Перайсці да зместу

Сшытак вершаў (Александровіч, 1938—1946)/Пасланне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пройдзе ўсё… Пасланне
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1946 год
Ніколі не забуду

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пасланне
дачушцы Карыне.

О, каб меў я крыллі птушкі
(Як народ у казках баіць)
Паляцеў-бы, дарагая,
Да цябе, мая дачушка.
Панад хмарамі, высока
Я падняўся-бы, як сокал,
Аб адным бы толькі марыў:
Прамінуць хутчэй абшары, —
Тундры дзікай, не прыветнай
Дзе не знаюць людзі лета;
Дзе стосільным ураганам
Дуюць ветры акеана;
Дзе пурга штодня шалее
Так, што сэрца ледзянее.
Дзе і сонейка знікае,
Дзе пануе над снягамі
Беспрабудна, месяцамі
Ноч палярная, глухая…
Да цябе, мая Карына
Паляцеў-бы я з Дудзінкі,
(дзе душою так хварэю!)
Развітаўся б з Енісеем.
Праляцеў-бы я страною
Над сібірскаю тайгою.
Шлях мне чысцілі бы ветры,
Ноччу зоркі б ясна зьяі.
З песняй я ляцеў бы ў далеч
Кілометр за кілометрам,
Песня сілу б мне давала.
Волю славячы, шчасліва,
Праляцеў-бы я я імкліва
Панад скаламі Урала.
Па шляху з нябесных нітак,
Цвета чыстага блакіта,
Як бацькоўскі дар, касынку
Я-б саткаў табе, Карынка.
Гальштук выткаў-бы чырвоны
3 яркіх сонечных праменняў.
І сустрэчаю натхнёны
Я ляцеў-бы ў лятуценнях
Над шумлівымі лясамі,
Над квяцістымі лугамі
І трывогаю абняты
Апынуўся б каля хаты,
Дзе жывеш, мая Карынка,
Чарнавокая дзяўчынка,
З Радаславам родным братам,
З мамкай, Беці дарагой,
Беці, любаю маёй…
Ці то раніцай, ці ў вечар
Я стаяў-бы ля парога,
Сэрца білася-б трывогай
Надыходзячай сустрэчы.
Вось мы разам!..
Міг кіпучы!
Мы спаткаліся…
.................
Даволі.
Эх, Карыначка, балюча
Мне пісаць табе з няволі.
Але будзем, будзем, будзем
Будзем мы яшчэ, як людзі
Жыць шчасліва, дружна жыць.
Толькі б мужна перажыць
Наша гора.
Эх, дачушка,
Сакатушка, весялушка,
Расцвітай, расці на славу,
Слухай мамку,
Любі Славу
І мяне абавязкова
Помні, дзетанька…
Канчаю.
Не вясёлым, бачыш, словам
Я пішу.
— Чаму?
— Бывае!
Падрасцеш, сама пазнаеш.
Будзь здарова.