяслоў мае яшчэ такія формы, што могуць выражаць: 1) просьбу, загад, перасьцярогу або вымаганьне тае асобы, катора гаворыць, — прычым, такая форма паказвае другую асобу, да каторай зьвернена гэтая просьба, загад, перасьцярога ці вымаганьне; 2) жаданьне ці пажаданьне, каб тое ці іншае дзеяньне або стан адбыліся, або якую-небудзь умову, пры якой можа адбыцца дзеяньне ці стан, а таксама мэту або залежнасьць аднаго дзеяньня ад другога і т. далей.
Такая ўласьцівасьць дзеяслоўнай формы выражаць загад, просьбу, умову ці што падобнае называецца ладам. Згодна з гэтай уласьцівасьцю дзеяслоўнае формы, ладоў можа быць толькі два: загадны' і ўмоўны.
З гэтых прыкладаў мы бачым, што формы абвяшчальнага ладу (будзе, вырасьце, ідуць, стаіць, апусьціла; ня бачыць, не расьце, ня ваблю) не азначаюць залежнасьці дзеяньня ад волі тае асобы, што гаворыць (як форма загаднага ладу), або ад некае ўмовы ці якіх пабочных прычын (як форма ўмоўнага ладу).
Формамі абвяшчальнага ладу, асабліва ў злучэньні з тымі ці іншымі дапаможнымі словамі, можна часткаю выразіць і іншыя лады, аб чым будзе гаварыцца ніжэй пры разглядзе загаднага і ўмоўнага ладу.
6) Загадны лад выражае загад, просьбу, перасьцярогу ці што падобнае. Гэты лад вызначаецца тым, што паказвае дзьве асобы: адна асоба — тая, што просіць, загадвае, вымагае, і другая асоба, да каторае першая зварачаецца з просьбай, загадам, вымаганьнем ці перасьцярогай. Гэтаю першаю асобай зьяўляецца тая, што гаворыць („я“) у адзіночным ліку; другою асобай зьяўляецца або другая асоба абодвух лікаў („ты“, „вы“), або другая асоба адзін. й множнага ліку разам з першаю адзін. ліку, або, нарэшце, трэцяя абодвух лікаў („ён“, „яна“, „яно“ — „яны“), напр.: „падай!“ „падайце!“ — азначае, што „я“ (першая асоба адзіночнага ліку) прашу (загадваю, вымагаю…), каб „ты“ падаў, каб „вы“ падалі; „хадзем!“ — азначае, што „я“ (асоба, што гаворыць) прашу (вымагаю, патрабую…), каб „ты“ або „вы“ пашлі разам са мною; „нясеце!“ — азначае, што „я“ патрабую, прашу, вымагаю, каб „вы“ нясьлі; „хай або няхай ідзе, ідуць!“ — азначае, што „я“ прашу, патрабую…, каб „ён“, „яна“, „яно“ або „яны“ пашоў, пашла, пашло, пашлі.
а) Загад выражаецца як формамі загаднага ладу, так і другімі формамі (абвяшчальнай і неазначальнай).
У старой мове асобных формаў загаднага ладу было больш, як іх ёсьць цяпер; у сучаснай беларускай мове формаў загаднага ладу толькі тры: 2-ая асоба адзіночнага ліку (пішы, нясі, кінь, рэж, дай, прамоў), 1-ая асоба множн. ліку (пішэм, нясем, кіньма, дайма) і 2-ая асоба множн. ліку (пішэце, нясеце, кіньце, дайце).
У рэдкіх выпадках 3-яя асоба адзіночнага ліку можа выражацца формай 2-ой асобы адзіночнага ліку, напр.: І выбраў-жа — спалі яго сьнег! — месца прыўдалае (Т. Гушч.).
б) Апроч тых выпадкаў, калі абвяшчальнай формай выражаецца загадны лад пры адсутнасьці формы для загаднага ладу, бываюць здарэньні, калі форма абвяшчальнага ладу ўжываецца з асобнай мэтай: гэта — калі хочуць выразіць дзеяньне, якое канечна павінна адбыцца. У такіх разох ставіцца форма наступнага, а найчасьцей цяперашняга часу закончанага трываньня, напр.: „Прыдзе каза да майго ваза! Заўтра ты сам папросіш у мяне“! Тут сама інтонацыя голасу паказвае на ўпэўненасьць у тым, што дзеяньне канечна адбудзецца.
Для азначэньня пажаданьня, якое канечна павінна адбыцца, часам ужываецца форма прошлага часу, напр.: „Пашлі вон! Пашоў вон, цюцька!“ Сюды трэба аднесьці і слова „далібог“=далей бог.
Для выражэньня няпэўнасьці ў сваім пажаданьні часта пры абвяшчальным ладзе ставіцца слова „дай“ форма загаднага ладу 2-ой асобы адзіночнага ліку), напр.: Дай паначую, думае падарожны.
У гэтых прыкладах слова „давай“ лёгка падмяняецца словам „сталі“.
ж) Больш пашырана другая асаблівасьць — ужываньне на месцы цяперашняга й прошлага часу неазначальнае формы.
Гэтая частка „бы—б“ можа стаяць ня толькі пры дзеяслове, а й пры іншых словах у мове, напр.: „Я-б гэтага не патрапіў зрабіць“. У злучніку „каб“ гэтая частка зраслася з ім.
Умоўны лад выражае:
а) Пажаданьне з выражэньнем няпэўнасьці ў гэтым пажаданьні і некаторай небясьпекі: Я прасіў-бы вас… Згарэла-б яно лепей. Толькі-б не спазьніцца.
б) Умову або прычыну дзеяньня ці залежнасьць аднаго дзеяньня ад другога: Каб воля, знашоў-бы сабе поле. Каб ня ежка ды не адзежка, дык была-б грошай дзежка.
в) Пажаданьне, якое ня можа адбыцца: Каб цябе рак убрыкнуў! Каб ён так з носам быў!
Сюды належаць: народная бажба, клятва, праклёны, што складаюцца ў пераважнай большасьці з пажаданьняў, адбыцца якія ня могуць: Каб ты так з духам быў, як гэта праўда! Каб ты не даждаў! Каб я да дому не дайшоў!
г) Асабліва часта ўмоўны лад ужываецца ў сказах умоўных, напр.: Каб быў чаўнок, пераплыў-бы на дзянёк. Калі-б меў сілу, то й за лужай знашоў-бы сабе ніву. Былі-б пабразгачыя, а памагачыя будуць.
У такіх разох умоўны лад можа выражацца загадным ладам, хоць вельмі рэдка, напр.: Здаецца, пасадзі дзіця на поле, то й тое вырасьце. Паслухайся ён мяне ды ня еж гэтага, быў-бы здароў.
д) Калі абазначаецца простая ўмова, пры якой дапускаецца пэўнае дзеяньне, то заместа ўмоўнага ладу можа стаяць форма цяперашняга й наступнага часу, напр.: Калі поле троіш, то хлеб кроіш. Калі будзеш трэсца, то й хлеб будзе есца.
Таксама форма ўмоўнага ладу стаіць у некаторых уступальных сказах: Няхай-бы яны пагасьцявалі-б дзень-два, а то другая нядзеля йдзе.
e) Умоўны лад знаходзім у некаторых відах даданых сказаў (аб чым гутарка будзе ніжэй), што выражаюць мэту або, наагул, паясьняюць дзеяслоў; у такіх разох „бы“ найчасьцей стаіць пры злучніку, якім пачынаецца сказ, або пры іншым слове, напр.: Каб знацьцё, што ў кумы піцьцё, то сам-бы пашоў і дзетак павёў.
У сказах мэты пасьля злучніка „каб“ пры аднолькавых дзейніках у васноўным і даданым, у вапошнім дзеяслоў ставіцца ў незначальнай форме, напр.: Каб скарэй зайсьці да дому, я пашоў агародамі.
ж) Частка „бы“ (але не скарочаная „6“) можа падвойвацца, напр.: Каб воля, знашоў-бы-б сабе поле. Каб быў чаўнок, пераплыў-бы-б на дзянёк.
8. Выражэньне станаў. Прымета, што абазначаецца дзеяслоўнаю формай, можа быць у розных адносінах да дзейніка. Гэтыя розныя адносіны дзеяслоўнае прыметы да свайго дзейніка выражаюцца формамі станаў. Формальна-граматычны погляд на морфолёгічныя факты мовы не зварачае ўвагі на матарыяльнае, лексычнае (слоўнае) значэньне дзеясловаў, а разглядае іх толькі з боку іх формы. А паводле свае формы, як мы ведаем з морфолёгіі, усе дзеясловы распадаюцца на два станы — зваротны, з дадаткам займенных формаў „ся-ца“, і незваротны, бяз гэтых дадаткаў.
Такім парадкам, паказальнікам стану зьяўляецца вінавальны склон зваротнага займеньніка „ся“ (=ць+ся=ца, пасьля галоснага =„цца“). Гэты зваротны займеньнік вінавальнага склону ў стараславянскай форме „ся“, злучаны з дзеясловамі пераходнага значэньня, паказвае, што дзеяньне зварачаецца на самога дзейніка. Даўней такія дзеясловы мысьліліся, як пераходныя, а „ся“ было простым дапаўненьнем
(кіроўным словам). Потым займеньнік паступова траціў сваё рэяльнае значэньне ды абярнуўся ў дзеяслоўны суфікс (устаўку), які ў некаторых выпадках (найчасьцей для вершу) можа скарачацца ў „сь“, напр.:Але беларуская звычайная мова больш любіць нескарочнае „ся“.
У старасьвецкай кніжнай беларускай мове „ся“ найчасьцей стаяла асобна; яно часта стаяла перад тым дзеясловам, да каторага адносілася, або аддзялялася ад яго іншымі словамі („для чаго ся то дзеяла; і ту ся наўчыў усякае навукі“). Значыць, тады яшчэ „ся“ ня мысьлілася суфіксам зваротнага стану.
Падобную пастаноўку „ся“ знаходзім, хоць вельмі рэдка, толькі ў народных казках: „Сасьніўся мне сон дзівенькі, і ні ся ён мне сасьніўся, ні ся ў казцы сказаўся“.
Такім парадкам, з злучэньня дзеясловаў з „ся“ вытварыліся дзеясловы зваротнага стану. Усе іншыя дзеясловы бяз „ся“ належаць да незваротнага стану.
Дзеясловы зваротнага стану азначаюць:
а) Зваротнае дзеяньне, якое зварачаецца на знадворны бок дзейніка (на цела, твар), напр.: мыцца (ідзі ў лазьню памыйся, умыйся), купацца, купацца, часацца, адзявацца;
6) Зваротнае дзеяньне, якое азначае зьмену ў стане самога дзейніка, напр.: паднімацца, садзіцца, клаліся, лажыліся; тады назьбіралася іх многа;
в) Узаемнае дзеяньне двух або некалькіх дзейнікаў, што зварачаецца на іх самых: біліся, бароліся, дужацца, гушкацца, згаварыліся, умовіліся, сустрачаліся, а даўней казалі: ваяваліся межы сабою. Ускоснае дапаўненьне пасьля гэтых дзеясловаў бывае з прыназоўнікам „з“ (з кім?).
г) Залежны (пасыўны) стан прадмета: дом будуецца, грудзі сьціскаюцца жалем.
У дзеясловаў гэтага, залежнага, значэньня „ся“ абазначае дзеяньне несапраўднага дзеяньня; гэтае дзеяньне пераходзіць на граматычны дзейнік з боку другіх дзейнікаў, напр.: „Хата будуецца цесьлямі“. Тут сапраўдны дзейнік „цесьлямі“, і іх дзеяньне пераходзіць на граматычны дзейнік „хата“.
У разгледжаных дзеясловах зваротнага стану частка „ся“ зьмяняе значэньне дзеяньня з пераходнага ў непераходнае ды гэтым цясьней зьвязвае яго з дзейнікам; а зьмена ў адносінах дзеяньня да дзейніка выражаецца станамі дзеяслова.
Але ёсьць шмат дзеясловаў з ся", якія ўжо страцілі значэньне стану. У такіх дзеясловах „ся“ толькі памацняе значэньне непераходнасьці дзеяньня, напр.: зачырванеўся ад сораму, вежы здалёк чырванеюцца. Такія дзеясловы звычайна бяз „ся“ ня ўжываюцца (баюся, сьмяюся) і ў пераважнай большасьці нават не памацняюць дзеяньня. Сваім значэньнем яны ня розьняцца ад дзеясловаў непераходнага значэньня: надзеяцца, спадзявацца, сьмяяцца, кланяцца, старацца, старэцца, пладзіцца, здарылася. Некаторыя з такіх дзеясловаў у беларускай мове ўжываюцца нават і бяз „ся“, напр.: спадабаў — спадабаўся, заблудзіў.
Займеньнік „ся“ ўжываецца часам для вытварэньня дзеясловаў безасабовых; у такіх дзеясловах „ся“ памацняе непераходнасьць дзеяньня, адцягаючы яго ня толькі ад об‘екта, але й ад дзейніка (суб‘екта), напр.: разьвіднелася ці разьвідняецца, нахмурылася — нахмурваецца, распагодзілася.
Усе дзеясловы незваротнага стану (усе дзеясловы бяз „ся-ца“) могуць быць падзелены па свайму значэньню на дзьве групы: пераходныя й непераходныя, напр.: сушыць — сохнуць, бяліць — бялець, чарніць — чарнець, садзіць — сядзець і т. д.
Але гэта ўжо ня ёсьць станавыя асаблівасьці.
Непераходнымі зьяўляюцца таксама ўсе дзеясловы зваротнага стану.
Увага. У праславянскай мове былі дзеясловы залежнага (пасыўнага) стану, хоць і ня вельмі пашыраныя; ім супастаўляліся дзеясловы дзейнага (актыўнага) стану; у сучаснай мове такіх формаў няма.
У сучаснай мове ад формаў залежнага стану сустракаюцца толькі дзеяпрыметнікі, — прычым, дзеяпрыметнікаў цяперашняга часу вельмі мала і бадай што зусім няма; такія словы, як „знаёмы, незнаёмы, не вядома хто“, перасталі нават мысьліцца дзеяпрыметнікамі і захавалі толькі форму даўнейшых дзеяпрыметнікаў цяперашняга часу.
Наадварот, дзеяпрыметнікаў прошлага часу залежнага значэньня ў беларускай мове многа. Яны вытвараюцца з асновы неазначальнае формы суфіксамі — „н“ або — „т“. У жывой мове яны найчасьцей ужываюцца ў сьцягнутай форме (29: 2, 3, 4), але могуць стаяць і ў поўнай форме, напр.: зроблены, зьвязаны, выбраны, абраны, высыпаны, падкованы, утомлены, зьменены, латаны, наўчаны, наламаны, крышаны, пакрышаны; пабіты, разьбіты, умыты, паломаны — паломаты, пазамыкана — пазамыката, адзета, пазапірата — пазапірана, забіта(я).
Часам суфікс „н“ стаіць на месцы „т“ і наадварот, напр.: „быдла паколена было“ заместа „паколата“; чуцён — чутна — чутно; дата (=дана) у Троках, паломаты, пазамыкаты, пазапіраты вароты і т. далей.
Прыклады: Ехалі прыданкі выбіраныя, а конікі гадаваныя. З русых кос спляцён, жаласьцю пакрыты, сьлёзкамі абліты. Пасьля тваіх ручак ня буду часана, ня буду ўплятана, ня буду ўбірана. Ой у полі жыта капытамі зьбіта! Мяцёна вулачка з канца ў канец. Пакажэце мне тую кветку, што цьвіце зімою і ўлетку; я на тое прысланы, каб быў стол засланы.
Часам значэньне залежнага стану выражаецца формай дзеяслова з непераходным значэньнем, напр.: „Густа, густа лістом дарожка запала“.
Безасабовыя формы залежнага значэньня (ня відана, ня слыхана) найчасьцей выражаюцца неазначальнай формай дзеяслова: ня відаць, ня чуваць, ня слыхаць; ад ліха ціха, але й дабра ня чуваць (заместа „ня чутно“).
Залежнае значэньне можа выражацца формамі зваротнага стану, напр.: Мука пытлюецца. Сын гадуецца. Хата будуецца.
9. Выражэньне трываньняў. Розныя формы выказьніка — формы асобы, ліку, часу, ладу й стану — маюць значэньне толькі ў адносінах да дзейніка (суб‘екта). Гэтыя формы самі па сабе, незалежна ад дзейніка ці без адносін да другога слова з значэньнем назоўнага склону, ня могуць мысьліцца. Прымета (дзеяньне ці стан), якая выражаецца дзеясловам, сама па сабе ня мае рэяльнага йснаваньня, а толькі прыпісваецца пэўнаму прадмету.
Зусім іншае значэньне маюць формы трываньняў дзеяслова. Формы асобы, ліку, часу, ладу й стану — формы слова-зьменныя: зьмяняецца, напрыклад, аcoба ці лік — зьмяняецца тады й сама форма дзеяслова. Гэтыя формы суадносныя паміж сабою. Тымчасам, формы трываньняў не суадносныя: калі мы возьмем, напрыклад, дзеяньне, якое адбываецца (трывае), то ў нас ня зьявіцца прадстаўленьня ні аб пачатку, ні аб канцы яго. Формы трываньняў — гэта формы слова-вытворныя (этымолёгічныя), а ня слова-зьменныя (морфолёгічныя).
Трываньні дзеяслова маюць асабліва важнае значэньне ў нашай мове: пасьля страты некаторых формаў для выражэньня некаторых часоўных адценьняў, наша мова стала зварачацца ў гэтай патрэбе да трываньняў дзеяслова. З гэтае прычыны спосабы выражэньня трываньняў у нашай мове асабліва разьвіліся.
Усе дзеясловы паводле дзеяньня, якое яны выражаюць, падзяляюцца на дзьве асноўныя групы: 1) дзеясловы закончанага трываньня і 2) дзеясловы трываньня незакончанага.
Дзеясловы закончанага трываньня абазначаюць дзеяньне закончанае або якое павінна адбыцца: сесьці, даць, узяць, напісаць, сьсячы, скасіць, заараць і т. далей.
Дзеясловы незакончанага трываньня абазначаюць дзеяньне незакончанае, якое адбываецца, трывае, напр.: весьці, вазіць, крышыць, паліць, даваць, пісаць, браць, сячы, араць, падаваць і т. далей.
1) Дзеясловы незакончанага трываньня паказваюць дзеяньне, якое можа быць рознай якасьці: а) трываньне, што нясупынна адбываецца (несьці, біць, ісьці, цьвісьці) або б) кароткае, якое адбываецца з перапынкамі (насіць, хадзіць, бываць, падаваць). Сюды належаць і тыя дзеясловы, аснова якіх пашырана дадаткам ка: здароўкацца, барукацца, сустракацца, а часам (у некаторых асобных гутарках) дадаткам ав: кладавіцца, садавіцца, птушка садавіцца пад дахам.
Ёсьць яшчэ формы для трываньня незакончанага шматразовага, але такія дзеясловы ў беларускай мове слаба разьвіты. У старасьвецкай беларускай мове дзеясловы шматразовага трываньня (значэньня) вытвараліся суфіксам а: вайну мявалі; перад тым жыгалі цела мёртвых на том месцы, дзе хто умрэць.
Прыклады з сучаснай мовы: Я й сяваў, высяваў, высяваючы казаў. Салавейка, верна пташачка, ці бываў ты на маёй старане?
Звычайна ў сучаснай мове для выражэньня шматразовасьці дзеяньня ўжываюцца дзеясловы з суфіксамі ова, ева; ыва, іва (ова, — не пад націскам ава); у такіх дзеясловах гукі а, я, ы, і найчасьцей выпадаюць, напр.: суфіксы ава — іва: абдумаваць — абдумваць, падманаваць — падманваць, перапрашаваць — перапрашваць, раскідаваць — раскідваць, расьпісаваць — расьпісваць, расьцярэбліваць, расхваліваць — расхвальваць, прыдумліваць, спораваць — спорваць (гняздо); суфіксы ыва-іва: выслухіваць — выслухваць, выпеіваць — выпейваць, вылізываць — вылізваць, накладываць — накладваць, абшчыпываць — абшчыпваць, пахаджываць — пахаджваць, палежываць — палежваць, падглядываць — падглядваць, распаліваць — распальваць, расхваліваць — расхвальваць; часам суфікс ыва мае перад сабою ов—оў: выбруковываць — выбрукоўваць, разьмярковываць — разьмяркоўваць, падтрымоўвае свой воз. Калі ы, і выпадаюць, то ў некаторых разох шматразовасьць слаба адчуваецца, напр.: расказваць, паказваць і інш.
Часам „папа“ азначае закончанае дзеяньне прошлага часу: Ужо ўсе людзі папашлі.
Паўторнасьць дзеяньня можа выражацца таксама дадаткам дапаможнага слова „ну“ да неазначальнае формы, напр.: Прывязаў казу да плоту і ну яе лупцаваць.
2) Дзеясловы закончанага трываньня могуць выражаць:
а) Дзеяньне закончанае, адбытае, не кароткае: лягу, распрануся, умыюся; тут можа выражацца пачатак дзеяньне (засьпяваць, зараўсьці, закрычаць) або яго канец: знайсьці, папырскаць, параіць.
Азначэньні, дапаўненьні і словы акалічнасьці называюцца даданымі, або паясьняльнымі, часьцінамі сказу. Яны называюцца так дзеля таго, што заўсёды, у большай ці меншай меры, падпарадкаваны другім часьцінам сказу, — усё роўна як асноўным (выказьніку й дзейніку), так і даданым (іншым азначэньням, дапаўненьням і словам акалічнасьці), напр.: Цэлы гай старасьвецкіх дубоў раскінуўся па беразе рэчкі. У гэтым сказе азначэньне „старасьвецкіх“ залежыць ад слова дубоў, якое само становіць дапаўненьне да слова „гай“, якім яно кіруецца, а азначэньне „цэлы“ падпарадкавана слову „гай“ і т. далей.
Ступень залежнасьці гэтых даданых часьцін розная. Найбольш залежнымі зьяўляюцца тыя даданыя часьціны, залежнасьць якіх ад другіх слоў выражаецца дапасаваньнем: гэта — азначэньні. Меншая залежнасьць тых, што падпарадкаваны другім словам спосабам кіраваньня: гэта — дапаўненьні, але ёсьць шмат дапаўненьняў менш залежных. Найменш залежныя тыя часьціны сказу, што не дапасуюцца й ня кіруюцца: гэта — словы акалічнасьці.
Разгледзеўшы выказьнік і дзейнік, розныя спосабы іх выражэньня, трэ‘ было-б перайсьці да слоў даданых у сказе ды разгледзець асобна словы, што паясьняюць выказьнік, і словы, што паясьняюць дзейнік, а таксама тыя словы, што паясьняюць даданыя часьціны сказу; іначай кажучы, трэ‘ было-б разгледзець паасобна азначэньне, дапаўненьне і словы акалічнасьці. Але дзеля таго, што азначэньнем называецца слова дапасованае (прыметнік ці дзеяпрыметнік), а аб дапасаваньні ўжо гаварылася ў розных мясцох, то можна проста перайсьці да разгляду спосабаў ужываньня тых ці іншых склонаў і галоўным чынам ускосных (дапаўненьняў).
Склонам называецца асобная граматычная форма слова, але ў далейшым жыцьці кожнае мовы часта розныя формы склонаў супадаюць, напр.: вінавальны склон у беларускай мове найчасьцей супадае з назоўным, а часам вінавальны супадае з родным і т. далей. Дзеля гэтага, вызначаючы той ці іншы склон, трэба прымаць пад увагу і агульнае значэньне склону.
1. НАЗОЎНЫ СКЛОН.
У назоўным склоне ставіцца дзейнік і скланяльная частка сустаўнога выказьніка. Апроч таго, у назоўным склоне ставяцца азначэньні-прыметнікі, дзеяпрыметнікі, што адносяцца да дзейніка або да скланяльнай часткі сустаўнога выказьніка, што выражаны назоўнікам іменным або займеньнікам, які яго падмяняе. Такія азначэньні звычайна дапасуюцца з сваім азначальным словам у склоне, ліку й родзе, напр.: Стаіць човен вады повен. Стаіць дрэўца тонка, высока, лісьцем шырока. Дзяўчына была прыгожая, прыгожая. (Тут паўтарэньне слова „прыгожая“ выражае найвышэйшую ступень).
II) Прыдатак.
Вінавальны склон найчасьцей ужываецца для абазначэньня прадмета, на які пераходзіць дзеяньне выказьніка. Назоўны склон абазначае асобу або прадмет, што вытварае дзеяньне (хоць-бы яны былі нават несапраўднымі дзейнікамі, як пры дзеяслове залежнага (пасыўнага) значэньня), а вінавальны склон перш за ўсё паказвае на залежны (пасыўны) стан асобы ці прадмета, — прычым, адценьні гэтага стану могуць быць самыя рознастайныя; адгэтуль, розныя віды ў ужываньні гэтага склону. Даўней лік дзеясловаў пераходнага значэньня быў далёка большы, і вінавальны склон шырока ўжываўся; з часам шмат такіх пераходных дзеясловаў сталі ўжывацца толькі з прыназоўнікамі, а іншыя перасталі быць пераходнымі, і тыя дапаўненьні, што стаялі пры іх, сталі мысьліцца ўжо ў месным склоне, з месным значэньнем.
2) Назовы жывых прадметаў у ролі дапаўненьня заўсёды ставяцца ў вінавальным склоне: паю коні, пасу авечкі, даю каровы, ганю валы; певень жытам куры частуе. Ня стаў коні пад калінаю! Наймай кавалі даражэнькія, куй сярпочкі залаценькія!
Але дапаўненьне ў назовах жывых прадметаў, пераважна людзей, а часам i няжывых, выражаецца часта й родным склонам (бач. ніжэй, 3).
У двух апошніх прыкладах пасьля дзеясловаў з адмоўнасьцю стаіць родны склон заместа вінавальнага.
Даўней кожная беларуская грамата пачыналася так: „Хто калі відзіць грамату, а любо слышыць чтучы“. „Хто в онь возрыць ілі услышыць чтучы“.
7) Вінавальны склон у некаторых разох мае меснае значэньне, паказваючы кірунак дзеяньня на пытаньне: „куды?“, „дзе?“
У сказе: „Налезла іх поўная хата“ знаходзім назоўны склон заместа вінавальнага.
8) Вінавальны месца з прыназоўнікамі: без, у, за, між, на, над, па, каля, праз, цераз, пра, скрозь, з і інш. бач. ніжэй.
У вапошніх прыкладах поплеч з вінавальным часу можа стаяць родны часу.
Вінавальны часу з прыназоўнікамі: у, за, на, па, праз, цераз бач. ніжэй.
12) Вінавальны спосабу дзеяньня, на пытаньне „як?“ — Жывём ні то, ні сё. Пабег борзда, горка заплакаў.
Вінавальны спосабу дзеяньня з прыназоўнікамі у, за, на бач. ніжэй.
Таксама аб другіх значэньнях вінавальнага склону з прыназоўнікамі: у, за, на, пад, аб, а, па, пад, праз, пра, з, цераз бач. ніжэй.
3. РОДНЫ СКЛОН.
Да роднага з гэтым значэньнем належаць і некаторыя прыслоўі, напр.: сёлета, сяголета, сёньні, сягоньні; сёньня, сягоньня; учора, летась, сяеначы, сягедні і інш.
3) Аб ужываньні роднага склону з прыназоўнікамі: да, за, ад, проці, проціў для абазначэньня часу бач. ніжэй.
Гэты родны склон залежыць ад назоўнікаў іменных, што абазначаюць прадметы падзельныя або разумовыя, а таксама ад займеньнікаў і лічэбнікаў, а часам і ад прыметнікаў. Тут могуць быць такія выпадкі:
а) Родны склон часткі; ён залежыць ад іменьнікаў, напр.: Прывезьлі бочку смалы. Стаялі копы сена, кучы мужчын і жанок. Знашоў кацёл грошай. Пражыў веку сто гадоў.
Пры назоўніках лічэбных, пачынаючы ад 5 і далей, родны склон часьці бывае толькі пры назоўным і вінавальным склонах: пяць братоў, дзесяць коняй, семсот, шэсьцьсот, дваццаць тысяч.
Родны склон бывае заўсёды пасьля такіх слоў, як „многа“, „мала“ (прыметнікі ніякага роду), „шмат“, „даволі“, якія падмяняюць лічэбнікі, напр.: мала груш, многа яблык, шмат грошай, даволі сьлёз.
б) У залежнасьці ад іменьннікаў ужываецца родны склон прыналежнасьці, які абазначае прадмет або асобу, каторай належыць нешта, напр.: хата бацькі, хустка маткі.
Але ў такіх разох, заместа роднага прыналежнасьці, часьцей ужываецца прыметнік прыналежны: бацькава хата, матчына хустка, Васілёвага сына забілі на вайне і т. далей.
Да роднага прыналежнасьці падобен родны, што абазначае якасьць прадмета часовую або пастаянную, выражаную йменьнікам з прыметнікам або з назоўнікам лічэбным, напр.: высокага росту, нізкага росту. А я росту невялічкага. Чалавек лет можа сараку.
Сустракаецца, хоць вельмі рэдка, у залежнасьці ад дзеяслоўных іменьнікаў, родны об‘ектыўны й суб‘ектыўны, напр.: шкада хлопца, жаль увагі ня мае, страх сьмерці, забойства бацькі.
Гэты склон паказвае выхадны пункт дзеяньня, аддаленьне або адлучэньне. Ён можа стаяць пасьля дзеяслова ці прыметніка з паказаным значэньнем і пасьля іншых падобных слоў, напр.: Адрокся гаспадара ды пашоў у прочкі. Выракаецца свайго слова, сваіх слоў. Але такія формы, звычайныя ў старасьвецкай мове, цяпер найчасьцей ужываюцца з прыназоўнікам „ад“, напр.: Адрокся ад гаспадара, ня ўхіляйся ад работы, схаваўся ад яго, ледзьве адбіліся ад ваўкоў.
Адыходнае значэньне родны склон мае пасьля прыназоўнікаў: без, з, апроч, ад (бач. ніжэй) і ў такіх разох: Чаго вы рагочаце? Ня дужа спужаўся я цябе! Баючыся воўка, і ў лес ня трэба хадзіць.
Адыходнае значэньне родны склон Мае пры параўнальнай ступені (Будзь ніжэй травы, цішэй вады. Лепша таго злота Агатчына цнота), але ў такіх разох звычайна ставяцца прыназоўнікі: „за“, „ад“, напр.: Лепшы за яго, разумнейшы за цябе. Сядзь сабе бліжэй за ўсіх, будзе табе мілей ад усіх.
Родны адлучальны стаіць пры пераходных дзеясловах з адмоўнасьцю, напр.: Бяз худа̀ ня відаць дабра. Ня купіў бацька шапкі — няхай вушы мерзнуць. Ня купіў ні куніц, ні бабёр. Няма анічога.
Гэты склон ставіцца: а) замест вінавальнага пры пераходных дзеясловах, б) замест назоўнага, калі асабовы сказ абарачаецца ў безасабовы, напр.: „Ненавідзела яна дзедавы дочкі“ (замест „дзедавых дачок“). Ня любіла свае падчарыцы (замест „сваю падчарыцу“). Хлеб ёсьць — солі няма.
Часам родны й вінавальны стаяць поплеч: „Усё роўна ня вернеш ты ні сваіх сыноў, ні дачок, ні жонку“.
Родны прычыны з адценьнем мэты стаіць пасьля дзеясловаў руху, напр.: Раз пашла баба вады ды сустрэла таго самага чалавека. Чаго ты прышоў, воўча? Чаго ты плачаш, зайка? Чаго, малойцы, сядзіцё? Я прышоў таго, каб пазычыць грошай.
Але звычайна ў такіх разох, як апошні сказ, родны ставіцца з прыназоўнікамі: „для“, „дзеля“, „з“, „каля“, „ад“, „подлуг“, „паводле“ (бач. ніжэй).
Гэты родны становіць сабою прыслоўе: Абышлі горад кружка (навокала). Кружка стаялі высокія валы.
Аб родным месца з прыназоўнікамі: да, каля, канец, канцы, паканец (паканец рук, стаў паканец стала), край, між, міма, абапал, ад, паміж, проціў, проці, скрозь, з, у — бач. ніжэй.
Родны поклічу стаіць заместа назоўнага або вінавальнага: Гэта праўды было? Ці ж гэта праўды, каб шчупак да хвоі прыліп? Едзь, сынку, — такое бяды! Дык ён тады ходу!
Даральны склон ужываецца для абазначэньня тае асобы або прадмета, да якога накірована дзеяньне, выражанае дзеясловам, або да якога адносіцца зьмест усяго сказу. Сувязь дзейніка тут не такая, як пры вінавальным або нават пры родным склоне. На пачатку давальны склон ужываўся для абазначэньня прасторавых адносін на пытаньне „куды?“ а потым гэтыя прасторавыя адносіны аслабіліся ды часткаю падмяніліся другімі. Цяпер давальны склон ужываецца ўжо ў шырокім значэньні; ён можа стаяць у залежнасьці ад дзеясловаў, назоўнікаў і нават незалежна.
Аб давальным карысьці з прыназоўнікам „для“ бач. ніжэй.
2) Давальны мэты або прычыны: Чаму ты ня прышоў? Чаму цябе агнём не спаліла? Чаму памагаць ня йдзеш?
Сустракаюцца такія формы: Чом ты, коню, вады ня п‘еш? Том я яго палюбіла, што ён маладзенькі.
Тут „чом“, „том“ — скарочаныя формы з „чаму“, „таму“ давальнага склону прычыны. Форму „чом“ мы знойдзем з прыназоўнікам „па“, напр.: „Па чом жыта?“ — Па рублю пуд. (§ 31: 2, 22, 2, г).
Да давальнага прычыны можна аднесьці прыслоўі „годзе“, „годзі“.
3) Давальны прыналежнасьці; ён разьвіўся з меснага значэньня давальнага склону на пытаньне „дзе?“: Сэрца ёй залекатала. Яго сыну жонка памерла.
З такім значэньнем гэты давальны ўжываецца рэдка; найчасьцей ён ставіцца з пытаньнем „у каго?“ напр.: Яму баліць галава. Жывот мне баліць.
Сюды трэба аднесьці давальны склон пры неазначальнай форме (інфінітыве) для выражэньня магчымасьці, загаду, няўхільнасьці; напр.: Зары красьнець, рабе Магдзе здаравець!
Цяпер гэты давальны хутчэй паставяць пасьля дзеяслова, так: „Едучы па дарозе, захацелася ім спаць“.
У беларускай мове дзеяпрыслоўнікі могуць стаяць на месцы даўнейшага давальнага незалежнага дзеяпрыметніка дзейнага значэньня, напр.: Пытаю ў цябе, месяцу: ці рана ты ўсходзіш, ці позна заходзіш? — Я ўзыду зьмяркаючы, а зайду сьвітаючы.
5) Першы й другі давальны склон, выражаны дзеяпрыслоўнікам, які стаіць на месцы даўнейшага дзеяпрыметніка дзейнага значэння ў давальным склоне.
У беларускай мове ўсе тыя дзеяпрыметнікі дзейнага значэння, што стаялі даўней у першым і другім давальным незалежным склоне, а таксама й тыя, што стаялі ў другім вінавальным склоне (§ 29: 2, 5), абярнуліся ў дзеяпрыслоўнікі.
Што да першага й другога давальнага, то тут могуць быць такія выпадкі: а) калі дзеяпрыслоўнік зьвязваецца з дапаўненьнем, г. зн, калі ён вытварыўся з другога давальнага дзеяпрыметніка (дапаўненьне, выражанае назоўнікам, станавіла першы давальны); б) калі дзеяпрыслоўнік сам стаіць на месцы даўнейшага давальнага склону — гэта першы давальны склон.
Прыклады на 1-шы давальны: Не апрануўшыся холадна. Дадзела (надаела) ждучы. На чужы лоб шыбаючы, трэба й свой падставіць. Ня еўшы — лягчэй, а пад‘еўшы — ляпей. Не хваціўшы на душу, нечага палажыць і ў душу (жартаблівае выбачэньне за ўзятку).
Прыклады на 2-гі давальны: Абрыдзела мне тут лежучы, чакаючы. Надакучыла мне, малайцу, на марозе стоячы. Добра табе, дзяўчыначка, па горніцы ходзячы! Якаво табе, сястрыца, з роўным мужам жывучы?
Усе значэньні прыладнага склону выводзяцца з прасторавых адносін. На пачатку прыладны склон абазначаў рух па чым, пры чым, каля чаго. Адгэтуль разьвіваецца значэньне — з кім? з чым? (што таварышуе прадмету) і чым? (прылада дзеяньня).
1) Прыладны месца; ён захаваў старое значэньне руху на чым. Сувязь з месцам (прасторам) тут асабліва выразная, напр.: Ішоў лесам, дарогаю, полем. Ішла баба дубняком. Ой пайду я лугам, лугам! Пайду я долам, далінаю.
Сюды належаць і нашыя прыслоўі: кудою, сюдою, тудою (як: „іду гарою“), а потым — кудэю, сюдэю, тудэю, як „тэю“, а таксама прыслоўі: куды, сюды, туды, якія становяць сабою закасьцянелыя формы прыладнага склону множнага ліку, як „ісьці пешкамі“.
Прыладны месца з прыназоўнікамі за, між, над, прад, перад, пад бач. ніжэй.
2) Прыладны часу. Тут час мысьліцца падарожжу, а дзеяньне ў часе — рухам у прасторы, напр.: „А хлопец тым часам трохі прыкархнуў (заснуў). Раз золакам (чуць сьвет) пашоў я ў лес. Ні днём, ні ноччу ня маю пакою“, але ў такіх разох скарэй скажуць: „Ні ў дзень, ні ў ночы“, дзе стаіць вінавальны склон з прыназоўнікам „у“.
Форму прыладнага склону маюць і некаторыя прыслоўі часу: тады, заўсёды, заўсяды.
Аб прыладным часе з прыназоўнікамі „за“, „пад“ бач. ніжэй.
3) Прыладны ўласнага значэньня; ён звычайна абазначае той прадмет, якім што-небудзь робіцца, і стаіць толькі пры дзеясловах, напр.: Узяць рукою, касіць касою. Што ўлетку ножкаю коп, то ўзімку ручкаю хоп. Чужая старана тугою арана, сьлёзкамі засявана, а свая старана сошкаю арана, пшонкаю засявана. Па калені ўсыпаў яго іскрыем. Зайчык маленькі, чым ты жывенькі? Я й сам дзіўлюся, чым я жыўлюся.
У вапошніх прыкладах прылада больш уяўная, разумовая.
4) Пры параўнальнай ступені ставіцца прыладны склон меры для абазначэньня таго, чым адзін прадмет пераважвае другі, напр.: Ён галавою вышэй за мяне. Чым скарэй, тым лепей.
5) Прыладны прычыны стаіць заўсёды пры дзеяслове: Мучыцца жыватом.
Аб прыназоўніках пры ім „за“, „прад“ бач. ніжэй.
6) Прыладны адносін: Вясельле слаўна песьнямі, а хаўтуры — выямі.
7) Прыладны спосабу дзеяньня; ён стаіць пры дзеяслове ды адказвае на пытаньне „як?“ Гэты прыладны, у большай ці меншай меры, траціць прадметнасьць і мае значэньне прыслоўя. Пад прыладны спосабу дзеяньня ў шырокім значэньні могуць падысьці некаторыя другія віды прыладнага склону, разгледжаныя вышэй. Прыклады: Слатою ці сьляпіцаю лезе ў вочы. Злотам іскры скачуць. І ўкрадкам выцірае рукавом сьлязіну (Я. Кол.). Макам прапаў.
З прыладнага спосабу дзеяньня разьвілося шмат прыслоўяў у форме прыладнага склону адзіночнага й множнага ліку, напр.: Уся варта покатам сьпіць. Пусьціўся бягом. Ісьці пяшком. З печы кумілём зьляцеў; нагбом (нагінаючы), сілком, гвалтам, сілом, жыўцом, станыом, нарокам, ненарокам, знарокам (знарок), стаяком, тарчаком, паражняком, ахоцьцю, нудзьдзю, пешшу, часам, часамі і шмат іншых.
Часам прыладны параўнаньня служыць толькі для памацненьня другога паняцьця, напр.: Ні відам ня відаць, ні слыхам ня слыхаць. Пытам пыталі. Жадом жадала.
8) Прыладны прэдыкатыўны (выказальны) бач. вышэй (§ 29,4).
Да прыладнага прэдыкатыўнага прымыкае прыладны поклічу, пры якім мысьліцца што-небудзь падобнае да „стаў“, „ты зрабіўся“, напр.: Малайцом маладзіца!
10) Аб прыладным з прыназоўнікамі „над“, „пад“ глядзі ніжэй.
У праславянскай мове месны склон мог ужывацца без прыназоўніка для абазначэньня месца й часу, а потым ён стаў ужывацца толькі з прыназоўнікамі.
Пры разглядзе дапаўненьняў розных склонаў часта сустракаліся формы з месным значэньнем, але сапраўдным прадстаўніком гэтага значэньня зьяўляецца месны склон. Ён паказвае месца, дзе знаходзіцца прадмет або дзе адбываецца тое ці іншае дзеяньне; ён паказвае час, калі адбываецца дзеяньне і ўжываецца таксама ў залежнасьці ад некаторых дзеясловаў. Ёсьць прыслоўі ў форме меснага склону без прыназоўніка, як памяць аб тым, што некалі месны склон ужываўся без прыназоўнікаў, напр.: балазе, годзе, вонках, добра (з „добрэ“).
У сучаснай мове месны склон без прыназоўнікаў зусім перастаў ужывацца, а яшчэ ў старасьвецкай літаратурнай беларускай мове гэты склон без прыназоўніка сустракаецца даволі часта, напр.: „Пасадзі яго на вялікам княжэньні Вільні (у Вільні)“. „А што той грамаце (у той грамаце) пісана“… „Таго-ж року вясьне і леце на людзі былі харобы вялікія“. „А леце вялікі жар быў“ і т. далей.
У сучасных народных песьнях часам сустракаецца форма давальнага склону з месным значэньнем без прыназоўніка, напр.: „Дзеля сына я двару не вярнуся, дзеля дачкі я двару вярнуся: у мяне дачка любая госьцейка“.
Назоўны склон звычайна ў граматыцы называецца простым склонам, а ўсе іншыя — ускоснымі. Усе-ж ускосныя склоны, узятыя разам, вытвараюць у сынтаксе вялікую групу дапаўненьняў.
Агульнае значэньне дапаўненьняў лепш за ўсё выясьняецца пры параўнаньні іх з назоўным склонам. Назоўны склон абазначае, як мы бачылі, нешта асобнае, нешта незалежнае — прадмет, як ён існуе сам па сабе. Наадварот, што да ўскосных склонаў, то тут перш за ўсё кідаецца ў вочы іх залежнасьць. Словы: „брат“, „горад“, „рэчка“, „конь“, „хараство“, „сваце“, „браце“, „куме“ зразумелы й самі па сабе, нават вырваныя з сказу; іх мы часта й ужываем у такім асобным відзе, напр., калі прыпамінаем прадметы або пералічваем іх ці каго клічам (сваце!). Наадварот, словы: „брата“, „горадам“, „рэчцы“, „канём“ і так далей, вырваныя з сказу, выклікаюць поўнае зьдзіўленьне. Калі зразумелай або, прынамсі, звычайнай для кожнага будзе форма „рэчка“ ці „конь“, то дзіўнай і недарэчнай для нас будзе форма „рэчцы“ ці „канём“. Прычына тут тая, што формы „рэчцы“, „канём“ сапраўды трацяць увесь свой сэнс, калі іх вырваць з сказу, і што яны маюць сэнс толькі пры другіх словах. Значыць, істотнае значэньне ўсіх ускосных склонаў, разам узятых, заключаецца якраз у іх залежнасьці ад другіх слоў. У той час, як назоўны склон выражае прадмет сам па сабе, ні з чым ня зьвязаны і ні ад чога незалежны, ускосныя склоны выражаюць прадмет толькі ў яго адносінах да нечага другога. Гэтае другое можа быць тым-жа самым прадметам (кусок хлеба) або дзеяньнем (баюся айца) ці прыметай (мала груш, варт пашаны). А дзеля таго, што дзеяньне ёсьць тая-ж прымета, то два апошніх выпадкі можна злучыць у вадно ды сказаць, што ўскосны склон можа адносіцца або да прадмета, або да прыметы. Такім парадкам, дапаўненьне, або ўскосны склон назоўніка, ёсьць форма, што абазначае прадмет у яго адносінах да другога прадмета або да прыметы прадмета.
1. Падзел дапаўненьняў. Усе дапаўненьні можна падзяліць на простыя й сустаўныя. Калі пры дапаўненьні стаіць прыназоўнік, які зьвязвае яго з тым словам, да якога яно адносіцца, то такое дапаўненьне называецца сустаўным. (За мурам і куля ня страшна), а калі пры дапаўненьні прыназоўніка няма, то яно называецца простым. (Не удалося забіць лося).
Што да прыназоўнікаў, то трэба ведаць, што яны ўжываюцца толькі пры дапаўненьнях; дзеля таго яны й называюцца прыназоўнікамі, бо дапаўненьнем, як мы ведаем, можа быць толькі ўскосны склон назоўніка.
2. Значэньне прыназоўнікаў. Агульнае значэньне прыназоўнікаў тое самае, што й значэньне ўскосных склонаў назоўнікаў: яны вызначаюць тыя ці іншыя адносіны прадмета да другога прадмета. Прыназоўнікі, агулам кажучы, адпавядаюць сваім значэньньнем канчаткам (флексіям) назоўнікаў. Часта тое, што ў адных мовах выражаецца ўскосным склонам (зн., канчаткам), то ў іншых мовах — прыназоўнікам з залежным ад яго склонам. Мы, напрыклад, кажам: „Рым быў пабудован Ромулем і Рэмам“, а рымлянін і немец сказалі-б: „быў пабудован ад Ромуля й Рэма“; расіец кажа: „это белее снега“, „темнее ночи“, „умнее меня“, а мы, беларусы (а таксама рымлянін, паляк, сэрб, украінец), кажам: „бялей за сьнег“, „цямней за ноч“, „разумней за мяне“; мы кажам: „араць сахою“, „біць малатком“, „грызьці зубамі“, а немец скажа: „араць з сахою“, „біць з малатком“, „грызьці з зубамі“ — у немца дапаўняльны прадмет таварышуе дзейніку, г. зн., дапаўненьне стаіць у такой форме, што выражае такія адносіны да другога прадмета ці прыметы, якія можна назваць таварышаваньнем; таксама нам зручней сказаць „поэма напісана Якубам Коласам“, а паляк скажа: „напісана праз Якуба Коласа“. Наадварот, мы цяпер кажам: „ісьці з братам, з жонкай“, а даўней казалі: „ісьці братам, жонкаю, суседам“; мы цяпер кажам: „у гумне, у горадзе, у Вільні“, а даўней гаварылася проста, без прыназоўніка „у“: гумне, горадзе, Вільні (бач. прыклады § 30:6).
Як бачым з гэтых прыкладаў, паміж асобнымі прыназоўнікамі і асобнымі склонамі ёсьць нават простая адпаведнасьць у значэньнях. Пры гэтым, кожны прыназоўнік, як і кожны склон, мае звычайна па некалькі значэньняў, якія разьвіліся гістарычна адно з другога і выводзяцца з аднаго даўнейшага значэньня. Напрыклад, прыназоўнік „за“ з прыладным склонам можа абазначаць і прасторавыя (месныя) адносіны паміж прадметамі („хата за гарою“), часоўныя („за пагоду управіліся“, „гэта было за паншчыну“), прычынныя („пасварыліся за ножык“) і іншыя адносіны. Або возьмем яшчэ прыназоўнік „ад“: ад хаты да гумна, вечка ад скрынкі, заплакаў ад болі, памёр ад сухот, уцёк ад нас, сьляпы ад роду, бараніцца ад ваўкоў, гарачэй ад (за) агню і т. далей.
Даўнейшым значэньнем прыназоўнікаў зьяўляецца бадай што заўсёды прасторавае, меснае значэньне, г. зн. прадметнае, а не разумовае значэньне, а потым цесна зьвязанае з ім значэньне часоўнае. Так, напрыклад, даўнейшае значэньне прыназоўніка „за“ з прыладным склонам выяўляецца ў злучэньнях: „жыць за гарой“, „поле за хатаю“, „крок за крокам“ і т. далей. З апошняга злучэньня лёгка зразумець, як прасторавая сувязь пераходзіць у часоўную: „крок за крокам“ можна разумець і месна („крок за крокам па пятах“) і часоўна („крок за крокам бязупынна“). Адгэтуль ужо чыста часоўныя злучэньні: „дзень за днём“, „год за годам“. Далей, часта прадмет, за якім стаіш, замінае бачыць і чуць, і такое злучэньне, як „за кустамі нічога ня відно“, стала мысьліцца ў значэньні перашкоды, а перашкода — прычынай; адгэтуль прыназоўнік „за“ набраў значэньня прычыннасьці: „За туманам сьвету ня відно“. „За лозамі, за бярозамі рута-мята ня ўсходзіць“. „Паспорылі за мех, пасварыліся за дзеці“ і т. далей. Потым, дзеля таго што прадмет, за якім ідзеш, часта бывае пажаданым („бегчы за зайцам“, „гнацца за ворагам“), то прыназоўнік „за“ стаў ужывацца для выражэньня мэты, напр., парасійску: „послать за докторам, за водой“, панашаму — „па доктара, па воду“. Часта прадмет, за якім стаіш, дае хованку, абарону („хавацца за сьцяну, за агароджу“); адгэтуль магло вытварыцца такое злучэньне прыназоўніка „за“ з ускосным склонам, як: „пайсьці замуж, быць замужам“ (на пачатку=за мужам), адгэтуль і прыказка: „За добрым мужам і чулінда жана, а за благім і князёўна раба“; параўнуйце гэту прыказку з такою: „За мурам і куля ня страшна“.
З гэтых прыкладаў відаць, як паступова й падсьвядома з прасторавага значэньня вытвараецца ў мове разумовае паняцьце. Часам прасторавае значэньне прыназоўніка зусім траціцца, а застаецца толькі разумовае. Напрыклад, прыназоўнік „аб(а)“ з месным склонам („выцяць аб стол, аб пень“, „думаць аб сабе“) і прыназоўнік „пра“ („гаварыць пра вайну“) ня маюць цяпер зусім прасторавага значэньня. У такіх выпадках пачатковае значэньне выкрываецца параўнаньнем з роднымі, блізкімі паміж сабою мовамі, асабліва даўнейшымі. Напрыклад, у царк.-славянскай мове чытаем: „сущим в Іудеи о Христе Ісусе“, г. зн., быўшым навокала Хрыста, акаляўшым Хрыста; „и седаше о нем народ“ — навокала яго.
3. Пахаджэньне прыназоўнікаў і прыслоўяў. Аб пачатковасьці прасторавага значэньня сьведчыць і пахаджэньне прыназоўнікаў дапаўненьня; тыя прыназоўнікі, пахаджэньне якіх удалося дасьледзіць, становяць сабою ўскосныя склоны назоўнікаў іменных, што страцілі сваю назоўнасьць і скланеньне, і якія мелі прасторавае, матарыяльнае значэньне. Напрыклад, прыназоўнік „між“ (даўней „межы“) — закасьцянелы склон назоўніка „мяжа“ (ц.-слав. „межда“, парасійску „между“); „сярод“ — ад назоўніка йменнага „сярэдзіна“ і т. далей.
Часам з усіх склонаў назоўніка йменнага застаецца толькі адзін склон аднаго ліку, і тады ўжо, разумеецца, ні склон, ні лік ня мысьляцца, і слова робіцца бясформеным, бо форма можа мысьліцца толькі пры параўнаньні з сумежнымі формамі. Такія, напрыклад, прыслоўі, як: „пяшком“, „сілком“, „кумілём“ зьяўляюцца закасьцянелымі формамі прыладнага склону адзіночнага ліку ад забытых цяпер іменнікаў: „пяшок“, „сілок“, „куміль“. Таксама прыслоўе „проша“ (проша ў хату! проша закусіць!), як і прыслоўе „конча“ (конча трэба зрабіць), зьяўляюцца дзеяпрыслоўямі цяперашняга часу ад дзеясловаў „прасіць“, „кончыць“, як прыслоўе „наўмысьля“ ад дзеяслова „наўмысьліць“. Але дзеяпрыслоўі цяперашняга часу на „а“ ў беларускай мове адмерлі, а тыя, што засталіся, сталі ўжывацца, як прыслоўі. Адгэтуль і кажуць, што пераважная большасьць прыслоўяў становіць сабою закасьцянелыя формы зьменных часьцін мовы, якія некалі жылі, як асобныя зьменныя словы.
Разглядаючы дапаўненьні простыя, г. зн. без прыназоўнікаў (§ 30), мы бачылі, а) што часта першапачатковае, звычайна прасторавае, матарыяльнае або часоўнае, значэньне склонаў аслабляецца, так сказаць, выветрываецца, і з гэтае прычыны склон траціць сваю здольнасьць выражаць тыя адносіны, для якіх раней служыў; асабліва гэтая страта выразна выступае ў значэньні меснага склону, які цяпер зусім ня ўжываецца без прыназоўніка; б) потым мы бачылі, што склон без прыназоўніка ў сучасным стане ня можа ўжо дакладна выражаць усіх разьвітых адценьняў з свайго асноўнага значэньня, дзеля чаго вынікла патрэба прыстаўляць да тых ці іншых склонаў розныя прыназоўнікі або ставіць такія склоны ў залежнасьць ад дзеясловаў з прыстаўкамі, бо прыстаўкі ў пераважнай большасьці зьяўляюцца тымі самымі прыназоўнікамі. Такім парадкам вытвараюцца сустаўныя дапаўненьні, або дапаўненьні з прыназоўнікамі.
Трэба яшчэ дадаць, што некаторыя прыназоўнікі, што разьвіліся з прыслоўяў, а ў пазьнейшы час і з іменьнікаў, выражаюць ня толькі тыя ці іншыя адносіны паміж прадметамі ці прыметамі прадметаў, але й самі па сабе абазначаюць нешта матарыяльнае, напр.: каля мліну, дзеля мяне, край дарогі, канцы сяла, паканец стала, зрабіць паканец рук.
Дзеля гэтага прыназоўнікі можна падзяліць на прыназоўнікі сапраўдныя, што маюць чыста формальнае значэньне, як канчаткі, каб выразіць граматычныя адносіны паміж пэўнымі часьцінамі сказу, напр., у, з, за, на, над, пад, без, да, к і іншыя, і прыназоўнікі-прыслоўі (замест, напроціў, проці, скрозь, сярод, пасярод, каля, дзеля, між і іншыя), якія больш выразна й наглядна вызначаюць адносіны паміж часьцінамі сказу. Некаторыя з-паміж такіх прыназоўнікаў-прыслоўяў могуць і незалежна служыць паясьненьнем дзеяслова, без залежнага ад іх слова-дапаўненьня. Але трэба сказаць, што й некаторыя прыназоўнікі-прыслоўі пасьпелі ўжо выветрыцца, страціць свой матарыяльны зьмест ды нават паскарочвалі сваю форму (ля=для). Ёсьць і такія прыслоўі, што на нашых вачох становяцца прыназоўнікамі, напр.: „міма“ („Міма хмурынка прашла“, — і „Міма рота не пранясеш“; у першым прыкладзе „міма“ — прыслоўе, а ў другім — прыназоўнік, бо кіруе словам „рота“) і іншыя.
Значэньне сустаўных дапаўненьняў. Значэньне сустаўнога дапаўненьня складаецца з значэньня прыназоўніка і значэньня склону назоўніка йменнага. Звычайна прыназоўнік дакладней, сьцісьлей выражае даныя адносіны. Напрыклад, у злучэньнях „выйсьці з вады“, „далёка ад вады“, „астацца без вады“ родны склон „вады“ ўсюды аднолькава абазначае адлучэньне ад прадмета, а прыназоўнікі паказваюць як і чаму адбываецца гэтае адлучэньне, дакладней выражаюць гэта адлучэньне. Таксама ў злучэньнях: „у вадзе“, „на вадзе“, „пры вадзе“ месны склон слова „вада“ — „вадзе“ ўсюды паказвае, што вада блізка да прадмета, а прыназоўнікі сьцісьлей выражаюць гэта. З другога боку, склон часткаю агранічвае значэньне прыназоўніка. Гэта бывае ў тых разох, калі адзін і той самы прыназоўнік патрабуе некалькіх склонаў. Прыназоўнік „у“, напрыклад, мае аднолькавае значэньне пры вінавальным і месным склоне („у воду“, „у вадзе“); у вабодвых склонах ён паказвае на адно й тое самае прасторавае (меснае) значэньне (адзін прадмет у сярэдзіне другога), склоны сьцісьлей перадаюць гэтае значэньне: вінавальны склон паказвае на рух аднаго прадмета ў другі („у воду“), а месны склон — на палажэньне аднаго прадмета ў другім („у вадзе“).
Разам прыназоўнік і склон вытвараюць аканчальнае значэньне дапаўненьня: рух да прадмета+значэньне прыназоўніка „у“ дае рух у сярэдзіну прадмета, а палажэньне каля прадмета+значэньне прыназоўніка „у“ дае палажэньне ў сярэдзіне прадмета.
1) Кароткія прыназоўнікі часам могуць падвойвацца, напр.: ні ўво шта, ува ўсіх людзей.
2) Часам злучаюцца два розных прыназоўнікі, — прычым, склонам кіруе першы, напр.: па-во (Па вошта, воўча, ідзеш?), з-за (выскачыў з-за кустоў), з-праз (згінуў спраз (і „праз“) сваю нядбаласьць), з-пад (крыніца цякла з-пад каменя, выпаўз з-пад дзерава), па-над: тут склонам кіруе другі „над“ (па-над хатай, ляцеў воран па-над морам), па-уз=паўз (езьдзілі паўз карчмы, паўз хаты), па-пад (бегалі па-пад воканьню).
3) У старасьвецкай літаратурнай мове, а часам і ў сучаснай, сустракаецца паўтарэньне прыназоўніка перад іменьнікам, перад прыдаткам да яго і перад азначэньнем.
Прыклады з старасьвецкае мовы: Дашлі да ракі да Шумы; утапіці ў рацэ ў Дзьвіне; паехаў да Луцку да вялікага; у князя ў Дзьмітрыя; князі рускія і баяра пасадзіша князя Швітрыгайлу на вялікае княжэньне на рускае.
Прыклады з сучаснае мовы: Надаела яму сядзець на суччу на тым; ухапіўся ён за свайго за добрага каня ды скарэй да дому.
4) Калі некалькі слоў павінны залежаць ад аднаго прыназоўніка, то такі прыназоўнік даўней часта ставіўся перад кожным словам (цяпер так не гавораць), напр.: „А за вялікага князя Альгерда, і за Карыята, і за Патрыкія, і за іх сыны мы шлюбуем (прысягаем) мір дзяржаці вельмі цьвёрда“.
5) У якасьці прыназоўнікаў найчасьцей ужываюцца наступныя словы:
a) 3 родным склонам: ад, абапал, апроч, апрача, акром, акрамя, без, для, дзеля, да, з, за, замест, заместа, каля, канец, канцы, паканец, край, між, міма, вакол, навакол навокала, подлуг, паводле, паводлуг, прамеж, проціў, проці, напроці, наўпроці, скрозь, у, сярод, пасярод.
б) З давальным склонам: да, к, па.
в) З вінавальным склонам: без, за, на, над, аб, а, па, пад, пра, праз, скрозь, з, цераз, замест.
г) 3 прыладным склонам: за, над, перад, прад, пад, з.
д) 3 месным склонам: аб, а, на, па, пры, у.
Ёсьць некалькі прыназоўнікаў, што злучаюцца з двума склонамі (у сьцяне і ў сьцяну, на стале і на стол, аб пне і аб пень, за сьцяною і за сьцяну, пад сталом і пад стол), і ёсьць два прыназоўнікі — „з“ і „па“, якія злучаюцца з трыма склонамі, напр.: вярнуўся з работы, схадзіць з гары, з сахою, з бараною, з хлебам, з дом увелькі; ісьці па пяску, па лузе, па беразе, па дарозе; плакаць па сыну, па бацьку, па матцы; паслаць па доктара, пайсьці па воду.
Такім парадкам, прыназоўнікі за, пад і некаторыя іншыя могуць стаяць пры вінавальным і прыладным склонах: селі за стол, сядзелі за сталом; палажылі пад стол, пад сталом.
Прыназоўнікі аб, на, у могуць стаяць пры вінавальным і месным склонах, напр.: У лес, у лесе, аб стол, аб стале, на стол, на стале.
Прыназоўнікі з, па стаяць: першы („з“) з родным, вінавальным і прыладным (вярнуўся з работы, сабака ўвелькі з воўка, жыве з сястрою), а другі — „па“ стаіць пры родным, давальным і месным: (пайсьці па воду, паслаць па доктара; пайсьці па коні, па гусі (тут нават вінавальны); плакаць па матцы, па бацьку, па сыну, па куму; хадзіць па лузе, па беразе, па хаце, па полі).
Мы ўжо ведаем (§ 30:7), што прыназоўнікі абазначаюць розныя адносіны паміж прадметамі. Адносіны гэтыя найбольш залежаць ад тых дзеясловаў, якія ўстанаўляюць той кірунак, што абазначаецца прыназоўнікамі, асабліва тымі прыназоўнікамі, уласнае значэньне якіх зацёмнена або сьцерлася, выветрылася.
Гаворачы аб ужываньні прыназоўнікаў, трэба разумець, што такім спосабам выясьняецца значэньне сустаўных дапаўненьняў, г. зн. ускосных склонаў з прыназоўнікамі.
Дзеля парадку й для зручнасьці паставім прыназоўнікі ў альфабэтнай паступовасьці.
1. аб, а. Як у старасьвецкай, так і ў сучаснай беларускай мове сустракаюцца абодва гэтыя прыназоўнікі; прычым, прыназоўнік „а“ звычайна стаіць перад губнымі зычнымі словамі з непрадметным (не матарыяльным) значэньнем, хоць можа стаяць тут і „аб“, напр.: а поўначы, пачатак а шостай гадзіне; прачнулася мачыха аб поўначы. Найчасьцей-жа ўжываецца „аб“; часам „аб“, стаўшы перад губным, прымае да сябе прыназоўнік „а“, напр.: аба мне, абабіць (аба=аб+а); пад націскам „аб“ прымае прыдыханьне „в“, напр.: кінуць воб землю, вобмацкам.
Злучаецца гэты прыназоўнік з вінавальным і месным склонамі.
3 месным склонам „аб“ злучаецца ў значэньні навокала чаго, каля чаго, але ў прасторавым значэньні цяпер ня ўжываецца (§ 30:7,2); для выражэньня часу злучаецца й цяпер з месным склонам; у пераносным значэньні месны склон ставіцца з гэтым прыназоўнікам для паказаньня на прадмет гутаркі, разважаньня.
З вінавальным склонам „аб“ ставіцца для паказаньня на сумежнасьць, на мяжу або граніцу дзеяньня; у пераносным значэньні ўжываецца для абазначэньня прычыны дзеяньня, спосабу дзеяньня й мэты. У сучаснай мове, як і ў старасьвецкай кніжнай, вінавальны з „аб“ стаіць там, дзе мог быць месны склон, напр.: „Ня сходзяцца аб цану“ (замест „аб цане“). А капейку няма чаго спорыць. А сваё кожан стаіць.
1) Месны склон пасьля „аб“, „а“ ставіцца: а) для абазначэньня прадмета мовы, гутаркі, разгавору: Не аб шумна-разгульнай бяседзе-вясельлі, не аб славе забытага краю гэту песьню сягоньня складаю. (Я. Куп.). Лес, аб чым шумяць вяршыны? (Я. Кол.). Песьня аб вясьне. А пустаце гаворым.
а) У такіх разох можа стаяць і прыназоўнік „пра“ з вінавальным склонам (бач. ніжэй).
б) Для азначэньня часу: Прачнулася мачыха аб поўначы; пачатак а шостай, а першай, аб адзінаццатай гадзіне. Заўтра аб гэтай пары. Жджы мяне, маці, аб зялёным сьвяце.
в) Спосабу дзеяньня, хоць даволі рэдкі выпадак: аб тым і жыла (так і жыла), аб тым я піла й ела (гэтым я была й жыва).
г) Да меснага склону з прыназоўнікам „аб“ належаць і такія звароты ў мове, як: радавацца або тужыць аб кім, знаць аб чым.
2) Вінавальны склон пасьля „аб“ ужываецца:
a) Замест меснага: Ня сходзяцца аб цану. Дбае аб чужое шчасьце. Аб мяне маладу.
б) Пасьля дзеясловаў: прасіць, прысягаць і падобных: прасіць а хлеб, ішло ў іх аб некую рэч, запрысягаўся мне аб гэтую рэч, але такія звароты бываюць вельмі рэдка.
в) Для азначэньня прычыны, мэты, часу: Аб што ты прышоў? Аб адну сэрца баліць. А тры дні вярнуўся.
г) Пад націскам прыназоўнік „аб“ прымае від „воб“ ды абарачаецца ў прыстаўку, вытвараючы прыслоўе спосабу дзеяньня ў форме вінавальнага й прыладнага склону з гэтым прыназоўнікам: вобмацкам, вобмаль, кінуць воб землю. На вобмацак пазнаў.
д) Для азначэньня мяжы або граніцы, да якой даходзіць дзеяньне: Ці саву аб пень, ці пень аб саву — усё саве баліць. Б‘ецца, як рыба аб лёд. Палец аб палец ня вытне.
2. абапал. Гэтае прыслоўе, вытваранае з вінавальнага склону назоўнікаў „оба полы“, ужываецца, як прыназоўнік, з родным склонам: Абапал мосту дзераўём высаджана. Пасталі абапал яго. Абапал рэчкі, абапал дарогі.
Калі-ж сказаць: „узяў яго абапал“ (упоперак), то тут „абапал“ будзе прыслоўе. Адгэтуль прыслоўе „абапольна“ (сумесна, папалам): „Абапольна трымаюць землю“, і прыметнік „абапольны“: „То наша абапольнае дзяржаньне“.
3. ад. Стаіць заўсёды пры родным склоне; у злучэньні з іменьнікам азначае выхадны пункт, ад якога пачынаецца дзеяньне ці стан; сюды належаць і звароты ў мове пасьля выражэньня аддаленьня, вызваленьня ці выхаду. Такім выхадным пунктам можа быць і час, і асоба пры дзеясловах залежнага значэньня; выхадны пункт можа быць разам з тым і прычынаю пэўнага дзеяньня.
а) Выхадны пункт: Ад зямлі адарваўся, а да неба не дабраўся. Чытаць ад канца да канца. Ад сяла да рэчкі тры вярсты. Ад дошкі да дошкі, а ў сярэдзіне ні крошкі. Ад шыла к тапару. Кожны горне не ад сябе, а к сабе.
б) Пасьля дзеясловаў і зваротаў, што выражаюць аддаленьне (адыходак), вызваленьне ці што падобнае: Стань воддаль ад агню. Ледзьве абараніўся ад ваўкоў. Збаў нас ад спакусы і ад усяго благога. Багатага не распазнаеш ад тараватага. Ад роднага таткі прыемны й латкі.
в) У сувязі з выражэньнем аддаленьня знаходзіцца й параўнальная ступень: багатшы ці багацейшы ад усіх (за ўсіх), яго ручанькі гарачэй ад агню (за агонь).
г) У старасьвецкай мове „ад“ ужываўся для абазначэньня пахаджэньня: „Гасподзь ад Сіона“; заместа „ад“ цяпер ставіцца „з“: Ён родам з Паласьні.
д) Выхадным пунктам можа быць час: Ад лецечка да лецечка чакай, маё дзецечка;
е) асоба пры дзеяслове залежнага значэньня: Кума ад кума бяз вума. Дзе тут ёсьць наш зяць, ад долі суджоны, ад людзей намаўлёны?
ж) Абазначэньне прычыны: Аж пабялеў ад страху. Ад баязьні мала прыязьні. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. Ад напасьці не прапасьці. Ад ліха ціха, але й дабра ня чуваць. Ад сьмерці няма зельля. Ад сварак не баліць карак. Ад сьмерці захацелася (вельмі захацелася). Ад ціха ўсё ліха. Ад пачыну залежыць дзела. Далі зельля ад пахмельля. Грошы круглы, ад таго й коткі. Ад таго мы пагалелі, што соладка пілі, елі.
з) Прыназоўнік „ад“ у якасьці прыстаўкі знаходзім у такіх прыслоўях з адыходным значэньнем: адкуль, адтуль (Адкуль дым, адтуль і полымя); і іншыя словы з прыстаўкаю „ад“ маюць адыходнае значэньне: адвага (Адвага або мёд п‘е, або кайданы трэ), адклад (Адклад ня йдзе ў лад), адказ (Адказ, як шыла), аддаць, адчапіцца і т. далей.
1) Прыстаўка „ад“ пад націскам прымае від „вод“: воддаль, воддалек (стань воддаль, воддалек стаў).
4. апроч, апрача, акром. Гэтыя прыназоўнікі з прыслоўяў стаяць пры родным склоне і азначаюць адлучэньне, асобнасьць, напр.: Апроч мяне, апрача таго; акром цябе нікога тут ня было.
5. без. Гэты прыназоўнік злучаецца з родным склонам адлучальным (облятыўным) і звычайна абазначае адлучэньне ад чаго-небудзь, напр.: Дочкі пакідаюць матку без сарочкі. Знашоў бот без падашоў. Без языка, а мудра гаворыць. Няма роду бяз выроду. Без запасу ані часу. Без праводу войска гібне.
Тое самае значэньне мае й прыстаўка „без“; безбаронна (безбаронная сірата), бязбронна (Ляжачага ня б‘юць, а бязброннага не сякуць), бязьвінна церпім, бязводзьдзе (на бязводзьдзі жывём), бязвызвалу служыць, бязгодзьдзе на дварэ, бяздольле, бяздоньне, бязэцна жыве (ад „цнота“), бяскарна, бязвокі, бясквотна (бяз процанта), бязьлецьце і т. далей.
6. вобак, вобач. Гэтыя прыназоўнікі-прыслоўі вытвараны з іменьніка „бок“ і прыназоўніка „а“ (з „аб“) пад націскам з прыдыханьнем („во“). Ёсьць слова ад „бок“ з прыстаўкаю „уз“: на ўзбоччы жыве.
Стаяць яны з родным склонам: Сядзь вобак мяне! Дарога вобак поля. Вобач рэчкі, лесу. „Вобач“ стаіць толькі пры няжывых прадметах.
„Вобак“ — прыслоўе: Едзь вобак! Што вобак, той прыяцель.
б) „Для“-„ля“: Для друга няма круга. З таго сэрца (са злосьці) зельле варыла не для друга, не для мілага, а для брата ля радзімага. Дай нам, браце, чырван злоты, бо мы жалі для ахвоты. Парэзала многа курэй і гусей ля сваіх ля любых гасьцей.
8. да. Гэты прыназоўнік часта ўжываецца замест „к“ і „у“. Ён абазначае граніцу, мяжу, да якой даходзіць дзеяньне ў прасторы ці ў часе. Калі „да“ стаіць заместа „у“, то абазначае дзеяньне, накірованае ў сярэдзіну чаго-небудзь. Гэты прыназоўнік ужываецца ў непрадметным сэнсе з тым самым значэньнем. Пасьля „да“ стаіць звычайна родны склон.
1) У прасторавым значэньні: Прыдзе коза да воза. Наш стог пашоў да неба сьвечкаю (згарэў). Абы дзень прашоў ды да нас дашоў. Прыду да вас, да цябе. Да бацьвінкі палажы саланінкі. Трэба зьбірацца да дому. Ляцелі журавы да дубу — час табе, Марылька, да шлюбу!
2) Для абазначэньня часу: Чакай да вясны, да лета. Да пары збан воду носіць.
3) Для выражэньня спосабу дзеяньня, мэты: Ня войтава дачка, а да рэчы гаворыць. Калі вы нам рады, то й мы к вам да парады. Падаю да ножак і прашу да сьлёзак.
4) Для паказаньня адносін да каго ці да чаго: Што маеш да мяне? Як ты да мяне, так і я да цябе. Піць да каго, зварачацца з просьбай да каго. Ён да конікаў канюх. Што-ж вам, гусанькі, да таго, ёсьць у мяне войчанька для таго.
9. з. Гэты прыназоўнік вытварыўся з „із“ і фонэтычна супаў з другім прыназоўнікам „з“ (=ц.-слав. „с“). З гэтае прычыны гэты прыназоўнік мае падвойнае значэньне, дзеля чаго іх трэба разглядзець паасобку.
2) У гэтых прыкладах прыназоўнік „з“ з родным склонам выражаў месца, але ён можа выражаць і прычыну дзеяньня, напр.: Дабра з таго мала. 3 тае прычыны… Ай сваціца, галубіца, прашу цябе з павагі, каб ня было майму дзіцяці зьнявагі.
У вапошнім прыкладзе („з павагі“) лепш бачыць прыназоўнік „з“=„с“, які ў такіх разох таксама кіруе родным склонам.
3) Прыназоўнік „з“ уваходзіць у склад прыслоўя-прыназоўніка „спаміж“ (Спаміж нас адзін няхай пойдзе) і прыслоўя „сьціха“ (Сьціха, баяра, хадзеце, харом не вярнеце!).
Таксама прыназоўнік „з=із“ можа прымаць поўны від, напр.: Із-пад Слуцка, із-пад Клецка едзе служба маладзецка.
Але гэта бывае толькі ў песьнях дзеля складу, а звычайна ўжываецца „з“.
1) З родным склонам прыназоўнік „з“ выражае:
а) Рух зьверху чаго-небудзь і мае меснае значэньне, напр.: На гару чацьвёра цягнуць, а з гары адзін сапхне. Проста з моста ў вір галавою. З плеч ды ў печ. 3-край сьвету прышоў. Збоку прыпёку. Зышліся з розных краін. Хлопча, малойча, паганяй барджей каня з айцоўскага двара!
4) Прыназоўнік „з“ перад злучэньнем некалькіх зычных у наступным слове, перад якім ён стаіць, прымае да сябе гук „а“ ды абарачаецца ў „са“, пад націскам „со“, напр.: са страху, са мною, сопалаху, со-смеху, со-сну, саста́рыцца, саступаць (паціхеньку саступай, саступі ўніз, саткаць, сатнуць (Галаву сатнуць (сьцяць) дам, калі гэта праўда. Галаву яму сатні — ён ня прызнаецца), сапраўды, сашчыкнуць кветку, сапсаваць і т. далей.
У слове „сопалаху“ (ад „спалохацца“, „спужацца“) галосны пасьля „п“ глухі, так што вымаўляецца, як „соп‘лаху“, і злучэньне зычных вытвараецца — „пл“.
10. за. Асноўнае значэньне гэтага прыназоўніках — рух назад чаго-небудзь або прабываньне ззаду чаго-небудзь ці рух за кім-чым-небудзь. У першым значэньні ён ужываецца з вінавальным склонам, а ў другім і трэцім — з прыладным склонам, незалежна ад таго, ці будзе ўжывацца ў прасторавым значэньні месца ці часу або у пераносным. У некаторых выпадках, асабліва для азначэньня часу, пасьля „за“ можа стаяць і родны склон. Значыць, прыназоўнік „за“ можа стаяць пры трох склонах: вінавальным, прыладным і родным.
1) Пры вінавальным і прыладным склоне для абазначэньня месца: а) куды накірована дзеяньне: За паяс заткнуць. Паселі за стол. За губы ды ў рот; б) дзе адбываецца дзеяньне: За морам цялушка палушка. За мухай не зганяешся з абухам. Ішоў сьледам за мною. За баляваньнем ходзіць галадаваньне.
2) У пераносным сэнсе прасторавае значэньне знаходзім у такіх разох: а) выходзіць замуж за каго, быць замужам за кім. Яна была замужам за маім братам; б) пры параўнальнай ступені заместа роднага аддаленьня (§ 30:3,III): дужэйшы за мяне, старэйшы за яго, разумнейшы за іх усіх. Тыгра трошкі меншы за лева. Няма зьвера дужэйшага за лева. Ня горш за цябе; в) для выражэньня зьмены стану прадмета, погляду на што-небудзь: „Зрабілі балвана ды за бога яго мелі. За панібрата з ім абыходзіўся. Каб ня была паветка за хатку, каб ня была суседка за матку.
У вапошніх прыкладах можна бачыць родны склон („за Саса“, „за цара“) і вінавальны („за жыцьце“).
6) Паспорылі за мех, а ў мяху сьмех. Адзін толькі раз пасварыліся хлопцы, і пасварыліся за глупства — за ножык-цыганчык. За абмылку ня плацяць. За посул гневу няма. За пераборы лапці ды аборы (хто часта мяняе службу). За лычка рамушком плаціцца (бач. вышэй 2, г).
Пры выражэньні прычыны можа быць і родны склон, калі прычынай зьяўляецца асоба, чалавек: Пасварыліся за дзяўчат. За дзетак маткі, а за матак таткі.
5) Пры дзеяслове „купіць“ таксама стаіць вінавальны склон, напр.: За пяць пальцаў купіў. За што купіў, за то й прадаў.
6) Прыназоўнік „за“ ўваходзіць у склад прыслоўяў: „замест“, „заместа“, „заміж“, якія ў сваю чаргу могуць быць прыназоўнікамі (за̀мест яго паслалі мяне) і такіх прыслоўяў, як: занадта (занадта вялік), за́нава (за̀нава стаў рабіць), запасьліва (запасьліва жыве), запозна (запозна прыехаў), зараз, заразом (адначасна: усе заразом выехалі), зара̀на (зара́на яшчэ ехаць, зара́на яшчэ табе жаніцца), зароўна (усіх зароўна дзеляць), за̀сап (за́сап выпіў, г. зн., не зьмяняючы дыханьня), заўтра—ўзаўтра (заўтра аб гэтай пары), заўчора, пазаўчора, пазаўтра, залетась, пазалетась і іншыя.
11. к. Гэты прыназоўнік часта падмяняецца прыназоўнікам „да“, стаіць заўсёды пры давальным склоне ды абазначае або такі прадмет ці стан, да якога накіравана дзеяньне, або мэту дзеяньня. Часам гэты прыназоўнік бывае як-бы лішнім, бо рух да чаго-нібудзь можа быць выражан давальным карысьці або шкоды. (Дзеля дачкі я двару вярнуся, дзеля сына я двару не вярнуся).
Прыназоўнік „к“ перад словам мне прымае да сябе гук „а“: ка мне прышоў.
2) Прыназоўнік „к“ з іншым значэньнем: К старасьці дзьве радасьці. Куды ты к ліху сарочку пашыла!
3) У старой мове „к“ абазначаў і мэту руху, напр.: „Паднясі рукі ку спусташэньню“.
13. канец, канцы. Гэты назоўнік іменны ў якасьці прыназоўніка стаіць пры родным склоне ды абазначае прабываньне на мяжы ці каля мяжы чаго-нібудзь, напр.: Сядзіць канец стала. Жыве канцы (у канцы) сяла.
Часам „канец“ ужываецца з прыстаўкаю „па“ таксама з родным склонам, напр.: Стала Анелька паканец стала да прасіла брацейкі — сакала. Зроблена паканец рук. (Тут выражаецца спосаб дзеяньня).
14. край. Ужываньне яго аднолькавае з прыназоўнікам „канец“, напр.: Пахавалі край даліны. Жыве край сяла.
Прыназоўнік „край“ можа прымаць да сябе прыназоўнік „з—с“ або „у“, напр.: „Прышоў на скрай мора“ ці „на ўскрай мора“.
15. кром, акром — больш старасьвецкія; стаяць пры родным склоне: „Кром цябе ніхто ня браў“. Гэты прыназоўнік мае роўнае значэньне з „апроч“.
16. кругом — іменьнік у форме прыладнага склону ўжываецца, як прыназоўнік, таксама з родным склонам, напр.: Кругом хаты ельле, а ў хаце вясельле. Пасталі кругом яго.
„Кругом“ мае тое самае значэньне, што й „вакол“, „навакол“, „навокала“, напр.: У нашага брата кругом хаты мята, а ў хаце багата. У нашага брата кругом хаты рожа, а ў хаце прыгожа.
17. між. Гэты прыназоўнік-прыслоўе ў сучаснай мове найчасьцей ужываецца зьлітна з прыназоўнікамі „за“, „па“, „з-с“: заміж, паміж, спаміж.
Даўней пісалі: „Праўду межы сябе на том далі“. „Прышлі межы земскага мора“. „Межы мужыкоў і нявест“ і т. далей.
Гэты прыназоўнік вытварыўся з слова „межда=мяжа“ ў форме родна-меснага склону і напачатку паказваў месца дзеяньня на граніцы паміж якімі-нібудзь прадметамі. Як прыназоўнік, вытвараны з іменьніка „мяжа“, ён звычайна стаяў пры родным склоне, але цяпер пасьля гэтага прыназоўніка можа стаяць прыладны і нават вінавальны склон таксама з месным значэньнем, напр.:
а) пры родным склоне: Стань паміж нас. Між лісіц кабан вісіць (вушакі ў дзьверах). Узяў паміж ног. Між беленькіх бярозак талалайчык брэша (язык).
б) пры прыладным склоне: Між курнымі хатамі хадзілі сьвіньня. Два вепры між сабою б‘юцца-сякуцца, аж пена з іх цячэ (жорны).в) пры вінавальным склоне на пытаньне „куды?“: Папаў між молат і накавальню. На пытаньне „дзе“ будзе прыладны склон: Лёг паміж намі. Паміж імі стала нязгода.
18. міма. Гэта прыслоўе (Міма хмурынка прашла. Міна! пашоў міма) сустракаецца і ў ролі прыназоўніка для абазначэньня руху поплеч ці ад чаго-небудзь (Ехаў міма хаты. Міма роту не пранясеш); стаіць пры родным склоне і рэдка пры вінавальным, і то толькі ў старой мове (міма патрэбу).
19. на. Гэты прыназоўнік абазначае рух на паверхні чаго-нібудзь або прабываньне на чым-нібудзь у прасторы ці ў часе як у звычайным, так і ў пераносным значэньні. Апроч таго, у залежнасьці ад значэньня тых слоў, да якіх прылучаецца гэты прыназоўнік, ён можа абазначаць спосаб дзеяньня й мэту, велічыню, меру і іншае. Пасьля „на“ бывае вінавальны склон на пытаньне „куды?“ і месны склон на пытаньне „дзе?“
1) Пры вінавальным склоне для абазначэньня:
а) месца: Паставілі на стол. Узьлез на самы верх. Палез на хату. На стары сьметнік вярнуўся. На сем сукоў садзіцца.
б) у пераносным значэньні. Злуе або сярдуе на мяне, на яго, на цябе, на сябе. Пагібель на яго! Раз маці кажа на сына. Ён сказаў на мяне дурань. На хаценьне ёсьць цярпеньне. На ката пацягушкі, на дзіця растушкі. На воўка памоўка, а мядзьведзь тут. Захварэў на сухоты. На кожны гук не адгукаешся. Учора пілі на карову, сягоньні на каня. Жаль нам, Агатка, на цябе, што ты нас гоніш ад сябе.
в) для абазначэньня часу: На весну пасеем, на восень зьбяром. Я за цябе на тры годы старэйшы. На бязрыб‘е й рак рыба (тут можа быць і месны склон „на бязрыб‘і“, як: „На бязьлюдзьдзі й Хама чалавек“). На гэта лета добра й гэта. На лета, да не на гэта.
Вінавальны часу можа быць падменен прыладным без прыназоўніка, напр.: „На гэта лета добра й гэта. — Гэтым летам добра й гэта“.
г) спосабу дзеяньня: Перапалохаўся на сьмерць. Рабіць на задор або на злосьць. На адно вока сьляпы. На адно вуха глуха, а на другое ня чуе. Пабілі ворага на галаву. Разьлёгся на ўсю хату.
Сюды належаць і такія звароты: Вучаць там каго на шаўца, а каго на краўца. Вучыцца на доктара, на настаўніка (але — „будзе за доктара, за пісара, за настаўніка“).
д) мэты: Стань на помач. Нашто козамі сена травіць? Не хавайся, пане, пад лаву, ды выдзі к нам на расправу. Даць лякарства (зёлак) на поты. Нашто нам тыя пісталеты, калі мы страляць ня ўмеем? Нашто мне каня? — сам буду соху насіць. Трохі зьелі, а трохі пакінулі на вячэру. Пакінулі на плямя, на насеньне. Хацелі прадаць, але падумалі ды пакінулі на восень. Учора пазычалі на карову, а сёньні на каня.
е) для выражэньня меры, колькасьці: На капейку піва, а на ўсё сяло дзіва. На капейку патравы, а на рубель прыправы. На сем двор адзін тапор. Пані на ўсе сані. На цэлы рубель груш купіў. На рубля (тут вінавальна-родны склон) груш купіў.
Дабранач, мамка, дабранач! |
2) Пры месным склоне прыназоўнік „на“ для абазначэньня месца стаіць нават у такіх разох, дзе мог быць прыназоўнік „у“, напр.: Жыве ўвесь час на вёсцы. Княжыў на Вільні. Стаў гаспадаром на Літоўскай зямлі (у гэтых прыкладах замест „на“ мог стаяць прыназоўнік „у“). На вярбе грушы. На жывой касьці мяса мусіць абрасьці. На сьвеце, як у карэце: едзеш, трасешся, покі ня вывернешся. Ha злодзеі шапка гарыць. На пастаці нечага стаяці. На карку сядзіць. На адным месцы й камень абрастае.
Часта пры прыназоўніку „на“ з месным значэньнем (як пры „у“; бач. ніжэй) стаіць ня месны, а давальны склон, напр.: Заржалі конікі на броду: чулі яны на сябе прыгоду. У нас сягоньня масьляніца, — прыляцела к нам ластавіца, села-пала на калу, скінула масла па каму.
Сюды трэба аднесьці й такія нявыразныя выпадкі, як: „На злодзею шапка гарыць“. „Ha каню сядзіць, а каня пытае“.
Нават у тых разох, калі прыметнік стаіць у месным склоне, знаходзім часам форму давальнага склону з прыназоўнікам „на“, напр.: На сваім каню, як хачу скачу. На лечаным каню далёка не заедзеш. На гэтым гаму хто што зарваў, то й таму. Пры лузе, пры дарозе, на бітым гасьцінцу.
Гэта можна аб‘ясьніць тым, што давальны склон іменьнікаў жаночага роду адзіночнага ліку й некаторых мужчынскага роду супалі з месным склонам. (Зямлі — на зямлі, галаве — на галаве, шапцы — на шапцы, сястры — пры сястры; суку — на суку, пяску — на пяску; адгэтуль ужо: на каню, на ляду, на калу. Ішла сьвіньня па ляду, рассыпала каляду).
Такія формы бываюць і пры прыназоўніку „па“ (бач. ніжэй).
20. над. Гэты прыназоўнік злучаецца з вінавальным і прыладным склонам. З вінавальным злучаецца ён для абазначэньня руху куды-нібудзь ці над кім- нібудзь; у пераносным значэньні выражае перавагу над кім-нібудзь, панаваньне. З творным склонам абазначае прабываньне над кім ці над чым-нібудзь, а таксама перавагу, панаваньне.
1) Вінавальны склон з „над“ у жывой мове рэдка сустракаецца (было над вечар); найчасьцей знаходзім яго пры параўнаньні, для выражэньня перавагі, напр.: Разумнейшага над яго няма нікога. Узяў над сілу. (Даўней пісалі: „Будзеш мілован над хвалу людзкую“). Над‘ехаў над сяло (блізка к сялу). Над-меру вялік. Над-меру б‘еш хлапца. Над усё любіць малако.
З гэтым-жа значэньнем ужываецца прыстаўка „над“: надужываньне (надужываньне сілы, мае ласкі; падымаеш цяжкае з надужываньнем свайго здароўя), надужыцьце (надужыцьце здароўя, надужыцьце мае ласкі, мае цярплівасьці — злоўжываньне), надужыты (надарваны; надужытымі сіламі многа не пацягнеш).
2) З прыладным склонам „над“ ужываецца асобна і з прыназоўнікам „па“ -„па-над“, напр.:
а) з параўнальным значэньнем: Славен наш гаспадар над усімі гаспадарамі. Да зялён наш бор, зялён над усімі барамі. Высок шчыр бор, высок над усімі барамі.
б) з значэньнем прабываньня ці руху над чым: Над пешым арлом і сарока з калом. Каршун кружыцца над хатай. Ляцеў воран па-над морам. Што над намі ўверх нагамі?
в) у пераносным значэньні: Над душой стаіць.
21. пад. Гэты прыназоўнік злучаецца з вінавальным і прыладным склонам; з вінавальным склонам стаіць пасьля дзеясловаў руху на пытаньні „пад што?“, „да чаго?“, а з прыладным склонам злучаецца для абазначэньня прабываньня пад чым ці пад кім. Апроч прасторавага значэньня, ужываецца ў пераносным сэнсе для абазначэньня часу, падпарадкаваньня ці чаго падобнага.
1) З вінавальным склонам „пад“ паказвае:
а) месца: Пад ляжачы камень вада не цячэ. Схаваўся пад сена, кінулі пад стол. Пад гару (на гару) цяжка йсьці. Падышлі пад горад. Два браты пузаценькія пад гору бягуць, трэці гарбаценькі за хахлы іх трымае (вёдры на каромысьле). Ігнат-пракурат (хват) пад зямлю пашоў, красную шапку нашоў, проці сонца стаў, красну шапку зьняў (мак). Гэта яму не пад густ прышлося (пераноснае значэньне).
6) мэту: Ты мяне пад забытак вядзеш.
в) час: Гэта было пад вечар пад Новы Год.
2) 3 прыладным склонам „пад“ ужываецца для абазначэньня месца ў простым і пераносным значэньні, часу й залежнасьці ад каго-небудзь, напр.: Тут рэчка пад бокам, і процьма ў ёй рыбы. У нас увесь луг пад вокам. Пад адным калпаком семсот казакоў (макаўка). Еду па раўнядзі, а ад сьмерці на тры пядзі, а пад нагамі сьмерць (у чайцы на вадзе). Пад туркам засталіся. Пад немцам жывуць.
3) У злучэньні з прыназоўнікам „з“ вытвараецца складаны прыназоўнік „з-пад“, але склонам (родным) кіруе першы, напр.: Выскачылі горы з-пад каменнай гары. З-пад цёмнага лесу, з-пад карча і т. д.
4) „З-пад“-„спад“ знаходзім у такіх прыслоўях: спадлоб‘я глядзіць, спадыспаду (хлеб спадыспаду падгарэў); спод — іменьнік, ніжняя частка чаго-нібудзь. Палажы пад спод пасьцелі. Палажы пад сподам. Ляжыць пад сподам; адгэтуль: ісподак (талерачка пад шклянку), сподні, ісподні (прыметнікі).
5) Злучэньне прыназоўнікаў „па“, „з“, „пад“ знаходзім у такіх разох: па падвоканьню ходзіць, беленькія куркі з падпеччу глядзяць (зубы), пападбівалі ногі йдучы.
6) Прыназоўнік „пад“ знаходзім у такіх прыслоўях: подбегам ісьці, подскакам бегчы, якія становяць сабою форму прыладнага склону.
22. перад, прад. 1) Прыназоўнік „перад“ стаіць звычайна з прыладным склонам для абазначэньня месца, часу, прычыны, напр.: Стань перада мною, як ліст перад травою. Перад невадам рыбы ня ловяць. Перад сьмерцю не надышащся. Перад тым не хацеў, а цяпер просіш. І чаго было прыяжджаць перад часам (заўчасу)? Перад ракамі й па ракох.
2) Прыназоўнік „прад“ (пад націскам „прэд“) сустракаецца толькі, як прыстаўка, напр.: прадмова (у кніжках; я ня люблю прадмовы, гавары проста; бяз жадных прадмоў), прадпакой (пачакай у прадпакою), прадпакоік, прэдні (ранейшы й наступны. Гэта прэднія твае словы. На прэднія дні адлажылі).
„Прад“ злучаецца з „на“ — на́прад (наўперад, на пачатку). Даўней пісалі і цяпер яшчэ кажуць у прамовах на вясельлі: „напрад“; у другіх мясцох замест „напрад“ кажуць „на̀перш“.
23. па. Гэты прыназоўнік злучаецца з вінавальным, месным і давальным склонам. Дзеля таго, што ў беларускай мове формы давальнага й меснага склону (ад іменьнікаў жаночага роду й пры некаторых асновах мужчынск.) супалі, то пры злучэньні з гэтым прыназоўнікам часам трудна бывае пазнаць які гэта склон.
Пры кожным злучэньні з прыназоўнікам „па“ выражаюцца звычайна месныя адносіны ў прасторы ці ў часе; бывае й пераноснае значэньне.
1) З вінавальным склонам „па“ абазначае граніцу, мяжу, куды даходзіць дзеяньне ці стан у прасторы ці ў часе, напр.: Па вушы ўлез. Вады было па шыю, па пояс. Па гэты дзень — памятаю.
Матулька мая, куды-ж ты йдзеш? |
2) З давальным склонам на пытаньне „па чаму?“ прыназоўнік „па“ абазначае пашырэньне па паверхні чаго-нібудзь; мае меснае й пераноснае значэньне і ўжываецца:
а) для абазначэньня прасторавых (месных) адносін: Коце, браце! мяне ліска нясе па бару, па каменьню, па ўсялякаму зельлю. Па кольлю вочы ходзяць. Ні па каню, дык па аглоблі. Па беленькай жэрдачцы чырвоны дзедзя едзе (запаленая лучына). Лезу, лезу па жалезу, а ўзьлезу на высокую гору (конь з сядлом і яздок). Павявайце вы, ціхія вятры, па полю шырокаму, па жыту ядронаму, ах павявайце! Не хадзі, коце, па хаце, не пабудзі дзіцяці; не хадзі, кот, па масту — буду біці па хвасту. Ой ты, казіца, дзей не ляніся, па ўсяму двару дзей расхадзіся! Го-го-го, каза, го-го-го, шэрая! дзе ты хадзіла? дзе ты блудзіла? — Па жоўтым пяском, па чорным лясом. Гаспадынька па двару пахаджае, сваіх жнеек паглядае. Па ўсяму двару гаспадарскаму. Ні па ім, ні па яму (тут месны поплеч з давальным склонам).
б) для абазначэньня часу: Ходзіць по-начы. Хадзіла дзевачка па ночы, шукала цыбулькі пад вочы: ці ня будзе цыбулька шчасьліва, каб з аччу сьлёзкі каціла. Па лету трудна бывае ўпраўляцца з гаспадаркаю. Прыехалі па захаду сонца.
в) для абазначэньня прычыны, спосабу дзеяньня, пазнаваньня і інш., напр.: Выбраў па свайму густу, па свайму нораву. Напісаў па Дарвіну, па Марксу. Судзіш па людзкім гаворкам, а не па праўдзе. Словы можна дзяліць па іх форме і па значэньню. Як хто хоча, так па свайму бацьку плача. Па чужой дудцы скача. Плача айцец-маці па роднаму дзіцяці. Па мне хоць воўк траву еж. Па нітачцы клубочак знаходзяць. Па адзеньню страчаюць, а па вуму праваджаюць. Па татку дзіцятка. Не па бацьку, а па матцы пашоў. Па чым-жа (тут месны склон) табе Іванька спадабаў (замест „спадабаўся“): ці па розуму, ці па абычаю па яго? Ці па коніку па вараненькім (зноў месны склон) па яго? Знаць-пазнаць па вясельлейку дзевачку сіротачку!
г) для абазначэньня разьмеркаваньня па прадметах: Па Саўку шапка. Па заслузе заплата. Даў кожнаму па яблыку. Па капейцы ў дзень — куды хочаш, туды дзень. Прывяла яна два сыны — на лбе па месяцу. Не забывайце на мяне маладую: калі буду жабраваці — вароці адчыняйце, хоць па куску хлеба дайце (п.). Па чом жыта? Па рублю пуд. Па чом хунт? (§ 30:4,2).
3) 3 месным склонам „па“ ўжываецца:
a) у значэньні „пасьля“, напр.: Прышоў па часе, па абедзе. Па ласым кусе я й вады нап‘юся. Па нас ня будзе нас. Па восені і ў кошкі ляпёшкі, і ў вераб‘я піва. Па маёй галаве астанецца ўсё табе.
6) у пераносным значэньні часу: Сталі яны расьці не па днёх, а па часох.
в) для абазначэньня месца на пытаньне „па чым?“: Паляваў па лясок і пушчах. Па вуліцах пацяклі равочкі каламутнае вады. Па межах хадзіў, жыта радзіў. Чарот расьце па балатох. Хадзіў па чужых дварох. Служыў па людзях. Гэты цьвеце па ўсім сьвеце. Езьдзіў па лясох, па палёх, па барох і па лугох. Хадзіў па гарадох, па розных мясцох. Вада разьлілася па лузе. Па небе плыла чорная хмара. Хадзіў па полю (i — па полі).
г) для абазначэньня падзелу, разьмеркаваньня на пытаньне „па колькі“ замест давальнага склону: Купіў сыном па коніку па вараненькім (бач. прыклад вышэй: 23,1 в).
д) для абазначэньня прычыны, асновы для чаго-нібудзь, напр.: Відаць (і — відно) па вочках, хто ходзіць па ночках. Я пазнаў яго па вусох, па валасох. Па чым пазнаць ляха? — што на жываце бляха. Па чым пелькі? — па тры капейкі (тут вінавальны склон).
23. подле, паводле, подлуг, паводлуг, водлуг, водле.
Прыназоўнікі „подле“, „водле“ ўжываюцца і ў месным значэньні, напр.: Водле рэчкі (каля рэчкі). Ляцелі тры галіцы, селі подле праліцы (прасла).
25. посьля, пасьля. Гэтае часоўнае прыслоўе ў форме дзеяпрыслоўя цяпершняга часу сустракаецца ў ролі прыназоўніка з родным склонам, напр.: Посьля гэбля тапаром. Пасьля кашы б‘юць у зашый. Пасьля нас хоць патоп[9]. Посьля таго.
26. пра. Гэты прыназоўнік заўсёды злучаецца з вінавальным склонам у значэньні аб кім ці аб чым гаворка (бач. 1:1), напр.: Пра воўка памоўка, а воўк тут. Пра адны дрожджы не гавораць трожды. А пра зямлю й забыліся.
27. праз, пераз. Гэты прыназоўнік падмяняе „цераз“ і злучаецца з вінавальным склонам:
а) у месным значэньні — цераз што-нібудзь, напр.: Праз лес дарога. Пераскочыў праз (і пераз) калоду. Праз роў ляжала кладка. Ня едзь праз мост, а лепей у брод.
б) для абазначэньня часу, прычыны: Праз усю ноч ліў дождж. Згінуў праз сваю нядбаласьць. Праз цябе мы гінем. Праз тыдзень вярнуся. Паслаў праз вернага чалавека (пераноснае значэньне). Ты, казача, не хадзі да мяне, каб ня было мне славы праз цябе.
29. проці, проціў. Гэты прыназоўнік-прыслоўе звычайна злучаецца з родным склонам; часам ён ускладняецца прыбаўкамі „на“, „наў“, „су“: напроці, наўпроці, насупраць, супраць, насупраця.
Усе яны злучаюцца з родным склонам і абазначаюць:
а) месца: Жыве проці нас. Яго хата насупраця нашае хаты. Проціў вады ня сплывешся. Проці ліха на ўзгорачку (жартуюць на пытаньне — дзе жыве?). Проціў ветру не ссапешся.
б) час у значэньні „напярэдадні“, напр.: Заручылі дзеўку проці панядзелку. Напроці ночы паехаў у дарогу.
в) у пераносным значэньні для выражэньня параўнаньня, напр.: Што ты значыш проціў мяне? Проціў мяне ты яшчэ блазан. Яго работа горшая проціў мае.
г) сустракаецца й давальны склон з гэтым прыназоўнікам, але ў такіх разох ён стаіць ужо на мяжы з прыслоўем спосабу дзеяньня, напр.: Усё робіць напроціў нам.
д) у вагульным значэньні прыназоўнікі „проці“, „проціў“ розьняцца паміж сабою тым, што першы найчасьцей ставіцца для абазначэньня спакойнага прабываньня або стану прадмета (Жыве проці нас), а другі, з „у“ ў канцы, абазначае нешта больш дзейнае (Проціў ветру не ссапешся).
30. скрозь. Гэты прыназоўнік злучаецца з вінавальным і родным склонам; у ролі прыслоўя паясьняе дзеяслоў у значэньні „ўсюды“, „наскрозь“, а як прыназоўнік, абазначае рух праз што-небудзь, напр.: Як скрозь донную праваліўся. Праваліўся скрозь зямлі.
31. у. Пасьля гэтага прыназоўніка заўсёды стаіць родны склон для абазначэньня прабываньня пры кім-нібудзь (жыве ў нас) або для запытаньня ў каго-нібудзь. Гэтым ён і розьніцца ад прыназоўніка „у“ (32. у), які найчасьцей мае меснае значэньне на пытаньне „дзе?“ „куды?“, хоць фонэтычна яны супалі і вымаўляюцца аднолькава.
Гэты прыназоўнік ужываецца перш-на-перш для запытаньня, просьбы ў каго, напр.: У каго гэта ў вас арэ трох чалавек? Пытаю ў цябе, месяцу: ці рана ўсходзіш, ці позна заходзіш? Прашу я ў вас, каб ня было майму дзіцяці ганьбы ў вас. Прасілася дачка ў маці пад сосну гуляці. Пытаецца сын у маці: каторую браці? Прашу ў айца й маткі, у цётак і бабкі.
б) для абазначэньня прабываньня пры кім: У нас, нябога, ня чуваць нічога ні ткучы, ні мялючы, ні па воду йдучы. Прыляцела сарока — чы-чы-чы, села ў дзеванькі на плячы. Як у нас, так і ў вас. Было ў бацькі тры сыны. Няма ў сіраціны ні айца, ні маткі, толькі ў сіраціны два родныя браткі (п.).
в) у безасабовых сказах пры выказьніках залежнага значэньня для абазначэньня дзейнае асобы: У мяне было так зроблена. У нас усё пакошана.
32. у. 3 фонэтычных прычын гэты прыназоўнік можа мець від „у“, „ў“ і „ув“; у вапошнім выпадку „в перадаецца на пісьме зьлітна з наступным словам. Гэта бывае ў тых разох, калі ён не скарачаецца (застаецца складовым), а наступнае слова пачынаецца з гука „а“ (у ваднае мацеры, дом у вагні — замест „ув“).
Злучаецца гэты прыназоўнік з вінавальным і месным склонам, і толькі пры лічэбніках бывае форма роднага склону (сталі жыць у двух, у дзесяцёх), ды й то толькі дзеля таго, што форма назоўнікаў лічэбных роднага склону супала з формаю меснага склону. Гэтым ён розьніцца ад папярэдняга прыназоўніка („31. у“), які злучаецца толькі з родным склонам, хоць фонэтычна яны супалі.
Асноўнае значэньне гэтага прыназоўніка — меснае на пытаньні: „дзе?“ „куды?“, потым — часоўнае на пытаньне „калі?“ З гэтых значэньняў выцякаюць пераносныя значэньні, як, напрыклад, спосабу дзеяньня на пытаньне „як?“ і іншыя.
1) 3 вінавальным склонам „у“ злучаецца:
а) у значэньні месца для абазначэньня дзеяньня, накірованага ў сярэдзіну чаго-нібудзь, напр.: пашлі ў лазьню, увашлі ў хату, загналі ў хлеў; пашлі ў ягады, у грыбы, паехалі ў лес, у дровы; мыш уцякла ў нару, папаў у сьцяну, у лоб, у галаву і т. далей.
б) у значэньні часу для абазначэньня тэрміну, у які адбываецца што-небудзь, напр.: У голад намруцца, а ў вайну налгуцца. У вадзін дзень сем перамен. У самую восень. І ў дзень, і ў ночы ўсё плача (тут вінавальны поплеч з месным склонам). Браў мяне ты ў дзень, ні ў ночы — дзе-ж тады меў свае вочы? Ці то ў дождж, ці ў пагоду вясёл іду на работу.
Як відаць з гэтых прыкладаў, вінавальны склон часу супадае з месным часу, ужываецца з ім поплеч і мае аднолькавае значэньне — абазначаюць час, у які што-небудзь адбываецца, напр.: Як у дванаццатым годзе, у тую самую руіну (тут вінавальны таксама поплеч з месным з аднолькавым значэньнем).
в) для абазначэньня якасьці на пытаньне „як?“ таксама звычайна стаіць вінавальны склон, напр.: даць у падарунак, малоць у жорны, пайсьці ў госьці, выйсьці ў людзі, абуцца ў боты. Паехалі ў госьці. Сукенка ў дзевяць пол. Злажылі ў тры столкі.
Сюды належыць і такое ўжываньне вінавальнага склону з „у“, калі выражаецца падабенства, каго ці чаго-нібудзь, напр.: жыта колас у колас; падабраў малайцоў волас у волас, голас у голас; дзень у дзень ідзе дождж (бач. § 30:1,б,2), год у год, ягадка ў ягадку і т. далей.
Для абазначэньня якасьці пры назоўніках лічэбных з „у“, замест вінавальнага, можа стаяць і месны або родны склон, бо формы гэтых склонаў ад лічэбнікаў супалі, напр.: Сталі яны жыць у двух у хаце. Прышлі ў дзесяцёх, касілі ў шасьцёх, сталі жыць у дзьвёх. Напалі на мяне ў трох.
г) у непрадметным значэньні „у“ злучаецца з вінавальным склонам пры дзеясловах руху на пытаньні: „у вошта?“ „у сярэдзіну чаго?“ напр.: Я ні ў вошта ня ўступаюся. Запісаліся ў дурні.
2) Месны склон ставіцца з „у“ для абазначэньня дзеяньня ці стану, якія выражаюць прабываньне на месцы, што у пераносным значэньні абазначае таксама прабываньне, зьмяшчальнасьць. Гэтым месны склон з „у“ розьніцца ад вінавальнага месца, які абазначае рух, а не прабываньне. Прыклады: Жыве ў Вільні, у Менску, у сяле, у вёсцы (бач. 19,на:2). У канцы грэблі шумяць вербы. Ляжыць у труне, у склепе. Мы былі ў лесе, у полі, у вагародзе. Быў у маскалёх, у салдатах. Я сам у людзях начую. Сталі жыць у зямлянцы, у хаце. Ой у лузе пры дарозе там стаялі дзьве бярозе (парны лік).
Як мы ўжо ведаем, для абазначэньня часу месны склон з прыназоўнікам „у“ ўжываецца нараўне з вінавальным часу (прыклады бач. вышэй — 1,6).
У гэтых прыкладах прыметнік-азначэньне стаіць у месным склоне, а йменьнік мае форму давальнага склону. Нешта падобнае мы бачылі з прыназоўнікам „на“ пры абазначэньні месца (бач. 19,на:2).
4) Прыназоўнік „у“ ўваходзіць у склад некаторых прыслоўяў, напр.: улетку, узімку, удвая, утрая і інш. Першыя два становяць сабою форму вінавальнага склону ад назоўнікаў іменных „летка“, „зімка“ з прыназоўнікам „у“, а другія два — дзеяпрыслоўі цяпер. часу.
Прыназоўнік „у“ знаходзім яшчэ ў такіх прыслоўях: уперад, удоўж, удаўжкі, ушыркі, увышкі, увелькі, (формы вінавальнага склону з „у“), увонках (форма меснага склону з „у“) і інш.
33. уз. Гэты прыназоўнік (въз= воз=уз) асобна рэдка ўжываецца (Ня торкай уз бок), і ў такіх разох кіруе вінавальным склонам для абазначэньня руху ўверх чаго (Рукі свае ўз гору падымалі).
Прыназоўнік „уз“ найчасьцей сустракаецца ў злучэньні з „па“ (паўз) ды кіруе родным склонам для абазначэньня руху, які адбываецца поплеч з чым, напр.: Прашоў паўз вокны, паўз хаты. Як бачым, тут можа быць і вінавальны склон.
Прыназоўнік „уз“ знаходзім: а) у такіх прыслоўях: уздоўж (лёг уздоўж), усьцяж (усьцяж па табе плачу), вусьцішна (у ночы вусьцішна аднаму ў лесе); б) у наступных словах: узгорак, узгалоўе (узгалоўе паслала нізка), узгадованы (выгадаваны), узьдзерж (яму ўзьдзержу(кі) няма), уздухі (уздухі заняло), уздыхаць, уздыханьне (цапочкам узмахне, цяжэнька ўздыхне), уздыхнулася, узьдзержвацца ад злосьці і шмат іншых.
34. цераз, чэраз. У літаратурнай мове часьцей ужываецца „цераз“. Гэты прыназоўнік кіруе вінавальным склонам ды абазначае рух у прасторы ці ў часе цераз што-нібудзь, па чым-нібудзь, праз што-нібудзь; у пераносным сэнсе абазначае спосаб дзеяньня ці што падобнае, напр.:
а) абазначэньне месца: Цераз тын у вагарод. Цераз рэчку кладка. Цераз край не налівай. Цераз мора катоў хвост (восілка на вядры). Паедзем дамоўкі цераз валатоўкі (валатоўкі — курганы волатаў). Цераз сьцяну вала пякуць (яйцо варыцца).
б) абазначэньне часу: Цераз тыдзень вернемся.
в) абазначэньне прычыны, спосабу дзеяньня: Цераз сваю сваволю папаўся ў бяду. Цераз сілу й конь не пацягне. Валіць цераз пень калоду (абы-як робіць). Ат, ведае пятае цераз дзесятае. Цераз волю (супраць) маю ты пашоў.Ва ўсіх значэньнях „цераз“ лёгка падмяняецца прыназоўнікам „праз“.
1. АКАЛІЧНАСЬЦІ.
Акалічнасьці выражаюцца прыслоўямі й дзеяпрыслоўямі, напр.: ён чытае выразна, мы гулялі доўга, гэта было ўчора, пойдзем заўтра, трэба сьпяшацца скарэй; яны сядзелі моўчкі; заснуў чытаючы, чытаўшы, беглі як мага, як маецеся?
Асноўная прымета, па якой мы пазнаём акалічнасьць, гэта тая, што акалічнасьць не дапасуецца й ня кіруецца. Гэтым акалічнасьць розьніцца ад дапаўненьня й азначэньня. Часьціны мовы, якімі выражаюцца акалічнасьці — прыслоўі й дзеяпрыслоўі, не зьмяняюцца ні ў склонах, ні ў родах, ні ў ліках.
Пераважную большасьць прыслоўяў становяць формы назоўнікаў ці прыметнікаў, акасьцянелыя ў тым ці іншым склоне, часам з прыназоўнікам. Покі ў такой форме склон, а таксама род і лік мысьліліся, то гэтая форма ня была яшчэ прыслоўем, а значыць, і акалічнасьцю ў сказе: яна была яшчэ або назоўнікам, або прыметнікам у значэньні назоўніка ды служыла ў сказе дапаўненьнем. Напрыклад, прыслоўе „заўтра“ вытварылася з іменьніка „утра“ ў вінавальным склоне адзіночнага ліку з прыназоўнікам „за“ (заўтра=за утра, як „за дзень“). Покі прыназоўнікі „за“ і назоўнік „утра“ адбіваліся ў сьвядомасьці кожны паасобку, то слова „за ўтра“ было дапаўненьнем, а калі гэта забылася ды перастала мысьліцца, тады „заўтра“ абярнулася ў прыслоўе ды стала ў сказе акалічнасьцю. Таксама прыслоўе „замуж“ — даўнейшая форма вінавальнага склону йменьніка „муж“ з прыназоўнікам „за“; слова „за́мужам“ — форма прыладнага склону таго самага йменьніка з прыназоўнікам „за“, дзе прыладны склон ужо ня мысьліцца склонам; „за́відна“, „у людзі“ — формы даўнейшага вінавальнага склону, якія ўжо ня мысьляцца йменьнікамі, бо іх прадметнасьць, іх сапраўднае, рачавое значэньне як-бы выветрылася, а засталося адно пераноснае, разумовае значэньне.
Пераходныя формы. Некаторыя формы йменьнікаў ускосных склонаў з прыназоўнікам ці без прыназоўніка стаяць на мяжы паміж дапаўненьнем і акалічнасьцю. У нашай сьвядомасьці яны часам адбіваюцца, як дапаўненьне, а часам — як акалічнасьць. Гэта — пераходныя формы ад дапаўненьня да акалічнасьці. Напрыклад: перапалохацца на сьмерць, пайсьці да хаты, да дому (дамоў), у восень, па сярэдзіне, на́-нач, на̀-зіму, воб-землю, пехатою, абярнуцца травою, паляцець сокалам і шмат іншых.
У такіх пераходных выпадках, калі іншыя формы гэтых слоў ужываюцца яшчэ асобна, напр.: у восень, на пярэдадні, па сярэдзіне, лепш прымаць іх за дапаўненьні і пісаць асобна, хоць такія формы, як на́-нач, на̀-зіму, воб-землю — ужо бясспрэчна прыслоўі, бо націск прыходзіцца на прыназоўнік, а ў беларускай мове сустаўное дапаўненьне ніколі ня мае націску на прыназоўніку.
Такое прыслоўе, як „улетку“, розьніцца ад падобнага да яго „ў восень“ тым, што слова „летка“ ўжо забылася і асобна ў іншых формах перастала ўжывацца, а „восень“ жыве ў іншых формах; значыць, „улетку“ — прыслоўе-акалічнасьць у сказе, а „ў восень“ — ускосны склон, г. зн., дапаўненьне ў сказе.
Дзеяпрыслоўі — гэта род прыслоўяў, выведзеных ад дзеясловаў; як дзеяслоўныя формы, яны захавалі некаторыя ўласьцівасьці дзеяслова; яны, напр., паказваюць час, трываньне, залежнасьць ці незалежнасьць дзеяньня. Гэтым яны розьняцца ад звычайных прыслоўяў.
Напрыклад, дзеяпрыслоўі: стоячы, чытаючы паказваюць на цяперашні час, а дзеяпрыслоўі — стаяўшы, чытаўшы — прошлага часу. Формы: стоячы, гаворачы — належаць да незакончанага трываньня, а сказаўшы, прачытаўшы — да закончанага трываньня. Апроч таго, дзеяпрыслоўі могуць выражаць шматразовасьць (пагульваючы, пасьвістваючы), аднаразовасьць (міргануўшы, сьвіснуўшы) і пачынальнасьць (заплакаўшы, засьпяваўшы).
Дзеяпрыслоўі, як і звычайныя прыслоўі, служаць у сказе акалічнасьцямі. Але дзеяпрыслоўі — акалічнасьці асобнага роду: яны выражаюць дзеяньне або стан, час, трываньне. З гэтае прычыны яны зьяўляюцца ў сказе акалічнасьцямі ня простымі, якія выражаюцца звычайнымі прыслоўямі, а акалічнасьцямі асобнага роду. Іх можна назваць акалічнасьцямі дзеяслоўнымі.
Гэтыя дзеяслоўныя акалічнасьці могуць мець пры сабе тыя самыя даданыя часьціны (дапаўненьні й акалічнасьці-прыслоўі), якія маюць адпаведныя ім інфінітывы, напр.: „старанна пераглядаць кнігу“ — „старанна пераглядаючы кнігу“; „сустрэць вас неспадзявана“ — „сустрэўшы вас неспадзявана“ і т. далей. Разам з дапаўненьнямі, азначэньнямі й акалічнасьцямі дзеяпрыслоўі складаюць як-бы нешта адно цэлае, хоць і не незалежнае (На чужы лоб шыбаючы, трэба й свой падставіць).
Пахаджэньне дзеяпрыслоўяў. Дзеяпрыслоўі, як паказвае гісторыя мовы, вытварыліся з даўнейшых дзеяпрыметнікаў назоўнага склону ў сказе, дзе яны станавілі другую частку сустаўнога выказьніка ды дапасаваліся з дзейнікам. Напрыклад, вельмі рэдкія цяпер дзеяпрыслоўі на „а-я“ (як мага; еж, што хаця, пры месяцы стоя, ат! ясі пасаля; з рукаўка бяра, вяночак пляла) былі некалі формамі назоўнага склону адзіночнага ліку мужч. й ніякага роду дзеяпрыметнікаў, а дзеяпрыслоўі на „чы“ (ідучы, гукаючы, шукаючы) і на „шы“ (сказаўшы, спалохаўшыся, меўшы) — былі формамі дзеяпрыметнікаў назоўнага склону адзіночнага ліку жаночага роду.
Гэтае склонавае значэньне дзеяпрыслоўяў даўно ужо забыта. Некаторая памяць аб гэтым адчуваецца ў тым, што дзеяпрыслоўі найчасьцей адносяцца да дзейніка (назоўнага склону), але ў беларускай мове яны ўжо могуць адносіцца й да дапаўненьня. Напрыклад: Спаткалі мы чалавека конна едучы. Ці ня бачылі вы войска йдучы?
Тут дзеяпрыслоўі „едучы“, „ідучы“ адносяцца не да дзейніка, а да дапаўненьня (чалавека, войска).
У некаторых безасабовых сказах (Ня ведаючы броду, нельга сунуцца ў воду) дзеяпрыслоўі сталі зусім незалежнымі, безадноснымі, бо ў такіх сказах няма дзейніка, да якога-б цягнула дзеяпрыслоўе, і яно стала зусім незалежным. Такую пастаноўку незалежных дзеяпрыслоўяў мы знаходзім у кніжных зваротах: „па праўдзе кажучы“, „прымаючы пад увагу“, „не зважаючы на тое“, „дзякуючы гэтаму, мы скора вярнуліся да дому“ і т. далей.
Такія дзеяпрыслоўі паступова трацяць сваё пачатковае значэньне ды пераходзяць у прыслоўі-прыназоўнікі, а часам у злучнікі. Так вытварыўся, праз страту значэньня дзеяслоўнае акалічнасьці, злучнік „хоць“ з дзеяпрыслоўя „хаця“ (ад дзеяслова „хацець“), страціўшы свой канчатак „я“.
Сваім значэньнем прыслоўе ў сказе розьніцца ад дзеяпрыслоўя тым, што прымета, выражаная дзеяпрыслоўем, прадстаўляецца вытваранаю дзейнасьцю прадмета.
Прыслоўі й дзеяпрыслоўі паясьняюць прымету, што вытвараецца дзейнасьцю прадмета або выражаную прыметнікам, прычым, — прыслоўем у пераважнай большасьці выражаецца спосаб уяўленьня такой прыметы, хоць прыслоўем могуць выражацца часам і іншыя адносіны.
Па свайму значэньню, у залежнасьці ад тых пытаньняў, на якія адказваюць акалічнасьці, яны могуць быць падзелены на:
1. акалічнасьці спосабу дзеяньня (на пытаньні: „як?“ „якім спосабам?“), напр.:
а) акалічнасьці-прыслоўі: пабег наўцекі, попрыч жывуць. Ня проста з моста, а тарчма галавою. Задумалі яны як-ні-як ды згубіць брата. Бацька ня вот-то й рад (нібы-та й рад); пашлі дамоў пешкі, возьмемся ўдужкі, пусьціўся наўцекача; зьнячывілі' і ў агонь кінешся; схапіў аберуч, аберучкі; піць воду з вядра нагбом; жыта
спрэс (зусім) прапала; прывялі яго сілом, сілком; конь станыом становіцца, ахоцьцю пашоў, неахоцьцю пашла замуж; не з ахвоты, а нудзьдзю паехаў; покатам ляжаць, утрайгу селі ў чайку, ён таксама быў, ні сколечкі не падобен і шмат іншых.
б) акалічнасьці-дзеяпрыслоўі: гольма голую ўзяў, бегма бяжыць, гульма гуляе, сідма сядзіць, танцавалі за рукі пабраўшыся, пашоў падскокваючы, у ладкі плешчучы, ходзіць голаў задраўшы, робіць гуляючы, лёг падлажыўшы камень пад голаў, заплакаў ля коніка стоя (вельмі рэдка), арэхавы кусточкі не ламаўшы хрустаюць і шмат іншых.
Дзеяпрыслоўі звычайна стаяць пры дзеяслове толькі ў тых разох, дзе яны падмянілі дзеяпрыметнікі, што дапасаваліся з назоўнікамі (з дзейнікам ці дапаўненьнем); у вапошнім прыкладзе („арэхавы кусточкі не ламаўшы хрустаюць“) гэтай сувязі з дзеясловам ужо няма. Зусім забыта пахаджэньне прыслоўя з дзеяпрыслоўя ў наступным прыкладзе: „Вырылі яму стоя чалавека“.
2.акалічнасьці месца на пытаньні: „дзе?“, „як даўно?“ „з якога часу, да якога часу?“ Напрыклад: было гэта летась, залетась, пазалетась, учора, сёньні, сёлета; прышоў падпосьля; часам вучоны лепей, як злацоны; за̀раз пойдзем, спакваля прыду і шмат іншых.
3.акалічнасьці-дзеяпрыслоўі часу могуць выражацца дзеяпрыслоўямі, якія самі маюць пры сабе паясьняльныя словы, напр.: заварыўшы кашу, не шкадуй масла; даждаўшы ночы, паехаў ён у лес; ногі забалелі йдучы; выходзячы, ён моцна грукнуў дзьвярыма; лежачы ў корабе, лісіца кідала рыбу з воза; пакаціся, паваліся, алёнчынага мяса наеўшыся; вады напіўшыся; конікі стогнуць, цела вязучы; чаляданькі плачуць, пры боку йдучы; саколікі сьвішчуць, над ім лецячы; зламала галінку ня вызраўшы; едучы па дарозе, знашоў мяшок; ня доўга йдучы, вышаў на палянку; дзень добры, Сёмка, барон пазычаўшы! Счакаўшы гадзін са тры, прышлі яны зноў і шмат іншых.
4.акалічнасьці прычыны, мэты на пытаньні „чаму?“ „дзеля чаго?“ Напрыклад:
а)акалічнасьці-прыслоўі: папацёмку (попацемку) нельга было знайсьці хлеба; чаму ты гэта зрабіў?
б) акалічнасьці-дзеяпрыслоўі: Дарма й болька ня сядзе, а пачасаўшы. Што ты знаеш, ноччу радзіўшыся! Ці-ж ня жаль табе, мамачка, дзіцятка ўзгадаваўшы, у чужыя людзі аддаўшы? Ня кайся рана ўстаўшы. Чаму казак гладак? — пад‘еўшы ды на́-бак і шмат іншых.
5.акалічнасьці меры, колькасьці на пытаньні „колькі?“ „як многа?“ Напрыклад, акалічнасьці-прыслоўі: даволі сьлёз; я табе столькі даў, колькі ты хацеў. Колькі ў рэшаце вады, столькі тут праўды. Мала часу, многа гора і іншыя.
6.акалічнасьці памацняльныя й азначальныя. Гэтыя акалічнасьці-прыслоўі памацняюць значэньне дзеяслова або прыметніка, а таксама зьмяшчаюць у сабе паказаньне на прадмет, напр.: вельмі доўга гулялі, дужа прыгожы, моўся ён і праўду кажа; увесь схаваўся, толькі галава відаць была і іншыя.
Часам з такім значэньнем ужываецца займеньнік замест прыслоўя, напр.: Дык ён гэта замахнуўся ды як дасьць! Яно ўжо такая рада была.
Ёсьць і іншыя акалічнасьці.
§ 33. Злучэньне й падпарадкаваньне сказаў.
1. ЗЛУЧЭНЬНЕ СКАЗАЎ.
Асобныя сказы зьвязваюцца паміж сабою двума спосабамі: 1) спосабам злучэньня і 2) спосабам падпара́дкаваньня.
Спосабам злучэньня зьвязваюцца роўнапраўныя сказы, г. зн., незалежны з незалежным, даданы сказ з такім-жа даданым сказам.
Спосабам падпарадкаваньня злучаюцца няроўнапраўныя сказы, г. зн., даданыя з асноўнымі або адзін даданы сказ з даданым другога парадку, іначай пабудованым.
Злучэньне сказаў адбываецца з дапамогаю тых самых злучнікаў, што служаць і для сувязі аднолькавых, роўнапраўных часьцін у сказе. Такімі злучнікамі найчасьцей бываюць і, ды, а, але, ці, або (альбо) і іншыя.
Вот прыклады на гэтыя злучнікі ў зьлітым сказе: „на стале ляжалі кнігі й сшыткі“ (тут злучнік „i“ зьвязвае дзейнік з дзейнікам); „мы йшлі ды йшлі“ (тут „ды“ злучае выказьнікі); „мы гулялі не на лузе, а ў лесе“ (тут злучнік „а“ зьвязвае адно дапаўненьне з другім); „ён чытаў голасна, але нявыразна" (тут „але“ злучае дзьве акалічнасьці); „мне ўсё роўна дзе жыць — у горадзе ці ў вёсцы“ (тут „ці“ злучае два дапаўненьні); „прадамо карову або каня“ (тут „або“ злучае таксама два дапаўненьні) і т. далей.
Увага 1)Злучнікі „а“, „але“ па сэнсу ня злучаюць, а разлучаюць словы, г. зн., выражаюць тое, што значэньне аднаго слова проціваставіцца значэньню другога слова (ня ты, а я… здольны, але не старанны), але сынтаксычна, г. зн., па сваёй ролі ў сказе, яны злучаюць словы. Таксама злучнік „або“ найчасьцей мае разьмеркавальнае значэньне (мы або вы), але сынтаксычна ён злучае словы. Тымчасам злучнік „і“ зьвязвае словы і сэнсам, і сынтаксычна.
Па сэнсу злучнікі „а“, „але“ можна назваць разлучальнымі, а „і“ — злучальным, а сынтаксычна яны аднолькава злучальныя.
2)часам сустракаюцца ў мове падвойныя злучнікі — „а і“, „але і“, напр.: Я пасьпеў нагатаваць дроў ня толькі на заўтра, а й на пазаўтра.
У такіх разох „і“ перастае быць злучнікам ды абарачаецца або ў прыслоўе з значэньнем „нават“, „таксама“, або ў памацняльнае слова — частку, якое надае большую выразнасьць таму слову, да якога адносіцца. Напрыклад: „І туз часам воду возіць“ — тут „і“ мае значэньне памацняльнага слова. „Няўжо-ж ты й гэтага ня ведаеш?!“ — тут „i“ (й) мае значэньне прыслоўя „нават“ або „таксама“. У такіх моўных злучэньнях, як: „Вот і ўсё!“ „Вот і добра!“ — „і“ памацняльнае слова, а ня злучнік.
3)Калі „і“ служыць памацняльным словам або прыслоўем, то, стаўшы пасьля галоснага перад зычным, скарачаецца ў „й“ (перастае быць складовым, а вымаўляецца зьлітна з папярэднім словам, як звычайны зычны гук), напр.: „То й добра!“ „Галоднаму й пушнінка малінка“ і т. д.
Будучы злучнікам, „і“ скарачаецца толькі ў тых разох, калі злучае аднолькавыя часьціны зьлітага сказу, паміж якімі няма ніякіх іншых паясьняльных слоў, г. зн., у тых разох, калі „і“ злучае голыя аднолькавыя часьціны, напр.: Саха й барана самі не багаты, а ўвесь сьвет кормяць. Ціха й плаўна коцяцца воды. Цемната ўсё гусьцее й гусьцее ды закрывае ад вачэй і поле, і лес. Тут поплеч — кнігі й качкі, і чаплі.
Але калі паміж аднолькавымі часьцінамі стаіць якое-нібудзь паясьняльнае слова або калі пры пералічэньні ў зьлітым сказе робіцца перапынак у галосе (на пісьме гэты перапынак азначаецца коскай), то „і“ не скарачаецца, напр.: Яны разам вучыліся і разам пасьвілі скацінку ў полі. Ён цяпер ужо мае сваю сямейку, свой прытулак, жывёлу і свой кусок хлеба. Стаіць машына, грозна дыша і сівым дымам цяжка пыша. Ідзе жняя, і весела сьпявае. Тут былі — і старыя, і малыя, і бабы, і дзеці.
У вершах, дзеля складу, „і“ ў такіх разох можа скарачацца й не скарачацца, напр.: Стогне, плача і галосіць завіруха злая. (Я. Кол.). Конік, сошка і араты мерна йдуць па полю. (Я. Кол.). У стуку і груку забудзем мы муку працы свае. (Я. Куп.).Сюды належаць тыя складана-злучаныя сказы, што маюць роўнае лёгічнае значэньне, потым, падабенства ў зьмесьце ды канечнае аднашэньне да аднэй агульнай думкі, якая выражаецца ўсім складаным сказам.
З надворнага боку гэтыя сказы зьвязваюцца паміж сабою такімі злучнікамі: і, ды, а, да і інш.
Адносіны паміж сказамі, што становяць складана-злучаны сказ, устанаўляюцца гэтымі злучнікамі таксама, як і паміж часьцінамі зьлітага сказу, аб чым ужо гаварылася вышэй.
2.Злучнік а. Часам у значэньні або за́мест злучніка „і“ стаіць „а“ ў зьлітым сказе, хоць вельмі рэдка, напр.: Цімох а Хомка пойдуць на работу. Ня было ў яго а нічога (тут памацненьне). Каюся, млода, а не памалу, што млода замуж пашла.
3.Злучнікі ды, да. Гэтыя злучнікі ў простым злучэньні сказаў ня бываюць; найчасьцей яны сустракаюцца ў зьлітых сказах у значэньні „і“.
Гэты злучнік можа мець пасьля сябе памацняльнае „і“ (й), калі трэба надаць выказьніку большай сілы й значэньня, напр.: Узяў дый паламаў на кавалкі. Глянуў дый заплакаў.
Злучнік „да“ ставіцца звычайна для злучэньня аднолькавых часьцін зьлітага сказу, выражаных назоўнікамі ў значэньні дабаўленьня, напр.: Знае пра тое купец да мама.
Злучнік „да“, як і „ды“, можа мець пры сабе памацняльнае „і“ (й), напр.: Сядзіць хлопец дай плача.
У простым злучэньні сказаў злучнікі „ды“, „да“ ня ўжываюцца; яны выражаюць супраціўнае злучэньне сказаў, як злучнік „але“ (бач. ніжэй).
Часам у злучаных сказах выражаецца нешта такое, што аднолькава можа быць: той, хто гаворыць, выбірае што-небудзь адно, а подчас бывае ня пэвен у выбары. Такое злучэньне сказаў называецца разьмеркавальным. Пры кожным з такіх сказаў звычайна ставіцца адзін і той самы злучнік. Да такіх злучнікаў належаць: ні-ні, ці-ці, або-або (альбо-альбо).
Параўнальнае злучэньне сказаў асабліва любіць народная поэзія. Параўнальнае злучэньне бывае адмоўнае (з „не“) і пацьвярджальнае (бяз „не“).
Сюды належаць такія складаназлучаныя сказы, паасобныя роўнапраўныя сказы якіх знаходзяцца ў супярэчных адносінах паміж сабою. Ступень супярэчнасьці, або супраціўнасьці, можа быць не аднолькавая: часам проціваставіцца адна якая-небудзь часьціна аднаго сказу такой самай часьціне (члену) другога сказу.
Адносіны паміж супярэчнымі сказамі выражаюцца супярэчнымі злучнікамі: а, да, але, ды (=але) і іншымі. Супярэчнасьць можа выражацца й бяз гэтых злучнікаў.
Злучнік „а“ можа зусім прапускацца, напр.: Было ў мяне пара коняй — цяпер хаджу пешкі. Меў я два пакоі — цяпер няма хаты.
Злучнік „анно“, як і „алі“, у літаратурнай мове ня ўжываецца.
5.дык, дак (з „так“ пад уплывам „да“): Хацеў узяць тыя грошы, дык крук (птушка) не дае. Няўчон, дак праўчон. Глухі не дачуе, дык прыложыць.
6.толькі: Усё, толькі ня гэта. Хлеба ня трэба, толькі-б есьці не хацелася. У лузе нікагенька, толькі адзін салавейка.
Бяз злучніка: Ішоў к вам — прышоў к нам.
Сюды належаць такія злучэньні роўнапраўных сказаў, калі другі сказ выражае прычыну таго дзеяньня ці стану, што выражаецца папярэднім сказам.
З лёгічнага боку той сказ, што выражае прычыну, зьяўляецца як-бы падпарадкаваным паясьняльнаму сказу, але з сынтаксычнага боку ён роўнапраўны з паясьняльным, а не падпарадкаван яму, бо ня служыць паясьненьнем якой-небудзь часьціны другога сказу, асабліва выказьніка.
Прычынна-злучаныя сказы зьвязваюцца паміж сабою злучнікамі бо, ато, хоць могуць быць і іншыя спосабы злучэньня.
1.бо: Там добра, бо ўсё пад бокам. Скарэй канчай, бо абедаць пара. Не чапай сабакі, бо ўкусіць. Ня цешся з чужой бяды, бо свая наедзе. Не капай на чалавека ямы, бо сам туды ўпадзеш. Ня плюй вясьне ў рот, бо другая прыдзе ў год.
2.ато: Дай свае табакі, ато ад чужае нос баліць. Пашануйся, ато кепска будзе. Прывяжы каня мацней, ато адарвецца.
3.жаж. Прычыннае злучэньне часам можа выражацца падвойнай памацняльнай часткай „жаж“ (жа+ж), напр.: Начуйце здаровы: вам жаж свае хаты на адну ноч не будаваць.
4.Бяз злучнікаў: Ня плюй у лужыну: згадзіцца напіцца. Ня свой брат: ня скажаш — пасунься.
У заключальным злучэньні сказаў адзін сказ становіць вывад з другога сказу (з першага), але не паясьняе тэй ці іншай асобнай часьціны сказу, як даданы сказ.
Для абазначэньня вываду (заключэньня) з папярэдняга няма асобных і пэўных форм: адносіны паміж такімі сказамі выражаюцца розна.
1.Такія сказы могуць злучацца паміж сабою злучнікам „і“ напр.: Шкода ім стала хлапца, і вярнуліся яны назад. Бачыць ён, што сьвятыя ні кураць, ні п‘юць, ні песень не пяюць, і моташна яму стала. Стукнуў ён кулаком у сьцяну, і адчыніліся дзьверы.
2.Злучнікамі дык, дак: Каму наканована ў які час памерці, дык нідзе ад сьмерці не схаваешся. Было вельмі цёмна, дык увашоў я ў хату вобмацкам. Працаваў, не ленаваўся, дык і меў кусок хлеба. Ён коні краў, дык яго мужыкі забілі.
3.затым, от (о+то=вот), то: Яго затрымалі на кірмашы, затым ён не пасьпеў к часу. Бачаць яны, што ад музыкі нідзе супакою няма, от і давай яны думаць, як-бы яго з сьвету зьвесьці. Хадзем заўтра са мною, то я табе пакажу.
Падпарадкаваньнем называецца злучэньне няроўнапраўных сказаў. Пры такім злучэньні адны сказы зьяўляюцца асноўнымі, кіравальнымі (незалежнымі), а другія даданымі — падпарадкаванымі (залежнымі).
З лёгічнага боку даданыя, або падпарадкаваныя, сказы становяць сабою пашырэньне дзеля паясьненьня якіх-нібудзь часьцін таго простага сказу, які зьяўляецца ў такім выпадку асноўным сказам.
З формальна-сынтаксычнага боку даданыя сказы злучаюцца з асноўным або дапасоўнымі словамі (займеннымі прыметнікамі ці назоўнікамі), або словамі недапасоўнымі — злучнікамі, прыслоўямі ці прыслоўнымі выражэньнямі. Калі гэтым надворным спосабам формальныя адносіны паміж такімі сказамі не абазначаны, то з сынтаксычнага боку яны ня будуць станавіць сабою падпарадкаванага злучэньня; тады гэта будуць злучаныя сказы, хоць з лёгічнага боку яны былі-б і няроўнапраўныя.
Такім парадкам, даданыя сказы служаць для паясьненьня й для разьвіцьця якіх-небудзь часьцін асноўнага сказу. Розныя спосабы выражэньня даданых сказаў знаходзяцца ў залежнасьці ад таго, ці паясьняюць яны назоўнік, — усё роўна, ці будзе гэты назоўнік дзейнікам, дапаўненьнем ці часткаю сустаўнога выказьніка, — ці дзеяслоў.
У вапошнім выпадку (калі даданы сказ паясьняе дзеяслоў) даданы сказ можа выражаць простае дапаўненьне, якое можна перадаць іменьнікам, або служыць падменай прыслоўя ці прыслоўных зваротаў, што паказваюць час, месца, прычыну, мэту, спосаб дзеяньня і падобнага.
1. ДАДАНЫЯ СКАЗЫ, ШТО ПАЯСЬНЯЮЦЬ СКЛАНЯЛЬНЫЯ ЧАСЬЦІНЫ МОВЫ Ў АСНОЎНЫМ СКАЗЕ.
Даданыя сказы, што паясьняюць скланяльныя часьціны мовы ў асноўным сказе (дзейнік, дапаўненьне ці скланяльную частку сустаўнога выказьніка) звычайна называюцца азначальнымі. Яны паясьняюць назоўнік, які служыць дзейнікам, дапаўненьнем ці часткаю сустаўнога выказьніка.
Такія даданыя сказы найчасьцей падмяняюць прыметнік, а ў некаторых выпадках і назоўнік. Сюды належаць і такія сказы, што падмяняюць дзейнік і, такім парадкам, стаяць на месцы назоўніка йменнага.
1.Найчасьцей дадана-азначальныя сказы зьвязваюцца з асноўным сказам прыметнікамі займеннымі „каторы“, „які“; гэтыя прыметнікі ўстанаўляюць і лёгічнае, і граматычнае дапасаваньне, дзеля гэтага яны зьяўляюцца найбольш пашыранымі, тыповымі злучнікамі, бо ў жыцьці мы найчасьцей сустракаемся з патрэбаю вызначыць цікавы для нас прадмет, выясьніць тое ці іншае здарэньне ці зьяўленьне.
4.колькі-столькі. Ёсьць дадана-азначальныя сказы, што пачынаюцца неазначальным лічэбнікам „колькі“; яму адпавядае „столькі“, напр.: Колькі ў рэшаце вады, столькі ў яго праўды. Колькі зім, столькі лет.
5.чый. Дадана-азначальныя сказы могуць пачынацца яшчэ прыметнікам займенным „чый“, які можа дапасавацца ў родзе й ліку з іменьнікам даданага сказу, напр.: Чый род, таго й рот. Чый конь, таго й грошы.
Ва ўсіх разгледжаных сказах займеньнікі, служачы сувязьзю паміж даданым і асноўным сказам, звычайна адносяцца да назоўніка, які служыць дзейнікам, дапаўненьнем або часткаю сустаўнога выказьніка.
Але апроч азначэньня прадмета, сказы, што паясьняюць скланяльную часьціну ў асноўным сказе, могуць выражаць месца, час і іншае.
У такіх даданых сказах на месцы „каторы-б — які-б“, „у каторым — у якім“ і інш. стаяць ужо адпаведныя злучнікі, прыслоўі і іншыя нязьменныя часьціны мовы. Гэтыя сказы вызначаюцца большай незалежнасьцю, але ўсё-ж такі служаць паясьненьнем да скланяльнага слова ў асноўным сказе, і іх злучнікі заўсёды можна падмяніць займеньнікамі.
6.каб. Дадана-азначальныя сказы, што пачынаюцца гэтымі злучнікамі, маюць адценьне мэты, напр.: Ня было тае хаты, каб двое-трое не памерла. Не знашлося такога чалавека, каб мог яго выратаваць.
7.дзе. Ёсьць дадана-азначальныя сказы з адценьнем месца, што пачынаюцца з „дзе“, напр.: Падышлі яны к таму месцу, дзе пачыналася рэчка. Няма тае крамы, дзе-б прадаваліся родныя мамы.
8.калі. Азначальныя сказы з адценьнем часу. Настала поўнач, калі нічога ня відаць.
9.як. Азначальныя сказы з адценьнем параўнаньня: Няма ўжо болей такой паншчыны, як у нас была.
10.Калі асноўны сказ адмоўны, то ён можа скарачацца ды прымае такі від: „Каго люблю — няма таго; хто мяне любіць — ні я таго“.
Даданыя сказы, што паясьняюць дзеяслоў, называюцца дапаўняльнымі.
У простым сказе дзеяслоў, а таксама дзеяпрыметнікі, дзеяпрыслоўі і інфінітывы, паясьняюць звычайна дапаўненьні; у складана-падпарадкаваных сказах месца гэтых дапаўненьняў займаюць дадана-дапаўняльныя сказы. Яны цесна прылягаюць да дзеяслова, падмяняючы ў гэтым выпадку назоўнік. Калі выказьнік у васноўным сказе выражан безасабова, то дапаўняльныя сказы могуць падмяняць і дзейнік.
З формальна-сынтаксычнага боку дапаўняльныя сказы бываюць дваякія: яны або падпарадкваюцца дзеяслову злучнікамі, прыслоўямі ці прыслоўнымі выражэньнямі, або становяць сабою залежнае пытаньне, і падпарадкваюцца дзеяслову пытальнымі займеньнікамі ці прыслоўямі займеннага пахаджэньня.
I.Дапаўняльныя сказы, ня выражаныя ў форме залежнага (ускоснага) пытаньня, зьвязваюцца з асноўным сказам наступнымі спосабамі:
1.Злучнікамі аж, ажно, напр.: Глянуў ён, аж коняй няма. Глядзіць, аж там паноў хоць гаць гаці. Думаў хлеб сьпячы, ажно мукі ані званьня.
Гэтыя сказы становяць пераходную ступень ад злучаных да падпарадкаваных.
3.Злучнік каб. Дапаўняльныя сказы могуць зьвязвацца з асноўным злучнікам „каб“, напр.: І загадаў ён, каб ніхто не чапаў гэтых яблык. Тады стаў ён прасіцца, каб пусьцілі яго да дому. Я толькі аднаго хачу, каб ты здароў быў.
4.Злучнік абы. Здараецца, але вельмі рэдка, што дапаўняльныя сказы пачынаюцца злучнікам „абы“ ў значэньні „каб“, напр.: Яму хацелася, абы й часінкі ня страціць.
5.быдта, бытцам. Для выражэньня незалежнага факту, дапаўняльныя сказы могуць злучацца з асноўным дзеяслоўнымі прыслоўямі „быдта“, „бытцам“, напр.: Кажуць, быдта пасварыліся яны за невашта. Скажы, бытцам мы ня бачыліся з табою.
ІІ.Да дапаўняльных сказаў, што паясьняюць дзеяслоў, належаць і так званыя ўскосныя пытаньні, якія заўсёды залежаць ад дзеяслова.
Ад дзеяслова могуць залежаць і простыя пытаньні, напрыклад: Тады падыходзіць селядоршы брат ды кажа: „Брат! нашто ты крыўдзіш мяне?“ Разважаў сам сабе, ці ехаць мне заўтра на кірмаш, ці не?
Але з формальна-граматычнага боку ў такіх сказах падпарадкаваньня дзеяслову ня будзе, яно наступіць толькі тады, калі перад такім сказам стане злучнік „што“ („Ён спытаў, што ці прынёс ён грошы“), або калі пытальны сказ зьменіць сваю пабудову: дзеяслоў 2-ой асобы пяройдзе ў 3-юю асобу, а займеньнiкi „ты“, „вы“ павыпадуць або заменяцца 3-яй асобай.
Дапаўняльныя сказы з укоснымі пытаньнямі зьвязваюцца з асноўнымі сказамі або пытальнымі часткамі (дапаможнікамі), або пытальнымі займеньнікамі.
1.Падпарадкаваньне пытальным дапаможнікам ці: Пытаюцца, ці ня бачылі яны коняй. Паглядзеў, ці жывы, ды зноў стаў біць. Прышлі паглядзець, ці праўда, што там шкло.
2.Падпарадкаваньне займенным прыслоўем як: Ніхто ня ведае, як хто абедае. Прышлі паслухаць, як грае музыка.
3.Падпарадкаваньне прыслоўем дзе: Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе ляпей. Пытаецца ў сына, дзе ён быў.
4.Падпарадкаваньне пытальным займеньнікам хто: А ці ведаеш ты, чалавеча, хто я? Толькі ня ведаю я, хто вы ёсьцека. Спытай у яго, ад каго ён такога каня мае?
5.Падпарадкаваньне пытальным займеньнікам што: Прышлі паглядзець, што яны робяць. Багатыр дзівіцца, чым худак жывіцца. Ня ведама, чым і як яна жывілася. Тады стаў ён расказваць, чаму ня прышоў на работу.
6.Падпарадкаваньне займеньнікамі які, чый: Ён толькі спытаўся, чые гэта коні. Праходзячы пацікавіўся, якія гэта людзі.
Даданыя сказы, што паясьняюць дзеяслоў, могуць выражаць месца, час, прычыну, мэту, спосаб дзеяньня і, такім парадкам, дапаўняць тыя акалічнасьці, пры якіх адбылося ці магло або не магло быць тое, што выражаецца асноўным сказам. Такія даданыя сказы называюцца сказамі акалічнасьці.
Гэтыя сказы злучаюцца з асноўным сказам прыслоўнымі злучнікамі: дзе, куды, адкуль; у васноўным сказе ім адпавядаюць: там, туды, адтуль.
Бываюць і мяшаныя звароты, з перастаўленымі прыслоўямі, напр.: Бацька пашоў туды, адкуль ніхто не варочаецца.
а)Самым пашыраным спосабам падпарадкаваньня даданых сказаў акалічнасьці часу зьяўляецца злучнік-прыслоўе калі, напр.: Не да парасят сьвіньні, калі яе смаляць. А мне й няўпрыцям, калі гэта было.
Як відаць з прыкладаў, злучнікам „покі“, „пакуль“ у васноўным сказе часам адпавядаюць „патуль“, „датуль“.
e)У значэньні „покі“ ўжываецца яшчэ „аж“, каб выразіць, што далей час ня мог пайсьці, напр.: Ня пускалі з работы, аж покі сонца зашло.
а)што — яму ў асноўным адпавядае „затым“, „адтаго“, напр.:
Даданыя сказы акалічнасьці спосабу дзеяньня, паясьняючы дзеяслоў, паказваюць спосаб дзеяньня. Яны выражаюць супастаўленьне, параўнаньне (дадатнае й адмоўнае) розных дзеяньняў, станаў, зьяў і здарэньняў; часам можа выражацца й вынік з пэўнага дзеяньня. Усё гэта пазваляе падзяліць сказы акалічнасьці спосабу дзеяньня на дзьве часткі: 1) сказы параўнальныя і 2) сказы паясьняльныя.
1.Сказы параўнальныя звычайна зьвязваюцца з асноўным сказам такімі злучнікамі:
а)як: Літвін, як лін. Сказаў, як зьвязаў. Сьпіць, як пшаніцу прадаўшы. Сядзіць, як мыш пад мятлою. Вочы гараць, як вугальлё. Пабялеў, як палатно. Шуміць лес, от як песьні сьпявае. Як пасьцелеш, так і высьпішся. Лепей у пяску гніць, як з нямілым жыць.
Як бачым з некаторых прыкладаў, злучніку „як“ у даданым сказе адпавядае злучнік „так“ у васноўным.
б)бы: з „якобы“: Дрыжыць, бы тая асіна. Дудка грае тонка, от бы тая павуціна. І ўсхліпвае рэчка ў пяскох залатых, бы маці па дзецях сваіх.
в)што: Што край, то звычай, што сяло, то нораў, а што галава, то розум.
г)чым — прыладны склон займеньніка „што“, часам з часткаю „сі“, якая разьвілася з паказальнага
займеньніка, напр.: Чым далей, тым горай. Крычыць, на чым сьвет стаіць. Лепей хлеб з вадою, чымсі з бядою. Лепей з добрым згубіць, чымсі з дурным знайсьці.
д)бытцам: А той і не шманае, бытцам яго муха ўкусіла. На людзей брахаў, бытцам сваё дабро аберагаў.
2.Сказы паясьняльныя вельмі падобны да сказаў заключальных (§ 33,1:6); у іх знаходзім такія злучнікі:
а)аж, які можа быць з часткаю „но“ (ажно): Ночы цёплыя, аж парыць. Байбак бяжыць, аж балахон дрыжыць. Бачыць, зусім сырыя дровы, ажно зацьвілі. Выбегла баба паглядзець, ажно ні рыбы тэй, ні лісіцы няма ў корабе. Як загрыміць, аж у вушшу зазьвінела.
Гэтыя сказы можна разглядаць, як злучаныя.
б)што: Зашоў у такую гушчарню, што й сьвету ня відаць. Быў ён такі паганы, што як яго й зямля насіла. Яго апанаваў такі сьмех, што ня мог вытрываць. Дажыліся, што хлеба ня было куска. Мусіць нашага гаспадара забіта, што яго даўно ня чуць.
в)каб: Цяпер ня той сьвет настаў, каб байкі слухаць. Я не на тое пастаўлен, каб патураць вашым выгадкам.
Сказы умоўныя і уступальныя становяць асобную групу складаных сказаў. Яны, уласна кажучы, злучаныя сказы, але паасобныя сказы іх незалежна адзін ад аднаго ня мысьляцца. І з надворнага боку яны зьвязаны паміж сабою так (калі — то, хоць — але), што гаворыць аб іх неразлучнай парнасьці. Але гэтыя граматычныя абазначэньні іх сувязі часта прапускаюцца, калі, напрыклад, стаіць загадны лад замест умоўнага.
Умоўныя сказы належаць да прычынных сказаў. У вадным сказе звычайна выражаецца тая умова, ад якой залежыць дзеяньне ці вынік, аб якім гаворыцца ў другім сказе.
Умоўныя сказы зьяўляюцца набыткам разьвітога, практычнага розуму, які ўжо ўмее аддзяліць важнейшыя, істотнейшыя прыметы адных зьяўленьняў ды адкінуць іх у другіх.
Умоўныя сказы злучаюцца паміж сабою наступным спосабам:
а)калі — то (дык, дак): Калі гаспадар у карчме скача, то гаспадарка ў дварэ плача. Калі нярод, дык і неўмалот.
6)каб — то-б („то“ часта прапускаецца), дык: Каб не перамерлі, то-б неба падперлі. Каб ня ежка да не адзежка, дык была-б грошай дзежка. Каб я цябе баяўся, з мяне-б дурны сьмяяўся. Каб чаўнок, пераплыў-бы на той бачок. Каб воля, знашоў-бы сабе поле.
в)Часам для выражэньня умоўнага сказу даволі бывае аднаго умоўнага ладу, напр.: Былі-б пабразгачыя, а памагачыя будуць. Ня было-б тут пастуха, ваўкі-б перадушылі авечкі. Была-6 здарова бабуся, нікога не баюся.
Уступальныя сказы яшчэ больш, як умоўныя, падобны да злучаных сказаў супярэчных, але ў такіх сказах адна думка не супастаўляецца з другой, а толькі трохі агранічае яе, часам выражаючы неспадзяваны вынік у параўнаньні з прычынай.
Уступальныя сказы сьведчаць ужо ня толькі аб практычнасьці й развазе таго, хто гаворыць; яны паказваюць, што асоба — чалавек грамадзянскі, бо ўмее цаніць і паважаць чужую думку, нават не згаджаючыся з ёю. Значэньне такіх сказаў пры вытварэньні навукі, культуры вельмі вялікае.
Уступальныя сказы таксама парныя сказы; сувязь паміж імі выражаецца парнымі злучнікамі, хоць часам злучнікі ў тым ці іншым сказе прапускаюцца. Найчасьцей сустракаюцца такія злучнікі:
а)хоць — абы, хоць — але, хоць — да, напр.: Хоць у латаным, абы ня ў хватаным. Хоць позна, але завозна. Хоць гол, да васьцёр. Цішком браў, але ня краў. Хоць ты за мяне большы, але дурань горшы. Хоць страту мець будзем, але свайго даб‘ёмся. Мякка сьцеле, да мулка спаць.
б)няхай: Няхай-бы яны пагасьцявалі дзень-два, а то другая нядзеля йдзе.
в)ні: Што ні рабілі, чаго ні чынілі — нічога не
памагло. Куды ні кінь — усюды клін.
„Ні“ часам можа прапускацца, напр.: Што махне, дык дзесяць дубоў і паляціць, бы тыя чароціны.
ЗАЎВАЖАНЫЯ АБМЫЛКІ.
- ↑ У М. Багдановіча знаходзім вінавальны склон пры шмат: „Шмат што зрабілі іх чорныя рукі“, дзе „што“ назоўнік займенны; у Купалы — „Курганы шмат чаго нам гавораць“.
- ↑ Такія звароты у мове — забабонныя; людзі некалі думалі, што ад слова „станецца“.
- ↑ Правільна: дзяўчата (о), як зборныя назоўнікі йменныя: суччо, гальлё і інш.
- ↑ Такія формы, як „жадошчы ўзялі“, сустракаюцца цяпер дужа рэдка, а ў старасьвецкай мове, наадварот, яны былі вельмы пашыраны: Каін у завідошчах забіў брата.
- ↑ У некаторых народных гаворках сустракаецца форма „есьць“ і „ё“ (скарочанае „ёсьць“), але ў літаратурнай мове прынята гаварыць „ёсьць“.
- ↑ Скарочаная форма для жаноч. й ніяк. роду, калі націск прыходзіцца на канчатак (зеляна, весяла, зеляно віно); калі націск прыходзіцца на аснову, то будзе сьцягнутая форма (тонка, высока); націск на канчатку ў ускосным склоне — прымета сьцягнутай формы прыметніка.
- ↑ У беларускай мове „завуць“ асобу, чалавека; усе іншыя прадметы „называюць“.
- ↑ Б. Тарашкевіч „Белар. граматыка для школ“, стр. 73: „Валы пашлі ваду піць“.
- ↑ Тыповае выслоўе буржуазіі.
КНІГАСЬПІС.
ПАДРУЧНІКІ.
|
II.
ПРЫГОЖАЕ ПІСЬМЕНСТВА.
Багушэвіч Ф. ДудкаБеларуская.СмыкБеларускі.Збор ЧАСОПІСІ. „Полымя“ за 1922 г. № 1 (ц. 30 к.), за 1923 г. № 2 (ц. 50 к.), № 3—4 (ц. 50 к.), № 5—6 (ц. 1 р.), № 7—8 (ц. 1 р.), за 1924 г. № 1 (ц. 2 р.), № 2 (ц. 2 р.), № 3 (ц. 1 р.), № 4 (ц. 1 р.). „Маладняк“ за 1923 г. № 1 (ц. 75 к.), за 1924 г. № 2—3 (ц. 1 р.), № 4 (ц. 80 к.), № 5 (ц. 1 р. 50 к.). |
III.
ТЭАТР І МУЗЫКА.
Маркевіч Л. Жалобны марш на сьмерць У. Леніна. Для
Сцэнічныя творы. Сшытак першы. („Паўлінка“ — Я. Купалы. „Манька“ — Ф. Аляхновіча. — В. Д. Марцінкевіча.„Пашылісяўдурні“— М. Крапіўніцкага)..........— 25 к.
Сцэнічныя творы. Кніжка перашая. („Прымакі“ — Я. Купалы. „Мікітаў лапаць“ — М. Кудзелькі. „Зьбянтэжаны Саўка“,„Пасланец“,„Конскі портрэт“ — Л. Родзевіча)..........— 40 к.
Сцэнічныя творы. Кніжка другая. („Соцыялістка“ — Ц. Гартнага.„Соннабалоце“—М. Кудзелькі. „Калісь“, „Лес шуміць“ — Ф. Аляхновіча)....— 70 к.
Тэраўскі Ў.БеларускіЛірнік.Сьпеўнікначатыры галасы 99 песень..........— 75 к.
КОМСАМОЛЬСКІЯ ВЫДАНЬНІ.
Вольны, Александровіч, Дудар. „Ваўчаняты“. Роман беларускіх лясоў. З малюнкамі. (Друкуецца).
Вольны А. „Два“. Повесьць. З малюнкамі. (Друкуецца). |

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.