Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З КАЎКАЗУ

У залатой калясцы сонца,
Вандруе зноў у сьвет дзянёк,
Ня зьмеран шлях яго бясконцы,
Завіты ў сонечны вянок.

Замерлі горы ў тонкай сіні,
Глядзіць, як бог зямлі, Эльбрус,
І патыхае сном пустыні
Яго засьнежаны абрус.

Маўклівы горы, дзіка-немы,
ня жывяць мысьлі іх чала,
І вісьне мут адвечнай дрэмы,
Як сум хаўтурнага стала.

1926 г.