Перайсці да зместу

Сшытак вершаў (Александровіч, 1938—1946)/Гусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Радыёграмма Гусі
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1946 год
Ціха думу думаю…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гусі

Выйшаў я на бераг Енісея.
Не бывала ціхі Енісей.
Вечарэе. Beтлы вецер вее
Прысядаючы каля гусей.

Гусі неўгамонные хадзілі
Гаварлівым кругам па зямлі,
Набіралі сілу сваім крыллям
Каб дарогай лёгкімі былі.

Сеў і я, стаіўшыся, на камень.
Мо’ яны пагутараць са мной?
Мо над беларускімі палямі
Праляталі гэтаю вясной?

О, каб мог пазнаць я мову крылляў,
Ці каб крыллі ўласные я меў —
Знаў-бы ўсё, што гусі гаварылі
І, бясспрэчна, тут бы не сядзеў!

Ціха думу думаю. Раптоўна
Гусі зашумелі, загулі,
Мне крылом махнулі і на Поўнач
Сіняй хваляй неба паплылі.

Зноў адзін я. Лёгкі вецер вее.
Сэрца вырываецца з грудзей.
Плаўна льюцца воды Енісея.
Цішынёю дыша Енісей…