|
Хай мне суджана вызнаць пакуты
На зямлі ледзянога агня.
Не шкадую ні воднага дня
І ніводнай пражытай мінуты.
Пакідаючы змрок сутарэння
Колькі светлых лунала надзей.
Стаў я ў дні маладосці сваёй
Запявалам свайго пакалення.
Я гарэў неўгамонным задорам
Бурапенных юнацкіх прыгод.
Ідучы я не знаў перашкод,
Я не ведаў ні смутку, ні гора.
Кроў айчыны маёй бушавала
Разгаралася ў жылах маіх.
Ветлым подыхам сіл маладых
Песня ўсюды мяне выручала.
Не баяўся вятроў непагоды,
Я ніколі не хмурыў чало.
Мне нічога мілей не было
Як юнацтва, любоў і Свабода.
Хай сягоння няволяю скуты,
Хай гвалтоўна ссадзілі з каня.
He шкадую ніводнага дня
І ніводнай пражытай мінуты…
|