Сымон Будны (Талочка)
| Сымон Будны Публіцыстыка Аўтар: Уладзіслаў Талочка 1919 Крыніца: Беларускае Жыцьцё. — 29 верасьня 1919. — №15 |
| (Матэрыялы да гісторыі ар'янства ў Беларусі) |
Вялікі вумственны рух, які можна было заўважыць у XVI сталецьці ўва ўсей Эўропе, закрануў так сама і паверхі беларускага народа, яго інтэлігэнцыю. Побач з іменьнем Францішка Скарыны, першага перакладчыка бібліі на беларускую мову, бачым другое - Сымона Буднага, так сама гуманіста. Дзеля таго, што аб ім у нас мала ведаюць, даем тут жменю фактаў, датычных жыцьця і дзеяльнасьці Буднага, і колькі данных, якія даюць характэрыстыку гэтай нязвычайнай асобы.
Пісаць біаграфію Буднага немагчыма дзеля таго, што няма для гэтага данных. Ведаем толькі тое, што радзіўся ў Беларусі ў першай палове XVI сталецьця ў сямейцы, якая адзначалася нязвычайнымі здольнасьцямі. Малодшы брат Сымона, Беняш, так сама быў вучоны, філёзоф, пісьменнік і перэкладчык. Аднак працаваў толькі для польскай літэратуры і для беларускай пісьменнасьці не зрабіў нічога. Адзін з яго твораў дачакаўся колькі выданьняў, што ёсьць мера вартасьці і расхвату яго кніжак, з якіх частка друкавалася ў Вільні.
Сымон гэтак сама як Скарына вучыўся ў Кракаўскай Акадэміі. Якія ён атрымаў тут вучоныя тытулы, гэтага ня ведаем, так сама як і тое, дзе і калі перэняўся рэформацкімі поглядамі. Шмат тады было паміж новатарамі людзей вучоных, але Будны сваей незвычайнай інтэлігэнцыяй і працай высунуўся наперад і заняў адно з першых месцоў. У гэты час ён быў вызнаўцай Кальвіна і жыў недзе ў Польшчы. Слава яго вучонасьці даходзіла да Беларусі, бо віленскі ваевода князь Мікалай Радзівілл, якога звалі Чорным, паклікаў Буднага ў 1552 г. ў Клецк на пасад пастора. Апрача дзеяльнасьці прамоўцы, Будны, карыстаючыся Радзівілоўскай шчодрасьцю, ад 1562 г. разьвярнуў дзеяльнасьць выдавецкую. Друкаваў ён свае творы ў мове беларускай, польскай і на міжнацыянальным языку сярэдніх вякоў - па лацінску. Нас, ведама, найбольш цікавіць тое, што Будны напісаў па беларуску. Яго памочнікамі ў пісьменніцкай працы былі Мацей Кавэчынскі і Вавжынец Кжыжкоўскі. Магчыма, што ня гэтулькі нацыянальнае ўсьведамленьне, колькі хаценьне пашыраць кальвінізм сярод беларускага народа прымушало Буднага ўжываць у сваіх агульна даступных творах беларускую мову. Першы твор Буднага пісаны па беларуску гэта - надрукаваны ў 1562 г. ў Несьвіжы (у Клецку друкарні ня было) "О оправданіі грэшнаго чэловека перэд Богом кныжка". Ужо ў гэтым творы Будны выяўляе сябе як праціўнік догмата аб Прэсьвятой Тройцы.
Так сама ў друкарні ў Несьвежы надрукаваў Будны ў 1562 г. другі свой твор "Катэхізіс, то есць наука стародавняя хрысціанская ад сьвятога пісьма для простых людзей языка рускаго в пытан'ях і адказах зобрана". Гэта была мова народа, які жыў і цяпер жыве ў ваколіцах Клецка, Несьвіжа і т. д. значыцца, беларуская. У канцы гэтага кальвінскага катэхізму мы знаходзім гэтакія словы: „Доконана сія кныга, зовемая грэческім языком Катыхізіс, а по словенску Оглашэнье Богу... накладом боголюбівых мужэй, пана Матіа Кавэчынскаго, наместніка несьвізскаго, Сімона Буднаго, Ляврэнцья Крышковскаго" і інш.
Яўна як антытрынітар заявіў сябе Будны ў 1565 г. і зусім тагды разыйшоўся з кальвіністамі. Пагляд свой у гэтай справе ён высказаў на сынодзе польскіх антытрынітараў ў Скрынне ў 1567 г.
Будны належаў да гэт. назыв „аднабожнікаў" - чыстых антытрынітараў, адрожніваючыся ад „двабожнікоў". Здаецца, што апрача „Катэхізма" і „О оправданіі" нічога больш Будны не друкаваў па беларуску, аднак ён пісаў яшчэ шмат, павялічываючы польскае і лацінскае пісьменства сваймі ўласнымі творамі або перэкладамі з лацінскага языка, з мовы чэскай ды інш.
Будны ня толькі належыць да нас, як аўтор двох твораў напісаных па беларуску, але і як чэлавек з усімі сваймі заслугамі і недастачамі.
Ды ня толькі чыста догматычныя пытаньні цікавілі Буднага. На діспуце ў Еўю ў 1568 г. перад сабраўшыміся пасторамі і шляхтай ён спрачаецца з Якубам Каліноўскім і Паўлай з Візнуа аб праве хрысьціян мець слуг і нявольнікаў.
Апошні свой твор Будны надрукаваў ў 1583 г. і ад гэтага часу няма ўжо аб ім вестак. Ведама толькі, што ён памёр раней чымсі Фаўстын Соцін, які памёр у Польшчы ў 1604 г.
Канчаючы гэты нарыс дзеяльнасьці Буднага, папрабуем наштрыхаваць яго духоўны твар. Будны быў запраўдным дзіцянём XVI сталецьця. Ен горача безупынна гнаўся за новымі рэлігійнымі перэжываньнямі. Гэта быў вечны новатар. Шмат вучоны, надта добры лінгвіст, выдатны пісьменнік у сваіх творах ён пасеяў многа новых ды надзвычайна сьмелых думак, якія, сьведчучы аб духоўнай сіле іхняга аўтора, былі прычынай вялізарнага перэпалоху ў гэтым гняздзе рожнаверства, якім была тады Рэчпаспалітая, — але здабылі яму многа прыхільнікаў і вучняў. Вучоныя, якія пісалі аб ар'янізме робяць Буднаму шмат паважных закідаў, між інш. яго лёгкамысныя адносіны да тэксту сьв. Пісьма, якое ён лоўка перакручываў дзеля сваіх мэтаў замест таго, каб пахіліць галаву перад ягоным значэньнем. Непастаянства характэра - гэта другая нестача Буднага. Хаця гэта была нестача без мала ўсіх сыноў XVI сталецьця, калі веяньні сярэдніх вякоў спатыкаліся з дзьмухам новых, спатыкаюцца дзьве розных напрамкаў хвалі паветра. Ня гледзячы на ягоны модэрнім, Будны ёсьць тыповым прэдстаўнікам рэформатарскай рэлігійнасьці XVI ст., якая ня ведала рожніцы між жыцьцём ды рэлігіяй, і адналькова хацела аддаць Богу чэсьць пры бяседным стале з чарай віна, як і ў ціхай сьвятліцы з маладой салодкаю жонкай.