Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЯСЬНЯР

Кажуць людзі: „што ты смутны?
Што сьпяваеш ты пра гора?
Твае песьні — стогн пакутны,
Сьлёзы ветру на прасторы!

Ты злажы нам песьню волі
Песьняй шчасьця залівайся,
Ціхім сьпевам нівы ў полі
Ў струнах сэрца адклікайся,

Каб на нас вясна дыхала,
Грэла душу цяплынёю,
Каб нам сэрца сагравала
Ціхім шчасьцем, дабратою“.

Ой, вы, людзі! няма-ж волі:
Скуты мысьлі ланцугамі.
Пусты нівы нашы ў полі,
Злосны віхар дзьме над намі!

Ці-ж я сэрцам не балею?
Ці-ж мне смутак лёгка даўся?
Я сьпяваю, як умею,
Я пра радасьць пець ня здаўся.

1910 г.