Перайсці да зместу

Сшытак вершаў (Александровіч, 1938—1946)/Будзе, спраўдзіцца ўсё гэта

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Не шкадую Будзе, спраўдзіцца ўсё гэта
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1946 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Будзе, спраўдзіцца ўсё гэта

Будзе, спраўдзіцца ўсё гэта:
Не багата зім і летаў
Пройдзе гулкаю хадою
І амытая расою
Зашуміць-закаласіцца
Залацістая пшаніца
Ў тундры дзікай, непрыветнай,
Дзе не знаюць людзі лета,
Дзе стосільным ураганам
Дуюць ветры акеана;
Дзе пурга бушуе злая
Так, што сэрца замірае,
Дзе і сонца не ўсплывае,
Дзе павісне над снягамі
Беспрабудна, месяцамі
Ноч палярная, глухая…

Будзе, спраўдзіцца ўсё гэта:
Трубны голас эстафеты
Загартованы, бадзёры
Пранясецца над прасторам
Як вясновы першы гром —
Дзе бязмоўе ледзяное
Ўскалыхне алень парою,
І як белая зарніца,
Курапатка ўзварушыцца
Ў цемры бліснуўшы крылом;
Дзе с пясцамі-важакамі,
Як з старэйшымі сябрамі
Непалоханнаю стаяй
Карагодзяць горнастаі
Ля вазёрных берагоў,
Дзе падхоплены вятрамі
Водгук носіць над снягамі
Зычны лай галодных псоў…

Будзе, спраўдзіцца ўсё гэта:
На акраіне Сусвета,
За Уралам, за Сібір’ю
У заснежаным Таймыры,
Дзе людской нагі слядоў
Не было з пакон вякоў.
На расквечанай паляне
Ля ўрачыстага кастра
Легендарные паданні
Будзе слухаць дзетвара —
Як прышлі сюды дзяды іх
Духам сэрца маладые
І змаглі перамагчы
Мерзлату даўгой начы;
Як змаглі яны адужаць
Край вятроў, тумана, стужы
І як горда над прасторам
Пакарыўшы льды і горы
Падымаўся Светлы горад
Багатыр і чараўнік.
Як вясёлкавым світаннем,
Палымней паўночных зьянняў,
Тундру шчодра азарылі,
Нібы вочы ёй адкрылі
Электрычные агні.

Будзе, спраўдзіцца ўсё гэта:
Усміхнецца тундра лета,
І абуджаные гоні
Подых кветак запалоніць.
Будзе колас красавацца,
Сокам сонца налівацца,
І зярно руччом вясёлым
Хлыне эвенкам у сёлы;
У застольных песнях будуць
Хмельным мёдам ліцца ўсюды
Ябланёвые сады.
Толькі гусі дружнай стаяй
Праляцяць і нагадаюць
Дні качуючай бяды…

Будзе, спраўдзіцца ўсё гэта:
Да жаданай, яснай мэты
Блізка ўжо, таму прыметай
Ў рудніках і на заводах
Параходамі на водах
Самалётамі ў надхмар’і
У бяскрайнім запаляр’і
Расцвітае і натхняе
Неўміручы сум Крэмля.
Прайшлі ночы, прайшлі годы
І за працу ўзнагародай
Неўгамоннаму народу
Пакарылася зямля:
Тайнікі свае раскрыла
Залатые дорыць жылы
Медзі, нікеля, угля…

Будзе, спраўдзіцца ўсё гэта:
Будуць мовай дружных нацый
Горда гімны пець поэты.
Гімн табе — святая Праца,
Гімн табе — ў наш грозны век
Пераможца — Чалавек!..