Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

БЕЗДАРАЖ

Хмурна. Глуха. Цьма пануе.
Сьлед у полі загубіўся.
Што-ж спужаўся? што стаіўся?
Ці што вуха тваё чуе?

Сьцішна. Пуста. Адзінока…
Сьвет закрыла цьма густая.
Паваротка тут крутая,
Ня змыліся-ж, маё вока!

Неба ў хмарах. Даль імгліста,
А дарогі скрыжаваны.
Што-ж там сьвеціць праз туманы?..
Стой, ня ідзі: то — бляск нячысты!

Ціш і безьлюдзь, — ну, страхоцьце!
Ані гуку, ані зыку!
Толькі сьвіст у лесе дзікі
Ды хмар сунецца лахмоцьце.

Мрок стаіўся нярухома.
Пад нагамі лом, каменьне.
Вось выпадак, вось здарэньне.
І куды йсьці — невядома.