Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Хто-ж той выраз перайначыў?
Я ня сьцямлю і пытаю
Ды пытаньнем азадачыў
Ўсіх, каго я тут ні бачыў,
Ўсіх, каго ні запытаю.

„Чапля! чапля!“ стой! — гукаю:
„Ты ня ведаеш, скажы ты,
Ці я сам страхі шукаю,
Сам іх вобразы ствараю,
Ці тым страхам ўсе спавіты?

— Ня пытайся: я ня знаю. —
Тры вароны ляцяць з гаю
Цяжка крыльлі іх мігаюць.
— Гэй, спыніся! справу маю —
Штось у вас я запытаю…

— Мы ня знаем! Не, ня знаю! —
Закрычалі і зьнікаюць.

Насустрэч старцы дыбаюць.
— Скуль вы, людзі? Хто такія?
Воч старцы ня падымаюць
Ўсе маўклівы, разважаюць.
— Мы — сьляпыя! Мы — глухія!

Цені сталы больш густыя,
Многалучны, нязьлічоны,
Многазначны, хоць пустыя,
Вельмі страшны, бо нямыя,
Пад пячацьцю ўсе замкнёны.