Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Сьціхнуў шум на карыдоры,
Ня чутно гаворкі,
На замок запёрты крэпка
Цесныя каморкі.

Ня зьвіняць жалезным звонам
Цяжкія кайданы…
Злосна, дзіка пазірае
Гэты дом паганы!

Шчыльна целам чалавечым
Паўкрываны „нары“
Ціснуць грудзі арыштантам,
Томяць бедным, мары.

Сон трывожны ў сьпёртым дусе
не дае спакою.
Эх, як марна прападае
Жыцьцё маладое!

Сьвеціць лямпа нудным бляскам
А вакол ціхутка!
А праз краты не спаткаеш
Вокам нічагутка.