Стаю прад Пушкіным адзін…
Выгляд
(Пасля перасылкі з Стаю прад Пушкіным адзін… (Маракоў))
Стаю прад Пушкіным адзін… Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1931 Крыніца: Чырв. Беларусь. — 1931. — № 11/12. — С. 16. |
* * *
Стаю прад Пушкіным адзін
І думу думаю сурова.
Тут кожны камень мне гаворыць
Пра дні вялікіх пуцявін.
Я знаю, Пушкін, Вы паэт,
І Вашай музай акрылён я…
Вы лепшай славы лепшы цвет
Ад Місісіпі і да Дону.
Ваш грозны шлях прывёў ў туман,
(І гэта заўжды нам знаёма).
Вам апяваць бы новы стан
Больш і упарцей, чым другому.
Вы першы з першых. Вашу кроў,
Што дагарэла ў дзікім снезе,
Завём мы песеннай зарой,
Сатканай з сонечных паэзій.
Прад Вамі й я схіляюсь ніц
І гавару ў натоўпе вуліц,
Што Вы з металу і зарніц,
І мы па-свойму Вас адчулі…
Мы знаем, Пушкін, — Вы паэт,
І ваша слава — меч крылаты…
Вы лепшай славы лепшы цвет,
І гэтай славай мы багаты.