Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Другі пэрыод/Узрост Аўстрыі і Прусіі. Швэдзія і Расея

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 10. Рышэлье́ і Людвік XIV § 11. Узрост Аўстрыі і Прусіі. Швэдзія і Расе́я
Падручнік
Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр
1922 год
Пераклад: Аркадзь Смоліч
§ 12. Эўрапэйскае грамадзянства ў XVII і XVIII сталецьцях

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 11. Узмацненьне Аўстрыі і Прусіі. Швэдзія і Расéя.

1. Аўстрыя ад аблогі Вены да Белградзкага міру (1683-1739). Ня гледзячы на ўсё зьдзічэньне, спрычыненае трыдцацілетняю вайной, сіла нямецкага духоўнага жыцьця ня была зламана; гэта відаць ужо з таго, што ў канцы XVІІ і на пачатку XVІІІ веку зьявілася ў Нямеччыне нéкалькі слаўных людзей, як геніяльны філёзоф Лейбніц, што сваім розумам абыймаў усé навукі, як вялікія музыкі Бах, Гэндэль і інш.

Пры агульнай безнадзейнай хвараблівасьці імпэрыі, у паасобных краёх яе разьвівалася здаровае жыцьцё. Гэтак, Аўстрыя ў часы Леопольда I (1657-1705) прыдбала сабé вялікае значэньне, адпіраючы Туркаў у многіх слаўных бітвах. Расьпешчаныя, кволыя наступнікі Магомэта і Солімана ўсё гаспадараньне здавалі сваім вялікім вэзырам. Аднак, турэцкі паша рэзыдаваў яшчэ ў Будзе, і ў 1683 г. Османы ізноў нарабілі перапалоху ў Эўропе. Іх заклікалі Вэнгры, якіх прыціскаў Леопольд I, і Туркі зьявіліся пад Вéнаю з вялікім вэзырам Кара Мустафа на чале. Места было ўжо блізкае да ўпадку, ня гледзячы на адважную абарону ад 200-тысячнае турэцкае арміі. Але на помач месту надыйшоў польскі кароль Ян ІІІ Собéскі і адагнаў Туркаў.

Далей імпэратарскі ваявода, кн. Кароль Лётарынскі, які быў выгнаны з свайго княжства Людвікам XІV і пайшоў на аўстрыяцкую службу, узяў штурмам Буду і яшчэ раз пабіў Туркаў пад Магачом. Другі імпэратарскі ваявода, кн. Аўгéн Савойскі, з бакавое лініі Савойскага дому (радзіўся ён у Францыі, але з прычыны свайго непазорнага выгляду ня быў прыняты на вайсковую службу Людвікам XІV), аканчальна перамог Туркаў; у 1697 г. разьбіў ён іх пад Зэнтаю, над р. Цісаю. Па Карловіцкаму міру (1699) Аўстрыя атрымала блізка ўсю Вэнгрыю (Угоршчыну), Сла- вонію і Трансыльванію (Сямігародзьдзе). Яшчэ больш славы прынёс кн. Аўгéн, як адважны ваявода і дзяржаўны дзеяч, панаваньню імпэратараў Язэпа І (1705-17011) і Караля VІ (1711-1740) сваімі перамогамі ў вайне за гішпанскую спадчыну ды здабыцьцём для Габсбургаў Бэльгіі, Лёмбардыі, Нэапалю і Сыцыліі. Пасьля гэтага ён ізноў пайшоў вайною проці Туркаў, разьбіў іх у 1716 г. пад Пэтраварадынам, здабыў моцную крэпасьць Белград і далучыў да Аўстрыі Банат (рэшту Вэнгрыі, паміж Марошам і Цісаю), паўночную Сэрбію і Валошчыну да Алюты (1718).

Хутка, аднак, Аўстрыя страціла частку гэтых здабыткаў. Кароль VІ ўмяшаўся ў змаганьне за польскі пасад пасьля сьмерці Аўгуста ІІ (1733) і з гэтае прычыны павадзіўся з Францыяй. Распачалася вайна за польскую спадчыну, у якой ужо старому князю Аўгéну не шанцавала, і імпэратар быў прымушаны ў 1735 г. адступіць Нэапаль і Сыцылію бакавой лініі Бурбонаў. Калі Кароль VІ, ужо пасьля сьмерці свайго вялікага ваяводы (1736), захацеў у вайнé з Туркамі нагарадзіць сябé за страты, дык і тут мéў гэтулькі няўдачаў, што быў прымушаны па Белградзкаму міру (1739) вярнуць Турцыі Сэрбію і Валошчыну, дый самую крэпасьць Белград. Нягледзячы на гэтыя няўдачы, Аўстрыя ўсё-ж асталася першараднаю дзяржаваю, і, хаця сам імпэратар ня меў ніякага значэньня, але, як валадар сваіх спадчынных зямель, быў адным з наймагутнейшых монархаў у Эўропе.

2. Курфюрст Фрыдрык Вільгэльм (1640-1688). Як некалісь Аустрыя, дзякуючы Габсбургам, вырасла з невялікае провінцыі (мархіі) на першарадную дзяржаву, гэтак і Брандэнбург з мархіі пад уладаю Гогэнцолернаў вырас і зрабіўся магутнай Прусіяй. Гогэнцолерны, графскі род з Швабіі, атрымалі Брандэнбург у леннае ўладаньне ад імпэратара Жыгімонта на Констанцкім Саборы (1415). У пачатку XVІІ вéку атрымалі яны ў спадчыну княжства Клевэ разам з некаторымі провінцыямі, а ў 1618 годзе - Ўсходнюю Прусію; такім спосабам іхнія валаданьні павялічыліся ўдвая. Вэстфальскі мір (1648) ізноў даў ім значны прыбытак. Тагачасны курфюрст брандэнбурскі, Фрыдрык Вільгэльм, называны „Вялікім курфюрстам", пачуваў сябе ўжо гэткім дужым, што ня раз мяшаўся ў агульна-эўрапэйскія справы. Стварыў ён добра вымуштраванае войска, падтрымліваў ім Швэдаў у іхняй вайне з Польшчаю і вызваліў гэткім спосабам Усходнюю Прусію ад нявыгоднае леннае залежнасьці ад Польшчы (1657). У часе вайны, якую распачаў Людвік XІV з Голяндыяй, даўнейшыя саюзьнікі разыйшліся. Курфюрст пайшоў з Голяндыяй, а Швэды памагалі Францыі і ўварваліся ў Брандэнбург у той час, як Фрыдрык-Вільгэльм знаходзіўся над Рэйнам. Але курфюрсту ўдалося ў бітве пад Фэрбэлінам (1675) саўсім разьбіць Швэдаў і адабраць ад іх Памор'е. Пакінуты сваімі хаўрусьнікамі пры падпісаньні Німвэгенскага міру, ён быў прымушаны аддаць назад сваé здабыткі, але і яму і Брандэнбургу асталася ваенная слава.

Свае землі, раскіданыя па ўсёй паўночнай Нямеччыне, курфюрст злучыў у суцэльную дзяржаву; гаспадарыў ён абсолютна, скасаваўшы прадстаўніцтва станаў, і гэта было прыкладам для ягоных наступнікаў. Усьлед за Кольбэрам, клапаціўся ён аб экономічным палажэньні насяленьня; пры гэтым яму вельмі прыдаліся тыя 20 тысяч гугенотаў, што, ўцёкшы з Францыі, знайшлі сабе ў яго бясьпечны прытулак.

3. Прускае Каралеўства (1701). Дабрадушны, але лёгкадумны і раскідлівы наступнік Вялікага курфюрста, Фрыдрык І, забаўляўся перайманьнем Вэрсальскіх звычаяў на сваім двары; дзеля гэтага яму быў патрэбны каралеўскі тытул, які ён і атрымаў ад імпэратара Леопольда І ў аддзяку за помач у вайне аб гішпанскую спадчыну. Па прыкладу Людвіка XІV, ён апекаваўся навукаю і мастацтвам. Яго сын, Фрыдрык Вільгэльм І (1713-1740), быў поўнай процілежнасьцяй свайго бацькі, пагарджаў навукай, мастацтвам і ўсякім комфортам, быў грубы і надзвычайна скупы. На адно толькі ён не шкадаваў грошай і досіць вялікіх: гэта на сталую вялікую армію. Як на тыя часы і прускія адносіны, гэта і запраўды была вялікая армія, бо ў ëй лічылася 80 тысяч людзей. Пры сваім двары меў ён гвардыю з жаўнераў вялізарнага росту, якіх ён зьбіраў з усіх старонак сьвету, плацячы вялікія грошы; гэтая армія сталася зародкам будучае магутнасьці Прусаў.

4. Швэдзія ў ХVІІ веку. Густаў І Ваза, закладчык дынастыі, дабіўся спадчыннасьці кароны ў сваім родзе. Пасьля яго былі каралямі два ягоныя сыны (Эрык XІV і Ян ІІІ). Другі з іх, Ян ІІІ, выяўляў сымпатыю да каталіцтва, а ягоны сын, Жыгімонт, быў адкрытым каталіком і ў 1587 годзе быў выбраны за караля Польшчы. З прычынаў рэлігійных яго зьненавідзелі ў Швэдзіі, дык, калі пасьля бацькавае сьмерці ён пачаў гаспадараваць у бацькаўшчыне, давялося яму спаткаць шмат труднасьцяў. Яго дзядзька, Кароль, наймалодшы сын Густава Вазы, стануў на чале нездаволеных і пасьля даўгое вайны быў абвешчаны каралём, як Кароль ІX. Пасьля яго гаспадараваў (ад 1611 г.) яго слаўны сын Густаў ІІ Адольф, закладчык швэдзкае магутнасьці ў ХVІІ і XVІІІ вякох. Ідучы на трыдцацілетнюю вайну, ён абязаў дзяржаўныя станы прызнаць яго наступніцай пад той час чатырохгадовую дачку яго, Крыстыну; у 1644 годзе яна самастойка пачала гаспадараваць. Была яна сільнаю і разумнаю каралеваю, але ў 1654 годзе зраклася пасаду і выехала заграніцу, дзе прыняла каталіцтва. Каралева Крыстына была незамужняя, і па яе жаданьню карона перайшла да яе найбліжэйшага сваяка, Караля Густава, князя Цвайбрюкен. Ад часу перамогаў Густава Адольфа Швэды ўвайшлі ў смак ваяваць; пэўне-ж, для іх, як для народу беднага, вайна была рамяслом прыбыткавым. Згодна з настроем свайго народу, Кароль Х праз увесь час свайго гаспадараваньня (1654—1660) вëý войны. Быў ён ваяводаю добрым, але вельмі грубым. З таé прычыны, што польскі кароль, Ян Казімір, як патомак дому Вазаў, мéў пратэнсіі на швэдзкі пасад, Кароль Х напаў на апошняга ў яго ўласным краю і гэтак распачаў вайну за швэдзкую спадчыну (1655-1660). У саюзе з курфюрстам Фрыдрыкам Вільгэльмам, Кароль Х перамог Палякоў. У данскага караля, які памагаў Польшчы, ён адабраў паўднёвы бераг Швэдзіі, якім да таго часу валадалі данскія каралі. Аднак, у канцы вайна прыняла для яго непажаданы ход, бо, апрача Даніі, Польшчу падтрымалі курфюрст Фрыдрык Вільгэльм, удзячны за звальненьне яго ад лéннае залежнасьці, Масква, Голяндыя і імпэратар, якім трэба было неяк стрымаць рост Швэдзіі.

Кароль Х памёр неспадзявана. Апякуны ягонага бязьлетняга сына, Караля XІ, пасьпяшыліся падпісаць мір з чысьленымі ворагамі Швэдзіі. У часе гаспадараваньня Караля ХІ імпэратар і брандэнбурскі курфюрст з усіх сіл стараліся скінуць Швэдзію з становішча першараднае дзяржавы. Аднак, ня гледзячы на няўдачу пад Фэрбэлінам і часовую страту Памор'я, Кароль XІ трымаўся моцна. У сваім краі Кароль XІ, як вельмі добры адміністратар, значна ўзмацаваў каралеўскую ўладу, якая дагэтуль была забаўкаю ў руках самавольнае шляхты.

5. Пачаткі навачаснае Расеі. У пачатку XVІІІ веку высунулася на палітычную арэну, як трэцяя ўсходняя дзяржава, Расéя. Ў ХІІІ вéку ўкраінскія і вялікарускія княжствы, што былі на ўсход ад Дняпра, папалі ў татарскую няволю. Толькі ў ХV веку Іван ІІІ, злучыўшы ўдзельныя вялікарускія княжствы ў адну суцэльнасьць, залажыў Вялікае Княжства Маскоўскае і скінуў татарскае ярмо (1480). Іван ІV Грозны, сучасьнік Піліпа ІІ гішпанскага, каранаваўся ў 1574 годзе на цара маскоўскага. Сваю дзяржаву ён павялічыў заваяваньнем татарскіх дзяржаваў над Волгаю, Казані ды Астрахані, а пасьля таго, як казакі на чале з Ермаком занялі Сыбір, ён пашырыў сваё панаваньне і за Уралам (1580). Пасьля сьмерці сына ягонага, цара Хведара, пачаўся пэрыод бязладзьдзя, які скончыўся запанаваньнем новае дынастыі ў асобе Міхала Раманава. Ўcé прадстаўнікі гэтае дынастыі імкнуліся да цясьнейшае сувязі з Заходняю Эўропаю. Але толькі чацьверты цар з гэтага роду, Пётра І (1683-1725), паставіў Маскву у рад эўрапэйскіх дзяржаваў.

Ад маладых гадоў Пётра І выяўляў надзвычайныя здольнасьці, вялікую борздасьць розуму, надзвычайную цікавасьць і нахіл да чужаземных парадкаў. У Маскве ўжо малады цар пазнаёміўся з многімі чужаземцамі, якіх туды закінула доля, рамéсьнікамі, купцамі, мараходамі, тэхнікамі, прамыслоўцамі. З вялікай цікавасьцяй слухаў ён іхніх апавяданьняў аб эўрапэйскіх парадках; асабліва ж яго цікавілі ваенныя і марскія справы. Дагэтуль маскоўскае войска складалася толькі з стральцоў, якія стварыліся з прыдворнае варты цара Івана Грознага і з эўрапэйскаю вайсковаю арганізацыяй ня мелі нічога супольнага. З мораў-жа Маскоўшчына валадала толькі Бéлым Морам, якое бывае вольнае ад лёду толькі два месяцы ў год, з портам Архангельскам. Пётра І паставіў сабе мэтай зрэформаваць свой народ на эўрапэйскі лад, стварыць войска па заходняму прыкладу і пашырыць межы свае дзяржавы на поўначы — да Балтыцкага Мора, занятага тады Швэдамі, а на паўдні — да Чорнага Мора, занятага Туркамі. З гэтаю мэтаю выпісаваў ён эўрапэйскіх вайсковых, марахадоў, тэхнікаў і прамыслоўцаў, высылаў моладзь дзеля эдукацыі заграніцу, ды навет сам іncognіto выбраўся на Захад, каб пазнаць яго жыцьцё і парадкі. Найдаўжэй быў ён у Голяндыі, дзе ў Саардаме і Амстэрдаме працаваў, як просты карабельны цéсьля. У Англіі, у Портсмуце, пышны ваенны флёт давёў яго да неапісанага захопленьня. Хацеў ён яшчэ з Вéны паéхаць у Італію, але стральцоўскае паўстаньне ў Маскве, скіраванае проці ўсякіх рэформаў, прымусіла яго сьпешна вярнуцца дамоў. Паўстаньне ён хутка сьціхамірыў, не шкадуючы біча, шыбеніцы і колу; стральцоўскую гвардыю скасаваў, а замест яе зарганізаваў войска на эўрапэйскі лад.

Каб добра вымуштраваць армію, ён выпісаў англійскіх інструктароў. Побач з гэтым, бязупынна будаваліся ваенныя і гандлёвыя караблі, закладаліся фабрыкі, адкрываліся капальні, праводзіліся каналы, а на завяршэньне рэформаў было загадана насяленьню пад пагрозаю суровае кары галіць бароды і апранацца на нямецкі лад. Усякае супраціўленьне гэтай навіне ламалася рэкамі крыві. Ў канцы Пётра І зьніштожыў і апошнія перашкоды свайму самаўладзтву, касуючы патрыярхат і абвяшчаючы сябé галавою праваслаўнае Царквы, а таксама адбіраючы даўнейшыя прывілеі ў старой радавітай шляхты і творачы, паводле рады Лейбніца, новую "шляхту заслугаў", або, проста кажучы, армію дзяржаўных урадоўцаў, падзеленых на рангі. Дый і сабé замéста старога царскага тытулу даў новы, абвяшчаючы сябе імпэратарам усяé Расéі, пакідаючы толькі, як дадатковы назоў, "самаўладца" (1721).

Яшчэ ў пачатку свайго гаспадараваньня Пётра І, вядучы вайну з Турэччынай, здабыў места Азоў, а значыць доступ да Чорнага Мора. Цяпер яго цікавіла найбольш Балтыцкае мора, і як раз хутка здарылася магчымасьць зьдзéйсьніць яго пляны.

6. Паўночная вайна (1700-1721). Пасьля сьмерці Караля XІ (1697) карона перайшла да яго 15-цілетняга сына, Караля XІІ. Суседзі зараз-жа пастанавілі, карыстаючыся моладасьцяй і непрактычнасьцяй новага караля, сапхнуць Швэдзію з яе першараднага становішча. З гэтай мэтай у 1699 г. Фрыдрык ІV, кароль данскі, які мéў спрэчку з Гольштэйн-Готорпам, ды Аўгуст ІІ, саксонскі курфюрст і адначасна польскі кароль, якому хацелася здабыць Інфлянты, ці, ляпей кажучы, утрымаць саксонскае войска ў Польшчы супроць ваеннае небясьпекі, зрабілі з царом Пётрай І саюз проці Швэдзіі. З гэтага і пачалася вялікая паўночная вайна.

Хутка выявілася, што задача хаўрусьнікаў не такая лёгкая, як здавалася, бо Кароль ХІІ паказаў сябé годным наступнікам папярэдніх ваяўнічых швэдзкіх каралёў. Вайна пачалася ў 1700 г. напасьцяй Фрыдрыка ІV на землі князя Гольштынскага і заняцьцем Інфлянтаў саксонскімі вайскамі. Але швэдзкі кароль неўспадзеўкі хутка зьявіўся ў Зэляндыі і прымусіў данскага караля яшчэ ў 1700 г. падпісаць Травэндальскі мір, паводле якога той павінен быў выйсьці з Гольштыніі і адрачыся ад сваіх хаўрусьнікаў. Таксама хутка зьвярнуўся ён проці Пётры I, які з значна вялікшымі сіламі аблягаў м. Нарву, над Фінскай Затокай. Кароль ХІІ страшэнна разьбіў яго, але замест таго, каб выкарыстаць сваю перамогу і прымусіць цара падпісаць мір, ён адразу-ж вырушыў проці Аўгуста ІІ і гэтым даў Пётру I час сабрацца з сіламі.

Вельмі хутка даў ён сабе рады з саксонскім войскам Аўгуста ІІ; як пераможца, увайшоў у Варшаву і Кракаў і прымусіў у 1704 г. польскую шляхту скінуць з пасаду саксонскага курфюрста і выбраць на яго месца за караля пазнанскага ваяводу Станіслава Лешчынскага. У 1706 годзе Кароль XІІ заняў і Саксонію, ды прымусіў Аўгуста ІІ згадзіцца на мір у Альтранштадзе. На моцы гэнага міру саксонскі курфюрст зрокся польскага пасаду і саюзу з Расеяй, ды апроч таго абязаўся прахарчаваць швэдзкую армію праз зіму.

А Пётра І тым часам вёльмі старанна выкарыстаў памылку Караля ХІІ. Ня глёдзячы на няўдачу пад Нарваю, заняў Пётра І Інгрыю, Эстонію і Лівонію з яўнай мэтай заваладаць гэтымі краямі назаўсёды, бо на балотах Інгрыі пабудаваў новую сталіцу Пецярбург (1703), ды залажыў і ўмацаваў шмат портаў. З Польшчы выгнаў ён караля Станіслава Лешчынскага і запатрабаваў ад сойму новых выбараў.

Толькі ў восені 1707 г. Кароль ХІІ павярнуў на ўсход-проці Пётры І. Аднак, замёст таго, каб перад усім адбіць адабраныя Пётрам І надбалтыцкія краі, або пайсьці проста на Маскву, ён паслухаўся казацкага гэтмана, Мазэпу, які пры помачы Швэдаў маніўся вызваліць Украіну ад расёйскага панаваньня, ды пайшоў уперад на Ўкраіну, каб адтуль ужо крануцца на Маскву. Але Мазэпе не ўдалося пацягнуць за сабою казакоў; апроч таго, Кароль ХІІ пачаў аблогу Палтавы, добра ўмацаванае расейцамі крэпасьці. Калі на падмогу Пётры І падыйшло значна большае войска, Кароль ХІІ, які ў часе аблогі быў ранены і ня мог весьці галоўнае каманды, загадаў атакаваць надыйшоўшыя расейскія войскі; аднак, ня гледзячы на адвагу сваіх швэдзкіх вэтэранаў, тут ён меў поўную няўдачу. Дарога ў Бацькаўшчыну была адрэзана, і мусіў ён з нязначнаю дружынаю ўцякаць за Дняпро і Ніжні Буг на нэйтральную турэцкую тэрыторыю. Чатыры гады аставаўся Кароль ХІІ ў Бэндэрах (турэцкая крэпасьць у Бэсарабіі) і ўвесь час намаўляў Туркаў на вайну з Расеяю; гэта яму ўрэшце і ўдалося. Калі Пётра І падыйшоў сам з сваім войскам, Туркі яго акружылі над Ніжнім Прутом, і яму пагражаў поўны разгром. Аднак, з гэтае сеткі яму ўдалося вылезьці, падкупіўшы турэцкага вэзыра; Пётра атрымаў навет даволі выгодны для яго мір: яму дазволілі без перашкод адступіць, ды толькі павінен быў вярнуць Турцыі Азоў.

Кароль ХІІ, даведаўшыся аб пагражаючых яму падзеях у Швэдзіі, пакінуў Бэндэры (1714) і конна прыехаў ў Штральзунд. Зараз-жа хацеў ён заваяваць Норвэгію, але пагіб пры аблозе крэпасьці Фрэдэрыксгаль (1718)

Пасьля Караля ХІІ каралеўскі пасад заняла яго маладзейшая сястра, Ульрыка Элеонора, жонка князя Гэсэн-Касэльскага; яна згадзілася на абмежаваньне каралеўскае ўлады на карысьць Дзяржаўнае Рады, якую апанавала шляхта. У 1719-1721 гадох быў зроблены аканчальны мір. Паўночная вайна скончылася ўпадкам магутнасьці швэдзкае монархіі і падзелам яе валаданьняў. Усьці Эльбы і Вэзэра (Брэмэн і Вэрдэн) дасталіся Гановэру; Прусія атрымала ўсё Памор'е з Штэтынам і усьцем Одэра, а Швэдзіі астаўся толькі Штральзунд і востраў Ругія. Расеі дасталіся Лівонія, Эстонія, Інгрыя і Карэлія. Такім чынам Швэдзія страціла сваё пануючае палажэньне ў Паўночнай Эўропе на карысьць Расéі.


  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.