Старонка:Zbor t2 1926.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


МІНУТЫ ШЧАСЬЦЯ

Сплылі ў душу з высі высокай
І зацьвялі ў ёй яснавока,
Як сьветласьць бледная аблокаў
На дальнім летнім небасхіле.

Цьвілі, гулялі пераліўна
Сьвітаньнем новым долі дзіўнай;
У казку волі неспажыўнай
Цяклі нявыплаканай сілай.

Вялі па сьцежках нехаджалых,
Арлом узносілі на скалах,
Карону клалі ў міртных хвалах,
На ўсёй будзённасьці завілай.

Так асянялі, панавалі,
Як сонца бліск на вод крышталі,
Аж пацягнулі вышай, далей
Туды, адкуль зышлі так міла.

Вітаю іх і ня вітаю,
Стаю, як пільгрым на растаю
Ў чужым далёкім недзе краю,
Як над пустой стаю магілай.