Старонка:Zbornik scenicnych tvorau Ss 1, Kamiedyi i vadevili.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

раз ужо задау. Пачакай жа-ж! як ен ад цябе ні адчэпіцца, то галаву яму скручу!.. студэнт!..

Манька. О, не! Раней я на цябе у паліцыю данясу, раней ты у турме згніеш!..

Грышка. Данясеш? (Падыходзіць блізка да яе і раптам хапае яе за руку). Данясеш?! Папрабуй, ты гадзіна!

Манька (вырывае руку). Ай! пусьці!

Грышка (іншым тонам). Маня! Скажы, чаго табе трэба? чаго ты шукаеш? Маня! ты думаеш, што я благі чалавек, што я зауседы такі звар’яцеушы? Не! Гэта толькі цяпер, бо я страшэнна люблю цябе, мая Манька!..

А табе спадабауся гэты зломак, гэты… гэты… каб яго паляруш!..
Маня! Чаму ты мяне ні любіш? Маня! чаго ты хочэш? Скажы адно слово і я цябе вазьму адсюль, будзеш паняй, выедзем з гэтаго места…

Слухай: сягоння мне ужо трэба ехаць. Хочэш ехаць са мной? Паедзем!.. Хочэш грошы? Маеш! — вось грошы!.. Колькі хочэш, бяры!.. (З гэтымі словамі выцягівае с кішані тоусты партфэль і выкідае з яго на стол грошы).

Манька. Ні трэба мне тваіх паганых грошы!

Грышка. Манька! Чаму ты мяне ні любіш?

Манька. Бо ты хам, разбойнік!.. Я-б можэ калісь цябе і палюбіла, але ты памятаеш, як тады, на другі дзень ты у цемным складзіку спаймау мяне і там… ты прычапіуся да мяне… памятаеш?.. Я тады пачала крычаць…

Грышка. Маня! Даруй! выбач!.. бо я цябе люблю страшэнна!.. Ну, ні гневайся ужо за гэта… (Падходзіць да яе і хочэ яе абняць).

Манька (адпіхае яго). Ідзі вон!

Грышка (іншым тонам, са злосьцю). Вось як! Значыцца, с табой трэба дэлікатна, як той — гэты студэнт! Ах, ты… паненка! Хэ-хэ-хэ!.. Ну, пачакай жа-ж! Мо’ пашкадуеш! Мо’ прыйдзе час — пабачымся, мо’ у ног маіх валяцца будзеш, рукі цалаваць будзеш, каб рубля дау, каб дау табе хоць залатоуку, — як суку брыкну і адганю проч ад сябе, як ты цяпер мяне гоніш!.. (Зьбірае параскіданыя на стале грошы і хавае ізноу у портфэль).

Каб цябе усе пакінулі, каб цябе радня твая адрэклася, каб цябе сточыла найгоршая хвароба, як ты сэрцо мае точыш, — шэльма ты!!.

Я цяпер іду — і болей ужо ні вярнуся! Мо’ зловяць мяне, мо’ сам галаву у пятлю усаджу… Ды ведай адно: калі жыу буду, то табе гэтаго ні дарую! калі-ж сабакі косьці мае па сьвеці разьнясуць, — хай сам чорт помсту на цябе выдумае! (Выбегае).