Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Бо агоркнуў хлеб батрацкі,
Жыцьце пад‘ярэмна…
Ды ня вышаў з-пад няволі,
Біўся век дарэмна!


∗     ∗

Гасьне корчык на камінку,
Пацямнела ў хаце,
Поўнач пеўні пракрычалі,
Але ня сьпіць маці.

Цягне нітку. Вераценца,
З рук упаўшы, грукне,
Ды нясьмела, як убогі,
Ў дзьверы вецер стукне.

Думкі думку падганяюць,
Не даюць спакою,
Ўсё лятаюць над кабетай
Нуднай чарадою.


∗     ∗

Уздыхнула цяжка маці,
Аб сынку гадае,
Што ў вастрозе, ў паняверцы
Кару адбывае.

І за што? У толк ня возьме
Бедная кабета
Ні законаў гэтых мудрых,
Ні парадкаў сьвету.