Сынок з кулачок

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сынок з кулачок
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-017

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жылі дзед і баба. І быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. Не большы за кулак. Так дзед з бабай яго і звалі: сынок з кулачок.

Паехаў аднойчы дзед араць, а бабе сказаў, каб згатавала абед ды прынесла яму на поле.

Баба згатавала абед ды кажа да сына:

— Каб ты быў большы, дык занёс бы бацьку абед за мяне. А так мне самой трэба ісці.

А сынок падхрабрыўся і кажа:

— Давай, мама, занясу абед.

— Дзе табе данесці яго? — не верыць маці.

— Данясу!

Узяў сынок з кулачок абед, паставіў у дзедаў лапаць, сам ззаду сеў і паехаў.

Едзе сабе і песенькі спявае. Прыехаў на поле, гукае бацьку:

— Тата, я табе абед прывёз!

Убачыў яго бацька, зарадаваўся:

— Малайчына сынок!

Сеў ён абедаць, а сын кажа:

— Тата, пасадзі мяне на саху, я араць буду.

— Як жа ты будзеш араць?

— А паглядзіш, — кажа сын.

Пасадзіў яго бацька на саху. Сынок з кулачок узяў лейцы ў рукі і крыкнуў на каня:

— Но, сівы-буры! І пачаў араць.

Ехаў дарогаю пан у брычцы. Убачыў ён такое дзіва.

— Прадай, дзед, мне свайго аратага, — кажа пан.

— Не, пане, не прадам: гэта мой сынок.

А пан прычапіўся як смала: прадай ды прадай!

— Я табе, — кажа пан, — дам шмат грошай.

Пачуў гэта сынок, падбег да бацькі і шэпча яму:

— Прадавай, тата, толькі вазьмі ў пана за мяне жменю золата. Не бойся, я ад яго ўцяку…

Згадзіўся дзед і прадаў пану сына за жменю золата.

Узяў пан хлопчыка, пасадзіў у кішэню і паехаў. «Вось, — думае, — добрага аратага нажыў. Гэтакага ні ў кога няма. Няхай зайздросцяць мне ўсе паны!»

Тым часам хлопчык прадраў панскую кішэню, цішком вылез з яе ды выскачыў з брычкі. Пан нават і не пачуў. Паехаў сабе дамоў хваліцца дзіўным аратым.

Агледзеўся хлопчык, аж кругом яго густы лес.

Пахадзіў ён, пахадзіў па лесе і заблудзіўся.

А тут і вечар настаў. Сеў хлопчык пад елкаю і плача.

Ні адсюль ні адтуль — галодны воўк. Ухапіў ён хлопчыка і праглынуў яго.

Апамятаўся хлопчык, пачаў брыкацца ў воўчым жываце, пачаў крычаць:

— Гэй, воўк, нясі мяне дахаты!

— Не панясу, — кажа воўк.

— Нябось панясеш, як надакучу табе.

— Паглядзім, — агрызнуўся воўк і пабег у поле шукаць авечак.

Прыбягае да чарады авечак, а хлопчык як крыкне з воўчага жывата:

— Гэй, пастухі, воўк па авечкі крадзецца!

Пачулі гэта пастухі, прагналі злодзея. Ды яшчэ і сабак нацкавалі на яго.

Прыбег воўк у лес і кажа хлопчыку:

— Вылазь вон!

— Не, не вылезу, — адгукаецца хлопчык. — Нясі мяне дадому.

— Не панясу! — злуецца воўк.

Выгаладаўся воўк ды зноў пайшоў шукаць спажывы. Але куды ні прыйдзе, усё няўдача: не дае яму хлопчык спакою.

Зусім схуднеў воўк, ледзьве ногі цягае. А хлопчык усё сваё права правіць:

— Нясі мяне дадому!

Бачыць воўк — няма рады: панёс хлопчыка дадому.

Прынёс да двара і кажа:

— Вылазь. Вунь твая хата.

— Не, — адказвае хлопчык, — нясі на двор.

Прынёс яго воўк на двор і зноў крычыць:

— Вылазь!

— Не, нясі ў сенцы.

Прынёс воўк яго ў сенцы.

Тут хлопчык выскачыў вон ды як закрычыць:

— Тата, хадзі ваўка біць!

Выбег бацька з качаргою і забіў ваўка. Шкуру злупіў і бабе футра пашыў. А баба сасмажыла за гэта дзеду і сынку гуся.

Тут і казка ўся.