Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Шорхае варожа,
Шворыцца, бы злодзей —
Ходзіць не здарма!
Цьма мяне трывожыць,
Ліха на паходзе —
Ліху імя — цьма.

З хмар навіслых восень
Ніці дожджу смыча
І прадзе, прадзе!
Хоць-бы неба просінь,
Хоць-бы цень аблічча,
Хоць-бы голас дзе.

Так, завязан вузел…
Кім? чыёй рукою?
Чый то пасланец?
Зьвялі травы ў лузе,
А ноч грозіць цьмою,
Калі-ж ёй канец?

1925 г.