Студэнт (Бабарэка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Студэнт
Верш
Аўтар: Адам Бабарэка
1924 год
Крыніца: «Голос студента», № 2 ад 2.XI.1924 г., б. 4

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Студэнт


Да восемнаццаці я на вёсцы буяніў
Па загонах вузкіх ральлі.
А прада мною туга бур‘янаў,
Як цень засланяла палі.

Я сярпом, я касою сталёвай
Распорваў мяшок цемнаты.
А навокал: такое слова,—
Як залом ведзьмака, чарнаты.

І падшыбла заузятасьць запалам—
Пераставіць куцьцю уверх дном.
А дарога мяне абнімала,
А сонца маніла крылом.

І пайшоў я, пайшоў аж у горад.
Закілзаць зажадалася сьвет
І у скач разьлілося дзе гора,
Праімчацца з паходняю вед.

Ну й цяпер, ахрысьцілі студэнтам,
Хоць кашулю мне лес надзеў.
А заутра на полі я з мэндлем
Спатыкаць, буду ў вёсцы дзень.

Шырокі разьбег, кажуць, будзе:
Абнімеш вялікі сусьвет…
А мне штось тукоча у грудзях
Пра поле—сьвірэпкавы цьвет.

І ня вабіць мяне да высотаў:
Холадна там бяз людзей,
Лепш да іх пусьцім з дымам балоты,
Каб землю ў калосьсі адзець.

І снапамі ў сялянскіх хатах
Радасьць заблішча з павек,
Што сын іх падпасак заўзяты
Ужо новай зямлі чалавек.


А. Бабарэка.